Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Детективы / Грин Грэм / Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 11)
Автор:
|
Грин Грэм |
Жанр:
|
Детективы |
-
Читать книгу полностью
(428 Кб)
- Скачать в формате fb2
(176 Кб)
- Скачать в формате doc
(181 Кб)
- Скачать в формате txt
(174 Кб)
- Скачать в формате html
(177 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15
|
|
Калi пакiнулi залу, доктар Цынер пайшоў, нахiлiўшы галаву, хаваючы твар ад снегу i ўсмiхаючыся сваiм думкам. Адзiн вартаўнiк iшоў паперадзе, а другi следам за iмi, з вiнтоўкай наперавес, з прымкнутым штыхом. Яны размаўлялi памiж сабой цераз галовы арыштаваных на мове, якую яна не разумела, i вялi яе невядома куды. Сяляне караскалiся на адхон, шлёпалi па гразi, пераступаючы праз рэйкi: яны падыходзiлi блiжэй, iм карцела паглядзець на арыштаваных, i яна крыху баялася iх смуглявых твараў i таго невядомага i таемнага, што адбывалася. - Чаму вы ўсмiхаецеся? - спытала яна ў доктара Цынера, спадзеючыся пачуць, што ён знайшоў спасаб вызвалiць iх усiх, дагнаць цягнiк, павярнуць назад стрэлкi гадзiннiка. - Сам не ведаю. А хiба я ўсмiхаюся? Напэўна, таму, што я зноў дома. На iмгненне яго вусны сцялiся, але потым iзноў расцягнулiся ў лёгкай усмешцы, а вочы, якiя аглядалi ўсё наўкол праз запацелае шкло акуляраў, здавалiся вiльготныя, i ў iх не адлюстроўвалася нiчога, акрамя нейкага незразумелага пачуцця шчасця. 3 Майет глядзеў, як попел цыгары рабiўся ўсё даўжэйшы, i разважаў. Яму вельмi падабалiся тыя хвiлiны, калi застаешся сам-насам i, не чакаючы нiякай знявагi нi ад каго, адчуваеш, што цела тваё задаволенае, а страсцi затухлi. Мiнулай ноччу ён марна спрабаваў працаваць: памiж лiчбамi ўвесь час мiльгаў твар дзяўчыны, - цяпер яна заняла адпаведнае ёй месца. Калi надыдзе вечар, яна зноў зробiцца жаданай i прыйдзе да яго - думаючы пра гэта, ён адчуваў пяшчоту i ўдзячнасць за тое, што, пакiнуўшы яго, яна не пакiнула за сабой непрыемнага следу. Цяпер, нават не гледзячы на свае паперы, ён памятаў лiчбы, якiя раней не мог размясцiць у адпаведным парадку. Ён памнажаў, дзялiў, адымаў, i доўгiя калонкi лiчбаў самi сабой узнiкалi на аконным шкле, за якiм непрыкметна праходзiлi, як прывiды, постацi мытнiкаў i насiльшчыкаў. Потым нехта папрасiў яго паказаць пашпарт - тут попел асыпаўся з яго цыгары, i ён вярнуўся ў купэ паказаць мытнiку свой багаж. Корал там не было, i ён падумаў, што яна ў туалеце. Мытнiк паказаў на яе сакваяж. - А гэта чый? - Сакваяж не замкнёны. Дама выйшла. Але там няма чаго глядзець. Застаўшыся зноў адзiн, ён прылёг у кутку i заплюшчыў вочы - так яму зручней было абдумваць справы Экмана, - але калi цягнiк адышоў ад Субоцiцы, ён заснуў. Яму снiлася, што ён падымаецца па лесвiцы ў кватэру Экмана. Вузкая, не пакрытая дываном, неасветленая, яна магла б весцi ў кватэру каля Лейстэр-сквера, якая карысталася благой рэпутацыяй, а не ў штаб найбуйнейшых у Эўропе iмпарцёраў разынак. Ён не памятаў, як прайшоў праз дзверы. У наступны момант ён ужо сядзеў сам-насам з Экманам. Памiж iмi ляжаў агромiсты стос папер, а Экман пагладжваў свае цёмныя вусы i пастукваў па стале вечным пяром, у той час як павук аблытваў павуцiнай на стале пустую чарнiлiцу. Кантора была цьмяна асветлена электрычнай лямпачкай, а ў куточку на металiчнай кушэтцы сядзела мiсiс Экман i вязала дзiцячую кофтачку. "Я прызнаю ўсё, - сказаў Экман. Раптам яго крэсла паднялося, ён аказаўся высока над галавой Майета i пачаў грукаць аўкцыйным малатком. Адказвайце на мае пытаннi: вы прысягалi. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Вы спакусiлi дзяўчыну?" "Як вам сказаць?" Экман выскубнуў аркуш паперы з сярэдзiны стоса, павышморгваў яшчэ некалькi папер, пакуль стос не захiстаўся i не звалiўся на падлогу з такiм грукатам, нiбыта пасыпалiся цаглiны. "Вось справа рук Джэрвiса. Хiтрая работа, скажу я вам. Вы ўжо заключылi кантракт з членамi праўлення, але ўсё адцягваеце, не хочаце яго падпiсваць". "Усё было згодна з законам". "А тыя дзесяць тысяч фунтаў Стаўрагу, калi вы ўжо мелi прапанову на пятнаццаць тысяч?" "Гэта звычайная дзелавая аперацыя". "А дзяўчына з Спанiердз-роўд? А тысяча фунтаў клерку Моўлта за iнфармацыю?" "Чым жа я горшы за вас? Адказвайце хутчэй. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Мiлорд i шаноўныя прысяжныя засядацелi, злачынец на лаве падсудных..." "Я прашу слова. У мяне ёсць што сказаць. Я невiнаваты". "Па якiм артыкуле? Якога кодэксу? Паводле права Справядлiвасцi? Па Законе Царкоўнай Дзесяцiны? Адмiралцейскага цi Каралеўскага суду? Адказвайце мне хутчэй. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Тры ўдары малатком. Прададзена. Прададзена. Гэтая цудоўная прыбытковая фiрма, джэнтэльмены". "Пачакайце хвiлiнку. Я скажу вам. Кароль Георг. Год 111, абзац 4, Вiкторыя 2504. I сярод махляроў ёсць сумленныя людзi". Экман, раптам зрабiўшыся зусiм маленькiм у гэтай мiзэрнай канторы, загаласiў, заламваючы рукi. I ўсе прачкi, якiя тапталiся ў ручаi на глыбiнi па калена, паднялi галовы i загаласiлi, а ў гэты час сухi вецер змятаў пясок з марскiх пляжаў, з шумам гнаў яго на лiставы лес, i голас, хутчэй за ўсё голас Экмана малiў яго зноў i зноў: "Вярнiся". Потым пустыня загойдалася пад нагамi, i ён расплюшчыў вочы. Цягнiк стаяў. Снег заляпiў вагоннае шкло. Корал яшчэ не вярнулася. Раптам нехта ў хвасце цягнiка пачаў рагатаць i здзекавацца з некага. Да яго далучылiся iншыя, i яны свiсталi i лаялiся. Майет паглядзеў на гадзiннiк. Ён праспаў болей дзвюх гадзiн. I пэўна, нагадаўшы голас, якi чуў у сне, пачаў хвалявацца за Корал. З паравознай трубы iшоў дым, i чалавек у спяцоўцы з заляпаным сажай тварам стаяў каля паравоза, безнадзейна аглядаючы яго. Некалькi пасажыраў трэцяга класа аклiкнулi яго, ён павярнуўся, пахiтаў галавой, пацiснуў плячыма - выгляд у яго быў зычлiвы, але разгублены. Начальнiк цягнiка шпарка iшоў уздоўж пуцi, адыходзячы ад паравоза. Майет спынiў яго: - Што здарылася? - Нiчога. Нiчога асаблiвага. Невялiкая няспраўнасць. - Мы надоўга затрымаемся тут? - Не, зусiм ненадоўга. На гадзiну, магчыма, на паўтары гадзiны. Мы выклiкалi па тэлефоне другi паравоз. Майет зачынiў акно i выйшаў на калiдор. Корал нiдзе не было вiдаць. Ён прайшоў уздоўж цягнiка, заглядаючы ў купэ, спрабуючы адчынiць дзверы туалетаў, пакуль не дайшоў да вагонаў трэцяга класа. Тут ён згадаў чалавека са скрыпкай i доўга шукаў яго ў смярдзючых купэ з жорсткiмi драўлянымi лаўкамi, i нарэшце знайшоў - гэта быў невялiкi несамавiты чалавек з запаленымi вачыма. - Сёння ўвечары я наладжваю вячэру, - сказаў яму Майет па-нямецку, - i хачу, каб вы пайгралi мне. Я заплачу вам пяцьдзесят пара*. * Югаслаўская манета, адна сотая дынара. - Семдзесят пяць, ваша правасхадзiцельства. Майет спяшаўся, яму хацелася як найхутчэй знайсцi Корал. - Ну, добра, хай будзе семдзесят пяць. - Вы жадаеце што-небудзь журботнае, меланхалiчнае, кранальнае да слёз, ваша правасхадзiцельства? - Нi ў якiм разе. Я хачу што-небудзь радаснае, вясёлае. - Ах, вось яно што? Гэта абыдзецца даражэй. - Чаму? - Яго правасхадзiцельства, вiдаць, iншаземец. Ён не разумее. Такая завядзёнка ў нашай краiне: браць за вясёлыя спевы даражэй, чым за маркотныя. О, гэта надта стары звычай. Паўтара дынара. I раптам, нягледзячы на нецярплiвасць i тугу, Майетам авалодала жаданне патаргавацца. Грошы тут не мелi нiякага значэння, гаворка iшла пра нейкiя там паўкроны, але гэта было дзелавое пагадненне, i ён не збiраўся ўступаць. - Семдзесят пяць пара. Нi на грош болей. Скрыпач ветлiва ўсмiхнуўся: iншаземец прыйшоўся яму па сэрцы. - Дынар трыццаць пара. Гэта маё апошняе слова, ваша правасхадзiцельства. Я прынiзiў бы сваю прафесiю, калi б запрасiў меней. Пах чэрствага хлеба i пракiслага вiна ўжо не раздражняў Майета: такi пах быў на рынку яго продкаў. Гэта была сапраўдная паэма дзелавых зносiн выйгрыш цi пройгрыш тут не меў анiякага значэння, - iшла барацьба за пары, а кожная з iх каштавала меней чвэрцi пенса. Майет пераступiў парог купэ, але не сеў. - Восемдзесят пара. - Ваша правасхадзiцельства, кожнаму чалавеку трэба жыць. Адзiн дынар дваццаць пяць. Я пасаромеўся б узяць меней. Майет прапанаваў скрыпачу цыгарэту. - Шклянку ракii, ваша правасхадзiцельства. Майет кiўнуў i, не грэбуючы, узяў тоўстую шклянку з адбiтым краем. - Восемдзесят пяць пара. Хочаце - пагаджайцеся, хочаце - не. Яны пiлi i палiлi разам, цудоўна разумеючы адзiн аднаго, i таргавалiся ўсё болей люта. - Вы абражаеце мяне, ваша правасхадзiцельства. Я ж усё-такi музыка. - Восемдзесят шэсць пара - гэта маё апошняе слова. Трое афiцэраў сядзелi за сталом, келiхi былi ўжо прынятыя. Два салдаты з вiнтоўкамi з прымкнутымi штыхамi стаялi каля дзвярэй. Доктар Цынер з цiкаўнасцю сачыў за палкоўнiкам Хартэпам: апошнi раз ён бачыў яго на судзе над Камнецам, калi ён, насуперак правасуддзю, спрытна кiраваў сваiмi iлжэсведкамi. Гэта было пяць гадоў таму, аднак гады мала што змянiлi ў яго знешнiм выглядзе. Валасы гэтаксама прыгожа серабрылiся на яго скронях, толькi ў куточках вачэй з'явiлася некалькi дабрадушных зморшчыкаў. - Маёр Петкавiч, - сказаў ён, - прачытайце, калi ласка, абвiнаваўчае заключэнне падсудным. Прапануйце даме крэсла. Доктар Цынер выняў рукi з кiшэняў плашча i працёр акуляры. Ён прымусiў свой голас гучаць цвёрда, аднак не змог стрымаць лёгкага трымцення рук. - Абвiнаваўчае заключэнне? - спытаў ён. - Што вы маеце на ўвазе? Хiба гэта суд? Маёр Петкавiч, трымаючы ў руцэ паперу, абарваў яго: - Змоўкнiце! - Гэта разумнае пытанне, маёр, - сказаў палкоўнiк Хартэп. - Доктар быў за мяжой. Бачыце, - працягваў ён мякка i вельмi зычлiва, - мы мусiлi былi прыняць рашучыя захады, каб забяспечыць вашу бяспеку. У Белградзе ваша жыццё было б у небяспецы. Народ настроены супраць паўстання. - Усё адно я не разумею, якое вы маеце права абыходзiцца без папярэдняга следства. - Гэта ваенны трыбунал. Ваеннае становiшча было абвешчана ўчора на свiтанку, - растлумачыў палкоўнiк Хартэп. - Маёр Петкавiч, пачынайце. Маёр Петкавiч пачаў чытаць доўгi, напiсаны ад рукi дакумент, многiя месцы яму цяжка было разабраць. - "Арыштаваны Рычард Цынер... змова супраць урада... пазбег пакарання за iлжэсведчанне... фальшывы пашпарт. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх абвiнавачваецца ў нашэннi зброi. Арыштаваная Корал Маскер абвiнавачваецца ў саўдзеле з Рычардам Цынерам у змове супраць урада". - Ён паклаў паперу на стол i сказаў палкоўнiку Хартэпу: - Я не ўпэўнены ў законнасцi складу гэтага суду. Абвiнавачаныя павiнны мець абаронцу. - Так, ваша праўда, гэта, вядома, памылка. Магчыма, вы, маёр?.. - Не. Суд павiнен складацца, прынамсi, з трох афiцэраў, сама меней. - Не турбуйцеся. Я абыдуся без абаронцы, - перабiў яго доктар Цынер, гэтыя двое не разумеюць нiводнага слова з таго, што вы гаворыце. Яны не будуць супраць таксама. - Гэта не па правiлах, - сказаў маёр Петкавiч. Начальнiк палiцыi паглядзеў на гадзiннiк. - Я прыняў пад увагу ваш пратэст, маёр. Цяпер мы можам пачынаць. Тоўсты афiцэр кiўнуў, паднёс да рота руку i падмiргнуў Хартэпу. - Дзевяноста пара. - Адзiн дынар. Майет патушыў цыгарэту. Ён ужо найграўся. - Ну, згодзен. Адзiн дынар. Сёння а дзевятай гадзiне вечара. Ён хутка вярнуўся ў сваё купэ. Але Корал там усё яшчэ не было. Пасажыры выходзiлi з цягнiка, размаўлялi, смяялiся, пацягвалiся. Машынiста акружыў невялiкi натоўп, i ён з гумарам тлумачыў прычыну аварыi. Хоць наўкол не было вiдаць нiводнага будынка, некалькi сялян ужо з'явiлiся каля цягнiка, яны прадавалi бутэлькi з мiнеральнай вадой i ледзянцы на палачках. Шаша праходзiла паралельна чыгунцы, iх раздзяляла толькi града снежных сумётаў. Шафёр нейкага грузавiка гудзеў клаксонам i гучна крычаў: - Хутка дамчым да Белграда! Сто дваццаць дынараў. Хутка даставiм у Белград! Гэта была нечуваная цана, i адзiн мажны камерсант адгукнуўся на прапанову шафёра. Каля шашы пачаўся доўгi гандаль. "Мiнеральныя воды! Мiнеральныя воды!" Немец з коратка падстрыжанай галавой крочыў узад i ўперад, незадаволена размаўляючы сам з сабой. Майет пачуў у сябе за спiнай нечы голас, якi сказаў па-ангельску: - Iзноў пойдзе снег. Ён азiрнуўся з надзеяй, што гэта Корал, але то была жанчына, якую ён сустрэў у вагоне-рэстаране. - Не надта весела затрымацца тут, - сказаў ён. - Спатрэбiцца некалькi гадзiн, пакуль прышлюць другi паравоз. А што, калi паехаць да Белграда на машыне? - Гэта што, прапанова, запрашэнне? - У складчыну. - Але ў мяне няма нi гроша. Яна абярнулася i памахала рукой: - Мiстэр Сейвары, хадземце сюды, можна наняць у складчыну машыну. Вы, вядома, заплацiце маю долю? Мiстэр Сейвары локцямi працiснуўся праз натоўп пасажыраў, якiя скупiлiся вакол машынiста. - Не магу ўцямiць, пра што гаворыць гэты хлапец. Нешта наконт катла, сказаў ён. - Паехаць разам на машыне? - працягваў мiстэр Сейвары ўжо павольней. - Напэўна, гэта будзе каштаваць даволi дорага? Ён пiльна паглядзеў на жанчыну, нiбыта чакаючы ад яе адказу на сваё пытанне. "Ён, вядома, прыкiдвае, узважвае, якую карысць ён будзе мець з гэтага", -падумаў Майет. Ваганнi мiстэра Сейвары, насцярожанае маўчанне жанчыны абудзiлi ў iм iнстынкт супернiцтва. Яму захацелася паказаць ёй сваё багацце, як паўлiн разгортвае хвост, i асляпiць яе раскошаю сваiх скарбаў. - Шэсцьдзесят дынараў - з вас дваiх. - Я толькi пайду i пагавару з начальнiкам цягнiка, можа, ён ведае, як доўга... Пайшоў снег. - Калi вы захочаце падзялiць са мной кампанiю, мiс... - Джанет Пардаў, - сказала яна i падняла каўнер футра да самых вушэй. Яе шчокi гарэлi, разрумяненыя снегам. Майет мог уявiць сабе абрысы яе ахутанага футрам цела i параўнаць яе з хударлявай голай Корал. "Мне давядзецца Корал узяць з сабой", - падумаў ён. - Так, так, яна выйшла з цягнiка ў Субоцiцы. Я ведаю, каго вы маеце на ўвазе. Вы абедалi з ёй учора. - Яна ўсмiхнулася яму. - Гэта, пэўна, ваша каханка? - Яна выйшла з сакваяжам? - Ды не, здаецца. У яе з сабой нiчога не было. Я заўважыла, як яна прайшла з мытнiкам на станцыю. А яна забаўная малышка, праўда? З вар'етэ? спытала Джанет, але даволi абыякава. Па яе тоне Майет зразумеў, што яна асуджае не дзяўчыну, а яго самога за тое, што ён марна трацiць грошы. Гэта яго ўзлавала, нiбыта яна крытыкавала яго разынкi, быў кiнуты цень на яго пранiклiвасць i дабрачыннасць. "Зрэшты, я выдаткаваў на яе не болей, чым патрацiў бы на вас, калi б узяў вас з сабой у Белград, - падумаў ён, - а цi расплацiлiся б вы са мной такiм самым спосабам i з такой самай шчодрасцю, як яна?" Аднак рознiца памiж iмi выклiкала ў iм жаданне i горыч, таму што гэтая дзяўчына была блiскучая статуэтка з срэбра, а Корал - у лепшым выпадку прывабным кавалачкам каляровага шкла. Корал абуджала чыста сентыментальныя пачуццi, а ў Джанет была нейкая ўнутраная каштоўнасць. "Яна не з тых, каму трэба не толькi грошы, але i прыгожае цела, якое задаволiла б яе пажадлiвасць, розум, адукаванасць. Я жыд, i мяне навучылi толькi таму, як рабiць грошы". Але тым не меней яе пагарда ўзлавала яго i дапамагла адмовiцца ад недасяжнага. - Яна, пэўна, адстала ад цягнiка. Мне трэба вярнуцца за ёй. Ён не папрасiў прабачэння за парушанае абяцанне i хутка рэцiраваўся. Добра, што было яшчэ не позна. Камерсант усё яшчэ таргаваўся з шафёрам. Той панiзiў суму да ста дынараў, а той падняў да дзевяноста. Майету было няёмка ўблытвацца ў iх здзелку, ён разумеў: абодва яны будуць пагарджаць iм за тое, што ён пора гарачку i паводзiць сябе такiм чынам не да твару самавiтаму бiзнесмену. - Я дам вам сто дваццаць дынараў, калi вы адвязеце мяне ў Субоцiцу i назад. - Калi ён убачыў, што шафёр збiраецца працягваць торг, ён павялiчыў суму: - Сто пяцьдзесят дынараў, калi вы даставiце мяне туды i назад да адыходу гэтага цягнiка. Машына была старая, пабiтая, але вельмi магутная. Яны ехалi супраць ветру з хуткасцю шэсцьдзесят мiль у гадзiну па дарозе, якая не рамантавалася цэлую вечнасць. Спружыны сядзення былi зламаныя, i Майета кiдала з боку на бок, калi машына правальвалася ў ямы, вылазiла з iх, хiлiлася набок. Яна бурчала i задыхалася, як чалавек, даведзены да знямогi бязлiтасным гаспадаром. Снег павалiў мацней: тэлеграфныя слупы ўздоўж чыгункi мiльгалi, нiбыта цёмныя правалы ў белай сцяне снегу. Майет нахiлiўся да шафёра i крыкнуў па-нямецку, перакрываючы роў старой машыны: - Вы што, сляпы? Раптам машыну рэзка занесла ўбок i кiнула ўпоперак шашы, а шафёр крыкнуў яму ў адказ, што баяцца няма чаго, на дарозе нiкога няма, але ён не пацвердзiў, што ўсё добра бачыць. Тым часам вецер узмацнiўся. Шаша, закрытая ад iх сцяной снегападу, цяпер то ўздымалася перад iмi, то зноў бегла ўнiз, падобная на хвалю з пенай калючага снегу. Майет крычаў шафёру, каб той ехаў цiшэй. "Калi б зараз шына спусцiла, нам абодвум канец", - падумаў ён. Ён бачыў, як шафёр паглядзеў на гадзiннiк i нацiснуў на акселератар. Стары аўтамабiль адказаў яму, дадаўшы яшчэ некалькi мiль у гадзiну, падобна да тых моцных упартых старых, пра якiх кажуць: "Гэта ўжо апошнiя: такую пароду мы болей не выведзем". Майет iзноў закрычаў: "Цiшэй!" - але шафёр паказаў на свой гадзiннiк i давёў машыну, што грукатала на ўсю моц, да небяспечнай, звышнатуральнай мяжы хуткасцi. Гэтаму чалавеку трыццаць дынараў - рознiца памiж тым, цi паспеюць яны, цi ўпусцяць цягнiк - азначалi некалькi месяцаў забяспечанага жыцця: ён рызыкаваў бы сваiм жыццём i жыццём свайго пасажыра i за меншую суму. Раптам, калi вецер падхапiў снег i адкiнуў яго ўбок, у прасвеце, на адлегласцi дзесяцi метраў, перад iмi з'явiлася павозка. Майет ледзь паспеў заўважыць ачмурэлыя вочы быкоў, разлiчыць, у якiм месцы iх рогi разаб'юць лабавое шкло, як пажылы чалавек залямантаваў, кiнуў пугу i саскочыў з калёс. Шафёр крута павярнуў руль, машына пераскочыла цераз снежны вал, пакацiлася як шалёная на двух колах, у той час як два астатнiя з шумам круцiлiся ў паветры па-над зямлёй. Машына нахiлялася ўсё болей i болей, пакуль Майету не здалося, што зямля ўстае на дыбкi, як гарачае малако, потым аўтамабiль пераскочыў цераз снежны сумёт, спачатку два колы дакранулiся да зямлi, потым усе чатыры, i машына панеслася па шашы з хуткасцю шэсцьдзесят мiль у гадзiну, а снег самкнуўся за iмi, накрыўшы быкоў, драбiны i здзiўленага старога, здранцвелага ад жаху. - Едзьце цiшэй, - задыхаючыся, сказаў Майет, але шафёр абярнуўся, усмiхнуўся яму i бясстрашна махнуў рукой. Афiцэры сядзелi за сталом, вартаўнiкi стаялi каля дзвярэй, а доктар адказваў на пытаннi, якiя яму бесперапынна задавалi. Корал Маскер заснула. Гэтая ноч змарыла яе, яна не разумела нiводнага слова з таго, што гаварылася, не ведала, чаму яна тут, была напалоханая i пачала ўжо прыходзiць у адчай. Спачатку ёй прыснiлася, нiбыта яна - маленькая дзяўчынка i ўсё было вельмi проста i вельмi трывала, усё можна было растлумачыць. А потым ёй прыснiлася, што яна старая i аглядваецца на сваё жыццё, ёй ужо ўсё вядома, што правiльна i што няправiльна i чаму здараецца тое i гэтае, i зноў усё было вельмi проста i падпарадкоўвалася законам маралi. Але гэты другi сон не быў падобны на першы: яна ўжо амаль прачнулася i прымушала сон паказваць тое, што ёй хацелася ўбачыць. I ўсе яе сны праходзiлi на фоне размовы, якая здалёк даносiлася да яе. У апошнiм сне, абароненая старасцю, яна пачала згадваць i падзеi мiнулай ночы i дня, i ёй здалося, што ўсё ўладзiлася, i Манет прыехаў па яе з Белграда. Доктару Цынеру таксама дазволiлi сесцi ў крэсла. Па выразе твару мажнага афiцэра ён зразумеў, што з iлжывым абвiнавачаннем было амаль пакончана, - таўстун перастаў звяртаць увагу на допыт, ён толькi кiваў галавой, iкаў i зноў iкаў. Палкоўнiк Хартэп па-ранейшаму захоўваў уяўную зычлiвасць i трымаўся правасуддзя. Ён не пакутаваў ад згрызот сумлення, але ён i не хацеў прыносiць падсуднаму празмерных пакутаў. Калi б гэта было магчыма, ён да канца пакiнуў бы доктару Цынеру нейкае калiва надзеi. Маёр Петкавiч бесперапынна выступаў з пратэстамi, ён ведаў, гэтаксама як i кожны з iх, загадзя прысуд, але вырашыў надаць яму хоць бы выгляд законнасцi, каб усё праходзiла згодна правiлам, змешчаным у настаўленнi 1929 года. Седзячы спакойна, сцiснуўшы кулакi, паклаўшы паношаны мяккi брыль на падлогу каля сваiх ног, доктар Цынер вёў з афiцэрамi безнадзейную барацьбу. Адзiнае рашэнне, на якое ён мог спадзявацца, было прызнанне неаб'ектыўнасцi гэтага суду - яго ж збiралiся пацiху закапаць у зямлю на пагранiчнай станцыi, калi сцямнее, i нiхто нi пра што не даведаецца. - За iлжэсведчанне мяне не судзiлi. Гэта не ўваходзiць у кампетэнцыю ваеннага трыбунала, - сказаў ён. - Вас судзiлi ў вашу адсутнасць, - запярэчыў палкоўнiк Хартэп. - I прыгаварылi да пяцi год зняволення. - Лiчу, што вы знойдзеце патрэбным перадаць маю справу ў грамадзянскi суд для вынясення канчатковага прыгавору. - Ён мае рацыю, - умяшаўся маёр Петкавiч. - Такiя злачынствы не ў нашай кампетэнцыi. Калi вы паглядзiце раздзел пятнаццаты... - Я вам давяраю, маёр. Тады мы часова адкладзём абвiнавачанне ў iлжэсведчаннi. Застаецца фальшывы пашпарт. - Вы павiнны даказаць, што я не прыняў брытанскага падданства, - хутка запярэчыў доктар Цынер. - Дзе вашы сведкi? Вы маеце намер тэлеграфаваць брытанскаму паслу? Палкоўнiк Хартэп усмiхнуўся: - Гэта патрабуе шмат часу. Мы пакуль адкладзём пытанне пра фальшывы пашпарт. Вы згодны, маёр? - Не. Я лiчу, што будзе больш правiльна, калi мы адкладзём суд па больш дробным абвiнавачаннi, пакуль ён не будзе асуджаны, - я хацеў сказаць: пакуль не будзе вынесены прыгавор па больш сур'ёзным абвiнавачаннi. - Для мяне гэта тое самае, - сказаў палкоўнiк Хартэп. - А як вы, капiтан? Капiтан кiўнуў, усмiхнуўся i заплюшчыў вочы. - А цяпер абвiнавачанне ва ўдзеле ў змове, - сказаў палкоўнiк Хартэп. Маёр Петкавiч перабiў яго: - Я ўсё гэта абдумаў. Лiчу, што ў абвiнаваўчым акце трэба выкарыстаць слова "здрада". - Ну, добра, хай будзе "здрада". - Не, не, палкоўнiк, цяпер ужо нельга ўносiць папраўкi ў абвiнаваўчы акт. Давядзецца пакiнуць "удзел у змове". - Вышэйшая мера? - I ў тым i ў другiм выпадку. - Ну добра. Доктар Цынер, вы прызнаяце сябе вiнаватым цi не прызнаяце? Доктар Цынер з хвiлiнку падумаў. Потым сказаў: - А якая рознiца? Палкоўнiк Хартэп паглядзеў на гадзiннiк, потым узяў са стала пiсьмо. - На погляд суду, гэтага дастаткова для вынясення прысуду. У яго быў выгляд чалавека, якi хоча далiкатна, але няўмольна пакласцi канец дзелавой размове. - Я думаю, што маю права на тое, каб пiсьмо прачыталi i падверглi перакрыжаванаму допыту салдата, якi адабраў гэтае пiсьмо. - Безумоўна, - ахвотна пагадзiўся маёр Петкавiч. - Я не буду ўскладняць вам справу, - усмiхнуўся доктар Цынер. - Я прызнаю сваю вiну. "Але калi б ваенны трыбунал засядаў у Белградзе, - сказаў ён сабе, - i журналiсты ў сваёй ложы занатоўвалi б усё, я б змагаўся за кожны пункт". Цяпер, калi яму не было да каго звяртацца, ён адчуў прылiў красамоўства, яму ў галаву прыходзiлi рэзкiя словы i словы, якiя маглi выклiкаць слёзы. Ён ужо быў не тым узлаваным чалавекам са звязаным языком, якому не ўдалося закляймiць мiсiс Пiтэрс. - Суд аб'яўляе перапынак, - сказаў палкоўнiк Хартэп. У нядоўгiм маўчаннi было чуваць, як вецер, быццам злы вартавы сабака, гойсае вакол станцыйных будынкаў. Перапынак быў вельмi кароткi, ён доўжыўся роўна столькi, колькi спатрэбiлася палкоўнiку Хартэпу, каб накiдаць некалькi слоў на аркушы паперы i пасунуць яго па стале на подпiс абодвум афiцэрам. Двое салдат стаялi крыху вальней. - "Суд прызнае арыштаваных вiнаватымi, - прачытаў палкоўнiк Хартэп. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх прыгаворваецца да аднаго месяца зняволення, пасля чаго будзе высланы на радзiму. Арыштаваная Корал Маскер прыгаворваецца да турэмнага зняволення на дваццаць чатыры гадзiны, пасля чаго будзе выслана на радзiму. Арыштаваны..." Доктар Цынер перабiў яго: - Магу я звярнуцца да суду, перш чым будзе абвешчаны прысуд? Палкоўнiк Хартэп кiнуў погляд у акно - яно было зачынена, зiрнуў на вартаўнiкоў - iх бясстрасныя, абыякавыя твары выказвалi неразуменне i адчужанасць. - Можаце, - дазволiў ён. Твар маёра Петкавiча пабарвавеў. - Немагчыма, - сказаў ён, - абсалютна немагчыма. Загад 27а. Арыштаванаму трэба гаварыць да перапынку. Начальнiк палiцыi паглядзеў мiма вострага профiлю маёра, туды, дзе на крэсле, сагнуўшыся, склаўшы рукi ў шэрых баваўняных пальчатках, сядзеў доктар Цынер. Звонку прагудзеў паравоз, якi павольна рухаўся па чыгуначным пуцi. За акном шамацеў снег. Ён глянуў на доўгi шэраг ордэнскiх калодак на сваiм шынялi i на дзiрку ў пальчатцы доктара Цынера. - Гэта будзе поўнае парушэнне правiлаў, - прабурчаў маёр Петкавiч, адной рукой ён намацаў пад сталом свайго сабаку i пачаў тузаць, кудлацiць яго за вушамi. - Прымаю да ведама ваш пратэст, - сказаў палкоўнiк Хартэп i потым звярнуўся да доктара Цынера: - Вы ведаеце гэтаксама добра, як i я, - зычлiва пачаў ён, - што б вы нi гаварылi, гэта ўжо не зменiць прысуду. Але калi вам так хочацца нешта сказаць, калi гэта прынясе вам задавальненне, можаце гаварыць. Доктар Цынер чакаў пярэчанняў цi зневажальных рэплiк i ў сваiм апошнiм слове меўся даць iм рашучы адпор. Аднак ласкавасць, ветлiвасць палкоўнiка на iмгненне пазбавiлi яго дару слова. Ён iзноў пазайздросцiў тым вартасцям, якiмi валодаюць толькi людзi моцныя, упэўненыя ў сабе. Зычлiвасць палкоўнiка, якi моўчкi глядзеў на яго, скавала яму язык. Капiтан Алексiч расплюшчыў вочы i зноў заплюшчыў iх. Доктар пачаў павольна гаварыць: - Гэтыя ўзнагароды вы атрымалi за заслугi перад радзiмай пад час вайны. У мяне няма ўзнагарод, таму што я вельмi моцна люблю сваю радзiму. Я не хачу забiваць людзей толькi за тое, што яны гэтаксама любяць сваю радзiму. Я змагаюся не за новыя тэрыторыi, а за новы свет. Яго прамова перарвалася: тут не было публiкi, якая магла б падбадзёрыць яго, i ён усведамляў, наколькi напышлiвыя яго словы: яны не маглi служыць доказам вялiкай любовi i вялiкай нянавiсцi, якiя заўсёды кiравалi iм у яго жыццi. У яго мазгу прамiльгнулi журботныя i цудоўныя твары людзей, змарнелыя ад голаду, заўчасна састарэлыя, поўныя адчаю. Ён ведаў гэтых людзей, дапамагаў iм, але не здатны быў iх выратаваць. Свет ператварыўся ў хаос, таму што такая плойма высакародных людзей - беспрацоўныя, у той час як буйныя фiнансiсты i вайскоўцы квiтнеюць. - Вас нанялi, каб падтрымлiваць нiкчэмны i агiдны стары свет, поўны несправядлiвасцi i неразбярыхi, - казаў ён, - бо такiя людзi, як Вускавiч, крадуць працоўныя жабрацкiя грашы ў беднякоў, дзесяць гадоў спяшаюцца жыць раскошным, сытым, бязглуздым жыццём, а потым пускаюць сабе кулю ў лоб. I вам плацяць за тое, каб вы абаранялi вось такую сiстэму, якая падтрымлiвае людзей накшталт яго. Вы саджаеце ў турму дробнага зладзюжку, а вялiкiя злодзеi жывуць у палацах. - Тое, што гаворыць арыштаваны, не мае нiякага дачынення да справы. Гэта палiтычная прамова, - умяшаўся маёр Петкавiч. - Хай гаворыць. Палкоўнiк Хартэп засланiў рукою твар i заплюшчыў вочы. Доктар Цынер падумаў: "Ён робiць выгляд, што спiць - хоча замаскiраваць сваю раўнадушнасць", але той iзноў расплюшчыў вочы, калi доктар гнеўна звярнуўся да яго: - Як жа вы ўстарэлi з сваiмi гранiцамi i з сваiм патрыятызмам! Самалёты не ведаюць гранiц, нават вашы фiнансiсты iх не прызнаюць. Потым доктар Цынер заўважыў, што палкоўнiк Хартэп нечым засмучаны, i пры думцы, што, магчыма, Хартэп не жадае яго смерцi, яму зноў зрабiлася цяжка падбiраць патрэбныя словы. Ён бездапаможна пераводзiў вочы з аднаго месца на другое, ад карты на сцяне да палiцы з гадзiннiкам, застаўленай кнiгамi ў падраных вокладках па стратэгii i па ваеннай гiсторыi. Нарэшце яго погляд спынiўся на двух вартавых. Адзiн глядзеў мiма, не звяртаючы на яго ўвагi, ён спрабаваў глядзець у адну кропку i трымаць вiнтоўку пад правiльным вуглом. Другi ж не зводзiў з яго вялiкiх, наiўных, маркотных вачэй. Гэты твар ён далучыў да той уяўнай журботнай працэсii, i тут ён зразумеў - ён мае аўдыторыю больш каштоўную, чым журналiсты: перад iм быў бядняк, якога трэба адлучыць ад няправеднай справы i пераканаць, каб ён служыў справядлiвай справе. I тады ў доктара адразу знайшлiся словы, абстрактныя, але мiлагучныя, - яны некалi пераканалi яго самога, а цяпер павiнны былi пераканаць iншага. Аднак зараз ён паводзiў сябе хiтрэй, з асцярогай, уласцiвай яго класу, не глядзеў на салдата, якi стаяў на варце, а толькi зрэдку, крадком, кiдаў на яго хуткi, нiбыта хвост яшчаркi, позiрк, звяртаючыся да яго ў множным лiку: "Браты!" ён пераконваў яго, што беднасць - не ганьба, але i старацца разбагацець таксама не сорамна, што беднасць - не злачынства i няма нiякай патрэбы адчуваць сябе прыгнечаным. Калi ўсе зробяцца беднякамi - беднякоў не будзе наогул. Багаццi свету належаць усiм. Калi падзялiць iх памiж усiмi людзьмi, тады знiкнуць беднякi, i ў кожнага чалавека будзе дастаткова, i не трэба будзе саромецца сваiх суседзяў. Палкоўнiк Хартэп страцiў да яго цiкавасць: у доктара Цынера знiклi характэрныя рысы, накшалт шэрых шарсцяных пальчатак з дзiркай на вялiкiм пальцы, i ён ператварыўся ў звычайнага вулiчнага прамоўцу. Глянуўшы на гадзiннiк, палкоўнiк Хартэп сказаў: - Я думаю, што даў вам дастаткова часу. Маёр Петкавiч прамармытаў нешта сабе пад нос, ён раптам са злосцю пхнуў нагой сабаку i буркнуў: - Адчапiся! Вечна ты лезеш да мяне. Капiтан Алексiч прачнуўся i сказаў з вялiкай палёгкай: - Ну вось, нарэшце, i закончылi. Доктар Цынер, якi ўтаропiўся ў адну кропку на падлозе, злева ад вартаўнiка, павольна вымавiў: - Гэта быў не суд. Яны прыгаварылi мяне да смерцi перш чым пачалi судзiць. Памятайце, я памiраю, каб адкрыць перад вамi шлях у будучыню. Смерцi я не баюся. Жыццё маё не вартае таго, каб баяцца смерцi. Мне здаецца, што ад мяне мёртвага болей карысцi. - Але пакуль ён гаварыў, яго ясны розум падказаў яму, што наўрад цi яго смерць каму-небудзь прынясе карысць. - "Арыштаваны Рычард Цынер прыгаворваецца да смяротнага пакарання, прачытаў палкоўнiк Хартэп. - Прыгавор будзе прыведзены ў выкананне афiцэрам, якi камандуе гарнiзонам у Субоцiцы, праз тры гадзiны". З хвiлiну ўсе сядзелi моўчкi, як на канцэрце, калi выкананне закончана i публiка не ўпэўнена, цi надышоў час апладзiраваць. Корал Маскер прачнулася. Яна не магла адразу ўцямiць, што тут адбываецца. Афiцэры размаўлялi памiж сабой, перагортвалi паперы. Потым адзiн з iх аддаў каманду, вартаўнiкi адчынiлi дзверы i пайшлi насустрач ветру i снегу да белых зацярушаных будынкаў.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15
|