Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Дзікае паляванне караля Стаха

ModernLib.Net / Исторические детективы / Караткевіч Уладзімір / Дзікае паляванне караля Стаха - Чтение (стр. 2)
Автор: Караткевіч Уладзімір
Жанр: Исторические детективы

 

 


Жыццё, якія жорсткія жарты робіш ты з тымі, хто стагоддзі жыў адасоблена, а з народам меў зносіны толькі на той выпадак, каб нараджаць на свет бастардаў.

Мне было цяжка, непрыемна глядзець на гэта. І зноў гэта пачуццё пранізлівага незразумелага холаду…

Я не пачуў крокаў за спіною, як быццам той, хто падышоў, плыў у паветры. Мне раптам проста здалося, што нехта глядзіць мне ў спіну. Тады я, прыцягнуты гэтым позіркам, павярнуўся. Жанчына стаяла за маёй спіною і пытальна глядзела на мяне, схіліўшы галаву. Я быў прыгаломшаны. Мне здалося, нібы той партрэт, які толькі што размаўляў са мною, раптам ажыў і жанчына, што стаяла тут, за маёй спіной, сышла з яго.

Не ведаю нават, што між імі было агульнага? Тая, на партрэце (я паглядзеў на яго і пабачыў, што ён на месцы), была, відаць, высокая, добра сфармаваная, з вялікім запасам жыццёвых сіл, вясёлая і моцная, прыгожая самка. А гэта — проста заморак.

І ўсё ж падабенства было, тое звышпадабенства, якое прымушае нас пазнаваць у натоўпе двух зусім не падобных братоў: брунета і бландзіна. Не, нават большае. У іх былі зусім аднолькавыя валасы, нос той самай формы, той самы разрэз рота і тыя самыя белыя роўныя зубы. І, акрамя гэтага, яшчэ тое агульнае падабенства ў выразе твару, нешта радавое, спрадвечнае.

І ўсё ж такой непрыемнай асобы мне яшчэ не даводзілася бачыць. Усё тое самае, і ўсё — не тое. Маленькая ростам, худзенькая, танюткая, як галінка, з амаль неразвітымі клубамі і ўбогімі грудзямі, з блакітнымі жылкамі на шыі і руках, у якіх зусім, здавалася, не было крыві, — яна была слабай, як сцяблінка палыну на мяжы.

Вельмі тонкая скура, тонкая доўгая шыя, нават прычоска нейкая незразумела невыразная. І гэта было тым больш дзіўным, што валасы былі залацістыя, дзівоснай пышнасці і прыгажосці. Нашто быў гэты недарэчны затрапезны кукіш на патыліцы?

Рысы твару былі выразныя, рэзка акрэсленыя, такія правільныя, што згадзіліся б як узор нават вялікаму скульптару. І ўсё ж я не думаю, каб які-небудзь скульптар спакусіўся б ляпіць з яе Юнону: рэдка мне здаралася бачыць такі непрыемны, варты жалю твар. Вусны дзіўна перакрыўленыя, ля носа глыбокія цені, колер твару шэры, чорныя бровы ў нейкім дзівацкім надломе, вочы вялізныя-вялізныя, чорныя, але і ў іх нейкі незразумелы застыглы выраз.

«Небарака, д'ябальскі непрыгожая», — з жалем падумаў я і апусціў вочы.

Я ведаю шмат жанчын, якія да самай труны не даравалі б мне гэтых апушчаных вачэй, але гэтая, відаць, прызвычаілася бачыць штосьці нядобрае на тварах усіх людзей, якіх сустракала: яна зусім не звярнула на гэта ўвагі.

Не ведаю, ці хацела яна паднесці руку да маіх вуснаў, ці проста працягнула яе для рукапаціскання на англійскі манер, а можа, рука проста здрыганулася, але я ўзяў яе кволыя пальчыкі і пачціва паднёс іх да вуснаў. Можа, я нават затрымаў іх даўжэй, чым трэба было: я ж быў павінен трошкі выкупіць гэты грэх апушчаных вачэй.

Калі я апусціў руку, у вачах гэтай дзяўчыны — не, нават дзіцёнка — з'явілася нешта ліхаманкавае, балючае, дзіўнае.

Яна ўсё так, як раней, моўчкі паказала мне рукою на крэсла перад камінам. Я, аднак, не сеў, пакуль не села яна. І зноў той самы дзіўны выраз у вачах. І тут я прыпомніў, як дрыжала яе рука ля маіх вуснаў, і зразумеў, што яна проста не ўмела яе падаваць, што ёй ніколі не цалавалі рукі. А папраўдзе, чаго можна было чакаць ад гэтай выклятай Богам балотнай дзіркі сярод лясоў?

…Калі тая самая ахмістрыня з падціснутымі вуснамі прынесла нам вячэру і пакінула нас адных, я спытаў, з кім я размаўляю.

— Я гаспадыня Балотных Ялін. Надзея Яноўская.

— Прабачце, можа, мне трэба было прадставіцца раней. Я, сам таго не жадаючы, падмануў вашу ахмістрыню. Я зусім не купец…

— Я ведаю, — вельмі спакойна сказала яна, — купцы не такія, а я вас ужо бачыла. Там, над дзвярыма, ёсць… высока… непрыкметныя ваўчкі, каб глядзець. Калі да нас прыязджае хтосьці, я адразу бачу, кожны раз. Толькі вельмі, вельмі рэдка прыязджаюць да нас людзі. І яны баяцца. І я таксама мала каго магу пусціць да нас. Вы не такі, як іншыя… Рэдка ў нас бываюць вартыя даверу людзі.

Мяне непрыемна ўразіла такая, мякка кажучы, адкрытасць. Што гэта? Тонкі разлік або наіўнасць? Але колькі я ні глядзеў на гэты перакрыўлены твар, я не мог заўважыць на ім нават водбліску нейкай задняй думкі.

Твар быў прастадушны, дзіцячы. Але найбольш пераканаў мяне голас. Ён быў павольны, лянівы, абыякавы і адначасова трапяткі і перарывісты, як голас начной птушкі.

— І, да таго ж, я наогул бачыла вас… раней.

— Дзе? — шчыра здзівіўся я.

— Не ведаю. Я многіх людзей бачу. Мне здаецца, што я вас бачыла ў сне… Часта… А магчыма, і не ў сне. Вам не здаралася адчуваць такое… як быццам вы жылі калісьці, даўно… і зараз адкрываеце, знаходзіце зноў многае з таго, што бачылі… даўно-даўно.

Я чалавек здаровы. І я яшчэ не ведаў тады, што такое бывае часам у знерваваных людзей, людзей з вельмі тонкім успрыманнем. У іх неяк парушаецца сувязь паміж першасным успрыманнем і наступнымі ўяўленнямі памяці. Падобнае ім здаецца тоесным, яны адкрываюць у прадметах, якія ім зусім не знаёмыя, нешта даўно вядомае. А ўсведамленне — адвечны рэаліст — супраціўляецца гэтаму. Таму і атрымліваецца, што прадмет адначасова і цалкам незнаёмы, і таемна знаёмы.

Паўтараю, я не ведаў гэтага. І ўсё ж ні на хвіліну не закралася ў мой мозг думка, што гэта жанчына можа хлусіць, такой шчырасцю і абыякавасцю веяла ад яе слоў.

— Я вас бачыла, — зноў паўтарыла яна. — Але хто вы! Я не ведаю вас.

— Мяне завуць Андрэй Беларэцкі, пані. Я вучоны-фалькларыст.

Яна зусім не здзівілася. Здзівіўся я, даведаўшыся, што гэта слова ёй знаёма.

— Што ж, вельмі цікава. А чым вы зацікаўлены? Песнямі, прымаўкамі?

— Легендамі, пані. Старымі мясцовымі легендамі.

Я перапудзіўся не на жарт. Яна раптам выпрамілася, як быццам яе катавалі электрычным токам, твар збялеў, павекі закрыліся, але я згодзен быў пабажыцца, што за імі вочы яе закаціліся.

Спуджаны, я падтрымаў яе галаву і паднёс да вуснаў шклянку з вадою, але яна ўжо апрытомнела. І тут вочы яе заіскрыліся такім абурэннем, такім невыказным дакорам, што я адчуў сябе апошнім мярзотнікам, хоць і не ведаў, дзеля якой прыгоды я павінен маўчаць пра сваю прафесію. Я адчуў толькі, што тут нешта звязана са старым правілам: «У доме павешанага не размаўляюць пра шворку».

Перарывістым голасам яна сказала:

— І вы… І вы таксама… Нашто вы мяне мучыце, нашто мяне ўсе…

— Гаспадыня, пані. Дальбог, я не думаў, я не ведаю… Глядзіце, вось пасведчанне ад акадэміі, вось ліст губернатара. Я ніколі не быў тут. Даруйце, даруйце мне, калі я вас чымсьці балюча закрануў.

— Нічога, — сказала яна. — Нічога, супакойцеся, пан Беларэцкі. Гэта так… Я проста ненавіджу гэтыя цёмныя стварэнні дзікунскага розуму. Можа, і вы калісьці зразумееце, што гэта такое, гэта цёмнае. А я зразумела даўно. Толькі перш ніж зразумець да канца — я памру.

Я ведаў, недалікатна было б распытваць далей. Я змаўчаў. І толькі пасля, калі яна відавочна супакоілася, сказаў:

— Прабачце, калі я вас уразіў, пані Яноўская. Я адразу зрабіўся вам непрыемным. Калі вы хочаце, каб я ад вас паехаў? Мне здаецца, лепей зараз.

Твар яе зноў дзіка скрывіўся.

— Ах, хіба ў тым справа! Не трэба. Вы вельмі, вельмі пакрыўдзіце мяне, калі паедзеце зараз. І да таго ж, — голас яе задрыжаў, — што, каб я папрасіла, разумееце, папрасіла вас застацца тут, у гэтым доме. Хоць бы на два-тры тыдні, да таго часу, пакуль скончацца цёмныя ночы восені.

Позірк яе пачынаў блукаць. На вуснах з'явілася жаласная ўсмешка.

— Пасля будзе снег… І сляды на ім. Вядома, вы рабіце, як хочаце. Але мне было б непрыемна, каб пра апошнюю з Яноўскіх сказалі, што яна забыла старадаўнюю гасціннасць.

Яна так сказала «апошняя з Яноўскіх», гэтая васемнаццацігадовая дзяўчынка, што мне чамусьці аж па сэрцы разанула жалем.

— Што ж, — працягвала яна, — калі цікавіцеся гэтым, брыдкім, хіба я магу супярэчыць. Іншыя збіраюць нават змей. Я павінна вам сказаць, што вы прыехалі ў запаветны край. Тут прывідаў і зданяў больш, як жывых людзей. Сяляне, якіх трасе трасца, распавядаюць дзівосныя і жахлівыя гісторыі. Яны жывуць бульбай, галодным пушным хлебам, нішчымнай аўсянкай і фантазіяй. Начаваць у іхніх хатах вам нельга, там бруд, скупчанасць і трасца. Хадзіце па навакольных хутарах, там вам за грошы, якія пойдуць на хлеб ці на гарэлку, што на імгненне сагрэе вечна халодную ад трасцы кроў, раскажуць усё. А вечарам прыходзьце сюды. Тут вас заўсёды-заўсёды будзе чакаць стол, і ложак, і агонь у каміне. Запамятайце, я гаспадыня тут, сяляне слухаюцца мяне. Згода?

У гэты час я з упэўненасцю ведаў, што ніхто гэтага дзіцёнка не слухаецца, ніхто яго не баіцца і ніхто ад яго не залежыць. Магчыма, кожнаму другому я ўсміхнуўся б проста ў вочы, але ў гэтым «прыказе» было столькі яшчэ незразумелага для мяне малення, столькі жаласнага, што я прыкрыў павекі і сказаў:

— Добра. Я падпарадкоўваюся жаданню паненкі.

Яна не заўважыла іранічнай іскры ў маіх вачах і нават паружавела на хвілінку, відаць, з той прычыны, што яе паслухалі.

…Вельмі сціплую вячэру ўзялі са стала. Мы засталіся ў крэслах перад камінам. Яноўская азірнулася на чорныя вокны, за якімі шумелі і церліся аб шыбы вялізныя дрэвы, і сказала:

— Пан Беларэцкі яшчэ не хоча спаць? Гэты дзіўны вечар так настроіў мяне, што спаць мне расхацелася.

І вось мы сядзелі поруч і глядзелі ў агонь.

— Скажыце, — раптам запытала яна, — людзі паўсюль так жывуць, як у нас?

Я са здзіўленнем глянуў на яе: няўжо яна ніколі не пакідала гэтага дома? Яна, як быццам зразумеўшы, адказала:

— Я не была нідзе, акрамя гэтай раўніны ў лясах. Бацька мой, ён быў лепшы чалавек на свеце, сам вучыў мяне, ён быў вельмі адукаваны чалавек. Я, вядома, ведаю, якія ёсць на свеце краіны, ведаю, што не паўсюль растуць нашы яліны, але скажыце, ці паўсюль чалавеку так сіра і холадна жыць на зямлі?

— Многім холадна жыць на зямлі, пані. Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку. Але мне здаецца, што не паўсюль так сіратліва, як тут. Там, за лясамі, ёсць цёплыя лугі, кветкі, буслы на дрэвах. Там таксама галеча і забітасць, але там людзі неяк шукаюць паратунку ад гэтага. Людзі прыкрашаюць хаты, жанчыны смяюцца, дзеці бегаюць. А тут усяго гэтага мала.

— Я здагадвалася, — сказала яна. — Гэты свет вабіць, але я не патрэбная нідзе, акрамя Балотных Ялін. Ды і што я там буду рабіць, калі там патрэбны грошы? Скажыце, а такія рэчы, як каханне, як сяброўства, там бываюць хоць часам? Ці гэта толькі ў кнігах, якія ёсць у бібліятэцы бацькі?

Я зноў ні на хвіліну не падумаў, што гэта двухсэнсоўны жарт, хоць маё становішча было досыць няёмкім: сядзець у начным пакоі і размаўляць з малазнаёмай паненкай пра каханне, ды яшчэ па яе ініцыятыве.

— Там яно часам бывае.

— Вось і я кажу. Не можа быць, каб людзі хлусілі. Але тут нічога гэтага няма. Тут багна і змрок. Тут ваўкі… ваўкі з палаючымі вачыма. У такія ночы мне здаецца, што нідзе, нідзе на зямлі няма сонца.

Мне стала страшна, калі я пабачыў сухі чорны бляск яе вачэй, і, каб перавесці тэму размовы на штосьці іншае, сказаў:

— Няўжо вашы бацька і маці не кахалі адзін аднаго?

Яна загадкава ўсміхнулася:

— У нас не кахаюць. Гэты дом цягне з людзей жыццё. І потым, хто вам сказаў, што ў мяне была маці. Я яе не памятаю, яе не памятае ніхто ў доме. Часам мне здаецца, што я з'явілася на свет сама.

Нягледзячы на глыбокую наіўнасць гэтых слоў, я зразумеў, што гэта не вядомая сцэна з «Дэкамерона» і тут нельга смяяцца, бо гэта жудасна. Перада мною сядзела васемнаццацігадовавя дзяўчына і размаўляла са мною пра тое, што даўно павінна была хаваць у сэрцы і што, аднак, мела для яе не большую рэальнасць, ніж для мяне анёлы на небясі.

— Вы памыляецеся, пані, — буркнуў я, — каханне ўсё ж даецца нам, хоць зрэдку, на зямлі.

— Ваўкі не могуць кахаць. І як можна кахаць, калі наперадзе смерць. Вось яна, за акном.

Худзенькая празрыстая ручка паказала на чорныя плямы акон. І зноў забулькацеў галасок:

— Вашы хлуслівыя кнігі пішуць, што гэта найвялікшая таямніца, шчасце і святло, што чалавек, калі яно прыходзіць, а другі не кахае, забівае сябе.

— Так, — адказаў я. — Іначай не было б ні жанчын, ні мужчын.

— Хлусіце. Людзі забіваюць не сябе, а іншых, яны выпусцілі на зямлю тысячы прывідаў, зданяў. Я не веру, я ніколі не адчувала гэтага, значыць, яго няма. Я ні да каго не хачу дакранацца — я хачу схавацца ад кожнага. Я нікога не хачу, як дзіўна пішуць вашы кнігі, «цалаваць» — людзі кусаюцца.

Нават зараз такая размова пужае некаторых мужчын — што ж казаць пра тыя часы. Я не належаў да нахабных мужчын, але мне не было сорамна: яна размаўляла пра каханне так, як іншыя жанчыны пра надвор'е. Яна не ведала, нічога не ведала пра гэта, яна была неразбуджаная, зусім халодная, халодная як лёд. Яна нават не магла разумець, сорамна гэта ці не. І вочы яе адкрыта глядзелі ў мае, не прыгашаныя павекамі. Гэта не магло быць какецтвам. Гэта быў дзіцёнак, нават не дзіцёнак, а жывы труп.

І яна глыбей захуталася ў шаль і сказала:

— На зямлі пануе смерць. Гэта я ведаю. Я не люблю, калі хлусяць пра тое, чаго ніколі не было на зямлі.

Мы пасядзелі яшчэ. Вецер лямантаваў знадворку. Яна знізала плячыма і ціха сказала:

— Жахлівы край, жахлівыя дрэвы, жахлівыя ночы.

І зноў я пабачыў той самы выраз на яе твары і не зразумеў яго.

— Скажыце, гэта вялікія гарады, Вільня і Менск?

— Даволі вялікія. Але Масква, Пецярбург большыя.

— І што, там таксама людзям нядобра ўночы?

— Не, што вы. Там за вокнамі агні, усю ноч гараць ліхтары, звіняць конкі, там людзі смяюцца на вуліцах.

Яна задумалася.

— Вось бачыце. А тут ніводнага агню. Вакол гэты стары парк на дзве вярсты ў кожны бок, а за ім спяць без агнёў самотныя хаты. У замку каля пяцідзесяці пакояў, не лічачы калідораў і розных пераходаў з закуткамі. Ён так даўно пабудаваны. І ён вельмі халодны, бо продкі забаранілі рабіць у ім печкі, толькі каміны, каб не было падобна на простых суседзяў. Каміны палаюць удзень і ўначы, але ўсё адно па кутах вільгаць і паўсюль холад. У нас на пяцьдзесят пакояў толькі тры чалавекі. Ахмістрыня спіць на першым паверсе, там і вартаўнік. Яшчэ ў адным з флігеляў, за алеяй, жывуць вартаўнік парку, кухарка і праля. Там добра. А ў другой прыбудове дома, з асобным уваходам, жыве яшчэ мой упраўляючы, Ігнат Берман-Гацевіч. Нашто ён патрэбен, упраўляючы, не ведаю, але такі закон. А ў доме на ўвесь другі паверх, на трыццаць пакояў, я адна. І так непрытульна, што хочацца заціснуцца кудысьці ў кут, захутацца з галавою, як дзіцёнку, у коўдру і сядзець так. Вось зараз мне чамусьці вельмі добра і так спакойна, як не было ўжо два гады, з таго дня, як памёр бацька. І мне зараз усё роўна, ёсць агні за гэтымі вокнамі ці няма. Ведаеце, гэта вельмі добра, калі поруч ёсць людзі.

Яна давяла мяне праз гадзіну да майго пакоя (яе пакой быў толькі праз адны дзверы ад майго) і, калі я ўжо адчыняў дзверы, сказала:

— Калі вы цікавіцеся старымі паданнямі — пашукайце ў бібліятэцы, у шафе для рукапісаў. Там павінен быць рукапісны том паданняў, нашых сямейных паданняў. Ну, і яшчэ такія-сякія дакументы.

І дадала:

— Дзякуй вам, пан Беларэцкі.

Я не зразумеў, за што яна мне дзякавала, і, прызнаюся, нават не вельмі думаў пра гэта, калі ўвайшоў у невялікі свой пакой без засаўкі на дзвярах і паставіў свечку на стол.

У пакоіку быў ложак, шырокі, як поле бою пад Койданавым. Над ложкам стары балдахін. На падлозе — выцерты цудоўны кілім. Ложак, відаць, засцілалі з дапамогаю асаблівай палкі (як дзвесце год таму), такі ён быў вялікі. І палка стаяла поруч. Акрамя ложка была камода, высокая канторка і стол. Больш нічога.

Я распрануўся і лёг пад цёплую коўдру, задзьмуўшы свечку. Адразу ж за акном выступілі на сінім фоне чорныя сілуэты дрэў, і данёсся іх роўны, наводзячы сон, шум.

І чамусьці гэта адчуванне закінутасці зрабіла тое, што я выцягнуўся, закінуў рукі за галаву і, ледзь не засмяяўшыся ад шчасця, заснуў, як праваліўся ў нейкую цёмную і прыемную прорву.

Праз сон мне здалося яшчэ толькі, што нехта ішоў маленькімі асцярожнымі крокамі па калідоры, але я не звярнуў на гэта ўвагі, я спаў і радаваўся ў сне, што сплю.

Гэта была апошняя мая спакойная ноч у доме Яноўскіх на Балотных Ялінах.

Навокал на многіх дзесяцінах шумеў і хваляваўся пад асеннім дажджом закінуты, глухі, чорны ад старасці і вільгаці парк.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

Наступны дзень быў звычайным шэрым днём, якія часта бываюць увосень у Беларусі. Ранкам я не бачыў гаспадыні, мне сказалі, што яна дрэнна спіць уначы і таму ўстае позна. Твар ахмістрыні, калі я сядзеў за сняданнем, быў нейкі воцатна-кіслы і такі надзьмуты, што непрыемна было глядзець. Таму я не затрымаўся за сталом, узяў у пакоі свой вялізны зашарпаны сшытак, пяць алоўкаў, накінуў сухі плашч і, распытаўшы пра дарогу да бліжэйшага пачынка, выйшаў з пакоя.

Мне адразу ж стала неяк лягчэй, хоць наваколле не магло пахваліцца весялосцю. Толькі тут, на мокрай сцежцы, я змог добра разгледзець гэты дом-палац. Уначы ён здаўся мне меншым, бо абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары і ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам. А пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва і іншая дрэнь. Высоўваў там-сям, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя сцябліны падтыннік, буялі мядзведжая дуда, шыпшына, ліснік. І на чорнай ад вільгаці зямлі сярод гэгага разнатраўя ляжалі белыя ад цвілі, відаць, абламаныя ветрам, каржакаватыя сукі дрэў.

Сляды чалавечай рукі былі відаць толькі перад уваходам, дзе змрочным пурпурам гарэлі на вялікай курціне познія астры.

І дом выглядаў так змрочна і холадна, што сэрца сціснула. Быў ён двухпавярховы, з вялізным бельведэрам і невялікімі вежкамі па краях і вызначаўся той адсутнасцю архітэктуры, якая была тыповай для беларускіх палацаў у тыя часы, калі нашы продкі кінулі будаваць замкі, але яшчэ патрабавалі ад дойлідаў, каб яны рабілі палацы падобнымі на гэтыя замшэлыя старыя берлагі.

Я вырашыў ісці ў пачынак не раней, як агледзеўшы ўсё тут, і пайшоў па алеі. Чорт ведае, які дурань вырашыў насаджаць у такім змрочным месцы яліны, але гэта было зроблена, і дрэвы, якім было ніяк не менш за сотню год, зрабілі мясцовасць толькі трошкі больш прыемнай, ніж славуты лес у Дантэ. Яліны, тоўстыя — дваім не абхапіць, — падступалі да самых муроў палаца, заглядалі лапамі ў вокны, узвышалкя сіне-зялёнымі конусамі над дахам. Стаўбуры іх зацягнула сівая барада мхоў і лішайнікаў, ніжнія галіны звісалі да зямлі, як шатры, і алея нагадвала вузкае міжгор'е. Толькі ля самага дома бачны былі там-сям пахмурныя, чорныя ад дажджу, амаль голыя волаты ліпы і адзін каржакаваты дуб, відаць, запаветны, бо ўзносіў сваю макушу на некалькі сажняў вышэй за самыя высокія яліны.

Ногі мае бясшумна ступалі па ігліцы, пасля я пачуў, што злева пацягнула дымком, і пайшоў на пах. Хутка дрэвы расхінуліся, толькі каб паказаць такі ж зарослы флігель з паваленым ганкам і забітымі вокнамі.

«З палову вярсты будзе да палаца, — падумаў я. — Калі, скажам, гаспадароў надумаюцца рэзаць — тут не пачуюць, хоць з гарматы страляй».

Ля самых акон стаяў на дзвюх цаглінах чыгунок, і нейкая сівая гарбатая жанчына памешвала ў ім лыжкай. Напэўна, у флігелі дымілі печы, і таму гаспадары да позняй восені варылі ежу на свежым паветры.

І зноў зялёны змрок алеі. Я вельмі доўга ішоў ёю, пакуль не дабраўся да таго месца, праз якое мы трапілі ў парк. Тут бачны былі свежыя сляды нашага вазка, і агароджа, чыгунная, вітая, выключна тонкай работы, была павалена, разбіта на кавалкі і адцягнута ў бакі. Праз яе віткі прараслі даволі вялікія бярозкі. А за агароджай (тут алея звяртала налева і цягнулася немаведама куды) ляжала бурая неабсяжная раўніна са скарлючанымі рэдкімі дрэўцамі, зялёнымі вокнамі (у адно з іх мы, відаць, учора ледзь не трапілі, і я заднім лікам пахаладзеў ад жаху), рэдкімі велічнымі каменнямі.

Самотная варона круцілася над гэтым гіблым месцам.

…Калі я з'явіўся надвячоркам дадому з пачынка, я быў так намучаны гэтым змрочным месцам, што ледзь узяў сябе ў рукі. Мне пачынала здавацца, што гэта назаўсёды, гэтыя бурыя раўніны, дрыгва, напаўжывыя ад трасцы людзі, выміраючы ад старасці парк — уся гэта безнадзейная і ўсё ж родная зямля, над якою ўдзень хмары, а ўначы свеціць воўчае сонца або лье бясконцая зліва.

Надзея Яноўская чакала мяне ў тым самым пакоі, і зноў былі той самы дзіўны выраз на яе перакрыўленым твары і тая самая няўважлівасць да вопраткі. Толькі на стале, дзе стаяў позні абед, былі змены.

Абед быў вельмі сціплы і не каштаваў гаспадыні ані шэлега, бо ўсе стравы былі з вясковых прадуктаў. Толькі на сярэдзіне стала стаяла бутэлька віна, ды і тое, відаць, было сваё, са сваіх сутарэнняў. Але ўсё іншае было проста феерверкам фарбаў і форм. Пасярэдзіне стаяла срэбная ваза для кветак, і ў ёй дзве жоўтыя галінкі клёна, поруч з ёю, але, відаць, з другога сервіза, вялікая, таксама срэбная, супавая міса, срэбная салонка, талеркі, блюда. Але здзівіла мяне не гэта, тым больш што ўсе гэтыя рэчы былі разрозненыя, цёмныя ад старасці, там-сям трошкі змятыя. Здзівіла мяне тое, што гэтыя рэчы былі даўняй мясцовай работы.

Вы, вядома, ведаеце, што стагоддзі два-тры таму срэбная і залатая пасуда ў Беларусі была пераважна нямецкай работы, вывезеная з прусаў. Гэтыя прадметы, багата аздобленыя рознымі выкрутасамі, рэльефнымі фігуркамі святых і анёлаў, былі саладжавыя і прыгожанькія, да таго, што хацелася ванітаваць, але што зробіш, гэта была мода.

А гэта было сваё: нязграбныя, трошкі прысадзістыя фігуркі на вазе, характэрны арнамент. І нават у жанчыны на салонцы было простае шыракаватае тутэйшае аблічча.

І сярод гэтага стаялі два келіхі з вясёлкавага старажытнага шкла, якога зараз на вагу золата не знойдзеш (адзін келіх, перад ёю, быў трошкі надбіты зверху).

Як на грэх, адзіны за ўвесь дзень апошні прамень сонца прабіўся ў акно і зайграў у шкле, запаліў у ім дзесяткі рознакаляровых агеньчыкаў.

Гаспадыня, напэўна, заўважыла мой позірк і сказала:

— Гэта ўсё апошняе з тых трох прыбораў, якія засталіся ад продка, Рамана Жысь-Яноўскага. Але ходзіць недарэчнае паданне, быццам гэта падарунак яму… ад караля Стаха.

Праўда, сёння яна неяк пажвавела, здавалася нават не такой непрыгожай, відаць, ёй падабалася новая роля.

Мы выпілі віна і паелі, амаль увесь час размаўляючы. Віно было чырвонае, як гранат, і надзвычай добрае. Я зусім развесяліўся, смяшыў гаспадыню, і нават у яе з'явіліся на шчоках дзве не вельмі здаровыя ружовыя плямы.

— А чаму вы дадалі да прозвішча вашага продка гэты прыдомак «жысь»?

— Даўняя гісторыя, — зноў змрочна сказала яна. — Справа як быццам была на паляванні. Да глухаватага караля са спіны бег зубр, і пабачыў гэта адзін Раман. Ён крыкнуў яму: «Жысь!» — гэта па-нашаму, мясцоваму, значыць «сцеражыся!», і кароль павярнуўся, але, адбягаючы ўбок, упаў. Тады Раман, з рызыкай забіць караля, стрэлам трапіў зубру ў вока, і той паваліўся амаль побач з каралём. Пасля гэтага ў наш герб далі пішчаль, а да прозвішча прыдомак «жысь».

— Такія выпадкі маглі быць у тыя часы, — сцвердзіў я. — Прабачце, я прафан у геральдыцы. Яноўскія, мне здаецца, вядуцца на нашай зямлі з дванаццатага стагоддзя?

— З трынаццатага, — сказала яна. — І лепей бы яны не вяліся. Гэтыя законы роду чыстае глупства, але супраць іх не пойдзеш. Гэтыя каміны, гэта правіла абавязкова жыць у гэтым доме камусьці з нашчадкаў, забарона прадаваць яго. А, між іншым, мы жабракі. І дом гэты — жахлівы дом. І на нас як праклён які ляжыць. Двойчы пазбаўлялі герба, труцілі. Амаль ніхто з продкаў не памёр сваёй смерцю. Вось гэтага ў чырвоным плашчы жыўцом адпелі ў царкве, вось гэтая жанчына з непрыемным тварам, наша дальняя сваячка, Дастаеўская (між іншым, адзін з продкаў славутага пісьменніка), забіла мужа і ледзь не знішчыла пасерба, яе засудзілі да страты. Што зробіш, нашчадкам за ўсё гэта трэба плаціць, і на мне род Яноўскіх згіне. А як мне хочацца часам на цёплае сонца, пад шаты сапраўдных дрэў, якія тут не растуць. Мне часам сняцца яны — маладыя, вялізныя, пышныя, як зялёнае воблака. І воды, такія светлыя, такія поўныя, што дух займае, што спыняецца ад шчасця сэрца. А тут гэтыя агідныя яліны, дрыгва, змрок…

Полымя каміна наружовіла яе твар. За вокнамі ўжо залягла глыбокая чорная ноч, і, відаць, пачалася зліва.

— Ах, пан Беларэцкі, я такая шчаслівая, што вы тут, што ёсць поруч чалавек. Звычайна я ў такія вечары голасна спяваю, але я і песень добрых не ведаю, усе старыя, з рукапісных кніг, сабраных дзедам. І там жахі: чалавек цягне па расянцы чырвоны след, а звон, які даўно патануў у дрыгве, гучыць па начах, гучыць…

Прыходзяць дні, адыходзяць дні… -

заспявала яна глыбокім дрыжачым голасам. -

Прыходзяць дні, адыходзяць дні,

На святло наплывае цень.

Б'ецца Сказко з Кірдзяём Пацуком,

Б'ецца і ноч і дзень.

Кроў ад напругі з пазногцяў бяжыць,

З шабляў полымя мечуць паны,

І ўпаў Сказко, і паклікаў ён:

«Дзе ж вы, другі?» Не чуюць яны.

Любка Юр'еўна ўчула голас яго,

Пазбірала свой моцны род.

І «пабеглі есмо» на конях яны

Да далёкіх рудых балот.

— А далей дрэнна. Не хачу спяваць. Толькі і добра, што апошнія радкі:

І яны пілі адзін аднаго,

І яны у згодзе жылі.

Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёй,

Пакуль разам у дол не сышлі.

Я быў глыбока, ад усяго сэрца расчулены. Такое пачуццё бывае толькі тады, калі чалавек глыбока верыць у тое, пра што спявае. І якая цудоўная старая песня!

А яна раптам уткнулася тварам у далоні і зарыдала. Дальбог, сэрца маё аблілося крывёю. Што зробіш, я наогул недаравальна жаласлівы.

Не памятаю, якімі словамі я яе суцяшаў.

Паважаны чытач, да гэтага самага месца я быў, так бы мовіць, суровым рэалістам у сваім апавяданні. Вы ведаеце, я не вялікі ахвотнік да раманаў у духу мадам Радкліф і першы не паверыў бы, каб хтосьці расказаў мне такое. Тон майго апавядання рэзка мяняецца.

Паверце мне, каб усё гэта было выдумкай — я б выдумаў гэта зусім іначай. У мяне ўсё ж добры густ, а такога ніводны з паважаючых сябе раманістаў не насмеліўся б прапанаваць сур'ёзным людзям.

Але я распавядаю шчырую праўду. Мне нельга хлусіць, а гэта для мяне занадта сваё, занадта важлівае. Таму буду распавядаць, як яно было.

Мы сядзелі некаторы час моўчкі; камін дагараў, і цемра пасялілася па кутах вялізнай залы, калі я глянуў на яе і спалохаўся: такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі.

— Чуеце?

Я прыслухаўся. У мяне тонкі слых, але толькі праз хвіліну я пачуў тое, што чула яна.

Недзе ў калідоры, злева ад нас, трашчаў пад нечымі крокамі паркет.

Хтосьці ішоў доўгімі бясконцымі пераходамі, і крокі то заціхалі, то з'яўляліся зноў.

— Чуеце? Топ-топ-топ…

— Надзея Раманаўна, што з вамі, што такое?!

— Пусціце мяне… Гэта Малы Чалавек… Гэта зноў ён… Па маю душу.

З усяго гэтага я зразумеў толькі тое, што ў гэтым доме чыняцца нейкія недарэчныя жарты, што тут нейкі вісус палохае жанчыну.

Не зважаючы на тое, што яна схапіла мяне за рукаў, імкнучыся затрымаць, я схапіў камінную качаргу і кінуўся па сходах да калідора. Гэта было справай хвіліны, і я расчыніў нагою дзверы. Вялізны калідор быў напаўцёмны, але я добра бачыў, што ў ім нікога не было. Так, нікога не было. Былі толькі крокі, якія гучалі па-ранейшаму трохі няўпэўнена, але гучна. Яны былі зусім блізка ад мяне, але патрохі аддаляліся ў другі канец калідора.

Што заставалася рабіць? Ваяваць з тым, каго не бачыш? Я ведаў, што гэта дарэмная справа, але я стукнуў качаргою проста ў тое месца, адкуль чуліся крокі. Качарга прарэзала пустое паветра і са звонам упала на падлогу.

Смешна? Мне было ў той час, як вы здагадваецеся, не да смеху. У адказ на мой дастахвальны і рыцарскі ўдар нешта жаласна і глуха застагнала, пасля пачуліся яшчэ два-тры крокі — і ўсё сціхла.

Толькі тут я ўспомніў, што гаспадыня засталася адна ў гэтай вялізнай цёмнай зале, і заспяшаўся да яе.

Я чакаў, што яна страціла прытомнасць, звар'яцела ад жаху памерла, але толькі не таго, што пабачыў. Яноўская стаяла ля каміна, і твар яе быў суровы, змрочны, амаль спакойны, толькі з тым самым незразумелым выразам у вачах.

— Дарэмна вы кінуліся туды, — сказала яна. — Вы, вядома, нікога не пабачылі. Я ведаю, бо бачу яго толькі я і часам яшчэ ахмістрыня. Берман бачыў яго.

— Каго «яго»?

— Малога Чалавека Балотных Ялін.

— А гэта што такое?

— Не ведаю. Але ён з'яўляецца, калі ў Балотных Ялінах хтосьці павінен памерці наглай смерцю. Ён можа хадзіць яшчэ год, але дачакаецца свайго.

— Магчыма, — няўдала пажартаваў я. — Будзе сабе хадзіць яшчэ год семдзесят, пакуль вас не пахаваюць праўнукі.

Яна рэзка адкінула галаву:

— Я ненавіджу тых, хто жэніцца. І не смейце жартаваць з гэтым. Гэта занадта сур'ёзна. Так загінула восем маіх продкаў, — гэта толькі тыя, пра каго запісалі, — і заўжды ў запісах упамінаюць Малога Чалавека.

— Надзея Раманаўна, не хвалюйцеся, але нашы продкі верылі, між іншым, і ў ведзьмакоў таксама. І заўжды знаходзіліся людзі, якія кляліся, што бачылі іх.

— А бацька? Мой бацька? Гэта не запісы, гэта чула, гэта бачыла я сама. Бацька быў атэіст, але ў Малога Чалавека і ён верыў да таго самага часу, пакуль яго не даканала дзікае паляванне. Я чула, разумееце?! Тут вы мяне не пераканаеце. Гэтыя крокі гучалі ў нашым палацы перад яго смерцю амаль кожны дзень.

Што мне было рабіць? Пераконваць яе, што гэта была слухавая галюцынацыя? Але я не галюцыніраваў, я выразна чуў крокі і стогн. Казаць, што гэта нейкі стары акустычны эфект? Не ведаю ці дапамагло б гэта, хоць палова чутак пра прывіды ў старых будынках грунтуецца менавіта на такіх фокусах. Напрыклад, вядомы прывід палаца Любамірскіх у Дуброўне выявіўся нарэшце сасудам з ртуццю і залатымі манетамі, які невядомы жартаўнік год за сто да адкрыцця таямніцы замураваў у комін якраз у тым месцы, дзе ён выходзіў на сонечны прыпёк. Варта было начному холаду начаць змяняцца на дзённую спякоту, як амаль ва ўсіх пакоях другога паверха пачыналіся дзікі лямант і шоргат.


  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13