Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Сэрца на далонi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 20)
Автор: Шамякин Иван
Жанр: Отечественная проза

 

 


      Не, у такой дажджавой цiшынi працаваць нельга! Глянуў на гадзiннiк. Хаваў яго пад газеты, калi садзiўся працаваць, каб не заглядваць, не адцягваць увагу развагай аб часе. Прайшло гадзiны дзве ў гэтай бясконцай плынi думак. Мозг стамiўся, прасiў адпачынку. Пасля яешнi i кавы захацелася з'есцi што-небудзь больш грунтоўнае. Але ён вырашыў трымаць сябе на паўгалодным пайку i не захапiў нi каўбасы, нi вяндлiны, нi сала, нiчога такога. Думкi скiравалiся да яды. Жах! Як ён не можа авалодаць iмi, уласнымi думкамi!
      Скончылася тым, што ён плюнуў на ўсё, завёў машыну i паехаў у горад. Па дарозе надумаў, на злосць Ярашу, заехаць адразу да Зосi i размовай з ёй кампенсаваць страчаны дзень.
      Кiрыла ведаў, што Яраш учора паляцеў у далёкi раён рабiць нейкую тэрмiновую аперацыю. А таму здзiвiўся, калi на бязлюднай Пушкiнскай убачыў адзiнокую мажную постаць у элегантным чорным плашчы, якi Яраш купiў у Бруселi, куды ездзiў на кангрэс хiрургаў. Чаму ён тут? Куды iдзе? Гуляе пад дажджом? У глыбокай задуме. Шыковiч добрую хвiлiну ехаў з iм побач - i Яраш не звяртаў увагi на машыну. Кiрыла абагнаў яго, спынiўся, вылез з машыны, выйшаў на тратуар.
      Яраш iшоў на яго як сляпы. Вось-вось саб'е з ног, раздавiць, як цяжкi танк. Спынiўся за два крокi. Паглядзеў, нiбы раптоўна разбуджаны. Спытаў:
      - А-а?
      Кiрыла засмяяўся:
      - Ты што, з пахмелля? Накачалi ў раёне?
      Яраш правёў мокрай далоняй па твары i злосна сказаў:
      - Дурань!
      У Кiрылы дрогнула сэрца: няўжо няшчасце з Зосяй?
      - Хадзем у машыну. Дождж.
      Яраш паслухмяна сеў на пярэдняе сядзенне. Машына пад цяжарам яго цела асела.
      Яраш павярнуў да сябра мокры твар.
      - Я даўно, Кiрыла, нiчога падобнага не перажываў, - сказаў ён даверлiва i з глыбокiм смуткам.
      - Што здарылася?
      - Яны памерлi ў мяне на стале.
      - Хто?
      - Дзецi. Абодва. Два хлопчыкi. Браты. Аднаму дзевяць, другому сем. Каб мне ўдалося прыляцець хаця б гадзiны на дзве раней. Аднаго, безумоўна, удалося б уратаваць. Непаваротлiвыя iдыёты i там, у раёне, i тут, у аблздраве! Дзве гадзiны арганiзоўвалi вылет. Я з iх душы вытрасу за гэтых дзяцей! - Ён скрыгатнуў зубамi. - Каб я прыляцеў раней, я зашыў бы артэрыю...
      - А што з дзецьмi?
      - Мiна. Выцягнулi з рэчкi. I, як водзiцца, разбiралi. Ведаеш, старэйшы, Мiша, быў у прытомнасцi. Усё пытаў: "Дзецi цэлы? Як Алёнка?" Там былi малодшыя, i яны адганялi iх ад сябе, адчуваючы небяспеку. Падазраю, што ў апошнi мiг ён сабою закрыў дзяцей. Яму разарвала жывот. Дзiму асколкам прабiла шыю. Засынаючы пад наркозам, Мiша сказаў: "Ох, будзе мне ад мамы!" - Яраш закрыў далонямi вочы, пакiваў галавой, паўтарыў: - Ох, будзе мне ад мамы! Жахлiва, Кiрыла! Нiколi я не быў яшчэ такi бяссiльны перад смерцю.
      Шыковiч маўчаў. Што гаварыць? Яго моцна ўразiла i сама трагедыя i тое, як яе перажывае чалавек, якi бачыў тысячу смерцяў, якi ўмеў перамагчы яе, бязлiтасную кастлявую. Яны доўга сядзелi моўчкi.
      Дождж барабанiў па кузаве. Зрэдку прабягалi з парасонамi i ў накiдках прахожыя. Зазiралi ў машыну не без здзiўлення. Яраш пакруцiў галавой, як бы страсаючы нешта:
      - У мяне ў галаве звiняць яго словы. Не магу. Напiцца, цi што? Крыўдна! У клiнiцы я мог бы ўратаваць iх абаiх. У Мiшы парвала кiшэчнiк. Трэба было ўдалiць парваныя ўчасткi i хутка сшыць. Хутка! А там, ва ўчастковай бальнiцы, прыйшлося ўсё рабiць дзедаўскiм спосабам. Асiстэнтка, раённы хiрург, маладая, нявопытная, яе лiхаманiла. Ды i ў самога мяне - сорамна прызнацца - дрыжалi рукi. Жахлiва! Можа, дваццаць гадоў праляжала яна на дне рэчкi, гэтая праклятая мiна. Уяўляеш? I вось - новыя ахвяры вайны. Дзецi! Дзецi! Ух-х! Паедзем куды-небудзь.
      - Куды?
      - Куды хочаш.
      - Можа, заедзем да Зосi? - спытаў Шыковiч.
      - Так, так... Да Зосi, - адразу згадзiўся Яраш.
      Яны зноў маўчалi, пакуль ехалi. Каля самага дома Яраш сказаў:
      - Толькi не будзем расказваць ёй пра гэта.
      Гаспадыня ўзрадавалася гасцям. А Маша, якая жыла цяпер у Зосi, спалохалася. Яна лепш, чым нават Шыковiч, ведала Яраша, i яе спалохаў яго выгляд. Увогуле, яна стала баяцца яго пасля нядаўняй размовы. Неяк ён паклiкаў яе ў кабiнет. Калi яна ўвайшла, ён сядзеў за сталом i чытаў Блока. Яна спынiлася каля дзвярэй, здзiўленая тым, што ён не паглядзеў нават. Гэта не яго манера: ён кожнага з персаналу, цi то галоўны лекар, цi то санiтарка, сустракаў заўсёды аднолькава - добрым позiркам, прыветлiвым словам.
      Маша чакала, iмкнучыся здагадацца, навошта паклiкана.
      Ён сказаў, не адрываючыся ад кнiгi:
      - Яны пабiлiся за вас.
      - Хто? - Хоць яна адразу ж здагадалася хто, i ёй вельмi захацелася засмяяцца.
      "Няўжо праўда пабiлiся? - падумала з вясёлай гарэзлiвасцю. - Хто каго бiў?"
      - Яны працуюць у адной брыгадзе. Сем'i нашы дружаць, разам жывуць. Навошта вам спатрэбiлася сутыкнуць iх iлбамi?
      - Каб зрабiць правiльны выбар, трэба эксперыментаваць, Антон Кузьмiч, адказала яна яго словамi i не вытрымала - засмяялася.
      Тады ён адарваўся ад кнiгi i паглядзеў на яе. Дзiўна вельмi паглядзеў, быццам на яе месцы чарадзейна апынуўся зусiм другi чалавек - не тая сястра, якую ён ведаў два гады, любiў, цанiў, паважаў. З якой нават пасябраваў пэўным чынам, калi з'явiлася Зося.
      - Дзiўны эксперымент, - хмыкнуў ён, хiснуўшы галавой. - Можна вас папрасiць, каб вы з нашымi сынамi такiх эксперыментаў не рабiлi?
      Ад гэтай яго просьбы, падкрэслена-ветлiвай, афiцыйна-халоднай, яна страшэнна збянтэжылася. Як яна недарэчна трымала сябе - засмяялася, сказала несусветную лухту! Правалiцца б лепш скрозь падлогу. Добра, што ён зноў углыбiўся ў кнiгу i не глядзеў на яе. Але яна не ведала, як выйсцi, i ўсё стаяла перад сталом, анямелая, пакараная найгоршым чынам. Вiдаць, ён зразумеў, што з ёю робiцца, бо сказаў:
      - Папрасiце, калi ласка, Дабравольскую зайсцi да мяне.
      Маша ветрам вылецела з кабiнета.
      ...Таму яна i спалохалася, убачыўшы абодвух бацькоў. А што, калi яны збiраюцца пагутарыць з ёй?
      Супакоiў Шыковiч.
      Выйшаў за ёй на кухню, спытаў прыветлiва, па-сяброўску:
      - Маша, вы ўмееце варыць каву? Чорную?
      - Умею.
      - Вы ўсё ўмееце. З вас будзе цудоўная жонка.
      Ён даў ёй грошы на каву i каньяк. Яна ўзрадавалася даручэнню.
      Зося захвалявалася была, хацела адзявацца, каб прымаць гасцей, як належыць гаспадынi. Але Яраш пачаў распытваць яе пра адчуванне, прафесiйна, падрабязна, па-бальнiчнаму. I яна зноў залезла на шырокую канапу з нагамi. Сядзела ў куточку, захутаўшыся ў халацiк, як малая японачка. Маша навучыла яе адмыслова закручваць валасы, i высокая кукла прыгожых валасоў сапраўды рабiла яе падобнай на ўсходнюю жанчыну.
      Яраш скончыў распытваць пра здароўе i змоўк. У той дзень яму цяжка было весцi размову для размовы, гаварыць пра ўсё.
      Шыковiч палiў на кухнi, пускаючы дым у фортку, слухаў iх, зразумеў зацяглую паўзу.
      Зося сказала нешта пра дождж. Яраш крыху iншымi словамi сказаў тое ж.
      - У вас стомлены выгляд, Антон Кузьмiч.
      - Я сёння прыляцеў з раёна.
      - Камандзiроўка?
      - Але.
      Шыковiч кiнуўся на дапамогу сябру.
      - Соф'я Сцяпанаўна, не сумна вам адной у гэтым доме? - спытаў ён з жартаўлiвай весялосцю, сядаючы ў зручнае нiзкае крэсла.
      - О не. Я чытаю. У мяне добрыя суседзi. Яны наведваюцца. А потым прыходзiць з работы Маша...
      Вось так пагаварылi яшчэ пра тое-сёе. Нарэшце Кiрыла падступiў да галоўнага, асцярожна, далiкатна:
      - Соф'я Сцяпанаўна, скажыце, калi ласка, вас не вельмi расхвалюе размова пра мiнулае?
      Яна ўздрыгнула, насцярожылася:
      - Пра якое мiнулае?
      - Ну, напрыклад, пра вайну. Пра смерць бацькi...
      - А што вас цiкавiць?
      - Што мяне цiкавiць?.. - Ён палез ва ўнутраную кiшэню пiнжака i дастаў складзеныя лiсты паперы. - Прачытайце вось гэта, i вы зразумееце.
      Яраш зiрнуў на сябра з дакорам, але змаўчаў.
      Зося разгарнула сашчэпленыя лiсты, прачытала загаловак, устрапянулася, паглядзела на Шыковiча са здзiўленнем, страхам i надзеяй. Позiрк яе пытаў:
      "Што ты падрыхтаваў мне? Гора? Хiба ў мяне яго было мала? Радасць? Няўжо радасць?.."
      Пачала чытаць прагна, нецярплiва, маланкава хутка. Лiсткi трапяталiся ў руках, як жывыя птушкi. Пабляднелi, а потым загарэлiся шчокi. Яны абодва не зводзiлi з яе вачэй. Але вось яна, перагортваючы старонку, з палёгкай уздыхнула. Прыцiхлi лiсты, перасталi трапятаць. Павольней пачала чытаць яна. Пад канец, было вiдаць, зусiм супакоiлася i здавалася нават крыху расчараванай. Задумалася глыбока. Яны доўга, нiводным рухам не парушаючы цiшынi, цярплiва чакалi, калi яна вернецца з успамiнаў.
      Шпарка-шпарка, нiбы надзвычай спяшаўся - цiк-цiк-цiк, - адганяў у нябыт секунды прыгожы гадзiннiк на кнiжнай палiцы. За акном у лiсцях таполi шумеў дождж.
      Нарэшце Шыковiч не вытрываў:
      - Пра што вы думаеце?
      Яна не ўздрыгнула, не схамянулася, - паглядзела сухiмi, але напоўненымi святлом удзячнасцi вачамi, спакойна адказала:
      - Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такiя людзi, як Антон Кузьмiч, як вы... Дзякую вам.
      - Падзякi пасля. Ды i не мне павiнны быць адрасаваны. Антону - справа iншая. А за тое, што ў нашы днi ўсюды аднаўляецца справядлiвасць, вы ведаеце, каму дзякаваць. Цяпер вы разумееце, што мяне цiкавiць. Як загiнуў доктар Савiч? Хто яго забiў? Вы былi пры гэтым?
      Зося пакiвала галавой: не, не была. Потым сказала:
      - Я думаю, тата застрэлiўся...
      - Сам?
      РАСКАЗ ЗОСI САВIЧ
      - Вы помнiце, Антон Кузьмiч, я расказвала вам: бацька вельмi асцерагаў мяне. Я, па сутнасцi, была схавана ад свету. Толькi ваша з'яўленне, ды калi я шукала Тараса... А больш я нiчога не зрабiла. Мне нiхто нiчога не даручаў. Я ведала: бацька сумленны чалавек. Але цi проста сумленны лекар цi змагар? Я здагадвалася, што нейкiм чынам ён памагае нашым. Але як? Спрабавала гутарыць з iм пра гэта. Ён умеў адвесцi размову ўбок. А разы два ўзлаваўся i загадаў, каб я не совала носа куды не трэба. "Малая яшчэ! - сказаў ён. - Не нам з табой займацца палiтыкай. Не думай, што гэта рамантыка, як у кнiжках. Ты ў мяне адна". Яшчэ тата часта казаў, каб я не думала, што ён служыць чужынцам, ён лячыў i лечыць сваiх людзей. А людзi - гэта самае каштоўнае, астануцца людзi гiсторыя не спынiцца i не пойдзе назад. Будуць жыць людзi - будзе жыць краiна i тая ўлада, якой народ даражыць. Вось так ён гаварыў. Гэта я помню, бо словы гэтыя ён казаў часта. Я не згаджалася: а хто ж будзе ваяваць? Ён злаваўся: "Не многа будзе карысцi, калi пойдуць ваяваць дзецi, як ты, цi такiя старыя, як я". Я пасля толькi зразумела, што бацька проста асцерагаў мяне, любым чынам, абы я была далей ад таго, што рабiлася навокал. I раптам... Гэта было перад Першым маем, днi за два. У той дзень нашы ўзарвалi электрастанцыю. Пасярод дня. Так грымнула, што нават у нас - а гэта ж вунь дзе! - вылецела шыба ў мансардзе, у пакоi Грота. Нямецкi лекар у нас жыў. Казалi, што мiну ўкiнулi ў топку i выбухнуў кацёл...
      - Група Шылава, - сказаў Шыковiч. - Пiшу пра iх.
      - Што? - не зразумела Зося.
      - Хто ўзарваў станцыю. Камсамольская група. Загiнулi хлопцы. Валодзя Шылаў зачынiўся ў трансфарматарнай будцы i адстрэльваўся да апошняга патрона. Жывым не здаўся. Залiшняя смеласць i рызыкоўнасць загубiла...
      Зося памаўчала, як бы ўспамiнаючы, на чым перапынiлася.
      - Бацька прыехаў позна, калi сцямнела. На санiтарнай машыне. Заехалi ў двор. Ён нiколi не заязджаў у двор. Я выскачыла насустрач. Тата папрасiў мяне памагчы шафёру аднесцi на кухню мяшок бульбы i мяшок мукi. Мы аднеслi.
      Грот быў дома. Добра помню, ён сустрэў бацьку словамi:
      "Калi ласка, пан Савiч... Неяк вы сказалi, што мы бываем задужа жорсткiя... Не, мы мяккiя. Мы, немцы, увесь час пакутуем ад сваёй мяккасцi i дабраты. А жорсткасць там. Жорсткасць i дзiкунства! Каму перашкаджала электрастанцыя? Давала святло ў вашу бальнiцу, у мой шпiталь, у наш дом..."
      Ён так i сказаў - "наш".
      "А цяпер будзем палiць... Як гэта вы сказалi, Софа? - звярнуўся ён да мяне. - Лучыну? О, лучыну! Свечак i тых няма. Я ледзьве раздабыў дзесятак. Божа мой! Якое дзiкунства i фанатызм! Сёння ў нас арыштавалi сястру. Вашу. Мы далi ёй работу. Добрую работу з добрай аплатай. Яна магла жыць культурна, прыгожа. А яна шпiёнiла, карыстаючыся тым, што ведала нашу мову. Жахлiва!"
      "Сёння многiх арыштавалi, - сказаў бацька i таксама паўтарыў: - Жахлiва! Жахлiва!"
      "Я рад, пан Савiч, што вы разумееце, - узрадаваўся Грот. - Не, мы не жорсткiя. Мы мяккiя i добрыя".
      Ён жыў у нас год i з дня на дзень трубiў аб дабраце нямецкага характару. Я часам не магла вытрымаць i гаварыла, якую яны "дабрату" праяўляюць. Тады ён пачынаў чытаць цэлыя лекцыi, прыводзiў прыклады з нямецкай гiсторыi, чытаў на памяць Гётэ i Шылера. Аднойчы я незнарок знайшла ў бацькавай бiблiятэцы Гейнэ, прачытала, i мне зрабiлася весела. Я прачытала яму, Гроту, што пiсаў пра нямецкi характар Гейнэ. Грот разумеў крыху па-расейску, я - па-нямецку... Звычайна спакойны, ён узлаваўся. Сказаў, што Гейнэ жыд, а ўсе жыды злейшыя ворагi нямецкай нацыi. Забраў кнiжку i, напэўна, спалiў. А на другi дзень цэлы вечар капаўся ў нашай бiблiятэцы - шукаў крамолу.
      Але што я расказваю вам пра гэтага немца? Я пасля бачыла iх тысячы, розных, добрых i звяроў. О, каб вы ведалi, што такое эсэсаўцы!
      Зося заплюшчыла вочы i ўздрыганулася, прыцiснулася да спiнкi канапы, закрыла халацiкам горла, быццам ёй раптам зрабiлася холадна. I тут жа вiнавата ўсмiхнулася, просячы прабачэння.
      - Калi Грот, павячэраўшы, падняўся да сябе, бацька прыйшоў на кухню, дзе я мыла талеркi, абняў за плечы, прашаптаў:
      "Зося, дзiця маё, у нас у садзе хаваецца чалавек. Я пайду да немца гуляць у шахматы. Ты адсунь свой ложак, пасцялi за iм на падлозе. Адчынi акно. У твой пакой Грот нiколi не заходзiць".
      О, каб вы ведалi, што я адчула! Калi я схавала вас, Антон Кузьмiч, я хавала вас i ад бацькi, бо не ведала, як ён паставiцца, што зробiць, калi даведаецца. Гэта вельмi цяжка - любiць i не верыць. А верыць лёгка, калi людзi робяць адну справу, калi яны аднадумцы. Разумееце? Я няскладна расказваю, але вы зразумееце... I з вамi, i з Тарасiкам я вымушала бацьку нешта рабiць, ведаючы, што дзеля мяне ён зробiць усё, выканае i сур'ёзную просьбу i капрыз. А тут раптам усё мянялася. Ён даваў мне заданне. Як старэйшы. Як кiраўнiк. Давяраў такое...
      Хто гэты чалавек, думала я, калi адсоўвала ложак i сцялiла на падлозе пуховую коўдру, найчысцейшыя прасцiны. Наiўна, але мне захацелася, каб гэта зноў былi вы, Антон Кузьмiч... Прабачце. Дзверы ў мой пакойчык - пад лесвiцай на мансарду. Я пакiнула ў пакоi свечку, узышла на лесвiцу - цi не вiдаць ложак? Колькi пражыла, колькi хадзiла малая, я нiколi не зазiрала з лесвiцы ў адчыненыя дзверы - што вiдаць у пакоi?!
      Грот, якi бесцырымонна лазiў нават у кухонныя каструлi, у бочкi ў пограбе, нi разу не адчынiў дзвярэй майго пакоя. Гэта праўда. У гэтым ён быў iнтэлiгент.
      З радасцю i страхам я адчыняла акно. А потым стаяла ў калiдоры i слухала... Калi ён залезе... I баялася, каб у цемры не нарабiў грукату. Ён зрабiў гэта вельмi асцярожна, я пачула толькi, як рыпнуў незнарок закрануты ложак. Пасля гэтага я доўга яшчэ стаяла, потым сядзела на кухнi - думала, што рабiць далей. Бацька не сказаў: можна мне заходзiць у пакой цi нельга. Можа, чалавека трэба накармiць? Урэшце я рашуча са свечкай у руках увайшла ў свой пакой. Убачыла, што коўдру i прасцiну ён палажыў назад на ложак. Я заглянула за ложак.
      Чалавек быў доўгi, худы, барадаты. Такi доўгi, што каб выпрастаўся, то, напэўна, ногi высунулiся б з-пад ложка. Таму ён сагнуў iх, i вострыя каленi траха не вытыркнулiся над ложкам. Вочы яго блiснулi насцярожана i падазрона. Ён ляжаў у ватоўцы, у ботах i трымаў руку за пазухай. Ад яго пахла зямлёй. Я спытала шэптам:
      "Прынесцi вам вячэру?"
      Ён палажыў далоню на бараду, на вусны i пакiваў галавою: не.
      Але я ўсё-такi прынесла яму кавалак хлеба з маслам, бутэльку чаю i яшчэ нешта... Я знарок хадзiла шумна, як звычайна, ляпала дзвярамi. Можа, праз гэта ён зiрнуў на мяне злосна i зноў прыкрыў рот рукой.
      Калi роўна без чвэрцi адзiнаццаць (самая цiкавая партыя адкладвалася на заўтра, такi ён быў акуратны, Грот) бацька спусцiўся з гарышча, я паведамiла, што ён тут. Бацька адказаў надзiва спакойна, быццам размова iшла пра самае звычайнае: "Добра, дачка". Я спытала, дзе мне спаць. "Дзе хочаш, абы Грот нiчога не ўгледзеў".
      Пакуль немец чысцiў зубы, умываўся, я ў сваiм пакоi перабiрала бялiзну, знарок пакiнуўшы дзверы крышку прачыненымi.
      Я лягла ў мамiным пакоi. Але не магла заснуць амаль да ранiцы. Усё думала, думала... Радавалася. I палохалася. За бацьку. За гэтага чалавека. Хто ён такi? Адкуль? Можа, толькi што прыляцеў з Масквы? Але больш за ўсё я думала пра бацьку. I, далiбог, нiколi гэтак не любiла яго, як у тую ноч. Здаўся ён мне такiм героем, такiм мужным, разумным, самым галоўным падпольшчыкам у нашым горадзе. Наiўна. Але я думала, што пра тату ведаюць у Маскве... Я думала пра маму. Каб яна пабачыла, што мы робiм з татам! Яна больш не ўпiкала б: "Мяккацелы iнтэлiгент дарэвалюцыйнай закваскi! Не псуй мне дачкi сваiм слiнявым гуманiзмам! Не той час!" Мама была рашучая. Яна яшчэ ў грамадзянскую з бранецягнiком на фронт паехала. Мама злавалася, што я баюся крывi. Прымушала мяне рабiць самую брудную работу. З-за гэтага яны сварылiся часам, тата i мама... Многа я ўсяго перадумала... Добра мне запомнiлася тая ноч. Ёсць такiя днi i ночы, якiя запамiнаюцца, выдзяляюцца i свецяцца, як маячкi, у памяцi. Праўда? А ўсе iншыя злiваюцца ў адну плынь i цякуць, як магутная рака. На адным месцы вада заўсёды новая, а ўсё адно такая ж...
      Спала я, можа, якiя дзве гадзiны. Прачнулася раней за ўсiх. Калi Грот роўна ў сем спусцiўся ў ванную, я "прыбiрала" свой пакой i спявала. За снеданнем немец сказаў: "У вас добры настрой, фрэйлейн Софа. А ў мяне дрэнны. Ад свечкi балiць галава".
      Тата нiчога не гаварыў. Пацалаваў у лоб, калi адыходзiў на працу, як заўсёды, усмiхнуўся:
      "Вопыт ты маеш. Глядзi".
      Наступiлi тыя дзённыя гадзiны, калi я заставалася адна. Помнiце, Антон Кузьмiч? Адной мне было сумна... На кухнi i на кухнi.
      ...Прыйшла Маша з пакупкамi, мокрая, шумная, вясёлая. Гукнула з калiдора:
      - Кiрыла Васiльевiч! "Беламора" няма. Купiла "Казбек". Добра?
      Зазiрнула ў пакой, убачыла iх, засяроджана-ўважлiвых, сур'ёзных, насцярожылася.
      - Сядайце, Маша, паслухайце, - сказаў Шыковiч, хуценька занатоўваючы нешта ў запiсную кнiжачку.
      Маша паставiла сумку каля парога.
      - Я сказала яму:
      "Вылазьце. У доме нiкога няма. Будзем снедаць".
      Ён падняўся з-за ложка. Ён быў высокi, але не такi доўгi, як здаўся мне, калi ляжаў. I не такi худы. Так, звычайны чалавек з тых, якiя нiколi не паўнеюць, хоць ты iх пакладзi i знарок адкормлiвай. Перш за ўсё ён глянуў на акно, потым агледзеў пакой i... мяне... Можа, я была такая ўражлiвая, "мяккацелая iнтэлiгентка"... Як толькi пасля на мяне нi глядзелi, i свае i чужынцы, - мяне не кранала. А яго позiрк... Вы прабачце, можа, я расказваю дробязi, глупства. Але я шчыра...
      - Не, не. Калi ласка, як можна больш падрабязна, - папрасiў Шыковiч. -Гэта не дробязi... Для мяне гэта асаблiва важна.
      - Яго позiрк мяне... абразiў... Пакрыўдзiў. З нейкай нядобрай падазронасцю ён агледзеў мяне. Я не ведаю, як вам сказаць... Але мне стала крыўдна. Чалавек даверыў нам сваё жыццё... Мы рызыкуем сваiм, хаваючы яго... Чаму ж ён глядзiць так? Нядобра. А можа, мне здалося? Я малая была вельмi крыўдлiвая. Мацi не так гляне, як мне хацелася, i я цэлы дзень залiваюся слязамi. Больш, праўда, ён так не глядзеў. Быў прыветлiвы, хоць не вельмi гаваркi.
      Тады, за першым снеданнем, ён распытваў, як я жыву, з кiм сябрую, куды хаджу, хто прыходзiць да нас, што за чалавек гэты Грот. Я разумела, што яму трэба ўсё ведаць, i падрабязна расказвала. Спытала, як яго iмя.
      "Навошта табе?" - сказаў ён без падазронасцi.
      "Неяк жа я павiнна да вас звяртацца".
      "Калi табе так хочацца, клiч мяне - дзядзька Сажань".
      Я здагадалася, што гэта мянушка, яна здалася мне смешнай, i я засмяялася. Ён таксама ўсмiхнуўся. Тады я адважылася i спытала, цi не з Вялiкай зямлi ён прыляцеў. Сажань нахмурыўся i адказаў, што я рана пастарэю, калi ўсё буду ведаць. Гэтыя жартаўлiвыя словы па-рознаму можна сказаць. Ён сказаў iх так, што мне расхацелася пытаць у яго пра што-небудзь яшчэ. Праўда, на другi дзень я не стрымалася i спытала пра вас, Антон Кузьмiч. Мне чамусьцi здавалася, што ён абавязкова павiнен ведаць вас. Не, ён не ведаў.
      "Што здраднiка Лучынскага пакаралi, пра гэта я чуў, а хто гэта зрабiў Вiктар, Антон цi Павел, - не мае значэння".
      Каб ён ведаў вас, я, напэўна, расказала б, як вы хавалiся ў нас. Але пасля яго слоў, што не мае значэння, хто забiў Лучынскага, мне зноў-такi расхацелася расказваць яму пра вас. Не падумайце, што я стаiла крыўду на яго. Не. Я вельмi паважала яго. Асаблiва калi бацька на маё пытанне: "Хто ён?" - адказаў: "Партыйны кiраўнiк". О, як ён вырас у маiх вачах!
      Я гатавала яму лепшыя снеданнi i абеды, чым нават бацьку. Мяне толькi здзiўляла спачатку адно, зноў-такi гэта, вiдаць, ад майго такога выхавання "мяккацелая iнтэлiгентка". Але ў нашым доме ўсе казалi адзiн аднаму дзякуй, жадалi добрай ночы. Я хадзiла за iм, як санiтарка за хворым. Ён нi разу не сказаў мне дзякуй. Не, здзiўляцца - гэта не тое я сказала. Мне зноў-такi трошкi крыўдна рабiлася. Не за сябе. За яго. Фашыст Грот такi ветлiвы, што бясконца, на кожным кроку: данке, данке, данке. Мне хацелася, каб наш чалавек, ды яшчэ такi кiраўнiк, быў у сто, тысячу разоў больш культурны i ветлiвы. Але на трэцi дзень Сажань даказаў, што не гэта галоўнае. Мне нават сорамна стала за свае такiя думкi.
      Ранiцаю я павiншавала яго са святам - з Першамаем. Як радасна блiснулi яго вочы!
      "Дзякую, Зося, дзякую. Дзякую табе, дарагi таварыш. Цябе таксама вiншую i жадаю дажыць да сапраўднага свята. Мы з табой станем побач i пройдзем пад сцягамi праз увесь наш горад".
      Ён моцна пацiснуў мне руку, i ў вачах яго, здалося, блiснулi слёзы. Я таксама ледзь стрымалася, каб не зараўцi ад гора i шчасця.
      Бацька ў першы дзень прыйшоў абедаць на гадзiну раней. Гэтую гадзiну яны гутарылi, зачынiўшыся ў маiм пакоi. У гэты ж час яны размаўлялi i на другi дзень. А на трэцi, Першага мая, прыехаў Вася, шафёр санiтарнай машыны. I Сажань паўгадзiны гутарыў з iм. Пра што - я не ведаю. Вася выйшаў з пакоя з добрай усмешкай, паказаў мне язык, як малой. Потым, кiўнуўшы назад на дзверы майго пакоя, выставiў вялiкi палец, маўляў, во якi чалавек. Тады паказаў на гарышча i секануў далоняй па горле; я зразумела: з такiмi мы хутка зробiм фашыстам чык-чырык. Але мяне рассмяшыла гэтая размова жэстамi - у доме ж нiкога больш не было. У адказ на мой смех ён уставiў вялiкiя пальцы ў вушы i вось так памахаў далонямi. Гэта, мабыць, значыла, што я несур'ёзная, дурнiца. Я пакрыўдзiлася i паказала, што ў яго пуста ў галаве. Ён зняў сваю замасленую кепачку i тэатральна пакланiўся. Але з ганка вярнуўся, працягнуў мне каробачку i сказаў сур'ёзна:
      "Гэта вам, Зося. Ад мяне".
      У каробачцы былi мятныя цукеркi.
      На чацвёрты дзень усё было, як звычайна. Ранiцаю бацька i Грот пiлi кофе i хвалiлi нейкае новае нямецкае лякарства, не помню якое. Першы пахвалiў бацька. Гроту гэта вельмi спадабалася. Яны разам выйшлi з дому. Я кармiла снеданнем дзядзьку Сажаня. Перад абедам бацька зноў гутарыў з iм. У часе абеду Сажань быў заклапочаны i раптам вельмi даверлiва паведамiў мне, што яму нiяк не могуць дастаць надзейнага дакумента i ён не можа выйсцi з горада, бо ўсюды заставы, а ў горадзе ўсё яшчэ iдуць арышты. Сумна пажартаваў:
      "Ем хлеб дарэмна. Мала што ў гэты раз зрабiў. I хлопцы недзе непакояцца, што са мною".
      Бацька ўвечары прыехаў раней, чым звычайна. На той жа санiтарнай машыне. У нашым цесным завулку машына доўга паварочвалася, буксавала ў гразi, i тата доўга не заходзiў у дом. Я чула, як ён перамаўляўся з шафёрам. Нарэшце машына пайшла. Тата ўвайшоў устрывожаны, нават спалоханы. Такi ён не быў яшчэ нiколi. Я спытала, што здарылася. Ён заспакоiў:
      "Нiчога, нiчога, дачка".
      А сам адразу пайшоў да яго. Праз колькi хвiлiн яны выйшлi, i Сажань упершыню агледзеў увесь дом, нават падняўся ў пакоi Грота.
      Неўзабаве зноў прыехаў Вася. Бацька адчынiў вароты. Ён заехаў пад самы ганак. Зноў звалiў мяшок бульбы. Сказаў бацьку:
      "Аглядалi. Двойчы. Адсюль i сюды. Злосныя, як сабакi".
      "Падымi хлопцаў. Калi да ночы нiчога не здарыцца, мы выведзем яго на Элеватарную".
      Яшчэ пра нешта яны шапталiся.
      Калi Вася паехаў, я зноў спытала ў бацькi, што ж усё-такi iх устрывожыла.
      "Арыштавалi нашых людзей. Каля дома шнырае тайны агент палiцыi. На Пушкiнскай правяраюць дакументы. Тройчы агледзелi нашу машыну".
      Сажань перамясцiўся ў пограб. Пад домам у нас вялiкi пограб. Лазiлi ў пограб з кухнi. Але на двары каля сцяны быў люк - для вентыляцыi, i бульбу ўвосень праз яго ссыпалi. Ён быў яшчэ закрыты з зiмы, люк. Бацька адкрыў яго. Потым сказаў мне разведаць сцежку. Была ў мяне патаемная сцежка, па якой я бегала яшчэ да вайны да адной сваёй сяброўкi-аднакласнiцы. Адстаўляла дошку ў паркане, пралазiла ў суседнi сад, такiм жа чынам з таго саду - у Вiшнёвы завулак, потым - на Клiмаўскую. I сюды на Элеватарную, да ракi.
      Але прыехаў Грот. Ён часам прыходзiў пехатой, пакiдаючы машыну ў шпiталi. Часам прыязджаў, i машына начавала ў двары. У той вечар, як на злосць, ён доўга корпаўся ў ёй, нешта рамантаваў, мыў.
      Шыковiч заўважыў, што, забываючыся, Зося пачынае расказваць для аднаго Антона Кузьмiча. На яго аднаго глядзiць, да яго аднаго звяртаецца, але так, быццам ён той адзiны сведка, якi можа пацвердзiць праўдзiвасць яе слоў.
      Схамянуўшыся, яна вiнавата ўсмiхнецца ўсiм iм i пэўны час расказвае яму, Шыковiчу, з нейкай дзiўнай насцярожанасцю сочачы, як ён запiсвае: то пiша доўга, нiбы стэнаграфуе, то ўзмахам пяра ставiць нейкi iероглiф, толькi яму зразумелы.
      Маша скiнула чаравiкi i босая, на насочках, выйшла на кухню, вiдаць, паставiла чайнiк. А потым стала ў калiдорчыку i слухала адтуль. Шыковiч умеў i ўважлiва слухаць i ўсё прыкмячаць навокал. Ён знакам запрасiў Машу зайсцi i сесцi. Тая адказала яму таксама жэстамi. Гэтая iх незразумелая нямая размова збянтэжыла Зосю. Яна змоўкла. Шыковiч крутануўся ў крэсле, як гарэза-школьнiк, злоўлены настаўнiкам:
      - Прабачце, Соф'я Сцяпанаўна, я ўвесь - увага.
      Але яна ўжо свядома звярнулася да Яраша з усмешкай, якую дораць выпрабаванаму сябру:
      - Вы ведаеце, Антон Кузьмiч, мяне зноў выручылi трусiкi пана Грота. Помнiце? Я засунула аднаго за ватнiк i палезла ў суседскi сад. Абышла паўз паркан i знайшла дошку, якую можна было адсунуць без шуму. Выйшла гаспадыня, не тая, якая жыла да вайны, жонка нейкага белагвардзейца-эмiгранта, якi вярнуўся з Германii i займаўся камерцыяй. Я растлумачыла ёй, што ўцёк трусiк. "Я баялася, каб ён не папсаваў вашы дрэвы". Старая дурнiца пацалавала трусiка, якога я паказала ёй.
      "Якая мiлая мордачка!"
      Гроту я таксама сказала, вярнуўшыся ў свой двор, што ўцёк трус.
      Ён узяў яго спрытна i бязлiтасна, мяне заўсёды i палохала i абурала, як ён браў гэтых няшчасных жывёлiнак. Вось так, двума пальцамi, за скуру.
      "О, ты хочаш уцячы? - сказаў ён трусу. - Заўтра я цябе пакараю за гэта. Мне шкада цябе. Але чаго не зробiш у iмя навукi".
      Як толькi сцямнела i Грот падняўся да сябе, бацька сказаў:
      "Выводзь, дачка. Шчаслiва вам. На Клiмаўскай сустрэне Вася. Калi ж не сустрэне..."
      Ён даў адрас на Элеватарнай, нумара ўжо не помню, здаецца, дзевятнаццаць, мне пасля прыйшлося запамiнаць многа розных нумароў, i нейкi мудры пароль, якi я таксама забылася, нейкая прымаўка з рэлiгiйным сэнсам, здаецца.
      Яшчэ бацька сказаў: "Назад, дачка, гэтым шляхам не вяртайся. Выходзь на Пушкiнскую. У цябе ёсць пропуск. I зайдзi да Цiшчанкаў. Старая занемагла i вельмi прасiла, каб ты зайшла. Зайдзi абавязкова. Так трэба".
      Бургамiстарша сама мне званiла днi тры назад. Але мне было агiдна iсцi да гэтай звар'яцелай ад страху бабы, якая дзень i ноч малiлася. Але калi бацька сказаў, што так трэба - для канспiрацыi, так мне здалося тады, я гатова была пайсцi хоць да самога д'ябла. Толькi пазней... вельмi позна я здагадалася, што мой добры, разумны i наiўны тата хацеў такiм чынам уратаваць сваё адзiнае дзiця...
      Увесь час яна расказвала роўна, цiха, без iнтанацый, без асаблiвых жэстаў i мiмiкi, калi не лiчыць вiнаватых усмешак. А тут вусны яе па-дзiцячы скрывiлiся i задрыжалi.
      - Два нашы афiцэры, якiя дапытвалi мяне ў сорак шостым, здзекавалiся, калi я шчыра расказала iм усё. Смяялiся, маргалi адзiн аднаму. "Сiла дзеўка! Значыцца, правёўшы падпольшчыка, вы адразу ж пайшлi суцяшаць жонку гарадскога галавы? Хiтрая казачка, але пакiньце яе для дурняў. Мы чулi казкi не такiя!"
      Няшчасны мой бацька! А я... дурная якая была! Паверыла яму нават тады, калi ён пазванiў на кватэру Цiшчанкам, пагаварыў спачатку з Алiмпiядай Паўлаўнай, а пасля папрасiў, каб я паначавала там. "У горадзе неспакойна. Недалёка ад нашага дома толькi што стралялi. Заначуй, дзiця маё. Цалую цябе, Зосечка".
      Гэта былi яго апошнiя словы. Ён не любiў залiшнiх пяшчот, сюсюкання, цалавання па тэлефоне. А тут вось так - як маленькай. I я, дурная, усё адно нi пра што не здагадалася. Я магла быць побач з iм! Магчыма, ён адстрэльваўся, калi яны ўварвалiся. I апошнюю кулю... Тата хаваў пiсталет, хаваў нават ад мяне, але я ведала, што ён ёсць. Слухайце, можа, яго застрэлiў Грот? Немца не было на пахаваннi. Усе знаёмыя былi. З гестапа былi, адусюль. Аднаго яго не было.
      - А што Сажань, Соф'я Сцяпанаўна? Правялi вы яго? - спытаў Шыковiч, каб вярнуць яе да паслядоўнасцi.
      - А як жа! Мы выйшлi на Вiшнёвы. Цёмна было. Нi агеньчыка. Замаскiравана ўсё. Я пачула, што за намi нехта iдзе. Мы пабеглi. На Клiмаўскай нас сустрэў Вася. З'явiўся як з-пад зямлi. Я сказала яму, што нехта iдзе. Ён адказаў, што гэта свае. З-пад палы блiснуў лiхтарыкам у адзiн бок вулiцы, потым у другi. Яму адказалi адтуль i адтуль. Вунь яны як ахоўвалi таго чалавека! Вася сказаў: "Ты, Зоська, герой!" - i пацалаваў мяне ў шчаку. Мне стала сорамна: яшчэ Сажань падумае што! А я таго Васю, можа, якiх пяць разоў бачыла ўсяго. Мне тады - зноў! - вельмi захацелася, каб на развiтанне ён падзякаваў мне. Смешна! Ён не сказаў звычайнага дзякуй. Ён сцiснуў маю руку i сказаў:

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28