Яе закароткая сукенка агольвала кульшы моцных сялянскiх ног; неапэтычна абсоўвалiся зь iх панчохi. Адкiдаючы з вачэй доўгiя валасы, яна працавiта шукала патрэбнае. "Яны ненавiдзяць мяне! - думаў Сьцяпан. Ён паправiў накiнутае на плечы палiто. - Я парушаю iм рытм дня, наводжу на iх сумятню ў iмя чортведама чаго! Ярархiю ўгворана бязьдзейнiкам; Сумленевiч атрымоўвае грошы за перашкаджаньне iншым. Ды, наогул, адмiнiстраваньне, занатоўваньне зробленага, ёсьць гульня ў дзёньнiк жыцьця, непрыдатны, бо яно не паўтараецца, не пераходзiць яшчэ раз цераз пройдзенае..."
- А-а-а-га-га-га, маразеча! - увайшоў той дзядок, скiнуў рукавiцы й запхнуў iх за пасак, якiм падперазаў сабе кажух. Дакрануўся ён рукамi да печкi: весела гарэлi палены. - Ну, будзе чым палiць. Адкуль людзi й набралi, гэта, у Галадоўскiм лесе такой смалiны?! - гаварыў ён па-беларуску й, як бы ад таго, кожны рупней узяўся за работу. - Панi, - сказаў ён да белай бабы, якая гарбела над картатэкай, - якiясьцi чужыя прыяжджалi ўночы на наш склад. "Адмыкай, дзеду, шопу: будзем цымант браць", - казалi яны. А я iм: "Як-жа поначы мяшкi валачыць?" Кажу: "Удзень трэба". А яны мне: "Не п..., стары!" "А паперу вам начальнiк даў? - пытаю ў iх. - Я-ж тут стораж!" - "Нашто табе папера, - сказалi яны, - калi ты чытаць ня ўмееш..." (Баба чуйна зiркнула на Сьцяпана.) Я iм ключа ня даў, дык яны зьбiлi замок ламiшчам, набралi таго цыманту, колькi хацелi, ды паперлi зь iм кудысьцi. Нiчога я iм больш не гаварыў, бо зь iмi швагер начальнiка быў, значыць, дырэктара. Швагер шваграм, але падумаў сабе я, скажу вам, каб ведалi, хоць не першыня гэта...
- Прынясiце, бацька, яшчэ дроў. У холад, хвароба, кiдае...
- Ага, зiма бярэцца, - дзядок паслухмяна патэпаў назад. - А дабра, панi, павезьлi яны поўны кузаў. Навалiлi мяшкоў, бы мукi якой...
Узьнiмалася замець. Зьмерзлая плахта бялiзны на вятрыску пужлiва скрэбла па ваконнай раме, падлятаючы зьлева (у будынку, вiдаць, жыла сям'я). Па-хлапцоўску насьвiстваў вецер; Сьцяпан услухоўваўся ў яго мэлёдыку, перабiваючы дрымотную нуду здогадамi, цi ў падрубе ёсьць вэнтыляцыйная адтулiна ў склеп з бульбай, нядбайна заткнутая анучай...
- Вось, хвароба, вы пачытайце гэтыя камплекты, - перад Сумленевiчам паўстаў загадчык сэкцыi паслугаў, абцiраючы рукавом пыл з пажоўклых канцылярскiх зьвязак. - Пакуль вы пракапаецеся празь iх, дык мы вам падкiнем...
Лiза, у несьвядома распуснай позе, падцягвалася. Зноў укленчыла, падклаўшы пад каленi iлюстраваны часопiс моды. Быццам прымушаная бандай да ганьбы.
Сумленевiч прабыў у Бельску пятнiцу й суботу. У панадзелак дакончыў ён кантроль, склаў пратакол зь яго.
- Я, слухай ты, ня маю часу чытаць тваю пiсанiну, - дырэктар адсунуў пратакол, якi Сьцяпан паклаў перад iм для подпiсу. - Прыяжджаеце сюды, дурыце сраку!..
- Добра, пане дырэктар. Я зраблю на пратаколе адзнаку, што вы яго не падпiсалi...
- Якую гэта адзнаку?! Вы толькi ўмееце неспакоiць людзей, а справу цягнуць дык нямаш каму, - бурклiва гаварыў ён. - Лёгка вам, у мяккiх крэслах развалiўшыся, павучаць нас: тое зроблена ня так, а гэта - ня сяк... Запыталi-б, здаецца, цi ня трэба дапамагчы аддзелу ў чым-небудзь? Ды дзе там!
- Выяўленьне слабых месцаў у вас - гэта i ёсьць наша дапамога вам.
- Я й бяз вас ведаю, у якiх вiрах рыба водзiцца. Чуеш?!
- Дык чаму ў вашым аддзеле столькi занядбаньняў?
- Во, брат, калi ў цябе розум праявiўся! Папрацуй ты ў нас. Мо', дзякуючы табе, прападуць нашы беды... - дырэктар прыгледзеўся да якогасьцi сказу на першай старонцы пратаколу. - Гм, так.
- Не прападуць, - Сумленевiч, даняты да жывога, сказаў яму проста ў вочы: - Некаторыя вашы супрацоўнiкi змагаюць iх хабарамi! - i, калi дырэктар запытальна паглядзеў на яго, ён дадаў: - Сёньня ранiцай загадчык сэкцыi паслугаў прынёс мне шынку й запрасiў мяне на абед!
- Вэнджаную?
- Што - вэнджаную?
- Ну, шынку?
- Ня ведаю. Я ня ўзяў яе.
- Дорага хацеў...
- Гэта быў хабар, пане дырэктар. Спроба падкупiць мяне з мэтай затушаваць выяўленыя мною недагляды ў вас. Цi я ясна кажу?
- Цалкам, - ён, таўшчэрны, сеў ажно на двух крэслах.
- I гэта вас не трывожыць?
- Трывожыць.
- Вы пакараеце яго?
- За што?
- За хабарнiцтва, за спробу выкруцiцца ад салiднай працы, - Сьцяпан зьедлiва ўсьмiхнуўся: - Ад бяды, як вы кажаце...
- Кожны, пане, ратуецца, - скрыпелi пад iмi ссунутыя крэслы.
- Мы з цэнтру прывозiм вам бяду, праўда?
- Не памятаю, ведаеш, каб было iначай.
- Лiчыце нас ворагамi?
Дырэктар абыякава падпiсаў пратакол:
- На, бяры ды едзь сабе да д'ябла, - ён падкiнуў паперы да рук Сьцяпана. Манька! - крыкнуў; зьявiлася яна так хутка, што Сьцяпан не пасьпеў як сьлед апрануцца. - Паклiч да мяне таго бамбiзу, - сказаў ён да яе.
- Я - патрэбны вам? - Сумленевiч зразумеў, што дырэктар выклiкаў загадчыка сэкцыi паслугаў, каб высьветлiць iнцыдэнт.
- Не. Бывайце здаровы.
- Да пабачэньня.
Прызнацца, у Беласток выяжджаў Сьцяпан зь нейкай няўпэўненасьцю. Не грубiянства выклiкала ў iм разгубленасьць. Цяпер, паглыбляючыся ў тую размову, ён амаль з жахам усьведамляў сабе, што супрацоўнiкi ў Бельску пагадзiлiся даўным-даўно на тое, каб быць непаўнацэннымi. Як-жа назваць iх тоесамасьць з працоўнай часткай грамадзтва, якiм кiруюць - яны пераконаныя ў тым беспатрэбна хiтрыя ды iнтэлiгентныя. У гэтым ступiў Сьцяпан на зарослую сьцежку суадносiнаў памiж селянiнам i панам, вытваральнiкам матэрыяльных багацьцяў i карыстальнiкам iх. Ня так i далёка грымела водгульле сiвой мiнуўшчыны, якая хмарай насоўвалася на пакiнутыя абшары. Адыйдзе яна й нiколi ня вернецца, але яшчэ спустошыць градам новазялёную буйнасьць, абсьцябае яе...
У раздражненьнi думаецца ўсялякае.
Сумленевiч застудзiўся; за дарогу зьмёрз ён у ногi. У вагоне, якiм вяртаўся дадому, было холадна; падшукаць цяплейшага - паленаваўся (пашанцавала яму мець жвавага спадарожнiка). Сiплы кандуктар - у вадказ на Сьцяпанавы заўвагi наконт дрэннага абаграваньня - адсек: "Я вас не запрашаў сюды".
14
Зусiм дрэнна адчуў сябе Сумленевiч на працы. Кiнуў ён пiсаць даклад аб вiзытацыi бельскага аддзелу й пайшоў да лекара. Там гудзеў натоўп хворых, насупраць белых дзьвярэй. Мэдсястра выкрыквала чарговыя прозьвiшчы й кожны раз прасiла: "Людзi! Сядайце, ня стойце так, бо нiкому не даяце прайсьцi".
Боль галавы не дазваляў Сьцяпану што-кольвек чытаць. Ад гарачкi яму сьпякалiся вусны.
- У вас пачаткi запаленьня лёгкiх, - сказала Сьцяпану лекарка. Яна выпiсала яму накiраваньне ў рэнтгэнаўскi габiнэт.
- Я ледзь трымаюся на нагах, панi доктар, - узмалiўся ён. - Нiкуды не пайду...
- Гэта недалёка, - яна назвала блiзкi адрас. - Вы-ж мужчына, - дадала яна, зь мiлай грымасай. - Зрабiце клiшу й тады пахварэеце сабе, паляжыце ў пасьцелi...
- А што будзе, калi я памру?! - няньчыўся ён. На пальцы яе рукi залацiўся шлюбны пярсьцёнак, надта шырокi.
- Не, вы ня зробiце гэтага. Прымеце прадпiсаныя вам лякарствы й уваскрэсьнеце. Трэба вам верыць у мэдыцыну. Прынясеце мне рэнтгенаўскую клiшу - атрымаеце дадатковыя рэцэпты. Добра?
- Дамовiлiся, - боль, так адчуваў Сьцяпан, як бы памяншаўся. - Адчую свой канец - паклiчу вас. Можна?
- Выспавядаць? - хмурылася яна. - Будзе з чаго? - хуценька запаўняла бюлетэнь, пакiдаючы Сьцяпана па-за ўвагай. - Даю вам тыдзень вольнага, каб вы адпачылi ад шэфа, - зграбна прыцiснула да блянку сваю маленечкую iмянную пячатку. - Хварэйце на здароўе.
- Сумна бяз шэфа, - Сьцяпан: "У яе, напэўна, недурны муж i таму яна не баiцца какецтва, паненскага свавольля".
- Так? Няма чым хвалiцца, - яна кораценька запiсала ў карце хваробы.
Па лякарствы хадзiла Кiра.
Тэмпэратура ў яго падскочыла звыш трыццацi дзевяцi градусаў. Сьцяпан правальваўся ў бяздоньне, у несканчонасьцi якога мiгцела яму трывожнае. Вынырала зь яго бяспамяцi якоесьцi скрыжаваньне вулiц у горадзе з высачэзнымi дамамi, каб аддалiцца й зьнiкнуць, быццам агеньчыкi сустрэчнай станцыi, празь якую праiмчаўся ў цягнiку мiжнароднага маршруту. У купэ прасадзiў галаву кандуктар з пабялелым тварам: "Памятайце, што я не запрашаў вас сюды! Тут вам i будзе каюк! На чыгунку за Бельскам налезла гара Джамалунгма. Але я выскачу ў вадхон. Чао, казлы адпучшэньня!" Iнтэлiгентны спадарожнiк Сьцяпана выбiў локцем шыбу й тузануў яго за рукаў: "Уцякайма!" Наперадзе загрымеў выбух катастрофы. "Я таму слухаў вашай гутаркi, бо нудзiўся. Вы мяне зусiм не цiкавiце, i за гэта я прашу ў вас прабачэньня", - ён, спадарожнiк, з жахлiвай адкрытасьцю пацалаваў...
- Сьцяпанка! Сьцяпулёк мой мiлы!
З чырванi трызьненьня наблiжаўся да Сьцяпана засмучоны позiрк Кiры. Як добра, што яна побач.
Пiць! Ён каўтнуў нейкай вадкасьцi з кубачка, вiдавочна, палiпiрыну, а яшчэ - соку зь лiмону, растворанага...
- Кiра, - сказаў ён. - Пагладзь мяне...
"Жыцьцё, э, яго сутнасьць, ведаеце, э, - у непаразуменьнях, - крывiўся старшыня. - Мяне неспакоiць ваша, Сумленевiч, вера ў iснаваньне, э, згоды, ведаеце. Яно, ну, аднадумства, так сказаць, зьнiшчае думку, усыпляе, э, мазгi. Так, так, так... Людзi салiдарызуюцца, э, у прэтэнзiях. Ого, за дармовы кавалак мыла гатовы яны, э, сьвет перакулiць дагары коламi, ведаеце. Чаму? Таму, што няма чалавека задаволенага сваiм, э, лёсам, во! Дай яму доказ, э, крыўды, няхай сабе й сьмяхотны, дык ён табе замахнецца, э, пудовым кулаком, i ўжо не стрымаецца. Так i лясьне iм! Пакоцiць ён, прыдушыць, затопча цябе - за нiшто! А потым - пашкадуе i паспачувае, во, во... Любiм набiць каго й заплакаць над iм, э, гм..."
- Сьцяпанка...
З заслонаў на вокнах абсыпалася цiшыня, утвараючы грумакi ўтульнасцi. То зноў вочы заплывалi якiмсьцi кацячым колерам.
"...э, дырэктарам быць, ведаеце, трэба добра ўмець махляваць, пане Сумленевiч. Так, так, без пасьмешак кажу вам. Справа, зрэшты, i не ў вашуканстве, э, не, не... Калi ўсе навокал, ушыр ды ўверх, ведаюць аб гэтым, э, дык якое-ж тут ашукоўваньне? Кiраўнiку неабходна выходзiць насустрач людзкiм спадзяваньням, такiм, во. Так, Сьцяпан, табе ня быць кiраўнiком! Справядлiвых, ведаеш, баяцца, э, гм... Ахвотна гавораць пра iх - заўваж кожны ў дачыненьнi да сваiх ворагаў. Прынiжальнае, гэта праўда, стаць жывой справядлiвасцю, пародзiстым сабакам на зладзеяў, ага..."
- Пацееш? Мама, Сьцёпка пацее! Паглядзi...
- Цi-iха.
У куце, за фiкусам, паляць вогнiшча...
На ўскраiне бярэзьнiку сабралiся паляўнiчыя, з дубальтоўкамi за плячыма. Старшыня гучна кашляе й хтосьцi з членаў управы адзываецца да яго: "У цябе запаленьне лёгкiх". А старшыня на тое: "Лекарка сказала, што яшчэ не". Сказалi: "З гарачкай табе да твару". А ён: "Каб так i пасьля сьмерцi". У Сасновiцкiм бары - галасы, ломат: пайшоў гон. На балацявiну, быццам маторная лодка на ўсёй хуткасьцi, выбег зубазбройны адзiнец, якi, здратоўваючы кусьцiкi, павярнуў прасьцютка на стойбiшча старшынi ўправы каапэратыву, самага вялiкага на Беласточчыне, i грозна рохкнуў: "Я табе не Сумленевiч, падла ты!" Шэф звалiўся перад зьвярыскам ды залямантаваў: "Даруй, братец-адзiнец, што я цэлiўся ў цябе! Зьлiтуйся, калi не нада мною, дык хоць над жоначкай-тралялёначкай ды нашымi дзеткамi-кветкамi! Я цябе за гэта ў лыч пацалую, i куды хочаш..." Засьмяяўся дзiк i ажно языком iклы аблiзаў. Сеў ён на хвасьце ды прахрыпацеў: "Па-ага-ава-ары, а я па-аслу-у-уха-аю-ю-у-ууу, га-га-га-га-га..."
- Папi, Сьцяпанка, малачка.
- Што ты яму даеш, Кiра? Ад малака - падскочыць тэмпэратура!
- Пiць, - вымавiў Сьцяпан.
У кухнi забразгацела бляшаная пасудзiна. Няйначай, упаў гаршчок з плiты; ёмiсты, у якiм гатуюць капусту, квашаную, тлустую, са сьвiным мясам, смакавiтай лычавiнай.
- Асьцярожна! - цешча да Кiры. - Бяжыш, як на пажар... Бу-б-б-б-бу-бу...
- Мама, ты куды паклала лiмоны?
- На падваконьнiк, каб ня сохлi яны. Вунь, там... бу-бу...
- А тварог?
- Няма тварагу. Трэба купiць, бу-бу-бу-бу...
Сьцены - высокiя, як справядлiвасьць.
Панурыя, карычневыя, забруджаныя яны. На атаманцы - сакратарка, з пакалечанымi грудзьмi, раптам зварухнулася й прамовiла (не расплюшчыўшы вачэй):
"Я бачу вас, пане Сумленевiч. Непатрэбна дрыжыце вы. Ах, хварэеце й, пэўна, па вашай скуры прабягае марозiк; гэта нармальнае ў час грыпозу. А мне, вось, усё роўна... Штосьцi вам скажу, пане Сумленевiч. Ёсьць на тое нагода, дык паслухайце мяне. Гэта вы вiнаватыя ў маёй сьмерцi! Так. Ведаеце, калi капiтан прывёў вас у тую кватэру, дык я яшчэ жыла, але не хацела адзывацца... Капiтан не зразумеў-бы мяне й гэта зашкодзiла-б вам. Такiя, як ён, здольныя думаць толькi па зададзенай тэме. Ураднiк! Ад яго трэба быць здалёку..."
"Чаму вы гаворыце, што я вiнаваты ў вашай сьмерцi?" - запытаў Сьцяпан, так i не пачуўшы свайго голасу. У горле казытала яму пякотка...
"Сказаць?" - уздрыганулi яе вейкi.
"Скажы, дарагая! Табе-ж ужо ўсё роўна, прабач мне гэтую шчырасьць".
"Ого, ты цiкавiсься тым, што пра цябе думаюць iншыя. Значыць, нялёгка цяпер табе: напала на цябе чалавечая iржа. Ад яе нiхто яшчэ не схаваўся. Часамi й я думала: як доўга ты паблiшчыш..."
"Кажы пра маю вiну!"
"Вiна твая ў тым, што ты, Сьцяпан, добры чалавек. Гэтым i пакрыўдзiў ты мяне. А ведаеш, як? Прызвычаiўшы мяне да годнасьцi, зрабiўшы ганаровай жанчынай! Таму й страцiла я жыцьцё, тое, што самае каштоўнае, без чаго няма мяне! Адкажаш: засталася iдэя чалавечнасьцi. Каму яна засталася? Жывым цi не? Жывым. Чалавечным? Цi чалавечным, пытаю..."
"Я, усё-такi, не разумею цябе, хоць i здагадваюся..."
"Твая здагадка зьяўляецца здагадкай мужа, што вярнуўся з крывавай вайны, на якой, па-п'янаму, застрэлiў ён упартую жанчыну ворага, бо, у пярынах занятай iм спальнi, яна падзерла яму твар... Здагадкай, чаму гэта твая жонка жывая й здаровая пасьля таго, як тут бушаваў, мабыць, той-жа жанчыны, чалавек... Той, што глядзеў са шлюбнага партрэту ў чужамоўнай сям'i... Ах, ня муч ты мяне!"
"Прабач".
"Iх было трох..."
"Ага, а як яны называлiся?"
"Мужчыны".
"Але - як называлiся?"
"Я сказала".
"Прозьвiшчы iх патрэбныя! Прозьвiшчы..."
- Сьцяпанка... Сьцяпанка, чуеш мяне?
- Кiра...
- Паеш, Сьцяпанка, тваражку. У iм шмат кальцыю, для ўзмацненьня тваiх тканак... Во, бачыш, кроў з носа цячэ табе, - Кiра выцерла яе бiнтам. - Еш. Сiлком еш.
- Потым, Кiрачка.
Сонныя мроi, як дасказаньне чагосьцi, што не знаходзiла сьвядомай фармулёўкi, як занадта жахлiвае, не падлеглае надзённаму досьведу, безадказнае, нiчым датыкальным не пацьверджанае, але верагоднае, сумяшчальнае ў лёгiцы прадчуваньня, у вокаiмгненнай упэўненасьцi, якая ў час адпачытай цьвярозасьцi ўспрымаецца быццам прадаўгаватая рыжынка лiсiцы на мяжы поля, дзе штораз спатыкаемся аб парудзелыя валуны, звычайныя, цiкавыя або нецiкавыя асаблiвасьцю цi банальнасьцю формы; як сабака, якi ўсьцешвае нас тым, што ён, аказваецца, ня воўк, хоць i на дзiва вырас.
"Крадуць! Хто ня цягне да сябе, той iдыёт. Гэта ўжо сталася эстрадным фальклёрам. Слухаў-жа ты радыё-кабарэ: Апошнiя паведамленьнi з краiны. На адным з панадворкаў Драпежнай вулiцы ў Грашаградзе дзецi гулялi ў зладзеяў ды палiцыянтаў, нарабiўшы гэтым нечуванай панiкi - менавiта, iх бацькi, на ўсякi выпадак, начавалi ў сваякоў, хi-хi-хi..."
"Кiра, Кiрачка, зьлiтуйся..."
"Спектакль п'есы пра каапэратыў ДЗЯРЫ-БЯРЫ. Публiка спачувае камбiнатару й злуецца на сяржанта, якi бяз ордэну на арышт уварваўся ў кватэру Мондрай Гловы, героя нашага часу зь лёгкай рукою на не сваё, хi-хi-хi..."
"Кiрачка..."
"Што - Кiрачка? Ну, што? Балiць табе маё апавяданьне, га? Эх, наiўнота ты. Адкуль у цябе, атэiста, такiя першахрысьцiянскiя адносiны да жыцьця, га? Дабром - зло... Сьмяяцца хочацца. I плакаць! Чэрнь бяжыць наглядзецца ў кiно, як шляхетны шэрыф па-бандыцку распраўляецца са злачынцамi, верачы яму, што iначай нельга... I мае яна ў гэтым трагiчную рацыю! З палёгкай выходзiць сабе з кiнасэансу, якi закончыўся сцэнай пагiбелi крывамордых рабаўнiкоў i цудоўнага стражнiка закону; трупы iх засыпаюць пяскi Нэвады. Навечна..."
"Перастань!.."
"Я-ж твая жонка, Сьцяпулёк. Мне - страшна, калi падумаю, што ты губiш сябе. Жанчына без мужчыны - безабароннае стварэньне, баба, якую можа пакрыўдзiць любы, каму зажадаецца. Твой пройгрыш будзе й маiм, але падвойным! Жанаты павiнен разумець, што ўсенька ўчыненае iм адбываецца ня толькi ад яго ўласнага iмя. Патрэбна не абы-якой дурноты ў незадаволенай жыцьцём жонкi, каб дадумалася яна да таго, што даволi ёй пазбыцца разьлезлага мужа, а зажыве яна па-новаму. Сьвядомасьць - гэта дзiвосны iнструмант: спраўны ён у якiх хочаш акалiчнасьцях, у рэальных i нерэальных..."
У другi дзень хваробы Сьцяпан натужыўся й выпiў шклянку гарачай гарбаты зь мёдам, зь зялёнай цыбуляй упрыкуску.
15
Кiра прынесла навару з чорнай парэчкi. Увайшла цiхiм крокам дзяўчыны.
- Ня сьпiш, Сьцяпанка?
- Я ўжо й сам ня ведаю, калi сплю, а калi не, Кiрачка.
- I трэба-ж было табе ў той Бельск ехаць?..
- Начальства лепш ведае, што мне трэба рабiць.
- Яно ведае, як сабе дагадзiць.
- Трэба зарабiць...
- На торбы? - яе бровы падскочылi ад раптоўнай уцехi.
На яе твары была тая заклапочанасьць жанчыны, якая пасьпела ўявiць сваю безабаронную адзiноту. "Я ведала, што ты дурненькi, але не спадзявалася, што ажно настолькi", - прачытаў Сьцяпан у яе вачох. Кiра не згадзiлася падаць яму чарку жытнёўкi, хоць гэта й мела ўзбудзiць у iм апэтыт. Алькаголь не ўзмацняе, растлумачыла яна. Забiрае ён з крывi кiсларод i ад таго празьмерна ўспацееш. Паслабляе таксама рэагаваньне нэрвовай сыстэмы, мазгоў...
- У цябе, Кiрачка, усё прадуманае. Жанчыны наогул такiя?
- Што мужчыны рабiлi-б бяз нас?
- Прапалi-б!
Яна чульлiва абняла Сьцяпана за галаву, i ён, забыўшыся пра градусьнiк пад пахаю, прыцiснуў яе да сябе й, са спрытам вопытнага каханка, расшпiлiў на ёй блюзку. Ратуй мяне, шаптаў, нагрэй. Потым, мiлы наркаманiк, потым, калi паздаравееш i мацi дома ня будзе... Сьцяпан дабiўся ў Кiры свайго, але яго калола слоўца "наркаманiк", якiм паслугоўвалася яна ў выпадку сваёй неахвоты да штодзённага каханьня, хаваючы жаль порсткай жонкi да няскладнага мужа. Паводле яе апазнаньня, чалавек выключнай дабрынi па сутнасьцi не адрозьнiваецца, скажам, ад алькаголiка: тое-ж шуканьне iм забыцьця. А жыцьцё дамагаецца ад свайго ўдзельнiка ўдарнiцтва! У слушнасьцi Кiрыных высноваў прадчуваў ён незадаволенасьць iм, якую баялася яна выказаць уголас. Быццам у вадказ на тое, як бы мiжвольна, ён падсумаваў яе павучаньнi:
Калi мусiш думаць, дык не гавары. Калi сказаў, дык не пiшы. Калi-ж напiсаў, дык не падпiсвай. А калi падпiсаў, дык сам ты таго хацеў...
Кiра паставiла шклянку са сподкам на падлогу.
- Ты ў чымсьцi падазраеш мяне, Сьцяпан, - сказала яна. - Ну, сьмела кажы, менавiта, у чым?!
- Я? - Невядома, калi наскочыць на цябе найгоршае. - Кiра, пашкадуй ты мае нэрвы, - Сьцяпан сеў у пасьцелi. - Я хворы, а ты пачынаеш са мною сур'ёзнае, ад якога напраўду можна дайсьцi да думкi, што жыцьцё нас абаiх - нiшто iншае, як кантракт i толькi кантракт. Справа на пэўны прамежак часу або парадку рэчаў...
- Прабач, Сьцяпанка. У мяне, ведаеш, хутка мэнструацыя, i таму я без дай прычыны ўзбуджаюся, - яна зграбна схiлiлася па шклянку. - Я нарыхтую табе паранага малака зь мёдам.
"Мэнструацыя! - калацiлася ў iм. - Пачуў-бы гэта набабнiк з мудрым iлбом мiнiстра, дык запляваў-бы ад тае сьцены. У сукiнсыне не шукай ты пашаны, нават да самога сябе, бо яму й сваё гаўно сьмярдзiць!.." Перад жанiмствам з Кiрай Сьцяпан перажыў дзiўную прыгоду: маладая ўдава прапанавала яму шлюбнае жыцьцё на паўтары гады, да часу, пакуль вернецца з Канады яе жанiх, стары кавалер, якi паехаў туды зарабiць валюты ў брата, уласьнiка, здаецца, рамонтных майстэрняў. Ня бойся, я нiчога табе не нараджу, супакойвала яна Сьцяпана. А тое, што ты навучысься ад мяне, вельмi прыдасца табе, хлопча, калi сам ажэнiсься. Пераканаесься, што i ў каханьнi патрэбная навука. Я ведаю гэта, павер ты мне. Падумаю, адказаў ёй Сьцяпан i больш не пабачыўся зь ёю; яна, зрэшты, не шукала яго, вiдавочна дайшоўшы да вываду, што ён не зразумеў-бы яе або, чаго добрага, потым пусьцiўся-б яшчэ ў сабачую скуру.
- Кiра, цябе не зьдзiўляе дзiвосная раўнавага ў колькасцi мужчынаў i жанчынаў на сьвеце?
- Гм.
- Або: гультай як грамадзкае паняцьце? Што людзi - як тыя валуны, удзiрванелыя, якiя не варушацца i ў буры зь перунамi? Маланка смалiць такому па хрыбце, ажно дым iдзе зь яго, а ён ляжыць сабе й нават не пачухаецца...
- Я прынясу табе паляпiрыну, - Кiра зьнiкла.
Растварыла яна дзьве таблеткi.
Гарачка ў Сьцяпана апала.
Цешча вярнулася дамоў зь лiмонамi. Дастала яна iх недзе па знаёмстве. Сьцяпан выпiў кубак гэтай кiсьляцiны з цукрам i задрамаў. Выглядала на тое, што давядзецца яму паляжаць, i гэта злавала яго... Старшыня падсеўся блiжэй, загаварыў - зь яго роту ад нядбайна чышчаных зубоў панесла смуродам, мясной гнiльлю. Значыць, пане Сумленевiч, э, вы нязгодны дапамагаць мне ў кiраваньнi? Добра, гэта ваша справа. Не, дык не. Як гаворыцца, рабу ня быць свабодным працаўнiком. Я не пэдэраст i заганяць вас, э, у пасьцель амаральнасьцi ня буду. Вы, вiдаць, не дарасьлi да перамаганьня, э, зла злом... Так. Я, ведаеце, прайшоў вайну й рознае вычаўпаў на ёй. Бывала, э, уварвуся я ў варожы дом i раву на малагодка: "Рукi ўверх!" А на шаснастоўку: "Скiдай, фраў, майткi!.." Агiдна я рабiў? Вядома. (Самое-ж забiваньне ёсьць супрацiўнае чалавеку. Але спрабуй ты, браток, выйграць бiтву, э, нiкога не забiваючы.) Вось, пане Сумленевiч, i вы, э, палезьлi-б на сiнявокае дзяўчо ў разьбiтым горадзе, якое й не падазрае, э, iснаваньня сусьветнай палiтыкi; у першую хвiлю не дадумаецца нават, у чым справа - з асмаленым, э, салдатам. Захiхiкае яно, ведаеце, быццам намерыўшыся пагуляць зь iм, бугаём, у хованкi. Па-дзiцячаму. Пасьля вайны - я ажанiўся, i жонка, трасца ёй у бок, падсыпала мне дочак. Ох, э, бязьлiтасная яна, зараза! Гляджу я на гэтыя свае донi й, цьфу, бачу ў iх тварыкi падабнюткiя да тых, ваенных, згвалтаваных недзе ў каменным хутары, у якiм, ведаеш, э, толькi гаспадынiн сын хадзiў за гаспадаркай; сёстрам яго-ж нiхто з нас ня даў i коўдрай накрыцца, хоць, э, на паўгадзiнкi. Яны колькi дзён i елi лежачы, цьфу!.. Што я кажу табе, балванец. Ня хочаш ты быць маёй курвай, дык ня трэба. Пашкадуеш таго. Я не жартую: пашкадуеш! Так. Курэўства ёсьць частка, э, кожнага чалавека, i як-жа тут думаць пра кар'еру, э, ня зьведаўшы прастытуцыi целам i душою?! Гэта-ж так, быццам брацца гасiць пажар, ня ведаючы, што такое агонь. Крывiсься? Ну, э, крывiся сабе на здароўе. Жадаеш сабе йсьцi ўласнай дарогай? Гэта мне падабаецца. Дазволь мне даць табе параду: ня будзь ты дзекабрыстам! Няхай табе не здаецца, э, што ты запакутуеш, або застанесься незразуметым. Маю перавагу я над табою, э, проста сакрушальную, i таму мяне бярэ ахвота сьмяяцца з таго, як гэта ты сыплеш бясспрэчнымi рацыямi, па-юначаму спадзеючыся на iх сiлу; iлюзiя непрактычнага розуму! Памятай, Сьцяпан, што самым непераможным i беспамылковым рэвалюцыянэрам зьяўляецца, э, час. Ён ня любiць, калi яго падганяюць... От, жывiна! Што яшчэ табе сказаць?.. Вяртайся ты, э, да старой праўды: маўчаць аб сваiх справах. Кожны выслухоўвае цябе перш за ўсё ў кантэксьце, э, тваёй прыдатнасьцi яму. Адсюль - што хочаш: дружба й варожасьць, любоў i нянавiсьць, э, зайздросьлiвасьць i завiсьлiвасьць... Так, брацец! Ну, i далучаю я да таго, ведаеш, студэнцкае пажаданьне: скруцi, халера, шыю! Хай хада лёгкай табе будзе...
Сьцяпан расплюшчыўся i ўбачыў Кiру.
- Я разбудзiла цябе?
- Не, Кiра, я й ня чуў, што ты тут...
- Ты пацееш, - Кiра разгарнула насавую хустачку, - я вытру табе лоб.
- Пацею, Кiра. Ажно пад патылiцай мне мокра... Прамокне падушка...
- Прыходзiлi нейкiя калегi да цябе, - сказала Кiра. - З каапэратыву. Двух. Але я iх ня ведаю, Сьцяпан.
- Што яны казалi?
- Пыталiся пра тваё здароўе - яны, здаецца, былi п'яныя...
- Ага... Ужо ведаю, хто быў.
- Цi нешта важнае магло здарыцца, Сьцяпан?
- Адкуль-жа?! - усьмiхнуўся ён. - Такiя, вось, сябры, дый столькi.
- Не спадабалiся яны мне.
- Непрыгожыя?
- Ты, калi што ляпнеш... - пакрыўдзiлася Кiра. - Я цярпець не магу п'яных у будзённы дзень! Гэта несур'ёзныя людзi.
- Або нешчасьлiвыя.
- Сказаў, што ведаў... Добрае гэта iм няшчасьце пiць гарэлку, гультаём! Знайшоў ты сабе сяброў, што хай Бог баронiць!
- Што было мне рабiць, Кiра? - ён кплiва зiрнуў на яе. - Нямаш лепшых.
- Пашукай - калi яны табе конча патрэбныя.
- Шукаў я, Кiрачка. Як ведаеш, да самога старшынi спрабаваў пазаляцацца, ды дзе там: налiў ён сабе горла й больш не паказаўся ў нас, сабака. А прылiпаў я да яго, ой, прылiпаў...
- Ах, усе вы, мужчыны, аднаго сука вартыя.
- Слушна! Пачну я цяпер з бабамi...
- Яшчэ чаго! - Кiра падала Сьцяпану газэту. - Лепш пачытай, што на сьвеце робiцца.
- Кiнь яе, Кiра, во сюды, - весела ўказаў ён на столiчак ля ложка. - Цяпер я ня буду чытаць газэту. Уваччу мне круцiцца.
- Старайся заснуць, Сьцяпанка.
- Колькi можна...
Цешча паклiкала Кiру ў кухню. Ад прычыненых дзьвярэй далятаў пах смажанiны, i Сьцяпан адвярнуўся да сьцяны.
Сьцяпан Сумленевiч, ты пераскочыш старшыню, - гэтак, нячутна, якiсьцi... З тых, хто прыходзiў наведаць яго? Ты добры, бо ў цябе няма выйсьця. Разумееш? Дабрыня зьяўляецца ў цябе сродкам. Ты, Сьцяпан, бессаромна махлюеш, называючы яе сваёй мэтай! Я, Сьцяпане, у дзяцiнстве марыў пра малаточак. Калi яго, нарэшце, займеў - вышукаў яму адмысловае месца, пад iконаю. Бацька аднойчы ўбiў iм цьвiк у сьцяну, i я, ад такой зьнявагi, плакаў...
- А я, - умяшаўся Сьцяпан, - калi ты хочаш ведаць, дык не супроць пакарыстацца дабром у iмя шчасьця чалавечага...
- Мы ўжо гаварылi з табою пра гэта, - перабiў Сьцяпана... Нейкi мутант? Паўтараесься! Сьвет iснуе, Сьцяпане, ня толькi ў тваiх памерах. Цябе, бачу я, зьдзiўляе тое, што думку нельга ўзважыць або вымерыць цэнтымэтрам? Га? Усё па-за фiзыкай, дарагi, калi ўспрыймаць рэчаiснае як iдэю...
- Адчапiся! Мне балiць галава...
- Болю таксама ня зьмераеш, напрыклад, грамамi. I роспачы. I жалю, суму.
- Каштоўнае не паддаецца малатку...
- Уставай, Сьцяпанка, есьцi, - зьявiлася Кiра. - Атулiся пледам i сядзь. Паабедаеш у пасьцельцы.
- Каб ты ведала, Кiра, як я гiджуся ежаю!
- Перамагайся! Табе трэба мацавацца.
- Калi пагляджу я на цябе, дык робiцца мне лягчэй. Ты - маё лякарства!
- Ах, чым ужо я не была ў цябе: мышкаю, хмурынкай, iскаркай, пчолкай, шчасьцейкам... Аптэкаю - першы раз, - яна падала Сьцяпану грэбень. - Ну, варушыся, Сьцёпа, прыгладзь свае кудлачы.
Расол з курыцы ды катлетка па-венску былi, несумненна, смачнымi. Каб пракаўтнуць iх, Сцьпан дапамагаў сабе, зазвычай, аналiзам памылак герояў у кнiжках, якiя чытаў у дзяцiнстве... Палкоўнiк наладзiў засаду ля пераходу цераз Патамак. Ён зрабiў-бы лепш, застаючыся ў крэпасьцi. Праўда, Вялiкае Вока меў магчымасьць аблажыць гарнiзон Джона, каб голадам прымусiць яго здацца ў палон; харчоў хапiла-б яму не больш як на тыдзень, ну, на два, калi браць пад увагу конскае мяса. Першае, што павiнен быў зрабiць палкоўнiк, гэта выкапаць у крэпасьцi калодзеж - блiзка галоўнага збудаваньня. З вадою можна доўга пражыць! Далей - карыстаючыся разьмяшчэньнем над затокай Патамаку - была ў Джона магчымасьць арганiзоўваць рыбную лоўлю невадам, узьвесьцi шырокае памосьце, абгароджанае частаколам... Рыба штодзень, безумоўна, надакучае, але, калi-б нарыхтоўваць зь яе ўсялякiя стравы з дадаткам канiны, тады атрымалася-б няблага. Шчупачок, скажам, печаны на ражне, жоўценькi, гм, смакавiты пальчыкi аблiзваць! Або акунькi. Драбязу найлепш смажыць, а вялiкiя рыбiны кiдаць у юшку.
- Еш, Сьцяпан, - заклапочана загаварыла цешча, што ўвiхалася ля плiты. Усё еш.
- Ем...
...Iньдзейцы сушаць конскае мяса: рэжуць яго ў вузэнькiя палосы. Сухое, яно не псуецца. Каб пячы, трэба спачатку памачыць яго?
Вялiкае Вока не стрываў-бы доўга пад крэпасьцю: зямля ля падножжа гораднi аказалася-б усыпанай касьцямi рыбак! Чырванаскурыя ваяўнiкi, босыя, адбягалiся-б прэч пад агнём са стрэльбаў, адпаўзалiся-б, ня могучы ступiць нагою... Ах, адбылася-б разьня... Трупы гнiюць, шыраць заразу. Спатрэбiлiся-б перамовы зь Вялiкiм Вокам, каб дазволiць яму забраць тую трухляцiну, ага. А што было-б, калi-б ён здагадаўся?..
- Катлетка смачненькая, - падселася да Сьцяпана Кiра. - Чаму ты не ясi? Ну, хоць кавалачак...
- Не падганяй мяне, Кiра. Я зьем, - Сьцяпан: "Калi-б я быў на месцы палкоўнiка Джона..." - Кажу табе, што зьем, значыць - зьем!
- Не надакучвай ты яму, - бессэнсоўна заступiлася за яго цешча. - Хворы... Слабы...
- Я налью яму гарбаты, - падхапiлася Кiра. - Моцнай, iндыйскай.
- Хочаш змарнаваць чалавека! Вунь, з павiдлам трэба! - цешча паставiла слоiк з чорнымi парэчкамi.
Кiра рэзка адказала матцы.
Ёй усё часьцей здаралася спрачацца са старою. "У яе гэта ад гаспадынiнскай ролi, - заключыў аб жонцы Сьцяпан. - Незайздроснае служэньне мужу нават жыцьцярадасную жанчыну пераўтварае ў мэлянхалiчнае стварэньне. Перакрэсьлiвае яе значнасьць. Яна стаецца неабходным дадаткам да кватэры, мэблi, пасьцелi, мараў... Каханьне, i тое ня можа тут нiчога зьмянiць. Наадварот, зацьмяняючы ўсьведамленьне аб'ектыўнага становiшча, закончваецца яно гвалтоўным выбухам скаргаў на мужа ды жалю да яго. Страсьць - толькi эпiзод жаданьня, iмя якому Мець. (Чорныя парэчкi, чуў Сьцяпан, узмацняюць нэрвы.) Прэм'ера яснасьцi выклiкае шок. Няўжо быў я сьведкам рэпэтыцыi таго ў Кiры?" - Сьцяпан страсануў крышынкi з пледу.
- Дзякую вам. Я лягаю хварэць далей.
- Смакчы глюкардыямiд, - сказала Сьцяпану цешча. - Гэта ўзмоцнiць тваё сэрца, - яна высыпала на плед некалькi цукерынак прафiляктычнага леку, - вось, дастала ў знаёмай...
Кiра вымывала ў кухнi гаршчок.
- Не пашкодзiла-б дастаць па знаёмстве крыху шчасьця на жыцьцё, - сказаў Сьцяпан. I не адумаўшыся: - Ну, каб хоць дзе-небудзь пазычыць яго!