Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Вам знаёмае (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Калюга Лукаш / Вам знаёмае (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Калюга Лукаш
Жанр: Отечественная проза

 

 


Калюга Лукаш
Вам знаёмае (на белорусском языке)

      Лукаш Калюга
      (сапр. Кастусь Вашына)
      Вам знаёмае
      Не тое, што ў аднаго пiсьменнiка...
      Прыйшоў Адаму з вёскi лiст, i не было ў iм нiводнае сiнтаксiчнае памылкi. Але неставала дзвюх косак i адно шматкроп'е было недарэчы. I ў краiне суцэльнай пiсьменнасцi ўжо нельга цытаваць такога лiста - давядзецца пераказваць.
      Хвалiўся Васiль - Адамаў найлепшы дружака, - што гэтымi днямi была вечарынка ў iх. Да белае ранiцы гулялi. Развiднiвала ўжо, як яны разыходзiлiся.
      Шкадаваў Васiль, што Адама не было пры гэтым. Была з таварышкаю, што недзе там у вас, у Менску - пiсаў - на цукерачнай фабрыцы працуе, i тая дзяўчына з Журавiч. Ды якраз у гэтым месцы i было тое Васiлёва непатрэбнае шматкроп'е. Выйшла ў яго, нераўнуючы, як у тых лiрыкаў, якiм правапiс не пiсан. А ўсё, каб лепш даняць, каб крануць за жывое.
      Аднаго разу - гады тры, як было гэта, - прыязджала тая жураўская дзяўчына да цёткi ў iх вёску з кудзеляю. Вечары са два пасядзеў тады Адам у яе каля праснiцы, нейкую старасвецкую польку стаптаў быў з ёю.
      Ды што там значылi тыя два вечары! Марна ўсё гэта было. Не бавiлася жураўская дзяўчына ў Паташнi. Неўзабаве прыехаў бацька ды забраў яе з гасцей дадому. Так яно i сцерлася. А пачыналася ўжо...
      Пазалетась - даўно ўсё гэта было. Нават iмя тае дзяўчыны цяпер Адам не помнiць, а ведаў жа. У твар не пазнаў бы, каб стрэць давялося. Пяты нумар лямпа была тады ў Януковых, дый тую яшчэ ўкручвалi - шкадавалi, што лiшняе газы гарыць, дык нельга было прыгледзецца.
      Ужо трэцi месяц, як калгас пусцiў Адама ў Менск у заработкi. Рабiў ён сталярку ў клiнiчным гарадку. Там i жыў - у новым доме з зялёным дахам на трэцiм паверсе.
      Лета, цяпло... I на трэцiм паверсе, дзе iхняя брыгада зрабiла сабе iнтэрнат, замест вокнаў свяцiлi небам нашклёныя дзiркi. Гэта не шкодзiла. Яны яшчэ шыршыя, прастарнейшыя былi. Лепш, ясней былi воддалей, цераз слiмазарныя местачковыя хаты ваколiцы з iх вiдаць узнёслыя гарадскiя муры.
      Гэту даль у акне любiў Адам. Каб шырэй i вышай яна сталiцаю выроствала, ён i сам быў прычыннiк. Муляры з кельнямi снавалi ёй аснову. Адам жа з гэблiкам, каб гладзей было, падганяў.
      Не знаў тут Адам адзiноты. У iхнiм iнтэрнаце не тое каб баек - праўды не было куды дзяваць. Адусюль з Беларусi па чалавеку сабралася, ды i з Украiны было трох. Адзiн калi пачне, а другi як паможа... Весела было!
      I гэтага дня тое самае. Пачалi з надзённае прыгоды з гарбатаю. А там далей-болей... Заляжалая праўда пайшла. А на змярканнi i зусiм байкi пачалiся - выштукаваныя, слова да слова дабраныя.
      Адам не вельмi гаваркi быў. Мала ён яшчэ свету зазнаў: толькi трэцi месяц, як з дому, з вёскi. Але пiльнаваўся гурту - слухаць любiў. А гэты раз, лiст прачытаўшы, зусiм адбiўся. Лёг сабе на сваiм палку ў куточку i ляжаў сцiхатою, пазiраў на горад праз небам нашклёнае акно.
      З трэцяга паверха Адаму з палка не вiдаць было нiзкае ваколiцы. Толькi адзiнокiя, дзе-нiдзе панатыканыя лiхтары ўгадваў ён унiзе сярод трухлявых хатак. Было прыкра вачам ад iхняга купчастага, рэдка параскiданага, нахабнага святла. А далей, на гары, цэнтральныя вулiцы свяцiлi мякка, ласкава...
      I Адам устаў.
      - Хадзем у горад, хто хоча, - нi з таго нi з сяго паклiкаў ахвотнiкаў дапамагчы яму рассеяць нуду.
      - Хто яго! Перад выхадным сходзiм.
      - Што ты там будзеш рабiць у горадзе?
      Не было кампанii. Адзiн пайшоў ён да трамвайнага прыпынку.
      На нешта вясёлае, а пацалунку пачатае, трапiў Адам у кiно. Так рэжысёр перамагаў трафарэт - з прызвычаенага канца пачынаў камедыю. А далей усяго было... Быў i ясны, сонечны дзень на экране. Буйна, выразна прайшлi аблiччы. Такiя запамiнаюцца, такiх бы пазнаў, каб дзе стрэць давялося. Кончылася ж так, як звычайна пачынаецца: iшла дзяўчына, i блытаўся вецер у яе пад нагамi.
      Паўсеанса народу вёз трамвай у Адамаў бок на Камароўку. Цяжка было ледзьве сунуўся. На першых прыпынках яшчэ крапiўся крыху, а там - што далей, то ўсё болей пачаў растрасаць дарогаю. Каля клiнiчнага гарадка, крыху раней за Адама, сышлi дзве дзяўчыны з невялiкiмi клункамi. I пытаць не трэ было, што вясковыя. Ростам i з адзежы падобны былi яны адна на адну, толькi хусткi iначай завязвалi: адна пад целяпень, а другая пад бараду.
      Адышлiся яны крокаў колькi дый спынiлiся каля слупа з лiхтаром.
      - А цяпер куды? - пыталася бойкая дзяўчына ў хустцы, завязанай пад бараду.
      - Дзе гэта мы? - збiлася з тропу i другая - знакамiтая, што насiла хустку пад целяпень.
      - Спытаймася, - бойкая кiнула на Адама, што iшоў паўз iх.
      - А сцiхнi ты! Самi знойдзем...
      - Чаго там?! Свой хлопец...
      Бойкая не ўвалгалася: у горадзе кожны вясковы адзiн аднаму нейкi далёкi сваяк. А тут якраз Адам з iмi параўняўся. I бойкая, наперакор знакамiтай:
      - Як тут, - кажа, - на ...скую вулiцу трапiць?
      Празрыста, нахабна свяцiў лiхтар. Ясныя, як там, на экране, вiдаць былi Адаму дзявочыя аблiччы. I падалося яму, што гэту ў хустцы пад бараду бойкую дзяўчыну цi то ён дзе бачыў, цi то на нейкую, яму знаёмую, яна вельмi ж падобна была. Але гэтаму ён i сам не даваў веры. Усе вясковыя, у горад прыехаўшы, крыху падобны адзiн на аднаго.
      - Вы ж лiшнi прыпынак праехалi, - тлумачыў ён iм. - Каб злезлi не даязджаючы, шмат блiжэй вам было б.
      - От бачыш! А казала: ведаю, завяду, - дакарала бойкая знакамiтую.
      Тая нешта была памкнулася сказаць, але бойкая перапынiла:
      - Маўчы лепш! - ды прасiла Адама: - Пакажыце, як нам тут прайсцi.
      Адам ...скую вулiцу ведаў. Меў ён увагу, што свае - вясковыя, i не меў занятку на вечар, дык не то каб паказаць, а на самую ...скую вулiцу завесцi iх падрадзiўся. Знайшоў патрэбны iм, на паперцы з дому запiсаны нумар. Якраз насупраць пошты на другi бок вулiцы быў ён.
      Пры рабоце коратак дзень. Адам жа ад цямна да цямна працаваць быў прывычан. Яму рана было а чацвёртай гадзiне, далёка да вечара летнiм днём. I назаўтрае, пасля таго кiна, пасля тае стрэчы, нейкая работа рупiла яму. Нарэшце ўспомнiў, што не адпiсаў ён яшчэ лiста Васiлю.
      Хацелася прыгадаць iмя тае скудзельнiцы, ды недзе згубiлася, закiнулася ў памяцi - не было яго напашэве. Намагаўся Адам аднавiць яе вобраз, ды дарэмна. Быў добра ў памяцi толькi скупы, пятага нумара лямпы, укручаны Януковых агонь.
      Трацяголетняя скудзельнiца непакоiла, але заўважыў Адам, што i тая, учора на трамвайным прыпынку сустрэтая, бойкая вясковая дзяўчына падабаецца яму.
      Другi раз стаiўся б, а цяпер амаль не ўвесь лiст быў пра Януковых скудзельнiцу.
      Тры разы ступiць ад iнтэрната да паштовае скрынкi. Але што было рабiць Адаму ад чацвёртай гадзiны да далёкага вечара ў такi доўгi летнi дзень?! I Адам пайшоў аж на ...скую вулiцу. Там гэтаксама на высокiм паштовым ганку скрынка была.
      Не было на ...скай вулiцы знакамiтае дзяўчыны, а бойкую Адам у акне ўбачыў. Дзень у горадзе яна пабыла, i ўжо не пад бараду i не пад целяпень, а неяк iначай, кругла хустку завязвала! Гэтак яна харашэйшаю выдавала. Але яшчэ адзiн вясковы звычай мела ...ская вулiца: была цiхая, народу мала хадзiла па ёй, дык абы цень матнуўся цi пачула крокi - канечне было ёй ведаць хто там, зiрнуць у акно.
      Таму што Адаму не было куды спяшацца, а дзяўчына жвавейшая была, ён i стрэў яе, ад пошты iдучы.
      Апошнюю рупясць збыў Адам - паслаў лiст Васiлю. Было ў яго цяпер вольнага часу даволi, i яна тут не на рабоце, а ў гасцях у замужняе сястры была, дык на горадзе цэлы вечар забавiлiся. Вясковае ўспамiналi ўсё.
      Расказвала бойкая дзяўчына, як яны, сюды едучы, да яе цёткi па дарозе заязджалi ды як там вечарынка была.
      - Цi не ў Паташнi часам? - цiкнула Адаму.
      - А няўжо ж дзе?!
      - Людва, - толькi цяпер прыгадаў ён iмя Януковых скудзельнiцы. - А я, кажа, - i не пазнаў.
      - Чаму ж я цябе адразачку пазнала - толькi з трамвая злез.
      I па гэты раз - годзе Адам вiнавацiць той скупы Януковых агонь.
      - Што гэта ўчора за дзяўчына была з табою? - пра знакамiтую ён папытаўся.
      - З нашай вёскi. На цукерачнай фабрыцы тут. З серады, - яшчэ па-вясковаму, па днях лiчыла Людва, - i я там станаўлюся на работу.
      Шчаслiва - пацалункам таго вечара на ...скай вулiцы насупраць пошты скончылася ў iх. Традыцыйна, кiнематаграфiчна, але без усякае камедыi.
      Жыццё ж такое вясёлае!
      Не вельмi пазорная на пагляд Людва. Але не было Адаму лепшай, харашэйшай над яе.
      1932 г.