Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Змагарныя дарогi (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Биографии и мемуары / Акула К. / Змагарныя дарогi (на белорусском языке) - Чтение (стр. 6)
Автор: Акула К.
Жанр: Биографии и мемуары

 

 


      Балючымi былi бясконцыя нараканьнi бацькi. Звычайна пасьля колькiднёвай адсутнасьцi з дому па нейкай бальшавiцкай працоўнай норме, вывазцы лесу або каменьня, стары Спарыш, вярнуўшыся зьняможаным дахаты, хрысьцячыся, вымаўляў: "Госпадзi мiласэрны, дзе твая справядлiвасьць? Цi-ж доўга ты яшчэ дазволiш, каб нячыстая сiла так народ душыла? Божа-ж мой, Божа, няхай бы ўжо хоць нейкi чорт прыйшоў на зьмену, абы ня гэтая нечысьць паганая. Дзе-ж яна на нас узялася, каб яна скрозь зямлю правалiлася!"
      Ажно прыйшла й зьмена, й той "чорт" на зьмену, што выявiўся анiчуць ня лепшым за тую "нечысьць".
      Маладому Сымону спачатку здалося, што пойдзе на лепшае. Неба было праясьнiлася. Пачулася нешта роднае, дарагое, цела ад свайго цела, дагэтуль забароненае, апаганенае, стаптанае. У беларускiх школах хлапец выразна ўсьведамiўся. Да гэтага спрычынiлiся найбольш лекцыi гiсторыi й лiтаратуры на настаўнiцкiх курсах. Настаўнiк гiсторыi, сам добры беларускi патрыёт, сваiм навучаньнем будаваў у сьведамасьцi й сэрцы Сымона лепшага, паўнавартаснага чалавека, добрага й сумленнага беларуса, вялiкага патрыёта.
      I ня дзiва, што цешылася юнакова сэрца, калi бачыў, як навокал расьлi беларускiя школы, арганiзоўвалася моладзь, грамадзкiя iнстытуцыi. Здавалася тады яшчэ Сымону, што немцы былi найлепшымi прыяцелямi беларусаў, а хто ведае - мо й найлепшымi людзьмi. Любiў надзвычайна чытаць i чытаў усё, што друкавалася па-беларуску. Нейкi час захапляўся перадавiцамi Ўладыслава Казлоўскага ў "Беларускай Газэце". Здавалася, што каб тады даў яму хто ў рукi стрэльбу й сказаў самому аднаму абараняць, прыкладам, ад бальшавiкоў Менск, то пайшоў-бы без найменшага хiстаньня.
      Хутка прыйшлi рашчараваньнi, а пасьля й зьмены поглядаў, калi тое, што юнак меў у галаве дагэтуль, можна было назваць поглядамi. Дачуўся Сымон, што спалiлi немцы вёску Залатуху непадалёк Парафiянава, побач чыгункi Маладэчна Полацак. Аб сапраўднасьцi весткi ня было сумлеваў - перадалi яе Сымону людзi, якiм поўнасьцю верыў. Спалiлi-ж ня толькi малыя ў вёсцы будынкi, але папалiлi жыўцом, пазганяўшы ў пуню, усiх жыхароў Залатухi, пераважна жанчын, старых i дзяцей. Хутка цэлая ваколiца з жахам пачала аб тым учынку гаварыць. Сымон глыбока задумаўся. У вёсцы, як апавядалi людзi, зусiм ня было партызанаў. Адной вiной Залатухi было тое, што ляжала воддаль чыгункi непадалёк лесу, значыцца, бальшавiцкiя партызаны маглi раз цi два заглянуць у яе па дарозе да чыгункi, якую падмiноўвалi.
      Чаму-ж тады гiтлераўцы палiлi нявiнных гаротных беларускiх сялян? Чаму дзяцей i жанчын? Цi-ж i яны былi партызанамi? Цi-ж гiтлераўцы ня мелi часу, каб разабрацца, дзе, хто й што, цi паленьне й руйнаваньне ляжала ў iхных iнтарэсах? Чаму, чаму й яшчэ раз чаму?
      Жахлiвае падазрэньне мiльганула ў Сымонавай галаве: цi ня ёсьць i гiтлераўцы такiмi самымi зьнiшчальнiкамi, крывапiўцамi, эксплуататарамi беларускага народу, як i бальшавiкi? Цi ня ёсьць i Гiтлер такiм самым крымiнальнiкам, як i Сталiн?
      Хутка пачалi прыходзiць весткi аб нямецкiх зьверствах з усiх канцоў i ваколiцаў. Яны былi ня менш жахлiвымi, чым весткi аб зьверствах над беларускiмi сялянамi з боку бальшавiцкiх партызанаў.
      "Што з таго, што гiтлераўцы дазволiлi арганiзаваць беларускае школьнiцтва й адмiнiстрацыю? - думаў Сымон. - Яны-ж паляць, рабуюць, страляюць людзей, адным словам, робяць зь Беларусi пустыню".
      Апавядалi аб страляньнi жыдоў. Сам Сымон бачыў, як немцы стралялi савецкiх ваеннапалонных. Каля самай iхняй вёскi прабягаў вялiкi гасьцiнец. Гэта тут раз давялося бачыць Сымону, як гналi немцы вялiкую й шырокую, у дзесяць шэрагаў, калёну савецкiх палонных. Была зiма. Дарогаю валачылiся абдзёртыя, босыя, пасiнелыя шкiлеты. Здавалася, што ня было iм нi канца нi краю. Iх накiроўвалi ў лагер у Бярэзьвечах. Вясковыя жанчыны, панабiраўшы ў пелены бульбы цi хлеба, падыходзiлi да дарогi й шпурлялi галодным. Шкiлеты гуртамi кiдалiся на хлеб i бульбу, а нямецкiя канвойныя касiлi iх з аўтаматаў, пакiдалi кучы трупаў i йшлi далей... Цi мала чаго бачыў яшчэ Сымон...
      Хто-ж мог-бы пералiчыць усе тыя жахi й зьверскiя ўчынкi акупантаў, аб якiх давялося чуць. Прыходзiлi на памяць нядаўнiя бальшавiцкiя ўчынкi ў Бярэзьвечах, дзе ў колiшнiм манастыры, пераробленым на вязьнiцу, людзi пазнаходзiлi кучы трупаў з паабразанымi насамi, языкамi, жаночымi грудзьмi, павыколванымi вачыма, павыломванымi пальцамi. Прыгадвалася цяжкое жыцьцё пад савецкай акупацыяй, вывазы ў Сiбiр, вечныя нараканьнi бацькi. I ў параўнаньнях маладога Сымона абодва акупанты выглядалi аднолькавымi. "Чорт iх ведае, думаў юнак, - адна нячыстая сiла, а другая яшчэ горшая. Мусiць, каб паставiў на вагу, дык нiводзiн не пераважыў-бы, абое, як кажуць, рабое".
      Сымон аж усьцешыўся, што ён сам, без нiякiх падказваньняў збоку, дайшоў да такiх высноваў. Радасьць была тым большая, калi пераканаўся ў далейшым, што ягоныя новапрыдбаныя погляды адносна немцаў былi зусiм правiльнымi. Калi-ж адна думка была даведзена да канца, калi была пастаўлена над гэтым кропка, дык перад юнаком зьявiўся цэлы сьцяг зусiм новых пытаньняў: хто-ж тады прыяцель беларусаў? Дзе-ж народ павiнен шукаць ратунку? I цi наагул быў ратунак?
      У гэны час ня мог юнак знайсьцi адказу на такiя пытаньнi. Яны адно прынесьлi недавер i насьцярожанасьць да ўсяго чужога ды яшчэ большую любоў да роднага, блiзкага, свайго пакрыўджанага народу.
      Ня было ў Сымона нiякiх пытаньняў у дачыненьнi да самога сябе. Даўно наважыў лiчыць на свае сiлы. Добра разумеў вартасьць навукi, а таму й пастанавiў прадаўжаць яе далей. "А там ужо будзе вiдаць", - думаў сабе.
      Але й час навукi ў Вiльнi быў кароткi. Ясна было, што немцы зьбiралiся адступаць, а калi-б i не, дык падходзiлi тыя гады, калi трэба было браць стрэльбу ў рукi. Хто быў дужэйшы, значыцца, хто трымаў зброю ў руках, той i лiчыўся лепшым. Гэтую простую праўду пазнаў быў Сымон, назiраючы за рознымi падзеямi, якiя заўсёды стараўся аналiзаваць. Калi ў Вiльнi пачаўся прыём у Школу Камандзераў БКА, калi гэтую справу тройка студэнтаў пачала разважаць, дык выявiлася, што погляды ўсiх сыходзiлiся. Так неяк выйшла, што нiхто й нiкога не намаўляў. Пасьпяшылi ў памяшканьне Вiленскага Беларускага Нацыянальнага Камiтэту на мэдыцынскi агляд, дзе й былi прынятыя ў БКА.
      VII
      Шостага лiпеня Школа прыехала ў Вiрбален - мястэчка на летувiска-прускай мяжы. Кадэты затрымалiся ў вайсковых бараках. Толькi параненыя былi накiраваныя ў шпiталь недзе ў ваколiцы Кэнiгсбергу. Разам зь iмi паехаў i Камовiч, зь якiм, як пасьля выявiлася, хлопцы разьвiталiся назаўсёды. Параненых пасьля не далучылi ўжо да Школы Камандзераў, i нiхто ня ведаў, што зь iмi сталася. У Вiрбалене Школа затрымана была на чатыры днi.
      Быў гэта добры адпачынак. Пагода была цудоўная. Заняткаў - нiякiх. Рэкруты аглядалi самi сябе, чысьцiлiся, парадкавалi свае рэчы, падлiчвалi страчанае, загаралi на сонцы, без канца дзялiлiся перажываньнямi з жахлiвай бамбардзiроўкi ў Вiльнi, з дарогi. Коратка кажучы - гаiлi свае духовыя раны. А раны гэныя ўжо былi паказалiся цi ў аднаго. Такая раптоўнасьць выпадкаў за апошнi тыдзень скаланула не аднаго - да самае асновы духовае iстоты. Значны ўплыў на настрой гэтага юнацкага адзьдзелу прыносiла й няпэўнасьць заўтрашняга дня, няведамасьць будучынi. Ясным было ўжо, што не вярнуцца iм анi заўтра, анi пасьлязаўтра на пакiнутую Бацькаўшчыну, хаця-б навет i ў абяцаную перад выхадам зь Менску Горадню. Што-ж было наперадзе? Куды вёў iхны шлях? Што сталася зь iншымi адзьдзеламi БКА? Дзе была беларуская цэнтральная адмiнiстрацыя, г. зн. БЦР, штаб БКА i iншыя? Пытаньняў было без канца.
      Вечарам, блiзка на захад сонца, каля аднаго з баракаў на зялёнай траўцы сядзела грамада хлапцоў. Гаварылi аб тым-сiм, пераважна-ж аб пакiнутай радзiме, бацьках, агульным палажэньнi, будучынi. Сярод iх былi капiтаны Мiкула й Ласкутовiч. Маладым рэкрутам хацелася пачуць што-небудзь i ад сваiх афiцэраў, што-небудзь пацяшаючае, запэўнiваючае, падбадзёрваючае. Таму, калi Мiкула па-сяброўску пачаў гутарку, адкуль нi ўзялiся дзесяткi слухачоў, што хадзiлi воддаль. Цеснай сьцяной абкружылi абодвух капiтанаў i замянiлiся ў слых.
      - Так, хлопцы, - гаварыў Мiкула, - мы сяньня рассыпалiся, хаця дагэтуль i мелi нейкую дзяржаўную арганiзацыю. Не ведаем цяпер, дзе знаходзiцца Беларуская Цэнтральная Рада, дзе ёсьць нашыя вайсковыя адзiнкi. Мы страцiлi адзiн аднаго, бо ўцякалi. Цяпер трэба чакаць, пакуль усё стабiлiзуецца, i толькi тады я ясна пастаўлю пытаньне аб iснаваньнi афiцэрскае школы, бо цяпер яна, як такая, фактычна перастала iснаваць. Трымайцеся ў цесным сяброўстве, не адыходзьце адзiн ад другога.
      - Перад гэтым адзiн з вашых сяброў сказаў, што ён страцiў ужо бацькоў, Бацькаўшчыну i ўсё, што меў. Такiм чынам, засталося толькi страцiць галаву, на якой яму ўжо мала залежыць. Праўда, запал вельмi патрэбны, але памятайце, што галоў ня трэба трацiць надарма й бяз сэнсу. Якраз цяпер мы павiнны старацца, каб iх як найбольш захаваць, бо ў будучынi будуць нам вельмi патрэбныя.
      - У Вiльнi мы пацярпелi першыя, здаецца, дарэмныя ахвяры, - гаварыў далей капiтан. - Але, з друтога боку, падумаўшы, дык i ня былi яны зусiм дарэмнымi. Не былi-ж-бы мы на вiленскай станцыi, калi-б не апранулi жаўнерскай вопраткi. А калi ўжо носiм гэту вопратку, то й мусiм быць падрыхтаванымi на ахвяры. Памятайце, што ахвяры нiколi не прападаюць дарэмна. Яны родзяць шэрагi новых змагароў, вядуць наперад, да вольнасьцi новыя пакаленьнi. Вы тут амаль усе зь сярэдняй асьветай. Вы ёсьць тая залатая моладзь, якая ў будучынi павiнна шмат зрабiць для Бацькаўшчыны. Перад намi ўсё жыцьцё, й вы iдзеце за яго змагацца. Тым часам трымайцеся ў цесным сяброўстве, слухайце сваiх камандзераў. Цяпер дысцыплiна нам найбольш патрэбная. Амаль кожнага з нас сустрэў той самы лёс, i мы йдзём да аднае мэты. Наша школа не пачала яшчэ працы, якую павiнна была пачаць. Мы яшчэ не сабралiся, калi здарылася...
      - Чаму-ж беларуская армiя не зарганiзавалася раней? - спытаў адзiн з слухаючых.
      - Ня мы тут вiнаваты. Нашы вайскоўцы ўжо ўлетку 1941 года езьдзiлi ў Менск i пачалi старацца дастаць дазвол. Пiсалi ў розныя куткi, хадзiлi, абiвалi парогi, пiсалi ў Бэрлiн. Нашых просьбаў ня слухалi. Я, прыехаўшы ў Менск i пабачыўшы, што ўсе дзьверы зачыненыя ды няма чаго рабiць, вярнуўся ў Нясьвiж, дзе надалей працаваў настаўнiкам. Аж пазьней немцы схамянулiся. Ды ўжо пазнавета было. Сягоньня не прайшло трох месяцаў ад паклiканьня Беларускае Краёвае Абароны. Армiя толькi пачала арганiзавацца, а трэба-ж вам ведаць, што для арганiзацыi й вышкаленьня армii патрэбны ня месяцы, а гады. У вынiку ўсяго гэтага што-ж мы маем сяньня? Ёсьць адзiнкi, хаця яшчэ недашколеныя, але й тыя рассыпаныя. А дзеля таго, каб што-небудзь дасягнуць, трэба, каб усе сiлы цяклi ў адну крынiцу. I дзеля таго паўтараю: сяньня згуртаванасьць i здысцыплiнававасьць - гэта асноўнае. Трымайцеся, а там яшчэ ўсё будзе наперадзе.
      Кароткая Мiкулава гутарка ўсё-ж выдатна адбiлася на настроях хлапцоў. Трэба заўважыць, што ня былi яны яшчэ выпрабаванымi ў змаганьнi жаўнерамi, што даюць сабе ўсюды раду. Асаблiва ў гэныя першыя днi на чужыне патрабавалi яны цёплага слова, сяброўскае падтрымкi ад сваiх афiцэраў. Дык i ня дзiва, што зараз пасьля капiтанавай гутаркi пачалiся песьнi.
      VIII
      Песьнi трывалi коратка. Прыйшоў капiтан Шнайдар у суправодзе трох нямецкiх iнструктараў-падафiцэраў: Кацынскага, Будкэ й Турна. Пры пасярэднiцтве беларускiх афiцэраў загадаў ён, каб увесь алькаголь, якiм удалося прызапасiцца на станцыi ў Вiльнi, быў зараз-жа здадзены iм, немцам. Матываваў загад тым, што алькаголь быў маёмасьцю нямецкага Вэрмахту, што быў узяты на пажары без дазволу, й дзеля таго цяпер ён, Шнайдар, загадвае ўсё гэта вярнуць гаспадаром. Акрамя таго, рэкрутам - i ён асаблiва падчыркнуў гэнае слова - не дазволена было пiць. На выкананьне загаду немец даваў паўгадзiны. Зараз-жа казаў iсьцi ў баракi ўсiм, што мелi каньяк, ды прыносiць i складаць яго тут-жа на травiцы каля яго, Шнайдара.
      - А скула яму ў бок! - адазваўся нехта. - Я свой добра схаваў, i фiгу знойдзе.
      - Трэба было самому набраць, - падтрымаў iншы. - Iш ты, якi ласы на чужое знайшоўся!
      - Няхай iдзе шукае. Я ня маю.
      - Выпiць, значыцца, захацелася. Iдзi ды купi! Во!
      - Я яму аддам каньяк? А трасцу ў бок чорту нямытаму!...
      Рэакцыя была аднолькавая. Нiхто ня рупiўся выконваць загад немца. Кожны па-свойму камэнтаваў яго, й нiводзiн ня скупiўся на сакавiтыя словы. Капiтана Шнайдара i ўсiх iнструктараў-немцаў хлопцы моцна ня любiлi. Найбольш не падабаўся iм той панскi прускi падыход, зь якiм яны адносiлiся да ўсiх беларусаў, пачынаючы ад афiцэраў, а канчаючы радавымi. Найбольш калола ў сэрца непашанотнае дачыненьне немцаў да беларускiх афiцэраў. Чым больш пачыналi ня любiць немцаў, тым больш прывязвалiся да сваiх i шанавалi iх.
      Калi Шнайдар пабачыў, што нiхто й ня думаў выконваць ягонага загаду, дык выслаў у баракi сваiх трох немцаў i пару беларускiх падафiцэраў, каб абшукалi ўсе клункi. Калi немцы старалiся перапароць увесь рэкруцкi багаж, то беларусы быццам iм памагалi, але вось толькi так, нехаця, дзеля людзкога вока. Лiшне й гаварыць, што знайшлi колькi пляшак каньяку, хоць, пэўна-ж, далёка ня ўвесь, вывезены зь Вiльнi, - з той простай прычыны, што шмат яго было па дарозе выпiта, а некаторыя з хлапцоў, хiтрэйшыя, што старалiся гэту небясьпеку прадугледзець, былi пахавалi свой у мясцох, дзе немцам i ня сьнiлася шукаць.
      У гэны вечар п'янствавалi немцы аж за поўнач...
      IX
      Быў вечар. Школа Камандзераў БКА заладавалася iзноў на цягнiк. Адным эшалёнам мелi ехаць i некаторыя палiцаi ды жаўнерскiя сем'i. Цягнiк чакаў на станцыi ў Вiрбалене пару гадзiнаў.
      Сымону Спарышу давялося мець цiкавую гутарку з адным палiцаем, нейкiм Красоўскiм. Сустрэў яго, шпацыруючы каля вагону, i той першы пачаў гаворку.
      - А вы адкуль? - спытаў Красоўскi зусiм бязь нiякiх уступных слоў.
      - Адусюль, з цэлае Беларусi, - адказаў Сымон. Яму i ў галаву ня прыйшло, што гэты шыракаплечы, сярэдняга росту, чарнявы, сыценькi палiцайчык мог цiкавiцца ягоным, Сымонавым, асабiстым паходжаньнем.
      - Я пытаюся, адкуль, зь якога гораду гэта ваша палiцыя?
      - Мы не палiцыя.
      - Як то? Вы-ж носiце палiцэйскае ўбраньне, - насядаў Красоўскi.
      - Толькi да часу, бо зялёнага нам яшчэ ня выдалi.
      Адно цяпер заўважыў Сымон, што малы палiцай быў добра падпiты. Вiдаць, што практыку меў добрую, бо трымаўся нядрэнна. Да iх далучыўся трэцi. Сымон ведаў яго з выгляду - гэта быў адзiн з менскай школы БКА, але ў той час ня мог прыпомнiць прозьвiшча.
      - То хто-ж вы, калi не палiцыя? - прадаўжаў палiцай. - О-о-о-о, - быццам зьдзiвiўся ён, прыглядаючыся да Пагонi на юнаковай шапцы, - i конiка нейкага тут на шапцы бачу...
      - Па-першае, гэта ня конiк, а Пагоня. Для нас яна шмат даражэйшая, чымся нейкая нямецкая курыца цi свастыка, - адказаў задзёрыста Сымон. - Па-другое, мы не палiцыя, а Афiцэрская Школа Беларускай Краёвай Абароны зь Менску.
      - Афiцэрская школа? - зьдзiвiўся Красоўскi й сплюнуў убок. - Го, го!
      Сымон мяркаваў, зь якiх прычын так не падабаўся яму гэты прыпадковы размоўца. Цi гэтаму вiной былi легкадумна-недарэчныя пытаньнi адносна яго й школы, цi хамска-зухаватая пастава палiцая.
      - А адкуль-жа вы будзеце? - пачаў Сымон.
      - Зь Лiды.
      - Вас тут многа такiх?
      - А дзе там. Паразьбягалiся хто куды, адны дадому, другiя ў лес, у польскiя легiёны.
      - То ў вас там i польскiя легiёны былi?
      - Каб ты ведаў. Многа хлапцоў пераходзiла туды з палiцыi.
      - Чаму-ж яны пераходзiлi?
      - Усяк бывала. Кожны йшоў, куды яму было выгадней. Некаторыя йшлi проста таму, што iм падабалiся ў польскiх легiёнаў мундзiры.
      - Бач ты! Вось дык гэта ўжо й людзi!
      - А што-ж у тым благога?
      - А вам падабалiся мундзiры? Вы бачылi iх калi? - распытваў юнак.
      - Бачыў не раз. Я й сам думаў пайсьцi, але неяк усё адкладаў, а цяпер гэта так раптоўна...
      - Дык вось, значыцца, якiя былi ў вас людзi! - дзiваваўся кадэт. Пераходзiлi да палякаў за мундзiры.
      Сымон усё думаў, як ацанiць палiцая: цi гэта быў дробненькi дурань, у якога зьлятала шмат цiкавага з п'янага языка, цi той, што мо пайшоў у палiцыю з нажывы, зладзейства, рабаваньня беларускiх сялян, цi што iншае. Яго найхутчэй можна было аднесьцi да дробных, але надта назойлiвых рабаўнiкоў i шкоднiкаў. З гэтакага матэрыялу выводзiлiся сэксоты, чужыя агенты, правакатары.
      - I разумна рабiлi, што да палякаў iшлi. А што вы там нейкую Беларусь выдумалi... - плёў далей Красоўскi. - Калi яна была, тая Беларусь? Га?
      - Як гэта вы гаворыце, выдумалi? - узлаваўся Сымон. - А хто вы, ня беларус?
      - Я нiколi хамам ня быў, - адрэзаў той.
      - Ах ты, сссукiн сын! - гукнуў Сымон i ледзь ня кiнуўся на палiцая.
      - Чакай, братка, ня кiдайся! - хапiў юнака за руку Курэц (так звалi трэцяга прысутнага), што да гэтага часу прыслухоўваўся моўчкi.
      - Вось ты гадзiна, псiна панская! Каб цябе гром спалiў! - закончыў Сымон i адышоў ад гэтых двух. Яшчэ азiрнуўся й бачыў, як Курэц гаварыў з Красоўскiм. Здалося, што тыя двое былi знаёмымi. Сымон расказаў Вiктару пра сваю прыгоду. Той сядзеў у адчыненых дзьвярох таварнага вагону й гойдаў даўгiмi нагамi, стараючыся дастаць мыскамi да жвiру, панасыпанага кучкамi каля шпалаў.
      - Што-ж, пойдзеш бiцца зь iм? - адказаў Вiктар. - Яшчэ ўся вайна перад намi. Хопiць боек, ня бойся.
      Позным вечарам цягнiк рушыў у заходнiм кiрунку. На працягу наступных дзён ён затрымаўся ў Кэнiгсбэргу, пасьля завярнуў на паўдзённы ўсход i, даехаўшы да Лiк (Элк) на поўнач ад Граева, зноў крута павярнуў на захад на Аленштайн (Ольштын), а адтуль у Польшчу. Была-ж карацейшая дарога з Кэнiгсбэргу на поўдзень. Але, мусiць, недзе была зьмена загадаў.
      "КEIN RUSSLAND"
      I
      Калi-б вы хацелi ў колькi словах схарактарызаваць найбольш трапна тое, што адбывалася ўлетку 1944 году на Мазуршчыне i ва Ўсходняй Прусii, то можна было-б за прыклад даць наступны анэкдот.
      Адзiн жаўнер пытае другога:
      - Куды ты едзеш?
      - Слухай, сябра, - адказвае яму другi, - калi ў цябе нiхто ня пытае, куды ты едзеш, дык i ты ня пытайся. Вязуць, дык i едзь. Якая розьнiца - куды?
      Але цi-ж гэта анэкдот? Цэлыя масы ехалi, а яшчэ больш iшло. А куды? Хто-ж мог адказаць на гэтае пытаньне. Усе ведалi, адкуль - абы ўцячы, абы далей ад гэнай "нячыстай сiлы". Калi-б вам давялося тады сядзець дзе пры дарозе й прыглядацда гэнаму мору людзей, пабачылi-б вы ня толькi розныя вайсковыя й палiцыйныя адзьдзелы з цэлай Беларусi, пачынаючы ад Бранску й Смаленску, але пачулi-б усе дыялекты нашай Бацькаўшчыны, ды, апрача таго, украiнскую i расейскую мовы. Пабачылi-б старых i малых абаiх родаў, босых i абарваных, галодных i сытых, хворых i здаровых. Убачылi-б вы палешука, што на возе побач з рознымi клункамi вёз сьвiнку, а ззаду за возам валок прывязаную кароўку, i спачувалi-б зморанаму пешаходу, што, разуўшыся, мачыў ногi ў прыдарожнай каўдобiне. Калi гэныя бясконцыя табуны ўцекачоў былi да нечага падобныя, дык хiба да цыганскiх вабозаў. Усё рухалася на захад, а там-сям пакуль што й таўклося на месцы.
      Для ўсiх супольнымi былi тры рэчы: трывога, няпэўнасьць i турботы аб пражыцьцi. Ня вiдаць было страху перад ворагам. Магчыма, што абыякавасьць i штодзённыя клопаты адпрэчылi страх. Найбольш шкодным было тое, што нiхто ня ведаў, дзе, што i як адбывалася. Стварыўся першаклясны грунт для розных, цяжкiх для пацверджаньня плётак i здагадак ды звычайных меркаваньняў.
      Нельга сказаць, каб шмат хто з гэных качэўнiкаў верыў, што немцы раптам падужэюць i затрымаюць бальшавiцка-маскоўскую хвалю наступу, але ўсё-ж, як у Беларусi кажуць. - галоднаму хлеб на ўме. Гаварылася й мяркавалася ўсяк. Бывала часта, што розныя гутаркi выклiкалi й панiку. Ды й былi на гэта прычыны. Бальшавiцкiя адзьдзелы наяжджалi, прарываючыся праз хаатычную нямецкую лiнiю абароны, на найбольш адсталых уцекачоў i там-жа на месцы распраўлялiся зь iмi па-свойму. Дый ня дзiва. Заседжаныя ў вакопах на ўсходзе Беларусi, яны зрушылi зь месца, а пазнаўшы смак перамогi, дэмаралiзавалiся рознымi здабычамi, сьпяшалiся хоць на кiм спагнаць злосьць за ўсе злачынствы, што нарабiлi гiтлераўцы ў Беларусi i ў тых абшарах Расеi, што яны акупавалi. Усiх уцекачоў лiчылi за калябарантаў Гiтлера.
      II
      Немцам здавалася (дарэчы, зусiм правiльна), што грунт пачаў хiстацца ў iх пад нагамi. Яны рабiлiся нэрвовымi й азьвярэлымi. I калi мо яшчэ той зямельны грунт не ламаўся, то ўсё-ж нельга забывацца, што мусiлi яны спраўляць хаўтуры па сваiх вялiкiх марах i лятуценьнях аб вялiкай Нямеччыне, аб гэтак званай "Новай Эўропе", дзе немец меў быць панам, а ўсе iншыя, здэградаваныя да пазыцыi "унтэрмэншаў", мелi на яго працаваць.
      I як-жа горка было расставацца тэўтонскай душы зь лятуценьнямi, што былi так блiзка да рэалiзацыi! Якой чорнай мусiла выглядаць будучыня! I што немцам было з таго, што вусаты капрал абяцаў нейкую новую, найжахлiвейшую зброю, якой меў скрышыць, спапялiць цэлы сьвет, калi гэны сьвет перад тым не ўпадзе перад iм, капралам, на каленi? Ён-жа цi адно абяцаў i раней, улучна з той тысячагадовай вялiкай Нямеччынай i "Новай Эўропай". Дык i хто, здарова думаючы, мог яму цяпер верыць? Пэўна-ж, шмат было закаранелых нацыстых, што верылi кажнаму слову Гiтлера, але-ж, як кажа прыказка, як топiшся, то й саломкi хопiшся. Дык i хапалiся за тыя новыя абяцанкi свайго "фюрэра", быццам за саломку.
      Але, з другога боку, падумаўшы, цi-ж льга сказаць, што нацысты ўмелi цьвяроза й здарова думаць? Адурманеныя спачатку гiтлераўскай iдэяй аб нямецкiм супэр-народзе, супэр-расе, аб нямiнучасьцi нямецкага панаваньня над усiмi iншымi, яны цяпер не маглi пагадзiцца з рэальнасьцю, якая гаварыла, што хутка прыйдзецца падняць рукi ўверх, атрымаць заслужаную кару, а там ужо пасьля й навучыцца жыць як людзi з усiмi ў згодзе. Дый здабыча-ж была так блiзкая, мэта, здавалася, ужо так недалёкая.
      Тыя, што працёрлi вочы i ўсё былi яшчэ былi адурманеныя, не патрапiлi яшчэ пераацанiць абставiнаў, што верылi яшчэ капралу, змагалiся, як цяжкараненыя дзiкiя зьвяры, якiх старалiся адагнаць ад пажывы, ад нiшчэньня ўсяго жывога, ды пасьля асвоiць. А пры гэным змаганьнi не маглi стаяць побач бязьдзейна й самыя звычайныя немцы - сяляне й работнiкi, якiя i з гэнай вайны, калi-б яна й была выйграна, мала, а мо й нiчога не скарысталi-б. То была ня iхняя вайна. Гэта была бойня разьюшаных нацыстых, функцыянэраў-партыйцаў i вялiкiх хвабрыкантаў, высокае вайсковае клiкi й найбольш i перадусiм вайна няпоўнага розуму капрала-"фюрэра". То была iхная вайна супраць усяго, што стаяла на шляху да панаваньня хоць пакуль што над часткаю сьвету. Што мог-бы тут скарыстаць i цi скарыстаў бы той найнiжэйшы, найбяднейшы, найбольш эканамiчна эксплуатаваны пласт народу?
      Жахлiвасьць татальных войнаў ляжыць у тым, што ў iх найбольш церпяць найменш вiнаватыя й найбольш пакрыўджаныя, найбольш пераносяць i гаруюць самыя бедныя i з прычыны гэнай беднасьцi найменш разьвiтыя. Дык i што такiя людзi робяць, калi наблiжаецца ўпадак, прыходзiць канец iхным панам, тым, што пагналi iх на непатрэбную бойню? Тут хiба нельга абагульняць. Мерка, якой можна было-б паслугоўвацца ў дачыненьнi да iншых народаў, тут непрыдатная. Хiба-ж ёсьць на сьвеце другi такi здысцыплiнаваны народ, як немцы? I цi шмат такiх ваяўнiчых, як яны?
      Кажуць, што мужнасьць i сiлу духу ваякi пазнаеш у часе паразы. З тым нельга не згадзiцца. Немец будзе ведаць, што заўтра трэба адступаць, што трэба будзе дынамiтам узарваць усе вайсковыя ўладжаньнi, але сяньня яшчэ будзе будаваць баракi. Хоць будзе бачыць, што скора трэба йсьцi ў палон да працiўнiка, але ня кiне стрэльбы, пакуль мае патроны. Немец, нарэшце, калi ўжо трапiць i ў палон, то будзе падпарадкоўвацца ўсiм загадам канвойнага, рэдка плянуючы ўцёкi. Ён-жа, калi й краiна ягоная пераможана ды разьбiлiся ўсе нядаўнiя пляны й лятуценьнi, адразу, быццам тая мурашка, бязь лiшнiх нараканьняў i разважаньняў, бярэцца за адбудову разбуранага жыцьця. У гэтым i ляжаць жывучасьць, сiла й дынамiзм нямецкага народу.
      Але, пэўна-ж, немцы таксама й перадусiм людзi, й таму ўсё, што людзкое, iм ня чужое. Дык i цiкава было назiраць iх у гэны крытычны час улетку 1944 году. Рэкруты са Школы Камандзераў БКА мелi добрыя магчымасьцi такога назiраньня.
      III
      Калi чыгуначны эшалён са школай й вайсковымi сем'ямi ды палiцыяй затрымаўся ў Плоцку над Вiслай, сем'i назаўтра былi адзьдзеленыя й накiраваныя на захад. Нiхто дакладна ня ведаў, куды яны паехалi, хоць найчасьцей называлi Лодзь. Капiтан Ласкутовiч, камандзер Школы БКА, зьнiк разам з сем'ямi. Кадэты мелi на гэта iншае слова. "Змыўся, - казалi, - дзесь наш камандзер, а капiтана Мiкулу пакiнуў". Ажно ўзiмку 1945 году паказаўся на вочы беларускiм вайскоўцам капiтан Ласкутовiч у Бэрлiне.
      На трэцi дзень побыту Школы БКА ў Плоцку прыехаў туды камандуючы БКА маёр Кушаль. ЁН, пабыўшы ў Кэнiгсбэргу колькi дзён i ня маючы там нiякай работы, страцiўшы з сваймi адзьдзеламi лучнасьць, наважыў шукаць адзьдзелаў БКА й пасьля шматлiкiх клопатаў натрапiў на сьлед Школы. Ня трэба забывацца, што ўсюды па чыгунках i дарогах панаваў хаос, слаба працавала сувязь. Паколькi беларускiя адзьдзелы былi залежныя ад немцаў, а не самастойныя, лучнасьць яшчэ цяжэй было ўтрымаць. Немцы рабiлi, што ўздумалi, часта iгнаруючы беларускiх афiцэраў.
      Капiтан Мiкула зрабiў маёру Кушалю справаздачу аб прыгодах афiцэрскае школы, перадусiм аб цяжкiм першым маршы зь Менску ў Вiльню, аб бальшавiцкай бамбардзiроўцы Вiльнi, у якой загiнула колькi кадэтаў, а iншыя, цяжка параненыя, выбылi з шэрагаў. Адылi капiтан Мiкула анi разу ня ўспомнiў, што капiтан Ласкутовiч быў далучыўся да афiцэрскае школы .ў Вiльнi й што зноў яе пакiнуў у Плоцку. Кушаль так i думаў, што Ласкутовiч зь Менску не далучаўся да Школы, а трымаўся недзе асобна.
      IV
      Цягнiк адагнаны быў на бочную чыгунку непадалёк маленькай станцыi на ўсходняй ускраiне Плоцку. Загад: чакаць. Рэкруты ня мелi-бы шмат супраць чаканьня, калi-б ня голад. Вось тры днi ўжо нiчога ня елi. Зусiм ня дзейнiчала кухня, ажно на чацьверты дзень зьявiўся нейкi рэдзенькi суп. Харчавых пайкоў ня было. Хлопцы снавалi каля вагонаў, быццам ценi. Як на злосьць, нямiласэрна пражыла сонца.
      Самыя перадавыя й найбольш пранырлiвыя пачалi выдумляць, як i дзе што-небудзь прыдбаць зьесьцi. Калi пасьля вычарпаньня ўсiх магчымых i немагчымых захадаў, прыйшлi да выснаву, што амаль няма шансаў заспакоiць голад, зрок iхны затрымаўся на зялёным бульбянiшчы мо поўкiлямэтра воддаль ад чыгункi.
      - Глянь там! - паказаў адзiн.
      - Што там? - пытаўся iншы.
      - Бульба! Хадзем ды накапаем.
      - Далiбог, бульба. Як мы раней не дадумалiся!
      Хутка дзесяткi вуснаў згаладалых кадэтаў з насалодай паўтаралi адно слова: "бульба". Ужо абмяркоўвалi, як накапаць i зварыць. Усе згадзiлiся, што трэба чакаць змярканьня, каб не адразу заўважылi немцы. У гэны вечар поле бульбы, што знаходзiлася каля чыгункi, дзе затрымалiся менскiя кадэты, пацярпела вялiкiя страты. Мо гэныя страты былi-б меншыя, калi-б самая бульба была, агульна беручы, большая за iтальянскiя гарэхi. Але мазурская зямля ў гэтай галiне не такая ўрадлiвая, як беларуская. Давялося кадэтам шмат павырываць калiўя, каб накапаць хоць па пару прыгаршчаў. Цэлую ноч пяклi й варылi бульбу, й нiколi раней у iхным жыцьцi яна ня была такой смачнай.
      Ужо на наступны дзень капiтан Шнайдар зрабiў агульную зборку й пад пагрозаю вялiкае кары забаранiў капаць бульбу.
      Хлопцам у меншай меры была крыўдная сама забарона, чымся тыя прычыны, дзеля якiх нельга было пажывiцца. Шнайдар тлумачыў, што яны - афiцэрская школа - знаходзяцца ўжо на тэрыторыi Нямеччыны. Паколькi-ж гэта Нямеччына, выходзiла з гутаркi Шнайдара, - а вы крадзеце нямецкую бульбу, дык гэтым самым абкрадаеце нямецкую дзяржаву. Паводле капiтана Шнайдара, немцам можна было абкрадаць усiх, у тым лiку насамперш беларусаў, але ўжо нiяк нельга было наадварот. Лiшне гаварыць, што нямецкi камандант не хацеў помнiць, што абавязкам нямецкае дзяржавы было накармiць кадэтаў, як i ўсiх iншых жаўнераў, што маршыравалi побач немцаў. Ён наўмысьля забыўся, што людзi нiчога ня елi ўжо на працягу трох дзён.
      Каб яшчэ больш падкрэсьлiць, што абазначала ягоная цэлая гаворка, ды каб рэкруты не забывалiся, дзе яны ёсьць, Шнайдар колькi разоў паўтараў:
      - Тут вам не Расея ("кайн Руслянд"). Гэта вы раз назаўсёды памятайце!
      Заўвага адносна "Руслянд" найбольш пакрыўдзiла кадэтаў. Не йшло тут ужо аб самую галоўную думку капiтана, якую можна было-б коратка выразiць так: тут не Расея, а Нямеччына й што нам, немцам, можна было рабiць у Расеi, таго вам, "унтэрмэншам", нельга рабiць у Нямеччыне. Найбольш укалола тое, што немец лiчыў iхную Бацькаўшчыну Расеяй - "Руслянд". Гэта кадэты прынялi як зьнявагу.
      Цi-ж Шнайдар не ведаў, што ўсе яны зь сярэдняй асьветай, сьведамыя беларусы, вялiкiя патрыёты, што прыйшлi добраахвотнiкамi й не ў нямецкую армiю, а ў сваю? Ясна, што ведаў. Але цi ня вылазiла тут наверх тая iгнаранцыя прускага афiцэра, якi, пакiнуты самому сабе, без загадаў (а нямецкi афiцэр без загадаў - быццам рыба без вады), ня ведаў, як даць рады, ды толькi тое й рабiў, што паказваў сябе перад гэтымi людзьмi з усходу "обермэншам". Кадэты яшчэ больш паглыбiлi сваю нянавiсьць да немцаў, зроджаную яшчэ на Бацькаўшчыне. Яны з гэтым надта й ня крылiся.
      Варта прыгадаць яшчэ адзiн выпадак, якi кадэты ўзялi на асаблiвую ўвагу. На трэцi дзень побыту ў Плоцку юнакi заўважылi пры станцыi трох беларускiх афiцэраў: маёра Кушаля, лейтананта Р-ка i ст. лейт. Гуцьку. Яны гутарылi мiжсобку. Тут-жа збоку ацялюгваўся й Шнайдар у таварыстве якогасьцi немца. На станцыi былi жанчыны й дзецi з тых сем'яў, што яшчэ не ад'ехалi, у тым лiку й немкi. Некалькi зь iх, абчапiўшыся клункамi, сядзелi пад малой стрэшкаю вакзалу. Яны намагалiся схавацца ад сьпякоты пад вузенькiм ценем. Старшы лейтанант Гуцька заўважыў нешта сьмешнага ў немак i ня стрымаўся, каб голасна тое камэнтаваць i пасьмяяцца. Шнайдар, што стаяў побач, выразна спасьцярог той сьмех i падумаў Бог ведае што.
      - Du lachst ueber Deutsche Frauen, Mensch! Du, Weissruthene... пачырванеў i ўспыхнуў Шнайдар. - Du kannst die Ehre eines Offiziers nicht verletzen.*
      * Ты сьмяешся зь нямецкiх жанчын. Ты, беларус... Ты не павiнен зьневажаць гонару афiцэра (ням.)
      Гуцька зьбянтэжыўся й адышоў ад немца.
      Памiнаючы, што немец гаварыў да беларускага афiцэра на "ты", што было яўнай зьнявагай i панiжэньнем, зь якой злосьцю ён накiнуўся! А якое меў на гэта права? Тыя кадэты, што бачылi й прыслухоўвалiся побач, не забылiся з найменшымi дэталямi расказаць аб гэтым сваiм сябрам. Гэткiм чынам Шнайдар пасеяў у шматлiкiх сэрцах яшчэ адно зярнятка нянавiсьцi да немцаў, а пасеянае, пэўна-ж, ужо прынясе нейкiя плёны...

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34, 35, 36, 37, 38, 39