Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Сэрца на далонi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Шамякин Иван / Сэрца на далонi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 12)
Автор: Шамякин Иван
Жанр: Отечественная проза

 

 


      А ў бальнiцы яго не прапусцiла другая вартаўнiца - у белым халаце. Дарэмна ён даказваў, што запрошаны самiм Ярашам прысутнiчаць на аперацыi, што ён карэспандэнт, пасля выдумаў, што асiстэнт i без яго не будуць аперыраваць i ўвогуле ўсё паляцiць дагары нагамi.
      - Нiчога не ведаю. Нiхто нiчога не казаў, - флегматычна адказвала старая жанчына, не без цiкаўнасцi, аднак, назiраючы праз акенца, як нервуецца гэты поўны, лысаваты ўжо мужчына ў пакамечаным парусiнавым касцюме.
      Шыковiч скрыгатаў зубамi. Успомнiў, што Антон не вельмi ахвотна згадзiўся, каб ён прысутнiчаў на аперацыi. Няўжо перадумаў? Не пусцiць? Пажартаваў. Аднак за такi жарт... Кiрыла хадзiў каля варот, круцiў у руцэ ключы ад машыны i выдумляў сябру самую страшную кару.
      Але раптам адчынiлiся дзверы, i юная iстота ва ўсiм белым ветлiва запрасiла:
      - Кiрыла Васiльевiч? Калi ласка, праходзьце.
      I куды дзелiся яго злосць i абурэнне! Iдучы па бальнiчным двары, ён узяў сястру за локаць. Яна глянула на яго, збянтэжана ўсмiхнулася, вызвалiла руку. Але ад гэтага дотыку да маладосцi ён таксама адчуў сябе маладым, бадзёрым, свежым, як той лiпеньскi ранак.
      На другiм паверсе, у асобным пакоi, сястра памагла яму надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку i палатняныя бахiлы вышэй каленяў. Ён пажартаваў, што ўпершыню ў жыццi падобны на прафесара. Яна не ўсмiхнулася на яго жарт. Правяла па калiдоры, паказала на дзверы:
      - Сюды.
      У перадаперацыйнай было многа людзей у белых халатах, з ссунутымi на падбародкi маскамi. Але нiхто з iх нiчога не рабiў. Усе чакалi. Шыковiч зразумеў, што гэта такiя ж назiральнiкi, як i ён, - маладыя лекары, практыканты.
      Ён пачаў разглядаць iнструменты ў шкляных шафах, будку для стэрылiзацыi з адчыненым акенцам у аперацыйную. Падумаў, як нялёгка вывучыць назвы i прызначэннi ўсiх гэтых iнструментаў - iх тысячы. Хацеў пачуць, што лекары гавораць пра сённяшнюю аперацыю. Але побач з iм малады высокi мужчына, яўна заляцаючыся, шаптаў чорнай тоўсценькай дзяўчыне:
      - Клава, махнём пасля абеду ў Палянкi? На кацеры?
      - На Будаеў луг. Там пляж лепшы.
      Шыковiч абурыўся: вось-вось будзе вырашацца лёс чалавека - жыццё цi смерць! - а яны, чэрцi, пра пляж думаюць.
      На яго не звярталi ўвагi.
      "Як у лазнi. Усе роўныя".
      Жанчына, што сядзела за сталом i нешта занатоўвала ў журнал, паднялася i шырока адчынiла дзверы аперацыйнай.
      Кiрыла ўбачыў Яраша. Той стаяў у кутку вялiкай залы, выставiўшы перад сабой да локцяў голыя рукi, нiбы ўзважваючы растапыраныя пальцы. Белiзна яго шапачкi аж ззяла ў святле ранiцы. А святла гэтага, роўнага, ледзь-ледзь падзеленага водблiскам дрэў i шыб, лiлося мора: уся сцяна - шкло.
      Незвычайны ў сваёй паставе i адзеннi, велiкан побач з нiзенькiм Майзiсам, якому сястра, як малому, выцiрала салфеткай рукi, галоўны хiрург здаваўся звышчалавекам, богам.
      Кiрыла падумаў: "Як можа пераўтварыцца чалавек! Цi той гэта Антон, просты, свойскi, шчыры хлопец?"
      Той. Убачыў сябра i кiўнуў галавой, усмiхнуўся зусiм звычайна. Нацягнуў тонкiя гумавыя пальчаткi, падышоў блiжэй да дзвярэй. Сказаў да ўсiх, хто чакаў у перадаперацыйнай:
      - Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасцi. Прашу: нiякiх каментарыяў. Поўная цiшыня. Каму дазволiў, сядайце тут, - ён кiўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцiн. - Астатнiя глядзяць па тэлевiзары. Калi ласка, - i адступiў убок.
      Чалавек сем хiрургаў-практыкантаў, бесцырымонна адцiснуўшы Шыковiча ўбок, хутка i смела прайшлi ў аперацыйную, залезлi за шырму.
      "Прабiўны журналiст", можа, упершыню разгубiўся - што рабiць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша:
      - Кiрыла Васiльевiч! Заходзь!
      Шыковiч нясмела ступiў у "святую святых" медыцыны. Цяпер на яго звярнулi ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кiрыла не адразу пазнаў яе) i ў пальчатках, перакладала на маленькiм столiку блiскучыя iнструменты, быццам лiчыла, цi ўсё ёсць. Яна ўсмiхнулася яму вачамi. Майзiс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалi перашэптвацца: "Хто гэта? Хто?" Яраш наблiзiўся, па-сяброўску падмiргнуў, паўшэптам спытаў:
      - Не баiшся?
      Кiрыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг iх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго iсцi на аперацыю:
      "Самлееш ты, Кiрыла, я ж ведаю, як ты баiшся крывi".
      "Ну, глупства, самога мяне рэзалi - не млеў".
      Галiна Адамаўна, наадварот, падтрымлiвала яго жаданне: "Нiчога страшнага. Яраш жартаваў".
      Ён i цяпер засмяяўся:
      - Аднак садзiся з краю, на выпадак чаго.
      Практыканты пацiснулiся, i Шыковiч сеў за шырмай.
      Першае, што ўразiла яго, - гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля iх вогнiшча, расказваючы план аперацыi, Антон хваляваўся, бадай, больш i прызнаваўся ў гэтым. А тут - ходзiць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.
      Кiрыла прыкаваў да яго позiрк.
      "Не, не можаш ты быць такiм спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасi сябе".
      Аднак нiводная рыска не ўздрыгвае на твары хiрурга. Хiба толькi залiшне пiльна сочыць ён за калегамi i памочнiкамi, якiя таксама даволi спакойна поркаюцца каля апаратаў.
      Апараты... Апараты... Розныя. З экранамi. Без экранаў. На калёсiках. З правадамi. Са шлангамi. Кiрыла ўспомнiў Ярашавы "лекцыi" па хiрургii, фразу, якую той аднойчы кiнуў яўна з гонарам:
      "Мая аперацыйная цяпер - што цэх".
      Сапраўды, што цэх.
      Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сiгнальнымi лямпачкамi, цi не той гэта апошнi цуд, па якi Яраш ездзiў у Кiеў, - апарат "сэрца - лёгкiя"?
      Яраш нешта кажа сваiм памочнiкам. Лекары адказваюць незразумелымi Шыковiчу словамi.
      Нечакана адчыняюцца другiя дзверы. Санiтары хутка i бясшумна падводзяць хворую i гэтак жа, да абразлiвасцi хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол.
      А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялiкiя вочы, i ў позiрку iх не страх, а як бы здзiўленне i любаванне ўсiм, што ўгледзела. Зося Савiч! Шыковiч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленнi - пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзiўна. Менавiта такой яна i ўяўлялася. Да незапамiнальнасцi звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём i хваробай... Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамi прыгажосць, абаяльнасць i... мужнасць. Усё гэта цяпер толькi ў яе вачах, у яе позiрку.
      Кiрыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомнiць. Цi ўбачыць ён яе, жывую, другi раз?
      Яраш, усё такi ж спакойны i велiчны, прыветлiва кiвае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нiчога не сказаўшы, ён адыходзiць. Працягвае рукi Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткi i накрывае яго вялiкiя рукi салфеткай. Ён садзiцца. Ён адпачывае. Можа, апошнi раз прадумвае план аперацыi. А яго памочнiкi - лекары i сёстры не вельмi каб спешлiва падключаюць да хворай датчыкi апаратаў: пад спiну, да галавы, да рукi, да нагi... Правады, шлангi звiсаюць над сталом. Шыковiчу чамусьцi больш за ўсё кiнуўся ў вочы i запомнiўся маленькi апарацiк, якi надзелi Зосi на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксiгемометр прыбор, якi вызначае насычанасць крывi кiслародам.)
      Яраш расказваў яму пра назначэнне многiх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковiча ўсё пераблыталася. Ды прыборы i машыны яго нiколi не цiкавiлi. Цiкавяць людзi. Цяпер больш за ўсiх яна, Зося. I лекары. Здавалася, злачынна павольна яны ўсё робяць. Хiба можна ў такi момант быць такiмi марудамi? Хацелася крыкнуць Антону: "Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падганi iх!"
      У самога яго ўсё часцей i мацней б'ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання i нецярплiвасцi: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзiс, першы асiстэнт, кiдае:
      - Гатова, Антон Кузьмiч.
      Толькi ў гэты мiг блiскае ў шырока расплюшчаных вачах Зосi iскра страху. Шыковiч ловiць гэтую iскру. Невядома, што робiцца ў яе хворым сэрцы, але яго сэрца пачынае грукацець так, што ўдары аддаюцца ў скронях, у руках, у паху ва ўсiм целе.
      - Наркоз! Вера Паўлаўна! - устае з табурэцiка Яраш.
      Секунды - i павекi хворай цяжка апускаюцца. Яна засынае.
      Над сталом загараецца велiзарнае кола бясценевай лямпы. Нехта адкiдвае прасцiну, i Шыковiч бачыць яе грудзi, залiтыя яркiм святлом, зусiм дзявочыя, па кулачку, - узгорачкi з ружовымi маячкамi на вяршынях.
      Яму робiцца няёмка, як бывае няёмка глядзець на голую нябожчыцу. Ён пераводзiць позiрк на Яраша. Той падыходзiць да стала, хвiлiну пiльна глядзiць на хворую i раптам праводзiць пальцам пад левай груддзю, потым - ад падложачкi пад паху.
      Вось так ён распаласуе ёй грудзi? Шыковiчу робiцца страшна. Дарэмна ён храбрыўся!
      Скiраваць увагу на што-небудзь другое!
      Шчоўкаюць апараты. На адным экранчыку бяжыць блакiтная стужка, як тая змейка ў бажоўскiм сказе. На другiм - маланкi, то ўзлятаюць, то падаюць, пiшуць ломаную крывую. Не, не адарвацца яму ад рук хiрурга! А ў гэтых руках ужо электраскальпель.
      Шыковiч зажмурваецца, уявiўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасцiны. Але храбрыўся ён дарэмна, крывi ён сапраўды баiцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны i Майзiсавы ногi ў белых панчохах. Нешта цiха патрэсквае, нiбы рвецца тканiна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баiцца глянуць на стол.
      Першы позыў на рвоту. Але сорам i страх перамагаюць, i Кiрыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робiць хiрург. I перад тым, што ён бачыць, на нейкi момант адступае ўсё iншае. Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пiсаў, - вось яно, перад яго вачамi, у раскрытых грудзях. Невялiкае, трапяткое, а галоўнае - жывое! Пульсуе, б'ецца...
      Кiрыла ажно зноў прыўзнiмаецца над шырмай, цягнецца, каб лепей разгледзець гэтае цуда.
      Зусiм iншы рытм работы хiрургаў i лекараў каля апаратаў. Цяпер усе спяшаюцца, усе - уважлiвыя i напружаныя.
      - Цiск восемдзесят на пяцьдзесят.
      - Стадыя ўзбуджэння...
      Лiчбы. Словы. Шыковiч не ўнiкае ў iх сутнасць. Ды каб i хацеў, то не здолеў бы.
      Маша спрытна мяняе Ярашу пальчаткi. I вось яго пальцы, тоўстыя, але чулыя, абмацваюць сэрца. Удакладняюць дыягназ. Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далонi. Жывое сэрца на далонi! I б'ецца, б'ецца, нiбы хоча вырвацца.
      Але ў другой руцэ хiрурга блiскае скальпель... I гэтая сталь над жывым сэрцам, яна вiнавата ва ўсiм.
      Калыхнулася сцяна аперацыйнай, паплылi ўбок хiрургi. Але Кiрыла зноў перамог сябе i надзвычай асцярожна, каб нiкому не перашкодзiць, прыцiскаючыся да сцяны, рушыў да дзвярэй. Як яны далёка, дзверы! У жоўтым тумане. Але ён дабраўся да iх, адчынiў. Нехта спытаў:
      - Вам блага?
      Ён вiнавата ўсмiхнуўся:
      - Не.
      Павярнуўся туды, куды глядзелi ўсе, - да экрана тэлевiзара. I зноў убачыў яго, сэрца. I ўбачыў нешта зусiм жудаснае: тоўсты палец праткнуў яго, маленькае, здалося, ужо нерухомае, нежывое.
      Тэлевiзар падскочыў угору, закруцiлiся плафоны на столi... Нехта закрычаў...
      Больш дапытлiвы журналiст нiчога не помнiў.
      Апрытомнеў у кабiнеце галоўнага хiрурга. Сястра, якая праводзiла яго, паднесла да твару тампон, змочаны нашатыром. Кiрыла чыхнуў. Нашатыр асвяжыў. Але ў галаве гудзела, як у пустым склепе. Цяжкiмi зрабiлiся ногi, i пальцы iх варушылiся недзе, здавалася, за вярсту. А ў роце быццам ваты напхана, i яна прамакнула ўсю слiну; язык прылiп да паднябення. Ён прыслухаўся да гэтага дзiўнага стану ў целе.
      Сястра схiлiлася над iм i ўсмiхнулася, яму здалося, насмешлiва.
      - Нарабiў я вам клопату. - Ён не пачуў цi не пазнаў свайго голасу.
      - Нiчога, на першы раз гэта з многiмi здараецца.
      Тады ўсплыла карцiна таго, што прывяло яго да непрытомнасцi, i Кiрыла ўстрапянуўся:
      - Што там?
      - Аперыруюць.
      - Яна жывая?
      - Безумоўна. Хiба аперыравалi б на мёртвай?
      Ён на поўныя грудзi ўдыхнуў паветра i адразу адчуў сябе лепш.
      - Ляжыце спакойна, - строга сказала сястра i выйшла з кабiнета.
      Ён глядзеў у белую столь i... бачыў сэрца, жывое, трапяткое, на далонi, на шырокай добрай далонi. Яму не рабiлася страшна i непрыемна, ён з цiкавасцю ўглядаўся ў гэты маленькi i вельмi складаны апарат. Ён мацаў сваё сэрца, слухаў яго ўдары. Але як толькi тоўсты палец, здавалася, чужы, варожы, наблiжаўся, каб праткнуць гэты жывы камячок, Кiрыла ўвесь скаланаўся, быццам хацелi праткнуць яго сэрца, зажмурваўся, круцiў галавой, каб рассеяць прывiд. Так паўтаралася колькi разоў, i яго пачало трохi лiхаманiць.
      Заглянула сястра.
      - Як вы тут?
      - Што там?
      - Зашываюць сардэчную сарочку. Я па тэлевiзары бачыла.
      Кiрыла ледзь не закрычаў. Лiха на iх, як яны гавораць пра такiя рэчы! "Зашываюць сардэчную сарочку". Нiбы зашываюць начную сарочку.
      Але разам з тым гэта настроiла яго на звыклую, крыху гумарыстычную разважлiвасць. Падумаў, як, напэўна, Антон i жанкi будуць кпiць з яго.
      "Усё бярэшся апiсаць - нараджэнне i смерць, а сам не мог вытрымаць аперацыi".
      Паглядзеў на гадзiннiк. Было адзiнаццаць. Каля дзвюх гадзiн ужо iдзе змаганне за жыццё чалавека. Не, ён усё-такi напiша пра гэтую аперацыю, хоць Яраш i не хоча, каб пра яго пiсалi. I не толькi пра аперацыю... Абавязкова напiша пра гэтую жанчыну. Пра яе жыццё. I пра бацьку яе!
      Задумаўшыся пра сваю работу, Кiрыла Васiльевiч набыў душэўную раўнавагу i ўспомнiў, што на дванаццаць яго выклiкаюць на бюро гаркома.
      12
      У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калi iдзе бюро. Чалавек сем панурых мужчын. Двое - знаёмыя Шыковiча: загадчык кафедры ў педiнстытуце Левановiч i галоўны архiтэктар горада Гамбiцкi.
      Кiрыла прывiтаўся з iмi i з Ларысай Пятроўнай, сакратаркай. Гамбiцкi як сарваўся з крэсла, каб падаць руку, так i пакацiўся ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Ён сапраўды нагадваў шар, адглянцаваны, блiскучы, галава голая, як бубен, пiнжак на пузе выцерты аб чарцёжную дошку i такiя ж выцертыя штаны.
      Кiрыла пацiкавiўся, чаго выклiкаюць.
      Ларыса Пятроўна, сярэднiх год жанчына, стары работнiк, абвяла ў надрукаваным на машынцы парадку дня яго пытанне чырвоным алоўкам.
      - "Аб выхаваннi дзяцей", - прачытаў ён уголас i не адразу зразумеў.
      - За сыноў будуць пясочыць, - растлумачыў з кутка пануры Левановiч, доўгi, сутулы, з суровым тварам аскета, i цяжка ўздыхнуў: - Эх, сыны, чортавы сыны!
      - Ясна, - па-сяброўску ўсмiхнуўся сакратарцы Шыковiч. Гэта яго не ўстрывожыла, за Славiка ён цяпер спакойны.
      Да яго падкацiўся Гамбiцкi, выхапiў з кiшэнi вялiкую хустку, абмахнуў ёю твар.
      - Дык у вас хоць сыны. А ў мяне - дачка... Дачка! - прашыпеў з гневам, з абурэннем, спалохам i пакацiўся да дзвярэй.
      Было душна. Кiрыла скiнуў пiнжак, павесiў на крэсла. Гамбiцкi паглядзеў на яго спачатку са здзiўленнем, потым - з удзячнасцю. I тут жа сцягнуў з плеч свой цесны пiнжачок, якi трашчаў па ўсiх швах. I ажно павесялеў, няшчасны. Дагэтуль, мабыць, лiчыў, што здымаць пiнжак у гаркоме няёмка. Падкацiўся да столiка ў куце, нацiснуў клапан пустога сiфона, уздыхнуў, напiўся з графiна i зноў да Шыковiча:
      - Растлумачце, чаго iм не хапае? Чаму яны растуць такiя, нашы дзецi?
      - Дзецi як дзецi. - Кiрылу чамусьцi зусiм не хацелася разважаць на гэтую тэму. Раптам зноў прыгадалася аперацыя.
      Загнаўшы машыну ў двор рэдакцыi, ён iшоў сюды цераз парк, пастаяў над абрывам каля ракi, углядаючыся ў засмужаную лугавую даль. Гэта хораша супакоiла, ён пачаў думаць пра свой "хiрургiчны" эксперымент з гумарам.
      Аперацыя працягвалася, калi ён пайшоў з бальнiцы, - значыцца, усё ў парадку.
      А тут - зноў перад вачамi сэрца. I трывога... Не, больш чым трывога. Амаль страх за жыццё жанчыны, якую ён упершыню ўбачыў на аперацыйным стале, але якая здавалася цяпер вельмi блiзкай i роднай, як сястра, як жонка, як дачка... Дзiўна.
      Ён спытаў у сакратаркi:
      - Ларыса Пятроўна, вы сэрца бачылi?
      - Чыё? - усмiхнулася яна, вiдаць, думаючы, што ён спытаў з алегарычным сэнсам.
      - Чалавечае.
      - Бачыла. У анатамiчным музеi. Наглядзелася - тыдзень не магла есцi.
      Кiрыла паморшчыўся; жаданне расказаць пра аперацыю адразу знiкла. Ён зноў застаўся сярод людзей у адзiноце са сваiм незвычайным, да болю вострым уяўленнем, прыгожым i страшным.
      Пазванiў у бальнiцу. Дазванiцца туды было нялёгка: то нiхто не адказваў, то занята. Нарэшце адазвалiся.
      - Скажыце, калi ласка, аперацыя скончылася? - спытаў ён далiкатна, ветлiва.
      - Якая?
      - Якую рабiў Яраш.
      - Так.
      - Як "так"? Што?
      - Нармальна.
      Сястра (цi лекар) адказвала голасам манахiнi - халодным, бясстрасным. Шыковiча гэта ўзлавала.
      - "Нармальна"! Чорт бы вас!.. Калi вы навучыцеся адказваць па-чалавечы? Фармалiсты ў белых халатах! Паклiчце Яраша!
      Голас адразу змянiўся, зазвiнеў ручайком: вiдаць, там, у бальнiцы, падумалi, што гаворыць нехта з высокага начальства.
      - Антон Кузьмiч не можа падысцi. Ён у палаце. Каля хворай. Пасля такой аперацыi, зразумейце... Што перадаць доктару Ярашу?
      - Вось так заўсёды гаварыце з кожным, хто вам пазвонiць.
      Шыковiч паклаў слухаўку.
      - Хто-небудзь з вашых блiзкiх? - спытала паўшэптам Ларыса Пятроўна.
      Ён кiўнуў: але!
      - Цяжкая аперацыя?
      - На сэрцы. Набыты парок.
      Яна ўстрапянулася, паглядзела на яго спачувальна. I ўсе, хто пачуў, таксама зацiкавiлiся.
      - Я магу сказаць Сяргею Сяргеевiчу, што ў вас такi дзень. Сказаць?
      - Не, не трэба.
      - Вас будуць крытыкаваць.
      - Мяне заўсёды крытыкуюць. Такая ў мяне прафесiя.
      Бясшумна адчынiлiся абабiтыя дэрмацiнам дзверы ў кабiнет першага сакратара. Групай вывалiлi работнiкi тэлестудыi: галоўны рэжысёр, сакратар партбюро, загадчыкi рэдакцый, акторы тэатра. Вiдно было, што iм не церпiцца пагаварыць, паспрачацца, таму i спяшалiся хутчэй у калiдор, на вулiцу. Толькi актор Павел Стэльмах затрымаўся, прывiтаўся з Шыковiчам за руку.
      - А ты чаму не быў? Ты ж таксама сябра мастацкага савета.
      - Хапае другiх клопатаў.
      - Далi нам за перадачы для моладзi, - паведамiў шэптам, азiрнуўся на дзверы: - Тукала - дуб. Не слухаў мяне. Ну, будзь...
      Шыковiча крыху закранула, што яго не запрасiлi на абмеркаванне работы тэлестудыi: ён з'яўляўся бадай самым актыўным сябрам савета.
      "Хто гэта пастараўся? Тукала? Цi гаркомаўскiя "палiтыкi"? Каб перад персанальнай справай патрымаць для строгасцi ў прыёмнай?"
      Ён не вызначаўся залiшняй самалюбiвасцю, але яго заўсёды абурала, калi дзе пачыналася палiтыканства - гульня ў важнасць i строгасць. А галоўнае, у яго ёсць што сказаць пра тэлеперадачы.
      Ларыса Пятроўна сутыкнулася ў дзвярах з Тукалам. Той далiкатна ўступiў ёй дарогу ў кабiнет. Убачыўшы Шыковiча, Тукала прыветлiва, па-сяброўску ўсмiхнуўся i накiраваўся да яго. Але Кiрыла знарок адвярнуўся да акна.
      "Што, накiвалi табе - лезеш цалавацца? Не, ты мяне папросiш яшчэ, кар'ерыст няшчасны".
      - Заходзьце, таварышы, - запрасiла Ларыса Пятроўна.
      Шыковiч рушыў першы, абмiнуўшы разгубленага Тукалу.
      Павiтаўся з сябрамi бюро. Усе - знаёмыя людзi, з якiмi прыходзiцца сустракацца амаль штодня i якiя нязменна праяўляюць цiкавасць да яго працы шаблонным запытаннем: "Чым новенькiм парадуеш нас?"
      Цяпер на яго "добры дзень" адказаў адзiн Тарасаў. Гукан не адарваўся ад папер i не глянуў нават. Затое сакратар гаркома камсамола Васiль Грыбок тарашчыў крыху лупатыя бясколерныя вочы з бесцырымоннай нахабнай цiкаўнасцю. Так глядзяць у судзе на злачынцу.
      Шыковiча перасмыкнула ад гэтага.
      "Што ты ўставiўся, як малады баран на новыя вароты?"
      Сакратар па прапагандзе Тужыкаў таксама разглядаў Шыковiча праз свае вялiкiя, у рагавой аправе акуляры, але зусiм iнакш, бяскрыўдна. На прывiтанне ён адказаў кiўком галавы, сумна ўсмiхнуўся i цяпер як бы хацеў нешта падказаць цi здагадацца загадзя, пра што ён, Шыковiч, будзе гаварыць. Яму было балюча, што большасць з тых, каго сёння будуць слухаць па такiм незвычайным пытаннi, людзi iдэалагiчнага фронту, яго памочнiкi. Злосцi на iх сакратар не меў. Былы дырэктар школы, ён, магчыма, лепей, чым хто другi, ведаў, якая гэта складаная рэч - выхаванне дзяцей.
      Дырэктара машынабудаўнiчага завода Лукашэнку нават самыя нечаканыя персанальныя справы мала цiкавiлi, калi яны не мелi дачынення да выпуску станкоў.
      Лукашэнка быў сам канструктар i вынаходца i на ўсiх такiх пасяджэннях займаўся тым, што абдумваў дэталi новых канструкцый, занатоўваў у вялiкую запiсную кнiжку разлiкi i формулы. Ён адарваўся ад сваёй запiсной толькi таму, што сярод вiнаватых бацькоў быў iнжынер яго завода. Дырэктар дакорлiва пакiваў яму галавой. Пакуль рассаджвалiся, Гамбiцкi падышоў да Гукана i нешта шаптаў яму на вуха.
      Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў:
      - Сядайце, таварыш Гамбiцкi. Архiтэктурныя справы вырашыце пасля, - i абвёў позiркам сваiх светлых вачэй усiх - i сябраў бюро i "падсудных". - З каго пачнём, паважаныя бацькi?
      - Усё адно - з каго. Але я так мяркую, што пiсьменнiку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такiмi пытаннямi, - сказаў Гукан, зноў-такi нават не глянуўшы ў бок Шыковiча.
      - Ну, што ж... Раскажыце, таварыш Шыковiч, як вы выхоўваеце сваiх дзяцей.
      Кiрыла падняўся i... раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такiх абставiнах - тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклiкаюць з-за сына. Хвалявала другое - аперацыя.
      I цяпер зноў, узiраючыся ў шырокi добры твар Тарасава, Кiрыла бачыў... сэрца на далонi. На вялiкай, умелай, чулай, ласкавай далонi Яраша. I захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро - пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць... Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсцi яму лагiчнай сувязi, "трывалага мастка" памiж адным i другiм i яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок "расказвае казкi", "водзiць бюро за нос". З чаго ж пачаць?
      Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцiнку i выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнiчаў, глядзелi на яго, адны - з цiкаўнасцю, другiя - са спачуваннем, трэцiя - з трывогай. Ён стрэўся позiркам з Гуканам, той, можа, адзiн з усiх глядзеў амаль зларадна.
      "Чаму?"
      Успомнiлiся словы Гукана. З iх ён i пачаў упэўнена i смела:
      - Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмi многа. Не толькi як бацька, але як сябра партыi, грамадзянiн... Не здымаючы з сябе адказнасцi за паводзiны майго сына, я хачу разабрацца... пранiкнуць у сутнасць... з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыi моладзi трапляюць вось такiя...
      - Як ваш сын, - кiнуў Грыбок.
      - Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з'ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады...
      - Гаварыце за сябе. Па сутнасцi, - сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскi, малады высокi брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковiч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: "Сам ты ў студэнцкiя гады, вiдаць, быў хват", - i адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна:
      - Маё жаданне разабрацца - не па сутнасцi хiба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такiм, якiм бы хацелася i мне, i грамадству, - не толькi вiна бацькоў... Думаецца, што ўсе разам мы робiм у гэтай важнейшай справе сур'ёзныя промахi... Школа, камсамол...
      - Вы не ўмееце выхоўваць, а вiнаваты камсамол! Здорава! - хмыкнуў няўрымслiвы Грыбок.
      Шыковiч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкi скразняк, i - быццам захлынуўся iм.
      Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзiў:
      - Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць.
      Грыбок паслухмяна апусцiў галаву. Але Шыковiча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. I ён не стрымаўся, каб не спытаць уедлiва:
      - А вы лiчыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе iдэальна?
      Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветлiва:
      - Кiрыла Васiльевiч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. I ў нас во колькi яшчэ пытанняў. - Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад iм, i адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усiмi i глядзеў паверх галоў.
      - Але, - пацвердзiў першы сакратар з нечаканай строгасцю. - Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковiч.
      - Добра, Сяргей Сяргеевiч. Як я выхоўваю сваiх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць - абсалютна правiльна, бо абсалютна правiльнае выхаванне, у маiм разуменнi, само па сабе - абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы - я i жонка - нiколi не давалi дрэнных прыкладаў...
      - У чым - у галоўным? - спытаў Гукан.
      - У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хiтраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевiч. I вы, Сямён Парфёнавiч. Усю вайну я быў на фронце. Пасля настаўнiчаў. Жонка i зараз настаўнiчае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналiста лёгкая?
      - Чакайце, - перапынiў яго Тарасаў. - Чаму вы задаяце такiя катэгарычныя пытаннi? Нiхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна.
      - Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносiны ў сям'i? Я жыў i жыву з жонкай, далiбог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзецi не чулi. Калi спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Мiж iншым, часцей за ўсё менавiта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, i, думаю, нядрэнны. Але ў адносiнах сваiх дзяцей робiць тую ж памылку, якую робяць многiя мацi ў iнтэлiгентных сем'ях. Асцерагаюць ад фiзiчнай працы. "Я сама зраблю". Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работнiцы. Прынцыпова. Усё робiм самi. I я не сказаў бы, што сын мой Уладзiслаў - гультай i лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелi. Пасля дзесяцiгодкi хлопец пачаў адбiвацца ад рук. За яго ўчынкi, i ў прыватнасцi за апошнi ўчынак, я бяру вiну на сябе. Вас не вiню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганiзацыi тэлестудыi. Няма там нiякай работы. Але пра гэта - пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нiчога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапiў у добрыя рукi - у брыгаду Ганчарова.
      - На станкабудаўнiчы? - здзiвiўся Тарасаў i глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваiх формул.
      - Да нас? Цiкава. - Аднак дырэктар зусiм не выказваў гэтым "цiкава" здзiўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць - паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлiвы Грыбок.
      - Яшчэ як цiкава! Проста з турмы, без перасадкi, - у брыгаду камунiстычнай працы. Куды там глядзiць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевiч, што робiцца!
      Шыковiч адчуў, што спiну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы.
      "Няўжо яны супраць, каб Славiк быў у брыгадзе?"
      Больш, чым пры любой другой акалiчнасцi дагэтуль, спалохаўся за сына. I разгубiўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькi жорстка i несправядлiва... Зноў - каторы раз ужо! - уявiлася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкiх, пераканаўчых, каб абаранiць сына, не было. Кiрыла пакутлiва шукаў iх.
      Яму сказалi раз i другi: "Сядайце". Кiрыла дайшоў да сэнсу слова толькi тады, калi перад iм падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы i не панiжаючы голасу, нацiскi рабiў стукам алоўка аб стол, паўзамi. Атрымлiвалася важка, пераканаўча, салiдна.
      Шыковiч, думкi якога насiлiся ад аднаго полюса да другога, успомнiў, што Кушнер, намеснiк старшынi гарвыканкома, камiчна перадае Гуканаву манеру выступаць, i не стрымаў усмешкi.
      - ...Вы думаеце, калi працуеце вы, жонка, дык гэтага даволi? Не, Кiрыла Васiльевiч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзiнкi. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскiя паводзiны чалавека... I яны часта з'яўляюцца рашаючымi ў выхаваннi дзяцей. Гляньце на сябе! Уважлiва гляньце на свае паводзiны! Вы аналiзуеце другiх - прааналiзуйце сябе. Вы здзiўляецеся, чаму ваш сын вырас такi? А я не здзiўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. I я не супраць таго, што вы купiлi машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзiць ваш сын.
      - Я забаранiў яму.
      - Ездзiў. Машына, лiшнiя грошы, кампанiя... Дзяўчаткi, выпiўкi... А ў бацькоў тым часам другiя клопаты. Машыны iм мала - трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласнiцкiя тэндэнцыi.
      Шыковiч слухаў надзiва спакойна. Разумеў: Гукан "задае тон". Кiрыла ненавiдзеў гэты тэрмiн - "задаць тон", народжаны ў часы культу. Але ў такой сiтуацыi, вiдаць, iнакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамi такiх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, - усё стрывае, абы толькi пакiнулi Славiка ў брыгадзе.
      Тарасаў таксама не любiў "задавання тону". Ён, кiраўнiк новага тыпу, умеў i думаць i вырашаць па-новаму. Але i ён упачатку прыняў выступленне Гукана як зусiм натуральнае. Гукан выпраўляе сваю памылку. Яны, сябры бюро, не дамаўлялiся аб парадку - як заслухоўваць бацькоў, але вiдавочна, што пачынаць трэба было не з Шыковiча. Не самы небяспечны выпадак. I не той бацька. Яго разважлiвы роздум, трапныя адказы на заўвагi сябраў бюро ў нейкай меры згладзiлi вастрыню пытання i навучылi другiх, як абараняцца. Тарасаў, назiральны i пранiклiвы, бачыў, што нават твар Левановiча пасвятлеў, а непаседлiвы, вяртлявы Гамбiцкi стаў менш выцiраць лысiну i больш круцiцца, шэпчучы нешта суседзям.
      - Зазнаўся ты, Кiрыла Васiльевiч, - нечакана з разважання аб уласнiцкiх тэндэнцыях зрабiў вывад Гукан, чамусьцi перайшоўшы раптам на фамiльярнае "ты". - Адрываешся ад жыцця. Закапаўся ў архiвах...
      "А пры чым тут архiвы?" - падумаў Шыковiч.
      - Лiчыш, што табе ўсё можна, усё дазволена i ўсё даруюць. Не! Дысцыплiна ў партыi адна для ўсiх! Адны нормы. Ленiнскiя. А як сябе паводзiць камунiст Шыковiч? - Пытанне прагучала сурова, асуджальна, без кроплi фамiльярнасцi, аловак гучней, чым звычайна, стукнуў па стале. - Машына, дача - адзiн бок... А паводзiны ў калектыве?.. Калi камунiст свайго таварыша па рабоце выкiдвае з кабiнета...

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28