Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Акула К. / Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке) - Чтение (стр. 25)
Автор: Акула К.
Жанр: Отечественная проза

 

 


      - А што?
      - А тое, што бальшавiкi, паколькi нам ведама, усiх мужчын, ад дзяцей аж да старых, як мятлой падмятаюць. Даёш Бярлiн! Разумееце? Усiх у войска. Каму дадуць стрэльбу, а каму не, але забудзьцеся як звалi. Дык з гэтага вынiкае...
      - Што трэба выратаваць як найбольш сваiх людзей? А таму добра падумаць як...
      - Зусiм слушна, - згадзiўся Князь. - Ясна, што ўсе нашы людзi, якiя служылi ў палiцыi, нiдзе ня скрыюцца, толькi ў лясох. Да iх далучацца iншыя, навет i Немцы. Мы зробiм памылку, калi будзем цяпер намагацца ўсё прадбачыць. Гэта немагчыма. Адно, што галоўнае маем зрабiць, дык гэта трымаць сувязь, арганiзаваць акцыi, выбар аб'ектаў. Больш пра такi практычны бок я ня буду вам расказваць. Кастусь пра гэта добра паiнфармаваны. Важнае ёсьць пытаньне бясьпекi. Бальшавiцкая разьведка будзе старацца закаранiцца ў нашых шэрагах. Таму нагляд за бясьпекай трэба аддаць у рукi надта кемлiвых людзей i варта, за ўсякую цану, мець сваiх людзей у бальшавiцкiх так званых ворганах. Разумееце? Падчас змаганьня будуць паўставаць розныя праблемы, каторыя будзем паступова вырашаць. Галоўны нацiск класьцi на адданых iнiцыятыўных, ахвярных людзей. Вайна можа працягнуцца яшчэ год, а мы можам i мусiм глядзець далей у будучыню. Але я цяпер, з вашым дазволам, зраблю такую цывiльную прапанову: давайце вып'ем яшчэ па чарцы. Можаце?
      Антось кiўнуў галавой, а Янук сядзеў, задуманы.
      - А ты, Янук? - спытаў яго Князь.
      - Калi ласка.
      Гаспадар налiў. Выпiлi й закусвалi.
      - Прабач, Янук, - зьвярнуўся да яго Князь, - я ў цябе нi спытаўся, цi ня хочаш пайсьцi на захад. Думаў пра гэта?
      Янук адказаў не адразу.
      - Ня ведаю. Я прыабяцаў жонцы, што-б нi было...
      - Ён толькi што ажанiўся, - сказаў Антось.
      - Праўда? То вiншую, - сказаў Князь.
      - Дзякую.
      - А хто твая жонка?
      - Настаўнiца з нашай вёскi.
      - Дык добра. Жадаю вам, маладым, шчасьця. А яна палiтычна надзейная?
      - Так, зусiм, - сказаў без запыну Янук, хоць меў адносна Дунiнай "палiтыкi" пэўныя засьцярогi.
      - Добра, я буду прадаўжаць, - гаварыў Князь. - Хоць мы ў асноўным будзем палягаць на свае сiлы, усё-ж спадзяёмся, што праз нашых людзей удасца нам навязаць сувязь з заходнiмi дзяржавамi й здабыць помач. Яна будзе неабходнай у часе наступнай вайны хаўрусьнiкаў iз Савецкiм Саюзам. Такая вайна, рана цi позна, але будзе. Для нас яна чым раней тым лепш. Мы будзем старацца мець заплечча, сяброў, дапамогу з захаду. Вы самi ведаеце гiсторыю першай вайны й яе насьледкi. Польшча здабыла дзяржаву, бо мела помач ад Францыi, а мы й Украiнцы, што такой помачы ня мелi, свае дзяржавы страцiлi. Цяпер мусiм спрычынiцца, каб гэта не паўтарылася. Нашы людзi, што апынуцца на захадзе, навяжуць патрэбныя сувязi. У выпадку вайны заходнiя дзяржавы, пэўне-ж, будуць разьлiчваць, што паняволеныя народы, у тым лiку й Беларусы, будуць iм памагаць. Мы iм патрэбныя ня менш, чым яны нам, каб Маскву на лапаткi палажыць. Iншыя нашы хаўрусьнiкi ў змаганьнi, зь якiмi будзем мець лучнасьць, - мы яе фактычна ўжо маем, - гэта нашы суседзi, як Украiнцы, балтыцкiя народы, Палякi, ды, калi будуць, незалежнiкi Расейцы, якiя, само сабой зразумела, адракуцца ўсялякiх прэтэнзiяў да нашых земляў. Толькi супольнымi сiламi зможам перамагчы. З Палякамi будзе цяжэй, бо я, у прыватнасьцi, ня думаю, што яны адракуцца "ўсходнiх крэсаў". Як-бы там нi было, бээнпэ цяпер трымаецца i ў будучынi будзе трымацца такога прынцыпу: не абагульняем усiх Палякаў, а мiж iх разрозьнiваем сваiх ворагаў i прыяцеляў. Разумеем, што яны апынуцца ў такiм становiшчы, як i мы, дык мусiм сабе ўзаемна памагаць. Некалi-ж разам, - помнiце? - наш Калiноўскi i ягоныя паўстанцы змагалiся побач з Палякамi супраць агульнага ворага. Мы мусiм адрозьнiваць людзей, асобныя партыi й групы й ня браць усiх пад агульны назоўнiк. Палякi нам вялiкую шкоду падчас акупацыi мiж войнамi й цяпер падчас нямецкае акупацыi зрабiлi, але яны будуць лiчыцца з намi, калi пабачаць нашу стойкасьць, вытрываласьць, ахвярнасьць, а з гэтага нашага боку хопiць. Дык наша палiтыка павiнна палягаць ма талеранцыi да суседзяў, зь якiмi Бог нас побач разьмясьцiю. Зразумела, калi ходзiць пра давер да iх, дык гэта справа iншага характару. У нашым змаганьнi вялiкую ўвагу будзем даваць прапагандзе, пераважна друкаванай. Гэта для вас, спадзяюся, зусiм зразумела. Ты, Антось, прабач, што адразу мне вылецела з памяцi: дазволь павiншаваць з тваiмi выдатнымi баявымi заслугамi. Многа чаго добрага давялося чуць пра цябе.
      Аўген Князь падаў Дзеркачу руку.
      - Дзякую, - адказаў Антось.
      - Значыцца да гэтага часу, - прадаўжаў Князь, - я ў вельмi агульных словах сказаў пра нашых хаўрусьнiкаў; тых, што маем i тых, што мець можам i будзем. Я выразiў надзею, што будзе вайна мiж захаднiм вольным сьветам i Масквою. Гэтага мы можам быць пэўныя. Цяпер пытаньне, магчыма, не апошняй важнасьцi: калi яно будзе? Сам Бог ведае. Усё-ж мы перш за ўсё людзi й калi плянуем вялiкую дарогу, дык прыблiзна аблiчаем час калi скончым вандроўку. I тут наш чыста людзкi элемэнт падказвае наступнае пытаньне: а што, калi гэтай вайны, якую мусiм выкарыстаць скора ня будзе? Што, калi яна будзе за трыццаць цi сорак гадоў? Што маем рабiць? Складаць зброю? Колькi мы можам, палягаючы галоўна на свае сiлы, вытрымаць у няроўным змаганьнi? А што яно будзе няроўнае, хiба-ж ясна. На гэта ўсё цяжка адказаць. Цяпер у нас iншага выхаду няма, а час пакажа што маем рабiць, прынамсi тыя з нас, што выжывуць... Я гавару да вас, як бачыце, зусiм шчыра, бо ведаю што вы ня лыкам шытыя... Скажу пра нашу цяперашнюю сытуацыю. Сiлы ў нас немалыя, арганiзацыя працуе, мэтады й сродкi ворага знаем навылёт. Сувязi з суседзямi маем. Сiлы нашы растуць i яшчэ павялiчацца ў змаганьнi...
      Янук глядзеў на белабрысага чалавека, слухаў яго цiхiя словы, зьмест якiх здаваўся зусiм нярэальным. Гэты-ж чалавек гаварыў пра будучыню, якая вось неўзабаве мае распачацца. У гэтым, хутка адрамантаваным менскiм памешканьнi Янук сустрэў прадказьнiка свайго лёсу. Так, накш быць не магло. Ужо ўсё было пастаноўлена лёсам. Толькi як будзе з Дуняй? Цi яна возьме зброю й пойдзе зь iм у лес? Жончына месца з мужам. Гэта ясна. Але трэба ей усё вытлумачыць. Янук зноў прыслухаўся да Князя.
      - ...ён добра ведае. Таму абавязкова спытайцеся Кастуся пра ўсе практычныя рэчы. Думаю, што ты, Антось, маеш больш набiтую руку ў змаганьнi iз зброяй, дык арганiзуй лясьнiкоў. Я так называю нашых змагароў зь лясоў, якiх будзе шмат зьвёнаў. Я наўмысна ня ўжываю абрыдзелых маскоўскiх тэрмiнаў. Кастусь вам падкажа сувязь зь iншымi зьвёнамi. Мы наўмысна трымаем людзей у вузкiх колах знаёмства з бээнпэ, каб забясьпечыцца на выпадак здрады... А здраднiкi, бязумоўна, будуць.
      - Групу людзей я маю, - сказаў Дзяркач.
      - Вось пра гэта я якраз i думаў, - прадаўжаў Князь. - Варта, ды проста неабходна вам будзе прызвычаiцца да новых абставiнаў. Галоўнае - сувязь. Усюды, дзе магчыма, мусiце мець свае вочы й вушы. А ў першую чаргу, пакуль маскоўская мятла падмяце нашых мужчын на гарматнае мяса, трэба ўцягнуць да сябе найбольш людзей. Усё-ж галоўнае - мерка. Бяручы на ўвагу галоўнае й першае нашае заданьне, - паралiжаваньне бальшавiцкага гаспадарча-адмiнiстрацыйнага апарату, - трэба, каб зьвёны былi рухлiвымi, маглi скора перакiдацца ў патрэбныя месцы. Не гавару аб спэцыяльных адзiнках, якiя будуць лiквiдаваць прыслужнiкаў акупацыйнага апарату. Цiвуноў трэба будзе лiквiдаваць на iхных пастох, а дзе ўдасца, там забiраць у палон i няхай iх судзiць народ. Трэба будзе пазьбягаць сутычак зь вялiкiмi карнымi адзьдзеламi працiўнiка. Галоўнае, - паралiжаваць iхную сувязь ды лiквiдаваць людзей, на якiх яны будуць абапiраць сваю прыгонную ўладу. Як бачыце, поле дзейнасьцi надзвычайна шырокае. Мяркую, што маеце пытаньнi?
      - Што рабiць, - пытаўся Янук, - калi яны, прыкладна, даведаюцца што я й мая Дуня будзем у лясьнiкох? Пачнуцца рэпрэсii згодна iхнага прынцыпу масавае адказнасьцi. Калi яны забяруць у арышт майго бацьку бацьку й брата й скажуць, што калi я ня здамся то вышлюць iх на Сiбiр цi расстраляюць. Тады што рабiць?
      Князь адказаў не адразу. Ён доўга i ўважна паглядзеў Януку ў вочы.
      - Прынцып агульнай адказнасьцi, якi Сталiн заўсёды ўжываў, астаецца ў iх у сiле. Цяжкая сытуацыя. Мы пра гэта многа думалi. Прыйшлi да выснаву, што яны нiколi ня трымаюць свайго слова. Значыцца, калi-б тваiх родных забралi ды абяцалi, што iх выпусьцяць, як ты зброю зложаш, у такой сытуацыi, - i гэта напэўна, - здаваць зброi i йсьцi да iх ня трэба, бо яны нiколi свайго слова не датрымаюць. Ты, Янук, хлапец кемлiвы, гэта разумееш.
      - Дык што рабiць?
      - На гэта пытаньне, Янук, сам знойдзеш адказ.
      Бахмач стараўся ўявiць сабе пэўную сытуацыю й жахнуўся. Цi ён ня можа стацца забойцам бацькi й брата? Цi Дуня ня можа спрычынiцца да няшчасьця свае маткi й сястры? Так, Янук ведаў адказ. Iншага выхаду ня было.
      - На гэтым, - сказаў Князь, - буду й канчаць. Яшчэ маю да вас пытаньне: ты, Антось, маеш зброю?
      - Маю, - усьмiхнуўся Дзяркач.
      - А ты, Янук?
      Януку падабалася гэна "ты". Чалавек гэты, як-бы ён нi называўся, Князь магло быць кансьпiратыўнай мянушкай, - вельмi яму спадабаўся. Вiдаць, што добра ведаў сваю справу й калi ў цантральным камiтэце Беларускай Незалежнiцкай Партыi iншыя сябры падобныя на яго, дык беларуская справа ў добрых руках. Прынамсi так думаў Бахмач.
      - Не, я не маю, - адказаў.
      - Дык я табе дам вось гэту маленькую цацу на ўсялякi выпадак i няхай яна табе паможа калi трэба будзе.
      Князь вынуў зь кiшэнi й палажыў на стале малы чорны Вальтэр. Янук ня верыў сваiм вачом. Мусiць у гэтага чалавека было ўсё прадумана.
      - Вазьмi, - сказаў Князь. - Ведаеш, як яго ўжываць?
      - Дзякую, спадар Князь. Але як ужываць ня ведаю.
      - Антось, пакажы яму.
      Дзяркач выняў зь пiсталету магазын, а адтуль патроны, нанава заладаваў iх i паказаў Януку як цэлiцца.
      - Як вiдзiш, надта проста, - сказаў.
      Князь пайшоў за занавеску, дзе стаяла ложка й вярнуўся з каробкай у руцэ.
      - Без амунiцыi пiсталёт мёртвая рэч. Дык вось тут маеш на запас. Вазьмi, схавай усё гэта ў кiшэнi, каб ня вiдаць было. Мог-бы я табе дастаць праз нашу арганiзацыю нямецкую пасьветку на права мець зброю, але яна табе скора непатрэбная будзе. Зрэшта, мы прызнаём толькi сваю ўладу, дык я, ад iмя гэтае ўлады. перадаў табе, Янук, пiсталет. А цяпер жадаю вам посьпехаў у змаганьнi.
      Янук зноў падзякаваў. Разьвiтаўшыся, выйшлi. Ужо на вулiцы Янук спытаў Антося:
      - А якую працу мае Князь?
      - Працуiць недзе ў гарадзкой управе. Мне Кастусь вельмi хвалiў яго. Вiдаць, што дзела сваё добра знаiць i аграном казаў, што ён з цантральнага камiтэту. Падабаўся табе?
      - Так, надта разумны чалавек. Зноў будзеш ахоўваць кангрэс?
      - Некаму-ж трэба, - усьмiхнуўся Дзяркач.
      - А каб Немцы прыйшлi каго арыштаваць, тады што?
      Антось зiрнуў на таварыша, усьмiхнуўся.
      - Немцы? Мы-б iм паказалi дзе ракi зiмуюць!
      40
      Падгайскi, Янтось i Янук доўга раiлiся ў аграномавай хаце. Гаспадар паведамiў, што ён ужо здолеў перадаць у надзейныя рукi бальшыню сваiх харчоў, збожжа, адкуль iх можна будзе забраць пры бальшавiцкай акупацыi. А Антось расказаў, што супольна з Баравiком змог назапасiць зброi й амунiцыi, пераважна ў схованках на Марылiным гарбе й iншых. Пералiчыў больш дзесяцi чалавек з палiцыi, што маюць зьявiцца ў умоўленае месца, якiм зрабiлi лясьнiчоўку. Галоўнае - падабраць адпаведны момант, перачакаць, пакуль банды павылазяць з пушчы. Летам гэта няцяжка. Пастанавiлi перабiрацца ў лес парамi й троойкамi.
      Вярнуўшыся зь Менску, Янук добра вытлумачыў Дунi ў чым справа.
      - Што-ж, дзе ты тамака i я, хоць надта нялёгка гэта, - адказала пасьля шматлiкiх пытаньняў жонка.
      Пастанавiлi бацьком i раднi нiчога не казаць i выбiрацца вечарам, зрабiць часовы прыпынак дзесь у густым збожжы цi зарасьнiках, недалёка дарогi, каб асачыць, як пакiнуць пушчу банды. Антось, апроч усiх iншых клопатаў, прынагляў i Нiну, каб не марудзiла. Зь iмi меў iсьцi Баравiк.
      Радыё трашчала ад бальшавiцкага ўздыму. Немцы, згодна яго, уцякалi на ўсiм фроньце, а "народныя мсьцiўцы" атакавалi варожыя гарнiзоны й памагалi савецкай армii завязваць мяшкi. На Гацi бальшавiцкiя бамбавiкi наляцелi перад полуднем, выладавалi некалькi бомбаў i паляцелi назахад, па нейкiх сваiх заданьнях. Ужо ўчора недзе змыўся Левандоўскi, а Антось рыхтаваўся пакiдаць Гацi вечарам. Дарогамi з усходу, на калёсах i пеша рухалiся ўцекачы. Зь Лiтоўцаў рыхтаваўся ў дарогу адзiн солтыс Паўлоўскi. Вёска адранцьвела.
      Пасьля сьпякотнага дня, сонца чырвонай куляй садзiлася за хрыбет лiпавiцкага бору. Над Архiпам кружыў астраб. Усё гэта бачыў праз вакно Янук. Усё было гатовае ў дарогу. Сьцiснулася сэрца.
      - Янучок, думаеш, што мы калi сюды вернемся? - спыаталася, iзь сьлязьмi на вачох, у яго Дуня.
      - Ня ведаю, даражэнькая, - адказаў Янук дрыжачым голасам. - Сьвет, якi мы зналi, ужо адыходзiць, а настае новы. Давай можа перад дарогай памолiмся... I пасьля вазьмi з сабой iкону.
      Яны селi пры стале й схiлiлi перад iконамi галовы. Дзесьцi з усходу даляцеў гул артылерыйскай кананады. На зруйнаваную й аголеную зямлю адтуль паўзла шматгаловая хiмэра.
      Таронта, 1977-1980
      Сьпiс некаторых чужых або рэдка ўжываных словаў
      Дзярлiвы - (бел.) драпежны.
      Велькапольска - (польск.) лiтаральна "Вялiкая Польшча".
      Жэч Паспалiта - Рэч Паспалiтая. Просты беларускi пераклад лацiнскага "рэспублiка" (res publiсa - "рэч публiчная", "рэч паспалiтая") палякi перайначылi на свой капыл паводля свайго спецыфiчнага вымаўленьня (Rzeczpospolita), а ў далейшым называлi й называюць так Польшчу.
      Крэсы (Крэсы Всходне) - "усходняе памяжоўе". Так звыклi называць палякi заходнебеларускiя землi, дзе польская прапаганда залiчвала беларусаў у "расеезаваныя палякi".
      Мiтычны - мiфiчны (бел., паходнае ад грэцкага. Падчас савецкае "моўнае рэформы" замененае на "мiфiчны" паводля расеезаванага вымаўленьня).
      Тарэбка - (польск.) торбачка (жаночая).
      Элiмiнацыя - выключэньне (бел., паходнае ад лацiнскага).
      Жондовы - (польск.) урадавы.
      Офяра едэн - (польск.) ах ты недарэка.
      Хаме едэн - (польск.) ах ты хам.
      Жондова владза - (польск.) урадавая ўлада
      Двадзесьця пеньць - (польск.) дваццаць пяць (маецца на ўвазе дваццаць пяць удараў).
      Троп - (бел.) сьлед, быць на тропе - злавiць сьлед, iсьцi па сьледу.
      Ровар - (бел.) веласiпед
      Транзакцыя - (бел., паходнае ад лацiнскага) зьдзелка.
      Ужэнднiк - (польск.) чыноўнiк.
      Мiльчэць - (польск.) маўчаць.
      Ажэлкi - (польск.) "арляняты" - кукарды на шапках польскiх палiцыянтаў ды жаўнераў.
      Залатоўка - (бел., размоўнае) злотая - польская грашовая адзiнка.
      Родак - (польск.) суайчыньнiк.
      Гэтта - (бел.) гэтак, гэта значыць, гэтакiм чынам, значыцца...
      Хварбаваць - (бел.) фарбаваць. Хурманка - (бел.) фурманка. Хутра (бел.) футра. I г.д. Словы з шэрагу тых шматлiкiх, якiя праз савецкую "рэформу правапiсу" беларусам было загадана пiсаць i вымаўляць... па-польску: "фарбаваць, футра..."
      Замэльдаваў - (польск.) даклаў, адрапартаваў.
      Дэфэнзыва - польская таемная палiцыя, контрвыведка.
      Iнвазii - утаргненьнi, напады (бел., паходнае ад лацiнскага, ужываецца пераважна йранiчна).
      Чыньнiкаў жандовых - (польск.) дзяржаўных ворганаў.
      Пшэклентэ - (польск.) клятыя.
      Неўдзенчны - (польск.) няўдзячны (у дадзеным выпадку вымаўлена зь беларускiм акцэнтам)
      Панствовы пастарунак - (польск.) палiцыйны ўчастак.
      Панствовая зьнiжка - (польск.) дзяржаўная йльгота, права на навучаньнеся за дзяржаўны кошт.
      Гвязды - (польск.) зоркi.
      Владза - (польск.) улада.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25