1
Столькiх радасцей былi пазбаўлены мы, лётчыкi Сахарскай авiялiнii, калi нас на тыднi, месяцы, гады забiралi ў палон пяскi, калi мы незваротна лёталi ад форта да форта без надзеi, што неўзабаве зноў трапiм у тую ж мясцiну. Гэтая пустыня не дарыла нам падобныя аазiсы: сады i дзяўчаты - гэта проста казкi! Ну, канечне, некалi мы адпрацуем тут i вернемся ў далёкi-далёкi край, каб пачаць новае жыццё, i ў тым краi нас чакаюць тысячы дзяўчат. Ну, канечне, там, сярод сваiх кнiг i ручных мангустаў, яны цярплiва спеляць для нас свае пяшчотныя душы. I самi робяцца такiя вытанчаныя, чароўныя...
Але я ведаю, што такое адзiнота. Тры гады ў пустынi выдатна давялi мне, што гэта такое. Тут палохае не тое, што ў нейкiм выкапнёвым царстве марнуецца твая маладосць, - тут здаецца, што там, удалечынi, старэе ўвесь белы свет. На дрэвах саспелi плады, на нiвах ускаласаваўся ўраджай, парасцвiтала хараство жанчын. Час прамiнае, i трэ было б паспяшацца дадому... Час прамiнае, а далеч усё не адпускае цябе. I дары зямлi выслiзгваюць мiж пальцаў, як танюткi пясок барханаў.
Звычайна людзi не адчуваюць плынi часу. Жыццё здаецца iм цiхiм i запаволеным. А вось мы i на нядоўгай стаянцы адчуваем бег часу, нам па-ранейшаму плешчуць у твар пругкiя, вечна жывыя пасаты. Мы - як пасажыр хуткага цягнiка: аглушаны перастукам колаў, ён iмчыцца праз ноч i па мiмалётных россыпах агнёў за вагонным акном здагадваецца пра палi, сёлы, дзiвосныя мясцiны, але ўсё гэта не пакiдае трывалага следу ў памяцi, усё прападае, бо ён - у дарозе, ён iмчыцца далей. Гэтак i нас, яшчэ злёгку ўзбуджаных ад палёту, не супакойвала нават мiрная стаянка, вецер свiсцеў у вушах, i ўсё яшчэ мроiлася, што мы яшчэ ў дарозе. I здавалася, нас таксама, насупор усiм вятрам, нясе ў невядомую будучыню стукат нашых няўтольных сэрцаў.
Няскораныя плямёны - неад'емная частка пустынi. Ночы на Кап-Джубi, як боем гадзiннiка, былi рассечаны на чвэрцi гадзiны рэгулярнай i гучнай пераклiчкай вартавых. Гэткiм чынам гiшпанскi форт Кап-Джубi, якi знаходзiўся ва ўладаннях няскораных плямёнаў, аберагаў сябе ад затоенай у мораку небяспекi. А мы, пасажыры гэтага сляпога карабля, слухалi, як то блiжэй, то далей раздаюцца гэтыя воклiчы, як яны лунаюць, кружаць вакол нас, быццам чайкi. I ўсё-такi мы любiлi пустыню.
Калi напачатку i ствараецца ўражанне, што яна - толькi пустэльня i цiша, дык гэта толькi таму, што яна раскрываецца далёка не кожнаму. Сама звычайная вёска - i тая мае свае таямнiцы. Калi мы не адрачомся дзеля яе ад рэшты свету, калi мы не ўдзельны ў яе традыцыях, звычках, перажываннях, мы нiчога не даведаемся, што яна для тых, каму яна - радзiма. Альбо вось жыве побач з намi чалавек, але ён замураваўся ў сваiм манастыры i жыве паводле невядомых нам правiлаў, - i вось ужо гэты чалавек апынаецца для нас у сапраўдных цiбецкiх нетрах, у такой далечы, куды нiколi не дабрацца нам анiякiм самалётам. Хай сабе мы i прыйдзем у ягоную келлю! Яна будзе пустая. Царства чалавека ўнутры яго. Так i пустыня - гэта не пяскi, не туарэгi, нават не маўры, узброеныя вiнтоўкамi...
Але сёння нас змучыла смага. I толькi сёння мы робiм адкрыццё: ад калодзежа, якi мы даўно зналi, свецiцца ўсё наваколле. Гэтак жанчына, якая не паказваецца на вочы, заварожвае ўвесь дом. Адзiн нейкi калодзеж запаноўвае намi, як любоў.
Пяскi толькi напачатку пустынныя, але настае такi дзень, калi, асцерагаючыся атрада няскораных арабаў, пачынаеш вывучаць складкi гэтага шырознага плашча, якi захутвае iх. Блiзкасць варожага атрада таксама зыначвае воблiк пяскоў.
Мы прынялi правiлы гульнi, i яна пераўтварае нас. Сахара такая, якой яна выяўляецца ў нас самiх. Каб разгадаць яе, мала пабываць у аазiсе, трэба паверыць у ваду, як у Бога.
2
Ужо ў першым палёце я пакаштаваў пустыню. Мы - Рыгель, Гiёмэ i я пацярпелi аварыю непадалёк ад форта Нуакшот. Гэты маленькi пост у Маўрытанii ў той час быў зусiм адрэзаны ад свету, як згублены ў моры астравок. Там жыў адзiн стары сяржант са сваiмi пятнаццаццю сенегальцамi. Ён сустрэў нас, як пасланнiкаў неба.
- Каб вы толькi ведалi, што гэта значыць для мяне - пагаварыць з вамi!.. Каб вы толькi ведалi!
Для яго гэта нешта значыла: ён плакаў.
- За апошнiя паўгода вы тут першыя госцi. Прыпасы мне дастаўляюць двойчы ў год. То лейтэнант прыедзе, то капiтан. Апошнiм разам прыязджаў капiтан...
Мы ўсё яшчэ былi прыгаломшаныя. За дзве гадзiны лёту ад Дакара, дзе нам ужо рыхтуецца снеданне, нечакана нешта псуецца ў маторы - i твой лёс рэзка мяняецца. I вось ты ўжо iграеш ролю прывiда перад старым сяржантам, якi плача ад радасцi.
- Выпiце, калi ласка, мне так прыемна прапанаваць вам чарку! Гэта ж трэба, у той раз капiтан прыехаў, а ў мяне нават не было чым пачаставаць яго!
Я ўжо расказаў пра гэта ў адной сваёй кнiзе, i я нiчога не выдумаў. Сяржант так i сказаў:
- Тады ў мяне нават i чокнуцца не было чым... Такая ганьба, я нават прасiў, каб мяне змянiлi...
Чокнуцца! Выпiць на радасцях чарку вiна з чалавекам, якi саскочыць з узмыленага вярблюда! Цэлых шэсць месяцаў жыць чаканнем гэтай хвiлiны. Яшчэ за месяц да гэтага начышчаць зброю, ад склепа да вышак вышароўваць пост. У прадчуваннi блаславёнага дня з высокай тэрасы нястомна ўзiрацца ў далягляд, а можа, там ужо клубiцца пыл, можа, ён ужо наблiжаецца, жаданы атрад з Атара...
Але няма вiна: немагчыма адзначыць свята. Няма чым чокнуцца. I адчуваеш сябе зняслаўленым...
- Я спадзяюся, што ён вернецца. Я так чакаю яго...
- А дзе ён, сяржант?
I сяржант паказвае на пяскi:
- Хто яго ведае, наш капiтан - ён усюды!
Яна сапраўды была, тая ноч, праведзеная на тэрасе форта ў размове з зорамi. Апроч зор, там не было чаго вартаваць. А iх было безлiч, як у час палёту, толькi цяпер яны заставалiся на сваiх месцах.
У палёце, калi ноч занадта чароўная, часам так залетуценiшся, што забываеш кiраваць, i самалёт спакваля адхiляецца ўлева. Ты думаеш, што ён ляцiць роўна, i раптам пад правым крылом заўважаеш нейкае селiшча. Але ж у пустынi няма нiякiх селiшчаў. Значыць, гэта рыбацкая флатылiя выйшла ў мора. Але ва ўсёй Сахары не знойдзеш нiводнай рыбацкай флатылii. Што ж тады?.. I ты ўсмiхаешся ўласнай няцямлiвасцi. Мякка выроўнiваеш самалёт. I селiшча займае сваё месца, зноў начэплiваеш на рыцарскiя даспехi сузор'е, якое выпусцiў з рук. Селiшча? Так. Селiшча зор. Але адсюль, з вышынi форта, вiдна толькi застылая, як замарожаная, пустыня, адны нерухомыя хвалi пяску. I надзейна прымацаваныя сузор'i. I сяржант кажа:
- А ведаеце! Я выдатна знаю сваю дарогу дадому... Трымай курс прама на тую вунь зорку - i прыйдзеш у Тунiс!
- Ты з Тунiса?
- Не. Там у мяне сваячка...
Западае працяглае маўчанне. Але сяржант не можа нiчога ўтаiць ад нас.
- Некалi я абавязкова з'езджу ў Тунiс.
Вядома ж, зусiм iншым шляхам, не наўпрост па гэтай зорцы. Хiба што калi-небудзь у паходзе, ля высмяглага калодзежа iм апантана завалодае натхнёнае самазабыццё. Тады ўсё перанiтуецца - i зорка, i сваячка, i Тунiс. Тады пачнецца тое натхнёнае вандроўнiцтва, у якiм недарэкi бачаць толькi пакуты.
- Я ўжо неяк прасiў у капiтана водпуск - трэба з'ездзiць у Тунiс наведаць сваячку. А ён i кажа...
- Што ж ён сказаў табе?
- А ён: "На свеце, - кажа, - усюды поўна сваячак". I паслаў мяне ў Дакар, бо туды не так далёка.
- Яна прыгожая, твая сваячка?
- Каторая ў Тунiсе? Дзiва што! Бялявенькая такая.
- Не, тая, што ў Дакары?
Сяржант, мы гатовы былi расцалаваць цябе, гэтак журлiва i трошкi расчаравана ты адказаў:
- Яна была мурынка...
Кiм, чым была для цябе Сахара, сяржант? Вечным чаканнем бажаства. А яшчэ пяшчотнай памяццю пра бялявенькую дзяўчыну там, за пяццю тысячамi вёрст пяскоў.
Кiм, чым была пустыня для нас? Усiм тым, што нарадзiлася ў нашых душах. Тым, што мы даведвалiся пра самiх сябе. Той ноччу мы таксама былi закаханы ў далёкую сваячку i ў капiтана...
3
Порт-Эцьен, размешчаны на ўскрайку няскораных зямель, горадам не назавеш. Бо там усяго толькi i ёсць што невялiкi форт, ангар i драўляны барак для нашых лётных экiпажаў. Вакол такая глухая пустыня, што, нягледзячы на свае мiзэрныя ваенныя сiлы, Порт-Эцьея амаль непераможны. Каб напасцi на яго, трэба адолець такую загароду пяску i спякоты, што атрады няскораных арабаў могуць дасягнуць яго толькi на зыходзе сiл i запасаў вады. I ўсё-ткi з незапомных часоў недзе на поўначы вечна меўся якi-небудзь атрад, якi пагражаў Порт-Эцьену. Кожны раз, як капiтан-камендант форта прыходзiў да нас на шклянку чаю, ён на карце паказваў нам шлях непрыяцеля, быццам расказваў казку пра чароўную прынцэсу. Але гэты атрад так нiколi i не прыходзiў, самi пяскi паглыналi яго, як раку, i мы называлi яго атрадам-прывiдам. Гранаты i патроны, раздаваныя нам увечары камандзiрамi, драмалi ў скрынках ля нашых ложкаў, а мы пад вернай аховай уласнай бездапаможнасцi змагалiся толькi супроць аднаго ворага - супроць цiшы. I Лукас, начальнiк аэрапорта, дзень i ноч круцiў грамафон, якi ў такой далечы ад жыцця размаўляў з намi напаўзабытаю мовай i выклiкаў нейкую беспадстаўную тугу, дзiўна падобную на смагу.
На гэты раз мы павячэралi ў форце, i камендант павёў нас палюбавацца яго садам. З Францыi за чатыры тысячы кiламетраў яму прыслалi тры скрынкi з сама сапраўднай зямлёй. У скрынках раслi тры зялёныя калiўцы, i мы лашчылi iх пальцамi, быццам пярлiнкi. Капiтан, гаворачы пра iх, кажа: "Гэта мой парк".
А калi ўзнiмаецца пясчаны вецер, якi высушвае ўсё дазвання, парк пераносяць у склеп.
Мы жывём за кiламетр ад форта i вяртаемся пасля вячэры дадому пры святле поўнi. Ад месячнага святла пясок ружовы. Мы адчуваем сваю галечу, але пясок ружовы. А воклiк вартавога надае свету нейкую ўсхваляваную прыўзнятасць. Гэта сама Сахара палохаецца нашых ценяў i правярае, хто iдзе, таму што дзесьцi блукае атрад няскораных арабаў.
У воклiку вартавога чуюцца ўсе галасы пустынi. Пустыня перастае быць нежылым домам: маўрытанскi караван - як магнiт уначы.
Здавалася б, мы ў бяспецы. То дзiва! Хвароба, няшчасны выпадак, разбойнiцкi атрад - што толькi нам не пагражае! Чалавек - наземная мiшэнь для патаемных снайпераў. I вартавы сенегалец, як прарок, напамiнае нам пра гэта.
- Французы! - адказваем мы i праходзiм мiма чорнага анёла. I нам лягчэй дыхаецца. Колькi годнасцi надала нам гэтая пагроза... Яна яшчэ такая далёкая, такая няспешная, такая прытупленая неабсяжнасцю пяскоў: алё свет ужо выначыўся, свет ужо не ранейшы. Яна стала насцярожанай, гэтая пустыня. Нейкi няведама дзе блукаючы атрад паўночна-афрыканскай кавалерыi, якi так нiколi i не дабярэцца сюды, надае ёй узнёслую велiч.
Адзiнаццатая гадзiна вечара. З радыёвузла прыходзiць Люка i кажа, што апоўначы прыбывае самалёт з Дакара. На борце ўсё ў парадку. У нуль гадзiн дзесяць пошту перагрузяць ужо ў маю машыну, i я палячу на поўнач. Я старанна галюся перад асколкам люстэрка. Час ад часу, закруцiўшы вакол шыi сурвэтку, я падыходжу да дзвярэй i азiраю голыя пяскi: пагода добрая, але вецер сцiхае. Я вяртаюся да люстэрка. Ёсць над чым падумаць. Калi вецер, якi дзьмуў месяц за месяцам, раптам сцiхае, у небе часам усчынаецца сапраўдны вэрхал. Але пара збiрацца: сiгнальныя лiхтарыкi прывязаны да рэменя, планшэт i алоўкi пры мне. Iду да Неры, якi сёння будзе маiм бартавым радыстам. Ён таксама голiцца. "Ну як?" - пытаюся. Пакуль усё ў парадку. Гэтыя папярэднiя дзеяннi сама нескладаныя з усяго палёту. Нечакана я чую нейкi лёгкi хруст: аб мой лiхтарык б'ецца страказа. I чамусьцi ёкнула сэрца.
Я зноў выходжу i азiраюся: усё спакойна. Скала на ўскрайку форта вырысоўваецца на фоне неба выразна, як удзень. Над пустыняй пануе глыбокая цiшыня дагледжанага дома. Ды вось на мой лiхтарык налятаюць зялёны матылёк i дзве страказы. I мною зноў завалодвае нейкае глухое, цьмянае, ледзь улоўнае прадчуванне цi то радасцi, цi то страху. Нехта з далёкай далечы загаворвае са мною. Што гэта, iнстынкт? Выходжу яшчэ раз: вецер сцiх канчаткова. Па-ранейшаму прахалодна. Але я папярэджаны ўжо. Мне здаецца, я здагадваюся, так, я ўжо здагадваюся, што павiнна адбыцца. Цi не памыляюся я? Нi неба, нi пясок яшчэ не падалi мне анiякага знаку, але са мной пагаварылi дзве страказы, дзве страказы i зялёны матылёк.
Я падымаюся на бархан i сядаю тварам да ўсходу. Калi я не памыляюся, "яно" не забавiцца. Што шукалi яны, гэтыя стракозы, тут, за сотнi кiламетраў ад унутраных аазiсаў? Дробныя абломкi, выкiнутыя хвалямi на бераг, сведчаць, што ў моры шалее цыклон. Гэтаксама i гэтыя кузуркi папярэджваюць мяне, што насоўваецца пясчаная бура; бура iдзе з усходу, i яна ўжо вытурыла з далёкiх пальмавых гаёў iхнiя зялёныя матылькi. Яе пена ўжо дакацiлася да мяне. I ўрачыста, бо ён сам доказ гэтага, i ўрачыста, бо ён сам глухая грозьба, i ўрачыста, бо ён тоiць буру - падымаецца ўсходнi вецер. Яго слабое дыханне яшчэ ледзьве-ледзь дасягае мяне. Я - сама аддалены бераг, якi лiзнула хваля. За дваццаць метраў за мной не варухнулася нiводная павуцiнка. Вецер толькi раз горача дыхнуў на мяне, адным-адзiны раз ахiнуў нейкай нежывою ласкай. Але я ўжо ведаю, што праз некалькi секунд Сахара перавядзе дыханне i ўздыхне зноў. Што хвiлiны праз тры захвалюецца ўказальнiк ветру на нашым ангары. А яшчэ хвiлiн праз дзесяць хмары пяску запалоняць усю прастору. А мы ўсё-такi рынемся ў гэтае пекла, у гэты агнявы вiд пустынi.
Але я ўзрушаны зусiм не гэтым. Мяне напаўняе нейкай дзiкунскай радасцю тое, што я з паўслова зразумеў зашыфраванае пасланне, што я, як першабытны чалавек, здолеў разгадаць гэты штрышок, якiм ледзь улоўна прасiгналiзавала пра свой прыход наступнасць, што я змог прачытаць яе нарастаючае шаленства ў трапятлiвых крылцах страказы.
4
У Сахары мы сутыкалiся з няскоранымi плямёнамi. Час ад часу яны з'яўлялiся з такiх глыбiнь пустынi, куды мы не мелi доступу, мы толькi праляталi над iмi; а маўры адважвалiся прыходзiць нават у форты - Джубi цi ў Сiснерос, куплялi там цукар цi гарбату i зноў таямнiча знiкалi. I мы, па магчымасцi, спрабавалi прыручыць хоць каго-небудзь з iхняга асяроддзя.
Калi гэта былi аўтарытэтныя важакi, мы, са згоды дырэкцыi авiялiнii, часам бралi iх на борт самалёта, каб паказаць iм свет. Неабходна было збiць з iх пыху, таму што яны, хутчэй з пагарды, чым з нянавiсцi, забiвалi палонных. Калi яны сустракалiся з намi паблiзу форта, яны нават не лаялi нас. Яны адварочвалiся ад нас i плявалiся. Гэтая пыхлiвасць зыходзiла ад iлюзii iх уласнай магутнасцi. Колькi iх, важакоў атрада ў тры сотнi ружжаў, казалi мне: "Скажы дзякуй, што да тваёй Францыi болей ста дзён хады..."
I мы ўстройвалi iм прагулянкi, i сталася так, што трое з iх нават пабывалi ў гэтай невядомай iм Францыi. Яны былi супляменнiкi тых, якiя, неяк трапiўшы са мной у Сенегал, заплакалi, убачыўшы там дрэвы.
Потым я зноў наведаў iх шатры i пачуў, як яны з захапленнем расказвалi пра мюзiк-холы, дзе танцуюць сярод кветак аголеныя жанчыны. Гэтыя людзi нiколi не бачылi нi дрэва, нi фантана, нi ружы, яны толькi з Карана ведалi пра iснаванне садоў, дзе струменяць ручаi, таму тыя сады i называюцца раем. Гэты рай з яго раскошнымi палоннiцамi купляецца дарагой цаной: трыццаць гадоў маркоты i галечы - i пасля горкая смерць у пясках ад кулi iншавера. Але Бог ашуквае маўраў, таму што ад французаў, якiм падораны ўсе гэтыя скарбы, ён не патрабуе нiякай адплаты - нi смагi, нi смерцi. Вось чаму яны цяпер у такiм задуменнi, гэтыя старыя важакi. Вось чаму, азiраючы пустынныя абшары Сахары, якая распасцiраецца вакол шатроў i да самай смерцi будзе адпускаць iм такiя мiзэрныя радасцi, яны не могуць утрымацца ад прызнанняў:
- Знаеш... ваш французскi бог... Ён куды велiкадушнейшы, чым бог маўраў!
За некалькi тыдняў перад гэтым iх вазiлi ў Савойю. Праважаты падвёў iх да цяжкага, бурлiвага, як вiтая калона, вадаспада.
- Пакаштуйце, - прапанаваў iм праважаты.
Гэта была сапраўдная пiтная вада. Вада! Колькi дзён хады патрабуецца тут, у пустынi, каб дабрацца да блiжэйшага калодзежа, а калi знойдзеш яго, колькi часу трэба выграбаць пясок, якiм забiты гэты калодзеж, пакуль дакапаешся да тванi, ад якой патыхае мачой вярблюдаў! Вада! У Кап-Джубi, у Сiснеросе, у Порт-Эцьене маўрытанскiя дзецi выпрошваюць не манетку - з бляшанкай у руках яны выпрошваюць вады:
- Дай трошкi вады, дай...
- Дам, калi будзеш разумнiк.
Вада тут даражэй золата, маленечкая кропля вады высякае з пяску зялёную iскрынку травянога калiўца. Калi дзе-кольвечы выпадае дождж, уся Сахара прыходзiць у рух. Плямёны перасяляюцца за трыста кiламетраў - туды, дзе цяпер вырасце трава... I гэтая вада, такая скупая, што за дзесяць апошнiх гадоў яна нi кропелькай не пралiлася над Порт-Эцьенам, бурлiла там так, быццам з гiганцкай прабiтай цыстэрны вылiвалiся водныя запасы ўсяго свету.
- Нам пара, - казаў праважаты.
Але яны не зварухнулiся.
- Пачакай...
I замоўклi, i засяроджана, анямела глядзелi на гэтае бясконцае ўрачыстае таiнства. Само жыццё, сама жывая кроў, без якой няма чалавека, вывяргалася з вантробаў гары. За адну секунду яе вылiвалася столькi, што хапiла б ажывiць цэлыя караваны, якiя, п'яныя ад смагi, навекi канулi ў бяздонне саланчакоў i мiражоў. Тут праяўляў сябе сам Бог: немагчыма было адвярнуцца ад яго. Бог раскрыў бездань нябесную, каб паказаць сваю магутнасць: трое маўраў стаялi як укопаныя.
- Ну на што тут глядзець? Хадзем...
- Трэба пачакаць.
- Чаго пачакаць?
- Пакуль вада скончыцца.
Яны хацелi дачакацца, калi богу набрыдне яго вар'яцтва. Ён неўзабаве схамянецца, ён скупы.
- Але гэтая вада льецца ўжо сотнi гадоў!..
У гэты вечар яны не ўспамiнаюць пра вадаспад. Ёсць цуды, пра якiя лепей маўчаць. Лепей нават не думаць пра iх, iнакш увогуле перастанеш што-небудзь разумець. Iнакш можна засумнявацца ў самiм Богу...
- Знаеш, ваш французскi бог...
Але я добра ведаю iх, маiх дзiкiх сяброў. Вера iх пахiснулася, няўпэўненыя i разгубленыя, зараз яны амаль гатовы скарыцца. Яны ўжо мараць, каб французскае iнтэнданцтва забяспечыла iх ячменем, а нашы сахарскiя часцi ўзялi iх пад сваю ахову. I гэта праўда, нарэшце скарыўшыся, яны б выгадалi ў матэрыяльных дабротах.
Але гэтыя трое адной крывi з Эль Мамунам, эмiрам трарзаў. (Баюся, што блытаю ягонае iмя.)
Я пазнаёмiўся з iм, калi ён быў нашым падданым. Адзначаны ўрадавымi ўзнагародамi за аказаныя паслугi, шчодра адораны камендантамi крэпасцей i паважаны плямёнамi, ён жыў, здавалася б, у сама поўным дастатку. Але аднойчы ноччу, калi нiкому i ў галаву не магло прыйсцi такое, ён перарэзаў афiцэраў, якiх праводзiў цераз пустыню, захапiў вярблюдаў, зброю i далучыўся да няскораных плямёнаў.
Здрадай называюць такi неспадзяваны бунт, такiя гераiчна-адчайныя ўцёкi важака, цяпер павечнага выгнаннiка ў пустыню, гэтую нядоўгую славу, што неўзабаве, як дымок ад стрэлу, растане ў сутычцы з атарскiм атрадам лёгкай кавалерыi. I дзiву даюцца - адкуль такое вар'яцтва?
Аднак гiсторыя з Эль Мамунам - не адзiнкавы выпадак, гэтак было шмат з якiмi iншымi арабамi. Мамун старэў. А са старасцю прыходзiць роздум. I вось аднойчы ўночы ён робiць адкрыццё, што ён здрадзiў богу iслама, што ён апаганiў сваю руку рукой хрысцiянiна, калi пацiснуў яе пасля здзелкi, у вынiку якой страцiў усё.
I сапраўды, што яму ячмень i спакойнае жыццё? Зламанаму воiну, якi стаў прапаведнiкам, усплывае на памяць, як ён жыў у Сахары, дзе кожная хваля пяску была поўная пагроз, а ён развейваў iх, дзе лагер, акрыты ноччу, выстаўляе свае каравулы, дзе весткi пра наблiжэнне ворагаў прымушаюць мацней забiцца сэрцы вакол начных кастроў. Яму зноў прыгадваецца смак вольных прастораў - а ён, аднойчы паспытаны чалавекам, ужо нiколi не будзе забыты.
I вось ён бясслаўна блукае ў цiхамiрным бязмежжы, якое не абяцае нiякiх выгод. Вось цяпер Сахара для яго сапраўды - пустыня.
Магчыма, ён нават паважаў iх, тых афiцэраў, якiх потым пазабiваў. Але над усiм бярэ верх любоў да Алаха.
- Добрай ночы, Эль Мамун.
- Беражы цябе бог!
Афiцэры захутваюцца ў коўдры, укладваюцца на пяску, як на плыце, тварам да зор. Вось яны, зоры, якiя павольна кружацца, вось яно, неба, якое адзначае ход часу. Вось яна, поўня, схiленая над пяскамi, якую зводзiдь на нiшто Ягоная Мудрасць. Хрысцiяне хутка заснуць. Яшчэ некалькi хвiлiн, i будуць свяцiцца адны зоры. I тады, каб вярнуць аслабелым плямёнам iх былую славу, каб аднавiць гэтыя пагонi, адзiна якiмi i праменяцца пяскi, хопiць аднаго слабога ўскрыку гэтых хрысцiян, якiя будуць утоплены ва ўласным сне. Яшчэ некалькi секунд, i з непапраўнасцi народзiцца новы свет...
I ўсчынаецца забойства прыгожых сонных лейтэнантаў.
5
Я ў Джубi, сёння Кемаль i ягоны брат Муян запрасiлi мяне ў госцi, i вось я п'ю ўжо гарбату у iхнiм шатры. Муян моўчкi глядзiць на мяне i, прыкрыўшы рот сiняю хусцiнай, захоўвае дзiкаватую насцярожанасць. Кемаль адзiн размаўляе са мной i выказвае знакi павагi:
- Мой шацёр, мае вярблюды, мае рабы - усё тваё.
Муян, не зводзячы з мяне вачэй, нахiляецца да брата, кажа яму нешта i зноў замуроўваецца ў сваё маўчанне.
- Што ён сказаў?
- Ён сказаў: Банафу ўкраў у Р'Гейбаце тысячу вярблюдаў.
Я не быў знаёмы з капiтанам Банафу, камандзiрам атрада мехарыстаў з лёгкай кавалерыi Атара. Але я ведаў, якая вялiкая слава ходзiць пра яго сярод маўраў. Яны з гневам гавораць пра яго, але гавораць як пра бога. Ягоная прысутнасць надае каштоўнасць пяскам. Вось i сёння ён зноў няведама якiм чынам узнiк у тыле атрада няскораных арабаў, якi рухаўся на поўдзень, адбiваючы ў iх сотнi вярблюдаў, вымушаючы iх, каб зберагчы свае скарбы, уступаць у бой тады, калi яны лiчылi сябе ў бяспецы. I цяпер, выратаваўшы Атар гэтым архангельскiм з'яўленнем, разбiўшы свой лагер на высокiм вапняковым плато, ён бясстрашна стаiць там як сведчанне, як залог таго, што гатовы да схваткi, i такая праменнасць зыходзiць ад яго, што плямёны самi кiдаюцца на пошук ягонага мяча.
Муян глядзiць на мяне яшчэ суровей i зноў нешта кажа.
- Што ён сказаў?
- Ён сказаў: "Заўтра мы пойдзем на Банафу. Трыста ружжаў".
Я i сам здагадваўся пра сёе-тое. Гэтыя вярблюды, якiх тры днi падрад водзяць на вадапой, гэтае ажыўленне, гэты ўздым. Такое ўражанне, быццам прыводзяць у парадак снасцi нябачнага паруснiка. I ўжо дзьме спадарожны вецер, якi вынесе яго ў адкрытае мора. З ласкi Банафу кожны крок на поўдзень авеяны славай. I я ўжо не магу зразумець, чаго ў тых паходах болей - нянавiсцi цi любовi.
Як шыкоўна мець на свеце такога цудоўнага ворага, якога трэба звесцi са свету! Там, дзе ён з'яўляецца, блiжэйшыя плямёны похапкам складваюць свае шатры, зганяюць вярблюдаў i ў жаху ўцякаюць прэч, каб не сустрэцца з iм твар у твар, але ў сама аддаленых плямёнаў пачынае кружыцца галава, як яна кружыцца ад любовi. Людзi самохаць iрвуцца з цiхамiрнасцi шатроў, з абдымкаў жанчын, са шчаслiвага забыцця, людзям пачынае здавацца, што найважненшым у свеце было б пасля двух месяцаў знясiленай хады на поўдзень, пасля спапяляльнай смагi, сядзення на кукiшках у чаканнi, калi сунiмуцца пясчаныя буры, знянацку напасцi на золку на Атарскi атрад кавалерыстаў i, калi будзе на тое воля бога, забiць капiтана Банафу.
- Банафу дужы, - прызнаецца Кемаль.
Цяпер я ведаю iх тайну. Як тыя, мужчыны, што прагнуць любовi жанчыны, а пры згадцы, як яна абыякава i нетаропка праходзiць мiма, усю ноч напралёт варочаюцца з боку на бок, параненыя, спапялёныя гэтай абыякавасiцо, якая не дае iм спакою i ў сне, - гэтак i iх мучаць далёкiя крокi Банафу. Змушаючы да бегства кiнутыя супроць яго атрады, гэты па-маўрытанску апрануты хрысцiянiн на чале сваiх двухсот пiратаў-маўраў пранiк у глыб незалежных земляў, туды, дзе нават сама няўдалы з яго ўласных салдат за мяжой французскiх уладанняў мог бы беспакарана ачнуцца ад свайго рабства i на каменным алтары прынесцi яго ў ахвяру свайму богу, туды, дзе iх стрымлiвае толькi яго аўтарытэт, дзе нават сама яго бездапаможнасць палохае iх. I гэтай ноччу ён, абыякавы, зноў ходзiць i ходзiць у iх цяжкiх снах, i ягоныя крокi гулка адзываюцца ў самым сэрцы пустынi.
Муян у роздуме нерухома сядзiць у глыбiнi шатра, быццам высечаны з сiняга гранiту. Толькi вочы гараць ды срэбны кiнжал, якi перастаў быць забаўкай. Як ён змянiўся з той пары, калi перайшоў у стан непакорных! Цяпер ён асаблiва перапоўнены ўсведамленнем уласнай годнасцi i з бязмежнай пагардай ставiцца да мяне, бо ён неўзабаве пойдзе на Банафу, бо на золку ён вырушыць у паход, штурханы нянавiсцю, якая мае ўсе прыкметы любовi.
Ён яшчэ раз нахiляецца да брата, нешта зусiм цiха кажа яму i глядзiць на мяне.
- Што ён сказаў?
- Ён сказаў, што заб'е цябе, калi напаткае дзе-небудзь за фортам.
- За што?
- Ён кажа: "У цябе ёсць самалёты i радыё, у цябе ёсць Банафу, але ў цябе няма iсцiны".
Акрыты сiнiм покрывам, Муян, нерухомы, як статуя, судзiць мяне:
- Ён кажа: "Ты ясi салату, як каза, i сала, як свiння. Твае бессаромныя жанчыны выстаўляюць напаказ свае твары", - ён сам бачыў. Ён кажа: "Ты нiколi не молiшся". Ён кажа: "Нашто табе твае самалёты, тваё радыё, твой Банафу, калi ў цябе няма iсцiны?"
I я любуюся гэтым маўрам, якi адстойвае не сваю волю, бо ў пустынi кожны вольны, не вiдочныя скарбы, бо ў пустынi хоць шаром пакацi, - ён абараняе сваё патаемнае, унутранае царства. У моўчы пясчаных хваль Банафу, як вопытны пiрат, вядзе свой атрад вершнiкаў, i вось ужо лагер Кап-Джубi як падмянiлi, цiхамiрнай стаянкi пастухоў як не было. Быццам бура дыхнула на яе з'яўленне Банафу, вечарам шатры цясней прыцiскаюцца адзiн да аднаго. На поўднi пануе нясцерпная моўча - гэта моўча Банафу! I Муян, вопытны паляўнiчы, выслухоўвае ягоныя крокi.
Калi Банафу вернецца ў Францыю, яго ворагi, замест таго каб радавацца гэтаму, будуць аплакваць яго, быццам разам з ягоным ад'ездам пустыня страцiла адзiн са сваiх магнiтаў, а iхняе iснаванне - кроплю прывабнасцi, i яны запытаюцца ў мяне:
- Чаму ён з'ехаў адсюль, твой Банафу?
- Не ведаю...
Ён рызыкаваў сваiм жыццём, як яны сваiм, i рызыкаваў гадамi. Ён зрабiў iхнiя звычкi сваiмi звычкамi. Ён спаў, паклаўшы галаву на iхнiя камянi. У бясконцых пагонях i ён, як яны, праводзiў ночы сам-насам з зоркамi i ветрам, як у бiблейскiя часы. I раптам ён пакiдае iх, быццам заяўляе, што гэтая гульня не галоўнае для яго. Ён з лёгкiм сэрцам устае з-за стала. I маўры, якiя змушаны гуляць без яго, страчваюць веру ў сэнс жыцця, якое болей не вымагае ад людзей самой iх плоцi. I ўсё-такi iм хочацца верыць у яго.
- Ён яшчэ вернецца, твой Банафу?
- Не ведаю.
"Ён яшчэ вернецца", - думаюць маўры. Яго ўжо не змогуць задаволiць эўрапейскiя гульнi - нi карты, нi павышэнне па службе, нi жанчыны. Яго неадступна будуць праследаваць думкi пра сваю страчаную годнасць, i ён вернецца туды, дзе кожны крок прымушае часцей забiцца сэрца, быццам гэта крок да любовi. Яму здалося, што туташняе жыццё яго - толькi прыгоды, што галоўнае ён набудзе там, але з цягам ён з агiдай выявiць, што адзiна сапраўднымi скарбамi ён валодаў тут, у пустынi: гэтымi чарамi пясчаных абшараў уночы, гэтай цiшынёй, гэтай радзiмай ветру i зор. I як толькi Банафу вернецца, вестка пра гэта ў першую ж ноч разнясецца па ўсiх землях няскораных плямёнаў.
Маўры даведаюцца, што ён начуе недзе ў Сахары разам з дзвюма сотнямi сваiх пiратаў. I тады моўчкi павядуць на вадапой вярблюдаў. Запасуцца паболей ячменем. Правераць ружжы. Рухомыя сваёй нянавiсцю - цi, магчыма, любоўю.
6
- Схавай мяне ў самалёце i адвязi ў Маракеш...
Кожны вечар раб маўраў у Джубi звяртаўся да мяне з гэтай сваёй кароткай просьбаю. I зрабiўшы гэткiм чынам ўсё, што мог, для ўратавання свайго жыцця, ён сядаў, падкурчыўшы накрыж ногi, i гатаваў мне гарбату. З гэтай хвiлiны ён на цэлыя суткi набываў спакой, даверыўшыся, як яму думалася, адзiнаму лекару, якi мог вылечыць яго, паслаўшы сваю малiтву адзiнаму богу, якi мог выратаваць яго. Цяпер, схiлiўшыся над iмбрыкам, ён мог зноў бясконца перабiраць у памяцi няхiтрыя малюнкi свайго мiнулага - чорныя землi роднага Маракеша, ружовыя дамы, сцiплыя радасцi, якiх ён быў пазбаўлены. Ён не наракаў нi на маё маўчанне, нi на тое, што я не спяшаюся вяртаць яму жыццё: я для яго не такi ж чалавек, як ён сам, а нейкая сiла, якую трэба выклiкаць да дзеяння, нешта накшталт спадарожнага ветру, якi некалi ўзвее i над ягоным лёсам.
Але ў мяне, звычайнага лётчыка, што на некалькi месяцаў апынуўся начальнiкам аэрапорта ў Кап-Джубi, адзiным багаццем якога быў барак, прылеплены да гiшпанскага форта, а ў гэтым бараку - тазiк, збан мутнай вады i куртаты ложак - у мяне было куды меней iлюзiй адносна маёй магутнасiц:
- Дружа Барк, будзе вiдно...
Усiх рабоў завуць тут Баркамi; яго таксама звалi Баркам. Але чатыры гады, праведзеныя ў палоне, усё-такi не скарылi яго: ён не мог забыць, што быў некалi царом.
- Чым ты займаўся ў Маракешы, Барк?
У Маракешы, дзе, безумоўна, яшчэ жылi яго жонка i трое дзяцей, ён займаўся дзiвоснай справай.
- Я пераганяў статкi, i мяне звалi Магаметам!
Тамашнiя каiды-губернатары выклiкалi яго да сябе:
- У мяне ёсць быкi на продаж, Магамет! Прыганi iх з гор.
Альбо:
- У мяне ў нiзiне тысячы авечак, адвядзi iх на альпiйскiя лугi!
I Барк, узброены скiпетрам з алiвы, кiраваў iх перасяленнем. Адзiн у адказе за процьму авечак, у клопаце за яшчэ ненароджаных ягнят, стрымлiваючы сама шустрых i падганяючы леных, ён крочыў наперад, акружаны ўсеагульным даверам i паслушэнствам. Адзiны, хто ведаў, да якiх земляў абяцаных яны праставалi, адзiны, хто ўмеў чытаць свой шлях па нябесных свяцiлах, ацяжараны ведамi, якiя не раздзелiш з атарай, ён сам, як падказвала ягоная мудрасць, выбiраў i час адпачынку, i час вадапою. I ноччу, вартуючы яе сон, ахоплены пяшчотай да такой безлiчы несвядомых, безабаронных iстот, стоячы па каленi ў воўне, Барк - лекар, прарок i цар - малiўся за свой народ.
Аднойчы яго запынiлi нейкiя арабы:
- Хадзем з намi на поўдзень, памажы нам адшукаць скацiну.
Яны ўгаворвалi яго iсцi ўсё далей i далей, а праз трое сутак, калi ён быў заманены на глухую сцяжынку ў гарах на мяжы з землямi няскораных плямёнаў, яму проста паклалi руку на плячо, ахрысцiлi Баркам i прадалi.
Я ведаў шмат рабоў. Я штодня хадзiў у шатры пiць гарбату. Там, разуўшыся i ўлёгшыся на мяккiм ваўняным дыване - адзiнай раскошы качэўнiкаў, на якой ненадоўга ўзводзяць яны сваё жыллё, - я любаваўся плаўным поступам дня. У пустынi вельмi адчувальная плынь часу. Разам са скварным сонцам ты рухаешся ў кiрунку да вечара, да прахалоднага ветру, якi асвяжыць цела i змые пот. Разам са скварным сонцам i жывёла i людзi няўхiльна, як да смерцi, крочаць да гэтай вялiзнай крынiцы. Бяздзейнасць - i тая набывае сэнс. I кожны дзень набывае хараство, як дарога, што вядзе да мора.