Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Дзікае паляванне караля Стаха

ModernLib.Net / Исторические детективы / Караткевіч Уладзімір / Дзікае паляванне караля Стаха - Чтение (стр. 8)
Автор: Караткевіч Уладзімір
Жанр: Исторические детективы

 

 


— На, пані шаноўная.

— Не хачу, — адказала тая, упісваючы хлеб. — Паўсюль атрута, толькі хлеб чысты, божы.

— Бачыце, — сказаў Рыгор змрочна. — Сілком раз на дзень гарачым кормім. Пальцы мне часам пакусае, калі даём, так і схопіць. А нядрэнная была пані. Ды хоць і дрэнная, нельга кідаць божую душу.

І ён усміхнуўся такой вінаватай дзіцячай усмешкаю, што я здзівіўся.

— І чаго гэта яна?

— Спалохалася пасля смерці Рамана. Усе яны тут у чаканні жывуць, і, я скажу, большасці так і трэба. Мудрагелілі над нашым братам.

— Ну, а Яноўскай таксама?

— Пра Яноўскую не скажу. Добрая баба. Яе шкада.

Я нарэшце асмеліўся. Я зразумеў — гэта не здраднік.

— Слухай, Рыгор, я прыйшоў сюды, каб спытаць пра тое-сёе.

— Пытай, — сказаў ён, таксама пераходзячы на «ты», што мне вельмі спадабалася.

— Я вырашыў разблытаць гэтую справу з паляваннем караля Стаха. Разумееш, ніколі не бачыў прывідаў, хачу рукамі памацаць.

— Прывіды… — гмыкнуў ён. — Добрыя прывіды, калі іхнія коні самым сапраўдным гноем свае сляды пэцкаюць. І потым, навошта вам гэта, пан ласкавы? Якія такія прычыны?

— Не называй ты мяне панам. Я такі самы пан, як ты. А прычына — што ж… цікава проста. І шкада гаспадыню і многіх людзей.

— Так. Пра гаспадыню і я чую, — скоса глянуў Рыгор і хмурна ўсміхнуўся. — Мы гэтыя рэчы разумеем. Гэта ўсё адно як Зося мне. А чаму ты мне не кажаш, што ты на іх злуешся, адпомсціць жадаеш? Я ж ведаю, як ты ад дзікага палявання ля ракі ўцякаў.

Я быў уражаны:

— Адкуль ведаеш?

— У чалавека ёсць вочы, і кожны чалавек пакідае след на зямлі. Толькі нявістныя не бачаць. Уцякаў ты, як чалавек з розумам. А вось горш тое, што я іхнія сляды заўжды губляю. І пачынаюцца яны, і канчаюцца на гасцінцы.

Я распавёў яму пра ўсё, з самага пачатку. Рыгор сядзеў нерухома, вялікія шурпатыя рукі яго ляжалі на каленях.

— Я даслухаў, — сказаў ён проста, калі я скончыў. — Ты мне падабаешся, пан. З мужыкоў, ці што? І я так думаю, што ты калі і не з мужыкоў, дык ля мужыкоў блізка ляжаў. І сам я даўно думаў гэтых зданях трахануць, каб пер'е паляцела, ды таварыша не было. Калі не жартуеш, давай разам. Але ж, бачу я, ты гэта толькі зараз прыдумаў: звярнуцца да мяне. Чаму раптам так прыдумаў? І чаго хацеў да гэтага?

— Чаму вырашыў, сам не ведаю. Пра цябе казалі, што ты Яноўскую, калі яна сіратой засталася, шкадаваў. Надзея Раманаўна казала, што ты нават хацеў вартаўніком у Балотныя Яліны перайсці, ды не атрымалася. Ну і потым спадабалася мне, што ты незалежны, што хворую так даглядаеш. А да гэтага я проста жадаў спытаць, чаму якраз у той вечар, калі загінуў Раман, дзяўчынка затрымалася ў Кульшаў?

— Чаму затрымалася, я ведаю. У той дзень у маёй гаспадыні дзяўчаты сабраліся з навакольных фальваркаў. Весела было. А вось чаму яе, Яноўскую, запрасілі сюды — я не ведаю, яна ж тут колькі гадоў да гэтага не была. Але пані, самі бачыце, якая, яна не скажа.

— Чаму не, — усміхнулася раптам амаль разумна старая. — Я скажу. Я зусім не звар'яцела, мне проста так зручна і бяспечна. Папрасіў запрасіць бедную Надзейку пан Гарабурда. І ягоная ж пляменніца была тады ў мяне. Такому рыцару, як вы, пан фельдмаршал, я ўсё скажу. Так, так, гэта Гарабурда даў тады такую параду ўзяць дзіця. У нас усе такія добрыя. Нашыя вэксалі ў пана Дубатоўка — ён іх не падаваў да сыскання. Гэта, маўляў, залог, што будзеце часта ездзіць да мяне ў госці, піць віно. Я вас зараз нават сілаю магу запрасіць піць гарэлку… Так, усе запрашалі Надзейку. Гарабурда, і фельдмаршал Каменскі, і Дубатоўк, і Раман і кароль Стах. Вось гэты. А бедная ж твая галовачка! А ляжаць жа твае косы залатыя поруч з бацькавымі касцямі.

Мяне перасмыкнула ад гэтага галошання па жывым чалавеку.

— Бачыце, нямнога даведаліся, — панура сказаў Рыгор. — Выйдзем на хвіліну.

Калі мы выйшлі і лямант старой сціхнуў, Рыгор буркнуў:

— Дык давайце шукаць разам. Карціць і мая душа на гэта дзіва паглядзець. Я буду на зямлі шукаць і сярод простых людзей, а вы ў паперках ды сярод шляхты. Можа, і знойдзем.

Вочы яго раптам сталі злоснымі, вугальныя бровы з'ехаліся да пераносся:

— Бабы д'яблам выдуманыя. Іх трэба ўсіх задушыць, а за нямногіх, што застануцца, хлопцам усім перадушыцца. Але што зробіш…

І лагічна скончыў:

— Вось і я, хоць шкада маёй лясной волі, хоць, можа, і дажыву век адзін у лесе, усё ж часам пра Зоську думаю, якая тут таксама жыве. Можа, і ажанюся. Яна кухаркаю тут. Дык вось што я скажу табе, сябар. Таму я і табе паверыў, што сам так часам пачынаў шалець з-за чортавых бабскіх вачэй. (Я зусім не думаў пра гэта, але не палічыў патрэбным пераконваць гэтага мядзведзя.) Але скажу табе шчыра. Калі ты прыйшоў падбіць мяне на гэта, а потым здрадзіць — многія тут на мяне зубы точаць, — так і ведай — не жыць табе на зямлі. Рыгор тут нікога не баіцца, наадварот, Рыгора ўсе баяцца. І сябры ў Рыгора ёсць, іначай тут не пражывеш. І страляе гэтая рука добра. Так што ведай — заб'ю.

Я глядзеў на яго з дакорам, і ён, глянуўшы мне ў вочы, засмяяўся, быццам у бочку, і зусім іншым тонам скончыў:

— А наогул, я цябе даўно чакаў. Здавалася мне чамусьці, што ты гэтай справы так не пакінеш, а калі пойдзеш разблытваць яе — мяне не абмінеш. Што ж, дапаможам адзін аднаму.

Мы развіталіся з ім на ўзлессі, ля Волатавай прорвы, дамовіўшыся аб новых сустрэчах. Я пайшоў дадому нацянькі, праз парк.

Калі я з'явіўся ў Балотныя Яліны, прысмерак ужо агарнуў парк, жанчына з дзіцем спала, нагадаваная ў адным з пакояў на першым паверсе, а гаспадыні не было ў доме.

Я чакаў яе з гадзіну і, калі стала ўжо зусім цёмна, не вытрымаў, і пайшоў насустрач. Я не паспеў далёка адысці змрочнай алеяй, як пабачыў белую постаць, якая палахліва рухалася мне насустрач.

— Надзея Раманаўна!

— О-о, гэта вы? Дзякуй Богу. Я так непакоілася. Вы пайшлі нацянькі?

І засаромелася, апусціла вочы ў зямлю. Калі мы падыходзілі да палаца, я сказаў ёй ціха:

— Надзея Раманаўна, ніколі не выходзьце з двара ўначы. Абяцайце мне гэта.

Мне ледзь удалося вырваць у яе гэтае абяцанне.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТЫ

Гэта ноч прынесла мне разгадку аднаго цікавага пытання, якое выявілася зусім нецікавым, калі не лічыць таго, што я лішні раз пераканаўся ў тым, што подласць жыве і ў дурных, добрых, наогул, душах.

Справа ў тым, што я зноў выйшаў уначы на крокі, пабачыў ахмістрыню са свечкай і зноў прасачыў яе да пакоя з шафай. Але на гэты раз я вырашыў не адступаць. Шафа была пустая, значыцца, шукаць трэба было там. Я пахітаў дошкі ў задняй сценцы (шафа стаяла, засунутая ў нішу сцяны), пакруціў усё, што магчыма было круціць. Пасля паспрабаваў падняць іх угару і пераканаўся, што мае спробы маюць поспех. Бабуля была,напэўна, глухаватая, іначай яна пачула б мае практыкаванні. Я з цяжкасцю пралез у атвор і пабачыў скляпеністы ход, які спускаўся строма ўніз, як быццам у сутарэнне. Збітыя цагляныя прыступкі збягалі ўніз, і ход быў такі вузкі, што я чапляўся плячыма за сценкі. З цяжкасцю спусціўся па прыступках і пабачыў невялічкі, таксама скляпеністы пакоік. Ля сцен яго стаялі скрыні, акутыя палосамі жалеза, дзве шафы. Усё гэта было адчынена, і аркушы пергаменту і паперы ляжалі паўсюль. Пасярэдзіне пакоя стаяў стол і ля яго грубы табурэт, а на ім сядзела ахмістрыня і разглядала нейкі пажоўклы аркуш. Мяне ўразіў выраз сквапнасці на яе твары.

Калі я ўвайшоў, яна закрычала з перапуду і паспрабавала схаваць аркуш. Я паспеў узяць яе за руку.

— Пані ахмістрыня, дайце мне гэта. І ці не скажаце вы, чаму вы кожную ноч ходзіце сюды, у таемны архіў, што робіце тут, нашто палохаеце ўсіх сваімі крокамі?

— Ух ты, бацюхна мой, які спрытны!… — незадаволена сказала яна. — Усё яму ведаць трэба.

І, відаць, таму, што знаходзілася на першым паверсе, загаварыла з выразнай народнай інтанацыяй:

— А скулля з макам ты не хочаш? Бачыце вы, што яму трэба! І аркуш схаваў. Каб ад цябе твае дзеці так хлеб на старасці год хавалі, як ты ад мяне той аркуш! У мяне, можа, больш правоў тут сядзець, чым у цябе. А ён, бачыце, сядзіць ды пытаецца. Каб на цябе так верады сядалі ды не пыталіся!

Мне гэта апрыкрала, і я сказаў ёй:

— Ты што, у турму захацела? Ты чаго тут? Ці, можа, ты адсюль дзікаму паляванню знакі даеш?

Ахмістрыня пакрыўдзілася. Твар яе сабраўся ў вялікія зморшчыкі.

— Грэх вам, пане, — ледзь вымавіла яна. — Я жанчына сумленная, я за сваім прыйшла. Вось яно ў вашай руцэ, тое, што мне належыць.

Я глянуў на аркуш. Там была выпіска з пастановы камісіі па справе аднадворцаў. Я прабег вачыма па радках і ў канцы прачытаў: «И хотя оный Закревский и до сей поры утверждает, что у него есть документы в подтверждение своих дворянских прав, а также того, что наследником Яновских по субституции является именно он, а не г-н Гарабурда, дело сие за длительностью двадцатилетнего процесса и бездоказательностью следует предать забвению, а прав дворянства, как недоказанных, г-на Закревского Исидора лишить».

— Ну, і што з гэтага? — спытаў я.

— А тое, бацюхна мой, — з'едліва праспявала ахмістрыня, — што я Закрэўская, вось што. А гэта мой бацька так судзіўся з вялікімі ды моцнымі. Не ведала я, ды, дзякуй добрым людзям, навучылі розуму, сказалі, што павінны тут недзе быць дакументы. Узяў суддзя павятовы дзесяць чырвоненькіх, але ж і параду даў добрую. Давайце аркуш.

— Не дапаможа, — сказаў я. — Гэта ж не дакумент. Тут суд шляхецтва не вызначае. Я пра гэтую праверку дробнай шляхты добра ведаю. Каб ваш бацька меў дакументы на права субстытуцыі пасля Яноўскіх — іншая справа. Але ён іх не падаў — значыцца, не меў.

Твар ахмістрыні выразіў пакутлівае імкненне дадумацца да такіх складаных рэчаў. Пасля вусны яе паехалі наперад, і яна спытала недаверліва:

— А можа, Яноўскія іх падкупілі? Кручкам гэтым толькі дай грошы! Я ведаю! І адабралі ў майго бацькі дакументы і тут схавалі.

— А дваццаць год судзіцца вы можаце?

— Я, бацюхна, да таго часу, напэўна, пайду Пану Богу порткі лугаваць.

— Ну, вось бачыце. І дакументаў няма. Усё ж перарылі.

— Усё, бацюхна, усё. Але ж свайго шкада.

— Ды гэта ж толькі няпэўныя звесткі.

— Але ж сваё, свае грошыкі, чырвоненькія, сіненькія.

— І гэта вельмі нядобра, капацца ўначы ў чужых паперах.

— Бацюхна, свае ж грошыкі, — сквапна і тупа зудзела яна.

— Іх вам не адсудзяць, нават калі б дакументы былі. Гэта маярат Яноўскіх на працягу трох стагоддзяў ці нават больш.

— Дык сваё ж, бацюхна, — ледзь не плакала яна, і твар яе стаў сквапным да агіднасці. — Я б іх, даражэнькіх, зараз у шкарпэтку. Грошы б ела, на грошах спала.

— Дакументаў няма, — губляў я цярпенне. — Законная наследніца ёсць.

І тут здарылася жахлівае і агіднае. Жанчына выцягнула галаву, шыя яе зрабілася доўгай-доўгай, і, наблізіўшы да мяне твар, свісцячым шэптам сказала:

— Дык, можа… можа, яна хутка памерла б.

Твар яе аж прасвятлеў ад такога спадзявання.

— Памерла б, і ўсё. Яна ж слабая, спіць дрэнна, крыві ў жылах амаль няма, кашляе. Што ёй варта? Споўніцца праклён. Нашто каб палац пану Гарабурдзе, калі тут магла б жыць я. Ёй што, адмучыцца — і садухі. А я б…

Баюся, што я змяніўся ў твары, стаў страшны, бо яна адразу ўцягнула галаву ў плечы.

— На падлу ляціш, варона? — спытаў я. — А тут не падла, тут жывы чалавек. Тут такі чалавек, падэшвы якога ты не варта, які большае права мае жыць на зямлі, ніж ты, ступа дурная.

— Б-бацюхна… — блекатала яна.

— Маўчы, ведзьма! І ты яе ў магілу звесці хочаш? Усе вы тут такія, аспіды драпежныя! Усе вы за грошы забіць чалавека гатовыя! Усе вы павукі. Усе вы маці роднай за сінюю паперку не пашкадуеце. А ты ведаеш, што такое жыццё, што так лёгка пра смерць другога чалавека кажаш? Не перад табой бы перлы сыпаць, але ты выслухай, ты ж жадаеш, каб яна сонца жывое, радасць, добрых людзей, доўгія гады, якія яе чакаюць, на рабакоў падземных змяніла, каб табе на грошах спаць, з-за якіх сюды дзікае паляванне прыходзіць. Можа, ты і Блакітную Жанчыну сюды пускаеш? Чаму ўчора акно ў калідоры адчыняла?

— Та-тачка ты мой? А я ж яго не адчыняла! А холадна ж было… Я яшчэ здзівілася, чаму адчынена! — амаль галасіла яна.

На твары гэтай поскудзі было столькі боязі, што я мог бы змоўкнуць, але не мог. Я згубіў усякую разважлівасць.

— Смерці ёй зычыш! Сабакі зласлівыя, крумкачы! Прэч адсюль! Вон! Яна высакародная, ваша гаспадыня, яна, можа, і не прагоніць вас, але я абяцаю вам, калі вы не пойдзеце з палаца, які засмуродзілі сваім дыханнем, вы сядзеце ў турму маімі клопатамі.

Яна пайшла да сходаў, горка плачучы. Я ішоў за ёй. Мы выбраліся ў пакой, і тут я здзіўлена спыніўся. Яноўская стаяла перад намі ў белай сукні і са свечкай у руках. Твар яе быў засмучаны, і яна грэбліва паглядзела на ахмістрыню.

— Пан Беларэцкі, я выпадкова чула вашу размову, чула з самага пачатку. Я ішла амаль за вамі. Я нарэшце ведаю глыбіню сумлення і подласці. А ты, — яна звярнулася да Закрэўскай, якая стаяла, занурыўшыся, убаку, -…заставайся тут. Я дарую табе, з цяжкасцю, але дарую. Даруйце і вы, пан Беларэцкі. Дурным людзям часам трэба дараваць. Бо куды яна пойдзе адсюль. Яе нідзе не возьмуць, старую дурную бабу.

Адна сляза скацілася з яе павек. Яна павярнулася і пайшла. За ёю крочыў я. Яноўская спынілася ў канцы калідора і ціха сказала мне:

— Людзі ламаюцца з-за гэтых папер. Каб не забарона продкаў, з якой радасцю я аддала б камусьці гэты гнілы цёмны дом. Ён мне адна пакута, як і сваё імя. Хоць бы памерці хутчэй. Тады я пакінула б яго гэтай бабе з каменным сэрцам і дурной галавою. Няхай радавалася б, калі яна здатная так поўзаць на жываце з-за гэтай дрэні.

Мы моўчкі спусціліся ў ніжнюю залу і падышлі да каміна. Стоячы, глядзелі ў агонь, чырвоныя адбіткі якога клаліся на твар Яноўскай. Яна змянілася за апошнія дні, магчыма, пасталела, магчыма, проста пачала ператварацца ў жанчыну. Напэўна, нічыё вока, акрамя майго, не заўважыла гэтых змен. Толькі я адзін бачыў, што ў бледным парастку, які рос у сутарэнні, зацеплілася, пакуль яшчэ непрыкметна, жыццё. Погляд стаў больш асэнсаваным і цікаўным да жыцця, хоць застарэлы жах па-ранейшаму ляжаў маскай на твары. Трошкі больш ажыўленым стала аблічча. Бледны парастак чамусьці пачынаў ажываць.

— Добра стаяць так, Надзея Раманаўна, — задумліва сказаў я. — Агонь гарыць…

— Агонь. Добра, калі ён ёсць, калі ён гарыць. Добра, калі людзі не хлусяць.

Дзікі, нялюдскай сілы, крык прагучаў аднекуль знадворку — здавалася, што гэта крычыць і рыдае не чалавек, а дэман. І адразу пачуўся ўпэўнены, уладарны пошчак конскіх капытоў ля сходаў. А голас рыдаў і крычаў так па-нялюдску, як быццам не з чалавечых грудзей выходзіў:

— Раман у дваццатым калене — выходзь! Помста! Апошняя помста! Авой! Авой!

І яшчэ нешта, чаму не было назвы. Я мог бы зараз выскачыць на сходы, і страляць у гэтую дзікую поскудзь, і пакласці на месцы хоць каго-небудзь, але на руках у мяне ляжала яна, і я адчуваў праз сукно, як калацілася яе спуджанае сэрцайка, як яно паступова замірала, білася ўсё радзей, радзей. Спуджаны да немагчымасці за яе жыццё, я пачаў няўпэўненымі рухамі гладзіць яе валасы. Яна павольна, вельмі павольна прыходзіла да прытомнасці, і веі яе ледзь прыкметна ўздрыгвалі, калі я дакранаўся рукою да яе галавы. Так затурканае шчанё прымае ласкі чалавека, які ўпершыню вырашыў пагладзіць яго: бровы яго ўздрыгваюць, чакаючы кожны раз удару, калі заносіцца рука.

А грукат быў далей, і ўся сутнасць мая пакутліва ўстала да таго, каб разам з ёй выскачыць на сходы, страляць у гэтых нетапыроў і разам з ёю ўпасці на прыступкі і памерці, адчуваючы яе поруч з сабою, тут, усю ля сябе. Усё адно нельга так жыць.

А голас рыдаў здалёку:

— Раман! Раман! Выходзь! Каням пад ногі душу тваю! Гэта яшчэ не зараз! Потым! Заўтра… Пасля! Але мы прыйдзем! Прыйдзем!

І цішыня. Яна ляжала ў маіх абдоймах, і як быццам ціхая музыка пачала найграваць недзе, можа, у маёй душы. Ціхая-ціхая, далёкая-далёкая, пяшчотная: пра сонца, малінавыя ад канюшыны лугі пад дымнай бліскучай расою, пра залівісты спеў гівала ў шатах вялікіх ліп. Яе твар быў такі спакойны, як у спячага дзіцяці. Вось прарваўся ўздых, раскрыліся вочы, здзіўлена паглядзелі вакол, пасуравелі.

— Прабачце, я пайду.

І яна накіравалася да сходаў на другі паверх — маленькая белая постаць…

Толькі тут я, яшчэ дрыжучы ад узбуджэння, зразумеў, якая мужная, якая нязломная была душа ў гэтай да смерці запалоханай дзяўчыны, калі яна пасля «такога» выходзіла мяне сустракаць і двойчы адчыніла дзверы: тады, калі я, невядомы, прыехаў сюды, і тады, калі я бег да яе дзвярэй, у трывозе, пад ляск капытоў дзікага палявання пад самымі вокнамі. Напэўна, яно і цёмныя асеннія ночы штурхнулі яе на гэта, як пачуццё даверу прымушае зацкаванага хартамі зайца прыціскацца да ног выпадковага чалавека. У дзяўчыны былі надта добрыя нервы, калі яна вытрымала тут два гады.

Я сеў ля каміна і пачаў глядзець у агонь. Так, небяспека была жахлівая. Тры чалавекі супраць усіх гэтых цёмных сіл, супраць невядомага. Хопіць пяшчоты. Яны праязджаюць у парк ля Волатавай прорвы — заўтра ж я зраблю там засаду. Рукі ў мяне дрыжалі: нервы былі напятыя, як струны, і агульны стан не на сабаку.

«Можа, паехаць адсюль?» — варухнулася ў душы спозненая думка, водгук той маёй «ночы жаху», і памерла перад напорам безнадзейнасці, жалезнай рашучасці і жадання біцца.

Хопіць! Перамога або Волатава прорва — усё адно. Пакінуць? Не, я не мог пакінуць гэты агідны халодны дом, бо тут жыло тое, што я пакахаў. Так, пакахаў. Я не саромеўся гэтага. Да гэтага часу ў мяне, як амаль ва ўсякага здаровага, маральна неразбэшчанага і пазбаўленага залішняй пачуццёвай цягі чалавека, былі да жанчын роўныя сяброўскія адносіны, часам нават не пазбаўленыя нейкай незразумелай агіды. Так яно і павінна быць, пакуль не прыходзіць Сапраўднае. Яно прыйшло. Ісці? Я быў тут, поруч, такі для яе магутны і вялікі (мае ўнутраныя хістанні яе не датычыліся), яна спадзявалася на мяне, яна ўпершыню, напэўна, спала спакойна.

Гэты момант, калі я трымаў яе ў абдоймах, вырашыў для мяне ўсё, што хавалася ў маім сэрцы яшчэ з тых часоў, калі яна паўстала ў абарону бедных там, ля верхняга каміна. З якой насалодаю я ўзяў бы яе адсюль, павёз кудысьці далёка, цалаваў гэтыя заплаканыя вочы, маленькія рукі, ахінуў яе, як цёплым, надзейным крылом, дараваў бы свету яго непрытульнасць.

Але што я? Як ні жорстка пра гэта падумаць, яна ніколі не будзе маёй. Я — галяк. Яна таксама бедная, але яна з ліку старэйшых родаў, блакітная кроў, гордая слава бясконцых пакаленняў за плячыма. «Гордая слава»? Я ведаў яе зараз, гэтую гордую славу, якая скончылася адзічэннем, але мне ад гэтага не было лягчэй. Я плебей. Не, я буду маўчаць пра гэта. Ніхто ніколі не скажа, што я дзеля карысці ажаніўся з прадстаўніцай даўняга роду, за які, магчыма, паміраў недзе на полі вайны мой просты прашчур. І ніхто не скажа, што я ўзяў яе, скарыстаўшыся з яе бездапаможнасці. Адзінае, што мне дазволена, гэта легчы за яе ў дол, пакласці душу сваю і хоць гэтым трошкі аддзячыць за гэтае ззянне неймавернага шчасця, якое азарыла маю душу ў гэты змрочны вечар ля вялікага непрытульнага каміна. Я дапамагу ёй выратавацца — і гэта ўсё.

Я буду верны, назаўжды буду верны гэтай радасці, змешанай з болем, горкай прыгажосці яе вачэй і адплачу ёй дабром за добрыя думкі пра мяне. А пасля — канец. Я пайду назаўжды адсюль, і шляхі радзімы бясконцай істужкай лягуць перада мною, і сонца паўстане ў вясёлкавых колах ад слёз, якія просяцца на веі.

РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ

Наступнага дня я ішоў са Свеціловічам да невялікага ляснога вострава ля Яноўскай пушчы. Свеціловіч быў вельмі вясёлы, многа разважаў пра каханне наогул і пра сваё каханне ў прыватнасці. І такая чыстая, шчырая душа глядзела з вачэй гэтага хлопца, так наіўна, па-дзіцячы, ён быў закаханы, што я ў думках даў сабе слова ніколі не перабіваць дарогі яго пачуццю, не перашкаджаць яму, ачысціць яму месца ля дзяўчыны, якую кахаў сам.

Мы, беларусы, рэдка ўмеем кахаць па-сапраўднаму, не ахвяруючы чымсьці, і я не быў выключэннем з правіла. Звычайна мы мучым тую, якую кахаем, а самі мучымся яшчэ больш ад розных супярэчлівых думак, пытанняў, учынкаў, якія іншымі вельмі лёгка прыводзяцца да аднаго знамянальніка.

Свеціловіч атрымаў з губерні ліст, у якім яму пісалі, між іншым, і пра Бермана.

— О, Берман… Берман, выяўляецца, добрая цаца! Род ягоны стары, але збяднелы і нейкі дзіўны. Вось тут мне пішуць, што ўсе яны мелі непераможную цягу да самоты і з'едлівасць. Бацька яго страціў маёмасць, была вялізная растрата, і выратаваўся ён толькі тым, што прайграў вялізную суму рэвізору. Маці жыла амаль увесь час пры завешаных вокнах, нават гуляць выходзіла толькі ўначы. Але самая дзіўная асоба — сам Берман. Ён выявіўся выключным знаўцам старажытнай драўлянай скульптуры і шкла. Некалькі год таму здарылася непрыемная гісторыя. Яго паслалі ў Мніхавічы ад гуртка аматараў старажытнасці, на чале якога стаяў граф Тышкевіч. Там, у Мніхавічах, зачынялі стары касцёл, а скульптуру з яго, па чутках, вельмі мастацкую, хацелі адкупіць у прыватны музей Тышкевіча, які ён перадаваў гораду. Берман паехаў, даслаў адтуль статую святога Хрыстафора і ліст, у якім пісаў, што скульптура ў касцёле не мае ніякай мастацкай вартасці. Яму паверылі, але праз некаторы час выпадкова даведаліся, што Берман купіў скульптуру за мізэрныя грошы, купіў у агульнай колькасці ста сямі фігур і спрадаў усё іншаму прыватнаму калекцыянеру, назначыўшы вялікую суму. Адначасова не далічыліся значнай колькасці грошай у казне гуртка аматараў. Бермана ўзяліся шукаць, але ён знік разам з маці і малодшым братам, які выхоўваўся недзе ў прыватным пансіёне і толькі за год да таго прыехаў у горад. Між іншым, гэты брат вызначаўся яшчэ большай нелюдзімасцю. Увесь час ён сядзеў у дальніх пакоях, не выходзячы ні да каго, і толькі раз яго бачылі ў кампаніі Бермана ў клубе, дзе ён здаўся ўсім дрэнна выхаваным для пансіянера.

Калі агледзеліся, то выявілася, што дом яны паспелі прадаць і знікнуць невядома куды. Пачалі даведвацца і даведаліся, што і наогул гэтыя Берманы зусім не Берманы, а хто — невядома.

— Н-да… — сказаў я. — Не шмат мы даведаліся. Цікавае тут толькі тое, што Берман — злачынец. Але ён абдурыў такога самага драпежніка: не мне яго ганіць за гэта. Ён яшчэ атрымае па заслугах, але гэта пасля. Значна больш цікавае тут другое. Па-першае, куды падзеліся яго маці і брат? Па-другое, хто ён сам, які ў яго сапраўдны твар? Тое, што ён з'явіўся тут, зразумела. Яму трэба было схавацца. А вось хто ён, хто ягоныя сваякі — гэта трэба з'ясаваць. І я гэтым абавязкова зацікаўлюся. А ў мяне, Свеціловіч, амаль ніякіх навін няма, хіба што даведаўся, ды і тое з вуснаў вар'яткі, што выбавіў Рамана ў тую фатальную ноч з хаты Гарабурда. А я нават не запомніў яго пысы, калі ён быў на вечары ў Яноўскіх.

— Нічога, яшчэ даведаемся.

Мы падышлі да ляска і заглыбіліся ў яго. Гэта быў адзіны з ляскоў у наваколлі, у якім былі пераважна ліставыя пароды. І там, на невялікай галявіне, мы пабачылі Рыгора, які трымаў на каленях доўгую стрэльбу, а спіною прыхіліўся да таўшчэразнага стаўбура-вываратня. Пабачыўшы нас, ён устаў, па-мядзведжы скасавурыўся і зручней узяўся за стрэльбу.

— Сцеражыцеся выходзіць на балоты, сцеражыцеся парку і асабліва яго паўдзённай і ўсходняй ускраін, — прамармытаў ён замест прывітання.

— Чаму? — спытаў я, пазнаёміўшы яго са Свеціловічам.

— А вось чаму, — буркнуў ён. — Гэта не здані. Яны занадта добра ведаюць патаемныя сцежкі праз Волатаву прорву. Вы здзіўляецеся, што яны мчаць без дарогі, а яны проста ведаюць усе сховішчы акругі і ўсе сцежкі да іх, яны карыстаюцца дужа старажытнымі падковамі, якія прыбіты навенькімі гакамі. Што праўда, то праўда, іхнія коні ходзяць, як мядзведзь, спачатку левымі, а пасля правымі нагамі, і крок у іх машысты, шырэйшы, чым у якога іншага каня ў наваколлі. І яны для зданей занадта слабыя. Здань праходзіць паўсюль, а гэтыя толькі праз паваленую агароджу ля прорвы… Што я даведаўся яшчэ: іх было ў мінулы раз не больш як дзесяць чалавек, бо толькі палова коней ідзе так, як ідзе конь, калі ў яго на спіне звычайная чалавечая вага. На астатніх, напэўна, штосьці лягчэйшае. Той, хто мчыць наперадзе, мае гарачы нораў: дзярэ каню рот цуглямі. І яшчэ — адзін з іх нюхае табаку: я знайшоў пыл зялёнай табакі ля месца, дзе яны спыняліся перад апошнім набегам і натапталі шмат слядоў. Месца гэта — вялікі дуб непадалёк ад паваленай агароджы.

— Дзе можа быць месца іх збораў? — спытаў я.

— Гэта я ведаю зараз добра, — спакойна адказаў Рыгор. — Гэта недзе ў Яноўскай пушчы. Я прасачыў сляды. Вось паглядзіце. — Ён пачаў крэсліць лазінкаю па зямлі: — Вось пушча. Тады, калі быў забіты Раман, сляды зніклі вось тут, амаль ля балота, якое акружае пушчу. Калі яны гналіся за табою, пасля вячэры ў Дубатоўка, сляды зніклі паўночней першага месца, а пасля той гісторыі ля Яноўскага палаца, калі яны наважыліся крычаць, — яшчэ трохі паўночней. Бачыш, шляхі амаль сыходзяцца.

— Праўда, — падхапіў я. — І калі іх прадоўжыць, яны сыдуцца ў адным пункце, недзе на балоце.

— Я быў там, — скупа, як аб самым звычайным, буркнуў Рыгор. — Балота лічыцца ў тым месцы гіблым, але я пабачыў, што на ім там-сям расце трава сівец. А там, дзе расце сівец, там заўжды зможа паставіць нагу конь паскудніка, калі паскудніку будзе для гэтага пільная патрэба.

— Дзе гэта месца? — збялеў раптам Свеціловіч.

— Ля Халоднай лагчыны, дзе ляжыць камень, Ведзьмакова ступа.

Свеціловіч яшчэ больш збялеў. Нешта хвалявала яго, але ён авалодаў сабою.

— Яшчэ што? — спытаў я.

— Яшчэ тое, — панура мармытаў Рыгор, — што ты памыляешся, Беларэцкі. Хоць выклікаў тады з хаты Рамана Гарабурда, але ён да дзікага палявання не мае дачынення. У тыя дзве ночы, калі яно з'яўлялася ў апошні раз, Гарабурда сядзеў у сваім берлагу, як хамяк у нары. Я ведаю, яго дом добра пільнавалі.

— Але ж ён зацікаўлены ў смерці або вар'яцтве Яноўскай. Яму гэта карысна. Ён прымусіў Кульшаў запрасіць у той вечар Надзею Яноўскую да сябе, ён паслаў да Кульшаў і сваю дачку і затрымаў усіх да ночы.

Рыгор задумаўся. Пасля мармытнуў:

— Можа, і так. Ты разумны, ты ведаеш. Але Гарабурды там не было, я адкажу галавою. Ён дрэнны яздок. Ён баягуз. І ён увесь час сядзіць у палацы. Але ж ён можа і намовіць на тую агіду кагосьці іншага. Можа, гэта і так. Такі можа.

І тут Свеціловіч яшчэ больш збялеў і ўтаропіўся кудысьці вачыма, як быццам абдумваў штосьці важлівае. Я не перашкаджаў яму: захоча — сам скажа. Думаў ён, аднак, нядоўга.

— Браты, я, здаецца, ведаю гэтага чалавека. Разумееце, вы наштурхнулі мяне на гэта. Першае: «Ведзьмаковая ступа». Я сёння бачыў там чалавека, вельмі знаёмага мне чалавека, на якога ніколі б не падумаў, і гэта мяне бянтэжыць. Ён быў вельмі стомлены, брудны, ён ішоў да багны. Пабачыў мяне, накіраваўся да мяне: «Што вы тут робіце, пан Свеціловіч?» Я адказаў жартам: «Шукаю ўчарашняга дня». А ён зарагатаў і пытае: «Хіба ўчарашні дзень, хай яго д'ябал, прыходзіць у сённяшні?» А я яму кажу: «Ва ўсіх нас учарашні дзень на шыі вісіць». Ён: «Але ж не прыходзіць?» А я яму: «А дзікае паляванне? З мінулага аж у сёння прыйшло». Той аж у твары змяніўся: «Хай яго ліха… Не памінайце вы яго!» І паехаў ля дрыгвы на поўнач. Я накіраваўся да вас, пан Беларэцкі, а калі азірнуўся, то бачу: ён паехаў назад і ўжо ў лажок спускаецца. Спусціўся і знік.

— Хто гэта? — спытаў я.

А Свеціловіч усё вагаўся. Пасля ўзняў свае светлыя вочы.

— Прабачце, Беларэцкі, прабач, Рыгор, але я не магу пакуль што сказаць. Гэта занадта важліва, а я не пляткар, я не магу так проста ўзваліць такое абвінавачванне на плечы чалавека, які, можа, яшчэ і бязвінны. Вы ведаеце, за такое могуць забіць нават па аднаму падазрэнню. Магу толькі сказаць, што ён быў сярод гасцей у Яноўскіх. Я ўвечары яшчэ падумаю, прыпамятаю гісторыю пра вэксалі і заўтра скажу вам… Я пакуль не магу больш нічога сказаць…

— О, вядома. Надзейнае алібі. О, дурні! І якія няпэўныя думкі! — Па аналогіі я прыпомніў і свае няпэўныя думкі пра «рукі», якія павінны былі мне дапамагчы разабрацца ў чымсьці важлівым, але прыдумаць, успомніць не мог і адагнаў надакучлівае слова.

Вырашылі, што Рыгор будзе сённяшняй ноччу сядзець у Халоднай лагчыне, адтуль недалёка да хаты, у якой жыў Свеціловіч, яго стары «брат-слуга» і кухарка. У выпадку патрэбы мы зможам яго там адшукаць.

— І ўсё ж я не веру, што падпільную іх там пры выхадзе. Свеціловіч іх спудзіў, — сіпавата сказаў Рыгор. — Яны знойдуць іншую дарогу з пушчы на раўніну.

— Але іншай дарогі ў парк не знойдуць. Я буду пільнаваць іх ля паваленай агароджы, — вырашыў я.

— Аднаму небяспечна, — апусціў вочы Рыгор.

— Але ты таксама будзеш адзін.

— Я? Ну, няма дурных. Я смелы, але не так, каб адзін супраць дваццацёх.

— А я кажу вам, — упарта сказаў я, — што гаспадыня Балотных Ялін не вытрымае, калі і сёння з'явіцца пад мурамі дома дзікае паляванне. Я павінен не пусціць іх у парк сёння, калі яны толькі надумаюць прыйсці.

— Я не магу дапамагчы вам сёння, — задумліва прагаварыў Свеціловіч. — Тое, што я сёння павінен знайсці, больш важлівае. Магчыма, сёння дзікае паляванне наогул не з'явіцца. У яго на шляху паўстане перашкода…

— Добра, — спыніў яго я даволі суха, — вам трэба было выказаць свае меркаванні, а не загадваць нам загадкі. Я выйду сёння адзін. Яны не чакаюць, я спадзяюся на гэта. І, да таго ж, яны не ведаюць, што ў мяне ёсць зброя. Я двойчы сустракаўся з паляваннем і яшчэ з тым чалавекам, што страляў мне ў спіну. І ніколі не ўжываў яе. Ну што ж, яны пабачаць… Як павольна мы разблытваем гэта! Як ляніва працуюць нашы мазгі!

— А гэта лёгка і лагічна разблытваецца толькі ў дрэнных раманах, — буркнуў пакрыўджаны Свеціловіч. — Да таго ж, мы не сышчыкі губернскай паліцыі. І дзякаваць Богу.

Рыгор пахмурна калупаў лазінкаю зямлю.

— Хопіць, — сказаў ён з уздыхам. — Трэба дзейнічаць. Паскачуць яны ў мяне, дурні… І — прабачце — вы ўсё ж паны, і нам па дарозе толькі зараз, — але, калі мы адшукаем іх, мы, мужыкі, не толькі заб'ём гэтых мярзотнікаў, мы спалім іхняе гняздо, мы зробім жабракамі іхніх нашчадкаў. А магчыма, і нашчадкам іхнім зробім гамон.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13