Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Сэрца на далонi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 24)
Автор: Шамякин Иван
Жанр: Отечественная проза

 

 


      Так ён думаў. Але ад гэтай лагiчнай разважлiвасцi не рабiлася лягчэй. Ён мог усё дараваць, але нiчога не дараваў сабе - памылак, слабасцi, неразумных слоў, непатрэбных учынкаў. У той мiг ён пазайздросцiў Шыковiчу i ўзлаваўся за гэта на сябе i на яго.
      Кiрыла раптам спынiў разважаннi, якiя ён было пачаў, аб ролi мужа ў выхаваннi жонкi. Мабыць, ён адчуў, што сябру непрыемна i цяжка выслухоўваць гэта. А можа, упершыню адчуў непавагу да таго, кiм захапляўся, хаваючы сваё захапленне за кеплiва-жартаўлiвымi словамi. Яшчэ ўлетку на дачы ён неяк сказаў пра Яраша: "Такi вялiкi i такi маленькi перад жонкай". Гэта быў жарт. Аднак, магчыма, падсвядома хацелася, каб яго лепшы сябра i герой быў вялiкi ва ўсiм. Зашпiлiўшы верхнi гузiк на сарочцы i падцягнуўшы гальштук перад чорнымi тамамi энцыклапедыi, Шыковiч грубавата сказаў:
      - Чорт з табой! Пайду адзiн, - i рушыў да дзвярэй.
      У суседнiм пакоi зiрнуў цераз Наташына плячо ў кнiгу, якую дзяўчынка чытала, дакрануўся далоняй да яе белых шаўкавiстых валасоў. Яна глянула на яго i ўсмiхнулася вiнавата, як бы просячы за штосьцi прабачэння, можа, за тое, што падслухала iх размову, цi, можа, за бацькаву нерашучасць.
      Кiрыла апранаўся ў калiдоры. Калi выйшаў Антон, ён таксама пачаў моўчкi апранацца. Праз адчыненыя дзверы Наташа глядзела на бацьку з ухвалой i страхам, нiбы несла адказнасць за яго ўчынкi.
      На дварэ добра прымарозiла. У паветры кружылiся сняжынкi. Але асфальт вулiцы быў сухi i шэры ў цьмяным святле лiхтароў, пабялелi толькi лункi каля лiп i каштанаў.
      Шыковiч даўно ўжо прыкмецiў: у iх горадзе найбольшы рух на тых вулiцах, што iдуць паралельна цэнтральнай, а на тых, што перасякаюць яе, нават у нядзелю цiха i бязлюдна, хоць гэта бадай самыя прыгожыя вулiцы, нешырокiя, зялёныя, утульныя, асаблiва iх кароткiя ўчасткi ад Савецкай да ракi. Шыковiч любiў гэтыя вулiцы. Любiў гуляць па iх.
      Яны iшлi не спяшаючыся. Звычайная рабочая хада ў Яраша такая, што побач з iм трэба iсцi ўподбег, каб не адстаць. А тут ён iшоў надзiва павольна магчыма, усё яшчэ вагаўся. Яны як бы знарок забылiся, да каго i з якой прычыны iдуць.
      - Што, аднак, ты думаеш рабiць з дачай?
      - Паеду, раскладу пасярод кабiнета касцёр, пагрэю вочы... Асалода на ўсё жыццё.
      - Не вярзi лухты, Кiрыла.
      - А як iнакш ты яе знясеш за месяц? Куды?
      Тры днi назад яны атрымалi рашэнне аблвыканкома, у якiм iм прапаноўвалася ў месячны тэрмiн знесцi дачу. Матывы: зямельны ўчастак адведзены райвыканкомам незаконна. Яраша гэтая бюракратычная паперка здзiвiла, пакрыўдзiла i расстроiла, Кiрылу - абурыла.
      - Гуканаў ход канём! - адразу здагадаўся ён.
      - Але ж гэта не яго сфера.
      - Ты наiўны чалавек, доктар.
      - Навошта яму?
      - Даць нам лiшнi клопат, выбiць з нармальнай каляiны, адцягнуць увагу, абвiнавацiць у прыватна-ўласнiцкiх тэндэнцыях. Зусiм нядрэнна прыдумана. Заадно паказаць сваю прынцыповасць i непрымiрымасць да перажыткаў...
      - Але як маглi прыняць такое рашэнне, не пагаварыўшы нават з намi? Быццам мы з табой дармаеды нейкiя, - перажываў Яраш.
      Яны хадзiлi ў выканком. Iх ветлiва прымалi, выслухоўвалi, спачувальна пацiскалi плячамi. Здавалася, нiхто нiчога не ведае. Толькi намеснiк старшынi Мухля чамусьцi ўзлаваўся:
      - А што вы хацелi, таварыш Шыковiч? Будаваць асабнякi, калi людзi не маюць яшчэ звычайных кватэр? Вам волю дай - палову калгаснай зямлi захопiце...
      Кiрыла таксама ўзлаваўся.
      - Ясна. Значыцца, ты хапуга i спекулянт, доктар Яраш! - сказаў ён сябру, якi панура маўчаў, барабанячы па замку партфеля.
      Мухлю стала няёмка перад Ярашам.
      - Нiхто так не думае. Не кiдайцеся словамi, Шыковiч. Мы абавязаны былi паправiць райвыканком.
      - Iншым чынам гэта нельга зрабiць?
      - Падумаем. Пастановы часам адменьваюцца.
      Але пастанова не адмянiлася. У той дзень яны атрымалi напамiнак з раёна, на зямлi якога стаяла дача. Райвыканком скасаваў сваё, трохгадовай даўнасцi, рашэнне аб адводзе iм зямельнага ўчастка. Абжытая будынiна не мела права стаяць на зямлi.
      Ад злосных жартаў Кiрыла паступова перайшоў да менш злоснай сур'ёзнасцi i разважлiвасцi:
      - Днямi бюро гаркома займалася майстэрнямi для мастакоў. Абавязалi гарсавет знайсцi патрэбныя памяшканнi. А я сам, за сумленна запрацаваныя грошы збудаваў сабе майстэрню. Мне не дача патрэбна! Мне трэба цiшыня!
      Ён гаварыў гучна, размахваў рукамi. Прахожыя азiралiся на яго, як на п'янага. Захапiўшыся, ён не заўважыў, што той, каму ён усё гэта гаворыць, бадай не слухае яго. Яраш раптам страцiў цiкавасць да гэтай дачнай праблемы, i яму стала ўсё адно, што будзе з iх дачай. Няхай хоць сапраўды Кiрыла распальвае там касцёр.
      Калi падыходзiлi да дома, дзе жыла Зося, Антона Кузьмiча апанавала незразумелае хваляванне. Такога пачуцця ён не ведаў ужо даўно, магчыма, з гадоў юнацтва. Было радасна i боязна. Амаль страшна, аж халадзела пад сэрцам. Ён прыслухаўся да сябе, каб зразумець, што гэта. I не мог зразумець. Боязь жонкi? Але адкуль гэтая радасная нецярплiвасць? Як у юнака перад першым спатканнем. Дзiўна. Можа, яму няёмка перад Машай, якая, напэўна, будзе там? Не, няпраўда, што пачуцця такога ён не ведаў сто год. Яно ўжо неяк з'яўлялася i, здаецца, зусiм нядаўна. Калi? З якой прычыны? Нешта знаёмае, блiзкае i адначасова далёкае, забытае. Пэўна, адно - парушана душэўная раўнавага. Кiм? Цi чым?
      Многа год ён меў той спакой, упэўненасць, што нараджаюцца ад веры, ад пераканання ў карыснасцi сваёй дзейнасцi, ад пазнання людзей i з'яў ва ўсёй iх дыялектычнай складанасцi. Былi, безумоўна, хваляваннi: перад цяжкiмi аперацыямi, перад нараджэннем дзяцей, у часе iх хваробы, пасля сварак з жонкай, ад яе беспадстаўнай рэўнасцi. Але ўсё гэта было проста i ясна як божы дзень, яно ядналася адным акрэсленым паняццем - быццё. А гэтае хваляванне не падобна нi на адно з тых, ранейшых. Ён спытаў у Кiрылы:
      - Ты не баiшся, што наш вiзiт падмацуе плёткi?
      - А ты баiшся ўсё-такi?
      - Баюся, - прызнаўся Яраш, каб хоць чым-небудзь вытлумачыць свой душэўны стан. - Ты ведаеш Галiну.
      - Ты проста дрэнна выхаваў яе. Iдэалiст - вось ты хто. Хiрург-iдэалiст унiкальная рэдкасць. Мае сталiчныя калегi, якiя пiшуць слязлiвыя вершы, у сто разоў больш практычныя i зацвярдзелыя... Каб я напiсаў, што былы падпольшчык, славуты хiрург так зацiснуты жончыным абцасам...
      - Трапло ты. Абараняй свае тэндэнцыi. Але май на ўвазе, што я думаю аддаць сваю палавiну нашаму прафсаюзу пад летнi дзiцячы сад.
      Шыковiч сiгануў наперад, зазiрнуў знiзу ўгору сябру ў твар, каб пераканацца, сказаў той сур'ёзна цi жартам. Яраш глядзеў удалеч, некуды ў канец вулiцы, быццам хацеў нешта разглядзець у святле цьмяных лiхтароў.
      - У нас розныя прафсаюзы. Не памiрацца. У iх аднолькавыя характары. Шыковiчу спадабаўся ўласны жарт, i ён засмяяўся.
      Яраш таксама хмыкнуў.
      Iм адчынiла Маша.
      - Ах, вы?! - здзiвiлася яна. - Калi ласка! - Аднак не адступала ад дзвярэй, не прапускала iх, быццам хацела адцягнуць час i даць некаму схавацца цi замясцi нейкiя сляды.
      Шыковiч нахiлiўся i жартаўлiва нырнуў пад яе руку, якой яна ўсё яшчэ трымалася за адчыненую палавiну дзвярэй.
      "Няўжо плётка дайшла i да яе?" - амаль са страхам падумаў Яраш.
      Маша збянтэжана адступiла, i ён нерашуча ўвайшоў у калiдор. З пакоя выйшла Зося. Яраш не бачыў яе больш за месяц. За гэты час яна яшчэ больш памаладзела i папрыгажэла. У добра скроеным сiнiм плаццi, з двух'яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Як лёгка жанчыны харашэюць!
      Зося выявiла шчырую радасць, збянтэжанасцi ў яе не было нi кроплi. Яна сказала надзвычай проста:
      - Якiя вы добрыя, што не забываеце нас. Хоць зрэдку заглядваеце на аганёк. Распранайцеся. У нас ёсць чай.
      Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоi Тараса. Хлопец сядзеў за нiзкiм сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы i крыху дзiўна ўсмiхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, i ў душы ўхваляў яго выбар абы толькi сур'ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосi, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вiнаватым. Што сказаць Тарасу, калi зойдзе ў пакой? Як будзе паводзiць сябе Тарас? Прыйдзецца прасiць яго, каб не прагаварыўся дома, а то зноў будзе скандал.
      Ад гэтай думкi зрабiлася да балючасцi непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабiць з гэтага бязвiннага наведвання тайну, унiжала i абражала. А ўнiжэнне для яго, гордага i незалежнага, было самай страшнай карай.
      Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды.
      30
      Грукат крана над галавой быў для Славiка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшнiка. Ён уцiскаў галаву ў плечы, палахлiва азiраўся i, калi плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то i зусiм хаваўся за высокiя станiны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука - да шкляной будкi, у якой сядзела кранаўшчыца, "дзятлiк" з востранькiм носiкам i вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нiнка заўсёды чамусьцi абпiнала "домiкам", ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славiк баяўся сустрэчы з ёй.
      Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалi кiраўнiкi цэха i амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славiка. I Генрыха. Яны былi заняты другiм станком: прыладжвалi зманцiраваны электрыкамi праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную i марудную работу заўсёды браў на сябе будучы iнжынер. А ў Славiка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, наблiжаўся экзамен на разрад, i трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсiх вузлоў.
      Усунуўшы галовы ў люкi тумбы, яны падганялi счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з'ёмшчыка дэталей.
      Разгружаны кран вяртаўся з лёгкiм гулам. Ён ляцеў па доўгiм пралёце цэха з хуткасцю цягнiка. Звiнелi шыбы i дрынчалi незамацаваныя дэталi i ключы на станку.
      I раптам усё сцiхла: кран спынiўся, замёр. Славiк упусцiў гайкi, якiя падаваў Генрыху. Спiной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкi крук павiс якраз над iм. Больш таго, ён адчуў позiрк Нiны, яна высунулася са сваёй шкляной будкi i глядзiць... глядзiць на яго.
      Славiк уцiснуўся глыбей пад станiну. Хацелася ўсяму залезцi ў вузкi люк, схавацца, ператварыцца ў электравузел, каб рухаць станок, а самому нiкога не бачыць, нiчога не адчуваць.
      Не раз за сваё нядоўгае жыццё ён чынiў шкоду. Здаралася, што колькi дзён жыў з бояззю кары. Але нiколi яшчэ ў яго не было такога страху. Агiднае i цяжкае пачуццё! Яно скавала ўсю яго iстоту. Яно - як невылечная хвароба, як рак, пра якi чалавек ведае i нiчога не можа зрабiць для свайго ўратавання, толькi слухае, чакае, калi, як ён праявiць сябе i нанясе апошнi ўдар.
      Станок уздрыгнуў, як жывая iстота, - кран паволi рушыў далей.
      Славiк стоена ўздыхнуў. Генрых сказаў:
      - Пасвяцi сюды.
      Славiк падняў вышэй "пераноску", ад яркага святла якой слязiлiся вочы.
      Генрых кiнуў на яго кароткi позiрк i рухамi штукара пачаў мацаваць маленькiя гаечкi. Недасведчанаму чалавеку, якi бачыць станок толькi звонку, можа здацца, што такая аграмадзiна складзена з адных вялiкiх i цяжкiх дэталей. Так упачатку здавалася i Славiку. А тут ёсць дэталькi не большыя за гадзiннiкавыя, асаблiва ў электраабсталяваннi. Мiж iншым, гэтая складанасць i прываблiвала няўрымслiвага хлопца. Каб усё было проста i аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамi, адно i тое з хвiлiны ў хвiлiну, з дня ў дзень, то, напэўна, даўно ўсё абрыдла б. А на зборцы заўсёды нешта новае.
      - Што ў цябе з Нiнай? - спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкi i пракладкi.
      Рабро станiны здушыла Славiку грудзi. Пракладкi прылiплi да потнай далонi.
      - А-а... нiчога. Ходзiм у кiно...
      - Ты ж не любiш яе.
      - А хiба нельга так?
      - Як "так"?
      - Ну... разам працуем, разам гуляем.
      - Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур'ёзна. Нiбы яны для адных танцулек створаны. З Нiнкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя... У яе ўсё сур'ёзна. I планы яе сур'ёзныя i простыя: выйсцi замуж, нараджаць дзяцей... Некаторыя моднiкi фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схiлiце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самi вы мяшчане!
      "Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць".
      Але "зайчыкi" ад яго прафесарскiх акуляраў сляпiлi. I Славiк - што той трусiк перад кобрай. Толькi вушкамi варушыў. Куды знiкла дасцiпнасць, кiдкасць: ты мне слова - я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зiркае, усё бачыць. Разбiць пераноску, цi што? Быццам незнарок.
      Нарэшце Славiк скiнуў чары. Выскалiўся:
      - Думаў, хоць адзiн чалавек як чалавек. А ты - як Ходас i Тарас. Маралiсты! - i завыў у вантробе станка: - Сумна жыць, Генрых!
      Ён неаднойчы хiлiў Варэнiка на свой бок вось такiмi жартамi. У яго i Косцi найлепшае пачуццё гумару.
      - Думаеш, калi сапсуеш камусь жыццё, табе стане весялей?
      - А каму я псую? Пайшлi вы ўсе...
      Хвiлiн праз колькi Тарас накiраваў яго ў склад па дэталi. Славiк напусцiў на сябе такую бестурботнасць i весялосць, каб нiкому i ў галаву не ўлезла, што ў яго штось нядобрае на душы.
      Ён iшоў памiж станкамi, як па лесе. Насвiстваў. I раптам з-за станка яна, Нiнка. Носiк - чырвоны, вочы - злыя.
      - Славiк!
      Ён спалохана азiрнуўся.
      - Такая цана тваiм словам? Дзе твае вочы бессаромныя? Цяпер табе нiчога не трэба? Ведай жа: або на сябе рукi налажу, або цябе станiнай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць. - Яна ўсхлiпнула.
      А побач, за станком, - галасы. Здаецца, начальнiк цэха.
      Славiк схапiў яе за руку.
      - Чаго ты? Дурная, дурная... У мяне проста часу няма. Я на падрыхтоўчыя курсы ў полiтэхнiчны паступiў. Кожны вечар... Ну добра. Сёння, сёння...
      Iшоў знаёмы рабочы, i Славiк, узрадаваны, пакiнуў дзяўчыну i закрочыў побач з iм. Расказваў новы анекдот. Хацеў смяяцца. Выцiскаў з сябе смех, бо ўсё скаваў страх, новы, невядомы. О, жорсткае жыццё! Нiякай радасцi i гэтулькi пакут! Ён праклiнаў той час i мiг, калi яму прыйшла ў галаву гэтая дзiўная думка - пазабаўляцца з ёй, адпомсцiць за свой спалох у першы дзень.
      Месяц ён вадзiў яе ў кiно, у тэатр i гаварыў, гаварыў, гаварыў. Пра ўсё на свеце ён ведаў. Заходзiў проста ў iнтэрнат, пакiдаючы ў строгай каменданткi свой заводскi пропуск. Сяброўкам яе па пакоi падабаўся: вясёлы. Адны, праўда, папярэджвалi: "Ой, глядзi, Нiнка, загаворыць ён цябе". Другiя падбадзёрвалi: "Хапай, Нiнка, на ляту. Закруцi яму галаву. Чаго на свеце не бывае! Вунь Лiдка за iнжынера выскачыла. Цяпер вiтацца, зараза, не хоча".
      Яна ведала, што не вызначаецца прыгажосцю. Але дзявочае сэрца перамагло розум, нараджаючы адвечную наiўную iлюзiю. Хiба адны прыгожыя падабаюцца? Славiк пакарыў тым, што не саромеўся паказацца з ёй на людзi - у кiно, у тэатры, знаёмiў са сваiмi знаёмымi, прыгожа апранутымi хлопцамi i дзяўчатамi, i рабiў гэта, здавалася ёй, з гонарам. Для простай дзяўчыны, якая была яшчэ ў палоне вясковых уяўленняў, гэта з'яўлялася найвышэйшым доказам яго кахання. Магчыма, было i другое: цяга чалавека, якi жыў у беднасцi i нястачы, да прыгажэйшага, вышэйшага, лепшага.
      У тую нядзелю ён з'явiўся ў iнтэрнаце ранiцай i запрасiў яе на дзённы сеанс. А калi выйшлi з кiно, прапанаваў зайсцi да яго дадому. Нiнка на мiг сумелася, але не ўтрымалася ад спакусы паглядзець, як ён жыве. Увогуле, як жыве пiсьменнiк? Хiба гэта не цiкава? Адначасна мiльганула патаемная дзявочая думка, што хлопец хоча паказаць яе сваiм бацькам. Славiк не прызнаўся, што дома нiкога няма. Бацькi разам з Ярашамi паехалi на дачу садзiць нейкiя адмысловыя дэкаратыўныя кусты, па якiя "стары конь" ездзiў ажно на Ўкраiну. Iра з курсам у калгасе, паехалi выбiраць бульбу.
      Славiк адчынiў дзверы i сам "здзiвiўся", што ў кватэры нiводнай душы жывой. Ён паказаў ёй бiблiятэку, бацькавы кнiгi. Потым уключыў радыёлу i ўсё ставiў "нярасейскiя пласцiнкi". Пад гукi прыгожай i незразумелай музыкi выставiў на стол доўгую i тонкую пляшку, таксама не нашу. Вiно Нiнцы не спадабалася - кiсляцiна. Але яна ведала, што ўсе iнтэлiгенты п'юць чамусьцi кiслае, а не смачнае салодкае вiно, а таму асушыла два высокiя келiхi. I ёй стала хораша i весела. Яна сама прапанавала:
      - Давай патанцуем.
      Яна любiла танцаваць, а Славiк не. Ён хадзiў з ёй усюды, толькi на танцы ў заводскi Дом культуры не пайшоў нi разу.
      Яны закружылi ў кабiнеце вакол маленькага столiка, паўз шкляныя шафы, з якiх глядзелi на iх маўклiвыя i суровыя кнiгi.
      Славiк пацалаваў дзяўчыну. Нiнка шчаслiва засмяялася. Яна заўсёды так смяялася, калi ён цалаваў яе. Праходзячы мiма канапы, Славiк "спатыкнуўся" i... павалiў дзяўчыну на канапу. Пачаў цалаваць прагна вусны, шчокi, шыю.
      - Славiчак... Родненькi... не трэба, Славiчак... Пасля, пасля... даражэнькi... - шаптала яна, цалуючы з такой жа прагнасцю, балюча.
      Ён быў у тым узросце, калi снiў пра гэта. I думаў бясконца. I шукаў.
      Але адбылося зусiм не так, як у сне i ў думках... Калi праз хвiлiну наступiла працверазенне, ён замест задавальнення адчуў нешта зусiм супрацьлеглае - сорам само сабой, але яшчэ агiду, да гэтага, да сябе, да яе. Раптам убачыў, якая яна непрыгожая, Нiнка. I адразу чамусьцi ўспомнiў Машу, якую даўно не бачыў, але не забываў. Зашчымела сэрца. Нясцерпна захацелася, каб побач была Маша, каб яе рукi абдымалi, яе залатыя валасы датыкалiся яго шчок. I ўсё больш расла непрыязь да Нiны. Нават злосць... Чаму яна так лёгка аддалася? Можа, ён не першы?.. Як лашчыцца!..
      - Славiчак... даражэнькi... цяпер мы звязаны з табой назаўсёды.
      Яго нiбы агнём апякло.
      "Звязаны... назаўсёды... Усё жыццё з ёй? З-за адной хвiлiны? Што яна вярзе? Чаго яна хоча?"
      I да ўсяго непрыемнага - яшчэ страх. Як удар. У галаву, у грудзi. Ажно пот выбiла.
      А ў гэты момант - званок. Яны падхапiлiся. Славiк спалохаўся, разгубiўся. Кiнуўся да радыёлы, выключыў. Настойлiва прагучалi кароткiя тры званкi. Iра! Так звонiць яна. А калi бацькi? Славiк уключыў радыёлу зноў. Крутнуў рэгулятар гучнасцi залiшне. Музыка запоўнiла кватэру.
      Здалося, што Нiнка знарок павольна наводзiць парадак у сваiм туалеце. I робiць гэта перад iм бессаромна. Славiк узненавiдзеў яе ў гэты мiг. Шыкнуў злосна:
      - Хутчэй! - i пабег да дзвярэй. Прыслухаўся. Доўгi званок. Але, Iра. Злуецца. Ён адчынiў. Сястра ляпнула яго па твары рукавiцай, з якой пасыпаўся пясок.
      - Соня! Не дазванiцца!
      У яго рыбацкай куртцы, у штанах, у акулярах яна падобна была на геолага. Кiнула шапку ў калiдоры на столiк i, нiбы ўчуўшы нюхам прысутнасць старонняга, заглянула ў кабiнет. Славiк убачыў, як Нiна, недарэчна (о, як недарэчна!) абшмаргнуўшы плацце, прывiталася, сарамлiва i лiслiва. Iра не адказала. Яна глядзела на незнаёмку амаль з жудасцю. Здавалася, не толькi вочы, але i акуляры яе расшырылiся. Потым кiнула позiрк на брата, позiрк бязлiтасны, знiшчальна-грэблiвы, крута павярнулася i пабегла ў свой пакой. Хаця б слова сказала.
      "Кобра!" - хацелася крыкнуць Славiку. Аднойчы, калi яны сварылiся, ён ляпнуў гэтую абразлiвую мянушку. Рэакцыя была нечаканая: на яго страшэнна ўзлавалася мацi, нiколi ён не бачыў мацi такой расхваляванай i злоснай. Таму ён баяўся гэтага слова. Не крыкнуў ён нiчога ўздагон сястры яшчэ i таму, што злосць на яе тут жа перайшла на Нiнку. Але, ва ўсiм вiнавата гэтая "дзятлiха". Не знайшла другога жэста, як абшмаргнуць плацце. Варона.
      Разгубленая, пакрыўджаная дзяўчына страцiла сваю ўпэўненасць i ад гэтага сцялася, змiзарнела. Апранала палiто i палахлiва азiралася. Але гэта яшчэ больш раздражняла Славiка. Фу, якая недарэка! Дзе былi яго вочы? Як ён мог звязацца з такой?
      Але за дзвярамi кватэры, на лесвiцы, Нiнка, як бы страсянуўшыся, як тая птушка, умiг набыла ранейшую ўпэўненасць.
      - Пыхлiвая якая сястра твая! Падумаеш, панi!
      - А што яна, цалавацца з табой павiнна была? - груба адказаў Славiк.
      - А чым я горшая за яе?
      У Славiка хапiла тактоўнасцi змаўчаць. Калi вёў Нiнку ў дом, тады ён не баяўся, што ўбачыць нехта з суседзяў. А цяпер баяўся. Узрадаваўся, што на лесвiцы нiкога не сустрэлi. Але на вулiцы было многа народу, i яму пачало здавацца, што многiя, асаблiва жанчыны, глядзяць на iх з разуменнем i насмешкай. Дагэтуль ён дэманстратыўна знаёмiў сваiх стыляжных сяброў з рабочай дзяўчынай i пляваў на iх кпiны. Цяпер жа халадзеў ад думкi, што можа сустрэць каго-небудзь з гэтых сяброў. Вынаходлiвы i не дужа далiкатны, ён не мог прыдумаць, як пазбавiцца ад яе, застацца аднаму. А яна, як нiколi, стала гаманкая. Расказвае пра сваiх дзяўчат, што Верка збiраецца замуж. Яго спалохала гэтае слова - "замуж". Дайшлi да Палаца спорту, i ён узрадаваўся нечаканай думцы:
      - Я ў басейн. На трэнiроўку.
      ...Безумоўна, паводзiў ён сябе пасля як апошнi дурань. Не здолеўшы перамагчы сваю антыпатыю, не пайшоў больш у iнтэрнат, не запрасiў Нiнку нi разу ў кiно, пазбягаў сустрэчы адзiн на адзiн у цэху. Яна, аднак, праз колькi дзён падпiльнавала яго, заплакала:
      - Я табе аддала ўсё. А ты... Зняславiў, насмяяўся... З дзiцем хочаш пакiнуць?
      "З дзiцем", - во адкуль гэты страх.
      "Няўжо яна можа зацяжараць?!" - нi на хвiлiну не пакiдала яго думка з таго дня. Ён купiў тоўстую кнiгу "Акушэрства", прачытаў у пустым асеннiм парку ўсё пра цяжарнасць i закiнуў кнiгу ў кусты. Не, нiчога яшчэ яна не ведае. Але зацяжараць можа, калi не ад яго, то ад каго другога, ахвотнiкi знойдуцца. А звалiць на яго. Чым больш ён думаў пра гэта, тым больш пераконваў сябе, што Нiна абавязкова гэтак зробiць, i ўсё больш пачынаў ненавiдзець дзяўчыну за гэтую яе ўяўную каварнасць. Яе пагроза прыдушыць яго станiнай спалохала Славiка значна менш. Але ўстрывожыла Генрыхава пытанне. Што, калi яна расказала сяброўкам, а яны Косцю, якi жыве ў iнтэрнаце побач i часты госць у дзяўчат? Тады, напэўна, ужо ведае ўся брыгада. Даведаецца ўвесь цэх, завод. Чаго добрага, пачнуць разбiраць на сходзе.
      Не, няма чалавеку волi на зямлi. Тысячу ўмоўнасцей звязваюць рукi i ногi, тысячу страхаў падпiльноўваюць на кожным кроку. Ён, Славiк, доўгi час лiчыў, што пазбавiўся ад такiх "перажыткаў i забабонаў", як сумленне, сорам, каханне, пакланенне аўтарытэтам i г.д. Нi д'ябла не атрымалася. Ён не толькi такi, як усе, ён горшы - сентыментальны слюнцяй. А вiнаваты бацькi, гэта яны так выхавалi. I ў такiм абкружэннi перарабiцца, выходзiць, проста-такi немагчыма. На турыстаў крыкнуў - у каталажку, вузкiя штаны надзеў - у сатырыкон, дзяўчыну пацалаваў - прымусяць жанiцца. Жах!
      Дзень той, аднак, скончыўся спакойна: станiна яго не прыдушыла, у камiтэт камсамола не выклiкалi.
      Але Славiк не ўзрадаваўся гудку. Ён паабяцаў Нiнцы сустрэцца ўвечары. А страчацца зусiм не хацелася. I не страчацца боязна.
      З цэха i заводскiх варот яны выйшлi разам з Тарасам. Брыгадзiр часта затрымлiваўся, часам i зусiм заставаўся начаваць у iнтэрнаце. А тут раптам спяшаўся дадому, да Ярашаў. Хоць як сказаць - спяшаўся, калi прапанаваў пайсцi пехатой? Тым больш не спяшаўся Славiк. Дома ў яго былi складаныя адносiны з Iрай. Яны, на здзiўленне мацi, зусiм перасталi сварыцца памiж сабой. Сястра глядзела на яго з грэблiвай пагардай. А ён баяўся адказаць нават злосным позiркам. Ён проста пазбягаў яе. Не чапаў. Абы цiха было.
      Тарас доўга iшоў моўчкi. У яго быў свой клопат: адносiны ў сям'i Ярашаў у яго сям'i. З малых год ён ведаў рэўнасць Галiны Адамаўны i цяпер, калi ўсё разумеў, шкадаваў бацьку. Першая паведамiла яму Наташа, што мацi зноў да кагосьцi прыраўнавала. Дзяўчынка была ў роспачы: мацi ўпершыню груба абразiла яе. Пасля iх нечаканай сустрэчы на кватэры ў Зосi Антон Кузьмiч упершыню расказаў сыну пра свае адносiны з жонкай, расказаў усю праўду... Тарасу зрабiлася балюча: як можна ўскладнiць простыя i ясныя рэчы, забрудзiць чысцейшыя чалавечыя адносiны! Хочучы шчыра дапамагчы iм, ён паспрабаваў пагутарыць з Галiнай Адамаўнай. Але тая груба перапынiла яго: "Я цябе прашу не ўмешвацца ў нашы справы". Ён, Тарас, не прыхiльнiк таго, каб лезцi ў чужую душу. Але ж нельга i абыякавым заставацца, калi двое добрых i блiзкiх людзей, пражыўшы разам многа год, раптам не разумеюць адно аднаго. Як многа яшчэ гэтага неразумення!
      - Катка сёлета, вiдаць, не дачакаешся. Бр-р, - скурчыўся Славiк i наставiў каўнер свайго лёгкага кароткага палiто.
      Снег, што выпаў тыдзень назад, раставаў. Было сыра, слiзка i холадна. Тарас у скураной куртцы на футры, у галёшах крочыў размашыста, упэўнена. Славiк з галёшаў смяяўся - старамодна! - i ў даўганосых чаравiках коўзаў па талым снезе, пераскакваў лужыны, лаяў недарэчную зiму. Гаварыў ён прыкладна гэтак жа, як iшоў: скакаў з прадмета на прадмет, з пагоды на кiнаафiшу, адтуль на валёнкi i бахiлы сустрэчнага селянiна... У сувязi з чым усплыла раптам гэтая думка, ён i сам не здолеў бы растлумачыць. Ляпнуў нечакана не толькi для Тараса, а вельмi можа быць, што i для самога сябе:
      - У цябе моцна ўтрэскалася адна дурнiца.
      Баючыся злоснага жарту, Тарас змаўчаў, толькi глянуў на Славiка як бы з недаверам.
      - Не верыш? Не цiкавiшся хто? Мая сястра. Iра.
      - Яна ўпаўнаважыла цябе сказаць пра гэта?
      - Ну што ты! - засмяяўся Славiк. - Яна авечка. Я прачытаў у яе дзённiку.
      - Прыгожа, няма чаго сказаць!
      - А ты не прачытаў бы дзённiка сястры, каб ён трапiў табе на вочы? Не люблю прытвораў! А я чытаў з цiкавасцю. Як яна цябе там узносiць! Культ Ганчарова.
      Тарас паверыў, што на гэты раз Славiк кажа праўду. Ён сам неаднойчы прыкмячаў, як Iра глядзiць на яго, як стараецца застацца разам. I, можа, каб не з'явiлася Маша, нейкiя пачуццi варухнулiся б i ў яго душы. Але з якой мэтай Славiк сказаў яму пра каханне сястры цяпер? Ён успомнiў: Маша гаварыла яму, што Славiк званiў ёй двойчы цi тройчы, зноў дамагаўся спаткання. Яна не пайшла, безумоўна. А цi праўда, што не хадзiла? А можа, зноў пачала гарэзлiвую гульню? Не, не. Не хацелася думаць пра Машу дрэнна.
      Не адказваючы па сутнасцi, Тарас спытаў:
      - Ты скажы мне, што ў цябе з Нiнкай?
      Славiк паслiзнуўся, вылаяў гарадскiя ўлады i дворнiкаў, што не чысцяць тратуараў. Гэта памагло яму схаваць сваю збянтэжанасць.
      - Што ў цябе з Машай, то ў мяне з ёй. Ходзiм у кiно. Сёння пойдзем. Чаму гэта цябе зацiкавiла?
      - Хлопцы не вераць, што ў цябе гэта сур'ёзна. Глядзi. Пакрыўдзiш дзяўчыну...
      - О, вялiкiя маралiсты! Вам хацелася, каб я тут жа жанiўся, схадзiўшы два разы ў кiно. Аднак самi вы не вельмi спяшаецеся з гэтым актам... Фiлосаф гэты акулярысты тры гады Зою мацае, а сам брэша. - Славiк нечакана моцна ўзлаваўся, мацюкнуўся гучна, не зважаючы, што iшлi яны па даволi люднай вулiцы. - Абрыдлi вы мне як горкая рэдзька! Усе! Адзiн Косця чалавек...
      Тарас даўно ўжо не звяртаў увагi на любую яго балбатню, але гэтыя словы пакрыўдзiлi. Столькi яны важдалiся з iм, столькi даравалi ўсяго, а ён вунь якой думкi пра брыгаду.
      "Пэўна, сакратар парткома меў рацыю, не будзе з яго толку, прыйдзецца развiтацца". - Тарас уздыхнуў, аднак, з жалем, яму амаль па-бацькоўску зрабiлася шкада гэтага шалапута.
      31
      Маша здзiвiлася, калi выявiла, што бiлетаў у Тараса толькi два.
      - Як? Ты не ўзяў на Зосю?
      Тарас моцна збянтэжыўся. I Зося таксама.
      - Ну што ты! Я зусiм не хачу перашкаджаць вам.
      - Чым ты, скажы, калi ласка, можаш перашкодзiць нам?
      Маша гаварыла з калiдора, куды выскачыла пераадзець плацце. Але пры ўсёй шчырасцi адносiн да Зосi яна не абуралася. У голасе яе гучала адно вясёлае здзiўленне: эх ты, кавалер! Хiба так можна рабiць?
      Зося сядзела на канапе ў звыклай позе, падкурчыўшы ногi, пакрыўшы iх цёплай хусткай. У кватэры было нават душна, але ў яе ўсё яшчэ жыло нервовае адчуванне, што ногi стынуць; так у калекi жыве боль ампутаванай нагi.
      Да прыходу Тараса яны нешта кроiлi, i на канапе былi раскiданы зялёныя i чырвоныя, адмыслова выкраеныя шматкi. Як кветкi. Яна збiрала iх i звязвала ў пучкi.
      Маша ўскочыла ў пакой з распушчанымi валасамi. Пачала прычэсвацца перад люстрам. Яны залюбавалiся яе залатымi валасамi. Зося глянула на Тараса з усмешкай сястры, старэйшай. Словамi ён, напэўна, нiчога не растлумачыў бы, але вачамi, позiркам здолеў папрасiць у Зосi прабачэння, сказаць: не думайце пра мяне дрэнна, проста мне хочацца... трэба пабыць з ёй удваiх.
      Зося зразумела. Але тут жа адчула, што недзе ў самым далёкiм тайнiчку яе загоенага сэрца варухнулася зайздрасць, цiхая i добрая. I гэтае пачуццё яна забыла, бо не ведала яго шмат год. А таму спалохана прагнала яе прэч, няхай сабе i добрую зайздрасць. Хiба мае яна права iм зайздросцiць? Яны маладыя, шчаслiвыя, у iх зусiм iншае жыццё...
      Зося любiла Машыных сяброў. Усiх. Любiла, каб яны часцей заходзiлi. Яны як бы звязвалi яе з вялiкiм светам, з новым жыццём, у якое яна ўваходзiла асцярожна i нават з некаторым недаверам. Яны былi розныя, але ўсе шчырыя i добрыя. А лепш за ўсё гаiла яе душэўныя раны дабрата людская. Яна руйнавала рэшткi недаверу яе да людзей i жыцця.
      Тарас заняў у яе сэрцы, у думках асобае месца. Яшчэ ў ссылцы яна часам думала, што, магчыма, каб ёй тады ўдалося знайсцi i прытулiць таго хлопчыка, лёс яе быў бы зусiм iнакшы. Яна зноў падумала пра гэта перад аперацыяй, ёй вельмi хацелася пабачыць Тараса, але яна не адважылася прасiць Антона Кузьмiча, толькi расказала, як шукала яго сына.
      Калi Маша паабяцала запрасiць яго, яна моцна хвалявалася, чакаючы iх. Калi ён прыйшоў, была трохi расчаравана: чамусьцi ён уяўляўся ёй зусiм iншым, магчыма, больш падобным на Яраша. Але пазней Зосi здалося, што ў яе i ў Тараса падобныя характары. Цi не таму, што i лёс iх шмат у чым падобны? Яна палюбiла яго, як брата. Але, каб яна тады знайшла яго, яны б сталi братам i сястрой на ўсё жыццё. Аднак, нягледзячы на гэтую любоў, у апошнi час з'явiлася нейкая iншая трывога, незразумелая, неасэнсаваная. Яна выяўлялася асаблiва выразна заўсёды, калi яны, ён i Маша, вось гэтак збiралiся iсцi гуляць, у кiно, у тэатр. Не, гэта не было рэўнасцю нi да яго, нi да яе. Зайздрасць да iх маладосцi? Можа.
      Падфарбоўваючы губы (яна, як i ўсё iншае, рабiла гэта ўмела i з пачуццём меры), Маша сыпала ў люстра iскры смеху.
      - Тугадум ты, Тарас. I ўвогуле - мядзведзь. Я здзiўляюся... Рос ты ў горадзе, у такой iнтэлiгентнай сям'i. Каб ты пабачыў, дзе расла я! - Але сказала яна гэта не са скаргай, а з гонарам i радасцю: расла ў бядзе, а вырасла вось якая, любуйцеся!

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28