Сэрца на далонi (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 15)
Автор:
|
Шамякин Иван |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(838 Кб)
- Скачать в формате fb2
(349 Кб)
- Скачать в формате doc
(360 Кб)
- Скачать в формате txt
(346 Кб)
- Скачать в формате html
(350 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28
|
|
- Не будзь ты такiм пеўнем. Не прыдзiрайся да слоў. Свае ж хлопцы, усе. I, як ты кажаш, жывыя, здаровыя. Не гаварыць жа нам з рэверансамi. - Хлопцы! Кампрамiснае рашэнне: у сталоўцы чыгуначнiкаў п'ём пiва, прапанаваў Вася Лапацiн. - А як ты абыдзеш свой дом? Вера даўно пiльнуе, - засмяяўся Косця. Размова пайшла ў другiм кiрунку, i Славiк хутка забыў сваю крыўду. А вось сёння пасля новай сутычкi з Ходасам успомнiў усё да драбнiц, пачынаючы з першай сваркi за сталом на дачы. "Чаму ён чапляецца? Што яму трэба? Кiну да д'ябла! Ну iх!.. Не, так лёгка я не кiну. Я вам наладжу салодкае жыццё. А пайду - дык з музыкай", - пагражаў ён усёй брыгадзе. Але падышоў Тарас. Паглядзеў, як ён працуе. Сказаў па-сяброўску шчыра: - Слава, ты няправiльна трымаеш ключ, таму ён у цябе зрываецца. Вось так трэба, - i паказаў, як трэба. Маленькая ласка - i знiкла злосць на ўсiх, засталася на аднаго хiба Ходаса. Панядзелак, кажуць, "цяжкi дзень". Але той панядзелак быў незвычайны, пачынаўся ён амаль святочным настроем, асаблiва ў Тарасавай брыгадзе. Сам Тарас, Генрых i Косця прыйшлi на завод з газетамi i вiталiся словамi: - Чытаў? - Ага. - А ты, Косця? - Усяго не паспеў. - А я, браткi, да цешчы ездзiў. Галава балiць, - шчыра прызнаўся Лапацiн, вiнавата зморшчыўшыся. - Няхай жывуць цешча i шчырасць! - весела выгукнуў Славiк. - Нават я пра галаву не прызнаўся б. - I гарэзлiва аглянуўся: - Ша! Каб нiхто не пачуў. - Не блазнуй, калi гавораць пра такiя рэчы, - асек яго Iван. Ужо тады Славiку хацелася счапiцца з iм. Але размова сапраўды iшла занадта сур'ёзная. Славiка яна таксама цiкавiла, праўда, больш з iншага боку-усё з таго: шчыра хлопцы так зацiкаўлены i так блiзка бяруць да сэрца ўсё, што запiсана ў надрукаваным учора праекце Праграмы, цi па звычцы выказваюць "газетныя пачуццi"? Гэтае пытанне ўзнiкла ў яго яшчэ ўчора ў адносiнах да бацькi i Яраша. "Класiк" (так Славiк называў бацьку ў яго адсутнасць) прылiп да дачы; калi не трэба на работу, яго немагчыма сiлком выпiхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулi i грыбах, абы не ехаць лiшнi раз. А тут раптам у добрую спякотную нядзелю паляцеў пасярод дня - знарок па газеты. А Яраш адмовiўся нават пайсцi на раку - так нецярплiва чакаў гэтых газет. Яны абодва зачынiлiся ў пакоях i чыталi да самага вечара. А потым да позняй ночы спрачалiся каля кастра. Славiк спачатку паставiўся да павышанай цiкавасцi бацькi i Яраша даволi скептычна. Ён чуў размовы, што ў Праграме будзе запiсана наконт прыватнай уласнасцi - дач, машын. Цi не гэта пагнала старога па газеты? Адвячоркам бацька загадаў яму катэгарычна i не дужа прыязна: - Прачытай! Можа, паразумнееш. Ён разгарнуў "Правду" i ўпотай свiснуў: гэтулькi чытаць, дзесяць газетных палос! Але асобныя раздзелы прачытаў. I адразу ж, з першых радкоў, зразумеў, якое ў яго было вузкае i прымiтыўнае ўяўленне аб будучай Праграме, пра якую многа гаварылi. Партыйны дакумент захапiў юнака незвычайнай шырынёй фiласофска-палiтычных i эканамiчных палажэнняў, грандыёзнасцю практычных планаў. Быў яшчэ адзiн нечаканы вынiк азнаямлення з Праграмай: бадай, упершыню Славiк зразумеў, як мала ў яго, "тэарэтыка новай маралi", ведаў. Да ўсяго ён ставiцца скептычна, нiгiлiстычна. А сам што ведае? Што адкрыў? Што зрабiў? Па-свяцiў на тэлестудыi? Завiнцiў сотню гаек? Гэтыя думкi спалохалi i засмуцiлi. "Э-э, пачынаю здаваць пазiцыi. Уступаю пад напорам прапаганды", падумаў ён i акуратненька, без паказной, а з сапраўднай пашанай згарнуў газету. Мацi, якая не спускала з яго вачэй, сказаў: - Не для майго маленькага розуму такiя высокiя матэрыi. Самакрытычнасць сына, якi раней быў даволi высокай думкi пра свой розум, спадабалася Валянцiне Андрэеўне. Яна лагодна сказала: - Але, усяго адразу не ахопiш. Гэта трэба вывучаць паступова, удумлiва. ...Калi хлопцы спыталi, цi чытаў Праграму Славiк, ён прыгадаў словы мацi i тут жа перакруцiў iх, як кажуць, дагары нагамi - усё тое ж недарэчнае жаданне вызначыцца, не быць падобным на другiх. - А навошта? Прымусяць вывучаць - тады прачытаю. - А без прымусу ты не можаш? - зноў не стрымаўся Ходас. Была другая прычына пасварыцца з iм. Але Тарас умеў спрытна адвесцi размову ад Славiкавых часам залiшне гарэзлiвых, часам празмерна сур'ёзна-песiмiстычных i амаль заўсёды недарэчных заўваг i адказаў. Хлопцы гаварылi аб Праграме так, што ў Славiка зноў з'явiлася захапленне яе велiчнасцю, i ён слухаў моўчкi i сур'ёзна. Ды раптам выявiў, што Iван Ходас не чытаў Праграмы, нават газету не бачыў (Славiк зразумеў гэта па тым, як ён разглядаў Тарасаву газету). А робiць выгляд, што чытаў. Паўтарае ўсё, што гаворыць разумны Генрых Варэнiк. "Ах, вось ты якi маралiст, ханжа! - узрадаваўся Славiк "падзенню" свайго ворага. - Чакай жа, я зараз цябе злаўлю", - i ўжо пачаў успамiнаць тыя раздзелы, якiя прачытаў учора, каб на iх выкрыць Ходаса. Але перашкодзiў гудок. Праз якую паўгадзiну яны сутыкнулiся ля станiны. Страсцi накалялiся. Славiк гарэў помстай. У часе абеду ён знарок сеў за той жа стол, што i Ходас. Але ад iх не адступаў Тарас. Брыгадзiр хiтра нейтралiзаваў усе прычэпкi i наскокi вучня. Ды i ад Iвана ўсе Славiкавы словы - што гарох ад сцяны. Пакуль Косця (яго чарга) выбiваў чэкi i падносiў талеркi з супам, Iван густа намазваў хлеб гарчыцай i еў. Гарчыца, вiдаць, была пякучая, хлопец крывiўся, чмыхаў, з вачэй сыпалiся слёзы, але еў са смакам. Славiка давяла да шаленства такая Iванава абыякавасць да яго прычэпкi: - Ты за ўсю брыгаду жарэш хлеба. - А ён бясплатны. - Не бясплатны. А ўваходзiць у кошт страў. Пабудуеш з такiмi камунiзм! - Слава! Як не сорамна! - абурыўся Тарас. - Табе хлеба шкада? Няхай есць на здароўе. Хлеб застаецца на сталах. - Гэта крык душы iндывiдуалiста, якi не можа дараваць, што нехта з'еў больш за яго, - спакойна, быццам аб нечым пабочным, сказаў Варэнiк з суседняга столiка. А для Славiка яго словы - што аплявуха. Ён зразумеў, наколькi недарэчны папрок, якi ён кiнуў Iвану. Ганебны. Як не сорамна яму, сыну iнтэлiгента, якi рос у выгодзе, папракнуць за кавалак хлеба рабочага чалавека? Пры ўсёй сваёй развязнасцi Славiк збянтэжыўся i змоўк. Раптам адчуў, што цяпер самому страшна працягнуць руку за хлебам. А хлопцы ўжо гаварылi пра другое. Кiнулi дзве рэплiкi - i далей, нiколi не перажоўваюць адно i тое ж. У размовах, як у працы, у жыццi, не спыняцца, iмклiва рухацца ўперад - такi дэвiз iх. Славiк сербануў гарачага супу i адставiў талерку. - Ты што? - заклапочана спытаў Тарас. Хлопец зморшчыўся. - Нясмачна? Ды не, сёння якраз што трэба, малайцы кухары. Еш. Суп Славiку падабаўся, есцi хацелася, i яму зноў стала ледзь не да слёз шкада сябе. Следам за гэтым прылiвам жаласцi да сябе - злосць на ўсiх, нiбы яны вiнаваты, што з-за сваёй упартасцi ён застанецца галодны. А Ходас, накiдаўшы ў суп гарчыцы, сёрбаў з такiм смакам, што ажно варушылiся паружавелыя вушы i раздзьмулiся ноздры. "Чаўкае, як свiння", - падумаў Славiк, каб хоць як-небудзь прынiзiць свайго непрыяцеля. Да iх падышоў сакратар парткома завода Гарачкiн. З тонкiмi рысамi твару, белымi валасамi, сакратар здаваўся маладзей сваiх год. Але на заводзе ведалi, што ён дваццаць пяць год праслужыў у армii палiтработнiкам. Чалавек ён памяркоўны, далiкатны, але напачатку спрабаваў заводскую дэмакратыю ператварыць у вайсковую. - Я вам прынясу супу, Пятро Савелевiч, - прапанаваў Косця, калi сакратар падсеў да iх стала. - Дзякую. Няма калi. Тысяча спраў. Я пазней паабедаю. "Калi ў сталоўцы не будзе рабочых?" - хацеў уедлiва спытаць Славiк, але стрымаўся. - Хлопцы, пасля змены правядзём мiтынг. Скажам наша рабочае слова аб Праграме. Трэба, каб хто выступiў ад вашай брыгады. - Тарас. - Ды ну, хлопцы, няёмка! Усё я ды я. - Правiльна. Лепш, каб хто з сябраў брыгады. - Тады Iван. Ён народжаны прамоўца. - Значыцца, дамовiлiся: Ходас, - звярнуўся сакратар да рабочага. Iван кiўнуў галавой. - Падумайце, што вы можаце яшчэ зрабiць да з'езда, - сказаў сакратар да Тараса. - Паглядзiце свае абавязацельствы. Тады Славiк гучна, здзеклiва i зларадна хмыкнуў: - Хэ! А што ён скажа, Ходас? Ён жа газеты ў вочы не бачыў. Iван падскочыў, твар яго ўмiг налiўся крывёю. - А ты бачыў? - Я не толькi бачыў. Я чытаў! А ты ўпершыню ў Тараса пабачыў. А збiраешся выступаць. Балбатун ты! - Сам ты балбатун! Большага за цябе... - Ах, я балбатун? Тады скажы шчыра i сумленна - чытаў ты? Ага, маўчыш! Ты ж з Валькай на пляжы пракачаўся. - Ну, ты! - Iван сцiснуў кулак. - Слава! - Што "Слава"? А я выкрываю няшчырасць i ханжаства. Славiк знарок амаль крычаў, каб пачулi другiя рабочыя, каб прыцягнуць iх увагу. Ён бачыў, як Тарас i ўсе хлопцы стараюцца "спусцiць на тармазах" гэтую непрыемную размову. Тарас пацягнуў за палу пiнжака Iвана, прымусiў яго сесцi, сцiснуў локаць i сказаў да сакратара: - Мы абмяркуем, Пятро Савелевiч... Выступленне ад брыгады будзе. Гарачкiн стаяў i моўчкi слухаў, пiльна разглядаючы Славiка. Пранiклiвы позiрк сакратара i бянтэжыў i яшчэ больш раздражняў няўрымслiвага юнака. - Славiк, дай папяросу, - працягнуў руку Лапацiн. - "Люблю грозу в начале мая", - дэкламаваў у талерку Генрых. - Што вы загаворваеце зубы? - не сцiхаў Славiк, яшчэ больш павышаючы голас. - Вам хочацца быць добранькiмi? Чаму ты змоўк, прамоўца? Няма чаго сказаць? Дэмагогi! Гарачкiн раптам ляпнуў далоняй па стале. - Даволi мiтынгаваць, Шыковiч! Абед канчаецца, - сказаў сярдзiта i пайшоў у другi канец залы. Славiк, як бы дэманстратыўна выконваючы загад сакратара, пачаў на поўны рот есцi катлеты. За сталом усталявалася цяжкая цiшыня. Нават жавалi бясшумна. Не ўзнiмалi вачэй. Толькi Генрых, разглядаючы шклянку з рэдкiм ружовым кiсялём, цiха дэкламаваў: Дорогая, сядем рядом, Поглядим в глаза друг другу. ...Сакратар парткома выклiкаў Тараса. - Але i экземплярчык ты прыцягнуў. Мне казалi - я не верыў. Развалiць ён табе брыгаду. - Калi ён можа развалiць брыгаду, то грош нам цана. Чаго мы варты? - Ты самакрытычны. Але май на ўвазе, Славiк твой не такi наiўны, як табе здаецца. У яго даволi цвёрдыя перакананнi. Не Ходасу ён крычаў, а ўсiм, хто абедаў. Хацеў памiтынгаваць раней... Ходас - зачэпка... Тараса здзiвiў такi нечаканы паварот у разважаннях сакратара. Баяцца Славiка? Смешна. - Ты чуў, што ён крычаў? "Дэмагогi!" Хто - дэмагогi? Хто не прачытаў. Шмат хто не паспеў прачытаць. - Але не меў Ходас маральнага права згаджацца выступаць! - запярэчыў Тарас. - Тут Шыковiч праўду сказаў. Iншая рэч, як ён гэта сказаў. Непрыязь у iх адзiн да аднаго - вось што дрэнна. - Што ж, глядзi. На тваю адказнасць. Калi што - будзеш адказваць перад парткомам. Мiтынг уразiў Славiка перш за ўсё сваёй масавасцю. Звычайна пасля змены рабочыя спяшаюцца хутчэй дадому. Асаблiва жанчыны. Iх цяжка затрымаць на пяць - дзесяць хвiлiн. Славiк знарок працiснуўся да прахадной, каб пабачыць, як рабочыя будуць уцякаць, сварыцца з вартаўнiком. Але нiчога гэтага не было. Тыя ж самыя жанчыны, наадварот, цiснулiся блiжэй да трыбуны, выкарыстоўваючы сваё жаночае права быць наперадзе. Людзi засяроджаныя, сур'ёзныя, уважлiвыя - i старыя i моладзь. I, што дзiўна, не было нудных прамоўцаў. Гэта таксама ўразiла Славiка. Усе гаварылi з такой палымянасцю, што ў хлопца зноў з'явiлася тое пачуццё захаплення, якое ён адчуў учора, калi чытаў праект. Толькi выступленне Тараса яго насцярожыла. Брыгадзiр гаварыў пра маральны кодэкс будаўнiка камунiзму. Славiку здалося, што гэта знарок для яго. А ён страшэнна не любiў, калi хто-небудзь пачынаў чытаць яму мараль з мэтай перавыхаваць. Тады ў яго з'яўлялася жаданне зрабiць усё наадварот. Разам з насцярожанасцю ён адчуваў задавальненне, што не даў Ходасу пакрасавацца перад народам. Хацелася глянуць пераможанаму ворагу ў твар. Славiк пачаў прабiрацца наперад. На яго зашыкалi, каб не перашкаджаў слухаць. I ён не адважыўся хваляваць цiхае людское мора застыў на месцы. Ён адчуў, усвядомiў велiч гэтага мора, яго магутную сiлу. Разумную сiлу, якая не разбурае, а стварае. I, можа, упершыню адчуў сябе часцiнкай гэтай сiлы. Аднак разуменне таго, што ён - часцiнка вельмi маленькая яшчэ, на гэты раз не здалося яму зневажаючым яго чалавечую годнасць. Ён выходзiў з завода цераз шырока адчыненыя вароты ў натоўпе рабочых з нейкiм асаблiвым гонарам. Чамусьцi яму хацелася, каб у гэты мiг яго ўбачыў бацька. 16 Шафёр гнаў па лясной дарозе як ашалелы, таго i глядзi, разаб'е. А дарогi такой - кiламетраў дваццаць. У некранутым сасновым бары - тоўстае карэнне, цэлыя карнявыя вузлы, як добрыя камянi; у дубовых гаях - старыя грэблi, на якiх мала засталося насцiлу, адны ямы, палiтыя ўчарашнiм дажджом. Шафёр нi на што не зважаў. А побач з iм у кабiне бестурботна спаў старшыня. Шыковiч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Яго i дзвюх дзяўчат-калгаснiц кiдала ў кузаве, як тыя кавуны, - ад борта да борта. Дзяўчаты смяялiся, хапалiся адна за адну, потым, асмялеўшы, пачалi хапацца i за яго. Кiрылу падабалася такая непасрэднасць i тое, што яго не лiчаць яшчэ за старога, калi падбiваюць на жарты. Неяк асаблiва хваляваў дотык маладых дужых рук, ад якiх пахла зямлёй i зернем. Ад мяшкоў, на якiх яны сядзелi, патыхаў цёплы водар збажыны. Але хутка Шыковiч адчуў, што ад такой вясёлай язды пачынае балець усё нутро. Не тыя гады, каб так трэсцiся. Нарэшце выехалi з лесу на асушанае балота. Дарога праз тарфянiкi - што коўдра, роўная i мяккая. I дзiўна - цi так здалося на раўнiне, дзе няма за што зачапiцца воку, цi на самай справе - шафёр павёў машыну асцярожней i павольней. Сцiхлi дзяўчаты, як бы засаромелiся сваёй лясной гарэзлiвасцi. Нават прачнуўся старшыня; з яго боку з кабiны пацягнула папяросным дымком. Кiрыла прылёг на мяшкi i паглыбiўся ў разважаннi. "Трэба будзе выяснiць, колькi служыць машына пры такiх дарогах i такой яздзе. Варта ўставiць дзе-небудзь пра тып старшынi, як з гадамi мяняецца iх знешнi выгляд. Такiх, як гэты Грак, я даўно не сустракаў. Вынырнуў быццам з сорак пятага года". Немалады - год пад пяцьдзесят - старшыня больш за ўсё нагадваў калгасных кiраўнiкоў таго далёкага пасляваеннага часу: непаголены, у зашмальцаванай, даўно, вiдаць, не мытай, гiмнасцёрцы з чорнага грубаватага сукна, у старамодным дыяганалевым галiфэ, у пажоўклых ботах i, галоўнае, з кiрзавай палявой сумкай, невядома чым туга напакаванай. Гэтая працёртая на вуглах сумка проста-такi прываражыла Шыковiча. "Няўжо з ваеннага часу?" - карцела спытаць. Убачыўшы каля складоў "Закупзерне" старшыню з Загалля, Шыковiч зразумеў, чаму сакратар райкома спрабаваў адгаварыць яго ад паездкi ў гэтую далёкую вёску, куды нават раённыя работнiкi рэдка заглядваюць. Беразоўскi - стары знаёмы Шыковiча, некалi працаваў у абкоме камсамола. Малады энергiчны сакратар. Сустрэў Шыковiча з радасцю: - Нарэшце ты заглянуў i ў наш забыты творцамi раён. Цяпер я цябе не выпушчу. - Мне трэба перш за ўсё дабрацца да Загалля. Сакратар насцярожыўся: - Чаму адразу ў Загалле? - Ды так. Кажуць, цiкавая вёска, - ухiлiўся ад тлумачэння Шыковiч. - Вёска за сямю лясамi, дзевяццю балотамi. Этнаграфiчны куток. Гэтым i цiкава. Але, скажу табе шчыра, калгас там не самы лепшы. - А мне i трэба не самы лепшы. - Значыцца, маеш намер пiсаць разгром? - А ты баiшся? - А хто не баiцца? Ваш брат настрочыць - а нас на бюро абкома па сiгналу газеты. Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велiзарнай рабоце, якую вядзём у апошнiя гады, i пры пэўных поспехах хапае i прарэхаў. Шмат якiя намаганнi тонуць, як у бяздоннай бочцы. То засушыла, то падмачыла. Працуеш-працуеш, а вынiкi... - Незадаволены вынiкамi? - Якая можа быць задаволенасць? Вышэй дзевяцi цэнтнераў нiяк не можам узняцца. - А кукуруза? - Кукуруза якраз добрая. На круг цэнтнераў па трыста. - Лепшая, чым летась? - Лепшая! - А летась у вас, здаецца, было па шэсцьсот? Беразоўскi засмяяўся: - Гэта твой друг Раманаў у кабiнеце на паперы вырошчваў па гэтулькi. - Ты ў яго быў трэцiм. Маеш вопыт. - Цяпер за такi вопыт будзеш глядзець на неба вось праз што, - сакратар склаў пальцы ў выглядзе крат. - А не здаецца табе, Барыс Пятровiч, што нежаданне пусцiць журналiста ў слабы калгас - гэта сцэна з той жа оперы "Паказуха"? Беразоўскi пакрыўдзiўся: - Я хацеў памагчы табе напiсаць такi нарыс, за якi цябе, пiсаку, пахвалiлi б, а ты вунь як вытлумачыў... Ну дык кацiся ты ў сваё Загалле. - А як туды дакацiцца? - Добра. Не будзем крыўдзiцца адзiн на аднаго, а то яшчэ пасварымся. Пачакай гадзiны дзве, я правяду нараду дырэктараў школ i пасля завязу цябе сам. Але, блукаючы па райцэнтры, Шыковiч падышоў да склада, дзе стаяла чарга машын са збажыной, i натрапiў у канторы на загальскага старшыню. Грак, калi Шыковiч звярнуўся да яго, акiнуў падазроным позiркам, спытаў коратка: - Хто? - Лектар. Шыковiч не хлусiў: кожны раз, выязджаючы ў раён, ён браў у абкоме партыi лектарскую пуцёўку. Часцей за ўсё рабiў даклады пра лiтаратуру. Але цяпер яму хацелася расказаць сялянам аб праекце Праграмы, пачуць iх думкi. - Лектар - рэч патрэбная, - паблажлiва дазволiў пад'ехаць супакоены старшыня. Але, пераканаўшыся, што едзе ў калгас птушка невялiчкая, нiякi не рэвiзор, ён тут жа страцiў усялякую цiкавасць да гэтай "рэчы патрэбнай". Шыковiча такое вызначэнне лектара спачатку абурыла, пасля рассмяшыла. Прыгадаўшы ў машыне, што ён - "рэч патрэбная", не стрымаўся - усмiхнуўся, пакруцiў галавой. Дзяўчаты глядзелi на яго як на дзiвака. Зноў лес. Зноў балота, не асушанае, з дзедаўскiмi грэблямi. I вось яно Загалле, вялiкае сяло ў падкове дубовых гаёў. Не вызначаюцца яшчэ асаблiвай навiзной нашы вёскi. Пра гэта многа гаварылi i пiсалi. Пiсаў i Шыковiч. Але амаль усюды, дзе ён нi ездзiў, то бачыў побач са старымi хатамi новыя збудаваннi: цi то тыповая школа, бальнiца, клуб, цi новыя дамы, светлыя, прасторныя, хоць i нетыповыя (кожны будаваў па ўласнаму праекту), шмат дзе цагляныя, пад гонтай i шыферам, i бадай што ва ўсiх калгасах новыя гаспадарчыя пабудовы: кароўнiкi, свiнарнiкi, над якiмi ўзвышаюцца воданапорныя вежы, ветраныя рухавiкi. Усё гэта надае вёскам новы выгляд. Нiчога новага не было ў Загаллi. Сяло ў вайну не гарэла. I ўсё тут было старое. Хаты бадай што дарэвалюцыйныя, прыплюснутыя, з нiзкiмi i маленькiмi акенцамi, з замшэлымi стрэхамi. Быццам i не раслi тут людзi, не жанiлiся, не аддзялялiся ад бацькоў, не заводзiлi свой куток, не дбалi, каб ён быў больш прыгожы, чым дзедаўскi. Калгасныя патрэбы, вiдаць, задавальнялi тыя хлявы i свiрны, якiя злеплены былi пасля калектывiзацыi з абагуленых гумнаў. На доўгай травянiстай вулiцы гуляла многа малых, пасвiлiся шматлiкiя чароды гусей. Вiдаць, праз гэта шафёр вёў машыну з асцярожнасцю вучня: куды знiк той лiхач, якi ляцеў па лясной дарозе з хуткасцю ветру. Больш, чым выгляд хат, Шыковiча ўразiлi андаракi на старых жанчынах. Даўно ўжо ён не бачыў андаракаў! Сапраўды, этнаграфiчны куток. Кiрыла чамусьцi падумаў пра адзенне старшынi i яго пацёртую кiрзавую сумку. Андаракi хоць прыгожыя - квяцiстыя. Трэба купiць адзiн - для экзотыкi. Машына спынiлася насупраць дома, якi стаяў у глыбiнi старога i, пэўна, здзiчэлага саду: пладоў на яблынях i грушах не было. У суседнiх сялянскiх садках чырванабокiя яблыкi былi вiдны здалёк. Старшыня выскачыў з кабiны i, нiчога не сказаўшы Шыковiчу, не запрасiўшы нават у праўленне, хутка пайшоў па сцежцы да дома, памахваючы сваёй сумкай. Калi машына адышла, Шыковiч застаўся адзiн на вулiцы. Ён нават не паспеў спытаць у дзяўчат, якiя таксама выскачылi з кузава, што ж там, у садзе: кватэра старшынi цi калгасная канцылярыя? Ён толькi беспамылкова вызначыў, што гэта былы папоўскi дом. На другiм баку вулiцы цi, хутчэй, цэнтральнай плошчы (тут перакрыжоўвалiся вулiцы) узвышалася былая царква. Шыковiчу хацелася адгадаць, што ў гэтай недарэчнай будынiне - клуб цi склад? Ды раптам з'явiўся Грак. Без сумкi. З прыветлiвай усмешкай на ўвесь шырокi загарэлы твар: - Таварыш Шыковiч? Кiрыла адразу здагадаўся, што адбылося: пакуль яны ехалi, пазванiў Беразоўскi. Усмiхнуўся ў адказ. - Кiрыла Васiльевiч! - Усё было высветлена. - Як жа можна так? Ай-я-яй... - Старшыня дакорлiва кiваў галавой, цмокаў языком, быццам дакараў малога. - Я разумею, ваш брат, iнжынер нашых душ, хоча глянуць на людзей так, каб яны не ведалi, хто на iх глядзiць. Але мне вы павiнны былi сказаць. Калi трэба, я нi гу-гу. - Ды не, я хавацца не думаю. Даклад буду рабiць. Можна сёння сабраць людзей? - На ваша iмя прыляцяць, як матылi на агонь. "Ого, - падумаў Шыковiч, - ды ён галантны мужчына. Можа i камплiменты выдаваць". Ветлiва адчынiўшы перад госцем дзверы ў кантору праўлення, Грак закрычаў з парога: - Трышка! Абвясцiць па ўсяму сялу: да нас прыехаў вядомы пiсьменнiк Шыковiч! У дзевяць гадзiн усе як адзiн у клуб, слухаць лекцыю! Хлапчына з надзвычай прыгожай чупрынай, белай, хвалiстай (лепшы парыжскi цырульнiк не зрабiў бы такой прычоскi, як зрабiла прырода), раней чым кiнуцца выконваць загад старшынi, шчыра i моцна пацiснуў Шыковiчу руку i паведамiў: - Я чытаў вашу аповесць. I фельетоны. Жанчына-бухгалтар, наадварот, чамусьцi скептычна ўсмiхалася. Вiдно было, што гэта маладая мацi: кофтачку на кнопках распiралi поўныя грудзi, з белага твару не сышлi яшчэ плямы. Пры паўнаце постацi твар гэты здаваўся худым, хваравiтым i, бадай што, быў бы непрыгожы, каб не вочы - вялiкiя, чорныя, хiтрыя i разумныя. Ды яшчэ валасы, такiя ж чорныя, скручаныя на патылiцы ў вялiкую куксу, рабiлi жанчыну прыгожай. Неспадзявана для Шыковiча агульны пакой канцылярыi аказаўся даволi чыстым i ўтульным - нават вазоны на падаконнiку. А сцены абклеены сельскагаспадарчымi плакатамi, падабранымi больш па яркасцi i прыгажосцi, чым па iх прапагандысцкаму значэнню. Плакат, на якiм з кукурузнага пачатка сыплюцца, як з мяшка, каўбасы, сала, масла, сыр, тканiна, гума i iншыя каштоўныя рэчы, аказаўся не на самым цэнтральным месцы, а ў куце каля грубкi. Грак адчынiў дзверы з шыльдачкай: "Старшыня праўлення", але Шыковiч зрабiў выгляд, што разглядае табель выпрацоўкi працадзён, i не пайшоў у кабiнет. Старшыня пачаў шаптацца з жанчынай. Шыковiч здагадаўся, пра што, i перапынiў iх: - Таварыш Грак, калi вы наконт абеду, то не турбуйцеся. Тры гадзiны назад я абедаў у раённай чайной. За вячэру буду ўдзячны. У нашыя з вамi гады i пры нашай камплекцыi многа есцi - самагубства. Грак засмяяўся: - Я думаю, ад яды нiхто не памёр. Можа, памiдорчыкаў, гурочкаў маласольных? А? - З прыемнасцю. Але пазней. На вячэру. - А палуднiчак павiнен быць. Цяпер ужо засмяялася жанчына. - Энергiя трацiцца ад усялякай работы, - глыбакадумна зазначыў старшыня, каб апраўдаць сваё жаданне паабедаць. - У мяне, ведаеце, акрамя даклада яшчэ адна справа ёсць. Скажыце, Сухадол Клаўдзя Сiдараўна жывая,здаровая? - Баптыстка гэтая? Яна сто гадоў пражыве! - кiнуў амаль злосна Грак. - Баптыстка? - здзiвiўся Шыковiч. - Ды не баптыстка яна! - запярэчыла бухгалтар. - Ну не ведаю, якому яна iдалу там кланяецца, але што шаманка, то шаманка. Больш хiтрая, чым тыя, якiх я бачыў у якутаў. Адным словам, дармаедка. Абвясцiла сябе знахаркай. Варажбiткай. - Ды не варожыць яна. Травамi лечыць. - Ты, Кацярына, не абараняй. Ты сама туды ж. Сорам! Культурная сiла! кiнуў ён жанчыне з дакорам. - А што? Яна вылечыла мяне. - Вылечыла. Лекарка! Прафесар! Дурнота ваша бабская ёй кiшэню набiвае. Хочаце напiсаць пра яе, таварыш Шыковiч? - Ага. - Дайце добранькi фельетон. Я вам факцiкаў падсыплю. Можа, пракуратура тады дацягнецца. А то я колькi разоў казаў нашаму пракурору, ды ён усё рукамi разводзiць: "Няма падстаў, трэба блюсцi законнасць". Я ёй, праўда, крыллi падрэзаў - сядзiбку па самыя вуглы адшахаў. Але, не такой уяўляў Кiрыла гэтую жанчыну, калi пасля доўгiх пошукаў з дапамогай Яраша даведаўся нарэшце, куды знiкла з горада былая сястра iнфекцыйнай бальнiцы Клаўдзя Сухадол. "Медсястра - i раптам знахарка, сектантка нейкая. Лiха ведае што такое!" разважаў ён, незадаволены, ужо трохi расчараваны, iдучы па доўгай вулiцы ў край сяла. Прыгадваў, як адразу варожа насцярожылася бухгалтар, калi пачула, што ён хоча пiсаць пра Клаўдзю. Што пiсаць - тлумачыць не стаў, бо раптам страцiў веру, што ўвогуле прыйдзецца нешта пiсаць у вынiку размовы з гэтай жанчынай. Знайсцi яе хацiну было лёгка. Па-першае, яна стаяла трэцяй з краю, каля самага лесу, а па-другое, адзiная такая ў сяле: маленькая мазанка, пабеленая на ўкраiнскi лад. Высокi лазовы пляцень, якiм з усiх бакоў быў абгароджаны цесны дворык, здаўся Шыковiчу крапасной сцяной, за якой нехта як бы хацеў схавацца ад людзей i свету. Дзе ў суседзяў былi садкi i агароды, тут, адразу за плятнём, шапацела надзiва высокая кукуруза. "Каралева палёў", дзiця сонечнай Украiны як бы цягнулася да мазанкi. Спалучэнне натуральнае, нават прыгожае. Але Шыковiчу ўспомнiлiся словы Грака: "Я ёй крыллi падрэзаў", i ён упершыню падумаў аб крыўдзе, якую, напэўна, мае жанчына на мясцовую ўладу i вельмi можа быць - нават на гэтую цудоўную кукурузу. Ад веснiц паўз хату iшла вузенькая i чысценькая, пасыпаная жоўтым пясочкам сцежачка. Уся астатняя плошча дворыка была разбiта на малюсенькiя акуратныя градкi, засаджаныя гароднiнай i кветкамi. Безумоўна, не хадзiла па гэтым двары нi карова, нi каза, нават слядоў курэй не было вiдно, хоць невялiчкi хляўчук, таксама абмазаны i пабелены, тулiўся ў кутку за хатай. Шыковiч разгледзеў усё гэта, пакуль, прасадзiўшы руку ў шчылiну, шукаў адмысловую "зачынялку", каб адчынiць веснiцы. Ды так i не знайшоў, хоць дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыi сялянскiх замкоў - круцёлак, засовак, зашчэпак. I тут з'явiлася сама гаспадыня. Яна, нахiлiўшыся, выйшла з дзвярэй, шырокiмi крокамi падышла да агароджы, цераз пляцень глянула, хто там, адчынiла веснiцы, але загарадзiла сцежку сваёй постаццю, акiдваючы няпрошанага госця дапытлiвым позiркам: што ты за птушка? Шыковiча адразу ўразiў яе выгляд. Жанчына была на добрую галаву вышэйшая за яго i значна старэйшая, чым яму ўяўлялася, зусiм сiвая ўжо. Па-мужчынску кастлявая, крыху ўжо ссутуленая, але, вiдаць, даволi дужая яшчэ, яна стаяла з пучком сухой травы ў руцэ, як вартавы са зброяй. Глядзела так, што Шыковiчу здалося: вось-вось сцебане яго гэтым венiкам па твары. Ён адчуваў, што не вытрымае яе позiрку, i паспяшаўся загаварыць першы: - Клаўдзя Сiдараўна? - Што вам? - сурова спытала яна. - Я хацеў пагутарыць... - Пра што? Хто вы? - Я растлумачу... Я з рэдакцыi. - Вопытны журналiст, ён, можа, упершыню адчуў сябе нiякавата, знаёмячыся з чалавекам. У старой гнеўна блiснулi вочы. - Што вам трэба ад мяне? Я не займаюся знахарствам, няхай не брэшуць. Я збiраю травы. Раю iх людзям. Няма такога закону, каб забаранiць мне... Няма! Яна крута павярнулася i... пайшла ў хату. Шыковiч зусiм разгубiўся. "Чорт мяне пацягнуў за язык сказаць, што я з рэдакцыi. Калi яна зачынiцца i больш не выйдзе, тады хоць крычы пад акном, што мне трэба ад яе". А з-за плятня ўжо зыркалi цiкаўныя вочы суседкi. Ляпнула акно за спiной, у хаце на другiм баку вулiцы. Яго бралi пад скрыжаваны "абстрэл". Мабыць, другiх сваiх наведвальнiкаў Сухадолiха сустракала iнакш. Але паколькi веснiцы засталiся адчыненыя, Кiрыла рашуча ступiў у двор i спынiўся перад акном: няхай бачыць, што ён не адыдзе, пакуль не пагутарыць. Ды жанчына праз хвiлiну выйшла. У выцягнутых перад сабой доўгiх руках яна несла тоўстую кнiжку ў палатнянай вокладцы. "Няўжо Бiблiя? - амаль са страхам падумаў Кiрыла. - Не хапала клопату!" Чаго ён не ўмеў - дык гэта весцi антырэлiгiйную прапаганду сярод веруючых. Суцяшаў сябе тым, што гэтага не ўмее рабiць большасць прапагандыстаў, а таму i чытаюць свае лекцыi не перад веруючымi, а перад тымi, хто даўно ўжо нi ў Бога нi ў чорта не верыць. Яна злосна сунула яму кнiжку: - Во! Ён адгарнуў вокладку i ледзь не засмяяўся. Гэта быў том "Лекарственные растения". - Во! - паўтарыла яна. - Усяго пяць гадоў назад выпусцiлi. Савецкi iнстытут. Медыцынскi. Вучоныя! I ўсе пiшуць: збiрайце травы. Дык пакажыце мне закон, каб забаранялi iх збiраць? Дзе такi закон? - наступала яна. Шыковiч глядзеў на яе знiзу ўгору i не адразу здагадаўся, чаму змянiўся яе суровы твар, што яго быццам памаладзiла за тыя хвiлiны, якiя яна была ў хаце. Ага, жанчына паспела павязаць белую хусцiну, i павязала своеасаблiва, не так, як тутэйшыя сялянкi, "хаткай", а так, як павязваюць касынкi сёстры i санiтаркi ў бальнiцах. Шыковiч вырашыў не перапыняць яе: няхай выкажацца. - Не думайце, што я дурная, цёмная баба. Я не маю дыплома. Але я пятнаццаць гадоў рабiла сястрой у бальнiцы. Былi людзi, якiя верылi мне без паперак. Цяпер не вераць. Лепш за яе, нашу дурную фельчарыцу, што заявы на мяне пiша. I грошы бяру! Бяру! А што мне - памiраць? Гародчык i той абрэзалi... - Клаўдзя Сiдараўна! - нарэшце перапынiў яе Шыковiч. - Я прыехаў да вас зусiм па iншай справе. Яна змоўкла, не разумеючы. - Я хацеў спытаць у вас пра Савiча. Доктара Савiча. Сцяпана Андрэевiча. Як яна адразу змянiлася! Адступiла на крок, нiбы спалохалася. Сцялася неяк уся, ажно ростам паменшала. Аднак твар асвяцiўся нейкiм унутраным агнём, адны маршчыны разгладзiлiся, другiя сталi глыбей. Але сказала яна яшчэ даволi сурова: - Савiч васемнаццаць гадоў у зямлi. Навошта ён вам? - Я хачу напiсаць пра яго i пра вас. - Што пра нас пiсаць? - Што? Я хацеў бы напiсаць, што Савiч быў савецкiм чалавекам. I тады, калi служыў у немцаў. Але для гэтага мне патрэбны доказы. Факты. Сведкi.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28
|