Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Линдгрен Астрид / Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 2)
У кутку нашай кухнi стаяў буфет, пра якi Джанатан збольшага расказаў мне ў наш першы вечар у Сядзiбе Рыцараў. Аказваецца, у буфеце была сакрэтная скрынка, i калi не ведаць яе сакрэту, нiхто не можа нi знайсцi яе, нi адчынiць. Мне, вядома, захацелася ўбачыць яе зараз жа, але Джанатан сказаў: - Як-небудзь iншым разам. Ты павiнен спаць... Я заснуў i забыўся пра ўсё, але цяпер успомнiў, як Джанатан падышоў да буфета i я пачуў дзiўнае, кароткае пашчоўкванне. Няцяжка было здагадацца, што ён рабiў: ён схаваў той кавалачак паперы ў сакрэтную скрынку. Потым ён замкнуў буфет i паклаў ключ на старую ступку, што стаяла на самай высокай палiцы. Пасля нейкi час мы плавалi, i я ныраў пад мост. Нават i не ведаю, як я асмелiўся. Потым Джанатан зрабiў мне вуду, i мы злавiлi некалькi рыб, якiх хапiла нам на абед. Я злавiў цудоўнага акуня, Джанатан - двух. Мы зварылi рыбу на вялiкiм вогнiшчы ў кацялку, падвешаным над агнём на ланцугу, а калi ўсё з'елi, Джанатан сказаў: - Зараз, Сухарык, паглядзiм, якi ты стралок. Калi-небудзь табе давядзецца iм стаць. Ён павёў мяне да стайнi, i там, дзе была ўся збруя, вiселi два лукi. Я здагадаўся, што iх зрабiў сам Джанатан, таму што ён заўсёды iх рабiў дзецям у двары нашага дома ў горадзе. Але гэтыя былi большыя i лепшыя - два сапраўдныя лукi. Мы прымацавалi мiшэнь да дзвярэй стайнi i стралялi па ёй цэлы дзень. Джанатан паказваў мне, як гэта робiцца. Я страляў няблага, але, вядома, не так добра, як Джанатан, таму што ў яго было натрэнiраванае трапнае вока. З Джанатанам было добра. Хаця ён рабiў усё спраўней за мяне, ён нiколi не лiчыў, што робiць штосьцi асаблiвае. Ён нiколi не хвалiўся i рабiў усё так, быццам наогул пра гэта не думае. Бывала, я быў амаль упэўнены, што яму хацелася, каб я рабiў усё лепш, чым ён. Калi пачало сутонець, Джанатан сказаў, што надышоў час адпраўляцца ў "Залаты Пеўнiк". На яго посвiст прыбеглi Грым i Ф'ялар. Мы iх асядлалi i памчалiся да вёскi. Раптам я адчуў сябе няёмка i сумеўся. Я не прывык знаёмiцца з людзьмi, асаблiва з такiмi людзьмi, якiя жылi ў Наджыяле, i сказаў пра гэта Джанатану. - Чаго ты баiшся? Няўжо ты думаеш, што хтосьцi зробiць табе благое? - Не, вядома, але яны могуць пасмяяцца з мяне. Мабыць, гэта прагучала смешна i неразумна, але мне заўсёды прыходзiлi ў галаву такiя думкi. - Ведаеш, мы цябе будзем называць Карлам, таму што Львiнае Сэрца твая мянушка, - сказаў Джанатан. - Сухарык Львiнае Сэрца - гэта сапраўды можа рассмяшыць iх. Я быў не супраць, каб мяне называлi Карлам. Iмя гэта сапраўды больш падыходзiла да майго прозвiшча. - Карл Львiнае Сэрца, - прамовiў я. - Карл i Джанатан Львiнае Сэрца едуць вярхом на конях. "Што ж, гучыць зусiм няблага", - падумаў я. - Хаця для мяне ты ўсё яшчэ мой Сухарык, - сказаў Джанатан. - I ты гэта ведаеш - цi не так, маленькi Карл? Неўзабаве мы ўехалi ў вёску. Дарогу было знайсцi няцяжка, таму што яшчэ здаля чулiся гаворка i смех. А крыху счакаўшы, мы ўбачылi i знак у выглядзе вялiзнага пазалочанага пеўня: гэта i быў "Залаты Пеўнiк", падобны на ўсе заезныя дамы, пра якiя мы прывыклi чытаць у кнiгах. Калi святло сяброўства струменiцца з акон, сапраўды перажываеш пачуццё навiзны, iмкнучыся трапiць у заезны дом. Хоць да гэтага я нiколi ў заезных дамах не быў. Першае, што мы зрабiлi, заехаўшы на двор, - гэта прывязалi коней. Праўдай аказалася ўсё тое, што гаварыў Джанатан аб значэннi коней у Наджыяле. Вiдаць, кожны жыхар Наджыялы прыбыў у гэты вечар да "Залатога Пеўнiка" на канi. Мужчыны i жанчыны, маладыя i старыя - усе былi тут, сядзелi, размаўлялi, некаторыя дзецi ўжо спалi на руках у бацькоў. Якое ўзрушэнне пачалося, калi мы ўвайшлi!.. - Джанатан! - крычалi яны. - Джанатан прыехаў! Гаспадар двара - высокi, чырванашчокi, даволi сiмпатычны чалавек, крычаў так, каб перакрычаць усiх у гэтым шуме. - Джанатан! Не - тут два браты Львiнае Сэрца, божа мой! Абодва! Ён падышоў i падняў мяне ўгору - так, каб кожны мог мяне бачыць, а я адчуваў, што твар мой да самых валасоў залiвае чырвань. Але Джанатан сказаў: - Вось мой любiмы брат, Карл Львiнае Сэрца, якi нарэшце прыбыў да нас. Вы павiнны быць добрымi да яго, такiмi ж, якiя вы добрыя ў адносiнах да мяне. - Можаш разлiчваць на гэта, - сказаў гаспадар i апусцiў мяне. - Мы з iм пасябруем. Мы станем такiмi ж добрымi сябрамi, як з Джанатанам. Мяне завуць Джосi. Хаця мяне амаль усе называюць Залатым Пеўнем. Вы можаце прыходзiць у "Залаты Пеўнiк", калi вам захочацца. Не забывайце пра гэта, Карл Львiнае Сэрца. Сафiя была за сваiм столiкам, i мы падселi да яе. Здаецца, яна гэтаму ўзрадавалася. Яна ўсмiхнулася i спытала, як мне спадабаўся мой конь i цi не мог бы Джанатан прыйсцi i як-небудзь дапамагчы ёй. Далей яна маўчала, i я заўважыў, што яе штосьцi турбуе. Заўважыў я i яшчэ сёе-тое. Кожны, хто сядзеў у святлiцы, ставiўся да Сафii з пашанай i, перш чым пайсцi, кiваў у знак развiтання спачатку ёй, нiбыта яна была нейкая асаблiвая, ды толькi я не мог вырашыць, у чым была гэта асаблiвасць. На ёй была простая сукенка, на галаве хустка, яе загрубелыя ад работы на сонцы рукi ляжалi на каленях. Што ж было ў ёй асаблiвага? Тут было весела. Мы шмат спявалi, некаторыя з песень я ўжо ведаў, а некаторыя пачуў упершыню. Усе былi шчаслiвыя. А можа, не?.. Зрэдку ў мяне з'яўлялася адчуванне, што ўсiх гняце нейкая таямнiчая заклапочанасць, такая ж, як i Сафiю. Здавалася, што зрэдку ўсе пачыналi думаць пра тое, чаго яны больш за ўсё баяцца. Але Джанатан казаў, што жыццё ў Наджыяле лёгкае i простае, дык чаго ж iм баяцца? Калi ўсе шчаслiвыя i ўсе, як здавалася, адно аднаго любяць. Але больш за ўсё яны любiлi Джанатана. Акурат так, як i дома, у горадзе. Сафiя яго, па-мойму, таксама любiла. Потым, калi мы збiралiся дадому i выйшлi ў двор, каб адвязаць нашых коней, я спытаў i Джанатана: - Джанатан, а чым такiм асаблiвым валодае Сафiя? I тут жа мы пачулi сярдзiты голас ззаду: "Во-во! Што асаблiвага ў Сафii, часта думаў i я". У двары было цёмна, таму я не мог бачыць, хто гэта гаварыў. Але раптам ён выступiў наперад на святло, i я пазнаў чалавека, якi сядзеў каля нас за сталом, чалавека з чырвонымi кучаравымi валасамi i з маленькай чырвонай бародкай. Я заўважыў яго раней, калi ён сядзеў сумны i маўчаў, у той час калi ўсе спявалi. - Хто гэта? - спытаў я ў Джанатана, калi мы ехалi назад. - Яго завуць Губерт, - сказаў Джанатан. - I ён добра ведае Сафiю. Станавiлася холадна, непрыкметна апусцiлася ноч. Нiколi ў жыццi я не бачыў так багата зорак, i такiя яны былi яркiя. Я iмкнуўся ўгадаць, дзе была зорка Зямля. Але Джанатан сказаў: - Зорка Зямля недзе вельмi далёка, далёка ў Сусвеце, ты не можаш бачыць яе. Мне стала ад гэтага сумна. 5 Але нарэшце надышоў дзень, калi я даведаўся, што ўсё-такi ёсць асаблiвага ў Сафii. Неяк ранiцай Джанатан прапанаваў: - Давай паедзем да Каралевы Галубоў... - Дык гэта ж цудоўна! - узрадаваўся я. - А якая яна, Каралева?.. - Гэта Сафiя, - адказаў Джанатан. - "Каралева Галубоў" - гэта я яе так называю, проста дзеля жарту. Неўзабаве я зразумеў чаму. Да Сядзiбы Цюльпанаў, дзе жыла Сафiя, было даволi далёка. Яе дом стаяў на ўскрайку Вiшнёвай Далiны, там адразу ж пачыналiся высокiя горы. Мы прыехалi туды ранiцой, Сафiя кармiла галубоў, усiх сваiх беласнежных галубоў. Сярод iх я пазнаў тую галубку, якая сядзела ў мяне на падаконнi, як мне цяпер падалося, амаль тысячу год таму. - Паглядзi, - шэптам звярнуўся я да брата. - Цi не тая гэта галубка, якая дапамагла табе дабрацца да мяне? - Напэўна... Бо iначай я не змог бы трапiць да цябе. Толькi галубы Сафii могуць лётаць так далёка. Галубы нагадвалi мне белую пушыстую аблачынку, сярод якой стаяла Сафiя. Цяпер яна сапраўды была як Каралева Галубоў. Заўважыўшы нас, Сафiя ветлiва, як звычайна, павiталася. Але штосьцi яе трывожыла, i яна цiха сказала Джанатану: - Мiнулай ноччу я знайшла Вiяланту мёртвай, са стралой у грудзях. У Цяснiне Ваўка. Пiсьмо, вядома, знiкла. Вочы ў Джанатана пацямнелi. Да гэтага я нiколi не бачыў яго ў такой злосцi. Я не пазнаваў нi голасу ягонага, нi яго самога. - Гэта азначае тое, пра што я думаў, - сказаў ён. - У Вiшнёвай Далiне ёсць здраднiк. - Так, пэўна, ёсць, - згадзiлася Сафiя. - Але ўсё неяк не хацелася верыць гэтаму. Але, пэўна, так i ёсць. Якой засмучонай нi была Сафiя, яна ўсё ж павярнулася да мяне i запрасiла: - Хадзем, Карл, ты павiнен паглядзець, як я жыву. У гаспадарцы Сафii акрамя галубоў былi пчолы, козы, а ў садзе было столькi кветак, што цяжка было б, вiдаць, прабрацца з аднаго краю ў другi. Пакуль Сафiя вадзiла мяне па сядзiбе, Джанатан пачаў рабiць тое, што звычайна робяць вясной на гародзе - ускопваць i палоць. Я глядзеў на шматлiкiя вуллi, на цюльпаны, нарцысы, але ўвесь гэты час мяне не пакiдала думка аб Вiяланце, якую застрэлiлi ў гарах. Неўзабаве мы вярнулiся да Джанатана, ён палоў так старанна, што рукi яго сталi зусiм чорнымi. Сафiя з журбой паглядзела на яго i сказала: - Паслухай, мой дарагi садоўнiк, здаецца, хутка чакае цябе зусiм iншая работа. - Я таксама пра гэта думаю, - адказаў Джанатан. Бедная Сафiя, яна была занепакоена больш, чым ёй хацелася, каб мы бачылi. Яна адышлася ўбок i пачала пiльна глядзець на горы з такой трывогай, што я таксама захваляваўся. Што яна выглядвала? Каго чакала? Раптам яна ўсклiкнула: - Вось яна! Слава богу, вось Палома! Гэта вярталася адна з Сафiiных галубак Палома. Спачатку яна бачылася маленькай кропкай на фоне гор, потым падляцела да нас i села на плячо гаспадынi. - Хадзем, Джанатан, - сказала хутка Сафiя. - Добра. А як Сухарык, у сэнсе Карл? - запытаў брат. - Яму трэба пра ўсё расказаць? - Вядома, - сказала Сафiя. - Хадземце хутчэй. Разам з галубкай, якая працягвала сядзець у яе на плячы, Сафiя рушыла паперадзе. Яна прывяла нас у маленькi пакойчык каля кухнi, зачынiла дзверы. Вiдаць, ёй не хацелася, каб хто-небудзь чуў цi бачыў, што мы робiм. - Палома, галубка мая, - сказала Сафiя, - можа, сённяшняя твая вестачка лепшая, чым апошняя? Яна працягнула руку да галубкi i дастала з-пад крыла птушкi маленькую капсулу, у ёй аказаўся маленькi камячок паперы, акурат такi, як Джанатан аднойчы выцягваў з кашолкi i хаваў у шафе ў нас дома. - Чытай жа хутчэй, - прашаптаў Джанатан, - хутчэй, хутчэй! Сафiя прачытала, i ў яе вырваўся ўскрык. - Яны Орвара таксама схапiлi, - прамовiла яна. - Цяпер не засталося нiкога, хто мог бы хоць што-небудзь зрабiць. Яна працягнула кавалачак паперы брату, ён прабег вачамi, i братавы вочы пацямнелi яшчэ больш. - У Вiшнёвай Далiне - здраднiк, - пераканана сказаў ён. - Як ты думаеш, хто гэты нягоднiк? - Я не ведаю, - адказала Сафiя. - Пакуль не ведаю. Але хто б ён нi быў, я знайду яго, i яму тады нiхто не пазайздросцiць. Сафiя ўздыхнула i сказала: - Ты раскажы Карлу, а я пакуль пайду i збяру вам кашолку. Яна знiкла ў кухнi. Джанатан сеў проста на падлогу, прытулiўся спiнай да сценкi, паглядзеў на свае брудныя пальцы i, нарэшце, загаварыў: - Ну, добра, калi Сафiя дазволiла, я раскажу табе ўсё. Ён жа i раней расказваў мне пра Наджыялу, але нiчога падобнага на тое, што мне давялося пачуць тут, у пакоi Сафii, не гаварыў. - Памятаеш, я казаў табе, што жыццё тут, у Вiшнёвай Далiне, лёгкае i простае. Усё гэта было так i павiнна было быць так, але, падобна, больш гэтага не будзе. Таму што калi ў якой-небудзь iншай далiне няшчасце i гора, то i ў Вiшнёвай Далiне таксама робiцца кепска. - А хiба ёсць яшчэ адна далiна? - здзiвiўся я. I тады Джанатан расказаў пра дзве зялёныя далiны ў гарах Наджыялы. Пра Вiшнёвую Далiну i Далiну Дзiкай Ружы, мiж высокiмi гарамi, якiя цяжка пераадолець, але калi ведаць таемныя сцяжынкi, то можна трапiць з адной далiны ў другую. Жыхары гэтых мясцiн ведалi сцяжынкi i спакойна пераадольвалi горы, каб пабачыцца адзiн з адным. - Але, калi быць дакладным, то так было калiсьцi, - сказаў Джанатан. Цяпер жа нiхто не мае права пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы i нiхто не мае права трапляць у яе. Толькi галубы Сафii. - А чаму? - запытаў я. - Таму што цяпер Далiна Дзiкай Ружы не свабодная, яна ў руках ворагаў. Ён паглядзеў на мяне так, быццам яму было шкада гаварыць мне горкае. - А цяпер невядома, што будзе i з Вiшнёвай Далiнай. У словах брата было адчуванне бяды. Мне жылося так весела i бесклапотна, што ад пагрозы гэтаму жыццю мяне агарнуў жах. - А хто нам пагражае? - запытаўся я. - Яго iмя Тэнджыл, - адказаў Джанатан, i ў гэтым iменi была нейкая злавеснасць. - А дзе той Тэнджыл? - дапытваўся я. Джанатан расказаў мне пра Карманьяку, краiну Старажытных Гор за Старажытнай Ракой, дзе некалi валадарыў Тэнджыл, жорсткi, як той змей. Мне стала яшчэ больш жахлiва, але я стараўся гэтага не паказаць. - Чаму ён не хоча заставацца ў сваiх Старажытных Гарах? - не вытрымаў я. I чаму ён павiнен прыйсцi ў Наджыялу i разбурыць усё тут? - Ну, ведаеш, той, хто зможа адказаць на гэта пытанне, мог бы адказаць на мноства iншых. Я не ведаю, чаму ён павiнен разбурыць усё тут. Проста так адбываецца, i ўсё. Ён зайздросцiць таму жыццю, якое выпала людзям гэтых далiн. Яму патрэбны рабы. Ён замоўк, разглядваючы свае рукi, потым штосьцi прамармытаў, але я не пачуў - што. - Так, яшчэ ў яго ёсць страшыдла, Катла! - паўтарыў Джанатан. Катла! О, я не ведаю чаму, але гэта слова гучала больш жахлiва, чым што-небудзь на свеце. - Хто гэта - Катла? У адказ Джанатан толькi пакiваў галавой. - Не, Сухарык, ты такi напалоханы. Я не буду расказваць пра Катлу, бо ты сёння ноччу не заснеш. Замест гэтага ён расказаў сёе-тое цiкавае пра Сафiю. - Яна - галоўная ў нашай тайнай барацьбе супраць Тэнджыла, - сказаў Джанатан. -Мы, каб ты ведаў, змагаемся супраць яго, каб дапамагчы Далiне Дзiкай Ружы. Але мы павiнны рабiць гэта ў тайне. - А чаму менавiта Сафiя? - Таму што яна моцная, шмат ведае i нiчога не баiцца. - Не баiцца? Але ж ты таксама не баiшся, хiба не? Ён крыху падумаў, потым сказаў: - Гэта праўда, я нiчога не баюся. Эх, як бы мне хацелася, каб я мог нiчога не баяцца, як Сафiя i Джанатан! Але замест гэтага я сядзеў такi напалоханы, што ледзьве мог што-небудзь думаць. - А тое, што галубы Сафii лётаюць з тайнымi лiстамi, гэта вядома ўсiм? - Толькi тым, каму мы сапраўды можам давяраць. Але сярод iх аказаўся здраднiк. I гэтага дастаткова. Вочы ў Джанатана зноў пацямнелi, i ён з сумам сказаў: - У Вiяланты, калi яе падстрэлiлi мiнулай ноччу, было сакрэтнае пасланне ад Сафii, i калi гэта пасланне трапiць у рукi Тэнджыла, то гэта прынясе няшчасце многiм жыхарам Далiны Дзiкай Ружы. Я падумаў: "Як гэта жахлiва, што хтосьцi забiў галубка - такога белага i невiнаватага, нават калi ён нёс сакрэтны лiст". Раптам мне згадалiся таямнiчыя лiсты, якiя захоўвалiся ў нас у шафе. Я запытаўся ў Джанатана, цi бяспечна захоўваць iх у нас? - Так, гэта небяспечна, - адказаў Джанатан. - Але было б яшчэ больш небяспечна захоўваць iх у Сафii. Шпiёны Тэнджыла, калi б яны прыйшлi ў Вiшнёвую Далiну, пачалi б шукаць iх перш за ўсё ў яе, а не ў хлопчыка-садоўнiка. Мне было прыемна чуць, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк, якi працуе ў Сафii, а яе блiзкi таварыш па барацьбе супраць лiхадзея Тэнджыла. - Сафiя так вырашыла сама, - сказаў ён. - Яна не хацела, каб хто-небудзь у Вiшнёвай Далiне ведаў пра гэта. I ты паклянiся, што нiкому нiчога не скажаш, пакуль Сафiя не скажа пра ўсё гэта сама. Я пакляўся, што хутчэй памру, чым скажу што-небудзь пра пачутае. Мы паснедалi ў Сафii, а потым паехалi дадому. Але быў яшчэ адзiн чалавек, якi выязджаў з дому ў гэту ранiцу. Мы сустрэлi яго, калi выязджалi з Далiны Цюльпанаў. Гэта быў чалавек з рыжай барадой. Як жа яго называлi? Губерт? - Вы, здаецца, наведвалi Сафiю? Што вы ў яе рабiлi, цiкава? - Я палоў у яе агарод, - адказаў Джанатан, паказваючы яму свае рукi. - А вы што, палюеце? - запытаў ён у сваю чаргу ў рыжабародага, звярнуўшы ўвагу на лук, прывязаны да яго сядла. - Так, хачу падстрэлiць пару зайцоў, - адказаў Губерт. Я адразу прыгадаў нашых маленькiх трусоў, якiя чакалi нас дома, i з палёгкай уздыхнуў, калi Губерт прышпорыў каня i хутка паехаў. - Што ты думаеш пра Губерта? - пацiкавiўся я ў Джанатана. Брат крыху падумаў. - Ён самы трапны стралок у Вiшнёвай Далiне. Больш нiчога не сказаў, крануў павады, i мы паехалi. Лiст, якi даставiла Палома, Джанатан хаваў у маленькiм скураным кашальку пад кашуляй, а калi мы прыехалi дадому, ён паклаў гэты кавалачак паперкi ў тайнiку ў шафе. Але спачатку дазволiў мне прачытаць тое, што там было напiсана: "Орвар быў схоплены ўчора i цяпер зняволены ў пячоры Катлы. Хтосьцi ў Вiшнёвай Далiне, напэўна, выдаў яго сховiшча. Сярод вас ёсць здраднiк. Даведайцеся, хто". - Даведайцеся - хто, - сказаў Джанатан. - Як бы я хацеў даведацца, хто... У лiсце былi яшчэ нейкiя знакi, але незразумелыя i, напэўна, на нейкай таемнай мове, i Джанатан папярэдзiў, што мне няма патрэбы цiкавiцца гэтым, бо яно датычыць толькi Сафii. Але затое брат паказаў мне, як адчыняецца сакрэтная скрынка. Ён дазволiў некалькi разоў адчынiць i зачынiць яе. Потым ужо сам зачынiў яе, замкнуў i паклаў ключ у ступку. Праз увесь дзень у мяне не выходзiла з галавы перажытае, i таму ноччу я дрэнна спаў. Я думаў пра Тэнджыла i забiтых галубоў, пра вязня пячоры Катлы, у нейкi момант я, мабыць, ускрыкнуў i ад гэтага прачнуўся. Нечакана прахапiўшыся, я не паверыў сваiм вачам - я ўбачыў, што ў цёмным кутку каля шафы хтосьцi стаiць. Калi я ўскрыкнуў у сне, той, вiдаць, спалохаўся i знiк, як цёмны цень, у дзвярах, перш чым я канчаткова прачнуўся. Усё адбылося так хутка, i я падумаў, што ўсё гэта прымроiлася мне ў сне, але Джанатан, калi я разбудзiў яго i пра ўсё расказаў, быў iншай думкi. - Не-е-не, Сухарык, гэта быў не сон, нiякi не сон, гэта быў здраднiк! 6 - Тэнджылаў час калi-небудзь ды праб'е, - задумлiва прамовiў Джанатан. Мы ляжалi каля рэчкi ў зялёнай траве, а была такая ранiца, што проста не хацелася думаць, што ёсць на свеце Тэнджыл цi яшчэ якое-небудзь зло. Было зусiм цiха i спакойна, пад мостам каля камянёў ледзь чутна цурчэла вада, i толькi гэты шум, калi прыслухацца, можна было пачуць. Было проста здорава ляжаць на спiне, глядзець у вышыню i не бачыць нiчога, акрамя лёгкiх белых хмарак. Можна было так ляжаць i адчуваць сябе абсалютна шчаслiвым, цiха напяваючы сам сабе, i нi пра што не клапацiцца. Але Джанатан пачынае гаворку пра Тэнджыла, i я ў адказ пытаюся: - Што ты хочаш гэтым сказаць - "Тэнджылаў час калi-небудзь ды праб'е"? - А тое, што яго чакае, рана цi позна здараецца з усiмi тыранамi, адказаў Джанатан. - Яго раздушаць, як вош, i ён знiкне назаўжды. - Спадзяюся, што час гэты прыйдзе хутка. У адказ Джанатан прамармытаў штосьцi не вельмi зразумелае. - Ён моцны, гэты Тэнджыл. У яго ёсць Катла. Вось i зноў ён назваў гэта жахлiвае iмя. Мне хацелася спытаць пра яго яшчэ раз, але я стрымаўся. У такую дзiвосную ранiцу лепш нiчога не ведаць пра тую Катлу. Потым Джанатан паведамiў мне самае горшае, што можна прыдумаць: - Сухарык, пэўны час табе давядзецца пабыць аднаму ў Сядзiбе Рыцараў. Мне трэба з'ездзiць у Далiну Дзiкай Ружы. Ну як жа ён мог сказаць мне такую страшэнную навiну? Як ён мог падумаць, што я змагу застацца ў Сядзiбе без яго хоць на хвiлiну? Калi ён збiраецца кiнуцца проста ў Тэнджылаву пашчу, то я iду з iм. I я сказаў Джанатану пра сваё рашэнне. Ён паглядзеў на мяне вельмi дзiўна i сказаў: - Сухарык, ты ў мяне адзiн брат, якога я хачу абаранiць ад зла. Ты ж просiшся ўзяць цябе з сабой, калi мне патрэбна ўся мая сiла для чагосьцi яшчэ? Для таго, што сапраўды небяспечна. Але гэта мяне не супакойвала. Я быў такi ўстрывожаны i злосны, што ўсё ўва мне кiпела. - Дык навошта прымушаеш мяне заставацца тут аднаму, чакаць цябе, калi ты, можа, не вернешся? Я раптам прыгадаў той час, калi Джанатан памёр i пакiнуў мяне аднаго, а я ляжаў на сваёй канапе i не ведаў, цi ўбачу яго калi-небудзь зноў; о, гэта было падобна на зазiранне ў чорную дзiрку. I вось ён зноў хоча пакiнуць мяне, проста знiкнуць па нейкiх небяспечных справах, пра якiя я нiчагуткi не ведаю, i калi ён не вернецца, то на гэты раз нiякай надзеi ўжо не будзе, я застануся адзiн назаўсёды. Я ўсё больш i больш злаваўся, нават пачаў крычаць i, як нiколi раней, нагаварыў яму шмат непрыемнага i грубага. Пэўна ж, яму было вельмi нялёгка супакоiць мяне, але, у рэшце рэшт, усё скончылася тым, як ён хацеў. Бо я добра ведаў, што ён разумее ўсё лепш за мяне. - Глупства, безумоўна ж, я вярнуся, - гаварыў ён учора ўвечары, калi мы сядзелi ля камiна ў кухнi i грэлiся. Гэта быў наш апошнi вечар перад расстаннем. У мяне ўжо не было злосцi, я толькi ўсё больш i больш сумаваў, i Джанатан бачыў гэта. Ён быў да мяне вельмi ўважлiвы. Ён даў мне свежага хлеба з маслам i мёдам, расказваў легенды i казкi, але я не мог слухаць яго. Я думаў пра Тэнджыла, тое, што я даведаўся пра яго, не выходзiла з галавы. Я запытаў у брата - чаму ён павiнен адпраўляцца ў такое небяспечнае падарожжа? Хiба ён не можа застацца дома са мной i грэцца каля камiна? На гэта Джанатан адказаў, што ёсць справы, якiя трэба рабiць, нават калi гэта i вельмi небяспечна. - Чаму? - не зразумеў я. - Чаму... Бо ў другiм выпадку быў бы я не чалавек, а проста мярзотнiк. I Джанатан расказаў мне, што ён надумаў. А надумаў ён вызвалiць Орвара з пячоры Катлы. Орвар вельмi многа значыць, нават больш, чым Сафiя, без Орвара, напэўна, ужо зялёным далiнам Наджыялы быў бы канец. Было ўжо цёмна, агонь у камiне патух, настала ноч. Калi надышоў новы дзень, я ўжо стаяў каля брамы i назiраў, як ад'язджае Джанатан, паступова знiкаючы ў тумане; так тою ранiцай у Вiшнёвай Далiне паўсюдна слаўся туман. Паверце мне, калi Джанатан пачаў аддаляцца, а потым i зусiм знiк удалечынi, сэрца ў мяне гатова было разарвацца. Я застаўся адзiн. Гэта было невыносна. Ад гора я проста трацiў розум. Тады я кiнуўся ў стайню, адвязаў Ф'ялара, ускочыў у сядло i паскакаў наўздагон за братам. Мне трэба было ўбачыць яго яшчэ раз, перш чым згубiць назаўсёды. Я ведаў, што Джанатан збiраўся наведацца ў Сядзiбу Цюльпанаў, каб атрымаць указаннi ад Сафii, таму я скiраваў каня менавiта туды. Я iмчаўся наўскач i дагнаў яго ўжо каля самай Сядзiбы Цюльпанаў. Мне раптам стала сорамна, i я ўжо вырашыў схавацца, але Джанатан азiрнуўся i ўбачыў мяне. - Чаго ты хочаш? - строга запытаў ён. Сапраўды, чаго я хацеў? - А ты ўпэўнены, што вернешся? - прамармытаў я. Гэта было ўсё, што я мог сказаць. Пэўны час мы ехалi поплеч, потым спынiлiся, Джанатан выцер з маёй шчакi слёзы i сказаў: - Не плач, Сухарык. Мы сустрэнемся зноў - я абяцаю табе. Але гэта будзе не тут, гэта будзе ў Наджылiме... - У Наджылiме? - перапытаў я. - А што гэта такое? - Я раскажу табе пра гэта як-небудзь iншым разам. Цяжка апiсаць, як я сумаваў у тыя днi, калi быў адзiн у Сядзiбе Рыцараў, i як марудна цягнулiся днi. Вядома, я даглядаў сваю жывёлу. Я падоўгу затрымлiваўся ў стайнi каля Ф'ялара, а потым iшоў да трусоў i доўга размаўляў з iмi. Калi-нiкалi лавiў рыбу, вучыўся паляваць з лукам i стрэламi, але без Джанатана ўсё здавалася мне бессэнсоўным. Сафiя прыносiла мне ежу, i зноў мы гаварылi пра Джанатана. Я ўсё спадзяваўся, што яна скажа: "Ён хутка вернецца", але яна маўчала. Вельмi хацелася запытацца ў яе, чаму яна сама не пайшла выбаўляць Орвара, замест таго каб пасылаць Джанатана. Але што пытацца - я ж ведаў прычыну сам. Як расказваў мне калiсьцi Джанатан, Тэнджыл ненавiдзеў Сафiю. - Сафiя ў Вiшнёвай Далiне i Орвар у Далiне Дзiкай Ружы - яго самыя заклятыя ворагi, i, будзь упэўнены, ён цудоўна гэта ведае. - Ён трымае Орвара ў пячоры Катлы, i яму хацелася б кiнуць туды i Сафiю, каб яны абое загiнулi там. Гэты нягоднiк паабяцаў пятнаццаць белых коней таму, хто выдасць Сафiю, жывую цi мёртвую. Вядома ж, я разумеў, чаму Сафiя павiнна трымацца як мага далей ад Далiны Дзiкай Ружы i што iменна Джанатан павiнен быў пайсцi туды замест яе. Яны думалi, што Тэнджыл нiчога не ведаў пра яго, цi, прынамсi, спадзявалiся на гэта. Але ж быў нехта, хто здагадаўся, што Джанатан не проста хлопчык-садоўнiк: гэта быў чалавек, якi таемна прыходзiў да нас ноччу, чалавек, якога я паспеў убачыць каля шафы. I гэта вельмi непакоiла Сафiю. - Той чалавек ведае занадта многа, - сказала яна. Яна папрасiла неадкладна паведамiць ёй, калi хто-небудзь яшчэ раз суне нос на Сядзiбу Рыцараў. Я сказаў, што чужому не будзе чаго рабiць каля нашай шафы, таму што ўсе тайныя паперы мы перахавалi ў iншае месца, у табакерку, якую паклалi на самае дно меха з аўсом. Сафiя дастала яе i паклала туды яшчэ штосьцi. - Беражы гэта, я ведаю, што гэта не так проста, але ты абавязаны ўсё зберагчы. Асаблiва не па сабе мне было вечарамi i ноччу. Мне снiлiся жахлiвыя сны пра Джанатана, i калi я прачынаўся, мяне ахоплiваў непакой. Аднойчы ўвечары я паехаў да "Залатога Пеўнiка". Мне проста немагчыма было сядзець дома ў Сядзiбе Рыцараў, дзе так цiха, што, здавалася, можна пачуць мае думкi, а яны былi не з тых, што падымаюць дух. Калi я ўвайшоў, усе здзiўлена паглядзелi на мяне, менавiта здзiўлена, таму што я быў адзiн, без Джанатана. - Вось гэта навiна! - усклiкнуў Джосi. - З'яўляецца толькi палова братоў Львiнае Сэрца! Дзе ж ты дзеў Джанатана? На гэта пытанне адказаць было няпроста. Я памятаў, наконт чаго мяне папярэджвалi i пераконвалi Сафiя з братам: што б нi здарылася, нiкому не гаварыць, штб рабiў Джанатан i куды ён пайшоў. Нiводнай жывой душы! Не ведаючы, што адказаць, я рабiў выгляд, што не пачуў пытання. Але тут сядзеў i Губерт, яго таксама вельмi цiкавiла, дзе мой брат. - Дык дзе ж ён? - прагучала пытанне. - Не думаю, каб Сафiя адмовiлася ад свайго садоўнiка. - Джанатан на паляваннi, - сказаў я першае, што прыйшло ў галаву. - Ён у гарах, палюе на ваўкоў... Атрымалася даволi ўдала - мае словы былi добрай адчэпкай, бо сапраўды Джанатан неяк гаварыў, што ў гарах паявiлася шмат ваўкоў. Сафiя ў той вечар не прыйшла, але астатнiя жыхары Вiшнёвай Далiны сабралiся як звычайна. Яны, як заўсёды, спявалi песнi i весялiлiся. Толькi я не спяваў разам з усiмi, без Джанатана мне ўсё было не так, i з гэтай прычыны не хацелася тут доўга заставацца. - Не будзь такiм сумным, Карл Львiнае Сэрца, - падбадзёрыў мяне Джосi, калi я выходзiў. - Джанатан хутка закончыць сваё паляванне i вернецца дадому. О, як я быў удзячны яму за гэтыя словы! Ён па-сяброўску паляпаў мяне па плячы i даў з сабой некалькi смачных пiрожных. - Можаш паласавацца, пакуль вернецца Джанатан, - сказаў ён. Ён быў добры, гэты Залаты Певень. Пасля яго слоў мне нават стала не так самотна. Я прыехаў дадому, сеў каля агню i пачаў есцi пiрожныя. Хаця ўдзень i стаяла цёплае вясновае надвор'е, аднак тоўстыя сцены нашага дома яшчэ не прагрэлiся. У пасцелi было зябка, але неўзабаве я заснуў. У сне ўбачыў Джанатана, але сон быў такi жахлiвы, што я мiжволi прачнуўся. - Зараз, зараз, Джанатан! - закрычаў я. - Я iду! - У цемры, якая шчыльнай сцяной акружала мяне, я выскачыў з пасцелi. Мне чуўся роспачны крык, крычаў Джанатан! Ён клiкаў мяне, яму патрэбна была мая дапамога. Я зразумеў гэта. Мне хацелася кiнуцца тут жа ў цемру, каб прыйсцi яму на дапамогу, дзе б ён нi быў. Але я разумеў, што гэта немагчыма. Што я мог зрабiць? Не было, пэўна, чалавека больш бездапаможнага, чым я. Мне нiчога не заставалася, як залезцi зноў у пасцель i ляжаць, трасучыся ад страху i адзiноцтва. Але тым не менш настала ранiца, i пачаўся сонечны, ясны дзень. Цяпер, вядома, было цяжэй падрабязна ўспомнiць, якi страшны быў мой сон, але тое, што Джанатан клiкаў на дапамогу, я не мог забыць. Мой брат клiкаў мяне, дык цi ж я не павiнен быў хоць паспрабаваць памагчы яму? Гадзiнамi я сядзеў каля маiх трусоў i думаў, што я павiнен зрабiць. Параiцца не было з кiм, не было ў каго спытаць. Трэба было штосьцi вырашаць самому. Я не мог пайсцi да Сафii, таму што яна спынiла б мяне. Яна нiколi не дазволiла б мне, яна была разумнай жанчынай, а тое, што надумаў я, было справай не вельмi разумнай i бяспечнай. Нават вельмi небяспечнай, а я не быў такi смелы. Не ведаю, колькi я сядзеў, прытулiўшыся да сцяны стайнi i вырываючы траву. Неўзабаве вакол мяне не засталося нiводнай травiнкi. Мiналi гадзiны, i раптам мне прыгадалася, як Джанатан гаварыў, што не трэба баяцца здзяйсняць небяспечныя ўчынкi, iнакш ты не можаш называцца чалавекам, а будзеш проста маленькай дрэнню. I вось, я рашыўся. Я так ляпнуў кулаком па клетцы з трусамi, што яны падскочылi. Каб быць больш упэўненым у сабе, я сказаў уголас: - Я зраблю гэта! Я зраблю гэта! Я не маленькая дрэнь! I калi я рашыўся, стала так лёгка на душы! - Я ведаю, што мая праўда, - сказаў я трусам, таму што больш не было каму гэта сказаць. Цяпер яны здзiчэюць. Я выцягнуў iх з клеткi, узяў на рукi, вынес за браму сядзiбы i паказаў iм на Вiшнёвую Далiну. - Уся Далiна поўная травы, - сказаў я iм. - Тут бегае шмат вольных трусоў, з якiмi вы зможаце падружыцца. Думаю, тут будзе значна весялей, чым у клетцы, але бойцеся лiсы i Губерта. Трое з iх, здавалася, былi крыху здзiўлены, а астатнiя скакалi вакол, быццам не верачы, што гэта было праўдай. Потым яны паскакалi прэч i знiклi сярод зялёных валатовак. Я заспяшаўся дахаты, каб сабрацца. Я ўзяў коўдру, каб загарнуцца нанач, крэсiва, каб развесцi агонь, кашолку з аўсом для Ф'ялара, сумку з прадуктамi для мяне. Хаця ў мяне, акрамя хлеба, нiчога не было, але гэта быў добры хлеб, хлеб, якi спякла Сафiя. Я напакаваў хлебам сумку да самага верху. Бо я буду ў дарозе доўга, i калi хлеб скончыцца, мне давядзецца есцi траву, як трусам.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9
|