Угаров Гавриил
Вярнуць адкрыццё (на белорусском языке)
Гаўрыiл Угараў
Вярнуць адкрыццё
Пераклад: Рычард Саматыя
- Ненавiджу сцiпласць, - раптам сказаў наш субяседнiк. Сказаў сярдзiта, з болем, яго дабрадушны твар спахмурнеў. - Ненавiджу!
Мы азадачана прыцiхлi. Вагон мякка патрэсвала, за вокнамi сiнеў змрок, але нiхто не запальваў святло, без яго было неяк утульней, i размова да той хвiлiны iшла цiхая, даверлiвая, якая часта ўзнiкае ў цягнiку дальняга накiрунку мiж незнаёмымi пасажырамi. I вось... Не памятаю, што папярэднiчала сказанаму, але ж i пажар пачынаецца з iскры.
- Дазвольце... э... Пётр Мiкалаевiч, - першы апомнiўся мой сусед, сiвенькi, бародка клiнком дзядок. - Як жа так? Яно, вядома, сцiпласць, як i любое iншае пачуццё свае годнасцi, калi празмернае, можа i... Але згадзiцеся, сцiпласць упрыгожвае чалавека, i як яе можна адмаўляць, нiяк не разумею!
- Можна, - жорстка сказаў Пётр Мiкалаевiч. - Можна i патрэбна, калi з-за яе страчаны сродак выратавання тысяч людзей.
- Ды што вы кажаце? - ахнуў стары. - Вы... вы не перабольшваеце?
- Калi б так! На маiх вачах сцiпласць аднаго цудоўнага чалавека абярнулася, можна сказаць, у злачынства перад чалавецтвам. Прабачце... Каб вы мяне правiльна зразумелi, давядзецца расказаць падрабязна.
- Так, так, адпаведна, у галаве, ведаеце, неяк не ўкладваецца...
- Разумею, гэтаксама калiсьцi думаў. Памылiўся! Слухайце: перасадка ўнутраных органаў да гэтай пары невырашальная, увогуле, праблема, i нiхто не скажа, калi яна будзе вырашана канчаткова. А яна, мiж iншым, ужо была - i блiскуча! - вырашана больш дзесяцi гадоў назад!
- Не можа быць! - вырвалася ў мяне. Я, бiёлаг, не мог стрымаць свайго недаверу.
- Ах, не можа... - нават у прыцемку вочы Пятра Мiкалаевiча блiснулi iронiяй. - Удвайне сумна, што гэта гаворыце вы. Не толькi як бiёлаг. Вы па нацыянальнасцi, здаецца, якут?
- Якут. А што?
- Нiчога. Iмя Томата Iванавiча Даўгунова вам што-небудзь гаворыць?
- Не...
- А ён мог бы стаць гонарам нашага народа, усяго чалавецтва. Не стаў, з-за сцiпласцi не стаў. Паслухайце! У чым галоўная, нават адзiная невырашальнасць праблемы перасадкi ўнутраных органаў? У тканкавай несумяшчальнасцi. Перасадзiць можна хоць ад бабы-ягi лесуну, справа тэхнiкi; арганiзм, дурань, не прымае, фактычна трэба зламаць, заглушыць iмунную сiстэму засцярогi; гэта ўдаецца, але самi ведаеце, якою цаною. Не, не падумайце, я не медык, не фiзiёлаг, наогул не вучоны - будаўнiк я. Проста... Вось пра што i гаворка.
Ён змоўк на iмгненне. Святло лiхтароў нейкага паўстанка прабеглася па яго твары рухам ценяў, нiбыта павялiчыўшы яго, акрэслiўшы змрочнасць выгляду.
- Печань у мяне забалела гадоў у дваццаць. Але ведаеце, як гэта бывае ў маладосцi: каб мяне - ды анiколi! Шмат хто ў юнацтве жыве з адчуваннем асабiстага амаль цi не бяссмерця. Гэта значыць абстрактна ўсведамляеш, што i цябе не прамiне, але гэта настолькi далёка, што нават непраўдападобна. Адным словам, да доктара я не пайшоў, iнстытут скончыў - i пачало мяне па будоўлях насiць! Клопату было шмат, ну пабалiць ды перастане, здаровы ж мужык... Нарэшце дапякло. Так дапякло, што я ўжо быў гатовы малiцца на белы халат. Ну мясцовая бальнiца, абследаваннi там, лекi, аднак заўважаю я па выразу твараў маiх анёлаў-выратавальнiкаў, што, вiдаць, дарэмныя мае надзеi на сiлу маладосцi, а заадно i на ўсемагутнасць медыцыны. Папраўкай i не пахне, хоць i прафесара аднекуль запрашалi, i ўвесь iншы арсенал запушчаны ў ход. Карацей, давялося свайго доктара выклiкаць на шчырасць. Душэўны быў чалавек i смелы, з тых дактароў-вайскоўцаў, якiя прывыклi не хавацца за чужыя спiны, а дзейнiчаць рашуча i ў адпаведнасцi з абставiнамi.
Так... Сказаў ён мне, як на духу акрэслiў перспектыву. Чорт, нават цяпер страшна ўспамiнаць! Але шчырасць яго была не без намеру, таму што надзею меў. Так, маўляў, i так: пакоцiцца ўсё звычайным шляхам, ну i... Медыцына, як кажуць, бяссiльная, раней бы спахапiлiся на тваю хваробу - выратавалi б, а цяпер... Але ёсць мосцiк, ёсць. Нiхто па iм яшчэ не хадзiў, толькi мост ужо пабудаваны, чакае пэўным чынам смельчака. На жывёлах усе доследы праведзены, поспех стопрацэнтны, цяпер добраахвотнiк патрэбен. Рызыкi, варта сказаць, хапае. Праўда, упэўнены, яе крыху менш, чым у Барнарда, таго самага, што першы якраз у тыя гады сэрца перасадзiў. Але гэта, кажуць, мая ўпэўненасць i Томата Iванавiча.
"Гэта што яшчэ за свяцiла?" - пытаюся. Грубавата пытаюся, самi разумееце, якiя ў мяне думкi. "Не свяцiла, - адказвае. - Хiрург нашай бальнiцы. Толькi справа не ў тым, дзе ён працуе i якiя ў яго тытулы, - вялiкi Кох, дый не ён адзiн, спачатку яшчэ далей ад навукi быў. Сутнасць у тым, якая ў чалавека галава i якiя рукi. Томат Iванавiч з якутаў, ажанiўся з расейкай, тут, на яе радзiме, i асеў i аперыруе так, што калi б не яго сцiпласць, то даўно быў бы ў Маскве, можа, ужо i прафесарам стаў бы, галава ў яго светлая, такiх пашукаць. А не стаў ён прафесарам, я ўпэўнены, таму, што даследаваннi, якiмi займаўся, нi ў якi навуковы профiль не ўпiсваюцца. Недысертабельныя яны". - "Ну а канкрэтней?" - "Канкрэтней. Вас можа выратаваць толькi перасадка печанi, чаго, увогуле, нiдзе ў свеце не робяць, а калi i робяць, то... (Тут ён мяне наконт iмуннай несумяшчальнасцi i прасвяцiў.) А Томат Iванавiч даўно выношваў iдэю, што пры ўсёй бясконцай разнастайнасцi фiзiялагiчных iндывiдуальнасцей павiнен жа i ў гэтай бясконцасцi быць нейкi парадак, адзiны, цi што, закон. Падзяляецца ж на групы кроў! Пакуль гэтага не ведалi, за адной удачай iшлi дзесяткi няўдач. А цяпер усё на сто працэнтаў. Смелы ў Томата Iванавiча ход думкi, але гiсторыя навукi яго пацвярджае. Скрозь ёсць заканамернасць груповак: i ў атамах, i ў раслiнах, i ў зорках, i ў элементарных часцiцах яе з часам знойдуць. Чаму iмунная сiстэма абавязкова павiнна быць выключэннем? Томат Iванавiч вылучыў сем груп цi тыпаў цел i цяпер гатовы ўжо на самыя складаныя аперацыi".
"Чаму сем, а, скажам, не семнаццаць?" - пытанне маё прагучала даволi недарэчна, але мне, разумееце, было неяк не да логiкi, хацелася высветлiць сваю перспектыву.
Доктар развёў рукамi...
"Гэтага i Томат Iванавiч не ведае, хоць i захапляўся прыхаванаю гармонiяй прыроды: вясёлка з сямi колераў, музыка з сямi нотаў, арганiзмы дзеляцца на сем груп - цi выпадкова гэта? Але справа не ў лiчбе. Томат Iванавiч адшукаў спосаб распазнання "груп сумяшчальнасцi". Ён упэўнены, што з завяршэннем яго работы перасадка ўнутраных органаў стане справай такой самай надзейнай, як i пералiванне крывi. I, ведаеце, я яму веру, iнакш не прапаноўваў бы вам у яго аперыравацца. Зрэшты, падумайце да ранiцы..."
Якая ў мяне была ноч, памаўчу. Ранiцай даў згоду. А што заставалася рабiць? Тут хоць нейкая перспектыва, а калi адмовiцца - нiякай, гэта я ўжо i без медыцыны адчуваў.
Пад вечар мой доктар прыйшоў з незнаёмым лекарам. Так, знешне нiчога асаблiвага: невысокага росту, сярэднiх гадоў, стрыманы, вочы вузкiя, карыя, разумныя, трымаецца цiха, словам, з тых iнтэлiгентаў, якiя i кошку на "вы" называюць...
"Хвалюецеся? Няварта, вы для нас як першы касманаўт, пабачыце, усё будзе добра..."
Размаўляў ён мякка, з ледзь прыкметным, даволi прыемным акцэнтам, i была ў яго словах такая ўпэўненасць, што i ў мяне на душы адразу палягчэла. Давер ён выклiкаў, не магу сказаць чым, але ў адказ на яго ўсмешку i я таксама ўсмiхаўся. Бывае ж такое: сустрэнеш каго-небудзь i з першых яго слоў зразумела - цудоўны чалавек, добры, надзейны. I нават дзiўныя яго потым манiпуляцыi анi не пахiснулi маю веру. Бо што ён зрабiў? Дастаў з партфеля шкляны, шчыльна закаркаваны сасуд, пiнцэтам выняў адтуль лапiк марлi, пацёр iм маю пятку, паклаў назад i зноў шчыльна заткнуў коркам. Усё! Загаварыў да майго доктара: "Што ж, будзем шукаць..." Той кiўнуў.
Пайшлi абодва. Ну, думаю, гэта толькi пачатак, галоўныя аналiзы i абследаваннi наперадзе. Iдзе час - анiякiх аналiзаў цi яшчэ якiх там прыгатаванняў! Што донара трэба чакаць, гэта я ведаю. Павiнна з некiм здарыцца няшчасце, каб я новую печань атрымаў, такая ўжо тут агiдная ўмова, што толькi нечая пагiбель можа мне аказацца выратаваннем. Так... Кажуць, збiраюцца дзеля гэтага малпаў разводзiць, усё ж такi лепш, хоць таксама... Зрэшты, я не пра тое... Ведаю, што трэба чакаць, але дзе ж падрыхтоўка, аналiзы i ўсё астатняе? Ды Томат Iванавiч не паказваецца. Няўжо адмовiўся?!
Доктар як мог мяне супакоiў: "Аналiзы, кажаце? Яны ўсе ўжо зроблены. Памятаеце, той раз Томат Iванавiч марляй пацёр вам пятку? Больш яму нiчога не трэба. Чакайце".
Дзiва! Але ведаеце, ад гэтага дзiва мне, дарэчы, стала лягчэй. Не, што нi кажыце, а ў доктара i абаяльнасць павiнна быць, i нейкая таямнiчасць, загадкавасць. Крыху ён павiнен выглядаць цудатворцам, вось што скажу.
Аднак я не пра тое... Аднойчы ранiцай па мяне нарэшце прыйшлi. Адразу ў аперацыйны пакой. Томат Iванавiч кiўнуў мне, як даўняму знаёмаму, зноў праманiпуляваў з марляй, толькi на гэты раз пацёр пад пахамi i на жываце, дзе печань. Выйшаў, але хутка вярнуўся.
- Так, усё адпавядае. Пачынаем.
Зрабiлi аперацыю. Нiякага потым заглушэння iмунiтэту, нiякiх асаблiвых лекаў, а печань прыжылася як мiленькая. З тае пары вось ужо больш за дзесяць гадоў прайшло - анi-нi, нават думаць пра яе перастаў. Каму-небудзь з вас такi выпадак вядомы?
Хоць пытанне, здавалася, было адрасавана ўсiм, на мяне зiрнуў Пётр Мiкалаевiч.
- Ну, - сказаў я. - Ёсць звесткi, што ва ўсiм свеце на сённяшнi дзень перасаджана больш за трыццаць тысяч нырак, каля двухсот дваццацi сэрцаў i ста васьмiдзесяцi печаней. Праўда, пасля перасадкi сэрца - i то, калi ўсё прайшло паспяхова, - чалавек жыве чатыры-пяць гадоў, печанi - чатыры, з ныркамi лепш да дзесяцi гадоў дацягваюць.
- I гэта пры ўсiх хiтрыках медыцыны перад аперацыяй i, галоўнае, пасля! А ў мяне...
- Але адзiнкавы выпадак яшчэ нi пра што не сведчыць. I яго абставiны... як бы вам сказаць...
- Ды кажыце ўжо проста - сумнiцельныя! Не-е, шаноўны скептык, усё не так. Я ў Томата Iванавiча быў першы, але не апошнi. I ўсе цудоўна сябе адчуваюць ужо больш за дзесяць гадоў! Што вы на гэта скажаце?
- Але калi гэта сапраўды адкрыццё, - я расхваляваўся, - то мы пра яго даўно б ведалi! Аднак нават у медыцынскiм асяродку...
- Пачакайце! Я нездарма гаварыў пра сцiпласць, як пра злачынства. Слухайце, што было далей. Пакуль я папраўляўся, можна сказаць, пасябраваў з Томатам Iванавiчам. Што я на яго як на бога глядзеў, гэта само па сабе, але ведаеце, акрамя фiзiчнага, так бы сказаць, падабенства ёсць i духоўнае. Мабыць, тут людзi таксама падзяляюцца на групы, напэўна, падзяляюцца. Томат Iванавiч... Цудоўны чалавек. Сказаць, што ён быў разумны, таленавiты, нават генiяльны, значыць нiчога не сказаць. Хто такi разумны чалавек, у якiм сэнсе разумны? Iншы генiй у простых жыццёвых справах такi, выбачайце, дурань, што любы хiтрун яго вакол пальца абвядзе; хто не верыць, хай бiяграфii вялiкiх больш пачытае. Не, Томат Iванавiч прасцяком не быў. Але сэрца ў яго было неабароненае, цi што. Нiбыта само ўвасабленне спакою, а крыху прыгледзiшся... Так, мы, яго пацыенты, гэтую ранiмасць Томата Iванавiча нутром адчувалi, i нават подлыя па сваёй натуры i тыя iмкнулiся яго не крыўдзiць, утойвалi ад яго свае дробязi. Розум i душэўнасць, яны, ведаеце, свецяцца, да iх нават нядобры чалавек цягнецца, яму адагрэцца хочацца. Дабаўце да гэтага сцiпласць. Ранiмасць стала бядою самога Томата Iванавiча, сцiпласць - для навукi, для медыцыны, для ўсiх, каго мог бы выратаваць яго метад...
- Ды ў чым жа метад? - не вытрымаў я. - I пры чым тут сцiпласць?
- А што ж, па-вашаму, адкрыццё можна аддзялiць ад асобы вучонага? Цi так? Пра адкрыццё i метад мне, як i iншым, вядома няшмат. Пэўна, Томат Iванавiч адрознiваў роднасць арганiзмаў па паху...
- Па паху? - Я нават ахнуў. - Прабачце, але гэта не зусiм праўдападобна. Нос - нiякi не iнструмент, а сучасныя дэтэктары i аналiзатары пахаў, за рэдкiм выключэннем, такая недасканалая нiкчэмнасць... Увогуле гэта адна з самых цьмяных галiн навукi. I распазнаванне iмуннай роднасцi па паху... Не, гэта фантастыка.
- I-i, малады чалавек! - падаў голас дзядок, якi ўвесь час маўчаў. - Я, наадварот, скажу, што фантастыка цяпер i ёсць рэальнасць. Для вас, не буду гаварыць ужо пра банальны тэлевiзар, нават касмiчныя палёты звычайныя. А я вось у вашых гадах, не кажучы ўжо пра палёты на iншыя планеты, пра кiшэнныя радыёпрыёмнiкi толькi ў фантастычных раманах чытаў. Вось як! Новае, сапраўды новае, яно i павiнна выглядаць неверагодным. Гэтаму i практыка гiсторыi вучыць, i Пятру Мiкалаевiчу я чым далей, тым больш веру, хоць да гэтай пары нiяк не ўцямлю, пры чым тут сцiпласць i чаму ён яе лiчыць злачынствам?
Я не знайшоў, чым бы мог запярэчыць. Водпаведзь дзядка мяне ўразiла. Самы малады з усiх, я стаў у iх вачах кансерватарам! Праўда... Гэта ж трэба! Спецыялiст называецца... Можа, якраз у гэтым i прычына? У тым, што я - малады спецыялiст, яшчэ назапашанага толкам не засвоiў i трымаюся за яго, як за плот, каб незнарок не паслiзнуцца?
- Не, - прамармытаў я. - Дапусцiць усё можна. Толькi... Няма iнструмента, якi ж гэта метад?
- А ў мяне ёсць адна здагадка! - падсунуўся да мяне Пётр Мiкалаевiч так, што пад грузам яго мажнога цела ў купэ штосьцi зарыпела. - У Томата Iванавiча была сiбiрская лайка, разумнiца такая, без перабольшання, сапраўдны яго сябар. Басыргасам звалi. Мiж iншым, калi Томат Iванавiч выводзiў сабаку гуляць, вiдавочна, наперакор нават iнструкцыям, браў яго з сабою ў палаты i кожны раз чамусьцi завязваў яму нос марляю з ватаю. Мы дык жартавалi: "Басыргас iдзе, дзверы зачынянце, а то нос прастудзiць!" Цi не дзiўна - так берагчы нюх сабакi i ў дадатак парушаць правiлы, якiх, трэба сказаць, ва ўсiм астатнiм Томат Iванавiч прытрымлiваўся цвёрда? Аднойчы я спытаўся ў яго пра гэта адкрыта. I ведаеце, што ён адказаў? "Белку i Стрэлку, якiх людзi раней за ўсiх у космас пасылалi, памятаеце? Заслуга Басыргасава большая"...
- Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што сабака...
- Вось, вось! Я спецыяльна пачытаў сёе-тое з лiтаратуры. Насавыя клеткi ў чалавека могуць адрознiваць пяць тысяч пахаў, а ў нямецкай аўчаркi - дзвесце дваццаць пяць тысяч! Рознiца... Па паху слядоў сабакi ловяць злачынцаў, вынюхваюць наркотыкi; нават радовiшчы адшукваюць. Цi цяжка навучыць сабаку адрознiваць спектр пахаў, якi характэрны людзям фiзiялагiчна аднатыпным? Тады зразумела, чаму Томат Iванавiч так старанна аберагаў Басыргасаў нос, чаму яго вадзiў у палаты, чаму не карыстаўся нiякай асаблiваю апаратурай. Ды яшчэ адно становiцца зразумелым. Томат Iванавiч...
Голас Пятра Мiкалаевiча асекся. Нарэшце ёндаў сабе рады i загаварыў абрывiста, але спакойна.
- Томат Iванавiч загiнуў так. Распараджэнне ў раёне выйшла - лiквiдаваць усiх бадзяжных сабак. Можа, i патрэбная пастанова, шмат iх развялося, былi выпадкi шаленства. Але бадзяжных сабак палавiць няпроста. А план, некаму ж справаздачы трэба. I адзiн з такiх тыпаў, каму даручылi адлоў, застрэлiў Басыргаса, хоць сабака быў з ашыйнiкам, дый Томат Iванавiч стаяў паблiзу, ён гэтаму тыпу яшчэ i крычаў... Застрэлiлi. На вачах у Томата Iванавiча. Iнфаркт. Не выратавалi. Пачакайце... Трагедыя яшчэ ў тым, што Томат Iванавiч нi слова пра свае дасягненнi не надрукаваў. Вось яна, сцiпласць! Iншы на капейку зробiць, а трубiць на ўвесь свет. Ён жа... А, што казаць! "Рана, не пара яшчэ, паспеецца..." Паспелася. Засталiся ўдалыя аперацыi, запiсы чарнавыя, ды што з таго? Аперацыi ў сусветнай практыцы не новыя, сам падыход больш чым сумнiцельны, трэба яшчэ паглядзець, як што атрымаецца... Запiсы i зусiм... Аддаленымi вынiкамi аперацый, зразумела, нiхто не пацiкавiўся; той доктар, што мяне лячыў, таксама ў хуткiм часе памёр, начальства ў бальнiцы змянiлася, так усё i канула. Дзiва што, глуш, перыферыя, хiрург без ступенi, занятак яго знахарствам аддае... З такой настырнасцi нам бы сцены будаваць, трывалейшых не было б! Вось у што сцiпласць ператварылася.
Боль, якi адчуваўся ў словах Пятра Мiкалаевiча, перадаваўся нам. Гаварыць пасля яго было цяжка, нядобра, але я ўсё ж пачаў:
- Выбачайце за мой скепсiс, Пётр Мiкалаевiч, вы прымусiлi мяне паверыць... Толькi ў адным, здаецца, вы не маеце рацыi. Дарэмна вы Томата Iванавiча вiнавацiце. Не ў сцiпласцi справа, працу ён пашкодзiць баяўся.
- Чым жа гэта? Пабудаваў я дом - я яго i здаць павiнен! Зрабiў чалавек адкрыццё - не будзь сцiплы - абнародуй, абвясцi свет. У тым вось i справа!
- Што вы! Самi ж казалi, што за вылечанымi трэба прасачыць...
- Не бачу рознiцы. Дом таксама нельга пакiдаць без дагляду, i з iм можа што-небудзь здарыцца. Гэта абавязкаў "здаць - прыняць" не адмяняе, гэта ўжо другая фаза, а тут i першай не было. Не было!
- Але дом жа адпаведна праекту будуецца! А адкрыццё - заўсёды навiнка, часта яно штосьцi i адмаўляе...
- Ага! Вось i я пра тое самае. Быццам найлепшы спосаб з iм змагацца - гэта маўчаць. Няхай сабе з-за сцiпласцi.
- Ды не мог жа Томат Iванавiч раней часу гаварыць, не мог! I гэта лепш за ўсе вашыя клятвы пераконвае, што ён быў сапраўдны вучоны. Бо тут што? Вялiкi недавер ён тады выклiкаў бы, метад жа вельмi... нестандартны. Маглi б пад гарачую руку аперацыi i прыкрыць, вось што ён нарабiў бы дачасным сваiм паведамленнем. А людзей ратаваць трэба... Каб гаварыць, Томату Iванавiчу неабходна была вялiкая статыстыка. I не проста паспяховых аперацый. Патрэбна было iх вынiкi прасачыць на працягу пэўнага часу. Вось тады i супраць метаду было б цяжка пярэчыць. Так, шкада... Цi захавалiся хоць запiсы Томата Iванавiча?
- На жаль, нiчога не ведаю. Неўзабаве накiравалi мяне далёка на будоўлю. А што... Вы каго-небудзь ведаеце, хто зможа, хто паверыць?..
- Не ведаю... Але калi паспрабаваць, калi даць запiсы майму ленiнградскаму выкладчыку, прафесару Кержанцаву, то можа быць...
- Толькi не ленiнградскаму, не маскоўскаму цi там харкаўскаму! - раптам падаў голас чацвёрты папутнiк, якi дагэтуль маўчаў i якога за самапаглыблены выгляд мы празвалi мiж сабою "фiлосафам". - Дзiва будзе, калi вучоны з гараджан паверыць у метад Томата Iванавiча, таму што вы, баюся, выпусцiлi з-пад увагi адну вельмi важную акалiчнасць.
"Фiлосаф" высунуўся наперад, i якраз за акном прамiлынулi агнi i высвецiлi яго худы з запалымi вачыма твар.
- Акалiчнасць вось якая, - вымавiў ён, нiбыта друкуючы кожнае слова. Iснуе пашыраная думка, што творцы ў навуцы ўзаемазамяняльныя. У тым сэнсе ўзаемазамяняльныя, што калi i не было б, скажам, Энштэйна, то тэорыю адноснасцi ўсё роўна б стварылi, можа, крыху раней цi пазней, таму што навуковая iсцiна аб'ектыўная. Памылка. Не буду прыводзiць прыклад з тэлескопам, якi мог быць вынайдзены яшчэ за тры стагоддзi да назiранняў Галiлея, не буду тлумачыць i таго, што славутыя доследы самога Галiлея з падзеннем цел цалкам маглi ажыццявiць старажытныя грэкi. Усё гэта дэталi. Галоўнае добра выказаў адзiн навуковец: "Магчымасць назiраць залежыць ад таго, якой тэорыяй вы карыстаецеся". Пункт погляду даследчыка залежыць, па-першае, ад часу, у якiм жыве (грэкi праз шэраг сацыяльна-эканамiчных прычын цуралiся доследаў, таму заканамерна, што давялося чакаць Галiлея). Па-другое, гэты пункт погляду залежыць ад асобы самога даследчыка. Усё? Толькi што расказаная гiсторыя пацвярджае, што не, не ўсё. Ваш Томат Iванавiч зрабiў адкрыццё не толькi дзякуючы свайму таленту, але яшчэ i таму, што ён быў якутам.
- Як? - сумеўся я. - Якое гэта мае значэнне?
- Не здагадваецеся? Зрэшты, гэта мог зрабiць неабавязкова якут, з такiм поспехам гэта мог ажыццявiць таленавiты мансi, ненец, чукча. Пётра Мiкалаевiч, што для вас ёсць сабака?
- Як што? Ну жывёлiна, сябар чалавека...
- Вось так цi прыкладна так адказаў бы любы жыхар горада, любы нашчадак спрадвечных земляробаў. Ну а вы, шаноўны, - ён загаварыў да мяне, - што вам, нашчадку многiх пакаленняў паляўнiчых, той самы сабака? Увогуле ўсё жывое? Не вам асабiста, а якуту, таму ж Томату Iванавiчу, чалавеку пажылому, якi, пэўна, цудоўна памятаў iншае, негарадское жыццё? Ну?
- Ага, вось вы пра што... - сказаць, што я здзiвiўся, азначала нiчога не сказаць. - Паслухайце... няўжо?..
- Я нiчога не сцвярджаю дакладна, я толькi прапаную гiпотэзу. Лепшай вопраткi, чым прыдумалi эскiмосы, у палярнiкаў не было i няма. Пры ўсiм размаху навукова-тэхнiчнай рэвалюцыi. Байдарка... Пералiчваць можна доўга. Што, своеасаблiвасць народнага таленту - справа толькi мiнулага? Не, таварышы, i будучынi таксама. Адзiнства i адначасова нацыянальная асаблiвасць савецкай культуры. Як часта мы вымаўляем гэтыя словы, не задумваючыся над глыбiнёй iх сэнсу, або зводзiм усё да своеасаблiвасцi архiтэктуры, рамяства, песень, танцаў i да таго падобнага. Не, усё куды больш складана. Цяпер раскажыце, што такое вам, якуту, прырода, што вам жывёла i ўсё iншае.
- Ну... - я сумеўся. А, было не было! - Наогул, так. Прыроду, жывёл i птушак мы ачалавечвалi, гэта нашае зусiм нядаўняе мiнулае... Што вы хочаце, прырода - гэта наш дом, дзе праходзiла i цяпер праходзiць большая частка жыцця! Цi любiм мы яе? Не тое слова... Яна i мы - гэта ўсё адно... Па нашых нядаўнiх уяўленнях, жывёлы радуюцца, гаруюць, думаюць, як чалавек, у iх свае клопаты i пацехi, ёсць i пачуццё справядлiвасцi. Яны могуць размаўляць з чалавекам, разумець яго настолькi, што, гаворачы, напрыклад, пра мядзведзя, на яго нельга сварыцца - можа пачуць i адпомсцiць. Нельга без дай прычыны прычыняць боль жывёлам i птушкам. Дрэвы плачуць, калi ў лес уваходзiць няўмека з сякерай... Наадварот, яны радуюцца, калi бачаць майстра. I гэтак далей. Вядома, цяпер шмат што здаецца наiўным...
- А шмат што ой як не пашкодзiла б пераняць усiм у цяперашняй нашай экалагiчнай сiтуацыi... - уздыхнуў дзядок. - Так, цяпер i гiсторыя Томата Iванавiча паўстае зусiм iначай.
Я з захапленнем глядзеў на "фiлосафа", хоць амаль нiчога не мог адрознiць у цемры. Гэта ж трэба - скемiў тое, што павiнен, абавязаны быў уцямiць я!
- Што ж, - прамовiў той. - Мая гiпотэза, як бачыце, не зусiм абсурдная. Гэта каму-небудзь сабака - "iнструмент", а ў Томата Iванавiча Басыргас быў ледзь не сааўтарам. Менавiта такi чалавек павiнен быў апярэдзiць свой час, пайсцi на супрацоўнiцтва з жывёлай, адважыцца на такi "ненавуковы" падыход, якi, я ўпэўнены, калi-небудзь, калi мы зблiзiмся з прыродаю (iнакш нам не жыць), стане звычайным. Так, Томат Iванавiч трохi iначай глядзеў на свет, чым усе мы. Гэтым ён абавязаны сваiм продкам, сваёй культуры, якая ў iм знiтавалася з сучаснай, увабраўшы ўсё лепшае з абедзвюх. Перад iм не стаялi тыя псiхалагiчныя бар'еры, якiя ў гэтай праблеме былi б амаль непазбежныя i цяжкавыканальныя. Але канчатковы вынiк, на жаль, сумны. Нехта, вядома, паўторыць адкрыццё Томата Iванавiча, але здзейснiць гэта з большым спазненнем, таму што навука рухаецца iнструментальным, у дадзеным выпадку доўгiм шляхам. Тысячы i тысячы памруць заўчасна, калi толькi...
- Што? - выдыхнуў Пётр Мiкалаевiч, якi разам з намi заварожана сачыў за нязвыклым ходам думкi "фiлосафа".
- Справа паскорыцца, - апусцiў руку на маё плячо, - калi па слядах Томата Iванавiча пойдзе ён. Цi хто-небудзь накшталт яго. Знайдзiце, Кэскiл, свайго Басыргаса, вярнiце нам страчанае, хворыя не павiнны чакаць.
Я здрыгануўся ад нечаканасцi. Але тут жа паабяцаў здзейснiць усё. Цi мог я зрабiць iначай? З таго часу на мне ляжыць гэтая адказнасць. Цi падзелiць яе хто-небудзь са мною?