Сэрца на далонi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 17)
Автор:
|
Шамякин Иван |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(838 Кб)
- Скачать в формате fb2
(349 Кб)
- Скачать в формате doc
(360 Кб)
- Скачать в формате txt
(346 Кб)
- Скачать в формате html
(350 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28
|
|
- Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевiч! Тут галоўнае - метад. Пры такiм метадзе пошукаў любы фашысцкi паслугач можа цяпер аб'явiць сябе падпольным дзеячам... - А хто тут аб'яўляе? - паклаў на артыкул рукi Тарасаў. - Ды хаця б баба гэтая... - Сухадол? - голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткi. - Дзе ж яна служыла? У заразнай бальнiцы?! - I рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запалiў i сказаў прымiрэнча: - Не гарачыся, Сямён Парфёнавiч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыi, якая таксама нямала шкоды нарабiла. Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёмiўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомнiць прозвiшчы i абставiны. "Ясна, Шыковiч узгадняў з iм. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымлiваць яго. З iм не дамовiшся. Трэба iсцi ў абком". - Ты пачытай уважлiва. Як ён будуе артыкул. Робiць надзьмутую позу аб'ектыўнага шукальнiка. А па сутнасцi, рэвiзуе рашэннi гаркома аб падполлi. - Сур'ёзна? - зноў як бы здзiвiўся Тарасаў. - Ну, гэта мы паправiм. "Паправiм? Няўжо ён збiраецца друкаваць?" - Ты што, лiчыш, што гэтую муру можна друкаваць? Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла блiжэй да Гукана, каб не было так афiцыйна, убок выпусцiў дым i, пранiклiва зазiраючы ў глыбокiя чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску iнтымна, каб выклiкаць на шчырасць: - А што цябе, Сямён Парфёнавiч, так усхвалявала? Жаданне Шыковiча рэабiлiтаваць Савiча? А калi ён сапраўды патрыёт?! - Сяргей Сяргеевiч, ты далёкi ад нашых партызанскiх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якiх мы вялi барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднiкi. Нарэшце, такiя зайцы, якiя баялiся вушамi паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на вiду ўсё: хто герой, хто баязлiвец. А вось тут, у горадзе... Я семнаццаць год разбiраюся з гэтымi справамi... "Нiчога ты не разбiраешся. Напiсаў за цябе IIIыковiч кнiгу, i ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную iсцiну", - падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай: - Памруць гiсторыкi, Сямён Парфёнавiч, калi ты захопiш манаполiю на ўсе даследаваннi. Гукан зразумеў iронiю сакратара, i яна моцна апякла яго. Ён ажно адхiснуўся. Але зрабiў выгляд, што адвалiўся на спiнку крэсла, прыгладзiў рэдкiя валасы, адпарыраваў амаль весела: - Ну, з Шыковiча гiсторык, як з мяне... паэт. Тарасаў патушыў у попельнiцы папяросу i адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнiкi захацелi разгледзець адзiн аднаго з пэўнай адлегласцi. - А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамi. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволi. А вось мыслiць паэтычна, шырока i вобразна... - Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, i ён падняўся да акна з намерам трохi пафiласофстваваць. Але Гукан зiрнуў на гадзiннiк i таксама падняўся: - У мяне сустрэча з архiтэктарамi. Не хочаш папрысутнiчаць? Архiтэктура блiзкая да паэзii. - Не, дзякую. Ты ж казаў, вы самi не разабралiся яшчэ. Не буду перашкаджаць вам спакойна разбiрацца. - Дык што з гэтым? - зняважлiва кiўнуў Гукан на стол, дзе ляжаў артыкул. - Пачытаем. Падумаем. Памяркуем. - Жывiцкаму пазванi, а то, чаго добрага, пад нацiскам напорыстага аўтара... - Не бойся. Без нашай з табой згоды не дадуць. Застаўшыся адзiн, Тарасаў доўга, задумлiва палiў каля адчыненага акна, разглядаючы вулiцу, машыны, прахожых. Потым дастаў з сейфа нейкi дакумент, пачаў чытаць яго не сядаючы. Зайшла работнiца гаркома высветлiць нейкае пытанне - ён схаваў дакумент у шуфляду стала. Пагутарыў з ёй, падпiсаў паперы. Выйшла - павольна дачытаў гэтыя нейкiя паўтары старонкi на машынцы, прагледзеў дакумент яшчэ раз, схаваў яго ў сейф i зноў палiў каля акна. Сказаў сам сабе сярдзiта: - Этыка!.. Даволi такой этыкi! Эх, Сяргей, Сяргей, страхуешся. Пасаромейся! Не бойся шышак. Рашуча падышоў да столiка з тэлефонамi, набраў нумар. - Жывiцкi? Прывет. Што гэта ты марынуеш справаздачу аб злёце ўдарнiкаў камунiстычнай працы? Заўтра? Ох, аператыўнасць у вас! Шыковiч у рэдакцыi? Папрасi яго зайсцi да мяне. Спытаў адразу ж, як толькi прывiталiся: - Што будзем рабiць, Кiрыла Васiльевiч? - Трэба друкаваць, - пераканана адказаў Шыковiч. - Я ўпэўнены, адгукнуцца дзесяткi людзей, якiя дагэтуль маўчалi. Не разумею, Сяргей Сяргеевiч, чаго мы баiмся. - Мы нiчога не баiмся. Але, можа, варта яшчэ пашукаць? - Такая публiкацыя - даволi распаўсюджаны i плённы метад пошукаў. Тарасаў на хвiлiну як бы задумаўся. Потым энергiчна падышоў да сейфа, адчынiў яго, дастаў той дакумент, якi паўгадзiны назад перачытваў. - Хачу паказаць табе яшчэ адзiн дакумент. Гэта з той папкi, з якой ты знаёмiўся ў Вагiна. Але тады я параiў гэта выняць. Кiрыла амаль з хваляваннем узяў працягнутыя стандартныя лiсты, сашчэпленыя, i адразу чамусьцi глянуў на другую старонку, на подпiс. Дакумент быў копiя, i подпiс, як i ўсё iншае, надрукаваны на машынцы: "С.Гукан, былы камiсар партызанскай брыгады iмя Чапаева, сакратар Чыгуначнага райкома партыi". Дата: 16/Х 1945 г. Гэта была заява ў органы дзяржаўнай бяспекi. Яна пачыналася словамi: "Мне стала вядома, што ў горад з Германii, дзе яна прабыла каля двух год, вярнулася дачка ворага народа i здраднiка, фашысцкага прыслужнiка доктара Савiча С.А. - Савiч Соф'я Сцяпанаўна". Прачытаў гэта Кiрыла i адчуў, як кроў балюча ўдарыла ў скронi i ў цемя. Перасохла ў горле. Ён каўтнуў паветра. Тарасаў як бы ўглыбiўся ў газету, але ўпотай сачыў за выразам твару Шыковiча. У заяве характарызаваўся Савiч. Ён не толькi служыў у нямецкай управе, ён яшчэ, выходзiць, правакатар. Меў сувязь з некаторымi падпольшчыкамi. З адным з партызанскiх атрадаў, з якiм - не гаварылася. Але ў вынiку яго "падпольнай дзейнасцi" адзiн за адным правальвалiся i гiнулi нашы людзi, зрывалiся адказныя аперацыi. Падпольная арганiзацыя вынесла здраднiку i правакатару Савiчу смяротны прысуд. Далей Гукан пiсаў, што дачка жыла з бацькам, вяла яго добрую гаспадарку i "мела цесныя адносiны" з гiтлераўскiмi афiцэрамi, якiя ўвесь час кватаравалi ў "гасцiнным доме Савiча". - Подласць! - злосна кiнуў Кiрыла, скончыўшы чытаць. - Не абурайся. - Тарасаў падсунуў яму пачак з папяросамi. - Быў час усеагульнай звышпiльнасцi. - Але ж можна было даведацца, з якiм "камфортам" яны вывезлi яе ў Германiю i дзе трымалi там. - Гэта, бадай, можна было, але, вiдаць, не хапала часу. Мнагавата было такiх спраў. Шыковiч прыпалiў i прагна зацягнуўся дымам. - Дзякую, Сяргей Сяргеевiч. Для мяне ў гэтым дакуменце больш важна другое. Чаму Гукан нiчога не сказаў пра тое, што Савiч быў звязан з падпольшчыкамi? З кiм канкрэтна? I з атрадам... З якiм? Не сказаў нi тады, калi мы пiсалi кнiгу, нi цяпер, калi я хадзiў да яго з запiскамi Варавы. Чаму? - Вось i паспрабуй высветлiць чаму. У псiхалагiчным плане, - ледзь прыкметна ўсмiхнуўся сакратар гаркома. - Можна сказаць яму пра гэта? - спытаў Кiрыла, працягваючы заяву Гукана. - Лепш не адразу. Такi лабавы ход наўрад цi дапаможа знайсцi iсцiну. - Прыйдзецца чакаць, пакуль Яраш дазволiць пагаварыць з Савiч. Можа, яна што праяснiць. Яраш шырока замахнуўся. Застракатала катушка. Блешня, зiхатнуўшы на сонцы, плёснула на сярэдзiну ракi. Яраш даў блешнi патануць, i плынь аднесла яе i леску яшчэ далей. Нарэшце ён пачаў круцiць катушку павольна-павольна. Катушка ледзь чутна папiсквала. Кiрыла стаяў крокаў за пяць. Мачаў з абрыву блешню свайго спiнiнга ў мелкую ваду, з цiкавасцю сачыў, як чырвона-срэбная пялёстачка то лажыцца на жоўты пясок, то выскаквае на паверхню. "Зараз зачэпiць", - думаў ён пра сябра, пазiраючы, як той павольна круцiць - блешня паўзе па дне. Чамусьцi хацелася, каб Яраш зачапiўся i адарваў усю леску. Яму абрыдла гэтае бясконцае кiданне. Сонца з-за ракi бiла ў вочы. Лёгкi вецярок шастаў лазнякi. Хацелася сесцi ў цянi пад стогам i пагутарыць. Блешня Ярашава, не зачапiўшы нават нiводнай водарасцi, зайграла на мелi. "Чорт!" - вылаяўся пра сябе Шыковiч. Яраш зноў гэтак жа прыгожа размахнуўся, далёка закiнуў блешню i зноў моўчкi вёў з той жа задумлiвай павольнасцю. Кiрыла больш не вытрымаў: - Чаму ты маўчыш? - Я думаю, - адказаў, не павярнуўшыся нават, Антон Кузьмiч. - Я, здаецца, пачынаю разумець сэнс таго, што ты робiш. Пасля твайго расказу... - Дзякуй Богу. Нарэшце дайшло да тваiх заспiртованых мазгоў. Ты павiнен заўтра ж дазволiць мне пагаварыць з Зосяй! - Не! - пагнаў Яраш блешню шпарчэй. - Не! Ты - як азартны iгрок. Табе абы хутчэй выйграць. А ў мяне - жыццё чалавека. Я нiколi не iграю жыццём. Кiрыла размахнуўся i што ёсць сiлы не кiнуў, а пляснуў блешню ў ваду. - Ты халодны, што той шчупак! - кiўнуў ён назад, дзе ў траве сутаргава раздзьмухваў жабры, задыхаючыся ад паветра, светлы рачны шчупак, злоўлены, як нi дзiўна, Шыковiчам. Нечаканая ўдача сябра распалiла рыбацкi азарт Яраша, а таму ён i не пераставаў кiдаць. - Не хвалiся ты сваiм шчупаком. Дрэнь шчупачок. А галоўнае - усё адно дома не павераць, калi я не пацверджу. - Пайшоў ты... Эскулап! Канавал! - Мыло, ошэнь мыло, - бяскрыўдна бубнiў Яраш, зноў закiнуўшы блешню. - А ты ведаеш, што канавал вельмi тонкая прафесiя? - Антон, ты мяне сваiм дурацкiм спакоем давядзеш, што я нап'юся сёння. - Выпi ракi. - А-а, чорт! Дулю ж ты ў мяне з'ясi, а не юшку. - I, шыбануўшы ў траву спiнiнг, Кiрыла з ваяўнiчым намерам рушыў да шчупака. Тады i Яраш кiнуўся яму наперарэз, схапiў за рукi. - Э-э! Што ты дурны - я ведаю. Але выкiнуць такога шчупака! Шыковiч хацеў падставiць яму ножку. Але Антон Кузьмiч лёгка падняў мяккi пяцiпудовiк, панёс да абрыву. - Астуджу я тваю гарачую галаву. - Чакай. Вунь на тым беразе людзi. Знарок патану - цябе пасадзяць. Яраш адпусцiў сябра. Яны селi на мяккую атаву, звесiўшы ногi з абрыву. I так, ужо сур'ёзна размаўляючы, прасядзелi, пакуль з неба не палiлося ў раку расплаўленае золата захаду. 18 Маша, у якой у бальнiцы быў разлiчаны кожны рух, ускочыла ў палату, як гарэзлiвае дзяўчо, вясёлая, узбуджаная. Падбегла да ложка Зосi, прысела, асцярожна i мякка абняла яе. - Вiншую, Соф'я Сцяпанаўна. Цудоўная кардыяграма! Усе лысыя дзяды кансiлiум - горача вiншуюць Антона Кузьмiча. Блiскучая аперацыя! Рэдкая! Хутка мы будзем з вамi танцаваць. Вы любiлi танцаваць? Вялiкiя Зосiны вочы раптам напоўнiлiся слязамi. - Што вы?! - спалохалася Маша. - Я сказала што-небудзь не так? - Нiчога. Не звяртайце ўвагi. - Зося выцерла слёзы рагом новенькай прасцiны. - Гэта я так. Я любiла танцаваць. Але я была вучанiца. Мяне не пускалi на вечары. Толькi ў драмгурток. Яна сумна ўсмiхнулася. "Божа мой! Гэта ж дваццаць год яна як бы i не жыла, - жахнулася Маша, i ёй зрабiлася да болю шкада жанчыну. - I цяпер яшчэ ў яе такiя сумныя вочы. Каб я ведала, чым можна ўзрадаваць цябе!" - З заўтрашняга дня за вас возьмецца лекар лячэбнай фiзкультуры. Зося ў знак удзячнасцi ледзь прыкметна кiўнула галавой. Да аперацыi яна была больш гаваркая i цiкаўная. А цяпер быццам баiцца са словамi страцiць сiлу, якая павольна вяртаецца да яе. Сапраўды, Зося з дня ў дзень адчувала прылiў гэтай новай сiлы, даўно забытай, i ёй было хораша i... страшна. Нiколi, нi ў гестапа, нi ў лагеры, нi перад аперацыяй, у яе не было такiх прыступаў страху, якiя здараюцца часам цяпер. Часта снiцца, што ў яе зноў хворае сэрца, што яна зноў задыхаецца, i яна прачынаецца ў халодным поце i слухае сваё сэрца. Ну вось, зноў яно калоцiцца лiхаманкава. Але праходзяць хвiлiны - i сэрца пачынае бiцца поўна, спакойна, у рукi i ногi вяртаецца здаровая моц. Ёй хочацца расказаць пра свой страх Антону Кузьмiчу цi Машы, але яна не адважваецца, прымхлiва баiцца - не спалохаць бы словамi гэтую дзiвосную сiлу. З удзячнасцю, улюбёна глядзiць Зося на Машу, любуецца яе залатымi вейкамi i такiмi ж незвычайнымi валасамi, i вельмi хочацца ёй сказаць гэтай дзяўчыне сардэчныя словы, сказаць, што палюбiла яе не як бальнiчную, а як родную сястру. Але чамусьцi i гэтыя словы яна баiцца сказаць. А Маша таксама заварожана, з замiлаваннем, як на дзiця, глядзiць на Зосю, думае, чым бы развесялiць яе, i пакутуе ад таго, што нiчога не можа прыдумаць. Зрэдку яны ўсмiхаюцца адна адной вачамi i позiркамi прызнаюцца ў любвi. - Соф'я Сцяпанаўна, хочаце, я пачытаю вам вершы Блока. Антон Кузьмiч любiць Блока, i ў яго кабiнеце ляжыць томiк. Яна згадзiлася, ледзь прыкметна кiўнуўшы галавой i заплюшчыўшы вочы. Узрадаваная Маша пабегла за кнiгай. Яна не ўбачыла, як Зося ўздрыгнула ад гэтай нечаканай прапановы. Блока любiў яе бацька i чытаў ёй, малой. Мацi не вельмi ўхваляла гэта, раiла Маякоўскага. Яны па-рознаму выхоўвалi яе, мацi i бацька. Мацi, напрыклад, каб навучыць яе плаваць, аднойчы выпiхнула з лодкi на сярэдзiне ракi i гэтым так напалохала бацьку, што ў таго ледзь не быў сардэчны прыступ. У дзевятым класе Зося таксама палюбiла Блока. Пасля вайны яна рэдка думала пра мацi. А ў той момант, калi Маша сказала пра Блока, яна чамусьцi ўспомнiла мацi, i сэрца яе, яшчэ не загоенае, сцiснулася i зашчымела забытым болем. Мацi загiнула ў Польшчы, у жонкi яе брата ёсць паведамленне, у якiм горадзе яна пахавана. Зося падумала: "Калi я зусiм ачуняю, то збяру грошай i з'езджу на яе магiлу. Я папрашу кветак з нашага саду. Работнiцы ясляў дадуць. - I раптам зноў страх: - Няўжо мяне не пусцяць на магiлу мацi?" Прыгадала, што, вярнуўшыся з Германii, яна не знайшла магiлу бацькi, хоць помнiла, дзе яго пахавалi, i ёй захацелася плакаць. Яна паспрабавала стрымацца i не здолела - заплакала па-дзiцячы, наўзрыд. Суседка, таксама пасляаперацыйная, слабым голасам спытала: - Чаго вы? У вас жа ўсё так добра! - Сама яна здагадвалася, што ў яе выразалi ракавую пухлiну, i з жахам думала, што гэта не збаўленне ад хваробы. - Калi ласка, не звяртайце ўвагi. - Зося ўсхлiпвала i выцiралася прасцiной. Вось i гэтага нiколi не было да аперацыi: хворае сэрца яе было чэрствым. Маша, вярнуўшыся i ўбачыўшы сяброўку ў слязах, спалохалася. Але тая заспакоiла яе: - Ды не, нiчога, Маша, слаўная вы мая. Я проста ўспомнiла. Мой бацька любiў Блока. Пра бацьку яе Яраш забаранiў гаварыць. I Маша, каб нiчога не адказваць, наўздагад разгарнула томiк i пачала чытаць: В сыром ночном тумане Все лес, да лес, да лес... В глухом сыром бурьяне Огонь блеснул - исчез... Опять блеснул в тумане, И показалось мне: Изба, окно, герани Алеют на окне... Адзiн верш, другi, i раптам убачыла, як азарыўся Зосiн твар. Не было ў яе яшчэ такой усмешкi. Невясёлыя вершы, а смутак з вачэй яе знiк. Дзiўна. Ды iм перашкодзiла суседка: заплакала яна. Усё адно Маша выскачыла з бальнiцы на вулiцу з надзвычай узнятым настроем. Свяцiла неспякотнае ўжо жнiвеньскае адвячоркавае сонца. Iшлi па вулiцы людзi, адны - павольна, другiя - спешлiва. Iмчалi аўтобусы, "Волгi" i "Масквiчы". Маша любiла свой горад. Любiла гуляць у парку, якi лiчыцца найлепшым у рэспублiцы. Але адной усё-такi сумна. Каб сустрэць каго-небудзь вясёлага! Яна ўспомнiла Славiка. Яна думала пра яго i раней. I пра Тараса. Пра абаiх. Употай чакала, што хтосьцi з iх захоча сустрэцца з ёй. Але хлопцы не праяўлялi iнiцыятывы. Славiк, безумоўна, несур'ёзны суб'ект, балбатун i нахабнiк. Але Маша не магла забыцца, як ён з першага позiрку захапiўся ёю. Нiхто яшчэ так адразу не захапляўся. Часцей за ўсё яна чула: "Глядзi, якое рыжоцце пайшло!" Гэта яе абражала. А вось Славiк, той адразу: "Вы ж незямная". А яна зямная, звычайная дзяўчына з палескай вёскi, i ёй, як усякай дзяўчыне, было прыемна пачуць такi шчыры камплiмент. Акрамя ўсяго, яна адчувала сябе вiнаватай - за аплявуху. Не такая ўжо яна "кiсейная паненка", каб так абражацца за яго дурную балбатню. Так, ёй хацелася сустрэцца. Але дзявочы гонар не дазваляў ёй першай шукаць гэтай сустрэчы. А тут ёй раптам захацелася зрабiць нешта незвычайнае, гарэзлiвае. Паабедаўшы ў кафэ, яна пайшла ў парк. Размянiла ў прадаўшчыцы газiроўкi пяцiкапеечную манету, папрасiла "дзве па дзве". Шчыльна зачынiла дзверцы будкi аўтамата. Даведалася па 09 тэлефон Шыковiча. - Ало! - пачулася ў трубцы. Яна пазнала голас Славiка i не адказвала. - Ало! - крыкнуў ён. - Што? Правяраеш, цi ёсць хто дома? На жаль, браток, ёсць я, верны вартавы бацькавых мiльёнаў. I май на ўвазе - узброены атамнай пушкай. Але калi ты пазычыш мне пяць рублёў, мяне тут не будзе. Залазь, рабуй. Хрэн з iмi, з мiльёнамi! Маша ледзь вытрымала, каб не зарагатаць ад гэтай Славiкавай тырады невядомаму абаненту. Праглынуўшы смех, яна пiскнула: - Уладзiслаў Кiрылавiч! - О-о! - Вiдаць, яго здзiвiў жаночы голас i такi нечаканы зварот. - Хм... сапраўды, гэта, здаецца, я - Уладзiслаў Кiрылавiч. Я слухаю вас. - Адна ашоба чакае ваш каля ўвахода ў парк, - па-старэчы прашамкала Маша. - Колькi ёй год, ашобе гэтай? - Шэмдзешат. - Самы мой любы ўзрост! - засмяяўся хлопец. - Калi вы не будзеце праз пятнаццаць хвiлiн, многа страцiце, - сказала Маша звычайным голасам i павесiла слухаўку. Славiк быў упэўнены, што знаёмыя дзяўчаты хочуць з яго пажартаваць. Але ён нiколi не баяўся апынуцца ў смешным становiшчы. Ён сумаваў у пустой кватэры, без грошай i ўзрадаваўся выпадку хоць чым-небудзь забавiцца. Праз дзесяць хвiлiн Маша ўбачыла яго на пляцоўцы каля ўвахода ў парк. Яна стаяла па той бок агароджы за кнiжным кiёскам i ўпотай назiрала. Ён iшоў павольна, засунуўшы рукi ў кiшэнi блакiтных штаноў. Трошкi насцярожана азiраўся. Прайшоў раз да варот i назад, заглядаючы спачатку ў твары дзяўчат, потым - пажылых жанчын, нарэшце i бабуль не стаў мiнаць. Машу гэта смяшыла. На яе з цiкавасцю пазiралi: адна, а такi гарэзлiвы выраз яе твару, такiя чорцiкi ў вачах. Так яна памучыла яго хвiлiн пятнаццаць. I толькi калi ўбачыла, што цярпенне яго вычарпалася i ён энергiчна рушыў у парк, яна пайшла насустрач на выхад. Iшла спешлiва, глядзела ўбок - на партрэты перадавiкоў вытворчасцi. Была ўпэўнена, што мiма яе ён не пройдзе. Сапраўды, хутка пачула яго радасны воклiч: - Маша! Яна спынiлася, зрабiла здзiўленыя вочы, нiбы не пазнавала яго. Ён працягнуў руку. Яна не падала сваю. Але Славiк не збянтэжыўся. - Гэта ты званiла мне? - Я званiла вам? I не думала! Многа ў вас самаўпэўненасцi, таварыш Шыковiч. - Нейкая бабуля назначыла мне спатканне. - То i чакайце вашу бабулю. - На д'ябла мне яна! Я рады, што сустрэў... вас. - Славiк раптам страцiў сваю смеласць i не адважваўся казаць "ты". Тут яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым там, на дачы. Вельмi захацелася, каб Маша засталася з iм, пайшла ў парк. Няхай бы паглядзелi яго даўнiя сябры i пазайздросцiлi: якая дзяўчына з iм! Але Маша глянула на ручны гадзiннiк так, быццам давала зразумець, што яна спяшаецца. Ён нясмела ўзяў яе за руку, каб утрымаць. - Вы крыўдуеце на мяне? Я прашу прабачэння. Я не крыўдую на вас за аплявуху. Я гатовы атрымлiваць па аплявусе кожны дзень, абы быць з вамi. Хадзем пагуляем. - Каб вы зноў сказалi якую-небудзь брыдоту? - Клянуся. Я адкушу сабе язык, калi з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова. Маша ўсмiхнулася. Усё-такi ён пацешны, гэты балбатлiва-галантны хлопчык. З iм не засумуеш. Гэта той вясёлы чалавек, якога ёй хацелася сустрэць пад свой сённяшнi настрой. - Веславаць вы ўмееце? На лодцы пакатаеце? - неспадзявана для Славiка, весела i проста, як малая, спытала Маша. Славiк не ўзрадаваўся, што яна згадзiлася. Ён пахаладзеў: у яго кiшэнi было ўсяго некалькi капеек. О, якiя эпiтэты паслаў ён у той мiг бацьку, якi не даваў яму цяпер нi капейкi. Ды i сяброў па брыгадзе ўспомнiў: "Самi, чэрцi, па дзве сотнi калупаюць, а мне далi ў аванс вучнёўскiх пятнаццаць рублёў. Вось табе роўнасць i брацтва!.." Ён ляпнуў далоняй па нагруднай кiшэнi сваёй моднай, навыпуск, жоўта-блакiтнай сарочкi. - Чорт, я забыўся захапiць грошы. I дакумент. Маша прыхавала ўсмешку, успомнiўшы яго прызнанне па тэлефоне ўяўнаму рабаўнiку. - У мяне ёсць грошы, - паказала яна сумачку i пажартавала, нечакана перайшоўшы на "ты": - Я буду эксплуатаваць цябе. - О, з вамi я згодзен плыць хоць да Чорнага мора. Вы былi б маiм сонцам i маяком. - Пайшлi, - сказала яна. - А то на нас звяртаюць увагу. Славiк толькi цяпер убачыў, што яны стаяць пасярод праходу ад плошчы да варот парку, што навокал многа людзей, i схамянуўся, што ён гаворыць залiшне гучна. Чоўны былi ў разгоне. Прыйшлося чакаць. Маша аддала яму сумачку, скiнула басаножкi i хадзiла па мелi. Зайшоўшы глыбей, яна ледзь прыўзняла сукенку, i Славiк любаваўся яе прыгожымi каленямi з залатымi кропкамi радзiмак. Ён стаяў на беразе паважны, сцiшаны, з сумачкай у руках i з нейкiм салодкiм страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчылiна i праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлiвыя словы, якiя былi запасены там на ўсе выпадкi i якiмi ён вельмi спрытна ўмеў адгароджвацца i ад сур'ёзнага i ад смешнага. Ён падумаў, што сябры, напэўна, кпiлi б з яго, каб убачылi ў такiм стане - вартаўнiком дамскай сумачкi, нiбы ён верны муж суровай жонкi. Але адчуваў, што, каб Маша сунула яму ў рукi i басаножкi, ён з прыемнасцю трымаў бы iх, не баючыся нiякiх кпiнаў. Чаго не зробiш для такой дзяўчыны! Яна пырснула на яго вадой. Ён адскочыў. - Здымай чаравiкi!.. Закасвай свае модныя штаны i лезь у ваду. Так прыемна! - Мы на лузе пакупаемся. Згода? - Я без купальнiка. Любой другой дзяўчыне ён, напэўна, адказаў бы: "Тым лепш". Або пачаў бы "фiласофстваваць": "Гэта ўмоўнасць. Чалавецтву пара выкiнуць сарамлiвасць, як шкодны перажытак мiнулага". А Машы ён не сказаў нi таго, нi другога. Не, не пабаяўся, помнячы аплявуху. Стрымала нейкае iнакшае, зусiм яшчэ не знаёмае яму пачуццё. Ён трохi ўжо пачаў злаваць на сябе за такую нязвыклую разгубленасць. З нецярпеннем чакаў чоўна i злаваў на ўсiх, хто праплываў мiма. "Якога д'ябла без патрэбы плаваць? Вунь тумба якая! Яшчэ за вёслы села. Каб ты перакулiлася!" Прыйшла маторка, i хвалi, пацалаваўшы Машыны ногi, пакацiлiся на пясок. Дзяўчына стала тварам да сонца, грацыёзна падняла рукi, папраўляючы капу залатых валасоў. - Паглядзi, якi прыгожы адгэтуль чыгуначны мост. I лёгкi-лёгкi. Здаецца, можна ўзяць яго на рукi i панесцi. Табе не хочацца падняць яго? - Не, мне хочацца ўзяць на рукi цябе. Яна пагразiла пальцам. - Дамовiлiся, што ты не будзеш крыўляцца. Я не люблю. А ён зусiм не крыўляўся. Яму сапраўды ў той мiг нясцерпна хацелася падхапiць яе на рукi i панесцi ў невядомую даль, ад людскiх вачэй, дзе б яны маглi застацца адны. Нарэшце яны атрымалi лодку... Славiк, паказваючы сваю радасць i сiлу, адразу ад мастка так шырока замахаў вёсламi, што ледзь не ўрэзаўся ў другую лодку. - Асцярожна! - упiкнула Маша, яна сядзела на карме. - I не туды. Туды, паказала ўверх па цячэнню. - Я ж сказала, што буду эксплуатаваць. - А я хацеў да Чорнага мора. - Не, лепш ужо да Балтыйскага. Вёрст трыста правалачэш па сушы. Так рабiлi нашы продкi. Яны былi сапраўднымi рыцарамi. Не тое што ў наш час. Славiк, не дужа натрэнiраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасцi даволi моцнай плынi ракi. Павольна праплылi зарослыя кустамi чаромхi i калiны абрывы парку, няхiтрыя збудаваннi i дэбаркадэры прыстанi з закапцелымi стомленымi параходзiкамi каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымi таполямi, бялелi новыя дамы. Маша не толькi любiла горад знутры, яна любiла глядзець на яго адгэтуль, з ракi, а яшчэ лепш здалёк, з насыпу акружной дарогi, i з таго вунь гаю, да якога ёй хочацца даплыць. Няхай папацее гэты шукальнiк лёгкiх прыгод! Яна, задумлiва чэрпаючы ў жменю ваду, глядзела на горад. Модная Славiкава сарочка змокла ад поту i пакамячылася. Пот залiваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасцi, хлопец не кiдаў вёслаў. Расла злосць на сябе: нiколi яшчэ ён так па-дурному не выстаўляў сябе перад дзяўчатамi. На нейкi момант з'явiлася тое ж пачуццё, што i да Нiны: адпомсцiць гэтай рыжай чарадзейцы за такое сваё ўнiжэнне. "Вытры пот, дурань!" - весела i лагодна думала Маша. Настрой яе яшчэ больш харашэў. Не марна згiне вечар. Будзе што ўспомнiць. I расказаць. Каму? Цi не расказаць заўтра Соф'i Сцяпанаўне? - Слава, заспявай што-небудзь. Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы! - Я пяю толькi п'яны, - прахрыпеў хлопец без усмешкi. Яна зразумела, што даволi, бо цярпенне яго вычэрпваецца, i закамандавала: - Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём. Славiк азiрнуўся i "высушыў" левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травянiстую купiну. Ён, закiнуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкi на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапiў на рукi, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што мiма праплывалi другiя лодкi. Маша далонямi ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спiртамi i эфiрамi далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбiна, выслiзнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымi вачамi Славiк ступiў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнiчай позе, залажыўшы рукi за спiну. - Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваiмi пацалункамi... пакуль што... Гэтае "пакуль што" неяк адразу астудзiла разгарачанага i ўзлаванага цяжкiм веславаннем хлопца. - Пакуль што? А калi можна будзе? - Нiколi! Ён весела засмяяўся. - Нiколi? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкi. Цi твой пальчык. Адзiн. Любы з дваццацi. Яна таксама не стрымала ўсмешку: - Блазен! Калi-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкi. Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы: - Адпiхнi. Лодка захiсталася. Славiк стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патылiцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць iх. Што за лiха! Нiколi яшчэ яму не хацелася так пацалаваць нiводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многiмi. Яна як бы адгадала яго намер. - Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. Пасунулася на лавачцы, адхiлiлася ўбок. Але калi лодка, якую круцiла плынь, хiснулася, схапiла яго за руку, падтрымала. Яна скiравала не ўнiз, а таксама ўверх i веславала лёгка, роўна, спорна. Славiк, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусiм сур'ёзна думаючы, як бы ёй адпомсцiць. Але яна сказала проста, па-сяброўску: - Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такi настрой! - Ад чаго гэта? - Не ведаю. Быў кансiлiум у Савiч. Сэрца яе ўсе прафесары прызналi нармальным. Цудоўная аперацыя! Антона Кузьмiча вiншавалi. - А хто гэты Савiч? - Гэты! Соф'я Савiч! Няўжо ты нiчога не ведаеш? - вельмi здзiвiлася Маша. - Табе Яраш не расказваў? - Ты думаеш, я з Ярашам штодня п'ю чай? - А бацька твой? - Бацька заклапочаны, каб перавыхаваць мяне. - О, я табе раскажу. Яна павярнула лодку назад, унiз па плынi, i, амаль не вяслуючы, толькi накiроўваючы, каб не круцiла, пачала расказваць, што ведала, пра Зосю, пра яе бацьку, пра Яраша, Тараса. Славiк слухаў, як казку, без скептыцызму, удумлiва, забыўшыся на сваю крыўду i ўсе iншыя пачуццi. Калi яна дайшла да аперацыi, ён недаверлiва спытаў: - Ты сама бачыла, як ён дабраўся да сэрца? - Дзiвак! Я аперацыйная сястра. Ты ведаеш, што робiць аперацыйная сястра? Ён засаромеўся свайго пытання. Дзiўна, яе расказ не проста зацiкавiў хлопца. Ён неяк зусiм з iншага боку адкрыў яму самую Машу. Пры першай сустрэчы i цяпер ён глядзеў на яе як на незвычайную, па-свойму цiкавую i прыгожую, дасцiпную i вясёлую дзяўчыну, з якой прыемна правесцi час. Ён не ўнiкаў у сутнасць яе прафесii i ў самую сутнасць як чалавека, якi трохi больш пажыў i, безумоўна, значна больш пабачыў. Цяпер ён адчуў гэта, i ў яго з'явiлася павага да яе - такая, як да Яраша, да Тараса, да Галыгi, да ўсiх, хто меў цiкавую i карысную, на яго думку, для людзей прафесiю i цвёрдыя погляды на жыццё. Машу здзiвiла, крыху спалохала i нават расчаравала, калi пасля катання Славiка быццам падмянiлi. Пакуль яна разлiчвалася i забiрала дакумент, ён стаў сур'ёзны да паважнасцi, рахмана-сцiшаны i ветлiвы. Можа, таму позна ўвечары, каля яе кватэры, яна не вырвала сваёй рукi i не абурылася, калi ён раптам на развiтанне сцiснуў яе тонкiя пальцы, нахiлiўся i пацалаваў iх. Ёй упершыню быў прыемны такi пацалунак. 19 А на другi дзень ёй пазванiў Тарас. У бальнiцу. Яна толькi скончыла з хiрургам Лапацiнай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклiкала яе да тэлефона, амаль таямнiча паведамiўшы: - Трэцi раз звонiць. Маша падумала, што гэта Славiк, i пайшла незадаволеная, сярдзiтая, збiраючыся добранька прабраць яго. Ды раптам зусiм другi голас, усхваляваны да невыразнасцi: - Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас... Маша... Помнiце? Ну, Ганчароў. Яна павiталася сур'ёзна, стрымана: - Добры дзень, Тарас. Ён ажно засмяяўся ад радасцi, што яна помнiць яго. - Добры дзень, добры дзень... Маша! Вы прабачце. - I раптам выпалiў на адным дыханнi: - Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Ленiна. Сёння ў восем. Яна анямела ад нечаканасцi. Успомнiла, што паабяцала Славiку сустрэцца з iм. Яна нiколi не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцалiся. I раптам два такiя хлопцы, розныя i цiкавыя! Каго ж выбраць? Адмовiцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на якi немагчыма дастаць бiлетаў? Не, не, не.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28
|