Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Тры таварышы (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Ремарк Эрих Мария / Тры таварышы (на белорусском языке) - Чтение (Ознакомительный отрывок) (стр. 3)
Автор: Ремарк Эрих Мария
Жанр:

 

 


      - Гэта мой сябра, - сказаў я дзяўчыне. - Таварыш па акопах. Ён - адзiны знаёмы мне чалавек, якi з вялiзнага няшчасця зрабiў сабе маленькае шчасце. Ён не ведае, што рабiць са сваiм жыццём, таму ён проста радуецца, што жывы.
      Яна ў задуменнi глянула на мяне. Палоска святла коса перакрэслiла ёй лоб i рот.
      - Гэта мне зразумела, - сказала яна.
      Я зiрнуў на яе.
      - Як вы можаце зразумець? Вы замаладая для гэтага.
      Яна засмяялася. Гэта была лёгкая, трапяткая ўсмешка - смяялiся толькi вочы. Твар амаль зусiм не змянiўся, ён толькi пасвятлеў, нiбы засвяцiўся з сярэдзiны.
      - Замаладая, - сказала яна. - Што гэта за слова? Мне здаецца, нельга быць замаладым. Заўсёды - занадта стары.
      Я хвiлiну памаўчаў.
      - Тут ёсць процьма контраргументаў, - запярэчыў я i падаў Фрэду знак прынесцi што-небудзь выпiць.
      Дзяўчына была такая ўпэўненая i натуральная. Я адчуваў сябе каля яе бервяном. Мне весцi б лёгкую, гуллiвую размову, такую размову, якая звычайна прыдумваецца толькi потым, калi застаешся адзiн. Гэтак размаўляць умеў Ленц. А я рабiўся ў такiх выпадках няўклюдным i цяжкiм. Готфрыд не без падставы сцвярджаў, што як субяседнiк я недзе на ўзроўнi паштовага сакратара.
      На шчасце, Фрэд ведаў сваю справу. Ён прынёс мне замест маленькага напарстка сапраўдны кiлiшак, напоўнены па край. Цяпер яму не трэба будзе бегаць туды-сюды, ды i не так будзе кiдацца ў вочы, колькi я п'ю. Мне неабходна было выпiць, iнакш я не мог пазбавiцца ад гэтай гнятлiвай цяжкасцi.
      - Можа, заказаць яшчэ марцiнi? - спытаў я дзяўчыну.
      - А што вы п'яце?
      - Ром.
      Яна зiрнула на мой бакал.
      - Тое ж самае вы пiлi i надоечы.
      - Так, - адказаў я. - Я звычайна п'ю ром.
      Яна пахiтала галавой.
      - Не магу ўявiць сабе, што нехта знаходзiць смак.
      - Якi ў iм смак, я ўжо даўно забыўся, - сказаў я.
      Яна зiрнула на мяне.
      - Навошта ж вы тады п'яце?
      - Ром, - сказаў я, узрадаваўшыся, што знайшлася тэма гаворкi, - ром п'юць не дзеля смаку. Ён не проста пiтво, ён хутчэй за ўсё - сябра. Сябра, якi аблягчае ўсё. Ён змяняе свет. Вось чаму п'юць... - Я адсунуў ад сябе келiх. Але цi заказаць вам яшчэ марцiнi?
      - Лепш рому, - сказала яна. - Мне таксама хочацца пакаштаваць.
      - Добра, - адказаў я. - Але не гэтага. Гэты напачатак занадта цяжкi... Прынясi кактэйль "бакардзi", - крыкнуў я Фрэду.
      Фрэд прынёс келiхi. Да кактэйля ён падаў салёны мiндаль i смажаныя зярняты кавы.
      - Пакiнь тут бутэльку, - сказаў я.
      Паступова ўсё набыло адчувальнасць i бляск. Знiкла няўпэўненасць, словы нараджалiся самi, i я больш не звяртаў увагi на тое, што гавару. Я пiў i адчуваў, як мяне накрывае вялiкая мяккая хваля, як пустая шарая гадзiна напаўняецца вобразамi i, нiбы ў казцы, над абыякавымi шэрымi ўчасткамi быцця з'яўляецца бязгучны шэраг летуценняў. Сцены бара расхiнулiся, i ўжо гэта быў не бар, а куток свету, прытулак, паўзмрочны акоп, вакол якога грымела адвечная бiтва хаосу i дзе мы бяспечна сядзелi, прыгнаныя загадкавым ветрам змяркання. Дзяўчына скурчылася ў сваiм крэсле, чужая i таямнiчая, як занесеная сюды з другога жыцця. Я чуў, што нешта гавару, але здавалася, што гавару не я, а нехта iншы, той, кiм я хацеў бы стаць. Словы ўжо не адпавядалi думкам, яны зрушвалiся, яны пранiкалi ў iншыя, больш стракатыя сферы, чым тыя, у якiх адбывалiся дробныя падзеi майго жыцця. Я ведаў, што яны ўжо не былi праўдзiвыя, што яны - выдумка i хлусня, але мне было ўсё роўна - праўда безуцешная i бляклая, i толькi пачуццё i адбiткi мары - жыццё...
      На медзi бара адбiвалася святло. Час ад часу Валянцiн падымаў чарку i мармытаў сабе пад нос дату. За сцяной прыглушана шумела вулiца. Гул машын напамiнаў крыкi драпежных птушак. Вулiца ўрывалася ў пакой, калi хто-небудзь адчыняў дзверы. Яна ўскрыквала, як зайздрослiвая сварлiвая старая кабета.
      Ужо сцямнела, калi я праводзiў Патрыцыю Хольман дадому. Я паволi вяртаўся. Раптам я адчуў сябе адзiнокiм i пустым. Церусiў дробны дожджык. Я прыпынiўся каля вiтрыны. Цяпер я заўважыў, што выпiў зашмат. Не таму, што я хiстаўся... я адчуваў гэта выразна.
      Мне раптам зрабiлася невыносна горача. Я расшпiлiў плашч i ссунуў капялюш на патылiцу. Чорт! Зноў я завёўся. Што я ёй наплёў? Я не адважваўся нават прыпамiнаць. Я ўжо нiчога не памятаў, гэта было горш за ўсё. Тут, аднаму, на халоднай вулiцы, дзе гулi аўтобусы, усё выглядала зусiм iнакш, чым у паўзмроку бара. Я праклiнаў сябе. Зайздроснае ўражанне, пэўна, вынесла ад мяне дзяўчына! Ёй жа, пэўна, кiнулася ў вочы. Сама ж яна амаль нiчога не пiла. На развiтанне яна так дзiўна паглядзела на мяне...
      Божа лiтасцiвы! Я павярнуўся i сутыкнуўся з тоўстым нiзенькiм чалавекам.
      - Ну! - сказаў я раз'юшана.
      - Разуйце свае глядзелкi, вы - казёл набiты! - брахнуў ён.
      Я ўтаропiўся ў яго.
      - Мусiць, даўно людзей не бачылi, цi што? - гаўкаў ён.
      Ён мне трапiў пад гарачую руку.
      - Людзей бачыў, - сказаў я, - а вось пiўных бочак на шпацыры - не.
      Таўстун не мог апамятацца. Ён стаяў i надзiмаўся.
      - Ведаеце што? - зашыпеў ён. - Ваша месца ў звярынцы. Летуценным кенгуру няма чаго рабiць на вулiцы.
      Я зразумеў, што перада мной майстар высокага класа ў лаянцы. Трэба было, нягледзячы на дрэнны настрой, зберагчы гонар.
      - Кацiся сваёй сцежкай, псiхiчны неданосак, - сказаў я i ўзняў руку для благаславення.
      Ён не звярнуў увагi на маю прапанову.
      - Каб табе мазгi залiлi бетонам, засохлая малпа! - брахаў ён.
      Я адказаў яму "плоскаступнёвым вылюдкам". Ён мяне абазваў папугаем, а я яго беспрацоўным мыйшчыкам нябожчыкаў. Тады ён, ужо паважлiва, ахарактарызаваў мяне як каравячую галаву, што хворая на рак. А я, ужо жадаючы скончыць лаянку, назваў яго бадзяжнымi могiлкамi бiфштэксаў. Яго твар раптам праяснiўся.
      - Могiлкi бiфштэксаў - гэта добра, - сказаў ён. - Яшчэ не чуў. Бяру ў свой рэпертуар. Бывай! - Ён прыўзняў капялюш, i мы з узаемнай павагай разышлiся.
      Лаянка мяне ўзбадзёрыла. Але злосць засталася. Калi я стаў цверазець, яна нават узмацнiлася. Я здаваўся сабе выкручаным мокрым ручнiком. Але паступова злосць пераходзiла i на дзяўчыну. Яна была прычынай, што я напiўся. Я наставiў каўнер. Няхай яна думае пра мяне, што хоча, мне цяпер усё роўна. Ва ўсякiм разе адразу зразумела, з кiм мае справу. А як па мне - няхай усё iдзе да д'ябла: што было, тое было. Нiчога не зменiш. Магчыма, нават i лепш.
      Я вярнуўся ў бар i набраўся да чорцiкаў...
      IV
      Надвор'е стала цёплае i вiльготнае, некалькi дзён запар iшоў дождж. Потым праяснiлася, пачало прыпякаць сонца, i калi я ў пятнiцу ранiцай прыйшоў у майстэрню, я ўбачыў у двары Мацiльду Штос, якая стаяла з венiкам пад пахай. Твар у яе быў як у расчуленага кракадзiла.
      - Ну, паглядзiце, пан Локамп, якое хараство! Гэта ж проста цуд!
      Я спынiўся як зачараваны. Старая слiўка каля заправачнай калонкi за ноч расцвiла.
      Яна ўсю зiму стаяла голая, скрыўленая, мы вешалi на яе старыя пакрышкi i надзявалi на голле слоiкi з-пад алею на прасушку. Яна была для нас проста прыдатнай вешалкай на ўсё - ад анучы да капота. Яшчэ некалькi дзён назад на ёй матлялiся вымытыя сiнiя камбiнезоны. Учора яшчэ на ёй нiчога не было бачна - i вось раптам за ноч яна чароўна ператварылася ў мiгатлiвае ружова-белае воблака, у воблака белых кветак, быццам у наш забруджаны двор заляцеў рой матылькоў.
      - А пах, - летуценна прамовiла Мацiльда i закацiла вочы, - цудоўны, зусiм як той ром.
      Я не адчуваў нiякага паху. Але адразу ж здагадаўся.
      - Больш пахне каньяком для клiентаў, - запэўнiў я.
      Яна энергiчна запратэставала.
      - Пан Локамп, вы, мусiць, прастудзiлiся. Магчыма, у вас у носе палiпы. Сёння палiпы амаль у кожнага. Не, у старой Штос нос як у ганчака, паверце мне, гэта ром... вытрыманы ром...
      - Ну добра, Мацiльда.
      Я налiў ёй чарку рому i пайшоў да калонкi. Юп ужо сядзеў там. У ржавай бляшанцы з-пад кансерваў перад iм стаяла некалькi галiнак.
      - Што гэта такое? - спытаў я здзiўлена.
      - Для дам, - растлумачыў Юп. - Калi яны прыязджаюць на запраўку, то атрымлiваюць бясплатна кветку. Дзякуючы гэтаму я прадаў ужо на дзевяноста лiтраў больш. Залатое дрэва, пан Локамп. Каб яго не было, трэба было б зрабiць штучнае.
      - Ты дзелавы хлопец.
      Ён усмiхнуўся. Сонца прасвечвала яго вушы, i яны былi падобныя да рубiнавых царкоўных акон.
      - Мяне ўжо два разы фатаграфавалi, - паведамiў ён. - На фоне дрэва.
      - Глядзi, ты яшчэ станеш кiназоркай, - сказаў я i пайшоў да ямы, дзе Ленц ужо корпаўся пад "фордам".
      - Робi, - сказаў ён, - у мяне iдэя. Нам трэба было б падумаць пра дзяўчыну Бiндзiнга.
      Я ўтаропiўся на яго.
      - Што ты маеш на ўвазе?
      - Менавiта тое, што сказаў. Але чаго ты так утаропiўся?
      - Я не ўтаропiўся.
      - Нават набычыўся. Мiж iншым - а як завуць дзяўчыну. Пат... а далей?
      - Не ведаю, - адгукнуўся я.
      Ён выпрастаўся.
      - Ты не ведаеш? Ты ж запiсваў яе адрас! Я сам бачыў.
      - Згубiў паперку.
      - Згубiў! - Ён дзвюма рукамi схапiўся за сваю жоўтую чупрыну. - I дзеля гэтага я трымаў Бiндзiнга цэлую гадзiну ў садзе? Згубiў! Дык, можа, Ота ведае?
      - Ота таксама не ведае.
      Ён зiрнуў на мяне.
      - Варты жалю дылетант! Тым горш! Цi ты не ведаеш, якая казачная дзяўчына гэта была? Божа! - Ён узняў вочы небу. - Толькi раз сустрэнецца нешта людскае, а гэты жалобны пень губляе адрас.
      - Я не ўбачыў у ёй нiчога асаблiвага.
      - Таму што - асёл, - адпарыраваў Ленц. - Дурань, якi нiчога не бачыў, што ўзвышалася б над узроўнем прастытутак з кавярнi "Iнтэрнацыяналь". Ты - тапёр! Я яшчэ раз паўтараю: нам пашэнцiла, вельмi пашэнцiла з гэтай дзяўчынай! Проста ты нiчога не разумееш! Ты бачыў яе вочы! Вядома ж, не. Ты бачыў толькi сваю шклянку...
      - Заткнiся, - перабiў я яго, бо, гаворачы пра шклянку, ён закрануў маю больку.
      - А рукi, - гаварыў ён, не звяртаючы ўвагi на мяне. - Тонкiя, доўгiя рукi, як у мулаткi, у гэтым Готфрыд знае толк, можаш мне паверыць! Святы Майсей! Нарэшце з'явiлася сапраўдная дзяўчына - прыгожая, натуральная i, што найважней, з атмасферай... - Ён прымоўк. - Ты ўвогуле ведаеш, што гэта такое атмасфера?
      - Паветра, што запампоўваецца ў кiхi, - прабурчаў я.
      - Вядома, - сказаў ён з жалем i пагардай. - Паветра, канечне. Атмасфера, аўра, выпраменьванне, цеплыня, таямнiчасць - тое, што адушаўляе i ажыўляе прыгажосць. Але што я кажу... твая атмасфера - водар рому...
      - Перастань, а то ляпну чым-небудзь па кумпале.
      Але Готфрыд гаварыў i гаварыў, i я нiчога не зрабiў яму. Ён жа не снiў не ведаў пра тое, што адбылося, i кожнае ягонае слова балюча ранiла мяне. Асаблiва - пра выпiўку. Я ўжо амаль забыў усё i сумеў суцешыць сябе. А ён цяпер зноў раскалупаў. Ён бясконца хвалiў дзяўчыну, i мне хутка ўявiлася, што я i праўда страцiў нешта незвычайнае i незваротнае.
      Расстроены, я ўвечары пайшоў у кавярню "Iнтэрнацыяналь". Тут было маё прыстанiшча. I Ленц пацвердзiў гэта. Калi я ўвайшоў, тут, на маё здзiўленне, было поўна. На стойцы былi выстаўлены тарты i пiрожныя, а пласкаступы Алоiс бег з падносам, якi звiнеў кафейным посудам, у заднi пакой. Я спынiўся. Кава, у збаночках? Тут, мусiць, нейкая кампанiя цалкам валяецца п'яная пад сталамi.
      Але гаспадар растлумачыў мне. Сёння ў заднiм пакоi развiтальны вечар сяброўкi Розы - Лiлi. Я стукнуў сябе па лбе. Вядома ж, мяне запрашалi! Нават як адзiнага мужчыну - так са значэннем падкрэслiла Роза... Бо пiдэр Кiкi, якi таксама прысутнiчаў, не лiчыўся за мужчыну. Я хуценька выйшаў, купiў букет, ананас, бразготку i плiтку шакаладу. Роза сустрэла мяне з усмешкай велiкасвецкай дамы. На ёй была чорная сукенка з глыбокiм выразам, а сама яна сядзела на ганаровым месцы за сталом. Яе залатыя зубы блiшчалi. Я пацiкавiўся, як пажывае яе дзiцятка, i перадаў дзяўчынцы цацку i шакалад. Роза цвiла. Кветкi i ананас я ўручыў Лiлi.
      - Самыя сардэчныя пажаданнi!
      - Ён, як заўжды, сапраўдны кавалер! - сказала Роза. - Хадзем, Робi, сядай памiж намi.
      Лiлi была лепшая сяброўка Розы. Яна зрабiла блiскучую кар'еру. Яна дамаглася таго, пра што дарэмна палка марыць кожная простая прастытутка: яна працавала пакаёўкай у гатэлi. Пакаёўка з гатэля не выходзiць на вулiцу на паляванне - яна жыве ў гатэлi i там заводзiць знаёмствы. Большасцi прастытутак гэта недасягальна - у iх не хапае гардэробу ды i грошай, каб дазволiць сабе выбiраць кавалера. Лiлi, праўда, жыла ў правiнцыйных гатэлях. I ўсё ж за гэтыя гады яна сабрала каля чатырох тысяч марак. Цяпер яна думала выйсцi замуж. У яе жанiха была крама газаабсталявання i радыёапаратуры. Ён усё ведаў пра яе, але адносiўся да гэтага спакойна. За будучыню ён мог не турбавацца. Гэтыя дзяўчаты рабiлiся надзейнымi жонкамi. Яны паспыталi, пачым фунт лiха, таму былi верныя.
      Лiлi выходзiла замуж у панядзелак. Сёння Роза ў яе гонар давала развiтальную вячэру. Усе прыйшлi, каб апошнi раз пасядзець з Лiлi. Пасля замужжа яна ўжо не прыйдзе сюды.
      Роза налiла мне кубачак кавы. Алоiс падбег з вялiзным пiрагом, пасыпаным мiндалём, разынкамi i зялёнымi цукатамi. Роза паклала мне вялiкi кус. Я ведаў, як мне паводзiць сябе. З выглядам знаўцы я адкусiў i паказаў усiм сваiм выглядам вялiзнае захапленне.
      - Правалiцца мне ў пекла, упэўнены, што пiрог не з крамы!
      - Сама спякла, - сказала Роза, свецячыся ад шчасця. Яна вельмi смачна гатавала, i ёй падабалася, калi гэта заўважалi. Асаблiва добра атрымлiвалiся ў яе гуляшы i пiрагi. Нездарма яна паходзiла з Чэхii.
      Я азiрнуўся па баках. Вось яны сядзяць за сталом, працаўнiцы з вiнаграднiкаў пана Бога, непадманныя знаўцы людзей, салдаты кахання - Валi, прыгажуня, у якой нядаўна пад час начной прагулкi на машыне ўкралi гаржэтку з белага пясца; Лiна на драўляным пратэзе, якая ўсё яшчэ знаходзiла кавалераў; Фрыцы, падла, якая любiць пласкаступага Алоiса, хоць даўно ўжо магла мець уласную кватэру i добрага палюбоўнiка, якi ўтрымлiваў бы яе; Чырванашчокая Маргiт, якая заўсёды ходзiць у сукенцы, якую носяць пакаёўкi, i на гэта ловiць элегантных кавалераў; Марыён, самая маладая, усмешлiвая i бестурботная; Кiкi, якога не лiчаць за мужчыну, бо ён носiць жаночае адзенне i фарбуе вусны; саракапяцiгадовая Мiмi, бедалага з хворымi венамi, якой усё цяжэй выходзiць на панель. Было яшчэ некалькi наведнiц бараў i рэстаранаў, незнаёмых мне, i, нарэшце, другi ганаровы госць - маленькая, сiвая, зморшчаная, як печаны яблык, "мамка", суцяшальнiца i апора ўсiх начных бадзяжнiц, "мамка", што прадае гарачыя сасiскi на рагу Нiкалайштрасэ - начны буфет i разменная каса. Акрамя франкфурцкiх сасiсак падпольна прадае яшчэ цыгарэты i прэзерватывы. У яе можна пазычыць i грошай.
      Я ведаў, як трэба паводзiць сябе. Нiводнага слова пра справы, нiводнага грубага напамiну - забыць выдатныя здольнасцi Розы, за якiя яна атрымала мянушку Жалезны Конь, забыць размовы Фрыцы з гандляром жывёлай Штэфанам Грыгаляйтам пра любоў, забыць танцы Кiкi вакол каша з салёнымi бублiкамi на досвiтку. Размовам за гэтым столiкам магла б пазайздросцiць любая кампанiя аматарак кавы.
      - Усё ўжо падрыхтавана, Лiлi?
      Тая сцвярджальна кiўнула.
      - Пасаг у мяне ўжо даўно гатовы.
      - Цудоўны пасаг, - сказала Роза. - Нават сурвэткi з карункамi не забыла.
      - Навошта тыя сурвэткi? - спытаў я.
      - Ты што, Робi? - Роза зiрнула на мяне з такiм папрокам, што я хуценька заявiў, што прыпомнiў. Ну пэўна ж, сурвэткi з карункамi... Яны былi сiмвалам мяшчанскай утульнасцi, свяшчэнным сiмвалам сям'i, страчанага раю. Нiводная з дзяўчат не была прастытуткай па тэмпераменце. Яны былi ахвярамi буржуазнага быцця. Яны тайна марылi пра сямейны ложак, а не пра грэх. Але ў гэтым яны нiколi не прызнавалiся.
      Я сеў да пiянiна. Роза таго толькi i чакала. Яна любiла музыку, як i ўсе гэтыя дзяўчаты. Я на развiтанне яшчэ раз сыграў усе шлягеры, якiя любiлi Роза i Лiлi. Для пачатку "Малiтву нявiннай дзяўчыны". Назва, праўда, не зусiм пасавала да месца, але гэта была ўсяго толькi бразготная п'еска. Потым прагучалi "Птушыны вечаровы спеў", "Зара ў Альпах", "Калi памiрае каханне", "Мiльёны Арлекiна" i на заканчэнне - "Я хацеў бы на радзiму". Гэтую песню вельмi любiла Роза. Прастытуткi - вельмi жорсткiя, але i вельмi сентыментальныя. Усе пачалi падпяваць. Пiдар Кiкi спяваў другiм голасам.
      Лiлi зазбiралася. Ёй трэба было сустрэць свайго жанiха. Роза цалавала яе ад усяго сэрца.
      - Бывай, Лiлi. Трымайся!
      Яна пайшла, нагружаная падарункамi. Клянуся, што ў яе быў зусiм iншы твар, чым да гэтага. Разгладзiлiся жорсткiя рысы, якiя ўядаюцца ў твар кожнага, хто мае справу з людской подласцю. Твар памякчэў, на iм сапраўды зноў з'явiлiся сляды дзявоцкасцi.
      Мы стаялi ў дзвярах i махалi Лiлi рукой. Мiмi раптам загаласiла. Яна сама ўжо пабывала замужам. Яе муж памёр на вайне ад запалення лёгкiх. Калi б ён загiнуў, ёй далi б невялiчкую пенсiю i не давялося б выходзiць на панель.
      Роза паляпала яе па спiне.
      - Ну, Мiмi, не расслабляйся! Хадзем, вып'ем яшчэ па глытку кавы.
      Уся кампанiя вярнулася ў змрочнае памяшканне "Iнтэрнацыяналя", як кучка курэй у куратнiк. Але добры настрой больш не вярнуўся.
      - Сыграй нам пад канец яшчэ, Робi! - сказала Роза. - Што-небудзь вясёленькае.
      - Добра, - згадзiўся я. - Давайце грымнем "Марш старых сяброў".
      Потым я таксама развiтаўся. Роза ўкруцiла мне кавалак пiрага з сабой. Я падараваў яго сыну "мамкi", якi на двары рыхтаваў кацялок варыць вячэрнiя сасiскi.
      Я задумаўся, што мне рабiць. Iсцi ў бар зусiм не хацелася. I ў кiно не хацелася. У майстэрню? Я нерашуча глянуў на гадзiннiк. Восем. Зараз павiнен быў вярнуцца Кёстэр. Калi ён там, Ленц не будзе зноў безупынку балбатаць пра дзяўчыну. Я пайшоў.
      У памяшканнi гарэла святло. Не толькi ў памяшканнi - увесь двор быў залiты святлом. Кёстэр быў адзiн.
      - Што тут робiцца, Ота? - спытаў я. - Можа, ты прадаў "кадзiлак"?
      Кёстэр засмяяўся.
      - Не. Готфрыд зладзiў невялiчкую iлюмiнацыю.
      Гарэлi абедзве фары "кадзiлака". Машыну паставiлi так, што пукi святла праз акно падалi на двор якраз на квiтнеючую слiву. Карцiна была цудоўная: дрэва, пакрытае беллю. Змрок з абодвух бакоў, здавалася, шумеў, як начное мора.
      - Выдатна, - сказаў я. - А дзе ж ён?
      - Пайшоў прынесцi перакусiць.
      - Блiскучая iдэя, - сказаў я. - Мяне крыху хiстае. Але магчыма, што гэта з голаду.
      Кёстэр кiўнуў.
      - Пад'есцi заўсёды карысна. Асноўны закон усiх старажытных вояў. Я сёння зрабiў таксама нешта хiсткае. Заявiў "Карла" на гонкi.
      - Што? - сказаў я. - Няўжо на шостае?
      Ён кiўнуў.
      - Чорт вазьмi, Ота, там жа ўдзельнiчаюць усялякiя славутасцi.
      Ён зноў кiўнуў.
      - У класе спартовых машын - Браўмюлер.
      Я закасаў рукавы.
      - Тады за справу, Ота! Адмыем як след нашага пестунка!
      - Стоп! - крыкнуў апошнi рамантык, заходзячы. - Спачатку - падвячорак!
      Ён дастаў яду - сыр, хлеб, цвёрдую вэнджаную каўбасу i шпроты. Апетыт у нас быў, як у галодных малацьбiтоў. Мы запiвалi халодным пiвам. Потым мы ўзялiся за "Карла". Мы корпалiся з iм дзве гадзiны, праверылi i змазалi ўсе падшыпнiкi. Потым з Ленцам павячэралi яшчэ раз.
      Готфрыд цяпер накiраваў святло i на "форд". Пры сутыкненнi выпадкова адна фара засталася непашкоджанай. Цяпер яна ўзiралася з пагнутага шасi ў неба.
      Ленц задаволена павярнуўся да нас.
      - Ну, Робi, цягнi бутэлькi. Давайце адзначым свята квiтнеючага дрэва.
      Я паставiў на стол каньяк, джын i дзве чаркi.
      - А ты?
      - Я не буду пiць.
      - Што? Чаму?
      - Таму што мне ўжо абрыдлi гэтыя папойкi.
      Ленц хвiлiну разглядаў мяне.
      - Наша дзiця звiхнулася, Ота, - звярнуўся ён да Кёстара.
      - Пакiнь яго, раз не хоча, - адказаў Кёстэр.
      Ленц налiў сабе поўную чарку.
      - Хлапец ужо даўно ненармальны.
      - Не самае горшае, што можа быць, - заявiў я.
      Месяц, вялiкi i чырвоны, вылез з-за даху фабрыкi насупроць нас. Нейкi час мы сядзелi моўчкi.
      - Скажы, Готфрыд, - пачаў я, - ты ж спецыялiст у сардэчных пытаннях, праўда?
      - Спецыялiст! Я зубы з'еў на гэтым, - сцiпла адказаў Ленц.
      - Цудоўна. Мне, мiж iншым, хацелася б ведаць, цi заўсёды закаханыя паводзяць сябе як дурнi.
      - Як гэта - як дурнi?
      - Ну, быццам на падпiтку. Балбочуць, нясуць лухту i хлусяць.
      Ленц зарагатаў.
      - Ах, сынок! Усё - гульня. Чароўная гульня мамы прыроды. Паглядзi на гэтую слiву. Яна таксама падманвае. Робiць сябе прыгажэйшай, чым будзе потым. Было б жахлiва, калi б каханне нечым было звязана з праўдай. Дзякуй богу, усё могуць гэтыя заклятыя маралiсты - але не прымушаць.
      Я выпрастаўся.
      - Ты думаеш, што без хлуснi ўвогуле немагчыма?
      - Немагчыма, дзiцятка.
      - Але ж тады можаш выставiць сябе жахлiва смешным.
      Ленц заўсмiхаўся.
      - Запомнi сабе адно, хлопчык: нiколi, нiколi, нiколi не выставiш сябе смешным перад жанчынай, калi робiш нешта дзеля яе. Нават у самай банальнай камедыi. Рабi што хочаш: стой на галаве, пляцi несусветную лухту, хвалiся, як гусак, спявай пад яе акном, толькi аднаго не рабi: не будзь дзялком. Не будзь разважлiвы!
      Я ажывiўся.
      - А што скажаш на гэта ты, Ота?
      Кёстэр засмяяўся.
      - Вiдаць, так яно i ёсць.
      Ён устаў i адкрыў капот "Карла". Я прынёс сваю бутэльку з ромам i яшчэ адну чарку i паставiў iх на стол. Ота завёў машыну. Матор гудзеў нiзка i стрымана. Ленц з нагамi залез на падваконнiк i ўзiраўся ў двор. Я падсеў да яго.
      - Ты прыходзiў калi-небудзь да жанчыны п'яны?
      - Часта, - адказаў ён, не варухнуўшыся.
      - I што?
      Ён скоса зiрнуў на мяне.
      - Ты маеш на ўвазе, калi нешта ўчворыў? Нiколi не прасi прабачэння, дзiця. Нiколi нiчога не гавары. Паслаць кветкi. Без запiскi. Адны кветкi. Яны загладжваюць усё. Нават магiлы.
      Я зiрнуў на яго. Ён не варушыўся. Яго вочы iскрылiся ў водблiску белага святла з вулiцы. Матор усё яшчэ цiха вуркатаў.
      - Вiдаць, магу спакойна крыху выпiць, - сказаў я i адкаркаваў бутэльку.
      Кёстэр заглушыў матор. Потым ён звярнуўся да Ленца.
      - Месяц свецiць даволi ясна, каб не згубiць шклянку, Готфрыд. Выключы iлюмiнацыю. У першую чаргу "форда". Жывёлiна напамiнае мне косы пражэктар, напамiнае вайну. Тады было не да смеху, калi яны намацвалi твой самалёт.
      Ленц кiўнуў.
      - А мне гэта напамiнае... а-а... усё роўна. - Ён устаў i выключыў пражэктары.
      Месяц свяцiў над фабрычным дахам. Ён свяцiў усё ярчэй i цяпер, як жоўты папяровы лiхтар, вiсеў памiж галiн слiвы. Галiнкi цiха гойдалiся пад слабым ветрам.
      - Дзiўна, - праз хвiлiну сказаў Ленц. - Навошта ўсякiм людзям ставiць помнiкi? Чаму б не паставiць месяцу або квiтнеючаму дрэву?
      Я рана пайшоў дамоў. Калi я адчынiў дзверы ў калiдор, пачуў музыку. Iграў грамафон Эрны Бёнiг, сакратаркi. Спяваў чысты жаночы голас. Потым рассыпалiся прыглушаныя гукi скрыпак i пiчыката на банджа. I зноў голас - настойлiвы, мяккi, нiбы да краёў напоўнены шчасцем. Я прыслухаўся, стараючыся разабраць словы. Цiхая песня жанчыны кранала, асаблiва тут, у цёмным калiдоры, памiж швейнай машынкай фраў Бэндэр i валiзкамi сям'i Хасэ. Я глянуў на дзiкаву галаву над дзвярыма кухнi.
      Я чуў, як служанка звiнела посудам.
      - ...Як бы я жыла без цябе... - спяваў голас за дзвярыма на адлегласцi некалькiх крокаў.
      Я пацiснуў плячыма i пайшоў у свой пакой. Побач я пачуў раздражнёную лаянку. Праз некалькi хвiлiн у дзверы да мяне пастукалi. Увайшоў Хасэ.
      - Не перашкоджу? - спытаў ён стомлена.
      - Анi, - сказаў я. - Вып'еце?
      - Не хочацца. Толькi пасяджу.
      Ён тупа ўзiраўся перад сабой.
      - Вам добра, - сказаў ён. - Вы адзiн...
      - Што за глупства, - адказаў я. - Невялiкае шчасце - увесь час сядзець у адзiноце. Можаце мне паверыць...
      Ён расслаблена сядзеў у крэсле. Яго вочы шалёным бляскам свяцiлiся ў паўзмроку. Пакой быў асветлены толькi святлом лiхтароў знадворку. Вузкiя, апалыя плечы...
      - Жыццё мне ўяўлялася зусiм iнакш, - сказаў ён праз нейкi час.
      - Не толькi вам, - адказаў я.
      Праз паўгадзiны ён зноў пайшоў у свой пакой на перагаворы з жонкай. Я даў яму некалькi газет i паўбутэлькi апельсiнавага лiкёру "кюрасаа", што стаяў у мяне невядома з якога часу на тумбачцы - непрыемнае, салодкае пiтво, але для яго якраз. Ён усё роўна не разбiраўся.
      Ён выйшаў цiха, амаль бязгучна, цень ценем, быццам ужо пагас. Я замкнуў за iм дзверы. З калiдора, нiбы стракатая шоўкавая хусцiнка, заляцеў урывак музыкi - скрыпкi, прыглушаныя банджа.
      "...як бы я жыла без цябе..."
      Я сеў да акна. Могiлкi ляжалi ў сiнiм святле месяца. Стракатыя квадраты светлавой рэкламы чаплялiся за кроны дрэваў, са змроку мiгцелi надмагiльныя камянi. Яны былi маўклiвыя i не навявалi жаху. Мiма iх праносiлiся, сiгналячы, аўтамашыны, святло фараў слiзгала па выцвiлых надпiсах.
      Я сядзеў даволi доўга i шмат перадумаў. Я прыпомнiў, як мы вярнулiся з вайны, маладыя, знявераныя, нiбы гарнякi з засыпанай шахты. Мы хацелi строем выступiць супроць хлуснi, эгаiзму, сквапнасцi, вяласцi душы - супроць усяго, што пакалечыла наша жыццё. Мы ачарсцвелi, нiкому не верылi, акрамя сваiх самых блiзкiх таварышаў. Мы верылi толькi таму, што нас нiколi не падманвала: небу, табацы, дрэву, хлебу i зямлi... Але што з гэтага атрымалася? Усюды запусценне, падман, забыццё. А хто не мог забыць, таму заставалiся бяссiлле, абыякавасць i гарэлка. Час вялiкiх людскiх i мужчынскiх мараў мiнуўся. Верх узялi дзялкi. Карупцыя. Галеча.
      "Вам добра, вы - адзiн", - сказаў Хасэ. Усё цудоўна. Хто адзiн, той не можа быць пакiнутым. Але часам, вечарамi, штучны будынак разбiваўся, жыццё ператваралася ў плаксiвую, iмклiвую мелодыю, у вiр дзiкага суму, жадання, песiмiзму i надзеi вырвацца з гэтага атупення, якое не мае нiякага сэнсу, рынуцца абы-куды з гэтага балота вечнай мiтуснi... Ах, гэтае вартае жалю жаданне цеплынi... цi не дастаткова было б дзвюх далоней i схiленага да цябе твару? Цi гэта - таксама падман, адмаўленне i ўцёкi? Цi ёсць што, акрамя адзiноты?
      Я зачынiў акно. Не, больш нiчога няма. Пад усё астатняе занадта мала грунту пад нагамi.
      Але ранiцай я пайшоў раней з дому, перш чым iсцi ў майстэрню, пастукаў да гаспадара маленькай крамы, дзе прадавалiся кветкi. Я выбраў у яго букет ружаў i папрасiў адаслаць iх зараз жа. Для мяне было крыху нязвыкла пiсаць на паштоўцы: Патрыцыя Хольман.
      V
      У фiнансавае ўпраўленне Кёстэр паехаў у сваiм старым касцюме. Ён хацеў паспрабаваць знiзiць нашыя падаткi. Мы з Ленцам засталiся ў майстэрнi ўдвух.
      - За справу, Готфрыд, - сказаў я. - Бярэмся за тоўсты "кадзiлак"!
      Напярэдаднi вечарам з'явiлася наша аб'ява. Сёння мы ўжо маглi чакаць клiентаў - калi ўвогуле хтосьцi прыйдзе. Трэба было падрыхтаваць машыну.
      Спачатку мы пакрылi лак палiтурай. Дзякуючы гэтаму машына адмыслова заблiшчала i, здавалася, падаражэла на сотню марак. Потым заправiлi машыну самым лепшым маслам, якое мелi. Поршнi былi не лепшай якасцi i крыху стукалi. Мы знялi гэты шум, густа змазалi iх маслам, i машына запрацавала зусiм цiха. Мы густа змазалi яшчэ механiзм перадачы i ў дыферэнцыял, каб цалкам зняць шум.
      Потым выехалi. Непадалёк пачаўся ўчастак вельмi пабiтай дарогi. Яго мы праехалi з хуткасцю 50 кiламетраў. Верх барабанiў. Мы спусцiлi з кiхаў чвэрць атмасферы i паспрабавалi яшчэ раз. Цяпер было лепей. Выпусцiлi яшчэ чвэрць. Цяпер нiчога не варухнулася.
      Вярнулiся, змазалi скрыпучы капот, зрабiлi гумавыя пракладкi, залiлi ў радыятар гарачай вады, каб матор адразу схапiўся, абмылi машыну з распырсквальнiка знiзу, каб яна блiшчала i там. Потым Готфрыд падняў рукi да неба.
      - Прыходзь жа, блаславёны пакупнiк. Прыходзь, дарагi ўладальнiк кашалька! Мы палка чакаем цябе, як жанiх чакае маладую!
      Маладая затрымлiвалася. Таму мы загналi пекаравага каня на яму i пачалi здымаць пярэднюю вось. Гадзiны дзве мы працавалi моўчкi. Потым я пачуў, як каля калонкi Юп засвiстаў мелодыю песнi: "Слухай, што iдзе знадворку..."
      Я вылез з ямы i зiрнуў у акно. Маленькi прысадзiсты чалавек хадзiў вакол "кадзiлака". Ён здаваўся дабрадзейным i салiдным буржуа.
      - Зiрнi, Готфрыд, - шапнуў я. - Цi не маладая прыйшла?
      - А хто ж, - вызначыў Ленц з першага погляду. - Глянь на твар. Ён ужо недаверлiвы, пакуль няма нiкога. Давай! Я застануся тут у рэзерве. Прыйду на дапамогу, калi адзiн не справiшся. Помнi мае прыёмы!
      - Добра!
      Я вылез.
      Чалавек сустрэў мяне позiркам разумных чорных вачэй.
      Я прадставiўся:
      - Локамп.
      - Блюменталь.
      Гэта быў першы прыём: прадставiцца. Ленц сцвярджаў, што гэта стварае адразу больш iнтымную атмасферу. Другi прыём: пачынаць вельмi стрымана i выслухаць клiента, каб ударыць у адпаведны час.
      - Вы наконт "кадзiлака", пан Блюменталь? - спытаў я.
      Блюменталь кiўнуў.
      - Вось ён, - сказаў я i паказаў на машыну.
      - Я бачу, - адказаў Блюменталь.
      Я хутка зiрнуў на яго. "Увага, - падумаў я. - Хiтрун".
      Мы пайшлi праз двор. Я адкрыў дзверцы машыны i завёў матор. Потым памаўчаў, каб даць Блюменталю час на агледзiны. Ён, пэўна, знойдзе, што пакрытыкаваць. Тады i я пачну.
      Але Блюменталь не аглядаў машыны. Ён не крытыкаваў. Ён увесь час маўчаў, стоячы як iдал. Мне нiчога не заставалася, як самому пачынаць наўгад.
      Я пачаў паволi i сiстэматычна расказваць пра "кадзiлак", як мацi пра роднае дзiця, стараючыся заўважыць, цi цямiць той што-небудзь. Калi ён спецыялiст, тады трэба было б больш падрабязна спынiцца на маторы i шасi. Калi ён не разбiраецца ў машыне - на камфорце i розных дробязях.
      Але ён i цяпер не выдаў сябе. Ён даваў мне выгаварыцца, пакуль я сам сабе не здаўся надзьмутым шарыкам.
      - Навошта вам машына? Для язды ў горадзе цi для дальнiх вандровак? спытаў я нарэшце, каб знайсцi нейкi пункт апоры.
      - Для самых розных патрэб, - адказаў Блюменталь.
      - Зразумела! А вы самi будзеце вадзiць цi шафёр?
      - Як калi.
      Як калi... Чалавек выдаваў адказы, як папугай. Здавалася, што ён належаў да нейкага Ордэна маўчальнiкаў.
      Каб узбадзёрыць яго, я прапанаваў яму праверыць тое-сёе ў машыне. Звычайна гэта аблягчала кантакт з клiентам. Я баяўся, што ён засне.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5