Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Справочная литература / Неизвестен Автор / Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке) - Чтение (стр. 2)
Автор: Неизвестен Автор
Жанр: Справочная литература

 

 


      Артыкул 92. Дэпутат Вярхоўнага Савета ажыццяўляе свае паўнамоцтвы ў Вярхоўным Савеце на прафесiйнай аснове або па яго жаданню не парываючы з вытворчай або службовай дзейнасцю.
      Дэпутатамi Вярхоўнага Савета не могуць быць Прэзiдэнт, члены Кабiнета Мiнiстраў, суддзi, а таксама iншыя асобы, якiя назначаюцца на пасаду Прэзiдэнтам або па ўзгадненню з iм.
      Артыкул 93. Дэпутат Вярхоўнага Савета не нясе юрыдычнай адказнасцi за сваю дзейнасць у Вярхоўным Савеце, якая ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй, як у перыяд выканання дэпутацкiх паўнамоцтваў, так i пасля iх спынення.
      Дэпутат Вярхоўнага Савета не можа быць прыцягнуты да крымiнальнай адказнасцi, арыштаваны, iншым чынам пазбаўлены асабiстай свабоды без згоды Вярхоўнага Савета, акрамя выпадкаў затрымання на месцы ўчынення злачынства.
      Крымiнальная справа супраць дэпутата Вярхоўнага Савета можа быць узбуджана Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнага Савета, а ў перыяд памiж сесiямi са згоды Прэзiдыума Вярхоўнага Савета.
      Артыкул 94. Парадак дзейнасцi Вярхоўнага Савета, яго органаў i дэпутатаў вызначаецца Рэгламентам Вярхоўнага Савета, якi прымаецца Вярхоўным Саветам i падпiсваецца яго Старшынёй, а таксама iншымi заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь.
      ГЛАВА 4.
      ПРЭЗIДЭНТ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
      Артыкул 95. Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца кiраўнiком дзяржавы i выканаўчай улады.
      Артыкул 96. Прэзiдэнтам можа быць выбраны грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь не маладзейшы за 35 гадоў, якi валодае выбарчым правам i пражывае ў Рэспублiцы Беларусь не менш дзесяцi гадоў.
      Артыкул 97. Прэзiдэнт выбiраецца непасрэдна народам Рэспублiкi Беларусь. Тэрмiн паўнамоцтваў Прэзiдэнта - пяць гадоў. Адна i тая ж асоба можа быць Прэзiдэнтам не больш двух тэрмiнаў.
      Кандыдаты на пасаду Прэзiдэнта вылучаюцца не менш чым 70 дэпутатамi Вярхоўнага Савета, грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь - пры наяўнасцi не менш як 100 тысяч подпiсаў выбаршчыкаў.
      Выбары Прэзiдэнта назначаюцца Вярхоўным Саветам не пазней чым за пяць месяцаў i праводзяцца не пазней чым за два месяцы да сканчэння тэрмiну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзiдэнта.
      Калi пасада Прэзiдэнта аказалася вакантнай, выбары праводзяцца не раней чым праз 30 дзён i не пазней чым праз 70 дзён з дня адкрыцця вакансii.
      Артыкул 98. Лiчыцца, што выбары адбылiся, калi ў галасаваннi прынялi ўдзел больш паловы грамадзян Рэспублiкi Беларусь, уключаных у спiс выбаршчыкаў.
      Прэзiдэнт лiчыцца выбраным, калi за яго прагаласавала больш як палова грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя прынялi ўдзел у галасаваннi.
      Калi нi адзiн з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасцi галасоў, то ў двухтыднёвы тэрмiн праводзiцца другi тур галасавання па двух кандыдатах, якiя атрымалi найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. Выбраным лiчыцца кандыдат у Прэзiдэнты, якi атрымаў пры паўторным галасаваннi больш паловы галасоў выбаршчыкаў, што прынялi ўдзел у галасаваннi.
      Парадак правядзення выбараў Прэзiдэнта вызначаецца законам Рэспублiкi Беларусь.
      Артыкул 99. Прэзiдэнт заступае на пасаду пасля прынясення Прысягi наступнага зместу:
      "Заступаючы на пасаду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, урачыста клянуся служыць народу Рэспублiкi Беларусь, выконваць Канстытуцыю i законы Рэспублiкi Беларусь, добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокiя абавязкi".
      Прысяга прыносiцца ва ўрачыстай абстаноўцы на спецыяльным пасяджэннi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь не пазней двух месяцаў з дня выбрання Прэзiдэнта. З моманту прынясення Прысягi нававыбраным Прэзiдэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзiдэнта спыняюцца.
      Артыкул 100. Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь:
      1) прымае меры па ахове суверэнiтэту, нацыянальнай бяспекi i тэрытарыяльнай цэласнасцi Рэспублiкi Беларусь, забеспячэнню палiтычнай i эканамiчнай стабiльнасцi, захоўванню правоў i свабод грамадзян;
      2) кiруе сiстэмай органаў выканаўчай улады i забяспечвае iх узаемадзеянне з прадстаўнiчымi органамi;
      3) стварае i скасоўвае мiнiстэрствы, дзяржаўныя камiтэты i iншыя цэнтральныя органы кiравання Рэспублiкi Беларусь;
      4) са згоды Вярхоўнага Савета назначае i вызваляе ад пасады Прэм'ер-мiнiстра, яго намеснiкаў, мiнiстраў замежных спраў, фiнансаў, абароны, унутраных спраў, Старшыню Камiтэта дзяржаўнай бяспекi; назначае i вызваляе ад пасады iншых членаў Кабiнета Мiнiстраў; прымае адстаўку ўказаных у гэтым пункце асоб;
      5) прадстаўляе Вярхоўнаму Савету кандыдатуры для выбрання на пасады Старшынi Канстытуцыйнага Суда, Старшынi Вярхоўнага Суда, Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Старшынi Праўлення Нацыянальнага банка;
      6) штогод прадстаўляе Вярхоўнаму Савету даклады аб становiшчы дзяржавы, па ўласнай iнiцыятыве або па прапанове Вярхоўнага Савета iнфармуе Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь аб рэалiзацыi ўнутранай i знешняй палiтыкi Рэспублiкi Беларусь;
      7) звяртаецца з пасланнямi да народа Рэспублiкi Беларусь i Вярхоўнага Савета;
      8) паведамляе Вярхоўнаму Савету аб Праграме дзейнасцi Кабiнета Мiнiстраў;
      9) мае права ўдзельнiчаць у рабоце Вярхоўнага Савета i яго органаў, выступаць перад iмi ў любы час з прамовай або паведамленнем;
      10) назначае суддзяў Рэспублiкi Беларусь, акрамя тых, выбранне якiх аднесена да кампетэнцыi Вярхоўнага Савета;
      11) назначае iншых службовых асоб, пасады якiх вызначаны ў адпаведнасцi з законам, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй;
      12) вырашае пытаннi аб прыёме ў грамадзянства Рэспублiкi Беларусь, яго спыненнi i прадастаўленнi прытулку;
      13) узнагароджвае дзяржаўнымi ўзнагародамi, прысвойвае класныя чыны i званнi;
      14) ажыццяўляе памiлаванне асуджаных грамадзян;
      15) прадстаўляе дзяржаву ў адносiнах з iншымi краiнамi i мiжнароднымi арганiзацыямi;
      16) вядзе перагаворы i падпiсвае мiжнародныя дагаворы, назначае i адклiкае дыпламатычных прадстаўнiкоў Рэспублiкi Беларусь у замежных дзяржавах i пры мiжнародных арганiзацыях;
      17) прымае даверчыя i адзыўныя граматы акрэдытаваных пры iм дыпламатычных прадстаўнiкоў замежных дзяржаў;
      18) у выпадку стыхiйнага бедства, катастрофы, а таксама беспарадкаў, што суправаджаюцца гвалтам цi пагрозай гвалту з боку групы асоб i арганiзацый, у вынiку якiх узнiкае небяспека жыццю i здароўю людзей, тэрытарыяльнай цэласнасцi i iснаванню дзяржавы, уводзiць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь або ў асобных яе мясцовасцях надзвычайнае становiшча з унясеннем у трохдзённы тэрмiн прынятага рашэння на зацвярджэнне Вярхоўнага Савета;
      19) у выпадках, прадугледжаных законам, мае права адкласцi правядзенне забастоўкi або прыпынiць яе не больш чым на двухмесячны тэрмiн;
      20) падпiсвае законы, мае права не пазней чым у дзесяцiдзённы тэрмiн з дня атрымання закона вярнуць яго са сваiмi пярэчаннямi ў Вярхоўны Савет для паўторнага абмеркавання i галасавання. Калi Вярхоўны Савет большасцю не менш як дзве трэцi ад выбраных дэпутатаў пацвердзiць раней прынятае iм рашэнне, Прэзiдэнт абавязаны падпiсаць закон у трохдзённы тэрмiн; нявернуты ва ўказаны тэрмiн закон лiчыцца падпiсаным;
      21) мае права адмяняць акты падведамных яму органаў выканаўчай улады;
      22) прыпыняе рашэннi мясцовых Саветаў дэпутатаў у выпадку неадпаведнасцi iх закону;
      23) узначальвае Савет Бяспекi Рэспублiкi Беларусь;
      24) з'яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымi Сiламi Рэспублiкi Беларусь;
      25) уводзiць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь у выпадку ваеннай пагрозы або нападу ваеннае становiшча, аб'яўляе поўную або частковую мабiлiзацыю;
      26) ажыццяўляе iншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй i законамi.
      Прэзiдэнт не мае права дэлегаваць якiм-небудзь органам цi службовым асобам свае паўнамоцтвы як кiраўнiка дзяржавы.
      Артыкул 101. Прэзiдэнт выдае ў межах сваiх паўнамоцтваў указы i распараджэннi, арганiзуе i кантралюе iх выкананне.
      Артыкул 102. Прэзiдэнт не можа займаць iншыя пасады, атрымлiваць апрача заработнай платы грашовыя ўзнагароджаннi, за выключэннем ганарараў за творы навукi, лiтаратуры i мастацтва.
      Прэзiдэнт прыпыняе членства ў палiтычных партыях i iншых грамадскiх аб'яднаннях, якiя дамагаюцца палiтычных мэт, на ўвесь тэрмiн паўнамоцтваў.
      Артыкул 103. Прэзiдэнт можа ў любы час падаць у адстаўку. Адстаўка Прэзiдэнта прымаецца Вярхоўным Саветам.
      Артыкул 104. Прэзiдэнт можа быць зняты з пасады ў выпадку парушэння Канстытуцыi або ўчынення iм злачынства, а таксама датэрмiнова вызвалены ад пасады пры немагчымасцi выканання iм сваiх абавязкаў па стану здароўя пастановай Вярхоўнага Савета, прынятай большасцю не менш як дзве трэцi ад выбраных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
      Пытанне аб зняццi Прэзiдэнта можа быць пастаўлена па прапанове не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Заключэнне аб парушэннi Прэзiдэнтам Канстытуцыi даецца Канстытуцыйным Судом, аб учыненнi злачынства - спецыяльнай камiсiяй Вярхоўнага Савета. З моманту вынясення заключэння Канстытуцыйнага Суда аб парушэннi Канстытуцыi цi заключэння спецыяльнай камiсii аб учыненнi злачынства Прэзiдэнт не можа выконваць свае абавязкi да вынясення Вярхоўным Саветам адпаведнага рашэння.
      У выпадку зняцця Прэзiдэнта ў сувязi з учыненнем злачынства справа па сутнасцi абвiнавачання разглядаецца Вярхоўным Судом.
      Артыкул 105. У выпадку вакансii пасады Прэзiдэнта або немагчымасцi выканання iм сваiх абавязкаў яго паўнамоцтвы да прынясення Прысягi нававыбраным Прэзiдэнтам пераходзяць да Старшынi Вярхоўнага Савета.
      У гэтым выпадку абавязкi Старшынi Вярхоўнага Савета пераходзяць да Першага намеснiка Старшынi Вярхоўнага Савета.
      Артыкул 106. Для рэалiзацыi паўнамоцтваў выканаўчай улады ў галiнах эканомiкi, знешняй палiтыкi, абароны, нацыянальнай бяспекi, аховы грамадскага парадку i iншых сферах дзяржаўнага кiраўнiцтва пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь ствараецца Кабiнет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.
      Артыкул 107. Кабiнет Мiнiстраў складае свае паўнамоцтвы перад нававыбраным Прэзiдэнтам.
      Члены Кабiнета Мiнiстраў назначаюцца i вызваляюцца ад пасады Прэзiдэнтам. Прэм'ер-мiнiстр, яго намеснiкi, мiнiстры замежных спраў, фiнансаў, абароны, унутраных спраў, Старшыня Камiтэта дзяржаўнай бяспекi назначаюцца i вызваляюцца ад пасады Прэзiдэнтам са згоды Вярхоўнага Савета.
      Прэм'ер-мiнiстр ажыццяўляе непасрэднае кiраўнiцтва дзейнасцю Кабiнета Мiнiстраў, падпiсвае акты Кабiнета Мiнiстраў, якiя маюць абавязковую сiлу на ўсёй тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, выконвае iншыя ўскладзеныя на яго функцыi.
      Вярхоўны Савет мае права заслухаць справаздачу любога члена Кабiнета Мiнiстраў па пытаннях выканання законаў. У выпадку парушэння членам Кабiнета Мiнiстраў Канстытуцыi i законаў Вярхоўны Савет мае права паставiць перад Прэзiдэнтам пытанне аб датэрмiновым вызваленнi яго ад пасады.
      Артыкул 108. Кампетэнцыя Кабiнета Мiнiстраў, парадак яго дзейнасцi вызначаюцца на аснове Канстытуцыi Законам аб Кабiнеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.
      ГЛАВА 5.
      СУД
      Артыкул 109. Судовая ўлада ў Рэспублiцы Беларусь належыць судам.
      Судаўладкаванне ў Рэспублiцы Беларусь вызначаецца законам.
      Утварэнне надзвычайных судоў забараняецца.
      Артыкул 110. Суддзi пры ажыццяўленнi правасуддзя незалежныя i падпарадкоўваюцца толькi закону.
      Якое-небудзь умяшанне ў дзейнасць суддзяў па выкананню правасуддзя недапушчальнае i цягне адказнасць па закону.
      Артыкул 111. Суддзi не могуць ажыццяўляць прадпрымальнiцкую дзейнасць, выконваць iншую аплатную работу, акрамя выкладчыцкай i навукова-даследчай, не звязанай з займаннем штатных пасад.
      Падставы для выбрання (назначэння) суддзяў на пасады i iх вызвалення прадугледжваюцца законам.
      Артыкул 112. Суды ажыццяўляюць правасуддзе на аснове Канстытуцыi, законаў i прынятых у адпаведнасцi з iмi iншых нарматыўных актаў.
      Калi пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасцi нарматыўнага акта Канстытуцыi або iншаму закону, ён прымае рашэнне ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй i законам i ставiць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнаннi дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным.
      Артыкул 113. Справы ў судах разглядаюцца калегiяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках - аднаасобна суддзямi.
      Артыкул 114. Разбор спраў ва ўсiх судах адкрыты.
      Слуханне спраў у закрытым судовым пасяджэннi дапускаецца толькi ў выпадках, вызначаных законам, з захаваннем усiх правiл судаводства.
      Артыкул 115. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасцi i роўнасцi бакоў у працэсе.
      Артыкул 116. Бакi маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў i iншых судовых пастаноў.
      РАЗДЗЕЛ V.
      МЯСЦОВАЕ КIРАВАННЕ I САМАКIРАВАННЕ
      Артыкул 117. Мясцовае кiраванне i самакiраванне ажыццяўляецца грамадзянамi праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы, органы тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання, мясцовыя рэферэндумы, сходы i iншыя формы прамога ўдзелу ў дзяржаўных i грамадскiх справах.
      Артыкул 118. Мясцовыя Саветы дэпутатаў выбiраюцца грамадзянамi адпаведных адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных адзiнак тэрмiнам на чатыры гады.
      Артыкул 119. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы ў межах кампетэнцыi вырашаюць пытаннi мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных iнтарэсаў i iнтарэсаў насельнiцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыi, выконваюць рашэннi вышэйстаячых дзяржаўных органаў.
      Артыкул 120. Да выключнай кампетэнцыi мясцовых Саветаў дэпутатаў належаць:
      зацвярджэнне праграм эканамiчнага i сацыяльнага развiцця, мясцовых бюджэтаў i справаздач аб iх выкананнi;
      устанаўленне ў адпаведнасцi з законам мясцовых падаткаў i збораў;
      вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кiравання i распараджэння камунальнай уласнасцю;
      назначэнне мясцовых рэферэндумаў.
      Артыкул 121. Мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя i распарадчыя органы на падставе дзеючага заканадаўства прымаюць рашэннi, якiя маюць абавязковую сiлу на адпаведнай тэрыторыi.
      Артыкул 122. Рашэннi мясцовых Саветаў дэпутатаў, якiя не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца вышэйстаячымi Саветамi дэпутатаў.
      Рашэннi мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, якiя не адпавядаюць заканадаўству, адмяняюцца адпаведнымi Саветамi дэпутатаў, вышэйстаячымi выканаўчымi i распарадчымi органамi, а таксама Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.
      Рашэннi мясцовых Саветаў дэпутатаў, iх выканаўчых i распарадчых органаў, якiя абмяжоўваюць цi парушаюць правы, свабоды i законныя iнтарэсы грамадзян, а таксама ў iншых прадугледжаных заканадаўствам выпадках могуць быць абскарджаны ў суд.
      Артыкул 123. У выпадку сiстэматычнага або грубага парушэння мясцовым Саветам дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства ён можа быць распушчаны Вярхоўным Саветам. Iншыя падставы датэрмiновага спынення паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў вызначаюцца законам.
      Артыкул 124. Кампетэнцыя, парадак стварэння i дзейнасцi органаў мясцовага кiравання i самакiравання вызначаюцца законам.
      РАЗДЗЕЛ VI.
      ДЗЯРЖАЎНЫ КАНТРОЛЬ I НАГЛЯД
      ГЛАВА 6.
      КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РЭСПУБЛIКI КЕЛАРУСЬ
      Артыкул 125. Кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом Рэспублiкi Беларусь.
      Артыкул 126. Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь выбiраецца Вярхоўным Саветам Рэспублiкi Беларусь з квалiфiкаваных спецыялiстаў у галiне права ў колькасцi 11 суддзяў. Тэрмiн паўнамоцтваў членаў Канстытуцыйнага Суда - 11 гадоў. Гранiчны ўзрост членаў Канстытуцыйнага Суда - 60 гадоў.
      Асобы, выбраныя ў Канстытуцыйны Суд, не могуць ажыццяўляць прадпрымальнiцкую дзейнасць, выконваць iншую аплатную работу, акрамя выкладчыцкай i навукова-даследчай работы, не звязанай з займаннем штатных пасад.
      Асобы, выбраныя ў Канстытуцыйны Суд, маюць права ў любы час падаць у адстаўку.
      Прамое або ўскоснае ўздзеянне на Канстытуцыйны Суд або яго членаў, звязанае з дзейнасцю па ажыццяўленню канстытуцыйнага кантролю, недапушчальнае i цягне адказнасць па закону.
      Артыкул 127. Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзiдэнта, Старшынi Вярхоўнага Савета, пастаянных камiсiй Вярхоўнага Савета, не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Генеральнага пракурора дае заключэннi:
      аб адпаведнасцi законаў, мiжнародных дагаворных i iншых абавязацельстваў Рэспублiкi Беларусь Канстытуцыi, мiжнародна-прававым актам, ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь;
      аб адпаведнасцi прававых актаў мiждзяржаўных утварэнняў, у якiя ўваходзiць Рэспублiка Беларусь, указаў Прэзiдэнта, пастаноў Кабiнета Мiнiстраў, а таксама актаў Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Генеральнага пракурора, якiя маюць нарматыўны характар, Канстытуцыi, законам i мiжнародна-прававым актам, ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь.
      Канстытуцыйны Суд мае права паводле свайго меркавання разгледзець пытанне аб адпаведнасцi нарматыўных актаў любога дзяржаўнага органа, грамадскага аб'яднання Канстытуцыi i законам, мiжнародна-прававым актам, ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь.
      Артыкул 128. Нарматыўныя акты, мiжнародныя дагаворныя або iншыя абавязацельствы, прызнаныя Канстытуцыйным Судом неканстытуцыйнымi з прычыны парушэння iмi правоў i свабод чалавека, лiчацца не маючымi юрыдычнай сiлы ў цэлым цi ў пэўнай iх частцы з моманту прыняцця адпаведнага акта.
      Iншыя нарматыўныя акты дзяржаўных органаў i грамадскiх аб'яднанняў, мiжнародныя дагаворныя або iншыя абавязацельствы, прызнаныя Канстытуцыйным Судом неадпаведнымi Канстытуцыi, законам або мiжнародна-прававым актам, ратыфiкаваным Рэспублiкай Беларусь, лiчацца страцiўшымi сiлу ў цэлым або ў пэўнай iх частцы з моманту, якi вызначаецца Канстытуцыйным Судом.
      Нарматыўна-прававыя акты мiждзяржаўных утварэнняў, у якiя ўваходзiць Рэспублiка Беларусь, прызнаныя Канстытуцыйным Судом неадпаведнымi Канстытуцыi, законам або мiжнародна-прававым актам, лiчацца нядзеючымi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь у цэлым або ў пэўнай iх частцы з моманту, якi вызначаецца Канстытуцыйным Судом.
      Канстытуцыйны Суд выносiць рашэннi простай большасцю галасоў ад поўнага складу суддзяў.
      Артыкул 129. Заключэннi Канстытуцыйнага Суда з'яўляюцца канчатковымi, абскарджанню i апратэставанню не падлягаюць.
      Артыкул 130. Канстытуцыйны Суд мае права ўносiць прапановы ў Вярхоўны Савет аб неабходнасцi змяненняў i дапаўненняў Канстытуцыi, а таксама аб прыняццi i змяненнi законаў. Такiя прапановы падлягаюць абавязковаму разгляду Вярхоўным Саветам.
      Артыкул 131. Асобы, выбраныя ў Канстытуцыйны Суд, не могуць быць прыцягнуты да крымiнальнай адказнасцi, арыштаваны, iншым спосабам пазбаўлены асабiстай свабоды без згоды Вярхоўнага Савета, акрамя выпадкаў затрымання на месцы ўчынення злачынства.
      Крымiнальная справа супраць члена Канстытуцыйнага Суда можа быць узбуджана Генеральным пракурорам са згоды Вярхоўнага Савета.
      Артыкул 132. Кампетэнцыя, арганiзацыя i парадак дзейнасцi Канстытуцыйнага Суда вызначаюцца законам.
      ГЛАВА 7.
      ПРАКУРАТУРА
      Артыкул 133. Нагляд за дакладным i аднастайным выкананнем законаў мiнiстэрствамi i iншымi падведамнымi Кабiнету Мiнiстраў органамi, мясцовымi прадстаўнiчымi i выканаўчымi органамi, прадпрыемствамi, арганiзацыямi i ўстановамi, грамадскiмi аб'яднаннямi, службовымi асобамi i грамадзянамi ўскладаецца на Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь i падначаленых яму пракурораў.
      Пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры расследаваннi злачынстваў, адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскiх, крымiнальных справах i справах аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, у выпадках, прадугледжаных законам, праводзiць папярэдняе следства, падтрымлiвае дзяржаўнае абвiнавачанне ў судах.
      Артыкул 134. Адзiную i цэнтралiзаваную сiстэму органаў пракуратуры ўзначальвае Генеральны пракурор, якi выбiраецца Вярхоўным Саветам.
      Нiжэйстаячыя пракуроры назначаюцца Генеральным пракурорам.
      Артыкул 135. Генеральны пракурор i нiжэйстаячыя пракуроры незалежныя ў ажыццяўленнi сваiх паўнамоцтваў i кiруюцца толькi законам. У сваёй дзейнасцi Генеральны пракурор падсправаздачны Вярхоўнаму Савету.
      Артыкул 136. Кампетэнцыя, арганiзацыя i парадак дзейнасцi органаў пракуратуры вызначаюцца законам.
      ГЛАВА 8.
      КАНТРОЛЬНАЯ ПАЛАТА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
      Артыкул 137. Кантроль за выкананнем рэспублiканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасцi, выкананнем актаў Вярхоўнага Савета, якiя рэгулююць адносiны дзяржаўнай уласнасцi, гаспадарчыя, фiнансавыя i падатковыя адносiны, ажыццяўляе Кантрольная палата.
      Артыкул 138. Кантрольная палата ўтвараецца Вярхоўным Саветам, дзейнiчае пад яго кiраўнiцтвам i падсправаздачная яму.
      Артыкул 139. Старшыня Кантрольнай палаты выбiраецца Вярхоўным Саветам тэрмiнам на пяць гадоў.
      Артыкул 140. Кампетэнцыя, арганiзацыя i парадак дзейнасцi Кантрольнай палаты вызначаюцца законам.
      РАЗДЗЕЛ VII.
      ФIНАНСАВА-КРЭДЫТНАЯ СIСТЭМА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
      Артыкул 141. Фiнансава-крэдытная сiстэма Рэспублiкi Беларусь уключае бюджэтную сiстэму, банкаўскую сiстэму, а таксама фiнансавыя сродкi пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i грамадзян.
      На тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь праводзiцца адзiная бюджэтна-фiнансавая, падатковая, грашова-крэдытная, валютная палiтыка.
      Артыкул 142. Бюджэтная сiстэма Рэспублiкi Беларусь уключае рэспублiканскi i мясцовыя бюджэты.
      Даходы бюджэту фармiруюцца за кошт падаткаў, якiя вызначаюцца законам, iншых абавязковых плацяжоў, а таксама iншых паступленняў.
      Агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспублiканскага бюджэту ў адпаведнасцi з яго расходнай часткай.
      У адпаведнасцi з законам у Рэспублiцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды.
      Артыкул 143. Парадак складання, зацвярджэння i выканання бюджэтаў i дзяржаўных пазабюджэтных фондаў вызначаецца законам.
      Артыкул 144. Справаздача аб выкананнi рэспублiканскага бюджэту прадстаўляецца на разгляд Вярхоўнага Савета не пазней пяцi месяцаў з дня заканчэння справаздачнага фiнансавага года.
      Справаздачы аб выкананнi мясцовых бюджэтаў падаюцца на разгляд адпаведных Саветаў дэпутатаў у вызначаны заканадаўствам тэрмiн.
      Справаздачы аб выкананнi рэспублiканскага i мясцовых бюджэтаў публiкуюцца.
      Артыкул 145. Банкаўская сiстэма Рэспублiкi Беларусь складаецца з Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь i iншых банкаў. Нацыянальны банк рэгулюе крэдытныя адносiны, грашовае абарачэнне, вызначае парадак разлiкаў i валодае выключным правам эмiсii грошай.
      РАЗДЗЕЛ VIII.
      ДЗЕЯННЕ КАНСТЫТУЦЫI РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ I ПАРАДАК ЯЕ ЗМЯНЕННЯ
      Артыкул 146. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сiлай. Законы i iншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе i ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь.
      У выпадку разыходжання закона з Канстытуцыяй дзейнiчае Канстытуцыя, а ў выпадку разыходжання iншага нарматыўнага акта з законам дзейнiчае закон.
      Артыкул 147. Пытанне аб змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi разглядаецца Вярхоўным Саветам па iнiцыятыве не менш як 150 тысяч грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя валодаюць выбарчым правам, не менш як 40 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, Прэзiдэнта, Канстытуцыйнага Суда.
      Артыкул 148. Закон аб змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi можа быць прыняты пасля двух абмеркаванняў i адабрэнняў Вярхоўным Саветам з прамежкам не менш трох месяцаў.
      Змяненнi i дапаўненнi ў Канстытуцыi не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага становiшча, а таксама у апошнiя шэсць месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета.
      Артыкул 149. Канстытуцыя, законы аб унясеннi ў яе змяненняў i дапаўненняў, аб увядзеннi ў дзеянне Канстытуцыi i ўказаных законаў, акты аб тлумачэннi Канстытуцыi лiчацца прынятымi, калi за iх прагаласавала не менш як дзве трэцi ад выбраных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
      Змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi могуць быць праведзены праз рэферэндум. Рашэнне аб змяненнi i дапаўненнi Канстытуцыi шляхам рэферэндуму лiчыцца прынятым, калi за яго прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спiсы для галасавання.
      СТАРШЫНЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
      М. ГРЫБ
      15 сакавiка 1994 г.
      г. Мiнск
      ЗАКОН РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
      Аб парадку ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь
      Артыкул 1. Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь уступае ў сiлу з дня яе апублiкавання, за выключэннем яе асобных палажэнняў, якiя ўступаюць у сiлу ў парадку i тэрмiны, устаноўленыя гэтым Законам.
      Артыкул 2. Дзень прыняцця Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь аб'яўляецца святочным днём.
      Артыкул 3. У дзень уступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь спыняецца дзеянне артыкулаў Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь 1978 года з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi, калi iншае не прадугледжана гэтым Законам, а таксама Закона Рэспублiкi Беларусь ад 25 жнiўня 1991 года "Аб наданнi статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь аб дзяржаўным суверэнiтэце Рэспублiкi Беларусь".
      Артыкул 4. Законы, указаныя ў Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, павiнны быць прыняты на працягу двух гадоў пасля яе ўступлення ў сiлу. У мэтах забеспячэння безумоўнага выканання прынятай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь утварыць Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у месячны тэрмiн з дня ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
      Артыкул 5. Законы i iншыя нарматыўныя акты да прывядзення iх у адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь дзейнiчаюць у той частцы, у якой яны не супярэчаць Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
      Артыкул 6. На працягу двух гадоў пасля ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь павiнны быць прыняты законы, якiя рэгулююць пераход да рэалiзацыi правоў, прадугледжаных у артыкулах 30 (у частцы свабоднага перамяшчэння i выбару месца жыхарства ў межах Рэспублiкi Беларусь), 46 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь. Гэты пераход павiнен быць завершаны не пазней пяцi гадоў пасля ўступлення ў сiлу адпаведных законаў.
      Артыкул 7. Народныя дэпутаты Рэспублiкi Беларусь захоўваюць свае паўнамоцтвы да адкрыцця першага пасяджэння Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь трынаццатага склiкання.
      Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь дванаццатага склiкання, яго Прэзiдыума, Старшынi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаныя Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь 1978 года з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi, захоўваюцца да застўплення Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на пасаду, а паўнамоцтвы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь - да сфармiравання ў парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй 1994 года, Кабiнета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь.
      Пасля заступлення Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь на пасаду Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь дванаццатага склiкання, яго Прэзiдыум i Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ажыццяўляюць паўнамоцтвы, прадугледжаныя Канстытуцыяй 1994 года.
      Службовыя асобы, выбраныя або назначаныя Вярхоўным Саветам Рэспублiкi Беларусь дванаццатага склiкання, захоўваюць свае паўнамоцтвы на працягу тэрмiнаў, устаноўленых заканадаўствам.
      Артыкул 8. Устанавiць, што на афiцыйных бланках, пячатках, штампах i iншых афiцыйных дакументах дапускаецца на працягу 1994-1995 гадоў выкарыстанне назвы "Савет народных дэпутатаў" замест назвы "Савет дэпутатаў".
      Артыкул 9. Даручыць Старшынi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь падпiсаць Канстытуцыю Рэспублiкi Беларусь.
      СТАРШЫНЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
      М. ГРЫБ
      15 сакавiка 1994 г.
      г. Мiнск
      Канстытуцыя i Закон апублiкаваны ў газетах "Звязда" i "Народная газета" 30 сакавiка 1994 года.

  • Страницы:
    1, 2