Бліжэй! Бліжэй! Адлегласць паміж Дубатоўкам і шалёнымі коньмі змяншалася. У адчаі ён збочыў са сцежкі, але звар'яцелыя коні збочылі таксама.
У той самы момант ногі ягоныя з маху ўскочылі ў бездань, а коні наздагналі яго і пачалі правальвацца. Першы дрыкгант змяў яго капытамі, уціснуў глыбей у смярдзючую багну і загігатаў. Забулькацела, загаварыла дрыгва.
— Кароль Стах!… — даляцела да нас.
Пасля нешта вялізнае заварочалася ў глыбіні, глытаючы ваду.
Пасля коні і чалавек зніклі, і толькі вялікія булькі засіпелі на паверхні.
Як свечка, палаў палац апошняга «рыцара», рыцара начных разбояў і воўчага сонца. Мужыкі ў вывернутых кажухах і з віламі ў руках стаялі вакол дома, залітыя чырвоным трывожным святлом.
РАЗДЗЕЛ ВАСЕМНАЦЦАТЫ
Я з'явіўся дадому брудны, стомлены і, калі вартаўнік адчыніў мне дзверы, адразу прайшоў да сябе. Нарэшце ўсё было скончана, нарэшце раздушылі чыгунную дзікую сілу. Я быў такі выснажаны, што, запаліўшы свечку, ледзь не заснуў на ложку, напалову сцягнуўшы адзін бот. А калі я лёг, усё паплыло перад маімі вачыма: балоты, полымя над домам Дубатоўка, мерны пошчак капытоў, коннікі, жудасныя крыкі, твар Рыгора, які апускае цяжкія габлі-трайчаткі. І толькі потым цяжкі сон зваліўся на мяне, уціснуў галаву ў падушку, як конь капытом галаву Дубатоўка. Нават у сне я жыў падзеямі ночы: бег, страляў, скакаў і адчуваў сам, што ногі мае рухаюцца, бягуць у сне.
Дзіўным было маё абуджэнне, хоць і нельга было назваць абуджэннем мой стан. Яшчэ ў сне я адчуваў, што нешта цяжкае, вельмі нядобрае робіцца вакол, што ў пакоі гусцее цень нейкай невымоўнай, апошняй бяды. Быццам нехта сядзеў у мяне на нагах, так наліліся яны цяжкім. Я адкрыў вочы і пабачыў смерць пад руку з Дубатоўкам, які смяяўся. І я разумеў, што яны ў сне, што вочы я адкрыў у сне, што бяда па-ранейшаму жыве ў гэтым пакоі, рухаецца, што яна ўсё набліжаецца і набліжаецца.
Балдахін навісаў, плыў на мяне, душыў, і кутас яго вісеў проста перад маімі вачыма. Сэрца шалёна калацілася. Я адчуваў, што невядомае ідзе на мяне, што яго цяжкія крокі гучаць на пераходах, і я адчуваў, што я быў слабы, бездапаможны, што ўся мая сіла зараз дарэмная, што нейкае дурное страшыдла зараз схопіць мяне, або нават не мяне, а яе, і хрупнуць тонкія, слабыя яе костачкі. А я буду толькі глядзець. Я круціў галавою і мыкаў, не ў змозе адбіцца ад кашмарнага цяжкага сну.
І раптам полымя свечкі пацягнулася да столі; стала чэзнуць, чэзнуць, знікаць і згасла нарэшце, знясіленае барацьбою з цемрай.
Я глянуў на дзверы — яны былі прыадчынены. Зноў цяжкі кашмар. Месяц распляскаў святло па сценах пакоя, паклаў квадраты на падлогу, блакітным туманом курыўся ў праменнях дымок ад згаслай свечкі.
Застагнаў, не маючы змогі варухнуцца. І раптам пабачыў два вялікія бессэнсоўныя вокі, якія глядзелі на мяне з-за парцьеры. Гэта было жахліва! Я хітнуў галавою: твар жанчыны глядзеў на мяне. І яшчэ каб вочы яе глядзелі, а то яны ўтаропіліся кудысьці за мяне, быццам бачылі мяне наскрозь і ў той жа час не заўважалі.
Пасля невядомая істота паплыла да мяне. Я глядзеў на яе, на Блакітную Жанчыну Балотных Ялін, і валасы мімаволі ўставалі дыбарам на маёй галаве, хоць я і не ведаў, ява гэта ці сон, сон майго знясіленага цела. Гэта была яна, жанчына з партрэта, падобная на Надзею Яноўскую і адначасова зусім не падобная: даўжэйшы твар, спакойны, як смерць, зусім не той выраз на ім, постаць больш высокая і моцная. І вочы глядзелі мёртва і пранікнёна, глыбокія, як вір.
Блакітная Жанчына плыла. Вось яна ў сваім дзівосным блакітным уборы, які зіхацеў пераліўчатымі хвалямі пад туманным святлом месяца, выплыла на сярэдзіну пакоя, выцягнула рукі, мацаючы імі паветра.
Я адчуваў, што канчаткова прачнуўся, што ногі мае скутыя, што дзівосная здань рухаецца да мяне, цягне свае рукі.
«Што здарылася з гаспадыняй, можа, яна мёртвая зараз, нездарма ж такі невымоўны жах ахапіў маю істоту толькі што, у сне?»
Гэтая думка надала мне сілы. Я збіў нагамі коўдру, прыгатаваўся да нападу і, калі яна падплыла бліжэй, схапіў яе проста за выцягнутыя рукі. Адна мая рука трапіла ў нейкі, унікаючы пальцаў, флёр, другая моцна схапіла за штосьці невымоўна тонкае, слабае і цёплае.
Моцна ірвануў яе на сябе, пачуў крык і зразумеў сутнасць з'явы, калі пабачыў, як грымаса жаху зноў села на твар, як у вачах, быццам абуджаных ад сну, з'явіўся асэнсаваны агеньчык, выраз болю, трывогі і яшчэ чагосьці, што бывае ў вачах сабакі, які чакае ўдару. Блакітная Жанчына закалацілася ў маіх руках, не здольная ад нечаканасці сказаць ані слова, а пасля сутаргавае рыданне вырвалася з яе вуснаў.
І схожасць, новая схожасць гэтай істоты з Надзеяй Яноўскай была такой моцнай, што я, не памятаючы сябе, крыкнуў:
— Надзея Раманаўна, супакойцеся! Што вы, дзе вы?!
Яна і слова не магла сказаць. Пасля жах споўніў яе зрэнкі.
— А! — крыкнула яна коратка і спуджана і затрэсла адмоўна галавой.
Абуджаная з самнамбулічнага стану, яна яшчэ нічога не разумела, толькі жах поўніў яе маленькае, дрыжачае, як кацяня, сэрцайка. І нязнаны жах споўніў і мяне таксама, бо я ведаў, што ад такога раптоўнага спуду людзі часта вар'яцелі або заставаліся нямымі.
Я не ведаў, што я раблю, як мне ратаваць яе ад гэтага, і стаў укрываць пацалункамі яе духмяныя доўгія валасы, спуджана дрыжачыя павекі, халодныя рукі.
— Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Любая! Пяшчотная! Не бойся, я тут, я з табою, я знішчыў караля Стаха! Ніхто ўжо не парушыць твой добры ласкавы спакой!
Павольна, вельмі павольна вярталася да яе прытомнасць. Зноў адкрыліся вочы. І я паступова пакінуў цалаваць яе, хоць гэта было цяжэй за смерць.
— Што гэта? Што за пакой? Чаму я тут? — прашапацелі вусны.
Я ўсё яшчэ трымаў яе ў абдоймах, танюткі сітняг, без якога я, моцны, адразу зламаюся. Я трымаў яе, бо ведаў: пакінь — і яна ўпадзе.
А ў вачах яе між тым плескануўся такі жах, змешаны з такой вар'яцінкай, што я пашкадаваў, нашто я абудзіў яе ад гэтага.
— Надзея Раманаўна! Супакойцеся, калі ласка! Не трэба больш, усё-ўсё будзе добра, светла для вас на зямлі.
Яна не разумела. Чорны цень поўз аднекуль з кута да яе (відаць, хмара засноўвала месяц), і яна глядзела на яго, і зрэнкі, і вочы яе ўсё шырыліся, шырыліся, шырыліся.
Вецер раптам загрукацеў недзе напаўадарванай аканіцай, завыў, заскуголіў у коміне. І гэта было так неймаверна падобна на далёкі грукат капытоў дзікага палявання, на нялюдскі крык: «Раман! Раман! Выходзь!»
Гэта было так падобна на ўсё гэта, што я здрыгануўся.
А яна раптам закрычала, прыціснулася да мяне так, што я адчуваў яе грудзі, калені пад тонкім флёрам, учапілася за мяне, і я, падначалены нястрымнаму жаданню, прыціснуў яе ўсю да сябе.
— Клятыя грошы. Клятыя грошы! Забярыце, забярыце мяне адсюль, забярыце!… Моцны, вялікі чалавек мой, уладар, забяры мяне адсюль! Тут так жахліва, так холадна, так змрочна! Я не жадаю, не жадаю паміраць…
Я перанёс яе на ложак, лёгкую, як дзіця. «Капыты» ўсё яшчэ грукацелі за акном. Яна так учапілася ў мае рукі, што я адчуў сапраўдны боль.
— Забярыце, забяры мяне!… Я не магу, я не магу.
І ўсё прыціскалася да мяне, лавіла мой позірк, хавалася за мае грудзі.
Я адварочваў твар, я задыхаўся. Але я не мог. Гэта наляцела, як навала, і слабы чалавек не вытрымаў. Усё злілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль.
Месяц схаваўся за домам, апошнія адбіткі яго праменняў падалі на яе твар, на радасныя спакойныя вочы, якія глядзелі ў змрок.
Амаль рыдаючы ад шчасця, якое заўжды валодае першым і першай, калі ніхто раней не кранаўся так тварам да тваёй рукі, я з жахам думаў, што яна, мая першая, адзіная, назаўжды свая,магла, каб гэтыя мярзотнікі дабіліся свайго, быць падобнай чымсьці на тую, у Кульшавым доме.
Гэтага не будзе. Пяшчотай, вечнай удзячнасцю, дабрынёй — я зраблю так, што знікне яе самнамбулізм. Ніводнага крыўднага, ніводнага чэрствага слова не скажу я ёй. Хіба не вянчаў нас нясцерпны жах, чаканне смерці, агульнае жаданне звычайнай цеплыні? Хіба не рызыкавалі мы адзін для аднаго? Хіба не ўзяў я яе, як найвялікшае шчасце, на якое не спадзяваўся?
РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
Вось і ўсё. Праз дзень упершыню за ўсе гэтыя дні сонца разам з лёгкім ранішнікам пала на балоты, пусткі, на старыя яліны парку, на замшэлыя муры маёнтка. Высокая трава была абсыпана белай халоднай пудрай і ружавела ад першых праменняў сонца. І муры былі ружовымі, нават памаладзелі, прачнуўшыся ад цяжкага сну, які вісеў над імі тры гады. Молада блішчалі вясёлкавыя шыбы, сонца кідала нягрэючыя праменні, і адхонні пацелі ад яго, трава на іх рабілася мокрай.
Мы ад'язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё.
— Што ты думаеш рабіць з гэтым? — спытаў я.
Яноўская знізала плячыма, як ад марозу:
— Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. — І горка ўсміхнулася: — Маярат! Столькі крыві, такі клубок подласці, падступных злачынстваў, інтрыг… І дзеля чаго? Жменька золата… Не, Бог з ім, з маяратам, гары ён ясным агнём!…
Я абняў яе за тонкія плечы:
— Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго.
Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах.
І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана.
Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі.
Чалавек гэты пайшоў вялікімі крокамі нам насустрач, затрымаў за аброць каня, і мы пазналі Рыгора. Ён стаяў у сваім кажусе, зблытаныя валасы падалі з-пад магеркі на лоб, на добрыя дзіцячыя вочы.
Я скочыў з воза.
— Рыгор, дарагі, што не прыйшоў развітацца?
— Хацеў адных вас сустрэць. Цяжка мне пасля гэтай гісторыі. Вы малайцы, што едзеце, тут паўсюль вам усё будзе нагадваць старое.
Палез рукою ў кішэнь і, пачырванеўшы, дастаў гліняную ляльку.
— Гэта вам, Надзея Раманаўна… Можа, паставіце дзе… успамінаць будзеце…
Надзея ўзяла яго за скроні і пацалавала ў лоб. Пасля дастала з вушэй завушніцы і паклала іх у шырокую чорную далонь паляўнічага.
— Будучай жонцы тваёй.
Рыгор крэкнуў, пакруціў галавою.
— Бывайце вы… Бывайце, лепей, хутчэй… А то адзін грэх з вамі: разрумзаешся, як баба… Дзеці вы. Жадаю вам найлепшага, самага добрага на зямлі.
Я расцалаваў Рыгора ад усяе душы.
— Рыгорка! Лепшы друг! Ёдзем з намі, перасядзіш той час, калі будуць шукаць Дубатоўка і іншых. А то яшчэ які-небудзь паскуднік заб'е цябе.
Вочы Рыгора пасуровелі, і жолвы зарухаліся на сківіцах.
— Го, няхай паспрабуе!…
І рукі ягоныя сціснулі доўгую стрэльбу, аж жылы на іх надзьмуліся.
— Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства — лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым.
— І я веру ў гэта, — проста сказаў я.
Калі мы ад'ехалі далёка, я з узлесся яшчэ раз пабачыў на кургане ягоны вялізны сілуэт. Рыгор стаяў на фоне чырвонага неба з доўгай, вышэй галавы, стрэльбаю ў руках, у кажусе поўсю наверх, які абцягваў яго ладную постаць. Вецер развейваў яго доўгія валасы. Цар лясных мясцін!…
Мы праехалі лясы праз дзень, таксама на світанні. Тут толькі я зразумеў, якая была розніца паміж яноўскім наваколлем і гэтай зямлёй. Мокрая высокая трава, сонца, радасць…
І над чыстымі хаткамі бусліныя вялізныя гнёзды і блакітная цішыня.
Гэта была новая, зусім іншая Беларусь. Там-сям стаялі на рэчках сукнавальні — зусім іншая эпоха, іншыя звычаі.
Як жа павінна была глядзець на гэта мая жанчына з васемнаццатага стагоддзя, калі нават я за гэтыя тыдні забыў усё гэта!…
Я глянуў на тую, што мелася стаць маёй жонкай. Вочы яе былі шырока і шчасліва раскрытыя, яна прыціскалася да мяне і часам перарывіста ўздыхала, як дзіця пасля слёз.
Мне вельмі хацелася, каб ёй было яшчэ лепш. І я часам нахіляўся і цалаваў яе тонкую руку.
Непакоіла мяне ў той час, ды і пазней, толькі яе хвароба. Таму я наняў на ўскраіне горада маленькую хатку з садам. Урачы сказалі, што гэта пройдзе ад спакойнага жыцця.
І сапраўды, гэта прайшло, калі яна пражыла са мною два месяцы і сказала, што ў нас будзе дзіця.
Мы акружылі адзін аднаго такім морам пяшчоты і ўвагі, такой любоўю, што я нават праз дваццаць год здзіўляўся гэтаму, як сну. Нам было добра паўсюль, нават у Сібіры, куды я трапіў у 1902 годзе. Яна была больш чым проста жонкай, яна была другам да смерці.
Мы жылі доўга і шчасліва, як у песні:
Пакуль сонца ззяла над грэшнай зямлёю…
Але яшчэ і зараз я часам бачу ў сне сівыя верасовыя пусткі, чэзлую траву на паверхні прорваў і дзікае паляванне караля Стаха, якое скача па дрыгве. Не бразгаюць цуглі, моўчкі сядзяць у сёдлах прамыя постаці коннікаў.
Вецер развейвае іх валасы, плашчы, грывы коней, і самотная гострая зорка гарыць над іхнімі галовамі.
У жахлівым маўчанні шалёна скача над зямлёю дзікае паляванне караля Стаха.
Я прачынаюся і думаю, што не прайшоў ягоны час, пакуль ёсць цемра, голад, нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно — сімвал усяго гэтага.
Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне.