Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Гронкi гневу (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Стейнбек Джон
Жанр:

 

 


      Наперадзе паказаўся невялiчкi грузавiчок, i, пад'ехаўшы, шафёр убачыў чарапаху i скiраваў проста на яе. Пярэдняя шына чыркнула па самым краi панцыра, падкiнула чарапаху ўгору, як завостраны шпянёк, закруцiла, як манету, i чарапаха скацiлася з шашы. А грузавiчок зноў вярнуўся на правы бок дарогi. Чарапаха доўга ляжала на спiне, схаваўшыся ў панцыр. Нарэшце высунулiся ногi, заварушылiся, шукаючы апоры, каб перавярнуцца. Пярэднiя лапы намацалi абломак кварцу, панцыр пачаў пераварочвацца i неўзабаве плёхнуўся на траву купалам угору. Каласок аўсюка вывалiўся, i тры востраканечныя зернеткi ткнулiся ў зямлю. Чарапаха папаўзла з насыпу i сваiм нiжнiм шчытком прысыпала iх пяском. Потым выбралася на палявую дарогу i, паторгваючыся, пасунулася па ён, выворваючы панцырам плыткi хвалiсты равок у пыле. Старэчыя насмешлiвыя вочы глядзелi проста наперад, арагавелая дзюба трохi разявiлася, лапы з жоўтымi кiпцямi раз-пораз слiзгалi па пыле.
      РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
      Калi Джоўд пачуў, што грузавiк зрушыў з месца i паехаў, набiраючы хуткасць, а дарога перарывiста загула пад напорам гумавых шын, ён спынiўся, павярнуўся i глядзеў яму ўслед, пакуль машына не знiкла з вачэй. Ён так i застаўся стаяць, узiраючыся ў мiгатлiвае блакiтнае марыва. У задуменнi выняў з кiшэнi сваю пляшку, адкруцiў металiчны каўпачок, асцярожна пацягнуў з рыльца, правёў у iм языком i аблiзаў губы, каб да канца адчуць смак вiскi.
      Ён паспрабаваў прыгадаць: "Там нам стрэўся афрыканец...", але далей нiяк не iшло. Тады ён адвярнуўся ад шашы i паглядзеў на дарогу, што пад прамым вуглом iшла ў поле. Шчодра прыпякала сонца, аселы пыл ляжаў, не патрывожаны ветрам. Каляiны на дарозе да краёў засыпала пылам. Джоўд зрабiў некалькi крокаў, i лёгкi, як мука, пыл заклубiўся перад яго новымi жоўтымi чаравiкамi, зацерушыў iх i зрабiў шэрымi.
      Ён нахiлiўся, развязаў шнуркi i адзiн за другiм зняў абодва чаравiкi. З асалодай размяў потныя ногi, пераступаючы iмi ў гарачым пыле i прасейваючы яго струменьчыкамi мiж пальцаў, пакуль скура на ступнях, падсохшы, не сцялася. Тады зняў пiнжак, закруцiў у яго чаравiкi i засунуў скрутак пад паху. Нарэшце ён пакрочыў па дарозе, узнiмаючы перад сабой пыл, якi потым слаўся нiзкiм воблачкам за яго спiнай.
      З правага боку дарогi цягнулася агароджа - дзве нiткi калючага дроту на вярбовых калах. Слупкi былi крывыя, няроўна абрэзаныя. Калi развiлiна была на належнай вышынi, дрот ляжаў на ёй, калi не - яго трымаў абвязаны вакол слупка ржавы абрывак пакавальнага дроту. За агароджай, паваленая ветрам, спёкай i сухменню, ляжала кукуруза, i лiсцевыя пазухi на сцёблах былi даверху забiтыя пылам.
      Джоўд iшоў дарогай, i воблачка пылу цягнулася па яго слядах. Крыху наперадзе ён убачыў выпуклы панцыр чарапахi, якая марудна паўзла па пыле, неяк рыўкамi перастаўляючы няўклюдныя ногi. Джоўд спынiўся - захацеў паглядзець на чарапаху, i цень яго ўпаў на яе. Галава i ногi iмгненна схавалiся, кароткi тоўсты хвост шуснуў убок, пад панцыр. Джоўд падняў чарапаху i перавярнуў дагары нагамi. Спiна ў яе была шаравата-карычневая, пад колер пылу, а нiжнi шчыток крэмава-жоўты, чысты i гладкi. Джоўд вышэй падсунуў пад паху свой скрутак i правёў пальцам па брушным шчытку, потым нацiснуў на яго. Ён быў мякчэйшы за верхнi. Чарапаха высунула лускаватую галаву - намагалася зiрнуць уверх, на палец Джоўда, сутаргава торгаючы нагамi. Яна намачыла Джоўду на далонь, не перастаючы бездапаможна бiцца ў яго ў руках. Джоўд перавярнуў яе спiнай угору i ўкруцiў у пiнжак разам з чаравiкамi. Ён адчуваў, як яна валтузiцца там, тыцкаецца i перабiрае лапамi. Джоўд пайшоў далей, прыспешыў крок, крыху заграбаючы мяккi пыл пятамi.
      Наперадзе, узбоч дарогi, чахлая, абсыпаная пылам вярба адкiдала на зямлю рабы цень. Яе ўбогае, кволае вецце згiналася над дарогай, рэдкая, чэзлая крона нагадвала аблезлую курыцу. Джоўд аблiваўся потам. Сiняя кашуля пацямнела на спiне i пад пахамi. Ён насунуў кепку на лоб, пацягнуўшы за брылёк, i той перагнуўся пасярэдзiне, кардонная пракладка зламалася - цяпер ужо кепка нiколi не будзе выглядаць, як новая. Ногi неслi яго ўсё шпарчэй да адзiнокага дрэва. Ён ведаў - там будзе цень, прынамсi, хоць палоска ценю ад ствала, бо сонца прайшло ўжо зенiт. Гарачыя промнi апякалi патылiцу, у галаве злёгку шумела. Ён не бачыў падножжа вярбы, бо яна расла ў маленькай западзiне, вiльгаць там не так хутка высыхае, як на роўных месцах. Ён iшоў усё хутчэй - спяшаўся ўцячы ад сонца, i нарэшце пачаў спускацца па схiле. Раптам ён апаслiва запаволiў крок, бо палоска ценю была ўжо кiмсьцi занятая. Прыхiнуўшыся спiнай да камля, на зямлi сядзеў чалавек. Сагнутыя ў каленях ногi ён склаў крыж-накрыж, i босая правая ступня дасягала амаль галавы. Ён засяроджана насвiстваў мелодыю факстрота "Так, сэр, гэта мой бэбi" i таму не чуў крокаў Джоўда. Задраная ўгору ступня мерна адбiвала такт. Тэмп быў не танцавальны. Чалавек перастаў свiстаць i заспяваў тонкiм кволым тэнарком:
      Так, сэр, ён мой збавiцель,
      Хрыс-тос мой збавiцель,
      Хрыс-тос мой збавiцель, сэр.
      Чорта, клянуся,
      Я ўжо не баюся,
      У мяне ёсць збавiцель цяпер.
      Ён пачуў крокi Джоўда, толькi калi той ступiў у рэдкi цень ад аблезлай кроны, перастаў спяваць i павярнуў у яго бок галаву. Доўгая, кашчавая, з туга нацягнутай скурай на твары, яна сядзела на шыi, мускулiстай i жылiстай, як бадыль сельдэрэю. Запаленыя, чырванаватыя павекi прыкрывалi ад сонца вялiкiя, выпуклыя вочы. Безвалосыя смуглыя шчокi льснiлiся, поўныя губы выдавалi не то насмешку, не то пажадлiвасць. Скура так шчыльна абцягвала яго дзюбасты, касцiсты нос, што прасвечвалi храсткi пераносся. Нi на шчоках, нi на доўгiм бледным iлбе не было нiводнай кропелькi поту. Лоб у яго быў ненатуральна высокi, з тонкiмi блакiтнымi жылкамi на скронях. Не менш як палова твару была над вачыма. Жорсткiя сiвыя валасы распалiся няроўнымi пасмамi - вiдаць, зачэсаныя пальцамi. На iм былi штаны-камбiнезон i сiняя кашуля. Баваўняная куртка з меднымi гузiкамi i карычневы, залаплены, у тлустых плямах капялюш ляжалi на зямлi каля яго. Шэрыя ад пылу парусiнавыя туфлi на гумавай падэшве валялiся паасобку там, дзе ён iх скiнуў з ног.
      Чалавек доўга глядзеў на Джоўда. Сонечнае святло глыбока пранiкала ў яго карыя вочы i запалiла ў зрэнках залатыя iскрынкi. Калi ён падняў галаву, жгут мускулаў у яго на шыi яшчэ больш наструнiўся.
      Джоўд моўчкi стаяў у дзiравым цянi. Ён зняў кепку, выцер ёю спацелы твар i разам са скручаным пiнжаком кiнуў на зямлю.
      Не высоўваючыся з ценю, чалавек выцягнуў ногi i зарыў пальцы ў пыл.
      Джоўд сказаў:
      - Фу! На дарозе пячэ, як у пекле.
      Чалавек пiльна паглядзеў на яго.
      - Цi не Том гэта Джоўд, сынок старога Тома?
      - Ага, - сказаў Джоўд. - Ён самы. Дамоў iду.
      - Мяне ты, пэўна ж, не памятаеш, - сказаў чалавек, i пухлыя губы яго скрывiлiся ва ўсмешцы, адкрыўшы вялiкiя конскiя зубы. - Ды дзе табе помнiць. Ты толькi тое i рабiў, што дзяўчатак за косы цягаў, замест таго каб мае казанi слухаць. А ў адной дзяўчынкi ўсё наравiў коску з каранямi выдзерцi, а слова святое мiма вушэй прапускаў. Ты, напэўна, забыўся, а я памятаю. Давялося мне i цябе, i дзяўчо тое далучыць да ласкi боскай. Абаiх у арашальнай канаве ахрысцiў. А ўжо ж адбiвалiся як, вiшчалi, што тыя кацяняты.
      Джоўд паглядзеў на яго зверху i раптам засмяяўся:
      - Дык ты ж прапаведнiк! Вось ты хто - наш прапаведнiк! Мо толькi якую гадзiну назад я пра цябе аднаму хлопцу расказваў.
      - Былы прапаведнiк, - спахмурнеў чалавек. - Прападобны Джым Кейсi - з секты "Неапальная купiна". Горла драў у славу гасподню. I грэшнiкаў-пакаянцаў ледзь што - у канаву; наб'еш яе iмi да краёў, так i глядзi, патопяцца. Але цяпер я ўжо не той. - Ён уздыхнуў. - Цяпер я проста Джым Кейсi. Няма ў мяне тае адданасцi богу. Усё ў галаву грэшныя думкi лезуць... грэшныя, але, на мой погляд, цвярозыя.
      Джоўд сказаў:
      - Калi ўжо што ў галаву палезе, тады i задумаешся. Я не забыў цябе. Ты ў нас неблагiя маленнi наладжваў. Памятаю, неяк раз ты стойку зрабiў i так, на руках ходзячы, такую пропаведзь закацiў! I завываў як апантаны. Мацi маёй ты быў больш за iншых па душы. А бабка, дык тая казала, што дух з цябе божы так i б'е ў нос. - Джоўд запусцiў руку ў скрутак, намацаў бутэльку i выняў з кiшэнi пiнжака. Чарапаха варухнула лапай, але Джоўд закруцiў пiнжак тужэй. Потым адкруцiў каўпачок з рыльца i падаў бутэльку Джыму Кейсi. - Глынеш?
      Кейсi ўзяў бутэльку i тужлiва паглядзеў на яе.
      - Больш я ўжо не прапаведую, толькi зрэдку. Цяпер у народзе няма ўжо таго духу боскага, што быў раней. А горш за ўсё, што i ўва мне яго анi кропелькi не засталося. Бывае, праўда, калi-нiкалi ўвойдзе ў цябе дух, ну i склiчаш людзей на маленне. А яшчэ, здараецца, перад ядой богу малiтву скажаш, калi да стала хто запросiць. Але душу я цяпер ужо ў гэта не ўкладаю. Проста просяць людзi, i я не адмаўляюся.
      Джоўд зноў выцер твар кепкай.
      - Няўжо ты такi ўжо святоша, што ад вiскi адмаўляешся? - сказаў ён.
      Кейсi глянуў на бутэльку, быццам толькi што ўбачыў яе ў сваiх руках. Потым паднёс да рота, перакулiў i зрабiў тры вялiкiя глыткi.
      - Ну i пiтво! - пахвалiў ён.
      - А ты як думаў? - сказаў Джоўд. - Не самагон якi - фабрычнае. Яму цэлы даляр цана.
      Перш чым аддаць бутэльку, Кейсi яшчэ раз прыклаўся да рыльца.
      - Так, сэр! - прамовiў ён. - Так, так, сэр!
      Джоўд узяў з яго рук бутэльку i адпiў, з далiкатнасцi не абцёршы рыльца рукавом. Потым апусцiўся на кукiшкi i прыставiў бутэльку да скручанага пiнжака. Падабраў з зямлi сухую галiнку - каб запiсваць ёю свае думкi ў пыле. Змёў лiсце ўбок, разраўняў далонню чысты квадрацiк i пачаў выводзiць на iм рысачкi, куты i кружочкi.
      - Даўнавата цябе не бачыў, - сказаў ён.
      - А мяне нiхто не бачыў, - адказаў прапаведнiк. - Аднаго дня ўзяў i пайшоў ад iх, цяпер усё больш сяджу адзiн i сам з сабою разважаю. Боскага духу я не страцiў, толькi цяпер ён нейкi iншы. Сумненнi пачалi адольваць.
      Кейсi сеў крыху раўней спiнай да ствала. Вавёркай юркнула ў кiшэню кашчавая рука i выцягнула адтуль чорную, абкусаную з усiх бакоў плiтку тытуню. Ён старанна сцёр з яе саламяную труху i iншае кiшэннае смецце, адкусiў кавалачак i засунуў за шчаку. Джоўд адмоўна памахаў галiнкай, калi Кейсi падаў яму плiтку. Чарапаха ў скрутку зноў пачала валтузiцца. Кейсi паглядзеў на пiнжак, якi варушыўся, нiбы жывы.
      - Што гэта там у цябе - курыца? Глядзi, задыхнецца.
      Джоўд тужэй скруцiў пiнжак.
      - Чарапаха, - сказаў ён. - На дарозе падабраў. Вялiзная, як трактар. Брацiку нясу. Малыя любяць чарапах.
      - Рана цi позна яны ўсе iмi абзаводзяцца. Але чарапаху пры сабе доўга не ўтрымаеш. Торкаецца, тыцкаецца сюды-туды, пакуль не знойдзе лаза, выберацца на волю, i шукай ветру ў полi. Вось i я так. Няма таго, каб проста разгарнуць Евангелле, што ляжыць пад рукой. Не, усё круцiш яго, гартаеш, шукаеш нечага адны шматкi застаюцца. Бывае, натхнюся боскiм духам, а што ўслаўляць, не ведаю. Прызначэнне маё - весцi людзей, але ж няма куды.
      - А ты вадзi iх кругом i навокал, - сказаў Джоўд. - Доўга не думай, штурхай iх у арашальныя канавы. А свой розум мець захочуць, скажы iм, што ў пякельным агнi гарэць будуць. На чорта табе ведаць, куды iх весцi? Проста вядзi, i справе канец.
      Цень ад ствала вярбы падаўжэў. Джоўд з радасцю перасеў у цень i зноў расчысцiў i разраўняў маленькi квадрацiк пылу, каб, крэслячы на iм сваiм прутком, запiсваць думкi. Мiма iх бегла па дарозе жоўтая калматая аўчарка. Падкурчыўшы вялы хвост, нiзка звесiла галаву i высунула язык, з якога капала слiна. Яна гучна, задышлiва сапла. Джоўд свiснуў, але аўчарка яшчэ нiжэй апусцiла галаву i пабегла трушком да толькi ёй адной вядомай мэты.
      - Вось бяжыць кудысьцi, - сказаў крыху закрануты за жывое Джоўд. - Пэўна, дадому.
      Прапаведнiка нiчым нельга было адцягнуць ад яго думак.
      - Кудысьцi бяжыць, - паўтарыў ён. - Правiльна - кудысьцi кiруе. А я вось... куды кiравацца, не ведаю. У мяне на маленнях людзi, бывала, так наскачуцца, налямантуюцца, нагарланяцца на славу боскую, што як нежывыя падаюць на дол. Некаторых, каб прывесцi ў прытомнасць, даводзiлася акунаць у канаву. А пасля, ведаеш, што я рабiў? Пацягну якую-небудзь дзеўку ў густую траву i лягу з ёю. I так кожны раз пасля малення. А потым каяцца пачынаю. Малюся-малюся, а карысцi нiякай. Другi раз зноў усе боскiм духам прасякнемся, i я зноў за сваё. Нарэшце зразумеў: дайшоў я да краю - крыўлю душой перад богам. Хоць сам таго не жадаю.
      Джоўд усмiхнуўся i, прасунуўшы кончык языка мiж доўгiх зубоў, аблiзнуў губы.
      - Пасля такiх набажэнстваў самы раз у кусты iх цягнуць, - зазначыў ён. Па сабе ведаю.
      Кейсi ўсхвалявана падаўся наперад.
      - Вось бачыш! - усклiкнуў ён. - Я нарэшце зразумеў гэта i задумаўся. - Ён мерна махаў сваёй кашчавай рукой з вузлаватымi пальцамi ў такт словам. - Вось як пачаў я разважаць: я прасякся ласкай боскай, i паства мая так прасяклася ёю - аж скача i нема крычыць. А тут кажуць, што вадзiцца з жанчынай - сатанiнскае насланнё. Але ж чым больш у жанчыне богам дараванай ласкi, тым мацней яе цягне ў кусты. Дык вось я i падумаў: як жа гэта так, чорт вазьмi... ох, прабач мне... як жа сатана падбярэцца да жанчыны, калi дух святы так i бруiцца з яе? Ужо ж тут, здаецца, сатане, як нi хiтруй, нi з якага боку не падступiцца. А на справе выходзiць зусiм iншае. - Вочы ў Кейсi блiшчалi ад хвалявання. Ён паварушыў шчокамi i губамi i плюнуў. Плявок пакацiўся па зямлi, абвалокся пылам i ператварыўся ў шэры, цвёрды з выгляду шарык. Прапаведнiк выставiў наперад руку, уставiў вочы на далонь, быццам на разгорнутую кнiгу. - Вось я якi... - цiха прамовiў ён. - Вось якi я: у мяне ў руках чалавечыя душы, я адказваю за iх i адчуваю, якая вялiкая ляжыць на мне адказнасць, а сам кожны раз пасля малення кладуся з жанчынай. - Ён глянуў на Джоўда. На твары ў яго была разгубленасць. У вачах - заклiк аб дапамозе.
      Джоўд старанна вывеў галiнкай у пыле жаночы торс - грудзi, клубы, таз.
      - Прапаведнiкам я нiколi не быў, - сказаў ён, - таму не зяваў, калi што ў рукi плыло. I рознымi думкамi галаву сабе не забiваў - падвернецца што дзе калi, i я сам не свой ад радасцi.
      - Ну ясна, ты ж не прапаведнiк, - упiраўся Кейсi. - Табе дзеўка - проста дзеўка. Што табе да яе. А мне жанчына - сасуд свяшчэнны. Я ратаваў iхнiя душы. I вось, узяўшы на сябе такую адказнасць, я спачатку ўсяляў у iх дух святы, а потым цягаў iх у кусты.
      - Можа, i мне не пашкодзiла б зрабiцца прапаведнiкам, - уголас падумаў Джоўд. Ён дастаў з кiшэнi тытунь i паперу, скруцiў цыгарку. Запалiў яе i скрозь дым пакасiўся на субяседнiка. - Даўно ўжо я без жанчыны. Давядзецца наганяць.
      Кейсi гаварыў далей:
      - Я давёў сябе да таго, што начамi не спаў. Iдзеш на пропаведзь i зарок сабе даеш: "Сёння, далiбог, не буду". Але яшчэ не дагаварыўшы, ужо ведаю буду.
      - Ажанiцца табе трэба, - сказаў Джоўд. - У нас жыў адзiн прапаведнiк з жонкай. Егавiсты. Наверсе ў нас спалi. На маленне народ прыходзiў да iх у гумно. А мы, дзецi, падслухоўвалi, як жонцы ад яго даставалася пасля кожнага вячэрняга малення.
      - Добра, што ты мне гэта сказаў, - ажывiўся Кейсi. - А то я думаў, што я адзiн быў такi... Нарэшце не вытрымаў, кiнуў усё i пайшоў. З тае пары ў мяне толькi адно ў галаве. - Ён падцягнуў каленi да падбародка i пачаў выкалупваць гразь мiж пальцаў ног. - I вось спытаўся я ў самога сябе: "Што цябе мучыць? Юрлiвы сверб?" I сам адказваю: "Не, не сверб, а тое, што ўсё гэта грэх". I зноў пытаюся: "Як жа гэта так? Чалавек, поўны вялiкай павагi да бога, павiнен, здавалася б, як мул, упiрацца, каб не ступiць на грэшны шлях, дык жа ж не яму карцiць хутчэй штаны расшпiлiць". - Ён мерна паляпаў двума пальцамi па далонi, быццам акуратна кладучы на яе словы радком. - Кажу я сабе: "Можа, ва ўсiм гэтым няма нiякага грэху? Можа, людзi i павiнны быць такiмi? Можа, дарэмна мы мардуем сябе, выганяючы д'ябла?" I згадаў я, як некаторыя сёстры сцябаюць сябе метровымi абрыўкамi правадоў. I падумаў: можа, iм гэта прыемна, можа, i мне прыемна сябе мучыць? Я ляжаў тады пад дрэвам, думаў, думаў ды заснуў. Прачынаюся, гляджу - ноч, апраметная цемра. Недзе паблiзу скуголiць каёт. I раптам само сабой так голасна ў мяне вырвалася: "К чорту ўсё! Нiякага грэху на свеце няма, няма i праведнасцi. Ёсць толькi тое, што людзi робяць. Адно без другога не iснуе. У людзей некаторыя справы добрыя, некаторыя нядобрыя, вось i ўсё, i то з якога яшчэ боку на гэта паглядзець". - Кейсi змоўк i адарваў вочы ад далонi, на якой ён нiбы раскладаў словы.
      Джоўд слухаў прапаведнiка з усмешкай, але позiрк яго быў востры i ўважлiвы.
      - Ты сваю веру ўсю ператрос, - сказаў ён. - З усiх бакоў абсмактаў.
      Кейсi зноў загаварыў, i ў голасе яго гучалi боль i разгубленасць.
      - Я пытаюся ў сябе: "Што такое боскi дух i парыванне?" I адказваю: "Гэта любоў. Я так люблю людзей, што, бывае, сэрца крывёю аблiваецца". Зноў пытаюся: "А Iсуса ты хiба не любiш?" Думаю, думаю i нарэшце кажу: "Не, я нiкога з такiм iмем не ведаю. Гiсторый розных пра яго чуў шмат, але люблю я толькi жывых людзей. Сэрца разрываецца ад любовi да iх, i хочацца мне зрабiць усiх iх шчаслiвымi, i таму прапаведую iм тое, што можа прывесцi iх да шчасця". А потым... Ну i нагаварыў я табе чортаву прорву ўсяго. Табе, можа, дзiўна, што я такiя брыдкiя словы ўжываю? Нiякiх тут брыдкiх слоў, на мой погляд, няма. Так усе гавораць, усе людзi, i нiчога дрэннага яны гэтымi словамi сказаць не хочуць. Ну, добра, хай. А цяпер я скажу табе яшчэ нешта, да чаго я сваiм розумам дайшоў, толькi прапаведнiку казаць такое - кашчунства, i таму я не маю права быць прапаведнiкам, бо ўвесь час думаю пра гэта i веру ў гэта.
      - Пра што ты? - спытаўся Джоўд.
      Кейсi хiтравата глянуў на яго.
      - Калi твой слых разане, не крыўдуй, га?
      - Я крыўдую, толькi калi мне нос расквасяць, - сказаў Джоўд. - Ну, што ты там такое надумаў?
      - Разважаў я пра духа святога i пра Iсуса: "Чаго гэта мы ўсё горнемся да бога i да Iсуса? Можа, - думаў я, - мы проста людзей любiм - мужчын i жанчын? Можа, дух святы - гэта i ёсць душа чалавечая, вось i ўсё. Можа, усе людзi разам i ўтвараюць адну вялiкую душу i часцiнку яе знойдзеш у кожным чалавеку?" Доўга сядзеў я так, думаў, думаў i раптам усё зразумеў, усiм нутром, i так ува мне гэта i засталося.
      Джоўд апусцiў вочы, быццам яму было не пад сiлу вытрываць шчыры позiрк прапаведнiка.
      - З такiмi думкамi нi ў якай царкве не ўтрымаешся, - сказаў ён. - За такiя думкi цябе прагоняць з нашых краёў. Што людзям трэба? Паскакаць i павыць. Гэта iм самая вялiкая ўцеха. Бабка наша, бывала, як пачне лямантаваць, рады ёй даць было нельга. Аднаго разу здаравеннага псаломшчыка кулаком з ног звалiла.
      Кейсi задуменна пазiраў на Джоўда.
      - Вось я хачу спытацца ў цябе пра нешта, - сказаў ён. - Душу мне гэта кроiць.
      - Што ж, пытайся. Часам i я ў чым-небудзь разбiраюся.
      - Вось што... - нерашуча пачаў прапаведнiк. - Я хрысцiў цябе найлепшым чынам у той дзень, калi боскае ззянне сышло на мяне. З вуснаў маiх словы Хрыстовы лiлiся. Ты, пэўна, нiчога не памятаеш, бо ўвесь час коску тую цягаў.
      - Чаму ж не, памятаю, - адказаў Джоўд. - Гэта была Сюзi Лiтл. Праз год яна мне ледзь палец не адарвала.
      - Дык вось... Пайшло табе на карысць тое хрышчэнне? Лепш табе зрабiлася ад таго?
      Джоўд, падумаўшы, адказаў:
      - Н-не, я нават нiчога не адчуў.
      - Так... А шкоду табе гэта зрабiла? Толькi падумай.
      Джоўд падняў з зямлi бутэльку i адпiў.
      - Нiчога я не адчуў - нi добрага, нi дрэннага. Мне тады проста весела было, больш нiчога. - Ён падаў бутэльку прапаведнiку.
      Кейсi ўздыхнуў, прыгубiў бутэльку, потым паглядзеў, колькi ў ёй на дне засталося, i зрабiў яшчэ адзiн маленькi глыток.
      - Вось i добра, - сказаў ён. - А то я ўсё мучыўся - цi не нарабiў я сваiм умяшаннем якой-небудзь шкоды людзям.
      Джоўд глянуў на свой пiнжак i ўбачыў чарапаху - яна выбралася на волю i ўжо спяшалася ў тым жа кiрунку, у якiм паўзла, калi ён падабраў яе. Джоўд паназiраў за ёю, тады ўстаў на ногi, падняў чарапаху з зямлi i зноў закруцiў у пiнжак.
      - Нiякiх падарункаў дзецям не прыпас, - паяснiў ён. - Хоць гэту старую чарапаху прынясу.
      - Дзiўная рэч, - сказаў прапаведнiк. - Якраз калi ты падышоў, я старога Тома Джоўда прыгадаў. Падумаў, цi не завiтаць да яго. Я заўсёды лiчыў яго бязбожнiкам. Як ён там жыве, стары Том?
      - Не ведаю. Чатыры гады я ўжо дома не быў.
      - Хiба ён не пiсаў табе?
      Джоўд замяшаўся.
      - Тата на пiсьмы не вялiкi мастак i наогул пiсаць не ахвочы. Прозвiшча сваё чын чынам падпiша, не горш за iншых, i нават аловак паслiнiць. Але пiсьмаў не пiша. Тата заўсёды казаў: чаго нельга выказаць голасам, таго i алоўкам не варта.
      - Увесь гэты час ты па свеце бадзяўся? - запытаўся Кейсi.
      Джоўд недаверлiва глянуў на яго.
      - А ты хiба нiчога не ведаеш? Ва ўсiх газетах пра мяне пiсалi.
      - Нiчога. А што? - Кейсi закiнуў нагу на нагу i ссунуўся па ствале нiжэй. Дзень ужо зайшоў далёка за поўдзень, i сонца налiвалася чырванню.
      Джоўд, палагаднеўшы, сказаў:
      - Казаць, дык адразу ўсё, i скончым з гэтым. Але калi б ты i цяпер яшчэ быў прапаведнiкам, я асцярогся б расказваць, бо ты пачаў бы малiцца за маю душу. - Ён дапiў рэшту вiскi i шпурнуў паўлiтэрку ўбок, i пляскатая бутэлька мякка слiзганула па пыле. - Я чатыры гады праседзеў у Макалестары.
      Кейсi крута павярнуўся да яго i так насупiў бровы, што высокi яго лоб зрабiўся яшчэ вышэйшы.
      - Табе неахвота пра гэта гаварыць, так? Я не буду распытвацца, што ты там такое нарабiў.
      - Я i цяпер зрабiў бы тое самае, - сказаў Джоўд. - Я забiў аднаго малойчыка ў бойцы. Мы добра напiлiся з iм на танцах. Ён нажом мяне пырнуў, я схапiў рыдлёўку i прыкончыў яго. Размажджэрыў яму галаву.
      Бровы ў прапаведнiка занялi сваё звычайнае месца.
      - Значыць, саромецца табе няма чаго?
      - Няма, - адказаў Джоўд. - Мне далi толькi сем гадоў, бо ён першы пачаў пырнуў мяне нажом. Выпусцiлi праз чатыры гады - умоўна.
      - I нiхто з тваiх не пiсаў табе ўсе чатыры гады?
      - Чаму ж, пiсалi. Два гады назад ад мацi паштоўку атрымаў, а на мiнулыя Каляды бабка прыслала. О, Езус, i смеху ж было ў нашай камеры! Паштоўка з малюнкам - ёлка ўся ў блiшчынках, быццам снегам абсыпаная. I вершык:
      У свята светлае Каляды
      Будзь жыццю, хрыстосiк, рады,
      I пад ёлачку ты глянь.
      Падаруначак дастань.
      Бабка, вiдаць, i не чытала яго. Пэўна, у разносчыка купiла, выбрала самую прыгожую i блiскучую. Хлопцы ў камеры жываты надрывалi ад рогату. З таго дня ўсе мяне "хрыстосiкам" дражнiлi. А бабка i думаць не думала, што з мяне смяяцца будуць. Бачыць, святочная паштоўка, прыгожая, блiскучая, навошта чытаць? У той год, калi мяне пасадзiлi, яна свае акуляры згубiла. Да гэтага часу, думаю, яшчэ шукае.
      - А як абыходзяцца яны там з вамi, у Макалестары?
      - Ды нядрэнна. Кормяць па гадзiнах, адзяваюць чыста, i памыцца ёсць дзе. Без жанчын толькi цяжка. - Джоўд раптам засмяяўся: - У нас там неяк аднаго тыпуса ўмоўна выпусцiлi. I месяца не прайшло, як ён праштрафiўся i зноў вярнуўся да нас. У яго спыталiся, чаму ён парушыў падпiску. А ён кажа: "Якога чорта! У бацькавай халупе выгод нiякiх. Нi табе электрычнасцi, нi душа. I кнiжак няма, i ежа паганая". Вярнуўся, кажа, бо тут хоць якiя выгоды ёсць i жратва па гадзiнах. На волi, кажа, адзiн супраць цэлага свету - не ведаеш, што рабiць, куды падацца. I ён украў машыну i зноў сеў. - Джоўд дастаў свой капшук, падзьмуў на курыльную кнiжачку, каб аддзялiць адзiн бураваты лiсточак, скруцiў цыгарку. - Што ж, хлапец ён не дурны, - дадаў ён. - Як падумаў я ўчора, дзе ноч буду спаць, дык страх мяне ўзяў. Прыгадаўся мне ложак i той чокнуты, што з намi быў у камеры, падумаў: што ён цяпер робiць? У нас аркестр там быў. Добры струнны аркестр. Адзiн казаў, што мы маглi б нават па радыё выступаць. А сёння ранiцай прачынаюся i не ведаю - падымацца цi яшчэ рана. Ляжу i чакаю, калi пабудку дадуць.
      Кейсi хмыкнуў:
      - Гэтак можна i не пачуць, як лесапiлка вiшчыць.
      Жаўтавата-пыльнае святло кранула зямлю пазалотай. Кукуруза ўся залацiлася. Чародка ластавак пранеслася ў небе - вiдаць, да нейкай вады. Чарапаха ў Джоўдавым пiнжаку зрабiла яшчэ адну спробу ўцёкаў. Джоўд перагнуў папалам брылёк кепкi, i цяпер брылёк стаў падобны на крывую дзюбу вароны.
      - Ну, вiдаць, патупаю, - сказаў Джоўд. - Скварыцца на сонцы не вельмi люблю, але цяпер ужо не так пячэ.
      Кейсi рашуча падняўся.
      - Старога Тома я цэлы век не бачыў, - сказаў ён. - Даўно хацеў зiрнуць, як ён там. Я ж колькi часу да вас хадзiў са словам божым, грошай нiколi не браў, глыну толькi чаго-небудзь...
      - Гайда, - сказаў Джоўд. - Бацька табе рады будзе. Ён заўсёды казаў, што ў цябе дзюба занадта вялiкая для прапаведнiка. - Джоўд падняў з зямлi пiнжак i шчыльней абкруцiў iм чаравiкi i чарапаху.
      Кейсi падабраў свае парусiнавыя туфлi i ўсунуў у iх босыя ногi.
      - Я не такi смелы, як ты, - сказаў ён. - Чаго добрага, яшчэ на калючы дрот наступлю ў пыле цi на шкло. Страх як баюся палец парэзаць - няма нiчога горшага.
      Яны нерашуча пастаялi, перш чым пераступiць лiнiю ценю, i раптам рушылi наперад, як два плыўцы, што спяшаюцца дабрацца да другога берага. Шпарка прайшоўшы некалькi крокаў, яны сцiшылi хаду i пайшлi няспешна, быццам у роздуме. Кукурузнае бадыллё кiдала на дарогу косыя шэрыя ценi, у паветры стаяў душны пах нагрэтага пылу. За кукурузным полем пачаўся цёмна-зялёны бавоўнiк цёмна-зялёнае лiсце з зачаткамi насенных каробачак пад пялёнкай шэрага пылу. Усходы былi няроўныя - густыя ў западзiнах, дзе даўжэй трымалася вiльгаць, i зусiм пляшывыя на высокiх месцах. Раслiны ўпарта змагалiся з сонцам. А блiжэй да гарызонту далеч зацягнулася непрагляднай рудаватай смугой. Пыльная дарога адбягала ўдалечыню хвалiстай стужкай. Вербы, што раслi па берагах ручая, збочвалi разам з iм на захад, а на паўночны захад ад iх няўроблены ўчастак зямлi ўшчыльную падыходзiў да нiзкага i рэдкага кустоўя. Тхала распаленым пылам, паветра было такое сухое, што слiзь у носе засыхала скарынкай, а з вачэй цяклi выратавальныя слёзы.
      Кейсi сказаў:
      - Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.
      - Кожны год, - сказаў Джоўд, - кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але нi разу так i не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькi першыя пяць гадоў добра радзiла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.
      Дарога апусцiлася па схiле ўзгорка i паднялася на другi пакацiсты груд.
      Кейсi сказаў:
      - Адсюль да старога Тома будзе не болей за мiлю. За трэцiм узгоркам, здаецца, так?
      - Правiльна, - адказаў Джоўд. - Калi толькi дом наш не ўкралi, як некалi бацька зрабiў.
      - Дом украў?
      - Ага. Знайшлi пусты мiлi за паўтары адсюль i ўкралi. Сям'я, што там жыла, перабралася ў iншае месца. Дзед, бацька i Ной, брат мой, хацелi перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся. Толькi з паловай справiлiся. Таму ён у нас такi дзiўнаваты з аднаго боку. Рассеклi на дзве часткi, у адну палову ўпрэглi дванаццаць коней i два мулы i перавезлi на свой участак. Вярнулiся па другую палову - хацелi прыбудаваць яе да першай, але раней за iх туды паспеў Уiнк Мэнлi са сваiмi хлопцамi i з-пад носа сцягнуў тое, што засталося. Дзед з бацькам злыя хадзiлi, як чэрцi, ды неяк раз выпiлi з Уiнкам, i ўсе трое толькi за жываты трымалiся ад рогату. Уiнк кажа: дом мой цяпер як жарабец, прыводзьце вашу палову, мы iх злучым, i, можа, ад iх добрыя "шпакоўнi" пойдуць. Стары Ўiнк, як вып'е, мог такое вытварыць! Пасля гэтага бацька i дзед моцна з iм пасябравалi. Знаходзiлi любую магчымасць выпiць разам.
      - Стары Том малайчына, - пагадзiўся Кейсi. Узнiмаючы пыл, яны спусцiлiся па схiле ўзгорка i на пад'ёме запаволiлi крок. Кейсi выцер рукавом лоб i зноў надзеў свой пляскаты капялюш. - Так, Том малайчына, - паўтарыў ён. - Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусiм крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калi ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся - а то нагамi затопча. Што племянны жарабок у стойле.
      Яны ўзышлi на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцiлася да крывога рэчышча ручая з няроўнымi, абсыпанымi берагамi, збарозненымi дажджавымi вымоiнамi. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другi бераг.
      - Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, - сказаў Джоўд. - А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калi яго хрысцiлi на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапiсты куст вышынёй з пiянiна. Раз! - туды пераскочыў; раз! - назад пераляцеў i вые, як здзiчэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лiчыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, i як убачыў гэта, аблюбаваў такi ж шырачэзны куст, удвая толькi вышэйшы, завiшчаў не сваiм голасам, як свiння, што бiтым шклом апарасiлася, пераскочыў з разбегу цераз куст i вывiхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы i вылецеў. Прапаведнiк усё лезе памалiцца, каб нага выправiлася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкi бадзячы трапiўся, ну ён яму косць i ўправiў. А прапаведнiк усё роўна за сваё памалiўся-такi.
      Яны паволi адолелi нястромкi пад'ём па другi бок яра. Цяпер, калi сонца хiлiлася на захад, спёка пачала спадаць, i хоць паветра па-ранейшаму было яшчэ гарачае, сонечныя промнi абрыналiся ўжо з меншай сiлай. Па краях дарогi стаялi такiя ж крывыя калы з нацягнутым на iх калючым дротам. Справа драцяная загарадзь пайшла праз баваўнянае поле, але няспелы бавоўнiк быў аднолькавы з абодвух бакоў - сухi, цёмна-зялёны, зацярушаны пылам.
      Джоўд паказаў рукой на межавую загарадзь:
      - Вось наша мяжа. Папраўдзе, агароджа нам была без патрэбы, але ў нас завёўся дрот, i бацьку закарцела абгарадзiць поле. Цяпер, кажа, адчуваеш: сорак акраў - гэта сорак акраў! Толькi не было б нiякай агароджы, каб неяк раз ноччу дзядзька Джон не прывёз у сваiм фургоне цэлых шэсць шпуль дроту. Выменяў у бацькi на парася. Дзе ён узяў гэты дрот, так i засталося тайнай. - На пад'ёме яны пайшлi цiшэй, цягнучы ногi па мяккiм, глыбокiм пыле i адчуваючы пад ступнямi зямлю. Вочы ў Джоўда нiбы ўзiралiся ў мiнулае. Здавалася, ён пацiху пасмейваецца сам з сябе. - Дзiвак у нас дзядзька, - сказаў ён. - Узяць хоць парася гэтае, - ён хiхiкнуў i моўчкi пайшоў далей.
      Кейсi нецярплiва чакаў, калi Джоўд зноў загаворыць. Але працягу не было. Ён даў Джоўду яшчэ трохi часу, каб сабрацца з думкамi, i нарэшце не вытрымаў i крыху раздражнёна спытаўся:

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34