Тры таварышы (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Ремарк Эрих Мария / Тры таварышы (на белорусском языке) - Чтение
(Ознакомительный отрывок)
(стр. 2)
Я выбiраў сарочку i шкарпэткi, хоць выбiраць асаблiва не было з чаго, з некалькiх сарочак i пар шкарпэтак я выбiраў так, быццам iх было ў дваццаць разоў больш; насвiстваючы, я павыкiдваў усё з кiшэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, i раптам - учарашняя паперка з iмем дзяўчыны i нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзiўнае iмя - Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю... За выпiўкай жыццё было цудоўнае- ты хутка рабiўся цэльным, але памiж вечарам i ранiцай зноў утваралiся прагалы, як быццам мiналi гады. Я сунуў запiску пад стос кнiжак. Патэлефанаваць? Магчыма... а магчыма, i не. Днём усё выглядала iнакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна i быў задаволены. Даволi хапiла шуму ў апошнiя гады. "Толькi не падпускаць нiчога блiзка да сэрца, - гаварыў Кёстэр. - Тое, што падпусцiш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нiчога..." У гэты час у суседнiм пакоi пачаўся ранiшнi вэрхал. Я шукаў капялюш, якi я, вiдаць, учора некуды закiнуў. На хвiлiнку я прыслухаўся. Сварылiся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылi тут у маленькiм пакойчыку. Гэта былi нядрэнныя людзi. Калi б яны мелi трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадынi, ды каб яшчэ дзiця - магчыма, гэта была б шчаслiвая сям'я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзiця ў гэтыя ненадзейныя часы - хто яго мог сабе дазволiць! Яны ўвесь час натыкалiся адно на аднаго, жонка стала iстэрычкай, а муж увесь час баяўся страцiць сваё месца. Тады б - капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш нiхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазiцыi паволi, i заўсёды з'яўлялiся новыя магчымасцi, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем - адразу прадонне вечнага беспрацоўя. Я хацеў цiхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой увалiўся Хасэ. Ён плюхнуўся ў крэсла. - Я больш не вытрываю. Гэта быў па сутнасцi мяккi чалавек з абвiслымi плячыма i маленькiмi вусiкамi. Сцiплы, старанны служачы. Але якраз такiм было сёння цяжэй за ўсiх. Ды iм, бадай, было заўжды найцяжэй. Сцiпласць i стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькi ў раманах. У жыццi iх выкарыстоўваюць, а потым адкiдваюць прэч. Хасэ ўзняў рукi. - Толькi падумайце, у канторы зноў два звальненнi. Наступны - я, вось убачыце: я! - У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я налiў яму чарку гарэлкi. Ён тросся ўсiм целам. Некалi ён зламаецца, гэта было вiдавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць. - Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокi, - прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю iснаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвiла i расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасцi. Нешта раiць не мела сэнсу. - Слухайце, Хасэ, - сказаў я. - Пасядзiце тут спакойна, колькi вам захочацца. Мне трэба пайсцi. Калi вам больш да густу каньяк, ён - у шафе. Тут - ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кiно. Гэта будзе каштаваць вам столькi ж, колькi дзве гадзiны ў кавярнi, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага - не разважаць! - Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кiно заўседы выручае. Там кожны можа памарыць. Побач дзверы былi адчынены. Жанчына ўсхлiпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я iшоў праз калiдор. Наступныя дзверы былi прачынены. Адтуль падслухвалi. Пахла духамi. Тут жыла Эрна Бёнiг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату - адзiн раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да ранiцы. Назаўтра ў яе бываў вельмi дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзiла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б i жыць, гаварыла яна. У яе былi два сябры. Адзiн кахаў яе i прыносiў кветкi. Другога кахала яна i давала яму грошы. Побач у пакоi жыў ротмiстр граф Арлоў - расейскi эмiгрант, кельнер, статыст на кiназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сiвымi скронямi. Ён выдатна iграў на гiтары. Кожны вечар ён малiўся Казанскай Божай Мацi, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якiм-небудзь заняпалым гатэлi. На падпiтку быў плаксiвы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткi. Узрост - пяцьдзесят гадоў. Муж загiнуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлi ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нiкога. Яшчэ побач - Мюлер, казначэй-пенсiянер. Сакратар таварыства фiлатэлiстаў. Жывая калекцыя марак, больш нiчога. Шчаслiвы чалавек. У апошнiя дзверы я пастукаў. - Як справы, Георгi? - сказаў я. - Нiчога новага? Георгi Блок пахiтаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў руднiку. Заробленыя грошы скончылiся; iх хопiць яшчэ месяцы на два. На руднiк ён не мог вярнуцца - там цяпер ужо хапала сваiх беспрацоўных. Ён спрабаваў так i сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лiсткi маргарынавай фабрыкi. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет i ўздыхнуў быў з палёгкай. Праз тры днi яго спынiлi двое ў касках, адабралi газеты, падралi iх i растлумачылi, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезцi. У iх самiх хапае беспрацоўных. I ўсё-такi ён выйшаў наступнай ранiцай, хоць ужо давялося заплацiць за падраныя газеты. Нехта збiў яго роварам. Газеты паляцелi ў гразь. Зноў заплацiў дзве маркi. Ён пайшоў трэцi раз i вярнуўся з разадраным касцюмам i разбiтым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаi сядзеў у пакоi i зубрыў як вар'ят, быццам гэта мела нейкi сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнiя курсы цi не - на працу можна было разлiчваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння. Я падаў яму цыгарэты. - Кiнь ты гэта глупства, Георгi. Як я. Потым пачнеш спачатку. Ён пахiтаў галавой. - Я ўжо тады заўважыў, пасля руднiка. Калi не займацца кожны дзень, адразу саб'ешся з тропу. А на другi раз мяне ўжо не хопiць. Бледны твар i вушы, якiя тырчаць, i блiзарукiя вочы, хударлявая постаць з запалымi грудзьмi... д'ябал забяры ўсё! - Ну, бывай, Георгi. Бацькоў у яго не было. Кухня. На сцяне - галава дзiка. Памяць пра нябожчыка Залеўскi. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу i дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблiчак каля кнопкi званка. I мая мiж iншых. "Роберт Локамп, студэнт фiласофii. Званiць два разы". Яна была брудна-жоўтая. "Студэнт фiласофii"! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусцiўся па прыступках у кавярню "Iнтэрнацыяналь". "Iнтэрнацыяналь" - вялiзная, цёмная, задымленая кiшка з мноствам заднiх пакояў. Наперадзе, каля стойкi, стаяў раяль. Ён быў разладжаны, некалькi струн парвалася. Клавiшы таксама былi не ўсе. Але я любiў гэтую бадзёрую музычную скрынку са стажам. Я аддаў ёй год майго жыцця, працуючы тут тапёрам. У заднiх пакоях жывёлапрамыслоўцы праводзiлi свае сходы. Бывалi тут i вулiчныя артысты. Наперадзе сядзелi прастытуткi. Шынок быў пусты. Толькi пласкаступы кельнер Алоiс стаяў за стойкай. - Як заўсёды? - спытаў ён. Я згодна кiўнуў. Ён прынёс мне партвейн з ромам, палова на палову. Я сеў за столiк i бяздумна ўтаропiўся перад сабой. Шэры прамень сонца коса падаў праз акно на бутэлькi, што стаялi на палiцах. Чэрыбрэндзi гарэў, як рубiн. Алоiс паласкаў шклянкi. Гаспадарова кошка сядзела на раялi i муркала. Я павольна палiў цыгарэту. Ад душнага паветра цягнула на сон. Дзiўны голас быў учора ў дзяўчыны. Нiзкi, грубаваты, амаль хрыплы i ўсё ж мяккi. - Дай мне пагартаць некалькi часопiсаў, Алоiс, - сказаў я. Зарыпелi дзверы. Прыйшла Роза. Роза, прастытутка з могiлак, па мянушцы Жалезны Конь. Яе так ахрысцiлi за нястомнасць. Яна прыйшла выпiць кубачак шакаладу. На яго яна раскашэльвалася тут кожную нядзелю. Потым яна ехала ў Бургдорф да свайго дзiцяцi. - Прывiтанне, Роберт. - Прывiтанне, Роза. Як малышка? - Паглядзiм. Вось - вязу ёй. Яна дастала з пакунка чырванашчокую ляльку i нацiснула ёй на жывот. "Ма-ма", - праквакала лялька. Роза свяцiлася ўся. - Казачна! - сказаў я. - Зiрнi! - Яна нагнула ляльку назад. Ляпнуўшы, заплюшчылiся вочы. - Нечувана, Роза. Яна была задаволена i зноў запакавала ляльку. - Ты ў гэтых справах цямiш, Роберт. З часам будзеш добрым мужам. - Ну, ну, - сказаў я з сумненнем. Роза любiла сваё дзiця. Яшчэ тры месяцы назад, пакуль дзiця не хадзiла, яно жыло з ёй у адным пакоi. Нягледзячы на яе занятак, гэта было магчыма дзякуючы маленькай бакоўцы. З'яўляючыся вечарам з кавалерам, яна прасiла яго, прыдумаўшы прычыну, пачакаць на двары, сама хуценька бегла наперад, штурхала дзiцячую каляску ў бакоўку, замыкала дзверы i ўпускала кавалера. Але ў снежнi малую даводзiлася занадта часта перапраўляць з пакоя ў халодную бакоўку. Дзiця прастудзiлася i часта плакала ў прысутнасцi наведнiкаў. Роза мусiла разлучыцца з дачушкай, як нi цяжка гэта ёй далося. Яна здала яе ў дарагi дзiцячы прытулак. Там яна лiчылася паважанай удавой. Iнакш - дзiця не прынялi б. Роза ўстала. - Ты прыйдзеш у пятнiцу? Я кiўнуў. Яна глянула на мяне. - Ты ж ведаеш, што здарылася. - Вядома. Я не меў нiякага ўяўлення, што здарылася, але ў мяне не было жадання распытваць. Такую звычку я набыў тут за год працы тапёрам. Так было заўжды найлепш. Як i тое, што да ўсiх дзяўчат тут я звяртаўся на "ты". - Бывай, Роберт. - Бывай, Роза. Я нейкi час яшчэ пасядзеў. Але я не адчуваў звыклага дрымотнага спакою. "Iнтэрнацыяналь" у выхадныя днi быў мне ўтульным домам. Я выпiў рому, пагладзiў кошку i пайшоў. Цэлы дзень я сноўдаўся. Я не ведаў, што мне рабiць. Нiдзе доўга не затрымлiваўся. Пад вечар я пайшоў у майстэрню. Там быў Кёстэр. Ён рамантаваў "кадзiлак". Гэтую старую машыну мы нядаўна купiлi за бясцэнак. Цяпер мы яго як след перабралi. Кёстэр наводзiў апошнi "марафет". Мы спадзявалiся добра зарабiць на ёй. Я сумняваўся, што нам пашанцуе. У такiя цяжкiя часы, як цяпер, людзi купляюць малыя машыны, а не такi аўтобус. - Мы на iм пагарым, Ота, - сказаў я. Але Кёстэр быў упэўнены. - Гараць на сярэднiх машынах, Робi, - растлумачыў ён. - Купляюць танныя машыны i вельмi дарагiя. Ёсць яшчэ людзi з грашыма. А ёсць, што выдаюць сябе за багатых. - Дзе Готфрыд? - спытаў я. - На нейкiм палiтычным сходзе. - Вар'яцтва! Што яму там трэба? Кёстэр засмяяўся. - Сам не ведае. Магчыма, вясна затлумiла яму галаву. Вось i хочацца нечага свежанькага. - Магчыма, - сказаў я. - Давай дапамагу. Мы пракорпалiся, пакуль не сцямнела. - Хопiць, - сказаў Кёстэр. Мы ўмылiся. - Ведаеш, што ў мяне ёсць? - спытаў ён i паляпаў па партманеце. - Што? - Бiлеты на бокс вечарам. Два. Пойдзем? Я вагаўся. Ён здзiўлена паглядзеў на мяне. - Удзельнiчае Сцiлiнг, - сказаў ён. - Супроць Валькера. Будзе добры бой. - Вазьмi Готфрыда, - прапанаваў я i сам з сябе пакпiў: чаму не iду? Але не хацелася, не ведаю чаму. - У цябе планы? - спытаў ён. - Не. Ён зiрнуў на мяне. - Пайду дадому, - сказаў я. - Напiшу пiсьмы, i яшчэ тое-сёе... Таксама трэба. - Ты захварэў? - спытаў ён занепакоена. - Ты што, анi блiзка. Магчыма, таксама вясна затлумiла галаву. - Ну добра. Як хочаш. Я паплёўся дадому. Але i седзячы ў пакоi, я не ведаў, чым заняцца. Без мэты я хадзiў узад-уперад. Я ўжо не мог уцямiць, што ж мяне пацягнула сюды. Нарэшце я пайшоў праз калiдор да Георгi. Пры гэтым я сутыкнуўся з фраў Залеўскi. - Вось табе i на, - сказала яна. - Вы тут? - Цяжка не пагадзiцца, - адказаў я з ледзь прыхаваным раздражненнем. Яна пахiтала сiвой галавой. - Нiкуды не пайшлi? Дзiва, ды i ўсё тут! Я не доўга затрымаўся ў Георгi. Праз пятнаццаць хвiлiн я вярнуўся. Падумалася, цi не выпiць чаго. Але не хацелася. Я прысеў каля акна i пачаў пазiраць на вулiцу. Змрок на крылах кажана лунаў над могiлкамi. Неба за Домам прафсаюзаў было зялёнае, як няспелы яблык. Загаралiся лiхтары, але яшчэ было не зусiм цёмна - здавалася, што яны мерзнуць. Я пашукаў пад кнiгамi паперку з нумарам тэлефона. У рэшце рэшт... патэлефанаваць жа можна. Я ж нават амаль што даў слова. А можа, дзяўчыны i дома няма. Я падышоў да тэлефона, зняў слухаўку i назваў нумар. Чакаючы адказу, я адчуваў, як з чорнай слухаўкi наплывае лёгкая хваля, хваля чакання. Дзяўчына была дома. Як толькi ў прыхожай фраў Залеўскi, памiж галовамi дзiкоў, пахам тлушчу i кухонным бразгатаннем, раптам цiха i павольна, нiбы ў задуменнi, разважаючы над кожным словам, загучаў нiзкi хрыплаваты голас, мая незадаволенасць сабой адразу знiкла. Я павесiў слухаўку, пасля таго як, не пытаючыся пра здароўе, прызначыў спатканне на паслязаўтра. Раптам жыццё здалося не такiм змрочным. "Вар'яцтва", - падумаў я i патрос галавой. Потым я яшчэ раз зняў слухаўку i патэлефанаваў Кёстэру. - Бiлеты яшчэ ў цябе, Ота? - У мяне. - Добра. Я iду на бокс. Пасля матча мы яшчэ крыху пахадзiлi па начным горадзе. Вулiцы былi свежыя i пустыя. Зiхацелi шыльды. У вiтрынах гарэла святло. У адной з iх стаялi голыя васковыя манекены з размаляванымi тварамi. У iх быў выгляд распусных прывiдаў. Побач мiгцелi ўпрыгожаннi. Потым мы падышлi да ўнiвермага, якi быў асветлены ярка, як сабор. Вiтрыны пенiлiся стракатым блiскучым шоўкам. Каля кiнатэатра на прыступках сядзелi бледныя, схуднелыя постацi. Побач агнямi пералiвалiся вiтрыны прадуктовай крамы. Металiчнымi вежамi ўзвышалiся выстаўленыя кансервы, на ватнай посцiлцы ляжалi прывялыя яблыкi, гронка тлустых гусей была падвешана на вяроўцы, рудаватыя круглыя боханы хлеба ляжалi памiж палак сухой каўбасы. Вабiлi жоўтыя i ружовыя букеты вяндлiны i паштэтаў. Мы селi на лаўку ля сквера. Было свежа. Месяц, нiбы электрычная лямпачка, вiсеў над дамамi. Ужо даўно перавалiла за поўнач. Непадалёк на вулiцы рабочыя паставiлi палатку. Яны працавалi на трамвайнай лiнii. Шыпелi зварачныя апараты, россыпы iскраў пырскалi над сагнутымi цёмнымi постацямi. Побач з iмi, як палявыя кухнi, дымiлiся катлы з гарачым асфальтам. Мы думалi кожны пра сваё. - Дзiўная нядзеля, цi не праўда, Ота? Кёстэр згодна кiўнуў. - Шчыра кажучы, радуешся, калi яна канчаецца, - сказаў я задумлiва. Кёстэр пацiснуў плячыма. - Мусiць, так звыкаешся з працай, што крышку свабоды ўжо перашкаджае. Я наставiў каўнер. - Ёсць штосьцi няправiльнае ў нашым жыццi, Ота? Ён глянуў на мяне i ўсмiхнуўся. - Было нешта iншае, Робi. - Праўда, - пагадзiўся я. - Але... Яркая ўспышка аўтагена пырснула зялёным святлом на асфальт. Палатка рабочых, асветленая ўсярэдзiне, здавалася цёплым маленькiм домам. - Як ты думаеш - закончым "кадзiлак" да аўторка? - спытаў я. - Павiнны, - сказаў Кёстэр. - А чаму? - Ды не, проста так... Мы ўсталi i пайшлi дадому. - Сёння са мной нешта не так, Ота, - сказаў я. - З кожным бывае... Дабранач, Робi. - Дабранач, Ота. У пакоi я яшчэ крыху пасядзеў. Гэта будка раптам перастала мне падабацца. Люстра была агiдная, свяцiла занадта ярка, крэслы - пацёртыя, лiнолеум жахлiва бляклы, умывальнiк, ложак, над iм карцiна пра бiтву пад Ватэрлоа - сюды ж нельга запрасiць прыстойнага чалавека, падумалася. Жанчыну тым больш не запросiш. У лепшым разе - прастытутку з "Iнтэрнацыяналя". III У аўторак ранiцай мы сядзелi ў двары нашай майстэрнi i снедалi. "Кадзiлак" быў гатовы. Ленц з лiстком паперы ў руцэ пераможна пазiраў на нас. Ён у нас быў адказны за рэкламу i толькi што зачытаў нам з Кёстэрам аб'яву аб продажы машыны, якую толькi што напiсаў. Яна пачынался са слоў: "Водпуск у паўднёвых краях на шыкоўнай машыне!" Гэта было нешта сярэдняе памiж вершам i гiмнам. Мы з Кёстэрам хвiлiнку памаўчалi. Нам трэба было спачатку крыху ачомацца ад гэтай бурлiвай плынi шматфарбнай фантазii. Ленц вырашыў, што пакарыў нас. - Ёсць i паэзiя, i бляск, праўда? - з гонарам спытаў ён. - У век дзелавiтасцi трэба быць рамантычным, у гэтым фокус. Процiлегласцi прыцягваюцца. - Толькi не ў грашовых справах, - запярэчыў я. - Аўтамабiлi купляюць не на тое, каб укласцi грошы, хлопчык, - заявiў Готфрыд, не пагаджаючыся. - Iх купляюць, каб пазбавiцца грошай. I вось тут пачынаецца рамантыка, ва ўсякiм разе для камерсанта. У большасцi з iх яна нават на тым i канчаецца. Як думаеш, Ота? - Ты ведаеш... - асцярожна пачаў Кёстэр. - Што тут доўга гаварыць, - перабiў я яго. - Гэта - рэклама курорта альбо элiксiру прыгажосцi, але не аўтамабiля. Ленц хацеў нешта сказаць. - Хвiлiнку. Ты лiчыш, што мы прыдзiраемся, Готфрыд. У мяне ёсць прапанова: давайце спытаем у Юпа. Вось дзе голас народа! Юп быў наш адзiны падсобнiк. Гэта быў падлетак пятнаццацi год - накшталт вучня. Ён абслугоўваў заправачную калонку, прыносiў нам сняданак, а ўвечары займаўся ўборкай. Ён быў малы, рабацiнневы. Большых вушэй, чым у яго, я яшчэ не бачыў. Кёстэр кажа: калi б Юп упаў з самалёта, з iм нiчога не здарылася б. Ён лёгка спусцiўся б на зямлю на вушах, як на парашуце. Мы паклiкалi яго. Ленц прачытаў яму рэкламу. - Ты зацiкавiўся б такой машынай, Юп? - спытаў Кёстэр. - Машынай? - перапытаў Юп. Я засмяяўся. - Вядома, машынай, - буркнуў Готфрыд. - А ты думаў, што конiкам-дзёгцiкам? - А ў ёй ёсць хуткасць, кулачковы вал верхняга кiравання i гiдраўлiчны тормаз? - спытаўся Юп спакойна. - Авечая галава, гэта ж наш "кадзiлак", - гыркнуў Ленц. - Не можа быць, - усумнiўся Юп i вышчарыўся на ўвесь рот. - Бачыш, Готфрыд, - сказаў Кёстэр. - Вось яна - сённяшняя рамантыка. - Кацiся зноў да сваёй калонкi, Юп, пракляты сын дваццатага стагоддзя. Ленц у сапсаваным настроi знiк у майстэрнi, каб, не адмаўляючыся ад паэтычнай узнёсласцi, надаць аб'яве крыху тэхнiчнай канкрэтыкi. Праз некалькi хвiлiн у дзвярах раптам з'явiўся старшы iнспектар Барзiг. Мы сустрэлi яго вельмi пачцiва. Ён быў iнжынер i эксперт страховачнага таварыства "Фенiкс", вельмi ўплывовы чалавек пры атрыманнi заказаў на рамонт. У нас з iм былi выдатныя адносiны. Праўда, як iнжынер ён быў сапраўдны д'ябал, якi нiчога не прапусцiць, але як збiральнiк матылькоў - хоць да раны прыкладай. У яго была вялiкая калекцыя, i мы падаравалi яму аднойчы тоўстага матыля, якi ноччу заляцеў у нашу майстэрню. Калi мы ўручылi яму гэтую жывёлiну, Барзiг збялеў i набыў урачыстасць. Гэта быў матыль "мёртвая галава" - незвычайная рэдкасць, якой якраз не хапала яго калекцыi. Ён нам гэтага нiколi не забываў i забяспечваў нас з той пары рамонтнымi работамi пры першай жа магчымасцi. А мы яму лавiлi ўсялякiх матылёў. - Чарачку вермуту, пан Барзiг? - спытаў Ленц, якi зноў аказаўся каля нас. - Днём не п'ю. Жалезны прынцып. - Прынцыпы трэба парушаць, iнакш ад iх нiякай радасцi, - заявiў Готфрыд i налiў. - За шчаслiвую будучыню "паўлiнавага вока" i "жамчужнiцы"! Барзiг нейкi час вагаўся. - Калi вы так просiце, не магу адмовiцца, - сказаў ён i падняў чарку. Але тады вып'ем i за маленькiя "бычыныя вочкi". Ён сарамлiва заўсмiхаўся, быццам выказаў штосьцi непрыстойнае пра жанчыну. - Я, каб ведалi, адкрыў новы вiд. Са шчацiнiстымi вусiкамi. - Хто б мог падумаць! - сказаў Ленц. - Малайцом! Тады вы вынаходца i ваша iмя ўвойдзе ў гiсторыю прыродазнаўства. Мы выпiлi па чарцы за шчацiнiстыя вусiкi. Барзiг выцер вусы. - Я да вас з добрай навiной. Можаце забраць "форд". Дырэкцыя зацвердзiла вы робiце рамонт. - Цудоўна, - сказаў Кёстэр. - Нам гэта вельмi дарэчы. А як справы з нашым каштарысам? - Таксама зацверджаны. - Без скарачэнняў? Барзiг прыплюшчыў вока. - Паны спачатку не вельмi хацелi. Але ўрэшце... - За страховачнае таварыства "Фенiкс" - да дна! - сказаў Ленц i налiў. Барзiг устаў i пачаў развiтвацца. - Ведаеце, - сказаў ён, адыходзячы, - жанчына, што была ў "фордзе", усё-такi памерла некалькi дзён назад. А ў яе ж былi толькi парэзы. Вiдаць, страцiла шмат крывi. - Колькi ёй было гадоў? - спытаў Кёстэр. - Трыццаць чатыры, - адказаў Барзiг. - Цяжарная на чацвёртым месяцы. Застрахаваная на дваццаць тысяч марак. Мы адразу выехалi забраць машыну. Яна стаяла ў аднаго булачнiка. Гэты чалавек на падпiтку ўрэзаўся ў сцяну. Траўмы атрымала толькi жонка. Ён сам не атрымаў нiводнай драпiны. Мы сустрэлiся з iм у гаражы, калi ўжо бралi машыну на буксiр. Ён нейкi час глядзеў, набычыўшыся, - мешкаватая постаць з круглай спiнай i кароткай шыяй. У яго быў твар нездаровага шэрага адцення, як i ва ўсiх булачнiкаў. У паўзмроку ён быў падобны да вялiкага сумнага мучнога чарвяка. Ён паволi наблiзiўся да нас. - Калi будзе гатова машына? - спытаў ён. - Тыднi праз тры, - адказаў Кёстэр. Той паказаў на кузаў. - I гэта таксама? - З якой ласкi? - спытаў Ота. - Ён жа зусiм не пашкоджаны. Булачнiк нецярплiва схамянуўся. - Вядома. Але ж можна неяк выкраiць новы. У вас жа даволi вялiкi заказ. Мы паладзiм, праўда? - Не, - сказаў Кёстэр. Ён выдатна зразумеў клiента. Той хацеў бясплатна выцыганiць новы кузаў, за якi страховачнае таварыства не плацiла. Нейкi час мы спрачалiся. Булачнiк пагражаў, што адмовiцца ад усяго i атрымае кампенсацыю ад больш згаворлiвай майстэрнi. Нарэшце Кёстэр здаўся. Ён не саступiў бы, каб у нас не было такой пiльнай патрэбы ў працы. - Ну вось, адразу б так, - заўважыў булачнiк з крывой усмешкай. - Я забягу неўзабаве, знойдзем матэрыял. Хацелася б пяшчотны колер беж. Мы паехалi. Ленц паказаў на сядзенне "форда". На iм былi вялiкiя чорныя плямы. - Кроў нябожчыцы жонкi. А ён вырваў новы кузаў. Пяшчотны колер беж. Маладзец. Я ўпэўнены, што ён выб'е страхоўку за двух нябожчыкаў. Жонка ж была цяжарная. Кёстэр пацiснуў плячыма. - Магчыма, ён запэўнiў сябе, што адно з адным не звязана. - Магчыма, - сказаў Ленц. - Кажуць, што ёсць людзi, якiх такiя справы суцяшаюць у горы. А нам гэта - мiнус пяцьдзесят марак з заробку. Аполуднi я адпрасiўся дадому. Я дамовiўся з Патрыцыяй Хольман на пяць гадзiн, але ў майстэрнi я пра гэта не сказаў. Не таму, што хацеў утоiць, але мне самому яшчэ не верылася. Яна прызначыла сустрэчу ў кавярнi, якой я не ведаў. Я ведаў толькi, што гэта маленькi ўтульны шынок. Я спакойна пайшоў туды. Але калi пераступiў парог, жахнуўся. Памяшканне было запоўнена жанчынамi. Я трапiў у тыповую дамскую кавярню. Мне з цяжкасцю ўдалося захапiць незаняты столiк. Я збянтэжана азiрнуўся па баках. Акрамя мяне тут былi толькi два мужчыны, i тыя мне не спадабалiся. - Каву, гарбату, шакалад? - спытаў кельнер i змёў сурвэткай крошкi са стала на мой касцюм. - Вялiкую порцыю каньяку, - адказаў я. Ён прынёс. Але разам з тым ён прывёў кампанiю аматарак кавы, на чале з атлеткай няпершай спеласцi ў капелюшы з жалобнай стужкай. Кампанiя шукала месца. - Чатыры месцы, калi ласка! - сказаў кельнер i паказаў на мой столiк. - Хвiлiнку, - адказаў я. - Столiк не свабодны. Я чакаю. - Так справа не пойдзе, васпан! - сказаў кельнер. - У гэты час у нас нельга загадзя займаць месцы. Я зiрнуў на яго. Потым я перавёў погляд на атлетку. Яна стаяла каля самага стала, учапiўшыся ў спiнку крэсла. Я ўбачыў яе твар i адмовiўся ад далейшага супрацiўлення. Нават стрэл з гарматы не пахiснуў бы гэтую даму ў яе рашучасцi захапiць столiк. - А каньяку вы мне можаце прынесцi яшчэ? - буркнуў я афiцыянту. - Несумненна, васпан. Зноў двайную? - Так. - Калi ласка. - Ён пакланiўся. - Гэта ж столiк на шэсць персон, васпан, сказаў ён, нiбы просячы прабачэння. - Добра. Прынясiце толькi каньяк. Атлетка, вiдаць, была членам таварыства барацьбы за цвярозасць. Яна ўтаропiлася на маю чарку, як на пратухлую рыбiну. Каб пазлаваць яе, я заказаў яшчэ раз i ўтаропiўся на яе. Усё гэта мяне раптам насмяшыла. Што мне тут трэба? I што мне трэба ад дзяўчыны? Я нават не ведаў, цi пазнаю яе ўвогуле ў гэтай таўхатнi i балбатнi. Я са злосцю перакулiў у сябе каньяк. - Прывiтанне! - сказаў нехта за спiной. Я ўздрыгнуў. Яна стаяла i смяялася. - Вы пачалi без спазнення! Я паставiў на стол чарку, якую ўсё яшчэ трымаў у руцэ. Я раптам разгубiўся. Дзяўчына выглядала зусiм iнакш, чым засталася ў мяне ў памяцi. Сярод гэтых укормленых кабет, якiя жавалi пiрагi, яна была падобная да тоненькай юнай амазонкi - свежай, ззяючай, надзейнай i недатыкальнай. "У нас з ёй нiчога не можа быць", - падумаў я i сказаў: - Адкуль вы такая, казачная? Я ж увесь час назiраў за дзвярыма. Яна паказала направа. - Там ёсць яшчэ адны дзверы. Але я спазнiлася. Вы даўно чакаеце? - Не, дзве-тры хвiлiны, не болей. Я таксама толькi што прыйшоў. Аматаркi кавы за маiм сталом прыцiхлi. Я адчуў, як патылiцу свiдруюць пагардлiвыя позiркi чатырох салiдных мацi. - Застанемся тут? - спытаў я. Дзяўчына хутка зiрнула на стол. Вусны яе тарганулiся. Яна весела зiрнула на мяне. - Баюся, што кавярнi ўсюды аднолькавыя. Я пахiтаў галавой. - Найлепшыя тыя, дзе нiкога няма. Вось гэтая - нейкая д'ябальская забягалаўка, тут заражаешся комплексам непаўнавартасцi. Найлепш пайсцi куды-небудзь у бар. - У бар? Няўжо бываюць бары, якiя працуюць сярод белага дня? - Ёсць адзiн, - сказаў я. - Ва ўсякiм разе там вельмi спакойна. Калi вы не супроць... - Для разнастайнасцi... Я зiрнуў на яе. Адразу я не змог зразумець, што яна мае на ўвазе. Я не супроць iронii, але не ў свой адрас. На душы ў мяне было нядобра. - Тады пайшлi, - сказала яна. Я паклiкаў кельнера. - Тры двайных каньякi, - гыркнуў гэты пугач такiм голасам, быццам патрабаваў разлiк з нябожчыка ў магiле. - Тры трыццаць! Дзяўчына павярнулася да мяне. - Тры каньякi за тры хвiлiны? Нядрэнны тэмп! - Два я выпiў учора. - Якi хлус, - прашаптала атлетка за маёй спiной. Ёй абрыдла маўчаць. Я павярнўўся i пакланiўся. - Блаславёных каляд, панны. Я хутка выйшаў. - Вы паспрачалiся? - спытала мяне дзяўчына на вулiцы. - Нiчога асаблiвага. Раблю нядобрае ўражанне на салiдных дам. - Я таксама, - сказала яна. Я глянуў на яе. Здавалася, яна з'явiлася з iншага свету. Я нiяк не мог сабе ўявiць, хто яна i як жыве. У бары я аказаўся ў сваёй стыхii. Калi мы ўвайшлi, Фрэд, бармен, стаяў за стойкай i да бляску цёр вялiкiя чаркi. Ён павiтаўся са мной, як быццам бачыў мяне ўпершыню, а не цягнуў два днi назад на сабе дадому. У яго была выдатная школа i вялiзны вопыт. Толькi адзiн столiк быў заняты. Там сядзеў, як заўсёды, Валянцiн Хаўзер. Я ведаў яго яшчэ з вайны. Мы былi ў адной роце. Праз загараджальны агонь ён прынёс мне аднойчы пiсьмо на перадавую, падумаўшы, што яно ад маёй мацi. Ён ведаў, што я чакаю пiсьма, бо мацi перанесла аперацыю. Але ён памылiўся - гэта быў усяго толькi рэкламны лiсток пра падшлемнiкi з крапiўнай тканiны. Калi ён вяртаўся назад, яго паранiлi ў нагу. Неўзабаве пасля вайны Валянцiн атрымаў спадчыну. З таго часу ён яе прапiваў. Ён сцвярджаў: ён п'е за тое, што ацалеў. Няважна, што ўжо прайшло шмат гадоў. На яго думку, такое свята можа цягнуцца вечна. Ён быў адзiн з тых, у каго вельмi трывалая памяць на вайну. Iншыя шмат пра што забылiся. Ён жа памятаў кожны дзень i кожную гадзiну. Я заўважыў, што ён ужо шмат выпiў. Цяпер ён з адсутна-задумлiвым позiркам сядзеў у кутку. Я памахаў рукой. - Салют, Валянцiн. Ён зiрнуў i кiўнуў. - Салют, Робi! Мы селi ў кутку. Падышоў бармен. - Што вып'ем? - спытаў я дзяўчыну. - Мусiць, марцiнi, - адказала яна. - Сухога марцiнi. - У гэтым Фрэд спецыялiст, - сказаў я. Фрэд дазволiў сабе ўсмешку. - Мне, як заўсёды, - сказаў я. У бары панавалi прахалода i паўзмрок. Пахла разлiтым джынам i каньяком. Гэты востры водар напамiнаў пах ядлоўцу i хлеба. Пад столлю вiсеў драўляны макет паруснiка. Сцяну за стойкай упрыгожвала медная чаканка. Няяркае святло люстры стварала на ёй чырвоныя водблескi, як быццам у iм адлюстроўваўся падземны агонь. Гарэлi толькi дзве лямпачкi ў маленькiх каваных бра - адна каля Валянцiна i адна каля нас. На iх былi жоўтыя папяровыя абажуры, зробленыя са старых геаграфiчных карт - вузкiя, асвечаныя часткi свету. Я быў крыху збянтэжаны i не ведаў, з чаго пачаць размову. Я ж увогуле не ведаў гэтай дзяўчыны i чым больш глядзеў на яе, тым больш чужой яна мне здавалася. Я даўно ўжо нi з кiм так не сядзеў, я страцiў навык. Больш практыкi ў мяне было ў абыходжаннi з мужчынамi. Там, у кавярнi, для мяне было зашмат шуму, а цяпер, тут, раптам здалося занадта цiха. Кожнае слова дзякуючы цiшынi набывала такую важкасць, што цяжка было размаўляць нязмушана. Мне ўжо здавалася, што лепш было б вярнуцца ў кавярню. Фрэд прынёс чаркi. Мы выпiлi. Ром быў моцны i свежы. У яго быў смак сонца. Гэты было якраз тое, што ўтрымлiвала. Я выпiў чарку i адразу зноў аддаў яе Фрэду. - Вам тут падабаецца? - спытаў я. Дзяўчына кiўнула. - Лепш, чым у той кавярнi? - Я ненавiджу кавярнi, - сказала яна. - Чаму ж менавiта там мы павiнны былi сустрэцца? - спытаў я здзiўлена. - Не ведаю. - Яна зняла шапачку. - Iншае не прыйшло ў галаву. - Тым лепш, што вам тут падабаецца. Мы часта бываем тут. Вечарам тут амаль што наш дом. Яна засмяялася. - Цi не сумна гэта? - Не, - сказаў я. - Адпавядае часу. Фрэд прынёс мне другую чарку. Ён паклаў на стол у дадатак зялёную "гавану". - Ад пана Хаўзера. Валянцiн кiўнуў са свайго кутка i падняў чарку. - 31 лiпеня 17-га года, Робi, - сказаў ён, запiнаючыся. Я кiўнуў яму i падняў чарку ў адказ. Яму заўсёды хацелася пiць за чыёсьцi здароўе. Бывала, што вечарам я сустракаў яго, калi ён пiў да месяца або да бярозавага куста каля вясковага шынка. А потым ён прыпамiнаў якiсьцi дзень з акопнага жыцця, калi было асаблiва цяжка, i быў удзячны за тое, што выжыў i можа сядзець тут.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5
|