- Люцыпар памыляецца! Чуеш, ён памыляецца! Памыляецца!!!
- Не крычы так, - страпянуўся чорт. - Вiшчыш ты, бы ў шэсьцьдзесят першым годзе, э, калi ў краме, памятаеш, сам украў цукерку й прадаўшчыца...
Сьцяпан ударыў чорта нагою ў дыхавiну, ажно той скруцiўся.
- Яшчэ слова - i я цябе заб'ю! - Сьцяпан патрос кулаком яму перад мордаю.
Рагаты, не разгiнаючыся, соп.
Сьцяпан, злавесна пастаяўшы над iм, вярнуўся да логава.
- Такая, вось, удзячнасьць чалавека за сказаную яму праўду! - выпалiў чорт, i, быццам на магутнай спружыне, скакануў ён на абажур электрычнай лямпачкi пад стольлю. - Раз зь цябе гэткi аблуднiк, э, дык больш нiчога ты не даведаесься ад мяне, - скардзiўся ён. - Ты...
- Пан Сумленевiч! - Сьцяпан пагрозьлiва прыўзьняўся.
- Пацалуйце мяне ў хвост, пане Сумленевiч!
Сьцяпан, азьвярэўшы, абхапiў пiсьмовы стол i зь дзiўнай лёгкасьцю кiнуў iм у пачвару. Затым, упёршыся рукамi ў сьцяну, ён захiстаў пакоем.
- Развалiш будынак, жывiна! - крычаў чорт, ушчаперыўшыся ў абажур (ён высока паставiў свой хвасьцiска, каб Сьцяпан да яго не дастаў). - Абцiхнi, чуеш! З турмы ня выйдзеш, э, выскачка!!!
- Яшчэ ты, чорце, калiсьцi падлезеш пад мой кулак, - Сьцяпан стомлена апусьцiў руку; другая-ж анiяк не адставала яму ад сьцяны.
I як Сьцяпан нi выкручваўся, тая рука з расшчэмленымi пальцамi не паслаблялася, наадварот, як бы прастрамляла яна мур навылет. Сьцяпан згодлiва аглянуўся на чорта, якi з удаванай заклапочанасьцю чысьцiў сабе капытцы. Рабiлася страшна. "Пане чорт!" - Сьцяпан разявiў рот, каб лiсьлiва аклiкнуць... Ён прачнуўся.
31
У вакно сьвяцiла сонца.
Сьцяпан з панiкай паглядзеў на гадзiньнiк: стрэлка ўказвала дакладна сёмую; ён хуценька прыпарадкаваў няхiтрую пасьцель.
Яму цяжка было выпрастацца - ад невыгоднага ляжаньня спруцянеў карак. Сухiя яго вусны палiла гарката ад выкураных папяросаў.
З калiдора наляталi ўрыўкi размоваў; пачынаўся працоўны дзень.
У габiнэт, у гэтую начлежню Сумленевiча, нiхто не заглядваў, i ён мог спакойна пагалiцца. Сьцяпан, быццам вопытны кансьпiратар, на слых улавiў зручны сабе момант, каб цiха шмыгануць у мужчынскую прыбiральню, да ўмывальнiка, са шчотачкай i зубной пастай.
Убягаючы туды, ён з разгону сутыкнуўся з маладою супрацоўнiцаю, якая выходзiла якраз адтуль з поўным чайнiкам вады (у дамскай прыбiральнi быў папсаваны кран над умывальнiкам, з чым усе звыклiся). Начыньне выпала перапалоханай дзяўчыне з рук, i, са страшэнным грукатам, выкацiлася яно, менавiта, у калiдор, непрыстойна залiваючы паркет. А сама яна, не ўстаяўшы на высокiх абцасах, упала на плечы. Сьцяпан машынальна быў прытрымаў яе за грудзi; далiкатная блюзачка на ёй разьдзерлася ад таго.
Ашаломлены, ён застыў над паўголай жанчынай, якая, ня страцiўшы памяцi, нема закрычала: - Рату-ун-ку-у-у!!
- Выбачайце мне, - прамовiў Сьцяпан. - Выбачайце...
- Ратунку!!! - яна галасьлiвiла, як матацыкл у тунэлi. - Ратуначку, людкове.
Нехта за сьпiнаю Сумленевiча аддаў загад:
- Пане Валодзька, званеце ў мiлiцыю. Мiгам!
Перад уваходам у туалет сабраўся гурт.
- Нумар! Нумар якi?! - заiклiва пытаўся той Валодзька.
- Дзевяцьсот дзевяноста сем! Ну!!!
Iншыя - шапталiся: "Гэта-ж Сумленевiч... Так, Сьцяпан... Гэта ён... Ай-яй-яй..."
Сьцяпан нахiлiўся над няшчаснай, каб вынесьцi яе адсюль, але яна, ашалелая, укусiла яго за локаць (мела вострыя зубы).
- Мужчыны! - прарэзьлiва заенчыў бабскi голас. - Чаго вы стаiце?! Ён заесьць яе тут!
На Сьцяпана накiнулiся; чыесьцi кулакi адпiхнулi яго прэч у закутак.
- Дагуляўся, бунтаўшчык!
- Ня дайце яму ўцячы, мужчыны! Трымайце яго, трымайце! Вяжэце!!!
Сьцяпан моўчкi замiргаў павекамi, бы зацюканы злодзей.
- Я таго й спадзяваўся па iм, - здаволена скрывiўся працаўнiк адмiнiстрацыйнай сэкцыi. - Бачыце, да чаго ён дажыўся...
- Канцы яму тут! - прарочыў рэфэрэнт з аддзелу паслугаў, якога здобiў высокi лоб iнтэлiгента.
- Халеры на яго! - ускiпеў нядаўнi сябар Сьцяпана. - Ён-жа абяцаў мне дамагчыся павышэньня зарплаты, шыбенiчнiк!
- Хадзiў, лазiў ён, бы дырэктар якi, i ўсё законы свае ўводзiў у нас, зьедлiва загаварыў шматгадовы працаўнiк сэкцыi па справах грамадзкага самакiраваньня.
- То яму мыла таго мала было, то ручнiкоў, то ладу й парадку, то яшчэ чагосьцi, - намесьнiк бухгальтара, ад усьцешанасьцi, ажно пачысьцiў сабе вуха, дбайна насучыўшы дзеля таго на запалку шматок першакляснай туалетнай паперы.
- Будзе яму цяпер, будзе, - праквакаў старэнькi працаўнiк гаспадарчага рэфэрату.
- Ой, што ён зробiць у турме бяз жонкi?! - пiскнула сакратарка з галоўнага сакратарыяту.
- Даволi наслухалiся мы ягоных павучэньняў: нягодна паводзiце сябе, падлiзваецеся начальству, не шануеце свайго "я", жывяце мудрасьцю рабоў... I гэтак далей, - выжалiўся працаўнiк аддзелу кадраў i сацыяльнага забесьпячэньня.
- Ах, як надакучыў ён нам, ад малога да старога, - з палёгкай выдыхнула сваё прыбiральнiца, якую Сьцяпан прыймаў на работу як мацi шматдзетнай сям'i.
- З усiх зьвяроў толькi чалавек умее сьмяяцца, хоць мае дзеля гэтага найменш прычынаў, - нiякавата выказаўся якiсьцi незнаёмец. На яго паглядзелi, i ён, не аказваючыся, выйшаў са зборышча.
- Што гэта той сказаў?
- А чорт яго ведае?! Нiчога ня робiць, адно ходзiць ды ўсё думае. Мо' ён якi-небудзь сваяк Сумленевiча?..
- То-ж але, пане iнспэктар! Панапрыймаюць гэта на работу невядома каго, дык, потым, о колькi бяды! - заключыла жанчына, якую можна падазраваць, бадай, не болей як у дурноце.
Сьцяпан ступiў дапераду й прамовiў:
- Людзi! Трэба даць паратунак нашай супрацоўнiцы, - ён паказаў на дзяўчыну, якая, скромна стулiўшы каленi, валялася на халоднай падлозе, адкiнуўшы галаву аж пад пiсуар. Яна не магла даўмецца, як ёй быць далей. Дапамажэце мне занесьцi пацярпелую ў нейкае памяшканьне, каб...
- ...згвалцiць! - ускочыў Сьцяпану ў слова бамбiза з выглядам мядзьведзя, якi, у недасьледаваных навукай абставiнах, ачалавечыўся.
- Гэ, гэ, гэ... - яго падтрымалi рогатам.
- Як вы сябе адчуваеце? - запытаў Сьцяпан у дзяўчыны. Яна называлася Зiна. - Цi вам рэжа ў галаве?
- Ёй не ў галаве рэжа, гэ, гэ, гэ...
- Гэ-гэ-гэ-гэ-гэ-га-га...
- Як вам ня сорамна, людзi?! - гнеўна рэплiкаваў Сьцяпан. - Як вы так можаце?!
- Тое, што ты мог, гэ-гэ-гэ, дык i я, гэ, гэ, ма-а-агу-уу, га-га-га-га!.. Не, Зiна? Лiчы - на тваё вясельле мы зьбеглiся, га-га-га...
Яна, налiўшыся крывёю ад абурэньня, зграбна ўстала й, не пасаромеўшыся адкрытых грудзей, падыйшла да гэтага Локiса (так празывалi яго мядзьведзепадобенца).
- Я табе, Локiс, морду наб'ю, - i яна ляснула далоняй па яго надзьмутай шчацэ. Удар атрымаўся гулкi; тлум загудзеў у знак прызнаньня. - Ты лепей сабе нагавiцы падперажы, бо на кульшы апусьцiлiся яны...
- Брава! - начны стораж лёгка выклiкаў авацыю. - Брава, бра-ава-а-аа!..
Зiначка паўтарыла ўдар.
- Мiлiцыя! - крыкнулi дзесьцi, вiдавочна, на ўсходах.
Учынiлася гвалтоўная звалка, калi ўсе кiнулiся да сваiх пакояў.
- О Божа, ногi! - рыкнуў барытон.
- Рука! Руку мне паломiце!.. - пiшчаў галасок.
- Пусьцi маю спаднiцу, асталопень! - прабубнiла баба.
- Зубы! Растопчаце зубы, быдла! - круцiўся стары й разьлезлы.
- Ах, зноў абцас адвалiўся.
Няхутка зьявiлася двух пад службовымi шапкамi i ў сiнiх плашчох, перацiснутых ганаровымi пасамi з капыламi кабураў. За iх плячыма радасна буркаў кадравiк.
- Гэта ён - вас? - зьвярнуўся старшы сяржант да Зiны, кiўнуўшы галавою ў бок Сумленевiча.
- Што - ён мяне? - насьцярожылася яна.
- Яшчэ пытаеце?! - паморшчыўся старшы сяржант.
- Ён! Ён! - пацьвердзiў кадравiк. - Так, ён.
- Ну, дык як? - карпянеў службовец.
- Усё гэта няпраўда! - плаклiва прастагнаў Сьцяпан. Ён даходзiў да сябе.
- Вы, дазвольце ведаць, што маеце на ўвазе? - ступiла да старшага сяржанта Зiна, няўклюдна засланяючы ахлапiнкамi матэрыi цалкам кругленькi станiк.
Малодшы сяржант аслупянела чмхнуў, аж заскрыпелi ад таго рамянi на iм.
- Вы ня бойцеся яго, - сурова заявiў старшы, блiснуўшы вокам на Сумленевiча. - Колька, стань каля гэтага тыпа! - загадаў ён малодшаму, якi, неяк скрадлiва, наблiзiўся да падазронага. - Пойдзем, грамадзянка. Усё высьветлiм у камiсарыяце. Колька, выклiкай па радыётэлефоне крымiнальнага тэхнiка, каб склаў сытуацыйны плян здарэньня.
- Адну хвiлiначку, пане сяржант, - пратэставала Зiна з зайздроснай энэргiчнасьцю. - Чаму гэта ганьба й людзкi сьмех павiнны на мяне адну асесьцi?! Узважце, сяржант, што ў гэтай скандальнай бойцы ўдзельнiчалi шматлiкiя асобы. Досыць кiнуць вокам на запарожжа, каб здагадацца, што я не выдумляю таго, - яна накiравала зрок мiлiцыянтаў на страшэнны натрус: скалiўся зубны пратэз, гiбеў адарваны абцас, скруцiлася вужакай панчошная гумка, дзьмуўся чайнiк, якi намачыў пад сябе, i iншая драбяза. - Во, колькi дабра...
- Яна жартуе, пане старшы сяржант, - кадравiк пасунуўся зьбiраць пагубленае. - У яе грудзi парваныя... Яна... яна...
- Не чапайце! - супынiў кадравiка старшы. - Няхай усенька ляжыць, як ляжыць.
- Аж гэтулькi насыпалася з вас... - зьдзiўляўся малодшы сяржант.
- Ён абражае мяне, пане старшы! - яна тыцнула пальцам у мiлiцыянта. - Мне дваццаць гадоў, калi хочаце ведаць...
- Добра, добра, - старшы сяржант вытрашчыўся. - Што вы тут рабiлi ў мужчынскiм туалеце ды хто распаласаваў вам блюзку, га! I чаго з вамi тут гэты грамадзянiн? - ён паглядаў: то на Зiну, то на Сьцяпана. - Адказвайце!
- Я ўцякла сюды! Каб мяне не забiлi! - яна павярнулася да Сумленевiча: - I гэты недарэка, вiдаць, забiўся ў туалет, замест хвастаць па пераносiцах...
- Ён дабiраўся да цябе! - расхваляваўся, бы певень, кадравiк. - Пра якую гэта бойку ты гародзiш пану?
- Я не магу таго слухаць, пане старшы сяржант! Каму я што дрэннае ўчынiла, каб плёткамi мне сьвет завязваць? - абараняла сваю рэпутацыю дзяўчына. - Самi, пане мiлiцыянт, паглядзеце, што счаўплося...
Старшы сяржант прыгледзеўся да кадравiка.
- Не, гэта сон, - балбатаў кадравiк. - Нечуванае махлярства...
Малодшы сяржант зайшоў кадравiка ззаду й стаў за iм, раскiрачыўшыся.
- Гаварэце, што тут здарылася? Хто з кiм бiўся?
- А чорт iх ведае, пане сяржант! Блюзку, во, змарнавалi...
- Нiякай бойкi, пане, не было... Зьбеглiся, каб...
- Зьбеглiся? Колька, выклiкай крымiнальнага тэхнiка! Званi: групавы пабой, - i да дзяўчыны: - Хто вас пакрыўдзiў?
- У замяшаньнi хiба ўгледзiш, хто, каго й за што?
- Цiкава, цiкава... - сяржант падыйшоў да Сумленевiча.
- Я, пане сяржант, iшоў зубы пачысьцiць...
- Каму? - не ўтрываў перад Сьцяпанам малодшы сяржант. Ён па-хлапечаму расьсмяяўся й, прысеўшы на крэсла, узяўся выклiкаць па радыётэлефоне камэндатуру.
Тым часам Сьцяпан тлумачыў, выймаючы з кiшэнi пiнжака шчотачку й зубную пасту, як гэта ён намерваўся адбыць у прыбiральнi ранiшнi туалет.
- Вы, дык што: дома не начавалi?
- Не.
- Ага...
- Яго судзiць будуць за разбой! - паскудзiў Сьцяпану кадравiк. - Ён, пане сяржант, легкавую машыну спалiў, шэфа апаганiў, жонку сваю адлупцаваў, бунт у нас падыймаў, людзей добрых бухторыў!..
- Я ня вас пытаю, - суцiшыў крыкуна старшы сяржант. - Лепш скажэце мне, грамадзянiн, дзе тая згвалтаваная жанчына?
- Я...
Мiлiцыянты нiчога не ўстанавiлi. Яны забралi з сабою Зiну й Сьцяпана. Допыт у камiсарыяце таксама ня даў вынiкаў; пад вечар дзяўчыну выпусьцiлi. "А вы - пасядзеце", - сказалi Сумленевiчу. I ён цiхмана прайшоў у арыштанцкi пакой. Уночы разбудзiлi яго й завялi да сьледчага, якi ўжо шмат ведаў пра ўсё.
Сумленевiч - нi то ад страху за далейшыя наступствы, нi то застаючыся ляяльным у дачыненьнi да дзяўчыны, - не адступiўся ад узьнiклай вэрсii падзеi. Назаўтра былi прад'яўленыя яму паказаньнi сьведкаў - працаўнiка адмiнiстрацыйнай сэкцыi, рэфэрэнта з аддзелу паслугаў, працаўнiка сэкцыi па справах грамадзкага самакiраваньня й iнш.
Сьцяпан не раскалоўся.
Ён выратаваў перш за ўсё самога сябе. (Нядаўна расказвалi яму, як старшыня, даведаўшыся пра здарэньне зь Зiнай, папрасiў дзяўчыну да сябе ў габiнэт i намаўляў яе, каб яна абвiнавацiла Сьцяпана ў згвалтаваньнi: дэкляраваў ёй павышэньне на службе. Адказала яму: "Я, пане старшыня, не раздумала выйсьцi замуж".)
32
На працу Сьцяпан Сумленевiч не пайшоў. Не вярнуўся ён i дамоў - спачатку ня могучы прабачыць Кiры, што яна не даведвалася, дзе ён i што зь iм.
Штосьцi каля тыдня начаваў Сьцяпан у знаёмых, ад якiх наслухаўся ён усякай усячыны.
Пераначаваў - i ў члена камiсii, якi афiцыйна паведамiў Сьцяпана:
- Вас шукаюць з позвай на суд. Ну, адпачывайце ў мяне, а я пайшоў - трэба абкапаць бульбу.
Позву, у той-жа вечар, Сьцяпан паквiтаваў на цэнтральнай пошце; хатнi адрас на ёй быў закрэсьлены i, вiдавочна, лiстанош надпiсаў: "Адрасат невядомы".
Адбыўся суд.
Суд як суд. Адвакату абвiнавачаньня засьвяцiлiся вочы, калi пачуў ён тлумачэньнi Сьцяпана, падсуднага. "Высокi суд! У васобе Сьцяпана Сумленевiча мы можам наглядаць тое бессаромнае круцельства, патанаючы ў якiм да самога дна, абвiнавачаны не завагаўся чыстае й высакароднае зьмяшаць зь нiзкiм, брудным i подлым..."
Усё прышылi яму.
Уляпiлi Сумленевiчу дзiўна нямнога, гадоў нешта паўтара. Нечуванае: без грашовай рэкампэнсацыi пацярпеламу!
Турэмны выхавальнiк неяк наладзiў дыскусiю аб маральнасьцi, яе сутнасьцi й скрыўленьнях. Сумленевiч меў палымянае выступленьне; ён моцна зьдзiвiўся, калi пасьля гэтага дыспуту запрапанавалi яму працу ва ўнутраным радыёвузьле турмы. Там было ўжо двух: юрыдычны дарадчык, якога пасадзiлi за камбiнацыi, i будаўнiчы iнжынер, што пракраўся на цыманьце. Сьцяпан пiсаў перавыхаваўчыя гутаркi (памерам да дзесяцi хвiлiнаў), зь якiх яго незвычайныя супрацоўнiкi рабiлi жарты. Ён абураўся на iх, i дайшло да нашумелай авантуры, пасьля якой Сумленевiча перавялi ў брыгаду па будаваньню дарогаў. Непрызвычаенаму да фiзычнай працы Сьцяпану Сумленевiчу цяжка даўся там першы месяц - смылелi яму нават костачкi!
За прыкладныя паводзiны ён быў умоўна выпушчаны з турмы пасьля году. Зь пяцiдзесяцiтысячным заробленым капiталам, на той час вартым паезджанага аўта.
На ўскраiне Беластоку купiў Сьцяпан малюткую хацiну, от, пакоiк з куханькай. З дрывотняй ды акрайцам агароду. Сам сяк-так змайстраваў неабходную сабе мэблю й палiцы на кнiжкi, на ўсю сьцяну.
Беласток, 1977-1993