Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Гайм Стефан / Агасфэр (Вечны Жыд) (на белорусском языке) - Чтение (стр. 11)
Автор: Гайм Стефан
Жанр:

 

 


      Рабi, адказаў я, я хачу, каб ты ўбачыў, што бачыў я ў царстве, якое прыйшло пасьля цябе, каб пачуў, што я там чуў, i зьведаў, што я зьведаў пра яго структуры.
      I вось засланiў ён рукамi твар. Пасьля авалодаў сабою i сказаў: Я ўзяў вiну грэшных чалавекаў на сябе й гэтая вiна адкуплена маёю ахвяраю, але дзе такое сказана, каб я адкупаў сам грэх?
      Рабi, сказаў я, недасканаласьць людзей ёсьць адгаворка любой рэвалюцыi, якая не асягнула сваёй мэты. А ты ж патрабаваў: Любеце ворагаў сваiх. I ты ж сам сказаў: Шукайце сьпярша царства Бога й яго справядлiвасьцi. I ты ж верыў у тое, чаго патрабаваў i што сказаў. Але для сотняў тысяч, якiя падушылi адзiн аднаго, калi ты прапаведаваў з гары, цяпер iх сотнi разоў па сотнi тысяч. Яны прагнуць багацьця i жонкi суседа, распусьнiчаюць i апiваюцца й жаруць сваiх дзетак, ушчапляюць сабе ў вены атруту й апаганьваюць усё, што ёсьць высакароднага ў чалавеку. I кожны зь iх кожнаму iншаму вораг, яны цiкуюць адзiн за адным i прадаюць адзiн аднаго, замыкаюць адзiн аднаго ў лагеры, дзе тыя мруць масамi, альбо ў камеры, дзе яны душаць, б'юць i катуюць адзiн аднаго да сьмерцi, i ў кожным месцы абвяшчаюць валадары, што ўсё гэта робiцца ў iмя любовi й дзеля дабра народам. Яны нiкчэмняць i зьнiшчаюць скарбы зямлi, ператвараюць шчодраплодную зямлю ў пустыню, ваду ў сьмярдзючую жыжку, i многiя мусяць пляжыцца дзеля нямногiх i таму памiраюць раней часу. Нiводзiн меч, насуперак прадказаньню прарока, ня быў перакаваны на арала, нiводная дзiда не ператварылася ў серп; яны бяруць таемныя сiлы сусьвету й робяць зь iх да самага неба грыбы з агню i дыму, у якiх усё жывое робiцца попелам i ценем на сьцяне.
      Калi я закончыў, ён сядзеў глуха й не варушыўся, быццам быў вычасаны з дрэва й пафарбаваны; i была вялiкая цемра вакол нас, i толькi на iм пакоiўся маленькi праменьчык сьвятла.
      Рабi, сказаў я, ты чуў мяне?
      I тады быў голас, якi прамовiў: Сын чалавечы вернецца, бо ён назначаны Богам судзiць жывых i мёртвых, i ён пашле сваiх весьнiкаў-анёлаў, i яны зьбяруць са свайго царства ўсё зло й беззаконьне; i тады будзе лямант i скрыгат зубоў, а праведнiкi будуць сьвяцiцца, як сонца, перад Госпадам.
      I калi гэта будзе? хацелася мне ведаць.
      Рабi, здавалася, пракiнуўся са свайго здранцьвеньня. Мой Бацька назначыў дзень, сказаў ён.
      Я нiчога не перастаўляў бы датуль, сказаў я.
      РАЗЬДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
      У якiм герцаг Адальф закладвае падмурак царства божага ў Шлезьвiгу, а супэрiнтэндэнт ня можа пад'ехаць да графiнi Эрэнтрой, а Агасфэр зь песьняй выпраўляецца на вайну
      За плячыма абрысы Гамбурга, у кiшэнi герцагава запрашэньне ў замак Гаторп - Айцэн едзе па вясёлай зямлi Шлезьвiг, справа пасьвяцца кароўкi, зьлева кароўкi, авечкi й сьвiнкi; гэта новы Ханаан, крыху, праўда, забалочаны, дый якое дзiва - уклiнены ж памiж Балтыкай i Паўночным морам, але герцаг зьбiраецца адгарадзiцца дамбамi, - даведваецца ён у бравага пробашча Форстыуса ў Iцэгу, зрабiўшы там прывал, каб адпачылi конi, каб перакусiць самому падсмажанай рыбкай-сухабочыцай - камбалой. Герцаг Адальф, кажа Форстыус, сапраўдны бацька краiны, добра таксама абазнаны ў боскiх справах; не хапае там толькi царкоўнага iнспэктара, каб навесьцi парадак у запушчанай кiрсе, дзе й сам ня ведаеш, цi наогул рукапалажаны там прапаведнiк, як яно сьлед таму быць, i якую квяцiстую бздуру са сваёй катэдры ён будзе плявузгаць наступнага разу.
      Пра гэта Айцэн можа пасьпяваць песьню сам: нiчога, апрача прыкрасьцi ў родным горадзе, дзе геры pastores потайкам закiдаюць адзiн аднаму ерась, а яму тым болей, за яго вернасьць Лютэраваму слову, ня кажучы ўжо пра тых, што адкрыта выстаўляюць яго за ворага, тырана й фарысея, сьмяюцца зь яго, бо ён, бач, хоча перавучыць цьвёрдахрыбетных жыдоў сваёй дыспутацыяй; а сэнат Гамбурга, якi павiнен умяшацца ў гэтыя справы з жалезнай мятлой, сэнат той нават ня рыпаецца. Ах вось, сказаў бравы Форстыус, усюды пахiснуўся духоўны парадак; а край тым часам аж кiшыць ўсякiмi фанатыкамi й мяцежнымi духамi, пасьлядоўнiкамi тых, якiя драпанулi зь Мюнстэра, калi гэты грахоўны Вавiлон, дзе нават баб качаюць калегiяльна, быў нарэшце выкураны; Бог i начальствы жах, разносiлi праклятае перахрышчэнскае вучэньне зь месца ў месца, ад Галандыi да герцагства Шлезьвiг, а на сваiх таемных сходнях чыталi кнiжыцы Мэна Сiманса й iншых псэўдапрапаведнiкаў.
      Пасьля Форстыус гаворыць пра вайну, на якую зьбiраецца герцаг Адальф дапамагаць iспанцу Альбу й iмпэрцам душыць мяцежную Галандыю: ён, Форстыус, мае свой погляд у гэтай справе, менавiта - людзi ў Нiдэрландах, нават прыхiляючыся да жэнеўца Кальвiна, усё-такi сумленныя пратэстанты, як i тут у Шлезьвiгу, а iмпэратар ён архiпапiст i ў хаўрусе з самiм сатаной. Але гэта ня дужа падкупляе Айцэна, якi павучае, што герцаг Адальф цу Гаторп, Гаторпскi, хоць i прыстойны лютэранiн, як iмпэрскi князь мусiць дапамагаць iмпэратару, i тым больш ён учынiць хрысьцiянскi чын, калi дасьць па мазгавешцы мяцежнiкам; яшчэ сам Гасподзь Хрыстос сказаў: аддайце цэсару цэсарава, i наш доктар Лютэр пацьвердiў, што нiякi бунт ня бывае справядлiвы, якiя б справядлiвасьцi ён нi дакляраваў, i ён забаронены Богам, i што начальствы на тое й пастаўлены зь мечам, каб прадухiляць закалоты.
      I даўшыся далей у дарогу i ўжо пад'язджаючы другога дня да горада Шлезьвiга, ён бачыць шмат ваеннага людзтва табарамi ўздоўж ракi Шляй i каля гарадзкое брамы й на вулiцах, цэлы полк Пуфэндорфа, але й тут жа дацкiя алебардысты, паднятыя ў паход; гэтыя бурчаць, вурчаць, крывяць мызы - лепей, бач, iм дома было б застацца каля свайго быдла, замест каб у нейкай далёкай Фландрыi пралiваць марна кроў. А каля герцагскага замка Гаторп гвалт, гармiдар, штурхатня, у двары самога замка бегатня i шнураваньне, туды-сюды, сюды-туды, радцы й афiцэры, слугi й пiсары, пастаўшчыкi, падрадчыкi расьпiхваюць усiх, працiскаюцца, крычаць i камандуюць; пра яго, супэрiнтэндэнта Паўлюса фон Айцэна, якi памаленьку вылазiць са сваёй карэты, каб хоць якi там клопат, нiкому нiчога не наўме.
      Калi раптам чуе сьмех, нейкi такi знаёмы сьмех; паварочваецца, гля! - аж гэта яго прыяцель Ганс. Прыяцель вышыкаваны дыхтоўна, на дарагiм поясе кароткая шпага, i цяпер ён, як Айцэн неўзабаве даведваецца, тайны герцагскi радца Ёган Лёйхтэнтрагер; крышку, праўда, здаў, зблажэў, пастарэў, бародка й скронi пасiвелi; але хто ж з нас маладзее, думае Айцэн, i сам бо ўжо даўно ня той малады кундаль, як тады там, у Лейпцыгу, у "Лебедзях". I крыху знобiць тут, хоць на замкавым двары яшчэ досыць цёпла ад позьняга сонца, ён сьцепваецца нават, калi Лёйхтэнтрагер кранае яго сваiмi сухiмi пальцамi й кажа яму, што Iх герцагская мосьць даўно ўжо чакаюць яго. Што да астатняга, дык усё ўжо падрыхтавана з усiмi выгодамi ў адным пакоi.
      Тады пазьней, калi яны сядзяць каля агню ў пакоi Лёйхтэнтрагера й Айцэн ужо прыклаўся да вiна пад смажаную аленiну, абодва зноў робяцца тымi, кiм былi раней, Гансам i Паўлем, i Ганс ляпае Паўля па сьцягне, i Паўль па колiшнiм звычаi паляпвае Ганса па горбiку; толькi час ад часу Айцэн шлёпае губамi, калi заўважае, як чыста ўсё пра яго ведае прыяцель, нават да самых драбнiц пра гамбургскiя клопаты й пра яго тайны гандаль з Агасфэрам, i яму ня церпiцца, яму карцiць расказаць - i як яму язык сьвярбiць за Маргрэт, якая зьяўляецца яму начамi то як сама ў сабе, то як прынцэса Трапезундзкая, а то зноў жа як лэдзi, i як яна разьдзяваецца й ляжыць перад iм, раскiнуўшы шэнкелi, аж яму здаецца, вось-вось глуздамi скруцiцца ад плоцкай пажады; Айцэн ужо амаль верыць, што сябра ўвесь час быў вакол яго, як колiсь у Вiтэнбэргу, калi геры professores выспытвалi яго па анёлах. Калi ж Айцэн сваёй чаргою хоча даведацца пра сябе, якога ляду яго вывалаклi ў Гаторп, тайны герцагскi радца толькi пасьмiхаецца i маўчыць; самае большае намякае, ат, ёсьць тут нешта такое, што ў самы акурат такому рызыканту, як ягоны сябар Паўль, i што давай лепей пагамонiм пра фраў Барбару, пра дзетак, а найперш пра малютку Маргарэту. I калi Айцэн кажа яму, што тая, хоць ужо файненька падрасла й разумная-разумная такая, а вось жа часта зь яе сьмяюцца на рынку й на вулiцах, а колькi ўжо разоў нават распытвалiся ў мацi, чаму менавiта яна так зубожана-скалечана, а iншыя не, сябар выцiрае з вачэй сьлёзку й чмыхае, быццам тое няшчасьце малюткi чулiць яго да самага сэрца. Але хутка бярэ сябе ў рукi й кажа:
      - Бог стварыў чалавека паводле вобразу свайго, гаротная плоць. - I як што Айцэн, спалоханы блюзьнерствам, падымае руку, кажа: - Нiчога, уладзiцца жыць, загартуецца, навучыцца й адбiвацца, i гора таму, хто ёй кiнецца напярэймы.
      Пасьля ўстае ад агню i кажа, што пара iсьцi, герцаг чакае. Айцэн лiчыў, што атрымае аўдыенцыю пасьлязаўтра, ну, заўтра, i цяпер ледзь ня стогне, што добра прыклаўся да вiна; дым iдзе з мазгоў, нагаворыць рознага глупства перад самымi Яго герцагскай мосьцю. Але Ганс хапае яго за каўнер i вядзе празь цёмную анфiладу памяшканьняў, якiя адчыняюцца адно ў адным, толькi зрэдзь мiльгане на сьцяне паходня, аж туды да багата разьбёных дзьвярэй, якiя нiбыта самi сабою расхiнаюцца перад iм i адкрываюць карцiну княскага гера.
      Той, нядбала адкiнуўшыся на падушках у цi то крэсьле, цi то на лежаку, кашуля расшпiленая на горле, магутная машня штаноў прадбачлiва расшнураваная, на плечы накiнуты яркi халат; у адной руцэ трымае срэбны кубак, зь якога пiў, другою адганяе ўбакi дам, якiя, больш-менш адзетыя, бавiлi зь iм спакушальныя бавы, i знакам падклiкае Айцэна да сябе.
      - Так, так, - кажа ацяжэлым языком, спрабуючы падвесьцiся, - вы, значыцца, той самы вучоны доктар фон Айцэн з Гамбурга, так горача рэкамендаваны мне маiм тайным радцам?
      Лёйхтэнтрагер дае Айцэну ў бок штурхаля, на якi той сьпешна кланяецца й адказвае:
      -Той самы, Ваша герцагская мосьць.
      А Лёйхтэнтагер дадае:
      - Гер супэрiнтэндэнт палка абараняе вучэньне Лютэра ва ўсiх справах i верна прапаведуе супроць усялякай ерасi й супроць тых, якiя ўхiляюцца ад сапраўднага Эвангельля; у яго таксама выдатны тонкi нюх на такога роду шэльмаў, аж ня ўмыкнецца ад яго анiводзiн з тых, хто сее паняверку, падкопвае парадак i начальствы, будзь тое духоўны, будзь сьвецкi.
      - Пахвальна, - кажа герцаг Адальф, - такi нам якраз i патрэбен, - i як што яму нарэшце ўдалося сесьцi роўна, кажа далей: - Бо мы надумалi пабудаваць у Шлезьвiгу царства божае, у якiм кожны хрысьцiянiн павiнен трымацца запаведзяў, як тое наказвае Лютэр; i павiнны ў iм, царстве божым, дзе Мы - найвышэйшы царкоўны ўпраўца, усе быць аднаго духу, i з катэдры павiнна абвяшчацца адно, а ня другое, пра што вы мне рупiцца мецьмеце, гер доктар, i дзеля чаго Мы вас яшчэ сёньняшняй ночы назначаем супэрiнтэндэнтам i найвышэйшым царкоўным iнспэктарам у маiм герцагстве, каб лад i спакой панавалi ў народзе, асаблiва цяпер, калi я iду вайною на мяцежныя Нiдэрланды.
      Гаворыць, а сам чакае, поўны гонару за такую складную i ўдалую прамову, што скажа вучоны госьць пра магутнасьць герцагскага iнтэлекту; але той стаiць, як нямы, i толькi лупiць бельмы, быццам здань угледзеўшы: але гэта яго забаўнiцы, як адразу здагадваецца герцаг, аж так скавалi позiрк пабожнага чалавека, цi правiльней, адна зь iх, i ён глядзiць i дзiвiцца, як застылы, пакуль гер тайны радца ня штурхае яго ў бок. Тут толькi Айцэн схамянаецца, глыбока кланяецца, як гэта зрабiў першым разам, i кажа, ах, як ён уражаны велiччу герцагавых намераў i тым даверам, якiм Яго герцагская мосьць ахiнаюць яго, зь якой вось прычыны яму аж на так доўга язык адняло й як ён нi пра што так ня марыць, як толькi каб мерай сваiх сьцiплых сiл узяць удзел у пабудове царства божага ў Шлезьвiгу; але хай Яго герцагская мосьць не абмiнуць увагай, што ён мае жонку й дзяцей i што, як яно гаворыцца, комiн дымiцца мусiць.
      На што герцаг загадвае свайму тайнаму радцу, каб той паклаў на стол, на якiм быў поўны беспарадак з кубкаў i келiхаў i дарагiх недаедзеных талерак, папяровы скрутак са стужкай i пячаткай i даў геру супэрiнтэндэнту: гер супэрiнтэндэнт ужо будзе задаволены; а ў якасьцi свайго першага службовага абавязку гер супэрiнтэндэнт павiнен напiсаць талковую малiтву за ўдачу фландрскага паходу, якая ўжо заўтра ранiцай будзе прамоўлена перад войскам, а пасьля ва ўсiх кiрхах герцагства. Аддаўшы такiм чынам належнае ўрадавым справам, Адальф робiць доўгi глыток, адкiдваецца на падушкi й знакам клiча да сябе другую даму справа, якая дагэтуль стаяла наўскос ад герцагскага крэсла за iм у цьмяным сьвятле сьвечак, вельмi панадна абапершыся на статую грэцкага бога Прыапа.
      - Графiня Эрэнтрой, - кажа ён, - вы, як мне здаецца, знайшлi шанавальнiка ў асобе нашага новага царкоўнага iнспэктара; вы пэўна заўважылi, як ён глядзеў на вас так не пахрысьцiянску; альбо, магчыма, вы сустракалiся дзе-небудзь раней?
      Графiня нахiляецца да герцага, пры гэтым формы яе грудзей, з выгодай для iх, адкрываюцца больш выразна, i завостранымi губкамi прыпячатвае пацалунак на Яго герцагскай мосьцi прыпацелы лоб i кажа:
      - У кожнага сваё мiнулае, Ваша мосьць, калi не на гэтым, дык на тым сьвеце, i гер супэрiнтэндэнт, можа, якраз са мною быў мiлым анёлкам i, седзячы высока на воблаку, у хоры са мною сьпяваў богаспадобную песеньку, перш чым апусьцiўся на зямлю дзеля добрых чынаў.
      Герцаг звонка рагоча, уявiўшы сабе маленькага, сухога Айцэна зь непаслухмянымi валасамi й зацятай мiнай у белай кашульцы, з крылцамi за плячыма й пышнацелую графiню, убраную такiм самым манерам, якая рассылае ручкай пацалункi з воблака на воблака; а Айцэну, якому павабны графiнiн галасок вой якi знаёмы, робiцца горача пры яе словах, i яму здаецца, што цяпер ён разумее, чаму так чартоўскi прывязаны да Маргрыт: ён, можа быць, там у завоблачных высях, мабыць аднак у iншым, цямнейшым месцы, быў нават прыкаваны да яе; а яна, што самае горшае, ведае пра праклятыя ланцугi й будзе мучыць яго да канца. I як што рогат герцага ня спыняецца, ён шукае дапамогi ў свайго сябра Лёйхтэнтрагера; той таксама заўважае гэта, гарбаценька нагiнаецца да герцага й просiць, цi Яго герцагская мосьць ня зробяць ласкi лiтасьцiва адпусьцiць яго й гера супэрiнтэндэнта; сёньня ноччу яшчэ так многа трэба ўсяго паспець, а пiсаньне малiтвы - штука нялёгкая, калi, канечне, словы павiнны дайсьцi да вушэй у правiльны момант.
      Ледзь толькi яны ўваходзяць у Айцэнаў пакой, як той хапае гэтага за рукаў i ўсклiкае:
      - Гэта была яна! Маргрыт! Прынцэса Трапезундзкая! Лэдзi! А цяпер графiня Эрэнтрой!
      Але Лёйхтэнтрагер атрасае яго й кажа:
      - Калi ты так будзеш далей, Паўль, дык неўзабаве ўбачыш Маргрыт у кожнай бабе. Але я дам-такi рады так усё зладзiць, што твая Эрэнтроiха, абслужыўшы герцага, прыйдзе да цябе й будзе табе да паслуг ва ўсiм, чаго ты захочаш.
      I заўважыўшы, як у Айцэна задрыжалi рукi i ў куточках вуснаў паявiўся шум, дадае, што Бог устанавiў трымацца далей ад пажады праз намогу, а ад задавальненьня яе - праз малiтву, i што прыйдзе, прыйдзе яшчэ ягоная хвiлiна, перш чым ён дастанецца да садка, у якiм ёсьць брамка ў рай, i ён спакойна можа прыняць сваё назначэньне на пасаду, перш чым возьмецца за пiсаньне малiтвы.
      Гэта здаецца Айцэну вельмi разумным, ён бярэ скрутак паперы ў руку, зрывае пячатку, разьвязвае стужку, разгортвае паперу й акiдвае вокам зьмест: Мы, Адальф, абвяшчаем гэтым усiм еt cetera et cetera што Мы высокашаноўнага й высокавучонага, Нашага дарагога, багавейнага й вернага et cetera et cetera Сьвятога Пiсаньня доктар sub сёньняшняй dato назначылi на пасаду et cetera et cetera Нам i Нашым найперш у справах рэлiгii адказны et cetera et cetera парадай i чынам et cetera et cetera павiнен трымаць да канца, што Мы яму даверылi et cetera et cetera за якiя паслугi ён штогод 360 гульдэнаў з нашай палаты et cetera et cetera для абвяшчэньня гэтага Нашу Княскую пячатку et cetera et cetera Намi ўласнай рукою падпiсана et cetera et cetera Адальф. I паколькi яму здаецца, што ў прыгожых пiсьмёнах герцага ён пазнае руку тайнага радцы, ён кiдаецца яму на шыю i ўсхлiпвае:
      - Трыста шэсьцьдзесят гульдэнаў! Дзеткi, найперш малютка Маргарэт, падзякуюць табе, Ганс! - але тут i запiнаецца, бо столькi грошай абуджаюць у iм недавер; i ён хоча ведаць ад свайго сябра, цi не запатрабуе ён ад яго чаго-небудзь дадаткова, што было б звыш яго шчырадайнасьцi й дапамогi ў будаўнiцтве царства божага? Але Лёйхтэнтрагер адмахваецца: што гэта была б за дружба, кажа ён, дзе адзiн плацiць за тое, што дае другi; яны абодва ў крэдыце адзiн перад адным, i там вiдаць яно будзе, хто ў канцы каму колькi вiнен. А цяпер за працу!
      Але каму такое не вядома? Чарнiла й белая папера пад рукою, пёры завостраныя, а ў галаве пiсара - пустэльня. Вайна! думае ён. Вайна!... I ў цьмяным сьвятле бачыць перад сабою поле бiтвы, бачыць забiтых у крывi, параненых, якiя благаюць дапамогi альбо шэпчуць перад сьмерцю малiтву, тым часам як палявы каплан на вачах у ворага адпявае й суцяшае iх пэрспэктывай раю, i Айцэн цiха дзякуе добраму Богу, што ня ён гэты палявы каплан, а ён будзе сядзець дома са сваiмi сьвятымi кнiгамi, чакаючы гадзiны, калi, павячэраўшы нанач у коле сям'i, будзе рыхтавацца да вiзыту графiнi Эрэнтрой.
      I ўздрыгвае, пачуўшы пакехекваньне сябра, i паказвае на лiст паперы, усё яшчэ белы, незапiсаны, якi ўсё яшчэ ляжыць перад iм, i ўздыхае:
      - Я вучыўся ў Вiтэнбэргу, цяпер я магiстр i доктар, я ведаю пра божых анёлаў i Сьвятое Пiсаньне й пра Вялiкi й Малы катэхiзiсы, але як я павiнен пасылаць чалавека на вайну, каб ён пайшоў суцешаны, гэтага я ня ведаю.
      Лёйхтэнтрагер пацiскае сваiм горбiкам.
      - Зробiш, - кажа ён, - бо ты прымаеш гэта сур'ёзна. Але ты павiнен думаць, што ў тых, на каго наш герцаг iдзе паходам, цяпер таксама сядзiць нехта такi, як ты, пакусвае пяро, складаючы малiтву, i што так было спрадвеку, што чалавек прыставаў да Бога, просячы абароны й перамогi, выбiраючыся ў паход бiць свайго брата. Але Бог ня чуе, яму ўсё адно, ён як сам час, якi мiнаецца для ўсiх, i як далёкiя сузор'i, якiя сьвецяць над абодвума, пераможцам i пераможаным. Таму й герцаг зьвяртаецца па тваю малiтву, а ў яго заўтра галава яшчэ будзе гудзець ад таго, што за гэтую ноч выпiў, так што ён i ведаць ня будзе, дзе перад, дзе зад; валяй, я павяду тваю руку: усё правiльна, што ты напiшаш, пакуль яно кладзецца на пацеры.
      I ба! як толькi ён кранаецца горбiкам Айцэнавай рукi зь пяром, пяро адразу выскоквае на паперу й пакрывае яе пабожнымi словамi, паставiўшы апошнi росчырк i апошняе "аман", бачыць, што ўжо й сябра няма, а ў дзьвярах стаiць графiня Эрэнтрой i пахне ўсiмi пахошчамi ўсходу й салодкiм галаском пытаецца:
      - Вы ня хочаце запрасiць мяне ў ваш пакой, гер доктар?
      У Айцэна сэрца ў грудзях падскокнула, што вось жанчына ў плоцi будзе цалкам ягоная, уся, з гэтымi чорнымi, вабнымi вачыма й пухлымi губамi i ўсiмi астатнiмi прынадамi; толькi валасы, якiя ў Маргрыт былi рыжавацейшыя, блiшчаць як чорны францускi аксамiт i падколатыя па шляхетнай модзе; i ён так парывiста ўскоквае й ляцiць да яе, што крэсла, на якiм ён сядзеў, з грукатам коцiцца дагары.
      - Ах, фраў графiня, - кажа ён, - я самы шчасьлiвы чалавек, бо я так прагнуў вас, з таго часу як мы анёлкамi так прыгожа музыцыравалi.
      Графiня выгодна ладзiцца на ложку, з падушкай пад плячыма, ножкi ў прыгожых боцiках на коўдры; пасьля гарэзьлiва й шальмавата глядзiць яму ў вочы й кажа, што з усiх мужчын ён, чалавек сьвяты, ёй наймiлейшы, i менавiта таму, што напрактыкаваны ў перадачы сьвятой богабаязнасьцi. Гер супэрiнтэндэнт, якому ўжо сьпiрае дыханьне, укленчвае перад ёю, быццам яна не яна, а багiня Вэнэра, i таропкiмi пальцамi шастае па яе вопратцы, пакуль нарэшце ўдаецца расшпiлiць i гарсэт, i сарочку, i яна ляжыць перад iм у поўнай раскошы; ён выцалоўвае й вымацвае ўсю яе зьверху данiзу й зноў зьнiзу даверху. Ёй гэта падабаецца i, яна пахвальвае яго спрытныя пальцы й пытаецца, цi таму яны такiя, што ён натрэнiраваў iх на гартаньнi сьвятых кнiг? Ён думае, што вось яно, пара, пара пераходзiць ад шураў да мураў, хоча нават дагадзiць яе жаданьням, як гэта было ў доме Агасфэра, калi ён думаў, што ляжыць на лэдзi, i ў страшным сьпеху ссоўвае з ног чаравiкi й новыя моднага крою штаны й ўжо мерыцца ўскочыць у сядло графiнi, якая поўная чаканьня ляжыць перад iм, калi раптам бачыць, што ў яго не таго, што ён нiчога ня можа ад раптоўнага страху, што ўсё абернецца так, як было тады, калi ён быў ашуканы сукубам i пасьля прачнуўся са сваёй Барбарай ў нейкай трушчобiне, голы й абабраны, на пацеху падпiтаму люду: i што было б, калi б яно сталася гэтак i цяпер, што было б з царствам божым i яго новай пасадай?
      - Гер супэрiнтэндэнт, - кажа графiня праз хвiлiну, - мабыць, мне лепей было б падкласьцiся да духа сьвятога; iдзiце й пакiньце мяне адну.
      Айцэн, а што яму яшчэ застаецца, адразу пакiдае яе й выходзiць з пакоя, чакае там; вежавы гадзiньнiк б'е гадзiну, а графiнi анi знаку; ён ужо адчувае, што яго павяло на сон; але тут з усiх бакоў так цягне продзiмень, што яму захалонулi заднiца й голыя лыткi, а як заказытала ў носе на чыханьне, ён ужо баiцца, што ранiцай ня здужае прачытаць малiтву, калi ахрыпне. I ён нарэшце зьбiраецца з духам, ветлiва стукаецца ў свае ж дзьверы, i як што адтуль нiякага адказу, адчыняе: графiнi нi духу, нi званьня. Толькi яе пах яшчэ лунае ў памяшканьнi, крыху як бы зьмяшаны з пахам серкi, i куды яна падзелася, а чорт яе ведае, бо другiх дзяврэй у пакоi няма, а праз акно на двор, канстатуе, футаў сорак-пяцьдзесят. Значыцца ўсё было толькi мiраж i аблуда, думае ён з жудасьцю, графiня i Маргрыт i каханьне; альбо ён праспаў, як яна выходзiла, калi стаяў за дзьвярыма; ёсьць жа людзi, што як мякi з мукою: сьпяць нават стоячы, - суцешлiвая думка.
      А вось ужо й першыя трубы, пабудка, i з двара даносiцца магутны тупат i крыкi: там, у сьвятле паходняў, зьбiраецца лейбгвардыя, конная i пешая, усе апранутыя ў герцагскi трыкалор - чырвона-бела-сiняе. Але паходнi неўзабаве блякнуць, неба прасьвятляецца, i Айцэн з упалым сэрцам прызнаецца сабе, што вось i яшчэ адна ноч кату пад хвост. Iдзе апаласнуць твар з кубка, залазiць у сваю пастарскую хабiту, совае ў кiшэню малiтву й йдзе на пошукi цёплага ранiшняга кулешыку.
      I дастае яго, пасьля доўгага блуканьня па пакоях, у каралеўскай зале замка, дзе пад крыжовым скляпеньнем геры герцагскiя радцы й iншае высокае герства й афiцэры запраўлялiся пiвам i скаблiлi шаблямi з касьцей вэнджанiну на падмацунак у блiзкiм парадзе з далейшым паходам. Ледзь пасьпеў вычарпаць мiску й абмяняцца некалькiмi словамi зь сябрам Лёйхтэнтрагерам, калi ўжо ўваходзiць герцаг, у ботах i пры шпорах, цераз грудзi зашпiленыя дасьпехi, усё гарлае "Гэй!" i "Гайда!" i падымае мячы й б'е адзiн аб адзiн, аж падумаць можна, вайна вось яна й пачалася. Але герцаг крочыць роўна, ну, можа, толькi трошачку з похiстам, проста да Айцэна, i пакуль гэты марна спрабуе сунуць кудысьцi тую мiску, тую лыжку, як ужо пытаецца, i ўсiм чуваць, цi добра гер доктар правёў ноч i цi гатовы ён папрасiць Божага дабраславеньня i перамогi й посьпеху ў добрай справе?
      Гэта, нават калi ён iдзе з п'янай душы, знак спрыяньня, якога Айцэн яшчэ нiколi такога ня меў, i гэта як цёплы дождж на яго раздушанае графiняй сэрца; i пакуль сябар Лёйхтэнтрагер вядзе яго на парадны луг, мiма чырвонага балдахiна, пастаўленага для герцагiнi й iншых герцагскiх дам i малых прынцаў i прынцэс, туды, да драўлянага памоста зь вялiкiм, адусюль вiдным крыжам, ён думае, як павiнна будзе захапляцца iм графiня, калi ён на вачах у Яго герцагскай мосьцi й цэлай армii будзе заклiкаць Бога. Але колькi нi азiраецца, усьпёршыся на памост, графiнi нiдзе ня вiдаць, i ён ведае, што не павiнен далей адкладваць сваiх слоў, бо войска, пастаўленае паводле штандараў i ротаў, поўным складам стаiць на малiтву, перад фронтам у поўным бляску сам герцаг.
      I вось ён узвышае голас i пачынае: што герцаг, наш лiтасьцiвы князь i валадар, надзеў свае баявыя дасьпехi, каб з дапамогай Божай вывесьцi Нiдэрланды зь iх цяперашняга бунту зноў да мiру, згоды й добрага кiраваньня, а зусiм ня дзеля таго, каб перасьледаваць сьвятую хрысьцiянскую царкву там, дзе яна вызнае чыстае вучэньне адзiнашчасьцедайнага Эвангельля, а больш за тое дзеля ўмацаваньня i абароны чыстага, сапраўднага вучэньня; таму ўсе мы як Яго герцагскай мосьцi верныя падданцы павiнны заклiкаць усёмагутнага, любаснага, мiлажальнага Бога ў iмя яго народжанага Сына Iсуса Хрыста й прасiць, каб ён быў прыхiльны да нашага ласкавага князя i валадара разам зь яго высакамудрай ваеннай радай, камандуючымi, слугамi i ўсiм жаўнерствам i каб лiтасьцiва ахаваў iх сваiмi сьвятымi анёламi ад усялякiх нягодаў i бедаў, асланiў ад ворага й даў iм шчасьце, перамогу й здабычу.
      Айцэн набiрае дыханьня. Герцаг, бачыць ён, стаiць тупа й глуха i, вiдаць, не зразумеў, як новы суперiнтэндэнт уладзiў яго ў нiдэрландскiя веравызнаўчыя implicite, альбо ня хоча ведаць, бо вайна ёсьць вайна, i тут у цябе нiхто ня пытаецца, не сьперазаўшы папярэдне па чэрапе, прымаеш ты сьвятое прычасьце паводле папскага вiду альбо добрага пратэстанцкага. I працягвае:
      - Мы павiнны таксама руплiва прасiць, каб усемагутны, лiтасьцiвы й мiлажальны Бог у iмя свайго любаснага Сына Iсуса Хрыста асланiў гэтыя княствы й землi ад ўсялякага зла, шкоды й няшчасьця i каб ласкава даў удачу нашаму лiтасьцiваму князю i валадару, а яго сардэчна любую жонку, нашу лiтасьцiвую княгiню i жанчыну, i маладое патомства, i ўсiх нас, яго верных падданых, парадаваў шчасьлiвым вяртаньнем, чаго мы роўным чынам просiм i для яго высокамудрай ваеннай рады, камандуючых, слуг i жаўнераў, каб усе яны таксама шчасьлiва i ў здаровым целе вярнулiся дамоў.
      I калi Айцэну пасьля такой доўгай пераканаўчай прамовы зноў не хапiла паветра, ён яшчэ раз спыняецца й бачыць, падымаючы вочы ад паперы, як шмат хто з жаўнераў сморкаецца, каб не пабеглi яму па барадзе сьлiнi й соплi; i, сам крануты сваiмi ўзьнёслымi словамi, падводзiць слова да канца й кажа:
      - Каб дасягнуць усяго гэтага, мы павiнны з глыбiнi нашага сэрца i ў поўнай надзеi ўчынiць нашу малiтву й скажам усе: "Войча наш, якi ёсьць на небе..."
      I ўсё войска як адзiн апускаецца на каленi, герцаг, якi мае свой клопат утрымаць раўнавагу, на чале, i на лузе паўстае звон i ляскат; пасьля Айцэн чуе хор тысячаў жаўнераў, якiя ў адзiн голас паўтараюць: "Хай сьвяцiцца iмя Тваё. Хай прыйдзе царства Тваё. Хай будзе воля Твая..." I ён адчувае моц Божага слова, якое цяпер вось ужо ёсьць i ягонае слова й ягоная моц; i адначасова бачыць абок сябе гера тайнага радцу, свайго прыяцеля Лёйхтэнтрагера, якi крыва выскаляецца яму, i тут ужо ён ведае, чуючы "Тваё ёсьць царства й сiла й слава навекi. Аман", што ён якраз i ёсьць той, хто кiруе ягонымi крокамi, а не, як яно павiнна быць, наш Гасподзь Iсус, i што ён, доктар боскай вучонасьцi й будучы дойлiд царства божага ў Шлезьвiгу, прылада ў руках, якiя нiколi яго ня выпусьцяць.
      Тым часам, з лаянкай i крыкамi афiцэры войска й ротныя камандзiры падрыхтавалi сваiх да маршу, кавалерыя ў сёдлах, i герцаг сеў на шыраказадага сiвака, баявога каня, упрыгожанага залатой гунькай i такой самай збруяй; а Айцэн узводзiць угору рукi на пастарскае дабраславеньне, якое ён учынiць герцагу й яго харалужнаму войску, штандарам i сьцягам; так, падобны на чорнага гругана, якi марна спрабуе ўзьляцець, прапускае ён перад сабою дэфiле войска, герцаг i вайсковая рада наперадзе, за iмi лейбгвардыя, пасьля пешыя дацкiя алебардысты, пасьля, струнка ў сядле, герцагская лёгкая i цяжкая кавалерыя, i нарэшце цьвёрда чаканячы крок полк Пуфэндорфа, пад вясёлую песеньку-марш:
      Таму сьмялей наперад,
      Саратнiкi, камрады,
      Сячыце, рыцары,
      Варожыя грамады.
      Хай кожны памазгуе,
      Як заслужыцца славы,
      Парыцарску памерцi,
      Прыняўшы бой крывавы.
      Калi ж ня сьмерць, а рана,
      Дык ня дрыжы ад страху,
      Прыймi яе дастойна
      У грудзi, а ня ў сраку.
      I пасьля кожнага куплета задзiрыстае "Валеры, валеры, валера!" толькi яшчэ больш напаўняе Айцэна, якi пакорна дабраслаўляе ўсiх, духам радаснай мужнасьцi, так што, здаецца, вось-вось ён сам пойдзе на бiтву. Але з заключным куплетам
      Хто толькi сьмерцi прагне,
      Хто сьмела ў бой iдзе,
      Той перамогу знойдзе
      I той не прападзе
      дэфiлюе апошнi штандар палка, i адразу за юным сьцяганосцам-фэндрыкам, на зьнешнiм крыле першага раду, маршыруе нехта адзiн, каго, здаецца, Айцэн ведае, а той яго вiдавочна ж ведае, бо пад апошняе "валера!" паварочваецца да яго й нешта выкрыквае, нешта такое з гучаньня як бы жыдоўскае, падобнае й на лiхое слова sched, i на "satan" i на "жыд" цi нават на "Чорцядзяры", i гэты крыкун ня хто iншы як Агасфэр, у Пуфэндорфаўскiм мундзiры i ў шараварах i шлiцаваных рукавах на наплечнiках, пры поўнай амунiцыi.
      Айцэна як маланкай сьперазала, хоць ён i падазраваў з таго часу, як сярод дам герцага выкрыў графiню Эрэнтрой, што Агасфэр мусiць быць недзе непадалёк; ён апасаецца таксама, што гэта можа быць кепскi знак для паходу на Нiдэрланды, калi Вечны Жыд таксама ў гульнi. Але службовая справа трымае яго каля крыжа, так што ён ня можа пасьпяшацца туды, да Агасфэра й разгаварыць яго; а тут ужо й прайшлi ўсе штандары, i ўжо мiма яго валiць абоз, усялякага роду падводы й шматкалёрная ворвань усякая, ягляць, сьвiшчуць, не паказваючы анiякага рышпекту перад высокiм панствам, якое пасьпешлiва адступаецца назад, нават сьмяюцца з гера супэрiнтэндэнта там наверсе на памосьце. Але тым ня меней Айцэн у хрысьцiянскай любасьцi хоча дабраславiць i iх; ды тут ён бачыць, высока на маркiтанцкiм возе, памiж гаршкоў i патэльняў i ўсякiм iншым дабром, дзёрзка заголеныя ногi - Маргрыт.
      Тут ужо нiякая духоўная хабiта, нiякi сьвятарскi абавязак ня стрымлiваюць яго. Хоць i азiрнуўшыся хуценька па баках, цi не адстаў каторы з тых, што пад балдахiнам; але тыя, з двара што, яны маглi б палiчыць яго паводзiны дзiўнымi, усе ўжо паўцякалi, i Айцэн падкiдае свой талар угору, саскоквае на прымятую траву й бяжыць за возам, пакуль не даганяе яго, i крычыць, спрабуючы схапiць каня за вуздэчку, ня крычыць - благае:
      - Ах, Маргрыт! Маргрыт! Стой, калi ласка, дарагая Маргрыт, застанься! Я хачу быць тваiм навекi, Маргрыт!
      Але яна сьмяецца зь яго, i як што зьбiраецца ладны натоўп, яна кажа:
      - Ня ведаю гэтага бэйбуса, але вы чуеце, чаго ён ад мяне хоча. Яно такi, мабыць, i праўда лiхi час настаў, калi нават геры папы сярод белага дня ятрацца, бы казлы якiя, i кiдаюцца на нявiнных жанчын.
      I дастаў бы такi Айцэн добрай лупцоўкi, калi б абоз не праехаў разам з усiм маркiтанцтвам, i ён, засмучаны, адстаў.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16