Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Детективы / Грин Грэм / Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Грин Грэм
Жанр: Детективы

 

 


Грин Грэм
Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)

      Грэм Грын
      Стамбульскi экспрэс
      Раман
      Вiвьен Кэндэйс ад шчырага сэрца
      Усё ў прыродзе - лiрычнае па iдэальнай задуме,
      трагiчнае па лёсе i камiчнае ў рэальным увасабленнi.
      Джордж Сантаяна
      Частка першая
      ОСТЭНДЭ
      1
      Памочнiк капiтана трымаў у руцэ апошнi пасадачны бiлет i назiраў, як пасажыры перасякалi змрочны, мокры прычал, пераходзячы цераз безлiч чыгуначных пуцей i стрэлак, абгiнаючы кiнутыя багажныя цялежкi. Яны цягнулiся, наставiўшы каўняры палiто i ўнурыўшы галовы ў плечы. У доўгiх спальных вагонах на столiках ужо запалiлi лямпы, якiя свяцiлiся праз дажджавую заслону чарадой блакiтных пацерак. Страла гiганцкага пад'ёмнага крана скранулася з месца, паплыла i апусцiлася, i жалезны скрыгат лябёдкi на нейкае iмгненне заглушыў шум вады - вады, якая лiлася з агорнутага хмарамi неба, вады, якая бiлася аб прычал i плёскалася ўздоўж бартоў парома. Была палова пятай папоўднi.
      - Божухна, ну i вясеннi дзянёк! - уголас вымавiў памочнiк капiтана, iмкнучыся як найхутчэй пазбавiцца непрыемных уражанняў, назапашаных за апошнiя некалькi гадзiн марскога падарожжа цераз Ла-Манш, - прамоклай палубы, пахаў пары i нафты, затхлага смуроду нясвежага пiва ў бары, шамацення чорнага шоўку сцюардэс, што сноўдалi туды-сюды з алавянымi падносамi. Ён зiрнуў уверх на сталёвыя фермы пад'ёмнага крана, на платформу i на маленькую фiгурку ў сiнiм камбiнезоне, якая круцiла рулявое кола, i адчуў нязвыклую зайздрасць: там, наверсе, кранаўшчык быў аддзелены трыццаццю футамi смугi i дажджу ад памочнiка капiтана, ад пасажыраў, ад доўгага, залiтага святлом экспрэса. "Мне няма куды дзецца ад гэтых абрыдлых фiзiяномiй", - падумаў памочнiк капiтана, згадаўшы маладога жыда ў цяжкiм футры, якi ўвесь час скардзiўся, што яму дасталася каюта на дваiх - не мог ужо вытрываць якiх-небудзь там дзвюх гадзiн!
      - Вам не туды, мiс, - папярэдзiў ён апошнюю пасажырку другога класа. Зала мытнi вунь там.
      Настрой у яго крыху палепшыўся, калi ён убачыў ветлiвы твар юнай незнаёмай - хоць яна нi на што не скардзiлася.
      - Вам трэба насiльшчык, мiс, паднесцi ваш сакваяж.
      - Не, нiчога, - адказала яна. - Дый не разумею я iхняй мовы. А сакваяж у мяне зусiм не цяжкi. - Вусны ў яе расквiтнелi ўсмешкай над узнятым каўнерыкам таннага белага плашчыка. - Вось калi б вы дапамаглi мне... капiтан.
      Яе нахабства пазабавiла яго.
      - Калi б я быў крыху маладзейшы, вядома, вам бы не спатрэбiўся зараз нiякi насiльшчык. Не разумею, куды гэта толькi глядзяць сённяшнiя маладыя людзi! - ён кiўнуў галавой на маладога жыда ў чорных замшавых чаравiках, якi выходзiў з мытнi, а за iм цягнулiся два нагружаныя багажом насiльшчыкi.
      - Вам далёка?
      - Да самага канца, - адказала яна, кiнуўшы журботны позiрк на рэйкi, на кучу багажу, на асветленыя вокны вагона-рэстарана i цёмныя абрысы экспрэса.
      - У вас спальнае месца?
      - Не.
      - Вам трэба было абавязкова ўзяць месца ў спальным вагоне, - сказаў ён, - калi вы едзеце да канца. Тры ночы ў дарозе. Гэта не жарты. А што вы збiраецеся рабiць у Канстанцiнопалi, калi не сакрэт? Выйсцi замуж?
      - Калi б я ведала. - Яна крыва ўсмiхнулася, агорнутая сумам ростанi i страхам перад невядомасцю. - Хто ведае, што мяне там чакае.
      - Працаваць?
      - Танцаваць. У вар'етэ.
      Яна развiталася з iм i пайшла далей. Плашч падкрэслiваў яе тонкую статную постаць. Дзяўчына трымалася прама, нават тады, калi, спатыкаючыся, iшла памiж рэйкамi ўздоўж спальных вагонаў. Агеньчык святлафора змянiўся з чырвонага на зялёны, i з выхлапной трубы цягнiка вырваўся тонкi струмень адпрацаванай пары. Яе твар, такi звычайны, але пiкантны, яе манеры, абуральныя i адначасова сцiплыя i далiкатныя, - затрымалiся на момант у яго свядомасцi. "Помнi пра мяне, - у думках звярнуўся ён да дзяўчыны. - Праз месяц-другi мы зноў з табой сустрэнемся". Аднак ён добра разумеў, што сам ён яе не ўтрымае ў памяцi, бо надта многа твараў мiльгае перад iм у акенцы яго канторы, звяртаючыся з просьбамi пакiнуць асобную каюту, цi размяняць грошы, цi заказаць спальнае месца, каб ён мог запомнiць кожную асобу - дый нiчога прыкметнага ў ёй i не было.
      Калi ён падняўся на борт, палубы ўжо былi вымытыя, i паром быў падрыхтаваны да рэйсу. Настрой у яго значна палепшыўся, бо на судне ўжо нiкога чужога не было. Вось так бы i заўсёды: некалькi матросаў-iншаземцаў, што балбочуць мiж сабой на сваёй мове, знаёмая сцюардэса, з якой прыемна прапусцiць шклянку-другую пiва. Ён крыху пабурчаў на матросаў па-французску, а тыя лагодна ўсмiхнулiся яму ў адказ, праспяваўшы непрыстойную песеньку пра ашуканага мужа i яго няверную жонку.
      - Цяжкi выдаўся рэйс, - сказаў ён па-ангельску галоўнаму сцюарду. Некалi той працаваў афiцыянтам у Лондане i ведаў ангельскую мову, а без пiльнай патрэбы памочнiк капiтана не гаварыў па-французску. - А той жыд, цi шмат ён даў табе зверху?
      - Нiколi не здагадаецеся! Цэлых шэсць франкаў!
      - Яго не загайдала?
      - Не. Але той стары з вусамi - ён ванiтаваў увесь час. Дарэчы, аддайце мае дзесяць франкаў. Я выйграў заклад. Ён - ангелец.
      - Не можа быць. У яго такi выразны акцэнт.
      - Мне ўдалося зазiрнуць у яго пашпарт. Рычард Джон. Школьны настаўнiк.
      - Дзiўна, - сказаў памочнiк капiтана. "Сапраўды, дзiўна", - зноў падумаў ён, неахвотна адлiчваючы сцюарду дзесяць франкаў, i прыгадаў, як той стомлены сiвы чалавек у плашчы адышоў ад парэнчаў парахода, калi былi ўзняты сходкi i карабельныя сiрэны выдыхнулi пару ў напрамку расколiны памiж хмарамi. Ён папрасiў газету, якую-небудзь вячэрнюю газету. "Вячэрнiя газеты не выходзяць так рана ў Лондане", - адказаў яму памочнiк капiтана. Пачуўшы адказ, той пастаяў крыху ў задуменнасцi, кранаючы пальцамi кончыкi доўгiх сiвых вусаў. Налiваючы шклянку пiва сцюардэсе, перад тым як прагледзець каштарыс, памочнiк капiтана зноў падумаў пра таго школьнага настаўнiка, i ў галаве ў яго стрэльнула думка, што, вiдаць, сутыкнуўся з чалавекам, якi зазнаў шмат пакут, знясiленым, заблытаным у цёмныя справы. Гэты чалавек таксама не выказваў нiякiх скаргаў, i таму яго можна было забыць лягчэй, чым, скажам, маладога жыда, цi чараду турыстаў агенцтва Кука, цi хворую жанчыну ў ружова-зялёным адзеннi, якая згубiла колца, цi таго дзiвака старога, якi двойчы заплацiў за спальнае месца. Дзяўчыну ён забыў з паўгадзiны таму. Якраз гэтая акалiчнасць i аб'яднала яе з Рычардам Джонам. Тупат ног, пах нафты, мiгценне сiгнальных агеньчыкаў, заклапочаныя твары пасажыраў, звон шклянак, шэраг лiчбаў, - усё гэта прымусiла iх згiнуць у цемры свядомасцi памочнiка капiтана.
      Вецер сцiхнуў на некалькi хвiлiн, i дым, якi хуткiмi парывамi гойсаў па прычале, памiж нагрувашчвання жалезных канструкцый, на iмгненне супакоiўся. Нерухомыя вялiзныя шматкi дыму здавалiся Майету шэрымi намётамi качэўнiкаў, калi ён iшоў па слоце. Ён забыўся на тое, што яго замшавыя чаравiкi зусiм сапсавалiся, што нахабны афiцэр мытнi прычапiўся да дзвюх яго шаўковых пiжам. Ад нахабства гэтага афiцэра, ад яго пагарды, ад здзеклiвых шэптаў: "Juif, juif"*, ён хаваўся ў засенi тых вялiзных намётаў. Тут на момант ён адчуў сябе нiбыта дома: цяпер, каб падтрымаць бадзёрасць духу, яму ўжо не трэба было думаць нi пра сваё дарагое футра, нi пра модны гарнiтур, пашыты на Сэвiл-роўд, нi пра свае грошы, нi пра высокае становiшча ў фiрме. Але калi ён наблiзiўся да цягнiка, вецер iзноў узняўся, намёты з дыму паразвейвалiся, i ён апынуўся зноў у самым цэнтры варожага свету.
      * Жыд, жыд (фр.).
      Аднак Майет з удзячнасцю падумаў, што за грошы можна шмат чаго купiць. Праўда, за iх не заўсёды купiш ветлiвасць i далiкатнасць, але ж хуткасць яны яму ўсё-такi забяспечылi. Ён першы прайшоў агляд на мытнi i да прыходу астатнiх пасажыраў паспеў дамовiцца з кандуктарам наконт асобнага купэ. Ён цярпець не мог распранацца пры чужых людзях, хоць i разумеў, што дамоўленасць наконт асобнага купэ будзе каштаваць яму болей, чым iншым, бо ён быў жыд: тут не абыдзешся проста просьбай i невялiкiмi чаявымi. Ён мiнуў асветленыя вокны вагона-рэстарана, дзе невялiкiя лямпы пад ружавата-лiловымi абажурамi блiшчалi на свежых абрусах, засланых для абеду. "Остэндэ-Кёльн-Вена-Белград-Стамбул". Ён прайшоў паўз гэты рад назваў, нават не глянуўшы на iх: маршрут быў яму добра вядомы - назвы праплылi на ўзроўнi яго вачэй, нагадаўшы яму шпiлi мiнарэтаў, купалы цэркваў цi саборы ў гэтых гарадах, дзе чалавеку яго нацыянальнасцi цяжка было ўладкавацца на сталае жыхарства.
      Кандуктар, як ён i меркаваў, быў няветлiвы. "Цягнiк перапоўнены", пахмурна буркнуў ён, хоць Майет ведаў, што той гаворыць няпраўду. Яшчэ не сезон - у красавiку заўсёды ёсць шмат свабодных месцаў, i на пароме ён заўважыў толькi некалькi пасажыраў першага класа. Пакуль ён спрачаўся з кандуктарам, у калiдор вагона працiснулася зграя турыстаў: пажылыя лэдзi трымалi ў руках шалi, пледы i прыгожа аформленыя даведнiкi, стары святар скардзiўся, што некуды засунуў i не можа знайсцi "Уайд Уорлд Мэгэзiн": "Калi падярожнiчаю, я заўсёды чытаю "Уайд Уорлд Мэгэзiн"; а замыкаў натоўп турыстаў спатнелы i звыклы з усялякiмi перыпетыямi падарожжа гiд са значком турысцкага агенцтва. "Volia"*, - сказаў кандуктар i жэстам паказаў, што ў цягнiку надзвычайная колькасць пасажыраў. Аднак Майета нельга было так лёгка абвесцi вакол пальца - ён добра ведаў гэты маршрут. Кампанiя турыстаў, мяркуючы па iх узбуджаным выглядзе, пройдзе ў наступны вагон, якi накiроўваецца ў Афiны. Калi Майет павялiчыў чаявыя ўдвая, кандуктар здаўся i наляпiў на дзверы купэ паперку: "Месца занятае". Уздыхнуўшы з палёгкi, Майет нарэшце застаўся адзiн.
      * Вось бачыце (фр.).
      Мiма праплывалi твары, ад якiх яго аддзяляла выратавальная браня шкла. Нават тоўстае футра не баранiла яго ад холаду i сырасцi, а калi ён павярнуў ручку ацяплення, шыба акна затуманiлася ад яго дыхання, i неўзабаве ён мог распазнаваць невыразныя рысы тых, хто праходзiў па пероне за вагонным акном: сярдзiты позiрк вока, ружавата-лiловая шаўковая сукенка, каўнер святара. Толькi аднойчы ў яго з'явiлася жаданне развеяць сваю адзiноту - ён працёр шыбу далоняй i ўбачыў зграбную постаць дзяўчыны ў белым плашчы, якая прайшла па калiдоры да вагона другога класа. Адзiн раз дзверы адчынiлiся, i ў купэ заглянуў пажылы мужчына. У яго былi сiвыя вусы, акуляры i пацёрты мяккi капялюш. Майет сказаў яму па-французску, што купэ занятае.
      - Адно месца, - сказаў мужчына.
      - Вiдаць, вам трэба купэ другога класа? - спытаў Майет, але мужчына адмоўна пакруцiў галавой i пайшоў далей.
      Мiстэр Оўпi выгодна ўладкаваўся ў сваiм кутку i пачаў з цiкаўнасцю, хоць i з некаторым расчараваннем, разглядваць невялiкага бледнага мужчыну, якi сядзеў насупраць. Знешне сусед быў надзвычай непрыкметны, колер яго твару выдаваў нейкую хваробу. "Нервы", - падумаў мiстэр Оўпi, заўважыўшы, як пацепваюцца яго пальцы, аднак у iх не было нiякiх знешнiх адзнак павышанай чуллiвасцi - яны былi кароткiя, грубаватыя i тоўстыя.
      - Я заўсёды лiчу, - сказаў мiстэр Оўпi, спрабуючы пераканацца, што яму так не пашанцавала са спадарожнiкам, - калi вам удалося дастаць месца ў спальным купэ, зусiм няма нiякай патрэбы ехаць у першым класе. Вагоны другога класа даволi камфартабельныя.
      - Так... вы маеце рацыю... так, - жыва адгукнуўся сусед. - Аднак адкуль вы даведалiся, што я ангелец?
      - У мяне такi звычай, - адказаў мiстэр Оўпi з усмешкай, - заўсёды думаць пра людзей лепшае.
      - Вядома, - сказаў бледны мужчына, - вы як святар...
      Звонку пачулiся галасы хлапчукоў-газетчыкаў, i мiстэр Оўпi высунуўся з акна.
      - "Lе Теmрs dе Lоndrеs". Qu'еst quе с'еst que (a? Riеn du tout? "Lе Маtin" et un "Dаilу Маil". С'еst bоn. Меrсi*.
      * Лонданскую "Таймс". Што такое? Няма нiчога? "Матэн" i "Дэйлi Мейл". Добра. Дзякуй (фр.).
      Яго французская мова здавалася iншым перапоўненай фразамi з школьных падручнiкаў - вымаўляў ён iх з яўнай асалодай, аднак не зусiм правiльна.
      - Соmbiеn est сеlа? Тrоis frаnсе. Оh lа-lа*.
      * Колькi каштуе? Тры франкi. Ну i ну! (фр.).
      - Можа, вам патрэбна мая дапамога? - прапанаваў ён чалавеку з бледным тварам. - Якую газету вы хочаце? Пэўна, "Lа Viе"*.
      * "Жыццё" (фр.).
      - Не, не трэба мне нiякай газеты, дзякуй. У мяне ёсць кнiга.
      Мiстэр Оўпi глянуў на гадзiннiк.
      - У нас засталося яшчэ тры хвiлiны.
      Некалькi хвiлiн дзяўчына баялася, што ён распачне гаворку цi, пэўна, гэтая высокая хударлявая жанчына, яго жонка. Крышку памаўчаць - вось чаго ёй зараз хацелася болей за ўсё на свеце. "Калi б я магла дазволiць сабе спальны вагон, - разважала яна, - цiкава, цi была б я там у купэ адна?" У цёмным купэ запалiлi лямпачкi, i мажны мужчына зазначыў:
      - Ну, цяпер ужо хутка паедзем.
      Паветра ў купэ было напоўнена пылам i вiльгаццю. Мiгаценне святла звонку нагадала ёй на iмгненне штосьцi знаёмае i звыклае: электрычныя агнi рэкламы, што загаралiся i змянялiся над уваходам у тэатр на Хай-стрыт у Нотынгеме. Мiтусня натоўпу на пероне, беганiна хлапчукоў-газетчыкаў i i насiльшчыкаў нагадалi ёй "гусiны кiрмаш", i яна засяродзiлася на ўспамiне пра рынак, намагаючыся ўзнавiць яго цагляныя будынкi, драўляныя лаўкi ў дэталях, каб ён стаў такiм самым рэальным, як i сцюдзёная, абмытая дажджом прыстань i зменлiвыя агнi святлафораў. З утульнага свету фантазii ў рэчаiснасць яе вярнуў мужчына, якi загаварыў з ёй, i дзяўчына мусiла надзець на сябе маску зычлiвасцi i весялосцi.
      - Ну, мiс, у нас наперадзе доўгае падарожжа разам. Давайце пазнаёмiмся. Мяне завуць Пiтэрс, а гэта мая жонка Эймi.
      - Мяне завуць Корал Маскер.
      - Купi мне сандвiч, - папрасiла хударлявая жанчына. - Я такая галодная, што чую, як мае кiшкi граюць марш.
      - Можа, вы гэта зробiце, мiс? Я не ведаю французскай мовы.
      "Чаму вы думаеце, што я яе ведаю? - яна амаль не крыкнула яму ў адказ. - Я нiколi не была за межамi Ангельшчыны". Але яна прызвычаiлася заўсёды браць на сябе адказнасць, калi б i ў якой бы форме яна на яе нi звальвалася, таму яна не выказала ўголас нiякага пратэсту, адчынiла дзверы i пабегла б па слiзкай цёмнай дарозе памiж рэйкамi, шукаючы таго, чаго ён хацеў, калi б не глянула на гадзiннiк.
      - Не паспею, - сказала яна. - Да адыходу цягнiка засталася толькi адна хвiлiна.
      Вяртаючыся назад у купэ, яна азiрнулася i ўбачыла ў канцы калiдора твар i постаць чалавека, - у яе перахапiла дых ад страснага жадання кiнуцца да яго: яна нагадала апошнi мазок пудрай па носе, сказанае спехам "дабранач" швейцару - i хутчэй на двор, у зiхатлiвую цемру, дзе яе чакаў малады жыд, каробка шакаладу, аўтамабiль за рагом вулiцы, хуткая язда i таемная небяспечная блiзкасць цел. Аднак гэта быў не той, каго яна ведала, i ў думках яна зноў вярнулася да тых непажаданых, жахлiвых прыгод у варожым свеце, дзе нiякая старанна ўзважаная ласка не зможа абаранiць ад непазбежнай цемры нязведанага. Нацыянальнасць мужчыны, рэзкiя характэрныя рысы яго твару i футра ўвялi яе ў зман.
      "Адыход затрымлiваецца", - падумаў Майет, выходзячы ў калiдор. Ён намацаў у кiшэнi камiзэлькi скрыначку разынак. Яна была падзелена на чатыры секцыi, i яго пальцы наўздагад выбралi адну разыначку. Паклаўшы ягаду ў рот, ён ацанiў яе на смак. Якасць яе была не лепшая. Гэта прадукцыя "Стэйн i компанi". У iх ягады з цягам часу робяцца дробнымi i сухiмi. У iх разынкi дробныя i сухiя.
      У канцы калiдора нейкая дзяўчына ў белым плашчы павярнулася i ўважлiва зiрнула на яго. "Неблагая фiгурка, - падумаў ён. - Недзе, здаецца, яе бачыў". Ён узяў яшчэ адну разынку i, не гледзячы, сунуў яе ў рот. На гэты раз трапiла ягада яго асабiстай фiрмы. "Майет, Майет i Пейдж". Трымаючы ягаду пад языком, ён на iмгненне пачуваў сябе ўладаром свету, вяршыцелем лёсу. "Вось гэта - мая, i яна - выдатная", - зазначыў ён. Уздоўж калiдора бразнулi дзверы купэ, прагучаў гудок паравоза.
      Рычард Джон, насунуўшы плашч па самыя вушы, глянуў на перон з акна калiдора i ўбачыў, як будынкi вакзала пачалi рухацца назад, у напрамку павольных хваляў мора. "Гэта - канец, - падумаў ён, - цi, хутчэй, пачатак". Твары людзей за акном вагона паплылi назад. Мужчына з кiркай на плячах узмахнуў чырвоным лiхтаром. Дым паравоза ахутаў яго i закрыў святло лiхтара. Тармазы заскрыгаталi, клубы дыму развеялiся, i сонца палыхнула па рэйках, па акне i па вачах. "Хоць бы мне хутчэй заснуць, - падумаў ён з вялiкай тугой, - я б здолеў тады помнiць лепей усё тое, пра што мне неабходна помнiць".
      Дзверцы паравознай топкi прыадчынiлiся, i адтуль на iмгненне шуганула полымя, дыхнула спякота. Машынiст даў поўную пару, i пляцоўка пад яго нагамi здрыганулася ад цяжару вагонаў. Неўзабаве рухавiк паравоза пачаў працаваць плаўна i раўнамерна. Апошнiя промнi сонца заблiшчалi, калi цягнiк iшоў уздоўж марскога берага цераз Бругэ. Рэгулятар быў перакрыты, хапала маленькай пары. Сонечны захад асвятлiў высокiя крутыя ўцёсы, марскiя залiвы, вада якiх адлiвала зменлiвым святлом. Недзе там, непадалёк, нiбыта славуты самацвет у абшарпаным, брудным футарале, ляжаў старажытны горад - на якi шмат дзiвiлiся, пра якi шмат гаварылi, у якiм здавён вёўся ажыўлены гандаль. Потым скрозь пару паказалася мноства дачных дзялянак, дзе-нiдзе аднастайнасць пейзажу парушалi непрыкметныя вёсачкi, хаты якiх выходзiлi фасадамi на дарогу i былi аздоблены каляровай чарапiцай, аднак фарбы яе былi прыглушаны прыцемкамi. З паравоза выляталi iскры, падобныя на орды пунсовых жучкоў. Яны падалi i тлелi ўскрай чыгункi, апускалiся на дрэвы, кусты, капуснiкi на агародах i ператваралiся ў попел. Дзяўчына на канi праводзiла вачыма цягнiк i ўсмiхнулася, а на беразе ракi, побач з вудай, ляжалi ў абдымках мужчына i жанчына. Потым за вокнамi вагонаў зрабiлася зусiм цёмна, i пасажыры маглi бачыць у шыбах вокнаў толькi цьмянае адлюстраванне сваiх аблiччаў.
      - Рrеmiеr Sеrviсе, Рrеmiеt Sеrviсе*, - рэхам пракацiўся голас па калiдоры, але Майет ужо сядзеў у вагоне-рэстаране. Яму дужа хацелася, каб нехта чужы прысеў за яго столiк i ўцягнуў яго ў ветлiвую размову, якая, зусiм магчыма, скончыцца, як заўсёды, чарговым прынiжэннем яго годнасцi. Канстанцiнопаль, канцавы пункт амаль бясконцага падарожжа, наблiжаўся з хуткасцю тэлеграфных слупоў, што праляталi за вокнамi экспрэса. Калi падарожжа скончыцца, для роздуму часу ўжо не застанецца - Майета будзе чакаць аўтамабiль, потым - мiльгаценне мiнарэтаў, брудная лесвiца i, нарэшце, мiстэр Экман, якi падымаецца з крэсла пiсьмовага стала. Мудрагелiстая казуiстыка, лiчбы, кантракты захопяць яго цалкам. Тут, загадзя, у вагоне-рэстаране, на канапе ў купэ, у калiдоры, ён павiнен абдумаць кожнае слова, прарэпецiраваць кожную iнтанацыю. Лепей яму мець справы з ангельцамi цi туркамi, а мiстэр Экман i недзе там, за кулiсамi, загадкавы Стэйн - яго аднаверцы, спрактыкаваныя здагадацца пра сапраўдны сэнс па тоне голасу, па манеры, з якой пальцы субяседнiка трымаюць цыгару.
      * Першая змена, першая змена (фр.).
      У праходзе паявiлiся афiцыянты - яны разносiлi суп. Майет iзноў сунуў руку ў кiшэню i надкусiў разынку - на гэты раз Стэйна, дробненькую i сухую, але, трэба прызнаць, танную. Бясконцая i непазбежная вайна памiж колькасцю i якасцю вялася ў яго свядомасцi i не прыводзiла нi да якога пэўнага вынiку. У адным ён, зрэшты, быў упэўнены, пакуль знаходзiўся ў сваiм лонданскiм кабiнеце, дзе сустракаўся толькi з прадстаўнiкамi Стэйна i чуў голас Стэйна толькi па мiжгароднiм тэлефоне, хутчэй прывiд яго голасу, з iнтанацый якога ён не мог дакладна высветлiць яго сапраўднае становiшча, - Стэйн быў на вяршынi недасягальных скал. Але ж якiх скал? Усярэдзiне акiяна цi каля ўзбярэжжа? Цi пацярпеў ён поўны крах, цi проста абмежаваны ў сродках? Было б прасцей, калi б прадстаўнiка фiрмы "Майет, Майет i Пейдж" у Канстанцiнопалi, бясцэннага мiстэра Экмана, не падазравалi ў тайных зносiнах з Стэйнам - ён балансаваў на гранi закона.
      Майет апусцiў лыжку ў нясмачны суп-жульен. Яму болей былi даспадобы стравы тлустыя, з рознымi спецыямi, вострыя i спажыўныя. За вокнамi ў цемрадзi нiчога не было вiдаць, толькi зрэдку мiльгалi агеньчыкi невялiкiх станцый цi палыхаў рэзкiм святлом тунель. Пастаянна ў шыбе акна ён бачыў толькi цьмянае адлюстраванне свайго твару i рук, якое, нiбыта дзiвосная рыба, плавала ў зiхатлiвай i вадзе i багавiннi. Яго крыху бянтэжылi гэтыя прывiды, i ён збiраўся ўжо апусцiць фiранку, калi заўважыў за адбiткам свайго твару аблiчча таго самага чалавека ў пацёртым плашчы, якi нядаўна заглядваў у яго купэ. Вопратка мужчыны, пазбаўленая колеру i трываласцi тканiна, усё яшчэ захоўвала адбiтак элегантнасцi, уласцiвай старамодным гарнiтурам: пад расхрыстаным плашчом быў бачны высокi накрухмалены каўнер, зашпiлены на ўсе гузiкi пiнжак. Мужчына цярплiва чакаў, пакуль яму прынясуць абед, таму Майет дазволiў сабе трошкi адпачыць ад мудрагелiстых хiтрыкаў Стэйна i мiстэра Экмана, аднак перш чым афiцыянт дайшоў да незнаёмага, той заснуў. На iмгненне яго твар знiк, калi агнi станцыi ператварылi сцены вагона з люстраў у звычайныя вокны, праз якiя быў бачны натоўп правiнцыялаў з дзецьмi, скрынкамi i скруткамi, якiя чакалi прыходу мясцовага цягнiка. З вяртаннем цемры за акном твар мужчыны, якi апусцiўся ў сон, узнiк iзноў.
      Майет забыўся пра яго, заказваючы паўсухое бургундскае - "Шамбертэн 1923 года", каб запiць цяляцiну, хоць i разумеў, што купляць добрае вiно ў цягнiку - марная трата грошай, бо нiякi букет не вытрымлiваў бесперапыннай трасянiны. Па ўсiм вагоне быў чуцен жаласлiвы звон i бразганне шкла, калi экспрэс на поўнай хуткасцi iмчаў у Кёльн. Смакуючы першы келiх вiна, Майет iзноў вярнуўся ў думках да Стэйна - поўны безнадзейнага адчаю цi мудрагелiстых хiтрыкаў, той чакаў прыезду Майета ў Канстанцiнопалi. Ён зможа прадаць усе свае акцыi за неблагую цану - Майет у гэтым быў упэўнены, аднак пайшлi чуткi, што ў барацьбу ўблытаўся яшчэ адзiн пакупнiк. Якраз тут i ўзнiкла падазрэнне, што мiстэр Экман вядзе двайную гульню, iмкнучыся ўзняць цану насуперак iнтарэсам сваёй фiрмы - за гэта, як меркавалi, Стайн абяцаў яму выплацiць пятнаццаць працэнтаў камiсiйных. Мiстэр Экман паведамляў, што Моўлт прапануе Стэйну фантастычную цану за яго акцыi i за перадачу правоў на фiрму, але Майет яму не верыў. Неяк ён снедаў з маладым Моўлтам i пад час размовы, нiбыта выпадкова, згадаў прозвiшча Стэйна. Моўлт не жыд, у яго няма тонкасцi, ён не знае навукi выкрутасаў i хiтрыкаў: калi ён захоча зманiць, ён гаворыць няпраўду, але мана яго абмежаваная словамi яму невядома, як неспрактыкаваная рука можа лёгка выдаць няпраўду гэтых слоў. Калi ён меў справу з ангельцамi, Майет карыстаўся адным трукам: пачынаючы гаворку на важную тэму, ён звычайна частаваў субяседнiка цыгарай калi чалавек гаварыў няпраўду, то, якi б хуткi нi быў адказ, рука яго заўсёды на iмгненне затрымаецца. Майет добра запомнiў, што сказаў пра яго некалi Джэнтыль: "Мне не падабаецца гэты жыд. Ён нiколi не глядзiць табе ў вочы". "Вы, дурнi, - радаваўся ён сам сабе, - у мяне на вас назапашаны яшчэ не такiя трукi". Цяпер ён, зрэшты, быў перакананы, што Моўлт гаварыў праўду, няпраўду казаў Стэйн цi мiстэр Экман.
      Ён налiў сабе яшчэ келiх вiна. "Дзiўна, - падумаў ён, - што якраз я, падарожнiчаючы з хуткасцю шэсцьдзесят мiль у гадзiну, адпачываю, а не мiстэр Экман, у якога ўжо закончаны працоўны дзень - ён зараз зачыняе пiсьмовы стол, бярэ з вешалкi брыль, спускаедца па лесвiцы, звыкла пакусваючы вострымi зубамi кончык тэлеграмы, атрыманай ад фiрмы: "Мiстэр Карлтан Майет прыбывае Стамбул чатырнаццатага. Арганiзуйце сустрэчу Стэйнам". У цягнiку, як бы хутка ён нi iмчаў, пасажыры мусяць адпачываць, памiж шклянымi сценамi дарэмна марна трацiць эмоцыi, можна спакойна займацца разумовай дзейнасцю, не баючыся, што цябе перапыняць. Свецкае жыццё б'е зараз Экмана i Стэйна з усiх бакоў: прыходзяць тэлеграмы, розныя людзi перабiваюць плынь iх думак размовамi, жанчыны наладжваюць абеды i вечарынкi. Але ў iмклiвым экспрэсе, якi грукоча i бразгае, шум такi роўны, упарадкаваны, што ён эквiвалентны цiшынi, рух такi працяглы i бесперапынны, што спакваля розум пачынае ўспрымаць яго як абсалютную нерухомасць. Толькi за вокнамi цягнiка было магчыма актыўнае дзеянне, а цягнiк забяспечвае яму спакойны роздум над планамi на гэтыя тры днi, а ў канцы гэтага тэрмiну яму будзе зусiм ясна, як павоцзiць сябе са Стэйнам i з мiстэрам Экманам.
      Пакончыўшы з марожаным i дэсертам, аплацiўшы рахунак, ён затрымаўся каля стала, каб запалiць цыгару, i апынуўся твар у твар з незнаёмым. Ён iзноў убачыў, як той засынае памiж першай i другой стравамi - памiж недаедзенай цяляцiнай аu Таlleyrаnd* i пудзiнгам з марожаным, якi толькi што падалi яму на стол, - хутчэй за ўсё, у яго быў поўны ўпадак сiлы.
      * Па-талейранску (фр.).
      Пад пiльным позiркам Майета незнаёмы раптоўна прачнуўся.
      - Ну, што тут такое? - спытаў ён.
      Майет мусiў быў папрасiць прабачэння:
      - У мяне не было намеру вас будзiць.
      Мужчына падазрона паглядзеў на яго, i штосьцi ў гэтым раптоўным пераходзе ад сну да больш звыклай насцярожанасцi, штосьцi ў яго старанна прыбраным гарнiтуры, пад пацёртым плашчом, кранула душу Майета. Ён успомнiў пра iх нядаўнюю сустрэчу:
      - Спадзяюся, вы знайшлi сваё купэ?
      - Знайшоў.
      - Здаецца мне, вы абралi не лепшае месца на адпачынак, - вырвалася ў Майета. - У мяне ў сакваяжы ёсць аспiрын. Магу даць вам некалькi таблетак.
      Мужчына рэзка абарваў яго:
      - У мяне ёсць усё, што трэба. Я доктар.
      Па прывычцы Майет уважлiва глянуў на яго рукi, тонкiя, з выступаючымi костачкамi. Ён iзноў папрасiў прабачэння, з падкрэсленай прынiжанасцю схiлiўшы перад iм галаву:
      - Прабачце, што я патурбаваў вас. Вы выглядаеце хворым. Можа, я што-небудзь магу зрабiць вам?
      - Не. Нiчога мне не трэба. Нiчога.
      Але калi Майет адышоў, мужчына азiрнуўся i аклiкнуў яго:
      - Час. Каторая зараз гадзiна дакладна?
      Майет адказаў:
      - Восем сорак. Не, сорак дзве хвiлiны.
      I ён убачыў, як пальцы мужчыны дакладна да хвiлiны паставiлi стрэлкi гадзiннiка.
      Калi ён наблiжаўся да свайго купэ, цягнiк запаволiў рух. Вялiзныя доменныя печы Льежа ўздымалiся ўздоўж чыгункi нiбыта старажытныя замкi, агорнутыя полымем пад час варожага набегу. Цягнiк гайдануўся, i стрэлкi чыгункi бразнулi. Абапал узнялiся сталёвыя фермы моста, а далёка ўнiзе па дыяганалi бегла некуды ў цемру пустая вулiца, над уваходам у кавярню зiхацела лямпачка, рэйкi разбеглiся ў розныя бакi, i да экспрэса, вывяргаючы гудзенне i пару, наблiзiлiся манеўраныя паравозы. Святлафорныя агнi загарэлiся зялёным абапал экспрэса, i арка вакзальнага даху ўзнялася над вагонам Майета. Пачулiся выкрыкi хлапчукоў-газетчыкаў, а на платформе стаялi ў шарэнзе паважаныя, сталыя мужчыны ў чорных суконных палiто i жанчыны пад чорнымi вуалямi. Не выказваючы цiкаўнасцi, падобныя да натоўпу прыстойных незнаёмых на пахаваннi, яны сачылi, як прамiльгалi перад iмi вагоны першага класа: "Остэндэ - Кёльн - Вена - Белград - Стамбул" - i прычапны вагон да Афiнаў. Потым, з клумкамi, сумкамi i дзецьмi, яны ўскараскалiся ў апошнiя вагоны, якiя iшлi, вiдаць, да Папiньера цi Вервье - мiль пятнаццаць далей па чыгунцы.
      Майет пачуваў сябе стомленым. Напярэдаднi яму давялося да гадзiны ночы абмяркоўваць з бацькам, Джэйкабам Майетам, справы Стэйна, i, калi ён убачыў, як трасецца ў бацькi сiвая барада, ён зразумеў, як нiколi раней, што кiраўнiцтва фiрмай выпадае з аздобленых пярсцёнкамi старэчых пальцаў, якiм цяжка было трымаць нават шклянку з цёплым малаком. "Пенку нiколi не здымуць", - паскардзiўся Джэйкаб Майет, дазваляючы сыну лыжкай зняць пенку з малака. Цяпер ён шмат чаго дазваляў рабiць сыну, не звяртаючы нiякай увагi на Пейджа - пасада дырэктара была проста ўзнагародай за яго дваццацiгадовую службу старшым клеркам у фiрме. "Майет, Майет i Пейдж" - гэта я", - думаў Майет, не адчуваючы нiякага хвалявання ад вялiкай адказнасцi, якая легла на яго плечы: ён быў старэйшы сын, i згодна закону прыроды бацька мусiў быў перадаць уладу яму.
      Учора ўвечары памiж iмi ўзнiклi спрэчкi наконт Экмана. Джэйкаб Майет быў упэўнены, што Стэйн ашукаў Экмана, а яго сын лiчыў, што iх агент быў у змове са Стэйнам. "Вы ўбачыце самi", - гаварыў ён, перакананы ў сваёй пранiклiвасцi, але Джэйкаб Майет увесь час паўтараў: "Экман разумны. Нам трэба мець там разумнага чалавека".
      Майет ведаў, што не варта ўладкоўвацца спаць да гранiцы ў Герберштале. Ён дастаў разлiкi, прапанаваныя Экманам як аснова перагавораў са Стэйнам: велiчыня асноўнага капiталу аднаго ўладальнiка, кошт перадачы права на фiрму, сума, якую, паводле яго меркаванняў, прапанаваў Стэйну другi пакупнiк. Праўда, Экман у сваiм шматслоўным паведамленнi не назваў прозвiшча Моўлта, ён толькi намякнуў на яго, каб пакiнуць сабе магчымасць потым адмовiцца ад гэтага. Моўлты да гэтага часу нiколi не цiкавiлiся разынкамi, толькi раз яны нядоўга пайгралi на рынку фiнiкаў. Майет думаў: "Я не магу даверыцца гэтым лiчбам. Справа Стэйна нам вельмi каштоўная, нават калi б мы патапiлi ў Басфоры ўсе яго акцыi: нам важна заваяваць манаполiю, а iншым фiрмам гэта было б набыццём стратнай справы, якая збанкрутавала ў канкурэнтнай барацьбе з намi".
      Лiчбы нiбыта ў тумане паплылi ў яго перад вачыма, яго хiлiла на сон. Адзiнкi, сямёркi, дзесяткi ператварылiся ў дробныя вострыя зубы Экмана. Шасцёркi, пяцёркi, тройкi, нiбыта ў фантастычным фiльме, ператварылiся ў чорныя блiскучыя вочы Экмана. Камiсiйныя аддзякi ў выглядзе каляровых паветраных шарыкаў лёталi ўздоўж вагона, памеры iх усё павялiчвалiся, i Майет шукаў шпiльку, каб пракалоць iх адзiн за адным. Ён поўнасцю прачнуўся ад тупату ног - нехта хадзiў туды-сюды на калiдоры. "Бедалага", - падумаў ён, убачыўшы, як карычневы плашч i сашчэпленыя за спiной рукi знiклi за акном.
      Аднак у яго не было лiтасцi да Экмана, у думках ён iшоў следам за iм з канторы ў кватэру ў сучасным будынку, у зiхатлiвы туалет, у серабрыстую з пазалотай ванную, у залiтую святлом, застаўленую моднай мяккай мэбляю гасцёўню, дзе яго жонка бесперапынна шые куртачкi, штонiкi, каптурыкi i вяжа шкарпэткi англiканскай мiсii: Экман - узорны хрысцiянiн.
      Шкляныя сцены купэ дрэнна захоўвалi цеплыню. Быў страшэнны холад, красавiцкая ноч нагадвала старамодную калядную вiншавальную паштоўку, якая зiхацiць iнеем. Майет зняў з кручка футру i выйшаў на калiдор. Цягнiк стаiць у Кёльне амаль сорак пяць хвiлiн - даволi часу, каб выпiць кубачак гарачай кавы цi келiх каньяку. А пакуль што ён можа, як i чалавек у плашчы, пагуляць па калiдоры.
      Пакуль знешнi свет не адцягнуў яго ўвагу, Майет ведаў, што ў шпацыры па калiдоры з iм будуць нябачныя прывiды Экмана i Стэйна. "У Экмана, - думаў ён, абмываючы гарачай вадой брудны ўмывальнiк, - да ўнiтаза ланцужком прыкавана Бiблiя". Так, прынамсi, яму казалi. "Вялiкая, пашарпаная i па-сапраўднаму сямейная кнiга сярод срэбных з пазалотай кранаў i затычак, i гэтая Бiблiя сведчыла кожнаму, хто абедаў у Экманаў, што гаспадар - добры хрысцiянiн. Не трэба было рабiць ускосных намёкаў пра наведванне царквы, на пасольскага святара, варта было толькi яго жонцы спытаць: "Можа, вы хочаце памыць рукi, дарагая?" - цi яму самому па-сяброўску задаць тое самае пытанне мужчынам пасля кавы з каньяком. Аднак пра Стэйна Майет нiчога не ведаў.
      - Вельмi шкада, што вы не выходзiце ў Будзе, калi вы так цiкавiцеся крыкетам. Мне надта цяжка набраць адзiнаццаць iгракоў на дзве каманды ў нашым пасольстве, - гаварыў чалавек, кiваючы галавой i махаючы рукамi, з тварам бледным i невыразным, як каўнер у святара, звяртаючыся да невялiкага, падобнага на пацука мужчыны, якi, скурчыўшыся, сядзеў насупраць. Гэты голас быў без жывых чалавечых iнтанацый, бо гучаў на калiдоры праз шкляныя зачыненыя дзверы купэ, калi Майет праходзiў мiма. Гэта быў той самы прывiд голасу, што зноў нагадаў Майету пра Стэйна, якi гаварыў па правадах даўжынёй у дзве тысячы мiль, пра той голас, якi выказваў надзею, што калi-небудзь будзе мець гонар прымаць мiстэра Карлтана Майета ў Канстанцiнопалi, пра той самы голас - прыемны, гасцiнны i невыразны.
      Ён iшоў мiма купэ з сядзячымi месцамi ў вагоне другога класа. Мужчыны, зняўшы камiзэлькi, ляжалi на лавах, шчокi ў iх абраслi шчэццю. Жанчыны з лiнялымi валасамi, пакрытымi вязанымi сеткамi, такiмi самымi, як вязаныя з саломы карзiны на палiцах, раскiнулiся ў нязграбных позах: поўныя грудзi i вузкiя клубы, шырокiя клубы i худыя грудзi - усё безнадзейна пераблыталася. Высокая хударлявая жанчына прачнулася на iмгненне i жаласна паскардзiлася: "Пiва, якiм ты мяне пачаставаў, было проста жахлiвае. Страўнiк у мяне буркоча - ладу няма як". Насупраць сядзеў яе муж, з ухмылкай сачыў за яе заплюшчанымi ў сне вачамi, кiдаючы зрэдку позiрк на дзяўчыну ў белым плашчы, якая ляжала на лаўцы побач з iм. Адной рукой ён пацiраў няголеную шчаку, а другую крадком паклаў каля ног дзяўчыны. Майет запаволiў крок i запалiў цыгарэту. Яму падабалася зграбная постаць i твар дзяўчыны, крыху падфарбаваныя губы. Не скажаш, каб яна выглядала нейкай незвычайнай прыгажуняй, аднак тонкiя рысы твару, маленькая галоўка, вытанчаныя нос i вушы надавалi ёй асаблiвую вясёлую прывабнасць, якая нагадвае вiтрыну вясковай крамы на Каляды, поўную блiскучай мiшуры i немудрагелiстых квяцiстых сувенiраў. Майет успомнiў, як яна ўважлiва глядзела на яго з другога канца калiдора, i яму захацелася даведацца, каго ён ёй нагадаў. Ён быў удзячны дзяўчыне за тое, што ў яе позiрку не было нiякай варожасцi - яна не здагадвалася, як няёмка пачуваў ён сябе ў шыкоўнай вопратцы, якую можна купiць толькi ў самых дарагiх крамах.
      Мужчына, якi сядзеў побач з дзяўчынай, употай паклаў руку на яе шчыкалатку i пачаў вельмi асцярожна перамяшчаць яе да калена. Адначасова ён сачыў за жонкай. Дзяўчына прачнулася i расплюшчыла вочы. Майет пачуў, як яна сказала: "Надта холадна", - i зразумеў па яе знешне ветлiвым, але насцярожаным тоне, што яна заўважыла толькi што адхопленую руку. Потым яна ўзняла вочы i ўбачыла, што Майет назiрае за ёй. Дзяўчына была тактоўная i цярплiвая, але, на думку Майета, ёй не ставала хiтрасцi. Ён разумеў, што цяпер яна ацэньвае ў думках яго якасцi i параўноўвае яго са сваiм спадарожнiкам, як бы прыкiдваючы, з кiм бы ёй было лепей: яна хацела пазбегнуць непрыемнасцей, - гэта прачытаў у яе на твары. I яго прывялi ў захапленне яе смеласць, кемлiвасць i рашучасць.
      - Бадай што, пайду папалю цыгарэту, - сказала дзяўчына, шукаючы ў сумачцы пачак. Потым яна апынулася каля яго.
      - Запалку?
      - Дзякуй.
      I адышоўшы крыху далей, каб iх не было чутно з яе купэ, яны пачалi ўглядацца ў цемрадзь, запоўненую прыглушанымi гукамi.
      - Мне не падабаецца ваш сусед.
      - Выбiраць не даводзiлася. Не такi ўжо ён i благi. Яго завуць Пiтэрс.
      Пасля кароткай паўзы Майет азваўся:
      - А мяне - Майет.
      - Смешнае прозвiшча. Мяне завуць Корал. Корал Маскер.
      - Танцуеце?
      - Так. У вар'етэ.
      - Амерыканка?
      - Не. Чаму вы так падумалi?
      - Па вашым вымаўленнi. Адчуваецца амерыканскi акцэнт. Бывалi там калi-небудзь?
      - Цi бывала я там? Вядома, была. Шэсць прадстаўленняў на тыдзень i два ранiшнiкi. Сад Загараднага клуба, Лонг-Айлэнд, Палм-Бiч, Клуб халасцякоў на Рыверсайд-Драйв. Разумееце, калi не гаворыш па-амерыканску, няма нiякiх шанцаў удзельнiчаць у ангельскай музычнай камедыi.
      - Вы - разумная дзяўчына, - сказаў Майет сур'ёзна, кiнуўшы думкi пра Экмана i Стэйна.
      - Давайце паходзiм, - прапанавала дзяўчына, - мне холадна.
      - Вам не спiцца?
      - Не магу заснуць пасля пераезду цераз Ла-Манш. Надта замерзла. Дый яшчэ гэты мярзотнiк увесь час лапае мае ногi.
      - Чаму вы не дадзiце яму аплявуху?
      - Мы ж яшчэ да Кёльна не даехалi? Навошта мне ўвязвацца ў скандал? Нам яшчэ ехаць разам да Будапешта.
      - Вы туды едзеце?
      - Гэта ён туды едзе. Я еду да канца.
      - Я гэтаксама. Па справах.
      - Ну, нiхто з нас не падарожнiчае дзеля забавы, праўда? - сказала яна, крыху спахмурнеўшы. - Я звярнула на вас увагу, калi цягнiк адыходзiў. Мне здалося, што я вас некалi ведала.
      - Хiба мы з вамi сустракалiся? А як звалi вашага знаёмага?
      - Адкуль я ведаю? Я не запамiнаю прозвiшчаў выпадковых знаёмых. На пошце iх ведаюць пад другiм прозвiшчам.
      Майет адчуў спакойную ўпартасць i рашучасць у тым, як яна з маўклiвай пакорлiвасцю аднеслася да падману. Дзяўчына прыцiснулася да акна тварам, злёгку пасiнелым ад холаду. Яна была падобная на хлапчука, якi зайздросна разглядвае розныя цiкавыя рэчы ў краме: сцiзорыкi з мноствам лёзаў, цацкi з сакрэтамi, бомбы, якiя ўзрываюцца смуродам, булачкi, якiя пiшчаць, - але перад яе вачыма была толькi цемра i адлюстраванне iх твараў.
      - Як вы лiчыце, у вагоне пацяплее: мы ж едзем на поўдзень? - спытала яна, нiбыта думала, што мы наблiжаемся да краiн з трапiчным клiматам.
      - Мы едзем не так далёка на поўдзень, каб адчуць якую-небудзь iстотную рознiцу ў тэмпературы паветра. Я памятаю, як у Канстанцiнопалi ў красавiку iшоў снег. У Басфоры дзьмуць вятры з Чорнага мора. Яны ўтвараюць завiхрэннi вакол рагоў вулiц. А ўвесь гэты горад - адны вуглы.
      - Спадзяюся, што ў грымёрных цёпла. На сцэну даводзiцца выходзiць амаль голай - спасу няма ад холаду. Мне б хацелася выпiць чаго-небудзь гарачага! Яна крыху прысела i прыцiснулася збялелым тварам да акна. - Мы пад'язджаем да Кёльна. Як будзе па-нямецку "кава"?
      Выраз яе твару ўстрывожыў Майета. Ён пабег уздоўж вагона i зачынiў адзiнае адчыненае акно ў калiдоры.
      - Што з вамi? Вам дрэнна?
      Яна адказала павольна, вочы ў яе былi прыплюшчаныя:
      - Зараз лепей. Вы зачынiлi акно, i стала душна. Але зараз мне зусiм добра. Дакранiцеся да мяне. - Корал падняла руку, ён дакрануўся да яе сваёй шчакой, i яго ўразiла, якая яна гарачая.
      - Паслухайце, вяртайцеся ў сваё купэ, а я пайду i прынясу вам каньяку. Вы захварэлi.
      - Уся бяда ў тым, што я не магу сагрэцца. Мне было горача, а цяпер iзноў стала холадна. Я не хачу вяртацца туды. Застануся лепей тут.
      - Вазьмiце маё футра, - неахвотна сказаў Майет, але не паспеў ён абмежаваць гэтую зробленую супраць волi прапанову словамi накшталт "часова" цi "пакуль не сагрэецеся", як яна асунулася на падлогу.
      Ён узяў яе рукi i пачаў расцiраць, з бездапаможнай трывогай углядаючыся ў яе твар. I раптоўна адчуў пiльную неабходнасць дапамагчы ёй. Сачыць, як яна танцуе на сцэне, цi чакаць яе на ярка асветленай вулiцы каля тэатральнага пад'езда, - там яна была б яму толькi цацка ў любоўнай гульнi, але тут, у калiдоры вагона, ён адчуў да яе, бездапаможнай i хворай, пакутлiвы жаль. Яна не скардзiлася на холад, а проста нагадала пра яго як пра непазбежнае лiха. I раптоўна ён зразумеў, з якой безлiчы непазбежных бед складаецца ўсё яе жыццё. Тут ён пачуў мерныя крокi - ён i раней заўважыў, што незнаёмы хадзiў туды-сюды па калiдоры мiма свайго купэ, - i пайшоў яму насустрач.
      - Вы доктар? Тут дзяўчына самлела.
      Незнаёмы спынiўся i спытаў абыякава:
      - Дзе яна?
      Глянуўшы цераз плячо Майета, незнаёмы ўбачыў дзяўчыну. Яго абыякавасць раззлавала Майета.
      - Яна сапраўды вельмi хворая, - настойлiва папярэдзiў ён.
      - Добра, я зараз пагляджу яе.
      Здавалася, што ён рыхтуецца да нейкага цяжкага выпрабавання. Аднак яго нерашучасць прайшла, калi ён схiлiўся над дзяўчынай. Ён абыходзiўся з ёй мякка, асцярожна - гэта была безаблiчная мяккасць, уласцiвая спрактыкаваным урачам. Паслухаў яе сэрца, потым прыўзняў ёй павекi. Дзяўчына ўжо апрытомнела, але ў яе свядомасцi ўсё пераблыталася. Ёй здавалася, што гэта яна схiлiлася над незнаёмым з доўгiмi, няроўна падстрыжанымi вусамi. Яна адчула раптоўны жаль да яго, заўважыўшы трывогу на яго твары. Але ён быў спрактыкаваны ўрач, яе хваляванне прайшло, калi яна злавiла яго мяккi погляд. Дакрануўшыся рукой да яго твару, яна падумала: "ён, вiдаць, хворы" i на iмгненне забылася на тое, як дзiўна падаюць ценi, нiбыта лямпачка знаходзiцца на падлозе.
      - Хто вы? - спытала дзяўчына, намагаючыся прыпомнiць, як так здарылася, што ёй давялося дапамагаць яму. "Нiколi не бачыла, каб каму-небудзь так патрэбна была мая дапамога", - падумала яна.
      - Доктар.
      Корал разгублена глянула на яго i тут усё адразу зразумела: гэта яна ляжыць на падлозе, на калiдоры, а незнаёмы схiлiўся над ёю.
      - Я самлела? Мне было так холадна.
      Яна ясна адчула, як павольна i цяжка рухаецца цягнiк. Праз вокны промнi святла слiзгалi па твары доктара i асвятлялi за iм маладога жыда. "Майет. Мяў". I задаволеная, раптам усмiхнулася сабе. Здавалася, што на iмгненне ўсю адказнасць за тое, што здарылася, яна пераклала на плечы другога. Цягнiк здрыгануўся i спынiўся, i Майета адкiнула ўбок, да сценкi. Доктар не рушыў з месца - яго толькi пагойдвала ў такт з рухам экспрэса. Ён углядаўся ў твар дзяўчыны, пальцам правяраючы пульс, i сачыў за ёй з трывогай, ледзь стрымлiваючы свае пачуццi, але яна разумела, што яго пачуццi не датычацца яе, i ён да яе ставiцца абыякава. У думках яна выказала гэта наступнымi словамi: "Калi б у мяне былi нават такiя ножкi, як у Мiстангет, ён i на iх не звярнуў бы анiякай увагi".
      - Што са мною? - спытала яна, але гучныя галасы, якiя даносiлiся з платформы, i тупат людзей у блакiтнай форме не дазволiлi ёй пачуць поўнасцю яго адказу, акрамя апошнiх слоў: "...гэта быў проста мой чалавечы i ўрачэбны абавязак".
      - Падрыхтуйце пашпарты i багаж, - загадаў голас з акцэнтам.
      Майет узяў у яе сумачку, сказаўшы:
      - Я дагледжу вашы рэчы.
      Яна аддала сваю сумачку i з дапамогай доктара села на адкiдное месца каля сценкi.
      - Ваш пашпарт?
      Доктар адказаў павольна, падбiраючы словы, i яна ўпершыню звярнула ўвагу на яго акцэнт.
      - Мой багаж у першым класе. Я не магу пакiнуць гэту даму. Я доктар.
      - У вас ангельскi пашпарт?
      - Так.
      - Добра.
      Да iх падышоў яшчэ адзiн мытнiк:
      - Багаж?
      - Прад'яўляць мытнi няма чаго.
      Мытнiк пайшоў далей. Корал Маскер усмiхнулася:
      - Гэта i ёсць гранiца? Ну, у такiм разе тут можна правезцi кантрабандай усё, што хочаш. Багаж зусiм не правяраюць.
      - Усё, што хочаш, - сказаў доктар, - але толькi з ангельскiм пашпартам.
      Ён сачыў за мытнiкам, пакуль той не знiк, i не вымавiў болей нi слова, пакуль не вярнуўся Майет.
      - Бадай што, зараз я магу пайсцi ў сваё купэ, - сказала яна.
      - Вы ў спальным вагоне?
      - Не.
      - Вам выходзiць у Кёльне?
      - Я еду да канца.
      Ён параiў ёй тое самае, што i памочнiк капiтана:
      - Вам трэба было б ехаць у спальным вагоне.
      Марнасць гэтай парады ўзлавала яе i прымусiла на хвiлiнку забыцца на павагу да яго ўзросту i на ўдзячнасць за тое, што ён зрабiў для яе.
      - Хiба ж я магу дазволiць сабе ехаць у спальным вагоне? Я артыстка кардэбалета.
      Ён глянуў на яе вачыма, поўнымi маўклiвага спачування.
      - Вядома ж, такiх грошай у вас няма.
      - Што мне рабiць? Я хворая?
      - Хiба я магу даваць вам парады? Калi б у вас былi грошы, я мусiў бы сказаць вам: вазьмiце адпачынак на шэсць месяцаў, едзьце ў Паўночную Афрыку. Вы страцiлi прытомнасць, бо вельмi стамiлiся i замерзлi. Вядома, я ўсё гэта магу вам параiць, але ж якая ад гэтага карысць? У вас хворае сэрца. Шмат гадоў вы яго перанапружвалi.
      Крыху спалоханая, яна разгублена спытала ў яго:
      - Дык што ж мне рабiць?
      Яму засталося толькi бездапаможна развесцi рукамi:
      - Нiчога. Жывiце, як жылi. Старайцеся як мага болей адпачываць. Апранайцеся цёпла. Вы занадта лёгка апрануты.
      Прагучаў свiсток, i цягнiк, уздрыгнуўшы, пачаў рухацца. Лямпы станцыi паплылi мiма i знiклi ў цемры. Перад тым як пайсцi, доктар звярнуўся да яе:
      - Калi я вам яшчэ спатрэблюся, знойдзеце мяне ў трэцiм вагоне. Маё прозвiшча Джон. Доктар Джон.
      - А мяне завуць Корал Маскер, - з нясмелай ветласцю сказала яна.
      Ён злёгку схiлiў галаву, цырымонна, як робяць чужынцы, i пайшоў прэч. У яе ў памяцi засталiся яго вочы, якiя ўжо былi затуманеныя адчужанасцю, нiбыта асеннiм дажджом. Нiколi раней ёй не даводзiлася сутыкацца з тым, што пра яе так хутка забывалiся. "Такую дзяўчыну мужчыны хутка забываюць", праспявала яна цiхенька, каб крыху падбадзёрыць сябе.
      Але не паспеў доктар адысцi некалькi крокаў ад яе, як нехта яго спынiў. Гэта быў невысокi бледны чалавечак, якi пракраўся цiха i асцярожна, трымаючыся за парэнчы калiдора. Корал пачула, як ён звярнуўся да доктара:
      - Што тут здарылася? Можа, патрэбна мая дапамога? - ён быў на цэлы фут нiжэйшы за доктара, i яна ўголас засмяялася, убачыўшы, як, закiнуўшы галаву, ён пiльна ўглядаецца ў твар субяседнiку. - Не думайце, што гэта простая цiкаўнасць, - гаварыў ён, ухапiўшы доктара за рукаў. - Святар у маiм купэ вырашыў, што нехта захварэў. Я паабяцаў яму пайсцi i ўсё высветлiць, горача дадаў ён.
      Яшчэ раней Корал заўважыла, што доктар увесь час шпацыраваў сам-насам па калiдоры вагона, замест таго каб сядзець у кампанii iншых пасажыраў у сваiм купэ. Цяпер жа, насуперак яго волi, ён апынуўся ў цэнтры ўвагi: дакучлiвыя пытаннi i просьбы назалялi яму, як калючкi дзядоўнiку. Таму яна чакала, што доктар выбухне, накiнецца на гэтага назойлiвага тыпа з пракляццямi i той, зганьбаваны, нi з чым вернецца ў сваё купэ. Аднак доктар адказаў яму ветлiва i далiкатна, i гэта яе ўразiла.
      - Вы сказалi - каталiцкi святар?
      - Не, не, - пачаў апраўдвацца чалавечак. - Я не ведаю дакладна, якога ён веравызнання, да якой царквы належыць. Што ж тут усё-такi здарылася? Нехта памiрае?
      Доктар Джон, вiдаць, зразумеў, што апошнiя словы напалохалi Корал, i крыкнуў ёй з канца калiдора, каб яна не звяртала на iх увагi, а потым вырваўся з рук незнаёмага, якi затрымлiваў яго. Маленькi чалавечак на нейкi момант заставаўся шчаслiвым гаспадаром становiшча. Атрымаўшы з гэтага поўнае задавальненне, ён падышоў да дзяўчыны i запытаўся ў яе:
      - Што тут здарылася?
      Яна нават не глянула на яго, а звярнулася да чалавека, якi зычлiва паставiўся да яе:
      - Я ж не такая ўжо хворая, праўда?
      - Што мяне асаблiва ўразiла, дык гэта яго акцэнт, - працягваў незнаёмы. - Адразу вiдаць, што ён чужынец, хоць i назваў сябе нейкiм ангельскiм прозвiшчам. Бадай што, пайду i пагавару з iм.
      Розум у яе зусiм праяснiўся з таго моманту, калi яна прыйшла да памяцi: перакулены з ног на галаву свет, дзе не доктар, як на самой справе, а яна нахiлiлася над iм, i яму патрэбная была нiбыта яе спагада i клопат, - крута перавярнуў яе ўяўленне пра жыццё.
      - Не трэба яго турбаваць, - папрасiла яна незнаёмага, але таго ўжо не было побач, i ён не пачуў яе просьбы.
      - Як вы думаеце? - спытаў Майет. - Можа, ён мае рацыю? Можа, сапраўды тут крыецца нейкая таямнiца?
      - У кожнага з нас ёсць свае асабiстыя тайны.
      - Магчыма, ён хаваецца ад палiцыi?
      - Ён добры, - сказала яна з абсалютнай упэўненасцю ў справядлiвасцi гэтага сцвярджэння.
      Майет пагадзiўся з ёю - гэта дазволiла iм болей не думаць пра доктара.
      - Вам трэба легчы, - сказаў ён, - i пастарацца заснуць.
      Яна адказала няпэўна:
      - Я не змагу заснуць, калi побач тая жанчына з яе страўнiкам.
      Ён адразу прыгадаў мiстэра Пiтэрса, якi сядзiць у сваiм кутку i чакае, калi яна вернецца, каб узнавiць на дармаўшчыну бязвiннае задавольванне плоцкiх пажадаў, якое не выклiкае нiякiх непрыемнасцей. I Майет прапанаваў:
      - Вы павiнны пайсцi ў маё спальнае купэ.
      - Як? У вагоне першага класа?
      Тое, што яна не паверыла яму, хоць i вельмi хацела гэтага, вызначыла ўсё: Майет вырашыў зрабiць шырокi жэст у духу ўсходнiх багацеяў - паднесцi дарагi падарунак, не чакаючы i не патрабуючы нiчога ўзамен. Скнарлiвасць традыцыйны папрок людзям яго нацыянальнасцi, аднак ён пераканае адну з хрысцiянак у тым, што гэта зусiм не так. Сорак гадоў жыцця ў пустынi, далёка ад урадлiвых земляў Егiпта, выпрацавалi ў яго продкаў суровую звычку абыходзiцца некалькiмi фiнiкамi i глытком вады. Дый i тысячагоддзi, праведзеныя ў пустэчы хрысцiянскага свету, дзе даводзiлася дзеля бяспекi хаваць свае скарбы, не заахвочвала да шчодрасцi. Аднак свет змянiўся, пустыня расквiтнела, у розных месцах свету, асаблiва ў Заходняй Эўропе, жыд можа выявiць iншыя якасцi характару, раней уласцiвыя толькi арабам, - якасцi па-царску шчодрага гаспадара, якi здатны абмыць ногi жабраку i накармiць яго са сваёй талеркi; часам ён можа з ворага багатых хрысцiян ператварыцца ў сябра любога самага апошняга жабрака, што iмем госпада бога папросiць прытулку. Спакваля грукат цягнiка ацiхаў у яго галаве, святло ў вачах тухла, калi ён дзеля задавальнення пачуцця сваёй чалавечай годнасцi паставiў у аазiсе намёт i выкапаў у пустынi калодзеж. Ён развёў перад дзяўчынай рукi:
      - Так, вам трэба адпачыць, i вы будзеце спаць у маiм купэ. Я дамоўлюся з кандуктарам. I маё футра - вы павiнны яго ўзяць. Яно вас сагрэе. У Кёльне я прынясу вам кавы, а зараз вам лепей паспаць.
      - Я не змагу заснуць, пакуль не даведаюся, дзе вы самi будзеце спаць.
      - Знайду дзе-небудзь. У цягнiку гэтым разам шмат свабодных месцаў.
      Iзноў Корал адчула бязмежную пяшчоту, якая цяпер ужо не палохала яе, здавалася, што яе падхапiла цёплая хваля, i здарылася гэта непадалёк ад берага, i нават калi страх агорне яе, яна зможа стаць нагамi на пясчанае дно, - i гэтая хваля нясе яе, без нiякiх намаганняў з яе боку, туды, куды ёй хочацца, - да ложка, да падушкi, да свежых прасцiн, дзе яна зможа залезцi пад цёплую коўдру i заснуць. Яна сэрцам адчула, як да Майета разам з упэўненасцю вярнулiся мiласэрнасць, лiтасць, дабрыня, i замест таго каб прасiць прабачэння i нешта гаварыць суцяшальнае, ён проста ператварыўся ва ўвасабленне дабрынi i зычлiвасцi.
      Майет не стаў шукаць кандуктара, а прыткнуўся на адкiдным сядзеннi ў калiдоры, склаў накрыж рукi i ўладкаваўся падрамаць да Кёльна. Але без футры было вельмi холадна. Хоць усе вокны на калiдоры былi зачынены, усё адно цягнула скразняком з дзвярэй на пляцоўку памiж вагонамi. Дый грукатанне цягнiка цяпер было не такое аднастайнае, каб да яго прызвычаiцца: памiж Гербершталем i Кёльнам было шмат тунеляў, а ў кожным з iх грукат узмацняўся. Майет спаў неспакойна: iмклiвы напор выпушчанай пары i скразняк з дзвярэй, якi халадзiў яму твар, ублытвалiся ў яго трывожны сон. Калiдор ператварыўся ў Спанiердз-роўд*, абапал якой цягнулiся зараснiкi верасу. Iсаак павольна вёз яго ў сваiм "бэнтлi"**, яны разглядвалi дзяўчат, якiя шпацыравалi парамi ўздоўж асветленага лiхтарамi ўсходняга боку вулiцы, - гэта былi прадаўшчыцы, якiя рызыкоўна прапаноўвалi сябе за келiх вiна ў гатэлi, прагулку ў аўтамабiлi i за магчымасць павясялiцца на дармаўшчыну; на другiм баку вулiцы ў прыцемках сядзелi на лаўках прастытуткi, азызлыя, знябытыя i старыя; спiны ў iх былi павернуты да пясчаных адхонаў i кустоў верасу, яны чакалi якога-небудзь нямога цi сляпога мужчыну, зусiм лядачага, якi б прапанаваў iм дзесяць шылiнгаў.
      * Вулiца ў Лондане.
      ** Марка дарагога аўтамабiля кампанii "Ролс-ройс".
      Каля лiхтара Iсаак прытармазiў "бэнтлi", мiма праплывалi незнаёмыя, маладыя, прыгожыя твары дзяўчат. Iсааку чамусьцi хацелася пухленькую бландзiнку, а Майету - стройную брунетку, аднак падчапiць якраз такiх было нялёгка: уздоўж усходняга боку вулiцы цягнулася чарада машын iх супернiкаў, а дзяўчаты палiлi цыгарэты i пасмiхалiся, прыхiлiўшыся да адчыненых дзвярэй; на другiм баку вулiцы цярплiва вяла назiранне толькi iх адзiная двухмесная машына. Майета пачалi ўжо злаваць бескампрамiсныя дамаганнi Iсаака, у "бэнтлi" было холадна, у твар дзьмуў скразняк, - i ўбачыўшы, што мiма праходзiць Корал Маскер, ён выскачыў з машыны, прапанаваў ёй спачатку цыгарэту, потым выпiўку i, нарэшце, паездку ў машыне. "Такiя дзяўчаты маюць, зрэшты, адну добрую якасць, - думаў Майет, - яны ведаюць, што азначае паездка ў машыне, i, калi твой выгляд iм не даспадобы, яны проста гавораць, што iх чакаюць дома". Аднак Корал Маскер згадзiлася пакатацца з iм у машыне, i яны разам хаваюцца ў цемрадзi аўтамабiля. Лiхтары, гатэлi, будынкi засталiся ззаду, абапал дарогi пацягнулiся дрэвы, у зялёным святле фар яны здавалiся нiбыта сiлуэты, выразаныя з паперы, потым узнiклi кусты з водарам вiльготнай лiстоты, якая хавала ў сабе свежасць ранiшняга дажджу, i нарэшце кароткая жывёльная асалода ў стажку саломы. А што да Iсаака, то хай ён задавальняецца сваёй спадарожнiцай, хоць i цёмнавалосай, але пухленькай, лёгка апранутай дзяўчынай з вялiзным носам i вялiкiмi зубамi. Аднак калi гэтая дзяўчына садзiцца побач з Iсаакам на пярэднiм сядзеннi, яна паварочваецца да Майета, шырока ўсмiхаецца i кажа: "Я не захапiла з сабой вiзiтнай карткi, але маё прозвiшча - Стэйн". Потым, падхоплены моцным парывам ветру, ён караскаецца наверх па вялiзнай лесвiцы, учапiўшыся за срэбныя з пазалотай парэнчы, а гэтая дзяўчына чакае яго наверсе, i на твары ў яе ён бачыць чамусьцi вусiкi; яна паказвае яму на жанчыну, занятую бясконцым швiвам, i крычыць: "Пазнаёмцеся, гэта - мiстэр Экман!"
      Корал Маскер у адчаi адкiнула руку з коўдры: яна танцавала, танцавала i танцавала ў асляпляльных промнях тэатральных пражэктараў, а бязлiтасны рэжысёр усё бiў яе палкай па голых нагах, прыгаворваючы, што яна дрэнна танцуе, што спазнiлася на месяц i парушыла кантракт. А яна ўсё танцавала, танцавала i танцавала, не звяртаючы на яго нiякай увагi, а ён усё бiў яе палкай па нагах.
      Мiсiс Пiтэрс павярнула галаву i сказала мужу:
      - Гэтае пiва. Мой страўнiк нiяк не сцiхае. Усё бурчыць i бурчыць. Не магу заснуць.
      Мiстэру Оўпi прыснiлася, што ён - апрануты ў стыхар, з крыкетнай бiтай пад пахай i спартыўнай пальчаткай на запясцi - узыходзiць па агромнiстай мармуровай лесвiцы да святога прастола ў божым храме.
      Доктар Джон, якi нарэшце заснуў з горкай пiлюляй пад языком, раптам загаварыў па-нямецку. Яму не дасталася спальнага месца: ён сядзеў, выпрастаўшыся ў куточку купэ, i скрозь дрымоту пачуў, як за вокнамi загучала павольнае i распеўнае: "Кёльн, Кёльн, Кёльн".
      Частка другая
      КЁЛЬН
      1
      - Ну, вядома ж, любая, я не супраць таго, што ты п'яная, - сказала Джанет Пардаў. На вежы вакзала ў Кёльне гадзiннiк прабiў адзiн раз, i афiцыянт на тэрасе "Эксцельсiёра" пачаў выключаць святло. - Пачакай, любая, давай я прывяду ў парадак твой гальштук. - Яна нахiлiлася праз столiк i паправiла гальштук у Мейбл Уорэн.
      - Мы жывём разам тры гады, - сказала мiс Уорэн нiзкiм маркотным тонам, - i я нiколi не дазваляла сабе павышаць на цябе голас.
      Джанет Пардаў пакратала пальцам з парфумай за вушамi.
      - Напрамiлы бог, дарагая, паглядзi на гадзiннiк. Цягнiк адыходзiць праз паўгадзiны, мне трэба ўзяць багаж, а табе - iнтэрв'ю. Дапiвай свой джын, i пойдзем.
      Мейбл Уорэн дапiла джын. Потым паднялася з крэсла, i яе мажная постаць злёгку хiснулася. На ёй быў гальштук, крухмальны каўнерык i спартыўнага крою гарнiтур з цвiду. Бровы ў яе былi цёмныя, вочы карыя i рашучыя, а цяпер чырвоныя ад слёз.
      - Ты ж ведаеш, чаму я п'ю, - запярэчыла яна.
      - Усё гэта глупства, любая, - сказала Джанет Пардаў, глянуўшы ў люстэрка пудранiцы, каб канчаткова пераканацца, што прыгожая. - Ты добра напiвалася яшчэ да сустрэчы са мной. Хоць трошачкi ведай меру. Я ж пакiдаю цябе толькi на тыдзень.
      - Трымайся далей ад мужчын! - пахмурна сказала мiс Уорэн, а калi Джанет Пардаў паднялася, каб перайсцi вулiцу, яна моцна ўчапiлася за яе руку. Абяцай мне, што будзеш асцярожная. Калi б толькi я магла паехаць з табой! Каля самага ўвахода на вакзал яна ўлезла ў лужыну. - Ой, глянь толькi, што я нарабiла! Якая ж я няўклюда! Запэцкала табе прыгожы новы гарнiтур! Вялiкай, грубай рукой, аздобленай пярсцёнкам з пячаткаю на мезенцы, яна пачала чысцiць спаднiцу Джанет Пардаў.
      - Ох, напрамiлы бог, пойдзем хутчэй, Мейбл, - сказала Джанет.
      Настрой у мiс Уорэн змянiўся. Яна выпрасталася i заступiла Джанет дарогу.
      - Ты кажаш, я п'яная. Так, сапраўды, я п'яная. Але я нап'юся яшчэ болей.
      - Лепей пойдзем хутчэй.
      - Не, ты вып'еш са мной яшчэ крыху, альбо я не пушчу цябе на платформу.
      Джанет Пардаў саступiла:
      - Адну шклянку, толькi адну, май на ўвазе.
      Яна правяла Мейбл Уорэн цераз велiзарны, прасторны, блiскучы, чорны вестыбюль у пакой, дзе некалькi стомленых мужчын i жанчын паспешлiва глыталi кубачкi кавы.
      - Яшчэ адзiн джын, - папрасiла мiс Уорэн, i Джанет заказала ёй шклянку джыну.
      У люстры на супрацьлеглай сцяне мiс Уорэн убачыла сваю постаць: барвяна-чырвоны твар, валасы ўскалмачаныя, - даволi агiднае стварэнне, а побач з ёй другая, такая знаёмая i дарагая iстота - зграбная, цёмнавалосая, цудоўная, прыгожая. "Чаго я вартая? - з маркотай, уласцiвай п'янiцам, падумала яна. - Я яе стварыла, я нясу за яе адказнасць, - а потым з цынiчнай жорсткасцю дадала ў думках: - Яна ў мяне на ўтрыманнi. Усё, у што яна апранутая, аплачана мною, маiмi крывёю i потам (хоць батарэi ў рэстаране не ратавалi яе ад пранiзлiвага холаду), падымаюся на досвiтку, бяру iнтэрв'ю ў гаспадынь бардэляў у iхнiх логавах, у матак забiтых дзяцей, "асвятляю" тое, "асвятляю" гэтае. Яна ведала i нават ганарылася тым, што пра яе гаварылi ў рэдакцыях лонданскiх газет: "Калi вам трэба прымусiць чытачоў загаласiць, такi матэрыял зробiць вам толькi Незвычайная Мейбл". Яе ўладаннi - ажно да самага Рэйна, памiж Кёльнам i Майнцам не знойдзецца нiводнага мястэчка, вялiкага цi малога, дзе ёй не ўдалося выцягнуць шчырых чалавечых пачуццяў у людзей, зусiм ёй не знаёмых, яна насiльна выцягвала з вуснаў самых змрочных мужчын драматычныя прызнаннi, прыдумвала кранальныя словы за анямелых ад гора жанчын. Нiводзiн самазабойца, нiводная забiтая жанчына, нiводная згвалчаная дзяўчына не закраналi яе пачуццяў, не выклiкалi ў яе шкадавання. Яна - мастак, i яе задача - крытычна даследаваць, назiраць, прыслухоўвацца, а слёзы - яны выпадаюць чытачам газеты. Аднак цяпер яна сядзела i плакала ўголас, з агiднымi ўсхлiпамi, бо яе Джанет не будзе побач цэлы тыдзень.
      - У каго ты будзеш браць iнтэрв'ю? - спытала Джанет Пардаў. Яе гэта зусiм не цiкавiла, але яна хацела адцягнуць Мейбл Уорэн ад думак пра разлуку: яе слёзы выклiкалi агульную ўвагу. - Табе трэба прычасацца.
      Яна была проставалосая, i яе чорныя, каротка, па-мужчынску падстрыжаныя валасы зусiм раскудлацiлiся.
      - У Сейвары, - адказала мiс Уорэн. - Прадаў сотню тысяч экземпляраў кнiгi "Развясёлае жыццё". Паўмiльёна слоў. Дзве сотнi персанажаў. Генiяльны кокнi*. Выдатна валодае жывой гаворкай лонданцаў.
      * Карэнны жыхар Лондана.
      - А куды ён едзе ў гэтым экспрэсе?
      - Едзе на Ўсход збiраць матэрыял на новую кнiгу. Праўда, гэта не зусiм мая работа, аднак, калi выпала мне цябе праводзiць, выкарыстаю магчымасць i вазьму ў яго iнтэрв'ю. Заказалi мне артыкул на чвэрць газетнай калонкi, але, вiдаць, у Лондане скароцяць да пары абзацаў. Зараз яшчэ не час на такiя матэрыялы, а вось улетку яму б абавязкова адвялi паўслупка сярод паведамленняў пра русалак i марскiх канькоў.
      Раптоўны ўсплеск прафесiйнай цiкаўнасцi схлынуў, як толькi яна зноў глянула на Джанет Пардаў: ранiцай яна не ўбачыць, як Джанет у пiжаме налiвае ў кубачкi каву, а ўвечары, вярнуўшыся дадому, не ўбачыць, як Джанет у пiжаме размешвае кактэйль.
      - Дарагая, якую пару ты надзенеш сёння ўвечары? - хрыпла спытала яна. Дзiўна прагучала гэтае чыста жаночае пытанне, калi яго вымавiла мiс Уорэн сваiм нiзкiм мужчынскiм голасам.
      - Што ты маеш на ўвазе?
      - Пiжаму, дарагая. Я хачу ўявiць сабе, як ты будзеш выглядаць сёння ўвечары.
      - Вiдаць, сёння я наогул не буду распранацца. Слухай, ужо палова другой. Мы павiнны спяшацца. Ты не паспееш узяць iнтэрв'ю.
      Апошнiя словы абразiлi прафесiйную годнасць мiс Уорэн. Яна з пагардай фыркнула:
      - Няўжо ты думаеш, што я буду задаваць яму пытаннi? - сказала яна. - Я толькi кiну на яго позiрк i сама знайду за яго патрэбныя словы. Яму ж усё адно: гэта ж яму рэклама.
      - Але ж мне трэба знайсцi насiльшчыка, каб аднесцi мае чамаданы.
      Наведнiкi пачалi выходзiць з рэстарана. Дзверы адчынялiся i зачынялiся, i туды, дзе яны сядзелi, няясна даносiлiся галасы насiльшчыкаў i гудкi паравозаў. Джанет Пардаў зноў звярнулася да мiс Уорэн:
      - Трэба iсцi. Калi ты яшчэ хочаш джыну - можаш выпiць, але я пайду.
      Аднак мiс Уорэн нiчога не адказала, мiс Уорэн не звяртала на яе ўвагi. Джанет Пардаў стала сведкай звычайнага рытуалу ў журналiсцкай практыцы Мейбл Уорэн, - яна на вачах рабiлася цвярозай. Спачатку яе рука прычасала валасы, потым звыклым жаночым жэстам яна правяла насоўкай з пудрай па чырвоных шчоках i павеках. Адначасова яна кiнула позiрк на тое, што адлюстроўвалася ў блiжэйшых кубках, падносе i шклянках, а потым яе погляд дабраўся да люстраў на сцяне i яе адбiтку - гэта было падобна да чытання алфавiту па таблiцы ўрача-акулiста. У гэтым выпадку першая лiтара - вялiзная чорная "А" - пажылы мужчына ў плашчы, якi стаяў каля столiка, страсаючы з сябе крошкi, ён збiраўся выходзiць, каб паспець да адыходу цягнiка.
      - Божухна мой, - сказала мiс Уорэн, прыкрыўшы вочы рукой. - Я зусiм п'яная - нiчога не бачу. Хто гэта там?
      - Мужчына з вусiкамi?
      - Так. Ён самы.
      - Нiколi раней яго не бачыла.
      - Затое я сустракала. Недзе я яго бачыла. Але дзе?
      Штосьцi адцягнула яе думкi пра блiзкую разлуку, яе нос узяў след, i, пакiнуўшы недапiтую шклянку джыну, яна шырокiм крокам рушыла наўздагон мужчыну. Ён ужо выйшаў з рэстарана i хутка iшоў па зiхатлiвым чорным вестыбюлi да лесвiцы, а мiс Уорэн тым часам не магла адолець дзвярэй. Яна сутыкнулася з насiльшчыкам i ўпала на каленi, круцячы галавой, iмкнучыся пазбавiцца ад дурыкаў, зычлiвасцi, маркоты, выклiканых ап'яненнем. Насiльшчык спынiўся дапамагчы ёй. Учапiўшыся за яго руку, яна затрымала яго, пакуль не ўправiлася з языком.
      - Якi цягнiк iдзе з пятай платформы? - спытала яна.
      - На Вену.
      - I на Белград?
      - I на Белград.
      Зусiм выпадкова вырвалася ў яе "Белград", а не "Канстанцiнопаль", але гук яе асабiстага голасу праяснiў яе свядомасць. Яна крыкнула Джанет Пардаў:
      - Займi два месцы. Я паеду з табой да Вены.
      - А бiлет?
      - У мяне ёсць пасведчанне карэспандэнта. - Цяпер ужо яна зрабiлася нецярплiвая. - Хутчэй. Пятая платформа. Зараз гадзiна дваццаць восем. Засталося пяць хвiлiн. - Учапiўшыся з усяе сiлы за насiльшчыка, яна не адпускала яго. - Слухайце. Я хачу, каб вы перадалi маё паведамленне. Кайзер-Вiльгельм-штрасе, трыццаць тры.
      - Я не магу пайсцi з вакзала, - сказаў ён, iмкнучыся адчапiцца ад яе рукi.
      - Калi закончыцца ваша змена?
      - У шэсць.
      - Блага. Вы павiнны непрыкметна знiкнуць. Вы здолееце зрабiць гэта? Нiхто не заўважыць вашай адсутнасцi.
      - Мяне звольняць.
      - Рызыкнiце, - сказала мiс Уорэн. - За дваццаць франкаў.
      Насiльшчык адмоўна пахiтаў галавой.
      - Брыгадзiр заўважыць, што мяне няма на працы.
      - Я накiну зверху яшчэ дваццаць франкаў, брыгадзiру.
      - Брыгадзiр не пагодзiцца на гэта. Надта вялiкая рызыка, дый да начальнiка можа дайсцi.
      Мiс Уорэн адкрыла сумачку i пачала пералiчваць грошы. Над яе галавой гадзiннiк прабiў палову другой. Да адыходу цягнiка засталося дзве хвiлiны, аднак яна нi на iмгненне не выказала свайго адчаю - любое хваляванне спудзiць насiльшчыка.
      - Восемдзесят марак, а брыгадзiру дадзiце, колькi захочаце. Вас не будзе на працы толькi дзесяць хвiлiн.
      - Надта рызыкоўная справа, - сказаў насiльшчык, але ўсё-такi ўзяў грошы.
      - Слухайце мяне ўважлiва. Пойдзеце на Кайзер-Вiльгельм-штрасе, трыццаць тры. Знойдзеце кантору лонданскай газеты "Кларыён". Там абавязкова хто-небудзь будзе. Скажаце яму, што мiс Уорэн паехала Ўсходнiм экспрэсам у Вену. Сёння вечарам ён не атрымае яе iнтэрв'ю, а заўтра яна прадыктуе яму з Вены яго па тэлефоне. Скажаце, што яна натрапiла на след вельмi важнага матэрыялу для першай старонкi. А цяпер паўтарыце, што я вам сказала. Пакуль ён, запiнаючыся, марудна паўтараў даручэнне, яна не зводзiла вачэй з гадзiннiка. Гадзiна трыццаць адна з паловай. - Добра. Iдзiце. Але калi вы не перададзiце паведамленне да дзвюх гадзiн, я паскарджуся вашаму начальству, што вы займаецеся хабарнiцтвам. - Яна ўхмыльнулася яму з злавеснай весялосцю, паказаўшы буйныя, квадратныя зубы, i пабегла па лесвiцы.
      Гадзiна трыццаць дзве. Ёй здалося, што яна пачула свiсток паравоза, i адным махам пераскочыла праз тры прыступкi. Цягнiк ужо рушыў з месца, кантралёр паспрабаваў заступiць ёй дарогу, але яна адштурхнула яго ўбок, крыкнуўшы праз плячо: "Пасведчанне!" Апошнiя вагоны трэцяга класа праходзiлi мiма, набiраючы хуткасць. "Божухна, я кiну пiць", - паклялася яна ў думках. Потым ухапiлася рукой за парэнчу дзвярэй апошняга вагона, нейкi насiльшчык з крыкамi паспрабаваў утрымаць яе. Доўгiя дзесяць секунд, адольваючы пранiзлiвы боль у руцэ, яна думала, што яе зацягне з платформы пад колы апошняга вагона. Яе палохала высокая прыступка. "Я не дацягнуся да яе. Яшчэ трохi - i маё плячо не вытрымае. Лепей звалiцца на платформу i атрымаць страсенне мазгоў, чым паламаць абедзве нагi. Аднак жа якi цудоўны матэрыял згiне", - з горыччу падумала яна i скочыла на прыступку. Яе каленi дацягнулiся да прыступкi якраз у той момант, калi скончылася платформа. Знiк апошнi лiхтар станцыi, дзверы пад нацiскам яе цела адчынiлiся, i яна дагары тварам упала на калiдор. Потым, абапёршыся аб сценку, аберагаючы выцятае плячо, падумала з пераможнай i зласлiвай усмешкаю: "Незвычайная Мейбл паспяхова ажыццявiла пасадку ў экспрэс!"
      Ранiшняе святло пранiкла скрозь шчылiну памiж фiранкамi i закранула палiцу насупраць. Калi Корал Маскер прачнулася, першае, што кiнулася ёй у вочы, была гэтая палiца i скураны сакваяж. Яна адчувала стому, млявасць i яшчэ трывогу, калi прыгадала цягнiк, на якi ёй трэба паспець на вакзал Вiкторыя, засохлую яечню i чэрствыя лустачкi заўчарашняга хлеба, што чакалi яе на кухнi. "Шкада, што я пагадзiлася на гэтую працу!" - падумала яна. Цяпер, калi наблiжаўся час ад'езду, яна палiчыла б за лепшае выстаяць доўгую чаргу на прыступках лесвiцы на Шафтсберы-авеню i аддала б перавагу штучнай весялосцi пад час доўгага чакання каля ўвахода ў кантору агента. Яна адхiнула фiранку, i на iмгненне яе здзiвiў тэлеграфны слуп, якi хутка праляцеў мiма, зялёная рачулка з аранжавымi блiкамi ранiшняга сонца i парослыя лесам пагоркi. I раптам яна ўспомнiла ўсё.
      Было яшчэ рана - сонца ледзьве ўздымалася над узгоркамi. У вёсцы на другiм беразе замiгцелi агеньчыкi, некалькi дымкоў прамымi струменьчыкамi ўздымалiся ў бязветраным паветры над драўлянымi хаткамi: сяляне там распальвалi печы, гатавалi снеданне. Вёска была так далёка ад чыгункi, што здавалася нерухомая, яе можна было разгледзець, а вось дрэвы, хаткi на блiзкiм беразе i прывязаныя там лодкi шпарка знiкалi з вiду. Яна адхiлiла фiранку на шкляных дзвярах у калiдор i ўбачыла Майета - ён спаў, прыхiнуўшыся спiнаю да сцяны. Iнстынктыўна, першым яе памкненнем было разбудзiць яго, але потым яна вырашыла не чапаць, хай спiць, а самой зноў легчы на палiцу, выкарыстаўшы выгоды за кошт самаахвярнасцi блiзкага. Яна адчувала да яго пяшчоту, нiбыта ён даў ёй новую надзею на жыццё, дзе была не толькi заўсёдная барацьба i ўсяго трэба дабiвацца сваiмi намаганнямi. Бадай што, свет быў не такi ўжо жорсткi. Яна нагадала, як цёпла паставiўся да яе памочнiк капiтана, як ён крыкнуў на развiтанне: "Помнi пра мяне!" Зусiм магчыма, што памочнiк капiтана ўсё яшчэ помнiць яе, - гэты ж малады чалавек, якi спiць за дзвярыма, ён жа здолеў ахвяраваць некалькiмi гадзiнамi свайго жыцця дзеля зусiм незнаёмай дзяўчыны. Упершыню ёй прыйшла ў голаў шчаслiвая думка: "Магчыма, я жыву ў памяцi iншых людзей, не толькi тады, калi яны бачаць мяне цi гавораць са мной". Яна зноў глянула ў акно, аднак вёскi ўжо не было вiдно, таксама як i тых цудоўных зялёных пагоркаў, якiя яна бачыла раней, цяпер можна было бачыць толькi раку. I Корал iзноў заснула.
      Мiс Уоран, хiстаючыся, iшла па вагонах. Ёй цяжка было трымацца за парэнчы правай рукой: усё яшчэ балела плячо, хоць яна ўжо праседзела амаль дзве гадзiны ў вагоне трэцяга класа. Яна пачувала сябе разбiтай, яе крыху нудзiла, хмель яшчэ не выйшаў з галавы, думкi блыталiся, аднак яна трымала нос па ветры i не губляла следу. За дзесяць гадоў журналiсцкай кар'еры дзесяць гадоў яна крэмзала карэспандэнцыi пра жаночыя правы, згвалтаваннi, забойствы - яна нiколi не была такая блiзкая да надзвычайнага паведамлення на першай паласе: матэрыял гэты не для грашовых газет. Каб раздабыць такi матэрыял, сам карэспандэнт газеты "Таймс" ахвяраваў бы год жыцця. "Далёка не кожнаму ўдалося б скарыстаць зручны момант, як скарыстала яго я, - з гордасцю падумала яна, - ды яшчэ п'яная ўдрызг". Яна iшла, хiстаючыся, уздоўж шэрага купэ першага класа з высока ўзнятай галавою, нiбыта на ёй была набакiр карона.
      Удача не пакiдала яе. З купэ выйшаў мужчына i накiраваўся ў туалет. Калi яна прыцiснулася да сцяны, каб прапусцiць яго, дык заўважыла, што якраз той самы чалавек у плашчы, якога яна шукала, дрэмле ў кутку i ў купэ болей няма нiкога. Мужчына ўзняў вочы i ўбачыў у дзвярах мiс Уоран, якая крыху хiсталася туды-сюды.
      - Можна да вас? - спытала яна. - Я села ў Кёльне i не магу знайсцi месца. - Голас у яе быў нiзкi, амаль мяккi, нiбыта яна ўгаворвала любiмага сабаку ўвайсцi ў камеру, дзе яго збiралiся ўсыпiць.
      - Месца занятае.
      - Толькi на хвiлiначку, - сказала мiс Уорэн. - Хай адпачнуць крышачку ногi. Мне так прыемна, што вы гаворыце па-ангельску. Мяне заўсёды агортвае страх, калi падарожнiчаю ў цягнiку, дзе няма нiкога, апроч чужаземцаў. Чалавеку можа што-небудзь спатрэбiцца позняй ноччу, а звярнуцца няма да каго. - Яна нацягнена ўсмiхнулася. - Па-мойму, вы доктар?
      - Быў некалi iм.
      - I вы едзеце ў Белград?
      Злёгку ўстрывожаны, ён кiнуў хуткi позiрк на яе, якi яна не заўважыла. Ён пiльна агледзеў яе прысадзiстую, абцягнутую цвiдам фiгуру, крыху нахiленую ўперад, бляск пярсцёнка з пячаткаю, пачырванелы ад нецярплiвасцi твар.
      - Не, - адказаў ён. - Значна блiжэй.
      - А я еду толькi да Вены, - сказала мiс Уорэн.
      - А чаму вы вырашылi?.. - павольна пачаў ён, сумняваючыся, цi правiльна ён робiць, звяртаючыся да яе з гэтым пытаннем: яму было нязвыкла сустрэцца з небяспекай у выглядзе ангельскай векавухi, крыху п'янай ад джыну, пах якога ён адчуваў у купэ.
      Рызыкоўныя сiтуацыi, у якiя ён трапляў раней, навучылi яго ў такiя моманты крыху пахiтаць галавой, цi памахаць пальцам, цi проста сказаць няпраўду. Мiс Уорэн таксама адчувала няпэўнасць, i яе няпэўнасць была падобная да iскры надзеi ў зняволенага ў турме.
      - Мне здалося, што я вас бачыла ў Белградзе.
      - Нiколi не даводзiлася там бываць.
      Яна вырашыла пайсцi ў адкрытую, адкiнуўшы ўсялякiя хiтрыкi.
      - Мне давялося быць у Белградзе прадстаўнiком сваёй газеты пад час суду над Камнецам.
      Аднак ён ужо зразумеў, што трэба паводзiць сябе абачлiва, i глянуў на яе, не выказваючы зусiм нiякай цiкаўнасцi.
      - Суд над Камнецам?
      - Калi генерал Камнец быў абвiнавачаны ў згвалтаваннi. Цынер быў там галоўны сведка абвiнавачвання. Аднак генерала, зразумела, апраўдалi. Прысяжныя былi падабраны з яго прыхiльнiкаў. Урад нiколi не дазволiў бы засудзiць такога чалавека. З боку Цынера было проста глупства даваць паказаннi супраць генерала Камнеца.
      - Глупства?
      Яго тон ветлiвага субяседнiка ўзлаваў яе.
      - Вядома ж, вы чулi пра Цынера? Яго хацелi прыстрэлiць за тыдзень да суду, калi ён сядзеў у кавярнi. Цынер быў правадыр сацыял-дэмакратаў. Ён назаляў уладам тым, што даў паказаннi супраць Камнеца - ордэр на яго арышт за дачу непраўдзiвых паказанняў быў выпiсаны яшчэ за дванаццаць гадзiн да заканчэння судовага працэсу. Яны проста сядзелi i чакалi апраўдальнага прыгавору Камнецу.
      - Калi гэта было?
      - Пяць гадоў таму.
      Ён уважлiва сачыў за ёй, прыкiдваючы, якi адказ найбольш раззлуе яе.
      - Ну, гэта ўжо старая гiсторыя. Цынера выпусцiлi з турмы?
      - Ён выслiзнуў з iх рук. Шмат чаго я дала б, каб даведацца, як гэта яму ўдалося здзейснiць. З гэтага мог бы атрымацца выдатны матэрыял у газету. Ён проста знiк. А ўсе думалi, што яго забiлi.
      - А яго на самой справе забiлi?
      - Не. Ён ад iх уцёк.
      - Разумны чалавек.
      - А вось у гэтым я зусiм не ўпэўненая, - злосна запярэчыла яна. Разумны чалавек нiколi не даваў бы паказанняў супраць Камнеца. Што яму да таго Камнеца i да той дзяўчынкi? Ён быў дурань, строiў з сябе Дон-Кiхота.
      З-за адчыненых дзвярэй пацягнула холадам, i доктара перасмыкнула.
      - Ноч выдалася пакутлiвая, - сказаў ён.
      Яна адмахнулася ад яго слоў стомленым жэстам вялiкай, грубай рукi.
      - Толькi ўявiце сабе, - сказала яна з захапленнем. - Пакуль прысяжныя засядалi, ён выйшаў з залы суда на вачах у палiцыi. Яны сядзелi i нiчога не маглi зрабiць, пакуль не вернуцца прысяжныя. Ох, магу прысягнуць, што бачыла загад пра арышт Цынера, якi тырчаў з кiшэнi ў Хартэпа. А Цынер знiк, нiбыта яго i не было зусiм. Далей усё пайшло па-ранейшаму. Нават у Камнеца.
      Доктар не здолеў схаваць сваю поўную горычы цiкаўнасць.
      - На самой справе? Нават у Камнеца?
      Яна скарыстала спрыяльную сiтуацыю i загаварыла сiплаватым голасам, даўшы волю сваёй фантазii:
      - Так, калi б ён зараз вярнуўся, дык знайшоў бы, што нiчога не змянiлася: гадзiннiк можна было б перавесцi назад. Хартэп усё гэтаксама займаецца хабарнiцтвам, Камнец юрлiва вышуквае маленькiх дзяўчынак, тыя самыя трушчобы, тыя самыя кавярнi, дзе даюць канцэрты ў шэсць i ў адзiнаццаць гадзiн. Карл звольнiўся з "Масковы", вось i ўсе навiны, а на яго месцы працуе афiцыянтам француз. Адкрыўся, праўда, новы кiнатэатр каля парку. Ах, вось яшчэ навiна: забудавалi сад з пiўной Кругера, там зараз кватэры для дзяржаўных чыноўнiкаў.
      Ён прамаўчаў, не ведаючы, чым адказаць на гэты новы ход працiўнiка. Значыцца, пiўной Кругера больш няма, а з ёй знiклi i казачныя лiхтарыкi, i яркiя парасоны, i цыганы, якiя цiха iгралi ў прыцемку, пераходзячы ад столiка да столiка. I Карла няма. На iмгненне ён здольны быў аддаць у рукi гэтай жанчыны сваю бяспеку i бяспеку сваiх сяброў у абмен на звесткi пра Карла. Можа, ён сабраў усе свае чаявыя, i жыве самотна ў адной з тых новых кватэр каля парку, i раскладае сурвэткi на сваiм стале, выцягвае корак з бутэлькi, каб напоўнiць свой келiх? Ён разумеў, што яму трэба перапынiць размову з гэтай п'янай, небяспечнай жанчынай, што сядзiць насупраць, але ён не быў здольны вымавiць нiводнага слова, пакуль яна паведамляла яму навiны пра Белград, тыя навiны, пра якiя яго сябры нiколi не пiсалi яму ў сваiх штотыднёвых зашыфраваных лiстах.
      Было i яшчэ нешта, пра што яму дужа карцела спытацца ў яе. Яна сказала, што трушчобы такiя самыя, як i былi раней, i ён нiбыта адчуў пад нагамi крутыя прыступкi, якiя вялi ў вузкiя цяснiны вулачак, упоперак якiх была развешана бялiзна, ён прыкладаў да носа насоўку, каб перабiць пах сабак, дзяцей, пратухлага мяса i чалавечых экскрэментаў. Яму хацелася ведаць, цi памятаюць там доктара Цынера. Ён быў знаёмы там з кожным жыхаром, знаёмы так блiзка, што яны маглi б палiчыць такую дасведчанасць у iх жыццi небяспечнай, калi б поўнасцю не давяралi яму, калi б па паходжаннi ён не належаў да iх. I таму яго там абкрадалi, давяралi яму свае тайны, гасцiнна сустракалi, сварылiся з iм i любiлi яго. Пяць гадоў - доўгi тэрмiн. Яго маглi ўжо i забыць.
      Тут мiс Уорэн перавяла дух.
      - Аднак блiжэй да справы. Я хачу ўзяць у вас iнтэрв'ю выключна для сваёй газеты. "Як я ўцёк?" Цi: "Чаму я вяртаюся на радзiму?"
      - Iнтэрв'ю?
      Ён паўтараў яе словы, i гэта дзейнiчала на нервы, у яе галава расколвалася ад болю, адчувала яна сябе пагана. Яна часта карысталася гэтым словам, каб выказаць сваю нянавiсць да мужчын, да ўсiх iх выкрутасаў i хiтрыкаў, да таго, як яны нахабна растоптваюць прыгажосць, а потым, крадком, уцякаюць прэч, - яны абуджалi ў ёй толькi агiду. Яны заўсёды выхваляюцца жанчынамi, якiя далi iм асалоду. Нават гэты пажылы мужчына з пабляклым тварам, што сядзiць перад ёй, у свой час бачыў прыгажосць голага жаночага цела, яго рукi, якiя зараз абхапiлi каленi, гладзiлi, дамагалiся, атрымлiвалi асалоду. А ў Вене яна страцiць Джанет Пардаў, якая трапiць у свет, дзе пануюць мужчыны. Яны будуць гаварыць ёй лiслiвыя словы, дарыць квяцiстыя танныя падарункi, нiбыта яна нейкая дзiкунка, якую можна спакусiць люстэркам i шклянымi пацеркамi з "Вулворта"*. Аднак больш за ўсё яе бянтэжыла тое, што сама Джанет будзе атрымлiваць асалоду - да ўцех мужчын ёй не было нiякай справы. Не кахаючы яе зусiм - не пакахаўшы яе нават на гадзiну, на дзень, на год, - мужчыны будуць прымушаць яе млець ад асалоды, рыдаць ад здавальнення плоцкiх жаданняў. А вось яна, Мейбл Уорэн, якая ўратавала яе ад мiзэрнага лёсу гувернанткi, кармiла яе, адзявала, гатовая кахаць яе з нязменнай страсцю бясконца, да скону жыцця, магла толькi пацалункамi выказаць сваю любоў, ёй заўсёды наканавана ўсведамляць, што яна не здатная прынесцi ёй поўную асалоду i сама не адчувае нiчога, апроч незадаволеных жаданняў. I вось зараз, калi ў яе трашчыць ад болю галава, калi ад яе нясе п'яным смуродам, калi яна разумее, як агiдна выглядае яе счырванелы твар, Мейбл Уорэн моцна ненавiдзела гэтых "паганых" мужчын, iх настырнасць i штучную прывабнасць.
      * Унiверсальная крама ў Лондане, дзе гандлююць таннымi таварамi.
      - Вы доктар Цынер.
      Ушчэнт раззлаваная мiс Уорэн заўважыла, што ён нават i не iмкнецца схаваць, хто ён на самой справе, а проста нахабна паведамляе ёй прозвiшча, пад якiм падарожнiчае.
      - Маё прозвiшча - Джон.
      - Доктар Цынер, - гыркнула яна, прыкусiўшы зубамi нiжнюю губу, каб не страцiць самавалодання.
      - Рычард Джон, настаўнiк, еду адпачываць.
      - У Белград?
      - Не. - Ён хвiлiнку павагаўся. - У Вену.
      Яна яму не паверыла, але з усяе сiлы прымусiла сябе быць ветлiвай.
      - I я еду да Вены. Калi хочаце, я пакажу вам некаторыя выдатнасцi горада? - У дзвярах з'явiўся мужчына, i яна паднялася. - Выбачайце, калi ласка. Гэта ваша месца. - Яна ўсмiхнулася, гледзячы ў канец купэ, ледзь устаяла на нагах, калi цягнiк прагрукацеў на стыку рэек, не стрымаўшы адрыжкi, якая iмгненна запоўнiла ўсё купэ смуродам джыну i таннай пудры, што пасыпалася з яе твару. - Мы яшчэ сустрэнемся да Вены, - паабяцала яна i, зрабiўшы некалькi крокаў па калiдоры, прыхiлiлася гарачым тварам да сцюдзёнага, бруднага акна, адчуваючы, як яе агортвае агiда да самой сябе за тое, што яна напiлася i выглядае неахайнай. "I ўсё-такi я яго дастану, падумала яна, пачырванеўшы ад сораму за сваю адрыжку, нiбыта паненка на званым абедзе. - Чаго б мне гэта нi каштавала, чэрцi б яго задралi!"
      Ласкава-лагоднае святло залiло ўсё купэ. На хвiлiнку здалося, што сонца ўвасабляе штосьцi, поўнае любовi i спагады да людзей. Чалавечыя iстоты плавалi нiбыта рыбы ў залацiстай вадзе, вызваленыя ад зямнога прыцяжэння, празрыстыя i ясныя, яны нiбыта луналi без крылаў у шкляным акварыуме. Пачварныя твары i выродлiвыя фiгуры, можа, i не зрабiлiся прыгожыя, але ператварылiся ў нейкiя дзiвосныя формы пад уплывам гэтых незвычайных абставiн. У гэтай залацiстай плынi яны ўзляталi ўгору i падалi ўнiз, перашэптвалiся i аддавалiся марам. Яны не былi зняволеныя, бо ў гэты раннi час яны не адчувалi сябе ў палоне.
      Корал Маскер iзноў прачнулася. Яна адразу ж паднялася i падышла да дзвярэй. Майет стомлена драмаў, вочы ў яго зрэдку расплюшчвалiся ў такт цягнiку. Яе свядомасць заставалася надзвычай ясная, нiбыта гэтае залацiстае святло пранiкала паўсюль, i ёй рабiлiся зразумелыя звычайна схаваныя жаданнi, памкненнi i ўчынкi, на якiя яна, як правiла, не зважала. Цяпер, калi яна назiрала за iм i ён усвядомiў яе прысутнасць, Корал убачыла, як ён памкнуўся рукамi зрабiць нейкi жэст, але спынiўся. Яна зразумела, што ён свядома затрымаў гэты жартаўлiвы жэст, характэрны людзям яго нацыянальнасцi.
      - Я свiння. Вы прабылi на калiдоры цэлую ноч, - мякка сказала яна.
      Ён вiнавата пацiснуў плячыма, нiбы лiхвяр, якi назначыў надта нiзкую цану за дарагi гадзiннiк цi багатую вазу.
      - Той бяды! Я хацеў, каб вы адпачылi спакойна. Мне ўсё адно трэба было дачакацца кандуктара. Можна мне ўвайсцi?
      - Калi ласка. Гэта ж ваша купэ.
      Ён усмiхнуўся, не ўтрымаўся i шырока развёў рукi, схiлiўшы перад ёю галаву ў лёгкiм паклоне.
      - Прашу прабачэння. Яно ваша. - Ён дастаў з рукава насоўку, узмахнуў рукамi: - Увага! Глядзiце! Бiлет першага класа.
      Бiлет вылецеў з насоўкi i ўпаў на падлогу памiж iмi.
      - Ён - ваш.
      - Не, ваш.
      Ён весела засмяяўся, убачыўшы яе здзiўлены твар.
      - Што вы? Я не магу ўзяць яго. Слухайце, вiдаць, ён каштуе дорага.
      - Дзесяць фунтаў, - выхваляючыся, сказаў ён. - Дзесяць фунтаў. - Ён паправiў гальштук i нядбала кiнуў: - Мне гэта дробязь.
      Аднак яго самаўпэўненасць i самахвальства насцярожыла яе.
      - Чаго гэта вы дамагаецеся? Вы за каго мяне прымаеце? - спытала яна з непрыхаваным глыбокiм падазрэннем. Бiлет ляжаў каля iх ног. Нiшто не прымусiла б яе падняць яго. Яна тупнула нагой - золата патухла i зрабiлася жоўтай плямаю на шкле i падушках. - Я iду на сваё месца.
      - Мне няма нiякай справы да вас. Хапае мне свайго клопату. Калi вам бiлет не патрэбны, можаце яго выкiнуць, - з выклiкам сказаў ён.
      Корал бачыла, што ён назiрае за ёй. Яго плечы зноў самаўпэўнена ўзнялiся, самаўпэўнена i нядбала. Яна адвярнулася да акна, да ракi i да моста, што праплывалi мiма, да аголенай бярозкi, усыпанай раннiмi пупышкамi, i цiха заплакала. "Вось уся мая ўдзячнасць за спакойную, доўгую ноч салодкага сну, вось як я прымаю падарункi. - I яна з сорамам i смуткам нагадала свае дзявочыя сны пра цудоўных, славутых куртызанак, якiя прымалi падарункi ад прынцаў. - А я лаюся на яго, як стомленая афiцыянтка".
      Яна пачула, як Майет паварушыўся ў яе за плячыма, i зразумела, што ён нахiлiўся па бiлет. Яна хацела павярнуцца да яго, падзякаваць яму, сказаць: "Як цудоўна было б ехаць увесь час на гэтых мяккiх падушках, спаць на гэтым месцы, забыцца на тое, што едзеш працаваць, уявiць, што ты багатая. Нiколi i нiхто не быў да мяне такi добры, як вы". Але словы, сказаныя раней, вульгарнасць яе падазрэнняў нiбыта класавы бар'ер паўсталi памiж iмi.
      - Дайце мне вашу сумачку, - сказаў ён. Яна, не павярнуўшыся да яго, перадала сумачку i пачула, як яго пальцы адчынiлi замок. - Я кладу яго туды. Калi не хочаце скарыстацца iм, - не трэба. Проста прыходзьце пасядзець тут, калi захочаце. Цi паспiце тут, калi стомiцеся.
      "Я ўвесь час стомленая, - думала яна. - Я магла б спаць тут гадзiны".
      - Але ж цi змагу я? - сказала яна здушаным голасам, ледзь стрымлiваючы слёзы.
      - За мяне не турбуйцеся, - сказаў ён. - Я знайду сабе другое купэ. Ноччу я спаў на калiдоры толькi таму, што вельмi хваляваўся за вас: раптам вам спатрэбiлася б мая дапамога.
      Яна зноў заплакала, прыхiлiўшыся лбом да акна, прыплюшчыўшы вочы, так што павекi нiбы фiранкамi адсланiлi яе ад перасцярог абазнаных у жыццi сухецкiх бабуль: "Мужчыне трэба толькi адно. Не бяры падарункаў у незнаёмых мужчын". Ёй заўсёды казалi: "Чым даражэйшы падарунак, тым большая небяспека. Нават шакалад i паездка ў аўтамабiлi пасля тэатра, у цемры, вядуць да пацалункаў у губы цi ў шыю, ды яшчэ, бадай што, сукенку памнуць". Ад дзяўчыны чакаюць платы - на гэтым сыходзяцца ўсе парады: на дармаўшчыну нiчога не робiцца. Пiсьменнiкi наконт Рубi М. Эйрэс* могуць сцвярджаць, што цнота каштуе даражэй за рубiны, аднак на самай справе цана нявiннасцi футра цi якаясь iншая каштоўная рэч. Нельга ж узяць футра ў мужчыны i не пераспаць з iм: не пераспiш - ён будзе незадаволены. Так кажуць усе пажылыя жанчыны. А гэты чалавек заплацiў дзесяць фунтаў.
      * Рубi М. Эйрэс (1883-1962) - папулярная ў 20-я гады ангельская пiсьменнiца, аўтар бульварных раманаў.
      Ён узяў яе за локаць.
      - Што з вамi? Вам блага?
      Яна згадала руку, якая ўзбiвала падушкi, шоргат яго крокаў, калi ён выходзiў з купэ. I паўтарыла:
      - Але ж цi змагу я? - Аднак на гэты раз яна нiбыта прымушала яго сказаць нешта i абвергнуць увесь яе жыццёвы вопыт, падказаны беднасцю.
      - Ведаеце што, давайце мы зараз сядзем, i я вам нешта пакажу, - сказаў ён. - Гэта Рэйн.
      Ёй раптам зрабiлася смешна.
      - Я ўжо здагадалася.
      - Вы заўважылi скалу, амаль на сярэдзiне ракi, - мы яе толькi праехалi? Гэта скала Ларэляй. Гейнэ.
      - А што гэта - Гейнэ?
      - Адзiн жыд, - задаволена ўдакладнiў ён.
      Яна пачала забываць пра рашэнне, якое мусiла была прыняць, i з цiкавасцю сачыла за iм, iмкнучыся знайсцi што-небудзь новае ў рысах яго твару, да якога ўжо прывыкла: маленькiя вочкi, вялiкi нос, чорныя напамаджаныя валасы. Часта сустракала яна такiх мужчын, то ў першых радах правiнцыйнага тэатра - ён мог быць афiцыянтам у смокiнгу, то за пiсьмовым сталом у канторы агента па найме, то за кулiсамi пад час рэпетыцыi, то каля службовага ўвахода пасля прадстаўлення; у тэатральным свеце паўсюль гучаў яго то мяккi i лiслiвы, то ўладарны голас. Звычайна такiя мужчыны былi жмiнды i скнары, хоць часам i ў iх здаралiся прыступы высакародства i шчодрасцi, але давяраць iм нельга нiколi. Зычлiвая ўхвала на рэпетыцыi нiчога не значыла: пасля гэтага, седзячы ў сваiм кабiнеце i пацягваючы вiскi, такi чалавек мог сказаць: "Тое дзяўчо з першага рада нiчога не вартае". Яго нельга было ўзлаваць, ён нiколi нiкога не абразiць, нiколi не скажа слоўца больш зняважлiвага, чым "дзяўчо", а паведамленне пра звальненне прыходзiла ў выглядзе надрукаванай на машынцы паперкi, кiнутай у тваю паштовую скрынку.
      Магчыма, што ўсе гэтыя рысы характару не перашкаджалi ёй ставiцца да жыдоў добра, бо яны ва ўсiх абставiнах захоўвалi дзiўную абыякавасць, а магчыма, таму, што яна лiчыла, што кожная дзяўчына павiнна быць далiкатная. Корал сказала ветлiва:
      - Жыды надта артыстычныя, праўда? Ведаеце, амаль увесь аркестр ансамбля "Ата Гёрл" быў з жыдоў.
      - Так, - адказаў ён з незразумелай ёй горыччу.
      - А вы любiце музыку?
      - Я iграю на скрыпцы, праўда, не надта добра.
      Ёй здалося, што ў даўно знаёмых вачах з'явiлася нейкае не зусiм зразумелае ажыўленне.
      - Мне заўсёды хацелася заплакаць, калi спявалi "Санi Бой", - сказала яна. Яна ведала, што нiколi не можа знайсцi патрэбных слоў, адпаведных яе пачуццям, - яна не магла выказаць словамi, што адчувае, i таму часта гаворыць недарэчы. Вось i тут яна заўважыла, як незразумелае ажыўленне знiкла з яго вачэй.
      - Паглядзiце, ракi ўжо няма. Мы праехалi Рэйн, - нечакана сказаў ён. Ужо час снедаць.
      Ёй зрабiлася крыху няёмка прызнацца, што яна не пойдзе з iм снедаць, але не стала тлумачыць, а сказала шчыра:
      - Мне трэба схадзiць па сакваяж. У мяне там бутэрброды.
      Ён пiльна паглядзеў на яе:
      - Няўжо вы назапасiлi на тры днi?
      - О не. Толькi на ўчарашнюю вячэру i сённяшняе снеданне. На гэтым я зэканомiла каля васьмi шылiнгаў.
      - Ну, вы проста скупая, як шатландцы. Паслухайце. Вы пойдзеце снедаць са мной.
      - А што яшчэ, па-вашаму, я павiнна рабiць з вамi?
      Ён усмiхнуўся.
      - Зараз скажу: абедаць, пiць гарбату i вячэраць. А заўтра...
      Уздыхнуўшы, яна яго перабiла:
      - Па-мойму, вы крыху з'ехалi з глузду. Дарэчы, вы нiадкуль не ўцяклi?
      Твар у яго спахмурнеў, цiхiм голасам ён спытаў:
      - Вам непрыемна са мной? Вам са мной нудна?
      - Не. Зусiм не нудна. Але ж чаму вы гэта ўсё робiце для мяне? Я зусiм не прыгажуня i, па-мойму, асаблiвым розумам не вылучаюся.
      Яна горача чакала, каб ён запярэчыў: "Не, вы цудоўная, прыгожая i разумная", - тых неверагодных слоў, якiя б вызвалiлi яе ад патрэбы плацiць яму цi адмовiцца ад яго падарункаў: прыгажосць i розум цэняцца вышэй, чым любы прапанаваны падарунак, а калi дзяўчыну кахаюць, дык нават шматвопытныя бабулi пагодзяцца, што яна мае права браць i нiчога не даваць узамен. Але ён ёй не запярэчыў. Яго тлумачэнне было амаль зняважлiва простае.
      - Мне так лёгка гаварыць з вамi. У мяне такое адчуванне, нiбыта я вас даўно ведаю.
      - Так, мне здаецца, што i я вас даўно ведаю, - суха сказала яна, адчуўшы звыклую горыч расчаравання. Яна ўзгадала бясконцую лесвiцу, дзверы ў кантору агента i маладога зычлiвага жыда, якi цярплiва i ветлiва тлумачыў, што ён не можа нiчога прапанаваць ёй, абсалютна нiчога.
      "Пэўна ж, мы разумеем адно аднаго, - думала яна, - добра ўсведамляем гэта, таму i не знаходзiм патрэбных слоў". Дрэвы i будынкi з'яўлялiся i знiкалi на фоне бледна-блакiтнага, воблачнага неба, бук змяняўся елкай, елка - вязам, а вяз - каменем. Свет, нiбыта расплаўлены на гарачай плiце, тапырыўся i прымаў розныя формы, то падобныя на язык полымя, то на лiсток канюшыны. Iх думкi заставалiся тыя самыя, гаварыць не было пра што, бо яны ўсё ведалi адно аб адным.
      - На самой справе, вам жа асаблiва i не хочацца, каб я снедала з вамi, - сказала яна, iмкнучыся захаваць разважлiвасць i абачлiвасць i неяк парушыць няёмкае маўчанне. Аднак ён не пагадзiўся з ёю.
      - Не, я сапраўды хачу, - адказаў ён з некаторай няпэўнасцю, i яна зразумела, што ёй трэба быць цвёрдай: падняцца, пакiнуць яго, вярнуцца ў свой вагон - ён лiшне пярэчыць не будзе. Але ў сакваяжы ў яе былi толькi чэрствыя бутэрброды i крышку ўчарашняга малака ў бутэльцы з-пад вiна, а з калiдора пахла гарачай кавай i свежым белым хлебам.
      Мэйбл Уорэн налiла сабе кавы, моцнай, без малака i цукру.
      - Гэта найлепшы матэрыял, якi я калi-небудзь здабывала. Я была сведка, як пяць гадоў таму ён выходзiў з судовай залы, а тым часам Хартэп сачыў за iм з ордэрам на яго арышт у кiшэнi. Кэмбел з газеты "Ньюс" адразу ж кiнуўся за iм, аднак на вулiцы згубiў яго. Дадому ён болей не прыходзiў, i з таго часу пра яго болей нiчога не чулi. Усе лiчылi, што яго забiлi, аднак я нiколi не магла зразумець аднаго: калi яго хацелi забiць, дык навошта было выпiсваць ордэр на арышт.
      - Уявi сабе, - без усякай цiкавасцi сказала Джанет Пардаў, - што ён адмовiцца гаварыць з табой.
      Мiс Уорэн разламала булачку.
      - У мяне яшчэ нiколi не было няўдач.
      - Ты сама прыдумаеш што-небудзь за яго?
      - Не той выпадак. Гэта падыдзе Сейвары, а не яму. Я прымушу яго даць мне iнтэрв'ю, - сказала яна злосна. - Любым спосабам. Пакуль мы едзем да Вены. У мяне ёсць амаль дванаццаць гадзiн. - I дадала ў роздуме: - Кажа, што ён школьны настаўнiк. Хто ведае? Выдатная будзе карэспандэнцыя. А куды ён едзе? Сказаў, што выходзiць у Вене. Калi праўда, то я выйду разам з iм. Калi спатрэбiцца, паеду з iм у Канстанцiнопаль. Але ў гэта я не веру. Ён едзе дамоў.
      - У турму?
      - На суд. Хутчэй за ўсё ён давярае тым людзям. Яго заўсёды любiлi ў трушчобах. Але ён дурань, калi лiчыць, што яго там памятаюць. Пяць гадоў! Так доўга нiхто не памятае.
      - Дарагая, як сумна ты на ўсё глядзiш.
      Мейбл Уорэн з цяжкасцю прыходзiла ў сябе i вяртала цвярозы погляд на рэчы: кава плёскалася ў яе кубку, столiк крыху пагойдваўся, насупраць сядзела Джанет Пардаў. У такiх выпадках Джанет Пардаў звычайна незадаволена капылiла губкi, насуплiвалася, спрачалася i злавалася, але цяпер яна ўпотай паглядала на жыда, якi сядзеў за столiкам з дзяўчынай, на думку Ўорэн, праставатай, але вясёлай i прываблiвай. "А што да жыда, дык адзiная яго добрая якасць - маладосць i грошы, аднак гэтага хапае, каб прыцягнуць увагу Джанет", - з горыччу падумала Мейбл Уорэн, разумеючы, што гэта праўда.
      - Ты ж ведаеш, што гэта - праўда, - сказала яна, усведамляючы, што гнеў яе марны. Шырокай, агрубелай рукой яна разламала яшчэ адну булачку. Яе хваляванне ўзмацнялася па меры таго, як яна ўсведамляла ўсю жахлiвасць сваiх здагадак. - Ты пра мяне забудзеш праз тыдзень.
      - Ну, вядома ж, не, дарагая. Паслухай, я табе ўсiм абавязана.
      Словы гэтыя не супакоiлi Мейбл Уорэн. "Калi кахаеш па-сапраўднаму, думала яна, - не думаеш, чым ты абавязана". Свет, як лiчыла яна, падзяляецца на тых, хто жыве розумам, i тых, хто жыве пачуццямi. Першыя бяруць у разлiк купленыя iм сукенкi, аплачаныя рахункi, але сукенкi з часам выходзяць з моды, а вецер падхоплiвае рахункi са стала i зносiць iх прэч, i ў любым выпадку доўг будзе аплачаны пацалункам цi iншай якой ласкай. Аднак тыя, хто жыве розумам, пра ўсё забываюць, а тыя, хто жыве пачуццямi, помняць усё, яны не бяруць i не пазычаюць, яны плацяць нянавiсцю цi любоўю. "Я адна з iх, думала мiс Уорэн, вочы яе напоўнiлiся слязьмi, а булачка засела ў горле. - Я адна з тых, хто кахае i помнiць заўсёды, хто захоўвае вернасць мiнуламу i носiць жалобныя гарнiтуры i жалобныя павязкi на рукаве. Я нiчога не забываю". Яе погляд слiзгануў па дзяўчыне, што сядзела побач з тым мужчынам, - так стомлены матацыклiст з неадольным жаданнем пазiрае на просценькi гатэль з пунсовымi фiранкамi на вокнах i марыць пра таннае пiва, а потым iзноў едзе далей да шыкоўнага гатэля з музыкай i пальмамi. "Я загавару з ёю, яна зграбная, - падумала яна. - Зрэшты, нельга ж усё жыццё пражыць з грудным, падобным на музыку голасам, з статнай, як пальма, фiгурай. Вернасць зусiм не тое самае, што ўспамiны: можна забыць i заставацца верным, а можна памятаць i парушыць вернасць".
      "Я кахаю Джанет Пардаў, я заўсёды буду кахаць Джанет Пардаў", спрачалася яна сама з сабою. Джанет адкрыла ёй, што такое каханне, у самы першы вечар iх сустрэчы ў кiнатэатры на Кайзер-Вiльгельм-штрасе, i ўсё-такi, усё-такi... Абедзве яны тады адчулi агiду да акцёра, якi выконваў галоўную ролю. Здарылася так, што Мейбл Уорэн гучным голасам па-ангельску выказала свае пачуццi ў напружанай цiшынi цёмнай залы: "Мне агiдныя такiя распусныя мужчыны!" - i пачула словы згоды, вымаўленыя нiзкiм, музычным голасам. Аднак нават тады Джанет Пардаў пажадала даглядзець фiльм да канца, да апошнiх абдымкаў, да фiнальнай завуалiяванай распусты. Мейбл Уорэн угаворвала яе пайсцi i дзе-небудзь выпiць, але Джанет Пардаў сказала, што хоча даглядзець кiнахронiку, i яны абедзве засталiся. Здаецца, у самы першы вечар выявiўся характар Джанет - потым з гэтым яе характарам давялося сутыкацца заўсёды: непазбежна даводзiлася пагаджацца з ёю ва ўсiм. Так было да ўчарашняга вечара, калi яна вырашыла вызвалiцца ад Мейбл Уорэн.
      - Не выношу жыдоў, - злосна вымавiла Мейбл Уорэн, нават не стараючыся панiзiць голас.
      I Джанет Пардаў, глянуўшы на Мейбл Уорэн вялiкiмi прамянiстымi вачыма, пагадзiлася:
      - Гэтаксама i я, дарагая.
      З раптоўным адчаем Мейбл Уорэн звярнулася да яе:
      - Джанет, калi мяне не будзе побач, цi будзеш ты памятаць, як мы кахалi адна адну? Ты ж не дазволiш нiводнаму мужчыну дакрануцца да цябе?
      Ёй было б прыемна пачуць пярэчаннi, атрымаць магчымасць паспрачацца, прыводзiць доказы, нейкiм чынам накласцi пячатку на гэтую няўлоўную душу, аднак адзiнае, чаго яна дачакалася, была згода, выказаная абыякавым тонам:
      - Ну, вядома ж, дарагая. Хiба я магу?
      Калi б Мейбл Уорэн абярнулася да люстры, убачыла б там сваё рэальнае аблiчча, якое вярнула б ёй разважлiвасць i цвярозы розум. "Ну, гэта не па мне, - разважала яна, - трэба знайсцi задавальненне ў чым-небудзь прыгожым". Няма нiчога добрага ў тым, каб думаць пра сябе, пра свае жорсткiя валасы, пра чырвоныя павекi, пра мужчынскi немiлагучны голас. Любы мужчына, нават самы звычайны жыд, быў ёй сапраўдным супернiкам. Калi яна знiкне з яе жыцця, прыгажуня Джанет Пардаў спакваля ператворыцца ў пустое месца, амаль не будзе iснаваць, хоць i будзе па iнерцыi спаць, есцi, выклiкаць захапленне. Аднак хутка яна зноў будзе сядзець у камфартабельным крэсле, крышыць пальцамi падсмажаны хлеб i казаць: "Ну, вядома, вы маеце рацыю. Я заўсёды адчувала гэта". Кубак задрыжаў у руцэ Мейбл Уорэн, кава пералiлася цераз край i запэцкала ёй спаднiцу, на якой ужо былi плямы ад тлушчу i пiва. "Якая рознiца, - цынiчна падумала яна, - чым займаецца Джанет, калi я пра гэта не ведаю. Якая рознiца, калi яна дазволiць якому-небудзь мужчыне зацягнуць сябе ў ложак, калi яна зноў вернецца да мяне". Але апошняя думка прымусiла яе скалануцца ад душэўнага болю. "Наўрад цi Джанет вернецца да старой, непрыгожай, прыдуркаватай бабы, - разважала яна. - Джанет будзе расказваць яму пра мяне, пра два гады, праведзеныя са мною, пра тыя днi, калi мы былi шчаслiвыя, пра тое, якiя я ўчыняла ёй сцэны, нават пра вершы, якiя я ёй прысвячала. А ён будзе насмiхацца, i яна будзе насмiхацца, i, смеючыся, яны лягуць у ложак. Лепей мне цвёрда вырашыць, што гэта канец, што яна нiколi не вернецца да мяне пасля адпачынку. Я ж нават не ведаю дакладна, цi сапраўды яна збiраецца наведаць дзядзьку. Ну, хопiць ужо, свет на ёй клiнам не сышоўся, - думала мiс Уорэн, крышачы булачку i з адчаем паглядаючы на свае недагледжаныя, нязграбныя рукi. - Вось, напрыклад, гэтая дзяўчынка, яна такая ж бедная, якой была Джанет у той вечар у кiнатэатры; яна такая ж чароўная, як Джанет, - проста асалода гадзiнамi сядзець i назiраць за кожным рухам цудоўнага цела Джанет: Джанет робiць прычоску, Джанет пераапранае сукенку, Джанет нацягвае панчохi, Джанет змешвае кактэйль. Але, магчыма, у гэтай дзяўчынкi значна болей розуму, хай сабе пасрэднага, але вострага".
      - Дарагая, ты што, утрэскалася ў гэтае дзяўчо? - весела спытала Джанет.
      Цягнiк гайдануўся, i з грукатам уварваўся ў тунель, i вырваўся з яго, заглушыўшы адказ Мейбл Уорэн, схапiўшы яго, як сярдзiтая рука выхоплiвае лiст паперы, раздзiрае яго i выкiдвае шматкi, i толькi на адным з iх можна прачытаць слова "Назаўсёды", - таму нiхто, апроч Мейбл Уорэн, не зможа здагадацца, што яна сказала на самой справе: цi прысягнула захаваць вернасць назаўсёды, цi заявiла, што нiхто не зможа заставацца верным назаўсёды аднаму чалавеку. I калi цягнiк iзноў выйшаў на сонечнае святло, заблiшчалi кафейнiкi, забялелi настольнiкi i сурвэткi, за вокнамi былi вiдаць палi, на якiх пасвiлiся каровы, а потым густы ельнiк, - мiс Уорэн забылася, што яна хацела сказаць, бо ўвага яе была ўжо на чалавеку, якi ўваходзiў у рэстаран. Яна пазнала ў iм суседа Цынера. У гэты момант дзяўчына паднялася. Яна i яе спадарожнiк гаварылi так рэдка, што мiс Уорэн не магла зразумець, цi знаёмыя яны адно з адным наогул. Яна спадзявалася, што яны не ведаюць адно аднаго, бо ў галаве яе ўзнiк план, якi дасць ёй не толькi загаварыць з дзяўчынаю, але i дапаможа ёй раз i назаўсёды прыкаваць Цынера да першай паласы газеты атрымаецца выдатнае распяцце.
      - Да пабачэння, - сказала дзяўчына.
      Мейбл Уорэн, сочачы за ёй поглядам спрактыкаванай назiральнiцы, заўважыла, як яе спадарожнiк уцягнуў галаву ў плечы, нiбыта прысаромлены звычайны зладзюжка, якi, прыўзняўшыся з лавы падсудных, нясмела пратэстуе супраць несправядлiвага прыгавору i робiць гэта хутчэй па звычцы, чым ад сапраўднага ўсведамлення несправядлiвасцi. Неспрактыкаваны назiральнiк мог бы па iх тварах падумаць, што гэтая пара пасварылася, але Мейбл Уорэн разбiралася ў гэтым лепей.
      - Я ўбачу вас яшчэ? - спытаў жыд, i дзяўчына адказала:
      - Калi захочаце мяне ўбачыць, вы добра ведаеце, дзе мяне знайсцi.
      - Да пабачэння. У мяне ёсць свае справы, Джанет, - сказала Мейбл Уорэн, i яна пайшла следам за дзяўчынай з вагона-рэстарана цераз хiсткi пераход памiж вагонамi, якi гойдаўся з боку на бок, спатыкаючыся i трымаючыся рукой за сцены. Занятая распрацоўкай блiскучай аперацыi, яна ўжо не зважала на галаўны боль. Калi яна гаварыла, што ў яе ёсць свае справы, яна не манiла, у яе ўжо выспела блiскучая iдэя, i яе галава зараз была падобная на залiтую святлом залу ў гуле зачараванага натоўпу. Усё сышлося як трэба - гэта яна добра ўсведамляла, i адразу пачала прыкiдваць, якое месца ў газеце могуць даць ёй у Лондане: раней яна нiколi не друкавалася на першай паласе. У iх ёсць матэрыялы пра канферэнцыю па ўсеагульным раззбраеннi, арышт пэра за растрату i жанiцьба баранета на дзяўчыне з амерыканскага вар'етэ. Нiводзiн з гэтых матэрыялаў не належаў да разраду надзвычайных: перад тым як адправiцца на вакзал, яна прагледзела тэлеграфную стужку агенцтва "Навiны". "Канферэнцыю па агульным раззбраеннi i дзяўчыну з вар'етэ паставяць на заднюю паласу, калi няма паведамлення пра вайну цi пра смерць караля, мой матэрыял будзе галоўны на першай паласе", - думала яна. Не зводзячы вачэй з дзяўчыны, якая iшла наперадзе, яна ўявiла сабе доктара Цынера, стомленага, у пашарпанай, старамоднай вопратцы, з высокiм каўнерам i вузкiм туга завязаным гальштукам, - ён сядзiць у кутку свайго купэ, абхапiўшы рукамi каленi, а яна меле лухту яму наконт Белграда. "Доктар Цынер жыве", - прыкiдвала яна, прыдумваючы загалоўкi. - Не, гэта не падыдзе, ужо мiнула пяць гадоў, i не ўсе памятаюць яго прозвiшча. "Чалавек-загадка вяртаецца"... "Як доктар Цынер пазбег смерцi"... "Толькi ў нашай газеце"...
      - Мiлая дзяўчына! - задыхаючыся, паклiкала яна, ухапiўшыся за парэнчы, - было вiдаць, што яе палохае чарговы пераход: грукатанне металу i скрыгат буфераў.
      Голасу яе не было чуваць, таму яна мусiла была зноў паўтарыць свой зварот, гукнуўшы дзяўчыну на ўвесь голас. Гэты гучны вокрык не пасаваў да ролi, якую яна ўзяла на сябе: пажылая жанчына, у якой перахапiла дыханне. Дзяўчына азiрнулася i падышла да яе. На яе прастадушным тварыку, бледным i засмучаным, можна было лёгка прачытаць усе яе пачуццi.
      - Што здарылася? Вам блага? Вы захварэлi?
      Мiс Уорэн не зварухнулася з месца. Стоячы на другiм канцы пакладзеных адзiн на адзiн сталёвых лiстоў, яна напружана абдумвала, як паводзiць сябе з дзяўчынай.
      - Ох, дарагая, як мне прыемна, што вы ангелька. Мне так блага. Я не магу перайсцi да вас. Ведаю, што я баязлiвая старая дурнiца, - ёй было агiдна, што неабходнасць вымагала яе нагадаць свой сапраўдны ўзрост, - калi б вы падалi мне руку дапамогi?
      "На такую гульню мне не хапае доўгiх валасоў - выглядала б болей па-жаноцку, - думала яна, - шкада, што пальцы жоўтыя. Дзякуй богу, ад мяне ўжо не нясе джынам".
      Дзяўчына зрабiла крок ёй насустрач.
      - Вядома, дапамагу. Вам не трэба баяцца. Вазьмiцеся за маю руку.
      Мiс Уорэн учапiлася за руку дзяўчыны сваiмi моцнымi пальцамi, нiбыта сцiскаючы шыю нейкага злога сабакi.
      Калi яны дайшлi да наступнага калiдора, яна зноў загаварыла. Шум цягнiка крыху сцiшыўся, i яна магла панiзiць голас да хрыплага шэпту.
      - Калi б у цягнiку знайшоўся доктар, мая дарагая. Я так блага сябе пачуваю.
      - Але ж тут ёсць доктар. Яго завуць Джон. Ноччу я самлела, i ён дапамог мне.
      - Я так баюся дактароў, дарагая, - сказала мiс Уорэн, радуючыся ў душы: вельмi пашанцавала, што дзяўчына ведае Цынера. - Спярша давайце крышачку пагаворым: мне трэба супакоiцца. Як вас завуць, мiлачка?
      - Корал Маскер.
      - Можаце называць мяне Мейбл. Мейбл Уорэн. У мяне ёсць пляменнiца, вельмi падобная да вас. Я працую ў Кёльне, карэспандэнтам у адной газеце. Абавязкова прыязджайце наведаць мяне як-небудзь. Цудоўная кватэрка. Вы зараз у адпачынку?
      - Я танцую. Еду ў Канстанцiнопаль. Там захварэла адна дзяўчына ў ангельскiм шоў.
      Трымаючы руку дзяўчыны ў сваёй, усхваляваная да глыбiнi сэрца, Мейбл Уорэн раптам адчула неадольнае жаданне праявiць сваю шчодрасць самым абсурдным спосабам. Чаму б не адмовiцца ад надзеi захаваць пры сабе Джанет Пардаў i не прапанаваць гэтай дзяўчыне скасаваць кантракт i заняць месца Джанет у якасцi платнай кампаньёнкi?
      - Вы такая прыгожанькая, - уголас сказала яна.
      - Прыгожанькая, - паўтарыла Корал Маскер. Яна нават не ўсмiхнулася нiшто не магло пахiснуць яе недаверу. - Вы што, кпiце з мяне?
      - Мая дарагая, вы такая добрая i мiлая.
      - Вось тут вы сапраўды маеце рацыю, - загаварыла Корал Маскер крыху вульгарным тонам, i гэта на iмгненне азмрочыла мары Мейбл Уорэн. Дзяўчына гаварыла ўмольна: - Хопiць ужо гаварыць мне пра маю дабрыню. Лепей скажыце iзноў, што я прыгожанькая.
      Мейбл Уорэн пагадзiлася з вялiкай ахвотай:
      - Мiлачка мая, вы проста цудоўная. - Велiзарнае здзiўленне, з якiм дзяўчына выслухала яе, было кранальнае: слова "цнота" мiльганула ў разбэшчанай гарадскiм жыццём свядомасцi Мейбл Уорэн. - Вам нiхто ў жыццi не казаў гэтага? - нецярплiва i недаверлiва спытала Мейбл Уорэн з маленнем у голасе. - Нават ваш малады сябар у вагоне-рэстаране?
      - Я знаёмая з iм вельмi мала.
      - Думаю, вы дастаткова разважлiвая, мая дарагая. Жыдам давяраць нельга.
      - Вы лiчыце, што ён падумаў тое самае? - павольна сказала Корал Маскер. - Што ён мне не спадабаўся, бо ён жыд?
      - Яны ўжо прызвычаiлiся да гэтага, дарагая.
      - У такiм разе я пайду i скажу яму, што ён мне падабаецца, што мне заўсёды падабалiся жыды.
      Мейбл Уорэн злосна працадзiла скрозь зубы шэптам непрыстойную лаянку.
      - Што вы сказалi?
      - Вы ж не кiнеце мяне ў такiм стане, пакуль не знойдзеце доктара? Паслухайце, маё купэ ў самым канцы цягнiка, я еду з пляменнiцай. Я пайду туды, а вы пашукайце доктара.
      Яна прасачыла, як Корал Маскер знiкла, i праслiзнула ў туалет. Паравоз раптоўна спынiўся, а потым даў заднi ход. Глянуўшы ў акно, мiс Уорэн пазнала шпiлi Вюрцбурга, мост цераз Майн. Паравоз заганяў пад навес вагоны трэцяга класа, манеўруючы ўзад i ўперад памiж сiгнальнымi будкамi i запаснымi пуцямi. Мiс Уорэн пакiнула дзверы прыадчыненымi, каб назiраць за калiдорам. Калi з'явiлiся Корал Маскер i доктар Цынер, яна зачынiла дзверы i пачакала, пакуль iх крокi не зацiхлi. Iм было яшчэ доўга iсцi па калiдорах, i, калi яна паспяшаецца, часу ёй хопiць. I выслiзнула з туалета. Перш чым яна паспела зачынiць дзверы, цягнiк таргануўся i рушыў, i дзверы з бразгатам зачынiлiся, але нi Корал Маскер, нi доктар Цынер не абярнулiся.
      Мейбл Уорэн нязграбна пабегла па калiдоры, iмклiвы ход цягнiка кiдаў яе ад адной сцяны да другой, яна ўдарыла руку i калена. Пасажыры, якiя вярталiся са снедання, прыцiскалiся да вокнаў, каб прапусцiць яе, некаторыя лаялiся па-нямецку, ведаючы, што яна ангелька, i думалi, што яна iх не разумее. Яна злосна ўсмiхалася iм услед, паказваючы вялiзныя пярэднiя зубы, i бегла далей. Патрэбнае купэ знайсцi было лёгка - яна пазнала плашч, якi вiсеў у кутку, i мяккi паношаны брыль. На сядзеннi ляжала ранiшняя газета: доктар Цынер, пэўна, купiў яе некалькi хвiлiн таму на вакзале ў Вюрцбургу. За той кароткi час, пакуль яна даганяла Корал Маскер, яна прадумала кожны свой ход: пасажыр, якi ехаў у тым самым купэ, снедае ў рэстаране, доктар Цынер шукае яе на другiм канцы цягнiка, i яго не будзе, прынамсi, некалькi хвiлiн.
      За гэты час яна павiнна шмат што разведаць, каб прымусiць яго загаварыць.
      Спачатку плашч. У кiшэнях нiчога не было, акрамя пачка запалак i цыгарэт "Голд Флейк". Яна ўзяла брыль i прашчупала стужку i паглядзела за падшыўкаю. Ёй ужо даводзiлася часам знаходзiць вельмi патрэбную iнфармацыю, схаваную ў брылi, але ў доктарскiм нiчога не аказалася. Зараз наступiў самы небяспечны момант вобыску - бо брыль i нават кiшэнi плашча можна агледзець непрыкметна, а сцягнуць чамадан з сеткi, узламаць замок сцiзорыкам i падняць века - гэта ўжо надта падводзiла яе пад пагрозу быць абвiнавачанай у крадзяжы. Дый яшчэ адно лязо сцiзорыка зламалася, калi яна корпалася з замком. Кожны, хто пройдзе мiма купэ, адразу здагадаецца, чым яна тут займаецца. З пакрытым потам iлбом яна ўсё болей шалела ад спешкi. "Калi мяне заспеюць тут, звальнення не пазбегнуць. Самая танная газецiна ў Ангельшчыне не даравала б такога, а калi мяне выганяць, я страчу Джанет i шанцы займець Корал. А калi дасягну сваёй мэты, - думала яна, тузаючы, пiхаючы, абдзiраючы пазногцi, - мне дадуць усё, што захачу, у абмен на такi матэрыял можна будзе патрабаваць надбаўку, прынамсi, чатыры фунты ў тыдзень. Я змагу наняць большую кватэру. Калi Джанет даведаецца пра гэта, яна вернецца да мяне, тады ўжо яна мяне не кiне. За такiя грошы я куплю сабе шчасце i спакой", мiльганула ў галаве, i замок, нарэшце, падаўся, века паднялося, i яе пальцы дабралiся да тайнiкоў доктара Цынера. I першым такiм тайнiком быў шарсцяны бандаж.
      Яна асцярожна падняла яго i знайшла пашпарт. Ён быў на iмя Рычарда Джона, прафесiя - настаўнiк, узрост - пяцьдзесят шэсць год. "Гэта яшчэ нiчога не значыць, - думала яна. - Усе яны, падазроныя чужаземныя палiтыкi, добра ведаюць, дзе купiць пашпарт". Яна паклала пашпарт туды, дзе знайшла, i пачала мацаць рукамi адзенне, прабiраючыся да сярэдзiны чамадана, да таго месца, куды не даходзяць звычайна мытнiкi, - яны заўсёды правяраюць багаж знiзу i збоку. Яна спадзявалася адшукаць якую-небудзь брашуру цi пiсьмо, але там аказаўся толькi стары "Бедэкер"* выдання 1914 года - "Канстанцiнопаль, Малая Азiя, Балканы, Архiпелаг, Кiпр", загорнуты ў штаны. Аднак Мейбл Уорэн рабiла ўсё старанна i дакладна: мяркуючы, што яшчэ каля хвiлiны ёй нiчога не пагражае. Калi аглядаць ужо болей нiчога не засталося, яна раскрыла "Ведэкер" - дзiўна было, чаму ён так старанна схаваны. Яна паглядзела на форзац i з расчараваннем прачытала iмя Рычарда Джона, напiсанае дробным няроўным почыркам - кончык пяра крэмзаў паперу. Але пад прозвiшчам быў напiсаны адрас: Скул Хаўс, Грэй Берчынгтан-он-Сi - яго варта было запомнiць. "Кларыён" можа паслаць туды супрацоўнiка ўзяць iнтэрв'ю ў дырэктара школы. Пэўна, з гэтага можа атрымацца неблагi матэрыял.
      * Папулярныя i шырока распаўсюджаныя ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзяў даведнiкi па розных краiнах Эўропы, якiя выдавалiся серыямi ў Германii; названыя па iменi пачынальнiка серыi.
      Даведнiк, вiдаць, быў куплены ў букiнiста, вокладка была вельмi пашарпаная, на форзацы наклейка з iмем прадаўца на Чарынг-Крос-роўд. Яна разгарнула кнiгу на раздзеле, прысвечаным Белграду. Там была схема горада памерам на старонку, яна была ададраная ад карашка, але нiякiх паметак на ёй не было. Мiс Уорэн прагледзела кожную старонку, прысвечаную Белграду, потым кожную пра Сербiю, кожную пра дзяржавы, якiя цяпер уваходзяць у склад Югаславii, - нiчога там не было асаблiва прыметнага, апроч чорнай кляксы. Яна кiнула б пошукi, калi б не знайшла кнiгу ў такiм месцы. Упарта, не давяраючы сваiм вачам, яна ўпэўнiвала сябе, што кнiга была схавана нездарма, значыцца, у ёй павiнна быць тое, што трэба было схаваць. Бегла праглядаючы старонкi i прытрымлiваючы iх вялiкiм пальцам - яны клалiся няроўна з-за мноства складзеных карт, - яна ўбачыла на адной старонцы нейкiя лiнii, кружочкi i трохкутнiкi, накрэсленыя чарнiлам паверх тэксту. Але ў тэксце iшла гаворка толькi пра нейкае невядомае мястэчка ў Малой Азii, лiнii ж маглi быць накрэмзаны няўмелай рукой дзiцяцi з дапамогай лiнейкi i цыркуля. Вядома, калi гэтыя лiнii - нейкi код, толькi эксперт змог бы iх расшыфраваць. "Ён мяне перамог, - з нянавiсцю падумала яна, прыводзячы ў парадак усё, што было ў чамадане, - тут нiчога няма". Але ёй не захацелася класцi "Бедэкер" назад на месца. Калi ён яго схаваў, у гэтай кнiзе нешта не так. Рызыка ўжо i так была даволi вялiкая, таму яна, не раздумваючы доўга, вырашыла яшчэ крыху рызыкнуць. Зачынiўшы чамадан, яна паклала яго назад на сетку, а "Бедэкер" засунула пад кофтачку i зацiснула пад пахай - там можна было прытрымлiваць яго збоку рукой.
      Аднак вяртацца адразу на сваё месца было неразумна - яна можа сустрэць па дарозе доктара Цынера. Тут яна нагадала Куiна Сейвары, у якога збiралася ўзяць iнтэрв'ю на вакзале. Твар яго быў ёй добра вядомы па фатаграфiях у "Татлеры", па карыкатурах у "Нью-Йоркеры", па накiдах алоўкам у "Меркурыi". Блiзарука прыплюснуўшы вочы, яна крадком глянула ўздоўж калiдора, потым хутка пайшла па вагоне. У першым класе Куiна Сейвары шукаць не было чаго, але яна знайшла яго ў спальным вагоне другога класа. Уткнуўшыся падбароддзем у каўнер палiто, абхапiўшы рукою люльку, ён сачыў маленькiмi блiскучымi вочкамi за тымi, хто праходзiў па калiдоры. У кутку насупраць драмаў святар.
      Мiс Мейбл Уорэн адчынiла дзверы, увайшла ў купэ i села з упэўненым выглядам, не чакаючы запрашэння. Яна ведала, што прапануе гэтаму чалавеку тое, чаго ён сам прагне, - папулярнасць, а сама не атрымлiвае нiчога раўнацэннага ўзамен. Не было патрэбы звяртацца да яго лiслiва, заваблiваць яго намёкамi, як яна старалася завабiць доктара Цынера, бо яна магла абразiць Сейвары беспакарана, бо ад прэсы залежаў продаж яго кнiг.
      - Вы мiстэр Куiн Сейвары? - спытала яна i краем вока ўбачыла, што святар глянуў на свайго суседа з павагай i цiкаўнасцю. "Ну i ёлуп няшчасны, - падумала яна, - яго ўразiў тыраж у сто тысяч, а мы прадаём два мiльёны - у дваццаць разоў болей людзей прачытаюць заўтра пра доктара Цынера". - Я карэспандэнт газеты "Кларыён". Хачу ўзяць у вас iнтэрв'ю.
      - Мяне гэта неяк застала неспадзеўкi, - сказаў мiстэр Сейвары, высунуўшы падбароддзе з-пад каўнера палiто.
      - Не трэба хвалявацца, - звыкла вымавiла мiс Уорэн. Яна выцягнула з сумачкi блакнот i адкрыла яго. - Толькi некалькi слоў ангельскiм чытачам. Падарожнiчаеце iнкогнiта?
      - О не, не, - запярэчыў мiстэр Сейвары. - Я не належу да каралеўскай сям'i.
      Мiс Уорэн пачала пiсаць.
      - Куды вы едзеце?
      - Ну, перш-наперш, у Канстанцiнопаль, - сказаў мiстэр Сейвары з прамянiстай усмешкаю, усцешаны цiкавасцю да яго асобы. Але яе цiкаўнасць iзноў перакiнулася на "Бедэкер", на нядбайна накрэсленыя геаметрычныя фiгуры. - Потым, магчыма, у Анкару, на Далёкi Ўсход, у Багдад, у Кiтай.
      - Пiшаце кнiгу падарожжаў?
      - Ах, не, не! Мае чытачы чакаюць рамана. Ён будзе называцца "Паехалi за гранiцу". Прыгода аднаго вясёлага кокнi. Гэтыя краiны, iх цывiлiзацыi, - ён акрэслiў рукой кола ў паветры. - Германiя, Турцыя, Аравiя, яны будуць толькi фонам галоўнаму герою, уладальнiку тытунёвай крамы ў Лондане. Разумееце?
      - Вядома, разумею, - адказала мiс Уорэн, хутка запiсваючы: "Доктар Рычард Цынер, адзiн з буйнейшых рэвалюцыйных дзеячаў пасляваеннага часу, у дарозе на радзiму, у Белград. Пяць гадоў усе лiчылi яго забiтым, аднак увесь гэты час ён жыў i працаваў настаўнiкам у Ангельшчыне, чакаючы спрыяльных абставiн". - "А якiх?" - разважала мiс Уорэн.
      - Ваша думка пра сучасную лiтаратуру? - спытала яна. - Пра Джойса, Лоўрэнса i ўсiх iншых?
      - Усё гэта мода, а яна, як вядома, мiнае, - экспромтам адказаў мiстэр Сейвары, нiбыта стварыў эпiграму.
      - А як наконт Шэкспiра, Чосера, Чарльза Рыда* i iншых?
      * Ангельскi пiсьменнiк (1814-1884), аўтар гiстарычных раманаў.
      - А вось яны будуць жыць, - урачыста вымавiў мiстэр Сейвары.
      - А багема? Што вы пра яе думаеце? Таверна Фiцроя?* - "Быў выпiсаны ордэр на яго арышт, - пiсала яна, - але яго нельга было выкарыстаць да заканчэння судовага працэсу. Калi суд закончыўся, доктар Цынер знiк. Палiцыя арганiзавала назiранне за ўсiмi вакзаламi i спыняла кожны аўтамабiль. Нiчога дзiўнага, што неўзабаве пайшлi чуткi, нiбыта доктар Цынер быў забiты агентамi ўрада".
      * Папулярная ў 20-30-х гадах кавярня пiсьменнiкаў у Лондане, у арыстакратычным раёне Соха.
      - Вы не прыхiльнiк эксцэнтрычнага адзення, чорнага брыля, аксамiтнай курткi i г. д.?
      - Думаю, што такiя экстравагантнасцi губяць пiсьменнiкаў, - сказаў мiстэр Сейвары. Цяпер ён адчуваў сябе ў сваёй талерцы i, працягваючы гаворку, крадком пазiраў на святара. - Я не паэт. Паэт - iндывiдуалiст. Ён можа апранацца як хоча, ён залежыць толькi ад сябе самога. Празаiк залежыць ад iншых людзей, ён звычайны чалавек, якi здольны выказваць свае думкi. Ён назiральнiк, - працягваў мiстэр Сейвары, усё болей уваходзячы ў ролю папулярнага пiсьменнiка. - Ён павiнен усё бачыць навокал, а сам мусiць заставацца непрыкметны. Калi ж людзi пачынаюць яго пазнаваць, то яны нiзавошта не будуць з iм шчырыя, а пачнуць несцi рознае глупства, расказваць байкi, i нiякай карысцi з гэтага яму не будзе.
      Аловак мiс Уорэн хутка крэмзаў паперу. Цяпер, калi яна выклiкала яго на размову, яна магла спакойна ўсё абдумаць - яго адказы на пытаннi былi зусiм ёй непатрэбныя. Яе аловак выводзiў бессэнсоўныя закруткi, прыблiзна падобныя да стэнаграфiчнага запiсу, - трэба было пераканаць мiстэра Сейвары, што яго выказваннi запiсваюцца поўнасцю. Але пад прыкрыццём гэтых крамзоляў - рысак, кружкоў i квадрацiкаў - мiс Уорэн паглыбiлася ў роздум. Яна разважала над усiм, што тычылася "Бедэкера". Выданне 1914 года, выдатна захаванае, iм амаль што не карысталiся, калi не браць у разлiк раздзела, прысвечанага Белграду: схему горада так часта бралi ў рукi, што яна адарвалася.
      - Пэўна ж, вы падзяляеце мае погляды? - з трывогай спытаў мiстэр Сейвары. - Яны маюць вялiкае значэнне. Яны, на маю думку, - адзiныя крытэрыi сапраўднай лiтаратуры. Разумееце, можна прытрымлiвацца гэтых поглядаў i адначасова пiсаць кнiгi, якiя разыходзяцца тыражамi ў сотнi тысяч.
      Мiс Уорэн, узлаваная, што перарвалi яе думкi, ледзь стрымалася, каб не запярэчыць: "Можа, вы лiчыце, што i мы маглi б прадаваць два мiльёны экземпляраў газеты, калi б пiсалi толькi праўду?"
      - Вельмi цiкава, - сказала яна. - Публiцы гэта спадабаецца. А скажыце, калi ласка, на ваш погляд, якi ваш асабiсты ўклад у ангельскую лiтаратуру? Яна падбадзёрыла яго лагоднай усмешкай i тыцнула ў яго алоўкам.
      - Гэтае, бачыце, нехта iншы павiнен вызначыць, але ж кожны спадзяецца... кожны iмкнецца зрабiць што-небудзь, каб адрадзiць дух высакародства i цвярозага розуму ў сучаснай лiтаратуры. У ёй занадта многа самасузiрання, самалюбства, надта многа жудаснага, змрочнага. Увогуле, свет - прыемнае месца, дзе жывуць смелыя людзi. - Кашчавая рука, якая трымала люльку, бездапаможна паляпвала па калене. - Трэба адрадзiць дух Чосера. - Па калiдоры прайшла нейкая жанчына, i на iмгненне ўся ўвага мiстэра Сейвары перакiнулася на яе, ён нiбыта паплыў услед за ёю, гайдаючыся ў такт са сваёй рукой. - Чосер, - паўтарыў ён. - Чосер. - I раптам iмпэт яго згас на вачах у мiс Уорэн, люлька ўпала на падлогу, i, нахiлiўшыся падняць яе, ён гнеўна ўсклiкнуў: - Гары яно ўсё гарам! Да д'ябла!
      Перад ёю паўстаў чалавек, дарэшты змораны, раззлаваны тым, што яму даводзiцца выконваць не сваю ролю, агорнуты цiкаўнасцю i пажадлiвасцю, чалавек, блiзкi да iстэрыкi. Мiс Уорэн злараднiчала. Нельга сцвярджаць, што яна ненавiдзела асабiста яго, ёй быў ненавiсны ўсякi надзвычайны поспех: будзь гэта продаж ста тысяч экземпляраў кнiгi цi дасягненне хуткасцi ў тры тысячы мiль у гадзiну, - ва ўсiх такiх выпадках яна брала iнтэрв'ю, а шчаслiвец спагадлiва даваў яго. Няўдачнiк жа, даведзены да роспачы, - гэта зусiм iншая справа, тут яна выступала ад iмя абуранага грамадства, пранiкала ў турэмныя камеры, у нумары раскошных гатэляў, у жабрацкiя кварталы трушчоб. Тут чалавек быў цалкам пад яе ўладай, загнаны памiж пальмамi ў вазонах i пiянiна, прыцiснуты да вясельнай фатаграфii i мармуровага гадзiннiка. Яна нават адчувала спагаду да сваёй ахвяры, задавала ёй нязначныя, iнтымныя пытаннi, амаль не чуючы адказаў. "Так, сапраўды, не надта вялiкая адлегласць аддзяляе мiстэра Куiна Сейвары, аўтара "Развясёлага жыцця", ад такога няўдальца", - задаволена падумала яна.
      - Дух цвярозага розуму - гэта ваша крэда? - ухапiўшыся за яго словы, спытала яна. - Вы прынцыпова супраць адзнак "Толькi для дарослых"? Вашымi кнiгамi адорваюць выдатнiкаў у школах.
      Насмешка яе прагучала занадта яўна.
      - Я ганаруся гэтым, - сказаў ён. - Маладое пакаленне павiнна выхоўвацца на здаровых традыцыях.
      Яна заўважыла яго перасохлыя губы, погляд, крадком кiнуты ў калiдор. "Гэта я выкарыстаю, наконт здаровых традыцый, - падумала яна, - публiцы спадабаецца, Джэймсу Дугласу будзе прыемна. Iм яшчэ болей спадабаецца, калi ён дакоцiцца да вулiчнага прамоўцы ў Гайд-Парку, - хутчэй за ўсё так яно i будзе праз некалькi гадоў. Я дажыву да гэтага часу i нагадаю iм свае словы". Яна ганарылася сваёй здольнасцю прадбачання, аднак яшчэ не дажыла да таго часу, каб яе прадбачанне збылося. "Паглядзiце на яго зараз: на яго маршчынкi - адзнакi слабога здароўя, на тон яго голасу, жэсты - усё гэта раскажа звычайнаму чалавеку не болей, чым рысачкi i кружочкi ў "Бедэкеры", аднак супастаўце ўсё з акружэннем гэтага чалавека, з яго сябрамi, абсталяваннем яго кватэры, дзе ён жыве, i ўбачыце яго будучыню, наканаваную яму няшчасную долю.
      - Божухна! - усклiкнула мiс Уорэн. - Нарэшце я ўсё зразумела!
      Мiстэр Сейвары ўсхапiўся з месца:
      - Што вы зразумелi? Наконт зубнога болю?
      - Не, не, - сказала мiс Уорэн. Яна была яму ўдзячная: дзякуючы яго размовам яе свядомасць напоўнiлася святлом, якое не пакiнула нiводнага зацiшнага кутка, дзе б мог схавацца ад яе доктар Цынер. - Я маю на ўвазе ваша цудоўнае iнтэрв'ю. Я зразумела, як трэба пра вас напiсаць.
      - Я ўбачу карэктуру?
      - Ах, мы ж не штотыднёвiк. Нашы чытачы чакаць не могуць. Яны, ведаеце, як галодныя, патрабуюць свайго бiфштэкса, вырабленага з папулярнага чалавека. На карэктуры няма часу. Лонданцы будуць чытаць гэта iнтэрв'ю заўтра за ранiшняй кавай.
      I пераканаўшы яго, што iнтэрв'ю будзе мець поспех у чытачоў, мiс Уорэн пайшла. Хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася папярэдзiць гэтага стомленага чалавека, якi ўжо ўхапiўся за думку пра новы паўмiльённы тыраж яго новай кнiгi, якая ў людзей кароткая памяць - сёння яны купляюць кнiгу, з якой заўтра будуць смяяцца. Аднак на гэта ў яе ўжо не было часу, яе захапiла больш буйная гульня - яна лiчыла, што ўжо разгадала тайну "Бедэкера". Штуршком былi яе прароцтвы. Схема лёгка вымалася, папера ў "Бедэкеры", як ёй запомнiлася, была тонкая i дастаткова празрыстая, калi падкласцi схему пад паметкi алоўкам на папярэдняй старонцы, лiнii можна бачыць наскрозь.
      "Чорт пабяры, не кожны да такога дадумаецца, - разважала яна. - За гэта трэба выпiць. Знайду я зараз парожняе купэ i паклiчу афiцыянта". Ёй не было патрэбы нават у Джанет Пардаў, каб адсвяткаваць такую ўрачыстасць, яна палiчыла за лепшае пасядзець адной, з келiхам Курвуазье, там, дзе нiчога не перашкодзiць ёй абдумаць наступны ход. Аднак нават знайшоўшы парожняе купэ, яна дзейнiчала абачлiва: не выцягнула "Бедэкера" з-пад кофтачкi да таго часу, пакуль афiцыянт не прынёс каньяк. I нават тады зрабiла гэта не адразу. Яна паднесла келiх да ноздраў, дазваляючы вiннай пары дайсцi да таго месца, дзе мозг, вiдаць, злучаецца з носам. Алкаголь, якi яна пiла ўчора ўвечары, не ўвесь яшчэ выпарыўся. Ён варушыўся ў ёй, як земляны чарвяк у спякотны вiльготны дзень. "Галава круцiцца, - падумала яна, - у мяне круцiцца галава". Праз келiх з каньяком яна паглядзела на навакольны свет, такi аднастайны i звыклы, што здавалася, ён назаўсёды застанецца нязменны: дагледжаныя палi, дрэвы, маленькiя фермы. Яе вочы, блiзарукiя i пачырванелыя ад аднаго толькi паху вiна, не заўважалi, што адбылiся нейкiя змены ў надвор'i. Яна паглядзела на неба, шэрае i бясхмарнае, i на цьмянае сонца. "Няма нiчога дзiўнага, калi пойдзе снег", - падумала яна i праверыла, цi поўнасцю адчынены кран ацяплення. Потым выцягнула з-пад кофтачкi "Бедэкер". Цягнiк ужо хутка прыйдзе ў Нюрнберг, i ёй хацелася вырашыць усе праблемы да з'яўлення новых пасажыраў.
      Яе здагадка была правiльная, гэта, ва ўсякiм разе, дакладна. Калi яна пачала разглядаць на святло схему i старонку з адзнакамi, рысачкi ляглi ўздоўж вулiц, кружочкi абвялi грамадскiя будынкi: паштамт, вакзал, суд, турму. Але што ўсё гэта азначае? Раней яна лiчыла, што доктар Цынер вяртаецца, каб даць наглядны прыклад, магчыма, паўстаць перад судом за iлжэсведчанне. Аднак у такiм разе схема не мела нiякага сэнсу. Яна зноў пачала пiльна яе вывучаць. Вулiцы былi адзначаны невыпадкова, тут iснавала нейкая пэўная сiстэма: квадраты дакладна размяшчалiся вакол галоўнага квадрата. Квадрат на адным баку галоўнага супадаў з вакзалам, на другiм - з поштай, на трэцiм - з судом. Усярэдзiне квадрацiкi рабiлiся ўсё меней i меней i, нарэшце, акружалi толькi турму.
      З абодвух бакоў цягнiка стромка ўзнiмаўся ўгору адхон, ён засланяў сонечнае святло. Iскры, чырвоныя на фоне пахмурнага неба, нiбыта градзiнкi, грукаталi па вокнах, цемра запоўнiла вагоны, калi доўгi цягнiк з грукатам уварваўся ў тунель. "Рэвалюцыя, сама меней, рэвалюцыя", - думала яна, усё яшчэ трымаючы схему на ўзроўнi вачэй, каб не прапусцiць моманту, калi зноў з'явiцца святло.
      Грукат сцiхнуў, раптам наўкол iзноў зрабiлася светла. У дзвярах стаяў доктар Цынер з газетай пад пахай. На iм iзноў быў плашч, i яна акiнула пагардлiвым поглядам яго акуляры, сiвыя валасы, неахайна падстрыжаныя вусы i вузкi, туга завязаны гальштук. Яна адклала схему ўбок i сказала з усмешкаю:
      - Ну i як?
      Доктар Цынер увайшоў у купэ i зачынiў дзверы. Без усякай адзнакi варожасцi ён сеў насупраць яе. "Ён разумее, што я паставiла яго ў безвыходнае становiшча, i вырашыў паводзiць сябе разумна".
      - Ваша газета ўхвалiла б ваш учынак? - раптам спытаў ён.
      - Вядома, не. Назаўтра ж мяне выкiнулi б на вулiцу. Але калi яны атрымаюць мой матэрыял, усё будзе наадварот. - I дадала з добра разлiчаным нахабствам: - Думаю, за такi матэрыял варта прыбавiць мне чатыры фунты ў тыдзень.
      Доктар Цынер сказаў павольна, без нiякага гневу:
      - Я вам нiчога не раскажу.
      Яна пагардлiва махнула на яго рукой.
      - Вы мне шмат чаго ўжо расказалi. А яшчэ i гэта. - Яна пастукала па "Бедэкеры". - Вы былi настаўнiкам замежнай мовы ў Грэйт Берчынгтан-он-Сi. Мы атрымалi iнфармацыю ад вашага дырэктара. - Ён нахiлiў галаву. - А потым, працягвала яна, - ёсць яшчэ гэтая схема. I гэтыя каракулi. Я iх ужо супаставiла i ўсё зразумела.
      Яна чакала, што ён пачне пярэчыць, спалохаецца цi выкажа абурэнне, але ён усё яшчэ панура раздумваў над яе першай здагадкай. Яго паводзiны збянтэжылi яе, i на кароткае iмгненне яна падумала: "Можа, з маiх рук выпадае самы галоўны матэрыял? Можа, галоўны матэрыял зусiм не тут, а ў школе на паўднёвым беразе, сярод цагляных будынкаў, прасмоленых сасновых парт, чарнiльнiц, бразгатлiвых званкоў i паху хлапечай вопраткi?" Гэтыя сумненнi крыху паменшылi яе самаўпэўненасць, яна загаварыла спакайней, мякчэй, чым збiралася, - сваiм хрыплым голасам ёй цяжка было кiраваць.
      - Мы прыйдзем да згоды, - лагодна рыкнула яна. - Я не збiраюся рабiць вам нiякай шкоды. Не хачу ўблытвацца ў вашы справы. Ведаеце, калi вы дасягняце сваёй мэты, каштоўнасць маёй карэспандэнцыi будзе яшчэ большая. Абяцаю нiчога не друкаваць без вашай асабiстай згоды. - Яна сумна дадала, нiбыта была мастаком, якога вiнавацяць за тое, што ён карыстаецца няякаснымi фарбамi: - Я не зраблю шкоды вашай рэвалюцыi. Толькi ўявiце, якая гэта будзе выдатная карэспандэнцыя!
      Старасць iмклiва наступала на доктара Цынера. Раней яму здавалася, што сярод пахаў прасмоленай хвоi, у скрыпе крэйды па класнай дошцы ён займеў пяць гадоў перадышкi ад турэмнай камеры, i вось ён сядзiць у купэ экспрэса, а гэтыя гады, што адцягнулi мiнулыя падзеi, усе разам навалiлiся на яго, раптоўна, а не спакваля. Зараз ён быў падобны да старога, якi, засынаючы, торкаецца носам, твар яго зрабiўся такi ж змрочны, як снежныя хмары пад Нюрнбергам.
      - Ну, перш за ўсё, якiя ў вас планы? - спытала мiс Уорэн. - Мне здаецца, што вы ў многiм залежыце ад трушчоб.
      Ён пахiтаў галавой:
      - Я нi ад каго не залежу.
      - Вы кiруеце ўсiм?
      - Я тут самы маленькi чалавек.
      Мiс Уорэн зласлiва стукнула сябе па калене.
      - Мне трэба дакладныя адказы. - I зноў пачула:
      - Я вам нiчога не скажу.
      "Ён выглядае на ўсе семдзесят гадоў, а не на пяцьдзесят шэсць, падумала яна, - ён пачынае глухнуць, не разумее, што я кажу". Яна была вельмi паблажлiвая, яна была ўпэўненая, што перад ёй - не ўвасабленне поспеху, а хутчэй няўдачы, а няўдачнiку яна магла дараваць многае, з iм яна магла быць спагадлiвай i лагоднай, магла падбадзёрыць яго адрывiстымi словамi, падобнымi да цiхага ржання, як толькi няўдачнiк пачынаў гаварыць. Слабы чалавек часам iшоў ад яе перакананы, што яна яго найлепшы сябра. Яна нахiлiлася i паляпала доктара Цынера па калене, надаўшы сваёй усмешцы ўсю прыязнасць, на якую яна толькi была здатная.
      - Тут мы з вамi заадно, доктар. Хiба вы не разумееце? Паслухайце, мы можам вам дапамагчы. "Грамадская думка" - вось як называюць яшчэ "Кларыён". Я ведаю, вы баiцеся, што мы не вытрымаем, што мы надрукуем карэспандэнцыю пра вас заўтра i ўрад будзе папярэджаны. Аднак абяцаю вам, мы не апублiкуем нiводнага слова, нават не заiкнёмся, пакуль вы не пачняце ваш спектакль. Толькi тады я буду мець права надрукаваць на самым лепшым месцы ў газеце: "Гiсторыя доктара Цынера, расказаная iм самiм. Выключна для "Кларыёна". Ну, хiба гэта не пераканаўча?
      - Мне няма чаго сказаць.
      Мiс Уорэн зняла руку з калена. "Няўжо гэты няшчасны ёлупень думае, што ён зможа паўстаць памiж мной i прыбаўкай чатырох фунтаў у тыдзень, памiж мной i Джанет Пардаў", - разважала яна. Гэты стары ўпарты дурань, што сядзеў насупраць, зрабiўся для яе ўвасабленнем усiх мужчын, якiя квапяцца на яе шчасце: сваiмi грашыма i дробязнымi падачкамi яны ўлагоджваюць Джанет, здзекуюцца з таго, што жанчыны здатныя па-сапраўднаму кахаць адна адну. Але гэтае ўвасабленне мужчыны было пад маёй уладай, яна здольная знiшчыць ушчэнт гэтае ўвасабленне. Кромвель разбiваў на друзачкi статуi, - гэта не было бяссэнсавым актам вандалiзму. Нейкая сiла Багародзiцы перадавалася i яе статуi, а калi галава ў яе была адбiтая, не ставала ўжо рукi i нагi, абламаныя былi сем мячоў, якiя ўтыкалiся ў яе цела, то пачалi ставiць меней свечак i чытаць меней малiтваў каля яе алтара. Калi хоць адзiны мужчына доктар Цынер, напрыклад, - будзе дашчэнту знiшчаны жанчынай, дык меней маладзенькiх дурнiц, накшталт Корал Маскер, будуць верыць у сiлу i спрыт мужчын. Аднак зважаючы на яго ўзрост i на тое, што ў нос ёй тхнуў смурод, якi зыходзiць ад няўдачнiка, яна дала яму яшчэ адзiн шанец.
      - Няма чаго?
      - Няма чаго.
      Мiс Уорэн злосна засмяялася яму ў твар.
      - Вы ўжо расказалi мне шмат чаго iстотнага. - Гэтыя словы не зрабiлi на яго нiякага ўражання, i яна пачала тлумачыць яму павольна i падрабязна, нiбыта мела справу з разумова адсталым чалавекам: - Мы прыязджаем у Вену ў восем сорак вечара. Да дзевяцi гадзiн я ўжо патэлефаную ў сваю кантору ў Кёльне. Яны перададуць маю карэспандэнцыю ў Лондан да дзесяцi. Матэрыял у першы лонданскi выпуск не паступае ў тыпаграфiю да адзiнаццацi. Нават калi паведамленне затрымаецца да трох гадзiн ранiцы, можна яшчэ перарабiць першую паласу. Маю карэспандэнцыю будуць чытаць у Лондане ў час снедання. Да дзевяцi ранiцы рэпарцёр кожнай лонданскай газеты будзе каля будынка ўрада Югаславii. Заўтра ў першай палове дня гэты матэрыял прачытаюць у Белградзе, а цягнiк прыйдзе туды не раней шостай увечары. Астатняе ўявiць няцяжка. Падумайце пра тое, што я змагу расказаць. Доктар Цынер, вядомы бунтар-сацыялiст, якi пяць гадоў таму ўцёк з Белграда пад час суду над Камнецам, вяртаецца на радзiму. У панядзелак ён сеў на Ўсходнi экспрэс у Остэндэ, цягнiк прыбывае ў Белград сёння ўвечары. Лiчаць, што яго прыезд звязаны з узброеным паўстаннем на чале з сацыялiстамi, якое пачнецца ў раёне трушчоб, дзе нiколi не згасала памяць пра доктара Цынера. Магчыма, будзе зроблена спроба захапiць вакзал, паштамт i турму. - Мiс Уорэн зрабiла кароткую паўзу. - Вось такую гiсторыю я адпраўлю тэлеграфам. Але калi вы дадзiце якiя-небудзь дадатковыя звесткi, я папрашу iх прытрымаць маю карэспандэнцыю, пакуль вы не дазволiце надрукаваць яе. Я прапаную вам сумленную здзелку.
      - Кажу вам, што я выходжу ў Вене.
      - Я вам не веру.
      Доктар Цынер глыбока ўздыхнуў, разглядваючы праз акно шэраг заводскiх труб i вялiзны чорны металiчны цылiндр на фоне шэрага, з водблiскамi, неба. Купэ напоўнiлася пахам газы. На невялiкiх агародных дзялянках, нягледзячы на атручанае паветра, расла капуста, вялiзныя качаны блiшчалi ад iнею.
      - У мяне няма падстаў баяцца вас, - сказаў ён вельмi цiха, i ёй давялося нахiлiцца наперад, каб разабраць яго словы.
      Голас яго гучаў прыглушана, але ён быў упэўнены ў сабе, i яго спакой дзейнiчаў ёй на нервы. Яна абуралася ўсхвалявана i злосна, нiбыта перад ёю быў злачынец на лаве падсудных - чалавек, якi толькi што плакаў уголас, схаваўшыся за пальмай у вазоне, i раптам выявiлася, што ў яго яшчэ ёсць патаемная крынiца сiлы.
      - Я магу зрабiць з вамi ўсё, што захачу.
      - Здаецца, пойдзе снег, - павольна вымавiў доктар Цынер. Цягнiк упаўзаў у Нюрнберг, i ў агромiстых паравозах, што стаялi абапал, адлюстроўвалася поўнае вiльгацi сталёвае неба. - Не, вы нiчым не зможаце пашкодзiць мне. Яна пастукала пальцам па "Бедэкеры", i ён сказаў з лёгкiм гумарам: Пакiньце яго сабе на памяць пра нашу сустрэчу.
      Тут яна канчаткова ўсвядомiла, што тое, чаго яна баялася, спраўдзiлася: ён выслiзнуў ад яе. Разлютаваная, яна ўтаропiлася ў яго. "Калi б толькi я магла зрабiць яму хоць якую-небудзь шкоду", - злосна падумала яна, нiбыта ўбачыўшы ў люстры за яго спiнай сваю ўдачу ў вобразе Джанет Пардаў, якая адыходзiла прэч, прыгожая i вольная, па доўгiх вулiцах i холах шыкоўных гатэляў. "Калi б я толькi магла зрабiць яму хоць якую-небудзь шкоду".
      Яе яшчэ болей узлавала тое, што ў яе адняло мову, а доктар Цынер па-ранейшаму валодаў сабой. Ён падаў ёй газету i спытаў:
      - Вы чытаеце па-нямецку? Тады прачытайце вось гэта.
      Увесь час, пакуль цягнiк стаяў на вакзале ў Нюрнбергу, доўгiя дваццаць хвiлiн, яна прасядзела, утаропiўшыся ў газету. Паведамленне, апублiкаванае ў ёй, ушчэнт раззлавала яе. Яна думала знайсцi там навiны пра якое-небудзь незвычайнае дасягненне, пра адрачэнне якогась караля, пра дзяржаўны пераварот, пра патрабаванне народа вярнуць доктара Цынера - гэта дазволiла б яму даць ёй iнтэрв'ю ў паблажлiвым тоне. Тое, што яна прачытала, уразiла яе болей за ўсё - паражэнне паўстання ў Белградзе: ён зусiм вызваляўся з-пад яе ўлады. Шмат разоў яе абводзiлi вакол пальца тыя, хто дасягнуў поспеху, але нiколi - той, хто пацярпеў паражэнне.
      "Узброенае паўстанне камунiстаў у Белградзе, - чытала яна. - Учора позна ноччу банда ўзброеных камунiстычных бунтаўшчыкоў зрабiла спробу захапiць вакзал i турму ў Белградзе. Палiцыя была заспета знянацку, i амаль тры гадзiны бунтаўшчыкi бесперашкодна ўтрымлiвалi галоўны паштамт i таварны склад. Сёння ўся тэлеграфная сувязь з Белградам была перапынена да ранiцы. Аднак а другой гадзiне наш прадстаўнiк у Вене гаварыў па тэлефоне з палкоўнiкам Хартэпам, начальнiкам палiцыi, i даведаўся, што парадак у горадзе адноўлены. Колькасць паўстанцаў была нязначная, i ў iх не было сапраўднага правадыра, iх напад на турму адбiлi ахоўнiкi, а пасля гэтага некалькi гадзiн яны заставалiся ў будынку паштамта, не праяўляючы нiякай актыўнасцi, вiдаць, спадзявалiся, што жыхары раёнаў, населеных беднякамi, прыйдуць iм на дапамогу. Тым часам урад змог паслаць дадатковыя падмацаваннi палiцыi, i з дапамогай узвода салдат i дзвюх палявых гармат палiцэйскiя адбiлi паштамт пасля асады, якая працягвалася не болей чвэрцi гадзiны". Гэтае кароткае паведамленне было надрукавана буйным шрыфтам, а нiжэй, дробным шрыфтам, давалася падрабязнае апiсанне ўзброенага паўстання.
      Мiс Уорэн сядзела, утаропiўшыся ў газету, яна крыху насупiлася i адчувала, што ў яе перасохла ў горле. Доктар Цынер растлумачыў:
      - Яны выступiлi на тры днi раней.
      - А чым бы вы iм дапамаглi? - агрызнулася мiс Уорэн.
      - Людзi з трушчоб пайшлi б за мной.
      - Яны даўно забылiся пра вас. Пяць гадоў - гэта процьма часу. Маладыя людзi былi яшчэ дзецi, калi вы ўцяклi.
      "Пяць гадоў!" - падумала яна, уяўляючы, як яны няўхiльна наваляцца на яе ў будучым, днi, падобныя на бясконцыя дажджы ў сырую зiму. У думках перад ёю паўстаў твар Джанет Пардаў, устрывожанай першымi маршчынамi, першымi сiвымi валасамi альбо тым, у што ператвараецца яе гладкая пасля пластычнай аперацыi скура i чорныя пафарбаваныя валасы, сiвыя каранi якiх вылазяць кожныя тры тыднi.
      - Што вы зараз збiраецеся рабiць? - спыталася яна, i яго хуткi i лаканiчны адказ: "Я выходжу ў Вене", - выклiкаў у яе падазрэнне. - Вось i добра, выйдзем разам i пагутарым далей. Цяпер ужо ў вас не будзе пярэчанняў супраць iнтэрв'ю. Калi вам спатрэбяцца грошы, наша бюро ў Вене пазычыць вам. Яна адчувала, што ён глядзiць на яе больш пiльна, чым раней.
      - Там, пэўна, можна будзе пагаварыць, - павольна сказаў ён.
      Зараз яна была ўпэўнена, што ён гаворыць няпраўду. "Ён збiраецца заблытаць след", - думала яна, але намеры яго адгадаць было цяжка. Яму трэба выйсцi ў Вене цi ў Будапешце, далей ехаць было б даволi небяспечна. Але тут яна ўспомнiла яго на судовым працэсе над Камнецам: цвёрда ўпэўнены ў тым, што нiякiя прысяжныя не асудзяць генерала, ён усё-такi даў свае небяспечныя, але дарэмныя паказаннi ў той час, як Хартэп чакаў яго з ордэрам на арышт. "Яму хопiць дурасцi, каб пайсцi на ўсё", - разважала яна, i ёй прыйшло ў галаву, што, пэўна, пад маскай спакойнага чалавека ён ужо ў думках на лаве падсудных разам са сваiмi аднадумцамi i прамаўляе апошняе слова, не зводзячы вачэй з перапоўненай галерэi. "Калi ён паедзе далей, - вырашыла яна, - я паеду з iм. Я свайго даб'юся. I дастану пра яго матэрыял". Аднак яна адчула дзiўную слабасць i няўпэўненасць у сабе - яна ж не магла болей пагражаць яму. Глыбокi стары, ён быў пераможаны, загнаны ў кут. На пыльнай падлозе валялася газета, i ўсё-такi ён атрымаў перамогу. Сочачы за тым, як яна выходзiць з купэ, забыўшыся пра "Бедэкер", ён адказаў маўчаннем на яе развiтальныя словы:
      - Убачымся ў Вене.
      Калi мiс Уорэн выйшла, доктар Цынер нахiлiўся за газетай i зачапiў рукавом пустую шклянку, яна ўпала на падлогу i разбiлася. Далонь яго легла на газету, а ён утаропiўся ў разбiтую шклянку, не маючы сiлы сабрацца з думкамi, не маючы сiлы вырашыць, што ж яму рабiць далей - цi падняць газету, цi пазбiраць вострыя чарапкi. Потым ён паклаў акуратна складзеную газету на каленi i заплюшчыў вочы. Падрабязнасцi той карэспандэнцыi, якую прачытала мiс Уорэн, азмрочвалi яго душу. Ён ведаў кожны паварот лесвiцы на паштамце, мог дакладна ўявiць сабе, дзе была пабудавана барыкада. "Яны разгубiлiся, iдыёты", - падумаў ён, iмкнучыся выклiкаць у сябе нянавiсць да тых людзей, якiя знiшчылi яго надзеi. А з iмi разам зруйнавалi i яго самога. Яны кiнулi яго ў пустым будынку, дзе нiхто не хацеў жыць, бо ў пакоях зрэдку чулiся галасы людзей, што жылi там раней, i сам доктар Цынер апошнiм часам ператварыўся ў прывiд.
      Калi часам чыйсьцi твар зазiраў у акно, цi чыйсьцi голас даносiўся з верхняга паверха, цi шамацеў дыван, гэта мог быць прывiд доктара Цынера усе пяць змарнаваных гадоў ён шукаў магчымасць вярнуцца да рэальнага жыцця, ён пракладаў сабе шлях, абыходзячы вуглы партаў, стаяў, як прывiд, перад класнай дошкаю i вучнямi-неслухамi, кленчыў на набажэнстве, хоць у ранейшым жыццi ў бога не верыў, i малiў бога разам з шматгалосым натоўпам багаславiць яго, адпусцiць яго душу на пакаянне.
      Часам здавалася, што прывiд здольны вярнуцца да жыцця, бо ён ведаў, што i ў выглядзе зданi ён можа адчуваць душэўныя пакуты. У гэтай зданi былi ўспамiны, ён мог згадаць таго доктара Цынера, якога так любiў просты народ, што ўлады мусiлi былi наняць забойцу, каб прастрэлiць яму галаву з рэвальвера. Успамiнамi пра гэтую падзею ён вельмi ганарыўся: неяк ён сядзеў у пiўной, у тым куточку парку, якi асаблiва любiлi беднякi, i пачуў стрэл, якi разбiў люстра за яго спiнай. Ён высока ацанiў гэты стрэл, як пераканаўчае пацвярджэнне гарачай любовi да яго беднякоў. Але прывiд Цынера, якi знаходзiў надзейны прытулак, калi ўсходнi вецер дзьмуў уздоўж берага i шэрае мора шпурляла гальку, навучыўся аплакваць гэтыя ўспамiны, а потым вяртацца ў школьны будынак з чырвонай цэглы, да гарбаты i вучняў, якiя ўтыкалi ў яго вышчарбленыя стрэлы пакут. Пасля вячэрнi, звыклых гiмнаў i поцiскаў рук прывiд Цынера зноў дакрануўся да плоцi Цынера - гэты дотык быў адзiнае, што прыносiла яму душэўны спакой. Цяпер не засталося нiчога iншага, як выйсцi ў Вене i вярнуцца назад. Праз дзевяць дзён тыя самыя галасы школьнiкаў запяюць: "Божа, даруй нам тваё багаславенне. Нам, што зноў сабралiся тут".
      Доктар Цынер перагарнуў старонку газеты i крыху пачытаў. Самым моцным пачуццём да гэтых блытанiкаў была зайздрасць: ён не мог ненавiдзець, калi прыгадваў падрабязнасцi, якiя нiводзiн карэспандэнт не палiчыў патрэбным прывесцi: чалавек, якi стрэлiў, выкарыстаўшы свой апошнi патрон, а потым яго праткнулi штыхом каля сарцiравальнай залы, быў ляўко, ён любiў журботную музыку Дэлiуса, кампазiтара, якi не верыў нi ўва што, апроч смерцi. А ў другога, таго, што выскачыў з акна трэцяга паверха тэлефоннай станцыi, была жонка, скалечаная i аслеплая пасля аварыi на фабрыцы; ён кахаў яе, але неяк маркотна, без асаблiвага iмпэту, часта здраджваў ёй.
      "Ну, што мне засталося рабiць?" Доктар Цынер адклаў газету i пачаў хадзiць па купэ: тры крокi да дзвярэй, тры крокi да акна, туды i назад. Падалi рэдкiя камякi снегу, але вецер гнаў iх назад, мiма акна, у дым паравоза, i нават тады, калi шлапкi снег налiпаў да акна, ён быў ужо шэры, як шматкi газеты. Але футаў на шэсцьсот вышэй, на пагорках, схiлы якiх спускалiся да палатна чыгункi ў Нейемаркеце, снег быў падобны да клумбаў белых кветак. "Калi б яны крыху пачакалi, калi б яны толькi пачакалi!" думаў доктар Цынер, i ў думках ён вяртаўся да загiнуўшых, да тых, хто выжыў i павiнен быў паўстаць перад судом. Ён зразумеў, што лёгкага выйсця з гэтага становiшча яму няма, i гэта так узрушыла яго, што ён усхвалявана прашаптаў: "Я павiнен ехаць да iх". - "Ну, i якi ў гэтым сэнс?" ён iзноў прысеў i распачаў спрэчку сам з сабой, даводзячы, што такi ўчынак дасць рэальную карысць. "Калi я здамся i паўстану перад судом разам з iмi, свет прыслухаецца да майго апошняга слова так, як нiколi не стаў бы слухаць мяне, калi б я быў у бяспецы ў Ангельшчыне". Рашэнне, да якога ён прыйшоў, падбадзёрыла яго, надзея мацнела. "Яны паўстануць, каб уратаваць мяне, хоць i не паўсталi ў iмя выратавання iншых", - думаў ён. Прывiд Цынера зноў рабiўся зямной iстотай, i цёплыя пачуццi растапiлi застылую адлучанасць ад жыцця.
      Але шмат чаго трэба абдумаць. Перш за ўсё трэба адчапiцца ад карэспандэнткi. Ён павiнен увiнуцца ад яе ў Вене, тут асаблiвых цяжкасцей ён не бачыў: цягнiк прыходзiць не раней дзевяцi гадзiн, а яна, напэўна, да гэтага позняга для яе часу нап'ецца. Ён перасмыкнуўся ад холаду i ад думкi пра далейшыя размовы з гэтай небяспечнай жанчынай, ад яе хрыплага голасу. "Ну што ж, у яе джала вырвана, - падумаў ён, беручы ў рукi "Бедэкер" i не ўтрымаўшы газету, якая склiзганула на падлогу. - Пэўна, яна ненавiдзiць мяне, цiкава - за што? Вiдаць, тут крыецца нейкая незразумелая прафесiйная гордасць. Мне, бадай, трэба вярнуцца ў сваё купэ". Але, дайшоўшы да купэ, ён працягваў хадзiць па калiдоры, заклаўшы рукi за спiну, з "Бедэкерам" пад пахай, захоплены думкай пра тое, што гады жыцця, калi панавала здань, скончылiся. "Я зноў жывы, - думаў ён, - бо я ўсведамляю, разумею, што, хутчэй за ўсё, мяне чакае смерць, амаль напэўна: наўрад цi мне зноў дадуць магчымасць пазбегнуць яе, калi я пачну абараняць сябе i астатнiх хай сабе нават i анёльскiмi прамовамi". Знаёмыя твары паварочвалiся да яго, калi ён праходзiў мiма, але нiкому не ўдалося спынiць яго роздум. "Мне страшна, паўтараў ён сабе з радасцю, - мне страшна".
      2
      - Вы той самы Куiн Сейвары? - спытала Джанет Пардаў.
      - Так, - сказаў мiстэр Сейвары. - Другога я не ведаю.
      - "Развясёлая вiхура"?
      - "Развясёлае жыццё", - рэзка паправiў яе мiстэр Сейвары. - "Развясёлае жыццё". - Ён узяў яе пад руку i павёў па калiдоры. - Якраз наспеў час выпiць шэры. Падумаць толькi, вы сваячка той жанчыны, якая брала ў мяне iнтэрв'ю. Дачка? Пляменнiца?
      - Ну, не зусiм сваячка, - адказала Джанет Пардаў. - Яе кампаньёнка.
      - А вось гэтая роля вам зусiм не пасуе. - Пальцы мiстэра Сейвары моцна пацiснулi ёй руку. - Вам трэба знайсцi iншую працу. Вы надта маладая. Гэта пашкодзiць вашаму здароўю.
      - Вы маеце рацыю, - сказала Джанет Пардаў, на хвiлiнку спынiўшыся ў канцы калiдора i кiнуўшы на яго погляд, поўны захаплення.
      Мiс Уорэн пiсала пiсьмо, аднак заўважыла, як яны прайшлi мiма. На каленях у яе быў блакнот, аўтаручка скакала па паперы, крэмзаючы яе i пырскаючы чарнiлам.
      "Дарагi кузен Кон, - пiсала яна. - Пiшу табе пiсьмо проста таму, што няма чаго рабiць. Пiшу ва Ўсходнiм экспрэсе, але да Канстанцiнопаля я не паеду, выходжу ў Вене. Аднак пра гэта другiм разам. Цi можаш ты купiць мне пяць ярдаў шаўковага аксамiту на парцьеры ружовага колеру? Я зноў збiраюся рабiць рамонт у кватэры, пакуль няма Джанет. Яна едзе ў гэтым самым цягнiку, але мы расстанемся ў Вене. Добры занятак я сабе прыдбала - паляваць на ненавiснага старыкана амаль па ўсёй Эўропе. "Развясёлае жыццё" ў гэтым цягнiку, але ж ты, вядома, не вялiкi ахвотнiк да кнiг. А яшчэ ёсць даволi мiленькая танцоўшчыца Корал, якую я хацела б мець сваёй кампаньёнкай. Усё нiяк не магу вырашыць, рамантаваць кватэру цi не. Джанет сказала, што едзе ўсяго на тыдзень. Нi ў якiм разе не плацi болей, як па восем адзiнаццаць за ярд. Мне, думаю, прыдасца i блакiтны, але нi ў якiм разе не сiнi, вядома. Чалавек, якога я ўзгадала, - пiсала мiс Уорэн, кiдаючы позiркi на Джанет Пардаў i крэмзаючы пяром, - лiчыць, што ён разумнейшы за мяне, аднак ты ведаеш, Кон, не горш за мяне, што я магу абвесцi вакол пальца любога, хто так думае. Джанет - сцерва. Я збiраюся ўзяць новую кампаньёнку. У гэтым цягнiку едзе маленькая актрыса, яна б мне падышла. Паглядзеў бы ты на яе, Кон, - цудоўная фiгурка, а ножкi зграбныя. Усё-такi я думаю, што трэба прывесцi кватэру да ладу. Вось яшчэ што. Можаш даць за той аксамiт на парцьеры дзесяць-адзiнаццаць, але не болей. Магчыма, я паеду да Белграда, так што пачакай, пакуль я не напiшу табе яшчэ. Джанет, здаецца, заляцаецца да гэтага тыпа Сейвары, але я магу яму зладзiць "развясёлае жыццё", калi захачу. Да пабачэння, беражы сябе. Перадавай прывiтанне Элiс. Спадзяюся, яна лепей даглядае цябе, чым мяне Джанет. Табе заўсёды болей шанцавала, чым мне, але калi ўбачыш Корал... Богам прашу, не забудзься пра гэты аксамiт на парцьеры. З любоўю да цябе, Мейбл. Р.S. Да цябе ўжо дайшлi весткi, што дзядзька Джон раптоўна памёр амаль каля майго парога?"
      Пяро мiс Уорэн скончыла пiсьмо вялiзнай кляксай. Яна абвяла яе тоўстай лiнiяй i напiсала: "Прашу прабачэння". Потым выцерла пяро спаднiцай i нацiснула званок, каб выклiкаць афiцыянта. У роце ў яе страшэнна перасохла. Яна пакутавала ад смагi.
      Корал Маскер крыху пастаяла на калiдоры, назiраючы за Майетам i разважаючы, наколькi сур'ёзнай была прапанова Мейбл Уорэн. Майет сядзеў, нахiлiўшы галаву над стосам папер, аловак яго бегаў уверх i ўнiз па слупках лiчбаў, увесь час вяртаючыся да адной. Потым ён паклаў аловак i абхапiў галаву рукамi. На iмгненне яна адчула да яго спагаду i адначасова ўдзячнасць. Калi не было вiдно яго пранiклiвага позiрку, ён быў падобны да вучня, якi шчыраваў над хатнiм заданнем, якое нiяк не выходзiла. Яна заўважыла, што ён зняў пальчаткi, каб было зручней трымаць аловак, i яго пальцы ссiнелi ад холаду; нават яго шыкоўнае футра здавалася ёй вартым жалю - ад яго не было нiякай карысцi. Футра не дапамагло яму рашыць задачкi цi сагрэць яго пальцы.
      Корал адчынiла дзверы i ўвайшла ў купэ. Ён узняў вочы i ўсмiхнуўся ёй, не спыняючы працы. Ёй карцела адабраць у яго працу, падказаць яму правiльнае рашэнне i папярэдзiць. "А хто яму дапамог? Мацi? Сястра? Вядома ж, не такая далёкая сваячка, як стрыечная сястра", - разважала яна, прысаджваючыся на лаўку. Натуральнасць яе маўчання сведчыла пра тое, якiя яны блiзкiя адно да аднаго.
      Калi ёй надакучыла сачыць праз акно за снегападам, яна загаварыла з iм:
      - Вы сказалi, што я магу сюды прыходзiць, калi захачу.
      - Вядома.
      - Я пачувала сябе проста свiннёй, - раптам пайшла, нават не падзякаваўшы вам. Вы праявiлi да мяне такую дабрыню ўчора ўвечары.
      - Я не мог уявiць сабе, што вы застанецеся сам-насам з тым мужчынам, калi вам зрабiлася дрэнна, - сказаў ён, нецярплiва пастукваючы алоўкам. Вам патрэбны быў добры сон.
      - Аднак усё-такi чаму вы праяўляеце да мяне такую цiкавасць?
      I пачула фатальны няўхiльны адказ:
      - Мне здаецца, што я вас вельмi добра ведаю.
      Ён адразу ж вярнуўся да працы, калi б не яе маркотнае маўчанне. Яна разумела, што ён заклапочаны, здзiўлены i крышку збянтэжаны. "Ён падумаў, што я хачу прымусiць яго пераспаць са мной, - падумала яна i адразу ж спыталася ў сябе: - А цi хачу я? Цi хачу сапраўды?" Калi б ён крыху ўзлахмацiў ёй валасы, хутка расшпiлiў сукенку, прыпаў губамi да яе грудзей, дык зрабiўся б ва ўсiм падобны да тых iншых маладых людзей, якiх яна ведала. "Я ў даўгу перад iм, i мне трэба гэта яму дазволiць", - думала яна, але вопыт iншых жанчын iзноў нагадаў ёй пра тое, што гэтага не хопiць, каб аплацiць доўг цалкам. "Аднак як жа мне аплацiць гэты доўг, - разважала яна, - калi ён не патрабуе нiякай платы?" Але сама па сабе толькi думка пра тое, каб заняцца гэтай невядомай ёй справай, калi яна не п'яная, як, на яе думку, бываюць п'яныя iншыя жанчыны, не адчуваючы палымянай страсцi, а проста з пачуцця ўдзячнасцi, - кiдала яе ў холад, мацнейшы, чым ад выгляду снегу, што валiў за акном. Яна нават не ведала, як сябе паводзiць, цi застацца з iм на ўсю ноч, цi трэба здымаць з сябе ўсё ў гэтым халодным купэ. Але тут жа пачала суцяшаць сябе, што ён, як усе iншыя яе знаёмыя, задаволiцца малым, ён проста вельмi шчодры.
      - Ноччу я вас бачыў у сне, - сказаў Майет.
      Сказаўшы гэтыя словы, ён пiльна глянуў на яе. Па яго напружанай позе i па тым, як ён па-свойму вытлумачыў яе маўчанне, яна зразумела: наогул, яны вельмi мала ведаюць адно аднаго. Ён нервова ўсмiхнуўся.
      - Мне прыснiлася, нiбыта я заехаў за вамi i запрасiў вас пакатацца на машыне, i тут вы сабралiся... - Потым iзноў пагрузiўся ў роздум, не закончыўшы фразы. - Вы мяне ўсхвалявалi.
      Яе агарнуў страх. Здавалася, нiбыта лiхвяр перагнуўся цераз сваю канторку i далiкатна, але няўмольна павёў размову наконт аплаты доўгу.
      - Гэта ж вам толькi прыснiлася, - сказала яна. Аднак ён не зважаў на яе словы.
      - А потым мiма прайшоў кандуктар i разбудзiў мяне. У сне ўсё было нiбыта наяве. Я быў у такiм захапленнi ад вас, што заплацiў за ваш бiлет.
      - Вы маеце на ўвазе, што вы падумалi... нiбыта вы захацелi...
      Лiхвяр пацiснуў плячыма, лiхвяр iзноў сеў за сваю канторку, лiхвяр паклiкаў прыслугу i загадаў вывесцi яе на вулiцу, да людзей, на волю, туды, дзе яе нiхто не ведаў.
      - Я проста расказаў вам гэта, каб вы не турбавалiся - вы нiчога мне не вiнны. Гэта сон на мяне так падзейнiчаў. А калi купiў бiлет, падумаў, а чаму б вам яго не выкарыстаць. - Потым ён узяў аловак i вярнуўся да сваiх папер, дадаўшы машынальна, не надаючы словам нiякага значэння: - Цешыў сваё самалюбства, падумаўшы, хай сабе за дзесяць фунтаў...
      Спачатку яна не зразумела сэнсу гэтых слоў. Яна была надта збянтэжана, што яе вызвалiлi, ёй нават зрабiлася крышачку крыўдна, што да яе заляцаюцца толькi ў сне, а галоўнае, яна была вельмi яму ўдзячная. I раптам прагучалi апошнiя словы, у якiх адчувалася нейкая пакорлiвасць - з такiм яна сутыкнулася ўпершыню. Яна ўсведамляла, што баiцца гэтай здзелкi, i, выцягнуўшы руку, дакранулася да твару Майета - гэты жэст, якi азначаў удзячнасць, быў запазычаны ёю з вядомых толькi па кнiгах апавяданняў пра каханне.
      - Калi вы жадаеце, каб я... - сказала яна. - Мне здалося, што вам са мною нецiкава. Прыйсцi да вас уначы?
      Яна паклала рукi на паперы ў яго на каленях, прапануючы сябе з такой чароўнай i кранальнай няпэўнасцю, пальцы яе маленькiх, шырокiх рук густым слоем пакрывала пудра, пазногцi былi пафарбаваныя чырвоным, яны прыкрылi слупкi лiчбаў, разлiкi Экмана, яго хiтрыкi i выкрутасы.
      Думкi яго нiяк не маглi вырвацца ад таго, як Экман заблытаўся ў сваiх тайных захадах.
      - Мне здавалася, што я вам непрыемны, - павольна вымавiў ён, падымаючы рукi ад папер. I дадаў няўпэўнена: - Мабыць, таму што я - жыд?
      - Вы проста стамiлiся.
      - Тут нешта ёсць такое, чаго я не магу нiяк зразумець.
      - Адкладзiце справы на заўтра.
      - У мяне няма часу. Мне трэба пакончыць з гэтым. Мы не стаiм на месцы, мы рухаемся.
      Аднак на самой справе ўсякае ўяўленне пра рух знiкла ад таго, што за вокнамi падаў густы снег. Не было вiдно нават тэлеграфных слупоў. Яна прыняла рукi i спытала ў яго з крыўдай у голасе:
      - Пэўна, вам не дужа хочацца, каб я прыйшла?
      Спакойная прыязнасць, з якой ён сустрэў пытанне, паменшыла яе ўдзячнасць. Але прапанова дзяўчыны ажывiла ў iм тое, характэрнае, што яна i раней адзначала, нiводзiн жыд не дасць адабраць у яго тое, за што ён неразважлiва заплацiў.
      - Хачу. Прыходзьце. Прыходзьце ўначы, - сказаў Майет. Ён пацiснуў ёй рукi, спачатку злёгку, а потым мацней. - Не думайце, што я такi абыякавы, нячулы. Проста ў мяне адчуванне - мы вельмi добра ведаем адно аднаго. Будзьце хоць крышачку таемная, - з мальбою ў голасе папрасiў ён.
      Аднак яна не магла адразу ўцямiць, як ёй прыкiнуцца таемнай i недасягальнай, а проста пагадзiлася з iм:
      - Так, i ў мяне такое самае адчуванне.
      Болей сказаць не было чаго, i яны, нiбыта старыя сябры, сядзелi моўчкi, без асаблiвага хвалявання думаючы пра будучую сустрэчу, пра ноч, якую яны правядуць разам. Яе гарачы запал, выклiканы пачуццём удзячнасцi да яго, мiнуў. Цяпер гэтая ўдзячнасць здавалася непатрэбная, недарэчная, дый непажаданая. Якое можа быць пачуццё ўдзячнасцi да старога знаёмага - проста прымаеш паслугу, як нешта зусiм зразумелае, i сама ў сваю чаргу робiш яму паслугу, крыху пагаворыш з iм пра надвор'е, асаблiва яму не пярэчыш, калi цябе прылашчыць, аднак i абыякавасць яго цябе не засмучае, а калi ў танцы ўбачыш яго ў партэры, усмiхнешся яму раз цi два - трэба ж нешта рабiць з тварам, ён жа такi ў цябе непрыгожы, а мужчынам падабаецца, калi iх пазнаюць са сцэны.
      - Завiруха ўзмацнiлася.
      - Так. Уначы пахаладае.
      Трэба ўсмiхацца, калi жарт двухсэнсоўны, i адказаць як мага дураслiвей, калi маеш справу з такiм старым сябрам: "Мы не змерзнем", хоць ты не можаш забыць, што ноч наблiжаецца, i прыгадваеш усё тое, што расказвалi табе сяброўкi, якiя яны давалi парады, ад чаго засцерагалi, чым прыводзiлi цябе ў сарамлiвасць, як агiдна было чуць, што мужчына можа быць адначасова i абыякавы, i юрлiвы. Усю ранiцу i ў поўдзень снег не пераставаў, у Пасаў ён тоўстым слоем акрыў дах мытнi, на пуцях раставаў ад паравознай пары, ператвараючыся ў шэрыя, поўныя iльдзiнак ручайкi. Аўстрыйскiя мытнiкi ў гумавых ботах асцярожна выбiралi дарогу, з нягучнай лаянкай, павярхоўна агледзелi багаж.
      Частка трэцяя
      ВЕНА
      1
      Ёзеф Грунлiх схаваўся ад ветру за комiнам, наўкол на дах снег валiў камякамi. Унiзе, пад iм, нiбы вогнiшча, зiхацеў у цемры вакзал. Пачуўся пранiзлiвы свiсток, i, павольна рухаючыся, паказалася доўгая чарада агеньчыкаў. Ён зiрнуў на свой гадзiннiк, калi на вакзале прабiла дзевяць. "Гэта Стамбульскi экспрэс, - падумаў ён. - Спазняецца на дваццаць хвiлiн вiдаць, затрымаўся з-за снегападу". Ён падвёў свой пляскаты срэбны гадзiннiк i зноў засунуў яго ў кiшэню камiзэлькi, расправiўшы складкi на жываце. "Ну, у такую ноч, як гэтая, - падумаў ён, - няблага быць крышачку тлустым". Перш чым зашпiлiць палiто, Грунлiх засунуў рукi памiж кальсонамi i штанамi i паправiў рэвальвер, якi вiсеў унутры штанiны на шнурку, замацаваным да гузiка. "Ёзефу можна давяраць толькi ў трох выпадках, - самазадаволена прыгадаў ён сам сабе, - калi справа тычыцца жанчын, яды цi выгаднага крадзяжу з узломам". Ён пакiнуў надзейнае сховiшча за комiнам.
      Дах быў вельмi коўзкi, i гэта было небяспечна. Снег сляпiў вочы, а на падэшвах ператвараўся ў лёд. Адзiн раз Грунлiх паслiзнуўся, i перад iм, нiбыта нейкая дзiвосная рыба, якая ўсплывае на паверхню з цёмнай глыбiнi вады, узнiкла асветленая навiсь кавярнi. "Божа лiтасцiвы, ратуй мяне", прашаптаў ён, упёршыся абцасамi ў снег i сiлячыся ўхапiцца рукамi за што-небудзь. Учапiўшыся за край рыны, ён стаў на ногi i цiха засмяяўся навошта дарма скардзiцца на прыроду. Крыху пазней ён знайшоў жалезныя парэнчы пажарнай лесвiцы.
      Наперадзе чакаў спуск, якi быў, на яго думку, найбольш небяспечным месцам, бо хоць лесвiца i была на тыльнай сцяне жылога будынка i яе не вiдно з вулiцы, але яна выходзiла на таварны склад, а там - канец палiцэйскага абходу. Палiцэйскi прыходзiў туды кожныя тры хвiлiны, цьмяная лямпа на рагу склада адсвечвала на яго чорных навашчаных крагах, скураной папрузе i кабуры рэвальвера. Глыбокi снег заглушаў крокi, i Ёзеф не мог разлiчваць на тое, што па кроках ён даведаецца пра наблiжэнне палiцэйскага, а цiканне гадзiннiка прымушала яго ўвесь час памятаць пра небяспеку. Нiзка прыгнуўшыся на пачатку лесвiцы, з трывогай усведамляючы, што яго лёгка можна заўважыць на белым фоне снежнага даху, ён крыху перачакаў, пакуль палiцэйскi з'явiўся i пайшоў назад. Потым Грунлiх пачаў спуск. Яму трэба было мiнуць толькi адзiн нежылы паверх, але калi ён дабраўся да акна верхняга паверха, дык трапiў у прамень святла i пачуў свiсток. "Хiба мяне можна злавiць? - з недаверам падумаў ён. - Дагэтуль мяне яшчэ нiкому не ўдавалася злавiць. Са мной такога нiколi не здарыцца". Павярнуўшыся спiнай да акна, ён чакаў цi вокрыку, цi кулi, а ў галаве ў яго варушылiся добра падмазаныя колцы: адна думка чаплялася за другую i рухала трэцюю. Калi нiчога не здарылася, ён павярнуў твар ад лесвiцы i сцяны - на дварэ нiкога не было, святло iшло ад лямпы, якую нехта паставiў на паддашак склада, а свiсток быў адным з мноства гукаў, якiя чутны на вакзале. Гэтая памылка каштавала яму некалькiх дарагiх секунд, i цяпер ён пачаў шпарка спускацца, кiнуўшы думаць пра свае абледзянелыя чаравiкi i пераступаючы цераз дзве перакладзiны.
      Дабраўшыся да наступнага акна, ён пастукаў. Адказу не было, i ён цiха вылаяўся, не зводзячы вачэй з таго рага склада, адкуль вельмi хутка павiнен з'явiцца палiцэйскi. Ён iзноў пастукаў, i гэтым разам усярэдзiне пачуўся шоргат пантофляў. Зашчапка акна пасунулася, i жаночы голас спытаў:
      - Антон, гэта ты?
      - Я, - адказаў Ёзеф, - Антон. Хуценька ўпусцi мяне. - Фiранку адшмаргнулi, i хударлявая рука пачала цягнуць на сябе верхнюю раму. Нiжнюю, - падказаў шэптам Ёзеф. - Навошта верхнюю? Ты, пэўна, лiчыш, што я акрабат. - Калi рама паднялася, ён з нечаканым для такога таўстуна спрытам ступiў з пажарнай лесвiцы на падаконнiк, але працiснуцца ў пакой яму было нялёгка. - Ты што, не можаш падняць раму хоць бы на дзюйм вышэй?..
      Нейкi паравоз прагудзеў тры разы, i яго мозг машынальна вызначыў сэнс гэтага сiгналу: цяжкi таварняк. Потым ён улез у пакой, жанчына зачынiла акно, i шум станцыi зацiх.
      Ёзеф стрэс снег з палiто, выцер вусы i глянуў на гадзiннiк: пяць хвiлiн на дзесятую, цягнiк на Пасаў пойдзе не раней, чым праз сорак хвiлiн, а бiлет у яго ўжо ёсць. Павярнуўшыся спiнай да акна i да жанчыны, ён крадком аглядзеў пакой: усе рэчы былi на тых самых месцах, як iх зафiксавала яго памяць, - той самы збан i мiска на ўмывальнiку чырванавата-карычневага колеру, расколатае люстра ў пазалочанай рамцы, жалезны ложак, начны гаршчок, карцiна на бiблейскi сюжэт.
      - Акно лепей пакiнуць адчыненым. На выпадак, калi твой гаспадар раптам вернецца.
      - Не магу. Ой, не магу! - вымавiла яна тонкiм спалоханым голасам.
      Ён павярнуўся да яе i сказаў з прыязнай усмешкай:
      - Ах, якая ты сцiплая, Ганна, - i ўтаропiўся ў яе пранiкнёным вопытным поглядам.
      Яны былi аднагодкi, але ў яе не было яго вопыту: хударлявая, усхваляваная, стаяла яна каля акна, яе чорная спаднiца ляжала ўпоперак ложка, а чорная блузка з белым каўнерыкам, якiя носяць служанкi, усё яшчэ была на ёй. Яна трымала перад сабой ручнiк, прыкрываючы iм ногi.
      Ён насмешлiва глядзеў на яе.
      - Ух, якая ж ты мiлая, Ганна.
      Яна разявiла рот i нiбы зачараваная моўчкi ўтаропiлася ў яго. Ёзеф з агiдаю заўважыў, якiя ў яе крывыя i счарнелыя зубы. "Што б мне нi давялося яшчэ рабiць з ёю, - падумаў ён, - але цалавацца з ёй я не буду". Яна, пэўна ж, чакала, калi ён кiнецца яе абдымаць: яе сцiпласць ператварылася ў агiднае какецтва пажылой жанчыны, на якое яму давялося неяк рэагаваць. Прысеўшы ўскрай шырокага ложка так, каб ён iх раздзяляў, Ёзеф пачаў размаўляць з ёй на дзiцячай мове:
      - Ну i хто ж гэта прыйшоў да нашай мiленькай маленькай Ганначкi? Такi вялiзны дзядзька! А як жа ён яе пацiскае! - Потым дураслiва пагразiў ёй пальцам. - Мы адны, Ганна. Мы з табой яшчэ павесялiмся. Га? - Крадком, скоса зiрнуўшы на дзверы, ён з палёгкай зазначыў, што яны не замкнёныя: ад гэтай старой сучкi ўсяго можна было чакаць - яна магла замкнуць дзверы i схаваць ключ. Аднак на яго чырвонай тлустай фiзiяномii не было нi трывогi, нi агiды. - Ну, як?
      Яна ўсмiхнулася i глыбока i шумна ўздыхнула:
      - Ох, Антон.
      Ён усхапiўся на ногi, а яна выпусцiла з рук ручнiк i ў чорных баваўняных панчохах дробненька, па-птушынаму затупала да яго.
      - Хвiлiнку, - сказаў Ёзеф.
      Ён, нiбыта абараняючыся, падняў руку, жахаючыся той iснуючай са спрадвечных часоў пажаднасцi, якую сам жа i разбудзiў у ёй. "Абое мы далёка не прыгажуны", - падумаў ён, а прысутнасць бела-ружовай мадонны ператварыла гэтую сцэну ў наўмыснае блюзнерства. Настойлiвым шэптам ён спынiў яе:
      - А ты ўпэўнена, што ў кватэры нiкога няма?
      Твар яе пачырванеў, нiбыта ён пачаў да яе груба прыставаць.
      - Не бойся, Антон, мы зусiм адны.
      Яго мозг пачаў працаваць дакладна i ясна: яго заўсёды бянтэжылi толькi звычайныя чалавечыя адносiны, а калi надыходзiла небяспека цi патрэба дзейнiчаць, яго розум рабiўся надзейным, як выпрабаваная i добра падмазаная машына.
      - Дзе сумка, якую я табе даў?
      - Вунь там, Антон, пад ложкам.
      Яна выцягнула невялiкую чорную доктарскую сумку, Ёзеф пагладзiў яе пад падбародкам i сказаў, што ў яе прыгожанькiя вачаняткi.
      - Распранайся i кладзiся, - загадаў ён. - Я прыйду да цябе праз хвiлiну.
      Перш чым яна пачала спрачацца цi патрабаваць тлумачэння, ён на дыбачках спрытна праслiзнуў у дзверы i зачынiў iх за сабой. Агледзеўшыся, ён тут жа знайшоў крэсла i засунуў яго ножку за ручку дзвярэй так, каб iх немагчыма было адчынiць з таго боку.
      Пакой, куды трапiў Ёзеф, быў яму добра знаёмы, бо ён тут ужо бываў раней. Пакой выглядаў як нешта сярэдняе памiж канторай i старамоднай гасцёўняй. Там стаяў пiсьмовы стол, некалькi iншых столiкаў, чырвоная плюшавая канапа, крэсла на калёсiках, дзве-тры невялiкiя гравюры дзевятнаццатага стагоддзя, на якiх былi намаляваныя дзецi, што гулялi з сабакамi, i дамы каля садовай агароджы. Адну сцяну амаль цалкам займала вялiкая схема цэнтральнай станцыi з платформамi, таварнымi складамi, стрэлкамi i сiгнальнымi будкамi - яна была ўсыпаная рознакаляровымi паметкамi. Абрысы мэблi былi цьмяна бачныя ў прыцемках. Ценi ад запаленых лiхтароў падалi на столь i на запаленую настольную лямпу, гэтыя ценi, нiбыта мебельныя чахлы, былi параскiданы па ўсiм пакоi. Ёзеф стукнуўся нагой аб адзiн столiк i ледзь не перакулiў пальму. Ён нягучна вылаяўся, i тут з спальнi пачуўся голас Ганны:
      - Што здарылася, Антон? Што ты там робiш?
      - Нiчога. Нiчога. Праз хвiлiнку я буду з табой. Твой гаспадар не патушыў святла. Ты ўпэўнена, што ён не прыйдзе?
      Яе разабраў кашаль, але памiж прыступамi кашлю яна паведамiла:
      - Ён на дзяжурстве да поўначы. Ты хутка ўжо, Антон?
      Ёзеф скрывiўся.
      - Ганна, любая, я ўжо распранаюся.
      Праз адчыненае акно ў пакой урываўся шум чыгункi, бесперапынку гудзелi аўтамабiлi. Ёзеф высунуўся за акно i кiнуў позiрк на вулiцу. Таксi з пасажырамi i багажом сноўдалi па ўсiх напрамках, але ён не звяртаў увагi нi на таксi, нi на мiгатлiвыя агнi рэкламы, нi на звон шклянак у кавярнi якраз пад iм. Ён углядаўся ў тратуар унiзе: там зараз было няшмат прахожых надышоў час вячэры, тэатра, кiно. Палiцейскiх нiдзе не было вiдно.
      - Антон!
      - Сцiхнi ты! - агрызнуўся ён i завесiў штору, каб нельга было ўбачыць яго з другога боку вулiцы.
      Ён ведаў дакладна месца, дзе сейф быў уманцiраваны ў сцяну. Спатрэбiлася адзiн раз павячэраць з Ганнай у кавярнi, звадзiць яе ў кiно, некалькi разоў выпiць з ёю - i ўсе звесткi былi атрыманы. Аднак ён пабаяўся спытаць у яе камбiнацыю лiчбаў: яна магла здагадацца, што не толькi ад яе чараў ён узлез па абледзянелым даху ў яе пакой. З кнiжнай шафы за пiсьмовым сталом ён выцягнуў шэсць тоўстых тамоў "Эксплуатацыi чыгункi". За кнiгамi былi схаваныя сталёвыя дзверцы сейфа. Розум Ёзефа Грунлiха працаваў зараз ясна i дакладна, рухаўся ён упэўнена i няспешна. Перш чым прыступiць да працы, ён паглядзеў на гадзiннiк - дзесяць хвiлiн на дзесятую - i разлiчыў, што яшчэ можна тут заставацца паўгадзiны. "Процьма часу, - падумаў ён i прыцiснуў мокры вялiкi палец да дзверцаў сейфа. - Сталь таўшчынёй не болей за паўдзюйма". Паклаўшы сумку на пiсьмовы стол, ён дастаў з яе iнструменты. Зубiлы былi ў iдэальным стане, добра адпалiраваныя, з вострымi канцамi. Ёзеф ганарыўся высокай якасцю сваiх iнструментаў гэтаксама, як i хуткасцю, з якой ён працаваў iмi. Можна было ўзламаць такую тонкую сталь ломiкам, але Ганна пачуе грукат, а ёй ён не давяраў - яшчэ раптам крык падыме. Таму ён распалiў маленькую паяльную лямпу ў выглядзе трубкi, папярэдне надзеўшы цёмныя акуляры, каб засцерагчы вочы ад асляпляльнага святла. З першым жа шалёным выбухам полымя ўсе рэчы ў пакоi вылучылiся з цемры, спякота дыхнула яму ў твар, i сталёвыя дзверцы пачалi шыпець, як алей на гарачай патэльнi.
      - Антон! - жанчына пачала трэсцi ручку дзвярэй у спальнi. - Антон! Што ты там робiш? Навошта ты мяне замкнуў?
      - Сцiхнi! - крыкнуў ён ёй скрозь нягучнае гудзенне полымя.
      Ён чуў, як Ганна абмацвае замок i паварочвае ручку. Потым яна запатрабавала яшчэ раз:
      - Антон, выпусцi мяне!
      Варта было яму адняць губы ад трубкi, як полымя iмгненна сцiхала. Спадзеючыся на баязлiвасць гэтай дурнiцы, ён раз'юшана крыкнуў:
      - Сцiхнi! Iначай скручу табе шыю!
      З хвiлiнку панавала цiшыня, полымя павялiчылася, ад спёкi сталёвыя дзверцы зрабiлiся з чырвоных белыя, i тут Ганна закрычала што ёсць сiлы:
      - Я ведаю, чым ты там займаешся, Антон! - Ёзеф шчыльней прыцiснуў губы да трубкi, не звяртаючы ўвагi на Ганну, але наступны яе выкрык напалохаў яго: - Ты каля сейфа, Антон!
      Яна зноў пачала бразгаць ручкай, i ён мусiў быў прытушыць полымя i крыкнуць ёй:
      - Сцiхнi! Iначай, як сказаў, так i зраблю. Скручу тваю паганую шыю, старая сука!
      Голас яе зрабiўся цiшэйшы, але ён дакладна чуў кожнае яе слова - пэўна, яна прыцiснула губы да замочнай шчылiны:
      - Не трэба, не трэба так казаць, Антон. Паслухай, выпусцi мяне. Мне трэба табе нешта сказаць, папярэдзiць цябе. - Ён нiчога ёй не адказаў, раздзьмухваючы полымя i даводзячы сталь да белага напалу. - Я сказала табе няпраўду, Антон. Выпусцi мяне. Гер Кольбер зараз павiнен вярнуцца.
      Ён прыглушыў трубку i, усхапiўшыся, павярнуўся да дзвярэй:
      - Пра што гэта ты?
      - Я думала, што ты не прыйдзеш, калi даведаешся пра гэта. На каханне нам бы хапiла часу. Паўгадзiнкi. А калi б нават ён i завiтаў раней, мы маглi б паляжаць цiхенька.
      Мозг Ёзефа зрэагаваў iмгненна, ён не стаў марнаваць час на праклёны, а патушыў трубку, паклаў яе зноў у сумку разам з зубiламi, ломiкам, адмычкай i бляшанкай з перцам. Не раздумваючы, ён адмовiўся ад адной з самых лёгкiх здабыч у сваёй зладзейскай кар'еры, аднак жа нездарма ён заўсёды ганарыўся тым, што пазбягае ўсякай рызыкi. Яго нi разу яшчэ не злавiлi. Зрэдку ён працаваў з напарнiкам, i напарнiкi пападалiся, але зла на яго не трымалi. Яны разумелi, якога выдатнага рэкорду дасягнуў Ёзеф, i iшлi ў турму, гордыя тым, што яму ўдалося збегчы, а потым у размовах з сябрамi звычайна так пра яго гаварылi: "Гэта ж Ёзеф! За пяць год ён нi разу не трапiў за краты".
      Ёзеф зачынiў сумку i спалохана прыслухаўся: непадалёк пачуўся гук, нiбыта нехта спусцiў цецiву лука.
      - Што гэта?
      - Лiфт. Нехта пазванiў, выклiкае ўнiз, - сказала шэптам Ганна праз дзверы.
      Ён узяў у рукi том "Эксплуатацыi чыгункi", але сейф быў надта гарачы, i паклаў кнiгу на пiсьмовы стол. Унiзе было чуваць, як зачынiлiся дзверцы лiфта. Ёзеф адышоў ад парцьеры i, пацягнуўшы за шнурок, на якiм вiсеў рэвальвер, падняў яго на дзюймы два вышэй. Ён быў падумаў, можа, уцячы праз акно, аднак нагадаў, што давядзецца падаць з вышынi трыццацi футаў на дах кавярнi. Потым дзверцы лiфта адчынiлiся i адразу ж зачынiлiся з трэскам.
      - На першым паверсе, - шэптам паведамiла праз замочную шчылiну Ганна.
      "Не бяда, - падумаў Ёзеф. - Можна не спяшацца. Спярша ў спальню Ганны, а потым на дах. Давядзецца, праўда, пачакаць хвiлiн дваццаць цягнiка на Пасаў". Ножка крэсла, засунутая за ручку дзвярэй, захрасла. Яму прыйшлося пакласцi сумку i пусцiць у ход абедзве рукi. Крэсла звалiлася на паркет i раскалолася. У гэтае iмгненне ўключылася святло.
      - Стаяць на месцы! - загадаў гер Кольбер. - Рукi ўгору!
      Ёзеф Грунлiх адразу падпарадкаваўся загаду. Ён павярнуўся вельмi павольна i за гэтыя некалькi секунд абдумаў план дзеяння.
      - У мяне няма зброi, - цiха сказаў ён, з прастадушным дакорам гледзячы на гера Кольбера.
      Гер Кольбер быў апрануты ў блакiтную форму i круглую фуражку памочнiка начальнiка станцыi, ён быў маленькi i хударлявы, з смуглявым маршчынiстым тварам, старэчая рука, якая трымала рэвальвер, злёгку дрыжала ад хвалявання i лютасцi. Прастадушныя вочы Ёзефа звузiлiся на iмгненне, ён кiнуў хуткi позiрк на рэвальвер, прыкiдваючы, пад якiм вуглом будзе зроблены стрэл i цi праляцiць куля мiма. "Не, - вырашыў ён, - пацэлiць у ногi, а куля трапiць у жывот". Гер Кольбер стаяў спiнай да сейфа, i пакуль яшчэ не мог убачыць раскiданых неахайна кнiг.
      - Вы не так мяне зразумелi, - дадаў Ёзеф.
      - Што вы там робiце каля дзвярэй?
      Твар Ёзефа быў яшчэ чырвоны ад гарачага полымя.
      - Мы з Ганнай... - пачаў ён.
      - Ну, хутчэй кажы, нягоднiк! - закрычаў на яго гер Кольбер.
      - Мы з Ганнай - сябры. Шкада, гер дырэктар, што вы мяне... нас заспелi неспадзеўкi. Мяне сюды запрасiла Ганна.
      - Ганна? - здзеклiва перапытаў гер Кольбер. - Навошта?
      Ёзеф сарамлiва вiльнуў сцёгнамi.
      - Ну, гер Кольбер, вы ж самi ведаеце, як гэта звычайна здараецца. Мы з Ганнай - сябры.
      - Ганна, iдзi сюды.
      Дзверы павольна адчынiлiся, i Ганна выйшла з свайго пакоя. Яна паспела ўжо надзець спаднiцу i прычасаць валасы.
      - Гэта праўда, гер Кольбер, - сказала яна, з жахам пазiраючы на незамаскiраваны сейф.
      - Што з табой? Куды ты глядзела? Жанчына твайго веку! Куды гэта варта?
      - Ваша праўда, гер Кольбер, але... - Яна вагалася, i Ёзеф спынiў яе, не даўшы магчымасцi абаранiць цi абвiнавацiць яго:
      - Мне вельмi падабаецца Ганна.
      Бездапаможная, вартая жалю, яна з удзячнасцю сустрэла гэтыя словы.
      - Так, праўда, ён так казаў мне.
      Гер Кольбер тупнуў нагой.
      - Ты проста дурнiца, Ганна. Вывернi ў яго кiшэнi. Можа, ён украў у цябе грошы.
      Яму ўсё яшчэ не прыйшло ў галаву зiрнуць на сейф, i Ёзеф пачаў выконваць прапанаваную яму ролю дробязнага, нiкчэмнага зладзюжкi. Яму выдатна былi вядомыя iх самахвальства i звычай хныкаць. Яму даводзiлася працаваць з iмi, ён iх наймаў i без асаблiвага жалю глядзеў, як iх адпраўлялi ў турму. "Кiшэннiкi", - пагардлiва называў ён iх, разумеючы пад гэтым словам людзей без усякага пачуцця годнасцi i кемлiвасцi.
      - Я не краў у яе грошай, - захныкаў ён. - Нiколi б на гэта я не пайшоў. Мне падабаецца Ганна.
      - Вывернi яму кiшэнi.
      Ганна скарылася, але рукi яе заслiзгалi па яго вопратцы, нiбыта лашчылi яго.
      - А цяпер глянь у задняй кiшэнi.
      - У мяне няма зброi, - сказаў Ёзеф.
      - У задняй кiшэнi, - паўтарыў гер Кольбер, i Ганна адкiнула падбiўку пiнжака. Калi гер Кольбер пераканаўся, што i ў той кiшэнi нiчога няма, ён апусцiў рэвальвер, аднак яго ўсё яшчэ калацiла ад старэчай лютасцi. Зрабiць з маёй кватэры бардэль! - крычаў ён. - Што ты можаш сказаць у сваё апраўданне, Ганна? Ну i заварыла ты кашу!
      Ганна, утаропiўшы вочы ў падлогу, ламала худыя рукi.
      - Не ведаю, што гэта на мяне найшло, гер Кольбер. - Аднак сказаўшы гэтыя словы, жанчына, вiдаць, усё зразумела. Яна падняла вочы, i Ёзеф убачыў, як у яе поглядзе адданасць саступiла месца агiдзе, а агiда злосцi. - Ён мяне спакусiў, - павольна вымавiла яна.
      Тым часам Ёзеф не зводзiў вачэй з сваёй чорнай сумкi, якая ляжала на стале за спiнай у гера Кольбера, з кучы кнiг i з незамаскiраванага сейфа, але трывога не перашкаджала яму думаць. Рана цi позна гер Кольбер знойдзе сапраўдную прычыну яго вiзiту, а Ёзеф ужо заўважыў руку начальнiка каля званка, якi, пэўна, звязаны з кватэрай швейцара.
      - Магу я апусцiць рукi, гер начальнiк?
      - Можаш, але не кранайся з месца нi на дзюйм. - Гер Кольбер тупнуў нагой. - Я дабяруся да праўды, нават калi мне давядзецца пратрымаць цябе тут усю ноч. Не дазволю, каб мужчыны прыходзiлi сюды спакушаць маю служанку.
      Слова "мужчыны" прымусiла Ёзефа на iмгненне забыцца на асцярожнасць, адна толькi думка пра тое, што ён мог спакусiць гэтую пабляклую Ганну, пацешыла яго, i ён усмiхнуўся. Ганна заўважыла ўсмешку i здагадалася, чым яна выклiкана.
      - Сцеражыцеся! - крыкнула яна геру Кольберу. - Ён не да мяне прыходзiў... Ён...
      Але Ёзеф не даў ёй сказаць болей нi слова.
      - Я сам скажу ўсю праўду. Не да Ганны я прыйшоў. Паглядзiце туды, гер Кольбер, - ён махнуў левай рукой у бок сейфа.
      Гер Кольбер абярнуўся, яго рэвальвер быў скiраваны дулам у падлогу, i Ёзеф двойчы стрэлiў яму ў паяснiцу.
      Ганна схапiлася рукой за горла i ўсчала крык, сiлячыся не глядзець у бок цела. Гер Кольбер упаў на каленi, iлбом на падлогу, ён здрыгануўся ўсiм целам памiж двума стрэламi, павалiўся б на бок, калi б не сцяна.
      - Сцiхнi, - загадаў Ёзеф, але жанчына працягвала крычаць, тады ён схапiў яе за горла i страсянуў. - Калi ты не змоўкнеш хвiлiн на дзесяць, я цябе гэтаксама заб'ю, зразумела?
      Ён убачыў, што яна самлела, i кiнуў яе ў крэсла, потым зачынiў i зашчапiў акно i замкнуў дзверы ў спальню: ён баяўся - раптам Ганна вернецца ў свой пакой, i яе крыкi можа пачуць палiцэйскi, калi ў час абходу наблiзiцца да склада. Ключ ён прапiхнуў ва ўнiтаз з дапамогай ручкi ад швабры. Кiнуўшы апошнi позiрк на кабiнет, ён вырашыў пакiнуць чорную сумку на пiсьмовым стале: ён заўсёды насiў на руках пальчаткi, i на сумцы застануцца толькi адбiткi пальцаў Ганны. Шкада было пакiдаць такi выдатны набор iнструментаў, але ён гатовы быў ахвяраваць усiм, што небяспечна. "Нават бiлет у Пасаў, - падумаў ён, зiрнуўшы на гадзiннiк. - Да адыходу цягнiка застаецца яшчэ чвэрць гадзiны, нельга так доўга затрымлiвацца ў Вене". Ён нагадаў пра экспрэс, якi бачыў з даху, пра Стамбульскi экспрэс, i прыкiнуў: "А цi можна будзе сесцi ў яго без бiлета?" Было непажадана; каб нехта запомнiў яго твар, у яго галаве нават мiльганула думка, можа, асляпiць Ганну зубiлам, - тады яна не зможа пазнаць яго. Аднак тут жа адкiнуў гэтую думку: залiшняя жорсткасць была яму непрыемная не таму, што ён наогул быў супраць жорсткасцi, проста ён любiў дакладнасць у дзеяннях, не прапускаў нiчога неабходнага i не рабiў нiчога лiшняга. Цяпер вельмi асцярожна, каб не запэцкацца крывёй, ён абмацаў кiшэнi гера Кольбера, шукаючы ключ ад кабiнета i, знайшоўшы яго, хвiлiнку затрымаўся каля люстры, прыгладзiў валасы i пачысцiў брыль. Потым выйшаў з пакоя, замкнуў дзверы i кiнуў ключ на падстаўку для парасонаў у пярэдняй, - у гэты вечар ён болей не збiраўся лазiць па дахах.
      Ён крыху павагаўся, калi ўбачыў парожнi лiфт з адчыненымi дзверцамi, але тут жа вырашыў спусцiцца па лесвiцы: у iншых кватэрах успомняць шум лiфта, калi яго пачнуць шукаць. Спускаючыся па лесвiцы, ён ўвесь час прыслухоўваўся, цi не чуваць крыкаў Ганны, але ўсё наўкол было цiха. На вулiцы ўсё яшчэ падаў снег, якi заглушаў грукат колаў фурманак i крокi прахожых, аднак цiшыня спускалася з верхняй пляцоўкi i рабiлася больш непранiкальнай, чым снег, яна нiбыта iмкнулася схаваць усе пакiнутыя iм пасля сябе доказы: кучу кнiг, чорную сумку, абпалены сейф. Нiколi раней ён не забiваў чалавека, але, пакуль не парушана цiшыня, ён мог забыцца пра тое, што зрабiў апошнi крок, якi ўзняў яго на такую небяспечную вяршыню яго прафесii.
      Дзверы ў кватэру на другiм паверсе былi адчыненыя, i, праходзячы мiма, ён пачуў зласлiвы жаночы голас:
      - Такiя кальсоны, кажу табе. Ну, я не дачка прэзiдэнта, i я ёй сказала: "Дайце мне што-небудзь прыстойнае". Тонкiя! Ты нiколi не бачыў...
      Ёзеф Грунлiх падкруцiў густыя, з сiвiзной вусы i смела рушыў на вулiцу, кiнуў позiрк спачатку ў адзiн бок, потым у другi, нiбыта чакаючы якогась сябра. Палiцэйскага паблiзу не было вiдаць, снегу на тратуары не было, таму Грунлiх не пакiдаў за сабой слядоў. Хутка i ўпэўнена пакрочыў ён налева, да вакзала, пiльна прыслухоўваючыся, цi не чуваць на вулiцы крыкаў, але нiчога не пачуў, апроч гудкоў таксi i шолаху снегу. У канцы вулiцы, нiбыта асветлены фасад вар'етэ, вабiла да сябе арка вакзала.
      "Бадай што, небяспечна сноўдацца каля ўвахода, як быццам нейкi прадавец латарэйных бiлетаў", - вырашыў ён i ў думках iзноў, паверх за паверхам, прарабiў увесь шлях ад самага пачатку, з кватэры гера Кольбера. Тут ён яшчэ раз пераканаўся, якi ён разумны, нагадаў руку, якая паказала на сейф, хуткi рывок за шнурок, iмгненна ўзведзены рэвальвер i два стрэлы, i яго агарнула пачуццё гонару: "Я забiў чалавека". Ён расхiнуў крысы палiто, даючы доступ начному ветрыку, прыгладзiў камiзэльку, крануў пальцам срэбны ланцужок, прыўзняў перад уяўнай сяброўкаю свой мяккi брыль, зроблены лепшым майстрам Вены. Брыль, праўда, быў крыху малаваты - ён сцягнуў яго з вешалкi ў туалеце. "Я, Ёзеф Грунлiх, забiў чалавека. Я разумны, iм мяне не адолець, думаў ён. - Навошта мне асаблiва спяшацца, як нейкаму зладзюжку-баязлiўцу, крадком праслiзгаць у дзверы, хавацца пад засенню складоў? У мяне ёсць яшчэ час выпiць кубачак кавы". Ён усеўся за столiк на тратуары, ускрай той павецi, якая паўстала перад яго вачыма, калi ён паслiзнуўся на даху. Скрозь густы снег ён зiрнуў угору: першы паверх, другi, трэцi - там свяцiлася акно кабiнета гера Кольбера, - чатыры паверхi i абрысы будынка схавалiся за шэрымi цяжкiмi хмарамi, якiя акрылi неба. Ён разбiўся б ушчэнт.
      - Dеr Каffее mit Мilk*, - заказаў ён.
      * Кава з малаком (ням.).
      Ёзеф Грунлiх задумлiва памешваў каву. Ён - абраннiк лёсу. Выйсця не было, i ён не вагаўся. Па яго твары прабег цень прыкрасцi, калi ён падумаў: "Шкада, што я не магу нiкому расказаць пра гэта. Занадта небяспечна". Нават яго лепшы сябар Антон, чыё iмя ён прысвоiў, нiчога не павiнен ведаць - за данос могуць прызначыць узнагароду. "I ўсё-такi здагадаюцца рана цi позна, упэўнiваў ён сябе, - будуць пальцамi на мяне паказваць. Вунь Ёзеф. Ён забiў у Вене Кольбера, але яго так i не злавiлi. Яго нi разу нiхто не злавiў".
      Ён паставiў шклянку на стол i прыслухаўся. Што гэта было - таксi, шум на вакзале цi жаночы крык? Азiрнуў суседнiя столiкi - нiхто нiчога не пачуў незвычайнага, людзi размаўлялi, пiлi, весялiлiся, а аднаго мужчыну ванiтавала. Смага Ёзефа Грунлiха трохi сцiхла, пакуль ён сядзеў i прыслухоўваўся. Па вулiцы прайшоў палiцэйскi, пэўна, гэта быў дарожны iнспектар, якi змянiўся на пасту i iшоў дадому, але Ёзеф, падняўшы шклянку, схаваўшы за ёю твар, употай пачаў назiраць за iм. I тут ён ясна пачуў крык. Палiцэйскi спынiўся, i Ёзеф трывожна азiрнуўся на афiцыянта, падняўся i паклаў на стол некалькi манет, рэвальвер крыху намуляў яму скуру на назе.
      - Gutеn Аbеnd*. - Палiцэйскi купiў вячэрнюю газету i рушыў далей па вулiцы.
      * Добры вечар (ням.).
      Ёзеф выцер пот з iлба рукой, не здымаючы пальчаткi, якая зрабiлася адразу вiльготная. "Так нельга, - падумаў ён. - Нельга нервавацца, мне, пэўна, здаўся гэты крык". Ён сабраўся быў ужо сесцi i дапiць каву, як раптам iзноў пачуў гэты крык. Дзiўна, але ў кавярнi нiхто не звярнуў на крык нiякай увагi. "Колькi пройдзе часу, перш чым яна адчынiць акно, - разважаў ён. Тады яны пачуюць". Ён адышоў ад столiка i ўжо на вулiцы выразна пачуў крыкi, аднак мiма з гудзеннем праносiлiся таксi, некалькi насiльшычыкаў, хiстаючыся, цягнулi з гатэля багаж па склiзкiм тратуары, нiхто не спынiўся, нiхто нiчога не пачуў.
      Раптам пачуўся металiчны звон, нешта ўпала на тратуар. Ёзеф паглядзеў унiз. Гэта была медная манета. "Цiкава, - падумаў ён. - Добрая прыкмета". Аднак калi ён нахiлiўся над манетай, дык убачыў, што ўздоўж усёй дарогi ад кавярнi, на некаторай адлегласцi адна ад адной, пасярод тратуара былi параскiданы медныя i срэбныя манеты. Сунуўшы руку ў кiшэню штаноў, ён не знайшоў там нiчога, акрамя дзiрачкi. "Божухна, няўжо гэта я губляў iх ад самай кватэры?" - падумаў ён. I ўявiў сабе, што стаiць у канцы дакладна акрэсленага шляху, якi вёў ад адной плiты тратуара да другой, потым ад адной прыступкi лесвiцы да другой, напрамкi да дзвярэй кабiнета гера Кольбера. Хутка крочачы назад па тратуары, ён падбiраў манеты i запiхваў iх у кiшэню палiто, але не паспеў ён дайсцi да кавярнi, як высока над яго галавой разбiлася шкло i жаночы голас закрычаў: "Zu Нilfе! Zu Нilfе!"* З кавярнi выбег афiцыянт, якi пачаў углядацца ўверх, таксiст нацiснуў на тормаз i спынiў машыну каля краю тратуара, двое мужчын, якiя гулялi ў шахматы, усхапiлiся з месца i выбеглi на дарогу. Раней Ёзефу Грунлiху здавалася, што наўкол вельмi цiха ад снегападу, але толькi цяпер зразумеў, што такое сапраўдная цiшыня: таксi спынiлiся, у кавярнi змоўклi размовы, а жанчына працягвала крычаць: "Zu Нilfе! Zu Нilfе!". Нехта сказаў: "Diе Роlizеi"**, па вулiцы беглi двое палiцэйскiх, кабуры ў iх гучна ляпалi па баках. Потым iзноў усё зрабiлася як звычайна, толькi кучка разявак скупiлася ля ўвахода ў будынак. Два шахматысты вярнулiся да сваёй гульнi, таксiст уключыў быў стартэр, але холад ужо паспеў скаваць рухавiк, i ён вылез з машыны пакруцiць ручку. Ёзеф Грунлiх няспешна пайшоў да вакзала, а газетчык пачаў збiраць манеты, пакiнутыя Ёзефам на тратуары. "Вядома, мне нельга чакаць цягнiка на Пасаў, - думаў Ёзеф. - Але не варта i iсцi на рызыку: раптам затрымаюць за безбiлетны праезд, - прыйшло яму ў галаву. - А грошай на другi бiлет у мяне няма, нават дробязь я згубiў. Ёзеф, Ёзеф, - супакойваў ён сябе, - не стварай залiшнiх цяжкасцей. Табе трэба здабыць грошы, ты ж не збiраешся здавацца: Ёзеф Грунлiх за пяць гадоў яшчэ нi разу не трапiў за краты. Ты забiў чалавека. Вядома, ты майстра ў сваёй справе, хiба табе не па сiле здзейснiць тое, што не цяжка дробнаму зладзюжку, - сцягнуць дамскую сумачку".
      * На дапамогу! На дапамогу! (ням.)
      ** Палiцыя (ням.).
      Падымаючыся па прыступках вакзала, ён насцярожана аглядваўся. Рызыкаваць было нельга. Калi яго возьмуць, дадуць пажыццёвае. Гэта табе не тыдзень у турме. Трэба выбiраць асцярожна. У люднай зале некалькi сумачак самi прасiлiся яму ў рукi, - але гаспадынi сумачак выглядалi цi занадта беднымi, цi вельмi ўжо нагадвалi шлюх. У першых будзе ўсяго некалькi шылiнгаў у танным кашальку, у другiх жа хутчэй за ўсё не знойдзецца нават дробязi, а толькi пухоўка, губная памада, люстэрка i, магчыма, прэзерватывы.
      Нарэшце ён напаткаў тое, што трэба - на такую ўдачу ён нават i не разлiчваў. Чужаземка, пэўна, ангелька, з кароткiмi непакрытымi валасамi i чырвонымi вачыма, дужалася з дзвярыма тэлефоннай будкi. Яна ўчапiлася за ручку абедзвюма рукамi, i яе сумачка звалiлася на падлогу. "Яна п'яная, падумаў ён, - а калi ўжо гэта iншаземка - у сумачцы ў яе плойма грошай". Астатняе ўжо было Ёзефу Грунлiху дзiцячая гульня.
      Дзверы нарэшце адчынiлiся, i перад Мейбл Уорэн паўстаў той чорны зiхатлiвы апарат, якi вось ужо дзесяць гадоў паглынаў яе лепшыя часiны i лепшыя думкi. Мейбл нахiлiлася па сумачку, але яе нiдзе не было. "Дзiўна, падумала яна, - я ўпэўнена... цi я яе ў вагоне пакiнула?" У цягнiку яна наладзiла развiтальны абед у гонар Джанет Пардаў, яна там выпiла келiх шэры, больш за паўбутэлькi рэйнвейну i два лiкёры з каньяком. З гэтага яна крышку ачмурэла. Джанет заплацiла за абед, а яна вярнула грошы Джанет i рэшту пакiнула сабе. У кiшэнi яе цвiдавага жакета i цяпер было фунты два аўстрыйскай дробязi, але ў сумачцы яшчэ заставалася каля васьмiдзесяцi марак.
      З вялiкай цяжкасцю - у яе заплятаўся язык - ёй удалося прымусiць тэлефанiстку мiжгародняй станцыi зразумець, якi нумар ёй патрэбен у Кёльне. Чакаючы размовы, яна злёгку пагойдвалася сваiм мажным целам на маленькiм жалезным сядзеннi i не зводзiла вачэй з бар'ера. Усё меней i меней пасажыраў заставалася на платформе, але доктара Цынера нiдзе не было вiдно. Аднак калi за дваццаць хвiлiн да Вены яна зазiрнула ў яго купэ, - на iм былi ўжо брыль i плашч, i ён сказаў ёй: "Так, я выходжу". Яна тады яму не паверыла, i калi цягнiк спынiўся, пачакала, пакуль ён выйдзе з купэ, бачыла, як ён мацае кiшэнi, шукаючы бiлет. Яна б не выпусцiла яго з вачэй, калi б не гэтая патрэба патэлефанаваць у рэдакцыю. Калi ён сказаў ёй няпраўду, то яна паедзе з iм у Белград i ў яе болей не будзе магчымасцi патэлефанаваць сёння ўвечары. "Няўжо-такi я пакiнула сумку ў вагоне?" - здзiўлена падумала яна, i тут зазванiў тэлефон.
      Мейбл Уорэн глянула на свой гадзiннiк. "У мяне ёсць яшчэ дзесяць хвiлiн. Калi ён не з'явiцца праз пяць, я вярнуся ў цягнiк. Яму не ўдасца мяне ашукаць".
      - Алё! Гэта лонданскi "Кларыён"? Эдвардс? Так. Запiсвай. Не, сябра, гэта не рэпартаж пра Сейвары. Той я перадам праз хвiлiну. Гэта галоўны матэрыял на першую паласу, але табе давядзецца прытрымаць яго на паўгадзiнкi. Калi я болей не пазваню - перадавай. Як паведамiлi нашы вячэрнiя газеты, узброенае паўстанне камунiстаў у Белградзе ў сераду ноччу было задушана, маюцца чалавечыя ахвяры. Яго рыхтаваў вядомы бунтаўшчык доктар Рычард Цынер, якi збег у час судовага працэсу над Камнецам. Не, Камнец. К - Кайзер, А - афера, М - мул, Н - неданосак, не, гэта не тое. Ну, але ўсё адно, лiтара тая самая. Е - еўнух, Ц - цыган. Запiсаў? Суд над Камнецам. Запiшы памочнiку рэдактара: прагледзець газетныя выразкi тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмага года. Лiчылася, што доктар Цынер забiты ўрадавымi агентамi, але ён, нягледзячы на ордэр на арышт, знiк. У iнтэрв'ю, дадзеным выключна нашаму карэспандэнту, ён паведамiў пра сваё жыццё ў якасцi школьнага настаўнiка ў Грэйт Берчынгтан-он-Сi. Рэдактару аддзела навiн: не магу яго прымусiць расказаць пра гэта. Атрымайце сакрэтную iнфармацыю ад дырэктара школы. Яго прозвiшча - Джон. Паўстанне ў Белградзе пачалося не ў запланаваны тэрмiн, яго меркавалася пачаць у ноч на суботу, да гэтага часу доктар Цынер, якi выехаў з Ангельшчыны ў сераду вечарам, прыбыў бы ў Белград i ўзяў бы на сябе кiраўнiцтва паўстаннем. Доктар Цынер даведаўся пра паўстанне, пра яго разгром, калi цягнiк прыбыў у Вюрцбург. Ён тут жа вырашыў выйсцi ў Вене. Цынер быў у адчаi i ўвесь час ледзь чутна паўтараў, звяртаючыся да нашага карэспандэнта: "Чаму яны не пачакалi?" Ён перакананы быў бы ён у Белградзе, увесь рабочы клас горада падтрымаў бы паўстанне. На куртатай ангельскай мове ён расказаў нашаму карэспандэнту надзвычайную гiсторыю сваiх уцёкаў з Белграда ў тысяча дзевяцьсот дваццаць сёмым годзе i паведамiў пра планы, якiя так нечакана не здзейснiлiся. Запiсаў? А зараз слухай уважлiва. Калi не атрымаеш астатнюю частку iнфармацыi праз паўгадзiны, выкраслi ўсё пасля слоў "прыбыў у Вюрцбург" i працягвай наступным чынам: ...i пасля доўгiх i пакутлiвых ваганняў вырашыў усё-такi ехаць у Белград. Ён быў у адчаi i ўвесь час цiха паўтараў: "Цудоўныя, смелыя хлопцы! Як я магу кiнуць iх у бядзе!" Крыху ачуняўшы, Цынер заявiў нашаму спецыяльнаму карэспандэнту: ён вырашыў з'явiцца перад судом разам з тымi, хто застаўся жывы, тым самым пацвердзiць сваю рэпутацыю Дон-Кiхота яшчэ пад час суду над Камнецам. Яго папулярнасць сярод рабочага класа цяпер нi для кога не сакрэт, i яго рашэнне можа нарабiць ураду шмат клопату.
      Мiс Уорэн перавяла дух i паглядзела на гадзiннiк. Да адыходу цягнiка заставалася толькi пяць хвiлiн.
      - Алё! Не кладзi трубку. Вось звычайная лухта наконт Сейвары. Хуценька занатуй. Прасiлi на палову калонкi, але я не маю часу. Дам табе некалькi абзацаў. Мiстэр Куiн Сейвары, аўтар "Развясёлага жыцця", едзе на Далёкi Ўсход збiраць матэрыял на новы раман "Паехалi за гранiцу". Хоць дзеянне новага рамана адбываецца на Ўсходзе, выдатны пiсьменнiк не мае намеру пакiдаць Лондан, ён яго так горача любiць. Ён збiраецца глядзець на гэтыя далёкiя краiны вачыма гаспадара тытунёвага кiёска ў Лондане. Мiстэр Сейвары, зграбны мужчына з бронзавым загарам, вiтаў нашага карэспандэнта на платформе ў Кёльне. У яго грубаватая манера паводзiць сябе - не строй з сябе дурня, я сказала "грубаватая", гру-ба-ва-тая, - але за ёй хаваецца добрае спагадлiвае сэрца. На просьбу вызначыць сваё месца ў лiтаратуры ён адказаў: "Мая пазiцыя заснавана на цвярозым розуме, у процiлегласць паталагiчнаму захапленню самааналiзам такiх пiсьменнiкаў, як Лоўрэнс i Джойс. Жыццё - выдатнае поле дзейнасцi для прадпрымальных, энергiчных людзей, для тых, у каго ў здаровым целе здаровы дух". Мiстэр Сейвары апранаецца сцiпла, але экстравагантна, ён не ўхваляе багемных поглядаў некаторых лiтаратурных колаў. "Яны аддалi сексу, - сцвярджае ён, па-свойму перафразуючы знакамiтае выказванне Бэрка*, - тое, што прызначана ўсяму чалавецтву". Наш карэспандэнт нагадаў яму, з якiм шчырым захапленнем ставяцца шматлiкiя чытачы да Эмi Тод, маленькай служанкi з "Развясёлага жыцця", - тыраж гэтай кнiгi, мiж iншым, дасягнуў ужо ста тысяч. "Вы - тонкi знаўца жаночага сэрца", - сказаў наш карэспандэнт. Дабрадушна пасмейваючыся, мiстэр Сейвары забраўся зноў у свой вагон. Ён, дарэчы, халасцяк. "Пiсьменнiк - гэта нешта накшталт шпiёна", весела заявiў ён i памахаў рукой на развiтанне, калi цягнiк ужо нёс яго прэч. Прынамсi, ужо ўсе ведаюць, што высакародная Кэрал Дылейн, дачка лорда Гартвей, будзе выконваць ролю Эмi Тод, служанкi, у кiнакарцiне "Развясёлае жыццё". Запiсаў? Ну, зразумела, не на дурняў. А што яшчэ можна было выцягнуць з такой нiкчэмнасцi?
      * Эдмунд Бэрк (1729-1797) - ангельскi дзяржаўны дзеяч i пiсьменнiк. Выказванне, на якое спасылаецца мiс Уорэн, на самай справе належыць другому ангельскаму пiсьменнiку Олiверу Голдсмiту (1728-1774).
      Мiс Уорэн з трэскам бразнула трубкаю. Доктар Цынер так i не з'явiўся. Яна раззлавалася, але не без злараднасцi. Ён думаў пакiнуць яе на вакзале ў Вене. Яна развесялiлася, уяўляючы сабе, як ён будзе расчараваны, калi ўбачыць яе ў дзвярах свайго купэ. "Мяне проста так не страсеш, як пыл з ног, - шаптала яна пра сябе. - Гэта з ёй не пройдзе проста так".
      Кантралёр спынiў яе каля бар'ера:
      - Fаhrkаrtе, bitte*.
      * Бiлет, калi ласка (ням.).
      Ён не глядзеў на яе, быў заняты - збiраў бiлеты ў пасажыраў, якiя толькi што прыехалi прыгарадным цягнiком: у жанчын з дзецьмi на руках, у мужчыны з жывой курыцай пад пахай. Мiс Уорэн зрабiла спробу прайсцi.
      - Журналiсцкае пасведчанне.
      Кантралёр павярнуўся i падазрона агледзеў яе.
      - Дзе яно?
      - Я пакiнула яго ў сумцы ў вагоне.
      Ён забраў апошнi бiлет, склаў усе кардонкi ў акуратны стосiк i дбайна перацягнуў яго гумкаю.
      - Дама сказала мне, калi выходзiла з платформы, што ў яе пасведчанне, нагадаў ён ветлiва, але непахiсна. - Яна памахала перада мной кусочкам кардону i панеслася далей, перш чым я паспеў яго разгледзець. Цяпер я хацеў бы паглядзець на гэты кусочак кардону.
      - Чорт пабяры! - усклiкнула мiс Уорэн. - Значыцца, сумачку ў мяне ўкралi.
      - Але ж дама толькi што сказала, што яе сумачка ў вагоне.
      Мiс Уорэн iзноў вылаялася. Яна зразумела - выгляд у яе зараз не на яе карысць: без капялюшыка, валасы ўскудлачаныя, з рота тхне алкаголем.
      - Што ж мне рабiць? Мне трэба сесцi ў гэты цягнiк. Пашлiце каго-небудзь са мной, i я аддам яму грошы.
      Кантралёр адмоўна пакруцiў галавой:
      - Сам я не магу адысцi ад бар'ера, паслаць каго-небудзь з насiльшчыкаў, якiя зараз у зале, на платформу, каб атрымаць грошы за бiлет, я не маю права. А чаму б даме самой не купiць бiлет, а потым запатрабаваць ад чыгункi кампенсацыi?
      - А таму, - раз'юшана адказала мiс Уорэн, - што ў дамы няма пры сабе грошай.
      - У такiм разе, - спакойна адказаў кантралёр, зiрнуўшы на гадзiннiк, даме давядзецца ехаць наступным цягнiком. Усходнi экспрэс зараз адыходзiць. А што да сумачкi - вам не трэба турбавацца. Можна тэлефанаваць на наступную станцыю.
      У бiлетнай зале нехта насвiстваў знаёмы матыў. Мiс Уорэн слухала некалi гэтую мелодыю разам з Джанет - гэта была музыка на словы эратычнай песенькi. Яны слухалi яе, трымаючыся ў цемры за рукi: кiнакамера няўдала зняла дэкарацыю доўгай вулiцы - гэтую песеньку спявалi на ёй мужчына, якi высунуўся з акна, жанчына, якая прадавала гароднiну з каляскi, хлопец, якi абдымаў дзяўчыну ля сцяны. Яна ўскалмацiла рукой валасы. Раптам у яе ўспамiны i клопаты, у кампанiю Джанет i К.С.Сейвары, Корал i Рычарда Цынера, на iмгненне ўлезла румяная фiзiяномiя нейкага маладога чалавека з добрымi прамянiстымi вачыма ў акулярах у рагавой аправе.
      - Мне здаецца, мэм, у вас нейкiя непрыемнасцi з гэтым чалавекам. Я быў бы рады, калi б змог вам дапамагчы.
      Раз'юшаная мiс Уорэн павярнулася да юнака.
      - Яшчэ адзiн на маю галаву, - сказала яна i рушыла да тэлефоннай будкi.
      Амерыканец дапамог ёй пазбавiцца ад кранальных, сентыментальных успамiнаў, засталiся толькi злосць i прага помсты. "Ён лiчыць, што яму цяпер нiчога не пагражае, ён ад мяне адчапiўся, i я нiчога не магу з iм зрабiць, калi ён пацярпеў няўдачу", - думала яна. Але да таго часу, калi ў будцы зазванiў тэлефон, яна зноў супакоiлася. Няхай Джанет флiртуе з Сейвары, а Корал з сваiм жыдам - Мейбл Уорэн пакуль што не да iх. Калi трэба выбiраць памiж каханнем да жанчыны i нянавiсцю да мужчыны, для яе iснавала толькi адно: з яе кахання можна пакпiць, але нiхто яшчэ нiколi не здзекаваўся з яе нянавiсцi.
      2
      Корал Маскер збянтэжана разглядвала меню.
      - Выберыце за мяне, - папрасiла яна i ўзрадавалася, калi ён заказаў вiно. "Яно аблегчыць мне сённяшнюю ноч", - падумала яна. - Мне падабаецца ваш пярсцёнак.
      Агнi Вены пранеслiся мiма ў акне, знiкаючы ў цемрадзi ночы, афiцыянт перагнуўся цераз столiк i апусцiў штору.
      - Яно каштавала мне пяцьдзесят фунтаў, - сказаў Майет. Ён вярнуўся ў родную стыхiю i пачуваў сябе ў ёй як дома, яго болей не бянтэжыла недарэчнасць паводзiн людзей. Карта вiн у яго руцэ, складзеная сурвэтка на талерцы, мяккiя крокi афiцыянтаў, якiя сноўдалi мiма яго крэсла, - усё гэтае надавала яму ўпэўненасцi. Усмiхнуўшыся, ён паварушыў рукой, i гранi каменя зазiхацелi на столi i на келiхах. - А сапраўдная цана яго ўдвая большая.
      - Раскажыце мне пра яе, - сказаў мiстэр К.С.Сейвары. - Дзiўная асоба. Выпiвае?
      - Яна так да мяне прывязалася.
      - Нiчога дзiўнага. - Нахiлiўшыся наперад i разломваючы хлеб, ён асцярожна спытаў: - Не магу нiяк зразумець, чым такiя жанчыны займаюцца?
      - Не, не буду болей пiць гэтага пiва. Мой страўнiк яго не прымае. Спытай, цi няма ў iх "Гiнеса". З асалодай выпiла б зараз шклянку "Гiнеса".
      - Вядома, у вас у Германii адраджаецца вялiкi спорт, - казаў мiстэр Оўпi. - Выхоўваецца цудоўны тып маладых мужчын. Аднак гэта нельга параўнаць з крыкетам. Вазьмiце, да прыкладу, Хобса i Сатклiфа...
      Цалуюцца. Яны ўвесь час цалуюцца.
      Але ж я не ведаю iх тарабарскай мовы, Эймi.
      - Кожны раз вы нагадваеце, колькi кожная рэч каштуе. Вам вядома, пэўна, колькi каштую я? - Ад разгубленасцi i страху яна зрабiлася з'едлiвая. Вядома ўжо дакладна. Дзесяць фунтаў за бiлет.
      - Я ж усё ўжо растлумачыў наконт бiлета.
      - А калi б на маiм месцы была вунь тая дзяўчына?
      Майет павярнуўся i паглядзеў на элегантную, стройную маладую жанчыну ў футры, яе мяккi прамянiсты погляд на хвiлiнку затрымаўся на iм, ацанiў i адхiлiў яго.
      - Вы лепей, - вымавiў ён яўна няшчырым тонам, iзноў iмкнучыся злавiць погляд той маладой жанчыны i прачытаць свой прыгавор. "Гэта праўда, пераконваў ён сябе, - бо калi Корал у гуморы, яна вельмi цудоўная, а незнаёмай дзяўчыне цяжка нават i даць такое вызначэнне. З ёй я б i слова не сказаў, - думаў ён. - Не змог бы размаўляць гэтаксама лёгка, як з Корал, не ведаў бы, куды рукi падзець, увесь час памятаў бы пра сваю нацыянальнасць". У парыве ўдзячнасцi ён павярнуўся да Корал: - Вы такая да мяне добрая. - Ён нахiлiўся над талеркай з супам, булачкамi, графiнчыкам з воцатам. - Вы i далей будзеце такая добрая да мяне?
      - Асаблiва сёння ўначы.
      - Чаму толькi сёння? Калi прыедзем у Канстанцiнопаль, чаму б вам, чаму б нам... - ён завагаўся. Нешта ў ёй бянтэжыла яго: заставалася заўсёды нейкая нязведаная выспа ў акiяне iх сяброўскiх адносiн.
      - Жыць разам з вамi там?
      - А чаму не?
      Розум яе супрацiўляўся яго прапанове, але яна так здзiвiла яе, што ёй давялося засяродзiць усю сваю ўвагу на навакольным свеце: цягнiк, якi крыху гойдаўся, мужчыны, жанчыны - яны, здаецца, ядуць i пьюць, седзячы памiж апушчанымi шторамi, - абрыўкi чужых размоў.
      - Так, вось i ўсё. Цалавалiся. Толькi цалавалiся.
      - Хобс i Зудглiф?
      Усе довады былi на карысць яго прапановы. Замест таго каб прамерзлай вяртацца на свiтанку ў бруднае жыллё мясцовай гаспадынi - тая нават не зможа зразумець яе просьбу даць ёй грэлку цi кубак гарбаты i пачне прапаноўваць нейкi невядомы заменнiк аспiрыну, каб не балела галава, якая расколваецца ад стомы, - замест усяго гэтага вяртацца ў раскошную кватэру, дзе блiскучыя краны i заўсёды ёсць гарачая вада, дзе мяккi ложак, пакрыты квяцiстым шаўковым пакрывалам - за ўсе гэтыя выгоды варта перацярпець любы зубны боль, любыя непрыемнасцi. "Аднак пра такое жыццё можна толькi марыць, - думала яна, - i сёння ўначы, калi ён даведаецца, якая я халодная, напалоханая i нязвыклая да ўсяго такога, ён мяне болей не захоча".
      - Пачакайце яшчэ крышку. Можа, я вам болей не спатрэблюся.
      - Не, вы мне заўсёды патрэбны.
      - Пачакайце да снедання. Спытайце ў мяне за снеданнем. Цi наогул не пытайцеся болей нiколi.
      - Не, не крыкет, не крыкет, - сказаў Ёзеф Грунлiх, выцiраючы вусы. - Мы ў Германii вучымся бегаць.
      Незвычайнасць такой заявы выклiкала ў мiстэра Оўпi ўсмешку.
      - А самi вы калi-небудзь бегалi?
      - У маладосцi я быў выдатны бягун. Нiхто не бегаў лепей за мяне. Нiхто не мог мяне злавiць.
      - "Д'ябал".
      - Не трэба лаяцца, Джым.
      - Гэта зусiм не лаянка. Гэта такая марка пiва. У iм меней газаў. А тое, што ты раней пiла, называецца "Дункель".
      - Мне вельмi прыемна, што вам спадабалася.
      - Гэтая маленькая служанка. Не магу ўспомнiць яе iмя, але яна проста цудоўная.
      - Прыходзьце яшчэ. Пагаворым трохi пасля абеду.
      - А вы не будзеце займацца глупствам, мiстэр Сейвары?
      - Я абавязкова ў вас спытаюся.
      - Не кiдайцеся пустымi абяцанкамi. Не трэба. Пагаворым пра што-небудзь iншае. Раскажыце, чым вы будзеце займацца ў Канстанцiнопалi?
      - Толькi справамi. Складанымi. Калi наступны раз будзеце есцi "пярэстага сабаку", успомнiце пра мяне. Разынкi. Я - разынка, - дадаў ён з пацешнай гордасцю.
      - Значыцца, я буду называць вас "пярэстым сабакам". Не магу ж я называць вас Карлтанам. Гучыць нiбы мянушка.
      - Ведаеце што, пачастуйцеся ягадкай. Я заўсёды нашу з сабой крыху разынак. Вазьмiце адну. Смачная, праўда?
      - Сакавiтая.
      - Гэта нашай фiрмы - "Майет, Майет i Пейдж". А цяпер вазьмiце адгэтуль. Што вы пра яе скажаце?
      - Паглядзi вунь туды, у першы клас, Эймi. Бачыш яе? Грэбуе нашай кампанiяй. Надта ўжо задзiрае нос угору.
      - Тая, што з жыдам? Усё зразумела.
      - Вядома, я стаўлюся з вялiкай павагай да рымска-каталiцкай царквы, гаварыў мiстэр Оўпi. - Я не фанатык. Як прыклад добрай арганiзацыi...
      - Вось што?
      - Я нiчога не магу зразумець.
      - Сакавiтая.
      - Не, не, гэта зусiм не сакавiтая.
      - Я нешта не тое сказала?
      - Гэта разынка фiрмы Стэйна. Танная разынка нiзкай якасцi. З вiнаграднiку, якi расце на ценявым баку ўзгоркаў. Таму такая сухая. Паспытайце яшчэ вось гэтую. Хiба вы не адчуваеце рознiцы?
      - Сапраўды, яна зусiм сухая. Але ж тая была сакавiтая. Яны ў вас, пэўна, пераблыталiся.
      - Не можа такога быць. Я асабiста выбiраў узорныя экземпляры. Дзiўна. Надта дзiўна.
      Раптам у рэстаране запанавала поўная цiшыня - у такiх выпадках кажуць звычайна: анёл праляцеў. Але ў гэтай раптоўнай цiшынi было чутна, як пазвоньваюць шклянкi на столiках, глуха пагрукваюць па жалезных рэйках колы, злёгку дрыжаць вагонныя вокны, за якiмi ў цемры, нiбыта галоўкi запалак, мiгацяць iскры. Доктар Цынер не паспеў да апошняй змены, ён увайшоў у вагон-рэстаран якраз у той момант, калi там панавала цiшыня, каленi ў яго былi злёгку сагнутыя, як у марака, якi сiлiцца цвёрда ўстаяць на нагах пад час шторму. Паперадзе iшоў афiцыянт, але доктар не ўсведамляў, што той вядзе яго да свабоднага столiка. У яго галаве гарэлi словы, якiя ператварылiся ў фразу: "Вы кажаце, што я здрадзiў радзiме, але я не пазнаю сваёй радзiмы. Прыступкi, што вядуць у цемрадзi ўнiз, гной каля глухой сцяны, змарнелыя твары. Гэта ж не толькi славяне так пакутуюць, гэта - гаротнiкi ўсяго свету", - думаў ён. Словы яго былi звернуты да ваеннага трыбуналу, якi засядаў пад арламi i перакрыжаванымi шпагамi. "Гэта вы перажылi свой час з вашымi кулямётамi, з вашымi ўдушлiвымi, слёзацечнымi газамi i з вашай балбатнёй пра айчыну". Рухаючыся па праходзе ад столiка да столiка, ён машынальна папраўляў туга завязаны гальштук, кратаў старамодную заколку. "Я належу да нашага часу". Але ў яго ўзнёслыя мары на iмгненне ўварвалiся ўспамiны пра доўгiя рады зласлiвых твараў падлеткаў, пра кпiны за спiнай, пра мянушкi, пра карыкатуры, пра запiскi ў падручнiках па граматыцы, якiя перадавалiся пад партамi, пра шэпты, якiя чулiся паўсюль - парушальнiка нельга было знайсцi i пакараць.
      Ён сеў за столiк i няўцямным поглядам утаропiўся ў меню.
      "Так, я б не адмовiўся апынуцца на месцы гэтага жыда, - думаў мiстэр Пiтэрс, пакуль анёл цiшынi лунаў наўкол. - Яму дасталася неблагая спаднiчка. Неблагая! Але i не скажаш, што дужа прыгожая. Ну, нельга сказаць, што прыгожая, але зграбная, дый усё, як кажуць, на месцы, - разважаў ён сам сабе, азiраючы доўгую, вуглаватую постаць жонкi, нагадваючы яе бурклiвы страўнiк. - А гэта самае галоўнае".
      Дзiўна. Ён выбiраў узоры асаблiва старанна. Можна дапусцiць, вядома, што нават разынкi Стэйна могуць быць не ўсе нiзкай якасцi, але ў гэтым шмат што выклiкае падазронасць. Дапусцiм, напрыклад, што Экман, маючы на ўвазе нейкую карысць сабе, перадаў Стэйну партыю разынак iх фiрмы - гэта на нейкi час павысiць якасць яго тавару, i дзякуючы палепшанай якасцi Экман пераканае фiрму Моўлта вызначыць вышэйшую цану за гэту фiрму. Экман, пэўна, перажывае непрыемныя хвiлiны, гартаючы расклад руху цягнiкоў, глядзiць на гадзiннiк, прыкiдвае, цi праехаў ужо Майет палавiну дарогi. "Заўтра дам тэлеграму i даручу ўсю справу Джойсу, - думаў Майет. - Экману трэба даць адпачынак на месяц, а за гэты час Джойс хай праверыць бухгалтарскiя кнiгi". Ён уявiў сабе, якая пачнецца мiтусня, туды-сюды, нiбыта ў мурашнiку, патрывожаным нагой чалавека: тэлефонны званок ад Экмана да Стэйна цi ад Стэйна да Экмана, таксi, выклiканае ў адным месцы i адпушчанае ў другiм, абед, на гэты раз без вiна, а потым крутая лесвiца ў канторы, а наверсе адданы, недалёкi Джойс правярае бухгалтарскiя кнiгi. I ўвесь гэты час мiсiс Экман будзе сядзець у сваёй мадэрнавай кватэры, на моднай канапе i вязаць дзiцячыя кофтачкi англiканскай мiсii, а вялiзная пашарпаная Бiблiя - першая хлусня Экмана пачне пакрывацца пылам на неперагорнутай старонцы.
      К.С.Сейвары нацiснуў на кнопку, якая падымала пры дапамозе спружыны штору, i святло месяца ўпала на яго твар, праслiзнула па рыбным нажы i пасерабрыла сталёвыя чыгуначныя рэйкi цiхага паўстанка. Снег ужо перастаў, сумёты ляжалi ўздоўж адхона i памiж шпаламi, паблiскваючы ў цемры. З некалькiх ярдаў, нiбыта ртуць, зiхацеў Дунай. Мiстэр Сейвары бачыў, як высокiя дрэвы ляцяць назад, тэлеграфныя слупы праносяцца мiма i ловяць святло месяца сваiмi жалезнымi рукамi. Пакуль у вагоне панавала цiшыня, ён пакiнуў убаку думкi пра Джанет Пардаў i пачаў разважаць пра тое, якiмi словамi ён апiсаў бы гэтую ноч. Усё залежыць ад адбору i расстаноўкi слоў. "Мне не трэба апiсваць усё, што бачу, трэба выказаць сваё ўспрыманне, падабраўшы нейкiя характэрныя, яркiя дэталi. Няма патрэбы апiсваць ценi на снезе - iх абрысы i фарбы неакрэсленыя, але я магу выхапiць пунсовы агонь святлафора, якi ззяе на фоне белага покрыва зямлi, полымя ачага ў зале чакання на вясковай станцыi, пацерынкi агнёў на баржы, якая цяжка паўзе супраць цячэння".
      Ёзеф Грунлiх пагладжваў нагу ў тым месцы, дзе яе намуляў рэвальвер, i разважаў: "Колькi гадзiн засталося ехаць да гранiцы? Цi паведамяць пагранiчнiкам пра забойства? Але мне нiчога не пагражае. Мой пашпарт надзейны. Нiхто не бачыў, як я ўкраў сумачку. Нiякiх доказаў супраць мяне ў кватэры Кольбера. Можа, трэба было выкiнуць рэвальвер? - падумаў ён, але тут жа пераканаў сябе: - Ён мог бы навесцi на мой след. Цяпер высвятляюць нават па драпiнах на канале ствала любое забойства. З кожным годам злачынства робiцца ўсё больш небяспечнай справай: ходзяць чуткi пра нейкi новы фокус з адпячаткамi пальцаў, нейкiм чынам умудраюцца атрымаць iх, нават калi рука была ў пальчатцы. Але ж мяне яшчэ пакуль што не злавiлi, нягледзячы на ўсю iх навуку".
      "Адно, да чаго кiнематограф прывучыў наш зрок, - думаў мiстэр Сейвары, - гэта бачыць прыгажосць пейзажу ў руху, бачыць, як царкоўная званiца бяжыць прэч, узвышаючыся над дрэвамi, як яна апускаецца i ўздымаецца ў такт няроўнай хадзе чалавека, як самотны комiн цягнецца ў неба i хаваецца за лесам такiх самых комiнаў. Адчуванне руху можна перадаць i ў прозе". Мiстэр Сейвары адчуў пiльную патрэбу паспрабаваць зараз жа, яму вельмi карцела ўзяць паперу i аловак, пакуль яго не пакiнула натхненне, i ён пашкадаваў, што запрасiў Джанет Пардаў сустрэцца пасля абеду i пагаварыць. Яму хацелася працаваць, хацелася на некалькi гадзiн вызвалiцца ад суседства любой жанчыны. "Мне яна зусiм непатрэбная, - падумаў ён i рыўком зноў апусцiў шторы, аднак тут жа адчуў прылiў неадольнага жадання ўбачыць яе, Джанет Пардаў. - Яна добра, з густам апранаецца, размаўляе, як свецкая дама, i захапляецца маiмi кнiгамi". Гэтыя тры рэчы скарылi яго, ён усё яшчэ памятаў, што нарадзiўся ў Балхемi, дый прыкметны акцэнт лонданскага кокнi выдаваў месца яго нараджэння. Пасля шасцi год выдатнай пiсьменнiцкай кар'еры, поспех якой можна было прасачыць па тыражах яго кнiг: 2000, 4000, 10 000, 25 000, 100 000, ён усё яшчэ здзiўляўся, калi бачыў побач з сабой добра апранутых жанчын, не аддзеленых ад яго тоўстым шклом рэстараннай вiтрыны цi шырокiм прылаўкам моднай крамы. Пiшаш дзень у дзень па сотнi тысяч слоў, часта з напружаннем, але i з радасцю. Якi-небудзь клерк запiсвае столькi ж у канторскую кнiгу, аднак словы, якiя пiша ён, К.С.Сейвары, колiшнi прыказчык у краме, даюць такi вынiк, якога не можа даць нават самая цяжкая праца тых, хто сядзiць на канторскiм табурэце. Калупаючы вiдэльцам рыбу i крадком паглядаючы на Джанет Пардаў, ён думаў не пра рахункi, ганарары i акцыi, не пра чытачоў, якiх даводзяць да слёз кранаючыя эпiзоды яго раманаў i весялiць яго гумар кокнi, а пра парадныя пад'езды, пра лесвiцы, якiя вядуць у лонданскiя гасцёўнi, пра тое, як гучна аб'яўляюць яго прыход, пра твары жанчын, што паварочваюцца да яго з цiкаўнасцю i пашанай.
      "Хутка, праз некалькi гадзiн, ён будзе маiм палюбоўнiкам". Ад гэтай думкi i ад цьмянага страху перад невядомай блiзкасцю гэты смуглы, спагадлiвы мужчына раптам зрабiўся ёй чужы. Калi яна страцiла прытомнасць на калiдоры, ён выказаў спагаду да яе, рукi яго захуталi яе ў цёплае футра, голас яго прапанаваў адпачынак i камфорт. Вострае пачуццё ўдзячнасцi выклiкала слёзы ў яе на вачах, i, калi б не цiшыня, якая панавала ў вагоне, яна вымавiла б: "Я вас кахаю". Але ўтрымалася - гэтымi словамi яна баялася парушыць iх маўчанне, калi знiкне гэтая ўсеагульная цiшыня.
      "Там будзе прэса, - думаў Цынер, i перад яго вачыма паўстала журналiсцкая ложа на працэсе над Камнецам: людзi ў ёй нешта шпарка пiсалi, а адзiн накiдваў алоўкам партрэт Камнеца. - Цяпер гэта будзе мой партрэт. Суд будзе апраўданнем доўгiх гадзiн, праведзеных мною на халоднай пляцоўцы для прагулак, дзе я шпацыраваў туды-сюды, разважаючы над тым, цi правiльна я зрабiў, што пакiнуў радзiму. Кожнае маё слова павiнна быць неабвержным, мне трэба ясна ўсведамляць, за што я змагаюся, памятаць, што справа не толькi ў бедняках Белграда, а ў бедняках усёй зямлi". Шмат разоў ён пратэставаў супраць нацыяналiстычных поглядаў ваяўнiчай фракцыi сацыял-дэмакратычнай партыi. Нават iх выдатная песня "Iдзiце, славяне, iдзiце!" была нацыяналiстычная - яе зрабiлi гiмнам, нягледзячы на яго пратэст. Яму было прыемна, што пашпарт у яго ў кiшэнi - ангельскi, схема ў чамадане нямецкая. Ён купiў гэты пашпарт у маленькай канцылярскай краме каля Брытанскага музея, гаспадаром крамы быў паляк. Пашпарт аддалi яму за столiкам у заднiм пакоi, i худы прышчаваты чалавек - прозвiшча яго ён ужо забыўся - папрасiў прабачэння за цану. "Выдаткi надта ўжо вялiкiя, скардзiўся ён i, дапамагаючы клiенту апрануць палiто, спытаў машынальна i без усякай цiкаўнасцi: - Як у вас?" Па ўсiм было вiдно, што ён прыняў яго за злодзея. Потым гаспадару давялося пайсцi ў краму i прадаць нумар французскага парнаграфiчнага часопiса школьнiку, якi зайшоў у краму крадком. "Iдзiце, славяне, iдзiце!" Чалавека, якi стварыў музыку гэтага гiмна, праткнулi штыхом каля сартавальнай залы.
      - Тушаная курыца! Смажаная цяляцiна! - iдучы па вагоне, гучна крычалi афiцыянты: яны парушылi хвiлiннае маўчанне. Усе раптам загаманiлi.
      - Я лiчу, што венгры вельмi лёгка прызвычаiлiся да крыкета. У мiнулым сезоне ў нас адбылося шэсць матчаў.
      - Гэтае пiва зусiм не лепей. Мне проста захацелася шклянку "Гiнеса".
      - Я, прынамсi, спадзяюся, што гэтыя разынкi...
      - Я кахаю вас.
      - Наш прадстаўнiк... Што вы сказалi?
      - Сказала, што я вас кахаю.
      Анёл цiшынi адляцеў, а экспрэс, запоўнены бадзёрымi галасамi, грукатам колаў, брынканнем талерак, размовамi, бразганнем шклянак, праносiўся мiма доўгiх радоў хвой i зiхатлiвага Дуная. У кабiне машынiста стрэлка манометра паказвала, як павялiчваецца цiск пары, машынiст павярнуў ручку рэгулятара, i хуткасць цягнiка адразу павялiчылася на пяць мiль у гадзiну.
      3
      Корал Маскер на хвiлiнку затрымалася, стоячы на жалезных лiстах пераходу з вагона-рэстарана ў вагоны другога класа. Трасенне цягнiка дзейнiчала ёй на нервы, яе нудзiла, яна не магла сябе прымусiць пайсцi i забраць сакваяж з купэ, дзе былi мiстэр Пiтэрс з сваёй жонкай Эймi. Забыўшыся на грукат металу, на стук буфераў, яна ў думках падымалася па лесвiцы ў сваю кватэру, захутаная ў футра. На стале ў гасцёўнi - кошык руж з аранжарэi i картка "Ад Карла, з любоўю" - яна вырашыла называць яго так. Нельга ж казаць: "Я кахаю цябе, Карлтан", а вось вымавiць "Я горача люблю, я проста закахалася ў цябе, Карл" - зусiм iншая справа. Яна гучна засмяялася i запляскала ў далонi, раптоўна зразумеўшы, што каханне - справа няпростая i вось з чаго яно складаецца: з пачуцця ўдзячнасцi, падарункаў, звыклых жартаў, кватэры, служанкi, - а яшчэ: няма патрэбы зарабляць сабе на пражытак.
      Яна пабегла па калiдоры, стукаючыся то аб адну сцяну, то аб другую i не зважаючы на гэта. "Прыйду ў тэатр, спазнiўшыся на тры днi, i спытаю: "Магу я бачыць мiстэра Сiднея Дана?" Але швейцар - ён, вядома ж, будзе турак толькi буркне нешта скрозь кашэчыя вусы, таму давядзецца самой прабiрацца па калiдорах у грымёрныя, пераступаць цераз раскiданыя паўсюль пажарныя шлангi. Я ўсуну галаву ў агульную грымёрку, скажу: "Воng jоur"* i спытаю: "Дзе Сiд?" Ён, магчыма, будзе рэпецiраваць на авансцэне, тут я i выгляну з-за кулiсаў, ён убачыць мяне i спытае: "Хто вы такая?" - працягваючы адбiваць такт, а "Дзяўчынкi Дана" ўсё скочуць, скочуць, скочуць. "Корал Маскер". - "Чорт пабяры, вы спазнiлiся на тры днi, што гэта такое?" А я скажу: "Я проста завiтала да вас, каб папярэдзiць, што я звальняюся". Аднак ад грукату цягнiка яе словы, вымаўленыя з удаванай храбрасцю, прагучалi як баязлiвае хныканне.
      * Добры дзень (ламаная фр.).
      - Прабачце, - звярнулася яна да мiстэра Пiтэрса - ён трохi пераеў за абедам i цяпер драмаў у кутку, выцягнуўшы ногi ўпоперак купэ i замiнаючы ёй.
      - Прабачце, - паўтарыла яна. Мiстэр Пiтэрс прачнуўся i папрасiў прабачэння.
      - Вярнулiся да нас? Правiльна зрабiлi!
      - Не, я прыйшла па сакваяж.
      Эймi Пiтэрс, скурчыўшыся на сядзеннi, з мятнай таблеткай у роце, ублыталася ў iх размову з нечаканай злосцю:
      - Не гавары з ёй, Герберт. Хай забiрае свае транты. Строiць з сябе немаведама каго - бач, мы ёй не кампанiя.
      - Я толькi хачу ўзяць свой сакваяж. Чаго вы на мяне накiнулiся? Я i слова не сказала.
      - Не хвалюйся з-за дробязей, Эймi, - сказаў мiстэр Пiтэрс. - Гэта не наша справа, як паводзiць сябе гэтая маладая дама. Вазьмi яшчэ адну таблетку. Гэта ўсё яе страўнiк. У яе нястраўнасць, - растлумачыў ён Корал.
      - Скажаш: "маладая дама". Распуснiца - вось хто яна такая.
      Корал ужо выцягнула сакваяж з-пад сядзення, але тут жа з сiлай апусцiла яго на ногi мiстэра Пiтэрса. Яна ўперла рукi ў бокi i павярнулася да жанчыны, адчуваючы сябе вопытнай, упэўненай у сябе i рашучай: iх сварка нагадала ёй мацi - як тая, узяўшыся ў бокi, усчыняла сварку з суседкай, якая ўпiкала яе за шашнi з кватарантам. У гэты момант Корал ператварылася ў сваю мацi: лёгка, нiбы сукенку, яна скiнула з сябе тое, чаму навучыла яе жыццё штучную вытанчанасць тэатральнага свету i асцярожную манеру размаўляць.
      - Паглядзi на сябе: хто ты такая? - Яна ведала сапраўдную цану гэтым людзям: крамнiкi ў адпачынку, едуць у Будапешт з турысцкай групай агенцтва "Кука" - гэта ж крыху далей, чым Остэндэ, дома яны потым будуць выхваляцца, якiя яны заўзятыя падарожнiкi, паказваць усiм яркiя наклейкi танных гатэляў на сваiх чамаданах. Раней i на яе гэта зрабiла б уражанне, але цяпер яна ўжо навучылася не надаваць значэння такiм рэчам, не дазваляць сабе абводзiць вакол пальца, быць пранiклiвай. - З кiм гэта ты так гаворыш? Я не якая там ваша прадаўшчыца. Не з тых, каго вы прымаеце з задняга ходу.
      - Ну, даволi ўжо, - сказаў мiстэр Пiтэрс, крануты за жывое яе здагадлiвасцю. - Няма прычыны сварыцца.
      - Ах, няма! А вы чулi, як яна мяне абразiла? Пэўна, бачыла, як вы ладзiлiся да мяне.
      - Ну, вядома ж, ён табе не пара. Лёгкi заробак, вось чаго ты хочаш. Не думай, не вельмi ты нам патрэбная ў гэтым вагоне. Я ведаю, дзе тваё сапраўднае месца!
      - Вымi з рота гэтую штучку, калi гаворыш са мной!
      - На Орбакл-авеню. Ловiш мужчын проста з цягнiка на Падынгтонскiм вакзале.
      Корал зарагатала. Гэта быў тэатральны рогат яе мацi, ён звычайна запрашаў суседзяў прыйсцi i паглядзець на свару. Ад узбуджэння пальцы Корал сцiснулiся на сцёгнах, яна так доўга паводзiла сябе ўзорна, правiльна вымаўляла словы, не выхвалялася сваiмi паклоннiкамi, не гаварыла: "Вельмi прыемна вас бачыць!" Шмат гадоў няўпэўнена яна кiдалася памiж двума рознымi класамi i нi да таго, нi да другога не прыстала, яна належала толькi таатру. Яна страцiла прыроджаную прастату, але i натуральная вытанчанасць была ёй недаступная. А зараз яна з задавальненнем вярнулася да сваiх вытокаў.
      - Не хацела б я быць такiм пудзiлам, нават калi б ты мне заплацiла. Нiчога дзiўнага - з такой храпай у любой жывот забалiць. Зразумела цяпер, чаму твой стары бегае ад цябе да iншых.
      - Ну, хопiць ужо, супакойцеся, дамы.
      - Аб цябе ён рукi мараць не стане. Брудны жыдок - вось i ўсё, чаго ты вартая.
      Корал раптам заплакала, хоць рукi ў яе ўсё яшчэ рвалiся ў бойку, у яе ледзьве хапiла голасу, каб адказаць:
      - Не чапай яго.
      Аднак словы мiсiс Пiтэрс, нiбыта дымок паветранай рэкламы, што спакваля знiкае ў небе, азмрочылi яе светлыя надзеi.
      - Мы добра ведаем: гэта ён - твой палюбоўнiк.
      - Дарагая мая, - вымавiў за яе спiнай нечы голас, - не звяртайце на iх увагi.
      - А вось яшчэ адзiн твой сябар.
      - Хадземце адгэтуль. Ну, i што з таго?
      Доктар Цынер узяў Корал пад ручку i пацiху пачаў выводзiць яе з купэ.
      - Адны жыды i iншаземцы. Нiякага сораму.
      Доктар Цынер забраў яе сакваяж i выставiў яго на калiдор. Калi ён павярнуўся да мiсiс Пiтэрс, на твары яго ўжо не было бездапаможнай разгубленасцi настаўнiка-iншаземца - ён быў поўны адвагi i сарказму, якiя адзначалi журналiсты, калi ён даваў паказаннi супраць Камнеца.
      - Ну, i што далей?
      Мiсiс Пiтэрс выняла з рота мятную таблетку. Доктар Цынер, сунуўшы рукi ў кiшэнi плашча, пагойдваўся на насках. Было вiдаць, што ён авалодаў становiшчам, але яму не прыходзiла ў галаву, што сказаць, - галава ў яго ўсё яшчэ была поўная гучных фраз, рыторыкi сацыялiстаў. Сутыкнуўшыся з любым насiллем, ён рабiўся рэзкi, але цяпер не знаходзiў патрэбных слоў, хоць яны, гэтыя словы, несумненна, iснавалi ў глыбiнi яго свядомасцi, гэтыя пякучыя словы, з'едлiвыя i едкiя, як дым.
      - Ну, i што з таго?
      Да мiсiс Пiтэрс пачала вяртацца яе адвага.
      - Ты чаго суеш нос не ў сваю справу? Толькi гэтага нам не ставала! Спачатку адна ашалела, а цяпер i гэты лезе. Герберт, скажы сваё слова.
      Аднак загаварыў доктар Цынер. Словы яго, вымаўленыя з моцным акцэнтам, гучалi важка i пераканаўча, яны прымусiлi мiсiс Пiтэрс змоўкнуць, хоць i не пераканалi яе.
      - Я доктар.
      Ён сказаў iм, што дарэмна спадзявацца на тое, што ў iх ёсць сумленне. Ноччу дзяўчына страцiла прытомнасць, як урач ён параiў ёй перайсцi ў спальны вагон. Падазронасць ганьбiць толькi тых, хто яе выказвае. Потым ён выйшаў да Корал Маскер на калiдор. З купэ iх не было вiдно, але адтуль можна было добра чуць голас мiсiс Пiтэрс:
      - Можа, яно i так, але хто заплацiў за той спальны вагон? Вось што мне цiкава ведаць.
      Доктар Цынер прыцiснуў патылiцу да акна i з нянавiсцю прашаптаў:
      - Буржуазiя.
      - Дзякуй вам, - сказала Корал Маскер i дадала, убачыўшы выраз прыкрасцi на яго твары: - Вам патрэбна дапамога? Вы захварэлi?
      - Не, не, - запярэчыў ён. - Аднак я нiчым не дапамог вам. Я не здатны гаварыць прамовы. - Прыцiснуўшыся спiнай да акна, ён усмiхнуўся ёй. - Вы зрабiлi гэта лепей за мяне. Вы сказалi цудоўна.
      - Чаму яны такiя свiннi? - спытала яна.
      - Буржуазiя заўсёда такая, - адказаў ён. - У пралетарыяту ёсць свае вартасцi, арыстакрат часта бывае добры, справядлiвы i смелы. Яму плацяць за карысныя справы - ён дырэктар, настаўнiк, доктар цi жыве на ўтрыманнi бацькоў. Можа, i не заслужана, але, атрымлiваючы гэтыя грошы, ён нiкому не прыносiць шкоды. А буржуазiя - яна купляе танна, а прадае дорага. Яна купляе ў рабочага i прадае рабочаму. Ад яе няма нiякай карысцi.
      На яе пытанне адказу не было. Не зразумеўшы нiводнага слова з таго, што ён нагаварыў, яна ўтаропiлася ў яго, збянтэжаная патокам яго красамоўства i сiлай яго перакананасцi.
      - Я ж iм нiчога благога не зрабiла.
      - Ну не, вы нанеслi iм вялiкую шкоду. Як i я. Мы з вамi выйшлi з аднаго i таго ж класа, як i яны. Але мы зарабляем на пражытак сумленна, не робiм нiякай шкоды, а, наадварот, робiм нешта карыснае. Мы служым iм дакорам, а яны гэтага не любяць.
      З усiх яго тлумачэнняў яна зразумела толькi адну фразу.
      - А хiба вы не арыстакрат?
      - Не, але я i не з буржуазii.
      Ледзь прыкметнае самахвальства, што прагучала ў яго голасе, было ёй незразумелае. З тых часоў, як яна пайшла з дому, у яе заўсёды было пыхлiвае жаданне, каб яе прымалi за даму. З гэтай мэтай, нiбыта славалюбны афiцэр, якi рыхтуецца да паступлення ў вайсковую акадэмiю, яна праходзiла курс пэўных навук - ён уключаў у сябе вывучэнне штомесячнiка "Жанчына i прыгажосць" i штотыднёвiка "Парады для дома", у iх яна разглядвала фатаграфii маладых зорак i дачок малавядомых лордаў, вывучала, якiя яны носяць уборы i якой пудры аддаюць перавагу.
      - Калi вы не можаце дазволiць сабе адпачынак, дык пазбягайце нервовых стрэсаў, - пачаў ён мякка даваць ёй парады. - Не трэба злавацца без дай прычыны...
      - Яны абазвалi мяне патаскухай.
      Яна бачыла, што слова гэтае нiчога яму не гавораць. Яно нi на iмгненне не парушыла плынi яго думак. Не гледзячы на яе, ён працягваў мякка гаварыць пра яе здароўе. "Думкi яго занятыя нечым iншым", - падумала яна i парывiста нахiлiлася над сакваяжам, збiраючыся пайсцi. Ён затрымаў яе цэлым патокам фраз наконт заспакойлiвых сродкаў, фруктовых сокаў i цёплай вопраткi. Яна iнстынктыўна адчула, што настрой у яго змянiўся. Учора ён хацеў застацца адзiн, а сёння выкарыстоўвае любую зачэпку, каб хоць ненадоўга пабыць з ёй.
      - Што вы мелi на ўвазе, калi казалi пра сваю сапраўдную работу? спытала яна.
      - Калi я гэта казаў? - рэзка спытаў ён.
      - Учора, калi я самлела.
      - Я проста задумаўся. У мяне толькi адна работа. - Болей ён нiчога не дадаў, i, крыху счакаўшы, яна ўзяла сакваяж i пайшла.
      Усяго яе жыццёвага вопыту не хапiла б, каб зразумець, якую ён адчуў адзiноту, калi яна яго пакiнула. "У мяне толькi адна работа". Гэтае прызнанне напалохала яго - бо так было не заўсёды. У маладыя гады ён не стаяў у баку ад жыцця, не настройваў сябе, што наперадзе ў яго толькi адно поле дзейнасцi. Некалi ў яго жыццi было мноства абавязкаў. Калi б ён з самага дзяцiнства не адчуў, нiбыта жыве ў велiзарным, запыленым, пустым пакоi, дзе шматкi шпалераў i шчылiны ў сценках сведчаць, што дом зруйнаваны, дык маральныя абавязкi яго, нiбыта асобныя свечкi ў агромiстым кандэлябры, занадта грувасткiм, каб можна было асвятлiць iмi ў дастатковай ступенi гэтае неўладкаванае жытло. Некалi ў яго было пачуццё доўгу перад бацькамi, якiя галадалi дзеля таго, каб даць яму адукацыю. Ён памятае той дзень, калi яму ўручылi дыплом, памятае, як яны прыйшлi ў яго аднапакаёвую кватэру i цiха ўселiся ў куточку, пазiраючы на яго з павагай i нават з глыбокай пашанай, але без любовi, - яны ж не маглi любiць яго цяпер, калi ён зрабiўся адукаваным чалавекам: неяк ён пачуў, як бацька, звяртаючыся да яго, назваў яго "сэр". Гэтыя свечы рана дагарэлi, ён проста не заўважыў, як згаслi гэтыя два агеньчыкi сярод мноства iншых. У яго яшчэ было пачуццё абавязку перад пацыентамi, пачуццё абавязку перад беднякамi Белграда i пачуццё абавязку, якое паступова разрасталася, перад людзьмi яго класа ў iншых краiнах свету. Яго бацькi жылi ўпрогаладзь, каб ён мог вывучыцца на ўрача, i, толькi папрацаваўшы некалькi гадоў, ён усвядомiў, што няма нiякай карысцi ад яго ўмення лячыць людзей. Ён нiчога не мог зрабiць свайму народу, ён не мог рэкамендаваць адпачынак тым, хто знясiлеў, цi прапiсаць iнсулiн дыябетыку у iх не было грошай, каб заплацiць цi за тое, цi за другое.
      Ён рухаўся па калiдоры, цiха размаўляючы сам з сабою. Iзноў павалiў снег: нiбыта пара, ён засцiў вокны.
      Некалi ў яго было пачуццё абавязку перад богам. Перад пэўным богам, паправiў ён сябе, перад богам, якi спускаецца з нябёс у перапоўнены прыдзел храма, пад блiскучы, паедзены моллю балдахiн, перад богам, памерам у манету, абрамленую залатым абадком. Гэта быў двудушны бог, боства, якое суцяшала i заспакойвала беднякоў у iх няшчасцях i бедах, калi яны ўзнiмалi вочы ўгору, чакаючы яго з'яўлення памiж калонамi. I боства, якое пераконвала iх пераносiць пакуты ў iмя няпэўнай будучынi, i яны схiляюць перад iм галовы, а тут з'яўляюцца пеўчыя, святары, прыхаджане i пяюць гiмны. Усё знiкла, як дым. Гэтую свечку ён пагасiў сам, сказаўшы сабе, што бог - фiкцыя, выдуманая багатымi, каб трымаць беднякоў у паслушэнстве i пакорлiвасцi, ён задзьмуў яе дэманстратыўна, з забаўным старамодным пачуццём адвагi, i часам у яго мiжвольна з'яўляецца пачуццё абурэння да тых, хто нараджаецца цяпер без усялякiх рэлiгiйных вераванняў i дазваляе сабе смяяцца з гераiзму iканаборцаў дзевятнаццатага стагоддзя.
      А сёння гэтае пустое жытло асвятляла толькi адзiная цьмяная свечка. "Я не сын, не ўрач i не веруючы, - разважаў ён. - Я - сацыялiст". Слова гэтае вымаўляюць палiтыкi з незлiчоных трыбун, яго друкуюць благiм шрыфтам на дрэннай паперы безлiч газет, i яно гучыць фальшыва. "Нават тут я пацярпеў няўдачу". Ён застаўся адзiн, яго апошняя свечка аплывала. I ён быў рады кампанii любога чалавека.
      Ён узрадаваўся, калi, вярнуўшыся ў сваё купэ, убачыў там нейкага чалавека. Незнаёмы стаяў да яго спiнай, але хутка павярнуўся на кароткiх, моцных нагах. Першае, што кiнулася ў вочы доктару Цынеру, у незнаёмага быў срэбны крыжык на ланцужку для гадзiннiка, потым убачыў: яго чамадан стаiць не на тым месцы, дзе ён яго пакiнуў.
      - Вы таксама рэпарцёр? - сумна спытаў ён.
      - Iсh sрrесhе kеin Еnglisсh*.
      * Я не гавару па-ангельску (ням.).
      Загарадзiўшы выхад на калiдор, Цынер сказаў па-нямецку:
      - Тайны агент палiцыi? Вы спазнiлiся.
      Ён усё глядзеў на срэбны крыжык, якi гойсаў туды-сюды ў такт рухам незнаёмага: гэта нагадвала крокi чалавека, i на iмгненне доктару Цынеру здалося, нiбыта ён прыцiснуўся да сцяны на вулiцы, якая стромка ўздымалася ўгору, каб прапусцiць узброеных салдат, дзiды, коней i змардаванага, знясiленага чалавека. Яго распялi, а беднякам ад гэтага не зрабiлася лягчэй, ланцугi яшчэ шчыльней самкнулiся, запаветы яго сказiлi.
      - Я не тайны агент.
      Доктар Цынер амаль не звяртаў увагi на незнаёмага. Ён прызнаваў, што, калi, магчыма, словы закатаванага чалавека i сказiлi, усё адно некаторыя з iх маглi быць iсцiнымi. Ён аспрэчваў сябе самога: сумненне звязана толькi з блiзкасцю смерцi, калi цяжар зробленых памылак - нясцерпны i чалавек шукае палёгкi, даючы самыя неверагодныя абяцаннi. "Я дарую табе спакой". Але смерць не прыносiць спакою, бо спакой iснуе толькi тады, калi ты сам яго ўсведамляеш.
      - Вы мяне не так зразумелi, гер...
      - Цынер.
      Без ваганняў ён адкрыў незнаёмаму сваё сапраўднае прозвiшча: час маскараду мiнуў, i цяпер, калi надышоў час адкрытых дзеянняў, яму давялося адмовiцца не толькi ад чужога iмя. Былi словы, у сэнс якiх ён глыбока нiколi не ўнiкаў, звычайныя лозунгi, якiя ён прымаў, бо яны дапамагалi справе: "Рэлiгiя - сябра багацеяў".
      - Калi вы не тайны агент, тады хто ж вы? Што вы тут робiце?
      - Мяне завуць... - i таўстун злёгку пакланiўся, круцячы пальцам нiжнi гузiк камiзэлькi. Iмя было кiнута ў празрыстую, асветленую снегам цемру i патанула ў грукаце цягнiка, у мiльгаценнi сталёвых фермаў моста: Дунай, нiбыта срэбны вугор, праслiзнуў з аднаго боку чыгуначнай лiнii на другi. Незнаёмаму давялося паўтарыць сваё iмя: - Ёзеф Грунлiх. - Ён памаўчаў, потым сказаў: - Я шукаў грошы, гер Цынер.
      - Укралi...
      - Вы надта хутка вярнулiся. - Ён пачаў павольна тлумачыць. - Я ўцёк ад палiцыi. Нiчога ганебнага, гер Цынер, магу вас запэўнiць.
      Ён усё круцiў гузiк камiзэлькi, гэты невядомы чалавек, аднак у прасветленай свядомасцi доктара Цынера ўзнiкалi яркiя вобразы: чыйсьцi змардаваны твар, нейкi яркi шматок, нейкiя дзецi-пакутнiкi, чалавек, якi караскаецца ўгору па дарозе на Галгофу.
      - Гэта была палiтыка, гер Цынер. Газетная шумiха. Да мяне аднеслiся вельмi несправядлiва, i мне давялося ўцячы. Ваш чамадан я адчынiў дзеля нашай агульнай справы. - З удаваным хваляваннем ён выдыхнуў слова "справы", надаючы яму сэнс немудрагелiстага пароля. - Вы клiкнеце кандуктара? - Ён мацней напружыў ногi, - яго пальцы застылi на гузiку.
      - Што вы маеце на ўвазе пад "агульнай справай"?
      - Я сацыялiст.
      Доктар Цынер добра разумеў, што пра вартасцi палiтычнага руху нельга меркаваць па яго асобных прадстаўнiках: сацыялiзм нельга ганiць за тое, што да яго далучыўся Грунлiх, але ж яму вельмi хацелася як найхутчэй забыцца пра Грунлiха.
      - Я дам вам крыху грошай.
      Ён выняў запiсную кнiжку i даў незнаёмаму пяць ангельскiх фунтаў.
      - Добрай ночы.
      Ад Грунлiха адвязацца было нескладана, i гэта ён мог сабе дазволiць: у Белградзе грошы яму будуць непатрэбныя. Ён абыдзецца без адваката: абаронцам яго будзе яго язык. Аднак цяжка было пазбавiцца ад непрыемнага ўражання, якое пакiнуў пасля сябе Грунлiх, хоць, вядома, палiтычны рух нельга ганiць, мяркуючы па бессаромнасцi асобных яго дзеячаў. Яму i самому даводзiлася часам быць амаральным, разбэшчаным, i шчырасць яго поглядаў ставiлася часам пад сумненне, бо ён быў славалюбны, некалькi разоў паводзiў сябе не лепшым чынам, аднойчы нават дзяўчына прыжыла ад яго дзiця... Дый матывы яго падарожжа ў першым класе былi не зусiм апраўданыя. Вядома, у першым класе лягчэй пазбавiцца праверкi на гранiцы, але, апроч таго, ехаць там было зручней, камфартабельней, i гэта цешыла яго гонар, як кiраўнiка. Ён зразумеў, што молiцца: "Божа, даруй мне". Але ў яго зусiм не было ўпэўненасцi, што яму будзе даравана, нават калi iснуе дзе-небудзь нейкая ўсёдаравальная сiла.
      Прыйшоў кандуктар, праверыў у яго бiлет.
      - Iзноў пайшоў снег, - сказаў ён. - А далей будзе яшчэ горш. Добра, калi не здарыцца нiякiх непрадугледжаных затрымак у дарозе.
      Яму, пэўна, хацелася пабыць яшчэ ў купэ i пагаварыць. Мiнулай зiмой, расказаў ён, яны перажылi тут нялёгкiя выпрабаваннi. Сорак восем гадзiн запар падаў снег, i яны затрымалiся на самым цяжкiм участку дарогi, у бязлюдным месцы на Балканах: не было дзе знайсцi ежы i трэба было эканомiць палiва.
      - Спадзяюся, у Белград мы прыедзем без затрымак?
      - Цяжка сказаць. Я са свайго вопыту ведаю: перад Белградам заўсёды ўдвая болей снегу, чым па той бок Дуная. У Мюнхене можа быць снег, а ў Будзе цёпла, як летам. Добрай вам ночы, гер доктар. Такi холад, што сёння ў вас напэўна знойдуцца пацыенты.
      Кандуктар пайшоў далей па калiдоры, паляпваючы ў далонi, каб сагрэцца.
      Доктару Цынеру не сядзелася ў сваiм купэ, яго сусед выйшаў у Вене. Немагчыма было ўжо разглядаць у акне нават агеньчыкi, што праносiлiся мiма: снег пазабiваў усе шчылiны ў шыбе, i шкло зусiм заледзянела. Калi праязджалi мiма якой-небудзь сiгнальнай будкi цi лiхтара на станцыi, святло на iмгненне малявала ў акне нейкi дзiвосны калейдаскоп, у якiм рухалiся асобныя iльдзiнкi. Каб сагрэцца, доктар Цынер расшпiлiў, плашч, засунуў рукi пад крысы i зноў пачаў хадзiць па калiдоры. Ён мiнуў купэ кандуктара i выйшаў у вагоны трэцяга класа - iх прычапiлi да цягнiка ў Вене. Амаль усе купэ былi ўжо цёмныя, толькi пад столлю гарэлi цьмяныя лямпачкi. На драўляных лавах пасажыры рыхтавалiся да сну, клалi пад галовы скручаныя палiто. Некаторыя купэ былi настолькi забiтыя, што мужчыны i жанчыны спалi седзячы з абодвух бакоў на лавах, прыцiснуўшыся шчыльна адно да аднаго, у цьмяным святле iх твары здавалiся хваравiтымi i невыразнымi. Ад парожнiх бутэлек, якiя стаялi на падлозе, пад лавамi, несла танным чырвоным вiном, па падлозе былi параскiданы аб'едкi чэрствага хлеба. Дайшоўшы да туалета, ён павярнуў назад, не вытрымаўшы моцнага смуроду: дзверы туалета былi незачыненыя.
      "Маё месца тут, - пераконваў ён сябе. - Мне трэба было ехаць у трэцiм класе. Я не хачу быць падобным на якога-небудзь дэпутата ад лейбарысцкай партыi, якi купляе бiлет першага класа i едзе засядаць разам з сваiмi аднадумцамi ў парламент". Аднак ён цешыў сябе думкай, колькi часу спатрэбiлася б на шматлiкiя перасадкi i што яго маглi б затрымаць на гранiцы. I ўсё-такi ён усведамляў, што прычыны яго паводзiн даволi складаныя. Ён пачаў задумвацца над гэтым толькi пасля разгрому паўстання: думкi пра асабiстую прагу да славы i пра непрыстойнасць дробных грашкоў былi б выцiснутыя радасцю i бескарыслiвасцю перамогi.
      Але цяпер яму хацелася сказаць прамову з лавы падсудных з абсалютна чыстым сумленнем. Розныя дробязi з мiнулага, пра якiя яго ворагi нiколi не даведаюцца, могуць прыйсцi ў галаву i не дазволяць яму быць да канца шчырым. "Я не здолеў нiчога даказаць гэтым двум гандлярам, цi ўдасца мне быць больш пераканаўчым у Белградзе?"
      Паколькi ён ужо не меў анiякай будучынi, ён пачаў думаць пра мiнулае, а дагэтуль у яго не было такой звычкi. Быў час, калi чыстае сумленне магло быць куплена цаною хвiлiннага сораму. "З таго часу, як я апошнi раз спавядаўся, я нарабiў шмат добрага i благога. Калi б мне ўдалося так лёгка ачысцiцца ад сваiх грахоў, - падумаў ён з палкiм жаданнем i з лёгкай горыччу, - я быў бы вар'ят, калi б не выкарыстаў такую магчымасць. Цяпер я шкадую, што нарабiў, не меней, чым шкадаваў тады, але я не ведаю, цi даруюць мне i цi iснуе наогул нехта, хто можа дараваць". Ён ледзь не пачаў здзекавацца з таго апошняга, ува што верыў: "Можа, мне пайсцi паспавядацца да таго скарбнiка сацыял-дэмакратычнай партыi цi да пасажыраў трэцяга класа?" Адвернуты твар святара, узнятыя пальцы, словы даравання, сказаныя шэптам на мёртвай мове, раптам здалiся яму такiмi цудоўнымi, такiмi бясконца жаданымi i безнадзейна страчанымi, як юнацтва i першае любоўнае спатканне на рагу вулiцы каля сцяны вiядука.
      Тут доктар Цынер ўбачыў мiстэра Оўпi - той сядзеў адзiн у купэ другога класа i пiсаў нешта ў запiсной кнiжцы. Доктар сачыў за iм з нейкай шчымлiвай зайздрасцю, - ён жа быў блiзкi да таго, каб аддацца веры, пераадоленнем якой сам нядаўна так ганарыўся. "Ну, а калi вера дасць мне спакой?" - запярэчыў ён сабе, i, пакуль у яго свядомасцi канчаткова не памерла ўсё, што звязана з гэтым словам, ён пацягнуў на сябе дзверы i ўвайшоў у купэ. Доўгi бледны твар i выцвiлыя вочы, адбiтак прыроджанай культуры, збянтэжылi доктара. Калi б гэты святар прапанаваў яму спакой, ён ахвотна прызнаў бы яго перавагу над сабой. На хвiлiну ён iзноў адчуў сябе хлопчыкам з нямытымi рукамi, якi ў цемрадзi спавядальнi чырванеў за свае няхiтрыя грахi.
      - Прашу прабачэння. Я вас не патурбаваў? Вы не хочаце спаць? - сказаў ён на сваёй жорсткай, здраднiцкай ангельскай мове.
      - Зусiм не хачу. Думаю, што не буду спаць зусiм, пакуль не дабяруся дадому, - усмiхнуўшыся, запярэчыў святар.
      - Маё прозвiшча - Цынер.
      Мiстэру Оўпi гэтае прозвiшча было невядомае, пэўна, яго запомнiлi толькi журналiсты.
      - А маё - Оўпi.
      Доктар Цынер зачынiў дзверы i сеў насупраць.
      - Вы - святар?
      Ён хацеў дадаць "айцец мой", але на гэтым слове запнуўся: яно азначала надта многае - яно азначала бледны, змарнелы твар, любоў, якая, зрабiўшыся жорсткаю, знiкла, пакiнуўшы толькi павагу, потым i яна была прынесена ў ахвяру, калi ўзнiкла падазрэнне, што пасталелы сын зрабiўся адступнiкам.
      - Але не рымска-каталiцкага веравызнання.
      Доктар Цынер некалькi хвiлiн маўчаў, не ведаючы, як выказаць у словах сваю просьбу. Яго губы лiтаральна перасохлi ад прагi справядлiвасцi: яна была нiбыта шклянка вады на стале ў другога чалавека. Мiстэр Оўпi, здавалася, заўважыў яго збянтэжанасць i дабрадушна паведамiў:
      - А я складаю маленькую анталогiю.
      - Анталогiю? - мiжволi паўтарыў доктар Цынер.
      - Так, духоўную анталогiю для цывiльных, нешта накшталт рымска-каталiцкай Кнiгi Разважанняў. - Яго тонкая белая рука пагладжвала чорную замшавую вокладку запiсной кнiжкi. - Але ў мяне ёсць намер капнуць глыбей. Рымска-каталiцкiя кнiгi - як бы гэта сказаць? - тычацца толькi рэлiгii. Я хачу, каб у маёй кнiзе былi закрануты ўсе бакi штодзённага жыцця. Вы гуляеце ў крыкет?
      Пытанне захапiла доктара Цынера знянацку: ён iзноў паглыбiўся ва ўспамiны, як стаяў на каленях у цемрадзi, у спавядальнi.
      - Не, не.
      - Ну, гэта не мае значэння. Вы зразумееце, што я маю на ўвазе. Дапусцiм, вы апошнi ўваходзiце ў гульню, надзяваеце накаленнiкi, восем варотцаў ужо скiнуты, трэба зрабiць пяцьдзесят прабежак, i вы думаеце: няўжо на вас будзе ўскладзена ўся адказнасць за паражэнне ў гэтай партыi? Вашы сумненнi не ўхiлiць нiводная з iснуючых Кнiг Разважанняў, i вы, пэўна, сапраўды пачняце сумнявацца ў рэлiгii. Мая мэта - задаволiць патрабаваннi такога чалавека.
      Мiстэр Оўпi гаварыў хутка, з натхненнем, i доктар Цынер вырашыў, што ён недастаткова валоде ангельскай мовай. Ён не разумеў значэння слоў "накаленнiкi", "варотцы", "прабежкi", хоць i ведаў, што яны звязаны з ангельскай гульнёй у крыкет. Апошнiя пяць гадоў ён чуў гэтыя словы, i яны асацыiравалiся ў яго свядомасцi з напоўненай салёным ветрам пляцоўкай, якая пакрыта дзiрваном, з тым, што ён павiнен сачыць за непаслухмянымi дзецьмi, занятымi гэтай гульнёй, правiлаў якой ён не ведаў, - але рэлiгiйнага значэння гэтых слоў ён не разумеў. Ён падумаў, святар выкарыстоўвае iх метафарычна: адказнасць, перараджэнне, запатрабаваннi чалавека - гэтыя словы ён разумеў, i яны давалi яму магчымасць выказаць святару сваю просьбу.
      - Я хацеў бы пагаварыць з вамi наконт споведзi.
      - Гэта нялёгкая тэма, - адказаў мiстэр Оўпi. Ён з хвiлiну разглядваў свае рукi i потым хутка загаварыў: - Я не гляджу на споведзь дагматычна. Думаю, што тут шмат чаго можна сказаць на карысць рымска-каталiцкай царквы. Сучасная псiхалогiя развiваецца ў гэтым кiрунку. Ёсць нешта агульнае памiж спавядальнiкам i спаведнiкам i памiж псiхааналiтыкам i яго пацыентам. Вядома, iснуе i рознiца - спаведнiк хоча, каб яму адпусцiлi грахi. Але гэтая рознiца, - паспешна дадаў мiстэр Оўпi, калi доктар Цынер зрабiў памкненне нешта запярэчыць, - урэшце, неiстотная. У першым выпадку пра грахi вядуць гаворку, каб яны былi адпушчаныя i чалавек выйшаў са спавядальнi з прасветленай душой i з намерамi пачаць жыццё нанава; у другiм выпадку толькi адно абмеркаванне грахоў пацыента i выяўленне неўсвядомленых прычын яго паводзiн робiцца, каб выключыць само жаданне рабiць грахi. Пацыент iдзе ад псiхааналiтыка поўны энергii i з такiм самым намерам жыць па-новаму.
      Дзверы адчынiлiся, i ў купэ ўвайшоў мужчына.
      - З гэтага пункту гледжання споведзь у псiхааналiтыка здаецца больш плённай, чым споведзь у святара, - сказаў мiстэр Оўпi.
      - Вы гаворыце пра споведзь? - спытаў мужчына, якi толькi што прыйшоў. Дазвольце адцягнуць вашу ўвагу. Трэба ўзяць пад улiк i ролю лiтаратуры ў гэтай справе.
      - Дазвольце мне пазнаёмiць вас, - сказаў мiстэр Оўпi. - Доктар Цынер мiстэр К.С.Сейвары. I сапраўды зараз сабралiся разам удзельнiкi ў вышэйшай ступенi цiкавай спрэчкi - доктар, святар i пiсьменнiк.
      - А вы не забылiся пра спаведнiка? - павольна сказаў доктар Цынер.
      - Якраз я i хацеў прадставiць вам яго, - сказаў мiстэр Сейвары. - У пэўным сэнсе я i з'яўляюся спаведнiкам. Паколькi раманы заснаваны на жыццёвым вопыце аўтара, раманiст спавядаецца перад чытачом. Гэта i робiць чытача святаром цi псiхааналiтыкам.
      Мiстэр Оўпi запярэчыў яму з усмешкай:
      - Але ваш раман можна назваць споведдзю толькi ў тым сэнсе, у якiм ёю з'яўляецца сон. Тут павiнен сказаць сваё слова прыхiльнiк фрэйдызму. Фрэйдысцкi цэнзар, - паўтарыў ён гучней: цягнiк якраз праходзiў мост. - Што на гэта скажа наш доктар?
      Iх ласкавыя, жывыя, уважлiвыя вочы збянтэжылi доктара Цынера. Ён сядзеў, злёгку схiлiўшы галаву, няздатны перадаць словамi горкiя фразы, якiя ўзнiкалi ў яго ў мазгу. Ужо другi раз у гэты вечар красамоўства яму здрадзiла, не хапала слоў: як жа ён зможа разлiчваць на сваё красамоўства ў Белградзе?
      - Дарэчы, ёсць жа яшчэ i Шэкспiр, - сказаў мiстэр Сейвары.
      - А дзе яго няма? - падхапiў мiстэр Оўпi. - Ён крочыць як калос па ўсiм цесным свеце. Вы маеце на ўвазе...
      - Як ён ставiўся да споведзi? Вядома, ён нарадзiўся католiкам.
      - Як там у "Гамлеце"... - пачаў быў мiстэр Оўпi, але доктар Цынер не дачакаўся, пакуль той закончыць фразу. Ён падняўся i злёгку пакланiўся абодвум.
      - Добрай ночы, - сказаў ён. Яму хацелася выказаць сваё абурэнне i расчараванне, але ён толькi вымавiў: - Усё было дужа цiкава.
      Калiдор, ледзь асветлены шэрагам цьмяных блакiтных лямпачак, змрочны, цягнуўся паўз цёмныя вагоны, якiя гайдалiся ў такт руху. Нехта ў вагоне трэцяга класа варочаўся ў сне i мармытаў: "Немагчыма. Немагчыма".
      Кiнуўшы доктара, Корал заспяшалася з сакваяжам па цягнiку, якi кiдаўся з боку на бок. Яна цяжка дыхала i здалася Майету амаль прыгожай, калi ён убачыў, як яна торгае ручку дзвярэй у купэ. Ён адклаў убок карэспандэнцыю Экмана i спiс рыначных цэн ужо хвiлiн дзесяць назад, пераканаўшыся, што побач з фразамi i лiчбамi дзелавых папер у яго ў галаве ўвесь час настойлiва гучыць голас дзяўчыны: "Я вас кахаю" - "Ну i жартачкi, - падумаў Майет. - Ну i жартачкi".
      Ён зiрнуў на гадзiннiк. Наступны прыпынак будзе толькi праз сем гадзiн. Да таго ж ён даў гасцiнца кандуктару. Цi прывыклi яны да такiх любоўных спраў у цягнiках? Юнаком ён чытаў кнiгi пра каралеўскiх паслоў, якiх спакушала чароўная графiня, што падарожнiчала адна, без нiкога, i падумаў: цi выпадзе яму калi-небудзь такая прыгода? Ён агледзеў сябе ў люстры i прыгладзiў напамаджаныя валасы. "Нiшто сабе з твару, вось толькi скура магла б быць лепшая". Аднак, скiнуўшы футра, ён мiжволi нагадаў, што таўсцее, падарожнiчае толькi па справах гандлю разынкамi i ў яго няма партфеля з запячатанымi сургучом дакументамi. "А Корал непрыгожая расейская графiня, але я ёй падабаюся, i яна зграбная".
      Майет прысеў, потым iзноў паглядзеў на гадзiннiк, iзноў падняўся. Ён хваляваўся. "Ах ты, дурань, - падумаў ён, - у ёй няма нiчога надзвычайнага: мiленькая, добрая, але праставатая - такую можна сустрэць у любы вечар на Спанiердз-роўд". Аднак, нягледзячы на такiя думкi, ён усё адно адчуваў, што ў гэтай прыгодзе было нешта незвычайнае. Магчыма, справа тут толькi ў абставiнах: падарожжа з хуткасцю сорак мiль у гадзiну на палiцы шырынёй крыху болей двух футаў. Магчыма, прычынай было яе прызнанне за вячэраю знаёмыя яму дзяўчаты не адважылiся б вымавiць такiх слоў, яны б сказалi: "Я кахаю цябе", толькi калi б iх запыталi перад гэтым, але па сваёй волi яны хутчэй бы сказалi: "Ты неблагi хлопец". Ён пачаў думаць пра яе, як нiколi не думаў нi пра якую вядомую яму жанчыну: "Яна мiлая i прыгожая, мне хацелася зрабiць ёй што-небудзь прыемнае". Яму i ў голаў не прыходзiла, што ў яе ўжо ёсць падставы быць яму ўдзячнай.
      - Заходзьце, - запрасiў Майет, - заходзьце.
      Ён узяў у яе сакваяж, засунуў яго пад палiцу i потым схапiў яе за рукi.
      - Ну, вось я i прыйшла да вас, - з усмешкай сказала яна.
      Нягледзячы на гэту ўсмешку, яму здалося, што яна напалохана, i ён не мог зразумець чаму. Ён адпусцiў яе рукi, каб завесiць фiранкi на шкляных дзвярах у калiдор, i яны засталiся адны ў цеснай каробачцы купэ. Ён пацалаваў яе i адчуў, што яе вусны, халаднаватыя i мяккiя, няўпэўнена падатныя. Яна апусцiлася на сядзенне, ператворанае на ноч у ложак, i спытала:
      - Вы сумнявалiся, цi прыйду я?
      - Вы ж абяцалi!
      - А магла б i перадумаць.
      - А чаму?
      Майета ахапiла нецярплiвасць. Яму мала было проста сядзець i весцi размовы: яна махала нагамi, i дастаючы iмi да падлогi, i гэта яго распальвала.
      - Мы цудоўна прабавiм час.
      Ён зняў з яе туфлi, i рукi яго пабеглi ўверх па панчохах.
      - Вы чалавек вопытны, праўда?
      Ён пачырванеў.
      - А вам гэта непрыемна?
      - О, не, я рада, вельмi рада. Я б проста не перанесла гэтага, калi б вы не былi такi спрактыкаваны.
      Яе вочы, вялiкiя i напалоханыя, яе твар, бледны пад цьмянай блакiтнай лямпачкай, спачатку забаўлялi яго, потым здалiся прывабнымi. Ён хацеў, каб яе адчужанасць змянiлася палкасцю. Iзноў пацалаваўшы яе, ён паспрабаваў спусцiць сукенку з яе плеч. Цела дзяўчыны трымцела i варушылася пад сукенкаю, нiбыта кошка, завязаная ў мяху. Раптам яна падняла твар i пацалавала яго ў падбароддзе.
      - Я на самай справе кахаю вас, праўда.
      Незвычайнае пачуццё ўсё болей ахоплiвала яго. Ён нiбыта выйшаў з дому на штодзённы шпацыр, мiнуў газавы завод, прайшоў цагляным мостам цераз Уiмбль, перасёк два палеткi i раптам аказаўся не на сцяжынцы, якая вяла на ўзгорак, да новай дарогi з загараднымi дамамi, а на паляну ў нейкiм невядомым лесе, на цянiстую дарожку, па якой ён нiколi не хадзiў, i вяла тая дарожка бог ведае куды. Ён зняў руку з яе плячэй i, адсунуўшыся крыху ад яе, сказаў:
      - Якая вы мiлая, - а потым здзiўлена дадаў: -Якая родная.
      Нiколi раней ён не ўсведамляў, як у iм нарастае жаданне i як яно ўзмацняецца якраз таму, што ён разумее гэта. Раней яго любоўныя прыгоды заўсёды пачыналiся з прымiтыўнага ўзбуджэння.
      - Што мне рабiць? Распранацца?
      Ён кiўнуў - яму цяжка было гаварыць - i ўбачыў, як яна паднялася з ложка, пайшла ў куток i пачала распранацца, павольна i вельмi старанна здымаючы кожную рэч паасобку: блузку, спаднiцу, сарочку, станiк - i складаючы ўсё гэта акуратна на сядзенне насупраць. Назiраючы за яе няспешнымi, засяроджанымi рухамi, ён разумеў, якое ў яго недасканалае цела.
      - Вы такая цудоўная, - сказаў ён, злёгку запiнаючыся ад невядомага раней хвалявання.
      Калi яна прыйшла да яго з другога канца купэ, ён зразумеў, што памыляўся: яе спакой быў падобны да нацягненай струны, твар яе гарэў ад узбуджэння, а вочы глядзелi спалохана, i яна не ведала, смяяцца ёй цi плакаць. Але тут яны кiнулiся ў абдымкi адно аднаму ў вузкай прасторы памiж палiцамi.
      - Няблага было б патушыць святло, - сказала Корал. Яна стаяла, шчыльна прынiкнуўшы да яго, а ён гладзiў яе, i абое злёгку пагойдвалiся ў такт руху цягнiка.
      - Не, а мне б наадварот хацелася запалiць усё святло, - запярэчыў ён.
      - Сапраўды, так было б лепей, - сказала яна i цiха засмяялася сабе. Яе смех, нiбыта ледзь прыкметная крынiчка, быў амаль не чуцен на фоне грукатання i пыхкання экспрэса, i, размаўляючы, яны, замест таго каб нашэптваць адно аднаму пяшчотныя словы, мусiлi былi вымаўляць iх гучна i дакладна.
      Пачуццё незвычайнасцi не знiкла i пасля звыклага для яго зблiжэння: лежачы на ложку, яна аказалася нейкая таямнiчая i па-дзiцячы недасведчаная, i гэта ўразiла яго. Яна болей не смяялася, прычым смех яе не спынiўся спакваля, а раптам абарваўся, як толькi Майет падумаў - пэўна, ён прыняў за яе смех скрып колаў цягнiка.
      - Набярыся цярпення. Я зусiм нявопытная, - раптам сур'ёзна сказала яна.
      I потым ускрыкнула ад болю. Калi б нават з'явiлася ў купэ здань, захутаная ў старамоднае адзенне, якое насiлi яшчэ да таго, як быў вынайдзены паравоз, Майет не быў бы так здзiўлены. Ён адсунуўся б ад яе, калi б яна сама не ўтрымала яго рукамi i не сказала ледзь чутным голасам, амаль зусiм заглушаным грукатам цягнiка:
      - Не iдзi ад мяне. Прабач. Я не хацела...
      Потым цягнiк, якi раптоўна спынiўся, адкiнуў iх адно ад аднаго.
      - Што здарылася? - спытала Корал.
      - Станцыя.
      - Чаму ж гэта якраз цяпер? - жаласлiва вымавiла яна.
      Майет крыху прыадчынiў акно i выглянуў. Цьмяны ланцуг агеньчыкаў асвятляў толькi некалькi футаў зямлi каля чыгункi. Тоўстымi сумётамi наўкол ужо навалiла снегу. Недзе ўдалечынi мiгацеў чырвоны агеньчык, ён то запальваўся, то знiкаў у белай завеi.
      - Гэта не станцыя. Толькi семафор. Ён нас затрымаў.
      Скрып колаў спынiўся, i навiсла начная цiшыня. Яе парушаў толькi свiсток паравоза. У цягнiку пачалi прачынацца людзi, яны выглядалi з вокнаў i перакiдвалiся памiж сабой словамi. З вагона трэцяга класа ў самым канцы цягнiка данеслiся гукi скрыпкi. Матыў быў немудрагелiсты, вясёлы i дакладны. Праходзячы скрозь iмглу i снегапад, ён рабiўся ўсё меней дакладны, але ж выцяснiў з свядомасцi Майета пачуццё разгубленасцi i спагады.
      - Я ж нiчога не ведаў. Як я мог здагадацца?
      I тут жа, у вагоне, памiж iмi ўзнiкла такое цёплае пачуццё, што ён, не зачынiўшы акно, укленчыў перад ложкам i пачаў гладзiць яе твар, кранаючы яго цiкаўнымi пальцамi. I зноў iм авалодала невядомае раней пачуццё: "Якая мiлая, якая родная". Яна ляжала цiха i няроўна дыхала ад болю i хвалявання.
      У адным вагоне трэцяга класа нехта пачаў па-нямецку лаяць скрыпача, гаворачы, што гукi скрыпкi не даюць яму заснуць. Ён, вiдаць, не разумеў, што моцна спаў пад грукат цягнiка i яго разбудзiла цiшыня, на фоне якой сталi чутны ясныя гукi скрыпкi. Скрыпач адказаў лаянкай i працягваў пiлiкаць, некалькi чалавек загаварылi адначасова, нехта засмяяўся.
      - Ты расчараваны? Я аказалася нi на што не вартая?
      - Ты была проста цудоўная. Але я нiколi не падумаў бы... Навошта ты прыйшла?
      Iмкнучыся пазбавiць яго пачуцця збянтэжанасцi, яна адказала лёгкiм, як гукi скрыпкi, голасам:
      - Павiнна ж дзяўчына некалi прайсцi праз гэта.
      Ён iзноў пагладзiў яе па шчацэ.
      - Я прычынiў табе боль.
      - Але ж, нялёгкая гэта справа!
      - Другi раз... - пачаў ён, але яна яго перабiла, i яе сур'ёзны тон рассмяшыў яго:
      - Так, значыцца, будзе i другi раз? Значыцца, я табе спадабалася?
      - А ты хочаш, каб быў другi раз?
      - Так, - адказала яна, але ў той момант думала не пра яго абдымкi, а пра кватэру ў Канстанцiнопалi, пра асабiстую спальню, пра тое, каб класцiся спаць а дзесятай гадзiне ўвечары. - Колькi часу ты там збiраешся прабыць?
      - Магчыма, месяц. Магчыма, болей.
      - Так мала? - прашаптала яна з такiм шкадаваннем, што ён пачаў яе супакойваць абяцаннямi, хоць i ведаў, што ранiцай будзе шкадаваць пра гэта.
      - Ты можаш вярнуцца са мной у Лондан. Я найму табе там кватэру. - Яе маўчанне, здавалася, пацвярджала, наколькi нерэальныя былi яго абяцанкi. Ты мне не верыш?
      - Проста не верыцца, - сказала яна голасам, поўным даверу.
      Яго кранула адсутнасць у яе какецтва. I раптам яго зноў уразiла думка: ён жа быў у яе першы палюбоўнiк!
      - Паслухай, ты прыйдзеш да мяне заўтра?
      Яна пачала адмаўляцца, шчыра баючыся, што надакучыць яму, перш як яны прыедуць у Канстанцiнопаль. Ён яе нават не слухаў.
      - Я наладжу вячэру - адсвяткаваць гэту...
      - Дзе? У Канстанцiнопалi?
      - Не. Там у мяне няма каго запрашаць.
      I на iмгненне думка пра Экмана азмрочыла яго радасны настрой.
      - Значыцца, у цягнiку? - Яна зноў засмяялася, але на гэты раз весела i без усякага страху.
      - А чаму б i не? - Словы яго прагучалi крыху з пахвальбой. - Я запрашу ўсiх. Гэта будзе нешта накшталт вясельнай вячэры.
      - Толькi без вяселля, - пакпiла яна з яго. Але яму ўсё болей падабалася гэтая задума.
      - Я запрашу ўсiх: доктара, гэтага тыпа з другога класа, таго цiкавага суб'екта, памятаеш яго? - Ён секунду памаўчаў. - I тую дзяўчыну.
      - Якую дзяўчыну?
      - Пляменнiцу тваёй знаёмай.
      Аднак яго красамоўства крыху згасла, калi ён падумаў, што такая дама нiколi не прыме яго запрашэнне: яна не з вар'етэ. Яму зрабiлася сорамна за сваю няўдзячнасць. "Пра яе нельга сказаць, што яна мiленькая, падатная цi праставатая, яна прыгажуня, з такой жанчынай я хацеў бы ажанiцца. - I на нейкае iмгненне ён з горыччу падумаў: - Але такая жанчына не для мяне". Потым да яго вярнуўся добры настрой.
      - Я найму скрыпача, - пахвалiўся ён, - хай iграе нам за вячэрай.
      - Ты не адважышся запрасiць iх, - сказала яна з блiскучымi вачыма.
      - Адважуся. Яны ўжо нiколi не адмовяцца ад такой вячэры. Я закажу самае лепшае вiно, якое толькi тут ёсць, - сказаў ён, хутка падлiчыўшы кошт вiна i гонячы ад сябе думкi, што ў цягнiку самыя лепшыя вiны робяцца дрэннымi. Вячэра будзе каштаваць па два фунты на кожную асобу.
      Яна задаволена запляскала ў далонi.
      - Ты нiколi не адважышся сказаць iм, з якой нагоды гэтая вячэра.
      - Я паведамлю iм, што запрасiў iх выпiць за маю каханую.
      Потым Корал доўга ляжала спакойна, думаючы пра гэтае слова "каханая" i звязаны з iм камфорт, пра трывалае становiшча, пра амаль прыстойнае жыццё. Потым яна пахiтала галавой:
      - Я проста не магу ў гэта паверыць!
      Аднак свiст пары i грукат колаў, якiя пачалi рухацца, заглушыў гэтыя словы, напоўненыя сумненнем.
      Тым часам, як буферы памiж вагонамi з грукатам сутыкалiся i зялёнае святло семафора павольна паплыло назад, Ёзеф Грунлiх гаварыў сабе: "Я прэзiдэнт рэспублiкi". Ён прачнуўся ў той самы момант, калi джэнтэльмен у фраку збiраўся паднесцi яму залаты ключ, якiм адмыкаўся сейф з капiталамi новага горада. Ён канчаткова прачнуўся, зразумеў, дзе знаходзiцца, i згадаў увесь свой сон. Паклаўшы рукi на круглыя каленi, ён усмiхнуўся. "Прэзiдэнт рэспублiкi - зусiм няблага, а чаму б i не? Я б нагаварыў там цэлы мех. За адзiн дзень ашукаў i Кольбера, i гэтага доктара. Ён даў мне пяць ангельскiх фунтаў, бо ў мяне галава добра варыць, i я адразу здагадаўся, што ён за птушка, як толькi ён сказаў: "Тайны агент палiцыi". Спрытнюга - вось хто я, Ёзеф Грунлiх. "Зiрнiце туды, гер Кольбер". Выхоплiваю рэвальвер, цэлюся, страляю - i ўсё ў адну секунду. Дый паспеў яшчэ i змыцца. Ёзефа злавiць немагчыма. Што там спытаў гэты святар? - Ёзеф засмяяўся вантробным смехам. "Вы ў Германii ў крыкет гуляеце?" А я адказаў: "Не, нас там вучаць бегаць. У свой час я быў выдатны бягун". Я за словам у кiшэню не палезу, а ён так i не зразумеў жарту - згадаў нейкiх Собса i Худлiха. Але ўсё-такi прыемнага было мала, калi доктар убачыў, што чамадан не на месцы, - падумаў Ёзеф. - Я схапiўся за шнурок. Калi б ён паспрабаваў паклiкаць кандуктара, я стрэлiў бы яму ў жывот, ён не паспеў бы i слова вымавiць".
      Ёзеф iзноў радасна ўсмiхнуўся, адчуваючы, як рэвальвер злёгку трэцца аб сiняк на ўнутраным баку нагi. "Я выпусцiў бы яму кiшкi".
      Частка чацвертая
      СУБОЦIЦА
      1
      Лямпачка тэлеграфнага апарата ў канторы начальнiка станцыi Субоцiца замiгцела: кропкi i працяжнiкi парассыпалiся па пустым пакоi. Лукiч, чыноўнiк, якi сядзеў у куточку багажнага аддзялення, чуў iх праз адчыненыя дзверы i праклiнаў гэтыя надакучлiвыя гукi. Вядома, трэба было пайсцi туды, але ён ленаваўся скрануцца з месца.
      - У такi час нiчога важнага быць не можа, - растлумачыў ён прыёмшчыку багажу i Нiнiчу, маладому салдату ў шэрай форме.
      Ленiч тасаваў калоду карт якраз у той момант, калi гадзiннiк прабiў сем. За акном сонца ледзь асвятляла брудны, паўрасталы снег, паблiсквалi мокрыя рэйкi. Нiнiч пацягваў з келiха ракiю, ад моцнай слiвавай гарэлкi на вочы нагарнулiся слёзы. Ён быў яшчэ зусiм малады.
      Лукiч усё тасаваў карты.
      - Цiкава, што гэта там перадаюць, як ты думаеш? - спытаў прыёмшчык багажу.
      Лукiч пахiтаў цёмнавалосай ускудлачанай галавой:
      - Дакладна сказаць, вядома, нельга. Нiчога цiкавага, як звычайна. Хай сабе працуе - гэта ёй карысна.
      Прыёмшчык захiхiкаў. Нiнiч узняў цёмныя вочы, у якiх нiчога не было, апроч прастадушнасцi, i спытаў:
      - А хто гэта яна?
      Яму здалося, што тэлеграфны апарат раптам загаварыў уладным жаночым голасам.
      - Эх вы, салдаты, - сказаў прыёмшчык багажу. - Не ведаеце i паловы таго, што адбываецца наўкол.
      - Гэта праўда, - сказаў Нiнiч. - Мы гадзiнамi стаiм на пасту з прымкнутымi штыхамi. А можа, вайна зноў пачынаецца, га? Мы ўвесь час ходзiм ад казармы да станцыi. Нам няма калi заўважыць, што робiцца наўкол.
      "Кропка, кропка, кропка, працяжнiк..." - адстукваў тэлеграф. Лукiч падзялiў калоду на тры роўныя кучкi. Часам карты склейвалiся, i тады ён слiнiў пальцы. Потым паклаў перад сабой усе тры кучкi.
      - Гэта, пэўна, жонка начальнiка станцыi, - растлумачыў ён. - Калi яна едзе на тыдзень, дык пасылае яму тэлеграмы кожны дзень у самы нязручны час. Позна ўвечары цi на свiтанку. Поўныя цялячых пяшчот. Часам нават у вершах: "Шчаслiвы будзь у разлуцы, галубок, твая галубка шле табе любоў". Цi: "Твая палова заўсягды з табой. Не забывай мяне, каханы мой".
      - Навошта гэта ёй? - спытаў Нiнiч.
      - Баiцца, што ён ляжыць у ложку з якой-небудзь служанкай. Думае, што ён пачне каяцца, калi атрымае ад яе тэлеграму ў самы нязручны момант.
      Прыёмшчык захiхiкаў.
      - Вядома, самае смешнае, што ён нават i не глядзiць на служанак. У яго зусiм iншыя схiльнасцi - трэба было б ёй ведаць гэта.
      - Вашы стаўкi, панове, - сказаў Лукiч. Ён пiльна сачыў за iмi, калi яны клалi медныя манеты на дзве з трох кучак. Потым пачаў здаваць карты, беручы iх з кожнай кучкi па чарзе. У трэцяй, на якую не паклалi грошай, аказаўся званковы валет. Лукiч перастаў здаваць карты i паклаў манеты сабе ў кiшэню.
      - Выйграе банк, - аб'явiў ён i перадаў карты Нiнiчу.
      Гэта была зусiм простая гульня.
      Прыёмшчык патушыў акурак i, пакуль Нiнiч тасаваў карты, запалiў другую цыгарэту.
      - З экспрэса ёсць якiя навiны?
      - У Белградзе ўсё цiха, - сказаў Лукiч.
      - А тэлефон працуе?
      - А вось з iм справы дрэнь. - Тэлеграф перастаў гудзець. I Лукiч уздыхнуў з палёгкай. - Ну, вось i гэты нарэшце супакоiўся.
      Салдат раптам перастаў тасаваць карты i няўпэўнена вымавiў:
      - Добра, што мяне не было ў Белградзе.
      - Змаганне, хлопча мой, - весела сказаў прыёмшчык.
      - Яно дык, можа, i так, але ўсё-такi гэта нашы людзi, праўда? - нясмела запярэчыў Нiнiч. - Iншая справа, калi б гэта былi балгары.
      - Цi ты заб'еш, цi цябе заб'юць, - сказаў прыёмшчык. - Ну, што марудзiш - здавай, хлопча мой.
      Нiнiч пачаў здаваць. Некалькi разоў ён збiваўся з лiку: пэўна, задумаўся.
      - Да таго ж, мы зусiм не ведаем, чаго яны хацелi? Чаго дамагалiся?
      - Яны ж чырвоныя, - умяшаўся Лукiч. - Беднякi. Вашы стаўкi, панове, машынальна дадаў ён.
      Лукiч паклаў усе выйграныя iм медзякi на тую самую кучку, што i прыёмшчык. Ён пераглянуўся з iм i падмiргнуў яму - той павялiчыў стаўку. Нiнiч быў надта засяроджаны на сваiх няўклюдных думках i не заўважыў, як у час здачы было вiдаць, у якую кучку трапiў валет. Прыёмшчык не змог утрымацца ад смеху.
      - Зрэшты, я i сам бядняк, - сказаў Нiнiч.
      - Мы зрабiлi стаўку, - нецярплiва перабiў яго Лукiч, i Нiнiч пачаў здаваць.
      Вочы ў яго шырока расплюшчылiся, калi ён убачыў, што абодва выйгралi: на iмгненне на яго твары адбiлася цьмянае падазрэнне, ён адлiчыў манеты i падняўся.
      - Ты болей гуляць не хочаш? - спытаў Лукiч.
      - Час вяртацца ў каравулку.
      Прыёмшчык усмiхнуўся:
      - Ён прагуляў усе грошы. Налi яму на дарогу яшчэ, Лукiч.
      Лукiч налiў Нiнiчу другую шклянку i спынiўся з заткнутай бутэлькай у руцэ. Зазванiў тэлефон.
      - Д'ябал, - вылаяўся ён. - Iзноў гэтая баба.
      Паставiўшы бутэльку на стол, ён пайшоў у другi пакой. Бледныя промнi сонца пранiкалi праз акно, яны дакраналiся да кошыкаў i чамаданаў, нагрувашчаных за прылаўкам. Нiнiч узняў шклянку, а прыёмшчык сядзеў, паклаўшы палец на калоду карт, i прыслухоўваўся.
      - Алё, алё! - закрычаў Лукiч. - Каго вам трэба? Тэлеграф? Я нiчога не чуў. Не магу ж я тырчаць каля яго ўвесь час. У мяне хапае справы на станцыi. Скажыце гэтай бабе, каб яна пасылала тэлеграму ў зручны час. Што такое? Яго голас раптам змянiўся. - Прашу прабачэння, пан маёр. Мне ў голаў не прыходзiла... (Прыёмшчык захiхiкаў.) Вядома. Неадкладна, пан маёр, зараз жа. Зараз жа пашлю, пан маёр. Калi вы пачакаеце каля тэлефона дзве хвiлiнкi, пан маёр...
      Нiнiч уздыхнуў i выйшаў на марознае паветра маленькай станцыi: тут не было нават платформ. Ён забыўся надзець пальчаткi, i перш чым паспеў iх нацягнуць, яго пальцы адубелi ад холаду. Ногi яго павольна валачылiся на свежым паўрасталым, а потым паўзамёрзлым снезе. "Не, я рады, што мяне не было ў Белградзе, - падумаў ён. - Усё гэта незразумела: яны беднякi, i я таксама бядняк; у iх жонкi i дзецi, i ў мяне ёсць жонка i маленькая дачка. Яны, пэўна, чакалi нейкай карысцi сабе, тыя, чырвоныя". Сонца, якое паднялося над дахам мытнi, кранула яго твар, аднак ад яго промняў цяплей не зрабiлася. Запасны паравоз стаяў, нiбыта бадзяжны сабака, выдыхаючы пару над рэйкамi. Да прыбыцця Ўсходняга экспрэса нiводнага цягнiка на Белград не будзе. Праз паўгадзiны ўзнiмаецца шум i сумятня, прыбудуць мытнiкi, пагранiчнiкi выйдуць з каравулкi i пастрояцца перад ёй, потым цягнiк запыхкае i знiкне, i за цэлы дзень будзе толькi яшчэ адзiн цягнiк, невялiчкi тутэйшы цягнiк, на Вiнкавiчы. Нiнiч засунуў рукi ў пустыя кiшэнi. Пасля можна было б выпiць яшчэ ракii i згуляць у карты, але ў яго ўжо не было грошай. Iзноў лёгкае падазрэнне, што яго абдурылi, мiльганула ў галаве.
      - Нiнiч! Нiнiч!
      Ён азiрнуўся i ўбачыў, як памочнiк начальнiка станцыi бяжыць за iм без палiто i пальчатак, правальваючыся ў ледзяную жыжу. Нiнiч падумаў: "Ён абабраў мяне, але адчуў сорам перад богам i хоча аддаць мне грошы". Ён спынiўся i ўсмiхнуўся Лукiчу, нiбыта хацеў сказаць: "Кiнь ты, не бойся, я на цябе не сярдую".
      - Ты што, дурань, глухi, цi што! Я думаў, не дакрычуся, - злосна сказаў маленькi памочнiк начальнiка станцыi i падбег да яго, задыхаючыся ад лютасцi. - Зараз жа iдзi да маёра Петкавiча. Яго клiчуць да тэлефона. Я не змог дазванiцца да каравулкi.
      - Тэлефон з учарашняга дня не працуе, - растлумачыў Нiнiч, - з таго часу, як пачалася завея.
      - Вось расцяпы! - узарваўся Лукiч.
      - Сёння павiнен быў прыехаць майстар з горада, заняцца гэтым. - Нiнiч прамаўчаў. - Маёр i кроку не зробiць па снезе. У яго кабiнеце горача ад печы.
      - Ёлуп. Iдыёт, - абарваў яго Лукiч. - Там звонiць начальнiк палiцыi з Белграда. Яны хацелi паслаць тэлеграму, але вы гарланiлi на ўсё горла, хiба тут што-небудзь пачуеш? Iдзi хутчэй. - Нiнiч паспяшаўся да каравулкi, памочнiк закрычаў яму наўздагон: - Бягом, iдыёт, бягом!
      Нiнiч кiнуўся бегчы, але яму замiналi цяжкiя боты. "Глядзi ты, - думаў ён, - ставяцца да мяне, як да сабакi. - Аднак секунду пасля яму ў голаву стрэльнула iншая думка: - Увогуле, iм добра гуляць са мною ў карты: пэўна, зарабляюць у дзень столькi, колькi я ў тыдзень, i жалаванне атрымлiваюць поўнасцю", - падумаў ён, нагадаўшы, колькi вылiчваюць у яго самога за ежу, кватэру i дровы.
      - Маёр у сябе? - спытаў ён, уваходзячы ў каравулку, i баязлiва пагрукаў у дзверы. Ён мог перадаць паведамленне цераз сяржанта, але таго не было ў каравулцы, дый невядома, калi яшчэ з'явiцца магчымасць выканаць такое адказнае даручэнне, - за гэта могуць павысiць па службе, тут, глядзiш, павялiчаць жалаванне, значыцца, будзе болей ежы, новая сукенка жонцы.
      - Заходзьце.
      Маёр Петкавiч сядзеў за пiсьмовым сталом тварам да дзвярэй. Ён быў невысокага росту, хударлявы, з вострымi рысамi твару i насiў пенснэ. Вiдаць, у яго родзе была прымесь чужой крывi - валасы ў яго былi бялявыя. Ён чытаў нейкi стары нямецкi падручнiк па стратэгii i кармiў сабаку кавалачкамi кiлбасы. Нiнiч з зайздрасцю паглядзеў на печ, у якой весела патрэскваў агонь.
      - Ну, што здарылася? - узлавана спытаў маёр, нiбыта школьны настаўнiк, якому перашкодзiлi правяраць вучнёўскiя сшыткi.
      - Звонiць начальнiк палiцыi, пан маёр, i выклiкае вас да тэлефона ў кантору начальнiка станцыi.
      - А хiба наш тэлефон не працуе? - спытаў маёр, адклаўшы кнiгу i не вельмi ўдала iмкнучыся схаваць сваю цiкаўнасць i ўсхваляванасць: яму хацелася стварыць уражанне, нiбыта ён у блiзкiх адносiнах з начальнiкам палiцыi.
      - Не, пан маёр, майстар з горада яшчэ не прыехаў.
      - Шкада! А дзе сяржант?
      - Ён на хвiлiнку выйшаў, пан маёр.
      Маёр Петкавiч схапiў пальчаткi i нацягнуў iх на рукi.
      - Вам лепей пайсцi са мной. Можа, мне спатрэбiцца сувязны. Вы ўмееце пiсаць?
      - Крышачку магу, пан маёр.
      Нiнiч баяўся, што маёр возьме сабе iншага пасыльнага, аднак той толькi сказаў:
      - Тады хутчэй.
      Нiнiч i сабака пайшлi следам за маёрам цераз каравулку i перасеклi рэйкi. У пакоi начальнiка станцыi Лукiч, якi па-ранейшаму сядзеў у кутку, старанна рабiў выгляд, што працуе, а прыёмшчык багажу круцiўся каля дзвярэй, падлiчваючы здадзеныя месцы на вялiкiм аркушы паперы.
      - Лiнiя зусiм свабодная, пан маёр, - сказаў Лукiч, кiнуўшы за спiнай у маёра пахмурны погляд на Нiнiча. Ён зайздросцiў салдату - той стаяў блiзка да апарата.
      - Алё, алё, алё, - кiсла вымавiў у трубку маёр Петкавiч.
      Салдат злёгку нахiлiў галаву да тэлефона. Цераз вялiкую адлегласць памiж гранiцай i Белградам даносiўся гук гэтага добра пастаўленага i ўладарнага голасу з такiм дакладным вымаўленнем, што нават Нiнiч, якi быў за два крокi ад апарата, мог улавiць асобна кожнае слова. Яны падалi адно за адным, нiбы паток шпiлек, якiя ўтыкалiся ў глыбокую цiшыню. Лукiч i прыёмшчык багажу дарэмна затаiлi дыханне: запасны паравоз на лiнii ўжо спынiў сваё пыхканне.
      - Гаворыць палкоўнiк Хартэп.
      "Гэта i ёсць начальнiк палiцыi, - падумаў Нiнiч. - I я чую яго голас. Як жа будзе ганарыцца мною мая жонка сёння ўвечары. Гэтая гiсторыя абыдзе ўсе казармы, тут ужо на яе можна паспадзявацца. Ёй асаблiва няма чым ганарыцца мною, яна здавальняецца тым, што ў яе ёсць", - падумаў ён прастадушна, не пераацэньваючы сябе.
      - Так, так, гэта маёр Петкавiч.
      Уладарны голас зрабiўся цiшэй. Цяпер Нiнiч улоўлiваў толькi ўрыўкi асобных фраз:
      - Нi ў якiм разе... Белград... Трэба пашукаць у цягнiку...
      - Даставiць яго ў казарму?
      Голас загучаў больш рэзка.
      - Не. Трэба, каб яго бачыла як мага меней людзей... На месцы.
      - Але паслухайце, - запярэчыў маёр Петкавiч. - У нас тут для гэтага нiчога не падрыхтавана. Што мы тут будзем з iм рабiць?
      - ...усяго некалькi гадзiн...
      - Трыбунал? Ну гэта ўжо супраць усякiх iнструкцый.
      Голас у трубцы цiха засмяяўся.
      - Я сам... з вамi... за снеданнем...
      - А калi яго апраўдаюць?
      - ...я сам, - няясна вымавiў голас, - вы, маёр, капiтан Алексiч. Голас загучаў яшчэ цiшэй. - Без шуму... у вузкiм коле... - I потым вымавiў ясней: - Ён хутчэй за ўсё не адзiн... падазроныя асобы... з любой нагоды... мытня. Прымiце пад увагу. Толькi без залiшняга шуму i мiтуснi.
      - Ёсць яшчэ што-небудзь да мяне, палкоўнiк Хартэп? - з прыкметным асуджэннем спытаў маёр Петкавiч.
      Голас зрабiўся болей ветлiвым.
      - Так, так. Наконт снедання. Мяркую, што ў вас там няма вялiкага выбару... На станцыi... як след прапалiце ў печы... што-небудзь гарачае... я еду машынай, прывязу халодную закусь i вiно. - Завiсла паўза. - Так памятайце, вы адказваеце за ўсё.
      - За такую супрацьзаконную акцыю... - пачаў быў маёр Петкавiч.
      - Не, не, не, - сказаў голас. - Я, вядома, меў на ўвазе снеданне.
      - У Белградзе ўсё спакойна? - нацягнена спытаў маёр.
      - Моцна спяць, - адказаў голас.
      - Магу я задаць яшчэ адно пытанне? Алё, алё, алё, - паўтарыў раздражнёным тонам маёр Петкавiч i потым з грукатам кiнуў трубку. - Дзе той салдат? Хадземце са мной.
      Iзноў разам з Нiнiчам i сабакам ён акунуўся ў холад, перасек пуцi, прайшоў праз каравулку i зачынiў з трэскам за сабой дзверы пакоя. Потым вельмi хутка накiдаў некалькi запiсак i загадаў Нiнiчу аднесцi iх па прызначэннi. Ён так спяшаўся i быў такi раздражнёны, што дзве забыўся запячатаць. Нiнiч, вядома, iх прачытаў - вечарам жонка будзе ганарыцца сваiм мужам. Адна запiска была адрасавана начальнiку мытнi, але яна была запячатаная, другая - капiтану ў казарму з загадам неадкладна падвоiць ахову станцыi i выдаць кожнаму салдату па дваццаць абоймаў патронаў. Нiнiчу зрабiлася нiякавата: цi не азначала гэта, што пачалася вайна, што наступаюць балгары? Цi чырвоныя? Ён нагадаў падзеi ў Белградзе i вельмi ўстрывожыўся. Зрэшты, чырвоныя - гэта ж нашы людзi, яны беднякi, у iх ёсць жонкi i дзецi. Апошняя запiска была аддасавана повару ў казарму - гэта была падрабязная iнструкцыя пра сняданак на траiх, якi трэба падаць у кабiнет маёра ў гадзiну трыццаць. "Майце на ўвазе, гэта на вашу асабiстую адказнасць", - так заканчвалася запiска.
      Калi Нiнiч выйшаў з кабiнета, маёр Петкавiч iзноў пачаў чытаць стары нямецкi падручнiк па стратэгii i кармiць сабаку кавалачкамi кiлбасы.
      2
      Корал Маскер заснула задоўга да таго, як цягнiк прыйшоў у Будапешт. Калi Майет пачаў асцярожна выцягваць сваю здранцвелую руку з-пад яе галавы, яна прачнулася. Была шэрая, як мёртвы зыб свiнцовага мора, ранiца. Потым жвава злезла з палiцы i пачала апранацца, кожны рух усё болей аддаляў яе ад утомных падзей мiнулай ночы. Ад хвалявання i спешкi ёй не адразу ўдавалася знаходзiць патрэбныя рэчы. Апранаючыся, яна весела напявала: "Як мне пашчасцiла, як пашанцавала!" Рывок цягнiка адкiнуў яе да акна, але яна хуценька толькi кiнула позiрк на пахмурнае ранiшняе неба. Тут i там спакваля гаслi агнi, але было яшчэ недастаткова вiдно, каб распазнаваць асобныя будынкi. Асветлены лiхтарамi мост цераз Дунай зiхацеў, нiбыта спражачка ад падвязкi. "Куды мне трэба, я iду i сваю песеньку пяю". Недзе на беразе ракi свяцiўся белы дом. Яго можна было прыняць за ствол дрэва ў фруктовым садзе, калi б не два светлыя агеньчыкi ў пакоях на нiжнiм паверсе. Пакуль яна сачыла за iмi, агеньчыкi патухлi. "Пэўна, засядзелiся за святочным сталом. Цiкава, што там зараз адбываецца?" - падумала яна i ўсмiхнулася, адчуваючы сябе далучанай да ўсяго дзёрзкага, адважнага, маладога. "Усё, што трывожыць цябе - мяне зусiм не трывожыць. Лета змяняе вясну - ты бачыш усмешку маю". Цяпер яна ўжо надзела на сябе ўсё, апроч туфель, i павярнулася да ложка i да Майета.
      Ён спаў неспакойна, падбароддзе ў яго было няголенае, адзенне скамячанае, i Корал з цяжкасцю магла паверыць, што ён мае дачыненне да хвалявання i болю мiнулай ночы. Гэта быў зараз зусiм чужы чалавек, якi ўварваўся ў яе жыццё, i ён мог лёгка адмовiцца ад тых слоў, якiя нашэптваў ёй у начной цемры. Ён наабяцаў ёй так многа. Але яна сябе пераконвала: такi падарунак лёсу наўрад цi яшчэ выпадзе на яе долю. Iзноў прыходзiлi ў голаў словы пажылых i спрактыкаваных кабет: "Яны табе перад гэтым наабяцаюць поўны мех". I адмысловы маральны кодэкс яе класа перасцерагаў: "Ты не павiнна напамiнаць яму пра яго абяцаннi". Але яна ўсё-такi падышла i пяшчотна прыгладзiла яго валасы, каб яны хоць крышачку зрабiлiся падобныя на тыя, якiя ў марах абрамлялi твар яе каханага. Калi Корал дакранулася да яго лба, ён расплюшчыў вочы, i яна смела сустрэла яго погляд: яна вельмi баялася ўбачыць у iм адчужанасць - раптам ён яе не пазнае i ўжо паспеў забыцца на тое, хто яна i што яны рабiлi разам. Яна падбадзёрвала сябе прымаўкай: "Святое месца не пустуе", - аднак яе радасна здзiвiла тое, што яму не спатрэбiлася нiякiх намаганняў, каб успомнiць усё.
      - Так, нам абавязкова трэба запрасiць скрыпача.
      Яна з палёгкай запляскала ў далонi:
      - I не забудзься пра доктара.
      Корал прысела ўскрай палiцы i ўсунула ногi ў туфлi. "Я такая шчаслiвая". Ён усё памятае, ён збiраецца стрымаць свае абяцаннi. Яна зноў пачала спяваць: "Пры сонечным святле я жыву, пры месячным святле я люблю. Жыву я надзвычай цудоўна".
      Кандуктар iшоў па калiдоры i грукаў у дзверы купэ:
      - Будапешт! Будапешт!
      Усе агнi пазлiвалiся разам. Над другiм берагам ракi гарэлi тры зоркi, быццам iх згубiла зацягнутае хмарамi неба.
      - Што гэта? Вунь там. Зараз праедзем. Хутчэй.
      - Гэта замак, - сказаў ён.
      - Будапешт.
      Ёзеф Грунлiх, якi драмаў у сваiм кутку, адразу прачнуўся i падышоў да акна. Мiма, памiж высокiмi шэрымi будынкамi, прамiльгнула вада. Агнi, якiя гарэлi на верхнiх паверхах, раптам знiклi за аркай вакзала. Потым цягнiк праслiзнуў пад дах вялiзнай гулкай залы i спынiўся. З вагона тут жа выскачыў нагружаны багажом мiстэр Оўпi, жвавы, спрытны i дабрадушны: ён шпурнуў на платформу два чамаданы, мяшок з прыладамi для гольфа, тэнiсную ракетку ў чахле. Ёзеф усмiхнуўся i выпнуў грудзi: постаць мiстэра Оўпi нагадала яму пра яго злачынства. Мiма прайшоў чалавек у форме турысцкага агенцтва Кука, суправаджаючы высокую маркотную кабету i яе мужа. Яны, спатыкаючыся, iшлi за iм па пятах, разгубленыя i напалоханыя свiстком паравоза i крыкамi на незнаёмых мовах. Ёзеф падумаў, што яму варта выйсцi з цягнiка. I адразу, паколькi справа датычылася бяспекi, думкi яго перасталi быць iранiчныя цi напышлiвыя; дробненькiя акуратныя колцы ў яго мазгу закруцiлiся i, нiбыта кантрольны апарат у банку, пачалi з бездакорнай дакладнасцю рэгiстраваць дэбет i крэдыт. У цягнiку ён адчуваў сябе практычна зняволеным: палiцыя магла яго арыштаваць на любой станцыi, таму, чым хутчэй ён будзе на волi, тым лепей. Як аўстрыец, ён без асаблiвых перашкод пройдзе праверку ў Будапешце. Калi ён паедзе да Канстанцiнопаля, дык тройчы падвергнецца рызыцы аглядаў на мытнi. Механiзм у яго мазгу зноў правяраў лiчбы, дадаваў, улiчваў i прыйшоў да высновы, што трэба аддаць перавагу дэбету. Палiцыя ў Будапешце квалiфiкаваная i спрактыкаваная, у балканскiх краiнах яна прадажная - там няма чаго баяцца мытнi. Да таго ж, ён там будзе далей ад месца злачынства. У Стамбуле ў яго ёсць сябры. Ёзеф Грунлiх вырашыў ехаць далей. Прыняўшы гэта рашэнне, ён iзноў паглыбiўся ў сон пераможцы: у галаве ў яго мiтусiлiся iмгненна выхапленыя рэвальверы, нечыя галасы гаварылi пра яго: "Гэта Ёзеф. Ужо пяць гадоў ён нiводнага разу не быў зняволены. Гэта ён забiў Кольбера ў Вене".
      - Будапешт.
      Доктар Цынер на хвiлiну-другую прыпынiў сваю пiсанiну. Гэта маленькая паўза была данiнай павагi да горада, дзе нарадзiўся яго бацька. Пакiнуўшы Венгрыю маладым чалавекам, бацька пасялiўся ў Далмацыi. У Венгрыi ён працаваў на зямлi, якая яму не належала. У Сплiце i, нарэшце, у Белградзе ён навучыўся шавецкаму рамяству i пачаў працаваць на сябе. Аднак усё-такi тое ранейшае, яшчэ больш паднявольнае iснаванне i атрыманая ў спадчыну ад бацькi кроў венгерскага селянiна дазволiлi доктару Цынеру адчуць дыханне шырокай цывiлiзацыi, водгукi якой даносiлiся ў цёмныя, смярдзючыя балканскiя завулкi. Ён быў нiбы афiнскi раб, якi зрабiўся вольным чалавекам у нецывiлiзаванай краiне: той сумаваў па статуях, паэзii, фiласофii, - адным словам, па культуры, да якой сам не меў дачынення. Станцыя пачала адплываць ад доктара Цынера, мiма праносiлiся назвы на мове, якой бацька яго не навучыў: "Rеstоrасiоj", "Рostо", "Infоrmоj"*. Зусiм блiзка ад вагона мiльганула афiша "Теаtzoj Каj Аmuzеjоj"**, i ён машынальна запомнiў незнаёмыя назвы тэатраў i кабарэ, якiя адчыняцца якраз тады, калi цягнiк будзе падыходзiць да Белграда: "Опера", "Ройял Орфеум", "Табарэн" i "Жардэн дэ Пары". Ён згадаў, як бацька разважаў у цёмных сутарэннях за майстэрняй: "У Будзе жывуць весела". Яго бацька гэтак жа трохi павесялiўся ў цэнтры горада, ён без зайздрасцi назiраў, прыцiснуўшыся тварам да вiтрыны рэстарана, якiя падаюць там дзiвосныя стравы, бачыў скрыпачоў, якiя пераходзiлi ад столiка да столiка, i прастадушна радаваўся з усiмi. Цынера злавала, што бацька яго задавальняўся малым.
      * Рэстаран, пошта, бюро даведак (скаж. эсперанта).
      ** Тэатры i кабарэ (скаж. эсперанта).
      Доктар папiсаў яшчэ хвiлiн дзесяць, а потым склаў паперы i сунуў iх у кiшэню плашча. Ён хацеў быць падрыхтаваным да любой выпадковасцi, ведаў, што яго ворагi не будуць з iм далiкатнiчаць: яны заб'юць яго ў якой-небудзь глухой вулачцы, абы толькi не ўбачыць яго на лаве падсудных. У яго цяперашнiм становiшчы была адна перавага - яны не ведалi пра ягоны прыезд: яму трэба аб'явiць пра сваё дабравольнае вяртанне ў Белград, перш чым яны даведаюцца, што ён прыехаў, бо тады ўжо будзе немагчыма тайна забiць нiкому не вядомага чалавека, у iх не застанецца iншага выйсця, як толькi аддаць яго пад суд. Ён адчынiў чамадан i ўзяў "Бедэкер". Потым чыркнуў запалкай i паднёс яе да ражка схемы: глянцавая папера гарэла марудна. Чыгунка на схеме ўспыхнула язычком полымя, i ён убачыў, як сквер каля пошты ператварыўся ў чорны попел. Потым зелянiна парка "Калiмагдан" зрабiлася карычневай. Вулачкi трушчоб загарэлiся апошнiя, i ён падзьмуў на полымя, каб прыспешыць яго.
      Калi схема згарэла, ён кiнуў попел пад сядзенне, паклаў пад язык горкую таблетку i паспрабаваў заснуць. Яму было нявесела, а то б ён, адчуўшы раптоўную палёгку, усмiхнуўся, калi б убачыў, мiль за пяцьдзесят ад Будапешта, пагорак у форме напарстка, парослы ельнiкам, якi парушыў аднастайнасць неабсяжнай Дунайскай раўнiны. Каб абагнуць гэты пагорак, шаша рабiла вялiкi круг, потым кiравала ў горад. I дарога, i пагорак цяпер былi белыя ад снегу, якi лахманамi, нiбы грачыныя гнёзды, павiснуў на дрэвах. Ён запомнiў дарогу, пагорак i лес - гэта было першае, што ён убачыў, адчуўшы поўную бяспеку, калi ўцякаў, перайшоўшы гранiцу, пяць гадоў таму. Яго спадарожнiк, якi сядзеў за рулём, парушыў упершыню маўчанне з таго часу, як яны выехалi з Белграда, i сказаў: "Будзем у Будзе праз гадзiну з чвэрцю".
      Да гэтага часу доктар Цынер не адчуваў бяспекi. Цяпер палягчэла ў яго на сэрцы зусiм з iншай нагоды. Ён думаў не пра тое, што да гранiцы ўсяго семдзесят мiль. Ён быў ужо амаль дома. Яго пачуццi ў той момант узялi верх над розумам. Дарэмна было гаварыць самому сабе: "У мяне няма дома, я еду ў турму". Прычынай гэтай хвiлiннай радасцi, якая агарнула яго, было наблiжэнне да пiўной Кругера ў садзе, да парку, залiтага па вечарах зялёным святлом, да крутых вулачак з развешанай упоперак iх бялiзнай. "Урэшце, я ўсё гэта ўбачу зноў, - падумаў ён, - калi мяне павязуць з турмы ў суд". I тут ён прыгадаў з раптоўнай журбою, што на месцы пiўной цяпер - жылыя будынкi.
      За снеданнем Корал i Майет сядзелi па розных баках столiка як чужыя i адчувалi праз гэта вялiкую палёгку. Напярэдаднi, за вячэрай, яны паводзiлi сябе, як даўнiя сябры, якiм не было чаго сказаць адно аднаму. За снеданнем яны гаварылi бесперапынна, як быццам цягнiк паглынаў не мiлi, а гадзiны, i iм даводзiлася запаўняць тыя гадзiны размовамi, якiх хапiла б на цэлае жыццё разам.
      - А калi я прыеду ў Канстанцiнопаль, што я буду рабiць? Ты ўжо наняў мне пакой?
      - Не думай пра гэта. Я заказаў нумар у гатэлi. Ты паселiшся разам са мной, i ў нас будзе падвойны нумар.
      Яна пагадзiлася з iм, ад радасцi ў яе перахапiла дыханне, але зараз яна не магла стрымаць сваiх пачуццяў, сядзець моўчкi. Скалы, будынкi, голыя пашы праносiлiся мiма з хуткасцю сорак мiль у гадзiну, а колькi яшчэ iм трэба было абгаварыць.
      - Мы прыедзем на свiтанку? Што мы будзем рабiць цэлы дзень?
      - Разам паснедаем. Потым мне трэба будзе пайсцi ў кантору, даведацца, як там iдуць справы. А ты можаш тым часам пахадзiць па крамах. Я прыйду надвячоркам, мы паабедаем i пойдзем у тэатр.
      - Так? А ў якi тэатр?
      Ёй было дзiўна бачыць, як усё крута змянiла гэтая ноч. Яго твар ужо не быў падобны на твары тых юнакоў, з якiмi яна была знаёмая даволi блiзка, нават жэст яго рукi - ён бесперапынна прапаноўваў нешта, раскрываючы далонь, - зрабiўся зусiм iншы. Яго запал, калi ён расказваў, колькi ён патрацiць на яе грошай, якiя асалоды яе чакаюць, - быў цудоўны, i яна верыла яму.
      - У нас будуць найлепшыя месцы ў тваiм тэатры.
      - У "Дзяўчат Дана"?
      - Так. А потым мы ўсiх iх запросiм на вячэру, калi ты захочаш.
      - Не. - Корал адмоўна пакруцiла галавой: тут яна рызыкавала страцiць яго, бо многiя дзяўчаты Дана маглi аказацца прыгажэйшыя за яе. - Пасля тэатра давай пойдзем дамоў i ляжам спаць.
      Яны пырхнулi разам, расплюхаўшы з кубкаў карычневыя кроплi кавы на абрус. Яна смяялася шчыра i адкрыта, шчаслiвая тым, што боль застаўся ззаду.
      - Ведаеш, колькi мы ўжо праседзелi за снеданнем? - спытала яна. - Цэлую гадзiну. Раней за мной такога не вадзiлася. Кубак гарбаты ў ложку а дзесятай гадзiне - вось i ўвесь мой сняданак. Яшчэ зверху дзве скiбкi падсмажанага хлеба i крышачку апельсiнавага соку - гэта калi ў мяне добрая кватэрная гаспадыня.
      - А калi ў цябе не было працы?
      Яна ўсмiхнулася.
      - Тады я абыходзiлася без апельсiнавага соку. Мы ўжо недалёка ад гранiцы?
      - Зусiм блiзка. - Майет запалiў цыгарэту. - Ты палiш?
      - Уранку не. Я пайду, а ты папалi.
      Корал паднялася, i ў гэты момант цягнiк з грукатам пераязджаў стрэлку, яе адкiнула да Майета. Яна ўхапiлася за яго руку, каб захаваць раўнавагу, i праз яго плячо ўбачыла, як iмклiва праскочылi мiма i знiклi з вачэй сiгнальная будка i чорная пуня, заваленыя снегам. Хвiлiнку яна патрымалася за яго руку, пакуль галава ў яе перастала круцiцца.
      - Любы, прыходзь хутчэй. Я буду цябе чакаць.
      Корал раптам захацелася сказаць яму: "Хадзем са мной". Яна баялася заставацца адна, пакуль цягнiк будзе стаяць. Чужыя людзi могуць зайсцi i сесцi на месца Майета, i яна не зможа нiчога iм растлумачыць. I не зразумее, што ёй скажуць мытнiкi. Але тут жа падумала: Майет хутка разлюбiць яе, калi яна будзе ўвесь час заяўляць на яго свае правы. Назаляць мужчынам даволi небяспечна, яе шчасце не такое трывалае, каб асмелiцца рызыкаваць iм хоць калiва. Яна азiрнулася: ён сядзеў злёгку нахiлiўшы галаву i пагладжваў пальцамi залаты партабак. Пазней яна была шчаслiвая тым, што кiнула на яго гэты развiтальны погляд: ён павiнен служыць узорам вернасцi, яна назаўсёды захавае ў сэрцы яго вобраз, i гэта дасць ёй права сказаць: "Я нiколi не пакiдала цябе". Цягнiк спынiўся, калi яна ўвайшла ў сваё купэ i зiрнула праз акно на маленькую брудную станцыю. На дзвюх лямпах было напiсана чорнымi лiтарамi: "Субоцiца". Будынкi станцыi ледзь узвышалiся над шэрагам хлявоў, тут жа была платформа. Група мытнiкаў у зялёнай форме i паўтузiн салдат iшлi памiж пуцямi. Мытнiкi, вiдаць, не спяшалiся пачынаць агляд. Яны смяялiся i ажыўлена размаўлялi, iдучы да службовага вагона. Каля пуцей у шарэнзе стаялi сяляне, пазiраючы на цягнiк, жанчына кармiла грудзьмi дзiця. Наўкол валэндалiся салдаты, адзiн з iх адагнаў ад цягнiка сялян, але тыя зноў скупiлiся каля чыгункi, адышоўшы метраў на дваццаць ад станцыi. Пасажыры пачалi выказваць нецярплiвасць: цягнiк i так ужо затрымалi на паўгадзiны, а яшчэ нiхто нават i не збiраўся прыступаць да агляду багажу цi праверкi дакументаў. Некалькi пасажыраў выбралiся на адхон i перайшлi цераз рэйкi, шукаючы якi-небудзь буфет. Высокi хударлявы немец з круглай галавой безупынна хадзiў туды-сюды па платформе ўздоўж цягнiка. Корал Маскер убачыла, як доктар выйшаў з вагона ў мяккiм брылi, у плашчы, у шэрых баваўняных пальчатках. Ён i немец увесь час праходзiлi адзiн мiма аднаго, але абодва нiбыта iснавалi ў розных вымярэннях - так мала ўвагi звярталi яны адзiн да аднаго. На некаторы час яны аказалiся побач, пакуль чыноўнiк правяраў iх пашпарты, аднак i тут яны належалi да розных светаў: немец абураўся i ўголас выказваў нецярплiвасць, доктар абыякава ўсмiхаўся сам сабе.
      Корал выйшла на платформу, наблiзiлася да доктара. Яго ўсмешка, добрая i рассеяная, падалася ёй такой недарэчнай, як скульптурная фiгурка на трухлявых балясiнах.
      - Выбачайце, што я звяртаюся да вас, - сказала яна, крыху збянтэжаная яго чапурыстай паважнасцю. Ён пакланiўся i паклаў рукi ў шэрых пальчатках за спiну: яна заўважыла дзiрку на вялiкiм пальцы. - Я думала... мы думалi... цi не адмовiцеся вы павячэраць з намi сёння вечарам?
      Усмешка знiкла з яго твару, i яна зразумела: ён падбiрае пераканаўчыя словы, каб адмовiцца.
      - Вы былi такi добры да мяне, - дадала яна.
      На адкрытым паветры было вельмi холадна, i яны абое пачалi хадзiць уздоўж платформы: замерзлая гразь трашчала пад яе туфлямi i пэцкала ёй панчохi.
      - Я быў бы вельмi рады, - сказаў ён, дакладна вымаўляючы кожнае слова, - i мне вельмi шкада, што не магу прыняць вашага запрашэння. Сёння вечарам я выходжу ў Белградзе. Мне было б вельмi прыемна... - ён спынiўся, насупiўся i, здавалася, забыў, што хацеў сказаць далей, сунуў пальчатку з дзiркай на пальцы ў кiшэню плашча. - Мне было б вельмi прыемна...
      Двое iшлi ўздоўж пуцi насустрач iм.
      Доктар узяў яе пад руку i асцярожна павярнуў назад. Яны пайшлi ў другi бок уздоўж цягнiка. Ён усё яшчэ быў пахмурны, так i не закончыў пачатую фразу. Замест гэтага вымавiў iншае:
      - Даруйце, мае акуляры зусiм запацелi, хто там наперадзе?
      - Некалькi мытнiкаў выйшлi з службовага памяшкання i накiравалiся да нас.
      - I болей нiкога? Яны ў зялёнай форме?
      - Не, у шэрай.
      Доктар спынiўся.
      - Ах, вось яно што! - ён узяў яе руку ў сваю, сцiснуў яе далоняй, i Корал адчула ў руцэ канверт. - Хутчэй вяртайцеся ў вагон. Схавайце гэта. Калi будзеце ў Стамбуле, адпраўце яго па пошце. А зараз iдзiце. Хутка, але зрабiце выгляд, што вы не спяшаецеся.
      Корал паслухалася яго, не разумеючы, што здарылася. Адышоўшы крокаў на дваццаць, яна параўнялася з людзьмi ў шэрых шынялях i зразўмела - гэта салдаты. Вiнтовак не было вiдно, але па чахлах штыхоў яна здагадалася, што салдаты ўзброеныя. Яны заступiлi ёй дарогу, i яна была падумала, цi не збiраюцца яны яе затрымаць. Яны нешта ўсхвалявана абмяркоўвалi, аднак калi ёй засталося некалькi крокаў да iх, адзiн салдат саступiў убок, каб даць ёй прайсцi. Яна крыху супакоiлася, аднак усё ж была злёгку ўстрывожаная пiсьмом, зацiснутым у яе руцэ. Можа, яе прымусiлi правезцi якую-небудзь кантрабанду? Наркоцiкi? Тут адзiн салдат пайшоў за ёй. Яна чула, як рыпiць мёрзлая гразь пад яго ботамi, i пачала сябе пераконваць: усё гэта дарэмныя страхi, калi б яна была яму патрэбная, ён бы яе аклiкнуў, i яго маўчанне падбадзёрыла яе. Але ўсё-такi яна пайшла шпарчэй. Iх купэ было ў наступным вагоне, i яе каханы зможа па-нямецку растлумачыць гэтаму салдату, хто яна такая. Але Майета ў купэ не было, ён усё яшчэ палiў цыгарэту ў вагоне-рэстаране. З хвiлiнку яна вагалася: "Дайду да рэстарана i пастукаю ў акно", - аднак аказалася, што нельга было вагацца нават хвiлiну. Нечая рука дакранулася да яе локця, i нечы голас мякка вымавiў некалькi слоў на чужой мове.
      Корал абярнулася, збiраючыся пратэставаць, прасiць, гатовая, калi спатрэбiцца, вырвацца i пабегчы да вагона-рэстарана, але яе страх крыху паменшыўся, калi яна глянула ў вялiкiя добрыя вочы салдата. Ён усмiхнуўся, кiўнуў i паказаў на будынкi станцыi.
      - Што вам ад мяне трэба? Скажыце па-ангельску.
      Ён пахiтаў галавой, iзноў усмiхнуўся i махнуў рукой у бок будынкаў станцыi. Яна ўбачыла, як доктар сустрэўся з салдатамi i разам з iм накiраваўся туды. У гэтым магло i не быць нiчога жахлiвага, ён iшоў паперадзе iх, яны не вялi яго пад канвоем. Салдат кiўнуў, усмiхнуўся i з вялiкай цяжкасцю выгаварыў тры словы па-ангельску:
      - Усё зусiм добры, - вымавiў ён i паказаў на будынкi.
      - Можна мне толькi папярэдзiць свайго сябра? - папрасiла яна.
      Ён пакруцiў галавой, усмiхнуўся, узяў яе пад руку i беражлiва павёў прэч ад цягнiка.
      Чакальная зала была парожняя, калi не лiчыць доктара. Усярэдзiне залы шугаў у печы агонь. Акно было аздоблена ўзорамi, намаляванымi марозам. Корал увесь час памятала пра зацiснутае ў руцэ пiсьмо. Салдат асцярожна i далiкатна ўвёў яе ў залу i прычынiў дзверы, не замкнуўшы iх.
      - Што iм ад мяне трэба? - спытала яна. - Мне нельга спазнiцца на цягнiк.
      - Не бойцеся, - адказаў доктар. - Я iм усё растлумачу, i яны адпусцяць вас праз пяць хвiлiн. Калi вас захочуць абшукаць, не супрацiўляйцеся. Пiсьмо ў вас адабралi?
      - Не.
      - Лепей аддайце яго мне. Я не хачу ўблытваць вас у непрыемнасцi.
      Яна працягнула яму руку, i якраз у гэты момант дзверы адчынiлiся, увайшоў салдат, усмiхнуўся, падбадзёрваючы яе, i адабраў у яе пiсьмо. Доктар Цынер звярнуўся да яго, i салдат хутка адказаў яму нешта: у яго былi прастадушныя i маркотныя вочы. Калi ён iзноў выйшаў, доктар Цынер сказаў:
      - Яму самому ўсё гэта не па душы. Ён атрымаў загад назiраць за намi праз замочную шчылiну.
      Корал Маскер села на драўляную лаву i выпрастала ногi да печы.
      - Вы зусiм спакойная.
      - А якi сэнс хвалявацца? Яны ўсё роўна нiчога не разумеюць. Мой сябра хутка пачне мяне шукаць.
      - Гэта праўда, - з палёгкай вымавiў ён. I, счакаўшы крыху, дадаў: - Вы, пэўна, здзiўляецеся, чаму я не прашу прабачэння за прычыненую вам непрыемнасць... Бачыце, ёсць нешта такое, што я лiчу больш важным, чым любая непрыемнасць. Баюся, што вы мяне не зразумееце.
      - Куды ўжо мне? - сказала яна з горкiм гумарам, згадаўшы мiнулую ноч. У марозным паветры пачуўся доўгi свiсток, i яна са страхам схамянулася. - Гэта не наш цягнiк? Мне нiяк нельга спазнiцца.
      Доктар Цынер падышоў да акна. Ён ачысцiў далоняй запацелую ўнутраную паверхню шыбы i паглядзеў скрозь марозныя ўзоры.
      - Не, гэта падае сiгнал паравоз на другiм пуцi. Пэўна, паравозы мяняюць. На гэта пойдзе шмат часу. Не бойцеся.
      - Ах, я нiчога не баюся, - сказала яна, iзноў сеўшы на мулкую лаву. Мой сябар хутка тут з'явiцца. Тады ўжо будзе iх чарга баяцца. Ён жа, ведаеце, вельмi багаты чалавек.
      - Вось як?
      - Так, i паважаны. Ён узначальвае фiрму. Яны маюць справу з разынкамi. - Яна засмяялася. - Ён прасiў мяне ўспамiнаць пра яго, калi я буду есцi пудзiнг з разынкамi.
      - Вось як?
      - Але. Ён мне падабаецца. Ён такi добры да мяне. Зусiм не падобны на iншых жыдоў. Яны наогул добрыя, але ён... як бы сказаць вам... Ён сцiплы i сарамлiвы.
      - Вiдаць, ён вельмi шчаслiвы чалавек.
      Дзверы адчынiлiся, i два салдаты ўпiхнулi ў залу нейкага мужчыну. Доктар Цынер шпарка прайшоў наперад, паставiў нагу ў праём дзвярэй i цiха загаварыў з салдатамi. Адзiн салдат нешта адказаў яму, а другi пхнуў яго назад у залу i замкнуў дзверы на ключ.
      - Я спытаўся ў iх, чаму нас тут затрымалi. Растлумачыў, што вам трэба паспець на цягнiк. Адзiн сказаў: нiчога важнага, афiцэр хоча задаць вам некалькi пытанняў. Цягнiк пойдзе не раней, чым праз паўгадзiны.
      - Дзякуй.
      - А я? - шалёна ўсклiкнуў мужчына, якi толькi што прыбыў. - А я?
      - Наконт вас я нiчога не ведаю, гер Грунлiх.
      - Усё гэтыя мытнiкi. Яны прыйшлi i пачалi мяне абшукваць. Забралi рэвальвер. Пытаюцца: "Чаму вы не зрабiлi дэкларацыi, што ў вас рэвальвер?" Я кажу: "Нiхто не пагодзiцца падарожнiчаць па сваёй волi па вашай краiне без рэвальвера".
      Корал Маскер засмяялася. Ёзеф Грунлiх злосна глянуў на яе, потым абцягнуў пакамячаную камiзэльку, зiрнуў на гадзiннiк i прысеў. Паклаўшы рукi на тоўстыя каленi, ён зрабiўся маўклiвы i задуменны.
      "Ён, пэўна, дапалiў ужо сваю цыгарэту, - думала Корал. - Вярнуўся ў купэ, хапiўся, што мяне няма. Вiдаць, пачакаў хвiлiн дзесяць, а потым спытаў у каго-небудзь з салдат на станцыi, цi не ведае ён, дзе я. Праз некалькi хвiлiн ён мяне знойдзе". Яе сэрца скаланулася, калi ключ павярнуўся ў замку, яна была здзiўлена, што ён так хутка напаў на яе след, - але ў залу ўвайшоў не Майет, а мiтуслiвы светлавалосы афiцэр. Ён аддаў праз плячо нейкi загад двое салдат увайшлi за iм i сталi каля дзвярэй.
      - Але што тут здарылася? - спытала Корал у доктара Цынера. - Яны думаюць, што мы вязём кантрабанду?
      Яна не разумела, пра што гэтыя iншаземцы гавораць памiж сабой, i раптам ём зрабiлася страшна, яна разгубiлася, усвядомiўшы, што, нават калi б гэтыя людзi i захацелi ёй дапамагчы, яны не разумеюць яе, не ведаюць, чаго яна хоча.
      - Скажыце iм, што мне трэба ехаць гэтым цягнiком. Папрасiце iх паведамiць майму сябру, - сказала яна доктару Цынеру.
      Не слухаючы яе, ён нерухома стаяў каля печы, засунуўшы рукi ў кiшэнi, i адказваў на пытаннi афiцэра. Яна павярнулася да немца, якi, седзячы ў кутку, утаропiўся ў наскi сваiх чаравiкаў.
      - Скажыце вы iм, што я нi ў чым не вiнаватая, калi ласка.
      Той на iмгненне падняў вочы i з нянавiсцю паглядзеў на яе. Нарэшце доктар Цынер сказаў ёй:
      - Я спрабаваў растлумачыць iм, што вы нiчога не ведаеце пра тую запiску, якую я перадаў вам, але яны кажуць, што павiнны яшчэ затрымаць вас, пакуль начальнiк палiцыi не задасць вам пытаннi.
      - Ну, а як наконт цягнiка? - умольна спытала яна. - А як жа цягнiк?
      - Думаю, што ўсё абыдзецца. Цягнiк будзе стаяць тут яшчэ паўгадзiны. Я прасiў яго паведамiць вашаму сябру, i ён абяцаў падумаць над гэтым.
      Яна падышла да афiцэра i кранула яго за руку.
      - Я павiнна ехаць гэтым цягнiком. Павiнна. Зразумейце мяне, калi ласка.
      Ён скiнуў яе руку i пачаў ёй выгаворваць рэзкiм, уладарным тонам, прычым пенснэ кiвала ў такт яго гаворкi, але за што канкрэтна ён яе ўпiкаў, яна не разумела. Потым афiцэр выйшаў з залы.
      Корал прыхiлiлася тварам да шкла. Скрозь прасветы ў марозных узорах было вiдаць, як уздоўж пуцi туды-сюды ходзiць немец. Яна паспрабавала знайсцi вачыма вагон-рэстаран.
      - Ён прыйшоў? - спытаў доктар Цынер.
      - Зараз iзноў пойдзе снег, - сказала яна i адышла ад акна. Ёй раптам абрыдла яе недарэчнае, бязглуздае становiшча. - Чаго iм ад мяне трэба? Навошта трымаюць мяне тут?
      - Гэта нейкая прыкрая недарэчнасць. Яны перапалоханыя. У Белградзе было паўстанне, - паспрабаваў супакоiць яе доктар. - Iм патрэбен толькi я. Вось у чым уся справа.
      - Але ж чаму? Вы ж ангелец.
      - Не. Я тутэйшы, - сказаў ён з адценнем горычы.
      - А ў чым ваша вiна?
      - Я паспрабаваў змянiць рэжым, - растлумачыў доктар, даючы зразумець, як ён не любiць ярлыкоў. - Я камунiст.
      - Але навошта? Навошта? - ускрыкнула яна, гледзячы на доктара з жахам, не ў сiлах схаваць, наколькi пахiснуўся яе давер да таго адзiнага чалавека, якi, акрамя Майета, мог i хацеў ёй дапамагчы. Нават яго добрыя адносiны да яе ў цягнiку здавалiся ёй падазронымi. Яна падышла да лаўкi i села як мага далей ад немца.
      - Каб растлумачыць вам навошта, спатрэбiцца шмат часу.
      Яна не слухала яго, не хацела ўдумвацца ў сэнс нiводнага яго слова. Цяпер яна ставiлася да яго, як да тых галадранцаў, што наладжваюць дэманстрацыi на Трафальгарскiм пляцы, ходзяць з брыдкiмi плакатамi: "Пралетарыi ўсiх краiн, яднайцеся!", "Верныя паплечнiкi Ўолтгемстваў", "Бэлемскае аддзяленне лiгi маладых рабочых". Гэтыя прайдзiсветы хочуць павесiць усiх багацеяў, забаранiць тэатры i прымусiць яе займацца свабоднай любоўю ў летнiм лагеры, а потым iсцi на дэманстрацыi па Оксфард-стрыт пад сцягам з надпiсам: "Брытанскiя работнiцы".
      - Болей часу, чым я маю, - дадаў ён.
      Корал не звярнула ўвагi на яго словы. У той момант яна ставiла сябе непараўнана вышэй за яго. Яна была каханкай багацея, а ён - працоўны. Калi яна нарэшце ўспомнiла пра яго, дык сказала са шчырым абурэннем i з пагардай:
      - Думаю, вас пасадзяць у турму.
      - Лiчу, што мяне расстраляюць.
      Яна са здзiўленнем утаропiлася ў яго, забыўшыся на тое, што ў iх розныя перакананнi:
      - Чаму?
      Ён усмiхнуўся крыху самазадаволена:
      - Яны баяцца такiх, як я.
      - У Ангельшчыне чырвоным дазваляюць гаварыць, што хочаш i колькi хочаш. I палiцыя стаiць i слухае iх.
      - Ну, тут iстотная рознiца. Мы не абмяжоўваем сябе толькi размовамi.
      - Але ж будзе суд?
      - Нешта накшталт суду. Мяне павязуць у Белград.
      Недзе прагучаў ражок, i пранiзлiвы свiсток працяў марознае паветра.
      - Вiдаць, манеўруюць, - сказаў доктар Цынер, спрабуючы супакоiць яе.
      Паласа дыму працягнулася звонку мiма вокнаў, i ў зале зрабiлася цёмна, загучалi галасы, людзi пабеглi ўздоўж чыгункi. Буферы памiж вагонамi забразгалi, сутыкнулiся, напружылiся, i тонкiя сцены затрэслiся ад руху поршняў, ад грукату цяжкiх колаў. Калi дым разышоўся, Корал Маскер цiха прысела на драўляную лаву. Гаварыць нiчога не хацелася, i ногi ў яе былi халодныя як лёд. Але крыху пазней яна адчула ў маўчаннi доктара Цынера асуджэнне.
      - Ён вернецца за мной. Вось пабачыце, - вымавiла яна з цеплынёй у голасе.
      Нiнiч сунуў вiнтоўку пад паху i пачаў пляскаць рукамi ў пальчатках.
      - Ад гэтых новых паравозаў шмат шуму, - сказаў ён, гледзячы, як цягнiк выцягнуўся, нiбы гума, апiсаў дугу i знiк.
      Стрэлкi застагналi i вярнулiся на ранейшае месца. На сустрэчным пуцi падняўся семафор. З будкi выйшаў чалавек, сышоў па прыступках, перасек лiнiю i знiк з вачэй у напрамку да невялiкага дамка.
      - Пайшоў абедаць, - з зайздрасцю сказаў напарнiк Нiнiча.
      - За ўвесь час, пакуль я тут, нiколi не было, каб паравоз нарабiў столькi шуму, - сказаў Нiнiч.
      Тут ён пачуў словы напарнiка:
      - Маёру панеслi гарачы абед з казармы.
      Але Нiнiч не паведамiў яму пра прыезд з Белграда начальнiка палiцыi ён зберагаў гэтую навiну для жонкi.
      - Ты шчаслiвец. Я часта думаю, як добра з'есцi сапраўды абед. Думаю, няблага было б i мне ажанiцца, калi бачу, як твая жонка прыходзiць да цябе кожны ранак.
      - Няблага, - стрымана пагадзiўся Нiнiч.
      - Скажы, што яна табе прыносiць?
      - Бохан хлеба i кавалак кiлбасы. Часам трошкi масла. Яна неблагая дзяўчына.
      Аднак на душы ў яго было неспакойна. "Я яе не варты, я хацеў бы быць багатым, каб купiць ёй сукенку i пацеркi, пайсцi з ёй у тэатр у Белградзе". Спачатку ён з зайздрасцю падумаў пра дзяўчыну-iншаземку, замкнёную ў зале чакання, пра яе адзенне, якое здалося яму шыкоўным, пра яе зялёныя пацеркi, але, параўнаўшы дзяўчыну з сваёй жонкай, ён хутка кiнуў зайздросцiць ёй, а ў душы яго зацеплiлася добрае пачуццё да iншаземкi. Паляпваючы сваiмi вялiкiмi няўклюднымi рукамi, ён з захапленнем думаў пра прыгажосць i кволасць жанчын.
      - Прачнiся, - прашаптаў напарнiк, i абодва салдаты выпрасталiся i сталi нерухома па стойцы "смiрна" ў той час, калi з дарогi да станцыi павярнула машына, крышачы ледзяную корку на зямлi i раскiдваючы пырскi.
      - Каго там чэрцi прынеслi? - прашаптаў напарнiк Нiнiча, ледзь варушачы вуснамi, але Нiнiч з гонарам падумаў: "А я ведаю, i раней ведаў, што гэты высокi з ордэнскiмi калодкамi афiцэр - начальнiк палiцыi", ён нават ведае прозвiшча другога афiцэра, якi, быццам гумавы мячык, выскачыў з машыны i трымаў дзверцы адчыненыя, пакуль палкоўнiк Хартэп не вылез.
      - Ну i месцейка, - весела сказаў палкоўнiк Хартэп, але тут жа незадаволена паглядзеў спачатку на гразь, а потым на свае начышчаныя да бляску боты.
      Капiтан Алексiч надзьмуў круглыя чырвоныя шчокi.
      - Не маглi б ужо хаця дошкi пакласцi.
      - Ну што вы, мы ж палiцыя. Нас не любяць. Бог ведае якi яшчэ нас сняданак чакае. Ну ты, салдат, - ён паказаў пальцам на Нiнiча, - дапамажы шафёру выгрузiць гэтыя скрынкi. Пастарайцеся, каб вiно не боўталася i бутэлькi стаялi.
      - Маёр Петкавiч, пан палкоўнiк...
      - Не звяртайце ўвагi на маёра Петкавiча.
      - Даруйце, - вымавiў рэзкi, незадаволены голас маёра за Нiнiчам.
      - Зразумела, маёр, - палкоўнiк Хартэп усмiхнуўся i пакланiўся, - але я перакананы, дараваць вам няма чаго.
      - Гэты салдат вартуе арыштаваных.
      - Значыцца, вы затрымалi некалькi чалавек. Мае вiншаваннi.
      - Двух мужчын i адну дзяўчыну.
      - У такiм разе, я лiчу, што надзейны замок, вартавы, штых, вiнтоўка i дваццаць абоймаў патронаў вырашаць усе праблемы.
      Маёр Петкавiч аблiзаў губы.
      - Палiцыя, вядома, лепей ведае, як ахоўваць турму. Я пасую перад прафесiяналам. Выгружайце ўсё з машыны, - загадаў ён Нiнiчу, - i перанясiце да мяне ў кабiнет.
      Ён павёў афiцэраў за рог залы чакання i знiк з вачэй. Нiнiч глядзеў iм услед, пакуль шафёр не крыкнуў яму:
      - Не магу ж я сядзець у машыне i чакаць цэлы дзень. Варушыцеся! Вы, салдаты, зусiм адвыклi ад працы.
      Ён пачаў выгружаць скрынкi з машыны, адзначаючы ўсё, што там было.
      - Паўскрынкi шампанскага. Халодная качка. Фрукты. Дзве бутэлькi каньяку. Кiлбаса, пячэнне да вiна. Зялёная салата. Алiвы.
      - Вось здорава! - усклiкнуў напарнiк Нiнiча. - Неблагая ежа!
      Нейкае iмгненне знямелы Нiнiч стаяў, утаропiўшыся ва ўсё гэтае багацце. Потым цiха сказаў:
      - Сапраўдны банкет.
      Ён ужо перанёс каньяк, шампанскае, качку ў кабiнет маёра, калi ўбачыў сваю жонку. Яна iшла па дарозе i несла яму абед, загорнуты ў белую палаценку. Яна была маленькая, цёмнавалосая, з вясёлай хiтрынкай у вачах, плечы ахутаныя ў хустку, на нагах вялiкiя боты. Нiнiч паставiў скрынку з фруктамi i пайшоў ёй насустрач.
      - Я затрымаюся ненадоўга, - сказаў ён цiха, так, каб яго не пачуў шафёр. - Пачакай мяне. Я павiнен табе нешта расказаць.
      Ён з сур'ёзным выглядам вярнуўся да працы.
      Жонка села ўскрай дарогi, назiраючы за iм, але калi ён выйшаў з кабiнета маёра, дзе стол быў рассунуты i афiцэры пiлi перад снеданнем вiно, яна ўжо знiкла, пакiнуўшы абед на абочыне дарогi.
      - Дзе мая жонка? - спытаў ён у свайго напарнiка.
      - Пагаварыла з шафёрам i потым пайшла назад у баракi. Нiбыта была нечым усхваляваная.
      Нiнiча ахапiла расчараванне. Ён смакаваў наперад, як будзе расказваць жонцы, навошта прыехаў палкоўнiк Хартэп, а цяпер вось шафёр апярэдзiў яго. I так заўсёды. Жыццё салдата - сабачае жыццё. Гэтыя цывiльныя атрымоўваюць вялiкае жалаванне, абгульваюць салдат у карты, дрэнна да iх ставяцца i нават ублытваюцца ў справы салдата i яго жонкi. Але яго абурэнне было нядоўгае. Ён зможа расказаць ёй яшчэ i пра iншыя сакрэты, толькi варта навастрыць вушы i не зяваць. Ён крыху счакаў, а потым перанёс апошнюю скрынку ў кабiнет маёра. Шампанскае там лiлося ракой. Усе трое гаварылi разам, пенснэ маёра Петкавiча звалiлася яму на каленi.
      - Такiя грудзi, такiя сцёгны, - гаварыў капiтан Алексiч. - Я сказаў пану палкоўнiку, калi б я быў на вашым месцы...
      Маёр Петкавiч, абмакнуўшы палец у вiно, крэмзаў на абрусе нейкiя лiнii.
      - Першае правiла: нiколi не рабi ўдараў па флангах, бi ў цэнтр.
      Палкоўнiк Хартэп быў зусiм цвярозы. Ён смалiў, адкiнуўшыся на спiнку крэсла.
      - Вазьмiце крышачку французскай гарчыцы, пятрушкi...
      Але малодшыя афiцэры не звярталi на яго нiякай увагi. Ён злёгку ўсмiхнуўся i напоўнiў келiхi.
      Iзноў пайшоў снег, i паверх нанесеных ветрам сумётаў доктар Цынер бачыў, як ахопленыя цiкаўнасцю сяляне з Субоцiцы з цяжкасцю прабiралiся цераз чыгуначныя пуцi i цягнулiся да залы чакання. Адзiн селянiн так блiзка падышоў да акна, што мог зазiрнуць у залу i разгледзець твар доктара. Iх аддзяляла некалькi футаў, заiнелая аконная шыба, размаляваная марознымi ўзорамi. Доктар Цынер мог бы палiчыць маршчынкi на твары селянiна, убачыць колер яго вачэй i вывучыць з прафесiйнай цiкавасцю нейкую балячку на шчацэ. Абодва салдаты адганялi сялян прыкладамi вiнтовак. Сяляне адыходзiлi да чыгункi, але потым iзноў прарывалiся назад, безнадзейна ўпартыя i бязглуздыя.
      У зале вельмi доўга панавала маўчанне. Доктар Цынер вярнуўся да печы. Дзяўчына сядзела сцiснуўшы рукi i малiлася, каб яе каханы як найхутчэй вярнуўся да яе, i па тым, як Корал спрабавала схаваць гэта, доктар здагадаўся, што яна не прызвычаiлася малiцца i рабiла гэта амаль што ўпершыню. Яна была вельмi спалоханая, i ён з халоднай спагадай усвядомiў, як моцна яна баiцца.
      Жыццёвы вопыт падказваў яму дзве рэчы: малiтвы, як правiла, застаюцца без адказу, а такi выпадковы каханы i не думае вяртацца да яе.
      Доктар Цынер шкадаваў, што ўблытаў яе ў гэтую справу, але толькi ў такой ступенi, як мог бы шкадаваць пра необходнасць iлгаць. Ён заўсёды пагаджаўся з неабходнасцю ахвяраваць сваёй асабiстай маральнай чысцiнёй. Толькi партыя, якая прыйшла да ўлады, мае права на згрызоты сумлення. Калi б яны былi ў яго, ён тым самым прызнаў бы, што сумняваецца ў надзвычайнай важнасцi сваёй справы. Але такiя разважаннi яго засмучалi, i вось чаму: ён разумеў, што зайздросцiць дабрачынным людзям, якiм ён мог бы быць гэтаксама, калi б быў заможны i ўладарны. Ён з радасцю быў бы шчодры, мiласэрны, дакладна прытрымлiваўся б законаў гонару, калi б яго дзейнасць увянчалася поспехам, калi б свет можна было перарабiць па тым узоры, пра якi ён марыў i да якога так палымяна iмкнуўся.
      - Вы шчаслiвая, калi верыце, што ён вам дапаможа, - злосна сказаў ён.
      Але, са здзiўленнем, ён зразумеў, што Корал, сама таго не ведаючы, дапамагла яму развеяць адчай, заснаваны на старанна распрацаваных, але памылковых высновах.
      - Я не веру, - адказала яна, - але ж трэба мець хоць якую-небудзь надзею.
      Яго ўразiла, як хутка яна зраклася сваёй веры i зрабiла гэта не таму, што з цяжкасцю авалодала творамi пiсьменнiкаў-рацыяналiстаў i вучоных дзевятнаццатага стагоддзя: яна была народжаная дзеля бязвер'я гэтаксама непазбежна, як ён дзеля веры. Некалi ён ахвяраваў усiм, каб зрабiцца такiм жа няверуючым, i на iмгненне яму захацелася пасеяць у яе душы парасткi сумнення, той паўверы, якая прымусiла б яе спадзявацца на свой розум. Але гэтае жаданне хутка прайшло, i ён паспрабаваў падбадзёрыць яе.
      - Ваш сябар прыедзе па вас з Белграда.
      - А можа, у яго не будзе часу.
      - Тады ён тэлеграфуе брытанскаму консулу.
      - Магчыма, - вымавiла яна з сумненнем.
      Падзеi мiнулай ночы, успамiны пра пяшчоты Майета знiклi з яе памяцi, нiбы асветлены сонцам мол пагрузiўся ў цемру. Яна паспрабавала згадаць яго вобраз, але дарэмна: ён знiк, нiбы растаў ў натоўпе людзей, якiя прыйшлi на вакзал, каб праводзiць яе ў дарогу. Незадоўга да гэтага яна пачала разважаць, чым жа ён вылучаецца сярод усiх знаёмых ёй жыдоў. Нават яе цела, якое адпачыла i вылечылася, але страцiла разам з болем свой таемны спакой, ясна адчувала, што нiякай рознiцы няма: усе яны падобныя адзiн на аднаго. Яна паўтарыла ўголас: "Вядома ж", - бо саромелася свайго нявер'я. I ва ўсякiм разе наракаць няма чаго, - яна ж не ў горшым становiшчы, чым iншыя зняволеныя, хiба што спознiцца на дзень у вар'етэ. "Такiх, як ён, процьма", - думала яна, адчуваючы, аднак, што ёй усё-такi дарагiя гэтыя далёка не бязвоблачныя ўспамiны.
      Немец, седзячы, спаў у кутку. Павекi ў яго пацепвалiся, гатовыя расплюшчыцца пры самым нязначным гуку. Ён звыклы адпачываць у самых нязручных месцах i выкарыстоўваў усякую магчымасць для перадышкi. Калi адчынiлiся дзверы, яго вочы адразу насцярожылiся.
      Увайшоў вартаўнiк, махнуў рукой i нешта крыкнуў. Доктар Цынер паўтарыў яго словы па-ангельску:
      - Нам загадана выходзiць.
      У адчыненыя дзверы надзьмула снегу, i на парозе ўзнiк шэры грудок. Яны ўбачылi сялян, што скупiлiся каля чыгункi. Ёзеф Грунлiх падняўся, абцягнуў пiнжак i пхнуў доктара Цынера локцем у бок.
      - А цi не ўцячы нам зараз, усiм разам, пакуль iдзе снег?
      - Яны пачнуць страляць.
      Вартаўнiк iзноў нешта крыкнуў iм i махнуў рукой.
      - Яны ж усё адно будуць страляць, га? Навошта нас выводзiць адгэтуль?
      Доктар Цынер павярнуўся да Корал Маскер:
      - Думаю, што вам баяцца няма чаго. Вы пойдзеце?
      - Вядома. - Потым яна папрасiла ўмольна: - Пачакайце мяне хвiлiнку, я згубiла насоўку.
      Высокая хударлявая постаць доктара сагнулася, нiбыта шэры цыркуль, апусцiлася на каленi i выцягнула насоўку з-пад лавы. Нязграбнасць доктара прымусiла яе ўсмiхнуцца, i, забыўшыся на свае турботы, яна падзякавала яму з перабольшанай гарачнасцю. Калi пакiнулi залу, доктар Цынер пайшоў, нахiлiўшы галаву, хаваючы твар ад снегу i ўсмiхаючыся сваiм думкам. Адзiн вартаўнiк iшоў паперадзе, а другi следам за iмi, з вiнтоўкай наперавес, з прымкнутым штыхом. Яны размаўлялi памiж сабой цераз галовы арыштаваных на мове, якую яна не разумела, i вялi яе невядома куды. Сяляне караскалiся на адхон, шлёпалi па гразi, пераступаючы праз рэйкi: яны падыходзiлi блiжэй, iм карцела паглядзець на арыштаваных, i яна крыху баялася iх смуглявых твараў i таго невядомага i таемнага, што адбывалася.
      - Чаму вы ўсмiхаецеся? - спытала яна ў доктара Цынера, спадзеючыся пачуць, што ён знайшоў спасаб вызвалiць iх усiх, дагнаць цягнiк, павярнуць назад стрэлкi гадзiннiка.
      - Сам не ведаю. А хiба я ўсмiхаюся? Напэўна, таму, што я зноў дома.
      На iмгненне яго вусны сцялiся, але потым iзноў расцягнулiся ў лёгкай усмешцы, а вочы, якiя аглядалi ўсё наўкол праз запацелае шкло акуляраў, здавалiся вiльготныя, i ў iх не адлюстроўвалася нiчога, акрамя нейкага незразумелага пачуцця шчасця.
      3
      Майет глядзеў, як попел цыгары рабiўся ўсё даўжэйшы, i разважаў. Яму вельмi падабалiся тыя хвiлiны, калi застаешся сам-насам i, не чакаючы нiякай знявагi нi ад каго, адчуваеш, што цела тваё задаволенае, а страсцi затухлi. Мiнулай ноччу ён марна спрабаваў працаваць: памiж лiчбамi ўвесь час мiльгаў твар дзяўчыны, - цяпер яна заняла адпаведнае ёй месца. Калi надыдзе вечар, яна зноў зробiцца жаданай i прыйдзе да яго - думаючы пра гэта, ён адчуваў пяшчоту i ўдзячнасць за тое, што, пакiнуўшы яго, яна не пакiнула за сабой непрыемнага следу. Цяпер, нават не гледзячы на свае паперы, ён памятаў лiчбы, якiя раней не мог размясцiць у адпаведным парадку. Ён памнажаў, дзялiў, адымаў, i доўгiя калонкi лiчбаў самi сабой узнiкалi на аконным шкле, за якiм непрыкметна праходзiлi, як прывiды, постацi мытнiкаў i насiльшчыкаў. Потым нехта папрасiў яго паказаць пашпарт - тут попел асыпаўся з яго цыгары, i ён вярнуўся ў купэ паказаць мытнiку свой багаж. Корал там не было, i ён падумаў, што яна ў туалеце. Мытнiк паказаў на яе сакваяж.
      - А гэта чый?
      - Сакваяж не замкнёны. Дама выйшла. Але там няма чаго глядзець.
      Застаўшыся зноў адзiн, ён прылёг у кутку i заплюшчыў вочы - так яму зручней было абдумваць справы Экмана, - але калi цягнiк адышоў ад Субоцiцы, ён заснуў. Яму снiлася, што ён падымаецца па лесвiцы ў кватэру Экмана. Вузкая, не пакрытая дываном, неасветленая, яна магла б весцi ў кватэру каля Лейстэр-сквера, якая карысталася благой рэпутацыяй, а не ў штаб найбуйнейшых у Эўропе iмпарцёраў разынак. Ён не памятаў, як прайшоў праз дзверы. У наступны момант ён ужо сядзеў сам-насам з Экманам. Памiж iмi ляжаў агромiсты стос папер, а Экман пагладжваў свае цёмныя вусы i пастукваў па стале вечным пяром, у той час як павук аблытваў павуцiнай на стале пустую чарнiлiцу. Кантора была цьмяна асветлена электрычнай лямпачкай, а ў куточку на металiчнай кушэтцы сядзела мiсiс Экман i вязала дзiцячую кофтачку.
      "Я прызнаю ўсё, - сказаў Экман. Раптам яго крэсла паднялося, ён аказаўся высока над галавой Майета i пачаў грукаць аўкцыйным малатком. Адказвайце на мае пытаннi: вы прысягалi. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Вы спакусiлi дзяўчыну?"
      "Як вам сказаць?"
      Экман выскубнуў аркуш паперы з сярэдзiны стоса, павышморгваў яшчэ некалькi папер, пакуль стос не захiстаўся i не звалiўся на падлогу з такiм грукатам, нiбыта пасыпалiся цаглiны.
      "Вось справа рук Джэрвiса. Хiтрая работа, скажу я вам. Вы ўжо заключылi кантракт з членамi праўлення, але ўсё адцягваеце, не хочаце яго падпiсваць".
      "Усё было згодна з законам".
      "А тыя дзесяць тысяч фунтаў Стаўрагу, калi вы ўжо мелi прапанову на пятнаццаць тысяч?"
      "Гэта звычайная дзелавая аперацыя".
      "А дзяўчына з Спанiердз-роўд? А тысяча фунтаў клерку Моўлта за iнфармацыю?"
      "Чым жа я горшы за вас? Адказвайце хутчэй. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Мiлорд i шаноўныя прысяжныя засядацелi, злачынец на лаве падсудных..."
      "Я прашу слова. У мяне ёсць што сказаць. Я невiнаваты".
      "Па якiм артыкуле? Якога кодэксу? Паводле права Справядлiвасцi? Па Законе Царкоўнай Дзесяцiны? Адмiралцейскага цi Каралеўскага суду? Адказвайце мне хутчэй. Не ўвiльвайце. Адказвайце: так цi не. Тры ўдары малатком. Прададзена. Прададзена. Гэтая цудоўная прыбытковая фiрма, джэнтэльмены".
      "Пачакайце хвiлiнку. Я скажу вам. Кароль Георг. Год 111, абзац 4, Вiкторыя 2504. I сярод махляроў ёсць сумленныя людзi".
      Экман, раптам зрабiўшыся зусiм маленькiм у гэтай мiзэрнай канторы, загаласiў, заламваючы рукi. I ўсе прачкi, якiя тапталiся ў ручаi на глыбiнi па калена, паднялi галовы i загаласiлi, а ў гэты час сухi вецер змятаў пясок з марскiх пляжаў, з шумам гнаў яго на лiставы лес, i голас, хутчэй за ўсё голас Экмана малiў яго зноў i зноў: "Вярнiся". Потым пустыня загойдалася пад нагамi, i ён расплюшчыў вочы. Цягнiк стаяў. Снег заляпiў вагоннае шкло. Корал яшчэ не вярнулася.
      Раптам нехта ў хвасце цягнiка пачаў рагатаць i здзекавацца з некага. Да яго далучылiся iншыя, i яны свiсталi i лаялiся. Майет паглядзеў на гадзiннiк. Ён праспаў болей дзвюх гадзiн. I пэўна, нагадаўшы голас, якi чуў у сне, пачаў хвалявацца за Корал. З паравознай трубы iшоў дым, i чалавек у спяцоўцы з заляпаным сажай тварам стаяў каля паравоза, безнадзейна аглядаючы яго. Некалькi пасажыраў трэцяга класа аклiкнулi яго, ён павярнуўся, пахiтаў галавой, пацiснуў плячыма - выгляд у яго быў зычлiвы, але разгублены. Начальнiк цягнiка шпарка iшоў уздоўж пуцi, адыходзячы ад паравоза. Майет спынiў яго:
      - Што здарылася?
      - Нiчога. Нiчога асаблiвага. Невялiкая няспраўнасць.
      - Мы надоўга затрымаемся тут?
      - Не, зусiм ненадоўга. На гадзiну, магчыма, на паўтары гадзiны. Мы выклiкалi па тэлефоне другi паравоз.
      Майет зачынiў акно i выйшаў на калiдор. Корал нiдзе не было вiдаць. Ён прайшоў уздоўж цягнiка, заглядаючы ў купэ, спрабуючы адчынiць дзверы туалетаў, пакуль не дайшоў да вагонаў трэцяга класа. Тут ён згадаў чалавека са скрыпкай i доўга шукаў яго ў смярдзючых купэ з жорсткiмi драўлянымi лаўкамi, i нарэшце знайшоў - гэта быў невялiкi несамавiты чалавек з запаленымi вачыма.
      - Сёння ўвечары я наладжваю вячэру, - сказаў яму Майет па-нямецку, - i хачу, каб вы пайгралi мне. Я заплачу вам пяцьдзесят пара*.
      * Югаслаўская манета, адна сотая дынара.
      - Семдзесят пяць, ваша правасхадзiцельства.
      Майет спяшаўся, яму хацелася як найхутчэй знайсцi Корал.
      - Ну, добра, хай будзе семдзесят пяць.
      - Вы жадаеце што-небудзь журботнае, меланхалiчнае, кранальнае да слёз, ваша правасхадзiцельства?
      - Нi ў якiм разе. Я хачу што-небудзь радаснае, вясёлае.
      - Ах, вось яно што? Гэта абыдзецца даражэй.
      - Чаму?
      - Яго правасхадзiцельства, вiдаць, iншаземец. Ён не разумее. Такая завядзёнка ў нашай краiне: браць за вясёлыя спевы даражэй, чым за маркотныя. О, гэта надта стары звычай. Паўтара дынара.
      I раптам, нягледзячы на нецярплiвасць i тугу, Майетам авалодала жаданне патаргавацца. Грошы тут не мелi нiякага значэння, гаворка iшла пра нейкiя там паўкроны, але гэта было дзелавое пагадненне, i ён не збiраўся ўступаць.
      - Семдзесят пяць пара. Нi на грош болей.
      Скрыпач ветлiва ўсмiхнуўся: iншаземец прыйшоўся яму па сэрцы.
      - Дынар трыццаць пара. Гэта маё апошняе слова, ваша правасхадзiцельства. Я прынiзiў бы сваю прафесiю, калi б запрасiў меней.
      Пах чэрствага хлеба i пракiслага вiна ўжо не раздражняў Майета: такi пах быў на рынку яго продкаў. Гэта была сапраўдная паэма дзелавых зносiн выйгрыш цi пройгрыш тут не меў анiякага значэння, - iшла барацьба за пары, а кожная з iх каштавала меней чвэрцi пенса. Майет пераступiў парог купэ, але не сеў.
      - Восемдзесят пара.
      - Ваша правасхадзiцельства, кожнаму чалавеку трэба жыць. Адзiн дынар дваццаць пяць. Я пасаромеўся б узяць меней.
      Майет прапанаваў скрыпачу цыгарэту.
      - Шклянку ракii, ваша правасхадзiцельства.
      Майет кiўнуў i, не грэбуючы, узяў тоўстую шклянку з адбiтым краем.
      - Восемдзесят пяць пара. Хочаце - пагаджайцеся, хочаце - не.
      Яны пiлi i палiлi разам, цудоўна разумеючы адзiн аднаго, i таргавалiся ўсё болей люта.
      - Вы абражаеце мяне, ваша правасхадзiцельства. Я ж усё-такi музыка.
      - Восемдзесят шэсць пара - гэта маё апошняе слова.
      Трое афiцэраў сядзелi за сталом, келiхi былi ўжо прынятыя. Два салдаты з вiнтоўкамi з прымкнутымi штыхамi стаялi каля дзвярэй. Доктар Цынер з цiкаўнасцю сачыў за палкоўнiкам Хартэпам: апошнi раз ён бачыў яго на судзе над Камнецам, калi ён, насуперак правасуддзю, спрытна кiраваў сваiмi iлжэсведкамi. Гэта было пяць гадоў таму, аднак гады мала што змянiлi ў яго знешнiм выглядзе. Валасы гэтаксама прыгожа серабрылiся на яго скронях, толькi ў куточках вачэй з'явiлася некалькi дабрадушных зморшчыкаў.
      - Маёр Петкавiч, - сказаў ён, - прачытайце, калi ласка, абвiнаваўчае заключэнне падсудным. Прапануйце даме крэсла.
      Доктар Цынер выняў рукi з кiшэняў плашча i працёр акуляры. Ён прымусiў свой голас гучаць цвёрда, аднак не змог стрымаць лёгкага трымцення рук.
      - Абвiнаваўчае заключэнне? - спытаў ён. - Што вы маеце на ўвазе? Хiба гэта суд?
      Маёр Петкавiч, трымаючы ў руцэ паперу, абарваў яго:
      - Змоўкнiце!
      - Гэта разумнае пытанне, маёр, - сказаў палкоўнiк Хартэп. - Доктар быў за мяжой. Бачыце, - працягваў ён мякка i вельмi зычлiва, - мы мусiлi былi прыняць рашучыя захады, каб забяспечыць вашу бяспеку. У Белградзе ваша жыццё было б у небяспецы. Народ настроены супраць паўстання.
      - Усё адно я не разумею, якое вы маеце права абыходзiцца без папярэдняга следства.
      - Гэта ваенны трыбунал. Ваеннае становiшча было абвешчана ўчора на свiтанку, - растлумачыў палкоўнiк Хартэп. - Маёр Петкавiч, пачынайце.
      Маёр Петкавiч пачаў чытаць доўгi, напiсаны ад рукi дакумент, многiя месцы яму цяжка было разабраць.
      - "Арыштаваны Рычард Цынер... змова супраць урада... пазбег пакарання за iлжэсведчанне... фальшывы пашпарт. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх абвiнавачваецца ў нашэннi зброi. Арыштаваная Корал Маскер абвiнавачваецца ў саўдзеле з Рычардам Цынерам у змове супраць урада". - Ён паклаў паперу на стол i сказаў палкоўнiку Хартэпу: - Я не ўпэўнены ў законнасцi складу гэтага суду. Абвiнавачаныя павiнны мець абаронцу.
      - Так, ваша праўда, гэта, вядома, памылка. Магчыма, вы, маёр?..
      - Не. Суд павiнен складацца, прынамсi, з трох афiцэраў, сама меней.
      - Не турбуйцеся. Я абыдуся без абаронцы, - перабiў яго доктар Цынер, гэтыя двое не разумеюць нiводнага слова з таго, што вы гаворыце. Яны не будуць супраць таксама.
      - Гэта не па правiлах, - сказаў маёр Петкавiч.
      Начальнiк палiцыi паглядзеў на гадзiннiк.
      - Я прыняў пад увагу ваш пратэст, маёр. Цяпер мы можам пачынаць.
      Тоўсты афiцэр кiўнуў, паднёс да рота руку i падмiргнуў Хартэпу.
      - Дзевяноста пара.
      - Адзiн дынар.
      Майет патушыў цыгарэту. Ён ужо найграўся.
      - Ну, згодзен. Адзiн дынар. Сёння а дзевятай гадзiне вечара.
      Ён хутка вярнуўся ў сваё купэ. Але Корал там усё яшчэ не было. Пасажыры выходзiлi з цягнiка, размаўлялi, смяялiся, пацягвалiся. Машынiста акружыў невялiкi натоўп, i ён з гумарам тлумачыў прычыну аварыi. Хоць наўкол не было вiдаць нiводнага будынка, некалькi сялян ужо з'явiлiся каля цягнiка, яны прадавалi бутэлькi з мiнеральнай вадой i ледзянцы на палачках. Шаша праходзiла паралельна чыгунцы, iх раздзяляла толькi града снежных сумётаў. Шафёр нейкага грузавiка гудзеў клаксонам i гучна крычаў:
      - Хутка дамчым да Белграда! Сто дваццаць дынараў. Хутка даставiм у Белград!
      Гэта была нечуваная цана, i адзiн мажны камерсант адгукнуўся на прапанову шафёра. Каля шашы пачаўся доўгi гандаль. "Мiнеральныя воды! Мiнеральныя воды!" Немец з коратка падстрыжанай галавой крочыў узад i ўперад, незадаволена размаўляючы сам з сабой. Майет пачуў у сябе за спiнай нечы голас, якi сказаў па-ангельску:
      - Iзноў пойдзе снег.
      Ён азiрнуўся з надзеяй, што гэта Корал, але то была жанчына, якую ён сустрэў у вагоне-рэстаране.
      - Не надта весела затрымацца тут, - сказаў ён. - Спатрэбiцца некалькi гадзiн, пакуль прышлюць другi паравоз. А што, калi паехаць да Белграда на машыне?
      - Гэта што, прапанова, запрашэнне?
      - У складчыну.
      - Але ў мяне няма нi гроша.
      Яна абярнулася i памахала рукой:
      - Мiстэр Сейвары, хадземце сюды, можна наняць у складчыну машыну. Вы, вядома, заплацiце маю долю?
      Мiстэр Сейвары локцямi працiснуўся праз натоўп пасажыраў, якiя скупiлiся вакол машынiста.
      - Не магу ўцямiць, пра што гаворыць гэты хлапец. Нешта наконт катла, сказаў ён. - Паехаць разам на машыне? - працягваў мiстэр Сейвары ўжо павольней. - Напэўна, гэта будзе каштаваць даволi дорага?
      Ён пiльна паглядзеў на жанчыну, нiбыта чакаючы ад яе адказу на сваё пытанне. "Ён, вядома, прыкiдвае, узважвае, якую карысць ён будзе мець з гэтага", -падумаў Майет. Ваганнi мiстэра Сейвары, насцярожанае маўчанне жанчыны абудзiлi ў iм iнстынкт супернiцтва. Яму захацелася паказаць ёй сваё багацце, як паўлiн разгортвае хвост, i асляпiць яе раскошаю сваiх скарбаў.
      - Шэсцьдзесят дынараў - з вас дваiх.
      - Я толькi пайду i пагавару з начальнiкам цягнiка, можа, ён ведае, як доўга...
      Пайшоў снег.
      - Калi вы захочаце падзялiць са мной кампанiю, мiс...
      - Джанет Пардаў, - сказала яна i падняла каўнер футра да самых вушэй. Яе шчокi гарэлi, разрумяненыя снегам. Майет мог уявiць сабе абрысы яе ахутанага футрам цела i параўнаць яе з хударлявай голай Корал. "Мне давядзецца Корал узяць з сабой", - падумаў ён.
      - Так, так, яна выйшла з цягнiка ў Субоцiцы. Я ведаю, каго вы маеце на ўвазе. Вы абедалi з ёй учора. - Яна ўсмiхнулася яму. - Гэта, пэўна, ваша каханка?
      - Яна выйшла з сакваяжам?
      - Ды не, здаецца. У яе з сабой нiчога не было. Я заўважыла, як яна прайшла з мытнiкам на станцыю. А яна забаўная малышка, праўда? З вар'етэ? спытала Джанет, але даволi абыякава. Па яе тоне Майет зразумеў, што яна асуджае не дзяўчыну, а яго самога за тое, што ён марна трацiць грошы.
      Гэта яго ўзлавала, нiбыта яна крытыкавала яго разынкi, быў кiнуты цень на яго пранiклiвасць i дабрачыннасць. "Зрэшты, я выдаткаваў на яе не болей, чым патрацiў бы на вас, калi б узяў вас з сабой у Белград, - падумаў ён, - а цi расплацiлiся б вы са мной такiм самым спосабам i з такой самай шчодрасцю, як яна?" Аднак рознiца памiж iмi выклiкала ў iм жаданне i горыч, таму што гэтая дзяўчына была блiскучая статуэтка з срэбра, а Корал - у лепшым выпадку прывабным кавалачкам каляровага шкла. Корал абуджала чыста сентыментальныя пачуццi, а ў Джанет была нейкая ўнутраная каштоўнасць. "Яна не з тых, каму трэба не толькi грошы, але i прыгожае цела, якое задаволiла б яе пажадлiвасць, розум, адукаванасць. Я жыд, i мяне навучылi толькi таму, як рабiць грошы". Але тым не меней яе пагарда ўзлавала яго i дапамагла адмовiцца ад недасяжнага.
      - Яна, пэўна, адстала ад цягнiка. Мне трэба вярнуцца за ёй.
      Ён не папрасiў прабачэння за парушанае абяцанне i хутка рэцiраваўся. Добра, што было яшчэ не позна.
      Камерсант усё яшчэ таргаваўся з шафёрам. Той панiзiў суму да ста дынараў, а той падняў да дзевяноста. Майету было няёмка ўблытвацца ў iх здзелку, ён разумеў: абодва яны будуць пагарджаць iм за тое, што ён пора гарачку i паводзiць сябе такiм чынам не да твару самавiтаму бiзнесмену.
      - Я дам вам сто дваццаць дынараў, калi вы адвязеце мяне ў Субоцiцу i назад. - Калi ён убачыў, што шафёр збiраецца працягваць торг, ён павялiчыў суму: - Сто пяцьдзесят дынараў, калi вы даставiце мяне туды i назад да адыходу гэтага цягнiка.
      Машына была старая, пабiтая, але вельмi магутная. Яны ехалi супраць ветру з хуткасцю шэсцьдзесят мiль у гадзiну па дарозе, якая не рамантавалася цэлую вечнасць. Спружыны сядзення былi зламаныя, i Майета кiдала з боку на бок, калi машына правальвалася ў ямы, вылазiла з iх, хiлiлася набок. Яна бурчала i задыхалася, як чалавек, даведзены да знямогi бязлiтасным гаспадаром. Снег павалiў мацней: тэлеграфныя слупы ўздоўж чыгункi мiльгалi, нiбыта цёмныя правалы ў белай сцяне снегу. Майет нахiлiўся да шафёра i крыкнуў па-нямецку, перакрываючы роў старой машыны:
      - Вы што, сляпы?
      Раптам машыну рэзка занесла ўбок i кiнула ўпоперак шашы, а шафёр крыкнуў яму ў адказ, што баяцца няма чаго, на дарозе нiкога няма, але ён не пацвердзiў, што ўсё добра бачыць.
      Тым часам вецер узмацнiўся. Шаша, закрытая ад iх сцяной снегападу, цяпер то ўздымалася перад iмi, то зноў бегла ўнiз, падобная на хвалю з пенай калючага снегу. Майет крычаў шафёру, каб той ехаў цiшэй. "Калi б зараз шына спусцiла, нам абодвум канец", - падумаў ён. Ён бачыў, як шафёр паглядзеў на гадзiннiк i нацiснуў на акселератар. Стары аўтамабiль адказаў яму, дадаўшы яшчэ некалькi мiль у гадзiну, падобна да тых моцных упартых старых, пра якiх кажуць: "Гэта ўжо апошнiя: такую пароду мы болей не выведзем". Майет iзноў закрычаў: "Цiшэй!" - але шафёр паказаў на свой гадзiннiк i давёў машыну, што грукатала на ўсю моц, да небяспечнай, звышнатуральнай мяжы хуткасцi. Гэтаму чалавеку трыццаць дынараў - рознiца памiж тым, цi паспеюць яны, цi ўпусцяць цягнiк - азначалi некалькi месяцаў забяспечанага жыцця: ён рызыкаваў бы сваiм жыццём i жыццём свайго пасажыра i за меншую суму. Раптам, калi вецер падхапiў снег i адкiнуў яго ўбок, у прасвеце, на адлегласцi дзесяцi метраў, перад iмi з'явiлася павозка. Майет ледзь паспеў заўважыць ачмурэлыя вочы быкоў, разлiчыць, у якiм месцы iх рогi разаб'юць лабавое шкло, як пажылы чалавек залямантаваў, кiнуў пугу i саскочыў з калёс. Шафёр крута павярнуў руль, машына пераскочыла цераз снежны вал, пакацiлася як шалёная на двух колах, у той час як два астатнiя з шумам круцiлiся ў паветры па-над зямлёй. Машына нахiлялася ўсё болей i болей, пакуль Майету не здалося, што зямля ўстае на дыбкi, як гарачае малако, потым аўтамабiль пераскочыў цераз снежны сумёт, спачатку два колы дакранулiся да зямлi, потым усе чатыры, i машына панеслася па шашы з хуткасцю шэсцьдзесят мiль у гадзiну, а снег самкнуўся за iмi, накрыўшы быкоў, драбiны i здзiўленага старога, здранцвелага ад жаху.
      - Едзьце цiшэй, - задыхаючыся, сказаў Майет, але шафёр абярнуўся, усмiхнуўся яму i бясстрашна махнуў рукой.
      Афiцэры сядзелi за сталом, вартаўнiкi стаялi каля дзвярэй, а доктар адказваў на пытаннi, якiя яму бесперапынна задавалi. Корал Маскер заснула. Гэтая ноч змарыла яе, яна не разумела нiводнага слова з таго, што гаварылася, не ведала, чаму яна тут, была напалоханая i пачала ўжо прыходзiць у адчай. Спачатку ёй прыснiлася, нiбыта яна - маленькая дзяўчынка i ўсё было вельмi проста i вельмi трывала, усё можна было растлумачыць. А потым ёй прыснiлася, што яна старая i аглядваецца на сваё жыццё, ёй ужо ўсё вядома, што правiльна i што няправiльна i чаму здараецца тое i гэтае, i зноў усё было вельмi проста i падпарадкоўвалася законам маралi. Але гэты другi сон не быў падобны на першы: яна ўжо амаль прачнулася i прымушала сон паказваць тое, што ёй хацелася ўбачыць. I ўсе яе сны праходзiлi на фоне размовы, якая здалёк даносiлася да яе. У апошнiм сне, абароненая старасцю, яна пачала згадваць i падзеi мiнулай ночы i дня, i ёй здалося, што ўсё ўладзiлася, i Манет прыехаў па яе з Белграда.
      Доктару Цынеру таксама дазволiлi сесцi ў крэсла. Па выразе твару мажнага афiцэра ён зразумеў, што з iлжывым абвiнавачаннем было амаль пакончана, - таўстун перастаў звяртаць увагу на допыт, ён толькi кiваў галавой, iкаў i зноў iкаў. Палкоўнiк Хартэп па-ранейшаму захоўваў уяўную зычлiвасць i трымаўся правасуддзя. Ён не пакутаваў ад згрызот сумлення, але ён i не хацеў прыносiць падсуднаму празмерных пакутаў. Калi б гэта было магчыма, ён да канца пакiнуў бы доктару Цынеру нейкае калiва надзеi. Маёр Петкавiч бесперапынна выступаў з пратэстамi, ён ведаў, гэтаксама як i кожны з iх, загадзя прысуд, але вырашыў надаць яму хоць бы выгляд законнасцi, каб усё праходзiла згодна правiлам, змешчаным у настаўленнi 1929 года.
      Седзячы спакойна, сцiснуўшы кулакi, паклаўшы паношаны мяккi брыль на падлогу каля сваiх ног, доктар Цынер вёў з афiцэрамi безнадзейную барацьбу. Адзiнае рашэнне, на якое ён мог спадзявацца, было прызнанне неаб'ектыўнасцi гэтага суду - яго ж збiралiся пацiху закапаць у зямлю на пагранiчнай станцыi, калi сцямнее, i нiхто нi пра што не даведаецца.
      - За iлжэсведчанне мяне не судзiлi. Гэта не ўваходзiць у кампетэнцыю ваеннага трыбунала, - сказаў ён.
      - Вас судзiлi ў вашу адсутнасць, - запярэчыў палкоўнiк Хартэп. - I прыгаварылi да пяцi год зняволення.
      - Лiчу, што вы знойдзеце патрэбным перадаць маю справу ў грамадзянскi суд для вынясення канчатковага прыгавору.
      - Ён мае рацыю, - умяшаўся маёр Петкавiч. - Такiя злачынствы не ў нашай кампетэнцыi. Калi вы паглядзiце раздзел пятнаццаты...
      - Я вам давяраю, маёр. Тады мы часова адкладзём абвiнавачанне ў iлжэсведчаннi. Застаецца фальшывы пашпарт.
      - Вы павiнны даказаць, што я не прыняў брытанскага падданства, - хутка запярэчыў доктар Цынер. - Дзе вашы сведкi? Вы маеце намер тэлеграфаваць брытанскаму паслу?
      Палкоўнiк Хартэп усмiхнуўся:
      - Гэта патрабуе шмат часу. Мы пакуль адкладзём пытанне пра фальшывы пашпарт. Вы згодны, маёр?
      - Не. Я лiчу, што будзе больш правiльна, калi мы адкладзём суд па больш дробным абвiнавачаннi, пакуль ён не будзе асуджаны, - я хацеў сказаць: пакуль не будзе вынесены прыгавор па больш сур'ёзным абвiнавачаннi.
      - Для мяне гэта тое самае, - сказаў палкоўнiк Хартэп. - А як вы, капiтан?
      Капiтан кiўнуў, усмiхнуўся i заплюшчыў вочы.
      - А цяпер абвiнавачанне ва ўдзеле ў змове, - сказаў палкоўнiк Хартэп.
      Маёр Петкавiч перабiў яго:
      - Я ўсё гэта абдумаў. Лiчу, што ў абвiнаваўчым акце трэба выкарыстаць слова "здрада".
      - Ну, добра, хай будзе "здрада".
      - Не, не, палкоўнiк, цяпер ужо нельга ўносiць папраўкi ў абвiнаваўчы акт. Давядзецца пакiнуць "удзел у змове".
      - Вышэйшая мера?
      - I ў тым i ў другiм выпадку.
      - Ну добра. Доктар Цынер, вы прызнаяце сябе вiнаватым цi не прызнаяце?
      Доктар Цынер з хвiлiнку падумаў. Потым сказаў:
      - А якая рознiца?
      Палкоўнiк Хартэп паглядзеў на гадзiннiк, потым узяў са стала пiсьмо.
      - На погляд суду, гэтага дастаткова для вынясення прысуду.
      У яго быў выгляд чалавека, якi хоча далiкатна, але няўмольна пакласцi канец дзелавой размове.
      - Я думаю, што маю права на тое, каб пiсьмо прачыталi i падверглi перакрыжаванаму допыту салдата, якi адабраў гэтае пiсьмо.
      - Безумоўна, - ахвотна пагадзiўся маёр Петкавiч.
      - Я не буду ўскладняць вам справу, - усмiхнуўся доктар Цынер. - Я прызнаю сваю вiну.
      "Але калi б ваенны трыбунал засядаў у Белградзе, - сказаў ён сабе, - i журналiсты ў сваёй ложы занатоўвалi б усё, я б змагаўся за кожны пункт". Цяпер, калi яму не было да каго звяртацца, ён адчуў прылiў красамоўства, яму ў галаву прыходзiлi рэзкiя словы i словы, якiя маглi выклiкаць слёзы.
      Ён ужо быў не тым узлаваным чалавекам са звязаным языком, якому не ўдалося закляймiць мiсiс Пiтэрс.
      - Суд аб'яўляе перапынак, - сказаў палкоўнiк Хартэп.
      У нядоўгiм маўчаннi было чуваць, як вецер, быццам злы вартавы сабака, гойсае вакол станцыйных будынкаў. Перапынак быў вельмi кароткi, ён доўжыўся роўна столькi, колькi спатрэбiлася палкоўнiку Хартэпу, каб накiдаць некалькi слоў на аркушы паперы i пасунуць яго па стале на подпiс абодвум афiцэрам. Двое салдат стаялi крыху вальней.
      - "Суд прызнае арыштаваных вiнаватымi, - прачытаў палкоўнiк Хартэп. Арыштаваны Ёзеф Грунлiх прыгаворваецца да аднаго месяца зняволення, пасля чаго будзе высланы на радзiму. Арыштаваная Корал Маскер прыгаворваецца да турэмнага зняволення на дваццаць чатыры гадзiны, пасля чаго будзе выслана на радзiму. Арыштаваны..."
      Доктар Цынер перабiў яго:
      - Магу я звярнуцца да суду, перш чым будзе абвешчаны прысуд?
      Палкоўнiк Хартэп кiнуў погляд у акно - яно было зачынена, зiрнуў на вартаўнiкоў - iх бясстрасныя, абыякавыя твары выказвалi неразуменне i адчужанасць.
      - Можаце, - дазволiў ён.
      Твар маёра Петкавiча пабарвавеў.
      - Немагчыма, - сказаў ён, - абсалютна немагчыма. Загад 27а. Арыштаванаму трэба гаварыць да перапынку.
      Начальнiк палiцыi паглядзеў мiма вострага профiлю маёра, туды, дзе на крэсле, сагнуўшыся, склаўшы рукi ў шэрых баваўняных пальчатках, сядзеў доктар Цынер. Звонку прагудзеў паравоз, якi павольна рухаўся па чыгуначным пуцi. За акном шамацеў снег. Ён глянуў на доўгi шэраг ордэнскiх калодак на сваiм шынялi i на дзiрку ў пальчатцы доктара Цынера.
      - Гэта будзе поўнае парушэнне правiлаў, - прабурчаў маёр Петкавiч, адной рукой ён намацаў пад сталом свайго сабаку i пачаў тузаць, кудлацiць яго за вушамi.
      - Прымаю да ведама ваш пратэст, - сказаў палкоўнiк Хартэп i потым звярнуўся да доктара Цынера: - Вы ведаеце гэтаксама добра, як i я, - зычлiва пачаў ён, - што б вы нi гаварылi, гэта ўжо не зменiць прысуду. Але калi вам так хочацца нешта сказаць, калi гэта прынясе вам задавальненне, можаце гаварыць.
      Доктар Цынер чакаў пярэчанняў цi зневажальных рэплiк i ў сваiм апошнiм слове меўся даць iм рашучы адпор. Аднак ласкавасць, ветлiвасць палкоўнiка на iмгненне пазбавiлi яго дару слова. Ён iзноў пазайздросцiў тым вартасцям, якiмi валодаюць толькi людзi моцныя, упэўненыя ў сабе. Зычлiвасць палкоўнiка, якi моўчкi глядзеў на яго, скавала яму язык. Капiтан Алексiч расплюшчыў вочы i зноў заплюшчыў iх. Доктар пачаў павольна гаварыць:
      - Гэтыя ўзнагароды вы атрымалi за заслугi перад радзiмай пад час вайны. У мяне няма ўзнагарод, таму што я вельмi моцна люблю сваю радзiму. Я не хачу забiваць людзей толькi за тое, што яны гэтаксама любяць сваю радзiму. Я змагаюся не за новыя тэрыторыi, а за новы свет.
      Яго прамова перарвалася: тут не было публiкi, якая магла б падбадзёрыць яго, i ён усведамляў, наколькi напышлiвыя яго словы: яны не маглi служыць доказам вялiкай любовi i вялiкай нянавiсцi, якiя заўсёды кiравалi iм у яго жыццi. У яго мазгу прамiльгнулi журботныя i цудоўныя твары людзей, змарнелыя ад голаду, заўчасна састарэлыя, поўныя адчаю. Ён ведаў гэтых людзей, дапамагаў iм, але не здатны быў iх выратаваць. Свет ператварыўся ў хаос, таму што такая плойма высакародных людзей - беспрацоўныя, у той час як буйныя фiнансiсты i вайскоўцы квiтнеюць.
      - Вас нанялi, каб падтрымлiваць нiкчэмны i агiдны стары свет, поўны несправядлiвасцi i неразбярыхi, - казаў ён, - бо такiя людзi, як Вускавiч, крадуць працоўныя жабрацкiя грашы ў беднякоў, дзесяць гадоў спяшаюцца жыць раскошным, сытым, бязглуздым жыццём, а потым пускаюць сабе кулю ў лоб. I вам плацяць за тое, каб вы абаранялi вось такую сiстэму, якая падтрымлiвае людзей накшталт яго. Вы саджаеце ў турму дробнага зладзюжку, а вялiкiя злодзеi жывуць у палацах.
      - Тое, што гаворыць арыштаваны, не мае нiякага дачынення да справы. Гэта палiтычная прамова, - умяшаўся маёр Петкавiч.
      - Хай гаворыць.
      Палкоўнiк Хартэп засланiў рукою твар i заплюшчыў вочы. Доктар Цынер падумаў: "Ён робiць выгляд, што спiць - хоча замаскiраваць сваю раўнадушнасць", але той iзноў расплюшчыў вочы, калi доктар гнеўна звярнуўся да яго:
      - Як жа вы ўстарэлi з сваiмi гранiцамi i з сваiм патрыятызмам! Самалёты не ведаюць гранiц, нават вашы фiнансiсты iх не прызнаюць.
      Потым доктар Цынер заўважыў, што палкоўнiк Хартэп нечым засмучаны, i пры думцы, што, магчыма, Хартэп не жадае яго смерцi, яму зноў зрабiлася цяжка падбiраць патрэбныя словы. Ён бездапаможна пераводзiў вочы з аднаго месца на другое, ад карты на сцяне да палiцы з гадзiннiкам, застаўленай кнiгамi ў падраных вокладках па стратэгii i па ваеннай гiсторыi. Нарэшце яго погляд спынiўся на двух вартавых. Адзiн глядзеў мiма, не звяртаючы на яго ўвагi, ён спрабаваў глядзець у адну кропку i трымаць вiнтоўку пад правiльным вуглом. Другi ж не зводзiў з яго вялiкiх, наiўных, маркотных вачэй. Гэты твар ён далучыў да той уяўнай журботнай працэсii, i тут ён зразумеў - ён мае аўдыторыю больш каштоўную, чым журналiсты: перад iм быў бядняк, якога трэба адлучыць ад няправеднай справы i пераканаць, каб ён служыў справядлiвай справе. I тады ў доктара адразу знайшлiся словы, абстрактныя, але мiлагучныя, - яны некалi пераканалi яго самога, а цяпер павiнны былi пераканаць iншага. Аднак зараз ён паводзiў сябе хiтрэй, з асцярогай, уласцiвай яго класу, не глядзеў на салдата, якi стаяў на варце, а толькi зрэдку, крадком, кiдаў на яго хуткi, нiбыта хвост яшчаркi, позiрк, звяртаючыся да яго ў множным лiку: "Браты!" ён пераконваў яго, што беднасць - не ганьба, але i старацца разбагацець таксама не сорамна, што беднасць - не злачынства i няма нiякай патрэбы адчуваць сябе прыгнечаным. Калi ўсе зробяцца беднякамi - беднякоў не будзе наогул. Багаццi свету належаць усiм. Калi падзялiць iх памiж усiмi людзьмi, тады знiкнуць беднякi, i ў кожнага чалавека будзе дастаткова, i не трэба будзе саромецца сваiх суседзяў.
      Палкоўнiк Хартэп страцiў да яго цiкавасць: у доктара Цынера знiклi характэрныя рысы, накшалт шэрых шарсцяных пальчатак з дзiркай на вялiкiм пальцы, i ён ператварыўся ў звычайнага вулiчнага прамоўцу. Глянуўшы на гадзiннiк, палкоўнiк Хартэп сказаў:
      - Я думаю, што даў вам дастаткова часу.
      Маёр Петкавiч прамармытаў нешта сабе пад нос, ён раптам са злосцю пхнуў нагой сабаку i буркнуў:
      - Адчапiся! Вечна ты лезеш да мяне.
      Капiтан Алексiч прачнуўся i сказаў з вялiкай палёгкай:
      - Ну вось, нарэшце, i закончылi.
      Доктар Цынер, якi ўтаропiўся ў адну кропку на падлозе, злева ад вартаўнiка, павольна вымавiў:
      - Гэта быў не суд. Яны прыгаварылi мяне да смерцi перш чым пачалi судзiць. Памятайце, я памiраю, каб адкрыць перад вамi шлях у будучыню. Смерцi я не баюся. Жыццё маё не вартае таго, каб баяцца смерцi. Мне здаецца, што ад мяне мёртвага болей карысцi. - Але пакуль ён гаварыў, яго ясны розум падказаў яму, што наўрад цi яго смерць каму-небудзь прынясе карысць.
      - "Арыштаваны Рычард Цынер прыгаворваецца да смяротнага пакарання, прачытаў палкоўнiк Хартэп. - Прыгавор будзе прыведзены ў выкананне афiцэрам, якi камандуе гарнiзонам у Субоцiцы, праз тры гадзiны".
      З хвiлiну ўсе сядзелi моўчкi, як на канцэрце, калi выкананне закончана i публiка не ўпэўнена, цi надышоў час апладзiраваць. Корал Маскер прачнулася. Яна не магла адразу ўцямiць, што тут адбываецца. Афiцэры размаўлялi памiж сабой, перагортвалi паперы. Потым адзiн з iх аддаў каманду, вартаўнiкi адчынiлi дзверы i пайшлi насустрач ветру i снегу да белых зацярушаных будынкаў.
      Арыштаваныя выйшлi за iмi, тулячыся адно да аднаго сярод снежнай завеi, што агарнула iх. Не паспелi яны крыху адысцi, як Ёзеф Грунлiх тузануў доктара Цынера за рукаў.
      - Чаму вы нiчога не гаворыце мне? Што будзе са мной? Вы iдзяце i маўчыце, - бурчаў ён, цяжка дыхаючы.
      Грунлiх замоўк, з пiльнай увагаў разглядаючы размяшчэнне будынкаў. Ён спатыкнуўся на рэйках i сярдзiта прабурчаў нешта сабе пад нос.
      - А я? Што будзе са мной? - спытала Корал.
      - Вас адправяць дадому заўтра.
      - Але я не магу туды ехаць. Мне трэба на працу. Я страчу яе. А як жа мой сябра?
      Яна з самага пачатку баялася гэтага падарожжа - баялася не зразумець, што ёй казалi насiльшчыкi, баялася нязвыклай ежы - i не ведала, чым усё гэта скончыцца. У той момант, калi памочнiк капiтана аклiкнуў яе на мокрым прычале ў Остэндэ, яна гатовая была павярнуць назад. З таго часу адбылося шмат розных падзей, а цяпер ёй давядзецца вяртацца ў тую самую кватэру, да скiбак падсмажанага белага хлеба i апельсiнавага соку на снеданне, да доўгага чакання на лесвiцы каля агенцтва разам з Айвi, i Фло, i Фiлам, i Дзiкам. Усе яны ветлiвыя юнакi i дзяўчаты, з iмi цалуешся i называеш iх проста па iменi, хоць i зусiм iх не ведаеш. Блiзкасць з кiм-небудзь адным можа парушыць свет сяброўскiх адносiн: пачынаеш адчуваць агiду да жаночых пацалункаў i да iх гучнага шчэбету, звыклае жыццё робiцца крыху нерэальнае i вельмi сумнае. Нават доктар, якi крочыў перад ёй, у гэтым нерэальным свеце не выклiкае ў яе цiкавасцi. Але, калi яны дайшлi да залы чакання, яна ўспомнiла, што трэба спытаць у яго:
      - А вы? Што будзе з вамi?
      - Мяне затрымаюць тут, - няпэўна адказаў ён, забыўшыся прапусцiць яе перад сабою, калi яны ўваходзiлi ў залу.
      - Куды яны мяне пасадзяць? - спытаў Ёзеф Грунлiх, калi дзверы за iмi зачынiлiся.
      - А мяне?
      - На гэтую ноч, я думаю, у казармы. Цягнiка да Белграда няма.
      Печ ужо астыла. Ён паглядзеў у акно, спрабуючы ўбачыць сялян, але iм, пэўна, надакучыла чакаць, i яны пайшлi па дамах.
      - Нiчога не зробiш, - з палёгкай вымавiў ён i дадаў сумным гумарам: Быць дома - гэта ўжо нешта.
      На iмгненне ён убачыў, як стаiць перад бясконцай прасторай, поўнай сасновых парт, перад радам злосных твараў, i нагадаў той час, калi сэрца ў яго ныла ад iх дзiцячага свавольства, патаемных сiгналаў i прытоенага смеху - калi настаўнiк не можа падтрымлiваць парадку ў класе, яго абавязкова звальняюць. Але яго ворагi даравалi яму тое, чаго ён нiколi раней не меў: бяспеку. Не трэба было нiчога вырашаць. Ён жыў у спакоi.
      Доктар Цынер пачаў напяваць нейкi матыў.
      - Гэта старадаўняя песня, - растлумачыў ён Корал Маскер. - Каханы кажа: "Я не магу прыйсцi ўдзень, бо я бедны i твой бацька нацкуе на мяне сабак. Але ўначы я падыду да твайго акна i папрашу цябе ўпусцiць мяне да сябе". А дзяўчына адказвае: "Калi забрэшуць сабакi, стой, схаваўшыся ў цень сцяны, я спушчуся да цябе, i мы разам пойдзем у гушчар фруктовага саду".
      Ён праспяваў першы куплет злёгку хрыплаватым голасам, таму што даўно не спяваў. Ёзеф Грунлiх, седзячы ў кутку, пахмурна паглядзеў на спевака, а здзiўленая Корал, стоячы каля астылай печы, слухала з задавальненнем, бо доктар, здавалася, памаладзеў i быў поўны аптымiзму. "Уначы я прыйду да твайго акна i папрашу цябе ўпусцiць мяне да сябе". Ён звяртаўся не да сваёй каханай, словы гэтыя былi бяссiльныя выклiкаць у памяцi твар дзяўчыны з тых гадоў, калi ён займаўся палiтыкай i цалкам падначалiў сябе адзiнай мэце, але яго бацькi з дакорам хiталi добрымi маршчынiстымi тварамi: яны ўжо не ставiлiся з глыбокай пашанай да адукаванага чалавека, доктара, амаль джэнтльмена. Потым крышку цiшэй ён яшчэ раз праспяваў партыю дзяўчыны. Яго голас гучаў не так хрыпла, ён, пэўна, калiсьцi быў прыгожы. Адзiн вартаўнiк падышоў да акна i зазiрнуў у залу, а Ёзеф Грунлiх раптам заплакаў характэрнымi тэўтонскiмi слязамi, думаючы пра сiрот, засыпаных снегам, пра прынцэс з ледзяным сэрцам i зусiм не ўспамiнаючы пра Кольбера, чыё цела зараз везлi па брудных гарадскiх вулiцах у пахавальнай машыне ў суправаджэннi двух пахавальных агентаў i аднаго праважатага ў таксi, пажылога халасцяка, цудоўнага гульца ў шашкi. "Стой, схаваўшыся ў цень сцяны, i я спушчуся да цябе". У свеце панаваў хаос: беднякi памiралi з голаду, а багацеi не рабiлiся ад гэтага больш шчаслiвыя, злодзея маглi i пакараць, i ўзнагародзiць тытуламi, у Канадзе палiлi пшанiцу, у Бразiлii каву, а ў беднякоў яго роднай краiны не хапала грошай на хлеб, i яны памiралi з голаду ў халодных пакоях. Свет раскалоўся, i ён некалi рабiў усё магчымае, каб навесцi ў iм парадак, але цяпер з гэтым пакончана. Цяпер ён нiчога не мог зрабiць, але ён быў шчаслiвы. "Мы пойдзем туды, у гушчар фруктовага саду". У памяцi зноў не ўзнiкла нiякай дзяўчыны, якая прынесла б яму палёгку, а толькi журботныя i цудоўныя твары беднякоў, якiя навявалi на яго спакой. Ён зрабiў усё, што яму было пад сiлу, нiчога большага ад яго i не чакалi. Беднякi надзялiлi яго ўсведамленнем безвыходнасцi, адкрылi перад iм таямнiцы сваёй духоўнай прыгажосцi, сваiх радасцей i бед i павялi яго ў цемру, поўную шапацення лiстоты. Вартаўнiк прыцiснуўся тварам да акна, i доктар Цынер перастаў спяваць.
      - Цяпер ваша чарга, - сказаў ён Корал.
      - О, я не ведаю такiх песень, якiя б вам спадабалiся, - сур'ёзна сказала яна, у той жа час шукала ў памяцi што-небудзь крыху старамоднае i журботнае, што-небудзь, што пасавала б да яго кранальнай сумнай песенькi.
      - Але ж павiнны мы неяк бавiць час.
      Корал раптам заспявала нягучным, але чыстым голасам, падобным на гук музычнай скрынкi:
      Хто будзе маiм,
      Я пакуль не рашыла,
      Я з Майклам ганяла
      Усю ноч на машыне.
      Я з Пiтэрам ў парку
      На лаўцы сядзела.
      А ўвечары з Джонам
      На зоркi глядзела.
      А потым знянацку
      Сустрэлася з Гары,
      З iм горкага пiва
      Напiлася ў бары.
      Дый некалi будзе уцехам канец,
      I дзеўчына пойдзе з хлапцом пад вянец.
      - Гэта Субоцiца? - закрычаў Майет, калi скрозь завею паказалiся некалькi глiняных будынкаў.
      Шафёр кiўнуў i паказаў рукой наперад. На сярэдзiну шашы выбегла дзiцё, i машына рэзка павярнула ўбок, каб не наехаць на яго. Пранiзлiва запiшчала кураня, i шэрае пер'е разляцелася па снезе. З хаткi выйшла бабуля i закрычала iм наўздагон.
      - Што яна сказала?
      Шафёр павярнуў галаву i ўсмiхнуўся:
      - "Праклятыя жыды".
      Стрэлка спiдометра задрыжала i пачала адступаць: пяцьдзесяць мiль, сорак, трыццаць, дваццаць.
      - Тут паўсюль салдаты, - сказаў шафёр.
      - Вы думаеце, што тут абмежаванне хуткасцi?
      - Не, не. Гэтыя праклятыя салдафоны! Як толькi ўбачаць добрую машыну, адразу рэквiзуюць. Тое самае з коньмi. - Ён паказаў на палi, ахутаныя снегам. - Сяляне - яны ўсе галадаюць. Я працаваў тут некалi, але потым вырашыў: гэта не па мне, лепей буду жыць у горадзе. Увогуле, вёска гiне. Ён кiўнуў галавой у бок чыгункi, якой не было вiдно ў снежным буране: Адзiн-два цягнiкi на дзень - вось i ўсё. Не дзiва, што тут чырвоныя бунтуюць.
      - А ў вас гэтаксама былi бунты?
      - Бунты? Вочы б мае не глядзелi на ўсё гэта! Таварныя склады ўсе гараць, паштамт разбiты ўшчэнт. Палiцыя ў панiцы. Белград на ваенным становiшчы.
      - Я хачу паслаць адгэтуль тэлеграму. Але цi дойдзе яна?
      Машына, пыхкаючы, пракладала сабе дарогу, узлазячы на другой перадачы на маленькi пагорак, потым паехала па вулiцы з закуранымi цаглянымi хацiнамi, пазаклеенымi аб'явамi i адозвамi.
      - Калi вы хочаце паслаць тэлеграму, то на вашым месцы я паслаў бы яе адгэтуль. У Белградзе чэргi газетчыкаў, паштамт разбураны, i ўладам давялося канфiскаваць стары рэстаран Мiколы. Разумееце, што гэта значыць? Ды дзе ўжо вам, вы ж iншаземец. Галоўнае - не клапы, хай бы яны былi: кажуць, яны нават карысныя для здароўя...
      - Цi хопiць у мяне часу паслаць адгэтуль тэлеграму i паспець на цягнiк?
      - Гэты цягнiк яшчэ доўга стаяць будзе. Яны запатрабавалi другi паравоз, але нiхто ў горадзе i слухаць не хоча. Паглядзелi б вы, што робiцца на станцыi, якi там гармiдар. Лепей адвёз бы я вас у Белград. Я б вам i горад паказаў. Я там ведаю ўсе лепшыя бардэлi.
      - Спачатку я паеду на пошту, - перапынiў яго Майет. - А потым паспрабуем пашукаць маю даму ў гатэлях.
      - Тут усяго адзiн гатэль.
      - А потым пашукаем на станцыi.
      Адпраўка тэлеграмы заняла некаторы час. Спачатку ён меўся паслаць распараджэнне Джойсу, каб не даць Экману абвiнавацiць фiрму ў паклёпе. Нарэшце ён спынiўся на такой фармулёўцы: "Экману неадкладна прадаставiць месячны адпачынак. Калi ласка, адразу бярыце на сябе яго паўнамоцтвы. Буду заўтра". Такiмi словамi ён выклаў сваё распараджэнне, але ўсё гэтае трэба было зашыфраваць кодам фiрмы. Аднак калi зашыфраваная тэлеграма была пададзена ў акенца тэлеграфiста, той адмовiўся прыняць яе: усе тэлеграмы праходзiлi праз цэнзуру i зашыфраваныя паведамленнi не перадавалiся. Нарэшце Майет выбраўся з пошты, але ў гатэлi, дзе тхнула засохлымi раслiнамi i клапаморам, пра Корал нiчога не ведалi. "Яна, пэўна, яшчэ на станцыi", падумаў Майет. Ён выйшаў з машыны за сто метраў ад вакзала, каб пазбавiцца ад шафёра, - той аказаўся надта гаваркi i назойлiва навязваў сваю дапамогу, - i пачаў адзiн прабiрацца скрозь вецер i снег. Калi праходзiў паўз двух вартаўнiкоў, якiя стаялi каля дзвярэй нейкага будынка, ён спытаў у iх, як прайсцi ў залу чакання. Адзiн сказаў, што цяпер нiякай залы ўжо няма.
      - А куды мне звярнуцца па даведку?
      Той, што быў вышэйшы ростам, прапанаваў яму звярнуцца да начальнiка станцыi.
      - А дзе яго кабiнет?
      Салдат паказаў на другi будынак, але ветлiва дадаў, што начальнiка станцыi зараз няма, ён у Белградзе.
      Майет стрымаў абурэнне, - вартаўнiк здаваўся такiм зычлiвым. Яго напарнiк плюнуў, выказваючы сваю пагарду, i прабурчаў пад нос нешта наконт жыдоў.
      - А куды ж мне ў такiм разе звярнуцца па даведку?
      - Тут ёсць маёр, а яшчэ памочнiк начальнiка станцыi, - няпэўна прамовiў вартаўнiк.
      - Маёра вам не ўдасца пабачыць, ён пайшоў у казармы, - сказаў другi салдат.
      Майет, не доўга думаючы, наблiзiўся да дзвярэй: за ёй чулiся цiхiя галасы. Змрочны вартаўнiк раптам узлаваўся, ён груба ўдарыў Майета па нагах прыкладам вiнтоўкi.
      - Iдзi адсюль. Нам не трэба, каб тут шнырылi розныя шпегi. Правальвай адгэтуль, жыдоўская морда.
      Захоўваючы поўны спакой, уласцiвы людзям яго нацыянальнасцi ў такiх абставiнах, Майет адышоў ад дзвярэй. Гэта быў знешнi спакой - прыроджаная рыса, - пра яе iснаванне ён нават не падазраваў, аднак у душы адчуў абурэнне i гнеў чалавека, якi ведае сабе сапраўдную цану. Ён быў памкнуўся да салдата, каб кiнуць яму ў твар, падобны на звярыную морду, якiя-небудзь з'едлiвыя словы, аднак своечасова спынiўся, са здзiўленнем i жахам адчуўшы небяспеку: у маленькiх пранiзлiвых вочках гарэла дзiкая нянавiсць i прага забойства, - нiбыта ўвесь прыгнёт, пагромы, уцiск, ярмо, зайздрасць i забабоны, што спарадзiлi ўсё гэта, скупiлiся ў цёмнай яме, выкапанай у зямлi, i ён глядзеў у гэтую яму, стоячы на самым краi. Ён адскочыў назад, не зводзячы вачэй з салдата, пальцы якога намацвалi курок.
      - Я пагавару з памочнiкам начальнiка станцыi. - Але яго iнстынкт падказваў яму хутчэй пайсцi да машыны i вяртацца ў цягнiк.
      - Не ў тэй бок! - крыкнуў яму зычлiвы вартаўнiк. - Iдзiце вунь туды, цераз рэйкi.
      Майет быў рады, што буран роў на чыгунцы i шалёна дзьмуў памiж iм i салдатамi. Там, дзе ён стаяў, вецер быў не асаблiва моцны, ён затрымлiваўся ў праходах памiж будынкамi. Майет сам дзiвiўся сваёй упартасцi, не разумеючы, чаму ён марудзiць на пустой, поўнай небяспекi станцыi. Ён пераконваў сябе, што не мае нiякiх абавязацельстваў перад гэтай дзяўчынай, добра ўсведамляючы, што яна пагадзiлася б з iм. "Мы разлiчылiся, - сказала б яна, - вы купiлi мне бiлет, а я дала вам магчымасць няблага прабавiць час". Але яго прыцягвала да яе гэтая яе маўклiвая пакорлiвасць. Перад такой пакорлiвасцю ён павiнен быў быць толькi шчодры i ўдзячны. Ён перайшоў лiнiю i пагрукаў у нейкiя дзверы. За сталом, спiнай да дзвярэй, сядзеў чалавек i пiў вiно. Майет сказаў тонам, як яму здавалася, рашучым i значным:
      - Я хачу атрымаць даведку.
      У яго не было падстаў баяцца афiцыйнага чыноўнiка, але, калi гэты чалавек павярнуўся i, убачыўшы Майета, кiнуў на яго хiтры i нахабны позiрк, ён прыйшоў у адчай. Над пiсьмовым сталом вiсела люстра, i на секунду Майет ясна ўбачыў там свой адбiтак - нiзенькi, тоўсты, насаты, у цяжкiм футры, - i ён адразу здагадаўся: гэтыя людзi ненавiдзяць яго не толькi таму, што ён жыд, але для iх, якiя ўжо прымiрылiся з беднасцю i нiкчэмнасцю свайго жыцця, ён быў яшчэ i ўвасабленнем багацця.
      - Якую даведку? - спытаў клерк.
      - Я хачу атрымаць даведку наконт дзяўчыны з Усходняга экспрэса, якая адстала ад цягнiка тут сёння ранiцай.
      - Як гэта так? - нахабна спытаў клерк. - Калi нехта выходзiць з цягнiка тут, дык ён сюды, значыць, i едзе, а не адстае ад цягнiка. А сёння цягнiк гэты стаяў тут болей за паўгадзiны.
      - Але ж дзяўчына выйшла з яго?
      - Не.
      - А вы маглi б прагледзець здадзеныя бiлеты i праверыць?
      - Не. Я ўжо казаў вам, што нiхто не выходзiў. Чаго вам яшчэ ад мяне трэба? У мяне няма часу з вамi размаўляць. Я чалавек заняты.
      Майет раптам падумаў, што i ён не супраць таго, каб паслухацца гэтага клерка i спынiць пошукi: ён зрабiў усё, што толькi ад яго залежала, i зараз яму захацелася адчуць сябе вольным. На iмгненне ён параўнаў Корал з маленькiм завулкам, якi вабiць да сябе мужчын, што праходзяць мiма, але аказваецца - гэта тупiк з глухой сцяной у канцы. Iснуюць жа яшчэ i iншыя жанчыны, яны падобныя на вулiцы з мноствам крамаў - блiскучых i зiхатлiвых, - такiя вулiцы заўсёы вядуць куды-небудзь. I тут ён згадаў Джанет Пардаў. Ён дасягнуў ужо таго веку, калi ўзнiкае пiльная патрэба ажанiцца i займець дзяцей, разбiць свой намёт i памножыць сваё племя. Але пачуццi ў яго былi надта патрабавальныя, далiкатныя: яны абуджалi ў iм сумненнi адносна той, якая зусiм не спадзявалася на замужжа, а iмкнулася проста сумленна разлiчыцца з iм i падарыць яму сваю прыхiльнасць. I ён iзноў прыгадаў яе дзiўны i нечаканы стогн i выгук: "Я кахаю цябе". Ён вярнуўся ад дзвярэй да стала клерка, вырашыўшы зрабiць усё, што ад яго залежала, да канца. Можа, яна трапiла ў цяжкае становiшча, сядзiць на мялi, без грошай, магчыма, яе напалохалi.
      - Людзi бачылi, як яна выходзiла з цягнiка.
      - Што вам ад мяне трэба? Каб я пайшоў шукаць яе ў такую завiруху? буркнуў чыноўнiк. - Кажу вам, мне пра яе нiчога не вядома. Не бачыў я нiякай дзяўчыны.
      Голас яго памякчэў, калi ён убачыў, як Майет дастае бумажнiк. Майет выняў асiгнацыю ў пяць дынараў i разгладзiў яе пальцамi.
      - Калi вы скажаце мне, дзе яна, вы атрымаеце дзве такiя асiгнацыi.
      Клерк пачаў злёгку заiкацца, на вачах у яго навярнулiся слёзы, i ён сказаў з горкiм шкадаваннем:
      - Калi б я мог, калi б гэта толькi было мне па сiле, паверце мне, я быў бы шчаслiвы дапамагчы вам. - Яго твар асвятлiўся, i ён з надзеяй прапанаваў: - Вам трэба паспрабаваць навесцi даведкi ў гатэлi.
      Майет засунуў бумажнiк у кiшэню - ён зрабiў усё, што мог, - i пайшоў шукаць машыну.
      За апошнiя некалькi гадзiн сонца паспела ўжо схавацца за хмарамi, але пра яго прысутнасць сведчылi бляск снегу i бялiзна сумётаў. Цяпер яно садзiлася, i снег паглынаў шэры колер неба. Пакуль засветла, Майету не дабрацца да цягнiка. Але нават надзея паспець на цягнiк знiкла: падышоўшы да машыны, ён даведаўся, што рухавiк застыў, хоць радыятар быў пакрыты анучамi.
      4
      - Добра вам спяваць, - сказаў Ёзеф Грунлiх. Хоць ён i ганiў доктара i Корал за пасiўнасць, яго вочы пачырванелi ад слёз, i не без шкадавання ён развiтаўся з прывiдамi маленькiх прадаўшчыц запалак i прынцэс з ледзяным сэрцам. "Так лёгка iм не ўдасца мяне злавiць". Ён пачаў мераць крокамi залу чакання. Паслiнiўшы вялiкi палец, ён пачаў абмацваць драўляную абiўку сцен.
      - Я нi разу не сядзеў у турме. Вы, напэўна, здзiўляецеся, але гэта праўда. У маiм узросце мне гэта зусiм непатрэбна. Ды яшчэ збiраюцца выслаць мяне ў Аўстрыю.
      - А вас там шукаюць?
      Ёзеф Грунлiх аправiў камiзэльку, пры гэтым яго срэбны крыжык варухнуўся.
      - Вам, прынамсi, я магу прызнацца. Мы ж з вамi заадно, га? - ён крыху нахiлiў галаву, нiбыта ад прылiву сцiпласцi. - Я забiў чалавека ў Вене.
      - Значыць, вы - забойца? - з жахам спытала Корал.
      "Мне б дужа хацелася расказаць iм усё, як было: я ж так спрытна ўсё зрабiў, навошта трымаць у сакрэце? - разважаў Ёзеф Грунлiх. - Як хутка ўсё адбылося! "Зiрнiце туды, гер Кольбер!" Тузаю за шнурок, цэлюся, страляю двойчы, перадсмяротная сутарга, чалавек забiты - i ўсё за нейкiя дзве секунды. Але ж лепей не расказваць". Ён згадаў перасцерагальны дэвiз сваёй прафесii - непарушнае правiла, якое стрымлiвае занадта самаўпэўненых: "Нiколi не ведаеш, што цябе чакае наперадзе".
      Ён засунуў палец за каўнер i бесклапотна сказаў:
      - Я мусiў быў пайсцi на гэта. Пытанне гонару. - Грунлiх крыху павагаўся. - Ён... Як бы вам сказаць? Ён зрабiў пуза маёй дачцэ.
      Ён ледзь стрымаўся ад смеху, калi прыгадаў Кольбера, маленькага i хударлявага, i яго раззлаваны воклiч: "Зрабiць з маёй кватэры бардэль!"
      - Вы на самай справе забiлi яго толькi таму, што ён зняславiў вашу дачку? - здзiўлена спытала Корал.
      Ёзеф Грунлiх рассеяна падняў рукi ўгору, паглядаючы ўверх на акно i прыкiдваючы, цi высока яно ад падлогi.
      - А што мне заставалася рабiць? Яе гонар, мой гонар...
      - Божухна, якое шчасце, што ў мяне няма бацькi!
      - А шпiлька ў вас ёсць? - раптам спытаў Грунлiх.
      - Якая шпiлька?
      - Цi сцiзорык?
      - Няма ў мяне нiякiх шпiлек. Навошта яны мне?
      - У мяне ёсць ножык для паперы, - прапанаваў доктар Цынер. Падаючы яго Грунлiху, ён спытаў: - Вы не скажаце, колькi часу мы тут ужо сядзiм? Мой гадзiннiк спынiўся.
      - Гадзiну, - адказаў Грунлiх.
      - Значыць, засталося яшчэ дзве гадзiны, - задуменна сказаў доктар Цынер.
      Двое iншых не пачулi яго. Ёзеф на дыбачках падышоў да дзвярэй з нажом для паперы ў руках, а Корал назiрала за iм.
      - Хадзiце сюды, паненка, - сказаў Ёзеф i, калi яна падышла да яго, шэптам спытаў: - Ёсць у вас якi-небудзь тлушч?
      Яна выцягнула з сумачкi бляшанку з крэмам, i ён густа памазаў iм замок у дзвярах, пакiнуўшы чыстым толькi невялiкую частку замка. Ён цiхенька засмяяўся, сагнуўся амаль удвая, разглядаючы замок.
      - Вось гэта замок! - радасна шапнуў ён. - Вось так замок!
      - А навошта вам крэм?
      - Каб не было шуму. Крэм дапаможа мне дзейнiчаць без шуму. - Ён вярнуўся да астылай печы i махнуў iм рукой, падзываючы да сябе. - Калi б мы змаглi адцягнуць увагу вартаўнiка, нам удалося б уцячы.
      - Нас бы застрэлiлi, - сказаў доктар Цынер.
      - Яны не могуць застрэлiць усiх адразу, - запярэчыў Грунлiх i ў адказ на iх маўчанне дадаў толькi два словы: - Цемра. Снег. - I адышоў на крок, чакаючы iх рашэння.
      Яго мазгi працавалi дакладна. Ён першы выйдзе за дзверы, першы пабяжыць - яму бегчы значна лягчэй, чым пажылому чалавеку i дзяўчыне, вартаўнiк будзе страляць па блiжэйшым ад яго ўцекачы.
      - Я параiў бы вам заставацца тут, - сказаў доктар Цынер, звяртаючыся да Корал. - Вам тут нiчога не пагражае.
      Грунлiх разявiў быў рот, каб запярэчыць, але не сказаў нiчога. Усе трое глядзелi праз акно на вартаўнiка, якi хадзiў узад i ўперад з вiнтоўкай цераз плячо.
      - Колькi вам спатрэбiцца часу, каб адчынiць дзверы? - спытаў доктар Цынер.
      - Пяць хвiлiн.
      - У такiм разе пачынайце.
      Доктар Цынер пагрукаў у акно - падышоў другi вартаўнiк. Яго вялiкiя зычлiвыя вочы наблiзiлiся да шкла i ўважлiва глянулi ў залу чакання. У пакоi было цямней, чым знадворку, i ён нiчога не ўбачыў, акрамя няясных фiгур, якiя безупынна сноўдалiся туды-сюды, каб сагрэцца. Доктар Цынер наблiзiў рот да акна i загаварыў з iм на яго роднай мове:
      - Як вас завуць?
      Нож для паперы скрыпеў: "скрытч", "скрытч", "скрытч", - але, калi ён саскокваў з замка, яго вiск заглушаўся крэмам.
      - Нiнiч, - адказаў скрозь шкло няясны голас.
      - Нiнiч, - павольна паўтарыў доктар Цынер. - Нiнiч. Я, здаецца, ведаў вашага бацьку ў Белградзе.
      Гэтая прымiтыўная хлусня не выклiкала ў Нiнiча нiякага сумнення, ён прыцiснуўся носам да шкла, але нiчога не ўбачыў у зале чакання: яму засцiў твар доктара.
      - Бацька памёр шэсць гадоў таму.
      Доктар Цынер рызыкаваў вельмi нямногiм, бо ён добра ведаў жыццё беднякоў у Белградзе i яму было вядома, як яны харчавалiся.
      - Так. Ён хварэў, калi мы з iм пазнаёмiлiся. Рак страўнiка.
      - Рак?
      - Болi.
      - Так, так, у жываце. Яны пачыналiся звечара, i ўвесь твар яго пакрываўся потам. Мацi ўвесь час ляжала побач з iм i выцiрала яму твар. Падумаць толькi, вы яго ведалi, шаноўны пане. Хочаце, я адчыню акно, каб нам лацвей было гаварыць?
      Нож у Грунлiха ўсё скрыпеў, скрыпеў i скрыпеў: выкручаная шруба звалiлася на падлогу, бразнуўшы, як шпiлька.
      - Не, не трэба. Гэта можа не спадабацца вашаму напарнiку.
      - Ён пайшоў у горад, у казармы, да маёра. Тут нейкi iншаземец наводзiць даведкi. Мой напарнiк думае, што тут нешта не тое.
      - Iншаземец? - спытаў доктар Цынер. У яго перахапiла дыханне, з'явiлася нейкая надзея. - Ён ужо паехаў?
      - Толькi што пайшоў назад да сваёй машыны, туды, на шашу.
      Зала чакання была ў цемры. Доктар Цынер на хвiлiнку адвярнуўся ад акна i цiха спытаў:
      - Як у вас? Можаце хутчэй?
      - Яшчэ дзве хвiлiнкi, - адказаў Грунлiх.
      - Тут нейкi iншаземец з машынай на шашы. Наводзiў даведкi.
      Корал сцiснула рукi i цiха сказала:
      - Ён вярнуўся па мяне. Вось бачыце? А вы казалi, ён не прыедзе. Дзяўчына цiхенька засмяялася, i, калi доктар Цынер шэптам папрасiў яе не шумець, яна сказала: - Гэта не iстэрыка, гэта я ад шчасця.
      Яна падумала: "Зрэшты, мая жахлiвая прыгода прынесла нейкую карысць: яна даказала, што Майет у мяне закаханы, iначай ён нiзавошта сюды не вярнуўся б. Ён, пэўна, спазнiўся на цягнiк, i нам давядзецца разам правесцi ноч у Белградзе, а можа, i дзве ночы", - i яна пачала марыць пра шыкоўныя гатэлi, пра абеды i пра яго руку ў яе руцэ.
      Доктар Цынер iзноў павярнуўся да акна:
      - Зусiм перасохла ў горле: надта хочацца пiць. У вас ёсць вiно?
      Нiнiч пакруцiў галавой:
      - Не, - i дадаў няпэўна: - У Лукiча ёсць бутэлька ракii - там, цераз дарогу.
      Ад цэмры, што хутка гусцела, адлегласць здавалася даўжэйшаю. Месяца не было, i рэйкi не блiшчалi: здавалася, да лямпы ў кабiнеце начальнiка станцыi было метраў сто, а не дзесяць, як на самой справе.
      - Паспрабуй дастаць нам вiна.
      Той пахiтаў галавой:
      - Мне забаронена адыходзiць ад дзвярэй.
      Доктар Цынер не прапанаваў яму грошай. Ён толькi крыкнуў скрозь шкло, як ён лячыў бацьку Нiнiча:
      - Калi боль рабiўся нясцерпны, я даваў яму таблеткi.
      - Такiя маленькiя i круглыя?
      - Так. Таблеткi морфiю.
      Нiнiч задумаўся, прыцiснуўшы твар да шыбы. Па яго вачах было вiдно, як думкi ў галаве ў яго замiтусiлiся, нiбыта рыбы ў цеснай пасудзiне.
      - Падумаць толькi, гэта вы давалi яму тыя таблеткi. Ён звычайна прымаў толькi адну, калi пачыналiся болi, i яшчэ адну на ноч. Тады толькi ён мог заснуць.
      - Так яно i было.
      - Колькi ўсяго я магу расказаць жонцы!
      - А як наконт вiна? - нагадаў яму доктар Цынер.
      - Калi вы збяжыце, пакуль мяне не будзе, мне не мiнуць бяды.
      - Як жа мы зможам збегчы? Дзверы замкнёныя, а акно надта маленькае.
      - Тады я паспрабую дастаць вам вiна.
      Доктар Цынер прасачыў, як ён адыходзiць, i, цяжка ўздыхнуўшы, павярнуўся да астатнiх:
      - Ну вось, ён пайшоў.
      Ён уздыхнуў, пашкадаваўшы, што страцiў упэўненасць у сабе. Барацьба аднаўлялася. Зрабiць усё магчымае, каб уцячы, - быў яго абавязак. Але ўцёкi выклiкалi ў яго агiду.
      - Хвiлiначку, - сказаў Грунлiх. Рыпенне каля дзвярэй працягвалася.
      - Знадворку нiкога няма. Вартаўнiкi на другiм баку чыгункi. Калi выйдзеце, павернеце налева i яшчэ раз налева памiж будынкамi. Машына стаiць на шашы.
      - Я ўсё гэта ведаю, - сказаў Грунлiх, i другая выкручаная шруба, бразнуўшы, звалiлася на падлогу. - Гатова.
      - Вам бы лепей застацца тут, - сказаў доктар Цынер, звяртаючыся да Корал.
      - Я не магу: мой сябар чакае мяне там, на шашы.
      - Гатова, - паўтарыў Грунлiх, злосна пазiраючы на iх.
      Усе трое скупiлiся каля дзвярэй.
      - Калi пачнецца стралянiна, бяжыце зiгзагамi, - параiў доктар Цынер.
      Грунлiх штуршком адчынiў дзверы, i вецер пачаў замятаць снег. Знадворку было святлей, чым у зале. Лямпа начальнiка станцыi на тым баку чыгункi асвятляла ў акне постаць вартаўнiка. Грунлiх першы нырнуў у завiруху. Ён прыгнуў галаву амаль да каленяў i скокнуў наперад, нiбыта мяч. Астатнiя пабеглi за iм. Бегчы было нялёгка. Вецер i снег, iх ворагi, аб'ядналiся, каб загнаць iх назад: вецер запавольваў iх бег, а снег сляпiў вочы. Корал цяжка ўздыхнула: яна наткнулася на грувасткую высокую чыгунную калону з хобатам, як у слана, што служыла для падачы вады ў паравозы. Грунлiх ужо быў далёка наперадзе, доктар Цынер крыху адставаў. Яна чула, як цяжка ён дыхае. Снег заглушаў iх крокi, але яны не адважвалiся гукнуць шафёра аўтамабiля.
      Перш чым Грунлiх дабег да праходу памiж будынкамi, бразнулi дзверы, нехта закрычаў, грымнуў стрэл. Першы рывок Грунлiха адабраў у яго шмат сiлы. Адлегласць памiж iм i Корал паменшылася. Вартаўнiк стрэлiў двойчы, i Корал пачула свiст куль высока над галавой. Яна яшчэ падумала, можа, ён наўмысна страляе вышэй iх. Яшчэ нейкiх секунд дзесяць, i яны забягуць за рог, знiкнуць з вачэй вартаўнiка, i тады iх заўважаць з машыны. Яна пачула, як iзноў адчынiлiся дзверы, куля трапiла ў снег непадалёк ад яе, i яна з апошняе сiлы паскорыла свой бег. Дзяўчына была ўжо амаль побач з Грунлiхам, калi яны дабеглi на рог. Доктар Цынер ускрыкнуў ззаду, i Корал спярша падумала была, што ён яе падбадзёрвае, але, перш чым абагнуць рог, яна азiрнулася i ўбачыла, што ён абедзвюма рукамi трымаецца за сцяну. Яна прыпынiлася i паклiкала: "Гер Грунлiх!" - але той, не звяртаючы на яе ўвагi, завярнуў за рог i знiк з вачэй.
      - Бяжыце далей! - загадаў доктар Цынер.
      Святло, якое ззяла на гарызонце, меней зацягнутым хмарамi, патухла.
      - Абапрыцеся на маю руку, - прапанавала яна.
      Доктар паслухаўся, але ён быў надта цяжкi для яе, хоць i спрабаваў дапамагчы ёй, трымаючыся другой рукой за сцяну. Яны дабралiся да рага. За сотню метраў скрозь iмжу i снег мiгцелi заднiя агнi машыны. Корал спынiлася.
      - Не магу болей, - сказала яна.
      Ён нiчога не адказаў, але калi яна адняла руку, ён саслiзнуў на снег. Некалькi секунд яна разважала: можа, праўда, пакiнуць яго тут? Яна пераконвала сябе: ён жа не пашкадаваў бы яе, не чакаў бы яе. Але ж ёй не пагражала такая вялiкая небяспека, як яму. Яна нахiлiлася над iм, глянула ў яго збялелы маршчынiсты твар i ўбачыла на яго вусах кроў. Пачулiся галасы, i яна зразумела, што ў яе няма часу прыняць рашэнне. Доктар Цынер сядзеў, прыхiнуўшыся спiной да драўляных дзвярэй, зачыненых на засаўку. Яна ўцягнула яго ўсярэдзiну i зноў зачынiла дзверы, але не рызыкнула засунуць засаўку на месца. Нехта прабег мiма, непадалёк шумеў рухавiк машыны. Потым машына забурчала мацней, i, аддаляючыся, бурчанне перайшло ў ледзьве чутны шоргат. Пуня была без вокнаў. Зрабiлася зусiм цёмна, i пакiдаць доктара цяпер ужо было позна.
      Яна пашнарыла ў яго ў кiшэнях i знайшла пачак запалак. У адным кутку пунi было складзена нешта амаль на палову яе вышынi. Чыркнуўшы другой запалкай, яна ўбачыла напханыя нечым мяхi, нагрувашчаныя ў два рады да вышынi двайнога чалавечага росту. У правай кiшэнi доктара Цынера яна знайшла газету. Яна адарвала старонку i скруцiла яе, - цяпер святла хапала, i яна змагла адцягнуць доктара ў куток пунi. Яна баялася, што ў любы момант вартаўнiк можа адчынiць дзверы. Але доктар Цынер быў надта цяжкi. Яна паднесла запалены скрут да яго вачэй, каб паглядзець, цi не страцiў ён прытомнасцi, - з'едлiвы дым прывёў яго да памяцi. Ён расплюшчыў вочы i здзiўлена паглядзеў на яе.
      - Я хачу схаваць вас сярод мяхоў, - шапнула яна.
      Ён, здавалася, не зразумеў яе, i яна павольна i дакладна паўтарыла гэтыя словы.
      - Ich sрrесhe kеin Еnglisch*, - сказаў ён.
      * Я не размаўляю па-ангельску (ням.).
      "Ох, чаму я яго не кiнула. Магла ўжо быць у машыне. Ён, напэўна, памiрае, зусiм нiчога не цямiць, не разумее, пра што я кажу". I яна жахнулася, што застанецца ў пунi сам-насам з мерцвяком. Агонь патух, яго знiшчыў попел. Седзячы на кукiшках, яна намацала газету, адарвала яшчэ старонку i зноў скруцiла яе. Яна забылася, куды паклала запалкi, i, поўзаючы, пачала шнарыць па падлозе вакол сябе. Доктар Цынер кашлянуў, i нешта заварушылася каля яе рук. Яна падумала, што гэта пацук, i ледзь не закрычала ад страху, але калi нарэшце знайшла запалкi i запалiла скрут, дык убачыла - гэта шавелiцца доктар. Ён зiгзагамi адпаўзаў у канец пунi. Яна паспрабавала дапамагчы яму, але ён, вiдаць, не заўважаў яе прысутнасцi. Пад час гэтага маруднага перасоўвання доктара па падлозе яна здзiўлялася, чаму нiхто не заглянуў у пуню.
      Доктар Цынер зусiм знясiлеў, пакуль дапоўз да мяхоў. Ён уткнуўся ў iх тварам, з рота ў яго цякла кроў. Iзноў уся адказнасць лягла на яе. Яна падумала, цi не памiрае ён, i, амаль у самае вуха, спытала:
      - Паклiкаць каго на дапамогу?
      Яна баялася, што ён адкажа па-нямецку, але на гэты раз ён прамовiў зусiм ясна:
      - Не, не трэба.
      "Зрэшты, ён жа доктар, ён павiнен усё ведаць", - падумала яна.
      - Чым я магу вам дапамагчы?
      Ён пахiтаў галавой i заплюшчыў вочы. Кроў ужо не лiлася, i ёй здалося, што яму палепшала. Яна сцягнула мяхi з верху i пачала майстраваць нешта накшталт пячоры дастатковай велiчынi, каб схаваць iх абаiх - яе i доктара, i нагрувасцiла мяхоў каля ўвахода - так, каб ад дзвярэй нельга было iх убачыць. Мяхi са збожжам былi важкiя, i Корал не паспела закончыць працы, калi знадворку пачулiся галасы. Яна ўлезла ў нару, скрыжаваўшы пальцы на шчасце. Дзверы адчынiлiся, i лiхтарык асвятлiў мяхi над яе галавой. Потым дзверы зачынiлiся, i ў пунi зноў запанавала цiшыня. Яна доўга не магла набрацца духу, каб закончыць сваю працу.
      - Мы спазняемся на цягнiк, - сказаў Майет, гледзячы, як шафёр марна круцiць ручку: старцёр не працаваў.
      - Назад паедзем шпарчэй.
      Нарэшце машына пачала прачынацца, забурчала, заснула i зноў прачнулася.
      - Зараз паедзем, - сказаў шафёр, узлазячы на сядзенне i ўключыўшы фары. Але пакуль ён прымушаў рухавiк працаваць без перабояў, ззаду пачуўся нейкi воплеск.
      - Што гэта? - спытаў Майет. Ён падумаў, што гэта выхлап машыны.
      Потым воплеск паўтарыўся, а крыху пазней пачуўся iншы гук, нiбыта з бутэлькi вылецеў корак.
      - Страляюць на станцыi, - сказаў шафёр, уключыўшы старцёр. Майет адпiхнуў яго руку.
      - Мы пачакаем.
      - Пачакаем? - здзiвiўся шафёр. - Гэта салдаты. Нам лепей як мага хутчэй выбрацца адгэтуль, - паспешлiва дадаў ён.
      Ён i не падумаў нават, што i Майет болей за ўсё на свеце хацеў зрабiць тое самае. Майет спалохаўся: па тым, як да яго паставiлiся тыя салдаты, ён пазнаў той самы настрой, якi папярэднiчае заўсёды пагромам, - але ён усё-такi ўпарцiўся, бо не быў поўнасцю перакананы, што зрабiў усё магчымае, каб знайсцi дзяўчыну ў Субоцiцы.
      - Яны наблiжаюцца да нас, - сказаў шафёр.
      Нехта бег па дарозе са станцыi. Спачатку снегапад хаваў яго ад iх. Потым яны ўбачылi, як да машыны зiгзагамi бяжыць чалавек. Ён дабег да iх вельмi хутка. Маленькi i тоўсты, ён учапiўся за дзверцы, спрабуючы ўлезцi ў машыну.
      - Што здарылася? - спытаў у яго Майет.
      У незнаёмага крышку заплятаўся язык.
      - Едзьце адгэтуль як мага хутчэй.
      Дзверцы заела, ён перавалiўся цераз верх i, задыхаючыся, плюхнуўся на задняе сядзенне.
      - Там хто-небудзь яшчэ застаўся? - спытаў Майет. - Вы адзiн?
      - Так, так, зусiм адзiн. Едзьце адгэтуль як найхутчэй.
      Майет павярнуўся i паспрабаваў разглядзець яго твар.
      - А дзяўчыны там не было?
      - Не. Нiякай дзяўчыны я там не бачыў.
      Недзе каля станцыйных будынкаў пачуўся стрэл, i куля зачапiла крыло аўтамабiля. Шафёр, не чакаючы загаду, рэзка нацiснуў нагой на педаль, i машына рванула з месца. Яна рыкашэтам пераскоквала па шашы з адной ямы ў другую. Майет iзноў пачаў углядацца ў твар незнаёмага.
      - Вы ехалi ў Стамбульскiм экспрэсе?
      Чалавек кiўнуў.
      - I вы не сустракалi нiякай дзяўчыны на станцыi?
      Той раптам разгаварыўся:
      - Я раскажу вам усё, што там здарылася.
      Гаворка ў яго была цьмяная: шмат якiя фразы заглушала гудзенне машыны. Ён расказаў, што яго затрымалi, бо ён не прад'явiў мытнiкам нейкiя карункi; салдаты здзекавалiся з яго i нават усчалi стралянiну, калi ён уцёк ад iх.
      - I вы не бачылi нiякай дзяўчыны?
      - Не. Не было там дзяўчыны.
      Вочы яго абсалютна шчыра адказалi на пiльны погляд Майета. Трэба было б доўга ўглядацца яму ў вочы, каб знайсцi ў iх непранiкальнай глыбiнi проблiск злосцi, агеньчык хiтрасцi.
      Хоць драўляныя сцены дрыжалi ад ветру, у цёмнай пунi без акон сярод мяхоў было цёпла. Доктар Цынер варочаўся з боку на бок, iмкнучыся пазбавiцца ад болю ў грудзях, але ён пакутаваў увесь час. Толькi ў той момант, калi ён паварочваўся, яму рабiлася крыху лягчэй. Калi ён ляжаў нерухома, боль вяртаўся. Таму ўсю ноч ён бесперапынна круцiўся. Часам ён усведамляў, што на дварэ вецер, i прымаў шоргат снегу за шамаценне галькi на марскiм узбярэжжы. У такiя хвiлiны, лежачы ў цёмнай пунi, ён успамiнаў гады выгнання i пачынаў скланяць нямецкiя назоўнiкi цi спрагаць французскiя няправiльныя дзеясловы. Аднак яго прага барацьбы аслабела, i, замест таго каб упарта i злосна змагацца супраць пакут, ён плакаў.
      Корал Маскер паклала яго галаву зручней, але ён iзноў варушыў ёю i варочаўся, бесперапынна нешта мармытаў, слёзы лiлiся па яго шчоках i цяклi па вусах. Яна ўжо не спрабавала дапамагчы яму, сiлячыся знайсцi ў мiнулым прытулак ад свайго страху. I цяпер, калi б iх думкi атрымалi нейкiя матэрыяльныя абрысы, пуня напоўнiлася б дзiвоснай мешанiнай: пад каляровымi асветленымi лiтарамi, якiя складалi шыльду "Тут выступае Малышка", святар, перакiнуўшы расу цераз руку, шмыгнуў з кавалачкам крэйды да класнай дошкi; група дзяцей ганялася за нейкiм вучнем, яны здзекавалiся з яго, выбягалi з дзвярэй на кафедру i зноў на калiдор, насiлiся ўверх i ўнiз па лесвiцы, якая вяла ў кантору агента па найме. У шкляной будцы на змрочным беразе мора жанчына лаялася з суседам, а ў гэты час бiў звон, склiкаючы людзей на малiтву ў каплiцу.
      - Wasser*, - прашаптаў доктар Цынер.
      * Вады (ням.).
      - Чаго вы хочаце? - Яна схiлiлася над iм, углядаючыся ў яго твар. Паклiкаць каго-небудзь?
      Ён яе не чуў.
      - Хочаце пiць?
      Ён не зважаў на яе i ўвесь час паўтараў: "Wasser". Яна ведала, што ён трызнiць, але нервы яе былi вельмi напружаныя, i яна злавалася, што ён не можа адказаць ёй.
      - Ну, добра, тады ляжыце тут. Я зрабiла ўсё, што было мне пад сiлу, - у гэтым я ўпэўнена.
      Яна адпаўзла ад яго як мага далей i паспрабавала заснуць, але сцены пунi дрыжалi, i гэта не давала ёй спаць. Енкi ветру ўзмацнiлi яе адзiноту, i яна падпаўзла назад да доктара Цынера, каб знайсцi спакой каля жывой iстоты.
      - Wasser, - шаптаў ён iзноў.
      Яна кранула рукой яго твар i здзiвiлася, якая гарачая i сухая была ў яго скура. "Напэўна, яму хочацца пiць", - падумала яна i з хвiлiнку разважала, дзе ўзяць вады, пакуль не ўцямiла, што вада падала з неба вакол яе i грувасцiлася сумётамi каля сцен пунi. У яе ўзнiкла няяснае сумненне: цi можна даваць ваду хворым з высокай тэмпературай? Але калi яна згадала, якая сухая ў яго скура, лiтасць пераважыла сумненнi.
      Хоць вакол Корал паўсюль была вада, хутка дастаць яе аказалася нялёгкай справай. Ёй давялося спалiць два скруты i, пакуль яны гарэлi, вылезцi з нары. Яна адважна адчынiла дзверы. Цяпер яна ўжо амаль жадала, каб iх знайшлi. Але ноч была цёмная, i наўкол нiкога не было вiдно. Яна зачэрпнула жменяю снегу, вярнулася ў пуню i зачынiла дзверы. Калi яна iх зачыняла, скразняк задзьмуў яе паходню.
      Яна паклiкала доктара Цынера, але той не азваўся. I яна жахнулася думкi, што ён, пэўна, ужо нежывы. Засланяючы рукою твар, яна рушыла наперад, але натыкнулася на сцяну. Яна крыху пастаяла, але тут жа ўзрадавался, пачуўшы нейкi рух, i пайшла ў той бок, але зноў натыкнулася на сцяну. Усё болей жахаючыся, яна падумала: "Напэўна, гэта варушыцца пацук". Снег у яе руцэ пачаў ужо раставаць. Яна зноў паклiкала доктара, i на гэты раз той азваўся шэптам. Яна адхiлiлася - ён аказаўся зусiм блiзка ад яе - i, выцягнуўшы руку, адразу намацала барыкаду з мяхоў. Яна засмяялася, але тут жа загадала сабе: "Не ўпадай у iстэрыку. Усё зараз залежыць ад цябе" - i паспрабавала супакоiцца, запэўнiваючы сябе, што ўпершыню ёй даручана выконваць галоўную ролю, якая па плячы толькi зорцы, аднак у цемры i без апладысментаў iграць было цяжка.
      Пакуль Корал шукала нару сярод мяхоў, большая частка снегу растала цi высыпалася, але яна прыцiснула рэшту да вуснаў доктара. Вiдаць, яму ад гэтага палегчала. Ён ляжаў цiха i вельмi спакойна, пакуль снег на яго губах раставаў i прасочваўся праз зубы ў рот.
      Яна запалiла папяровы скрут, каб паглядзець на яго твар, i здзiвiлася, якi ў яго свядомы погляд. Яна пачала з iм размаўляць, але ён быў засяроджаны на сваiх думках i нiчога ёй не адказаў.
      Цынер сур'ёзна абдумваў сваё становiшча, сэнс другой няўдачы. Ён ведаў, што памiрае: да яго вярнулася памяць ад дотыку халоднага снегу да языка, i пасля хвiлiннай разгубленасцi ён успомнiў усё. Па тым, дзе балiць, ён вызначыў месца, куды трапiла куля, зразумеў, што ў яго лiхаманка i што ўнутры смяротная крывацеча. На iмгненне ён падумаў, што яго абавязак змахнуць снег з вуснаў, але потым уцямiў: няма болей нiякiх абавязкаў, апроч як перад самiм сабой.
      Калi дзяўчына запалiла скрут, ён падумаў: "Грунлiху пашчасцiла ўцячы". Яго цешыла думка, як цяжка будзе ўцекачу-хрысцiянiну вымалiць у бога дараванне за яго, доктара, смерць. Ён усмiхнуўся. Але потым яго хрысцiянскае выхаванне ўзяло верх над iронiяй, i ён пачаў прыгадваць падзеi апошнiх некалькiх дзён, спрабуючы вызначыць, дзе ён зрабiў памылку i чаму iншым пашанцавала. Ён бачыў, як экспрэс, у якiм яны ехалi, iмчыць, нiбы ракета, якая рассякае цёмнае неба. На iм, Цынеры, выпрабоўвалi розныя хiтрыкi, на якiя толькi былi здатныя, спрабуючы i тое i другое, балансуючы то ў адным, то ў другiм кiрунку. Тут трэба было мець адметны нюх. Быць вельмi гнуткiм, да ўсяго прыстасоўвацца. Снег на вуснах зусiм растаў i ўжо не даваў палёгкi. Перш чым скрут дагарэў да канца, вочы ў яго памутнелi, i вялiкая пуня з грудай мяхоў апусцiлася ў цемрадзь. Ён не ўсведамляў, што знаходзiцца ў пунi. Яму здавалася, нiбыта яго кiнулi, i пуня знiкла з яго вачэй. Галава ў яго памутнела, i ён пачаў iмклiва падаць у бясконцасць, задыхаючыся, у пустэчу, якую прадзiмалi скразнякi, бо яму не пад сiлу ўтрымаць раўнавагу пад нагамi ў яго быў то карабель, то камета, то зямны шар цi ўсяго толькi экспрэс з Остэндэ ў Стамбул. Яго бацька i мацi схiлiлi над iм маршчынiстыя, худыя твары, яны неслiся разам з iм у нябёсы, паўз зоркi, якiя iмклiва праносiлiся мiма, i бацькi гаварылi, якiя яны шчаслiвыя i поўныя ўдзячнасцi, - ён жа зрабiў усё магчымае i застаўся верны сваёй справе. Ён задыхаўся i не мог нiчога сказаць у адказ, яго цягнула ўнiз зямная вага, i ён пакутаваў ад нясцерпнага болю. Ён хацеў сказаць iм, што вернасць яго была праклёнам, што яму неадкладна трэба змянiць свой шлях. Але пакуль ён падаў i падаў у страшэнных пакутах, яму давялося выслухваць iх няшчырыя спачуваннi.
      У пунi нельга было вызначыць, як цёмна было ўжо знадворку. Калi Корал чыркнула запалкай i паглядзела на гадзiннiк, яе засмуцiла, як марудна цягнецца час. Запалак засталося мала, i яна не адважылася запалiць другую. Яна разважала, цi не лепей было б выйсцi з пунi i здацца ў палон, бо ў яе цяпер ужо не было нiякай надзеi зноў убачыць Майета. Вярнуўшыся сюды, ён зрабiў болей, чым можна было ад яго чакаць. Наўрад цi ён вернецца сюды другi раз. Але яе палохаў знешнi свет, яна баялася не салдат - яе страшылi агенты па найме, доўгiя лесвiцы, кватэрная гаспадыня. Яна баялася вяртацца да ранейшага жыцця. Пакуль яна ляжала тут, побач з доктарам Цынерам, у ёй захоўвалася штосьцi ад Майета - памяць, якая iх аб'ядноўвала.
      "Вядома, я магу напiсаць яму, - казала яна сабе, - але, пэўна, пройдуць месяцы, перш чым ён вернецца ў Лондан". Ёй цяжка было дапусцiць, што ён захавае ранейшыя пачуццi i жаданнi, раз яе няма побач з iм. Яна гэтаксама ведала, што можа дамагчыся iх сустрэчы, калi ён вернецца ў Лондан. Ён зразумее, што абавязаны, прынамсi, запрасiць яе на снеданне. "Але ж я не дамагаюся яго грошай", - гэтыя словы яна прашаптала ўголас у цёмнай пунi, лежачы побач з памiраючым. Адзiнота, усведамленне таго, што па нейкай прычыне - адзiн бог ведае чаму - яна пакахала Майета, на нейкае iмгненне выклiкала ў яе пачуццё пратэсту: "А чаму i не? Чаму б мне не напiсаць яму? Можа, гэта яму будзе прыемна? Можа, я ўсё яшчэ падабаюся яму? А калi не, дык чаму мне не пазмагацца за яго? Я стамiлася быць узорнай, паводзiць сябе занадта правiльна". Яе думкi былi вельмi блiзкiя да думак доктара Цынера, калi яна пераконвала сябе, што ўсё гэта марныя спадзяваннi.
      Але Корал вельмi добра ведала, што такi ўжо ў яе характар, такой ужо, вiдаць, яна нарадзiлася i павiнна прымiрыцца з гэтым. Яна паводзiла сябе недарэчна i ў iншым: няўмольная там, дзе трэба быць мяккай, уступчывая, калi трэба быць цвёрдай. Нават цяпер яна не магла думаць з зайздрасцю i захапленнем пра тое, як гэта Грунлiху ўдалося збегчы адгэтуль на машыне ў цемры, седзячы побач з Майетам. Яе думкi з упартай настойлiвасцю вярталiся да Майета, такога, якiм яна бачыла яго апошнi раз, калi той сядзеў у вагоне-рэстаране, пагладжваючы пальцамi залаты партабак. Аднак яна нi на хвiлiну не забывалася, што ў Майета няма тых вартасцей, якiя апраўдалi б яе адданасць. Такая ўжо яна была ад прыроды, а ён праявiў да яе дабрыню. У яе мiльганула думка, што i доктар Цынер быў такi самы, як яна, надта даверлiвы з людзьмi. А да яго, пэўна ж, паставiлiся зусiм iначай, калi б ён быў хiтрэйшы. Скрозь цемру яна чула яго цяжкое дыханне i зноў думала без горычы i асуджэння: "Такога нельга дараваць".
      Перад фарамi раптам вынырнула развiлка дарог. Шафёр павагаўся крыху болей, чым трэба, i павярнуў руль так рэзка, што машыну занесла юзам на двух колах. Ёзеф Грунлiх пераляцеў з аднаго канца сядзення на другi, вохнуўшы ад страху. Ён не адважваўся расплюшчыць вочы да таго часу, пакуль усе чатыры колы не дакранулiся да зямлi. Яны збочылi з галоўнай шашы, i машына заскакала па калдобiнах палявой дарогi. У асляпляльнам святле фар дрэвы з маладымi пупышкамi лiстоты здавалiся выразанымi з кардону. Майет, нахiлiўшыся назад з пярэдняга сядзення, растлумачыў:
      - Ён хоча ад'ехаць далей ад Субоцiцы i перасячы чыгунку на пераходзе для жывёлы. Так што трымайцеся мацней.
      Дрэвы знiклi, i яны раптам з грукатам з'ехалi з шашы на пустое, заснежанае поле. Жывёла ператварыла дарогу ў суцэльную непралазную гразь, але цяпер гэтая гразь падмерзла. Раптам знiзу iх асвятлiлi два чырвоныя лiхтарыкi, кавалачак рэек заблiшчаў смарагдавымi кроплямi. Агнi замiтусiлiся, то адступаючы, то наблiжаючыся. Пачуўся нечы голас.
      - Прарвёмся праз iх? - абыякавым тонам спытаў шафёр. Нага яго была гатовая нацiснуць акселератар.
      - Не, не! - усклiкнуў Майет.
      У яго не было падстаў нарывацца на непрыемнасцi з-за незнаёмага чалавека. Ён убачыў салдат з лiхтарыкамi. У шэрых шынялях, з рэвальверамi. Машына спынiлася памiж iмi, пераскочыўшы першую рэйку i застыўшы ў нахiленым становiшчы, нiбыта выцягнутая на бераг лодка. Адзiн салдат нешта сказаў, а шафёр перавёў яго словы на нямецкую мову.
      - Ён хоча праверыць вашы дакументы.
      Ёзеф Грунлiх спакойна адкiнуўся на сядзеннi, перакрыжаваўшы ногi. Адной рукой ён лянiва перабiраў срэбны ланцужок. Калi адзiн з салдат злавiў яго погляд, ён злёгку ўсмiхнуўся i кiўнуў яму: Грунлiха можна было прыняць за заможнага i гаварлiвага гандляра, якi падарожнiчае ў кампанii свайго сакратара. Майет жа нерваваўся, схаваўшыся ў каўнер футра, ён успомнiў воклiч той кабеты: "Праклятыя жыды", варожы погляд вартаўнiка, нахабнасць клерка. Якраз у такiх забытых богам мясцiнах, сярод скаваных марозам палёў i худога быдла яшчэ жывая была тая моцная старажытная нянавiсць, ад якой цывiлiзаваны свет спакваля пазбаўляўся. Салдат скiраваў святло свайго лiхтарыка яму ў твар i з нецярплiвай пагардай паўтарыў свой загад. Майет выцягнуў пашпарт, салдат узяў яго i, трымаючы дагары нагамi, уважлiва вывучаў iльва i аднарога, потым вымавiў па-нямецку адзiнае знаёмае яму слова:
      - Engander?*
      * Ангелец? (ням.)
      Майет кiўнуў, салдат кiнуў пашпарт на сядзенне i паглыбiўся ў вывучэнне дакументаў шафёра - яны разгортвалiся ў доўгую палоску, нiбыта дзiцячая кнiжка з малюнкамi. Ёзеф Грунлiх непрыкметна нахiлiўся наперад i ўзяў з пярэдняга сядзення пашпарт Майета. Ён шырока ўсмiхнуўся, калi чырвонае святло лiхтарыка асвяцiла яго твар i ўпала на пашпарт. Вартаўнiк паклiкаў напарнiка, яны стаялi i разглядвалi Грунлiха, асветленага лiхтарыкам, цiха перагаворваючыся памiж сабой, не звяртаючы ўвагi на яго грымасы.
      - Чаго iм трэба? - незадаволена спытаў ён з застылай усмешкай на тлустым твары.
      Адзiн салдат аддаў загад, якi пераклаў шафёр:
      - Устаньце!
      З пашпартам Майета ў адной руцэ, перабiраючы другой срэбны ланцужок, ён падпарадкаваўся загаду, i яны асвятлiлi яго лiхтарыкам з ног да галавы. Ён быў без палiто i дрыжаў ад холаду. Адзiн салдат засмяяўся i пхнуў яго пальцам у жывот.
      - Яны правяраюць, цi сапраўды яно належыць яму? - растлумачыў вадзiцель.
      - Што?
      - Ваша пуза.
      Ёзефу Грунлiху давялося зрабiць выгляд, што ён прымае гэтую абразу за жарт, i ён усмiхнуўся. Яго павага да сябе была абражана нейкiмi двума боўдзiламi, якiх ён болей нiколi не ўбачыць. Некаму iншаму давядзецца паплацiцца за такую абразу, а ён заўсёды ганарыўся тым, што нiколi не спускаў крыўдзiцелям: зараз гэта яго ўзяло за жывое. Ён адвёў душу, папрасiўшы шафёра па-нямецку:
      - А вы не можаце iх збiць?
      I працягваў шырока ўсмiхацца салдатам i памахваць пашпартам, пакуль тыя нешта абмяркоўвалi, аглядаючы яго з ног да галавы. Потым яны адступiлi, кiўнулi шафёру, i той уключыў старцёр. Машына пераехала рэйкi, спусцiлася з насыпу, потым павольна выбралася на доўгую, з глыбокiмi каляiнамi, палявую дарогу, i Ёзеф Грунлiх, азiрнуўшыся назад, убачыў два чырвоныя агеньчыкi, якiя гойдалiся ў цемрадзi, нiбыта папяровыя лiхтарыкi.
      - Чаго iм ад нас было трэба?
      - Некага шукалi, - адказаў шафёр.
      Ёзеф Грунлiх усё гэта добра ведаў. Хiба ж не ён забiў Кольбера ў Вене? Хiба ж не ён уцёк усяго гадзiну таму з Субоцiцы на вачах у вартаўнiкоў? Хiба ж не ён быў такi кемлiвы, спрытны хлапец, жвавы i паваротлiвы? Яны перакрылi машынам усе шляхi, а ён усё роўна здолеў выслiзнуць. Аднак у глыбiнi душы ў яго ўсё-такi было лёгкае сумненне: калi б яны шукалi яго, дык абавязкова затрымалi б. Не, яны шукалi некага iншага. Лiчылi некага iншага больш важным злачынцам. Разаслалi, вiдаць, апiсанне таго старога лайдака, доктара, а не Ёзефа Грунлiха. Але ж гэта ён забiў Кольбера дый яшчэ выхваляўся: "За пяць год яшчэ нiводнага разу не сядзеў я ў турме!" Вялiкая хуткасць яго ўжо не палохала. Калi яны iмчалi скрозь iмжу ў старой рыпучай машыне, ён цiха сядзеў i змрочна разважаў над тым, як многа ў жыццi несправядлiвага.
      Корал Маскер прачнулася з нейкiм дзiвосным пачуццём i не адразу ўцямiла, дзе знаходзiцца. Яна села, i мех са збожжам зарыпеў пад ёй. Гэта быў адзiны гук - шоргат снегападу спынiўся. Корал са страхам прыслухалася i зразумела, што засталася зусiм адна. Доктар Цынер памёр: яна ўжо больш не чула яго дыхання. Аднекуль здалёк, скрозь змрок, да яе даляцеў гук рухавiка, якi пераключыўся на iншую хуткасць. Гук дакрануўся да яе слыху, нiбыта гэта быў спачувальны дотык хатняга сабакi, ён лашчыцца да яе i абнюхвае яе. "Калi доктар Цынер памёр, нiчога мяне тут болей не затрымлiвае. Я пайду пашукаю машыну. Калi там салдаты, яны нiчога мне не зробяць, а можа, гэта..." Страснае жаданне не дазволiла ёй закончыць фразы, якая нагадала раскрытую дзюбу галоднай птушкi. Яна абаперлася на руку, каб утрымаць раўнавагу, прысела на кукiшкi i дакранулася да твару доктара. Ён не зварухнуўся, i, хоць твар быў яшчэ цёплы, яна навобмацак адчула, што вакол вуснаў у яго запяклася кроў, быццам старая сухая скура. Яна ўскрыкнула, але тут жа прымусiла сябе заспакоiцца i засяродзiцца, яна знайшла запалкi i запалiла скрут з газеты. Але рука ў яе дрыжала. Нервы не вытрымалi тых бедаў, якiя звалiлiся на яе, хоць яна i стрымлiвала сябе. Ёй здавалася, што ўвесь мiнулы тыдзень яна мусiла была ўвесь час нешта вырашаць, нечага баяцца, хаваючы свой страх. "Узяць хоць бы гэтую працу ў Канстанцiнопалi. Ехаць туды цi адмовiцца? У агента чакае вялiзная чарга дзяўчат". Яна нагадала Майета, якi соваў у яе руку бiлет, кватэрную гаспадыню з яе парадамi, страх перад невядомым, якi раптам агарнуў яе на прычале ў Остэндэ, калi памочнiк капiтана крычаў ён нешта наўздагон, каб яна не забывалася пра яго.
      У святле паходнi яе зноў уразiў усёразумеючы погляд доктара. Але разуменне гэтае застыла, яно назаўсёды застанецца нязменным. Яна адвяла вочы, потым глянула зноў, але нiчога не змянiлася. "Я не думала нават, што яму так блага. Мне нельга тут заставацца". Яна нават падумала, цi не абвiнавацяць яе ў яго смерцi. Гэтыя чужаземцы, з незразумелай ёй мовай, здатныя на ўсё. Але з нейкай дзiўнай цiкаўнасцi яна марудзiла, пакуль не дагарэў скрут. "Цi была ў яго калi ў жыццi дзяўчына?" Ад гэтай думкi ён страцiў колiшнюю значнасць i паважнасць i ўжо не быў для яе жахлiвым мерцвяком. Яна разглядала яго твар уважлiвей, чым адважылася б калi-небудзь раней. Непахiснасць сышла ад яго разам з жыццём. Яна ўпершыню заўважыла, што рысы яго твару былi надзiва рэзкiя. Калi б яго твар не быў такi худы, ён не рабiў бы гэткага агiднага ўражання: пэўна, толькi вечныя клопаты i мiзэрнае харчаванне надавалi яго твару глыбакадумнасць i пэўную адухоўленасць. Нават на смяротным ложы, у мiгатлiвым блакiтным святле скрута з газеты, твар яго здаваўся вельмi сур'ёзным. "Напэўна, у адрозненнi ад большасцi мужчын, у яго нiколi не было дзяўчыны. Калi б ён быў блiзкi з жанчынай, якая хоць крышку пакпiла б з яго, ён не ляжаў бы цяпер тут, не браў бы ў жыццi ўсё так блiзка да сэрца, навучыўся б не злавацца, дазволiў бы падзеям iсцi сваiм парадкам толькi так i трэба было яму жыць". Яна дакранулася да яго доўгiх вусаў. Яны былi смешныя, яны былi кранальныя, i таму знешнi выгляд яго нiколi не быў трагiчны. Потым скрут дагарэў, i для яе доктар быў ужо пахаваны, - ад усяго, што яна прачытала на яго твары, i ад усяго, што яна потым думала пра яго, яе ўвагу адцягнуў няясны гук блiзкай машыны i нечых крокаў. Значыць, яе крык усё-такi пачулi.
      Вузкая палоска святла пранiкла праз няшчыльна зачыненыя дзверы. Пачулiся галасы. Нейкая машына ехала па дарозе з цiхiм бурчаннем. Крокi пачалi аддаляцца, недзе адчынiлiся дзверы, i скрозь тонкiя сцены пунi яна пачула, як нехта ходзiць памiж мяхамi ў суседнiм пакоi, паблiзу забурчаў сабака. Ёй прыйшлi на памяць пляскатыя, аднастайныя палi каля Нотынгема, нядзеля, маленькая кампанiя шахцёраў, з якiмi яна некалi пайшла паляваць на пацукоў, сабака па мянушцы Спот. Сабака то забягаў у свiран, то выбягаў адтуль, а яны стаялi ўсе кружком, узброеныя палкамi. Цяпер знадворку пра нешта спрачалiся, але яна не магла пазнаць нiводнага знаёмага голасу. Машына спынiлася, хоць рухавiк працягваў цiха працаваць.
      Потым дзверы пунi адчынiлiся, i святло скокнула ўверх на мяхi. Яна прыўзнялася на локцi i ўбачыла скрозь шчылiну ў сваёй барыкадзе бледнага афiцэра ў пенснэ i таго салдата, якi стаяў на варце каля дзвярэй залы чакання. Яны накiравалiся да яе, i тут нервы яе здалi: яна не змагла вытрываць тых пакутлiвых хвiлiн, пакуль яны будуць яе шукаць. Яны былi ўжо зусiм блiзка ад яе, i, калi яна ўсхапiлася i крыкнула: "Я тут!" - афiцэр скокнуў да яе, выхапiўшы рэвальвер. Потым ён убачыў, хто гэта, i задаў ёй нейкае пытанне, застыўшы пасярод пунi з накiраваным на яе рэвальверам. Корал здалося, што яна зразумела яго, i яна сказала:
      - Ён памёр.
      Афiцэр нешта загадаў - салдат падышоў i пачаў павольна раскiдваць мяхi. Гэта быў той самы салдат, якi спынiў яе па дарозе да вагона-рэстарана, i ў першы момант яна адчула да яго нянавiсць, пакуль ён не ўзняў галавы i не ўсмiхнуўся ёй сарамлiвай усмешкай, нiбыта просячы ў яе прабачэння, у той час як афiцэр, стоячы ззаду, падганяў яго рэзкiмi нецярплiвымi загадамi. Раптам, калi салдат адцягнуў ад выхаду з пячоры апошнi мех, iх твары амаль сутыкнулiся, i ў гэтую секунду ў яе ўзнiкла такое пачуццё, быццам ён збiраецца выдаць ёй нейкую тайну.
      Калi маёр Петкавiч убачыў, што доктар ляжыць нерухома, ён перасек пуню i накiраваў свой лiхтарык на яго мёртвае цела. Доўгiя вусы зрабiлiся светлымi ад моцнага промня, а расплюшчаныя вочы адлюстравалi яго, быццам металiчныя пласцiнкi. Маёр працягнуў рэвальвер салдату. Лагоднасць, рэшта немудрагелiстага шчасця, якiя хавалiся за беднасцю, рассыпалiся ўшчэнт. Здавалася, усе падлогi ў нейкiм будынку правалiлiся, толькi сцены заставалiся стаяць. Салдата агарнуў жах, яму было не па сiле вымавiць нi слова, не мог зварухнуцца з месца. Рэвальвер так i застаўся на далонi ў маёра Петкавiча. Маёр стрымаў сябе. Ён цвёрда глядзеў на салдата, з цiкаўнасцю вывучаючы яго скрозь залатое пенснэ. Маёр дасканала ведаў усе пачуццi людзей, якiя жывуць у казармах. Апроч пашарпаных кнiг па германскай стратэгii, на яго палiцах стаялi некалькi томiкаў па псiхалогii: ён, як спаведнiк, ведаў самыя iнтымныя падрабязнасцi iх жыцця. Ведаў, наколькi яны жорсткiя, наколькi добрыя, наколькi хiтрыя i прастадушныя, ведаў, як яны весяляцца - ракiя, гульнi ў карты, вiно i жанчыны, ведаў iх славалюбныя мары, хоць, вядома, яны зводзiлiся да таго, каб расказаць жонцы якую цiкавую цi кранальную гiсторыю. Ён ведаў лепей за ўсiх, як пакараць кожнага з iх i як зламаць волю падначаленага. Раней ён злаваўся, калi салдат марудна адцягваў мяхi, але цяпер злосць прайшла. Ён пакiнуў рэвальвер у сябе на далонi i зусiм спакойна паўтарыў загад, гледзячы скрозь залатую аправу пенснэ.
      Салдат апусцiў галаву, выцер рукой нос i, хваравiта насупiўшыся, кiнуў погляд на другi канец пунi. Потым узяў рэвальвер i, прыцiснуўшы яго да рота доктара Цынера, спынiўся. Ён крыху павагаўся, паклаў руку на плячо Корал i рыўком павярнуў яе тварам унiз. Лежачы на падлозе, яна пачула стрэл. Салдат выратаваў яе ад гэтага вiдовiшча, але яе ўяўленне запоўнiла ўсё. Яна ўсхапiлася i пабегла да дзвярэй, на бягу яе заванiтавала. Яна спадзявалася, што ў цемры ёй будзе лягчэй, але тут, нiбыта ўдар па галаве, на яе абрушылася святло ад фар машыны. Прыхiлiўшыся да дзвярэй, яна паспрабавала супакоiцца, адчуваючы сябе бясконца адзiнокай, чым у тыя хвiлiны, калi яна прачнулася i ўбачыла, што доктар Цынер памёр. Ёй адчайна, да болю захацелася быць зараз з Майетам. Людзi ўсё яшчэ спрачалiся каля машыны, у паветры чуўся лёгкi пах спiртнога.
      - Чорт падзяры... - прамовiў нечый голас.
      Людзi расступiлiся, i сярод iх з'явiлася мiс Уорэн. Твар у яе быў чырвоны, узбуджаны i пераможны. Яна схапiла Корал за руку:
      - Што тут адбываецца? Не, не. Не трэба расказваць нiчога зараз. Вам блага. Вы неадкладна пойдзеце са мной, далей ад гэтых жахаў.
      Памiж ёй i машынай стаялi салдаты. З пунi выйшаў афiцэр i далучыўся да iх. Мiс Уорэн хутка шапнула:
      - Абяцайце ўсё, што хочаце. Не мае нiякага значэння тое, што вы скажаце.
      Яна паклала вялiкую руку на рукаў афiцэра i пачала лiслiвым тонам у нечым яго пераконваць. Ён спрабаваў перапынiць яе, але яна яго перабiвала. Ён зняў пенснэ i збянтэжана працёр яго. Пагрозы былi б дарэмныя, можна было б пратэставаць усю ноч, але яна прапанавала яму адзiнае выйсце, адмовiцца ад якога было б пайсцi супраць яго натуры, - цвярозы розум. Апроч разумнага ўчынку, якi яна яму прапанавала, яна гэтаксама раiла яму прыняць пад увагу i iншую, больш значную акалiчнасць - вышэйшыя дыпламатычныя меркаваннi. Ён iзноў працёр пенснэ, кiўнуў i здаўся. Мiс Уорэн схапiла яго за руку i моцна пацiснула яе, глыбока ўдавiўшы яму ў скурчаны ад болю палец свой пярсцёнак-пячатку.
      Корал апусцiлася на зямлю. Мiс Уорэн дакранулася да яе, але дзяўчына паспрабавала скiнуць яе руку. Шум сцiхнуў, зямля ў маўчаннi наплывала на яе. Аднекуль здалёк нечый голас вымавiў: "У вас хворае сэрца", i яна зноў расплюшчыла вочы, чакаючы ўбачыць маршчынiсты твар доктара. Аднак аказалася, што яна ляжыць на заднiм сядзеннi машыны, i мiс Уорэн накрывае яе пледам. Яна налiла келiх каньяку i паднесла да рота Корал. Машына, скрануўшыся з месца, штурхнула iх адна да адной, каньяк расплюхаўся па яе падбароддзi. Корал усмiхнулася чырвонай п'янай фiзiяномii, якая клапатлiва глядзела на яе.
      - Паслухайце, любая, спачатку я вазьму вас з сабой у Вену. Я магу тэлеграфаваць гэтую карэспандэнцыю адтуль. Калi якi-небудзь паршывы нягоднiк паспрабуе вас падкупiць, нiчога яму не адказвайце. Не адкрывайце рота нават для таго, каб сказаць "не".
      Словы гэтыя былi незразумелыя Корал. Яна адчувала боль у грудзях. Бачыла, як знiкаюць агнi станцыi, калi машына павярнула назад да Вены, i з упартай адданасцю спрабавала здагадацца, дзе зараз Майет. Ад болю ёй цяжка было дыхаць, але яна вырашыла не гаварыць нi слова. Гаварыць нешта, апiсваць свой боль, прасiць дапамогi азначала б на нейкi час прагнаць з галавы яго твар, яе вушы не чулi б яго голасу, якi шаптаў, што яны будуць рабiць разам у Канстанцiнопалi. "Я першая яго не забуду", - упарта думала яна, адганяючы прывiды: ярка-чырвоны водблiск машыны, якая iмчыцца па цёмнай дарозе, погляд доктара Цынера ў святле скрута з газеты. Нарэшце адчайная барацьба з болем, з нястрымным жаданнем закрычаць, з памутнелай свядомасцю адабралi ў яе нават тыя прывiды, якiя яна спрабавала прагнаць.
      "Я памятаю, я не забылася". Але яна не магла болей стрымлiвацца i адзiн раз застагнала. Стогн быў такi слабы, што стук рухавiка заглушыў яго. Ён не дайшоў да вушэй мiс Уорэн гэтаксама, як i сказаныя пазней шэптам словы: "Я не забылася".
      - Толькi для нашай газеты, - сказала мiс Уорэн, барабанячы пальцамi па пледу. - Я хачу, каб гэта было надрукавана толькi ў нас. Гэта мой матэрыял, - заявiла яна з гонарам, песцячы недзе ў глыбiнi свядомасцi - за газетнымi артыкуламi i за свiнцовым друкарскiм шрыфтам - мару пра Корал у пiжаме, якая налiвае каву, пра Корал, якая размешвае кактэйлi, пра Корал, якая спiць у адрамантаванай кватэры.
      Частка пятая
      КАНСТАНЦIНОПАЛЬ
      - Алё, алё. Мiстэр Карлтан Майет ужо прыехаў?
      Маленькi, вяртлявы армянiн з кветкай у пятлiцы адказаў на такой самай акуратнай i чыстай ангельскай мове, як i яго вiзiтоўка:
      - Не. На жаль, не. Што-небудзь перадаць?
      - Цягнiк, пэўна, ужо прыйшоў?
      - Не. Спазняецца на тры гадзiны. Здаецца, паравоз паламаўся непадалёк ад Белграда.
      - Скажыце яму, што мiстэр Джойс...
      - Што мне параiць вам, лэдзi, на сёння пасля полудня? - сказаў жвавы армянiн, якi заняўся новымi гасцямi, перагнуўшыся цераз бар'ер i канфiдэнцыяльна звяртаючыся да дзвюх маладых амерыканак, якiя з захапленнем, разявiўшы рот, глядзелi на яго, узняўшы прыгожа вышчыпаныя бровы. - Вам трэба было б наняць гiда, ён паказаў бы вам базары.
      - А можа, вы, мiстэр Калебджан? - прамовiлi яны амаль адначасова. Iх вялiкiя, поўныя цiкаўнасцi вочы сачылi за iм, пакуль ён браў тэлефонную трубку.
      - Алё, алё. Мiжнародны тэлефон? Слухаю. Не, мiстэр Карлтан Майет яшчэ не прыехаў. Мы чакаем яго з хвiлiны на хвiлiну. Што-небудзь перадаць? Вы зноў патэлефануеце ў шэсць? Дзякуй. Ах, калi б я толькi мог, - сказаў ён амерыканкам, - я з вялiкiм задавальненнем. Аднак у мяне шмат працы тут. Праўда, у мяне ёсць стрыечны брат, я яму скажу, ён сустрэнецца з вамi заўтра ранiцай i павязе вас на базары. А сёння паполуднi раю вам узяць таксi да Блакiтнай мячэцi, i потым паехаць праз Iпадром, i таксама наведаць Рымскiя калодзежы. Потым, калi вы вып'еце гарбаты ў расейскiм рэстаране ў Пера i вернецеся сюды да вячэры, я параiў бы вам увечары наведаць тэатр. А зараз, калi вы не запярэчыце, я закажу вам таксi на другую палову дня.
      Абедзве адначасова адкрылi рот i сказалi:
      - Гэта будзе проста выдатна, мiстэр Калебджан. - I, пакуль ён тэлефанаваў у гараж свайму стрыечнаму брату ў Пера, яны прайшлi праз хол i накiравалiся да бруднага ларка i пачалi разважаць, цi не купiць яму пачак цукерак.
      Вялiзарны, раскошны гатэль з кафлянай падлогай, з iнтэрнацыянальнай абслугай i з рэстаранам, аздобленым у стылi Блакiтнай мячэцi, цяпер, калi ўрад пераехаў у Анкару i Канстанцiнопаль ператварыўся па сутнасцi ў турэцкi Пiрэй, рэпутацыя гатэля ва ўсiм свеце пагоршылася. Персанал паменшылi, i можна было прайсцi праз вялiкi i пусты хол, не напаткаўшы нiводнага рассыльнага. Аднак каля бюро абслугоўвання, як заўсёды, элегантны Калебджан падтрымлiваў колiшнюю высокую рэпутацыю гатэля.
      - Мiстэр Карлтан Майет прыехаў, Калебджан?
      - Яшчэ не, цягнiк спазняецца. Будзеце чакаць?
      - А ў яго нумар з гасцёўняй?
      - О, вядома, з гасцёўняй! Рассыльны, праводзь госця ў нумар мiстэра Майета.
      - Перадайце яму маю вiзiтоўку, калi ён прыедзе.
      Амерыканкi вырашылi не купляць Калебджану пачка з турэцкiмi цукеркамi, але ж ён быў такi ветлiвы i далiкатны, што iм карцела неяк аддзячыць яму. Яны стаялi ў роздуме, пакуль ён iзноў не ўзнiк перад iмi.
      - Ваша таксi, лэдзi. Я дам шафёру ўсе адпаведныя ўказаннi, вы ўбачыце, ён у вышэйшай ступенi чалавек надзейны.
      Калебджан правёў iх на вулiцу i прасачыў, каб яны без затрымкi адбылi. Нетаропкi вулiчны рух i мiтусня, падобная да пылу, што асядаў паўсюль, не сцiхалi. Калебджан вярнуўся ў маўклiвую цiшыню хола. На iмгненне гатэль здаўся яму амаль такiм самым, якiм ён быў у мiнулыя гады ў разгар сезона.
      Чвэрць гадзiны нiхто не з'яўляўся. Нейкая муха, захопленая холадам, з шумам бiлася аб шыбу. Калебджан пазванiў наверх, у пакой эканомкi, каб праверыць, цi ўключылi ацяпленне, потым сеў, сцiснуўшы рукi памiж каленямi, нi пра што не думаючы i нiчога не робячы.
      Дзверы-вяртушкi закруцiлiся - увайшла цэлая група людзей. Майет iшоў паперадзе. За iм - Джанет Пардаў i мiстэр Сейвары.
      Тры насiльшчыкi неслi багаж. Майет упiваўся шчасцем. Ён пачуваў сябе ў сваёй стыхii. Мiжнародны гатэль, хоць крыху i заняпалы, быў звыклым для яго аазiсам. Кашмар у Субоцiцы пачаў ужо забывацца i зрабiўся зараз нейкiм нерэальным, калi ён убачыў, што Калебджан спяшаецца яму насустрач. Яму было прыемна, што Джанет Пардаў бачыць, як яго прымаюць у лепшых заморскiх гатэлях.
      - Як пажываеце, мiстэр Карлтан Майет? Мы бясконца шчаслiвыя...
      Калебджан пацiснуў Майету руку, нiзка пакланiўся, яго асляпляльныя белыя зубы блiснулi шчырым задавальненнем.
      - Рады бачыць вас, Калебджан. Дырэктара, як заўсёды, няма? Гэта мае сябры, мiс Пардаў i мiстэр Сейвары. Увесь гатэль трымаецца на Калебджане, растлумачыў ён iм. - Вы нас добра ўладкуеце? Прасачыце, каб у пакоi ў мiс Пардаў быў пачак цукерак.
      - Мяне сустракае дзядзька... - няпэўна пачала была Джанет Пардаў, аднак Майет адразу ж ёй запярэчыў:
      - Можа пачакаць яшчэ адзiн дзень. Сёння ўвечары вы будзеце тут, у мяне ў гасцях.
      Ён iзноў пачаў распускаць свой паўлiнавы хвост: упэўненасцi яму надавалi пальмы, калоны i пачцiвасць Калебджана.
      - Вам двойчы тэлефанавалi, мiстэр Карлтан Майет, i нейкi джэнтэльмен чакае вас у вашым нумары.
      - Добра. Дайце мне яго вiзiтоўку. Паклапацiцеся пра маiх сяброў. У мяне мой звычайны нумар?
      Ён хутка пайшоў да лiфта, расцягнуўшы вусны ў вясёлай усмешцы. За апошнiя днi адбылося надта многа такога, што выклiкала сумненнi i што цяжка было асэнсаваць, а цяпер ён iзноў заняўся сваёй звычайнай справай. "Напэўна, гэта Экман", - падумаў ён, не патурбаваўшыся нават зазiрнуць у картку, i раптам цвёрда вырашыў, што яму скажа. Лiфт цяжка падняўся на другi паверх, пасыльны павёў Майета па пыльным калiдоры i адчынiў дзверы нумара. Сонца залiвала святлом увесь пакой, праз адчыненае акно даносiлiся гудкi аўтамабiляў. З канапы падняўся каржакаваты бландзiн у цвiдавым гарнiтуры.
      - Мiстэр Карлтан Майет? - спытаў ён.
      Майет здзiвiўся. Ён нiколi не бачыў гэтага чалавека. Глянуўшы на вiзiтоўку, ён прачытаў: "Мiстэр Лео Стэйн".
      - А, мiстэр Стэйн.
      - Здзiвiлiся, калi ўбачылi мяне? Спадзяюся, вы не лiчыце мяне занадта нетактоўным?
      Ён выглядаў вельмi зычлiвым i сардэчным. "Зусiм як сапраўдны ангелец", - падумаў Майет, аднак незнаёмага выдаваў нос - нос са шнарам, якi зрабiўся прамы пасля аперацыi. Варожасць памiж жыдом, якi не хаваў сваёй нацыянальнасцi, i жыдом, якi маскiраваў яе, адразу ж была выказаная ў чароўных усмешках, сардэчных шчырых поцiсках рук i ў адведзеных адзiн ад аднаго вачах.
      - Я чакаў убачыць свайго агента.
      - Ах, бедалага Экман, бедалага Экман, - уздыхнуў Стэйн, пахiтаўшы бялявай галавой.
      - Што вы маеце на ўвазе?
      - Тое, дзеля чаго я прыйшоў. Папрасiць вас зайсцi да мiсiс Экман. Я вельмi за яе хвалююся.
      - Вы хочаце сказаць, што мiстэр Экман памёр?
      - Знiк. Не вярнуўся дамоў учора ўвечары. Вельмi ўсё гэта дзiўна.
      Было холадна. Майет зачынiў акно i, сунуўшы рукi ў кiшэнi футры, пачаў хадзiць па пакоi туды-сюды: тры крокi ў адзiн бок, тры ў другi.
      - Нiчога дзiўнага. Думаю, ён не змог бы даць мне справаздачу, павольна прамовiў ён.
      - Некалькi дзён таму ён прызнаўся мне, што адчувае ваш недавер да яго. Ён быў пакрыўджаны, вельмi пакрыўджаны.
      - Я нiколi не давяраю жыду, якi перайшоў у хрысцiянства, - павольна, дакладна падбiраючы кожнае слова, сказаў Майет.
      - Аднак жа дазвольце, мiстэр Майет: гэта ўжо занадта катэгарычна, запярэчыў быў Стэйн, адчуваючы некаторую няёмкасць.
      - Дапускаю, што, магчыма, ён у сваiх перамовах пайшоў крыху далей, чым паведамiў мне, - сказаў Майет, спынiўшыся пасярод пакоя спiнай да Стэйна, але так, каб ён змог бачыць усю постаць Стэйна, да пояса адлюстраваную ў люстры з пазалочанай рамай.
      - О, перамовы, - адбiтак Стэйна ў люстры быў не такi абыякавы, як яго голас, - яны ўжо скончаны.
      - Ён паведамiў вам, што мы не будзем купляць?
      - Але ж ён купiў.
      Майет кiўнуў. Ён не здзiвiўся. За знiкненнем Экмана павiнна хавацца шмат чаго.
      - На самой справе я вельмi хвалююся за бедалагу Экмана. Думка, што ён, магчыма, пакончыў жыццё самагубствам, мне невыносная, - павольна сказаў Стэйн.
      - Думаю, у вас няма падстаў хвалявацца. Напэўна, ён проста адышоў ад спраў. Крыху, праўда, занадта паспяшаўся.
      - Разумееце, ён быў устрывожаны.
      - Чым жа?
      - Ну, у яго з'явiлася такое пачуццё, нiбыта вы яму не давяраеце. I потым, у яго не было дзяцей. Ён хацеў мець дзяцей. Шмат прычын на трывогу. Трэба быць мiласэрным.
      - Але ж я не хрысцiянiн, мiстэр Стэйн. Я не веру, што мiласэрнасць галоўная дабрачыннасць. Магу я паглядзець дакумент, якi ён падпiсаў?
      - Вядома.
      Мiстэр Стэйн выцягнуў з кiшэнi цвiдавага пiнжака доўгi канверт, складзены ўдвая. Майет сеў за стол, расклаў на iм паперы i пачаў уважлiва iх чытаць. Ён не рабiў нiякiх заўваг, твар яго не выказваў нiчога. Цяжка было ўявiць, якi ён быў шчаслiвы, калi вярнуўся да лiчбаў, - iх ён разумеў, i яны былi пазбаўленыя ўсякiх пачуццяў. Закончыўшы чытаць, ён адкiнуўся ў крэсле i пачаў вывучаць свае пазногцi: перад ад'ездам, у Лондане, ён зрабiў манiкюр, але яны патрабавалi да сябе ўвагi.
      - Як прайшло ваша падарожжа? Спадзяюся, бунт у Белградзе вас не закрануў? - спакойна спытаў Стэйн.
      - Не, - абыякава адказаў Майет.
      Гэта была праўда. Усё тое незразумелае, што адбылося ў Субоцiцы, здавалася яму нерэальным. Вельмi хутка ён пра ўсё забудзецца, - гэта ж нiяк не звязана са звычайным жыццём, дый нельга ўсё гэта растлумачыць.
      - Вы, вядома, разумееце, што мы можам знайсцi нейкую недакладнасць i скасаваць гэтае пагадненне?
      - Не думаю. Бедалага Экман быў вашай даверанай асобай. Вы далi яму правы весцi перамовы.
      - У яго не было паўнамоцтваў падпiсваць пагадненне. Не, мiстэр Стэйн, баюся, што вам ад гэтага не будзе нiякай карысцi.
      Стэйн сеў на канапу i перакрыжаваў ногi. Ад яго цвiдавага гарнiтура пахла тытунём.
      - Я не хачу вам нiчога навязваць. Мой дэвiз: нiколi не падводзiць свайго калегу бiзнесмена. Я адразу ж скасаваў бы пагадненне, мiстэр Майет, калi б яно было несправядлiвае. Але, бачыце, калi ўжо бедалага Экман падпiсаў гэты дакумент, фiрма Моўлта адмовiлася ад далейшых перамоваў. Цяпер ужо другi раз яны не вернуцца да гэтай справы.
      - Аднак жа мне добра вядома, як Моўлты зацiкаўлены ў разынках.
      - Ну, бачыце, пры такiх абставiнах, скажу вам па-сяброўску, мiстэр Майет: калi вы скасуеце гэтае пагадненне, мне давядзецца за яго пазмагацца. Дазвольце запалiць?
      - Вазьмiце цыгару.
      - А можна, я запалю люльку?
      Ён пачаў набiваць люльку светлым мяккiм тытунём.
      - Я думаю, што Экман меў за гэта неблагiя камiсiйныя?
      - Ах, бедалага Экман! Я i сапраўды хацеў бы, каб вы наведалi мiсiс Экман. Яна вельмi нервуецца, - ухiлiўся ад адказу Стэйн.
      - У яе не будзе падстаў хвалявацца, калi яна атрымае добрыя камiсiйныя.
      Стэйн усмiхнуўся i запалiў люльку. Майет пачаў перачытваць пагадненне. Сапраўды, яго можна было скасаваць, але суды - справа ненадзейная. Добры адвакат можа прынесцi шмат клопату. Некаторыя лiчбы не хацелася б друкаваць. Зрэшты, справа Стэйна мела пэўную каштоўнасць для фiрмы. Але яму не падабалася цана i тое, што пасада дырэктара заставалася за Стэйнам. Нават з цаной можна было б пагадзiцца, але Майет не хацеў, каб чужы ўблытваўся ў iхнюю фiрму.
      - Вось што я зраблю. Мы скасуем гэта пагадненне i складзем новае.
      Стэйн пахiтаў галавой:
      - Паслухайце, мiстэр Майет, калi ласка, гэта будзе не зусiм справядлiва ў адносiнах да мяне.
      Майет вырашыў, што рабiць. Не варта трывожыць бацьку судовым працэсам. Ён пагодзiцца з гэтым дакументам пры ўмове, што Стэйн адмовiцца ад пасады дырэктара. Але яму пакуль не хацелася адкрываць свае карты. Стэйн мог занаравiцца.
      - Не думайце пра гэта, мiстэр Стэйн, адкладзем рашэнне на дзянёк-другi.
      - Ну добра. Але я ня ўпэўнены, цi будзе ў мяне час падумаць. Наколькi я ведаю сучасных дзяўчат, часу ў мяне не будзе. Сёння пасля полудня я сустракаю сваю пляменнiцу. Яна ехала з вамi ў адным цягнiку ад Кёльна. Гэта дачка бедалагi Пардаў, - весела сказаў Стэйн.
      Майет дастаў партабак i, пакуль выбiраў i падразаў цыгару, вырашыў, што яму рабiць далей. Ён ужо пачаў ставiцца з пагардай да Стэйна. Той быў занадта гаваркi i паведамляў шмат зусiм непатрэбнага. Не дзiва, што ў яго справы прыйшлi ў заняпад. Але адначасова няясная цяга Майета да пляменнiцы Стэйна ўзмацнiлася. Даведаўшыся, што яе мацi была жыдоўка, ён раптам адчуў у ёй свайго чалавека. Яна рабiлася больш зразумелая i даступная, i ён саромеўся таго, што мiнулым вечарам паводзiў сябе з ёю так нацягнена. Пасля вяртання з Субоцiцы яны павячэралi разам у вагоне-рэстаране, i ён увесь час намагаўся паводзiць сябе як мага больш натуральна.
      - О, я сустракаўся з мiс Пардаў у цягнiку. Яна зараз унiзе. Мы разам ехалi з вакзала, - павольна сказаў ён.
      Надышла чарга Стэйна абдумваць свае словы. Тое, што ён паведамляў, мела тайны сэнс.
      - Бедная дзяўчынка, у яе няма бацькоў. Мая жонка вырашыла, што мы павiнны запрасiць яе пажыць з намi. Я, прынамсi, яе апякун.
      Яны сядзелi насупраць, памiж iмi быў стол. На стале ляжала пагадненне, падпiсанае Экманам. Яны не звярталi на яго нiякай увагi: справа, здавалася, была адкладзена да лепшых часоў, але Стэйн i Майет усведамлялi, што iх спрэчка засталася незакончаная. Кожны здагадваўся пра думкi другога, але абодва выказвалiся намёкамi.
      - Ваша сястра, пэўна, была цудоўная жанчына.
      - Яна вельмi падобная на нашага бацьку. Нiводзiн з iх не прызнаваўся, што меў на ўвазе прыгажосць Джанет Пардаў. Нават пра яе дзеда i бабку нагадалi раней, чым пра яе.
      - Ваша сям'я з Лейпцыга? - спытаў Майет.
      - З Лейпцыга. Але мой бацька перавёў нашу справу сюды.
      - Вы лiчыце, што ён памылiўся?
      - Ну, паслухайце, мiстэр Майет, вы ўжо пазнаёмiлiся з лiчбамi. Справы нашы iдуць няблага. Але я хачу прадаць фiрму i пайсцi на спакой, пакуль яшчэ магу атрымаць хоць якiя асалоды жыцця.
      - Што вы маеце на ўвазе? Якiя асалоды? - з цiкаўнасцю спытаў Майет.
      - Ну, скажам, справы мяне зусiм не цiкавяць.
      - Вас не цiкавяць справы? - здзiўлена паўтарыў Майет.
      - Гольф i невялiчкi дамок за горадам - вось пра што я мару.
      Здзiўленне Майета мiнула, i ён iзноў заўважыў, што Стэйн расказвае занадта шмат пра сябе. Экспансiўнасць Стэйна была яму на руку, ён iзноў вярнуўся да пагаднення.
      - У такiм разе навошта вам заставацца дырэктарам? Думаю, што мы маглi б пагадзiцца з вамi наконт грошай, калi б вы адмовiлiся ад пасады дырэктара.
      - Мне ўсё адно, буду я дырэктарам цi не, - растлумачыў Стэйн, пыхкаючы люлькай у прамежках памiж фразамi i скоса пазiраючы на попел цыгары Майета, якi рабiўся ўсё даўжэйшы. - Але, ведаеце, дзеля захавання традыцыi мне хочацца, каб хто-небудзь з членаў маёй сям'i ўваходзiў у праўленне. - Ён доўга i шчыра хiхiкаў. - А ў мяне няма сына. Няма нават пляменнiка.
      - Вам трэба натхнiць на гэта вашу пляменнiцу, - задуменна сказаў Майет.
      Абодва засмяялiся, а потым спусцiлiся ўнiз. Джанет Пардаў нiдзе не было вiдно.
      - Мiс Пардаў пайшла? - спытаў ён у Калебджана.
      - Не, мiстэр Майет. Мiс Пардаў толькi што прайшла ў рэстаран з мiстэрам Сейвары.
      - Папрасiце iх пачакаць са снеданнем хвiлiн дваццаць, i мы з мiстэрам Стэйнам далучымся да iх.
      Яны крыху паспрачалiся пра тое, каму з iх першаму прайсцi ў дзверы: сяброўскiя адносiны памiж Майетам i Стэйнам хутка ўзмацнялiся.
      Калi яны селi ў таксi, каб паехаць на кватэру мiсiс Экман, Стэйн пачаў размову:
      - А гэты Сейвары, хто ён?
      - Пiсьменнiк.
      - Ён што, заляцаецца да Джэйн?
      - Не, проста сябра. Яны пазнаёмiлiся ў цягнiку. - Майет паклаў рукi на каленi i сядзеў моўчкi, сур'ёзна абдумваючы пытанне пра жанiцьбу. "Яна цудоўная, далiкатная, можа быць добрай гаспадыняй, яна напалову жыдоўка", думаў ён.
      - Я яе апякун, - працягваў Стэйн. - Можа, мне з iм пагаварыць.
      - Ён даволi заможны.
      - Так яно-то так, але ён пiсьменнiк. Мне гэта не падабаецца. Я б хацеў, каб яна выйшла замуж за чалавека, якi займае надзейнае месца ў свеце бiзнесу.
      - Здаецца, iх пазнаёмiла жанчына, з якой яна жыла ў Кёльне.
      - О, праўда. Яна сама зарабляе сабе на пражытак з таго часу, як памерлi яе няшчасныя бацькi, - збянтэжана сказаў Стэйн. - Я ў гэта не ўблытваўся. Гэта карысна дзяўчыне, але жонка вырашыла, што мы павiнны пазнаёмiцца з ёю блiжэй, i я запрасiў яе сюды. Падумалi, можа, мы знойдзем ёй лепшую працу i непадалёк ад нас.
      Яны аб'ехалi мiнiяцюрнага палiцэйскага, якi стаяў на скрынцы i рэгуляваў дарожны рух, i паднялiся на прыгорак. Унiзе, памiж высокiм непрыкметным жылым будынкам i тэлеграфным слупам купалы Блакiтнай мячэцi плавалi ў паветры, нiбыта гронка блакiтных мыльных бурбалак.
      Стэйн усё яшчэ пачуваў сябе крыху збянтэжаным.
      - Гэта карысна дзяўчыне, - паўтарыў ён. - А ў апошнiя гады фiрма забiрала ўвесь мой час. Але калi з гэтай здзелкай будзе пакончана, - весела дадаў ён, - я прызначу ёй якую-небудзь рэнту.
      Таксi заехала ў невялiчкi цёмны дворык, дзе стаяла адзiная урна пад смецце, але доўгая лесвiца, па якой яны паднялiся, асвятлялася вялiкiмi вокнамi, i ўвесь Стамбул быў у iх на далонi. Iм былi вiдаць сабор Святой Сафii, i Пажарная вежа, i доўгая паласа вады на захад ад Залатога Рога ў накiрунку да Эйюба.
      - Выдатнае месца. Лепшай кватэры ў Канстанцiнопалi не знойдзеш, сказаў Стэйн i нацiснуў кнопку званка.
      А Майет прыкiнуў, колькi яна каштуе i колькi iх фiрма выдаткоўвала на аплату гэтай кватэры.
      Дзверы адчынiлiся. Стэйн назваў сваё прозвiшча пакаёўцы, i яны пайшлi па светлым, абцягнутым панелямi калiдоры, якi злавiў у пастку сонца памiж вокнамi, нiбыта нейкага рыжага звярка.
      - Вы сябра сям'i?
      - Так. Мы з бедалагам Экманам у апошнi час былi ў самых блiзкiх адносiнах, - сказаў Стэйн, шырока расчыняючы дзверы ў вялiкую халодную гасцёўню, дзе раяль, букет кветак i некалькi металiчных крэслаў нiбыта плавалi ў вясеннiм бледнавата-жоўтым паветры.
      - Ну вось, Эма, я прывёў да вас мiстэра Карлтана Майета, ён хацеў наведаць вас.
      У пакоi не было цёмных куткоў, нiдзе нельга было схавацца ад патоку мяккага шчодрага сонечнага святла, i мiсiс Экман не знайшла нiчога лепшага, як схавацца за раялем, якi распасцёрся памiж iмi, нiбыта палiраваная падлога. Яна была маленькая, сiвая i модна апранутая, але яе адзенне не пасавала да яе выгляду. Яна нагадала Майету старую пакаёўку ў iх доме, якая даношвала старую сукенку, падараваную гаспадыняй. Пад пахай у яе было нейкае шытво. Яна тонкiм галаском павiтала гасцей, не зводзячы вачэй з таго месца, дзе стаяла, нiбыта не рашаючыся выйсцi на залiтую сонечным святлом падлогу.
      - Ну як, Эма, у вас ёсць якiя-небудзь звесткi пра мужа?
      - Не. Яшчэ не. Не, - адказала яна i дадала з бездапаможнай усмешкай: Ён так не любiць пiсаць.
      Яна прапанавала iм сесцi i пачала хаваць iголкi, нiткi, клубкi шэрсцi i абрэзкi фланелi ў вялiкi кошык пад шытво. Стэйн няўпэўнена паглядаў то на адно, то на другое металiчнае крэсла.
      - Не магу зразумець, навошта бедалага Экман панакупляў усёй гэтай дрэнi, - шапнуў ён Майету.
      - Вам не трэба хвалявацца, мiсiс Экман. Я перакананы, што сёння ваш муж дасць пра сябе вестку, - сказаў Майет.
      Яна спынiла складваць шытво i пачала сачыць за губамi Майета.
      - Праўда, Эма, як толькi бедалага Экман даведаецца, як добра мы паладзiлi з мiстэрам Майетам, ён паспяшаецца дадому.
      - О, хай сабе ён нават не прыходзiць сюды, - з адчаем прашаптала мiсiс Экман з свайго кутка, аддаленага ад блiскучай падлогi. - Я б сама паехала да яго куды заўгодна. Хiба гэта дом! - усхвалявана ўсклiкнула яна, махнуўшы рукой i згубiўшы iголку i два маленькiя гузiкi.
      - Так, я згодны, - заўважыў Стэйн i глыбока ўздыхнуў. - Не разумею, чаму вашаму мужу падабаецца ўся гэтая металiчная дрэнь. Па мне дык лепей купiць некалькi рэчаў з чырвонага дрэва i два крэслы, у якiх чалавек можа падрамаць.
      - Але ж у майго мужа добры густ, - з адчаем сказала мiсiс Экман. Яна пазiрала з-пад моднага капялюшыка, нiбыта мышка, якая заблудзiлася ў шафе.
      - Дык вось, я перакананы, вам не варта турбавацца пра мужа. Ён расхваляваўся з-за спраў - вось i ўсё. Няма нiякiх падстаў лiчыць, што ён... што з iм нешта здарылася благое, - нецярплiва ўмяшаўся Майет.
      Мiсiс Экман выслiзнула з-за раяля i прайшла па пакоi, ламаючы рукi.
      - Я баюся не гэтага, - сказала яна, стаўшы памiж iмi, а потым павярнулася i хутка пайшла назад у свой куток.
      Майет быў здзiўлены.
      - А чаго ж вы баiцеся?
      Яна пахiтала галавой, паказаўшы на светлы пакой з металiчнай мэбляй.
      - Мой муж такi сучасны, - сказала яна са страхам i гордасцю. Потым гордасць пакiнула яе, i, схаваўшы рукi ў кошык пад шытво, поўны гузiкаў i клубкоў шэрсцi, яна сказала: - Можа, ён проста мяне кiнуў.
      - Ну, i што вы на гэта скажаце? - спытаў Стэйн, калi яны спускалiся па лесвiцы.
      - Бедная жанчына.
      - Так, так, бедная жанчына, - паўтарыў Стэйн з шчырым хваляваннем i паднёс да вачэй насоўку.
      Яму хацелася есцi, але Майету трэба было нешта яшчэ зрабiць да снедання, а Стэйн хадзiў з iм паўсюль. Ён адчуваў, што ў кожным таксi, у якiм яны ехалi, iх блiзкасць узмацняецца, i зусiм незалежна ад iх планаў наконт Джанет Пардаў сяброўства з Майетам магло прынесцi Стэйну некалькi тысяч фунтаў у год. Таксi з грукатам спусцiлася па брукаванай вулiцы i выехала на забiты народам пляц каля галоўнага паштамта, а потым унiз па пагорку зноў да Галатэ i да докаў. Па бруднай лесвiцы яны паднялiся ў маленькую кантору, набiтую картатэкамi i папкамi для дакументаў, з адзiным акном, што выходзiла на глухую сцяну i параходную трубу, якая высоўвалася з-за гэтай сцяны. На падаконнiку ляжаў тоўсты слой пылу. У гэтым пакоi Экман вёў справы, у вынiку чаго з'явiлася яго вялiкая халодная гасцёўня. Гэта было падобна таму, як пажылая жыдоўка нараджае сваё апошняе дзiця, а з яго вырастае выдатны мастак. Вялiзны гадзiннiк, якi разам з пiсьмовым сталом займаў большую частку пакоя, прабiў двойчы, але Джойс быў ужо тут. Машынiстка схавалася ў нешта накшталт шафкi для захоўвання багажу ў глыбiнi пакоя.
      - Ёсць якiя весткi ад Экмана?
      - Нiякiх, сэр, - адказаў Джойс.
      Майет прагледзеў некалькi пiсьмаў, а потым пакiнуў Джойса, як вернага сабаку, прынюхвацца да пiсьмовага стала Экмана i да яго грахоў.
      - А цяпер паснедаем, - прапанаваў Майет. Стэйн аблiзаў губы. Прагаладалiся?
      - Я сёння вельмi рана снедаў, - адказаў Стэйн без папроку ў голасе.
      Аднак Джанет Пардаў i Сейвары iх не дачакалiся. Яны ўжо пiлi каву з лiкёрам у выкладзеным плiткамi рэстаране, калi тыя далучылiся да iх i пачалi гучна радавацца, што Майет i пляменнiца Стэйна сустрэлiся ў цягнiку i пасябравалi. Джанет Пардаў нiчога не сказала, яна толькi паглядзела скоса на Стэйна i ўсмiхнулася Майету. Яму здалося, што яна хацела сказаць: "Як мала ён пра нас ведае", i ён усмiхнуўся ёй у адказ, першы чым успомнiў, што ведаць асаблiва i няма чаго.
      - Значыць, вы двое ехалi адной кампанiяй ад самога Кёльна? - сказаў Стэйн.
      - Ну, я думаю, што ваша пляменнiца больш сустракалася са мною, умяшаўся ў размову мiстэр Сейвары.
      Але Стэйн гаварыў сваё, не зважаючы на яго.
      - Добра пазнаёмiлiся памiж сабой, га?
      Джанет Пардаў злёгку раскрыла мякка акрэсленыя вусны i цiхенька сказала:
      - О, у мiстэра Майета была там другая сяброўка, ён ведаў яе лепей за мяне.
      Майет адвярнуўся, каб заказаць снеданне, а калi зноў пачаў услухоўвацца ў яе словы, яна гаварыла з цудоўнымi пяшчотнымi хiтрыкамi:
      - О, ведаеце, яна была яго палюбоўнiцай.
      Стэйн лагодна засмяяўся:
      - Глядзiце, якi гарэза. Гляньце на яго, ён нават пачырванеў.
      - Уявiце сабе, яна ад яго збегла, - кпiла Джанет Пардаў з Майета.
      - Збегла? Хiба ён яе бiў?
      - Ну, калi вы ў яго спытаеце, ён паспрабуе ахутаць усё тайнай. Калi паравоз зламаўся, ён паехаў на машыне назад да Субоцiцы, каб яе знайсцi. Яго вельмi доўга не было. А з якой таемнасцю распавядаў пра свае прыгоды! Ён дапамог нейкаму чалавеку ўцячы ад мытнiкаў.
      - Ну, а дзяўчына? - спытаў Стэйн, дураслiва паглядаючы ў бок Майета.
      - Сапраўды, я адчуваю сябе няёмка з-за гэтага, - пагадзiўся Майет. Патэлефаную консулу ў Белград.
      - Тэлефануйце лепей сваёй бабулi! - весела ўсклiкнуў мiстэр Сейвары i трывожна паглядзеў на таго i на другога.
      Ён меў такую звычку: калi ён поўнасцю давяраў сваiм субяседнiкам, то дазваляў сабе якi-небудзь прастамоўны выраз - у мiнулым яму гэта дапамагала за прылаўкам крамы i сярод прыказчыкаў. Яму дагэтуль часам было прыемна адчуваць, што ён - знакамiты пiсьменнiк, што жыве ў лепшых гатэлях, гаворыць як роўня з людзьмi, з якiмi некалi не асмельваўся нават загаварыць, хiба што цераз рулоны баўны цi груды абгортачнай паперы. Важныя дамы, што запрашалi яго на лiтаратурныя вечары, захаплялiся гэтай яго манерай выказвацца. Якi сэнс быў строiць з сябе пiсьменнiка, якi ўзвысiўся ад гандлёвага прылаўка, калi не захаваць ледзь прыкметных рысаў характару сваiх продкаў, не нагадаць, што некалi праводзiў распрадажы?
      Стэйн сярдзiта глянуў на яго.
      - Думаю, што вы зусiм правiльна зробiце, - сказаў ён Майету.
      Сейвары збянтэжыўся. Гэтыя людзi належалi да той меншасцi, якая нiколi не чытала яго кнiг, не ведала, што ён прэтэндуе на ўвагу да сваёй асобы. Яны проста палiчылi яго вульгарным. Ён сеў глыбей у сваiм крэсле i спытаў у Джанет Пардаў:
      - А доктар? Хiба ваша сяброўка не цiкавiлася доктарам?
      Аднак Джанет заўважыла, што астатнiя ставяцца да яго зняважлiва, i не захацела згадваць тую доўгую сумную гiсторыю, якую ёй расказала мiсiс Уорэн. Яна рэзка яго абарвала:
      - Я не магу ўспомнiць усiх, кiм цiкавiлася Мейбл. Нiчога не памятаю пра гэтага доктара.
      Стэйн быў толькi супраць вульгарных выразаў мiстэра Сейвары. Яму вельмi спадабалася лёгкая, у рамках прыстойнасцi, балбатня пра нейкую дзяўчыну. Яна ўмацоўвала важную для яго дружбу з Майетам. Калi падалi першую страву, ён вярнуўся да гэтай размовы:
      - А зараз раскажыце болей падрабязна пра тую, што захапiла ў палон сэрца Майета.
      - Яна даволi мiленькая, - сказала Джанет Пардаў, спрабуючы быць велiкадушнай.
      Сейвары глянуў на Майета, цi не пакрыўдзiўся той. Але Майет быў надта галодны, ён з асалодай еў сваё позняе снеданне.
      - Яна танцуе на сцэне, здаецца? - спытаў яго Стэйн.
      - Так. У вар'етэ.
      - Я ж казала, што яна з вар'етэ, - заўважыла Джанет Пардаў. - Крыху праставатая. Вы яе i раней ведалi?
      - Не, не, - паспешна адказаў Майет. - Чыста выпадковая сустрэча.
      - Такое часта здараецца ў дальнiх цягнiках! - з палёгкай усклiкнуў Стэйн. - А колькi яна вам каштавала?
      Ён злавiў погляд пляменнiцы i падмiргнуў ёй. Калi яна ў адказ усмiхнулася яму, ён узрадаваўся. Як было б сумна, калi б яна была адной з тых старамодных дзяўчат, пры якiх нельга гаварыць усё, што хочаш. Болей за ўсё яму падабалiся лёгкiя непрыстойнасцi ў прысутнасцi жанчын, аднак, вядома, пры ўмове, каб гэта ўсё не выходзiла за пэўныя рамкi. Ён незадаволена глянуў на мiстэра Сейвары.
      - Дзесяць фунтаў, - сказаў Майет, кiўнуўшы афiцыянту.
      - Ох, напрамiлы бог, як дорага! - усклiкнула Джанет Пардаў i з павагай паглядзела на яго.
      - Я пажартаваў, - сказаў Майет. - Я не даваў ёй нiякiх грошай. Проста купiў ёй бiлет. Дый наогул мы проста пасябравалi. Яна вельмi добры чалавек.
      - Ха-ха, - засмяяўся Стэйн.
      Майет асушыў свой келiх. Па блакiтных плiтках да iх наблiжаўся афiцыянт, якi кацiў перад сабой столiк на калёсiках.
      Майет адчуваў сапраўдную асалоду ад натуральнай вольнай бесцырымоннай атмасферы i лёгкага паху розных страў. У адной з суседнiх залаў iгралi канцэрт Рахманiнава. Можна было ўявiць, што ты ў Лондане. Гукi музыкi навявалi ўспамiны: людзi высоўвалiся з вокнаў цягнiка, злосна кпiлi са скрыпача, гаварылi памiж сабой.
      - Яна закахалася ў мяне.
      Ён нiколi не думаў, што вымавiць гэтыя словы ўголас у гэтым пустым блакiтным рэстаране, ён быў крыху збянтэжаны i злёгку ўзрушаны, калi зразумеў, што вымавiў iх уголас. Гэтыя словы прагучалi недарэчна, а ён зусiм не хацеў выхваляцца, дый чым тут асаблiва выхваляцца, калi цябе пакахала дзяўчына з вар'етэ. Ён пачырванеў, калi ўсе пачалi з яго кпiць.
      - Ах, ужо гэтыя дзяўчаты, - сказаў Стэйн, пакруцiўшы галавой. Ведаюць, як акруцiць мужчыну. Гэта ўсё чароўнасць сцэны. Памятаю, калi я быў малады, часамi прастойваў каля артыстычнага пад'езда, каб толькi ўбачыць якую-небудзь распуснiцу з кардэбалета. Шакалад. Вячэры. - Ён на iмгненне прыпынiўся, убачыўшы добры кавалак дзiкай качкi ў сябе на талерцы. А потым дадаў: - Агнi Лондана.
      - Калi ўжо размова пайшла пра тэатр, Джанет, я запрашаю вас сёння вечарам схадзiць са мной куды-небудзь, - сказаў Майет.
      Ён назваў яе па iмi, адчуваючы сябе з ёй вольна, калi даведаўся, што мацi ў яе жыдоўка, а дзядзька ў яго ўладзе.
      - Пайшла б з радасцю, але я ўжо абяцала мiстэру Сейвары паабедаць з iм.
      - Мы маглi б пайсцi ў начное кабарэ.
      Але ён не збiраўся дазволiць ёй абедаць з мiстэрам Сейвары. Цэлы дзень ён быў заняты справамi i не змог пабыць з ёю. Яму давялося правесцi ў канторы шмат гадзiн, разблытваючы ўсе справы, якiя Экман так адмыслова заблытаў. Дый яшчэ трэба было зрабiць пэўныя вiзiты. А палове чацвёртай, праязджаючы на машыне цераз iпадром, ён убачыў, як акружаны дзецьмi мiстэр Сейвары фатаграфуе, ён рабiў здымкi хутка, паспеў тры разы нацiснуць грушу, пакуль таксi праязджала мiма, i кожны раз дзецi здзекавалiся з яго. Толькi а палове сёмай Майет вярнуўся ў гатэль.
      - Мiс Пардаў у сябе, Калебджан?
      Калебджан ведаў усё, што адбываецца ў гатэлi. Яго поўная дасведчанасць тлумачылася толькi яго няўрымслiвасцю: ён раптам ныраў кудысьцi з парожняга хола, з шумам насiўся ўверх i ўнiз па лесвiцах, пранiкаў у самыя дальнiя гасцёўнi, а потым вяртаўся да сваёй канторкi i гультайнiчаў, зацiснуўшы рукi памiж каленямi.
      - Мiс Пардаў пераапранаецца да абеду, мiстэр Карлтан Майет.
      Аднойчы, калi адзiн з членаў урада пасялiўся ў гатэлi, Калебджан здзiвiў пунктуальнага супрацоўнiка брытанскай амбасады, калi той тэлефанаваў: "Яго правасхадзiцельства ў туалеце. Але ён будзе там не болей трох хвiлiн". Калебджан трушком бегаў па калiдорах, падслухоўваў каля дзвярэй ванных, потым вяртаўся да сваёй канторкi, дзе знемагаў без справы i займаўся толькi тым, што раскладваў па палiцах у сваёй галаве крохi атрыманых звестак. У гэтым быў сэнс жыцця Калебджана.
      Майет пагрукаў у дзверы нумара Джанет Пардаў.
      - Хто там?
      - Можна зайсцi?
      - Заходзьце. Не зачынена.
      Джанет Пардаў амаль закончыла апранацца. Яе вячэрняе плацце ляжала ўпоперак ложка, а сама яна сядзела перад люстрам i пудрыла сабе рукi.
      - Вы што, на самой справе збiраецеся абедаць з мiстэрам Сейвары?
      - Я ж абяцала яму!
      - Мы маглi б паабедаць у "Пера-паласе", а потым пайсцi ў "Пцi Шан".
      - Вось было б цудоўна! - сказала Джанет Пардаў i пачала фарбаваць вейкi.
      - Хто гэта? - Майет паказаў на вялiкую фатаграфiю ў складанай рамцы: жанчына з квадратным тварам. Валасы крута завiтыя, фатограф спрабаваў зарэтушаваць рэзкiя абрысы яе падбародка.
      - Гэта Мейбл. Яна ехала са мной у цягнiку да Вены.
      - Здаецца, я яе там не бачыў.
      - Цяпер у яе кароткая стрыжка. Гэта старая фатаграфiя. Мейбл не любiць здымацца.
      - Яна выглядае змрочнай.
      - Я паставiла тут яе фота на выпадак, калi буду сябе паводзiць блага. Яна пiша вершы. На другiм баку напiсаны вершы, прысвечаныя мне. Па-мойму, неблагiя. Я нiчога не разумею ў паэзii.
      - Можна мне прачытаць?
      - Калi ласка. Вас, пэўна, пазабавiць, што нехта прысвячае мне вершы. Джанет Пардаў паглядзелася ў люстра.
      Майет перавярнуў фатаграфiю i прачытаў:
      Стройная, сцiплая, але, як вада, халодная
      I недасягальная, хоць i чароўная,
      Русалка, ведаю тваю я бяду:
      Iмкнешся ты ў мора, а жывеш у стаўку.
      Тут затхлы вiр, ды крышку пацярпi,
      Ты хутка будзеш у шырокiм вольным моры.
      - Верш нерыфмаваны. Цi з рыфмамi? А ўсё-такi, пра што гэты верш?
      - Я думаю, што гэта камплiмент, - адказала Джанет Пардаў, палiруючы пазногцi.
      Майет прысеў ускрай ложка i пачаў разглядаць Джанет. "Што б яна рабiла, калi б я паспрабаваў яе спакусiць?" - падумаў ён. Адказ ён ведаў: яна б засмяялася. Смех - лепшая зброя нявiнных дзяўчат.
      - Вы не пойдзеце абедаць з мiстэрам Сейвары? У мяне такiя людзi выклiкаюць агiду. Выскачка з-пад прылаўка.
      - Любы, я ж яму паабяцала. I апроч таго, ён генiй.
      - Вы зараз спусцiцеся са мной унiз, хутка сядзеце ў таксi, i мы паедзем абедаць у "Пера-Палас".
      - Бедалага, ён мне нiколi не даруе гэтага. А было б забаўна.
      "Вось так яно будзе лепей, - падумаў Майет, папраўляючы чорны гальштук. - Зараз усё так проста, калi я ведаю, што ў яе мацi жыдоўка". Было так лёгка размаўляць з ёю за абедам i весцi яе пад руку, калi яны iшлi пешкi ад "Пера-Палас" да "Пцi Шан" каля ангельскай амбасады. Ноч была цёплая, вецер сцiх. Усе столiкi ў садзе былi занятыя. Субоцiца зрабiлася яшчэ болей нерэальная, калi ён нагадаў, як снег бiў яму ў твар. На сцэне францужанка ў смокiнгу важна хадзiла з ляскай пад пахай i спявала песеньку пра "маю цётачку" - дзякуючы Спiнелi гэтая песенька зрабiлася папулярная ў Парыжы гадоў пяць таму. Туркi смяялiся i лапаталi, як гарластыя хатнiя птушкi, пацягваючы каву i кiваючы маленькiмi, нiбыта пакрытымi пер'ем галовамi, а iх жонкi, з азызлымi, тупаватымi тварамi, толькi нядаўна вызваленымi ад чадры, сядзелi i моўчкi пазiралi на спявачку. Майет i Джанет Пардаў iшлi ўздоўж саду, шукаючы свабодны столiк, пакуль францужанка пранiзлiва крычала, смяялася i скакала, аднак яе непрыстойныя жарты не знаходзiлi водгуку ў абыякавых i невясёлых гледачоў. Пера крута спускалася ўнiз, каля iх ног агнi рыбацкiх лодак на Залатым Рагу ўспыхвалi, як кiшэнныя лiхтарыкi. Вакол сноўдалiся афiцыянты, разносячы каву.
      - Наўрад цi знойдзем столiк. Давядзецца пайсцi ўсярэдзiну тэатра.
      Нейкi таўстун памахаў iм рукой i ўсмiхнуўся.
      - Вы яго ведаеце?
      Майет крыху павагаўся i потым адказаў:
      - Здаецца, ведаю... Яго прозвiшча Грунлiх.
      Ён ясна бачыў гэтага чалавека толькi двойчы: адзiн раз, калi той садзiўся ў машыну, i другi раз, калi ён вылазiў з яе, каб перасесцi ў цягнiк, што стаяў на станцыi. Яго ўспамiны пра гэтага чалавека былi цьмяныя, здавалася, што некалi ён ведаў яго блiжэй, але гэта было даўно i ў нейкай iншай краiне. Ледзь яны мiнулi яго столiк, Майет адразу ж забыўся пра яго.
      - Вунь свабодны столiк.
      Пад сталом iх ногi дакранулiся. Францужанка, вiхляючы клубамi, знiкла, а з-за кулiс на сцэну колам пракацiўся мужчына. Ён падняўся на ногi, зняў брыль i сказаў нешта па-турэцку, i ўсе засмяялiся:
      - Што ён сказаў?
      - Я не пачуў.
      Мужчына кiнуў у паветра брыль, злавiў яго, сагнуўшыся амаль удвая, i выкрыкнуў адно толькi слова. Усе туркi зарагаталi, i нават iх жонкi з азызлымi тварамi ўсмiхнулiся.
      - Што ён сказаў?
      - Гэта, мабыць, на дыялекце. Я не зразумеў.
      - Мне зараз хочацца чаго-небудзь кранальнага. Занадта шмат выпiла за абедам i зрабiлася сентыментальнаю.
      - Тут добрая ежа, праўда? - з гордасцю сказаў Майет.
      - Чаму вы не знялi нумар тут? Кажуць, гэта лепшы гатэль.
      - Ну, ведаеце, наш таксама неблагi, i мне падабаецца Калебджан. Ён заўсёды ўздзейнiчае на мяне, як заспакаяльнае.
      - Але ж усё-такi тут лепшая публiка...
      На сцэне танцавала група дзяўчат у шортах i ў гвардзейскiх шапках. На шыях у iх вiселi свiсткi, аднак туркi за столiкамi не зразумелi сэнсу гэтага вiдовiшча - iм было нязвыкла бачыць гвардзейцаў у шортах.
      - Думаю, што гэта ангельскiя дзяўчаты, - сказаў Майет i раптам нахiлiўся наперад.
      - Вы знаёмы з кiм-небудзь з iх?
      - Я думаў... спадзяваўся... - Але ён, прынамсi, спалохаўся, калi з'явiлiся "Дзяўчаты Дана". Корал не гаварыла яму, што збiраецца танцаваць у "Пцi Шан", аднак хутчэй за ўсё яна яшчэ i сама гэтага не ведала. Ён нагадаў, як яна, набраўшыся храбрасцi, углядалася ў поўную розных гукаў цемру.
      - Мне падабаецца "Пера-Палас".
      - Мне давялося неяк тут жыць, але са мной здарылася адна непрыемнасць, таму я тут не жыву болей.
      - Скажыце мне, якая непрыемнасць. Ну, не ламайцеся, раскажыце.
      - Дык вось. Слухайце. Са мной была сяброўка. Здавалася, вельмi мiлая iстота.
      - З вар'етэ?
      "Дзяўчаты Дана" заспявалi:
      Сэрца палае, калi малады,
      I не баiшся нiякай бяды.
      - "Iдзiце сюды, да нас", - спявалi "Дзяўчаты Дана". Некалькi ангельскiх маракоў, якiя сядзелi ў канцы залы, запляскалi ў далонi i закрычалi:
      - Пачакайце нас. Мы iдзём.
      Адзiн марак i праўда пачаў прабiрацца памiж столiкамi да сцэны:
      Як у цябе жыццё?
      Скажы ты чэсна.
      У гатэлi ты адзiн,
      А нумар твой двухмесны.
      Марак упаў на спiну, i ўсе засмяялiся: ён быў зусiм п'яны.
      - Гэта было жахлiва, - працягваў расказваць Майет. - Яна раптам звар'яцела каля дзвюх гадзiн ночы. Крычала i бiла ўсё наўкол. Начны парцье падняўся наверх, i ўсе пастаяльцы павыходзiлi на калiдор. Яны падумалi: я зрабiў з ёй нешта благое.
      - А што вы зрабiлi?
      - Нiчога. Я моцна спаў. Гэта выглядала жахлiва. З таго часу я нават на адну ноч не магу заставацца тут.
      - "Iдзiце сюды. Iдзiце сюды".
      - Якая яна была з сябе?
      - Я нiчога пра яе не памятаю.
      - Вы не ўяўляеце, як мне абрыдла жыць з жанчынай, - цiха сказала Джанет Пардаў.
      Iх рукi выпадкова сустрэлiся на стале i так i засталiся побач. Праекцыйныя лiхтарыкi, якiя вiселi ў кустах, адбiвалiся ў яе каралях. У самым канцы саду, за яе плячыма, Майет убачыў Стэйна, якi прабiраўся памiж столiкамi з люлькай у руцэ. Гэта была масiраваная атака. Яму трэба было б толькi нахiлiцца да яе i зрабiць ёй прапанову, i тады будзе ўладкавана не толькi яго сямейнае жыццё, але i нешта большае: ён купiць фiрму Стэйна за прапанаваную iм цану, i той будзе цалкам задаволены, - бо яго пляменнiца будзе членам праўлення. Стэйн падышоў блiжэй i памахаў яму люлькай: яму давялося абысцi п'янiцу, якi валяўся на зямлi, i ў час гэтай перадышкi ў Майета не ўзнiкла нiякай iншай думкi, якая б пярэчыла яго будучаму сямейнаму шчасцю. Ён згадаў Корал i iх нечаканую дзiвосную сустрэчу: тады ён не думаў, што ўсё гэта так звыкла, як дым цыгарэты, але яе твар ён памятаў цьмяна, магчыма, таму што ў цягнiку было амаль цёмна. Яна была бландзiнка, яна была тоненькая, але ён не мог успомнiць рысаў яе твару. "Я зрабiў для яе ўсё, што змог, - запэўнiваў ён сябе, - i, прынамсi, мы ўсё адно рассталiся б праз некалькi тыдняў. А мне ўжо час заводзiць сям'ю".
      Стэйн iзноў памахаў люлькай, а "Дзяўчаты Дана" тупнулi ножкамi i засвiсталi ў свiсткi.
      Памятаю, на вакзале
      Мы нашу цётку сустракалi.
      Фью, фью, фью.
      - Не вяртайся да яе. Застанься са мной, - сказаў Майет.
      Падышоў экспрэс Стамбульскi,
      Нам насустрач брылi, блузкi.
      Фью, фью, фью.
      Яна кiўнула галавой, i рукi iх з'ядналiся. "Цiкава, кантракт ужо ў кiшэнi ў Стэйна?" - падумаў Манет.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15