Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Линдгрен Астрид / Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) - Чтение (стр. 5)
Автор: Линдгрен Астрид
Жанр:

 

 


      - Чаго ты свiшчаш? - закрычаў ён.
      - Таму што, таму што... я толькi сёння навучыўся, - замармытаў я. - Я не ўмеў свiстаць раней, а сёння атрымалася, хочаце паслухаць?
      Я зноў пачаў свiстаць, але Додзiк спынiў мяне.
      - Не, не, заткнiся! - крыкнуў ён. - Я не ўпэўнены, што свiстаць забаронена, але не трэба. Не думаю, каб Тэнджылу падабалася гэта. I акрамя таго, ты павiнен зачыняць дзверы.
      - А Тэнджылу не падабаецца, калi i ў цябе дзверы адчынены? - запытаўся я.
      - Не твая справа, - буркнуў Додзiк. - Рабi тое, што табе сказана. Дай мне папiць. Я памiраю ад смагi на гэтай сцяне.
      Я падумаў, што калi ён пойдзе са мной на кухню i высветлiць, што там няма Мацiяса, бедны Мацiяс... яму пагражае пакаранне смерцю за тое, што ўначы выйшаў з дому. Я ўжо дастаткова пра гэта чуў.
      - Я прынясу вады, - хутка знайшоўся я. - Пастойце тут, i я прынясу вам.
      Я пабег на кухню i ў цемнаце спрабаваў дабрацца да вядра з вадой. Добра, што запомнiў, у якiм кутку яно стаiць. Знайшоў кварту i зачэрпнуў вады. I раптам адчуў, што хтосьцi за мной стаiць. Так, ён стаяў у цемры ў мяне за спiнай. Ад гэтага ў мяне зноў забегалi па целе мурашкi.
      - Запалi свечку, - загадаў Додзiк. - Я хачу паглядзець, як гэта дзiрка выглядае.
      У мяне затрэслiся рукi. Я ўвесь тросся ад страху, але неяк запалiў свечку.
      Додзiк узяў кварту, выпiў ваду. Ён пiў i пiў, як быццам быў бяздоннай бочкай. Нарэшце паставiў кварту i падазрона азiрнуўся. Потым спытаў якраз тое, чаго я асаблiва баяўся:
      - А гэты стары Мацiяс, якi жыве тут, дзе ён?
      Я не адказаў. Я не ведаў, што адказаць.
      - Ты не чуў, што я пытаю? - павысiў голас Додзiк. - Дзе Мацiяс?
      - Ён спiць, - адказаў я. Нешта трэба было сказаць.
      - Дзе?
      За кухняй быў маленькi закутак, дзе стаяў Мацiясаў ложак. Я ведаў гэта, але ведаў таксама, што яго там няма цяпер. Я паказаў на дзверы:
      - Там.
      Я выцiснуў з сябе гэта амаль бязгучна. Слова прагучала так слаба, што Додзiк пачаў здзекавацца:
      - Ты мне вельмi добра лжэш, пачакай жа, пакуль я пагляджу.
      Ён быў вельмi задаволены, ведаючы, што я лгу, i мне здавалася, што ён падрыхтаваў ужо для Мацiяса смяротны прысуд, каб дагадзiць Тэнджылу.
      - Дай мне свечку, - сказаў ён.
      Я даў яму свечку. Мне хацелася выбегчы, памчацца да Мацiяса i папярэдзiць, каб уцякаў, пакуль не позна, але я не мог скрануцца з месца, я проста стаяў, i мне было моташна ад страху.
      Додзiк бачыў гэта i цешыўся. Ён не спяшаўся. Не, ён ухмыляўся, нiбы гуляў, проста, каб напалохаць мяне яшчэ больш. Потым, вiдаць, яму надакучыла, i ён сказаў:
      - Пайшлi, хлопец, пакажаш мне, дзе стары Мацiяс спiць.
      Ён расчынiў дзверы закутка i так штурхнуў мяне, што я паляцеў з высокай прыступкi. Потым ён схапiў мяне i крыкнуў:
      - Ты, хлус, паказвай - дзе? - Ён асвятлiў закутак.
      У мяне не было сiлы нi рухацца, нi глядзець. Я быў у такiм адчаi, што гатовы быў растварыцца.
      Але потым, сярод усяго гэтага жаху, я пачуў сярдзiты голас Мацiяса:
      - Што гэта робiцца? Чалавеку нават ноччу спакойна паспаць не даюць!
      Я зiрнуў i ўбачыў Мацiяса, так, ён быў тут, ён сядзеў у самым цёмным кутку пакойчыка на сваiм ложку, утаропiўшыся на свечку. На iм была толькi кашуля, валасы ўскалмачаныя, як быццам ён даўно спаў. Пад акном стаялi ночвы, якiя ён прысланiў да сцяны. Мой дзядуля, выходзiць, быў хуткi, як яшчарка.
      Мне проста было шкада Додзiка. Я нiколi не бачыў яго такiм разгубленым, як тады, калi ён углядаўся на Мацiяса.
      - Я... проста зайшоў выпiць вады, - выцiснуў ён з сябе пахмурна.
      - Вады? Гэта добра, - сказаў Мацiяс. - А цi ж ты не ведаеш, што Тэнджыл забаранiў вам браць у нас ваду? Ён баiцца, што мы вас атруцiм. I калi прыйдзеш i разбудзiш мяне яшчэ раз, дык i сапраўды атручу.
      Я не ведаю, як асмелiўся ён так размаўляць з Додзiкам, але, магчыма, з людзьмi Тэнджыла i трэба было размаўляць менавiта так, бо Додзiк, штосьцi прабурчаўшы ў адказ, адразу знiк.
      10
      Нiколi раней я не сустракаў у поўным сэнсе жорсткага чалавека, пакуль не ўбачыў Тэнджыла з Карманьякi.
      Ён перасек на сваiм залатым паруснiку Старажытную Раку, а я ў гэты час з Мацiясам стаяў на беразе.
      Сам Джанатан прыслаў мяне сюды. Ён хацеў, каб я ўбачыў Тэнджыла.
      - Тады ты лепш зразумееш, чаму тутэйшыя жыхары пакутуюць, галадаюць i памiраюць з адной-адзiнай думкай i адной-адзiнай марай - убачыць сваю зямлю зноў свободнай.
      Замак Тэнджыла знаходзiўся высока ў Старажытных Гарах. Ён жыў там пастаянна, толькi зрэдку перапраўляўся цераз раку, каб з'явiцца ў Далiне Ружы i нагнаць жаху на людзей, каб нiхто нiколi не забываўся, хто ён, або каб хто-небудзь не пачаў марыць пра свабоду.
      Спачатку я ледзьве мог што-небудзь разгледзець, бо перада мной стаялi доўгiя шэрагi салдат Тэнджыла. Яны, вiдаць, павiнны былi ахоўваць яго, пакуль ён знаходзiўся ў Далiне Дзiкай Ружы. Яму, напэўна, было страшна доўга заставацца ў Далiне, бо нечакана з-за любога вугла магла прасвiстаць страла. Тыраны заўсёды баяцца, казаў Джанатан, а Тэнджыл быў самым горшым з усiх тыранаў.
      Калi спачатку мы нiчога не бачылi, нi я, нi Мацiяс, дык потым я знайшоў выйсце. Усе салдаты стаялi, як каменныя, шырока расставiўшы ногi. I мне прыйшла думка, што калi легчы на жывот i прапаўзцi памiж iх нагамi, дык можна будзе ўсё ўбачыць.
      Але я не мог прымусiць Мацiяса зрабiць тое самае.
      - Галоўнае, каб ты што ўбачыў, - сказаў ён. - I тое, што ўбачыш, ты ўжо нiколi не забудзеш.
      I вось бачу: вялiзны, прыгожы, зiхатлiвы паруснiк насоўваецца на нас з вады, а ў iм - весляры, апранутыя ва ўсё чорнае. Вёслаў было больш, чым я мог падлiчыць, яны паблiсквалi кожны раз на сонцы, паяўляючыся з вады. Веслярам даводзiлася цяжка, таму што моцнае цячэнне адганяла лодку ад берага, магчыма, гэта было з-за вадаспада, якi абрынваўся нiжэй па рацэ, - можна было чуць яго грозны грукат.
      - Тое, што ты чуеш, - сказаў Мацiяс, - гэта вадаспад Карма, гэта песня вадаспада Карма, гэта калыханка ў Далiне Дзiкай Ружы, пад якую дзецi кладуцца спаць.
      Я падумаў пра дзяцей Далiны.
      Напэўна, яны калiсьцi бегалi i гулялi на рацэ, цяпер яны ўжо, вядома, не гуляюць, iм перашкаджае гэта вялiзная праклятая сцяна, зусiм глухая. Па ўсёй даўжынi было толькi двое варот, першыя з iх - гэта тыя, праз якiя я прайшоў, яны называлiся галоўнымi, а другiя - гэта тут, на рацэ, з выхадам на прыстань. Якраз сюды цяпер прычальваў Тэнджыл са сваiмi салдатамi. Вароты былi адчынены для Тэнджыла. Выглядваючы з-за ног салдат, я азiраў прыстань i чорнага скакуна Тэнджыла, якi ўжо чакаў яго. Гэта быў цудоўны конь, упрыгожаны залатым сядлом i залатой збруяй, якiя блiшчалi на сонцы. Тэнджыл ступiў на зямлю, сеў на каня i паехаў да варот. Здарылася так, што ён праязджаў зусiм побач са мною, i я ўбачыў яго жорсткi твар i жорсткiя вочы. Жорсткi, як змей, - праўду гаварыў Джанатан, бо ён сапраўды быў такi: жорсткi i прагны да крывi. Гарнiтур на iм быў чырвоны, як кроў, нават султаны на шлёме былi чырвоныя, нiбы ён акунуў iх у кроў. Яго вочы нерухома глядзелi ўдалячынь, на людзей ён не глядзеў, быццам на свеце не было нiкога, акрамя Тэнджыла з Карманьякi. Так, ён быў страшны ўжо сваiм выглядам.
      Усiм у Далiне Дзiкай Ружы было загадана сабрацца на плошчы, дзе Тэнджыл збiраўся сказаць прамову. Мы пайшлi з Мацiясам таксама.
      Гэта была невялiкая ўтульная плошча з прыгожымi старымi будынкамi вакол. Тэнджыл сабраў тут усiх жыхароў Далiны Дзiкай Ружы. Людзi стаялi моўчкi, з невясёлымi думкамi. Гора застыла ў вачах кожнага. Тут, на гэтай плошчы, яны калiсьцi радавалiся жыццю, гулялi, танцавалi i спявалi па вечарах, сядзелi на лаўках пад лiпамi i размаўлялi.
      На плошчы раслi дзве старыя лiпы. Тэнджыл пад'ехаў да iх i спынiўся. Не злазячы з каня, ён уталопiўся на плошчу i на людзей, але я ўпэўнены, што нiводнага чалавека ён не бачыў. Побач з iм быў яго саветнiк, вядомы ўсiм па iменi П'юк. Пра яго мне расказаў Мацiяс. У П'юка быў такi ж цудоўны конь, як i ў Тэнджыла, адно што белы. I вось яны сядзелi, як два ўладары, на сваiх конях, гледзячы проста перад сабой. Яны сядзелi так доўга, што салдаты, якiя акружалi iх шчыльным кальцом, з выцягнутымi з ножнаў мячамi, аблiвалiся потам пад яркiмi праменнямi сонца.
      - Як думаеш - што скажа Тэнджыл? - запытаўся я ў Мацiяса.
      - Што ён намi не задаволены. Ён нiколi добрага слова не скажа.
      Але на гэты раз Тэнджыл наогул нiчога не сказаў. Ён не з тых, хто стане гаварыць з рабамi. Ён толькi гаварыў штосьцi П'юку, а той ужо абвяшчаў, як Тэнджыл незадаволены народам Далiны. Маўляў, людзi дрэнна працуюць, кепска ахоўваюць ад ворагаў яго, Тэнджыла.
      - Браты Львiнае Сэрца яшчэ не знойдзены, - працягваў П'юк. - Наш мiласэрны ўладар не задаволены гэтым.
      - Ну, вядома, вядома, - хтосьцi прабурчаў побач са мной. Гэта быў бядняк, апрануты ў лахманы, маленькi дзядок са зблытанымi валасамi i барадой.
      - Цярпенне нашага ўсемiласцiвага гаспадара падыходзiць да канца, - вяшчаў П'юк. - Папярэджваю: ён жорстка пакарае Далiну.
      - I правiльна, i правiльна, - шаптаў стары побач са мной, i я падумаў, што ён, пэўна, з'ехаў з глузду.
      - Але, - працягваў П'юк, - наш мiласэрны ўладар, перш чым вынесе свой прысуд, яшчэ крыху пачакае. Ён прапануе ўзнагароду. Дваццаць белых коней таму, хто зловiць Львiнае Сэрца.
      - Значыць, я злаўлю гэту маленькую лiсу, - прашаптаў стары, штурхаючы мяне ў бок. - Чуеш, гэта ж дваццаць белых коней можна атрымаць ад нашага ўсемiласцiвага! О, гэта добрая ўзнагарода за маленькую хiтрую лiсу!
      Я так узлаваўся на яго за такiя словы, што, здаецца, гатоў быў забiць. Хiба ён ненармальны, што гародзiць такую лухту?
      - Цi пры сваiм ты розуме? - абурыўся я.
      - Не, не зусiм, - стары засмяяўся i пiльна паглядзеў мне ў вочы.
      Яго вочы здалiся мне знаёмымi. Нарэшце я ўсё зразумеў. Толькi ў Джанатана маглi быць такiя цудоўныя ззяючыя вочы, такi добры i чысты пагляд. А я яшчэ абураўся... Але як у яго хапiла смеласцi з'явiцца тут, перад самым носам Тэнджыла? Хаця, натуральна, нiхто яго пазнаць не мог. Нават Мацiяс не пазнаў яго, пакуль Джанатан не падышоў i не паляпаў яго па спiне:
      - А што, стары, цi мы раней з табой не сустракалiся?
      Джанатан заўсёды любiў пераўвасабляцца. Ён часта вечарамi разыгрываў сцэнкi на кухнi, калi мы жылi на зямлi. Ён мог зрабiць з сябе якое-небудзь страшыдла або сатварыць такое смяхоцце, што я, бывала, ажно заходзiўся ад смеху.
      Але цяпер, тут, перад носам у Тэнджыла, гэта было ўжо занадта.
      - Я ж таксама павiнен бачыць, што адбываецца, - прашаптаў ён мне.
      Але хутка стала ўжо не да смеху, бо тое, што мы пачулi, было зусiм не смешнае.
      Тэнджыл загадаў усiм мужчынам Далiны выстраiцца перад iм. Сваёй жорсткай рукой ён указваў на тых, хто будзе перавезены цераз раку ў Карманьяку. Я ведаў, што гэта значыць, - Джанатан расказваў. Нiводзiн з тых, на каго ўказаў Тэнджыл, нiколi не вернецца назад жывым. Усе гэтыя няшчасныя павiнны будуць цягаць вялiзныя камянi для непрыступнай крэпасцi, якую ён будаваў на вяршыне Старажытных Гор. I там, у гэтай крэпасцi, спадзяецца адседзецца жорсткi Тэнджыл гады i дзесяцiгоддзi, адчуваючы сябе ў бяспецы. Ужо шмат людзей пагналi будаваць гэту крэпасць, i працуюць яны там да знямогi. А калi ўжо людзi зусiм знясiлены...
      - Тады iх атрымлiвае Катла, - сказаў Джанатан.
      Пры слове "Катла" робiцца холадна ў гэты цёплы летнi дзень, хоць слова гэта пакуль што было для мяне жахлiвым найменнем i больш нiчым.
      Пакуль Тэнджыл выбiраў людзей, на плошчы стаяла цiшыня, толькi маленькая птушка на вершалiне дрэва ценькала бесклапотна, не ведаючы, што рабiў Тэнджыл унiзе пад лiпамi.
      Потым пачуўся плач. Як было балюча ад гэтага плачу - жанчын, якiя гублялi сваiх мужоў, дзяцей, якiя больш нiколi не ўбачаць сваiх бацькоў. Плакалi ўсе, я таксама.
      Адзiн Тэнджыл не чуў плачу, ён узвышаўся на сваiм канi i ўсё ўказваў i ўказваў, i дарагi камень на яго пальцы паблiскваў кожны раз, калi ён асуджаў чарговую ахвяру на смерць. Гэта было жахлiва: Тэнджылаў палец мог асуджаць людзей на смерць.
      Але адзiн з мужчын, на якога ён паказаў, пэўна, крануўся розумам, калi пачуў, як плачуць яго дзецi. Ён нечакана выйшаў са строю i кiнуўся да Тэнджыла.
      - Тыран! - закрычаў ён. - Калi-небудзь памрэш i ты, не забывай пра гэта!
      I плюнуў на Тэнджыла.
      У Тэнджыла не здрыгануўся нi адзiн мускул. Ён толькi зрабiў жэст рукой, i салдат, што стаяў блiжэй, падняў свой меч. Я ўбачыў, як меч блiснуў на сонцы, але ў гэты час Джанатан схапiў мяне i прытулiў да грудзей, схаваўшы мой твар так, каб я нiчога не бачыў. Але я адчуваў i, магчыма, чуў рыданнi ў грудзях Джанатана, а калi мы iшлi дадому, ён плакаў, чаго раней нiколi з iм не было.
      У гэты дзень у Далiне Дзiкай Ружы была жалоба. Гаравалi ўсе. Усе, акрамя Тэнджылавых салдат. Iм, наадварот, вельмi падабалася, калi Тэнджыл прыходзiў у Далiну i наладжваў iм свята. Не паспела кроў няшчаснага чалавека, якога забiлi на плошчы, высахнуць, як сюды была прывезена вялiзная бочка пiва, на вогнiшчах смажылiся свiныя тушы, i па ўсёй Далiне Дзiкай Ружы разносiлiся гэтыя пахi. Тэнджылавы людзi елi, пiлi i хвалiлi Тэнджыла.
      - Але ж яны ядуць свiней Далiны Дзiкай Ружы, гэтыя бандыты, - сказаў Мацiяс, - i п'юць пiва Далiны Дзiкай Ружы.
      Самога Тэнджыла на свяце не было. Закончыўшы адбор людзей, ён паехаў за раку.
      - Цяпер ён, самазадаволены, мабыць, сядзiць у сваiм замку i думае, што ўсялiў жах у Далiну Дзiкай Ружы, - прамовiў Джанатан, калi мы прыйшлi дадому. - Мабыць, думае, што тут нiкога не засталося, акрамя запалоханых рабоў.
      - Ды тут ён памыляецца, - сказаў Мацiяс. - Чаго ён не можа зразумець, гэты Тэнджыл, дык гэта тое, што ён нiколi не зможа скарыць людзей, якiя змагаюцца за сваю свабоду i трымаюцца разам, як робiм мы.
      Мы прайшлi мiма маленькага дамка з яблынямi вакол.
      - Тут жыў чалавек, якога сёння забiлi, - паказаў Мацiяс.
      На прыступках ганка сядзела жанчына. Я бачыў яе на плошчы i помню, як яна закрычала, калi Тэнджыл паказаў на яе мужа. Цяпер у руках у яе былi ножны, i яна адразала свае доўгiя светлыя валасы.
      - Што ты робiш, Антонiя? - гукнуў Мацiяс. - Навошта ты абразаеш свае валасы?
      - Для цецiвы, - глуха адказала яна.
      Жанчына нiчога больш не дадала, але я нiколi не забуду яе пагляд, з якiм яна гэта прамовiла.
      У Далiне Дзiкай Ружы за многае каралi смерцю, як гаварыў мне Джанатан, але самым злосным злачынствам лiчылася нашэнне любой зброi, гэта было забаронена самым строгiм чынам.
      Людзi Тэнджыла гойсалi паўсюдна, вышукваючы схаваныя лукi i стрэлы, мячы i шпагi. Але яны нiколi нiчога не маглi знайсцi. I ў той жа час не было нiводнага дома, нiводнага двара, дзе не была б схавана зброя цi яна не выраблялася б.
      Нездарма Тэнджыл абяцаў ва ўзнагароду белых коней i таму, хто знойдзе патаемны склад зброi.
      - Як гэта неразумна, - заўважыў Мацiяс. - Няўжо ён думае, што ў Далiне Дзiкай Ружы знойдзецца здраднiк?
      - Не, здраднiк ёсць толькi ў Вiшнёвай Далiне, - цiха прамовiў Джанатан.
      Так, я ведаў, што са мной побач iдзе Джанатан, але ў гэта цяжка было паверыць - так змянiлi яго аблiчча барада i рызманы, у якiя ён быў апрануты.
      - Джосi не бачыў прымусу i гэтай жорсткасцi. Калi б пабачыў, то нiколi б не рашыўся на тое, што ён зрабiў.
      - Цiкава, што цяпер робiць Сафiя? - сказаў Джанатан. - Як бы хацелася ведаць, цi даляцела Б'янка.
      - Трэба спадзявацца, што даляцела, - абнадзеiў Мацiяс. - Значыць, Сафiя перашкодзiць Джосi.
      Вярнуўшыся ў дом да Мацiяса, мы ўбачылi воддаль таўстуна Додзiка: ён ляжаў на траве i гуляў у косцi з трыма iншымi салдатамi Тэнджыла. Усе яны, напэўна, былi вольныя ад спраў. Мы доўга назiралi за iмi з кухоннага акна. Яны гулялi ў косцi, елi мяса, пiлi пiва - усё гэта яны прыцягнулi з плошчы. Гульню ў косцi неўзабаве яны спынiлi i проста елi мяса i пiлi пiва, а потым толькi пiлi пiва, затым наогул нiчога не рабiлi, а толькi поўзалi сярод кустоў, як жукi, i, нарэшце, паснулi.
      Iх шлемы i плашчы ляжалi на траве там, дзе яны iх кiнулi, бо каму ж прыйдзе ў галаву пiць пiва ў такi гарачы дзень у тоўстым плашчы з воўны.
      - Калi б Тэнджыл ведаў, ён бы iх высек, - сказаў Джанатан.
      Потым ён выйшаў на двор i, перш чым я паспеў напалохацца, вярнуўся з плашчом i шлемам.
      - Навошта табе гэтыя мярзотныя рэчы? - прабурчаў Мацiяс.
      - Я яшчэ не ведаю, - адказаў Джанатан, - але, можа, настане момант, калi яны мне будуць неабходны.
      - Глядзi, можа наступiць момант, калi цябе схопяць...
      Але Джанатан сарваў з сябе барадуi рыззё, надзеў шлем i плашч i так стаў падобны на салдата Тэнджыла, ажно стала страшна. Мацiяс схамянуўся i папрасiў яго схаваць гэтыя жахлiвыя рэчы.
      Джанатан так i зрабiў.
      Потым мы ляглi i праспалi ўсю астатнюю частку дня, i я не ведаю, як яны там разабралiся, калi таўстун Додзiк i яго хаўруснiкi сталi высвятляць, чый шлем i чый плашч прапалi.
      Мацiяс таксама спаў, але ён прачынаўся, як казаў ён нам потым, ад крыкаў i праклёнаў, якiя даляталi з зараснiкаў руж.
      У гэту ноч мы працягвалi капаць падземны ход.
      - Яшчэ тры начы, не больш, - прыкiнуў Джанатан.
      - А што будзе потым? - пацiкавiўся я.
      - А потым будзе тое, дзеля чаго я сюды прыйшоў. Можа, яно i не ўдасца, але я ўсё роўна павiнен паспрабаваць вызвалiць Орвара.
      - I я з табой, - сказаў я. - Толькi не пакiдай мяне зноў аднаго. Куды пойдзеш ты, туды i я.
      Ён паглядзеў на мяне i ўсмiхнуўся.
      - Калi ты сапраўды гэтага хочаш, то хачу i я, - адказаў ён.
      11
      Пасля такога абеду i пiва салдатам Тэнджыла захацелася атрымаць ад уладара яшчэ i дваццаць коней, i яны з асаблiвым стараннем пачалi шукаць Джанатана. Яны шукалi з ранку да ночы, зазiраючы ў кожны куток у Далiне. Джанатан вымушаны быў заставацца ў сваiм сховiшчы, i ён, небарака, там ледзь не задыхнуўся.
      Ведэр i Кадэр лазiлi паўсюль i зачытвалi загад Тэнджыла пра майго брата. Я таксама меў магчымасць пачуць, што праз сцяну без дазволу пранiк вораг Тэнджыла Джанатан Львiнае Сэрца, месцазнаходжанне якога ў Далiне Дзiкай Ружы застаецца невядомым. Яго прыкметы: "Вельмi прыгожы малады чалавек са светлымi валасамi, цёмна-блакiтнымi вачамi, стройны". Яны апiсвалi яго так, як апiсаў iм Джосi. Я ўпэўнены ў гэтым. I зноў я пачуў пра пакаранне смерцю за ўкрыццё Львiнага Сэрца i пра ўзнагароду таму, хто яго выдасць.
      Пакуль Ведэр i Кадэр ездзiлi вакол, абвяшчаючы ўсiм пра гэта, людзi Далiны прыходзiлi ў дом Мацiяса развiтацца з Джанатанам i падзякаваць яму за ўсё, што ён для iх зрабiў, а зрабiў ён, вiдаць, значна больш, чым я ведаў.
      - Мы нiколi не забудзем цябе, - гаварылi яны са слязамi на вачах, пакiдаючы яму астатнi хлеб, хаця самiм не было чаго есцi. - Табе ён больш патрэбны ў тваiм цяжкiм i небяспечным падарожжы, - а потым iшлi слухаць Ведэра i Кадэра яшчэ раз - проста дзеля забавы.
      Салдаты не абмiнулi i дом Мацiяса. Калi яны ўвайшлi, я сядзеў на табурэце ў кухнi i страшэнна баяўся, баяўся нават варухнуцца, а Мацiяс, наадварот, паводзiў сябе вельмi ўпэўнена.
      - А што вы шукаеце? - сустрэў ён iх. - Я не веру ў тое, што Львiнае Сэрца наогул iснуе. Гэта выдумалi, каб пераварочваць наша жытло.
      Яны, вядома, перавярнулi ўсё дагары нагамi i ў нашым дамку. Пачалi яны з маленькай спальнi i зрабiлi звалку з пасцелi. Потым абшукалi шафу, выцягнуўшы адтуль кожную рэч, што, зразумела, было дурасцю з iх боку. Няўжо яны сапраўды думалi, што Джанатан хаваецца ў шафе?
      - Можа, вы зазiрнеце i ў гаршкi? - з горыччу сказаў Мацiяс.
      Потым яны пайшлi ў кухню i пачалi круцiцца каля буфета, а я сядзеў на табурэце i адчуваў, як ува мне закiпае нянавiсць. Гэта было якраз у той вечар, калi мы з Джанатанам збiралiся пакiнуць Далiну, i я падумаў, што калi яны яго знойдуць, то я не ведаю, што зраблю. Не можа быць, каб лёс быў такi несправядлiвы, каб яны схапiлi Джанатана ў апошнiя хвiлiны яго знаходжання ў Далiне.
      Мацiяс напхаў у буфет старога адзення, шкур i многа iншых рэчаў, каб заглушыць любы гук са сховiшча. Салдаты ўсё гэта выкiнулi на падлогу.
      А потым... У мяне гатоў быў вырвацца крык, ад якога мог развалiцца дом: адзiн з iх ужо браўся адсоўваць буфет. Але я не выдаў нiводнага гуку. Я сядзеў, як спаралiзаваны, на табурэце i ненавiдзеў яго ўсёй душой, ненавiдзеў у iм усё: яго грубыя рукi, тоўстую шыю i бародаўку на лбе. Я ненавiдзеў за тое, што баяўся - зараз ён убачыць дзверы, якiя вядуць у сховiшча, i гэта будзе канец для Джанатана.
      Але тут закрычаў Мацiяс:
      - Паглядзiце, што вы нарабiлi! Пажар! Хiба вам Тэнджыл загадаў падпальваць наша жытло?
      Не ведаю, як такое магло здарыцца, але гэта было сапраўды так. На падлозе гарэла шкура, i салдаты павiнны былi кiнуць усё, каб патушыць яе. Яны скакалi, i тупалi нагамi, i лаялiся, i праклiналi, i, нарэшце, вылiлi на яе вядро вады, так што агонь быў амаль што патушаны. Але Мацiяс працягваў бурчаць, каб паказаць, як ён на iх злуецца.
      - Вы што, не разумееце? - ушчуваў ён. - Воўну ж нельга кiдаць каля агню, адкуль заўсёды ляцяць iскры.
      Салдат з бародаўкай як ашалеў.
      - Заткнiся, стары, - закрычаў ён, - а то ў мяне ёсць багата спосабаў заткнуць тваю глотку!
      Але Мацiяс не даваў iм запалохаць сябе.
      - Не, вы спачатку прыбярыце за сабой, - абураўся ён. - Паглядзiце, што вы тут нарабiлi! Ператварылi ўсё ў свiнушнiк.
      Гэта якраз i прымусiла iх паспешлiва выбiрацца.
      - Сам прыбiрай свой свiнушнiк, стары хрэн! - сказаў салдат з бародаўкай. Ён выйшаў першы, а за iм iншыя салдаты, пакiнуўшы пасля сябе незачыненыя дзверы.
      - У iх зусiм няма сумлення, - уздыхнуў Мацiяс.
      - Якое шчасце, што загарэлася шкура, - усклiкнуў я. - Шчасце Джанатана...
      Мацiяс папляваў на пальцы.
      - Так, невялiкiя пажары зрэдку вельмi патрэбны, - сказаў ён. - Хаця, халера, вельмi пячэ ў пальцы, калi бярэш з агню гарачае вуголле.
      Але гэта не быў яшчэ канец нашых няшчасцяў.
      Яны абшукалi стайню, i салдат з бародаўкай крыкнуў Мацiясу:
      - Стары! У цябе два канi. У Далiне Дзiкай Ружы нiкому не дазваляецца мець больш за аднаго. Ты гэта ведаеш. Мы прышлём чалавека, ён забярэ аднаго каня, таго, з белай зорачкай. Яго трэба аддаць Тэнджылу.
      - Гэта конь майго ўнука, - запярэчыў Мацiяс.
      - Быў... А цяпер гэта конь Тэнджылаў.
      Пачуўшы гэта, я пачаў плакаць. Мы павiнны былi пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы ў гэты вечар, наш доўгi падземны ход быў закончаны. Да гэтага моманту я не думаў, як мы возьмем з сабой Грыма i Ф'ялара, яны ж не маглi прапаўзцi па падземным ходзе. Як неразумна было не падумаць раней пра тое, што нам трэба будзе пакiнуць коней з Мацiясам. Гэта было дрэнна, але цяпер справы паварочвалiся яшчэ горш. Тэнджыл забярэ Ф'ялара, i я не ўяўляю, як не разарвалася маё сэрца, калi я пачуў пра гэта.
      Салдат з бародаўкай выцягнуў з кiшэнi маленькую драўляную дошчачку i паднёс яе да самага носа Мацiяса.
      - Вось тут напiшы нумар свайго дома, - загадаў ён.
      - А чаму я павiнен гэта рабiць? - недаўменна запытаўся Мацiяс.
      - Пацвердзi, што ты хочаш добраахвотна аддаць каня Тэнджылу.
      - Але я не хачу...
      У адказ салдат выцягнуў меч.
      - Не, ты вельмi хочаш. Ты зробiш гэта з вялiкiм задавальненнем. I пастаў вось тут нумар свайго дома. А потым ты аддасi гэтую дошчачку чалавеку, якi прыйдзе з Карманьякi, каб забраць каня, бо Тэнджылу патрэбны доказы, што ты аддаў усё добраахвотна, ты разумееш, стары? - гыркнуў ён, штурхнуўшы Мацiяса так, што ён ледзьве не павалiўся.
      Што мог зрабiць Мацiяс? Ён напiсаў нумар свайго дома, а салдаты рушылi далей шукаць Джанатана.
      Гэта быў наш апошнi вечар з Мацiясам. У апошнi раз мы селi за стол, у апошнi раз ён налiў нам супу. Усiм нам было сумна, але больш за ўсiх мне. Я плакаў. I з-за Ф'ялара, i з-за Мацiяса: ён стаў мне амаль родным дзядулем, а цяпер даводзiлася яго пакiдаць. Я плакаў яшчэ таму, што я быў малы, быў напалоханы i нiчога не мог зрабiць, каб абаранiць дзядулю ад грубых салдат.
      Джанатан сядзеў моўчкi, задумаўшыся.
      - Калi б я ведаў пароль... - нарэшце прамовiў ён з горыччу.
      - Якi пароль? - пацiкавiўся я.
      - Кожны павiнен сказаць пароль, хто ўваходзiць i выходзiць праз галоўную браму, хiба ты не ведаеш?
      - Чаму ж, ведаю... Я ведаю нават гэты пароль: "Уся ўлада Тэнджылу, нашаму вызвалiцелю". Я чуў, як яго гаварыў Джосi, цi ж я табе не расказваў пра гэта?
      Джанатан угледзеўся на мяне i глядзеў даволi доўга.
      - Сухарык, ты мне падабаешся, - засмяяўся ён. - Ты сапраўды гэта ведаў?
      Я не мог зразумець, чаму ён быў так задаволены гэтым паролем, бо ён не збiраўся праходзiць праз вароты, але мне было прыемна, што я, такi слабы i бездапаможны, мог хоць крыху, хоць ледзь-ледзь дапамагчы яму.
      Мацiяс выйшаў у спальню прыбраць усё, Джанатан пайшоў следам за iм. Яны гаварылi пра нешта шэптам. Я пачаў прыслухоўвацца.
      - Калi я загiну, ты паклапоцiшся пра майго брата, праўда?.. - даляцеў да мяне братаў голас.
      Потым ён вярнуўся да мяне.
      - Паслухай, Сухарык, я зараз збiраюся i знiкаю, а ты павiнен заставацца тут з Мацiясам i чакаць, пакуль не атрымаеш ад мяне вестку. Магчыма, гэта будзе не вельмi хутка - мне трэба зрабiць тое-сёе ў першую чаргу. Але ты не хвалюйся...
      Мне гэта вельмi не спадабалася. Я заўсёды з цяжкасцю чакаў Джанатана, асаблiва тады, калi баяўся за яго. I цяпер вельмi баяўся, бо хто ведае, што можа здарыцца з Джанатанам па той бок сцяны, калi што ў яго не атрымаецца.
      - Ды ты не хвалюйся, - супакойваў мяне Джанатан. - Ты ж усе гэтыя днi Карл Львiнае Сэрца!
      Ён хутка развiтаўся са мной i Мацiясам i паспешлiва знiк у падземным ходзе. Апошняе, што мы ўбачылi, гэта як ён яшчэ раз памахаў нам рукой.
      Мы з Мацiясам засталiся адны.
      - Таўстун Додзiк i не ўяўляе сабе, якi крот пракладвае сабе шлях зараз пад сцяной, - цiха прамовiў Мацiяс.
      Уяўляць-то не ўяўляе, але ён можа ўбачыць, калi гэты крот высуне сваю галаву на паверхню, i тады ўжо ён, вядома, не марудзячы выпусцiць стралу.
      Мне было вельмi сумна, i я пайшоў на стайню да Ф'ялара, каб у апошнi раз пашукаць у яго суцяшэння. Але i ён не мог супакоiць мяне, бо я ведаў, што пасля гэтага вечара я ўжо нiколi яго не ўбачу.
      У стайнi было цёмна, праз маленькае акенца праходзiла мала святла, але я ўбачыў, як Ф'ялар радасна павярнуў да мяне галаву. Я падышоў да яго стойла i абняў за шыю. Я хацеў, каб ён не крыўдзiўся за тое, што адбудзецца, бо тут не мая вiна.
      - А можа, я вiнаваты? - сказаў я праз слёзы. - Калi б я застаўся ў Вiшнёвай Далiне, то Тэнджыл нiколi б не забраў цябе. Даруй мне, Ф'ялар, даруй, але ж я не мог зрабiць iначай.
      Вiдаць, ён адчуваў, што мне сумна. Сваёй мяккай пысай ён цёрся аб маё вуха, быццам хацеў супакоiць мяне.
      Але я працягваў плакаць. Я абдымаў яго i плакаў, плакаў, пакуль у мяне не скончылiся слёзы. На развiтанне я пагладзiў яго i даў яму апошнюю порцыю аўса, якою ён, вядома, падзялiўся з Грымам.
      Пакуль я быў з Ф'яларам, мне прыходзiлi ў галаву проста страшныя думкi.
      Няхай ён звалiцца мёртвым, той чалавек, што павiнен прыйсцi i забраць майго каня. Няхай ён загiне, перш чым пераедзе раку. Было, канечне ж, жахлiва жадаць некаму такое, сапраўды жахлiва, але каб гэта i спраўдзiлася, нiшто ўжо не дапамагло б.
      Пэўна, той чалавек ужо быў на пароме, i на гэтым пароме яны адвязуць усё нарабаванае. А можа, ён ужо тут, на беразе? А можа, ён якраз цяпер праходзiць браму i будзе тут з хвiлiны на хвiлiну? Ах, Ф'ялар, калi б мы толькi маглi знiкнуць адсюль разам!
      Як толькi я падумаў пра гэта, хтосьцi адчынiў стайню i штосьцi выгукнуў. Я спалохаўся. Але гэта быў Мацiяс. Ён хацеў даведацца, што я так доўга тут раблю. Добра, што ў стайнi было цёмна i ён не мог бачыць маiх слёз. Але ён усё-такi, вiдаць, здагадаўся.
      - Маленькi мой, калi б толькi мог я што-небудзь зрабiць! - загаварыў ён ласкава. - Нiякi дзядуля не зможа дапамагчы ў гэтай справе, таму паплач крыху, паплач...
      I раптам праз акенца за Мацiясам я ўбачыў, што хтосьцi стаiць у двары. Салдат Тэнджыла, ён прыйшоў па Ф'ялара!..
      - Ён прыйшоў, - плакаў я. - Мацiяс, ён прыйшоў!
      Калi я зноў безнадзейна заплакаў, Ф'ялар сумна заржаў.
      У наступны момант дзверы ў стайню адчынiлiся, i вось ён ужо стаiць тут у сваiм чорным шаломе i чорным плашчы.
      - Не, - закрычаў я. - Не, не!
      Але салдат ужо быў побач са мной i абхапiў мяне рукамi.
      Гэта быў Джанатан, так, гэта быў ён.
      - Ты не пазнаеш свайго роднага брата? - здзiвiўся ён, калi я паспрабаваў вызвалiцца. Ён падштурхнуў мяне да акна, каб я мог лепш разгледзець яго, i ўсё-такi мне было цяжка паверыць, што гэта Джанатан. Яго было не пазнаць, бо ён, вядома, быў не той "прыгожы малады чалавек". Валасы ў яго звiсалi мокрымi пасмамi, i яны не блiшчалi, "як золата", а яшчэ ён нешта падторкнуў пад верхнюю губу. Не ўяўляю, хто б гэта мог без асаблiвага штукарства да непазнавальнасцi змянiць сваё аблiчча. Выглядаў ён смешна, я б нават засмяяўся, калi б быў час, але было ясна, што ў Джанатана часу няма.
      - Хутчэй, хутчэй, - прыспешваў ён. - Мне трэба неадкладна знiкнуць. Чалавек з Карманьякi будзе тут з хвiлiны на хвiлiну.
      Ён працягнуў руку Мацiясу.
      - Дай мне дошчачку, - сказаў ён. - Я ўпэўнены, што ты аддасi абодвух коней Тэнджылу з вялiкiм задавальненнем, цi не так?
      - А што ты хочаш рабiць? - запытаў Мацiяс, перадаючы яму дошчачку.
      Джанатан паклаў яе ў кiшэню.
      - Мне трэба будзе паказаць яе ля брамы, - адказаў ён. - I старшы вартаўнiк зразумее, што я не лгу.
      Мы хутка асядлалi коней. За гэты час Джанатан паспеў расказаць нам, як ён змог прайсцi праз галоўную браму, бо Мацiясу было надта цiкава.
      - Гэта было проста, - расказваў Джанатан. - Я назваў пароль, якому навучыў мяне Сухарык: "Уся ўлада Тэнджылу - нашаму вызвалiцелю!" Старшы вартаўнiк запытаўся: "Адкуль ты? Куды iдзеш i што за даручэнне ў цябе?" - "З Карманьякi ў дом Мацiяса забраць пару коней для Тэнджыла". - "Праходзь", - сказаў ён. "Дзякуй", - адказаў я. I вось я тут. Але я павiнен прайсцi браму да таго, як з'явiцца пасланец Тэнджыла, iнакш усё ўскладнiцца.
      Мы вывелi коней хутчэй, чым я магу сказаць гэта. Джанатан ускочыў у сядло Грыма, трымаючы павады Ф'ялара.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9