Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Сэрца на далонi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 8)
Автор: Шамякин Иван
Жанр: Отечественная проза

 

 


      - Усе патроху.
      - Хто?
      - Школа. Камсамол. Мы.
      - Хто "мы"?
      - Мiлiцыя, я маю на ўвазе. Не праводзiм прафiлактычных мер... Лiберальнiчаем.
      - А бацькi? - Гукан узняў галаву.
      Сiзоненка ўпотай назваў сябе дурнем: заняўся самакрытыкай, чурбан! А патрэбны зусiм просты адказ.
      - Бацькi - гэта само сабой... У першую чаргу, безумоўна, бацькi.
      - Правiльна. У першую чаргу, - згадзiўся Гукан.
      I больш нi слова пра гэта. Былi другiя справы.
      Але калi начальнiк мiлiцыi пайшоў, Сямён Парфёнавiч падняўся з-за стала, на сярэдзiне кабiнета смачна пацягнуўся i бадзёра прысеў разы два, узмахваючы рукамi. Ён нярэдка рабiў такую размiнку, але тэмп яе заўсёды залежаў ад настрою: чым вышэй настрой - тым хутчэй рухi. Потым падышоў да акна, палюбаваўся на свае каштаны. Цудоўныя каштаны! Толькi гэты аднарукi "прынцыпал" на злосць яму, Гукану, шморгае лiсце. Цэлую галiну абарваў. Двойчы ўжо яны пасварылiся з-за каштана. Але гэтаму ўпартаму д'яблу лепш нiчога не казаць. Вось жа даў бог намеснiка. I за яго гарой Тарасаў.
      "Разумны ты чалавек, Сяргей Сяргеевiч, але не на тых людзей арыентуешся".
      Гукан падышоў да тэлефона i набраў нумар сакратара гаркома.
      - Адзiн? - Яны ўжо бачылiся сёння.
      - Калi я бываю адзiн. Асвета вось сядзiць. Думаем разам. Сядзiм i думаем. А работа стаiць, - як заўсёды, з гумарам адказаў Тарасаў.
      - Ты чуў, што натварыў сын Шыковiча? Чорт ведае што! Мiжнародны скандал.
      Тарасаву за дзве гадзiны працы ўжо трэцi чалавек расказваў пра гэты выпадак. Скажы, калi ласка, якая падзея дня! I вось тут, у званку Гукана, ён адчуў некаторае нездаровае смакаванне факта. Зразумеў, каб гэта быў любы малады шалапут, наўрад цi надавалi б гэтаму столькi ўвагi. Але сын Шыковiча... Таму сакратар адказаў зноў-такi з гумарам:
      - Мiжнародны, кажаш? Няўжо можа быць разрыў дыпламатычных адносiн?
      Гукан асекся. Непрыязна падумаў: "На жартачкi збiвае. Выгарадзiць хоча".
      - Ты не жартуй. Факт непрыемны.
      - А я што кажу, радасны?
      - Пагражаць атамнай бомбай гасцям! Што яны падумаюць пра нас?
      - Калi ворагi, дык яны даўно ўжо думаюць... А калi сябры, то адзiн дурань...
      - Не. Па закону аб забароне прапаганды вайны трэба сукiнага сына судзiць...
      - Вось як! - Тарасаў як бы здзiвiўся. - Думаю, нiкога яшчэ не судзiлi па гэтаму закону. Не будзем i мы шукаць у сябе падпальшчыкаў вайны. Згодзен?
      Гукан сам зразумеў, што сказаў глупства. Але гэтая манера сакратара, гэты яго няўлоўны гумар - "Згодзен?" - не першы раз ужо выводзiлi Сямёна Парфёнавiча з сябе. На дзесяць год малодшы, а размаўляе з iм, старым чалавекам, вопытным работнiкам, як з малым.
      - Хопiць гэтаму "падпальшчыку" дзесяць сутак. Няхай падмяце дарожкi ў парку. А то яны засмечаны ў цябе. Брыдка хадзiць.
      "У мяне. Усё ў мяне. А ў цябе што?" - зноў раздражнёна падумаў Гукан i выказаў сваю думку больш катэгарычна:
      - Няма адказнасцi ў бацькоў...
      - Вось гэта правiльна! - адгукнуўся ў слухаўку Тарасаў. - Бацькi ў нас выхаваннем займаюцца мала.
      - Шыковiч прэтэндуе на ролю выхавацеля мас, а ўласнага сына распусцiў. Мнагавата мае грошай. Машына. Дача...
      А вось гэта Тарасаву не падабалася. Безумоўна, бацька адказвае. Але калi з асобных фактаў пачыналi выводзiць тэорыю, што, маўляў, усе пачварныя з'явы толькi ў асяроддзi дзяцей забяспечаных бацькоў, што ва ўсiм вiнаваты дабрабыт, - гэта абурала Сяргея Сяргеевiча. Выходзiць, толькi ў беднасцi i жабрацтве можна правiльна выхоўваць. Глупства!
      - Шыковiч палучае ў рэдакцыi столькi ж, колькi ўсе. Па штатнаму распiсанню, - холадна адказаў сакратар.
      Гукан змаўчаў. Успомнiў, як аднойчы ў прыватнай гутарцы Тарасаў сказаў усё з той жа сваёй хiтрынкай:
      "Ты ж не адмаўляешся ад ганарару за сваю кнiгу, хоць пiсаў яе не ты?"
      Цяпер Сямён Парфёнавiч падумаў:
      "Ясна. Стаiць за Шыковiча. Як я не ведаў дагэтуль, што яны так спаяны".
      Паспрабаваў змякчыць, каб Тарасаў не падумаў, што ён хоча ўтапiць свайго сааўтара:
      - Хоць, безумоўна, за такiмi шалапутамi хiба ўсочыш. Добра, што мае ў вайну выраслi. У эвакуацыi. Уведалi i цану хлебу i цану капейкi.
      Тарасаў весела крыкнуў у слухаўку:
      - Нешта ты, Сямён Парфёнавiч, хiстаешся сёння. То валiш усё на бацькоў, то зусiм здымаеш з iх вiну. Не, бацькоў мы паслухаем. Я ўжо сказаў: сабраць па гораду ўсе падобныя факты паводзiн дзяцей камунiстаў. I ўсiх бацькоў на адно з чарговых бюро гаркома. У мяне - людзi.
      Вось i зразумей яго, гэтага Тарасава!
      А бацькi яшчэ нiчога не ведалi. Валянцiна Андрэеўна засталася на дачы, а Кiрыла з самай ранiцы забраўся ў партархiў. Пасля Ярашавага расказу жаданне заняцца падполлем, разабрацца ва ўсiм аб'ектыўна i напiсаць дакументальную кнiгу пабольшала. Быў ён часам ленаватым, часам рабiў з халадком, асаблiва ў журналiстыцы. Але ўжо калi загараўся тэмай, то працаваў як апантаны, па шаснаццаць гадзiн у дзень. "Працую, як Бальзак", - жартаўлiва хвалiўся ён у такiя моманты блiзкiм. Так ён працаваў апошнi тыдзень. З ранiцы - у архiве, у другой палавiне дня - у рэдакцыi, увечары - дома, прыводзiў у парадак тое, што ўдалося здабыць у архiве. А матэрыялаў там было - непачаты край. Найцiкавейшых дакументаў. За шаснаццаць год яны не ўсе нават сiстэматызаваны. Штат архiва невялiкi, а дакументаў - вагон. Начальнiк - стары камунiст Сыраквашка Мiна Азаравiч, у мiнулым дырэктар музея - больш цiкавiўся архiвамi грамадзянскай вайны, калi ён сам быў малады i партызанiў на Палессi. Пiсаў нейкiя ўспамiны. Айчынная вайна ад яго была далей. Па рашэнню абкома ён разам з экспанатамi музея эвакуiраваўся ў самым пачатку яе. Лёс занёс яго ажно ў Новасiбiрск, дзе яму даручылi ахову эвакуiраваных з Ленiнграда партыйных дакументаў.
      З'яўленне ў архiве пiсьменнiка разварушыла маленькага сiвага дзядулю. Мiна Азаравiч быццам скiнуў са сваiх сямiдзесяцi год пару дзесяткаў. Шмат што з таго, што расказваў пра падполле iх горада Шыковiч, яму, безумоўна, было вядома. Але той добры дзесятак вялiкiх пытальнiкаў, якiя паставiў новы даследчык, запалiлi старога архiварыуса. Сапраўды, гэта цiкава - адказаць хоць на частку такiх пытанняў. Чаго варта, напрыклад, канчаткова вырашыць, хто ж такi Савiч, якога, мiж iншым, Сыраквашка добра ведаў - доктар некалi перадаў музею карцiну Айвазоўскага.
      I начальнiк архiва шчыра памагаў Шыковiчу ў пошуках.
      За першы тыдзень Кiрыла перачытаў гару папер, але высветлiў нямнога з таго, чаго не ведаў раней. Расшыфраваў толькi адно - склад першага падпольнага гаркома. Спiса нiдзе не было, але пры дэталёвым аналiзе дакументаў таго часу i ўспамiнаў удзельнiкаў, напiсаных неўзабаве пасля вайны, гэта ўдалося ўстанавiць. Гукан у сваёй кнiзе яўна наблытаў: назваў iмёны людзей, якiх у той час нават не было ў горадзе. Тут яму даказаць няцяжка. Хоць увогуле чалавек ён упарты. Але нiчога, разбярэцца гарком цi абком.
      Напярэдаднi, разбiраючы матэрыялы партызанскай брыгады "Смерць фашызму", з якой падпольшчыкi трымалi найбольш цесную сувязь, Шыковiч натрапiў на цiкавы дакумент. Дзiўны дакумент. Лiсток з вучнёўскага сшытка ў касую лiнейку. На iм размашыстым почыркам напiсана:
      "Учора пахавалi таварышаў, якiя загiнулi ў баi за станцыю.
      Няўдача за няўдачай. Настрой у атрадзе цяжкi. Звесткi з Вялiкай зямлi таксама не суцяшальныя. Чым падняць настрой людзей?
      Сёння з'явiўся таварыш з групы НКВД. Правал у горадзе. Накрылi рацыю, двух арыштавалi. Л. выратаваўся выпадкова. Баюся за Доктара, яны трымалi з iм сувязь.
      Папрасi Марусю, каб схадзiла ў горад".
      I ўсё. Нi даты, нi подпiсу. Што гэта? Пiсьмо некаму цi ўрывак з дзённiка? Калi слова "папрасi" напiсана правiльна, - пiсьмо. Але ўвогуле больш падобна на дзённiкавы запiс. Магчыма, чалавек у спешцы не дапiсаў "ць" - "папрасiць". Але гэта не галоўнае. Не гэта надзвычай зацiкавiла i ўсхвалявала Шыковiча. Пiсьмаў падобных i дзённiкаў партызанскiх ён перачытаў мноства. Адзiн сказ прымусiў яго выдзелiць гэты дакумент з усiх iншых: "Баюся за Доктара, яны трымалi з iм сувязь". Доктар - з вялiкай лiтары. Хто ён, гэты Доктар? Сапраўдны доктар цi гэта падпольная клiчка? Каб устанавiць iсцiну, трэба ведаць, хто i калi пiсаў пiсьмо цi дзённiк.
      Шыковiч працаваў у сховiшчы, якое змяшчалася ў склепах былога аддзялення банка. Прасторныя сухiя склепы. У першы пасляваенны год камсамольцы разабралi банкаўскiя руiны i са старой цэглы на месцы трохпавярховага будынка змуравалi невялiкi аднапавярховы асабняк. Рэканструкцыя горада не кранула яго, бо стаяў ён у глыбiнi двара, пасярод квартала. Наперадзе вырас чатырохпавярховы дом. А гэты белы домiк стаяў у абкружэннi таполяў. Пасаджаныя ў сорак пятым годзе, яны разраслiся ў густы цянiсты сквер i ўсё навокал засыпалi пухам квеценi.
      Шыковiч пайшоў да Сыраквашкi. Праз акно ўбачыў: стары ў белай кашулi сядзеў за сталом i, паглыблены ў працэс творчасцi, пiсаў, па-дзiцячы высалапiўшы кончык языка. Зрэдку нешта шаптаў. Кiрыла любiў назiраць людзей, калi яны заставалiся самi з сабой. Чалавек у такiм стане часта ператвараецца ў дзiця, нават тады, калi заняты сур'ёзнай працай. Шкада было турбаваць гэтага добрага дзядулю. Тым больш што Шыковiч за тыдзень ужо вывучыў: раней чым дазволiць зайсцi, Сыраквашка схавае ў шуфляду свой рукапiс, быццам ёсць нешта злачыннае ў тым, што ён пiша. Сустрэне нахмураны, незадаволены.
      Так i здарылася.
      - Што ў вас там яшчэ? - буркнуў загадчык архiва, зачыняючы шуфляду на ключ.
      - Мiна Азаравiч, скажыце, калi ласка, якая ў вас сiстэма падбору дакументаў? Вось на гэтым некалькi нумароў. А цi не сказана дзе-небудзь у вопiсу, хто пiсаў гэты дакумент? Чаму ён трапiў у гэтую папку, а не ў якую-небудзь другую?
      Сыраквашка ўзяў папку, прачытаў напiсанае i лёгка свiснуў, ён адразу зразумеў, чаму Шыковiча зацiкавiла гэтая маленькая паперка.
      - Тут яна, брат, ляжала першапачаткова, тут мы яе i пакiнулi. А хто яе пiсаў - гэта трэба ўстанавiць.
      - Як?
      - Самы просты спосаб - па почырку. Шукай гэты ж почырк.
      Шыковiч спусцiўся ў сховiшча i перагартаў усе дакументы брыгады перапiсаныя ад рукi зводкi Саўiнфармбюро, загады, рапарты, радыёграмы, данясеннi сувязных, "баявыя лiсткi", пiсьмы, нават iнтымныя. Такога почырку больш не сустрэлася. Ён пакiнуў архiў расчараваны.
      А калi прыйшоў сёння ранiцай, Сыраквашка сустрэў яго ў скверыку. У старога быў таямнiча-задаволены выгляд. Але сказаў ён толькi ў сваiм кабiнеце:
      - А ў мяне для вас ёсць падаруначак, Кiрыла Васiльевiч. Я, здаецца, устанавiў, хто пiсаў той дакуменцiк. Пракоп Варава, першы камiсар атрада iмя Чапаева.
      Шыковiч зразумеў, што заразiў загадчыка архiва сваiмi пошукамi, што Сыраквашка стаў яго лепшым памочнiкам. Нялёгка было ў сотнi папак адшукаць другую паперку, напiсаную тым жа почыркам. Мабыць, да позняй ночы сядзеў чалавек у сховiшчы, слепячы пры электрасвятле стомленыя слабыя вочы. Але калi Шыковiч горача падзякаваў яму, Мiна Азаравiч збянтэжыўся, як дзяўчына.
      - Што вы, Кiрыла Васiльевiч! Мой абавязак. Агульная справа. Вам трэба дзякаваць, што ўзялiся за такую працу.
      "Дзiўнае пакаленне! - падумаў Шыковiч, любуючыся на старога камунiста. Якая адданасць справе! Я ўчора ўвечары купаўся, лавiў рыбу, а ён вось сядзеў, шукаў..." - i яму нават зрабiлася нiякавата.
      Вараву Шыковiч помнiў па кнiзе Гукана. Там яму адводзiлася некалькi старонак як аднаму з арганiзатараў партызанскага атрада iмя Чапаева, якi потым вырас у праслаўленую брыгаду. Гэта быў цiкавы чалавек. Дырэктар кандытарскай фабрыкi, ён яшчэ да акупацыi мясцовасцi пайшоў у лес, стварыў атрад. Камандаванне атрадам Варава пасля перадаў маёру-акружэнцу, а сам застаўся камiсарам. Дык вунь з кiм звязаны гэты таямнiчы Доктар! Чапаеўцы базiравалiся няблiзка, кiламетраў за семдзесят ад горада, у Клiмаўскiм лесе. У розныя бакi i па розных лiнiях iшлi сувязi падпольшчыкаў з партызанамi.
      Шыковiч з нецярплiвасцю чалавека, якi вось-вось дасягне мэты, пачаў праглядаць дакументы гэтай брыгады. Чытаў, захапляўся: якая крынiца сюжэтаў! Якiя характары вырысоўваюцца з гэтых скупых звестак аб людзях! Але дзiўна пра сувязi з людзьмi горада часта ўспамiналася, аднак нiводнага канкрэтнага дакумента няма, не называецца нiводнае сапраўднае iмя. Пра Доктара даследчык знайшоў яшчэ адзiн толькi ўспамiн. Цiкавы i арыгiнальны. У расшыфраванай запiсцы ўсё той жа сувязной Марусi. Яе рукой было напiсана:
      "Добры дзень, цётка Параска!
      Паведамляю, што яйкi твае 43 штукi, 4 кг парэчкi, 1 кг масла, 2 лiтры смятаны я прадала. Узяла 180 марак, на нашы грошы гэта 1800 рублёў. Купiла 7 кавалкаў мыла i 3 катушкi нiтак. Бульбу 12 кг аддала дзядзьку Карнею, ён паабяцаў пашыць табе сак. Кланяецца ён усiм нашым нiзка, а таксама цётка Наста. Яна хворая, у яе грыжа. Будуць рабiць аперацыю. Дзядзька прыедзе на тым тыднi, у сераду. Мяне з работы не адпускаюць да 24.
      Цалую. Твая пляменнiца Маруся".
      Унiзе гэтай пажаўцелай пакамечанай паперкi рукой Варавы напiсаны спачатку лiчбы:
      "34, 14, 82, 08, 37, 21,
      42-17, 9, 81, 93.
      Доктар перадаў: шаснаццаць чалавек вывезены за горад у сераду. Сустракайце ў лесе каля Карнееўкi, суправаджае Насця. Разведчыкаў расстралялi. Вечная слава вам, дарагiя мае хлопчыкi!"
      Шыковiч убачыў па лiтарах, як задрыжала рука мужнага, энергiчнага, вынаходлiвага чалавека - Варавы, калi ён пiсаў гэтыя апошнiя словы, што вынiклi не з кода, а вырвалiся з сэрца: "Вечная слава вам, дарагiя мае хлопчыкi!"
      Такой была барацьба, пра якую мы пачынаем забываць!
      Асцярожнасць, хiтрыя коды, ключы да якiх наўрад хто знойдзе цяпер... I ўсё адно правалы, смерцi. Вораг быў таксама хiтры i каварны. Але нiшто не магло зламаць такiх, як Варава, як Маруся. Загiнулi разведчыкi - на iх месца пайшлi Маруся i Насця!
      "Абавязкова напiшу пра iх", - вырашыў Шыковiч, седзячы ў задуме над гэтым дакументам.
      Але хто яны, гэтыя дзяўчаты? Жывыя цi загiнулi? I хто такi Доктар? Адно чапляецца за другое. Але няма нi пачатку, нi канца. Трэба шукаць! Аднак дакументы далi ў гэтым сэнсе нямнога. Яшчэ адна запiска Варавы:
      "Сяргей! Скажы Камарэнку, гэтаму чортаваму эскулапу, што, калi ён не аддасць Люцiкаву частку тых нямецкiх лякарстваў, якiя прыслаў "Хiрург", я яго расстраляю за невыкананне загаду. Жыла ён, iндывiдуалiст, сукiн сын!"
      Лякарствы, якiя прыслаў "Хiрург"... Не Доктар, а "Хiрург". Але словы "доктар" Варава двойчы напiсаў без двукосся, а "хiрург" узяў у двукоссе. А калi меркаваць па ўсiм iншым, камiсар атрада быў акуратны i даволi пiсьменны чалавек. Дык як гэта зразумець, чаму ён па-рознаму пiсаў падпольныя клiчкi? Вельмi можа быць, што маецца на ўвазе адзiн i той жа чалавек. Але Доктар гэта для яго, Варавы, для Марусi, для вузкага кола тых, хто ведаў асабiста i трымаў сувязь з падпольшчыкам. "Хiрург" - для ўсiх другiх, напрыклад для лекара атрада Камарэнкi. Лякарствы мог прыслаць, безумоўна, толькi лекар цi аптэкар.
      Ад доўгага чытання i напружаных думак у Шыковiча забалела галава. Не, даволi дакументаў! Гэта не яго стыхiя. Трэба шукаць жывых чапаеўцаў, яны скажуць больш. Ён выпiсаў з дакументаў дзесяткi прозвiшчаў. Дзе гэтыя людзi? Варава загiнуў у вераснi сорак другога... Красянкоў, камандзiр атрада, быў адклiканы ў Маскву. У папцы ёсць радыёграма Цэнтральнага партызанскага штаба. Дзе ён цяпер? Другiх чапаеўцаў ён, Шыковiч, не ведае. Як не ведае! А Гукан? Праўда, Сямён Парфёнавiч прыйшоў туды значна пазней, у пачатку сорак трэцяга, калi ўжо была сфармавана брыгада. Але камiсар мусiць ведаць пра тыя сувязi, якiя наладжвалiся атрадамi, што склалi брыгаду! Чаму ж Гукан нiчога не расказаў яму, калi яны працавалi разам, нi пра Доктара, нi пра "Хiрурга", нi пра Марусю? I нiчога не напiсаў у сваёй кнiзе. Малазначныя факты? Можа, толькi яму, Шыковiчу, чалавеку з фантазiяй, яны здаюцца цяпер незвычайнымi. А можа, тады, дзесяць год назад, не пра ўсё можна было пiсаць? Ва ўсякiм разе, як бы там нi было, а трэба пачынаць з Гукана. Пагутарыць шчыра, па-сяброўску. Выказаць свае сумненнi i здагадкi. Папрасiць парады. Урэшце, ён разумны чалавек i сам, напэўна, добра разумее, што ў кнiзе яго многа недакладнасцей, прабелаў i што любая добрасумленная праца цяпер, пасля XX з'езда партыi, больш аб'ектыўна асвятлiць той цi iншы бок усенароднай барацьбы з фашызмам.
      Будучы чалавекам нецярплiвым, Шыковiч адразу ж з архiва накiраваўся ў гарсавет. У прыёмнай Гукана, як заўсёды, было многа людзей. Гарадскiя работнiкi. Усе па неадкладных справах. Большасць Шыковiча ведалi, прывiталiся ветлiва, але кожны ў душы стаiў незадавальненне яго прыходам: пiсьменнiк, якi дапамог Гукану напiсаць кнiжку, работнiк рэдакцыi, ён меў маральнае права пайсцi без чаргi. Яны не пярэчылi супраць гэтага яго права, але нiкому не хацелася сядзець у прыёмнай. Шыковiч i меўся з ходу праскочыць у кабiнет, але новая сакратарка затрымала яго:
      - У Сямёна Парфёнавiча нарада гандлёвых работнiкаў.
      - Ух, гэтыя гандляры! Толькi бясконца засядаюць. А гандляваць не ўмеюць.
      Супраць гандляроў, якiя занадта доўга радзiлiся, настроены былi ўсе. Нехта прыгадаў фельетон Шыковiча аб адным старшынi райспажыўсаюза. Дырэктар пiўзавода пачаў падкiдваць фельетанiсту факты. Але Кiрылу гэта не цiкавiла, ён жыў вобразамi падпольшчыкаў, людзьмi, якiя паўсталi з дакументаў.
      Дзяўчо, што сядзела на варце дзвярэй, было зусiм маладзенькае. Новенькая. Шыковiч падумаў пра яе з непрыяззю: "Прымасцiлася, каб адпрацаваць свае два гады. На завод не пайшла, чортава лялька".
      I сярдзiта спытаў:
      - Колькi iх там?
      - Каго? Таварышаў з упраўлення гандлю? Трое.
      - Дык якая гэта нарада! Iдзi ты, галубка, спытай у мэра, доўга нам чакаць? Скажы, Шыковiч пытае.
      Пачуўшы знаёмае прозвiшча, дзяўчынка з цiкавасцю паглядзела на Кiрылу i паслухмяна нырнула ў будку: кабiнет, каб не пранiкаў гук, адгароджаны ад прыёмнай адмысловым збудаваннем, якое нагадвае кабiну на мiжгародняй тэлефоннай станцыi.
      Неўзабаве адзiн за адным, усе з тоўстымi папкамi, з будкi гэтай вывалiлiся кiраўнiкi гарадскога гандлю. Следам за iмi з'явiўся сам Гукан. Стаў у дзвярах, высокi, у ботах, галiфэ, але ў добра скроеным пiнжаку, пры гальштуку. Наведвальнiкi паднялiся: цi не думае старшыня iсцi куды?
      - Кiрыла Васiльевiч, у цябе доўгая справа? А то бачыш, колькi народу чакае.
      - Ды я хацеў параiцца па адным пытаннi.
      Гукан быў упэўнены, што Шыковiч прыйшоў з-за сына, хоць не разумеў, чым ён мог памагчы. Вызвалiць з-пад арышту - не яго кампетэнцыя. Ага, параiцца хоча. Было б несумленна ў такi час адмовiць яму ў сяброўскай парадзе цi прымусiць чакаць, пакуль ён, Гукан, будзе займацца справамi горада.
      - Ну што ж, давай заходзь. Прабачце, таварышы, - звярнуўся старшыня да iншых.
      - Калi ласка, Сямён Парфёнавiч, - адказаў за ўсiх адзiн.
      Каб надаць гутарцы сяброўска-iнтымны характар, Гукан сеў не за свой рабочы стол, а з краю доўгага стала для пасяджэнняў, насупраць адчыненага акна, за якiм ласкава шапталiся каштаны. Яго адразу насцярожыў выгляд Шыковiча. Не падобны чалавек на засмучанага, расстроенага бацьку. Неяк зусiм iнакш узрушаны, ажно вочы блiшчаць.
      Кiрыла выцягнуў з бакавой кiшэнi паперкi - копii, якiя спiсаў з архiўных дакументаў, разгладзiў iх на стале i, яшчэ нават не прысеўшы, спытаў:
      - Сямён Парфёнавiч, вы добра ведалi Вараву?
      Гукан адчуў нешта накшталт таго, што адчувае пасажыр, калi самалёт правальваецца ў паветраную яму.
      "Што гэта ён? Заходзiць здалёк?"
      - Якога? Таго?
      - А хiба ёсць яшчэ якi Варава?
      - Не. Але прозвiшча не такое ўжо рэдкае. Пракопа я ведаў. Да вайны яшчэ.
      - Цiкавы чалавек быў. Праўда?
      Цяпер усю ўвагу Гукана прыцягвалi паперкi, якiя Шыковiч усё яшчэ асцярожна разгладжваў. Не, гэта не старыя дакументы. Чысцюткая, дабротная папера, стандартныя аркушы, на якiх пiшуць у рэдакцыю.
      - Цiкавы. Ты што, забыў? Я ж расказваў табе, калi...
      Ён хацеў сказаць: "Калi мы пiсалi кнiгу" - i чамусьцi не сказаў, асекся.
      - У вайну вы сустракалiся з iм?
      - Аднойчы. На пасяджэннi абкома.
      - Але пасля вы былi камiсарам брыгады, якая вырасла з атрада Чапаева...
      - У брыгаду ўвайшло чатыры атрады i спецгрупа.
      - Але штаб брыгады павiнен быў ведаць пра тыя сувязi, якiя наладжвалi атрады. Сямён Парфёнавiч, што вы можаце сказаць пра гэтыя вось дакументы? Я знайшоў iх у партархiве. Арыгiналы напiсаны Варавам.
      Гукан узяў паперы, i яны затрымцелi ў яго руцэ.
      "Хвалюецца стары", - адзначыў Шыковiч з павагай да чалавека, якога ўсхваляваў напамiнак пра загiнуўшага таварыша. Гукан падняўся i пайшоў да рабочага стала. Узяў там акуляры. Вярнуўся, сеў i доўга чытаў тры кароткiя запiскi.
      - Хто такiя Доктар, "Хiрург", Маруся, Насця? Вось што мяне цiкавiць. Шыковiч iшоў, збiраючыся перадаць расказ Яраша, асаблiва тую частку, што тычылася Савiча. Сказаць, што жывая дачка доктара.
      Гукан адарваўся ад папер, пранiклiва паглядзеў на пiсьменнiка праз акуляры, потым паверх iх. Пакачаў галавой, уздыхнуў.
      - Не помню, брат. Марусь сувязных у нас быў добры дзесятак. Каторая з iх? Бачыш, што я табе скажу, Кiрыла Васiльевiч. Варава быў цiкавы чалавек. Але ў яго было многа дзiвацтваў. Не ў дакор нябожчыку. Была ў яго схiльнасць да розных прыгод, часам проста-такi авантурнага характару. Помню, яго на абкоме яшчэ прабiралi за нейкую рызыкоўную аперацыю. Ён стварыў такую заблытаную агентуру, навыдумляў столькi самадзейных кодаў i шыфровак, што пасля мы не маглi разабрацца, што да чаго. I разам з тым, я табе скажу, быў даверлiвы, як дзiця. Яго агенты потым правальвалi нашых людзей. Ды i сам ён загiнуў праз гэтую сваю залiшнюю даверлiвасць. Хацеў прыручыць ваўка. Пайшоў на сустрэчу з начальнiкам палiцыi. А той гад замест трох чалавек аховы, як дамовiлiся, узяў трыццаць. Зрабiў засаду. Яны ўжо сышлiся, пачалi гутарыць, як iх абкружылi. I Пракоп, каб не трапiць у iх лапы, узарваў гранату. У кiшэнi. Самога насмерць. Начальнiку палiцыi адарвала нагу...
      Пра гэта Шыковiч ведаў. I пiсаў. Нiчога новага i нiчога такога... зняважлiвага для кагосьцi Гукан не сказаў. Аб'ектыўная спакойная ацэнка людзей i фактаў, якiя сталi ўжо гiсторыяй. Але, вiдаць, менавiта праз тое, што Гукан гаварыў пра Вараву, пра невядомых падпольшчыкаў i сувязных, як пра нейкiх далёкiх гiстарычных асоб, а ён, Кiрыла, апошнi тыдзень жыў з iмi, як з блiзкiмi i дарагiмi людзьмi, Шыковiчу расхацелася расказваць пра Савiча i Зосю. Забiраючы ад Сямёна Парфёнавiча паперы, ён таксама ўздыхнуў:
      - Нялёгка, вiдаць, дакапацца цяпер да iсцiны.
      Гукан зняў акуляры, працiраў пальцамi вочы, быццам вельмi стамiў iх, прачытаўшы тры запiскi. Спытаў:
      - Дык, значыцца, сядзiш у архiве?
      - Сяджу.
      - Такiх дробных загадак там многа. I ўвогуле, Кiрыла Васiльевiч, - Гукан ускiнуў галаву, усмiхнуўся, - няўжо цябе не хвалююць праблемы сённяшняга дня, што ты залез у склеп да Сыраквашкi? Такiя падзеi! Да з'езда iдзём. Ды да якога з'езда! Чытаеш - дух займае.
      - А гэтыя праблемы, - Кiрыла ляпнуў па згорнутых копiях, - па-вашаму, трэба пахаваць назаўсёды? - У голасе яго прагучала раздражнёнасць.
      Старшыня чамусьцi адразу ўспомнiў пра ўчынак сына гэтага дапытлiвага даследчыка партызанскiх архiваў. "Навошта чалавек прытвараецца, што яго больш за ўсё цiкавiць сёння Варава, доктар i справы падпольшчыкаў?"
      - Чаму пахаваць? Няхай капаюцца гiсторыкi, iх хлеб. А ў нас з табой даволi надзённых задач. Заняўся б ты сынам лепш. Во праблема!..
      - А што з маiм сынам?
      - Як што? Ты не ведаеш? Ай-вой-вой! Вось табе i на! Бачыш, да чаго давёў архiў. Дарожкi ў парку падмятае твой сын.
      Шыковiч хацеў падняцца i не здолеў: невядомая сiла прыцiснула яго назад да крэсла. Ён адразу зразумеў, што значыцца "падмятае дарожкi". У той час калi ён з чыстымi думкамi i iмкненнямi робiць святую справу - уваскрашае справу герояў, што загiнулi за гэты вось ясны мiрны дзень, сын, яго любiмы сын, учынiў нешта бруднае, недастойнае. У першы мiг з'явiлася адчуванне, быццам на галаву вылiлi памыi, не, пляснулi нечым смярдзючым, слiзкiм, гiдкiм.
      Гукан зразумеў, што ўдарыў у самае балючае месца. Ён не злараднiчаў, у яго таксама ёсць сыны, праўда, ужо самастойныя людзi. Паспрабаваў нават змякчыць:
      - Але, падносяць нам дзецi сюрпрызы. Дзiўнае пакаленне расце...
      Ён падняўся i адышоў да акна, глядзеў на каштаны. Яшчэ нешта гаварыў. Шыковiч не чуў. Следам за тым агiдным адчуваннем пачала расцi злосць. На Славiка. На Гукана. На Валю: яна больш за ўсё патурала капрызам дзяцей. На сябе: бязвольны чалавек, уласнага сына не мог выхаваць! Гукан папрасiў прабачэння i сеў за рабочы стол. Нацiснуў кнопку званка. Сказаў дзяўчыне, якая з'явiлася ў адзiн мiг:
      - Хто там па чарзе? Прасi.
      Шыковiч падняўся i, не развiтваючыся, пайшоў да дзвярэй.
      - Заходзь, Кiрыла Васiльевiч. Я, можа, успомню прозвiшчы сувязных. Маруся, кажаш? Пазваню Ткачуку, начштаба нашаму...
      На вулiцы, пад каштанамi, Кiрыла адчуў, што ўдарыла ў пот. Пацяклi раўчакi за каўнер, залiвала вочы. Нiколi не было ў яго такой патлiвасцi. I дзень нядушны. На сонца раз-пораз наплываюць хмаркi. Вецярок.
      Кiрыла дастаў насоўку i пачаў старанна выцiрацца. Нейкi прахожы з усмешкай спытаў:
      - Парылi, таварыш?
      Не адразу дайшоў да сэнсу гэтых слоў. А калi дайшоў, Шыковiч кiнуўся прэч ад дзвярэй гарсавета. Але на скрыжаваннi вулiц спынiўся. Куды iсцi? Нейкае своеасаблiвае, бадай што незнаёмае пачуццё пацягнула ў парк.
      "Пагляджу, цi ўмееш ты хоць падмятаць, сабачы сын. Рос як у Бога за пазухай. А вылупiўся на свет божы i не можаш кроку зрабiць па-чалавечаму... Як ты глянеш мне ў вочы? Я не скажу табе нi слова. Стану i буду глядзець... Падмятай!.. Падмятай!.."
      Каля цэнтральнага ўвахода сляпiў вочы касцёр вялiкай клумбы. За ёй кветкавы дыван, перарэзаны чырвонай дарожкай з цаглянай крошкi. На гэтай дарожцы бабулi чамусьцi любяць катаць каляскi з дзецьмi. Магчыма, пад гэтае шарханне шын па дробнай цэгле дзецi хораша спяць. Цi, можа, i малых i старых ап'яняе пах кветак? Маладыя мацi, наадварот, забiраюцца глыбей, у цень, цi сядзяць каля фантана. Да глыбiнь гэтага вялiкага старога парку гарадскiя ўлады нiяк не дабяруцца. Iх за гэта крытыкавалi. А Шыковiч заўсёды лiчыў, што так лепш. Пачнуць добраўпарадкаваць - сапсуюць усю дзiкую непаўторную прыгажосць. Ён асаблiва любiў глухiя куткi за сажалкай. Але наўрад цi будуць падмятаць там. Таму ён спачатку абышоў усе дарожкi паблiзу, у культурнай частцы парку. Гулялi дзецi, драмалi на лавачках з газетамi на каленях пенсiянеры. Маладыя мамы чыталi тоўстыя раманы. Бабулi вязалi шарсцяныя чулкi. Дзiўна. Хвiлiны ўтрапення, разгубленасцi мiнулi, i ён усё востра прыкмячаў, усё фiксаваў у памяцi. Нават злосць знiкла. З'явiлася нешта зусiм iншае. Хацелася сустрэць сына, i расла боязь гэтай сустрэчы. На вузкiм мосце цераз роў ён спынiўся. Падумаў, што было б, каб з такой вышынi скочыць у зялёную ваду сажалкi, дзе цьмяна адлюстроўваюцца неба i старыя дрэвы, парэнчы моста i горда выгнутыя шыi лебедзяў.
      Шыковiч любiў глядзець з вышынi на гэтых дзiўных птушак. Якая пастава! Плывуць - не варухнуць нiводнай пер'iнай, як мармуровыя. Гэтая iх паважнасць часта супакойвала. Але сёння - не. Усхваляванасць расла. I боязь. Ён амаль прымусiў сябе пайсцi далей па густа зацененай дарожцы. Толькi абышоўшы i гэтую палавiну парку i не сустрэўшы нiкога, акрамя дзвюх пар закаханых студэнтаў, Шыковiч з палёгкай уздыхнуў. Зразумеў, недарэчна шукаць сына тут; i добра, што ён не ўбачыў Славiка з мятлой у руках, пад вартай мiлiцыянера. Цяжка ўявiць, якое ўражанне гэта магло б зрабiць на яго ды на таго шалапута таксама. Невядома, цi ўдалося б яму стрымацца i нiчога не сказаць. Нельга, нарэшце, рабiць з арышту Славiка трагедыю. Зарабiў - няхай панясе кару. Што ён, аднак, натварыў? У рэдакцыi, напэўна, ведаюць.
      У новым будынку трымаўся халадок i панавала цiшыня. Нават не чуваць было звыклага стуку машынкi. Бухгалтары, машынiсткi i кур'еры абедалi, як нiхто, дакладна ў пэўны час. Але ў гэты летнi дзень нават сакратары рэдакцыi не заседжвалiся ў кабiнетах. Калi толькi рабiлася газета?
      Шыковiч падняўся на другi паверх, заглянуў у прыёмную рэдактара, у кабiнет намеснiка. Пуста. Зайшоў у свой пакой; загадчык аддзела таксама, вiдаць, абедаў. На яго стале ляжаў рукапiс, рэцэнзiя на прэм'еру абласнога тэатра, якая адбылася месяцы два назад: "Новы спектакль". Кiрыла злосна закрэслiў гэты недарэчны загаловак. I пачаў правiць тэкст, хоць гэта была зусiм не яго работа. Не пакiдаў жывога месца. Работа захапiла. Замест правiльнай, але прэснай жвачкi выходзiла жывое, дасцiпнае, едкае слова пра няўдалы спектакль. Ён быў добры чалавек, да таго ж ведаў, як нялёгка даецца ў мастацтве ўдача. Нiхто не ставiць сабе мэту зрабiць дрэнна. Ён не любiў пiсаць адмоўныя рэцэнзii. I ненавiдзеў людзей, якiя радавалiся няўдачы ў другiх, смакавалi правалы спектакляў i кнiг. А тут раптам, забыўшыся на ўласныя перакананнi, пiсаў надзвычай бязлiтасны водгук i, можа, упершыню рабiў гэта з задавальненнем.
      У дзверы заглянуў Адам Рагойша, загадчык прамысловага аддзела, нiзенькi чалавек з мясiстым носам, шырокiм iлбом i дзiўнай лысiнай: звужанай наперадзе i шырокай на макаўцы, зверху гэтая лысiна нагадвала па форме i па ружовасцi чырву.
      - Ты тут? - спытаў Рагойша, уваходзячы.
      - Не, мяне няма.
      Шыковiч не любiў гэтага чалавека. Не любiў за яго зайздроснасць. Рагойша зайздросцiў усiм. Яму, Шыковiчу, за тое, што ён мае права не сядзець у рэдакцыi, а пiсаць нарысы i фельетоны дома, ды яшчэ на дачы.
      "Дай мне такiя ўмовы, i я напiшу не горш. Кожны напiша".
      Зайздросцiў загадчыку сельгасаддзела Лапiцкаму, што ў таго пяцёра дзяцей, а ён, Рагойша, бяздзетны. Прыдзiрлiва, як следчы, аглядаў кожную новую сукенку i кофтачку карэктаркi Маi Гутар. Падазрона шаптаў: "Адкуль гэта яна бярэ? За свой заробак?" Яго чамусьцi многiя баялiся, нават рэдактар. Рагойша нямала пастараўся, каб нагнаць страху i на Шыковiча. Кiрыла неяк у кампанii пагразiўся, што зробiць Рагойшу персанажам сатырычнай аповесцi, нават прозвiшча не зменiць. Рагойшу гэта перадалi, i з таго часу ён пачаў шукаць дружбы.
      Непрыязны адказ на недарэчнае пытанне сваё Рагойша прыняў як жарт. Засмяяўся. Сеўшы насупраць, глянуў у рукапiс, якi правiў Шыковiч, здзiўлена свiснуў:

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28