Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Як красназорцы зямлi сцуралiся (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Адам Бабареко / Як красназорцы зямлi сцуралiся (на белорусском языке) - Чтение (Весь текст)
Автор: Адам Бабареко
Жанр: Отечественная проза

 

 


Бабареко Адам
Як красназорцы зямлi сцуралiся (на белорусском языке)

      Адам Бабарэка
      Як красназорцы зямлi сцуралiся
      - Чакайце бо, вось мне набегла на памяць! Вы ўсё жалiцеся на долю: "Мусiць доля наша такая. I цяпер праўды няма. Казалi: зямлi будзе ўсiм удосталь. Казалi: усе будуць роўнымi, а дзе ж яно ўсё гэта? Палёгкi нiякай няма. Лiхая наша доля..." А вы?.. Але, пэўна, вы не ведалi Мiхаля Старога з Красназорак, што за балотам, за галамi. Памёр i не дачакаўся таго часу, пра якi ён, бывала, любiў часта казаць: "Эх, прыйдзе час, - але я ўжо, мусiць, не прычакаю, прыйдзе i ўсiх параўнае. Усе будуць роўна гараваць, будуць роўна i панаваць. I мужыкi самi сцураюцца сваёй зямлi, сваёй уласнасцi. От успомнiце некалi маё слова. Сабакам назавеце, калi будзе няпраўда". Дык але ж, на лiха яму, i праўда. Гэтак сталася ў тых жа Красназорках. Я сам на свае вочы бачыў, на свае вушы чуў. Каб хто казаў - не паверыў бы, а то сам. Дык ось слухайце, раскажу вам, як гэта сталася, дык мо i нам льга будзе што пераняць.
      Неяк гэтым летам жонка прыстала: паедзь i паедзь у Прыдолле. "Аднак ухадзiлiся з сенам, а там мо паможаш нашым, ды што i дастанеш". Падумаў я, падумаў - i хлеб выходзiць, а дзе яго так скора варвеш, i адзетку няма, запрог каня i паехаў. А ехаць у Прыдолле трэба праз Красназоркi.
      Даўно я ўжо праз iх не ехаў. А была гэта звычайная вёсачка, ну двароў мо з сорак.
      Будынкi, быццам апенькi, каля пня-цэркаўкi паскучвалiся-паскручвалiся. Пасярэдзiне - вулiца. Сям-там, як тыя тычкi цi пужалы на агародах, тарчалi старэнькiя бярэзiны ды кляны. Як буслы на адной назе, гуськом, пазiраючы ўнiз вочапамi, папрытульвалiся "бабы" з "жураўлямi" i нудна скрыгiталi, п'ючы ранiцою ваду са студняў. Абгароджвалi вёску вузкiя стужкi палеткаў i сенажацяў. З аднаго боку, ушчапiўшы на шыю пацеркi-праслы, пластом разлягаўся выган - мiска з паўбiватаю, перамешанаю травою-кашкаю. Штодзень тут таўклося збiралася - гаўяда. Дык я кажу, звычайныя былi Красназоркi, як i наша вёска.
      Я гэта еду сабе, напоркваю свайго цюхцяя гнядога ды паглядаю наабапал дарогi - любуюся на збажынку людскую. А дзень быў лагодны.
      От як цяпер памятаю, сонейка сабе песцiцца, палыскаецца ў белых, пухленькiх аладках-воблачках. Паветра над палеткамi калышацца, гойдаецца, i здаецца, быццам за вушы падцягвае жытнiя калосiкi на шнурочках, што звязваюць сiне-смуглыя намiткi лясоў i краскi - рассыпаныя каралi лугоў. Еду i сам сабе думаю: "Добрае жытца, а i ярына паказвае на ўраджай. Добра, у каго многа зямелькi, а вот мне i прырэзку далi, i то не ведаю - цi стане на той год свайго. Жытцо маё нешта хiбiла. Але i як яму не хiбiць - без гною. А яго ж i не збярэш шмат з гэтага вось цюхцяя ды з аднае кароўкi. Ды якi i ёсць, дык хаця б на сваё, а прыдатак... цi будзе шчэ мой..." Так сабе раздумлiваю, не ўгледзеў, калi i ў Красназоркi прыехаў, а гэта ж такi ў аб'езд балота, дык мусiць вёрст з пятнаццаць будзе.
      Аб'ехаў я гэта - i што за лiха, няўжо мой гняды дзе звярнуў у Другую дарогу - не пазнаю Красназорак, дый годзе. Гэтак адмянiлiся з таго часу, як я колiсь праз iх праязджаў. Нават аж папытаўся, бо кажуць жа: "Хто пытае, той не блудзiць". Кажуць: Красназоркi.
      - А-а, адмянiлiся, - падзiвiўся я.
      Шмат новых будынкаў паабапал шырокай вулiцы, як яблычкi зiхацяць. Хораша так гэта паабгароджваны новымi частаколамi, а то i дошчачкамi. За хатамi вiдаць садзiкi пазасаджваны. Так вось i трапечуць сваiмi лiсточкамi, нiбы ўжо вучацца прыманьваць да сябе ў спёку-гарачыню. Не вiдаць штось i цэркаўкi. А дзе, як мне памятаецца, быў выган - здаля вiдаць - калосiцца жытцо, быццам наша балота чаротамi.
      "Шмат адмянiлася", - думаю сабе. Толькi з прыезду нашага, нiбы якiя здыхляцiны, валяецца кучак некалькi асунуўшыхся, асiвеўшых будынкаў. Гэта, як я потым дазнаўся, былi гнёзды даўнейшых багацеяў, што камандавалi, бывала, усёй вёскаю.
      Тут мне захацелася пiць, ведама, улетку ад гарачынi. Дай, думаю, забягу ў якую хату. Прыпынiў каня, закiнуў лейцы за частакол i заходжу.
      - Дзень добры!
      - Дзень добры! - адказвае якаясь бабулька.
      Папрасiў вады, напiўся. Бабулька папытала, адкуль i куды я еду, папытала, што на свеце чуваць. Я гэта адказаў, як звычайна, i дадаў: "А, ад лiха цiха, дый дабра не чуваць".
      - Але ж, мой саколiк, - загаварыла бабулька. - Вось у нас лiха ведае што выдумляюць. Цэркаўка пазалетась згарэла, а кажуць, што яе тут нехта з нашага ж сяла падпалiў. А новай i не думаюць будаваць. Нейкiх камiтэтаў навыдумлялi, прадстаўленнi нейкiя робяць. Ды цi чуў, чалавеча, амаль не ўсе зямлi свае паадцурвалiся, ды ўсё нейкiм хаўрасам - i не разбярэш. Але ж кажуць, хаўрусна - гнюсна, так i гэта. Адступiўся бог ад нашых красназорцаў. Не той свет пайшоў.
      Мо б яна i яшчэ што нудзiла, але ж вiдно, як чалавек нудзiць, дык неяк слухаць ахвоты няма. Бачыш чалавек адно, а табе напяваюць другое.
      - Няма мне часу, бабулька. Трэба ехаць, хаця б да вечара заехаць, завярнуўся i пайшоў.
      Еду я.
      На вулiцы адно дзецi сям-там дурэюць, смяюцца. I да майго вуха не раз далятаў пiсклiвы галасок:
      - Я бальшавiк, а ты?..
      - Ты будзь нiбы пан, а мы цябе праганяць...
      "Вось налiха вас, як вы ўсё скора пераймаеце", - падумаў я, i неяк весела на душы зрабiлася.
      Праязджаю.
      Бачу будынак большы, як звычайныя хаты. Нават гонтамi пакрыты. Нешта i напiсана на iм, але, ведама, як няграматны, я i не разабраў што.
      Але мяне больш за ўсё заняла думка, як гэта яны ад зямлi адцуралiся, як казала тая бабуля. Вот хочацца ў каго распытацца, як улетку пiць. Аж бачу, перада мной iдзе чалавек з касою. Я гэта таркануў свайго гнядога. Думаю, напэўна красназорац.
      - На сенажаць?.. Прысядзь, пад'едзеш крышку, - а ў самога на вуме, каб распытацца, дык так i смажыць-карцiць.
      - З Красназорак? Касiць?..
      - Але. Балота там кавалак быў, дык сёння трэба скончыць.
      - Каму ж гэта косiце?.. Я чуў, вы зямлi адцуралiся. - Не верылася мне, як убачыў я чалавека з касою.
      - Ды яно так, можна сказаць, адцуралiся, але ж косiм сабе.
      - Як гэта "адцуралiся i косiм"?
      - А так, браце. Бывала, корпалiся мы на сваiх загончыках, корпалiся, а далей i абрыдзела. Ты i туды, ты i сюды, а яно ўсё - няхваткi, а яно ўсё недастаткi. Як прыйшла гэта савецкая ўлада, то нам i прырэзалi крыху зямлi, але ж што, калi ўзбiцца на гаспадарку трудна. Тое ёсць, таго няма. Як кажуць, - хлеб ёсць, квасу няма. Так i мы - не спытвалi таго i другога разам. А багатшыя за нас усё пасмiхоўвалiся - падкепвалi. Але ж толькi таго - смейцеся, калi вам смешна, хоць вам-та плакаць хочацца, думалася нам. А мы будзем рабiць, як нам розум дыктуе. Ды прыязджалi да нас з месцаў з рознымi парадамi, але ўсяго было - i верылi i не верылi.
      Але вось скончылася вайна, i пачалi нашы хлопцы варочацца з Чырвонай Армii. А ведама, што салдат - то не баба. Перш за ўсё яны паўлазiлi, бач - мы iх павыбiралi ў сельсавет, у валасны савет. А там i пайшло ўсё iначыцца. Пачалi гаiцца балючыя нашы болькi. От так струп за струпам i пачаў злазiць з нашага цела. У фурманках парадак увялi, зямлю нанава памеркавалi, з падаткамi стала менш непаразуменняў. Адным словам, пачалi дбаць. Вартаўнiка сабе выпатрабавалi. Адчынiлi школку тут у адной хаце. Газеты пачалi атрымлiваць. Пачалi мы варушыцца.
      Але ж цяжка, патом, жылося. Усё на хлеб, калi што прыдабыць. А тут яго i заобмаль. Вось гэта неяк раз настаўнiк, як мы ўсё бедавалi, што ярына хiбiла, вазьмi ды i падай нам думку пра iнакшае вядзенне гаспадаркi, вазьмi дый прачытай нам кнiжачку, як мужыкi вядуць хаджайства. А мы i ўхвацiся за тую думку. Але ж як тут прыступiцца. На ўсё, бач, трэба сродкi. Давай гэта мы абгаварваць ды распытваць, дык i даведалiся, адкуль iх узяць i якiм чынам на дарогу ўзбiцца.
      Вось мы i залажылi сельскагаспадарчае таварыства. Злажылiся i перш-наперш адчынiлi краму, каб замест таго, што пераплачваць розным гандлярам, хаваць гэтую пераплату ў сябе ды скарыстаць на паляпшэннi ўсякiя. А таксама i сваё што, калi выгадна, дык выгадней збыць. А тут нам горад дапамог - плугоў, барон, наогул сiх-тых гаспадарскiх прылад напавер даў. Насення добрага дасталi. Ды нам параiлi папару не пускаць, а засяваць канюшынаю. Ось так гэта памаленечку i пачалi ўзбiвацца на ногi.
      З свайго таварыства мы i не разбiралi ўсяго, а так згаварылiся карыстацца за невялiкую плату. Пры гэтым жа ўтварылi камiтэт узаемадапамогi. Тут таксама злажылiся, каб было пра чорны дзень. Мала што можа здарыцца. Але галоўным чынам мы даручылi камiтэту наглядаць, каб ва ўсiх была аброблена i засеяна зямля. А дзеля гэтага ён вёў парадак - то таму, то другому загадае, каб каня даў, каб сам пайшоў памог, - але больш за ўсё дык сам камiтэт рабiў прыклад.
      Ось так за год, другi дык i прывыклi, каб гэта пра ўсё абгаварваць (а мы кожную нядзелю збiралiся ў школу, там у нас было ўсё) ды гуртам i рабiць свае справы. А тым часам вачавiдкi ўсяго i прыбываць стала i перайначвацца.
      Наша таварыства з камiтэтам завялi супольную гаспадарку. Узялi ды ўзадралi выган дый засеялi. Парасло жыта лепшае, як ва ўсiх. Вось мы гэта паглядзелi дый згаварылiся - апроч пяцi гаспадароў - усё поле абрабляць супольна. Бач, i палеткi льга зрабiць большыя, ды з машынаю льга праехацца, а таварыства наша к таму часу ўжо i прыдбала жняярку ды двухлямешных плугоў са тры, цi што; дык з таго часу i пайшла гаворка, што красназорцы зямлi сцуралiся. А мы не то сцуралiся, а яшчэ мацней да яе прытулiлiся.
      - Дык вось яно як у вас, а я думаў, што i сапраўды адцуралiся ды куды выехалi, цi што, як мне тая баба нагаварыла, - загаварыў я i запытаўся: - А калi ж гэта вы пазабудоўвалiся гэтак?
      - А вось за гэтыя ўсё ж гады. Скора, як стала савецкая ўлада, мы дзерава дасталi. А цяпер памаленьку i будуемся... Ну, я ўжо злезу: мне трэба вось гэтаю дарожкаю. Гэта ж вось было балота, а гуртам ужо асушылi, цяпер хоць з канём едзь.
      - То бывай здароў, - адазваўся я i заматаў пугаю, а сам сабе падумаў: "Вось як мужыкi адцурваюцца зямлi". I ўспомнiлiся словы нябожчыка Мiхаля: "А розум хоць цiха, памаленечку, ды ўсё расце i паднiмаецца на ногi сярод мужыкоў".
      Дык ось, браткi, i смякайце ды самi на дарогу выбiвайцеся!
      1922 г.