Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Сэрца на далонi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 11)
Автор: Шамякин Иван
Жанр: Отечественная проза

 

 


      - А я такiх страчаю штовечар. У парку. I заўсёды п'яненькiх.
      Словы яе ранiлi сэрца мацi. Валянцiна Андрэеўна адчула непрыязь да дзяўчыны. А са Славiка - што з гусi вада. Ён галантна пакланiўся, шаркнуўшы нагой па сухой траве:
      - Дзякую за высокую атэстацыю.
      Мабыць, адчуўшы настрой мацi, баючыся, што Маша зноў скажа што-небудзь непрыемнае, Iра павярнула знаёмства на звычайны мiрны шлях:
      - Мой брат. Уладзiслаў. Ён добры, толькi крыўляка.
      - Ура! - гукнуў на ўвесь лес Славiк. - Мая дарагая сястра прызнае мяне добрым. У такi дзень! Прагрэс!
      - А гэта - Маша.
      - Маша?
      Мабыць, Славiку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, i такое простае iмя як бы працверазiла яго. Ён зусiм сур'ёзна працягнуў ёй руку. Маша нейкi момант вагалася - падаваць руку цi не. Гэта спалохала Валянцiну Андрэеўну. Што, калi яна не падасць рукi? Якая будзе абраза для хлопца. Яе заўсёды палохалi нячуласць, чэрствасць.
      Але Маша раптам працягнула руку, хораша ўсмiхнуўшыся. I ў гэты момант Валянцiна Андрэеўна даравала ёй усё.
      - Хто вы, Маша? - затрымлiваючы яе руку, сур'ёзна спытаў Славiк.
      - Сястра.
      - Чыя?
      - Аперацыйная.
      - Аперацыйная? - Вiдаць, да яго не адразу дайшло, што гэта такое. - З бальнiцы? - Ён цiха свiснуў, нявесела пажартаваў: - Умее Яраш выбiраць сабе сясцёр. - I, ужо выпусцiўшы яе руку, адыходзячы, кiнуў убок, яўна з зайздрасцю: - Яраш усё ўмее.
      Мацi адчула гэтую зайздрасць, гэты нечаканы пераход ад крыўляння да сур'ёзнасцi, зразумела, як нялёгка было Славiку прыйсцi, i зноў пашкадавала яго: "Якi ён худы, падстрыжаны, адны вушы тырчаць. I пад вачамi сiнiя ценi".
      - Ты галодны?
      - Як воўк.
      Яны падавалi яму на стол утраiх - мацi, Iра, Маша - усё самае лепшае, што гатавалi для гасцей, як самаму галоўнаму госцю.
      Валянцiна Андрэеўна адчувала ўдзячнасць дачцэ i Машы за iх чуласць. Яе нават не вельмi кранала, што сын больш аддае ўвагi гэтай амаль незнаёмай дзяўчыне, чым ёй, мацi. Пiльна сочыць за кожным яе рухам, ловiць кожнае слова i позiрк.
      "Захапляецца зусiм па-дзiцячы", - з замiлаваннем падумала мацi.
      Ад добрага снедання i жаночай клапатлiвасцi Славiк зноў зрабiўся балбатлiвы.
      - Маша, хочаце, я вас здзiўлю?
      Iра спалохана страляла ў яго вачамi: маўчы!
      Ёй здавалася ганьбай i сорамам такое прызнанне.
      - Я толькi ўчора з турмы.
      Нiводная рыска не тузанулася на надзвычай рухавым i выразным Машыным твары.
      - I доўга там вас трымалi?
      - Дзесяць сутак.
      - О-о! - Што значыла гэтае "о-о", нiхто не зразумеў.
      - Я пагразiў адным замежным дурням атамнай бомбай. Быццам яна ляжала ў мяне ў кiшэнi. I - калi ласка, маралiсты ўляпiлi мне... А ўчора я перачытваў газеты. Я рэдка чытаю. Так, ад смутку. I - божа мой! - што я там прачытаў. Калi мне далi дзесяць сутак, то многiм сэрам i лордам трэба даць па дзесяць гадоў. Як яны махаюць гэтымi бомбамi! Жах!
      Валянцiна Андрэеўна насцярожана замерла: нiколi яшчэ сын не гаварыў пра такiя сур'ёзныя рэчы. Няхай з гумарам, але з якiм!.. Як вырываюцца праз гэты гумар злосць, абурэнне! Чым ён больш абураецца? Тым, што несправядлiва пакаралi яго за п'яную балбатню? Цi тым, што над чалавецтвам вiсiць страшэнная пагроза?
      - Махаюць нада мной. Над табой! Над табой, мама. А ты хочаш, каб я быў у захапленнi ад гэтага свету! Пляснуць у такую вось чароўную ранiцу... - Ён нервова засмяяўся.
      - Не будзь песiмiстам, Уладзiслаў, - сказала мацi, расчараваная, што сын павярнуў не туды. - Ты ўсё пераблытаў. Сваю маленькую крыўду ты ўзнiмаеш да праблемы, якая сапраўды хвалюе ўсё чалавецтва. Але i на гэтую страшную небяспеку ты глядзiш як iндывiдуалiст i песiмiст!..
      - Мама, не трэба мне маралi! - Ён кiнуў вiдэлец, зацiснуў далонямi вушы, потым правёў рукой па горле. - Я сыты вось так!
      - Не, ты паслухай! Людзi змагаюцца i перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць...
      - Нiчога гэтага людзi не перамаглi! Не цешце сябе!
      - Няпраўда! - запярэчыла Iра. - Можа, не ўсё, але шмат што перамаглi.
      - Перамаглi ў адной вайне, каб пачаць другую? Такую, у якой ужо не будзе нi пераможаных, нi пераможцаў. Застанецца адзiн попел.
      - Ты проста баязлiвец! Панiкёр! Ты заўсёды быў баязлiўцам! - раздражнёна папракнула Iра.
      - Вы самi баiцеся. Вы ўсе нервуецеся, калi пачуеце пра гэта. Усе, акрамя хiба мамы. Я ж чуў, як бацька i Яраш гавораць...
      "Няўжо яны так часта гавораць пра гэта?" - падумала Маша. Сама яна нават рэдка думала пра такiя высокiя матэрыi. Не ўмела гаварыць пра iх, спрачацца. Ды i не было з кiм. Сёстры i лекары гаварылi пра атамную вайну мiж iншым, i то больш з гумарам i ўсе аднолькава. Значна больш iх цiкавiла тое, што звязана з жыццём, простым i няспынным, - кватэры, заробак, цэны, каханне, замужжа, дзецi. Маша не ўяўляла, што ёсць сем'i, у якiх вядуць вось такiя спрэчкi. Ёй было цiкава i дзiўна слухаць. Захацелася самой умяшацца i сказаць нешта значнае, разумнае. Але, дасцiпная, знаходлiвая ва ўсiх iншых спрэчках i гаворках, тут яна баялася, каб не сказаць глупства, не выдаць прымiтыўнасць мыслення.
      - Не, Слава, я таксама баюся, - адказала сыну Валянцiна Андрэеўна, баюся, можа, больш, чым усе. Але я веру ў чалавечы розум...
      I тут Маша не стрымалася:
      - Людзi не збiраюцца сябе хаваць. Людзi жывуць. I будуць жыць!
      Проста, амаль наiўна. Але тыя нацiскi, якiя яна зрабiла на "жывуць" i "будуць", надалi яе словам надзвычайную пераканальнасць. Нават Славiк хутка ўзняў галаву, паглядзеў на дзяўчыну, усмiхнуўся не скептычна - прасветлена, нiбы ўбачыў выйсце.
      Магчыма, што спрэчка ўсё адно яшчэ працягвалася б. Але выйшаў Шыковiч. Рушыў да iх.
      Славiк прыўзняўся з-за стала, адсалютаваў:
      - Вiтаю цябе, стары!
      Бацька не адказаў. Валянцiна Андрэеўна адчула, што ён кiпiць, i спалохалася; яна была пераканана, што любая грубасць у адносiнах да сына пасля ўсяго, што ён перажыў i перадумаў, недаравальна, антыпедагагiчна. Iра таксама насцярожылася. Але, вiдаць, прысутнасць Машы стрымала Шыковiча. Ён спытаў з сарказмам:
      - Ну як, герой... нашага часу?
      Славiк засунуў рукi ў кiшэнi вузенькiх штаноў, бадзёра абышоў стол, наблiзiўся да бацькi, як бы дэманструючы, што ён нiчога не баiцца i што ўвогуле з бацькам у яго адносiны вось такiя - панiбрацкiя.
      - Ты ведаеш, творца, чартоўскi цiкава. Для цябе асаблiва. Каб ты пабачыў, якiя там тыпы, то памёр бы ад смеху. А пасля папрасiў бы туды творчую камандзiроўку.
      Засмяялася Iра. Усмiхнулася Валянцiна Андрэеўна. Шыковiч адказаў лагодна:
      - Балбатун няшчасны. - I да жонкi: - У каго ён, такi чорт, удаўся?
      - У цябе, бацька, - адказаў Славiк. - Калi ў мяне будзе такая лысiна i такi жывоцiк, я буду вылiты Шыковiч-старэйшы.
      - Калi з цябе выб'юць дурноту?
      - Выб'юць!
      Шыковiч нахмурыўся.
      Маша падумала: як бы яна гаварыла са сваiм бацькам? Ёй зрабiлася сумна, i яна непрыкметна адышла за дубы, спусцiлася да ручая...
      Праз хвiлiну Славiк паклiкаў яе:
      - Маша!
      10
      Сябры Тараса - сябры яго брыгады - хоць i адчувалi сябе няёмка ў прысутнасцi пiсьменнiка, дактароў, iх жонак, але, узбуджаныя ракой, лугам, купаннем i гульнёй, на пачатку абеду былi шумныя i вясёлыя. Бурна рэагавалi на тосты Шыковiча, на шчырыя дзiцячыя каментарыi Наташы, нават на недарэчныя жарты Славiка.
      А калi выпiлi i закусiлi, то сцiхлi, абмяклi. Дзiўная з'ява! Здарылася гэта таму, што хлопцы пiлi вельмi стрымана - толькi вiно i не асушвалi чаркi да дна. Было ў iх такое правiла. Не запiсвалi яго нi ў якiя абавязацельствы, але дамовiлiся памiж сабой: аскетамi не будзем, аднак у любых абставiнах, у любой кампанii, на любым вяселлi кожны павiнен помнiць пра сваё высокае званне.
      Славiку ўдалося глытнуць каньяку з бутэлькi яшчэ да таго, як селi за стол. Мабыць, бацька i мацi здагадалiся пра гэта i цяпер пiльна сачылi за iм. Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны i пагрозлiвы бацькаў позiрк. "Стары конь", як ён у кампанii сяброў часам называў бацьку, сядзеў як на старшыньскiм месцы i добра бачыў увесь стол. Бутэлька з гарэлкай абмiнула Славiка першы раз i другi. Сусед злева, доўгi, сутулы слесар-зборшчык, смешны на выгляд i са смешным спалучэннем iмя i прозвiшча - Генрых Варэнiк, налiў яму яблычнага вiна, якое хлопцы прывезлi з сабой. Славiк выпiў, паморшчыўся, быццам воцату каўтнуў:
      - Дрэнь. - I папрасiў Машу, якая сядзела побач з другога боку, каб падала бутэльку з гарэлкай. - Давай, сусед, лепш вось той божай слязы...
      Маша пацягнулася за бутэлькай, але яе перахапiла Iра i перадала Тарасу далей ад брата. Славiк зразумеў, што супраць яго змова. Жэстамi паказаў Тарасу: дай нам з Генрыхам.
      Але гэты "сагнуты Варэнiк" запярэчыў:
      - Не трэба. Я не п'ю.
      Славiк узлаваўся. Зашыпеў яму на вуха:
      - Не п'еш?
      - Не.
      - Хлусiш. Я ж бачу, як ты каўтаеш слiну.
      Генрых збянтэжыўся, пачырванеў, як дзяўчына. Яго выручыў сябра - бялявы, прыгожы, памяркоўны з выгляду Iван Ходас. Ён пачуў, што сказаў Славiк, нахiлiўся да яго за спiной Генрыха i пагрозлiва прашаптаў:
      - Мы такiх разумнiкаў бачылi. I ведаем, чаго варта твая "шчырасць".
      - Чаго? - натапырыўся Славiк.
      - Я асабiста сапсутай гайкi за яе не дам.
      - А я плюю на вашу крытыку.
      - Ты дзе вырас такi? На Брадвеi? Мне шкада цябе.
      - Пашкадуй сваю маму.
      - Хлопцы! Хлопцы! - прасiў Генрых.
      - Вось такiя на родную маму гатовы плюнуць.
      А мацi ўжо тут. Валянцiна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Iвана.
      - Што ў вас, хлопчыкi? Можа, чаго не хапае?
      - Не. Дзякуем, Валянцiна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачалiся. Якая каманда сёння выйграе.
      "Здзекуецца, гад", - ажно перасмыкнула Славiка. Ён налiў сабе таго ж паганага вiна i дэманстратыўна, на злосць усiм, выплеснуў у рот.
      Маша, якая чула ўсю iх размову, цiха сказала:
      - Ты задзiрысты певень.
      - А ты рыжая курыца.
      Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славiка ўжо залез чорцiк: хлопцу хацелася ўсiх крыўдзiць i каб да яго таксама чаплялiся. Тое, што Маша не пакрыўдзiлася за "рыжую курыцу", трохi абяззброiла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы.
      - Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальнiка змены, iнжынера - нам, рабочым!.. Яго iнстытут не выхаваў, - даводзiў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з iх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) - Васiль Лапацiн. Ён прыехаў з жонкай. Славiк заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамлiва, а мужу падкладвала смачнейшыя i большыя кавалкi i ўвесь час непрыкметна падлiвала вiна. Ён выпiваў цiшком, як ваду. Славiка гэта развесялiла.
      "Вунь вашы праведнiкi як дзейнiчаюць", - хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Iванам.
      - Талстоўская фiласофiя ў цябе. Часам трэба i па мордзе даць.
      "Пра мяне, гады. Паспрабуй даць".
      - Я Волгу пераплываў...
      - Дзе? Каля вытоку?
      Самыя малодшыя, сярод iх i Вiктар, жартуюць на другiм канцы стала, у iх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы.
      "Нецiкава. Я вырас з гэтых штаноў".
      - Наташка, наелася? Бяжы гуляй.
      - Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хiба не ведаеш?
      - Гасцiнная натура!
      - Аднойчы на iмянiны яна запрасiла два класы - свой i паралельны. Помнiш, Антон?
      - У нас Славiк быў такi.
      "Быў... Быццам мяне пахавалi".
      - Хлопчыкi, ешце. Усё, што на стале, павiнна быць з'едзена. Кiрыла, прапануй тост.
      - Праўда, ён цiкавы, Косця? Як цыган. Глядзi, якiя вочы. Як вуглi. А зубы якiя!
      "Наiўна, але правiльна, сястра. Хвалi другiх, каб адвесцi ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй".
      Славiку рабiлася нудна, i ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся блiжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагi. Яна строга глянула на яго i адсунулася да Iры.
      Яраш з цiкавасцю прыглядаўся да моладзi. Пасля размовы з Машай, калi ён адчуў раптам разрыў памiж такiмi, як яна, i сабой, яго зацiкавiла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санiтаркi... Але сябры Тараса асаблiва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей.
      Пакiнуўшы Майзiса i яго жонку, якая стаiла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамi па выкашаным лузе мяч, спаборнiчаў у плаваннi, загараў. Услухоўваўся ў iх размовы. Але на адпачынку словы i думкi былi лёгкiя, як той мяч, што ганялi. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур'ёзна цяпер за сталом, але паспрабаваў арганiзаваць такую размову. Пастукаў вiдэльцам па пляшцы, просячы цiшынi. Моладзь адразу ўгаманiлася, бадай, хутчэй, чым перад тостамi Шыковiча.
      - Хвiлiначку, сябры. Сумнавата робiцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне... Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго iмкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кiрылам Васiльевiчам хiтрага намеру - выпытаць пра вашы мары. Мы тут з iм часта спрачалiся наконт iдэалаў маладога пакалення. Толькi ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.
      - А Кiрыла Васiльевiч?
      - Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калi ем...
      - То глух i нем. Адно мурлыкаю, як кот.
      Засмяялiся, заварушылiся, трохi ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хiба мала iх, мар? А якая галоўная?
      Славiк хмыкнуў. I здзейснiў намер, якi з'явiўся хвiлiн колькi назад: апусцiў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:
      - Славiк, схопiш аплявуху.
      Iра здагадалася, што ён зрабiў, i вочы яе пад шкламi акуляраў сталi жоўтымi ад гневу.
      - Славiк! Паскуда! Я маме скажу.
      - Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.
      Бацькi ўжо звярнулi ўвагу на iх злоснае перашэптванне. Валянцiна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасiла:
      - Прынясi, сыне, пiва з пограба.
      - Чакай, паслухаю людзей будучага.
      - Дык хто пачне, хлопцы? - запрашаў Яраш.
      - Косця! - падказала жонка Лапацiна.
      Той самы Косця, якiм захаплялася Iра, маленькi, рухавы, смяшлiвы i самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнiк. Чорныя вочы яго загарэлiся, як вугалькi. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.
      - Сядайце, Косця. Што вы! - адразу запярэчыла Валянцiна Андрэеўна. - Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьмiч, пачнi.
      - Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калi мне было столькi ж гадоў. Параўнаем...
      - Я скажу, - адгукнуўся Косця. - Я думаю пра ўсё... Пра дзяўчат...
      - Вось гэта шчыра! - засмяяўся Славiк.
      Але яго смеху не падтрымалi, можа, таму, што Косця тут жа запэўнiў горача, з дзiцячай непасрэднасцю:
      - Я хораша думаю пра дзяўчат... Жанчына дае жыццё i красiць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмiчныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьцi не хочацца ляцець туды.
      - Баiшся? - зноў гукнуў Славiк i быў рады, што ў гэты раз выклiкаў смех.
      - Не, не баюся. Але я люблю зямлю... дрэвы i кветкi. Для мяне найвялiкшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунiзме ўсе людзi павiнны жыць сярод дрэў i кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя...
      - Правiльна! Я таксама за тое, каб усе сталi дачнiкамi.
      - Слава! Вылецiш з-за стала, як корак з бутэлькi, - не стрымаўся ўрэшце Шыковiч-старэйшы.
      - Маўчу, як фаршыраваная рыба. - Славiк зацiснуў рот далоняй.
      - Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлiвых, дурных, несумленных...
      - У Косцi хрысцiянская мараль, - перапынiў сябра Iван Ходас. - Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калi ласка, Косця, жывi, расцi кветачкi, гадуй дзетачак... А для мяне - радасць у змаганнi. I я думаю, што камунiзм - гэта найвышэйшая форма барацьбы.
      - Супраць каго?
      - За што?
      - Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў... Я не кажу ўжо пра ворагаў знешнiх, iмперыялiстаў розных...
      - А калi iх не стане? Знiшчым?
      - Ага!
      - Я не заглядаю так далёка! I ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. I сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны i, магчыма, бываю несправядлiвы. Малы быў - маму крыўдзiў. Дык што ты, i мяне знiшчыш? - горача насядаў Ходас на Косцю.
      - Завёўся ўжо! - папракнула яго Вера, жонка Лапацiна.
      Iван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кiўнуў галавой. Шыковiч сказаў:
      - Я згодзен, Iван. Камунiзм пабудуюць не святыя, а мы з вамi, кожны са сваiм характарам, даволi часта вельмi супярэчлiвым i складаным. Але бясспрэчна i тое, што мы павiнны стаць лепшымi, чым ёсць. Пазбавiцца перажыткаў... Як гэта зрабiць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаваннi камунiстычнай культуры пачуццяў?
      Iван задумаўся. I ўсе змоўклi, задумалiся таксама.
      - Калектыў, - першы адгукнуўся Тарас.
      - Праца, - амаль адначасова з iм выказаўся Лапацiн, прынiмаючыся за кавалак пiрага, якi падсунула яму клапатлiвая жонка.
      - Барацьба! - не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкi.
      - Праўда! - Славiк сказаў гэта сур'ёзна, цвёрда, пераканана. - Пакуль будзе ханжаства, падман...
      Кiрыла Васiльевiч пераглянуўся з жонкай i, вiдаць, хацеў нешта адказаць сыну. Але перапынiў Косця.
      - Любоў! - крыкнуў ён.
      Усе маладыя засмяялiся. Акрамя Славiка.
      - Цябе ўсё-такi хiлiць да Езуса, - падкалоў сябра Iван.
      - Чаму любоў, Косця? Растлумач!
      - Любоў не ў вашым вузкiм разуменнi. А наогул. Любоў з вялiкай лiтары. Да радзiмы, да працы, да людзей, блiзкiх i далёкiх...
      - Якая шчодрая душа, - з добрай усмешкай сказала Галiна Адамаўна так, што пачулi толькi свае - Майзiсы i Шыковiч. - Можна падумаць, што яго нiхто нiколi не крыўдзiў.
      - Прадстаўнiк пакалення, якое не ведае, што такое нянавiсць. - I на поўны голас да Косцi i да ўсiх: - Па-мойму, Косця, такая любоў - гэта мэта, а не сродак. Тое ж самае i твая праўда, Славiк. Да такой праўды i такой любовi мы прыйдзем... Безумоўна, Iван, праз барацьбу з маральнымi заганамi i ўсiмi тымi, хто будзе перашкаджаць... I, напэўна, маюць рацыю таварышы, Тарас, Васiль Пятровiч, што праца... праца ў калектыве... грамадска карысная - галоўны фактар. Раз Шыковiч павярнуў на тэорыю, няхай ён падводзiць вынiкi. А мне хацелася пачуць ад вас больш простыя адказы. Каб кожны пра сябе. I я скажу пра сябе. Планы, мары, жаданнi... Вось Генрых маўчыць...
      Генрых, якi сапраўды не сказаў нi слова, пачырванеў, збянтэжана ўсмiхнуўся. Сябры скiравалi на яго позiркi, чакалi яўна з цiкавасцю. Ён прыгладзiў дзвюма далонямi валасы i затрымаў рукi на патылiцы.
      - Мары, яны не пастаянныя, Антон Кузьмiч. Калi я быў вучнем, то вельмi любiў чытаць раманы. Ну, Вальтэра Скота, Дзюма... I мне страшэнна хацелася быць рыцарам, выратаваць прынцэсу - абавязкова прынцэсу! Не нiжэй! - i... жанiцца на ёй.
      Моладзь стрымана засмяялася.
      - А цяпер я штоноч сяджу над тэорыяй машынабудавання, супраматам, мару, як бы хутчэй здаць экзамены, стаць iнжынерам i... жанiцца на Зоi Крахмалавай.
      Выбухнуў такi рогат, што з-пад стала спалохана выскачыла кошка. Гаспадары i Майзiсы не разумелi прычыны гэтага рогату, а таму ветлiва ўсмiхалiся весялосцi моладзi.
      Вера, выцiраючы слёзы, тлумачыла iм:
      - Ён заўсёды так, маўчыць, маўчыць, а потым як ска-а-жа...
      А Генрых павярнуўся да Славiка i сказаў яму:
      - Твая чарга. Па парадку.
      - Я? - здзiвiўся Славiк, тыркнуўшы сябе ў грудзi пальцам. - Чаму я? Пра што мару? Нi пра што! Хачу? - Ён абвёў дзёрзкiм позiркам усiх, хто сядзеў за сталом, - ад бацькi да Косцi, потым павярнуўся да Машы i сказаў быццам ёй адной: - Хачу паляцець у космас. У пустату. Дзе б нiхто не дапытваў i не чытаў "маралаў".
      Усе сцiхлi, усiм зрабiлася няёмка, бо ведалi, што хлопец толькi што адбыў пакаранне за свае паводзiны. З далiкатнасцi нiхто не напамiнаў яму пра гэта. Шанавалi бацькоў - паважаныя людзi.
      Усе бачылi, як уразiлi iх раздражнёныя сынавы словы. Асаблiва мацi. Валянцiна Андрэеўна, схаваўшы вочы, сцiснула мужаву руку, молячы яго маўчаць.
      Каб загладзiць няёмкасць, Маша вырашыла перавесцi ўвагу на сябе, сказала весела, гарэзлiва:
      - А я ведаеце пра што мару? Выйсцi замуж за добрага, разумнага чалавека i нарадзiць добрых, разумных дзяцей.
      Хацела, каб гэта прынялi як жарт, але сустрэлася вачамi з сур'ёзным i здзiўленым позiркам Наташкi i... збянтэжылася, загарэлася ўся, бо здалося ёй, што сказала пры малой непрыстойнасць. Пэўна, праз гэтую яе збянтэжанасць нiхто не пачаў жартаваць з такога прызнання. Нават усмешак яна не ўбачыла. Стрыманасць такая iшла ад той жа далiкатнасцi. Але Машы яна здалася дакорам агульным. Чаму яны такiя сур'ёзныя? Чаму так свiдруе яе позiркам жонка Яраша? Праўда, сам Антон Кузьмiч падтрымаў яе:
      - Вось гэта зямная мара! - i яшчэ нешта сказаў.
      Але Маша не пачула. У вуха ёй горача дыхнуў Славiк:
      - Хочаш, я зраблю табе дзiця? - i зноў дакрануўся рукой да калена.
      Цынiчны шэпт яго i дотык абразiлi дзяўчыну, i яна здзейснiла сваю пагрозу - пляснула яму па твары. Не моцна. У другiх абставiнах магло б сысцi за жарт. Але ў той момант аплявуха прагучала, як гарматны стрэл.
      Аглушыла i сталых i маладых. На мiг усе застылi. Першая падхапiлася Iра. Крыкнула брату:
      - Хам! - i выскачыла з-за стала.
      Пагрозлiва павольна падняўся Шыковiч. Жонка паспрабавала стрымаць яго, ён тузануўся ўсiм целам, як бы вырываючыся. Але сказаў спакойна, амаль весела:
      - Хадзем, Уладзiслаў, пагаворым, - i рушыў да дачы. Не азiраўся, цi iдзе Славiк за iм, не чуў, як той, весела падмiргнуўшы хлопцам, кiнуў: "Iду на эшафот", не бачыў будынка, лесу, неба i сонца, усё кiпела ў яго грудзях. Калацiлася сэрца, млелi ногi...
      Толькi ў пакоi Кiрыла павярнуўся i ўбачыў, што Славiк стаiць на парозе, засунуўшы рукi ў кiшэнi штаноў. Такая нахабная пастава яшчэ больш абурыла.
      - Падыдзi блiжэй! - працадзiў ён праз зубы.
      Славiк, iранiчна ўсмiхнуўшыся, не ступiў тры крокi, а, здавалася, павольна прасунуўся, як на лыжах. Магчыма, каб не такая яго ўсмешка, усё было б, як многа разоў дагэтуль: успыхнуў бы феерверк гнеўных слоў i... патух. Нi разу Кiрыла не падымаў на сына руку. Не мог, бо любiў яго. Але тут сарвалася апошняя кропля цярпення.
      - Рукi з кiшэняў! - грымнуў ён i, не дачакаўшыся, пакуль сын выканае загад, схапiў за адварот тэнiскi, iрвануў на сябе. - Ты! - I з усяго размаху садануў правай рукой у скiвiцу.
      Славiк адляцеў да дзвярэй, ударыўся спiной аб вушак, споўз на падлогу, войкнуў, схапiўся за шчаку. У той жа мiг у дзвярах з'явiлася мацi. Загарадзiла сабой сына, замалiла да мужа:
      - Што ты робiш, дурны? Пасаромейся!
      - Змоўкнi! - у страшэнным гневе закрычаў Кiрыла. - Абаронца! Ты бачыш, да чаго давяла твая абарона? Шчанюк! Ты доўга будзеш ганьбiць добрае iмя бацькi, мацi, сястры? Хто цябе выгадаваў такога?!
      - Не крычы! Людзi, - зморшчылася Валянцiна Андрэеўна, заклапочана схiлiўшыся над Славiкам, якi сядзеў нерухома, рукамi закрыўшы твар.
      - Табе сорамна людзей, калi я крычу? А за яго табе не сорамна? Пашкадуй, пашкадуй яго, вытры соплi, ён табе не адну яшчэ пiлюлю падсуне. Герой! На што ты здатны? Што ты ўмееш? Толькi можаш, што паскудзiць, як шалудзiвы кот.
      - А сам ты што ўмееш? Бiцца? - праенчыў пiсклiва Славiк. - Стары конь!
      Недарэчнае пытанне i яшчэ больш недарэчная мянушка прагучалi надзвычай па-дзiцячаму, вырвалiся ад бяссiльнай злосцi i крыўды. Гэта расчулiла Шыковiча. Стала шкада сына i брыдка за свой учынак. Нiкога ў жыццi ён не бiў, нават калi быў хлапчуком, пазбягаў боек, часцей бiлi яго. А тут - выкiнуў з кабiнета Рагойшу, ударыў сына... Што здарылася? Нервы? Аднак, каб не раскiснуць, ён пагразiў:
      - Я табе пакажу "конь"! Iдыёцкi жаргон! Разбэшчаныя шчанюкi! - Злосна да жонкi: - На рукi яго вазьмi! Пакалышы. Соску дай. Пе-да-го-ог!
      I выйшаў. На верандзе адчуў, як дрыжаць рукi, ногi, "сiгналiць" сэрца. Падумаў: "Так iнфаркт нядоўга схапiць".
      А Славiк, пачуўшы, што бацька выйшаў, уткнуўся тварам у матчыны рукi, якiя хацелi падняць яго з падлогi, i... заплакаў. Зусiм па-дзiцячы, усхлiпваючы.
      Хлопцы ляжалi на беразе ракi, на пясчанай касе. Грэлi спiны на стомленым ласкавым сонцы. Слухалi, як ззаду цiха плешчацца i журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясцiць лазняк. Вецер сцiхаў - i ўсё сцiхала, лагаднела, утаймоўвалася: вада i лес, птушкi i чалавечыя страсцi. Нават ластаўкi, што гняздзiлiся ў абрыве, лёталi без заўсёднай сваёй трывогi. Хлопцы займалiся адным: лянiва падграбалi пад сябе цёплы, вымыты ракой да белiзны пясок i сачылi, як у чыстым небе над лугам плавае коршак. Гэтак жа лянiва i спакойна, не палюе - адпачывае. Калi коршак раптам куляй упаў унiз, у кусты, яны, як па камандзе, апусцiлi галовы на рукi i праз сухi пясок удыхалi вiльготныя пахi ракi. Пасля iх увагу прыцягнула маленькая, у залатой манiшцы i блакiтным фартушку птушачка: яна села за паўкроку ад Косцевай галавы i, вiхляючы зялёным хвосцiкам, праскакала мiма ўсiх, як бы правярала, цi жывыя гэтыя голыя нерухомыя людзi. Яе не спалохаў i голас Генрыха:
      - Хлопцы, хто ведае, як называецца гэтае прыгожае птушанятка?
      Маўчанне.
      - Нiхто не ведае? Косця?
      - Шчурка.
      - Дакладна? Маўчыш? Як мала мы ведаем!
      - Дарэмна ты, Тарас, пацягнуў нас на гэтую куркульскую дачу, - прабурчаў Iван Ходас.
      - Не папракай! - крыкнуў Косця.
      - Я не папракаю.
      Тарас маўчаў. Ён думаў пра Машу. Здзiўляўся: "Чаму я думаю пра яе? Дзiўна. Што дала аплявуху таму шалапуту? Яму варта. Але не гэтак. Не да месца было. Сапсавала абед, настрой усiм... I сабе".
      Як задрыжалi яе вусны, калi Шыковiчы адзiн за адным - сам, Славiк, мацi пайшлi ў дом, а Iра i Яраш пачалi прасiць у яе прабачэння. Тарас бачыў, як крывiлася Галiна Адамаўна, яна асуджала Машу, асаблiва ёй не падабалася, што муж просiць у сваёй падначаленай прабачэння. Майзiсы адразу пачалi збiрацца дадому. Хлопцы падзякавалi Ярашам i, вылезшы з-за стала, тут жа знiклi. З Машай яны не развiталiся. Чаму? А цяпер маўчаць. Ну i да д'ябла, няхай маўчаць.
      "Завошта яна пляснула яго? Што ён такое сказаў?"
      - Куды ён хоча падацца цяпер?
      - Хто?
      - Гэты... "атамшчык".
      - Славiк? Не ведаю.
      - А навошта яму куды падавацца? У бацькi грошай хопiць.
      - Не думай дрэнна пра Шыковiча. Гэты чалавек правiльны.
      - А сынок?
      - Чорт iх ведае, адкуль яны бяруцца, такiя сынкi.
      - Глядзiце, зноў коршак. Што ён выглядае?
      - Шкада, што не паслухалi Яраша. Пра што ён хацеў расказаць?
      - Хлопцы! А давайце возьмем яго ў сваю брыгаду!
      Косця, падцягнуўшыся на руках, прасунуўся наперад i сеў, павярнуўся да хлопцаў, каб бачыць iх твары.
      Тарас падняў галаву i паглядзеў: сур'ёзна ён? Маленькi, але ладна збiты, загарэлы, чорны, Косцiк сядзеў на пяску, як будыйскi бажок; блiшчалi зубы i гарэлi вочы - прыкмета таго, што ён гатовы да знямогi абараняць сваю iдэю. Iван Ходас глянуў на яго адным вокам i свiснуў у пясок, выдзьмуўшы ямачку.
      - Не хапае табе дзярма?
      - А што? Калi мы такая брыгада, то чаму не памагчы чалавеку стаць на верны шлях?
      - Завод не школа-iнтэрнат.
      - Сябры, цiкавая з'ява - супрацiўленне матэрыялаў...
      - Генрых, не трызнi. Цi захоча ён сам? - спытаў Лапацiн i павярнуўся на спiну, тварам да сонца.
      Тарас сеў. Косцева прапанова падабалася. Сапраўды, чаму б iм не ўзяцца за гэтага неўраўнаважанага юнака.
      Генрых пiсаў пальцам на пяску доўгую формулу.
      - Я пагавару з iм.
      - Ты згодзен? Тарас? - Iван так дзьмухнуў у пясок, што засыпаў Генрыхаву формулу. - Вар'яты! Не бярыце на сябе ўсяго, зробiцеся пазёрамi. Я - супраць.
      - Гаворыш, што камунiзм - гэта змаганне, а сам не хочаш лiшнi раз паварушыць рукамi i мазгамi. Як жа ты думаеш змагацца за такiх?..
      - Гнаць у шыю.
      - Куды?
      - На ўсе чатыры.
      - Ну i логiка ў цябе!
      - Логiка жалезная. А чаму я павiнен падбiраць усялякае смецце i выкладаць элементарныя нормы паводзiн? Я сам сябе яшчэ не выхаваў.
      - Вось гэта правiльна!
      - Сам баiцца, каб гэты "стылiст" не перавярнуў яго ў сваю веру. Як жыд папа. Ведаеце показку?
      - Пiшы свае формулы! Канструктар лiпавы!
      - Хлопцы, не сварыцца! - Лапацiн запляскаў у далонi. - Усiх вас выхаваюць жонкi. Толькi жанiцеся...
      - Цябе выхавала?
      - А што ты думаеш? Я таксама ў пажыўныя мясцiны заглядваў, як жаўтароцiк гэты. Нават калi ў брыгадзе ўжо быў. А паспрабаваў бы цяпер!
      - То-та, бачу, валасы ў цябе пачалi радзець.
      Зарагаталi. Жарт найлепшым чынам прымiрае людзей. Тарас адчуў, што настрой ва ўсiх узняўся.
      Лапацiн брыкнуў Iвана нагой. Той злавiў нагу i пацягнуў "жанацiка" да вады. Тарас ускочыў, разбурыў усе Генрыхавы формулы i схапiў Лапацiна за рукi. На падмогу iм кiнуўся Косця. Утрох яны раскачалi свайго паважнага сябра i шыбанулi ў раку, ведаючы, што ён кепска плавае i баiцца вады. Самi скочылi следам за iм. Пырскi блiснулi на сонцы вясёлкавымi пералiвамi. Хвалi пакацiлiся на пясок, лiзанулi Генрыху ногi. Ён устаў, прыгожа пацягнуўся, кiнуў на адзенне акуляры i, разагнуўшыся, ракетай пайшоў пад ваду. Ён быў лепшы плывец. I ўсе яго сябры, што дурэлi ў вадзе, сцiхлi, з цiкавасцю i, магчыма, з трывогай чакаючы, калi i дзе Варэнiк вынырне. Ён вынырнуў амаль на сярэдзiне ракi. Паплыў хутка, спрытна выкiдваючы з вады ўсё цела. Не плыў, а ляцеў.
      Тарас i Косця пайшлi за iм. Плылi побач. Косця сказаў:
      - А гэтая рыжая сядзела з iм, а вачамi страляла ў цябе.
      Тарас збянтэжыўся.
      - Ды ну цябе, Косця! Выдумаеш! - Але яму было прыемна, i ён пахвалiў сябра: - А наконт Славiка - гэта ты добра прыдумаў. Трэба пераканаць хлопцаў.
      11
      Яраш перад аперацыяй начаваў у горадзе. Шыковiч ляцеў на сваiм "Масквiчы" адзiн, рызыкуючы апынуцца пад адхонам. У прыгарадзе, на чыгуначным пераездзе, быў зачынены шлагбаўм. Старэнькi закапцелы паравозiк з адной платформай дошак манеўраваў быццам на здзек шафёрам. Шыковiч, машына якога стаяла першая, утыркнуўшыся ў шлагбаўм, кiпеў: крычаў вартаўнiцы, пагражаў кулаком машынiсту, праклiнаў усе чыгуначныя парадкi.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28