Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Справочная литература / Неизвестен Автор / Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке) - Чтение (стр. 1)
Автор: Неизвестен Автор
Жанр: Справочная литература

 

 


Автор неизвестен
Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь ад 15 сакавiка 1994 года (на белорусском языке)

      Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь
      Прынята на трынаццатай сесii Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь дванаццатага склiкання 15 сакавiка 1994 года
      Мы, народ Рэспублiкi Беларусь (Беларусi),
      зыходзячы з адказнасцi за цяперашнi стан i будучыню Беларусi,
      усведамляючы сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольнiцтва i пацвярджаючы сваю прыхiльнасць да агульначалавечых каштоўнасцей,
      грунтуючыся на сваiм неад'емным праве на самавызначэнне,
      абапiраючыся на шматвяковую гiсторыю развiцця беларускай дзяржаўнасцi,
      iмкнучыся зацвердзiць правы i свабоды кожнага грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь,
      жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахiсныя ўстоi народаўладдзя i прававой дзяржавы,
      прымаем гэту Канстытуцыю - Асноўны Закон Рэспублiкi Беларусь.
      РАЗДЗЕЛ I.
      АСНОВЫ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА ЛАДУ
      Артыкул 1. Рэспублiка Беларусь - унiтарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.
      Рэспублiка Беларусь валодае вяршэнствам i паўнатой улады на сваёй тэрыторыi, самастойна ажыццяўляе ўнутраную i знешнюю палiтыку.
      Рэспублiка Беларусь абараняе сваю незалежнасць i тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць i правапарадак.
      Артыкул 2. Чалавек з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю грамадства i дзяржавы.
      Дзяржава адказная перад грамадзянiнам за стварэнне ўмоў для свабоднага i годнага развiцця асобы. Грамадзянiн адказны перад дзяржавай за няўхiльнае выкананне абавязкаў, якiя ўскладзены на яго Канстытуцыяй.
      Артыкул 3. Адзiнай крынiцай дзяржаўнай улады ў Рэспублiцы Беларусь з'яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваюўладу непасрэдна i праз прадстаўнiчыя органы ў формах i межах, вызначаных Канстытуцыяй.
      Любыя дзеяннi па дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымi метадамi, а таксама шляхам iншага парушэння законаў Рэспублiкi Беларусь караюцца згодна з законам.
      Артыкул 4. Дэмакратыя ў Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасцi палiтычных iнстытутаў, iдэалогiй i поглядаў.
      Iдэалогiя палiтычных партый, рэлiгiйных або iншых грамадскiх аб'яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлiвацца ў якасцi абавязковай для грамадзян.
      Артыкул 5. Палiтычныя партыi, iншыя грамадскiя аб'яднаннi, дзейнiчаючы ў рамках Канстытуцыi i законаў Рэспублiкi Беларусь, садзейнiчаюць выяўленню i выказванню палiтычнай волi грамадзян, удзельнiчаюць у выбарах.
      Палiтычныя партыi i iншыя грамадскiя аб'яднаннi маюць права карыстацца дзяржаўнымi сродкамi масавай iнфармацыi ў парадку, вызначаным законам.
      Забараняецца стварэнне i дзейнасць палiтычных партый, а таксама iншых грамадскiх аб'яднанняў, якiя маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу цi вядуць прапаганду вайны, нацыянальнай, рэлiгiйнай i расавай варожасцi.
      Артыкул 6. Дзяржава грунтуецца на прынцыпе падзелу ўлад: заканадаўчай, выканаўчай i судовай. Дзяржаўныя органы ў межах сваiх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнiчаюць памiж сабой, стрымлiваюць i ўраўнаважваюць адзiн аднаго.
      Артыкул 7. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы звязаны правам, дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёю законаў.
      Прававыя акты або iх асобныя палажэннi, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымi з палажэннямi Канстытуцыi, не маюць юрыдычнай сiлы.
      Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публiкуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама iншым прадугледжаным законам спосабам.
      Артыкул 8. Рэспублiка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства.
      Не дапускаецца заключэнне мiжнародных дагавораў, якiя супярэчаць Канстытуцыi.
      Артыкул 9. Тэрыторыя Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца натуральнай умовай iснавання i прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту i суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь.
      Тэрыторыя Беларусi адзiная i неадчужальная.
      Тэрыторыя падзяляецца на вобласцi, раёны, гарады i iншыя адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльныя адзiнкi. Адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльны падзел дзяржавы вызначаецца законам.
      Артыкул 10. Грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь гарантуецца абарона i заступнiцтва дзяржавы як на тэрыторыi Беларусi, так i за яе межамi.
      Нiхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублiкi Беларусь або права змянiць грамадзянства.
      Грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калi iншае не прадугледжана мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь.
      Набыццё i страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасцi з законам.
      Артыкул 11. Замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства на тэрыторыi Беларусi карыстаюцца правамi i свабодамi i выконваюць абавязкi нароўнi з грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь, калi iншае не вызначана Канстытуцыяй, законамi i мiжнароднымi дагаворамi.
      Артыкул 12. Рэспублiка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якiя церпяць пераслед у iншых дзяржавах за палiтычныя, рэлiгiйныя перакананнi або нацыянальную прыналежнасць.
      Артыкул 13. Дзяржава надае ўсiм роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай i iншай дзейнасцi, акрамя забароненай законам, i гарантуе роўную абарону i роўныя ўмовы для развiцця ўсiх форм уласнасцi.
      Дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамiчнай дзейнасцi ў iнтарэсах чалавека i грамадства.
      Законам могуць быць вызначаны аб'екты, якiя знаходзяцца толькi ва ўласнасцi дзяржавы, а таксама замацавана выключнае права дзяржавы на ажыццяўленне асобных вiдаў дзейнасцi.
      Артыкул 14. Дзяржава рэгулюе адносiны памiж сацыяльнымi, нацыянальнымi i iншымi супольнасцямi на аснове прынцыпаў роўнасцi перад законам, павагi iх правоў i iнтарэсаў.
      Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны, свабоднае развiццё культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь.
      Артыкул 16. Усе рэлiгii i веравызнаннi роўныя перад законам. Наданне якiх-небудзь пераваг або абмежаванняў адной рэлiгii або веравызнання ў адносiнах да iншых не дапускаецца.
      Забараняецца дзейнасць канфесiйных арганiзацый, iх органаў i прадстаўнiкоў, якая накiравана супраць суверэнiтэту Рэспублiкi Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу i грамадзянскай згоды цi звязана з парушэннем правоў i свабод грамадзян.
      Адносiны дзяржавы i канфесiй рэгулююцца законам.
      Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца беларуская мова.
      Рэспублiка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай мiжнацыянальных зносiн.
      Артыкул 18. Рэспублiка Беларусь у сваёй знешняй палiтыцы зыходзiць з прынцыпаў роўнасцi дзяржаў, непрымянення сiлы або пагрозы сiлай, непарушнасцi межаў, мiрнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы i iншых агульнапрызнаных прынцыпаў i нормаў мiжнароднага права.
      Рэспублiка Беларусь ставiць за мэту зрабiць сваю тэрыторыю бяз'ядзернай зонай, а дзяржаву - нейтральнай.
      Артыкул 19. Сiмваламi Рэспублiкi Беларусь як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб i Дзяржаўны гiмн.
      Артыкул 20. Сталiца Рэспублiкi Беларусь - горад Мiнск.
      Статус горада Мiнска вызначаецца законам.
      РАЗДЗЕЛ II.
      АСОБА, ГРАМАДСТВА, ДЗЯРЖАВА
      Артыкул 21. Забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы.
      Дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы.
      Артыкул 22. Усе роўныя перад законам i маюць права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў.
      Артыкул 23. Абмежаванне правоў i свабод асобы дапускаецца толькi ў выпадках, прадугледжаных законам, у iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб.
      Нiхто не можа карыстацца перавагамi i прывiлеямi, якiя супярэчаць закону.
      Артыкул 24. Кожны мае права на жыццё.
      Дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых супрацьпраўных замахаў.
      Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасцi з законам як выключная мера пакарання за асаблiва цяжкiя злачынствы i толькi згодна з прыгаворам суда.
      Артыкул 25. Дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць i годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабiстай свабоды магчыма ў выпадках i парадку, устаноўленых законам.
      Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасцi яе затрымання або арышту.
      Нiхто не павiнен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасцi абыходжанню цi пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца медыцынскiм або iншым доследам.
      Артыкул 26. Нiхто не можа быць прызнаны вiнаватым у злачынстве, калi яго вiна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана i ўстаноўлена прыгаворам суда, якi ўступiў у законную сiлу. Той, каго абвiнавачваюць, не павiнен даказваць сваю невiнаватасць.
      Артыкул 27. Нiхто не павiнен прымушацца даваць паказаннi i тлумачэннi супраць самога сябе, членаў сваёй сям'i, блiзкiх родных. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сiлы.
      Артыкул 28. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабiстае жыццё, у тым лiку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыi, тэлефонных i iншых паведамленняў, на яго гонар i годнасць.
      Артыкул 29. Недатыкальнасць жылля i iншых законных уладанняў грамадзян гарантуецца. Нiхто не мае права без законнай падставы ўвайсцi ў жыллё i iншае законнае ўладанне грамадзянiна супраць яго волi.
      Артыкул 30. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца i выбiраць месца жыхарства ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакiдаць яе i бесперашкодна вяртацца назад.
      Артыкул 31. Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносiны да рэлiгii, асабiста або сумесна з iншымi вызнаваць любую рэлiгiю або не вызнаваць нiякай, выказваць i распаўсюджваць перакананнi, звязаныя з адносiнамi да рэлiгii, удзельнiчаць у адпраўленнi рэлiгiйных культаў, рытуалаў, абрадаў.
      Артыкул 32. Шлюб, сям'я, мацярынства, бацькоўства i дзяцiнства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.
      Жанчына i мужчына па дасягненнi шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступiць у шлюб i стварыць сям'ю. Муж i жонка раўнапраўныя ў сямейных адносiнах.
      Бацькi або асобы, якiя iх замяняюць, маюць права i абавязаны выхоўваць дзяцей, клапацiцца аб iх здароўi, развiццi i навучаннi. Дзiця не павiнна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якiя могуць нанесцi шкоду яго фiзiчнаму, разумоваму або маральнаму развiццю. Дзецi абавязаны клапацiцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якiя iх замяняюць, i аказваць iм дапамогу.
      Артыкул 33. Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў i iх свабоднае выказванне.Нiхто не можа быць прымушаны да выказвання сваiх перакананняў або адмовы ад iх.
      Манапалiзацыя сродкаў масавай iнфармацыi дзяржавай, грамадскiмi аб'яднаннямi або асобнымi грамадзянамi, а таксама цэнзура не дапускаюцца.
      Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскiх аб'яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя.
      Дзяржаўныя органы, грамадскiя аб'яднаннi, службовыя асобы абавязаны даць грамадзянiну Рэспублiкi Беларусь магчымасць азнаёмiцца з матэрыяламi, якiя закранаюць яго правы i законныя iнтарэсы.
      Артыкул 35. Свабода сходаў, мiтынгаў, вулiчных шэсцяў, дэманстрацый i пiкетавання, якiя не парушаюць правапарадак i правы iншых грамадзян Рэспублiкi Беларусь, гарантуецца дзяржавай. Парадак правядзення ўказаных мерапрыемстваў вызначаецца законам.
      Артыкул 36. Кожны мае права на свабоду аб'яднанняў.
      Суддзi, пракурорскiя работнiкi, супрацоўнiкi органаў унутраных спраў, Кантрольнай палаты Рэспублiкi Беларусь, органаў бяспекi, ваеннаслужачыя не могуць быць членамi палiтычных партый i iншых грамадскiх аб'яднанняў, якiя дамагаюцца палiтычных мэт.
      Артыкул 37. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права ўдзельнiчаць у вырашэннi дзяржаўных спраў як непасрэдна, так i праз свабодна выбраных прадстаўнiкоў. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кiраваннi справамi грамадства i дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў i пытанняў рэспублiканскага i мясцовага значэння, iншымi вызначанымi законам спосабамi.
      Артыкўл 38. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права свабодна выбiраць i быць выбранымi ў дзяржаўныя органы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаваннi.
      Артыкул 39. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi са сваiмi здольнасцямi, прафесiйнай падрыхтоўкай маюць права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах.
      Артыкул 40. Кожны мае права накiроўваць асабiстыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы.
      Дзяржаўныя органы, а таксама службовыя асобы абавязаны разгледзець зварот i даць адказ па сутнасцi ў вызначаны законам тэрмiн. Адмова ад разгляду пададзенай заявы павiнна быць пiсьмова матываванай.
      Артыкул 41. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесii, роду заняткаў i работы ў адпаведнасцi з прызваннем, здольнасцямi, адукацыяй, прафесiйнай падрыхтоўкай i з улiкам грамадскiх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя i бяспечныя ўмовы працы.
      Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасцi насельнiцтва. У выпадку незанятасцi асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям i павышэнне квалiфiкацыi з улiкам грамадскiх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўi ў адпаведнасцi з законам.
      Грамадзяне маюць права на абарону сваiх эканамiчных i сацыяльных iнтарэсаў, уключаючы права на аб'яднанне ў прафесiйныя саюзы, заключэнне калектыўных дагавораў (пагадненняў) i права на забастоўку.
      Прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасцi з законам аб надзвычайным i ваенным становiшчы.
      Артыкул 42. Асобы, якiя працуюць па найму, маюць права на ўзнагароджанне за выкананую работу ў адпаведнасцi з яе колькасцю, якасцю i грамадскiм значэннем, але не нiжэй устаноўленага дзяржавай мiнiмальнага размеру. Жанчыны i мужчыны, дарослыя i непаўналетнiя маюць права на роўнае ўзнагароджанне за працу роўнай вартасцi.
      Артыкул 43. Працоўныя маюць права на адпачынак. Для тых, хто працуе па найму, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, якi не перавышае 40 гадзiн, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку.
      Артыкул 44. Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасцi.
      Уласнiк мае права валодаць, карыстацца i распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так i сумесна з iншымi асобамi. Недатыкальнасць уласнасцi, права яе атрымання ў спадчыну ахоўваюцца законам.
      Прымусовае адчужэнне маёмасцi дапускаецца толькi па матывах грамадскай неабходнасцi пры захаваннi ўмоў i парадку, вызначаных законам, са своечасовым i поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасцi, а таксама згодна з прыгаворам суда.
      Ажыццяўленне права ўласнасцi не павiнна наносiць шкоды навакольнаму асяроддзю, гiсторыка-культурным каштоўнасцям, уцiскаць правы i абараняемыя законам iнтарэсы iншых асоб.
      Артыкул 45. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на ахову здароўя забяспечваецца таксама развiццём фiзiчнай культуры i спорту, мерамi па аздараўленнюнавакольнага асяроддзя, магчымасцю карыстання аздараўленчымi ўстановамi, удасканальваннем аховы працы.
      Артыкул 46. Кожны мае права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе i на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права.
      Артыкул 47. Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасцi, у выпадку хваробы, iнвалiднасцi, страты працаздольнасцi, страты кармiцеля i ў iншых выпадках, прадугледжаных законам. Дзяржава праяўляе асаблiвы клопат аб асобах, якiя страцiлi здароўе пры абароне дзяржаўных i грамадскiх iнтарэсаў.
      Артыкул 48. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь маюць права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развiццём дзяржаўнага, грамадскага i прыватнага жыллёвага фонду, садзейнiчаннем грамадзянам у набыццi жылля.
      Нiхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля.
      Артыкул 49. Кожны мае права на адукацыю.
      Гарантуюцца даступнасць i бясплатнасць агульнай сярэдняй i прафесiйна-тэхнiчнай адукацыi.
      Сярэдняя спецыяльная i вышэйшая адукацыя даступная для ўсiх у адпаведнасцi са здольнасцямi кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах.
      Артыкул 50. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як нiхто не можа быць прымушаны да вызначэння i ўказання нацыянальнай прыналежнасцi.
      Знявага нацыянальнай годнасцi караецца згодна з законам.
      Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбiраць мову зносiн. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасцi з законам свабоду выбару мовы выхавання i навучання.
      Артыкул 51. Кожны мае права на ўдзел у культурным жыццi. Гэта права забяспечваецца агульнадаступнасцю каштоўнасцей айчыннай i сусветнай культуры, якiя знаходзяцца ў дзяржаўных i грамадскiх фондах, развiццём сеткi культурна-асветных устаноў.
      Свабода мастацкай, навуковай, тэхнiчнай творчасцi i выкладання гарантуецца.
      Iнтэлектуальная ўласнасць ахоўваецца законам.
      Артыкул 52. Кожны, хто знаходзiцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы i паважаць нацыянальныя традыцыi.
      Артыкул 53. Кожны абавязаны паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя iнтарэсы iншых асоб.
      Артыкул 54. Кожны абавязаны берагчы гiсторыка-культурную спадчыну i iншыя культурныя каштоўнасцi.
      Артыкул 55. Ахова прыроднага асяроддзя - абавязак кожнага.
      Артыкул 56. Грамадзяне Рэспублiкi Беларусь абавязаны прымаць удзел у фiнансаваннi дзяржаўных расходаў шляхам выплаты дзяржаўных падаткаў, пошлiн i iншых плацяжоў.
      Артыкул 57. Абарона Рэспублiкi Беларусь - абавязак i свяшчэнны доўг грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы i ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.
      Артыкул 58. Нiхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якiя не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь i яе законамi, цi да адмаўлення ад сваiх правоў.
      Артыкул 59. Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.
      Артыкул 60. Дзяржаўныя органы, службовыя i iншыя асобы, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыi прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы.
      Гэтыя органы i асобы нясуць адказнасць за дзеяннi, якiя парушаюць правы i свабоды асобы.
      Артыкул 61. Кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны.
      З мэтай абароны правоў, свабод, гонару i годнасцi грамадзяне маюць права спагнаць у судовым парадку як маёмасную шкоду, так i матэрыяльнае кампенсаванне маральнай шкоды.
      Артыкул 62. Кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод, у тым лiку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў i iншых сваiх прадстаўнiкоў у судзе, iншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кiравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганiзацыях, грамадскiх аб'аднаннях i ў адносiнах са службовымi асобамi i грамадзянамi. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.
      Процiдзеянне аказанню прававой дапамогi ў Рэспублiцы Беларусь забараняецца.
      Артыкул 63. Ажыццяўленне прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй правоў i свабод асобы можа быць прыпынена толькi ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становiшча ў парадку i межах, вызначаных Канстытуцыяй i законам.
      Пры ажыццяўленнi асобых мер у перыяд надзвычайнага становiшча не могуць абмяжоўвацца правы, прадугледжаныя ў артыкуле 24, частцы трэцяй артыкула 25, артыкулах 26, 31 Канстытуцыi.
      РАЗДЗЕЛ III.
      ВЫБАРЧАЯ СIСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ
      ГЛАВА 1.
      ВЫБАРЧАЯ СIСТЭМА
      Артыкул 64. Выбары дэпутатаў i iншых асоб, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады народам, з'яўляюцца ўсеагульнымi: права выбiраць маюць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя дасягнулi 18 гадоў.
      У выбарах не ўдзельнiчаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымi, асобы, якiя ўтрымлiваюцца па прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волi. У галасаваннi не прымаюць удзелу асобы, у адносiнах да якiх у парадку, устаноўленым крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам, выбрана мера стрымання - утрыманне пад вартай. Любое прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у iншых выпадках з'яўляецца недапушчальным i караецца згодна з законам.
      Артыкул 65. Узроставы цэнз дэпутатаў i iншых асоб, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады, вызначаецца адпаведнымi законамi, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
      Артыкул 66. Выбары з'яўляюцца свабоднымi: выбаршчык асабiста вырашае, цi ўдзельнiчаць яму ў выбарах i за каго галасаваць.
      Падрыхтоўка i правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта i галосна.
      Артыкул 67. Выбары з'яўляюцца роўнымi: выбаршчыкi маюць роўную колькасць галасоў.
      Колькасць выбаршчыкаў у кожнай выбарчай акрузе павiнна быць прыкладна роўнай.
      Кандыдаты, якiя выбiраюцца на дзяржаўныя пасады народам, удзельнiчаюць у выбарах на роўных падставах.
      Артыкул 68. Выбары з'яўляюцца прамымi: дэпутаты выбiраюцца грамадзянамi непасрэдна.
      Артыкул 69. Галасаванне на выбарах з'яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у ходзе галасавання забараняецца.
      Артыкул 70. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскiм аб'яднанням, працоўным калектывам i грамадзянам у адпаведнасцi з законам.
      Артыкул 71. Расходы на падрыхтоўку i правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў.
      Артыкул 72. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камiсii.
      Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамi Рэспублiкi Беларусь.
      Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становiшча.
      ГЛАВА 2.
      РЭФЕРЭНДУМ (НАРОДНАЕ ГАЛАСАВАННЕ)
      Артыкул 73. Для вырашэння важнейшых пытанняў дзяржаўнага i грамадскага жыцця могуць праводзiцца рэспублiканскiя i мясцовыя рэферэндумы.
      Артыкул 74. Рэспублiканскiя рэферэндумы назначаюцца Вярхоўным Саветам Рэспублiкi Беларусь па прапанове Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь або не менш як 450 тысяч грамадзян, якiя валодаюць выбарчым правам.
      Вярхоўны Савет не пазней чым за 30 дзён пасля ўнясення на яго разгляд у адпаведнасцi з законам прапаноў Прэзiдэнта або грамадзян аб правядзеннi рэферэндуму абавязаны назначыць дату правядзення рэспублiканскага рэферэндуму.
      Пытанне аб правядзеннi рэспублiканскага рэферэндуму можа быць разгледжана Вярхоўным Саветам таксама па iнiцыятыве не менш як 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь.
      Артыкул 75. Мясцовыя рэферэндумы назначаюцца адпаведнымi мясцовымi прадстаўнiчымi органамi па сваёй iнiцыятыве або па прапанове не менш дзесяцi працэнтаў грамадзян, якiя валодаюць выбарчым правам i пражываюць на адпаведнай тэрыторыi.
      Артыкул 76. Рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага i тайнага галасавання.
      У рэферэндумах удзельнiчаюць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя валодаюць выбарчым правам.
      Артыкул 77. Рашэннi, прынятыя рэферэндумам, могуць быць адменены або зменены толькi шляхам рэферэндуму, калi iншае не будзе вызначана рэферэндумам.
      Артыкул 78. Парадак правядзення рэспублiканскiх i мясцовых рэферэндумаў, а таксама пералiк пытанняў, якiя не могуць быць вынесены на рэферэндум, вызначаюцца законам Рэспублiкi Беларусь.
      РАЗДЗЕЛ IV.
      ЗАКАНАДАЎЧАЯ, ВЫКАНАЎЧАЯ I СУДОВАЯ ЎЛАДА
      ГЛАВА 3.
      ВЯРХОЎНЫ САВЕТ РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
      Артыкул 79. Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь з'яўляецца найвышэйшым прадстаўнiчым пастаянна дзеючым i адзiным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады Рэспублiкi Беларусь.
      Артыкул 80. Вярхоўны Савет складаецца з 260 дэпутатаў, якiя выбiраюцца грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь.
      Дэпутатам Вярхоўнага Савета можа быць любы грамадзянiн Рэспублiкi Беларусь, якi валодае выбарчым правам i дасягнуў 21 года.
      Артыкул 81. Тэрмiн паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета - пяць гадоў.
      Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета могуць быць датэрмiнова спынены па пастанове Вярхоўнага Савета, прынятай большасцю не менш як дзве трэцi ад выбраных дэпутатаў.
      Выбары новага складу Вярхоўнага Савета назначаюцца не пазней чым за тры месяцы да заканчэння паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета.
      Артыкул 82. Першае пасяджэнне Вярхоўнага Савета склiкаецца Цэнтральнай камiсiяй Рэспублiкi Беларусь па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў не пазней чым праз 30 дзён пасля выбараў.
      Артыкул 83. Вярхоўны Савет Рэспублiкi Беларусь:
      1) назначае рэспублiканскiя рэферэндумы;
      2) прымае i змяняе Канстытуцыю;
      3) прымае законы i пастановы i ажыццяўляе кантроль за iх выкананнем;
      4) дае тлумачэнне Канстытуцыi i законаў;
      5) назначае чарговыя выбары дэпутатаў Вярхоўнага Савета i мясцовых Саветаў дэпутатаў; выбары Прэзiдэнта;
      6) утварае Цэнтральную камiсiю па выбарах i правядзенню рэспублiканскiх рэферэндумаў;
      7) выбiрае Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублiкi Беларусь, Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублiкi Беларусь, Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь, Старшыню i Савет Кантрольнай палаты Рэспублiкi Беларусь, Старшыню i членаў Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь;
      8) вызначае парадак вырашэння пытанняў адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы;
      9) вызначае асноўныя напрамкi ўнутранай i знешняй палiтыкi Рэспублiкi Беларусь;
      10) зацвярджае рэспублiканскi бюджэт, справаздачу аб яго выкананнi, нарматывы адлiчэнняў ад агульнадзяржаўных падаткаў i даходаў у мясцовыя бюджэты;
      11) устанаўлiвае рэспублiканскiя падаткi i зборы, ажыццяўляе кантррль за грашовай эмiсiяй;
      12) ратыфiкуе i дэнансуе мiжнародныя дагаворы Рэспублiкi Беларусь;
      13) прымае рашэннi аб амнiстыi;
      14) вызначае ваенную дактрыну;
      15) аб'яўляе вайну i заключае мiр;
      16) устанаўлiвае дзяржаўныя ўзнагароды, класныя чыны i званнi Рэспублiкi Беларусь;
      17) прымае пастановы аб роспуску мясцовых Саветаў дэпутатаў i назначае новыя выбары ў выпадку сiстэматычнага або грубага парушэння iмi патрабаванняў заканадаўства;
      18) адмяняе распараджэннi Старшынi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь у выпадках, калi яны супярэчаць законам i пастановам Вярхоўнага Савета.
      Вярхоўны Савет можа вырашаць iншыя пытаннi ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй.
      Артыкул 84. Галасаванне на пасяджэннях Вярхоўнага Савета ажыццяўляецца дэпутатамi асабiста.
      Законы i пастановы Вярхоўнага Савета лiчацца прынятымi пры ўмове, што за iх прагаласавала большасць выбраных дэпутатаў, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй.
      Прынятыя законы ў дзесяцiдзённы тэрмiн з дня прыняцця накiроўваюцца на подпiс Прэзiдэнту.
      Артыкул 85. Вярхоўны Савет выбiрае з лiку дэпутатаў Вярхоўнага Савета Старшыню Вярхоўнага Савета, Першага намеснiка Старшынi Вярхоўнага Савета i намеснiкаў Старшынi Вярхоўнага Савета.
      Артыкул 86. Старшыня Вярхоўнага Савета выбiраецца тайным галасаваннем. Ён падсправаздачны Вярхоўнаму Савету.
      Артыкул 87. Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь:
      1) ажыццяўляе агульнае кiраўнiцтва падрыхтоўкай пытанняў, якiя падлягаюць разгляду Вярхоўным Саветам;
      2) вядзе пасяджэннi Вярхоўнага Савета;
      3) прадстаўляе Вярхоўны Савет у адносiнах з органамi i арганiзацыямi ўнутры краiны i за мяжой;
      4) падпiсвае пастановы, прынятыя Вярхоўным Саветам;
      5) прадстаўляе Вярхоўнаму Савету кандыдатуры для выбрання на пасады Першага намеснiка i намеснiкаў Старшынi Вярхоўнага Савета, Генеральнага пракурора, Старшынi Кантрольнай палаты;
      6) кiруе работай апарату Вярхоўнага Савета.
      Старшыня Вярхоўнага Савета выдае распараджэннi.
      Першы намеснiк i намеснiкi Старшынi Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь выконваюць па даручэнню Старшынi Вярхоўнага Савета асобныя яго абавязкi i замяшчаюць Старшыню Вярхоўнага Савета ў выпадку яго адсутнасцi або немагчымасцi ажыццяўлення iм сваiх абавязкаў.
      Артыкул 88. Вярхоўны Савет выбiрае з лiку дэпутатаў пастаянныя камiсii i iншыя органы для вядзення законапраектнай работы, папярэдняга разгляду i падрыхтоўкi пытанняў, якiя адносяцца да ведання Вярхоўнага Савета, ажыццяўлення кантролю за выкананнем законаў.
      У выпадку неабходнасцi Вярхоўны Савет можа ствараць следчыя, рэвiзiйныя i iншыя часовыя камiсii.
      Артыкул 89. Для арганiзацыi работы Вярхоўнага Савета ствараецца Прэзiдыум Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь.
      У склад Прэзiдыума Вярхоўнага Савета ўваходзяць Старшыня Вярхоўнага Савета, Першы намеснiк Старшынi Вярхоўнага Савета, намеснiкi Старшынi Вярхоўнага Савета i дэпутаты ў парадку, прадугледжаным Рэгламентам Вярхоўнага Савета.
      Прэзiдыум Вярхоўнага Савета ўзначальвае Старшыня Вярхоўнага Савета.
      Артыкул 90. Права заканадаўчай iнiцыятывы ў Вярхоўным Савеце Рэспублiкi Беларусь належыць дэпутатам Вярхоўнага Савета, пастаянным камiсiям Вярхоўнага Савета, Прэзiдэнту, Вярхоўнаму Суду, Вышэйшаму Гаспадарчаму Суду, Генеральнаму пракурору, Кантрольнай палаце, Нацыянальнаму банку, а таксама грамадзянам, якiя валодаюць выбарчым правам, у колькасцi не менш як 50 тысяч чалавек.
      Артыкул 91. Паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета захоўваюцца да адкрыцця першага пасяджэння Вярхоўнага Савета новага склiкання.

  • Страницы:
    1, 2