Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Линдгрен Астрид / Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 6)
- Беражы сябе, Мацiяс, - махнуў ён рукой. - Да сустрэчы! I памчаў рыссю з парай коней. - А што ж будзе са мной? Што мне рабiць? - закрычаў я. Джанатан памахаў мне. - Мацiяс растлумачыць табе ўсё, - ужо здаля гукнуў ён. Я стаяў, глядзеў яму ўслед i адчуваў сябе вельмi самотна. Мацiяс пачаў мяне супакойваць: - Сухарык, зразумей, ты ж не можаш прайсцi праз браму. Табе трэба будзе прабiрацца падземным ходам, гэта калi ўжо сцямнее. Джанатан будзе чакаць цябе з таго боку сцяны. - Гэта праўда? - не паверыў я. - З iм жа можа што-небудзь здарыцца ў апошнюю хвiлiну. - Нi ў чым нельга быць упэўненым у краiне, дзе правiць Тэнджыл, - Мацiяс уздыхнуў. - Але калi што-небудзь, здарыцца, то вернешся, тады застанешся ў мяне. Я ўявiў сабе, як усё гэта будзе выглядаць. Спачатку паўзцi па доўгiм падземным ходзе аднаму, само па сабе гэта было жахлiва, потым выйсцi ў лесе па другi бок сцяны i чакаць, чакаць, i нарэшце зразумець, што здарылася штосьцi страшнае. А потым паўзцi назад i жыць без Джанатана! Мы стаялi ля пустой цяпер стайнi, i раптам мне прыйшла ў галаву непрыемная думка. - А што будзе з табой, Мацiяс, калi прыйдзе гэты чалавек з Карманьякi? У стайнi ж няма коней! - Там будзе конь, - адказаў Мацiяс. - Я якраз iду за сваiм. Пакуль Грым быў у стайнi, я хаваў яго ў суседзяў. - Дык забяруць твайго каня! - усклiкнуў я. - Няхай паспрабуюць, - адказаў Мацiяс. Мацiяс прывёў свайго каня вельмi своечасова, бо неўзабаве з'явiўся той, каго паслалi забраць Ф'ялара. Ён пачаў крычаць, абурацца, лаяцца, бо ў стайнi быў толькi адзiн конь i Мацiяс не аддаваў яго. - Гэты нумар у вас не пройдзе, - гаварыў Мацiяс. - Кожны можа мець каня, i вы гэта ведаеце. Аднаго вы ўжо забралi ў мяне i дошчачку з нумарам майго дома забралi. Я невiнаваты, што ў вас там такая катавасiя i адзiн дурань не ведае, што робiць другi. Некаторыя Тэнджылавы салдаты вельмi злавалiся, калi Мацiяс так з iмi размаўляў, iншыя зрабiлiся памяркоўнымi i пачцiвымi. Салдат, якi прыйшоў за Ф'яларам, здаўся адразу. - Пэўна, тут нейкая памылка, - развёў ён рукамi i, сагнуўшыся, як сабака з падцiснутым хвастом, пайшоў са двара, а за iм астатнiя. - Мацiяс, хiба ты нiкога не баiшся? - запытаўся я, калi салдаты пайшлi. - Чаму не баюся! - адказаў Мацiяс. - Паслухай, як грукае сэрца. - Ён узяў маю руку i прыклаў да сваiх грудзей. - Мы ўсе iх баiмся, але iншы раз гэта не трэба паказваць. Потым надышоў вечар, а з iм i цемра. Настаў час пакiдаць Далiну Дзiкай Ружы. - Ну што ж, бывай, малы, - сказаў на развiтанне Мацiяс. - Не забывай свайго дзядулю. - Бывай, дзядуля! Я нiколi, нiколi не забуду цябе. I вось я апынуўся адзiн у падзямеллi, доўга поўз па цёмным i цесным тунэлi, размаўляючы сам з сабой, каб не вельмi баяцца. "Нiчога страшнага няма, толькi што цёмна... Нiчога страшнага... Не бойся, задыхнуцца тут нельга. Ну i што з таго, што зямля сыплецца за каўнер, гэта зусiм не азначае, што ўсё абвалiцца, дурненькi! Не, не, Додзiк не заўважыць цябе, калi ты выпаўзеш, ён жа не кот, каб бачыць у цемры. Канечне ж, Джанатан чакае цябе, ён там, ты чуеш, што табе кажу? Ён там, ён чакае!" I ён сапраўды чакаў. Ён сядзеў на каменi, нябачны ў цемры, а воддаль пад дрэвам стаялi Грым i Ф'ялар. - Ну, Карл Львiнае Сэрца, нарэшце ты тут, - цiха ўсклiкнуў ён. 12 Мы спалi ў тую ноч пад елкай i прачнулiся на дасвеццi. Было вельмi холадна, ва ўсякiм разе я проста акалеў. У густым тумане Грым i Ф'ялар ледзьве праглядвалiся, яны здавалiся ў шэрай дымцы прывiдамi. У лесе стаяла глухая, злавесная цiшыня. Не магу зразумець, чаму ў тую ранiцу ўсё здавалася такiм змрочным, пустэльным i трывожным. Адзiнае, чаго мне хацелася, дык гэта вярнуцца ў цёплую Мацiясаву кухню, бо палохала невядомасць, што чакала нас наперадзе. Я стараўся не паказваць Джанатану сваiх страхаў, каб ён раптам не адправiў мяне назад, а мне так хацелася быць з iм побач, нават калi пагражала небяспека. Джанатан паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся. - Не апускай носа, - кажа. - Нiчога страшнага няма, павер майму слову, самае страшнае наперадзе. Нiшто сабе, супакоiў! Але тут паднялося сонца, туман рассеяўся, у лесе заспявалi птушкi. Усё змрочнае i загадкавае таксама развеялася, маiх страхаў як i не было. Я сагрэўся, i ўсё ў нашым становiшчы здавалася мне не такiм ужо i дрэнным. Грыму i Ф'ялару было таксама добра. Яны, пакiнуўшы цёмную стайню, з задавальненнем скублi зялёную траву. Думаю, што iм гэта падабалася. Джанатан пасвiстаў iм, пасвiстаў цiхутка, але яны пачулi i прыйшлi. Джанатан вырашыў ехаць неадкладна, хутчэй адсюль як мага далей! - Сцяна адразу за гэтымi зараснiкамi, - растлумачыў ён. - А нам зусiм няма патрэбы трапiць на злыя вочы Додзiка. Наш падземны ход выходзiў каля двух кустоў арэшнiку, Джанатан яшчэ замаскiраваў уваход галiнкамi, тым самым адзначыўшы, каб лягчэй было знайсцi яго. - Запомнi, як усё гэта выглядае, - навучаў ён мяне. - Запомнi гэты вялiзны камень i елку, пад якой мы спалi, i зараснiк арэшнiку, бо, магчыма, давядзецца зноў прыехаць сюды, калi... Больш ён нiчога не сказаў, мы асядлалi коней i паехалi. Раптам над вершалiнамi дрэў мы ўбачылi галубка, аднаго з галубкоў Сафii, якi iмклiва наблiжаўся. - Глядзi, гэта - Палома, - сказаў Джанатан, сочачы за яе палётам. Я здзiвiўся - як ён мог пазнаць на такой адлегласцi? Мы так доўга чакалi навiн ад Сафii, нарэшце прыляцеў яе галубок, а мы былi па гэты бок сцяны. Галубок паляцеў да дома Мацiяса, зараз ён апусцiцца ў галубятнi на стайнi, i толькi Мацiяс прачытае Сафiiну вестку. Гэта азмрочыла Джанатана. - Ах, калi б галубок прыляцеў учора, - сказаў ён, - я даведаўся б пра тое, што мне так неабходна. Але нам трэба было ехаць, хутчэй аддалiцца ад гэтай сцяны, i ад Далiны Дзiкай Ружы, i ад салдат Тэнджыла, якiя шукаюць Джанатана. Мы павiнны былi спусцiцца да ракi акружным шляхам праз лес, а потым берагам - да вадаспада Карма. - I там, малы, ты ўбачыш такi вадаспад, якога ты нiколi ў жыццi не бачыў. Я наогул мала што бачыў у жыццi, пакуль не трапiў у Наджыялу, i, вядома, не бачыў i такога лесу, якiм мы зараз ехалi. Гэта быў сапраўдны казачны лес, густы i цёмны, без адзiнай пратаптанай сцяжынкi. Мы ехалi наўпрост па лесе мiж дрэў, i iх вiльготныя галiны хвасталi нам па тварах. Але мне гэта нават падабалася. Мне падабалася ўсё: i сонечныя промнi, якiя прабiвалiся праз шаты дрэў, i спеў птушак, i лясныя пахi. А больш за ўсё мне падабалася ехаць побач з Джанатанам. Паветра было свежае i халаднаватае, але паступова пацяплела. Адчувалася, што дзень будзе спякотны. Неўзабаве Далiна Дзiкай Ружы засталася ззаду, а мы былi ў лясных нетрах. На паляне, акружанай высокiмi дрэвамi, мы ўбачылi маленькi шэры дамок - проста сярод густога лесу. Як можна жыць у такiм закiнутым месцы! Але тут хтосьцi жыў, бо з комiна iшоў дым, а каля агароджы пасвiлiся дзве казы. - Тут жыве Эльфрыда, - паведамiў Джанатан. - Калi добра папрасiць, яна дасць нам малака падмацавацца. Малака нам далi ўдосталь, а мы ж так доўга ехалi i нiчога не елi. Мы сядзелi ў Эльфрыды на прыступках ганка, пiлi смачнае малако i елi хлеб, якi быў у нас з сабой, елi сыр з казiнага малака, якiм пачаставала добрая Эльфрыда. Эльфрыда - маленькая, тоўсценькая бабулька - жыла тут зусiм адна. Яна жыла тым, што трымала коз. Быў у яе i шэры кот для кампанii. - Дзякуй богу, што не жыву я за сцяной, - казала бабуля. Яна многiх ведала ў Далiне Дзiкай Ружы i ўсё распытвала, цi жывыя яны, яе знаёмыя, i Джанатан расказваў ёй навiны. Яму цяжка было гаварыць, таму што навiны былi невясёлыя i вельмi засмучалi бабульку. - Ох, цяжка жывецца людзям у Далiне Дзiкай Ружы, - уздыхнула Эльфрыда. Няхай будзе пракляты Тэнджыл, няхай будзе праклята Катла!.. Усё б было добра, калi б у яго не было Катлы. Яна закрыла твар фартухом, i мне здалося, што яна плача. Я не мог глядзець на ўсё гэта i пайшоў пашукаць сунiцы. Хто такая Катла? Дзе жыве Катла? Калi мне раскажуць пра гэта? Гарачынёй мы нарэшце дабралiся да ракi. Сонца, як вогненны шар, ззяла на небе, а вада пералiвалася, як тысяча маленькiх сонцаў. Мы стаялi на высокiм стромым беразе, а ўнiзе пад намi вiравала рака. Якое гэта было вiдовiшча! Рака iмчалася да вадаспада Карма так, што ажно пенiлася ў вадаваротах. З усёй сiлай яна iмкнулася да вадаспада, i мы ўжо на адлегласцi чулi яго раскаты. Нам хацелася спусцiцца ўнiз, каб адчуць прахалоду. Грым i Ф'ялар напiлiся ў лесе з ручая, а нам хацелася пакупацца, i мы пабеглi ўнiз з крутога схiлу, па дарозе сцягваючы з сябе адзенне. На беразе ракi густа рос лазняк, над вадою раскiнула свае галiны тоўстая вярба. Мы ўзлезлi на дрэва, i Джанатан паказаў мне, як, трымаючыся за галiны, апусцiцца ў ваду. - Ды глядзi ж, трымайся, не адпускай галiну, - папярэдзiў ён. - А то хутка апынешся ў вадаспадзе Карма! I я моцна трымаўся, ажно пальцы пабялелi. I доўга цялёпкаўся на сваёй галiне, а iмклiвая плынь абмывала мяне. Нiколi раней у мяне не было такога небяспечнага, але ж i такога цiкавага купання. Потым з дапамогай Джанатана я вылез на ствол, i мы з iм сядзелi на вярбе, нiбы ў зялёным будане, якi гайдаўся над вадой. Пад намi iмчалася i пенiлася вада, вабячы нас зноў. Збоку рака не здавалася асаблiва небяспечнай, але дастаткова было апусцiць у яе палец, адзiн толькi палец, каб адчуць сiлу яе iмклiвай плынi. Мы сядзелi на дрэве, i я паглядзеў угору на схiл. I чаго зусiм не чакаў я ўбачыў коннiкаў з коп'ямi! Гэта былi салдаты Тэнджыла... Яны скакалi на конях, але мы нiчога не чулi з-за шуму вады. Джанатан убачыў iх таксама, але я не заўважыў, каб ён спалохаўся. Мы цiха сядзелi, чакаючы, што яны праедуць мiма. Але яны не праехалi мiма. Яны спынiлiся i саскочылi з коней, як быццам хацелi адпачыць. - Джанатан, цi не цябе яны шукаюць? - у трывозе запытаўся я. - Не, - адказаў ён. - З Карманьякi яны едуць у Далiну Дзiкай Ружы. Ля вадаспада Карма ёсць падвесны мост, i Тэнджыл пасылае сваiх салдат па гэтай дарозе. - Але чаго iм спыняцца якраз тут? - Не ведаю...Не хацелася б, каб яны бачылi нас, - адказаў Джанатан. Я налiчыў шэсць чалавек. Яны аб нечым размаўлялi, нiбы спрачалiся, паказваючы на ваду, але разабраць што-небудзь было немагчыма. Раптам адзiн з iх накiраваў свайго каня ўнiз па схiле да ракi. Ён ехаў проста да нас, i добра, што мы так удала схавалiся на дрэве. Астатнiя ўслед яму крычалi: - Не рабi гэтага, Парк! Ты ўтопiшся разам з канём. Але той, каго яны называлi Паркам, толькi смяяўся: - Я дакажу! Калi я не праплыву да той скалы i назад, слова гонару, я стаўлю вам пiва!.. Цяпер было ясна, што ён збiраўся рабiць. Непадалёк з вады выступаў камень. Вада шалёна кружыла вакол яго, i толькi невялiкая яго частка была бачна на паверхнi. Парк павiнен быў заўважыць яго, калi пад'язджаў да берага, але цяпер ён, мабыць, толькi думаў пра заклад. - Дурань! - сказаў Джанатан. - Няўжо ён думае, што конь паплыве супраць цячэння ў гэтым месцы. Парк ужо скiнуў шлем, плашч, чаравiкi i, застаўшыся толькi ў кашулi i штанах, усё спрабаваў прымусiць каня зайсцi ў раку. Гэта быў невялiкi вараны сiмпатычны конь. Парк крычаў, лаяўся, паганяў яго, але той упiраўся i не хацеў iсцi ў ваду. Ён баяўся. Парк ударыў каня. Бiзуна ў яго не было, таму ён ударыў яго кулаком па галаве. Я пачуў, як Джанатан з сiлай увабраў у сябе паветра, гэтак жа, як ён рабiў на плошчы. Нарэшце Парк дамогся свайго: напалоханы конь увайшоў у раку толькi таму, што гэты вар'ят прымусiў яго. Жахлiва было глядзець, як ён кiдаўся, калi паток падхоплiваў яго. - Ён будзе рухацца проста на нас, - заўважыў Джанатан. - Парк можа рабiць што хоча, але ён нiзавошта не прымусiць каня падысцi да гэтага каменя. Але ён спрабаваў, ён проста высiльваўся. О, як ён дрыжаў i як напружваўся, адчуваючы сiлу i моц ракi! Нарэшце Парк таксама адчуў, што яго жыццё ў небяспецы, i паспрабаваў накiраваць каня да берага, але хутка зразумеў, што гэта яму не ўдаецца. Вада прагла свайго, яна хацела аднаго - скiнуць яго ў вадаспад Карма, яна падрыхтавала яму лёс, якi ён цалкам заслужыў. Мне было шкада каня, ён быў невiнаваты i зусiм бездапаможны. Цяпер iх гнала плынь акурат на нас, як i прадбачыў Джанатан. Хутка яны пранясуцца мiма нас i знiкнуць. У вачах Парка застыў жах - ён ужо ведаў, што яго чакала. Я павярнуў галаву да Джанатана, i ад нечаканасцi ў мяне вырваўся крык. Ён звесiўся з галiны да самай вады, вiсеў дагары нагамi, ашчаперыўшы галiну, i як толькi Парк падплыў, Джанатан схапiў яго за валасы i падцягнуў так, што той здолеў схапiцца за галiну. Потым Джанатан паклiкаў каня: - Iдзi сюды, маленькi. Iдзi сюды... Каня ўжо праносiла мiма, ён рабiў адчайныя намаганнi павярнуць на голас. На канi ўжо не было гэтага грузу, Парка, але ўсё роўна ён ужо амаль тапiўся. Джанатану нейкiм чынам удалося схапiць яго за павады, i ён пачаў цягнуць за iх. Гэта перайшло ў перацягванне памiж жыццём i смерцю, бо рака не жадала саступаць, ёй патрэбны былi абодва: i конь, i Джанатан. Я, ледзь не вар'яцеючы, закрычаў Парку: - Дапамажы iм, стары асёл, дапамажы iм! Ён ужо ўзлез на дрэва i сядзеў там у бяспецы, жывы i цэлы, зусiм побач з Джанатанам, але адзiнае, чым гэты дурань дапамог Джанатану, дык гэта тым, што нахiлiўся i залямантаваў: - Адпусцi каня, там у лесе яшчэ два, я магу ўзяць аднаго з iх замест гэтага. Адпусцi яго! Чалавек становiцца дужэйшым, калi злуецца, я неяк чуў пра гэта. Можа, тым самым Парк дапамог Джанатану выратаваць каня. Потым, калi ўсё скончылася добра, Джанатан сказаў Парку: - Дурань, няўжо ты думаеш, што я выратаваў цябе, каб ты потым украў майго каня? I табе не сорамна? Вiдаць, Парку стала ўсё-такi сорамна, але ён нiчога не сказаў i нават не спытаў, хто мы такiя. Ён проста падняўся наверх па схiле са сваiм канём i неўзабаве знiк разам з астатнiмi салдатамi. У той вечар мы распалiлi вогнiшча над вадаспадам Карма, i я ўпэўнены, што нiводнае вогнiшча ў свеце не гарэла так, як наша. Гэта было страшнае i разам з тым прыгожае месца, як нiдзе нi на зямлi, нi ў сусвеце. I горы, i рака, i вадаспад - усё было такое велiчнае, што здавалася, нiбыта адбываецца ў сне. Мы стаялi на тым самым мосце, якi пабудавалi па загадзе Тэнджыла над глыбокай цяснiнай, што раздзяляе дзве краiны: Карманьяку i Наджыялу, размешчаныя па абодва бакi Старажытнай Ракi. Рака, глыбокая пад мостам, несла сябе далей да вадаспада i з гулкiм ровам кiдалася з яго. - Як можна было пабудаваць мост над такой страшнай цяснiнай? - запытаў я ў Джанатана. - Мне таксама хацелася б даведацца пра гэта, - адказаў ён. - Колькi жыццяў загiнула, пакуль ён будаваўся? Колькi людзей зрывалася ўнiз i знiкала з крыкам у вадаспадзе Карма? Як бы мне хацелася ведаць пра ўсё гэта. Мяне скаланула, нiбы пачуў я развiтальны крык людзей, якi ўсё яшчэ аддаецца рэхам у гарах. Цяпер мы знаходзiлiся вельмi блiзка ад замка Тэнджыла. Па другi бок моста бачылася дарога, якая вядзе ў горы, у Старажытныя Горы Карманьякi. - Калi iсцi па гэтай дарозе, то прыйдзеш да сцен замка Тэнджыла, - сказаў Джанатан. Мы распалiлi вогнiшча на выступе скалы, высока над вадаспадам. Я сеў да вадаспада спiной, каб не бачыць мост, якi вядзе да замка Тэнджыла. Я бачыў толькi вогнiшча, якое мiгцела на фоне гор, i добры, прыгожы твар Джанатана ў водблiсках агню, а таксама коней, якiя адпачывалi воддаль. - Гэта вогнiшча самае лепшае за ўсе, каля якiх даводзiлася сядзець, прызнаўся я. - Бо тут я побач з табой, Джанатан. Дзе б я нi быў, я адчуваў сябе ўпэўнена да таго часу, пакуль Джанатан быў са мной. I цяпер я быў шчаслiвы, таму што я сядзеў каля вогнiшча побач з iм, а гэта якраз тое, пра што мы так часта гаварылi, калi яшчэ жылi на зямлi. - Днi вогнiшчаў i легенд - памятаеш, як ты расказваў мне пра гэта? - Так, памятаю, - адказаў Джанатан. - Але тады я не ведаў, што тут, у Наджыяле, такiя жорсткiя легенды. - А цi гэта павiнна быць так? - запытаўся я. Нейкi час ён, гледзячы на агонь, сядзеў моўчкi, потым загаварыў: - Не, калi апошняя бiтва закончыцца, Наджыяла зноў, магчыма, будзе краiнай, дзе ўсе казкi стануць добрымi, а жыццё будзе лёгкiм, як раней. Успыхнула полымя, i ў яго водблiсках я ўбачыў, якi сумны i стомлены быў Джанатан. - Апошняя бiтва, Сухарык, будзе страшнай казкай пра смерць i толькi пра смерць. Таму Орвар павiнен узначалiць бiтву. Я не магу забiваць... "Я гэта ведаю", - падумалася мне, i я запытаўся ў яго: - Навошта ты выратаваў жыццё таму чалавеку, Парку? Цi ж гэта добра? - Я не ведаю, цi правiльна зрабiў, - адказаў Джанатан. - Але ёсць рэчы, якiя трэба рабiць не разважаючы, iнакш ты не чалавек, а дрэнь, - я казаў табе пра гэта раней. - А вось, скажам, яны здагадалiся б, хто ты, - працягваў я, - i схапiлi б цябе... - Ну што ж, яны схапiлi б Львiнае Сэрца, а не кавалак дрэнi, - адказаў Джанатан. Наша вогнiшча паступова затухала, i цемра апускалася на горы. Спачатку толькi мяккае сутонне ахiнула наваколле, а потым найшоў чорны змрок, якi засланiў сабою ўсё, i можна было чуць толькi гул вадаспада Карма. Я яшчэ блiжэй прытулiўся да Джанатана, мы сядзелi, прыпёршыся спiнамi да скалы, i ў цемры размаўлялi адзiн з адным. Я зусiм не баяўся, але мне было неяк не па сабе. Я павiнен быў заснуць, як сказаў мне Джанатан, але я ведаў, што не змагу. Я i размаўляць не мог з-за таго пачуцця неспакою, якое ў мяне з'явiлася не ад цемры, а па нейкай iншай прычыне, не ведаю чаму. I ўсё ж побач са мной быў Джанатан. Успыхнула маланка, i прагрымеў гром. Аглушальны грукат пранёсся па гарах, а потым абрынуўся на нас. Гэта была навальнiца, якую цяжка ўявiць: раскаты грому неслiся па гарах так аглушальна, што перакрывалi гул вадаспада Кармы, а ўспышкi маланак спяшалiся адна за адной. Маланка то асляпляла нас, то зноў наставала непраглядная цемра. Потым яшчэ раз успыхнула маланка, больш жахлiвая, чым усе папярэднiя, на iмгненне асвятлiўшы ўсё навокал. I ў гэтае iмгненне, у гэтым святле я ўбачыў Катлу. Я ўбачыў Катлу. 13 Так, я ўбачыў Катлу, але што адбылося потым, не памятаю. Я проста правалiўся ў нейкую цемру i не прачынаўся да таго часу, пакуль не прайшла навальнiца i пакуль свiтанак не ўзяўся над вершалiнамi гор. Галава мая ляжала на каленях у Джанатана, i як толькi я згадваў, што далёка, на тым беразе ракi, на строме над вадаспадам паявiлася Катла, мяне ахоплiваў жах. Я пачынаў ускрыкваць, калi згадваў пра гэта, i Джанатан спрабаваў супакоiць мяне: - Яе ўжо тут няма, яна пайшла. А я ўсё енчыў i енчыў: - Як жа такое стварэнне, як Катла, можа iснаваць? Гэта - страшыдла, праўда? - Так, гэта страшыдла, - адказваў Джанатан. - Гэта - драконiха, якая захавалася са старадаўнiх часоў, i яна такая ж жорсткая, як Тэнджыл. - Дзе ж ён яе ўзяў? - не сунiмаўся я. - Яна паявiлася з пячоры Катлы, так думаюць людзi, - адказаў Джанатан. Яна заснула калiсьцi ў старажытныя часы i праспала тысячы год, i нiхто не ведаў, што яна iснуе. Але аднойчы ранiцой яна прачнулася, i той страшнай ранiцой яна папаўзла да замка Тэнджыла, выпускаючы смертаносны агонь на кожнага, хто ёй трапляўся. I ўсе на яе шляху памiралi. - Чаму ж яна не забiла Тэнджыла? - запытаў я. - Тэнджыл схаваўся ў пакоях свайго замка. Калi яна наблiзiлася да яго, ён схапiў вялiзны рог, якiм склiкаюць салдат, i затрубiў у яго. - I што з таго? - здзiвiўся я. - Катла падпаўзла да яго, як сабака, i з таго часу яна падпарадкоўваецца Тэнджылу i толькi Тэнджылу, яна баiцца гуку гэтага рога. Калi ён дзьме ў яго, яна падпарадкоўваецца яму без пярэчання. Станавiлася ўсё святлей i святлей. Вяршынi гор у Карманьяцы паблiсквалi, як агонь Катлы, а мы якраз збiралiся ў Карманьяку! Як я баяўся, о, як страшэнна я баяўся! Хто ведае, дзе падпiльноўвае Катла? Дзе яна сядзiць, дзе яна жыве? Цi мо i жыве ў пячоры Катлы? А як Орвар трапiў туды? Я i запытаў у Джанатана пра гэта. Ён пачаў расказваць, што Катла не жыве ў пячоры Катлы пасля таго, як прачнулася. Яна нiколi не вярталася туды. Тэнджыл трымае яе на прывязi каля вадаспада Карма ў пячоры. Яна нiбы сядзiць на залатым ланцугу i будзе датуль там заставацца, пакуль Тэнджыл не возьме яе з сабой, каб навесцi жах на людзей, якiх ён катуе. - Аднаго разу мне давялося бачыць яе ў Далiне Дзiкай Ружы, - сказаў Джанатан. - I ты не спалохаўся? - Спалохаўся, - прызнаўся ён. Жах ахапiў мяне. - Я так баюся, Джанатан, Катла заб'е нас. Ён паспрабаваў зноў супакоiць мяне: - Але ж яна на ланцугу. Яна можа рухацца толькi на даўжыню ланцуга. Не далей, як да стромы, на якой ты яе бачыў. Яна амаль увесь час стаiць на гэтай строме i глядзiць на вадаспад Карма. - Навошта яна робiць гэта? - дзiўлюся я. - Не ведаю, - кажа Джанатан. - Магчыма, яна шукае Карму. - А хто такi Карм? - дапытваюся я. - О, гэта балбатня Эльфрыды, - кажа Джанатан. - Нiхто нiколi не бачыў Карма. Яго наогул няма. Але Эльфрыда сцвярджае, што калiсьцi, даўным-даўно, ён жыў у вадаспадзе Карма i што Катла ненавiдзела яго. I нiяк не можа пра гэта забыць. Таму яна i стаiць тут i ўглядаецца. - Але хто ж ён такi? Як ён мог жыць у вадаспадзе? - Гэта таксама страшыдла, - адказаў Джанатан. - Марскi змей, даўжынёй, як гэта рака ўшыркi. Але, магчыма, гэта адна са старадаўнiх легенд. - А можа, ён такая ж выдумка, як Катла? - прыйшла мне ў галаву нечаканая думка. Джанатан як не пачуў майго пытання i загаварыў пра iншае: - Ведаеш, што мне сказала Эльфрыда, калi ты збiраў у лесе сунiцы? Яна сказала, што калi яна была маленькай, то дзяцей часта палохалi Кармам i Катлай. Сагi пра дракона ў пячоры Катлы i пра марскога змея ў вадаспадзе Карма ў дзяцiнстве яна чула шмат разоў. Дык, можа, гэта сапраўды адна са старадаўнiх саг, якой людзi палохаюць дзяцей... - А цi не магло стацца так, што Катла жыве ў сваёй пячоры i адначасова iснуе як сага? - Так, гэта якраз тое, пра што гаварыла Эльфрыда, - згадзiўся Джанатан. З замiраннем сэрца я думаў, што ў Карманьяцы поўна страшыдлаў. Мне не хацелася туды iсцi, але трэба было. Мы падмацавалiся з торбы ядой, пакiнуўшы сёе-тое i для Орвара - Джанатан папярэдзiў, што ў пячоры Катлы - страшэнны голад. Грым i Ф'ялар пiлi дажджавую ваду, якая сабралася ў трэшчынах. Тут, у гарах, iм не было дзе пасвiцца, толькi каля моста сям-там прабiлася трава, так што i яны падсiлкавалiся перад дарогай. I вось мы праязджаем па мосце ў Карманьяку, у краiну Тэнджыла, у краiну страшыдлаў. Я быў такi напалоханы, што ўвесь калацiўся. Хоць i не надта верыў, што змей iснуе, тым не менш думалася - а раптам ён выскачыць з глыбiнi, схопiць i пацягне нас з Джанатанам у вадаспад Карма? А яшчэ ж Катла... Я баяўся яе больш за ўсё на свеце. Можа, яна чакае нас там, на Тэнджылавым беразе, са сваёй зубастай пашчай i агнём з яе, якi нясе смерць? О, як я быў напалоханы!.. Але мы пераехалi мост, i я не ўбачыў нiякай Катлы, на строме, прынамсi, яе не было. - Не, яе тут няма, - сказаў я Джанатану. Але яна была. Не на строме - яе пачварная галава высоўвалася з-за агромнiстай глыбы каменя па дарозе да замка Тэнджыла. Мы ўбачылi яе там. I яна заўважыла нас, i пачуўся рык, ад якога, здавалася, могуць абрушыцца горы. З яе храпы, калi яна, задыхаючыся ад злосцi, iрвалася з ланцуга, вывяргалiся струменi агню i дыму. Грым i Ф'ялар шалелi ад перапуду, i мы ледзь стрымлiвалi iх, ды i сам я быў напалоханы да смерцi. Я ўгаворваў Джанатана вярнуцца дадому ў Наджыялу, але ён не згаджаўся. - Мы не можам пакiнуць Орвара, - гаварыў ён. - Не бойся. Катла не дастане нас, як бы яна нi рвалася з ланцуга. Але нам трэба спяшацца - Катлу могуць пачуць у замку Тэнджыла, успрыняць гэта як сiгнал небяспекi, i тады на нас нападзе зграя Тэнджылавых салдат. Трэба ўцякаць i схавацца дзе-небудзь у гарах. Мы доўга ехалi па неймаверна вузкiх, крутых горных сцежках, з-пад капытоў нашых коней ляцелi iскры. Каб заблытаць сляды, мы кружылi петлямi вакол скал. Кожную хвiлiну я чакаў, што вось-вось пачуюцца тупат коней i крыкi салдат Тэнджыла, якiя пачнуць страляць па нас з лукаў, пагражаць коп'ямi i мячамi. Але нiчога такога не чулася. Вiдаць, няпроста было высачыць каго-небудзь у нетрах гор Карманьякi, а ўцекачам лёгка пазбегнуць сваiх ворагаў. - Куды мы едзем? - запытаўся я ў Джанатана, калi мы заглыбiлiся ў горы. - У пячору Катлы, канечне, - адказаў ён. - Мы ўжо амаль на месцы. Вось перад намi гара Катлы... Ага, дык вось, значыцца, якая яна... Перад намi шырокае плато зкрутымi схiламi, якiя рэзка абрываюцца ўнiз. З нашага боку схiлы не такiя крутыя, па iх, калi трэба, лёгка падняцца наверх, што мы ўрэшце i зрабiлi, таму што нам проста неабходна прайсцi праз гэтую гару, - так вырашыў Джанатан. - Уваход у пячору знаходзiцца з другога боку ад ракi, - растлумачыў ён. I мне трэба паглядзець, як там што... - Джанатан, няўжо ты думаеш, што мы можам трапiць у пячору Катлы? пытаюся я. Неяк ён расказваў мне пра вялiзныя медныя вароты - уваход у пячору - i пра Тэнджылавых салдат, якiя ўдзень i ўначы стаяць там на варце. Дык якiм чынам мы можам трапiць туды? Джанатан не адказаў, толькi папярэдзiў, што нам неабходна будзе схаваць коней, каб яны не сышлi ў горы. Мы завялi iх у глыбокую цяснiну - пад самай гарой Катлы i пакiнулi iх там разам са збруяй. Джанатан пагладзiў Грыма, сказаў яму: - Пачакай тут, мы толькi сходзiм у разведку... Усё гэта мне не вельмi падабалася, бо не хацелася разлучацца з Ф'яларам, але iншага выйсця не было. Мы даволi доўга падымалiся на ўзвышша, i, нарэшце, калi паднялiся, я адчуў сябе вельмi стомленым. Джанатан заўважыў гэта i сказаў, што можна крыху адпачыць, i я першы кiнуўся на зямлю. Мы ляжалi на вяршынi гары, над намi распасцерлася вялiзнае неба, а якраз над намi была пячора Катлы. I дзiўна было думаць, што недзе ў гэтай гары, дзесьцi пад намi, ёсць жахлiвая пячора з усiмi пераходамi i закуткамi, дзе пакутавала i гiнула столькi людзей. А тут, пад сонцам, лёталi матылькi, паўсюдна раслi кветкi i трава - было дзiўна, што кветкi i трава растуць на покрыве пячоры Катлы. Я задумаўся - колькi ж людзей загiнула ў гэтай пячоры? Цi жывы яшчэ Орвар? Я запытаўся пра гэта ў Джанатана, але ён не адказаў. Ён ляжаў, угледзеўшыся ў неба, i думаў пра штосьцi сваё. Нарэшце ён загаварыў: - Калi праўда, што Катла спала ў гэтай пячоры, то як жа яна выйшла, калi прачнулася? Медныя вароты былi тут i раней, Тэнджыл заўсёды выкарыстоўваў пячору Катлы як турму. - I калi Катла спала тут? - не паверыў я. - Так, i калi Катла спала тут, - пацвердзiў Джанатан. - I нiхто не ведаў пра гэта. Мяне ажно скаланула. Я не мог уявiць нiчога горшага, як сядзець зачыненым у пячоры Катлы i бачыць дракона, якi поўзае вакол цябе. Джанатан жа думаў пра iншае. - Яна, вiдаць, выбралася iншым шляхам, - сказаў ён. - I я павiнен знайсцi той выхад, нават калi для гэтага спатрэбiцца год. Мы не маглi больш заставацца тут, бо Джанатан быў такi няўрымслiвы. Мы накiравалiся да пячоры Катлы. Мы ўжо маглi бачыць раку пад намi i Наджыялу па той бок яе - о, як бы мне хацелася быць там! - Паглядзi, Джанатан, - усклiкнуў я. - Вунь тое дрэва, дзе мы купалiся, вунь там, на тым баку ракi. Але Джанатан зрабiў мне знак памаўчаць, баючыся, што хто-небудзь пачуе нас, бо мы былi ўжо дастаткова блiзка да мэты. Гара Катлы заканчвалася крутой стромай, i пад намi былi медныя вароты ў пячору, якiх мы адсюль не бачылi. Але мы заўважылi вартавых - трох салдат Тэнджыла. Мне дастаткова было ўбачыць iх чорныя шаломы, каб сэрца маё закалацiлася. Паўзком мы дабралiся да краю стромы, каб паглядзець на iх зверху. Калi б яны здагадалiся паглядзець угору, дык маглi б заўважыць нас, але цяжка было знайсцi больш дурную варту, бо салдаты нiкуды не глядзелi, а проста гулялi ў косцi, нi пра што не клапоцячыся. Хаця якi вораг мог прабрацца праз медныя вароты? А раз так, то навошта iх ахоўваць? Раптам мы ўбачылi, што вароты адчынiлiся, хтосьцi выйшаў з пячоры - яшчэ адзiн ахоўнiк. Ён вынес пустую мiску з-пад ежы, паклаў яе на зямлю. Вароты за iм зачынiлiся, i мы пачулi, як шчоўкнулi засаўкi. - Ну вось, мы гэтую свiнню накармiлi апошнi раз, - пачулi мы словы ахоўнiка. Астатнiя ахоўнiкi засмяялiся, i адзiн з iх пытаецца: - Цi сказаў ты яму, што сёння асаблiвы дзень - апошнi дзень яго жыцця? Спадзяюся, ты нагадаў, што Катла чакае яго ўвечары, як толькi сцямнее? - Так, я ўсё сказаў яму. I ведаеце, што ён адказаў? "Ну, нарэшце..." Потым папрасiў, каб яму дазволiлi паслаць запiску ў Далiну Дзiкай Ружы. I ведаеш, што ў ёй? "Орвар можа памерцi, але свабода нiколi!" - Ого, - азваўся другi вартавы. - Ён можа сказаць гэта сёння вечарам Катле i паслухаць, што яна адкажа на гэта. Я паглядзеў на Джанатана - ён збялеў. - Хадзем, - сказаў ён. - Нам трэба ўцякаць адсюль. Мы адпаўзлi ад краю стромы хутка i непрыкметна, а калi апынулiся па-за полем зроку салдат, то пабеглi. Увесь зваротны шлях мы беглi без перадыху, пакуль не дабралiся да Грыма i Ф'ялара. Мы сядзелi ў цяснiне каля коней i не ведалi, што рабiць. Джанатан быў зусiм разгублены. Я пакутаваў - чым яго супакоiць? Яму вельмi было шкада Орвара, разлiчваў, што зможа выбавiць яго, а цяпер ён ужо не спадзяваўся на гэта. - Орвар, сябра мой, якога я нiколi не бачыў, - са смуткам загаварыў ён. Сёння ты памрэш, а што будзе з зялёнымi далiнамi Наджыялы? Мы падсiлкавалiся хлебам, якiм падзялiлiся з Грымам i Ф'яларам. Канечне, я з задавальненнбм выпiў бы некалькi глыткоў казiнага малака, у нас яго яшчэ было крыху. - Не цяпер, Сухарык, - перапынiў мяне Джанатан. - Сёння, як сцямнее, я аддам табе ўсё да апошняй кроплi, але не раней. Ён яшчэ доўга сядзеў нерухома. - Гэта будзе ўсё роўна, што шукаць iголку ў стозе сена, - сказаў ён нарэшце, - але мы павiнны паспрабаваць.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9
|