Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Сэрца на далонi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 10)
Автор: Шамякин Иван
Жанр: Отечественная проза

 

 


      - Хiба гэта многа?
      - Я ўмею трохi шыць. Там я шыла. Але не люблю. Гэта цяжка i нецiкава. Каб вы ведалi, якая пакутлiвая работа - прыёмшчыца кравецкай арцелi. Людзi жорсткiя i грубыя.
      - Людзей кепска абслугоўваюць. Я не думаю, што ў вашым атэлье добра шылi.
      - Дрэнна. Але падымаць крык з-за няправiльна прышытага гузiка.
      - Гузiк можа сапсаваць чалавеку настрой.
      Яна крыва ўсмiхнулася.
      - Тады, - ён зразумеў сам - у падполлi, - вам мог сапсаваць настрой гузiк?
      - Кожны час мае свае законы i нормы.
      - Людзi пачынаюць патрабаваць замнога ўвагi...
      - Па-мойму, гэта натуральна. Бяда ў iншым, што яе мала яшчэ ў нас, узаемнай увагi. У грамадстве, дзе чалавек чалавеку брат...
      - Брат? - Зося, як бы спалохаўшыся, сцерла хусцiнкай з вуснаў скептычную ўсмешку i сказала мякка, ласкава: - У вас добрае сэрца, Антон Кузьмiч, пэўна, каб такiм чынам скончыць гэтую маленькую фiласофскую спрэчку.
      Яраш разумеў яе. Занадта многа людзi прынеслi ёй гора i пакут. Яе шчасце, што яна зусiм не страцiла веры ў жыццё i ў людзей, верыць яшчэ, што побач са злоснымi ёсць людзi добрыя.
      Нейкi момант яны маўчалi. Яраш, магчыма, упершыню за ўсю сваю практыку адчуў некаторую няёмкасць каля ложка хворай. Можа, таму, што без пэўнай мэты ён нiколi так доўга не заседжваўся. У яго i цяпер была мэта, але зусiм не прафесiйная.
      Даследаваннi i здагадкi Шыковiча, нечаканая сустрэча з Зосяй не толькi распалiлi i яго цiкавасць да справы доктара Савiча, больш таго - ён адчуў сябе вiнаватым, што нiчога не зрабiў дагэтуль. Цяпер яму хацелася ўсяляк дапамагчы Кiрылу. Той, нецярплiвы, гарачы ў рабоце, дамагаўся сустрэчы з Зосяй. Ён, Яраш, як хiрург i як псiхолаг, ашчаджаў хворае сэрца пацыенткi i асцерагаў яе ад цяжкiх успамiнаў. Таму i цяпер яму нялёгка было падвесцi размову да ўспамiнаў пра яе бацьку.
      Зося, напэўна, сама адчула няёмкасць зацяглай паўзы. Яна сказала:
      - Ад мяне толькi што пайшла Маша. Мы доўга гутарылi.
      - Я рады, што вы пасябравалi.
      - Яна цiкавая. Спачатку мне здалося, што яна iграе... А ў жыццi нельга iграць! Некалi, яшчэ ў школе, я хацела стаць актрысай. I таксама iграла выдуманую ролю. Дома, на вулiцы, у гасцях - усюды... Смешна i наiўна.
      - Чаму смешна? Маладыя ўсе рамантыкi. Вунь мае дзецi, Тарас, Вiця... Якiя ў iх мары i жаданнi! I я не сказаў бы, што гэта iгра.
      - Дзе ён быў тады, Тарас?
      - Яго схавалi добрыя людзi. Суседзi.
      - Я шукала яго.
      - Я ведаю. Мне казала цётка Люба.
      - Яна не паверыла мне.
      - Не крыўдуйце на яе. Яна была залаты чалавек i найлепшая канспiратарка.
      - Яна загiнула?
      - Не, памерла год назад.
      Зося памаўчала, як бы ўшаноўваючы памяць чалавека, з якiм лёс звёў яе на кароткi мiг.
      - Як мне хацелася знайсцi яго, гэтага хлопчыка! Я не проста помнiла вашу просьбу. Я доўга жыла ёй. Для мяне гэта было першае баявое заданне падпольшчыкаў. I мне хацелася хутчэй выканаць яго. Але бацька... Вы ведаеце, як ён асцерагаў мяне. Навошта ён так асцерагаў? Дзiўны чалавек!.. Употай ад яго я пайшла да цёткi Любы. Сказала пароль. Усё, як вы гаварылi. Яна адказала не зусiм так, але пусцiла ў дом. Я сказала, што вы прасiлi даведацца, цi вядома ёй што-небудзь пра сына Паўла Ганчарова. Яна адказала дзiўна i незразумела: "Перадайце Вiцю, што дзядзька Рыгор запрашае на заручыны Веты. У суботу пад вечар". Я сказала, што перадаць нiчога не магу, бо вас пераправiлi ў лес. "Да каго?" - спытала цётка Люба. Я не ведала, да каго. Тады, вiдаць, у яе ўзнiкла падазронасць. Яна больш нiчога не спытала пра вас. Але калi я зноў паўтарыла сваё пытанне пра Тараса, яна адказала, што нiчога невядома. Мяне пакрыўдзiла, што яна такая абыякавая i да лёсу дзiцяцi i наогул... Хаця б пацiкавiлася, хто я i што я. Не, нiшто, здавалася, яе не цiкавiла. Праўда, паводзiла я сябе неразумна i няўмела. Цётка Люба ўсё-такi спытала, як маё iмя. Я адказала, што Вольга. Чаму Вольга i навошта мне было падпольнае iмя - сама не разумею. Мабыць, ад жадання сыграць ролю падпольшчыцы.
      На другi дзень я пайшла на Каштанавую, дзе жыў Павел. Там я таксама надзiвачыла. Ведаеце, што зрабiла? Я - сястра Паўлавай жонкi, шукала iх, жывых. Людзi, якiя жылi ў тым доме, збянтэжана пацiскалi плячамi: яны тут нядаўна i нiкога не ведаюць. Заплаканая, я паказвала пiсьмо, якое сама напiсала: "Яны жылi тут, вось адрас. Што ж мне рабiць? Я прыехала ажно з Харкава". Хадзiла па суседзях. Адны рабiлi выгляд, што нiчога не ведаюць. Другiя не таiлi сваю падазронасць. Але потым дзве старыя жанчыны, мабыць, паверылi мне i сказалi страшную праўду. Я плакала шчыра. "А хлопчык? Дзе хлопчык? Тарасiк". - "Кажуць людзi, у нямецкiм дзiцячым доме", - паведамiлi старыя. У той вечар я спытала ў бацькi, цi ёсць у горадзе дзiцячыя дамы. "Навошта табе?" Я расказала яму пра вашу просьбу i як я шукала малога. Бацьку гэта спалохала. Ён сярдзiта сказаў, што я загублю i сябе i яго сваiмi неразумнымi ўчынкамi. Тады я сказала яму, што больш не буду вартаваць дом i смажыць Гроту трусяцiну. "Трэба жыць i змагацца, як ён", - кiўнула я ўгору, маючы на ўвазе вас, Антон Кузьмiч. "Ён салдат, - сказаў бацька, - а мы з табой цывiльныя людзi, я - стары лекар, ты - дзяўчынка, дзiця". Я сказала яму тады многа тых слоў, якiя пачула ад вас. Бацька мусiў здацца. Толькi папрасiў, каб я нiчога сама не рабiла, пра ўсё даведаецца ён.
      Праз тыдзень, можа, не помню, бацька сказаў, што я магу наведаць дзiцячы дом у Высокай Будзе, гэта кiламетраў пятнаццаць ад горада.
      - Я ведаю. Там i цяпер дзiцячы дом, - кiўнуў Яраш.
      - Жонка бургамiстра Цiшчанкi, старая набожная баба, замольваючы грахi свайго мужа, займалася дабрачыннасцю - апекавала сiрот. Мы паехалi з ёй на машыне бургамiстра. Дзень, помню, быў халодны, дажджлiвы. Гэта ж была ўжо позняя восень. А яны, дзецi, худыя, сiнiя, амаль усе без верхняй вопраткi, у адных падраных сарочачках, абступiлi нашу машыну. Маленькая дзяўчынка адразу пацягнула мяне за рукаў i папрасiла: "Цётачка, дайце кавалачак хлеба". У мяне не было хлеба, я нiчога не ўзяла, бо не думала, што дзецi там такiя галодныя. У дзiцячым доме! Яна, бургамiстарша, прывезла нейкiя пернiкi, нейкае адзенне, магчыма, нарабаванае ў другiх такiх жа дзяцей.
      "Дайце iм, Анiсся Паўлаўна", - папрасiла я. Старая ханжа, звычайна слязлiвая i чуллiвая, там трымалася важнай дамай. "Усё трэба рабiць па парадку, мiлая. Арганiзавана!" Не адразу дзецi знайшлi свайго "пана шэфа". Стары, непаголены, пакамечаны i п'янаваты чалавек, дырэктар цi начальнiк, не ведаю, як ён у iх называўся, сустрэў нас не вельмi ветлiва. Дзiўна, што i дзецi толькi ўпачатку праявiлi цiкавасць, а потым старэйшыя пайшлi ў лес па дровы. Я адстала ад патранесы i начальнiка, запытала жанчыну, работнiцу дома, цi ёсць тут хлопчык Тарас Ганчароў. "Не, у нас ёсць Косця Ганчароў. Ваня, паклiч Косцю". З'явiўся худы цыбаты хлопчык гадоў дзевяцi. Не, Тараса ў iх не было. I ўвогуле дзецi такога ўзросту да iх больш не паступалi. Толькi старэйшыя. Можа, гэтая жанчына паспела перадаць нашу размову дырэктару. Але ён дзiўна даверыўся мне. Пакуль бургамiстарша раздавала свае гасцiнцы, ён стаяў са мной побач i шаптаў:
      "Слухайце, не трэба нам дабрачыннасцi. Нiчога нам не трэба. Нас кормiць насельнiцтва. Мы самi сябе кормiм. Але няхай яны не забiраюць дзяцей. Навошта яны забiраюць дзяцей? Учора пяць хлопчыкаў i пяць дзяўчынак. Куды? Для ўсынаўлення. Хто iх усынаўляе? Дзе? Я павiнен ведаць. Я адказваю за дзяцей. Не забiрайце маiх дзяцей!"
      Гэта быў крык душы чалавека, якi падазраваў нешта нядобрае. Калi я расказала пра ўсё бацьку, яго таксама вельмi ўстрывожыла такая скарга дырэктара дзiцячага дома. Пасля я даведалася: ад дзяцей бралi кроў... iх вывозiлi ў Германiю i малых анямечвалi.
      - Нямкамi рабiлi? Ой, горачка ж якое! - у вялiкай скрусе кiвала галавой старая, якая дагэтуль слухала моўчкi.
      - Я там, у iх, усё пра Тараса думала: дзе ён? Што з iм?
      - I не знайшлi хлопчыка? - бабуля, мабыць, не ўсё зразумела з iх размовы.
      - Знайшоўся, - адказаў старой Яраш.
      - Дзе ж ён цяпер? - Цiкаўнасць гаманкой старой расла, яна як бы ўзнагароджвала сябе за многа хвiлiн пачцiвага маўчання.
      - Гэта мой сын.
      - Праўда? А божачка! - шчыра здзiвiлася i ўзрадавалася бабуля. - Няхай жа яму Бог здароўечка дае. Вялiкi ўжо?
      - У армii адслужыў. Я заўтра вас пагляджу, бабуля. Добра? - звыкла развязваючы завязкi на рукаве халата, сказаў Яраш.
      - Добра, доктар. Цяпер вы частым госцем будзеце ў нас.
      Зося зморана i ўсё яшчэ вiнавата ўсмiхалася.
      Дзяўчына на ложку каля акна, здалося Ярашу, упершыню глядзела на яго без страху.
      Ён падняўся. Залiшне заседзеўся. Стамiў, расхваляваў хворую. Вунь як блiшчаць яе вочы. Трымае недзе ў калiдоры другiх. Ва ўсiм патрэбна разумнае пачуццё меры.
      Яму не хацелася напамiнаць ёй пра бацьку. Але Шыковiч не даваў спакою. Урэшце, яна сама колькi разоў успомнiла бацьку.
      Яраш спытаў:
      - Скажыце, Соф'я Сцяпанаўна, вы помнiце каго-небудзь з iнфекцыйнай бальнiцы, з кiм працаваў ваш бацька... Хто хадзiў да вас...
      Яна на хвiлiну задумалася.
      - Я помню сястру... Клаўдзю... Iванаўну, здаецца. Яшчэ была лекар Вакулава. I лекар Лiберман. Але Лiбермана яны загналi ў гета. У акупацыi заходзiла да нас толькi гэтая сястра. Як жа гэта яе прозвiшча? - Зося зморшчыла лоб.
      - Не трэба ўспамiнаць. Пасля, - мякка папрасiў Яраш. - Дзякую вам.
      - Завошта? - здзiвiлася яна.
      - Добрай ночы, - пажадаў ён усiм адразу i пайшоў да дзвярэй.
      9
      Майзiс з жонкай i Маша прыехалi раней за ўсiх. Яшчэ ў цянi пад вольхамi не апала раса. Яшчэ спалi дзецi Яраша i Шыковiч, якi працаваў да дня. А гаспадынi ўжо поркалiся на летняй кухнi, пад стрэшкай. Iм памагаў Тарас. Распалiў агонь пад самаробнай плiтой, прынёс сталы, дровы i прадукты. Хлопец шукаў сабе работу.
      Ранiца была надзiва - сонечная, звонкая, з лугу патыхала вiльготным халадком, а бор дыхаў неастылай цеплынёй учарашняга дня. Нерухомая ўрачыстасць сосен зноў прадвяшчала спёку. А можа, навальнiцу. Дажджу прасiлi i людзi i дрэвы. Што б нi здарылася наперадзе за доўгi летнi дзень, але ранiца такая, што дзiця: прыносiць усмешку i радасць.
      Жанчыны гатавалi з добрым настроем. Праўда, паскардзiлiся на свой нялёгкi дачны лёс: зноў госцi!
      - Шыковiч мой нешта астыў, мала каго ўжо запрашае, - зазначыла Валянцiна Андрэеўна.
      - Затое Антон загарэўся.
      - Сёння, Галiна Адамаўна, больш гасцей маiх, - адгукнуўся Тарас. - Але сваiх я магу прыняць на лузе. Акрамя вады i прасторы, iм нiчога не трэба.
      - Як не сорамна, Тарас! Тваiм гасцям мы заўсёды рады.
      Галiна Адамаўна казала шчыра. Больш трывожылi яе госцi мужа, правiльней кажучы, адна госця - Маша. Яна бачыла дзяўчыну разы два ў бальнiцы, даўно, можа, год назад. Чаму раптам Антону ўздумалася запрасiць яе? Хiба мала калег-лекараў? Майзiс, напрыклад, - гэта зразумела.
      Але трывога яе знiкла, калi Майзiсы знянацку падкацiлi на сваiм чырвоным запыленым "Масквiчы" i Галiна Адамаўна ўбачыла Машу. Дзяўчына здавалася ёй не толькi нецiкавай, але нават вульгарнай. Да ненатуральнасцi вогненна-рудая, яна, як бы кiдаючы выклiк людзям звычайным, i плацце надзела дзiўнае па колеру i па фасону: чырвона-жоўтае, з малюнкам кляновага лiсця; лёгкая тканiна, здавалася, не кроiлася, не шылася, а сцягвалася нiткамi на самой дзяўчыне - па форме яе постацi. Галiне Адамаўне нават стала весела, калi яна ўбачыла, што Тарас разглядае госцю, як нейкае дзiва.
      Яраш чытаў замежны часопiс па хiрургii i выйшаў у пiжаме. Ён таксама здзiвiўся i сумеўся. Папрасiў прабачэння. Збянтэжыў Майзiсаў. Маленькая, чорненькая, нафарбаваная i завiтая, як лялька, Даная Вiтальеўна ў апраўданне пачала нападаць на мужа:
      - Вы ведаеце, Антон Кузьмiч, Мiхал Евелевiч фанатык. Калi яму нешта ўлезла ў галаву, ён не дасць спакою нi сабе, нi людзям. Бачыце, захацелася чалавеку стаць рыбаком. Антон Кузьмiч вучыць яго хiрургii. Дык ён павiнен яшчэ навучыць цябе лавiць рыбу. Ах, Мiша! Прабачце, Антон Кузьмiч...
      - Не, не прабачаю. Дамаўлялiся ў шэсць, а цяпер дзевяць. Якi з вас рыбалоў? Соня!
      Яраш жартаваў, а сам пазiраў на Машу, якая з дзiцячым захапленнем разглядала ўсё навокал.
      Валянцiна Андрэеўна прашаптала сяброўцы:
      - Арыгiнальная асоба.
      Яраш нарэшце ўспомнiў, з якой мэтай напрасiлася ў госцi Маша.
      - Тарас! Дзе Тарас? Маша прыехала, каб пазнаёмiцца з табой.
      Тарас мусiў вылезцi са свайго ўкрыцця i таксама збянтэжыўся, бо быў у майцы, у пакамечаных парусiнавых штанах i босы. Не, не ўласны выгляд яго збянтэжыў. Нешта другое.
      Майзiс працягнуў яму руку проста, па-мужчынску, яго жонка абыякава, без цiкаўнасцi: у яе свая фiласофiя - падабацца перш за ўсё гаспадынi. А гэтая вогненная чарадзейка раптам застыла ўся як бы ў непаразуменнi, а потым сказала, здалося Тарасу, з расчараваннем:
      - Вось вы якi! А я думала, вы, як Антон Кузьмiч.
      Гэта не спадабалася Галiне Адамаўне: чаму ёй хочацца, каб усе былi падобны на Антона Кузьмiча?
      Калi праз пяць хвiлiн сабралiся рыбалiць, Яраш спытаў у сына:
      - Тарас, iдзеш з намi?
      - Не, я застануся, памагу жанчынам.
      Тады i "моднiца" звярнулася да гаспадынь:
      - Дазвольце i мне застацца на кухнi.
      З-за цiкаўнасцi - "А што ты ўмееш рабiць, галубка?" - Валянцiна Андрэеўна тут жа згадзiлася, каб Маша памагла iм.
      Яна надзела фартушок, спрытна i прыгожа завязала на галаву касыначку i неяк адразу ператварылася ў простую, сцiплую i надзiва дамавiтую маладую гаспадыньку. Такое нечаканае ператварэнне ажно спалохала Галiну Адамаўну. А калi Маша пачала раiць, якiя закускi можна згатаваць з тых прадуктаў, якiя Тарас выцягнуў з пограба, Валянцiну Андрэеўну здзiвiлi яе кулiнарныя веды. А жонка Яраша ўсё больш насцярожвалася. Але чым мацней яна настройвала сябе супраць дзяўчыны, тым больш тая падабалася ёй. Калi прыгледзелася, то колер плацця не здаваўся цяпер вульгарным, ён добра пасаваў да чырвоных валасоў. Ды i фасон не такi ўжо стыльны - проста з густам скроены. Першая гэта адзначыла Валянцiна Андрэеўна, якая лепш за яе разумела моды.
      - Хто вам шыў, Маша?
      - Не паверыце, самая маладая краўчыха. Я хадзiла ў палац чыгуначнiкаў на курсы кройкi i шыцця i там пазнаёмiлася з адной дзяўчынкай. Гарбаценькая, ведаеце, а такая здольная. Наша выкладчыца ледзь не лопнула ад зайздрасцi, калi Геня пашыла дыпломнае плацце.
      Маша засмяялася. I Валянцiна Андрэеўна засмяялася. I Тарас. Цяпер ён зусiм iнакшымi вачамi глядзеў на дзяўчыну - зацiкаўлена i прыязна. Галiне Адамаўне i гэта не спадабалася.
      "Ацiраешся каля бабскiх спаднiц, - падумала яна пра Тараса. - Вельмi нам патрэбны такi памочнiк! I што ты робiш? Тарашчыш вочы?.. Пасаромеўся б, брыгадзiр камбрыгады".
      Але сама яна мiмаволi любавалася, як Маша гатуе салату. Па-першае, па свайму адменнаму рэцэпту, а па-другое, так спрытна валодае нажом, лыжкай, што той кухар вышэйшага класа. З той хiба рознiцай, што ў яе ў сто разоў больш артыстычныя рухi, здаецца, не гуркi крышыць, а iграе на невядомым iнструменце. I кубiкi гуркоў у яе роўненькiя, прыгожанькiя, такiя ў iх, старых гаспадынь, не атрымлiвалiся.
      "Калi яна з гэтакай артыстычнасцю працуе ў аперацыйнай, недарма яе Антон так хвалiць", - падумала Галiна Адамаўна прыязна, але тут жа адчула, як нядобра ёкнула сэрца. Спытала:
      - Дзе вы навучылiся так кулiнарнiчаць?
      - А я да курсаў медсясцёр служыла хатняй работнiцай. У палкоўнiка.
      - Вы... хатняй работнiцай?
      - Чаму вы здзiвiлiся? Нас у мамы пяцёра засталося, калi бацька загiнуў. Двое малодшыя за мяне. А калгас тады ў нас быў...
      Па яе тону здагадалiся, якi быў у iх калгас. А яна нiбы засаромелася гэтага прызнання, як бы ў тым, што калгас быў бедны, ёсць i яе вiна.
      Глянула на Галiну Адамаўну, потым на Шыковiчыху, якая гатавала фарш для катлет, а сказала Тарасу, па-праўляючы касынку:
      - Цяпер у нас саўгас. Тарас, вам няма чаго рабiць, навастрыце нож. Тупы.
      Тарас, пачырванеўшы, кiнуўся шукаць асялок.
      Валянцiна Андрэеўна зноў засмяялася. Ёй падабалася гэтая дзяўчына, асаблiва пасля такой бiяграфiчнай даведкi. Яна любiла вось такiх - настойлiвых у дасягненнi жыццёвай мэты. Маша таксама адчула сiмпатыю да гэтай поўнай, гаваркой, па ўсiм вiдаць, добрай жанчыны. Тонкая натура, яна адчула i насцярожанасць, з якой ставiлася да яе жонка Антона Кузьмiча. I прычыну зразумела. Не абразiлася, не пакрыўдзiлася, але здзiвiлася, што ў самой яе таксама з'явiўся пэўны халадок у адносiнах да Галiны Адамаўны. Розумам прымушала сябе палюбiць яе, але сэрца не слухалася такога загаду. Сэрца цягнулася да шчырай, ласкавай Валянцiны Андрэеўны. Яны хораша гутарылi. Маша з гумарам расказвала пра сваю службу хатняй работнiцай, пра сям'ю палкоўнiка, пра яго жонку, былую сялянку, пра яе смешнае iмкненне быць арыстакраткай.
      Усё, напэўна, iшло добра... Але прачнулася Iра (у сям'i Шыковiчаў адна мацi ўставала рана). У халаце, з ручнiком, заспаная i хмурая, з'явiлася яна пад паветкай, каб нешта запытаць у мацi. Здзiвiлася, угледзеўшы Машу. Iх пазнаёмiлi. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Iра глядзiць на яе зняважлiва i насмешлiва: "Адкуль ты такая спрытная ўзялася?" Гэта закранула Машына самалюбства.
      "Няхай жонка Яраша глядзiць на мяне, як хоча. Яна старэйшая ўдвая. А ты, дурная авечка, чаму працягваеш мне руку, быццам робiш вялiкую ласку? Не мiргай сваiмi блiзарукiмi вачамi. Я ўсё бачу".
      Яна дэманстратыўна адвярнулася да Тараса. Сказала яму:
      - А я ведаю, як вас ратавалi ў вайну. Як шукалi...
      - Мяне?
      Iра хмыкнула.
      - У вайну ён пешшу пад стол хадзiў.
      Маша не адказала ёй. Яна спытала ў крыху здзiўленага Тараса:
      - А вы не помнiце? Нiчагусенькi? А я помню, як праводзiлi тату на вайну. Мне iшоў чацвёрты год. Перад вачамi стаiць, як тата плакаў. Твару не помню, што плакаў - помню. Трымаў мяне на руках i плакаў. А я выцiрала яму слёзы.
      Расчырванелы Тарас сядзеў на зямлi i разбiваў качаргой у печы галавешкi. Водсвет жару залацiў яго белыя валасы. Iра ўсмiхнулася, падумаўшы: "Тарас парыжэў ад гэтай рыжай. Сапраўды, адкуль яна ўзялася? - I тут жа ўспомнiла: А-а, Яраш расказваў пра "залатую сястру", - i зноў хмыкнула: - Залатая!"
      Можа, Iра нешта сказала б, але мацi глянула на яе строга, папярэджваючы.
      Валянцiна Андрэеўна рабiла пiрог, i рукi яе былi ў белым цесце, а правая скроня ў муцэ. Iра падумала, што i сiвая мама будзе прыгожая. У яе расла непрыязь да гэтай рудой. Як незалежна яна трымае сябе на iх iмправiзаванай кухнi! Як гаспадыня. А як размаўляе. Ад вайны i бацькi - да дроў:
      - Тарас! Дровы вашы залiшне сухiя. Не трэба такi агонь. Усё папалiць. Знайдзiце сырэйшыя дровы.
      Тады Iра нечакана для сябе самой прапанавала:
      - Тарас! Хадзем купацца.
      Але найбольшай нечаканасцю гэта было для Валянцiны Андрэеўны. Мацi што токам ударыла. Няўжо гэта сказала Iра? Тая Iра, якая чырванела i абуралася, калi пры ёй пачыналi размову пра каханне, хлопцаў-жанiхоў, замужжа. Малодшы Славiк сваiмi бесцырымоннымi жартамi часта даводзiў яе да слёз. А яна, Валянцiна Андрэеўна, неаднойчы з болем гаварыла мужу:
      "Боязна мне за Iрку. Нейкая яна замкнутая, нелюдзiмая. Дваццаць год, а яна што дзiця. Баюся, не выйсцi ёй замуж. Шчэ гэтая блiзарукасць".
      "Выйдзе", - адказваў аптымiст Шыковiч.
      Жонка папракала:
      "Не думаеш ты пра дзяцей".
      "Калi мы абое пачнём гэтулькi думаць, як ты, замнога ўвагi iм будзе. Лепш навучы яе суп варыць".
      Iра нават з iмi, жанчынамi, не надта ахвотна хадзiла купацца. Больш адна. А пры мужчынах нiколi не скiдала плацця, хоць мела самыя закрытыя купальнiкi.
      I раптам яна запрашае хлопца iсцi купацца. Удваiх? Валянцiна Андрэеўна проста аслупянела. Што здарылася? Што адбылося з яе Iрай?
      - Я ўжо купаўся, - адказаў Тарас, адчуваючы няёмкасць ад такога запрашэння.
      У гэты момант Галiна Адамаўна папрасiла яго схадзiць па ваду. Ваду для пiцця i стравы бралi ў ляснiцтве.
      - Давайце я прынясу, - адгукнулася Iра.
      Схапiла вёдры i пабегла. Рэдка яна праяўляла такую ахвоту да фiзiчнай працы. Мацi, здзiўленая да ашаламлення, забыўшыся на ўсiх другiх, глядзела ёй услед. I раптам зiхнула думка: Iра, яе Iра закахана ў Тараса. Гэта так вiдавочна. Яна ўмела хаваць сваё каханне, пакуль яму нiчога не пагражала. А ўбачыла гэтую рудую, адчула сапернiцу... I знiкла сарамлiвасць, замкнутасць усё, што дагэтуль вызначала яе характар. Валянцiне Андрэеўне стала i радасна, i балюча, i боязна за дачку. Першае каханне. Першыя пакуты. А што ён, Тарас? Як ён адносiцца да Iры? Яна, мацi, лiчыла б за шчасце, каб такi хлапчына, разумны, стрыманы, разважлiвы, пакахаў яе дачку. Чаму яна адкрыла Iрынiна каханне толькi сёння? Навошта з'явiлася гэтая вогненная дзяўчына? Чаму Тарас тырчыць каля iх? Няхай бы сапраўды пайшоў на луг, купацца цi лавiць рыбу.
      Iра прынесла ваду. Над быльнягом за паветкай пляснула з конаўкi на твар, выцерлася i далучылася да жанчын.
      - Што мне рабiць, мама?
      Што ёй рабiць? Ёй так захацелася рабiць, абы застацца тут. У Валянцiны Андрэеўны сцiснулася сэрца. Можа, упершыню яна адчула на поўную сiлу, як няўмела выхоўвала сваiх дзяцей. Якую даць работу, каб Iра магла рабiць яе з такiм жа ўменнем, спрытам, артыстычнасцю, як гэтая чужая дзяўчына, на першы позiрк непрыгожая, а ў сапраўднасцi элегантная, менавiта праз гэтае сваё высокае ўменне працаваць i трымацца?
      - Хадзем дроў напiлуем, - сказаў Iры Тарас.
      - Дровы? - здзiвiлася яна, але тут жа згадзiлася.
      Валянцiна Андрэеўна ведала, што не ўмее яе дачка пiлаваць, бо нiколi ў жыццi не бралася за пiлу. Але ўзрадавалася, што яна пайшла з Тарасам. Цяжка ёй, мацi, глядзець i параўноўваць, як працуе Iра i гэтая залатая чарадзейка. На мiг адступiлi некуды захапленне i любаванне дзяўчынай i з'явiлася раўнiвая непрыязь да яе. Агiднае пачуццё. Ёй, настаўнiцы, зрабiлася сорамна за такое пачуццё. Не, яна павiнна быць шчырай i аб'ектыўнай.
      А другая жанчына - Галiна Адамаўна - у гэты момант думала:
      "Няхай бы Тарас закахаўся ў гэтую рудую. Ён бы адгарадзiў яе ад Антона. Антон высакародны чалавек. Але ён слабы, як усе мужчыны. Калi ён прывёз яе, каб пазнаёмiць з Тарасам, то, значыцца, нiчога ў iх не было, яна добрая дзяўчына, i мне варта прылашчыць яе".
      Паднялося над лесам сонца - i ўзняўся вецер. Зашумеў бор, як далёкi марскi прыбой. Знiкала ранiшняя дымка на небе, быццам вецер старанна працёр гэтае вялiзнае блакiтнае шкло. Не было душна, як некалькi апошнiх дзён. Аднак сонца палiла няшчадна. Доўга чакалi рыбакоў снедаць. Яны не прыйшлi.
      Снедалi пад дубамi.
      Шыковiч прачнуўся з галаўным болем, не мог знайсцi лязо для брытвы, хоць добра помнiў, што прывозiў iх з горада, узлаваўся, бурчаў на жонку, на дачку. А ўбачыў Машу - i адразу падабрэў. Валянцiне Андрэеўне, разважлiвай, спакойнай, якая нiколi не раўнавала беспадстаўна, стала смешна i сумна. З iронiяй назiрала за мужам, як ён заляцаецца да Машы, з трывогай - за Тарасам i Iрай. Каб толькi залатая чараўнiца не падзейнiчала так на хлопца, як на гэтага лысаватага рамантыка, яе мужа. Здаецца, Тарас вядзе сябе больш разумна, паважна, больш стрымана.
      А ў Галiны Адамаўны, калi яна ўбачыла, як загарэўся Шыковiч перад Машай, зноў засмактала ў грудзях. У яе была свая грубая фiласофiя: мужчыны - што каты, адразу, нюхам, чуюць кошку. I яна ўжо амаль ненавiдзела дзяўчыну. Але за сталом было весела.
      Шумелi дубы. Церушылiся на стол, у талеркi i шклянкi тонкiя сухiя галiнкi, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы лiст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена.
      Ва ўсiх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа i па-дзiцячы прыгожа. Шыковiч любiў такую здаровую, "эстэтычную", як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы мацi, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад "Запiсак вучанiцы". I раз-пораз выбухала такiм залiвiстым смехам, што i ўсе дарослыя смяялiся, хоць i не ведалi, што там, у кнiзе.
      - Ох, не магу! Памру, - дрыгала Наташа пад сталом нагамi. - Усё, як у нашым класе.
      - Наташка, не крыўляйся.
      - Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталi, дзядзька Кiрыла?
      - Не.
      - Вы нiчога не чытаеце. Самi пiшаце, а нiчога не чытаеце.
      - Наташа!
      - Правiльна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бi, - ухвалiла Валянцiна Андрэеўна.
      - Валя! Ёсць i другiя правiлы для дзяцей.
      - А я чытала - i нiчога там смешнага.
      - Бо ты, Iрка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.
      - Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Iдзi прэч, - узлавалася Галiна Адамаўна.
      - Не трэба, Галя, - папрасiў Шыковiч. - Усе людзi павiнны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносiнах!
      - Быў бы поўны хаос, тата.
      - А я чытаю мала, - уздыхнула Маша.
      - Чаму? - спытаў Шыковiч.
      - Не ведаю. А вы - чаму?
      - Я? - Ён засмяяўся. - Дзiця маё, я мала чытаю такiя кнiжкi, якiя чытае Наташа. Але колькi я чытаю другiх, часам такiх, над якiмi Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапiсаў! Я аслеп ад рукапiсаў. А цяпер яшчэ ад архiўных дакументаў. У мяне цяжкi жанр - дакументальны. Не толькi праца пiсьменнiка, але i гiсторыка, - ён уздыхнуў.
      Валянцiна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкi лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланiць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкi.
      Шыковiч, памогшы Тарасу вынесцi пад дубы амаль усе сталы, якiя былi на дачы, пайшоў дапiсваць артыкул. Тарас i Наташа панеслi рыбакам снеданне.
      Жанчыны займалiся той дробнай мiтуслiвай работай, якой амаль не вiдаць, але якая надзвычай стамляе i ўрэшце прыводзiць да апатыi, абыякавасцi. Прыходзяць госцi, а гаспадыню ўжо нiшто не цiкавiць, яна ўжо згарэла. Да такога стану дайшла Галiна Адамаўна дужа рана: яе стамiла не столькi работа, колькi хваляванне, трывожныя думкi пра мужа i Машу. Яна ўпала пад дубамi на коўдру i... заснула.
      Валянцiна Андрэеўна i дзяўчаты сцераглi яе сон. Гаварылi напаўголасу.
      Маша i Iра быццам бы пасябравалi, разгаварылiся. Валянцiна Андрэеўна назiрала за iмi i бачыла, як лёгка i адкрыта iшла на зблiжэнне Маша i як асцярожна, хiтра, дыпламатычна падступала да новай знаёмай яе дачка. Мацi стала непрыемна. Адкуль гэта ўзялося ў Iры? I наогул, чаму ўсё так атрымлiваецца? Здавалася б, простыя бацькi, простыя i шчырыя адносiны ў сям'i - i раптам такiя дзецi, зусiм розныя i абое з нейкiмi дзiўнымi адхiленнямi ад той нормы, што выпрацавала педагогiка, якой яна, Валянцiна Андрэеўна, аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Упершыню яна падумала пра гэтую навуку без павагi, скептычна ўсмiхнуўшыся.
      "Можа, Кiрыла таму лягчэй перажывае паводзiны дзяцей, што ён не ведае гэтых педагагiчных догм. Ён лёгка запальваецца, але лёгка i патухае. Як ён сустрэне Славiка?"
      Толькi падумала пра сына, а ён тут як тут.
      Яна сядзела пад паветкай на нiзкай калодачцы i, задумаўшыся, мыла ў тазе талеркi, вiдэльцы i нажы. I раптам убачыла не яго - цень. Уздрыгнула, падняла галаву. Славiк упаў перад ёю на адно калена.
      - Мама, твой блудны сын з'явiўся пад гэтую мiрную дачную страху i вiнавата схiляе гвалтоўна абстрыжаную галаву. Пасып яе гарачым попелам.
      Звыклы яго ход - адразу ўсё перавярнуць на жарт. Яна ўпэўнена, што не так весела ў яго на сэрцы, але ён жартуе, ён усё адно жартуе. Аднак не пра гэта мацi думала. Яна даўно не бачыла яго стрыжаным. I ў гэтай стрыжанай, круглай, трохi смешнай роднай галаве яна ўбачыла маленькага Славiка, добрага, ласкавага, таго, якi, прачынаючыся, перабiраўся ў iх ложак i вось гэтай стрыжанай галавой тулiўся да яе шчакi.
      Ёй зрабiлася да болю шкада яго. Нясцерпна хацелася ўзяць мокрымi рукамi яго дурную галаву, прытулiць да грудзей, пацалаваць, а потым накруцiць гэтыя любыя ружовыя вушы. Салодка было недзе глыбока ў грудзях i горка ў горле. Умiг успомнiлася, якiм прыехаў у той дзень, калi Славiка пасадзiлi, бацька - што хмара. Яна вырашыла, што ён зноў з кiм-небудзь пасварыўся ў рэдакцыi, i, каб адцягнуць яго думкi ў iншы бок, спытала, цi бачыў ён Славiка. Як Кiрыла падскочыў, як закрычаў:
      "Дарожкi ў парку падмятае твой Славiк! Пацалуйся iдзi з iм! Выхавала бандыта, педагог няшчасны!"
      Яна адразу нават не зразумела, што да чаго. А з Iрай ледзь не здарылася iстэрыка. Дачка крычала:
      "Вось ён, ваш сынок, ваш любiмчык! Я даўно казала, што ён зганьбiць усiх нас! Божа мой! Якi сорам! Цяпер нельга будзе паказацца ў горадзе. А ўсё вiнаваты вы! Абое вы. Бацькi! Патуралi, няньчылiся..."
      Валянцiну Андрэеўну тады абразiлi словы дачкi: быццам з ёй няньчылiся менш.
      А цяпер Iра стаяла, глядзела на ўкленчанага Славiка i стрымлiвала сябе, каб не зарагатаць.
      Яны iшлi ад стала, якi накрывалi, убачылi Славiка, - спынiлiся за яго спiной. Маша глядзела здзiўлена, Iра - з iронiяй. Валянцiна Андрэеўна ўбачыла iх i, схамянуўшыся, сурова сказала сыну:
      - Не крыўляйся. Устань!
      Славiк падняўся, не забыўшыся абтрэсцi калена, i паправiў канцы чырвонай вяровачкi, што замяняла гальштук.
      Валянцiна Андрэеўна раптам узлавалася:
      - I каб я не бачыла ў цябе на шыi гэтую дурацкую вяроўку. Выкiнь!
      Ён паслухмяна сарваў бляшку, вышмаргнуў вяровачку, размахнуўся, каб шыбануць яе ў кусты каля ручая... I тут убачыў сястру i... Машу. Застыў у вялiкiм здзiўленнi. Потым ступiў крокi два ўбок, пакруцiў стрыжанай галавой, як бы праганяючы сон. Хутка наблiзiўся да дзяўчат. Крыкнуў:
      - Мама! Я не сплю? Адкуль узялося гэтае дзiўнае стварэнне? - I да Машы: Слухайце, вы ж незямная. Я вас часта снiў. Я снiў марсiянак. I ўсе яны падобны на вас. Далiбог жа, праўда? Не, скажыце шчыра, вы адтуль? - Ён паказаў на неба i зарагатаў.
      - Славiк! - сурова спынiла мацi. - Вядзi сябе прыстойна.
      - А хiба я сказаў што-небудзь непрыстойнае? Клянуся, я шчыра перакананы, што яна адтуль. На зямлi я такiх не страчаў.
      Машу абразiла, як бесцырымонна, не пазнаёмiўшыся нават, гэты юны шалапут разглядае яе. Абразiла i ўся яго недарэчная балбатня. Яна застыла на мiг, а потым падняла руку, прыклала далоню да шчакi, нiбы мацаючы, цi не гарачая. Сказала не яму - Валянцiне Андрэеўне:

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28