Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Детективы / Грин Грэм / Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 10)
Автор:
|
Грин Грэм |
Жанр:
|
Детективы |
-
Читать книгу полностью
(428 Кб)
- Скачать в формате fb2
(176 Кб)
- Скачать в формате doc
(181 Кб)
- Скачать в формате txt
(174 Кб)
- Скачать в формате html
(177 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15
|
|
Яму было нявесела, а то б ён, адчуўшы раптоўную палёгку, усмiхнуўся, калi б убачыў, мiль за пяцьдзесят ад Будапешта, пагорак у форме напарстка, парослы ельнiкам, якi парушыў аднастайнасць неабсяжнай Дунайскай раўнiны. Каб абагнуць гэты пагорак, шаша рабiла вялiкi круг, потым кiравала ў горад. I дарога, i пагорак цяпер былi белыя ад снегу, якi лахманамi, нiбы грачыныя гнёзды, павiснуў на дрэвах. Ён запомнiў дарогу, пагорак i лес - гэта было першае, што ён убачыў, адчуўшы поўную бяспеку, калi ўцякаў, перайшоўшы гранiцу, пяць гадоў таму. Яго спадарожнiк, якi сядзеў за рулём, парушыў упершыню маўчанне з таго часу, як яны выехалi з Белграда, i сказаў: "Будзем у Будзе праз гадзiну з чвэрцю". Да гэтага часу доктар Цынер не адчуваў бяспекi. Цяпер палягчэла ў яго на сэрцы зусiм з iншай нагоды. Ён думаў не пра тое, што да гранiцы ўсяго семдзесят мiль. Ён быў ужо амаль дома. Яго пачуццi ў той момант узялi верх над розумам. Дарэмна было гаварыць самому сабе: "У мяне няма дома, я еду ў турму". Прычынай гэтай хвiлiннай радасцi, якая агарнула яго, было наблiжэнне да пiўной Кругера ў садзе, да парку, залiтага па вечарах зялёным святлом, да крутых вулачак з развешанай упоперак iх бялiзнай. "Урэшце, я ўсё гэта ўбачу зноў, - падумаў ён, - калi мяне павязуць з турмы ў суд". I тут ён прыгадаў з раптоўнай журбою, што на месцы пiўной цяпер - жылыя будынкi. За снеданнем Корал i Майет сядзелi па розных баках столiка як чужыя i адчувалi праз гэта вялiкую палёгку. Напярэдаднi, за вячэрай, яны паводзiлi сябе, як даўнiя сябры, якiм не было чаго сказаць адно аднаму. За снеданнем яны гаварылi бесперапынна, як быццам цягнiк паглынаў не мiлi, а гадзiны, i iм даводзiлася запаўняць тыя гадзiны размовамi, якiх хапiла б на цэлае жыццё разам. - А калi я прыеду ў Канстанцiнопаль, што я буду рабiць? Ты ўжо наняў мне пакой? - Не думай пра гэта. Я заказаў нумар у гатэлi. Ты паселiшся разам са мной, i ў нас будзе падвойны нумар. Яна пагадзiлася з iм, ад радасцi ў яе перахапiла дыханне, але зараз яна не магла стрымаць сваiх пачуццяў, сядзець моўчкi. Скалы, будынкi, голыя пашы праносiлiся мiма з хуткасцю сорак мiль у гадзiну, а колькi яшчэ iм трэба было абгаварыць. - Мы прыедзем на свiтанку? Што мы будзем рабiць цэлы дзень? - Разам паснедаем. Потым мне трэба будзе пайсцi ў кантору, даведацца, як там iдуць справы. А ты можаш тым часам пахадзiць па крамах. Я прыйду надвячоркам, мы паабедаем i пойдзем у тэатр. - Так? А ў якi тэатр? Ёй было дзiўна бачыць, як усё крута змянiла гэтая ноч. Яго твар ужо не быў падобны на твары тых юнакоў, з якiмi яна была знаёмая даволi блiзка, нават жэст яго рукi - ён бесперапынна прапаноўваў нешта, раскрываючы далонь, - зрабiўся зусiм iншы. Яго запал, калi ён расказваў, колькi ён патрацiць на яе грошай, якiя асалоды яе чакаюць, - быў цудоўны, i яна верыла яму. - У нас будуць найлепшыя месцы ў тваiм тэатры. - У "Дзяўчат Дана"? - Так. А потым мы ўсiх iх запросiм на вячэру, калi ты захочаш. - Не. - Корал адмоўна пакруцiла галавой: тут яна рызыкавала страцiць яго, бо многiя дзяўчаты Дана маглi аказацца прыгажэйшыя за яе. - Пасля тэатра давай пойдзем дамоў i ляжам спаць. Яны пырхнулi разам, расплюхаўшы з кубкаў карычневыя кроплi кавы на абрус. Яна смяялася шчыра i адкрыта, шчаслiвая тым, што боль застаўся ззаду. - Ведаеш, колькi мы ўжо праседзелi за снеданнем? - спытала яна. - Цэлую гадзiну. Раней за мной такога не вадзiлася. Кубак гарбаты ў ложку а дзесятай гадзiне - вось i ўвесь мой сняданак. Яшчэ зверху дзве скiбкi падсмажанага хлеба i крышачку апельсiнавага соку - гэта калi ў мяне добрая кватэрная гаспадыня. - А калi ў цябе не было працы? Яна ўсмiхнулася. - Тады я абыходзiлася без апельсiнавага соку. Мы ўжо недалёка ад гранiцы? - Зусiм блiзка. - Майет запалiў цыгарэту. - Ты палiш? - Уранку не. Я пайду, а ты папалi. Корал паднялася, i ў гэты момант цягнiк з грукатам пераязджаў стрэлку, яе адкiнула да Майета. Яна ўхапiлася за яго руку, каб захаваць раўнавагу, i праз яго плячо ўбачыла, як iмклiва праскочылi мiма i знiклi з вачэй сiгнальная будка i чорная пуня, заваленыя снегам. Хвiлiнку яна патрымалася за яго руку, пакуль галава ў яе перастала круцiцца. - Любы, прыходзь хутчэй. Я буду цябе чакаць. Корал раптам захацелася сказаць яму: "Хадзем са мной". Яна баялася заставацца адна, пакуль цягнiк будзе стаяць. Чужыя людзi могуць зайсцi i сесцi на месца Майета, i яна не зможа нiчога iм растлумачыць. I не зразумее, што ёй скажуць мытнiкi. Але тут жа падумала: Майет хутка разлюбiць яе, калi яна будзе ўвесь час заяўляць на яго свае правы. Назаляць мужчынам даволi небяспечна, яе шчасце не такое трывалае, каб асмелiцца рызыкаваць iм хоць калiва. Яна азiрнулася: ён сядзеў злёгку нахiлiўшы галаву i пагладжваў пальцамi залаты партабак. Пазней яна была шчаслiвая тым, што кiнула на яго гэты развiтальны погляд: ён павiнен служыць узорам вернасцi, яна назаўсёды захавае ў сэрцы яго вобраз, i гэта дасць ёй права сказаць: "Я нiколi не пакiдала цябе". Цягнiк спынiўся, калi яна ўвайшла ў сваё купэ i зiрнула праз акно на маленькую брудную станцыю. На дзвюх лямпах было напiсана чорнымi лiтарамi: "Субоцiца". Будынкi станцыi ледзь узвышалiся над шэрагам хлявоў, тут жа была платформа. Група мытнiкаў у зялёнай форме i паўтузiн салдат iшлi памiж пуцямi. Мытнiкi, вiдаць, не спяшалiся пачынаць агляд. Яны смяялiся i ажыўлена размаўлялi, iдучы да службовага вагона. Каля пуцей у шарэнзе стаялi сяляне, пазiраючы на цягнiк, жанчына кармiла грудзьмi дзiця. Наўкол валэндалiся салдаты, адзiн з iх адагнаў ад цягнiка сялян, але тыя зноў скупiлiся каля чыгункi, адышоўшы метраў на дваццаць ад станцыi. Пасажыры пачалi выказваць нецярплiвасць: цягнiк i так ужо затрымалi на паўгадзiны, а яшчэ нiхто нават i не збiраўся прыступаць да агляду багажу цi праверкi дакументаў. Некалькi пасажыраў выбралiся на адхон i перайшлi цераз рэйкi, шукаючы якi-небудзь буфет. Высокi хударлявы немец з круглай галавой безупынна хадзiў туды-сюды па платформе ўздоўж цягнiка. Корал Маскер убачыла, як доктар выйшаў з вагона ў мяккiм брылi, у плашчы, у шэрых баваўняных пальчатках. Ён i немец увесь час праходзiлi адзiн мiма аднаго, але абодва нiбыта iснавалi ў розных вымярэннях - так мала ўвагi звярталi яны адзiн да аднаго. На некаторы час яны аказалiся побач, пакуль чыноўнiк правяраў iх пашпарты, аднак i тут яны належалi да розных светаў: немец абураўся i ўголас выказваў нецярплiвасць, доктар абыякава ўсмiхаўся сам сабе. Корал выйшла на платформу, наблiзiлася да доктара. Яго ўсмешка, добрая i рассеяная, падалася ёй такой недарэчнай, як скульптурная фiгурка на трухлявых балясiнах. - Выбачайце, што я звяртаюся да вас, - сказала яна, крыху збянтэжаная яго чапурыстай паважнасцю. Ён пакланiўся i паклаў рукi ў шэрых пальчатках за спiну: яна заўважыла дзiрку на вялiкiм пальцы. - Я думала... мы думалi... цi не адмовiцеся вы павячэраць з намi сёння вечарам? Усмешка знiкла з яго твару, i яна зразумела: ён падбiрае пераканаўчыя словы, каб адмовiцца. - Вы былi такi добры да мяне, - дадала яна. На адкрытым паветры было вельмi холадна, i яны абое пачалi хадзiць уздоўж платформы: замерзлая гразь трашчала пад яе туфлямi i пэцкала ёй панчохi. - Я быў бы вельмi рады, - сказаў ён, дакладна вымаўляючы кожнае слова, - i мне вельмi шкада, што не магу прыняць вашага запрашэння. Сёння вечарам я выходжу ў Белградзе. Мне было б вельмi прыемна... - ён спынiўся, насупiўся i, здавалася, забыў, што хацеў сказаць далей, сунуў пальчатку з дзiркай на пальцы ў кiшэню плашча. - Мне было б вельмi прыемна... Двое iшлi ўздоўж пуцi насустрач iм. Доктар узяў яе пад руку i асцярожна павярнуў назад. Яны пайшлi ў другi бок уздоўж цягнiка. Ён усё яшчэ быў пахмурны, так i не закончыў пачатую фразу. Замест гэтага вымавiў iншае: - Даруйце, мае акуляры зусiм запацелi, хто там наперадзе? - Некалькi мытнiкаў выйшлi з службовага памяшкання i накiравалiся да нас. - I болей нiкога? Яны ў зялёнай форме? - Не, у шэрай. Доктар спынiўся. - Ах, вось яно што! - ён узяў яе руку ў сваю, сцiснуў яе далоняй, i Корал адчула ў руцэ канверт. - Хутчэй вяртайцеся ў вагон. Схавайце гэта. Калi будзеце ў Стамбуле, адпраўце яго па пошце. А зараз iдзiце. Хутка, але зрабiце выгляд, што вы не спяшаецеся. Корал паслухалася яго, не разумеючы, што здарылася. Адышоўшы крокаў на дваццаць, яна параўнялася з людзьмi ў шэрых шынялях i зразўмела - гэта салдаты. Вiнтовак не было вiдно, але па чахлах штыхоў яна здагадалася, што салдаты ўзброеныя. Яны заступiлi ёй дарогу, i яна была падумала, цi не збiраюцца яны яе затрымаць. Яны нешта ўсхвалявана абмяркоўвалi, аднак калi ёй засталося некалькi крокаў да iх, адзiн салдат саступiў убок, каб даць ёй прайсцi. Яна крыху супакоiлася, аднак усё ж была злёгку ўстрывожаная пiсьмом, зацiснутым у яе руцэ. Можа, яе прымусiлi правезцi якую-небудзь кантрабанду? Наркоцiкi? Тут адзiн салдат пайшоў за ёй. Яна чула, як рыпiць мёрзлая гразь пад яго ботамi, i пачала сябе пераконваць: усё гэта дарэмныя страхi, калi б яна была яму патрэбная, ён бы яе аклiкнуў, i яго маўчанне падбадзёрыла яе. Але ўсё-такi яна пайшла шпарчэй. Iх купэ было ў наступным вагоне, i яе каханы зможа па-нямецку растлумачыць гэтаму салдату, хто яна такая. Але Майета ў купэ не было, ён усё яшчэ палiў цыгарэту ў вагоне-рэстаране. З хвiлiнку яна вагалася: "Дайду да рэстарана i пастукаю ў акно", - аднак аказалася, што нельга было вагацца нават хвiлiну. Нечая рука дакранулася да яе локця, i нечы голас мякка вымавiў некалькi слоў на чужой мове. Корал абярнулася, збiраючыся пратэставаць, прасiць, гатовая, калi спатрэбiцца, вырвацца i пабегчы да вагона-рэстарана, але яе страх крыху паменшыўся, калi яна глянула ў вялiкiя добрыя вочы салдата. Ён усмiхнуўся, кiўнуў i паказаў на будынкi станцыi. - Што вам ад мяне трэба? Скажыце па-ангельску. Ён пахiтаў галавой, iзноў усмiхнуўся i махнуў рукой у бок будынкаў станцыi. Яна ўбачыла, як доктар сустрэўся з салдатамi i разам з iм накiраваўся туды. У гэтым магло i не быць нiчога жахлiвага, ён iшоў паперадзе iх, яны не вялi яго пад канвоем. Салдат кiўнуў, усмiхнуўся i з вялiкай цяжкасцю выгаварыў тры словы па-ангельску: - Усё зусiм добры, - вымавiў ён i паказаў на будынкi. - Можна мне толькi папярэдзiць свайго сябра? - папрасiла яна. Ён пакруцiў галавой, усмiхнуўся, узяў яе пад руку i беражлiва павёў прэч ад цягнiка. Чакальная зала была парожняя, калi не лiчыць доктара. Усярэдзiне залы шугаў у печы агонь. Акно было аздоблена ўзорамi, намаляванымi марозам. Корал увесь час памятала пра зацiснутае ў руцэ пiсьмо. Салдат асцярожна i далiкатна ўвёў яе ў залу i прычынiў дзверы, не замкнуўшы iх. - Што iм ад мяне трэба? - спытала яна. - Мне нельга спазнiцца на цягнiк. - Не бойцеся, - адказаў доктар. - Я iм усё растлумачу, i яны адпусцяць вас праз пяць хвiлiн. Калi вас захочуць абшукаць, не супрацiўляйцеся. Пiсьмо ў вас адабралi? - Не. - Лепей аддайце яго мне. Я не хачу ўблытваць вас у непрыемнасцi. Яна працягнула яму руку, i якраз у гэты момант дзверы адчынiлiся, увайшоў салдат, усмiхнуўся, падбадзёрваючы яе, i адабраў у яе пiсьмо. Доктар Цынер звярнуўся да яго, i салдат хутка адказаў яму нешта: у яго былi прастадушныя i маркотныя вочы. Калi ён iзноў выйшаў, доктар Цынер сказаў: - Яму самому ўсё гэта не па душы. Ён атрымаў загад назiраць за намi праз замочную шчылiну. Корал Маскер села на драўляную лаву i выпрастала ногi да печы. - Вы зусiм спакойная. - А якi сэнс хвалявацца? Яны ўсё роўна нiчога не разумеюць. Мой сябра хутка пачне мяне шукаць. - Гэта праўда, - з палёгкай вымавiў ён. I, счакаўшы крыху, дадаў: - Вы, пэўна, здзiўляецеся, чаму я не прашу прабачэння за прычыненую вам непрыемнасць... Бачыце, ёсць нешта такое, што я лiчу больш важным, чым любая непрыемнасць. Баюся, што вы мяне не зразумееце. - Куды ўжо мне? - сказала яна з горкiм гумарам, згадаўшы мiнулую ноч. У марозным паветры пачуўся доўгi свiсток, i яна са страхам схамянулася. - Гэта не наш цягнiк? Мне нiяк нельга спазнiцца. Доктар Цынер падышоў да акна. Ён ачысцiў далоняй запацелую ўнутраную паверхню шыбы i паглядзеў скрозь марозныя ўзоры. - Не, гэта падае сiгнал паравоз на другiм пуцi. Пэўна, паравозы мяняюць. На гэта пойдзе шмат часу. Не бойцеся. - Ах, я нiчога не баюся, - сказала яна, iзноў сеўшы на мулкую лаву. Мой сябар хутка тут з'явiцца. Тады ўжо будзе iх чарга баяцца. Ён жа, ведаеце, вельмi багаты чалавек. - Вось як? - Так, i паважаны. Ён узначальвае фiрму. Яны маюць справу з разынкамi. - Яна засмяялася. - Ён прасiў мяне ўспамiнаць пра яго, калi я буду есцi пудзiнг з разынкамi. - Вось як? - Але. Ён мне падабаецца. Ён такi добры да мяне. Зусiм не падобны на iншых жыдоў. Яны наогул добрыя, але ён... як бы сказаць вам... Ён сцiплы i сарамлiвы. - Вiдаць, ён вельмi шчаслiвы чалавек. Дзверы адчынiлiся, i два салдаты ўпiхнулi ў залу нейкага мужчыну. Доктар Цынер шпарка прайшоў наперад, паставiў нагу ў праём дзвярэй i цiха загаварыў з салдатамi. Адзiн салдат нешта адказаў яму, а другi пхнуў яго назад у залу i замкнуў дзверы на ключ. - Я спытаўся ў iх, чаму нас тут затрымалi. Растлумачыў, што вам трэба паспець на цягнiк. Адзiн сказаў: нiчога важнага, афiцэр хоча задаць вам некалькi пытанняў. Цягнiк пойдзе не раней, чым праз паўгадзiны. - Дзякуй. - А я? - шалёна ўсклiкнуў мужчына, якi толькi што прыбыў. - А я? - Наконт вас я нiчога не ведаю, гер Грунлiх. - Усё гэтыя мытнiкi. Яны прыйшлi i пачалi мяне абшукваць. Забралi рэвальвер. Пытаюцца: "Чаму вы не зрабiлi дэкларацыi, што ў вас рэвальвер?" Я кажу: "Нiхто не пагодзiцца падарожнiчаць па сваёй волi па вашай краiне без рэвальвера". Корал Маскер засмяялася. Ёзеф Грунлiх злосна глянуў на яе, потым абцягнуў пакамячаную камiзэльку, зiрнуў на гадзiннiк i прысеў. Паклаўшы рукi на тоўстыя каленi, ён зрабiўся маўклiвы i задуменны. "Ён, пэўна, дапалiў ужо сваю цыгарэту, - думала Корал. - Вярнуўся ў купэ, хапiўся, што мяне няма. Вiдаць, пачакаў хвiлiн дзесяць, а потым спытаў у каго-небудзь з салдат на станцыi, цi не ведае ён, дзе я. Праз некалькi хвiлiн ён мяне знойдзе". Яе сэрца скаланулася, калi ключ павярнуўся ў замку, яна была здзiўлена, што ён так хутка напаў на яе след, - але ў залу ўвайшоў не Майет, а мiтуслiвы светлавалосы афiцэр. Ён аддаў праз плячо нейкi загад двое салдат увайшлi за iм i сталi каля дзвярэй. - Але што тут здарылася? - спытала Корал у доктара Цынера. - Яны думаюць, што мы вязём кантрабанду? Яна не разумела, пра што гэтыя iншаземцы гавораць памiж сабой, i раптам ём зрабiлася страшна, яна разгубiлася, усвядомiўшы, што, нават калi б гэтыя людзi i захацелi ёй дапамагчы, яны не разумеюць яе, не ведаюць, чаго яна хоча. - Скажыце iм, што мне трэба ехаць гэтым цягнiком. Папрасiце iх паведамiць майму сябру, - сказала яна доктару Цынеру. Не слухаючы яе, ён нерухома стаяў каля печы, засунуўшы рукi ў кiшэнi, i адказваў на пытаннi афiцэра. Яна павярнулася да немца, якi, седзячы ў кутку, утаропiўся ў наскi сваiх чаравiкаў. - Скажыце вы iм, што я нi ў чым не вiнаватая, калi ласка. Той на iмгненне падняў вочы i з нянавiсцю паглядзеў на яе. Нарэшце доктар Цынер сказаў ёй: - Я спрабаваў растлумачыць iм, што вы нiчога не ведаеце пра тую запiску, якую я перадаў вам, але яны кажуць, што павiнны яшчэ затрымаць вас, пакуль начальнiк палiцыi не задасць вам пытаннi. - Ну, а як наконт цягнiка? - умольна спытала яна. - А як жа цягнiк? - Думаю, што ўсё абыдзецца. Цягнiк будзе стаяць тут яшчэ паўгадзiны. Я прасiў яго паведамiць вашаму сябру, i ён абяцаў падумаць над гэтым. Яна падышла да афiцэра i кранула яго за руку. - Я павiнна ехаць гэтым цягнiком. Павiнна. Зразумейце мяне, калi ласка. Ён скiнуў яе руку i пачаў ёй выгаворваць рэзкiм, уладарным тонам, прычым пенснэ кiвала ў такт яго гаворкi, але за што канкрэтна ён яе ўпiкаў, яна не разумела. Потым афiцэр выйшаў з залы. Корал прыхiлiлася тварам да шкла. Скрозь прасветы ў марозных узорах было вiдаць, як уздоўж пуцi туды-сюды ходзiць немец. Яна паспрабавала знайсцi вачыма вагон-рэстаран. - Ён прыйшоў? - спытаў доктар Цынер. - Зараз iзноў пойдзе снег, - сказала яна i адышла ад акна. Ёй раптам абрыдла яе недарэчнае, бязглуздае становiшча. - Чаго iм ад мяне трэба? Навошта трымаюць мяне тут? - Гэта нейкая прыкрая недарэчнасць. Яны перапалоханыя. У Белградзе было паўстанне, - паспрабаваў супакоiць яе доктар. - Iм патрэбен толькi я. Вось у чым уся справа. - Але ж чаму? Вы ж ангелец. - Не. Я тутэйшы, - сказаў ён з адценнем горычы. - А ў чым ваша вiна? - Я паспрабаваў змянiць рэжым, - растлумачыў доктар, даючы зразумець, як ён не любiць ярлыкоў. - Я камунiст. - Але навошта? Навошта? - ускрыкнула яна, гледзячы на доктара з жахам, не ў сiлах схаваць, наколькi пахiснуўся яе давер да таго адзiнага чалавека, якi, акрамя Майета, мог i хацеў ёй дапамагчы. Нават яго добрыя адносiны да яе ў цягнiку здавалiся ёй падазронымi. Яна падышла да лаўкi i села як мага далей ад немца. - Каб растлумачыць вам навошта, спатрэбiцца шмат часу. Яна не слухала яго, не хацела ўдумвацца ў сэнс нiводнага яго слова. Цяпер яна ставiлася да яго, як да тых галадранцаў, што наладжваюць дэманстрацыi на Трафальгарскiм пляцы, ходзяць з брыдкiмi плакатамi: "Пралетарыi ўсiх краiн, яднайцеся!", "Верныя паплечнiкi Ўолтгемстваў", "Бэлемскае аддзяленне лiгi маладых рабочых". Гэтыя прайдзiсветы хочуць павесiць усiх багацеяў, забаранiць тэатры i прымусiць яе займацца свабоднай любоўю ў летнiм лагеры, а потым iсцi на дэманстрацыi па Оксфард-стрыт пад сцягам з надпiсам: "Брытанскiя работнiцы". - Болей часу, чым я маю, - дадаў ён. Корал не звярнула ўвагi на яго словы. У той момант яна ставiла сябе непараўнана вышэй за яго. Яна была каханкай багацея, а ён - працоўны. Калi яна нарэшце ўспомнiла пра яго, дык сказала са шчырым абурэннем i з пагардай: - Думаю, вас пасадзяць у турму. - Лiчу, што мяне расстраляюць. Яна са здзiўленнем утаропiлася ў яго, забыўшыся на тое, што ў iх розныя перакананнi: - Чаму? Ён усмiхнуўся крыху самазадаволена: - Яны баяцца такiх, як я. - У Ангельшчыне чырвоным дазваляюць гаварыць, што хочаш i колькi хочаш. I палiцыя стаiць i слухае iх. - Ну, тут iстотная рознiца. Мы не абмяжоўваем сябе толькi размовамi. - Але ж будзе суд? - Нешта накшталт суду. Мяне павязуць у Белград. Недзе прагучаў ражок, i пранiзлiвы свiсток працяў марознае паветра. - Вiдаць, манеўруюць, - сказаў доктар Цынер, спрабуючы супакоiць яе. Паласа дыму працягнулася звонку мiма вокнаў, i ў зале зрабiлася цёмна, загучалi галасы, людзi пабеглi ўздоўж чыгункi. Буферы памiж вагонамi забразгалi, сутыкнулiся, напружылiся, i тонкiя сцены затрэслiся ад руху поршняў, ад грукату цяжкiх колаў. Калi дым разышоўся, Корал Маскер цiха прысела на драўляную лаву. Гаварыць нiчога не хацелася, i ногi ў яе былi халодныя як лёд. Але крыху пазней яна адчула ў маўчаннi доктара Цынера асуджэнне. - Ён вернецца за мной. Вось пабачыце, - вымавiла яна з цеплынёй у голасе. Нiнiч сунуў вiнтоўку пад паху i пачаў пляскаць рукамi ў пальчатках. - Ад гэтых новых паравозаў шмат шуму, - сказаў ён, гледзячы, як цягнiк выцягнуўся, нiбы гума, апiсаў дугу i знiк. Стрэлкi застагналi i вярнулiся на ранейшае месца. На сустрэчным пуцi падняўся семафор. З будкi выйшаў чалавек, сышоў па прыступках, перасек лiнiю i знiк з вачэй у напрамку да невялiкага дамка. - Пайшоў абедаць, - з зайздрасцю сказаў напарнiк Нiнiча. - За ўвесь час, пакуль я тут, нiколi не было, каб паравоз нарабiў столькi шуму, - сказаў Нiнiч. Тут ён пачуў словы напарнiка: - Маёру панеслi гарачы абед з казармы. Але Нiнiч не паведамiў яму пра прыезд з Белграда начальнiка палiцыi ён зберагаў гэтую навiну для жонкi. - Ты шчаслiвец. Я часта думаю, як добра з'есцi сапраўды абед. Думаю, няблага было б i мне ажанiцца, калi бачу, як твая жонка прыходзiць да цябе кожны ранак. - Няблага, - стрымана пагадзiўся Нiнiч. - Скажы, што яна табе прыносiць? - Бохан хлеба i кавалак кiлбасы. Часам трошкi масла. Яна неблагая дзяўчына. Аднак на душы ў яго было неспакойна. "Я яе не варты, я хацеў бы быць багатым, каб купiць ёй сукенку i пацеркi, пайсцi з ёй у тэатр у Белградзе". Спачатку ён з зайздрасцю падумаў пра дзяўчыну-iншаземку, замкнёную ў зале чакання, пра яе адзенне, якое здалося яму шыкоўным, пра яе зялёныя пацеркi, але, параўнаўшы дзяўчыну з сваёй жонкай, ён хутка кiнуў зайздросцiць ёй, а ў душы яго зацеплiлася добрае пачуццё да iншаземкi. Паляпваючы сваiмi вялiкiмi няўклюднымi рукамi, ён з захапленнем думаў пра прыгажосць i кволасць жанчын. - Прачнiся, - прашаптаў напарнiк, i абодва салдаты выпрасталiся i сталi нерухома па стойцы "смiрна" ў той час, калi з дарогi да станцыi павярнула машына, крышачы ледзяную корку на зямлi i раскiдваючы пырскi. - Каго там чэрцi прынеслi? - прашаптаў напарнiк Нiнiча, ледзь варушачы вуснамi, але Нiнiч з гонарам падумаў: "А я ведаю, i раней ведаў, што гэты высокi з ордэнскiмi калодкамi афiцэр - начальнiк палiцыi", ён нават ведае прозвiшча другога афiцэра, якi, быццам гумавы мячык, выскачыў з машыны i трымаў дзверцы адчыненыя, пакуль палкоўнiк Хартэп не вылез. - Ну i месцейка, - весела сказаў палкоўнiк Хартэп, але тут жа незадаволена паглядзеў спачатку на гразь, а потым на свае начышчаныя да бляску боты. Капiтан Алексiч надзьмуў круглыя чырвоныя шчокi. - Не маглi б ужо хаця дошкi пакласцi. - Ну што вы, мы ж палiцыя. Нас не любяць. Бог ведае якi яшчэ нас сняданак чакае. Ну ты, салдат, - ён паказаў пальцам на Нiнiча, - дапамажы шафёру выгрузiць гэтыя скрынкi. Пастарайцеся, каб вiно не боўталася i бутэлькi стаялi. - Маёр Петкавiч, пан палкоўнiк... - Не звяртайце ўвагi на маёра Петкавiча. - Даруйце, - вымавiў рэзкi, незадаволены голас маёра за Нiнiчам. - Зразумела, маёр, - палкоўнiк Хартэп усмiхнуўся i пакланiўся, - але я перакананы, дараваць вам няма чаго. - Гэты салдат вартуе арыштаваных. - Значыцца, вы затрымалi некалькi чалавек. Мае вiншаваннi. - Двух мужчын i адну дзяўчыну. - У такiм разе, я лiчу, што надзейны замок, вартавы, штых, вiнтоўка i дваццаць абоймаў патронаў вырашаць усе праблемы. Маёр Петкавiч аблiзаў губы. - Палiцыя, вядома, лепей ведае, як ахоўваць турму. Я пасую перад прафесiяналам. Выгружайце ўсё з машыны, - загадаў ён Нiнiчу, - i перанясiце да мяне ў кабiнет. Ён павёў афiцэраў за рог залы чакання i знiк з вачэй. Нiнiч глядзеў iм услед, пакуль шафёр не крыкнуў яму: - Не магу ж я сядзець у машыне i чакаць цэлы дзень. Варушыцеся! Вы, салдаты, зусiм адвыклi ад працы. Ён пачаў выгружаць скрынкi з машыны, адзначаючы ўсё, што там было. - Паўскрынкi шампанскага. Халодная качка. Фрукты. Дзве бутэлькi каньяку. Кiлбаса, пячэнне да вiна. Зялёная салата. Алiвы. - Вось здорава! - усклiкнуў напарнiк Нiнiча. - Неблагая ежа! Нейкае iмгненне знямелы Нiнiч стаяў, утаропiўшыся ва ўсё гэтае багацце. Потым цiха сказаў: - Сапраўдны банкет. Ён ужо перанёс каньяк, шампанскае, качку ў кабiнет маёра, калi ўбачыў сваю жонку. Яна iшла па дарозе i несла яму абед, загорнуты ў белую палаценку. Яна была маленькая, цёмнавалосая, з вясёлай хiтрынкай у вачах, плечы ахутаныя ў хустку, на нагах вялiкiя боты. Нiнiч паставiў скрынку з фруктамi i пайшоў ёй насустрач. - Я затрымаюся ненадоўга, - сказаў ён цiха, так, каб яго не пачуў шафёр. - Пачакай мяне. Я павiнен табе нешта расказаць. Ён з сур'ёзным выглядам вярнуўся да працы. Жонка села ўскрай дарогi, назiраючы за iм, але калi ён выйшаў з кабiнета маёра, дзе стол быў рассунуты i афiцэры пiлi перад снеданнем вiно, яна ўжо знiкла, пакiнуўшы абед на абочыне дарогi. - Дзе мая жонка? - спытаў ён у свайго напарнiка. - Пагаварыла з шафёрам i потым пайшла назад у баракi. Нiбыта была нечым усхваляваная. Нiнiча ахапiла расчараванне. Ён смакаваў наперад, як будзе расказваць жонцы, навошта прыехаў палкоўнiк Хартэп, а цяпер вось шафёр апярэдзiў яго. I так заўсёды. Жыццё салдата - сабачае жыццё. Гэтыя цывiльныя атрымоўваюць вялiкае жалаванне, абгульваюць салдат у карты, дрэнна да iх ставяцца i нават ублытваюцца ў справы салдата i яго жонкi. Але яго абурэнне было нядоўгае. Ён зможа расказаць ёй яшчэ i пра iншыя сакрэты, толькi варта навастрыць вушы i не зяваць. Ён крыху счакаў, а потым перанёс апошнюю скрынку ў кабiнет маёра. Шампанскае там лiлося ракой. Усе трое гаварылi разам, пенснэ маёра Петкавiча звалiлася яму на каленi. - Такiя грудзi, такiя сцёгны, - гаварыў капiтан Алексiч. - Я сказаў пану палкоўнiку, калi б я быў на вашым месцы... Маёр Петкавiч, абмакнуўшы палец у вiно, крэмзаў на абрусе нейкiя лiнii. - Першае правiла: нiколi не рабi ўдараў па флангах, бi ў цэнтр. Палкоўнiк Хартэп быў зусiм цвярозы. Ён смалiў, адкiнуўшыся на спiнку крэсла. - Вазьмiце крышачку французскай гарчыцы, пятрушкi... Але малодшыя афiцэры не звярталi на яго нiякай увагi. Ён злёгку ўсмiхнуўся i напоўнiў келiхi. Iзноў пайшоў снег, i паверх нанесеных ветрам сумётаў доктар Цынер бачыў, як ахопленыя цiкаўнасцю сяляне з Субоцiцы з цяжкасцю прабiралiся цераз чыгуначныя пуцi i цягнулiся да залы чакання. Адзiн селянiн так блiзка падышоў да акна, што мог зазiрнуць у залу i разгледзець твар доктара. Iх аддзяляла некалькi футаў, заiнелая аконная шыба, размаляваная марознымi ўзорамi. Доктар Цынер мог бы палiчыць маршчынкi на твары селянiна, убачыць колер яго вачэй i вывучыць з прафесiйнай цiкавасцю нейкую балячку на шчацэ. Абодва салдаты адганялi сялян прыкладамi вiнтовак. Сяляне адыходзiлi да чыгункi, але потым iзноў прарывалiся назад, безнадзейна ўпартыя i бязглуздыя. У зале вельмi доўга панавала маўчанне. Доктар Цынер вярнуўся да печы. Дзяўчына сядзела сцiснуўшы рукi i малiлася, каб яе каханы як найхутчэй вярнуўся да яе, i па тым, як Корал спрабавала схаваць гэта, доктар здагадаўся, што яна не прызвычаiлася малiцца i рабiла гэта амаль што ўпершыню. Яна была вельмi спалоханая, i ён з халоднай спагадай усвядомiў, як моцна яна баiцца. Жыццёвы вопыт падказваў яму дзве рэчы: малiтвы, як правiла, застаюцца без адказу, а такi выпадковы каханы i не думае вяртацца да яе. Доктар Цынер шкадаваў, што ўблытаў яе ў гэтую справу, але толькi ў такой ступенi, як мог бы шкадаваць пра необходнасць iлгаць. Ён заўсёды пагаджаўся з неабходнасцю ахвяраваць сваёй асабiстай маральнай чысцiнёй. Толькi партыя, якая прыйшла да ўлады, мае права на згрызоты сумлення. Калi б яны былi ў яго, ён тым самым прызнаў бы, што сумняваецца ў надзвычайнай важнасцi сваёй справы. Але такiя разважаннi яго засмучалi, i вось чаму: ён разумеў, што зайздросцiць дабрачынным людзям, якiм ён мог бы быць гэтаксама, калi б быў заможны i ўладарны. Ён з радасцю быў бы шчодры, мiласэрны, дакладна прытрымлiваўся б законаў гонару, калi б яго дзейнасць увянчалася поспехам, калi б свет можна было перарабiць па тым узоры, пра якi ён марыў i да якога так палымяна iмкнуўся. - Вы шчаслiвая, калi верыце, што ён вам дапаможа, - злосна сказаў ён. Але, са здзiўленнем, ён зразумеў, што Корал, сама таго не ведаючы, дапамагла яму развеяць адчай, заснаваны на старанна распрацаваных, але памылковых высновах. - Я не веру, - адказала яна, - але ж трэба мець хоць якую-небудзь надзею. Яго ўразiла, як хутка яна зраклася сваёй веры i зрабiла гэта не таму, што з цяжкасцю авалодала творамi пiсьменнiкаў-рацыяналiстаў i вучоных дзевятнаццатага стагоддзя: яна была народжаная дзеля бязвер'я гэтаксама непазбежна, як ён дзеля веры. Некалi ён ахвяраваў усiм, каб зрабiцца такiм жа няверуючым, i на iмгненне яму захацелася пасеяць у яе душы парасткi сумнення, той паўверы, якая прымусiла б яе спадзявацца на свой розум. Але гэтае жаданне хутка прайшло, i ён паспрабаваў падбадзёрыць яе. - Ваш сябар прыедзе па вас з Белграда. - А можа, у яго не будзе часу. - Тады ён тэлеграфуе брытанскаму консулу. - Магчыма, - вымавiла яна з сумненнем. Падзеi мiнулай ночы, успамiны пра пяшчоты Майета знiклi з яе памяцi, нiбы асветлены сонцам мол пагрузiўся ў цемру. Яна паспрабавала згадаць яго вобраз, але дарэмна: ён знiк, нiбы растаў ў натоўпе людзей, якiя прыйшлi на вакзал, каб праводзiць яе ў дарогу. Незадоўга да гэтага яна пачала разважаць, чым жа ён вылучаецца сярод усiх знаёмых ёй жыдоў. Нават яе цела, якое адпачыла i вылечылася, але страцiла разам з болем свой таемны спакой, ясна адчувала, што нiякай рознiцы няма: усе яны падобныя адзiн на аднаго. Яна паўтарыла ўголас: "Вядома ж", - бо саромелася свайго нявер'я. I ва ўсякiм разе наракаць няма чаго, - яна ж не ў горшым становiшчы, чым iншыя зняволеныя, хiба што спознiцца на дзень у вар'етэ. "Такiх, як ён, процьма", - думала яна, адчуваючы, аднак, што ёй усё-такi дарагiя гэтыя далёка не бязвоблачныя ўспамiны. Немец, седзячы, спаў у кутку. Павекi ў яго пацепвалiся, гатовыя расплюшчыцца пры самым нязначным гуку. Ён звыклы адпачываць у самых нязручных месцах i выкарыстоўваў усякую магчымасць для перадышкi. Калi адчынiлiся дзверы, яго вочы адразу насцярожылiся. Увайшоў вартаўнiк, махнуў рукой i нешта крыкнуў. Доктар Цынер паўтарыў яго словы па-ангельску: - Нам загадана выходзiць. У адчыненыя дзверы надзьмула снегу, i на парозе ўзнiк шэры грудок. Яны ўбачылi сялян, што скупiлiся каля чыгункi. Ёзеф Грунлiх падняўся, абцягнуў пiнжак i пхнуў доктара Цынера локцем у бок. - А цi не ўцячы нам зараз, усiм разам, пакуль iдзе снег? - Яны пачнуць страляць. Вартаўнiк iзноў нешта крыкнуў iм i махнуў рукой. - Яны ж усё адно будуць страляць, га? Навошта нас выводзiць адгэтуль? Доктар Цынер павярнуўся да Корал Маскер: - Думаю, што вам баяцца няма чаго. Вы пойдзеце? - Вядома. - Потым яна папрасiла ўмольна: - Пачакайце мяне хвiлiнку, я згубiла насоўку. Высокая хударлявая постаць доктара сагнулася, нiбыта шэры цыркуль, апусцiлася на каленi i выцягнула насоўку з-пад лавы. Нязграбнасць доктара прымусiла яе ўсмiхнуцца, i, забыўшыся на свае турботы, яна падзякавала яму з перабольшанай гарачнасцю.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15
|