Тры таварышы (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Ремарк Эрих Мария / Тры таварышы (на белорусском языке) - Чтение
(Ознакомительный отрывок)
(стр. 4)
- Верх адкрываецца i падымаецца надзвычай лёгка для такой аграмадзiны, сказаў я. - Паспрабуйце самi. Вы справiцеся адной рукой. Але Блюменталь адмовiўся спрабаваць. Ён бачыць i так. Я з шумам ляпнуў дзверцамi i пацягаў за ручкi... - Вось бачыце, ўсё як мае быць. Жалезна. Паспрабуйце самi. Блюменталь не захацеў. Ён лiчыў, што так i павiнна быць. Надзвычай цвёрды арэшак! Я паказаў яму шыбы. - Вельмi лёгка падымаюцца i апускаюцца. На любым узроўнi сядзяць мёртва. Ён брывом не варухнуў. - Да таго ж шкло не б'ецца, - працягваў я, ужо ў лёгкiм адчаi. - Перавага, якую нельга пераацанiць. У нашай майстэрнi стаiць "форд"... - Я расказаў пра няшчасны выпадак з жонкай пекара, крыху прыўкрасiўшы яго, дадаўшы туды яшчэ адно дзiця. Думкi i пачуццi Блюменталя былi замкнёныя ў сталёвы сейф. - Шкло, якое не б'ецца, стаiць ва ўсiх машынах, - перабiў ён мяне. - Тут нiчога незвычайнага. - Такое шкло не з'яўляецца серыйным абсталяваннем нiводнай машыны, запярэчыў я мякка, але настойлiва. - У некаторых марак толькi пярэдняе шкло такое. Але толькi не вялiкiя бакавыя. Я пасiгналiў i перайшоў да апiсання ўнутраных выгод - скрынак, сядзенняў, кiшэняў, шчытка кiравання, - я закрануў самыя дробныя дэталi, я нават працягнуў Блюменталю запальнiчку i выкарыстаў магчымасць прапанаваць яму цыгарэту, каб неяк перамянiць яго настрой. Але ён адмовiўся. - Не куру, дзякуй, - сказаў ён i паглядзеў на мяне з такiм сумам, што ў мяне раптам закралася жудаснае падазрэнне: магчыма, ён iшоў зусiм не да нас, магчыма, ён памылiўся - хацеў купiць нешта iншае, машыну, каб абстрочваць петлi, цi радыёпрыёмнiк, а цяпер нерашуча стаяў тут, перш чым пайсцi. - Давайце пракоцiмся на пробу, пан Блюменталь, - нарэшце прапанаваў я, ужо зняможаны. - Пракоцiмся? - здзiвiўся ён, быццам я сказаў нейкую лухту. - Праедземся. Вам жа трэба паглядзець, на што здольная гэтая машына. Яна проста сцелецца па дарозе, iдзе, як па рэйках. А матор цягне, быццам гэты цяжкi кузаў лягчэй пушынкi. - Што ездзiць, - ён махнуў рукой, адмаўляючыся. - Едучы, нiчога не ўбачыш. Недахопы машыны заўсёды заўважаеш толькi потым. "А няўжо ж, д'ябал ты чыгунны, - падумаў я са злосцю. - Цi ты думаў, што я цябе буду носам тыцкаць у iх?" - Ну, добра, не дык не, - сказаў я, страцiўшы надзею. Чалавек не думаў купляць, усё было зразумела. Але раптам ён павярнуўся, паглядзеў мне адкрыта ў вочы i сказаў цiха i рэзка i вельмi хутка: - Колькi машына каштуе? - Сем тысяч марак, - адказаў я не мiргнуўшы, як выстралiў з пiсталета. Ён не павiнен быў заўважыць, што я хоць на момант задумаўся. Кожная секунда няўпэўненасцi магла каштаваць тысячу марак, якiя ён вытаргаваў бы. - Сем тысяч чыстымi, - паўтарыў я цвёрда i падумаў: "Калi дасi пяць, то i забiрай!" Але Блюменталь не даваў нiчога. Ён коратка засоп. - Задорага! - Вядома! - сказаў я, канчаткова здаючыся. - Як гэта - вядома? - спытаў Блюменталь раптам даволi па-людску. - Пан Блюменталь, - адказаў я, - вы сёння сустракалi хоць аднаго дзiвака, каб, пачуўшы цану, сказаў нешта iншае? Ён уважлiва прыгледзеўся да мяне. Потым на яго твары прамiльгнула нешта падобнае да ўсмешкi. - Так. Але машына сапраўды занадта дарагая. Я не паверыў сваiм вушам. Нарэшце з'явiўся доўгачаканы нармальны тон. Тон зацiкаўленага чалавека. Цi нейкi новы закляты падвох? У гэты момант у двары з'явiўся элегантны франт. Ён дастаў з кiшэнi газету, яшчэ раз праверыў нумар дома i накiраваўся да мяне. - Тут прадаецца "кадзiлак"? Я кiўнуў i моўчкi глянуў на жоўтую бамбукавую палачку i скураныя пальчаткi. - Можна паглядзець? - зноў спытаў ён без анiякага выразу на твары. - Вось ён, - сказаў я. - Але, можа, вы пачакаеце хвiлiнку, пакуль што я заняты. Пасядзiце там, калi ласка. Франт на хвiлiнку прыслухаўся да шуму матора, твар яго спачатку выявiў крытыку, а потым адабрэнне, i мы зайшлi з iм у майстэрню. - Iдыёт, - буркнуў я яму i хутка вярнуўся да Блюменталя. - Калi вы паездзiце на машыне, дык зменiце сваю думку пра цану, - сказаў я. - Вы можаце абкатваць яе столькi, колькi вам захочацца. Можа, мне вечарам заехаць па вас, каб зрабiць пробную ездку, калi гэта вам лепш падыходзiць. Але часовы парыў ужо знiк. Блюменталь зноў стаяў як гранiтны прэзiдэнт харавога таварыства. - Не варта, - сказаў ён. - Мне трэба iсцi. Калi я захачу зрабiць пробную ездку, то магу патэлефанаваць вам. Я ўбачыў, што ўжо цяпер нiчога не зробiш. Гэтага чалавека не пераканаеш. - Ну добра, - пагадзiўся я. - Але, магчыма, вы далi б мне свой нумар тэлефона, каб я паведамiў вам пра з'яўленне яшчэ якой зацiкаўленай асобы? Блюменталь неяк дзiўна глянуў на мяне. - Зацiкаўленая асоба - яшчэ не пакупнiк. Ён дастаў цыгары i прапанаваў мне. Ён запалiў. "Карона"! Вiдаць, грошай у яго было як вошай. Але мне ўжо было ўсё роўна. Я ўзяў цыгару. Ён зычлiва падаў мне руку i пайшоў. Я глядзеў яму ўслед i цiха, але грунтоўна праклiнаў яго. Потым вярнуўся ў майстэрню. - Ну? - павiтаў мяне франт Готфрыд Ленц. - Здорава я прыдумаў? Убачыў, як ты пакутуеш, i вырашыў дапамагчы. Пашанцавала, што Ота, ад'язджаючы, пераапрануўся. Я, як убачыў, што вiсiць добры касцюм, галопам памчаўся, залез праз акно туды i назад i з'явiўся пад выглядам сур'ёзнага пакупнiка! Выдатна, цi не праўда? - Па-iдыёцку, - адказаў я. - Чалавек той хiтрэйшы за нас абодвух, разам узятых. Паглядзi на цыгару! Марка пяцьдзесят за штуку. Ты мне адпудзiў мiлiярдэра. Готфрыд забраў з рук у мяне цыгару, панюхаў яе i прыпалiў. - Я спудзiў жулiка. Мiлiярдэры такiх цыгар не кураць. Яны кураць танныя, грош - штука. - Глупства, - адказаў я. - Жулiкi Блюменталямi сябе не называюць. Яны называюць сябе граф Блюменаў цi неяк падобна. - Ён яшчэ вернецца, - прадказаў Ленц, самаўпэўнены, як заўсёды, i выпусцiў цыгарны дым мне ў твар. - Гэты не прыйдзе, - сказаў я пераканана. - Але адкуль у цябе бамбукавая палка i пальчаткi? - Пазычыў. У краме Бэн i К°. У мяне там знаёмая прадаўшчыца. Магчыма, што я нават пакiну сабе гэтую палку. Яна мне падабаецца. Ён самазадаволена пакруцiў у паветры тоўстай палкай. - Готфрыд, - сказаў я, - тут марна гiне твой талент. Ведаеш што? Iдзi ў вар'етэ. Там тваё месца. - Вам тэлефанавалi, - сказала Фрыда, касавокая служанка фраў Залеўскi, калi я аполуднi на хвiлiнку заскочыў дадому. Я павярнуўся. - Калi? - Паўгадзiны назад. Жанчына. - Што яна сказала? - Яна патэлефануе ўвечары яшчэ раз. Але я ёй адразу сказала, што не мае сэнсу. Вас увечары нiколi дома не бывае. Я ўтаропiўся на яе. - Што? Вы так сказалi? Божа мiлы, калi ўжо вас хто навучыць размаўляць па тэлефоне? - Я ўмею размаўляць, - нахабна заявiла Фрыда. - А ўвечары дома вас амаль нiколi няма. - Гэта вас зусiм не датычыцца, - лаяўся я. - Наступным разам раскажыце, цi ёсць у мяне дзiрка ў шкарпэтках. - Можна, - адказала Фрыда i з'едлiва паглядзела на мяне чырвонымi запаленымi вачыма. Мы былi застарэлыя ворагi. Лепш за ўсё я тыркнуў бы яе галавой у рондаль з супам, але я авалодаў сабой, выцягнуў з кiшэнi марку i ўцiснуў ёй у руку, мiралюбна пытаючыся: - Жанчына не назвала свайго iмя? - Не, - сказала Фрыда. - А якi ў яе быў голас? Крыху прыглушаны i нiзкi i як быццам хрыплаваты? - Не ведаю, - адказала Фрыда так флегматычна, быццам я i не даваў ёй маркi. - Цудоўны пярсцёнак у вас на пальцы, сапраўды прыгожы, - сказаў я. - Ну, падумайце добра, цi не прыпомнiце... - Не, - адказала Фрыда. Зласлiвасць адбiвалася на яе твары. - Каб ты павесiлася, чортаў венiк, - вылаяўся я i пайшоў. Роўна ў шэсць гадзiн вечара я быў дома. Калi я адчынiў дзверы, я ўбачыў нязвыклую сцэнку. У калiдоры стаяла медсястра фраў Бэндэр у акружэннi ўсiх жанчын пансiёна. - Падыдзiце да нас, - сказала фраў Залеўскi. Прычынай сходу было ўпрыгожанае банцiкамi немаўля, якому было не больш за паўгода. Фраў Бэндэр прывезла дзiця са свайго прыюта ў дзiцячым вазку. Гэта было нармальнае дзiця. Але жанчыны нахiлялiся над iм у такiм вар'яцкiм захапленнi, быццам гэта было першае немаўля на свеце. Яны булькалi, пстрыкалi пальцамi перад вочкамi маленькай iстоты i складвалi вусны ў трубачку. Нават Эрна Бёнiг у кiмано з драконамi ўдзельнiчала ў гэтай оргii платанiчнага мацярынства. - Прывабнае стварэнне? - пыталася фраў Залеўскi, паглядаючы з замiлаваннем. - Пра гэта можна будзе сказаць дакладна праз гадоў дваццаць - трыццаць, выказаў я меркаванне, скоса пазiраючы на тэлефон. Я спадзяваўся, што ён не зазвонiць зараз, калi тут усе ў зборы. - Вы паўзiрайцеся на яго як след, - прапанавала мне фраў Хасэ. Я паглядзеў. Немаўля як немаўля. Што там можна было заўважыць асаблiвага? У крайнiм выпадку - надзвычай маленькiя ручкi. Няўжо i я быў калiсьцi такi? - Бедны чарвячок, - сказаў я. - Ён i не ўяўляе, што яго чакае. Хацелася б ведаць, на якую вайну ён якраз паспее... - Грубы чалавек, - запратэставала фраў Залеўскi. - Няўжо ў вас няма сэрца? - Яшчэ якое, - адказаў я. - Iнакш бы ў мяне не з'явiлiся такiя думкi. Я падаўся ў свой пакой. Праз дзесяць хвiлiн зазванiў тэлефон. Я пачуў сваё прозвiшча i выйшаў. Канечне, уся кампанiя была яшчэ тут. Яна не адступiла i тады, калi я паднёс да вуха слухаўку i пачуў голас Патрыцыi Хольман, якая дзякавала за кветкi. А дзiця, якое, вiдаць, было самае разумнае з усiх прысутных i якому абрыдла гэтае крыўлянне, раптам зараўло. - Прабачце, - сказаў я з адчаем у слухаўку. - Я вас не разумею, тут раз'юшана крычыць дзiця. Але яно не маё. Дамы зашыпелi, як гняздо гадзюк, каб супакоiць дзiця. Яны дамаглiся толькi таго, што яно раз'юшылася яшчэ больш. Толькi цяпер я заўважыў, што гэта сапраўды было незвычайнае немаўля. Вiдаць, яго лёгкiя даставалi аж да ног, iнакш чым можна было растлумачыць яго грымучы голас? Я трапiў у цяжкае становiшча. Вачыма я злосна пазiраў на кола мацярок перада мной, а ў слухаўку стараўся вымаўляць зычлiвыя словы. Ад галавы да пят ува мне бушавала бура, ад носа да падбародка - сонечны вясеннi пейзаж. Заставалася загадкай, як насуперак усяму я змог дамовiцца на сустрэчу назаўтра ўвечары. - Вам трэба ўстанавiць гукаiзаляваную тэлефонную будку, - сказаў я фраў Залеўскi. Яна таксама за словам у кiшэнь не лазiла. - Навошта? - спытала яна з iскрамi ўваччу. - У вас столькi сакрэтаў? Я замаўчаў i адступiў. Нельга пачынаць спрэчку з чалавекам, якi расхваляваны ад мацярынскага пачуцця. На яго баку мараль усяго свету. Мы дамовiлiся сустрэцца вечарам у Готфрыда. Я павячэраў у маленькiм шынку i пайшоў да яго. Каб адзначыць гэты дзень, па дарозе ў краме мужчынскага моднага адзення я купiў шыкоўны гальштук. Я ўсё яшчэ дзiвiўся, як гладка ўсё атрымалася, i даў сабе зарок быць заўтра сур'ёзным, як генеральны дырэктар iнстытута пахавальных спраў. Каморка Готфрыда была славутасцю. Яна ўся была завешана сувенiрамi, якiх ён навёз з Паўднёвай Амерыкi. Стракатыя цыноўкi на сценах, некалькi масак, засушаны чалавечы чэрап, незвычайныя глiняныя збаны, дзiды, а галоўнае выдатная калекцыя фатаграфiй, якая займала ўсю сцяну: дзяўчаты - iндыянкi i крэолкi, прыгожыя, смуглявыя, гнуткiя iстоты выключнай прывабнасцi i пяшчоты. Акрамя Ленца i Кёстэра былi яшчэ Браўмюлер i Граў. Тэа Браўмюлер з загарэлай, чырвонай, як медзь, лысiнай прыладзiўся на валiк канапы i з захапленнем разглядаў фотакалекцыю Готфрыда. Ён быў гоншчыкам-выпрабавальнiкам аўтазавода i даўно сябраваў з Кёстэрам. Шостага ён удзельнiчаў у гонках, на якiя Ота заявiў "Карла". Фердынанд Граў, ужо на падпiтку, сядзеў за сталом - масiўны i азызлы. Калi ён убачыў мяне, шырокай лапай падцягнуў да сябе. - Робi, - сказаў ён, запiнаючыся. - Што табе трэба тут сярод страчаных людзей? Табе тут няма чаго рабiць. Iдзi адсюль. Ратуйся. Ты яшчэ можаш уратавацца. Я зiрнуў на Ленца. Ён падмiргнуў мне. - Фердынанд у лепшай форме. Ён ужо два днi прапiвае дарагую нябожчыцу. Прадаў партрэт i адразу атрымаў грошы. Фердынанд Граў быў мастак. Але ён даўно памёр бы з голаду, калi б не знайшоў сабе спецыялiзацыi. Ён па фатаграфiях маляваў вельмi жывыя партрэты памерлых. З гэтага ён жыў, нават вельмi добра. Яго выдатных пейзажаў нiхто не купляў. Гэта надавала яго выказванням крыху песiмiстычнае адценне... - На гэты раз я атрымаў заказ ад шынкара, Робi, - сказаў ён. - У шынкара памерла цётка, якая гандлявала воцатам i алеем. - Ён здрыгануўся. - Жахлiва. - Слухай, Фердынанд, - запярэчыў Ленц. - Не варта ўжываць такiя рэзкiя выразы. Ты ж жывеш з аднаго з выдатнейшых чалавечых пачуццяў - з жалобы. - Лухта, - заявiў Граў. - Я жыву з пачуцця абавязку. Жалоба - гэта не што iншае, як пачуццё абавязку. Людзi хочуць апраўдацца за тое, чаго яны жадалi i што яны прычынiлi нябожчыкам пры жыццi. - Ён паволi правёў рукой па полымнай лысiне. - Як ты думаеш, колькi разоў мой шынкар жадаў смерцi сваёй цёцi - а за гэта ён заказвае яе лiрычны партрэт i вешае яго над канапай. Так яна яму падабаецца больш. Жалоба! Чалавек прыпамiнае пра свае нешматлiкiя добрыя якасцi толькi тады, калi ўжо позна. Тады ён крануты думкай, якi высакародны мог бы ён быць, i лiчыць сябе дабрадзейным. Зычлiвасць, дабрыня, высакародства, - ён махнуў сваёй магутнай лапай, - гэтыя рысы пажадана бачыць у iншых, каб узяць верх над iмi. Ленц з'едлiва ўсмiхнуўся. - Ты падрываеш асновы чалавечага грамадства, Фердынанд! - Асновы чалавечага грамадства - сквапнасць, страх i карупцыя, - адказаў Граў. - Чалавек - злосны, але ён любiць дабрыню, калi ёй надзелены iншы. Ён падставiў Ленцу сваю чарку. - Вось так, а цяпер налi мне i не балбачы ўвесь вечар... дай i iншым слова сказаць. Я пералез да Кёстэра. Мне раптам прыйшла iдэя. - Ота, зрабi ласку. Заўтра вечарам мне патрэбны "кадзiлак". Браўмюлер перапынiў уважлiвае вывучэнне амаль голай крэолкi-танцоўшчыцы. - А ты ўжо ўмееш рабiць паварот? - пацiкавiўся ён. - Да гэтага часу я думаў, што ты ўмееш ездзiць толькi па прамой, калi хто iншы сядзiць за рулём. - Супакойся, Тэа, - адказаў я. - Шостага на гонках мы зробiм з цябе шашлык. Браўмюлер булькнуў, засмяяўшыся. - Ну дык як, Ота? - спытаў я нецярплiва. - Машына не застрахаваная, Робi, - сказаў Кёстэр. - Я буду паўзцi, як чарапаха, i сiгналiць, як гарадскi аўтобус. Мне трэба праехаць толькi некалькi кiламетраў па горадзе. Ота прыжмурыў вочы i ўсмiхнуўся. - Добра, Робi, я не супроць. - Табе, вiдаць, не хапае машыны да новага гальштука? - спытаў Ленц, падышоўшы. - Заткнiся, - сказаў я i адштурхнуў яго ўбок. Але ён не адступаўся. - Пакажы, пакажы, хлопец! - Ён памацаў шоўк. - Цудоўна. Наша дзiця робiцца пiжонам. Мне здаецца, што ты адпраўляешся на агледзiны. - Сёння ты мяне не можаш пакрыўдзiць, ты - майстар пераўвасаблення, адказаў я. - Агледзiны? - Фердынанд Граў падняў галаву. - А чаму б i не? - Ён ажывiўся i павярнуўся да мяне. - Не слухай яго, Робi. У цябе для гэтага яшчэ ўсё ёсць. Для кахання патрэбна пэўная праставатасць. У цябе яна ёсць. Зберажы яе. Яна - божы дар. Страцiш - больш не знойдзеш. - Не бяры блiзка да сэрца, - пасмiхваўся Ленц. - Нарадзiцца дурнем - не ганьба. Ганьба памерцi дурнем. - Маўчы, Готфрыд. - Граў адмёў яго адным рухам сваёй магутнай лапы. - Пра цябе гаворка не iдзе, абозны рамантык. Цябе не шкада. - Выгаварыся спакойна, Фердынанд, - сказаў Ленц. - Як выгаварышся, заўсёды лягчэй на душы. - Ты - сiмулянт, - заявiў Граў. - Высакапарны сiмулянт. - Усе мы такiя, - усмiхнуўся Ленц. - Мы жывём толькi iлюзiямi i крэдытамi. - Так i ёсць, - сказаў Граў i па чарзе зiрнуў на кожнага з нас з-пад кусцiстых броваў. - Iлюзiямi мiнулага i крэдытамi на будучыню. - Потым ён зноў звярнуўся да мяне: - Я сказаў: праставатасць, Робi. Тодькi зайздроснiкi называюць яе дурасцю. Не крыўдзiся на iх. Гэта не недахоп, а - талент. Ленц хацеў запярэчыць. Але Фердынанд працягваў гаварыць. - Ты ведаеш, што я маю на ўвазе. Просты настрой, яшчэ не з'едзены скепсiсам i занадта вялiкiм розумам. Парцыфаль быў дурны. Калi б ён быў разумны, ён нiколi не захоплiваў бы кубак святога Граля. Толькi дурнi перамагаюць у жыццi. Iншы ж бачыць зашмат перашкод i няўпэўнены, цi варта пачынаць. У цяжкiя часы праставатасць - дарагi скарб, чароўны плашч, якi хавае небяспеку, на якую разумнiк бяжыць як загiпнатызаваны. Ён пацягнуў глыток i паглядзеў на мянё вялiзнымi сiнiмi вачыма, якiя свяцiлiся на зморшчаным твары, як кавалачак неба. - Не старайся ведаць занадта шмат, Робi! Чым менш ведаеш, тым прасцей жыць. Веды прыносяць волю - але i няшчасце. Хадзем, вып'ем са мной за праставатасць, дурасць i ўсё, што звязана з ёй - за каханне, веру ў будучыню, мары аб шчасцi... за цудоўную дурасць, страчаны рай... Ён сядзеў важка i масiўна, раптам пагрузiўшыся ў свае думкi i свой хмель, як адзiнокi курган недатыкальнай жалобы. Яго жыццё было разбiта, i ён ведаў, што ўжо не выкараскаецца. Ён жыў у сваёй вялiкай майстэрнi i быў блiзкi са сваёй эканомкай. Жанчына была ўстойлiвая i грубая, а Граў, наадварот, нягледзячы на сваё магутнае цела, адчувальны i бездапаможны. Ён не мог пакiнуць яе, i яму, вiдаць, было ўжо ўсё роўна. Яму было сорак два гады. Хоць я ведаў, што гэта хмель, але, гледзячы на яго такога, я адчуваў нейкi цiхi, незразумелы жах. Ён рэдка прыходзiў да нас i пiў амаль заўсёды адзiн у сваёй майстэрнi. Гэтак чалавек хутка ламаўся. Усмешка мiльганула на яго твары. Ён усунуў мне ў руку чарку. - Выпi, Робi. I ратуйся. Памятай, пра што я табе гаварыў. - Добра, Фердынанд. Ленц завёў грамафон. У яго была процьма пласцiнак з мурынскiмi песнямi. Некалькi з iх прагучала цяпер - пра Мiсiпiсi, пра збор бавоўны i пра душныя ночы на сiнiх трапiчных рэках. VI Патрыцыя Хольман жыла ў вялiкiм жоўтым шматпавярховым доме, якi быў адгароджаны ад вулiцы вузкай палоскай газона. Перад уваходам стаяў лiхтар. Свой "кадзiлак" я прыпаркаваў пад iм. У рухомым святле ён быў падобны да магутнага слана, якi пералiваўся чорным бляскам. Я дапоўнiў свой гардэроб. Да гальштука прыкупiў новы капялюш i пальчаткi. Акрамя таго, я апрануў палiто Ленца, выдатную шэрую апратку з шатландскай шэрсцi. Такiм чынам я хацеў цалкам сцерцi тое першае забулдыжнае ўражанне, якое я пакiнуў. Я пасiгналiў. Адразу ж успыхнула, як ракета, лесвiчнае асвятленне ў пяцi вокнах па вертыкалi. Загудзеў лiфт. Я ўбачыў, як ён апускаўся, нiбы касмiчная шахтная клетка. Патрыцыя Хольман адчынiла дзверцы i хуценька сышла ўнiз па лесвiцы. Яна была ў кароткай карычневай футравай куртачцы i ў вузкай карычневай спаднiцы. - Прывiтанне! - Яна падала мне руку. - Я рада, што магу выйсцi. Увесь дзень праседзела дома. Мне спадабалася, як яна падала руку, пацiскаючы мацней, чым можна было чакаць. Я ненавiдзеў людзей, якiя падавалi руку вяла, нiбы здохлую рыбiну. - Чаму ж вы мне раней не сказалi? - адказаў я. - Я заехаў бы да вас аполуднi. - У вас так шмат часу? - Ды не. Але неяк збег бы. Яна глыбока ўздыхнула. - Цудоўнае паветра! Пахне вясной. - Калi ў вас ёсць жаданне, можам пакатацца, колькi вам захочацца, - сказаў я. - Можам выехаць за горад, у лес - я на машыне. - Я абыякава паказаў на "кадзiлак", як быццам гэта быў стары "форд". - "Кадзiлак"? - Яна ў недаўменнi глянула на мяне. - Гэта ваш? - Сёння на вечар мой. А ўвогуле - уласнасць нашай майстэрнi. Мы яго адрамантавалi i хочам пачаць з яго бiзнес нашага жыцця. - Я адчынiў дзверцы. Можа, спачатку паедзем у "Лазу" i павячэраем? Як вы? - Павячэраць можна, але чаму менавiта ў "Лазе"? Я разгубiўся. "Лаза" была адзiным прыстойным рэстаранам, якi я ведаў. - Шчыра кажучы, - прызнаўся я, - я больш нiчога не ведаю. Мне здаецца, што "кадзiлак" нас да нечага абавязвае. Яна засмяялася. - У "Лазе", напэўна, занадта важная i сумная публiка. Давайце паедзем у iншае месца. Я быў бездапаможны. Мае сур'ёзныя намеры рассейвалiся, як дым. - Тады прапануйце вы, - сказаў я. - Месцы, якiя вядомы мне, занадта прасцяцкiя. Яны, здаецца, не для вас. - Чаму вы думаеце так? - Ну, так мне здаецца... Яна хутка зiрнула на мяне. - Можна паспрабаваць. - Добра. - Я рашуча перакрэслiў усю праграму. - Тады я ведаю, што рабiць. Калi вы не баязлiвая. Мы пойдзем да Альфонса. - Альфонс... гучыць выдатна, - адказала яна. - Сёння вечарам я не баязлiвая. - Альфонс - шынкар, - сказаў я. - Лепшы сябра Ленца. Яна засмяялася. - У Ленца, вiдаць, усюды сябры. Я кiўнуў. - Ён лёгка зблiжаецца. Вы ж бачылi гэта на прыкладзе Бiндзiнга. - Так, бог сведка, - адказала яна. - Гэта здарылася маланкава. Мы паехалi. Альфонс быў мажны, спакойны чалавек. Пашчэнкi выпiралi. Маленькiя вочкi. Закасаныя рукавы. Рукi доўгiя, як у гарылы. Усякага, хто быў непажаданы ў яго шынку, ён выкiдваў сам. Нават членаў спартовага таварыства "Адданасць радзiме". Для вельмi дужых клiентаў у яго пад стойкай ляжаў молат. Шынок быў размешчаны ўдала: побач з бальнiцай. Альфонс эканомiў на транспартных выдатках. Валасатай рукой ён выцер светлы яловы стол. - Пiва? - спытаў ён. - Гарэлкi i закусiць. - А даме? - Дама таксама хоча гарэлкi, - сказала Патрыцыя Хольман. - Не слаба, не слаба, - сказаў Альфонс. - Ёсць свiныя скабкi з квашанай капустай. - Сам закалоў свiнню? - спытаў я. - Вядома. - Але дама, напэўна, з'ела б нешта лягчэйшае, Альфонс. - Вы, вiдаць, жартуеце... Спачатку гляньце на скабкi. Ён паклiкаў кельнера, каб той паказаў порцыю. - Была шыкоўная свiння, - сказаў ён. - Лаўрэатка. Дзве першыя прэмii. - Ну, гэтага нiхто не зразумее, - адказала яму Патрыцыя Хольман, на маё здзiўленне, з такой упэўненасцю, быццам яна ўжо гадамi наведвае гэты шынок. Альфонс падмiргнуў. - Дык дзве порцыi? Яна кiўнула. - Выдатна! Сам выберу. Ён пайшоў на кухню. - Бяру назад свае сумненнi, цi туды мы трапiлi, - сказаў я. - Вы Альфонса паланiлi iмгненна. Ён сам выбiрае толькi заўсёдным клiентам. Альфонс вярнуўся. - Дадаў вам яшчэ свежай каўбаскi. - Нядрэнная iдэя, - сказаў я. Альфонс паглядзеў на нас зычлiва. Прынеслi гарэлку. Тры чаркi. Трэцюю Альфонсу. - Што ж, на здароўе, - сказаў ён. - За тое, каб у нашых дзяцей былi багатыя бацькi. Мы выпiлi. Дзяўчына таксама выпiла да дна. - Не слаба, не слаба, - сказаў Альфонс i вярнуўся за стойку. - Смачная гарэлка? - спытаў я. Яна здрыганулася. - Моцная. Але ж я не магла зняславiцца перад Альфонсам. Свiныя скабкi былi на славу. Я з'еў дзве вялiкiя порцыi, ды i Патрыцыя Хольман ела больш, чым можна было чакаць. На маю думку, яна цудоўна стасавалася з маiм настроем i не вылучалася ў гэтым шынку. Яна без крыўляння выпiла з Альфонсам яшчэ адну чарку. Ён неўпрыкмет падмiргнуў мне: усё нармальна. А Альфонс ведаў толк. Магчыма, не ў тым, што датычыла прыгажосцi i культуры, але ў тым, што да сутнасцi i зместу. - Калi вам пашанцуе, вы ўбачыце i чалавечыя слабасцi Альфонса, - сказаў я. - Цiкава, - адказала яна. - Мне здалося, што ў яго iх няма. - Ёсць. - Я паказаў на стол побач са стойкай. - Вунь... - Што? Грамафон? - Не грамафон. Харавыя спевы. У Альфонса слабасць да харавых спеваў. Не танцы, не класiчная музыка, толькi хоры: мужчынскiя, змешаныя хоры, на ўсiх пласцiнках, якiя вы бачыце, - толькi хоры. Вось гляньце, ён iдзе. - Смачна? - спытаў Альфонс. - Як у роднай мацi, - адказаў я. - А даме? - Лепшых свiных скабак з роду не каштавала, - адважна заявiла дама. Альфонс задаволена кiўнуў галавой. - Зараз пастаўлю новую пласцiнку. Вам на здзiўленне. Ён падышоў да грамафона. Зашыпела iголка, потым магутна загучаў мужчынскi хор, якi моцнымi галасамi спяваў "Маўчанне ў лесе". Гэта было надзвычай гучнае маўчанне. З першых тактаў у шынку зрабiлася цiха. Альфонс рабiўся небяспечным, калi хто непачцiва паводзiў сябе. Ён стаяў за стойкай, абапёршыся на яе валасатымi рукамi. Яго твар мяняўся пад уздзеяннем музыкi. Ён задумаўся - так, як можа задумацца гарыла. Харавы спеў меў над iм незвычайную ўладу. Ён рабiўся пяшчотны, як маладзенькая лань. Ён мог улезцi ў крывавую бойку, але як толькi харавы спеў кранаў яго слых, ён нiбы зачараваны кiдаў усё, прыслухоўваўся i быў гатовы памiрыцца. Раней, калi ён быў больш запальчывы, пад рукой жонкi заўседы напагатове ляжалi яго любiмыя пласцiнкi. Калi рабiлася небяспечна i ён з молатам у руках выходзiў з-за стойкi, яна хуценька апускала iголку, i Альфонс апускаў молат, слухаў i супакойваўся. З часам такой патрэбы не стала: жонка памерла, яе партрэт, падарунак Фердынанда Граў, якому ў знак удзячнасцi заўсёды быў вольны столiк, вiсеў над стойкай, ды i Альфонс пастарэў i астыў. Пласцiнка закончылася. Альфонс падышоў да нас. - Чароўна, - сказаў я. - Асаблiва першы тэнар, - дадала Патрыцыя Хольман. - Правiльна, - пацвердзiў Альфонс i ўпершыню ажывiўся. - Вы разбiраецеся! Першы тэнар - высокi клас! Мы развiталiся з iм. - Прывiтанне Готфрыду, - сказаў ён. - Няхай заходзiць. Мы стаялi на вулiцы. Лiхтары перад дамамi адкiдвалi неспакойныя водблiскi i ценi ўверх, у галлё старога дрэва. На галiнках ужо быў лёгкi зялёны бляск, i дзякуючы мiгатлiваму невыразнаму святлу знiзу дрэва здавалася больш магутным i высокiм. Здавалася, што крона губляецца ў змроку, як вялiзная рука з растапыранымi пальцамi, якая з надзвычайнай жалобай учапiлася ў неба. Патрыцыя Хольман зябка ўздыхнула. - Вам холадна? Яна ўзняла плечы i схавала рукi ў рукавы курткi. - Толькi спачатку. Там было даволi цёпла. - Вы занадта лёгка апранулiся, - сказаў я. - Вечарам холадна. Яна адмоўна пахiтала галавой. - Я не люблю цяжкай вопраткi. Дый хочацца, каб нарэшце пацяплела. Не выношу халадоў. Асаблiва ў горадзе. - У "кадзiлаку" цёпла, - сказаў я. - На ўсякi выпадак я ўзяў плед. Я дапамог ёй сесцi ў машыну i накрыў каленi пледам. Яна падцягнула яго вышэй. - Цудоўна! Вось так - выдатна! Холад наводзiць сум. - Не толькi холад. - Я сеў за руль. - Пакатаемся крыху? Яна кiўнула. - Ахвотна. - Куды? - Проста паедзем паволi па вулiцах. Усё роўна куды. - Добра. Я завёў машыну, i мы паволi i без мэты паехалi па горадзе. Быў час пiк. Мы неслiся амаль бязгучна, так цiха працаваў матор. Здавалася, што машына карабель, якi нячутна iмчыцца па стракатых каналах жыцця. Вулiцы праносiлiся мiма, светлыя парталы, агнi, рады лiхтароў, салодкая, мяккая, вячэрняя мiтусня быцця, мяккая лiхаманка асветленай ночы, а над усiм, памiж краямi дахаў жалезна-шэрае, вялiкае неба, якое адкiдвае сваё святло на горад. Дзяўчына моўчкi сядзела побач са мной; святло i ценi прабягалi з акна па яе твары. Я час ад часу пазiраў на яе. Яна зноў напомнiла мне пра вечар, калi я ўбачыў яе ўпершыню. Яе твар пасур'ёзнеў, ён здаваўся больш адчужаным, чым раней, але вельмi прыгожым. Гэта быў твар, якi паланiў мяне тады i не адпусцiў. Мне здавалася, што ў iм было нешта ад таямнiчасцi цiшынi, характэрнай для рэчаў, блiзкiх да прыроды - дрэў, воблакаў, жывёлiн, а часам для жанчын. Мы выехалi на цiхiя прыгарадныя вулiцы. Вецер памацнеў. Здавалася, ён гнаў ноч перад сабой. На вялiкай плошчы, вакол якой спалi маленькiя домiкi, акружаныя садамi, я спынiў машыну. Патрыцыя Хольман страпянулася, быццам спала. - Прыгожа, - сказала яна праз хвiлiну. - Калi б у мяне была машына, я вось так цiха каталася б кожны вечар. У гэтым ёсць нешта казачнае - вось так бясшумна ехаць, дзе хочаш. Быццам i не спiш, але ў той самы час снiш штосьцi. Мне здаецца, тады i людзi не патрэбны табе вечарам. Я дастаў з кiшэнi пачак з цыгарэтамi. - А ўвогуле хочацца, каб вечарам нехта быў побач... Яна кiўнула. - Хочацца. Калi цямнее, на душы робiцца нiякавата. Я разарваў пачак. - Амерыканскiя. Вам падабаюцца? - Так. Нават больш, чым нейкiя iншыя. Я даў ёй прыпалiць. На iмгненне блiзкае цёплае святло запалкi асвятлiла яе твар i мае рукi, i ў мяне раптам з'явiлася вар'яцкая думка, што мы ўжо даўно блiзкiя. Я апусцiў шыбу, каб даць выйсцi дыму. - Вы хочаце павесцi машыну? - спытаў я. - Вам, пэўна, было б прыемна. Яна павярнулася да мяне. - Хацелася б. Але не ўмею. - Сапраўды? - Не ўмею. Нiколi не вучылася. Тут я вырашыў скарыстаць выпадак. - Бiндзiнг жа даўно мог навучыць вас, - сказаў я. Яна засмяялася. - Бiндзiнг занадта закаханы ў сваю машыну. Ён нiкога не падпускае да руля. - Гэта неразумна, - заявiў я, задаволены, што магу ўпiкнуць таўстуна. - Я даю вам праехаць без усялякiх ваганняў. Садзiцеся. Я насуперак усiм папярэджанням Кёстэра вылез, каб памяняцца месцамi. Яна захвалявалася. - Але ж я сапраўды не ўмею кiраваць. - Умееце, - запярэчыў я. - Вы ўсё ўмееце. Толькi не ведаеце пра гэта. - Я паказаў ёй пераключэннi. - Вось, - сказаў я. - А цяпер - наперад! - Хвiлiнку! - Яна паказала на аўтобус, якi адзiнока кацiўся па вулiцы. Можа, прапусцiм яго спачатку? -Нi ў якiм разе! Я iмгненна ўключыў хуткасць i адпусцiў педалю счаплення. Яна сутаргава ўхапiлася за руль, напружана ўзiраючыся ў вулiцу. - О божа, мы едзем занадта хутка. Я зiрнуў на спiдометр. - Зараз вы едзеце з хуткасцю 25 кiламетраў у гадзiну. На самай справе гэта толькi дваццаць. Нармальная хуткасць для марафонца. - А мне здаецца, што восемдзесят. Праз некалькi хвiлiн першы страх знiк. Мы ехалi ўнiз па шырокай роўнай вулiцы. "Кадзiлак" крыху вадзiла ў бакi, як быццам ён быў запраўлены не бензiнам, каньяком. Часам ён праходзiў падазрона блiзка ад бардзюра, але паступова справа наладзiлася, i ўсё атрымлiвалася так, як я i думаў: я атрымаў перавагу, бо мы раптам сталi настаўнiкам i вучанiцай, i я гэта выкарыстаў.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5
|