Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Сэрца на далонi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 19)
Автор: Шамякин Иван
Жанр: Отечественная проза

 

 


      Шыковiч чакаў iх каля пад'езда. Машына яшчэ не спынiлася, а Зося ўжо здагадалася, што гэта ён.
      - Кiрыла Васiльевiч? - спытала яна ў Машы.
      - Вiдаць, правы яму аддалi - лысiна блiшчыць, што намаслены блiнец, пажартаваў Яраш. - На яго фiзiяномii - усе яго пачуццi.
      Зося вылезла з машыны i першая працягнула Шыковiчу руку.
      Ён асцярожна сцiснуў яе тонкiя, сухiя, гарачыя пальцы i доўга не выпускаў iх - разглядаў жанчыну з бесцырымоннай цiкавасцю. Яго прыемна ўразiла, што твар яе зусiм не спакутаваны, як яму ўяўлялася, крыху бледны, але бадай што прыгожы. Усё перажытае хiба што адбiлася ў вачах, вялiкiх, блакiтных, залiшне выразных, як ва ўсiх людзей пасля цяжкай хваробы, ды ў дробных зморшчынках каля куточкаў вачэй i ў адзiнай глыбокай маршчыне на высокiм белым iлбе. Зося збянтэжылася ад такога яго разглядання, апусцiла вочы, убачыла свае стаптаныя чаравiкi, пакамечанае ў бальнiчных капцёрках просценькае плацце i... засаромелася, магчыма, упершыню за многа год вось так. Да аперацыi гэта таксама здаралася рэдка. Была сарамлiвасць, але заўсёды з iншай прычыны. Бадай нiколi ад таго, што нехта разглядаў яе беднае адзенне, як i ад таго, што лекары i камiсii аглядалi i мацалi яе хворае цела. I вось - амаль дзявочая засаромленасць, хоць разглядае немалады ўжо, лысаваты чалавек. Проста апрануты: стаптаныя басаножкi, пакамечаны парусiнавы касцюм.
      Яна ўзняла вочы, усмiхнулася i спытала:
      - Аддалi вам правы?
      - О! - здзiвiўся Шыковiч. - Вам ужо расказалi? Аддалi, але замянiлi, чэрцi, талон. Аднак вiншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыццi паставiць помнiк. Праўда? - кiўнуў ён на Яраша, якi зачыняў машыну на ключ.
      Яна, Зося, i Маша адказалi яму аднолькавымi ўсмешкамi любвi да чарадзея. А сам чарадзей сярдзiта нахмурыўся:
      - Пайшлi. Ад Кiрылы Васiльевiча вы пачуеце яшчэ нямала казак.
      - Чакай, - спынiў яго Шыковiч. - Соф'ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, - ён жартаўлiва падставiў ёй локаць.
      I яна, на здзiўленне Машы, даволi грацыёзна абаперлася на яго руку i пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з iм. Па бальнiчным садзе яна так упэўнена не хадзiла яшчэ. Маша зiрнула на Антона Кузьмiча. Той кiўнуў галавой задаволена i, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: "Вось што мы здольны зрабiць з вамi".
      На пляцоўцы другога паверха Кiрыла спынiўся, дастаў з кiшэнi тонкi ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосi.
      Усе ўбачылi, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ.
      - Адчыняйце.
      Яна павярнулася i доўга не магла пацэлiць у замочную шчылiну.
      Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчынiлiся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калiдорчык, павярнула налева i спынiлася ў шырокiх дзвярах, аслепленая бляскам мэблi, эстампаў на сценах, агнём букета, зiхаценнем бутэлькi шампанскага, пералiвамi яблык, груш, вiнаграду, торта i яшчэ многага iншага, чым быў устаўлены нiзкi стол на тонкiх ножках.
      Убачыла ўсё гэта Зося, i яе зноў апанаваў страх, можа, апошнi. Яна азiрнулася i як бы паклiкала на дапамогу:
      - Антон Кузьмiч!
      Яраш прайшоў мiма яе i, нi на каго не гледзячы, сказаў збянтэжана, а таму трошкi сярдзiта:
      - Ну, ну... без усяго... без здзiўлення. Пасля, пасля... Усё гэта ваша. Жывiце. А мы зараз вып'ем за ваша здароўе... За наваселле, Маша! - Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкi, яны меладычна зазвiнелi. Падняў бутэльку з шампанскiм.
      - Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць! - Шыковiч любiў эфекты.
      Яны, усе трое, замiтусiлiся каля стала, на нейкi мiг, вiдаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая i аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступiла ўперад, сапраўды як сляпая, выставiўшы перад сабой рукi. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукi на шырокiя грудзi яго, зазiрнула знiзу ў вочы i раптам прытулiлася тварам да сэрца яго i... бязгучна зарыдала. Ён зусiм збянтэжыўся. Не ведаў, што рабiць. Шырока расставiў рукi, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялiкай разгубленасцi паўтараў:
      - Не трэба... Не трэба... Што вы... Калi ласка... Зося... Соф'я Сцяпанаўна!..
      Маша ўмiг злётала на кухню i вярнулася са шклянкай вады. Але Шыковiч кiўнуў ёй: "Не трэба. Не чапайце", - i асцярожна забраў ад Яраша бутэльку з шампанскiм.
      22
      Машы падабалася гэтая гульня - сустракацца па чарзе то з адным, то з другiм. Яе калегi, напэўна, вельмi здзiвiлiся б, каб даведалiся, што яна, Маша Лiтвiн, сур'ёзная, разважлiвая, акуратная, сумленная i не такая юная ўжо дваццаць тры гады, - здольная на гэткiя жарты. Ды i не такая красуня, каб так млелi хлопцы. Сама яна таксама лiчыла сябе непрыгожай, пакутавала ад гэтага, старалася ўпрыгожыць сябе моднымi плаццямi i прычоскамi, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць "векавухай" (так у iх вёсцы называюць старых дзевак). Ды раптам гэтыя хлопцы, кожны па-свойму, адкрылi яе прыгажосць, адкрылi для сябе, а самае галоўнае - для яе самой. Яна асаблiва адчула гэта на канцэрце i пасля належным чынам асэнсавала. Канцэрт, праўда, выклiкаў цэлую гаму пачуццяў, самых супярэчлiвых, але ўсё-такi найважнейшым для яе было адкрыццё: яна можа падабацца. Гэта акрылiла яе. Яна была ўдзячна i Славiку, i Тарасу. Яны былi розныя, вельмi непадобныя, але шмат у чым дапаўнялi адзiн аднаго. Каб сплавiць iх характары, рысы i звычкi ў адно, то вельмi можа быць, што ў такога хлопца яна закахалася б адразу, такi наблiжаўся б да яе iдэалу.
      Тарас ёй здаўся спачатку сумным. Нават у кампанii сваiх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзiр, трымаўся неяк збоку, тон задавалi смяшлiвы Косця i не вельмi гаманкi, але надзвычай дасцiпны Генрых. Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькi ён глыбейшы i разумнейшы за Славiка, як многа ведае - так многа, што ёй зрабiлася боязна. Ён расказваў сур'ёзна, але цiкава. Ён да ўсяго ставiўся з цяжкаватай сур'ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька, якi ўмеў павесялiцца i пажартаваць. А Славiк, наадварот, падабаўся ёй за несур'ёзнасць, за лёгкасць, бесклапотнасць. I за iронiю.
      З усяго ён смяяўся. Разыдзецца - не дае лiтасцi нiкому: нi бацьку, нi сястры, нi сябрам, нi нават сабе. Праўда, да адных, як да Ходаса, iронiя злосная, да другiх - бяскрыўдна-паблажлiвая. Адну мацi, прыкмецiла Маша, ён нiколi не чапаў. Можа, таму Маша i даравала яму гэтыя насмешкi з усiх, нават з Яраша.
      З Тарасам было цiкава, са Славiкам - весела.
      На трэцiм цi чацвёртым спатканнi Тарас нарэшце пацалаваў яе, i яна не запярэчыла, не адштурхнула, як Славiка; яна з цiкавасцю чакала ўсе вечары калi ж ён адважыцца?
      Славiк зрываў пацалункi, як крадзеныя яблыкi. Знянацку. Яна не дазваляла. Яна вырывалася, давала яму лёгкiя аплявухi. Ён падстаўляў шчокi i казаў:
      - Бi, бi... Але май на ўвазе, я лiчу, за кожную аплявуху - сто пацалункаў. Ты не расплацiшся.
      Ён аднойчы напомнiў, што прасiў яе аб адной ласцы - пацалаваць край яе плацця. Яна засмяялася:
      - Пацалуй.
      Ён тут жа на вулiцы (добра, што час быў познi) укленчыў на тратуары, абняў яе ногi i... пацалаваў калена. Такой дзёрзкасцi Маша не чакала. Узлавалася, пайшла дадому. Клала слухаўку, калi ён назаўтра, напаслязаўтра, штодня званiў у бальнiцу.
      Славiк засумаваў. Яму ўсё абрыдла: пiжонiстыя сябры, модныя дзяўчаткi, лiпсi, пласцiнкi з мексiканскiмi песнямi, "Паплавок". Яму хораша было толькi з Машай. Таму ён надумаў падпiльнаваць яе. Зрабiў засаду на цiхай вулiцы, дзе яна жыла. Дачакаўся, калi, ужо добрым прыцемкам, яна выйшла з дому. Пайшоў назiркам. На суседняй такой жа цiхай вулiцы з прысадамi лiп Маша сустрэлася з хлопцам. Не, не проста сустрэлася. Яны пацалавалiся ў цянi старога каштана. Як малаткi застукалi Славiку ў скронi. Здрада! Чорная здрада! Ён сцiснуў кулакi, гатовы кiнуцца на сапернiка. Але аслупянеў, калi па голасу пазнаў Тараса. Гэта не было абурэнне, не было, бадай, i здзiўленне. Пачуцця свайго ён нiкому не мог бы пасля расказаць. Гэта - як удар моцнага электраразраду: нiякiх адчуванняў - i шок.
      Схамянуўся Славiк толькi тады, калi пачуў, што яны iдуць на яго. Стала чамусьцi страшэнна боязна сустрэцца з iмi, ён кiнуўся ўцякаць. Павярнуў у нейкi завулак, выйшаў на другую вулiцу... А калi прыйшла злосць i прага помсты, ён вярнуўся назад, але не знайшоў iх. Згараючы ад рэўнасцi i крыўды, падумаў, што яна павяла яго да сябе. Кiнуўся да яе дома, загрукаў кулакамi ў зачыненыя аканiцы. Выйшаў гаспадар з добрым кiем у руцэ.
      - Паклiчце Машу.
      Гаспадар глядзеў на яго як на п'янага. Цярплiва i лагодна растлумачыў, што яе няма дома - пайшла ў кiно. Славiк не паверыў, хацеў праскочыць у фортку. Гаспадар паказаў кiй.
      Цэлую ноч ён блукаў па вулiцах. Пад ранiцу заснуў на лаўцы прывакзальнага сквера. Адтуль з'явiўся на завод у сваiм вячэрнiм модным гарнiтуры. Рабочыя ў прахадной скептычна азiралi яго. Тарас сустрэў у цэхавай раздзявалцы, здзiвiўся:
      - Ты дзе гэта быў, што не паспеў пераадзецца?
      - Дзе? - Славiк утаропiўся на яго сваiмi чырвонымi ад бяссоння вачамi.
      Тарас усмiхаўся.
      "Усмiхаешся? Радуешся? Чакай жа! Я табе пакажу радасць! Святымi прыкiдвалiся, гады! Дэмагогiю разводзiлi аб новай маралi!"
      Яго апанавала халодная разважлiвасць у пошуках помсты. Хацелася прыдумаць нешта такое, каб развалiць iх брыгаду, скампраметаваць Тараса i наогул нарабiць груку на ўвесь горад. Але разам з тым яму было ўсё-такi шкада пакiдаць завод. Гэта яго стрымлiвала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабiць вялiкага шуму. Проста нахулiганiць - пасадзяць. Садзiцца яму больш зусiм не хацелася. Праўда, ён зноў лез пад кран. Зноў пасварыўся з Нiнай. Запусцiў ключом у Косцю, якi паспрабаваў быў пакпiць з яго настрою. Мацюкнуў Галыгу, калi той мацюкнуў яго. Гэта такi нарабiла шуму. Начальнiк змены лаяў усiх. Але каб яго, ды яшчэ вучань!.. Пабялеў, затупаў нагамi:
      - Шчанюк! Малюска! Выганю! Сёння ж разлiчу.
      Тарас i хлопцы абаранiлi Славiка. Яны асцерагалi яго, як скулу. Пакуль ён сустракаўся з Машай, яго нельга было пазнаць: уважлiвы, старанны, дасцiпна-вясёлы. Хлопцы радавалiся: становiцца чалавекам. I раптам за адну ноч змянiўся, што яго нельга пазнаць, у другi бок, назад.
      Хлопцы мусiлi пагадзiцца з Косцевай думкай, што яны слаба ўплываюць на яго. Толькi на заводзе ды ў тыя вечары, калi iм удаецца ўтрымаць яго ў сваёй кампанii. А што ён робiць, калi застаецца адзiн? З кiм сустракаецца? З кiм сябруе?
      Яны выпрацавалi цэлы план актыўнай разведкi, размеркавалi ролi i абавязкi. Была якраз субота, кароткi рабочы дзень.
      - Што ты думаеш рабiць сёння? - спытаў у Славiка Косця.
      Ён паблытаў iм карты.
      - Паеду на дачу. Нашы едуць. Паблукаю па лесе. Можа, апошнiя цёплыя днi. -I раптам да Тараса: - Паедзем разам! - За дзень ён не мог прыдумаць нiякай помсты. А тут у яго нечакана блiснула думка.
      Тарас успомнiў, што Галiна Адамаўна неяк упiкнула, што ён пачаў забывацца на сям'ю. Ды i Косця маргаў: згаджайся!
      * * *
      - Асцярожна ж, хлопчыкi, - ласкава сказала Валянцiна Андрэеўна, калi яны выйшлi з дачы, абодва са стрэльбамi на плячах. Мацi радавалася, што Славiк пасябраваў з Тарасам, з рабочымi хлопцамi i, здаецца, бярэцца за розум. Цяпер яна згаджалася з мужам, што трэба было адразу ўладкаваць хлопца на завод.
      Валянцiна Андрэеўна доўга з замiлаваннем глядзела iм услед.
      Яны выйшлi на луг. Быў цiхi, але па-вераснёўску бадзёры ўжо адвячорак. На небе ляжалi пашматаныя воблакi, нiзкiя, высокiя, перыстыя i дажджавыя. Быццам нейкая цэнтрабежная сiла разагнала iх у бакi, да небасхiлу: у зенiце ясна, а з бакоў блакiт закрылi дагiстарычныя кашлатыя звяры, знясiленыя ветразi, што павiслi пасля буры. Сонца засланiў вялiзны аднагорбы вярблюд. Але праменнi прабiлiся паверх горба i пазалацiлi воблака-крыло.
      Ад лугавых узгоркаў, выпаленых сонцам да попельнага колеру, дыхала сумным настроем восенi. Цешыла вока атава ў лашчынах, але i яе колер мала нагадваў колеры вясны: нiводнай краскi, адна цёмная, як зацвiлая вада балота, зялёнасць. На адным з узгоркаў стаяла маладая асiнка, амаль уся ўжо чырвоная. Яны прайшлi мiма. Тарас пагладзiў асiнку рукой i засмяяўся - золатам сваiх лiсцяў яна нагадала яму Машу. Славiк зiрнуў на асiнку i, напэўна, усё зразумеў.
      "Смяешся, гад? Радуешся? Хутка ты ў мяне заплачаш". Ён выплюнуў недакурак цыгарэты i запалiў новую. Ён палiў усю дарогу. Гэтае яго глытанне цыгарэт, маўклiвасць i асаблiва тое, што ад яго патыхала каньяком, не падабалiся Тарасу, насцярожвалi яго.
      "Ну i характар! Не ведаеш, што ён выкiне праз хвiлiну. То ў яго славесны панос, то маўчыць як анямелы".
      Яны наблiзiлiся да густога зараснiку высокай лазы. За гэтай лазой невялiкая старыца, на якой любяць начаваць качкi.
      Раптам Славiк спынiўся, павярнуўся да Тараса, якi iшоў крыху ззаду. Абразлiва плюнуў мiма яго недакурак. Зняў з пляча стрэльбу, паставiў прыкладам на пясок сцежкi. Вочы яго гнеўна блiснулi i тут жа пацямнелi.
      - Адзiн з нас сёння павiнен памерцi! - сказаў ён злосна i сур'ёзна.
      Тарас, хоць i адчуваў нешта нядобрае, усмiхнуўся, як бы зацiкаўлены гульнёй.
      - Умова: разыходзiмся i сыходзiмся ў лазняку. Хто ўбачыць першы... выпадковы стрэл... Няшчасны выпадак... Больш двух год не дадуць... Не бойся!
      Каб не блiскалi так вочы, не перасмыкалiся вусны i пальцы лiхаманкава не гралi па гранёных ствалах дубальтоўкi, то гэта можна было б палiчыць за чарговы Славiкаў жарт, няхай недарэчны, дзiцячы, але жарт. А так - Тарас узлаваўся.
      - Для такой гульнi ты папрасiў бы Вiцю. I не стрэльбы трэба вам - кii. А я перарос. Ды i табе час...
      - Ты - гад! - закрычаў Славiк, пырскаючы слiнай. - Ты... Ты... Ты падлюга! Я ненавiджу цябе!
      - Завошта?
      - Завошта?! Яна мая дзяўчына. Я першы пазнаёмiўся!.. Я першы!..
      - Цiў, - свiснуў Тарас. - Чакай, ты пра каго гэта?
      - Хадзем, а то я цябе прыкончу на месцы! - шалеў Славiк.
      Тарас нарэшце ўсё зразумеў. Маша неяк прызналася, што яна сустракалася са Славiкам. Не сказала толькi, што страчаецца па чарзе з iмi. Ён не прыдаў гэтаму значэння. Мала хто з кiм раней сустракаўся! Аж вунь яно як павярнулася! Аднак што гэта за метад вырашаць такiя пытаннi? Скажы, калi ласка, якi сярэдневяковы рыцар!
      - Дурань! Яна што, твая прыватная ўласнасць? Ты прысвоiў яе? Iдыёт! У яе свая галава на плячах. I не такая пустая, як твая. Яна сама можа выбраць, з кiм ёй страчацца. Пайшоў ты! - Тарас моцна вылаяўся, павярнуўся i, паправiўшы на плячы стрэльбу, шпарка закрочыў назад.
      У душы Славiк узрадаваўся, што Тарас адмовiўся ад "каўбойскай дуэлi". Ён, безумоўна, быў упэўнены, што Тарас адмовiцца, калi яму яшчэ там, на заводзе, ускочыла ў галаву гэтая вар'яцкая думка. Але калi iшлi па лузе, спалохаўся: а раптам згодзiцца? Страляе ён лепш i ростам вышэйшы.
      Адмовiўся, спалохаўся, уцякае - гэта, бадай, ужо яго, Славiкава, перамога. Няхай паспрабуе цяпер расказаць пра ўсё на камсамольскiм сходзе цi дзе хоча як з яго можна пасмяяцца! А па якiх матывах ён выганiць яго з брыгады?
      Аднак гэтага мала, трэба замацаваць перамогу. Тым больш што злосць не астыла, кiпела.
      - Стой! Буду страляць! - Славiк ускiнуў стрэльбу i выпалiў угору.
      Тарас уздрыгнуў. Ён iшоў з незараджанай, а гэты тып, выходзiць, зарадзiў яшчэ дома.
      "Ад такога вар'ята ўсяго можна чакаць". Ён спынiўся, павярнуўся:
      - Страляй!
      Славiк з узнятай стрэльбай пасунуўся на яго:
      - Хто цябе будзе страляць! Каб прасмярдзеў увесь луг. У цябе ж поўныя штаны ўжо. Дрыжыш? Збялеў?
      Сапраўды, Тарас пабляднеў i дрыжаў. Ён быў з тых, каго ўвесцi ў такi гнеў, калi чалавек губляе ўладу над самiм сабой, амаль немагчыма. Але няхай сцеражэцца той, хто ставiць сабе такую мэту! А неразумнаму Славiку, вiдаць, здалося, што ён i напраўду ўтаптаў свайго сапернiка ў гразь - спалохаў, зняважыў, збэсцiў. Што яму яшчэ дадаць? I ён з усяго размаху даў Тарасу кулаком у скiвiцу. Той трохi пахiснуўся, адступiў на крок убок, шырэй расставiў ногi. Крыва ўсмiхнуўся:
      - Хiба так б'юць?
      Здаецца, амаль не замахваўся, а Славiк адляцеў крокаў за пяць, пляснуўся патылiцай на калючую сухую траву. Стрэльба вывалiлася з рук.
      Падхапiўся i пеўнем кiнуўся на Тараса. Той даў яму ўдарыць сябе. А потым зноў як бы i не моцным ударам спрактыкаванага баксёра адкiнуў яго яшчэ далей. Славiк завыў ад шаленства i не падхапiўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кiнуўся наперарэз. Падняў Славiка, убачыў, як заплывае ў яго падбiтае вока. Спытаў:
      - Хопiць цi яшчэ?
      Славiк да крывi пракусiў яму руку. Тарас за гэта аддзячыў яго дзвюма лёгкiмi аплявухамi, без удару ўжо адкiнуў у лазняк. Схапiў яго стрэльбу i адбег, схаваўся ў кустах. Славiк не кiнуўся шукаць яго. Сядзеў у лазе, закрыўшы далоняй падбiтае вока, i цiха скуголiў - ад злосцi, крыўды i болю...
      Валянцiна Андрэеўна жахнулася, убачыўшы Тараса з дзвюма стрэльбамi.
      - А Славiк? - кiнулася яна насустрач.
      - Ляжыць там.
      - Як ляжыць?
      - Я набiў яму морду. Не ўмее абыходзiцца са стрэльбай. Ледзь не падстрэлiў мяне.
      Мацi глыбока ўдыхнула халоднае вячэрняе паветра i тады толькi пачула, што сэрца няроўнымi штуршкамi пагнала гарачую кроў у пахаладзелыя ногi.
      - Што ў вас здарылася там? Тарас!
      - Нiчога. Ён раскажа, - адмахнуўся Тарас, перадаўшы Валянцiне Андрэеўне стрэльбу.
      Але размову пачула Наташа. Ускочыла ў пакой, паведамiла бацьку i мацi з захапленнем:
      - Тарас набiў Славiку морду.
      - Што ты вярзеш? - абурылася Галiна Адамаўна.
      Малая сустрэла брата на парозе, павiсла на шыi:
      - Тарасок, раскажы, як ты вучыў яго страляць.
      - Каго?
      - Каго! Славiка!
      Тарас анямеў: цi не сачыла за iмi Наташа? Гэтая праныра прасiлася на паляванне. Вось яшчэ не хапала такой сведкi!
      - Божа мой! - пляснула далонямi Галiна Адамаўна. - Ды ў цябе распухла шчака. Што здарылася?
      Падняўся з качалкi Антон Кузьмiч, падышоў, павярнуў сына да акна, лёгка свiснуў - здзiвiўся.
      - Нiчога, сiлу мае. Балiць? У панядзелак зробiм здымак, каб трэшчыны не было.
      Бацька нiчога не распытваў, як заўсёды. Ён чакаў, спадзяваўся, што сын раскажа сам.
      Тарасу зрабiлася раптам страшэнна брыдка на душы i сорамна, быццам гэта ён зрабiў нешта вельмi ганебнае. Каб можна было нiкому не расказваць, забыцца i нават не ўспамiнаць! Але нельга. Ён не ўмее зманiць бацьку. Можна, праўда, змаўчаць. Але сiтуацыя такая, што гэта, напэўна, выклiча падазронасць. Не трэба, каб з'яўлялася падазронасць! Яны сябры. Нарэшце, толькi ён, Яраш, можа парадзiць, як яму паводзiць сябе далей з гэтым няшчасным шалапутам.
      - Хадзем, тата, пагуляем. Я маю табе нешта расказаць.
      - Ах, сакрэцiкi? - закрычала абураная Наташка. - Ну i хадзiце! Ну i гуляйце! Зазнавакi вы! Я таксама маю сакрэт, у сто разоў цiкавейшы за ваш, i нiколi вам не раскажу. - Яна ледзь не плакала ад незадаволенай цiкаўнасцi.
      - Не лезь, Натка, у мужчынскiя размовы.
      - Падумаеш, мужчыны!
      Яраш некалькi разоў свiснуў, адзiн раз засмяяўся. Больш за ўсё яго ўразiла i здзiвiла Маша. Вось дык рамантычна-задумлiвая цiхоня! Ён вiнаваты, што запрасiў яе сюды, пазнаёмiў хлопцаў. Недарэмна казалi ў старажытнасцi, калi здаралася бяда - вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны!
      Потым яны абодва колькi хвiлiн маўчалi. Зайшло сонца. Па-асенняму хутка згусцiўся змрок. Пад соснамi стала амаль ужо цёмна.
      Яны думалi ў лясной цiшынi. Антона Кузьмiча кранула сынава даверлiвасць.
      - Ты кахаеш яе?
      - Яна падабаецца мне.
      - Яна доўга сустракалася з iм?
      - Не ведаю. Яна сказала, што сустракалася, а цi многа разоў - я не распытваў.
      - Яму таксама яна сказала?
      - Наўрад.
      - Ты моцна пабiў яго?
      - Не. Нармальна.
      - Ведаю я тваё "нармальна"! Нельга было без мардабою?
      - Я не талстовец. Ён ударыў першы.
      - Трэба расказаць Валянцiне Андрэеўне.
      - Навошта?
      - Ты ж расказаў мне. I ўсё стала на месца. А ён не здагадаецца зрабiць гэта...
      Валянцiна Андрэеўна, не даслухаўшы, занепакоiлася. Мацi ёсць мацi. Славiк здаўся ёй маленькi, бездапаможны, збiты да паўсмерцi дарослым i дужым хлопцам. У яе з'явiлася нядобрае пачуццё да Тараса, хоць сваiм цвярозым розумам яна добра ўсведамляла, што больш разумна, як зрабiў Тарас, зрабiць нельга - у руках у iх была смерць.
      Яны ўтраiх шукалi Славiка на лузе. Мацi гукала. Адгукалася рэха.
      Нiзiны зацягвала туманам.
      Халадала.
      Матчына трывога расла. Яраш супакойваў жанчыну:
      - Упэўнены, Валя, што ён драпануў у горад. Яму сорамна паказвацца на вочы. Давайце паедзем - i ён будзе дома.
      Яна папрасiла:
      - Антон, не расказвай Кiрылу. Баюся, ён не зразумее.
      Недарэчна, што чалавек, якi павiнен разумець усе рухi чалавечай душы, раптам не зразумее ўласнага сына. Ён, Яраш, усiх разумее.
      Шыковiч сядзеў дома, чытаў новы раман свайго сталiчнага сябра.
      Яраш сказаў, што забыўся зрабiць важнае назначэнне цяжкаму пасляаперацыйнаму хвораму.
      - Што ты забыўся - гэта, мабыць, хлусiш, ты нiколi нiчога не забываеш. Тут вось, - Кiрыла ляпнуў па часопiсе, - адзiн разумны герой кажа: найлепшаму сябру не давярай дзвюх рэчаў - машыны i жонкi.
      - Не вельмi разумны твой герой.
      - А я табе давяраю дужа часта i машыну i жонку.
      - Валя паедзе са мной, мiж iншым.
      - А яна што там забылася?
      - Не бойся, едзе i Галiна. Няхай пракатаюцца.
      - Цiснiце на ўсе педалi. Не будзеце хоць перашкаджаць.
      Антон Кузьмiч не мог не ўзяць жонкi, бо добра ведаў, што спакойнай Галiна не будзе, ведаючы, што ён паехаў у ноч з жанчынай, хоць гэтая жанчына i Валянцiна Андрэеўна, жонка сябра, мацi дарослых дзяцей.
      * * *
      Валянцiна Андрэеўна супакоiлася толькi каля дома, калi ўбачыла, што вокны кватэры асветлены.
      У яе быў свой ключ. Яна ўвайшла непрыкметна. Заглянула праз шкляныя дзверы ў пакой. Славiк ляжаў на канапе без сарочкi, мокры ручнiк закрываў левае вока i шчаку. На падлозе стаяла раскаркаваная бутэлька дарагога каньяку. Быў уключаны прыёмнiк. Далёкая спявачка даволi прыемным меца-сапрана спявала на чужой мове сумную песню.
      Славiк ствараў сабе настрой. Яму хацелася, каб была роспач, душэўная дэпрэсiя, каб зрабiўся ненавiсным увесь свет. Але такi настрой не прыходзiў. Была, праўда, злосць, заставаўся боль. Але недзе ў мазгавых глыбiнях цяплiлася думка, што ўсё скончылася для яго не так ужо дрэнна. Жыла недзе побач са злосцю ранейшая павага да Тараса. Разам з тым яму хацелася пераканаць сябе, што ён завёў брыгадзiра ў больш няёмкае становiшча, чым апынуўся сам. "Няхай паспрабуе растлумачыць мой нявыхад на работу".
      Але тут жа зноў закiпала злосць i на Тараса i на Машу. Зноў пачыналася напружаная работа разгарачанага мозгу: як адпомсцiць iм? Потым з'явiлася думка, што ўчынак яго наiўны (больш за ўсё ён баяўся наiўнасцi i сентыментальнасцi), i сэрца пачалi апякаць дробныя i непрыемныя iскры сораму. Гэта, бадай, было самае пакутлiвае пачуццё. Ён тушыў гэтыя iскры маленькiмi глыткамi каньяку.
      Не расплюшчваючы вачэй, ён працягнуў руку па бутэльку... I раптам адчуў, што хтосьцi забраў бутэльку з-пад яго рукi. Ён падхапiўся з прымхлiвым страхам.
      Каля канапы стаяла мацi.
      - Мама?! - i зноў упаў на падушку.
      Валянцiна Андрэеўна паставiла бутэльку на стол. Падсунула крэсла, села побач, як каля хворага. Паглядзела ў яго здаровае вока. Моўчкi адгарнула ручнiк, разглядзела сiняк.
      - Не глядзi так, мама, - папрасiў Славiк.
      - Божа мой! Якi ты малы яшчэ i дурны. Калi ты ў мяне паразумнееш?
      Малы задзiра, ён крычаў не так даўно ў адказ на папрокi мацi: "А чаго яны самi лезуць?" Цяпер ён крыкнуў амаль гэтак жа:
      - А чаму яны не даюць мне жыцця?
      - Хто табе не дае жыцця?
      - Усе!
      - Хто "ўсе"? Усе жадаюць табе дабра. Усе хочуць, каб ты стаў чалавекам.
      - I б'юць па мордзе?
      - А ты хацеў, каб стралялi? Дурань! Скажы дзякуй. - Яна паднялася ў злосцi i пайшла на кухню, захапiўшы каньяк.
      Славiк зразумеў, што мацi ўсё ведае. Тарас расказаў. Гэта страшэнна ўразiла: выходзiць, Тарас мог адразу проста так вось пра ўсё расказаць. Можа, смяяўся нават? Смяялiся ўсе разам: Яраш, бацька, мацi, малая Наташка... Дуэль здалася цяпер да дзiкасцi наiўнай. Сорам пекануў жаркiм полымем. Славiк закрыў увесь твар мокрым ручнiком.
      23
      Шыковiч не любiў восенi. Увосень яму дрэнна працавалася. Нават улетку лепш. Дзiўна! Большасць пiсьменнiкаў мiнулага пiсалi ў сваiх успамiнах, што найлепшы творчы перыяд - асеннiя месяцы.
      Раней Кiрыла тлумачыў гэта тым, што дзецi, пачаўшы вучобу, жонка - работу ў школе, заўсёды месяц-два пасля канiкул былi неарганiзаваныя, шумныя, завальвалi ўсе сталы падручнiкамi i сшыткамi, займалi лепшыя рабочыя гадзiны падрыхтоўкай урокаў i выцяснялi яго, выбiвалi з "творчай каляiны". Усё жыццё ён пакутаваў ад кватэрнай цеснаты i марыў пра цiшыню.
      I вось наладзiў яе, цiшыню: застаўся на дачы адзiн. Навокал - нi душы. А дзень асеннi, неба зацягнула нiзкiмi i цяжкiмi хмарамi з самай ранiцы. Пайшоў дождж, дробны, спорны, але цёплы яшчэ, - грыбны, кажуць у народзе. Дождж шамацеў у не кранутых яшчэ агнём восенi лiсцях дубоў, сыпаўся, як пясок, па шыферным даху. Гэта быў адзiны шум, якi парушаў цiшыню.
      Кiрыла смажыў сабе на керагазе яешню, варыў густую чорную каву i радаваўся дажджу i цiшынi. Думаў, з якой асалодай i натхненнем ён папрацуе. Iрваўся да стала. Ён пiсаў пра арганiзацыю падполля, першы гарком, непахiснага i мужнага Дубецкага, пра групы Ганчарова, Мурыгiна, пра Яраша - пра ўсiх тых, хто першы пачаў змагацца i пра дзейнасць каго была поўная яснасць i для яго i для тых, хто будзе бласлаўляць кнiгу ў свет. Ён пакуль што абыходзiў "белыя плямы". Iх нямала, найбольшая - група iнфекцыйнай бальнiцы, якую пакуль што нiхто не прызнае. Артыкул яго не друкуюць. А новыя дакументальныя доказы не знаходзяцца. Гэта яго злавала i перашкаджала паслядоўнаму разгортванню падзей у аповесцi. Але ў апошнiя днi ён знайшоў такi кампазiцыйны ход, якi дазваляў гiсторыю Савiча i ўсёй бальнiчнай групы напiсаць i ўставiць пасля. Работа зрушылася з месца.
      Ён iрваўся да стала. А сеў - i раптам адчуў, што не можа пiсаць. Магчыма, залiшне многа цiшынi i адзiноцтва. Нязвыкла. А галоўнае - многа думак. Яны, як марскiя хвалi, набягаюць адна на адну, разбiваюцца аб бераг яго iмкнення засяродзiцца на адным, i ў вынiку застаецца адна пена ды выпадковыя непатрэбныя для працы рэчы - шматкi ад самых розных успамiнаў.
      Прыгадаўся ўчарашнi партыйны сход у рэдакцыi. Новая вылазка Рагойшы. Ён раптам пад канец, калi быў вычарпаны парадак дня, узняў пытанне аб iдэйных пазiцыях Шыковiча. Чаму не пайшлi яго абодва артыкулы - пра Савiча i пра калгас у Загаллi?
      "Пра што пiша Шыковiч? Народ абмяркоўвае Праграму пабудовы камунiзму, а Шыковiч у гэты час - глядзiце! - як паказвае калгас, як выказваецца аб працаднi, аб культуры сяла. Праз якiя акуляры ён глядзеў на свет - во што мы павiнны спытаць у камунiста Шыковiча".
      Рагойшу не падтрымалi: артыкулы не апублiкаваны, няма пра што гаварыць! Кiрыла паставiўся там, на сходзе, да гэтага чарговага наскоку Рагойшы з iронiяй, ведаючы, як шалее той ад яго спакою. А сёння яго апанавала злосць.
      "Не, чорт вазьмi, я даб'юся, што артыкулы будуць апублiкаваны! I адзiн, i другi. Бо гэта якраз пра тое, пра што запiсана ў Праграме. У абком пайду. У ЦК пашлю. Не можа лiчыцца лепшым такi калгас, як у Загаллi. I такi старшыня, як Грак! Ды i такi журналiст, як ты, доўбня!"
      Узрушаны, ён пачаў хадзiць па пакоi мансарды. Адна маснiца скрыпела, i гэта яшчэ больш раздражняла i злавала. Ён бязлiтасна разносiў сваiх працiўнiкаў. Рагойшу знiшчыў адразу, лёгка. Ударыў па Тукалу - дурняў трэба бiць. Дурняў! А хто Гукан? Ён быў замахнуўся i на яго, але рука павiсла. Не, гэта не дурань. Але хто? Успомнiў, як дзён колькi пазванiў яму. З выдавецтва прыслалi прапанову перавыдаць кнiжку Гукана, але прасiлi зрабiць некаторыя папраўкi. Шыковiч узлаваўся: у выдавецтве лiчаць, што папраўкi павiнен рабiць ён, "лiтаратурны пiсар". Не, даволi! Не трэба яму лёгкi ганарар! Ды, нарэшце, нiякiя папраўкi не палепшаць кнiжкi, прасякнутай духам культу асобы.
      Ён сказаў Гукану па тэлефоне:
      "Я пiшу ў выдавецтва: кнiга патрабуе карэннай перапрацоўкi, а таму аб перавыданнi яе ў наступным годзе не можа быць i размовы. Згодны, Сямён Парфёныч?"
      Гукан доўга не адказваў, але ў трубцы было чуваць яго цяжкае дыханне. Нарэшце ён сказаў далёкiм асiплым голасам:
      "Я вас прашу зайсцi да мяне. Нам трэба пагутарыць".
      Шыковiч не пайшоў: "Трэба табе - прыйдзi сам".
      Цяпер ён думаў, што яму варта ўсё-такi пайсцi i выклiкаць Гукана на шчырую размову. Але ён адчуваў, што пасля пiсьма, якое паказаў яму Тарасаў, i асаблiва пасля гiсторыi з кватэрай для Зосi яму цяжка будзе гаварыць з гэтым чалавекам. Ён адчуваў да Гукана не толькi непрыязь, нешта большае. Аднак даследчык у любых умовах павiнен заставацца аб'ектыўным, як добры следчы. Возьмуць пачуццi ўладу над розумам - да iсцiны не дакапаешся.
      "Трэба схадзiць, - вырашыў ён, стоячы каля зашклёных дзвярэй, што вялi на маленькi балкончык мансарды. Па жоўтай нахiленай падлозе балкончыка кацiлiся слёзы дажджу. Прастор лугу, старыца, лазнякi танулi ў дажджавой iмгле. - Не, спачатку трэба ўсё распытаць у Зосi. Чортаў Яраш! Як ён асцерагае яе!"
      Потым ён думаў пра жончыну скаргу: Iра закахана ў Тараса, а ён сустракаецца з гэтай рудой сястрой. Валя гаварыла пра Машу не надта прыязна, а ён, Кiрыла, падумаў i тады i думае цяпер, што Тарас зрабiў правiльны выбар. Каб выбiраў ён, Кiрыла Шыковiч, то таксама выбраў бы Машу. Ён не сказаў гэтага жонцы. А цяпер адчуў некаторую вiну перад уласнай дачкой за такiя думкi. Ён паспрабаваў адагнаць усе гэтыя думкi, прымусiць сябе працаваць.
      "Я вазьму цябе, Кiрыла, за каўнер i пасаджу за стол. Ты проста гультай. Ты дзiкi гультай, якiх павiнны выганяць з таго грамадства, якое мы пабудуем, бязлiтасна дакараў ён сябе i тут жа чапляўся да сваiх слоў: - А куды ты яго выганiш? Выганi прэч самога сябе. На дождж яго, сабачага сына!" I ён выйшаў пад дождж, стаяў, пакуль не намоклi валасы i струменьчыкi не пацяклi па твары, па шыi за каўнер курткi.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28