Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Дзікае паляванне караля Стаха

ModernLib.Net / Исторические детективы / Караткевіч Уладзімір / Дзікае паляванне караля Стаха - Чтение (стр. 9)
Автор: Караткевіч Уладзімір
Жанр: Исторические детективы

 

 


Свеціловіч засмяяўся:

— Мы з Беларэцкім вя-алікія паны. Як кажуць, пан — лазовы жупан, балоневыя лапці. А калі праўду казаць, трэба ўсіх такіх рэзаць разам з панятамі, бо з панят таксама паны некалі вырастаюць.

— Калі гэта толькі не сонная мара, гэтае дзікае паляванне. Ну, не было, ніколі не было чалавека, які схаваў бы ад мяне, лепшага паляўнічага, сляды. Здані, здані і ёсць.

Мы развіталіся з ім. Я таксама часткова быў згодзен з апошнімі словамі Рыгора. Нешта нечалавечае было ў гэтым паляванні. Гэты нялюдскі крык — такі не мог вылятаць з чалавечых грудзей. Пошчак капытоў, які гучаў толькі часам. Дрыкганты, парода, якая знікла, а калі нават і не знікла, дык хто ў гэтым закутку быў такі багаты, каб купіць іх. І пасля — як растлумачыць крокі ў калідоры? Яны ж неяк павінны быць звязаны з дзікім паляваннем караля Стаха. Хто такая гэта Блакітная Жанчына, якая мараю знікла ў ночы, калі яе двайнік (зусім нясхожы двайнік) мірна спаў у пакоі? І каму належаў той жахлівы твар, які глядзеў на мяне праз акно? Чэрап мой трашчаў. Не, штосьці нялюдскае, злачыннае, страшнае было тут, нейкая сумесь чартаўшчыны з рэальным!

Я зірнуў на Свеціловіча, які крочыў поруч са мною, вясёлы і гарэзлівы, як быццам гэтыя пытанні для яго не існавалі. Ранак і на самай справе быў цудоўны: шэранькі дзень, але за хмарамі ўгадвалася блізкае сонца, і кожны жоўты лісцік на дрэвах млеў, здаецца, нават пацягваўся ад насалоды пад цёплай не па-асенняму расяніцай. І нават нейкія птушкі пяшчотна і задумліва спявалі ў хмызах. Праз галявіну далёка пад намі бачна было роўнае займішча, далей — бязмежны абшар карычневых балот, верасовыя пусткі. Балотныя Яліны далёка за імі. І ўсё гэта мела нейкую сумную, не кожнаму зразумелую прыгажосць, якая кожнага сына гэтых панурых мясцін балюча і соладка кранае за сэрца.

— Бачыце, асінка выбегла на поле. Чырвоная, засаромелася бедная дзяўчынка, — расчуленым голасам вымавіў Свеціловіч.

Ён стаяў над урвішчам, аж падаўшыся наперад. Лёгкі ветрык развяваў яго доўгія прыгожыя валасы. Аскетычны рот стаў мяккім, блукаючая няпэўная ўсмешка была на ім. Вочы глядзелі ўдалячынь, і ўвесь ён здаваўся нейкім лёгкім, імпэтным, імкнучыся ў гэты бедны, дарагі абшар.

«Вось так і на крыж ідуць такія, — зноў падумаў я. — Прыгожую галаву пад мярзотную брудную сякеру…»

І сапраўды, нейкая прага жыцця і імкнення да самаахвяравання была ў гэтым прыгожым твары, у тонкіх, продкі-паэты сказалі б «лілейных», руках, у стройнай прыгожай шыі, цвёрдых карых вачах з доўгімі вейкамі, але з металічным бляскам углыбіні.

— Ах, зямля мая! — уздыхнуў ён. — Дарагая мая, адзіная! Як жа ж ты дрэнна ставішся да тых асінак, якія папярод усіх выбягаюць на поле, на святло. Першай засыпле іх снегам зіма, зламае вецер. Не спяшайся, дурненькая! Куды там! Яна не можа.

Я паклаў руку яму на плячо, але хутка зняў яе. Я адчуў, што ён зусім не я, што гэта зараз чалавек, які ляціць, якога няма тут, які нават не саромеецца высокіх слоў, якіх мужчыны звычайна ўнікаюць.

— Памятаеце, Беларэцкі, вашу прадмову да «Беларускіх песень, балад і легенд». Я памятаю: «Горка стала беларускаму майму сэрцу, калі пабачыў я такую занядбанасць нашых лепшых, залатых нашых слоў і спраў». Цудоўныя словы, за іх толькі даруюць вам усе грахі. А што ж казаць, калі не толькі беларускае маё, калі чалавечае маё сэрца баліць ад занядбанасці нашай і агульнай, ад болю, ад бяссільных слёз няшчасных матак. Нельга, нельга так жыць, дарагі Беларэцкі. Чалавек добры, а з яго робяць жывёлу. Ніхто, ніхто не хоча даць яму магчымасць быць чалавекам. Відаць, нельга проста крыкнуць: «Абдыміцеся, людзі!» І вось ідуць людзі, на дыбу ідуць. Не дзеля славы, а дзеля таго, каб забіць пакуты сумлення, — як часам ідзе чалавек, не ведаючы дарогі, у пушчу, ратаваць сябра, бо сорамна, сорамна стаяць. Ідуць, блытаюць, гінуць. Ведаюць толькі, што не такім павінен быць чалавек, што нельга яму абяцаць райскую канюшыну, што шчасце яму патрэбна пад гэтымі вось дымнымі столямі. І мужнасць іхняя большая, чым у Хрыста: яны ведаюць, яны не ўваскрэснуць пасля распяцця. Толькі крукі над імі будуць лётаць ды плакаць жанчыны. І, галоўнае, святыя іхнія маці.

Ён здаўся мне ў гэтую хвіліну такім прыўкрасным, такім нялюдскім чалавекам, што я з жахам праз завесу будучага прададчуў яго смерць. Такія не жывуць. Дзе гэта будзе? На прэнгу ў катоўні? На шыбеніцы перад народам? У безнадзейнай бойцы інсургентаў з войскам? За пісьмовым сталом, за якім яны спяшаюцца запісаць апошнія палаючыя думкі, дыхаючы кавалкамі лёгкіх? У калідорах турмаў, калі ім страляюць у патыліцу, не насмельваючыся зірнуць у вочы? Вочы яго блішчалі.

— Каліноўскі ішоў на шыбеніцу. Пяроўскую, жанчыну, на якую глянуць было толькі — і памірай, на эшафот… Гэткую прыгажосць — бруднай шворкай за шыю. Ведаеш, Яноўская на яе трохі падобная. Таму і яе абагаўляю, хоць гэта не тое. А яна шляхцянка была, Значыцца, ёсць выхад і для некаторых з нашых. Толькі па гэтай дарозе, калі не хочаш згнісці жыўцом… Душылі. Думаеш, усіх перадушылі? Расце сіла. З імі хоць рабром на круку вісець, абы не імчала над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха, жах мінулага, апакаліпсіс ягоны, смерць. Вось скончу я толькі гэта і паеду. Скончу хутка, думка ў мяне з'явілася. А там… эх, не магу я тут. Ведаеш, якія ў мяне ёсць сябры, што мы павінны распачаць?! Калаціцца будуць тыя, тлустыя. Не перадушылі. Моцным пажарам пахне. І гады, гады наперадзе! Колькі пакуты, колькі шчасця! Якая залатая, чароўная далячынь, якая будучыня чакае!

Слёзы пырснулі з вачэй гэтага чалавека. Я не вытрымаў і кінуўся яму на шыю. Не памятаю, як мы развіталіся. Памятаю толькі, як стройная юнацкая яго постаць вымалявалася на верхавіне кургана. Ён павярнуўся да мяне на хвіліну, махнуў капелюхам, крыкнуў:

— Гады наперадзе! Далячынь! Сонца!

І знік. Я пайшоў адзін дадому. Я верыў, зараз мне ўсё па плячы. Што змрок Балотных Ялін, калі наперадзе сонца, далячынь і вера? Я верыў, верыў, што ўсё зраблю, што жывы народ, калі ў ім з'яўляюцца часам такія людзі. Дзень быў яшчэ наперадзе, такі вялікі, ззяючы, магутны. Вочы мае глядзелі насустрач яму і сонцу, якое пакуль што хаваецца сярод хмар.

РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

У той самы вечар, гадзін каля дзесяці, я ляжаў, схаваўшыся ў здзічэлым невысокім бэзе і высокай траве якраз каля паваленай агароджы. Настрой бясстрашнасці яшчэ непадзельна валодаў мною (ён так і не знік да канца майго прабывання ў Балотных Ялінах). Здавалася, што гэта не маё, любімае мною, хударлявае і моцнае цела могуць дзяўбці крумкачы, а чыёсьці іншае, да якога мне няма ніякай справы. А між тым абставіны былі невясёлыя: і я, і Рыгор, і Свеціловіч торкаліся ў розныя бакі, як кацяняты ў кошыку, і не адкрылі злачынцаў. І месца было невясёлае. І час — таксама.

Было амаль зусім цёмна. Над роўнай пахмурай паверхняй прорвы накіпалі нізкія чорныя хмары, бліжэй да ночы абяцалі зліву (восень была наогул дрэнная, змрочная, але з чыстымі буйнымі злівамі, амаль як летам). Ветрык узняўся быў, зашумелі чорна-зялёныя піраміды ялін», але потым зноў сціхнуў. Хмары павольна, вельмі павольна каціліся наперад, нагрувашчваліся над безнадзейным роўным краявідам. Недзе далёка-далёка бліснуў агеньчык і, сарамліва паміргаўшы, згас. І пачуццё самоты ўладна ахапіла сэрца. Я быў чужы тут. Свеціловіч сапраўды варты Надзеі Раманаўны, а я так патрэбны як дзірка ў плоце.

Ці доўгі час я так ляжаў, ці не — не скажу. Хмары, даходзячы да мяне, рабіліся радзей, але на даляглядзе грувасціліся новыя.

Дзіўны гук уразіў мой слых: недзе далёка і, як мне здалося, у правым баку ад мяне спяваў паляўнічы рог. І хоць я ведаў, што ён гучыць у баку ад шляху дзікага палявання, я мімаволі стаў часцей пазіраць у той край. Непакоіла мяне яшчэ і тое, што на балотах пачалі з'яўляцца там-сям белыя лапікі туманоў. Але тым справа і скончылася. Раптам другі гук даляцеў да мяне, недзе шастаў сухі верас. Я глянуў у той бок, пачаў углядацца да болю ў вачах і нарэшце заўважыў на фоне чорнай істужкі далёкіх лясоў рух нейкіх плям.

Я заплюшчыў на хвіліну вочы, а калі адкрыў іх, пабачыў, што проста перада мною і зусім недалёка вымалёўваюцца на раўніне туманныя сілуэты коннікаў. Зноў, як у той раз, бязгучна ляцелі яны перада мною страшэннымі скачкамі проста ў паветры. І поўнае маўчанне, быццам я аглух, вісела над імі. Вострыя шлыкі, валасы і плашчы, якія луналі ў паветры, дзіды — усё гэта адбілася ў маёй памяці. Я пачаў паўзці бліжэй да цаглянага падмурка агароджы. Паляванне разгарнулася, пасля сабралася ў натоўп, бязладны і імклівы, і пачало заварочваць. Я дастаў з кішэні рэвальвер.

Іх было мала, іх было менш, як заўсёды, — коннікаў восем. Куды ж ты падзеў астатніх, кароль Стах? Куды яшчэ даслаў?

Я паклаў рэвальвер на сагнуты локаць левай рукі і стрэліў. Я добры стралок і трапляў у цэль нават амаль у поўнай цемры, але тут здарылася дзіўнае: коннікі скакалі далей. Я прыкмеціў задняга — высокага прывіднага мужчыну, — стрэліў: хоць бы хто пахіснуўся.

Але дзікае паляванне, як быццам жадаючы даказаць мне сваю прывіднасць, развярнулася і скакала бокам да мяне, недасяжнае для маіх стрэлаў. Я пачаў адпаўзаць задам да хмызоў і толькі паспеў наблізіцца да іх, як хтосьці скокнуў на мяне з-за хмызоў і жахлівым цяжарам прыціснуў да зямлі. Апошняе паветра вырвалася з маіх грудзей, я нават вохнуў. І адразу зразумеў, што гэта чалавек, з якім мне не выпадае цягацца па вазе і сіле. А ён спрабаваў круціць мне назад рукі і свісцячым шэптам сіпеў:

— С-стой, ч-чорт, ч-чакай… Не ўц-цячэш, бан-дзюк, заб-бойца… Тр-рымайся, няўдалы…

Я зразумеў, што, калі не ўжыву ўвесь свой спрыт, я загіну. Памятаю толькі, што з жалем сачыў за прывідным паляваннем, у якое я страляў і якому ані на волас не пашкодзіў. У наступны момант я, адчуваючы, што рука яго крадзецца да маёй глоткі, старажытным прыёмам падбіў яго руку, і нешта цёплае палілося на мой твар: ён уласнай рукою разбіў сабе нос. Пасля гэтага я, схапіўшы яго руку, пакаціўся па зямлі, заламіўшы яе пад сябе. Ён войкнуў, і я зразумеў, што і наступны мой ход меў поспех. Але адразу за тым я атрымаў такі ўдар між броваў, што балоты закруціліся перада мною. Шчасце, што я інстынктыўна паспеў напружыць мускулы жывата, і апошні ўдар, пад дыхала, не ўчыніў мне шкоды. Рукі, валасатыя, навобмацак, цягнуліся ўжо да маёй глоткі, калі я прыпомніў параду майго дзеда супраць мацнейшага праціўніка. Неймаверным выкрутам я павярнуўся на спіну, паддаў рукою цяжкі жывот невядомага і сукуў яго каленам, маім вострым і жорсткім каленам, у прычыннае месца. Ён інстынктыўна падаўся на мяне тварам і грудзьмі, і тады я, сабраўшы апошнія сілы, каленам і рукамі, выцягнутымі далей ад галавы, паддаў яго ў паветра. Гэта, напэўна, атрымалася нават занадта моцна: ён пераляцеў цераз галаву, зрабіў паўкруг у паветры і гэпнуўся ўсім цяжкім — ох, якім цяжкім! — целам аб зямлю. Адначасова я страціў прытомнасць.

…Калі я ачуняў, я адразу пачуў, што недзе за маёй галавою хтось стогне. Ён не мог яшчэ ўзняцца, а я з вялікім намаганнем ужо спрабаваў стаць на ногі. Я вырашыў сунуць яго нагою пад сэрца, пазбавіць дыхання, але пакуль што ўгледзеўся ў балота, дзе знікла дзікае паляванне. І раптам пачуў вельмі знаёмы голас таго, хто крахтаў:

— Ах, чорт, які гэта тут ёлуп! Якая падла! Балеснічкі нашы святыя!

Я зарагатаў. Той самы голас адазваўся:

— Гэта вы, пане Беларэцкі! Наўрад ці з гэтага дня я змагу быць жаданым госцем у жанчын. Во-ох! Ах, каб вас, каб! Крычалі б, што гэта вы. Чаго паўзлі ад агароджы?! Толькі ў памылку ўвялі. А гэтыя чэрці зараз унь дзе, каб вас ліха… прабачце.

— Пане Дубатоўк! — зарагатаў я з палёгкаю.

— Каб вас, пан Беларэцкі, халера ўхапіла… во-ох… прабачце. — Вялізны цень сеў, трымаючыся за жывот. — А гэта я пільнаваў. Занепакоіўся. Дайшлі да мяне чуткі, што дрэннае нешта робіцца з маёй доняй. В-ох! І ты таксама вартаваў? А каб цябе пярун шаснуў на божае нараджэнне!…

Я падняў з зямлі рэвальвер.

— І чаго вы так на мяне, пане Дубатоўк?

— А чорт яго ведае! Паўзе нейкая гліста, дык я вось і схапіў. Балеснічкі нашы! Каб цябе бацькі на тым свеце сустрэлі, як ты мяне на гэтым, як жа ж ты, падла, балюча б'ешся.

Выявілася, што дзед і без нашых папярэджанняў даведаўся пра наведванні дзікага палявання і вырашыў падпільнаваць яго, «калі маладыя ўжо такія захэканцы і бабздыры, што не могуць абараніць жанчыны». Канец гэтай прыкрай сустрэчы вы ўжо назіралі. Ледзь стрымліваючы рогат, які мог здацца непачцівым, я пасадзіў стогнучага Дубатоўка на яго дрэннага коніка, які чакаў непадалёк. Ён узлез на яго, стогнучы і кленучы свет, сеў бокам, буркнуў нешта накшталт «д'ябал пацягнуў са зданямі змагацца — нарваўся на дурня з вострымі каленямі» і паехаў.

Ягоны прыгнечаны твар, уся яго скасавураная постаць былі такія жаласныя, што я ледзь не пырскаў. А пасля ён паехаў у напрамку да сваёй хаты, стогнучы і праклінаючы ўсіх маіх сваякоў да дваццатага калена.

Ён знік у цемры, і тут невытлумачальная трывога кальнула ў маё сэрца. Гэта ў падсвядомасці варушылася нейкая жахлівая думка, рыхтуючыся з'явіцца на свет божы. «Рукі?» Не, я так і не мог прыпамятаць, чаму хвалюе мяне гэта слова. Тут было нешта другое… Ага, чаму іх так мала? Чаму толькі восем прывідных коннікаў з'явілася сёння ля паваленай агароджы? Куды падзеліся астатнія? І раптам дзікая трывожная думка выплыла проста на язык: «Свеціловіч. Яго сустрэча з чалавекам у Халоднай лагчыне. Яго дурны жарт пра дзікае паляванне, які можна было зразумець так, быццам у яго ёсць нейкія цвёрдыя падазрэнні, што ён выкрыў удзельнікаў гэтай справы. Божа! Калі гэты чалавек сапраўды бандзюк, ён немінуча зробіць спробу забіць Свеціловіча сёння ж. Таму іх і мала! Напэўна, другая палова накіравалася да майго новага друга, а гэтыя — да Балотных Ялін. Можа, яны і размову нашу бачылі, мы ж, як дурні, стаялі сёння над урвішчам. Ох, якую памылку, калі ўсё гэта так, зрабіў ты, Андрэй Свеціловіч, не расказаўшы нам, хто быў гэты чалавек!»

Я разумеў, трэба спяшацца, трэба спяшацца так, як ніколі ў жыцці. Можа, я яшчэ паспею. Поспех нашай справы і жыццё добрай юнацкай душы залежалі ад хуткасці маіх ног. І я пабег так, як не бегаў нават у тую ноч, калі за мною гналася дзікае паляванне караля Стаха. Я ўзяў нацянькі праз парк, пералез у адным месцы праз агароджу і прыпусціўся бегчы да хаты Свеціловіча. Я не ляцеў як шалёны, я добра ведаў, што мяне не выстачыць на ўсю дарогу, а таму бег размерана, прыціснуўшы локці да бакоў. Трыста крокаў бягом, як толькі магчыма, хутка, пяцьдзесят крокаў хуткай хадою — так я вырашыў. І я прытрымліваўся гэтага, хоць сэрца маё пасля першых дзвюх вёрст здатна было выскачыць з грудзей. Пасля пайшло лягчэй, я бег і ішоў амаль машынальна і толькі павялічыў норму бегу на чатырыста крокаў. Шлёп-шлёп-шлёп — і так чатырыста разоў, топ-топ — пяцьдзесят разоў. Туманныя, амаль не заўважаныя мной, праплывалі міма самотныя яліны і верас; у грудзях балюча пякло; свядомасць амаль не працавала. Пад канец я лічыў крокі машынальна. Я так стаміўся, што з радасцю лёг бы на зямлю або хоць павялічыў колькасць такіх спакойных і прыемных крокаў на два. Але я сумленна змагаўся са спакусаю.

Так я прыбег да Свеціловічавай хаціны, маленькага пабеленага будыначка ў чэзлым садзіку. Проста па пустых градах, душачы там-сям апошнія капусныя качаны, я памчаў да ганка, упрыгожанага чатырма драўлянымі калонамі, і пачаў барабаніць у дзверы. Спакойны агеньчык у крайнім акне замігцеў, пасля старэчы голас спытаў з-за дзвярэй:

— Каго гэта тут носіць?

Гэта быў стары дзед, былы «дзядзька», які жыў разам са Свеціловічам.

— Адчыні, Кандрат. Гэта я, Беларэцкі.

— А Божа ж мой! А што здарылася? Чаго так захэкаліся?

Дзверы адчыніліся. Кандрат у доўгай кашулі і валёнках стаяў перада мною, трымаючы ў адной руцэ стрэльбу, а ў другой — свечку.

— Пан дома? — ліхаманкава спытаў я.

— Н-няма, — спакойна адказаў ён.

— А куды пайшоў?

— А скуль мне ведаць? Хіба ён дзіцёнак, пане, каб казаць, куды ідзе.

— Вядзі ў пакой, — грымнуў я, знерваваны гэтай халоднай непарушальнасцю.

— Нашто?

— Можа, ён пакінуў нейкую запіску.

Мы ўвайшлі ў пакой Свеціловіча. Аскетычны ложак пад шэрай коўдраю, вымытая да жаўцізны і нацёртая воскам падлога, кілім на ёй. На простым сасновым стале некалькі тоўстых кніг, паперы, раскіданыя пер'і. На сцяне партрэты: гравіраваны — Марата ў ванне, паражонага кінжалам, алоўкам — Каліноўскага. На другой сцяне карыкатура: Мураўёў з бізуном у руцэ стаіць на кучы чарапоў. Яго бульдожы твар грозны. Каткоў, нізка схіліўшыся, ліжа яму зад.

Я пераварушыў на стале ўсе паперы, але ў запале нічога не адшукаў, акрамя аркуша, на якім рукою Свеціловіча было напісана: «Няўжо ён?» Я хапіў пляцёнку для папер і высыпаў яе на падлогу: там нічога цікавага, толькі канверт з шурпатай паперы, на якім лёкайскім почыркам было напісана: «Андрусю Свеціловічу».

— Былі сёння пану якія лісты? — спытаў я ў конча здзіўленага Кандрата.

— Быў адзін, я знайшоў яго пад дзвярыма, калі вярнуўся з агародчыка. І аддаў, вядома.

— Ён быў не ў гэтым канверце?

— Чакайце… Ну, вядома, так.

— А дзе сам ліст?

— Ліст? Д'ябал яго ведае. Хіба, можа, у печцы?

Я кінуўся да печкі, адчыніў дзверцы — адтуль шыбанула не вельмі гарачым духам. Я пабачыў ля самых дзверцаў маленькі лапік белай паперы. Схапіў яго — почырк быў той самы, што на канверце.

— Шчасце тваё, чортава душа, — вылаяўся я, — што ты рана вытапіў печку.

Але гэта было яшчэ не зусім шчасцем. Паперка была складзена ўдвая, і той яе бок, што быў бліжэй да жарынак, зараз ужо ўкрытых шэрым попелам, стаў зусім карычневым. Літар там нельга было разабраць.

«Андрусь! Я даведаўся, што ты цікавішся дзікім паляваннем… ха… Надзеі Раманаўне небяспека… мая до… (тут быў выпалены асабліва вялікі кавалак) …кутавае. Сёння я размаўляў з панам Беларэцкім. Ён згодзен… пайшоў у павет… Дрыкганты — гало… ка… Калі атрымаеш ліст — адразу прыходзь да… ніны, дзе тры асобныя хвоі. Я і Беларэцкі будзем чакаць… ічкі на… што гэта коіцца на зя… Прыходзь неадменна. Ліст спалі, бо мне асабліва небяспеч… Тв… ся… Над імі таксама жахлівая небяспека, якую можаш папярэдзіць толькі ты… (зноў выпалена многа) …одзь.

Твой добразычлівы Лікол…»

Справа была яснай: хтосьці прыслаў ліст, каб выбавіць Свеціловіча з хаты. Ён паверыў. Відаць, той, хто пісаў, быў яму добра знаёмы. Тут замыслілі нешта езуіцкі вытанчанае. Каб ён не пайшоў да мяне, напісалі, што размаўлялі са мною, што я пабег у павет, што я буду чакаць яго недзе «…ніны, дзе тры асобныя хвоі». Што гэта за «…ніны»? Да лагчыны? Да раўніны? Марудзіць не было калі.

— Кандрат, дзе тут непадалёк на раўніне тры асобныя хвоі?

— Ляд яго ведае, — задумаўся ён. — Хіба што толькі ля Волатавай прорвы. Там стаяць тры вялізныя хвоі. Гэта там, дзе коні караля Стаха, — кажуць людзі, — ускочылі ў дрыгву. А што такое?

— А тое, што над панам Андрэем жахлівая небяспека… Даўно ён пайшоў?

— Ды не, напэўна, гадзіну таму.

Я выцягнуў яго на ганак, і ён, ледзь не плачучы, паказаў мне шлях да трох хвой. Я загадаў яму заставацца тут, а сам пабег. Я не ішоў на гэты раз, перамяжаючы бег. Я ляцеў, я імчаў, я выкладваў апошнія сілы, як быццам хацеў там, ля трох хвой, упасці мёртвым. На хаду я скінуў куртку, шапку, выкінуў з кішэняў залаты партабак і кішэнькавае выданне Дантэ, якое заўсёды насіў з сабою. Бегчы стала трохі лягчэй. Я скінуў бы нават боты, каб для гэтага не трэба было затрымацца. Гэта быў шалёны бег. Па маіх разліках, я павінен быў дабегчы да хвой хвілін на дваццаць пазней друга. Жах, адчай, нянавісць надавалі мне сілы. Вецер, які ўзняўся раптам, падштурхваў у спіну. Я не заўважаў, што хмары нарэшце заснавалі ўсё неба, што нешта цяжкае, давячае навісла над зямлёю: я — імчаў…

Тры вялізныя хвоі ўжо вымалёўваліся над чэзлымі хмызамі, а над імі была такая цемра, такое змрочнае неба… Я рынуўся ў хмызы, ламаючы іх нагамі. І тут… здалёк прагучаў стрэл старажытнага пулгака.

Я крыкнуў дзікім голасам, і, як быццам у адказ на мой крык, цішыню ночы раздзёр шалёны тупат конскіх капытоў.

Я выскачыў на паляну і пабачыў далёка цені дзесяці коннікаў, якія на поўным намёце паварочвалі ў хмызы. А пад соснамі я пабачыў чалавечую постаць, якая павольна, вельмі павольна асядала на зямлю.

Пакуль я дабег туды, чалавек упаў дагары тварам і шырока раскінуўшы рукі, як быццам жадаў целам сваім прыкрыць сваю зямлю ад куль. Я паспеў яшчэ стрэліць некалькі разоў у бок уцякаючых коннікаў, мне здалося нават, што адзін з іх пахіснуўся ў сядле, але адразу за гэтым выбух нечаканага гора зваліў мяне на калені поруч з ляжачым чалавекам.

— Брат! Брат мой! Брат!

Ён ляжаў перада мною зусім як жывы, і толькі маленькая ранка, з якой амаль не цякла кроў, гаварыла мне жорсткую непапраўную праўду.

Куля прабіла скронь і выйшла ў патыліцу. Я глядзеў на яго, на гэта бязлітасна загубленае маладое жыццё, я ўчапіўся ў яго рукамі, зваў, тармасіў і выў, як воўк, як быццам гэта магло дапамагчы.

Пасля сеў, узяў яго галаву на калені і пачаў гладзіць валасы.

— Андрусь! Андрусь! Прачніся! Прачніся, дарагі!

Мёртвы, ён быў прыгожы нейкай вышэйшай, нечалавечай, прыгажосцю. Твар закінуты, галава павісла, і стройная шыя, як выразьбленая з белага мармуру, ляжала на маім калене. Доўгія светлыя валасы пераблыталіся з сухой жоўтай травою, і яна лашчыла іх. Рот усміхаўся, быццам смерць прынесла яму нейкую разгадку жыцця, вочы былі мірна закрыты, і доўгія веі зацянялі іх. Рукі, такія прыгожыя і моцныя, што жанчыны маглі б цалаваць іх у хвіліну шчасця, ляжалі ўздоўж цела, як быццам адпачывалі.

Як скарбячая маці, сядзеў я, паклаўшы на калені сына, які прайшоў пакуты на крыжы. Я выў над імі і кляў Бога, бязлітаснага да свайго народа, да лепшых яго сыноў.

— Божа! Божа! Усемагутны, усяведны! Каб ты знік, адступнік, які прадаў свой народ.

Нешта бабухнула нада мною, і ў наступны момант цэлы акіян вады, жахлівая зліва абурылася на балоты і пусткі, на загублены ў лясах край. Стагналі пад ім яліны, прыгіналіся да зямлі. Ён біў мне ў спіну, якою я закрыў твар мёртвага, выў, наўскос, парывамі паласаваў зямлю.

Я сядзеў, як звар'яцелы, не заўважаючы нічога. Словы лепшага чалавека, якія я чуў некалькі гадзін таму, гучалі ў маіх вушах.

«Сэрца маё баліць… ідуць, гінуць, блытаюць, бо сорамна стаяць… і не ўваскрэснуць пасля распяцця… Але, думаеш, усіх перадушылі? Гады, гады наперадзе! Якая залатая, якая чароўная далячынь, якая будучыня чакае!… Сонца!»

Я застагнаў. Сонца закацілася за хмары, будучыня, забітая і халадзеючая пад дажджом, ляжыць тут, на маіх каленях.

Я плакаў, дождж заліваў мае вочы, ліўся ў рот. А рукі мае ўсё гладзілі гэту залатую юнацкую галаву.

— Радзіма мая! Гаротная маці! Плач!

РАЗДЗЕЛ ДВАНАЦЦАТЫ

Крукі здалёк чуюць мёртвага. Наступнага дня з'явіўся ў яноўскае наваколле станавы прыстаў, вусаты і вельмі прыгожы мужчына. Ён з'явіўся без доктара, агледзеў месца забойства, сказаў важка, што слядоў ніякіх знайсці нельга з-за злівы (Рыгор, ходзячы за ім, толькі ўсміхнуўся горка ў вусы), пасля агледзеў цела забітага, пакруціўшы белымі пульхнымі пальцамі яго галаву, і пасля сказаў:

— Н-ну і пеканулі!… Адразу лёг.

Пасля ён закусваў і піў гарэлку ў дальнім пакоі хаты Свеціловіча, непадалёк ад залы, дзе ляжаў на стале нябожчык і дзе ягоны дзядзька захлынаўся ад слёз, а я сядзеў, літаральна прыбіты горам і дакорамі сумлення. Для мяне нічога не існавала ў тыя хвіліны, акрамя тонкай свечкі, якую трымаў у тонкіх прыгожых руках Андрэй: яна клала ружовыя водбліскі на белую, з карункамі на грудзях, кашулю, якую дзядзька выцягнуў з куфра. Але ж трэба было мне даведацца, што думаюць улады пра гэта забойства і што яны думаюць рабіць.

— Нічога, на жаль, нічога, — адказаў прыемным пераліўчатым голасам станавы, гуляючы чорнымі аксамітнымі бровамі. — Гэта дзікі кут — і расследаванне тут немагчыма. Я разумею вашу высакародную тугу… Але што тут магчыма зрабіць? Тут некалькі год таму была сапраўдная вендэта (ён вымаўляў «вандэта», і, відаць, гэта слова вельмі яму падабалася). І што мы маглі зрабіць? Такі ўжо звычай. Напрыклад, мы таксама маглі б прыцягнуць да адказнасці вас, бо вы, як самі кажаце, ужывалі зброю супраць гэтых… м-м… паляўнічых. Мы не зробім гэтага. І што нам да гэтага? Магчыма, гэта было забойства з-за прыгожага полу. Кажуць, што ён быў закаханы ў гэтую (ён сыта варухнуў бровамі)…у гаспадыню Балотных Ялін. Нічога сабе… А можа, гэта і наогул было самагубства? Нябожчык быў «меланхолік», х-хе, пакутнік за народ.

— Але ж я сам бачыў дзікае паляванне.

Твар станавога пачырванеў.

— Дазвольце мне не паверыць. Казкі аджылі-с. Мне здаецца, што наогул ваша знаёмства і з ім трошкі… М-м… п-падазронае. Я не хачу наводзіць на вас цень, але… вельмі падазроным з'яўляецца таксама тое, што вы так упарта імкнецеся звараціць увагу следства на другіх, на нейкае дзікае паляванне.

Я выцягнуў з запісной кніжкі закалены аркушык паперы:

— У мяне ёсць дакумент, што яго выбавілі з хаты.

Твар станавога зусім пачырванеў, вочы забегалі.

— Які дакумент? — жадобна спытаў ён, і рука яго працягнулася да мяне. — Вы павінны перадаць яго следству, і, калі пабачаць, што ён чагосьці варты, яго падшыюць да справы.

Я схаваў аркушык, такімі няпэўнымі здаліся мне яго вочы і гэтая сквапная працягнутая рука.

— Я сам перадам яго, калі і каму палічу патрэбным.

— Ну што ж, — станавы праглынуў нешта, — ваша справа-с, шаноўны. Але я параіў бы вам не дражніць гусей. Тут варварскае насельніцтва (і ён шматзначна паглядзеў на мяне), могуць і забіць.

— Я гэтага не вельмі баюся. Скажу толькі, што, калі паліцыя займаецца замест прамых спраў разважаннямі, самі грамадзяне павінны абараняць сябе. А калі выканаўчыя ўлады прыкладваюць усе намаганні, каб толькі замяць справу, — гэта пахне вельмі непрыемна і штурхае людзей на самыя нечаканыя думкі.

— Гэта што, — бровы станавога карцінна папаўзлі некуды да валос, — абраза ўлад?

— Крый мяне Божа! Але гэта дае мне права даць копію з гэтага ліста некуды ў губерню.

— Справа вашая, — станавы пакалупаў у зубах. — Але паслухайце, дарагі пан Беларэцкі. Трэба прымірыцца. Наўрад ці нават у губерні будзе прыемна начальству, калі яно даведаецца, што вучоны так абараняе былога крамольніка.

Ён галантна, грудным барытонам, умаўляў мяне. Бацька не мог бы быць такім уважлівым да сына.

— Чакайце, — спытаў я, — у нас што, ёсць закон, па якому лібералы аб'яўляюцца па-за законам, агалошваюцца парыямі? Мярзотнік можа іх забіць і не несці адказнасці?

— Не перабольшвайце, дарагі Беларэцкі, — з пыхатай самазадаволенасцю сказаў прыгажун, — вы схільны перабольшваць жахі ў жыцці.

Гэты неразумны хрэн (іншага слова я не магу падабраць) лічыў, напэўна, што смерць чалавека — «перабольшванне жахаў».

— А я вам кажу, — сказаў я з залпам, — што справу трэба перадаваць у суд, распачаць судовае даследаванне. Тут — злосная задума. Людзей тут робяць вар'ятамі, і, вядома, з намерамі. На ўсю ваколіцу яны наводзяць жах, тэрарызуюць народ, забіваюць людзей.

На твары станавога блукала памяркоўная ўсмешка, ён прыхлёбваў чаёк.

— Не вар-та, не варта так, дарагі пане. Народ ад гэтага цішэе. Забіты быў, па чутках, не вольны ад Бахусавай забавы. І, наогул, такім небяспечна выказваць яўнае спачуванне. Палітычна ненадзейны, не варты даверу, нядобранамерны, амаральны, не спрыяючы добрым норавам і… яўны сепаратыст, мужычы жаласнік, так бы мовіць, рыдалец над малодшым братам.

Я быў раз'юшаны, але пакуль што стрымліваўся. Мне не выпадала сварыцца яшчэ і з паліцыяй.

— Вы не жадаеце ўмешвацца ў справу па забойству шляхціца Свеціловіча…

— Крый Божа, крый Божа! — перабіў ён мяне. — Мы проста сумняваемся, ці ўдасца нам яе разблытаць, і не можам прымушаць нашага следчага прыкласці ўсе сілы для вырашэння справы аб чалавеку, які ўсім сумленным, сапраўдным сынам нашай вялікай радзімы быў глыбока антыпатычны накіраваннем сваіх думак.

І ён з чароўнай ветлівасцю зрабіў далонню жэст у паветры.

— Добра. Калі імперскі расейскі суд не хоча прымушаць следчага па справе аб забойстве шляхціца Свеціловіча, дык, можа, ён захоча прымусіць следчага разблытаць справу пра замах на розум і самаё жыццё Надзеі Яноўскай, гаспадыні Балотных Ялін?

Ён здагадліва паглядзеў на мяне, паружавеў ад нейкай прыемнай думкі, плямкнуў некалькі разоў поўнымі, чырвонымі, вільготнымі вуснамі і спытаў:

— А вы што тут так за яе распінаецеся? Напэўна, самі скарыстацца вырашылі. Га? Што ж, ухваляю: у ложку яна, напэўна, гучыць нядрэнна.

Кроў кінулася мне ў твар, ноздры раздуліся. Абраза няшчаснаму другу, абраза каханай, якую я нават у думках не мог назваць сваёй, зліліся ў адно. Не памятаю, што тут было далей, як апынуўся ў маёй руцэ нейкі карбач. Я прасвісцеў глоткай:

— Ты… ты… гніда.

І пасля з маху аперазаў яго карбачом па ружова-смаглым твары.

Я чакаў, што ён адразу выхапіць рэвальвер і заб'е мяне. Але гэты здаровы мужчына толькі войкаў. Я стукнуў яго яшчэ раз па твары і пасля гідліва адкінуў карбач.

Ён выбег з пакоя, пачвалаў ад мяне з нечаканай хуткасцю і толькі сажняў праз дзвесце падаў голас, закрычаў: «Гвалт!»

Рыгор, калі даведаўся пра гэту справу, не ўхваліў мяне, сказаў, што я сапсаваў усё, што праз дзень мяне, напэўна, выклічуць у павет і, магчыма, дадуць тыдзень або вышлюць за павятовыя межы, а я патрэбен тут, бо пачынаюцца самыя цёмныя ночы. Але я не шкадаваў. Уся нянавісць мая вылілася ў гэты ўдар. І няхай павятовыя ўлады пальцам аб палец не стукнуць, каб дапамагчы мне, але затое цяпер я добра ведаю, хто мой друг, а хто вораг.

Астатнія падзеі гэтага і наступнага дня вельмі смутна адлюстраваліся ў маёй памяці. Горка, узахлёб, плакаў над нябожчыкам стары добры Дубатоўк, які ледзь рухаўся яшчэ ад майго пачастунку; стаяла над труной бледная Надзея Раманаўна, захутаная ў чорную мантылью, такая сумная і прыгожая, такая чыстая.

Пасля, як у сне, запомніў я хаўтурнае шэсце. Я вёў пад руку Яноўскую і бачыў, як на фоне шэрага асенняга неба ішлі людзі без шапак, як скарлючаныя бярозкі кідалі ім пад ногі жоўтае мёртвае лісце. Твар забітага, прыгожы і сумны, плыў над плячыма людзей.

Бабы, мужыкі, макраносыя дзеці, дзяды ішлі за труною, і ціхае рыданне гучала ў паветры. Рыгор наперадзе нёс на спіне вялізны дубовы крыж.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13