Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Акула К. / Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке) - Чтение (стр. 16)
Автор: Акула К.
Жанр: Отечественная проза

 

 


Для Дунi захоўвае сваю чысьцiню, баiцца саграшыць, з прычыны нацыянальнасьцi адкiнуў Янiну. "Iж, якi ты, браце, гэрой! - пачаў Янук у думках прамаўляць да сябе самога. - Глянь, вунь усе маладыя гуляюць, насалоджваюцца жыцьцём. Хто зь iх цяперака, вайной, глядзiць на якую мараль цi баiцца якога граху? Яны выкарыстоўваюць час, бо, ведаеш, вайна. А гады-ж лятуць. Ну добра, добра! Можа ты й задаволены сваей чысьцiнёй, бо ты-ж разам зь Лявонам у бардак не хадзiў. Але падумай, хлопча, - я табе раю: запраўды добра падумай, - што, калi твая цацанька-васiлёчак Дуня ў вабдымках Вайцяхоўскага? Га? Што, калi яна яму аддасца? Ты-ж яе пакiнуў, а яна-ж - дзяўчына крывi гарачай, ведаеш зь якой сям'i. I што, калi Вайцяхоўскi задумае яе сiлай узяць?"
      Гэткая апошняя праўдападобнасьць поўнiла хлопца жахам. Дуня ня пiсала, цi яна сама настаўнiчае, цi зь кiм iншым. А можа ў тайнiцы трымае? Ну й калi, прыкладна, Аблiзаная Авечка сiлай захоча яе ўзяць, то тады што? Можа? Але. Зусiм лёгка. Дзе-ж Дуня ад яго абаронiцца? Праўда, некалi ад Лявона Шпунта ў лесе абаранiлася, ну але той проста напаў на яе. А гэты прыкiнецца хiтранькiм i лiсьлiвым, як лiсiца, подступам спрабуе. Тады як?
      Як не намагаўся ўспакоiць сябе Янук, у галаву паўзьлi самыя найбрыдчэйшыя думкi. Пачаў уяўляць савю даражэнькую Дуню, свой мiлы васiлёк у вабдымках Аблiзанай Авечкi. Як на загад, малаточкi прысьпяшылi тэмпа ў скронях, млявасьць распаўзлася па целе, бездапаможна сьцiснулiся кулакi. Можа лепш плюнуць на гэту ўсю гiмназiю, сесьцi на цягнiк i назад, да Дунi... Што мне з тае навукi, калi магу яе нейкай брыдзе страцiць? Я во тутака пiльнуюся, дзевак ад сябе навет з думак адганяю, а яна там, хто ведае...
      Iншы голас падказаў,што ня рушыць яму зь месца, бо пасьля не дараваў-бы сабе за такi паступак. А што сказаў-бы аграном Падгайскi, цi Антось Дзяркач, цi навет бацька й брат? Ён-жа ўсiм абяцаў, што вытрывае й вытрымае. Дык як-жа трусом паказацца? Цi хто зь iх ведаў пра ягоныя пачуцьцi да Дунi Макатунiшкi? Дудкi, як казаў той Лявон Загорны...
      Ужо зусiм на зьмярканьнi той прыклыпаў дахаты. Зiрнуўшы на сябраў твар распраменены й задаволены, Янук добра ўцямiў, што магло стацца. I баяўся. Зараз адчынiцца Дон Жуанаў рот i пачне ён расказваць пра тое, што было й чаго ня было. Знаючы Лявонаву шырокую фантазiю, нахiл да перабольшаньня дый вузкаваты запас словаў, Янук мог i за Лявона расаказаць-бы. Ён хацеў выйсьцi на вулiцу, але ўночы хадзiць цывiльным было забаронена.
      - Ну й што, пагуляў? - спытаў Лявона й адразу прыкусiў язык.
      - Эх, брацец, каб ты ведаў, што за дзяўчына!
      - Ну ладна, ашчадзi мяне. Уяўляю.
      26
      Добра спалася пад цёплай пярынай. Нiна некалi ў пасаг Паўлюку Бураку яе прынесла. Антось мяркаваў, што стары скнэра, пэўне-ж, многа з жонкай пад пярынай не ахарошваўся, бо яму не да любошчаў было, маладую жанчыну цяглавай сiлай лiчыў. Нiна пра Бурака неахвотна згадвала, але то там то гэтта ў гутарцы слоўца прыкiнецца, сказ выскачыць, быццам вясной вада спад лёду праб'ецца. Памалу зьбiраючы факты й падсумоўваючы пачутае, Антось вобраз жыцьцё Нiны з Бураком стварыў. Выглядала, што жыцьцё iз старым скнэрам было абсалютна нязноснае, пра нейкае каханьне ўжо не гаворачы.
      Кагадзе Антось зь Нiнай шлюб узяў. Збоку, роўна дыхаючы, спала жонка. Солад сну пасьля буйнага вычарпаньня. Ведаў ў сваiм жыцьцi Антось цi адну жанчыну. Галярэя характараў, нораваў, фiзычных прывабнасьцёў. дзевак навокал хапала. Чужнiкi пазабiралi дзяцюкоў у войска, а бедныя дзяўчаты гарэлi й тлелi нязбытымi марамi. У гушчы дзявочага лесу, якi Антось пазнаў, на першым месцы паставiў-бы Нiну. Цi ня страчанае надрабiцць намагалася... У пасьцелi гэта была зусiм ня тая жанчына, якую ведаю ўдзень. Аддавалася поўнасьцю, бязь нiякае рэзэрвы. Гэта надзвычайна прыгожая, сьцiплая, чароўная жанчына ўночы замянялася ў нешта iншае, непамяркоўнае, дзе забывацца трэба было пра ўсялякiя межы й рацыянальнасьць. Як мага старалася дагадзiць Антосю, камбiнавала час спалучэньня плоцi так, каб асягнуць максiмум эротычнае экстазы.
      - Нiначка, дарагая, ты цi нi занадта! - шаптаў Антось мiж цалункаў.
      - Антоська, саколiк мой, любiш мяне?
      Голас пяшчотны, задыханы.
      - Чаму-ж не... Можа й люблю...
      Нiнiны зубы ўпiлiся ў шыю. Гуляючы, кусаюць.
      - Гэй, ты ня кусайся!
      У цемры гучны плясь. Растрывожаны, з адценьнем прагi, Нiнiн голас:
      - Ну ня бiся ты, мой саколiк. Як гэта ты ня хочаш прызнацца, што любiш мяне? Прызнаваўся, ато ўкушу!
      - Ня люблю.
      - Што-о-о? Я-ж цябе! За такi абман буду караць аж да ранiцы. Ты ведаеш як?
      - Ну як?
      - Замянюся ў тую грэцкую цi якую там багiню, - ты чуў пра яе? - якая iз сваiх любоўнiкаў жывыя сокi выцягвала. Так i зь цябе я ўсё выцягну.
      - Ай-я-я, ай-я-я! Нiначка, навошта гэта? У нас-жа цэлае жыцьцё наперадзе. Я-ж ужо з табой кажную ноч, бо таго басяка на Гараватцы ня пiльную. Знаiш...
      - Усёроўна, Антоська, усёроўна. Я цябе люблю сягоньня, буду любiць i заўтра. Але-ж сягоньня - гэта цяперака, гэта ўжо ёсьцiка, а заўтра - хто ведаiць... Кумекаеш?
      - Кумекаю. Любi мяне.
      - А ты мяне?
      - I я цябе...
      Салодкiя ночы, каб iм канца ня было. Яна ўмела поўнасьцю авалодаць табою. Ты чуеш, што п'е твае сокi самыя жывучыя - жыцьця нэктар. Абшукае цябе, знойдзе дрымотнае i, здавалася-б, неактыўнае, ды змабiлiзуе i заангажуе. А пад дотыкам рук тваiх пружынiцца ейнае, як у тыгрыцы, цела й пульсуе ў iм кожная клетка. Перазь берагi поўнiцца, плешча, вылiваецца кiпень. I здаецца, што нiчога не трацiцца. Кажны спакусны ўсплёск знаходзiць водклiк. Поўная й плённая гармонiя. Бушуе спозьненая, у свой час дасьпелая й ледзь не перасьпелая, да гэтага часу нiкiм на паядынак ня выклiканая маладосьць. Рагнеда наадварот. Тая, каторую не паланiлi й не насiлавалi, а каторая цярплiва, утаймоўваючы наплыў энэргii, чакала абяцанага дня. Прылiў, што на спакойным беразе водклiк, спачуваньне й поўнiцу знайшоў. Апагэй зьлiцьця. I яшчэ неўтаймаваная, галодная й ненасытная прагавiтасьць, сквапнасьць кажнае неспатоленае клеткi цела, што iмкнецца да суцэльнасьцi даўно жаданага сымбiёзу. I часта трывала так аж да раньнiх, на зарнiцах, салаўёў, што звонам галасоў у кустарнiках весьцiлi новы дзень. Ап'янелы хмель. А пасьля млоснае вычарпаньне, нявыразнасьць абрысаў iстотнага з уяўленым. I збоку, пад пярынай, спакойнае рытмiчнае дыханьне. У паўзмроку рыса прывабнага мiлага твару, хваля пышных, мяккiх валасоў на шыбiне вакна перад золакам. Напоўненая чарка, да адказу выпiтая. Фiзычны спакой, падзяка заплодненае краскi. Пчолка, нэктарам абцяжаная.
      Гэта былi ночы, пра якiя Антось, чалавек наскрозь практычны i, як пра яго казалi, вельмi зубасты, ня мог раўнадушна думаць. Яны, гэныя ночы, нанiзаныя на пацеркi памяцi, маячылi дзесь у буйных хвалях вялiкага, паглынутага каханьнем прылiву. Iх нельга былiо згадваць бяз дрыготнай млоснасьцi ў сэрцы. I няспынна йшлi наступныя. Такiя самыя, зь вялiкiм абяцаным спаўненьнем, поўнае камплетнасьцi. Два арганiзмаы як мага каардынавалiся, адзiн дапаўняў другi, адзiн угадваў iншы, бег яму насустрач. Час апазнаньня, абмацваньня, разьведкi, абнюхваньня мiнуў. На дарозе стаялi вехi. I па iх, ужо поўнасьцю сьведама йшлося далей. I адчуваў Антось, што "тыгрыца" ягоная ўзводзiла яго на нейкiя й нязьведаныя яшчэ вышынi, бо, выглядала, далекавата было ей яшчэ да спатоленьня сваей прагнасьцi. I прыходзiлi ў Антосеву галаву дваякiя думкi. Першая: сьцьверджаньне вялiкага шчасьця. I задавальненьне з таго, што сталася ўсё амаль прыпадкова. Хто ведае, як павяло-б, у якi бок пайшло-б жыцьцё, калi-б не ваенныя падзеi. Нiне Бурачысе прыглядаўся ён i раней, навет сьвiстаў на яе, сустракаючы. Але ня будзь тэй Гальготы, трывала-б у цярпеньнi й марнавалася-б Нiна пры старым скнэры, што гледзячы на ейныя рукi, думаў пра серп, а спасьцярогшы ейны стан, думаў пра мяхi бульбы на яе плячох.
      I другая думка: сядзеў ён, Антось, колькi на Гараватцы, таго злодзея падпiльноўваючы, або валачыўся па нача, разьнюхваючы як да Бронхэра падпаўсьцi. А ў гэты час ягоная дарагая Нiна сама ў пасьцелi. Нарэшце выкапаў нару, забясьпечыўся. Цяпер ён кажную ноч зь ёю. Нiна сталася для яго найлепшай, найбольше шчодрай узнагародаю. На яе грудзях забываўся пра вайну, пра мiнулыя й цяперашнiя нягоды, успыхаў поўным i плённым гарэньнем. I дальбог, часамi здавалася навет чалавеку, што гэта ўсё крышку занадта добра, навет мо нейкi трык лёсу, штосьцi нярэальнае. Але хапiла адно прыгарнуцца да яе й зьнiкалi найменшыя сумлевы. Так. Гэта ўсё праўдзiвае. I яно адбываецца ня ў нейкiх апавяданьнях цi раманах, яно вось тут i яно цяпер. Адно часамi дакараў сябе Антось, што спакуса, выклiкаючая яго кажную ноч на паядынак,замiнала думаць пра тое галоўнае, што абавязкова мае прыйсьцi.
      Ведаючы Лявона Шпунта, Антось зусiм ня сумляваўся, што стары лiс i валацуга недзе плянуе па начах, камбiнуе як да яго, Антося, падпаўзьцi. I шкада, што нi солтыс Паўлоўскi, нi хто iншы не злавiў яго ў бацькоў. Былi-ж ночы, калi радасна сустракаў некага Шпунтоў сабака. Каго-ж, апроч Лявона? I чакаў Антось нямiнучае сустрэчы, тае, што была наканавана. I разважаў пра пазыцыi Лявонаву й сваю. Iнiцыятыва належала да Шпунта. I выбар часу, i сiла ўдзельнiкаў, - усё было ў Шпунтовых руках. Адно было ведама, - месца паядынку. I цяпер, пасьля чароднага вычарпаньня, - было ўжо позна, дзесьцi паьля поўначы, - прыгадаў Антось, змагаючыся з дрымотай, пра сваю зброю. Апусьцiў руку й гэтта-ж ля ложка на падлозе намацаў кужэльную торбу. А ў ёй быў нож i наган. Нож, - кавалак адточанага мёртвага зялеза. Без Антося ён няпрыдатны. Адно як схопiць яго Антосева рука ды кiне спрактыкаваным рухам, тады нож становiцца сьмерцяноснай зброяй. Даўно нож бачыў кроў. Цi давядзецца яму ўпiцца ў Лявонаву мякаць? Гэтым разам не паўторыцца тое, што лясьнiчоўцы. Забавы мiнулi.
      Дзiву даешся, што за недарэчная вайна, - думаў Антось. Гэткай ня толькi раней ня было, але чалавек такой навет уявiць ня мог. "Галоўная каманда Вэрмахту паведамляе" - пачыналася ваенная хронiка ў друку. Дзесьцi на фроньце дужалiся дзьве магутныя сiлы. Як там ня было-б жаўнеру, ён выконываў загад, спанатрыў дзе хаваецца працiўнiк ды страляў. Проста - ты яго або ён цябе. А тут, ззаду? Ворага ня бачыш, адно пра яго мяркуеш. Пакуль агледзiшся, ён да цябе, як злодзей, падпаўзе, накiнецца. Нялёгка. Адны бандыты гаспадараць у лясох, iншыя ў гарадох. Абое рабое. Iхная над табой улада, адных ноччу, другiх днём. От i будзь мудрым, баранiся безабаронны. Гэта не вайна, а нейкая сячкарня, ненажэрная пачвара. Узяць хаця-б тую Залатуху. За што спалiлi вёску й людзей? Чым тыя цiхiя й працавiтыя сяляне, што любiлi прыроду й Бога, саграшылi перад аднымi цi другiмi? Няўжо-ж Залатуха гэта прыклад таго, што наканавана ў будучынi, што нiяк не абмiне краiны й людзей? Жах. Азьвярэў чалавек, розуму пазбыўся, страцiў усялякую меру й прапорцыю.
      Вайна, пэўне-ж, да гэтага часу свае законы мела. На гэтай, цi не праклятай Богам, зямлi меч i полымя ўядалiся ў людзей i iхны набытак ад няпамятных часоў. Няма чаго маралiзаваць. Сiла панавала. Спытайся вунь хаця-б дзеда Якуба. Нялёгка было прыгоннаму, цёмнаму, зганьбаванаму народу брацца за косы, вiлы ды нешматлiкiя стрэльбы супраць суцэльнае маскоўскае навалы, што затапiла бацькаўшчыну. Але й тады людзi, вiдаць, ведалi дзе вораг i як мага рыхтавалiся да нямiнучых бiтваў. Было вiдаць каго бiць. I галоўнае: мелi свайго правадыра, каторы плянаваў, арганiзаваў, каардынаваў сiлы. Былi апаразы й перамогi. Ведалiся ворагаў i прыяцеляў, сваiх i чужых. Калi йшлi мужыкi ў бой, дык iшлi дружна, плячо ў плячо, сьцяною, ня тое, што цяпер.
      Узяць хаця-бы й гэну пазьнейшую, як тады здавалася, апошнюю бойню. Як i цяпер, Немцы схапiлiся з Маскалямi. Дашчэнту нiшчылiся ў ваеннай паласе вёскi, а людзi ўцекачамi, далёка ад дому, голадам i iншай трасцай марылiся. Такi ўжо закон вайны. Адылi войска не нападала, як цяпер, на безабаронных жыхароў, не палiла без разбору людзей, ня зьнiшчала да рэшты цяжка нажытага дабра. Нясусьвецiца, што й гаварыць. Полымя шырылася й пагражала суцэльным зьнiшчэньнем. Масква, што бясьперапынна барабанiла пра "вялiкую айчынную", мела мабiлiзаваць усё мiрнае насельнiцтва. Ды ў вачох ненасытнага хiжака не магло быць нiчога "мiрнага", а насамперш людзей. Для ўсiх плянаваўся адзiн кацёл зялеза й масы, пад ведамым сьцягам i пад загадамi падрыхтаваных спэцаў.
      Заходнi напасьнiк даў гэтай вайне зусiм дагэтуль нячутую ў гiсторыi функцыю: ачысьцiць "лебэнсраўм" для будучага пасяленьня Немцаў. Антось Дзяркач парознаму выглядаў у вачох хiжакоў, што за ягонную зямлю змагалiся. У вачох адных - маленькая пешка, чалавек без аблiчча, адзiн зь мiлiёнаў, што тварылi масу, якую трэба падпрэгчы ў калясьнiцу "вялiкай айчыннай". У вачох тых з захаду - ён ёсьць лебяда, якую трэба выкаранiць, пакiнуўшы адно даволi на абслугу, каб на паноў новых дабра ўсялякага прыдбалi. А паны гэны пасьля вялiкай перамогi над Маскалямi, засядуць тут на панаваньне вечнае. Тое, што на гэтай гаротнай зямлi ад веку жылi й трывалi яго, Антосевы, продкi ня мела нiякае вагi нi для аднаго нi для другога хiжака. Карэньне падразалi й раней, але мiлiёны Антосяў зноў атожалкамi прырасталi, буйнелi, трывалi. Ды цi вытрымаюць, цi перажывуць гэту апошнюю пошасьць? Як прыжывеш у пустынi? I цi пакiнуць якiя атожалкi, каб зноў укаранiцца?
      Людзi людзьмi. Напалоханыя, зьбянтэжаныя ценi па кутах. Спадзявалiся, што iх не зачэпяць, што ўдасца неяк наводля таго "нiхай хоць чорт пануiць, абы жыць можна было". I як можна так думаць, калi ўсё было ясна, адно трэба было ўмець бачыць?
      Антось зноў абмацаў сваю зброю, быццам хацеў упэўнiцца, што ня зусiм-жа безабаронны, уздыхнуў, выпрастаўся ў пасьцелi, зiрнуў на Нiну. Яе грудзi агалiлiся, пярына спаўзла зь iх. Ды не яны цешылiся цяпер Антосевай увагай. Думкi нахлынулi хвалямi й часта не знаходзiлi канкрэтнага пункту апоры. Адчуваў, што нечага не дадумаў, нешта цi ня самае галоўнае асталося збоку. Была-ж у гэтай нярэальнасьцi й зьбянтэжанасьцi, недарэчнасьцi свая нейкая простая праўда. Ня можа быць, каб хiжакi запрудзiлi ўсе шчылiны, разбурылi ўсе грэблi i мiлiёнам безабаронных людзей адрэзалi шлях да ратунку. Пра якi выбар была мова?
      Адчуваў Антось, што ён прыблiзiўся да разгадкi, да ўсьведамленьня нечага вялiкага й простага, што дало-б магчымасьць, зарганiзаваўшыся, сьцiснуць кулак i прыняць бой. Вось дзе сэнс - бой! Гэтта й будзе выхад. Антось затрывожыўся. Пра бой думаў-жа i раней. Дык што тут новага? А мусiць тое, што заўсёды плянаваў на аднаго сябе. Больш таго, ужо сёе-тое рабiў: сядзеў у Гараватцы, каб прыпiльнаваць таго бандзюгу, выкапаў пад хатай сховiшча, каб у выпадку патрэбы мець заднi ход. Ну й што? Скажам, калi-Шпунта цi яшчэ пару бандзюгаў удалося яму забiць, дык цi нагэтым канец? Прыйдуць iншыя, заб'юць, спаляць.
      Балазе да канца прадумаць. Антось устаў, упоцемку памалу нацягнуў на ногi боты, накiнуў паўшубак, асьцярожна скрыпнуў дзьвярмi. Золкi вецер сьвежасьцю хлынуў у твар. Ромак ляжаў ля парогу. Ён мiгам устаў, тыцнуў Антосю ў руку сваю пысу. Антось гладзiў сабаку, прысеўшы на прызьбе.
      - Ну памалу, ня трыся так.
      Сабака быццам зразумеў, прылёг ля Антосевых ног. Холад умiг разьвеяў дрымоту, пасьвяжэла галава. Дзяркач ледзь разгледзiў грэбень дрэў у недалёкiм балоце, зiрнуў у бок Гацяў. Над станцыяй сьвятлела зарыва. Там, як заўсёды, жылi рухам i лязгатам чыгункi.
      I раптам праясьнiлася ў галаве. Гэта-ж цi раз гаварылi з Падгайскiм пра патрэбу арганiзаваньня сваiх сiлаў. Немцы-ж дазволiлi нейкую самаахову, хоць ня вiдаць, каб надта там што наперад рухалася. Пачаткi, вiдаць, цяжкiя. Але варта больш разьведаць, спанукацць, каб найбольш свае зброю ў рукi бралi. Найважнейшае, каб камандзеры ня толькi добрыя й разумныя галовы мелi, але перадусiм каб сваей справе наскрозь адданыя й ахвярныя былi. Абавязкова. Галоўнае-ж, каб разам. Лягчэй выстаяць будзе.
      Яшчэ падумаўшы, Антось пагладзiў сабаку й пайшоў у хату.
      - А дзе-ж ты, Антоська, па начах ходзiш?
      Нiна сядзела на ложку.
      - Ды нiдзе надта. Во на двор выйшаў.
      - Ня сьпiцца, цi што?
      - Ня сьпiцца. Усякiя пранцы ў галаву лезуць.
      - Гэта пра што?
      - Ды пра гэту навалач. Знаеш...
      27
      У кухнi Падгайскага пад абажурам ярка гарэла электрычная лямпачка, а вокны былi суцэльна закрытыя цёмнымi занавескамi. За сьцяной дзесьцi стукаў аканiцай вецер. За сталом сядзеў Антось. Ён узяў да паловы рудой вадкасьцю налiтую аграномам шклянку.
      - Выпi, Антось, адным глытком. Разагрэешся. Цябе, мусiць, добра вецер прабраў.
      - Дзякую, - адказаў Падгайскаму Дзяркач. Выпiў, зморшчыўся. Шнапс прыемнай цяплынёй расплыўся па жываце.
      - А ты ня вып'еш? - спытаўся Антось гаспадара.
      - Ня буду. Калi ласка, закусвай, - падсунуў аграном Антосю накроенае на талерцы сала й прыемна пахнучыя кiслыя гуркi.
      - Цябе нiхто па дарозе ня вiдзiў?
      Антось зiрнуў Падгайскаму ў вочы, падумаў улажыў у рот кавалак адрэзанага гурка.
      - А хто-ж мог вiдзiць? Полем iшоў. Знаеш, што вечарам цi ноччу хадзiць нiма як.
      - Знаю.
      - А чаму пытаешся?
      - Таму, што лепi пацiхоньку... Каб вораг ня ведаў. Але можа пра гэта пасьля скажу. Хвалiся, што там у цябе.
      - Нiчога, усё пастараму.
      Падгайскi ўважна зiрнуў субяседнiку ў вочы, устаў з-за стала, прайшоўся па кухнi.
      - Ты, Антось, гэтае самае, ня дуры галавы. Каб нiчога ня было, ты-б сядзеў дома, бяз прычыны ня швэндаўся-б.
      Антось усьмiхнуўся.
      - Старога ваўка, як кажуць, авечка нi правядзець. Знаеш, думаў я й думаў, а гэтыя думкi, каб iх пранцы, у сваiм сагрэтым кутку пасядзець нi даюць. Я гэта ўсё пра тое, што трэба рабiць, каб злажыўшы рукi нi сядзець. Знаеш, што вытвараецца.
      Антось гаварыў паволi, упэўнены, што аграном цярплiва выслухае яго, а пасьля сваё скажа. Як умеў, апiсаў свае роздумы, аграмадную трывогу ня толькi за свой лёс. Падгайскi хадзiў па кухнi, церабiў валосы.
      - Ты ўжо скончыў? - спытаў аграном занадта рэзка.
      - А што? - зырка зiрнуў на яго, спасьцярогшы нецярплiвасьць гаспадара, Антось.
      - Ды тое, што ты, братка, мусiць, забыўся. Таўклi мы раней гэты мак у ступе. Дый ня толькi таўклi, але й згадзiлiся, што няма чаго нашым па завугольлях хавацца, манны зь неба чакаць, а трэба за зброю брацца. Я табе ў палiцыю iсьцi сулiў, а ты адмовiўся. Сказаў мне, што ў чужую палiцыю ня пойдзеш. Воля твая. Рупiць табе ў сваё беларускае войска i ты, як вiджу, вiнавацiш нашых, каторыя дзе-небудзь там пры ўладзе, але нi стараюцца ў Немца дазволу, цi можа й дамагаюцца, але замала. Так цi не?
      - Яно-ж так...
      - Ты, Антось, ужо чуў, што нашы ў Менску ўжо даўно дамагаюцца й што нiбыта ёсьць нейкiя рэзультаты. Немцы дазволiлi самаахову зарганiзаваць, але нi так, як Беларусы хацелi. А нашы хацелi, каб паставiць на ногi тры добра ўзброеныя дывiзii, пад нашай камандай. А Немцы сказалi, што па акруговых гарадох можаце мець батальёны, а ў паветавых толькi роты. Дый то Немцы маюць iмi камандаваць, а нашыя афiцэры й падафiцэры на iхных паслугах быць. Што-ж гэта за войска беларускае? Дрэнь, братка. А апранаць i кармiць мае Беларуская Народная Самапомач, значыцца мы самi. Немцы зброю дадуць. Дык вось што сталася: у Мiнску закончыўся курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў самааховы. Было паўтары сотнi ўдзельнiкаў, ад былых царскiх прапаршчыкаў пачынаючы да калiшнiх польскiх падхаронжых, а гадамi ад дваццацi пяцi да шасьцiдзесяцi. Ну й што-ж? Кушаль Францiшак вёў той курс i сам выкладаў. Яму, ведама-ж, памагалi iншыя перадавыя нашыя Беларусы. Але, атрымаўшы ўсе патрэбныя веды пра новую зброю й беларускi вайсковы рэгулямiн, людзi разьехалiся па гарадох, пачалi арганiзаваць самаахову. I ўжо сабралi ахвотнiкаў, пачалi муштраваць, школiць падафiцэраў, ды што-ж, братка, людзi ў лапцёх, ботаў няма, вопраткi нi хапаiць, ды Немцы навет зброi нi далi. Нiкаторыя здабылi сабе старыя савецкiя ламачыны... Гэта, братка, ня войска, хоць у нашых ахвота ёсьцiка. Але прыгнечаныя. Баюся, калi не папаравiцца палажэньне, дык дамоў разьбягуцца. Вось табе й самаахова...
      - Думаеш, што паправiцца?
      - Трэба спадзявацца. Нiкаторыя цьвердзяць, што Немiц памякчэў, ужо нi разяваiць з крыкам ляпы, як раней. Бальшавiкi, вiдаць, яму ў азадак трошкi далi. А бандыты яму як пачнуць дапякаць, Немцу значыцца, дык зброю дасьць, ня дзе дзенiцца. Сам-жа на фронце i з бандытамi ня дасьць рады. Але калi тое што будзiць? Я ўсё казаў, - сам помнiш, - што трэба нашым было адразу ў палiцыю пхацца. Цяпер мы былi-б у сваiм доме гаспадарамi, а нi праклятыя Палякi.
      - Ну а цi ёсьць самаахова ў Докшыцах цi ў Глыбокiм?
      - Такая во лапцёжная, як я табе казаў. Што зь яе... Вып'еш яшчэ?
      - Давай.
      Падгайскi налiў Антосю й сабе. Выпiлi.
      - Я то трывожуся, - працягваў аграном, - каб ня было для нас запозна нi таму, што заўтра цi пазаўтра бальшавiкi гэтых у Бэрлiн загоняць, а таму, каб нашых бальшавiцкiя й польскiя банды й гэтая басота з палiцыi нi перадушылi. Ты знаеш, што тутака ў Гацях гэта нечысьць рабiла. Але цi знаеш ты тое, што падобна адбываецца па ўсей Бiларусi? Я чуў, што ў Мiры паляч'ё, каторае гэта было на пасадах у дварох i маёнтках, дык цяперака абсадзiла нямецкую камандатуру. У даносах Немцу падалi сьпiскi нашых, каторых некалi судзiлi, знаеш, - людзi-ж судзiлiся й за зямлю й за што другое, - дык падалi Немцам сьпiскi, што судзiлi за камунiзм. Ну а Немiц, кумекаеш, пакуль там разабрацца, бабах i людзей нiма! Вось так Палякi масу нашых найлепшых людзей нямецкiмi рукамi вымардавалi. Пад арышт у Стоўбцах папаўся лейтэнант Чабатарэвiч, добры наш чалавек i надта цэнны, што вайсковы. Ён-жа пасьля не адны лапцi стаптаў, дамагаючыся ў Немцаў, каб дазволiлi самаахову нам арганiзаваць. I Кушалю ён пасьля многа памог. Значыцца, апроч гэтага Вiктара Чабатарэвiча, арыштаваны быў i Сабалеўскi, ранейшы пасол у польскi сойм. Многа iншых было пад арыштам, але гэтых нашым удалося выратаваць. А цi чуў ты, што польская банда напала на Жодзiшкi, гэта месца, што за Вялейкай? Выбiлi ня толькi Немцаў, але й цэлы беларускi актыў. А напад падрыхтавалi Палякi, каторыя служылi ў бiларускай палiцыi. Яны навет паказалi бандытам дзе ў якiх хатах жывуць нашыя актыўныя людзi. Мы тамака многа цэнных людзей страцiлi. Вось, братка, як паляч'ё робiць. Арганiзацыя ў iх, разьведка, акцыя!
      - Калi тое было?
      - Улетку. Ды чакай, раскажу табе яшчо, - гарачыўся аграном. - Ты чуеш што робiцца ў нашай ваколiцы, а я чую што вытвараецца многа па цэлай Бiларусi. Найболi зьверскiя банды ў Шчучынскiм, яны над нашымi сьвятарамi зьдзекуюцца. У вёсцы Туры за беларускую дзейнасьць польская банда замардавала сьвятара Iгнатовiча й ягоную матушку. Паабразалi iм вушы, насы, вочы павыколвалi, а матушцы адрэзалi грудзi. Нараны лiлi бiнзiн, падпальвалi й п'яныя рагаталi зь людзкiх мукаў.
      - Госпадзе мой, Матка Боская! - жахнуўся Антось.
      - Тамака яшчо недзе, - забыўся мясцовасьць, - дык нашага сьвятара, каторы ладзiў праваслаўную царкву, што Палякi адабралi й замянiлi на касьцёл дваццаць гадоў назад, дык яго жыўцом закапалi ў зямлю, толькi галава тарчэла. Разлажылi вогнiшча й калi чалавек у страшных муках памiраў, вакол таго агня, як дзiкуны, танцавалi... Мог-бы доўга расказаць усё тое, што да мяне даходзiць. Па цэлай Заходняй Бiларусi Палякi стараюцца гаспадарыць, палiць i рэзаць. А рэжуць нашых у корань. Дык цi думаеш, што сам адзiн па начах ня сьпiш i рупiшся, каб сваiх пад зброю на абарону паставiць?
      Падгайскi змоўк. Зiрнуў на ручны гадзiньнiк. Вiдаць, што быў змучаны.
      - Можа спаць хочаш, а я замiнаю?
      - Ды не, сядзi. Я рад, што забегся, хочацца са сваiм чалавекам душу адвесьцi. Знаеш, тутака на месцы я асьцярожненька мушу.
      - А што чуваць?
      - Я й хацеў расказаць пра гэта, але яшчо раней пра бальшавiцкiя банды. ты сам чуеш, што яны ад Палякаў анiчуць ззаду не астаюцца. Цяперака, вiдзiш, ужо пачынаюць школы палiць. Нашым удалося на курсах маладых настаўнiкаў на скорую руку падрыхтаваць, каб дзiркi пазатыкаць, а гэтыя ўжо разганяюць. За Докшыцамi нiдаўна ў Малiнаўцы школу спалiлi. Чуў? Ды i другiх мясцох паляць, асаблiва дзе блiжэй да лясоў. Настаўнiкаў калi не забiваюць дык напалохаюць, што самi паўцякаюць. Чакай-жа, здаецца зь Лiтоўцаў там недзiка настаўнiчае Янука Бахмача дзяўчына?
      - Ага, Дуня Макатунiшка, у Бярозаўцы.
      - Гэта блiжэй гораду. Можа туды нi дабяруцца. А хто ў вас у Лiтоўцах вучыць?
      - Ды гэта старая дырда Плясьневiчыха. Якая там зь яе вучыцелька... Бэ i мэ можа навучыць, а так яна слаба пабiларуску...
      - Што за яна?
      - Старая ўдава з гэтых нашых пшэкаў-шляхты. Як помню, лiпела там на хутары пры Лiтоўцах. Мы некалi, малеча, калi ўскапышымся й бяжым Плясьневiчых дражнiць. Яны дзьве з катамi жылi. Мы пад вакно падыйдзем ды як зачнём на розныя галасы! Старэйшая, як ведзьма, зь мятлой празь дзьверы да нас: - Я вам, лайдакi, ногi паперабiваю! Тая старэйшая даўно памерла, а маладзейшая цяперака дзяцей нашых вучыць. Гадоў, мусiць, шэсьцьдзесят ей.
      - Гэта зьдзек над нашымi дзеткамi, каб такую вучыць паставiлi.
      - Мусiць няма каму.
      - Дык калi-б тэй Януковай дзяўчыне горача там стала, чаму яе ў родную вёску нi вярнуць?
      Антось нiчога на гэта не адказаў. Дуню ён паважаў, але ня ведаў як там у Бярозаўцы ўложыцца й цi Дуня дома вучыць згодзiцца.
      - Ну дык што там у цябе з палiцыяй i Немцамi? - спытаў.
      - Левандоўскi да цябе ня чэпiцца? - пытаньнем на пытаньне адказаў Падгайскi.
      - Нi заглядаў.
      - А як дзiравы шляхцiц?
      - Нiчога. Ён сьлядзiць за Шпунтамi. Хочыць Лявона прыпiльнаваць i падсьцерагаiць як Шпунтоў сабака ўночы брэшыць.
      - Кпiны строiш?
      - Ды не. Сам мне расказваў.
      Падгайскi запрапанаваў яшчэ выпiць.
      - Я гэттака, ведаеш, - працягваў аграном, узяўшы малы кавалачак гурка, - ролю абжытага й багатага прыяцеля Немцаў i Палякаў iграю. Гаспадарка мая да гэтага рыхтык падходзiць. I адны й другiя, значыцца Немцы й палiцыя да мяне заглядаюць. Ёсьць варыва, садовiна, ёсьць яшчо тое-сёе. Курэй, сьвiней, карову трымаю. Прыходзiцца да працы наймаць, знаеш. Яшчо трымаю добры запас гарэлкi...
      Пра характар гаспадаркi сваей аграном не патрабаваў Антосю гаварыць. Падгайскi практыкаваў так неабходны вайною тавараабмен. I гарэлку, значыцца шнапс, пэўне-ж, ня сам гнаў, а даставаў з ЦТО цi дзе там. Калi-ж мясцовым уладам чаго патрэбна было, а Падгайскi ня меў, дык ведаў дзе i ў каго дастаць можна. Нямецкая ваенная гандлёвая кантроля мела шмат дзiрак, празь якiя можна было лёгка пралезьцi, асаблiва калi з уладамi руку трымаеш. Бязумоўна, - ды пра тое навет не гаварылася, - Падгайскi, як мага, мусiў ладзiць з падобнымi, як ён, гаспадарамi ў мястэчку, якiя супольна маглi рабiць "гяшэфт" для свайго дабра й нажывы дый для частага ратаваньня iншых, што зубы палажылi-б на полкi, калi-б трымалiся правоў акупацыйных уладаў. Антосю ведама было, што Падгайскi не рабiў гандлю на вялiкi маштаб, а адно даволi, каб самому ўтрымацца, наймiтаў аплацiць ды, - самае галоўнае, утрымаць сваю стратэгiчную пазыцыю, зусiм неабходную для помачы загрожаным Беларусам.
      - Ты можа й чуў, - усьмiхнуўся аграном, - нiкаторыя сьмяюцца, што ў мяне забягалаўка, толькi от што баб нiма, ато чыста бардачок быў-бы... Ха-ха-ха! Гэтам браток, злыя языкi, перцу на iх. Прыходзяць гэтыя самыя, як я iх называю, свае, значыцца й пазаўчорака нямецкi камандант i гэты фрыц, каторы во па гаспадарскай часьцi ад зондэрфюрэра з Докшыц, пару гадзiнаў тутака прабарабанiлi. Знаеш, выпiць, адыйсьцiся ад сваiх хочацца. Куды-ж iм? Выпiць то, пэўна-ж, яны маглi-б i ў сябе ўдома, шнапсу ў iх даволi, але ўсяроўна iм рупiць далей ад непаклiканага вока. От як... Яны такое месца на водшыбе, як маё, любяць. А мне, сам знаеш, калi катораму з нашых на хвост наступяць, дык iхныя дзьверы тады адчыненыя.
      - А цi заплацiлi яны табе за ўсё тое дабро, што войска брала ды квiткi давала?
      Падгайскi падумаў, пачухаў рудыя валасы, скрывiў твар.
      - Як там заплацiлi... Па нейкай сваей дзяржаўнай цане, акупацыйнымi маркамi. Ну але-ж, заплацiлi. Ёсьць тутака ў мястэчку каторыя на чыгунках працуюць, значыцца цягнiкамi маюць праезд у Вiльню цi Менск. Гэтыя людзi вечна назаляюць, каб iм сала цi яек прадаў. Яны там маюць свае кантакты й сам ведаеш, што ў вялiкiх гарадох людзям вайной пражыць куды цяжэй. Я iм часам чаго адчэпнага, але найболi адмаўляю, бо нажыва мяне ня цiкавiцць а, баранi Божа, каго ўквелiш, дык тады адно глядзi...
      - Ну а як Левандоўскi? - цiкавiўся далей Антось.
      - Спачатку ён, гэтае самае, дзiкавата крыху да мяне ставiўся. Ды пасьля ўвiдзiў, што нямчура сюды заглядаiць дык i ён асвоiўся. Адным словам, злажылася добра. Левандоўскаму, знаеш, давялося часамi чым-небудзь руку пагрэць. Кумекаеш? Нiвядома як далей будзiць, але цяперака лепi мне, значыцца нам, мець iх прыяцелямi чым ворагамi. Гэтак i таньней абыйдзецца, калi часамi сваiх ратаваць трэба. Знаеш, тымчасам улада ў iхных руках. Гэта праблема старая, як сьвет: калi ты слабы, ня рыпайся, мацуйся, чакай свайго моманту, а тымчасам глядзi, каб зь цябе пер'я ня выскублi. Я Левандоўскаму цi раз сказаў, што ўжо час перастаць з нашых людзей камунiстаў фабрыкаваць. Ён зразумеў. Цяперака ўжо з нашых тутака камунiстаў ня робяць хоць, як я табе ўжо казаў, у iншых месцах гэта яшчэ прадаўжаецца. А ты во паглядзi як дырэктар Сабалеўскi сьвята бiларускiх угодкаў нiзалежнасьцi дваццаць пятага сакавiка ў чыгуначным клюбе арганiзаваў, зь якiм шыкам i патрыятызмам. Цымус, браце! I што-ж ты думаеш, цi гэта не калола нашым ворагам у вочы? Ого, як калола! Але-ж нiкога з нашых нi зачапiлi.
      - Можа зьмянiлiся? Я iм ня веру, - адказаў Антось.
      - Ведаеш, Антось, ня ўсе Палякi сволачы дый ня ўсе нашы - ангелы.
      - Ды не, але бальшыня Палякаў якраз i ёсьцiка сволачы й бандзiты. А нашыя? Сам ведаеш, свая кашуля блiжэй цела.
      - Ня ведаю як табе вытлумачыць, - пасьля хвiлiны роздуму пачаў Падгайскi. - Можа лепi прыпомнiць, - ты-ж, пэўня, чуў... ды чаму-ж ня чуў? Усе чулi, - прыпомнiць, што ў трыццаць дзявятым, як развалiлася Польшча, рабiлася на Ўкраiне, значыцца ў Галiччыне й на Валынi. Страшна, як расказваюць. Украiнцы рэзалi "ляхiў" без разбору. Пасьля дабралiся й да сваiх сем'яў, мяшаных значыцца. Мацi - Украiнка, а бацькка - Паляк, цi наадварот. От i пашло. Муж рэзаў жонку, цi жонка мужа. I дзетак нi шкадавалi. Ведаеш, народ проста да абсурду скацiўся, зусiм розум страцiў. А цяпер прыгадай сабе, глянь навокал нас: колькi ў нас сем'яў мяшаных? Мясцамi мы вельмi з Палякамi зьлiўшыся, ды яшчо ў нас вялiкая цемната: рэлiгiю лiчаць нацыянальнасьцяй, значыцца каталiкоў - Палякамi, праваслаўных Расейцамi, а рэшта хто? Мы, Беларусы, - гэта тутэйшыя. Ды што было-б, калi-б мы, як Украiнцы, разьню зрабiлi? Бойся Бога, што было-б... Калi-б у цябе была жонка Полька й за польскiх часоў выгадавала дзяцей палякамi, дык што-б ты рабiў, рэзаў-бы iх?

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25