Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Дайнеко Л. / Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Чтение (стр. 16)
Автор: Дайнеко Л.
Жанр:

 

 


      - Так. Яна была ў Доме Пераўтварэнняў у доктара Метэора. Яна вельмi-вельмi прасiла, каб доктар дапамог ёй прыблiзiцца да Радаслава Буслейкi. Яна моцна кахала Радаслава i, калi ён загiнуў, не магла жыць без яго. Вельмi-вельмi прасiла Вера, i Метэор здаўся - ён ператварыў яе ў лiпу, любiмае дрэва Буслейкi. Уначы, патаемна ад людскiх вачэй, яе вывезлi з Дома Пераўтварэнняў у крытым грузавiку i пасадзiлi менавiта на гэтым месцы. Некалькi гадоў назад якраз тут упершыню ўбачыла Вера Хрысцiнюк Радаслава, якi займаўся ў вадналыжнай секцыi.
      - Чалавека ператварылi ў дрэва! - усклiкнуў уражаны Клён. - Хiба можна такое рабiць?
      - Гэта пакуль што забаронена. I доктара Метэора неўзабаве будзе дапытваць Суд Сумлення ў Доме Народаў. Нехта з персанала ўсё-ткi данёс на доктара. Але ж ты не будзеш адмаўляць той факт, што на шчаслiвай планеце Зямля ўсё яшчэ ёсць самазабойцы, якiя добраахвотна спыняюць сваё жыццё.
      - Я ведаю пра такое, - згадзiўся Клён.
      - Хiба магла жыць Вера, калi не стала Радаслава? Магла, але гэта была б ужо зусiм iншая жанчына, а не Вера Хрысцiнюк. Доктар Метэор доўгi час думаў над гэтай складанай, над гэтай трагiчнай праблемай i нарэшце прыйшоў да канкрэтнага яе вырашэння, якое ён назваў "трэцiм варыянтам". Як ты ведаеш, да самага апошняга часу ў Доме Пераўтварэнняў людзей, што дасягнулi шаснаццацiгадовага ўзросту, маглi на некалькi гадзiн пераўтвараць у цеплакроўных млекакормячых, у птушак i рыб, а таксама пераносiць iх у мiнулыя эпохi. "Трэцi варыянт" - новае слова ў канцэпцыi доктара Метэора. Па ўласным жаданнi чалавек можа стаць дрэвам, кветкай, iншай раслiнай. Яшчэ з грэчаскiх мiфаў вядомы юнак Нарцыс, якi зрабiўся прыгожай кветкай. Вельмi часта ператваралiся ў бярозу або калiну героi славянскiх казак. Усё гэта, вядома ж, невыпадкова. Але ў "трэцяга варыянта" маецца iстотны недахоп.
      - Якi?
      - У сваiм змененым стане чалавек будзе знаходзiцца не менш пяцi гадоў. Не менш.
      - Значыць, Веру Хрысцiнюк я змагу ўбачыць толькi праз пяць гадоў? засмучана спытаў Клён.
      - Так, - адказаў плазмоiд. - А за гэты час можа надарыцца ўраган, можа ўдарыць маланка або звычайная сякера.
      - Вера, - усхвалявана сказаў Клён, падышоў, пагладзiў рукамi свежую кару, прытулiўся да яе шчакой, зноў прамовiў з дрыготкай у голасе: - Вера...
      Маладое дрэва зашумела ўсёй сваёй лiстотай. Блiскучыя кроплi расы ("слёзы", - падумаў Клён) пасыпалiся на зямлю, на рукi, на твар. Сонечны прамень, успыхнуўшы на небасхiле, абвясцiў усяму жывому, што пачынаецца новы дзень.
      - Вера, я буду прыходзiць сюды. Я нiкому не раскрыю тваю тайну. Але ты беражы сябе, - горача гаварыў Клён, i яму хацелася плакаць i адначасова спяваць i слухаць-слухаць гамонку зялёных круглаватых лiстоў.
      З берага возера Маладэёжнага адразу ж накiравалiся ў заапарк. Ужо зусiм развiднела, натоўпы людзей пацяклi па вулiцах, i таму плазмоiд ператварыўся для маскiроўкi ў надзiманы паветраны шарык ярка-зялёнага колеру. Клён трымаў яго за шаўковую нiтку, а сам ехаў на веласiпедзе. Праблемы з транспартам не было. У самых розных кропках горада ў спецыяльна адведзеных месцах стаялi аўтамабiлi, матацыклы, веласiпеды, ролiкавыя канькi. Чалавек прыходзiў, апускаў у аўтамат пластмасавы жэтон са сваiм прозвiшчам i адрасам i браў тое, што яму падабалася. Затым, зрабiўшы справу, прыпаркоўваў аўтамабiль або iншы транспартны сродак на любой гарадской стаянцы.
      - Навошта я табе патрэбен у заапарку? - пацiкавiўся плазмоiд.
      - Будзем вызваляць караля жывёл Аюса Першага. Быў такi на планеце Вар.
      - Я ведаю пра яго, - сказаў плазмоiд.
      - Яшчэ лепш, калi ведаеш, - павесялеў Клён. - Быў Аюс мудрым каралём, з людзьмi i жывёламi размаўляў, а на Зямлi, на самай-самай шчаслiвай планеце, раптам анямеў. Не разумеюць яго зямляне. А можа, не хочуць разумець. Як ты лiчыш?
      Але плазмоiд не адказаў, бо ў гэты самы момант з расчыненага акна аўтобуса, якi на поўнай хуткасцi абагнаў Клёна, вытыркнулася тонкая дзiцячая рука.
      - Якi прыгожы шарык! - весела крыкнуў хлапчук-скарынiч з бел-чырвона-белым гальштукам на шыi i хацеў схапiць нiтку, ды плазмоiд увiльнуўся.
      Ужо на паўдарозе Клён раптам прыпынiў веласiпед.
      - Мы вызвалiм Аюса, а што далей? - раздумлiва сказаў ён. - Дзе знайсцi яму прытулак? У катэдж не павязеш, ды я й сам да бацькоў не вярнуся. Кепска, што няма Радаслава з Верай - яны б параiлi. Але ёсць, дарагi мой плазмоiд, ён хiтравата зiрнуў на плазмоiда, - Метэор, доктар Метэор. Так што паварочваем аглоблi i шпарым у Дом Пераўтварэнняў.
      Доктар Метэор парывiста пайшоў насустрач Клёну, як толькi той адчынiў дзверы ягонага кабiнета.
      - Вiтаю цябе, малады чалавек, - усхвалявана прамовiў ён, моцна абняў Клёна за плечы, пасадзiў на чорную скураную канапу, сам адступiў крыху ўбок, пачаў уважлiва разглядаць госця. Ад такога пiльнага, здавалася, усёпранiкальнага позiрку Клён сумеўся.
      - Малайчына ты. Чуў пра цябе, - гаварыў мiж тым доктар. - Бачу душу тваю. Моцная. Светлая. Гэта ты разбiў помнiк самому сабе?
      Клён кiўнуў галавой.
      - Юрысты б сказалi, што гэта - хулiганскi акт, i былi б недалёка ад iсцiны. Але асабiста я твой учынак лiчу высокамаральным i грамадзянскiм. ВЭП, i гэта ўжо шмат для каго не сакрэт, пакрысе пакрываецца тлушчам, лакам, пазалотай. Калi гэтак пойдзе далей, на планеце зноў з'явяцца новыя правадыры, новыя генералiсiмусы, новыя маўзалеi. Няўжо стагоддзi не навучылi нас?
      Доктар Метэор закрыў смуглымi ў чорных валасiнках рукамi вочы, амаль застагнаў.
      - Ты быў на Вары, - казаў ён далей. - I твае сябры, якiх сёння ўжо няма, там былi. I вось нашы дамаседныя мудрацы распускаюць чуткi аб вiрусе з планеты Вар. Хлусня! Нiякага вiруса няма, хлопчык. Ёсць сум аб iдэале. Зразумеў? Ёсць неадольны чалавечы сум аб iдэале, аб вышэйшым прызначэннi людской расы. У чьга яно? Дзе яно? Хто i што клiча нас уперад? Вельмi няпростыя, скажу я табе, пытаннi. Ёсць такая прымаўка: "Анёлы i чэрцi нiколi не старэюць". Дык вось пытаннi аб прызначэннi чалавечым вечна маладыя, заўсёды актуальныя, iм не дадзена пастарэць. Асаблiва ў наш час.
      - Шаноўны доктар, дапамажыце вызвалiць Аюса, - уставiў нарэшце сваё слова Клён i расказаў Метэору аб злых прыгодах караля жывёл.
      - Гэта трэба зрабiць неадкладна! Неадкладна! - узгарэўся, закрычаў Метэор. - Вось яшчэ адно пацверджанне таго, што наша праслаўленая цывiлiзацыя робiцца глухой i бессардэчнай. Пытаеш, куды яго завесцi? У Тоўсты Лес. У РРР - Рэгiён Рэвалюцыйных Робатаў. Яны, робаты, толькi людзей не пускаюць у Тоўсты Лес. Грузавiк я дам. Сам сяду за руль.
      Ён узбуджана захадзiў-забегаў па кабiнеце. Потым спынiўся, пляснуў сябе далонямi па лысай галаве.
      - Мяне праз тыдзень будуць слухаць на Судзе Сумлення. Будуць дапытвацца, куды i як знiкла Вера Хрысцiнюк. Я iм скажу! Я скажу: "Паважаныя суддзi, яна не знiкла, бо яна кахае. Разумееце? Яна кахае, i гэтае каханне робiць яе вечнай. Цi кахалi вы? Праз пяць гадоў яна вернецца ў ваш, у наш тлум i смурод i, магчыма, навучыць усiх нас чысцiнi, чалавечнасцi. А сёння ўсе мы, паважаныя спадары суддзi, згубiлi памяць. Трэба неадкладна вярнуць яе, нашу памяць. Цалкам. Усю. Не толькi аб добрым i прыемным.
      Вочы ў доктара Метэора натхнёна заблiшчалi. Ён, быццам змоўшчык, перайшоў на шэпт:
      - У Тоўстым Лесе, дзе паселiцца наш Аюс, ёсць, кажуць людзi, Зялёная Постаць. Яна знаходзiцца ў дрыгве, не падступiцца. Робаты, воўкасабакi i балогы навечна перакрылi шлях да яе. Кажуць людзi, што той, хто хоць аднойчы б убачыў Зялёную Постаць, пачуў яе голас-звон, вярнуў бы ўсiм нам памяць. Не кнiжную, не кiношную i тэлевiзiйную, а памяць крывi, памяць душы, памяць пакаленняў. Так не хапае нам сёння гэтай жывой памяцi.
      Метэор заплюшчыў вочы.
      - Доктар! - Ускочыў са свайго месца Клён. - Дапамажыце мне!
      - Што такое? - занепакоiўся, паклаў яму рукi на плечы Метэор.
      - Дапамажыце адшукаць Зялёную Постаць.
      - Але як? Пра што ты гаворыш? Там жа - РРР, Рэгiён Рэвалюцыйных Робатаў. Метэор сумна засмяяўся, сказаў:
      - Супакойся, хлопчык.
      - Ператварыце мяне ў пчалу, - цвёрда, патрабавальна зiрнуў яму ў вочы Клён. - Вы ж усё можаце. Загiнуў Радаслаў. Адышла Вера. Я - апошнi, хто быў на планеце Вар. Я хачу быць такiм, як яны. Вы сцвярджаеце, што няма вiруса планеты Вар. Не буду з вамi спрачацца. Але вы самi пiсалi пра пакаянне i ахвяру. Я чытаў. Я ўсё чытаў, што вы пiсалi. Я адчуваю, што мне сёння добрая сотня гадоў, - столькi я перажыў i перадумаў.
      - Табе яшчэ няма шаснаццацi, хлопчык, - цiха, стараючыся захаваць спакой, хоць голас уздрыгваў ад хвалявання, прамовiў Метэор. - Закон ВЭП забараняе такiм, як ты, пераўтварацца. Гэта небяспечна, вельмi небяспечна. Ты проста не выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Зразумеў?
      - Ператварыце мяне ў пчалу, - стаяў на сваiм Клён, ужо нават з нейкiм выклiкам i пагрозаю. - Я знайду Зялёную Постаць, я адкрыю яе тайну. Вы ж самi толькi што казалi, што планеце i ўсiм людзям не хапае жывой памяцi. Паверце, я не баюся, бо ўжо даўно рыхтаваў сябе да нечага падобнага.
      Увесь гэты час доктар Метэор з разгубленасцю, здзiўленнем i радасцю глядзеў на яго i, сашчапiўшы рукi, пахрустваў доўгiмi пальцамi.
      - Вы казалi аб чалавечым прызначэннi, - працягваў Клён. - Калi я нават не вярнуся, я буду такi шчаслiвы... Я хачу, каб жыла наша планета, жыла Беларусь. Ператварыце мяне ў пчалу, i мiма робатаў i воўкасабак я пралячу ў РРР, усё зраблю... - Ён ледзь не плакаў.
      - Хлопчык, мiлы, я не магу, - пачаў быў доктар Метэор, але раптам апусцiўся на каленi, узяў Клёнавы рукi ў свае, глухiм пераселым голасам сказаў: - Кляруся табе, што ты станеш пчалой i зноў выйдзеш на плюсавое пераўтварэнне. Клянуся, што я разаб'юся ў пыл, буду начаваць у лабараторыi, але прыдумаю, знайду шлях i спосаб твайго вяртання. Толькi трэба будзе чакаць, чакаць i спадзявацца. Вытрымаеш? Я ж, клянуся, датуль не памру, пакуль не адшукаю спосаб твайго вяртання.
      ...Ён зрабiўся пчалой, ён ляцеў у Тоўстым Лесе. Для таго каб сабраць адзiн кiлаграм мёду, яму патрэбна было праляцець трыста тысяч кiламетраў, сесцi на дваццаць мiльёнаў кветак. Гэта было вышэй ягоных сiл, ды ён, вядома, i не iмкнуўся да такiх лiчбаў i рэкордаў. Галоўнай мэтаю заставалася Зялёная Постаць. Ён бачыў зграi воўкасабакаў - ашчэраныя пашчы, з якiх цячэ шэра-жоўтая слiна, вострыя зубы, шалёныя вочы... Там, дзе праходзiла, прабягала такая зграя, знiкала на нейкi час усялякае жыццё. Недзе праз суткi ён убачыў, як да самага памежку балота пад'ехаў блакiтны тупарылы грузавiк, як з кабiны выйшаў стомлены доктар Метэор разам са сваiм напарнiкам (плазмоiд лётаў над iмi), адчынiў фургон, выпусцiў Аюса. Адразу ж адусюль павытыркалiся насцярожаныя робаты - з кустоў, з-пад карчоў, адзiн вылез нават з капы сена, i зеленаватыя вiхурыстыя касмылi тырчалi на ягонай галаве i спiне. Аюс нетаропка пайшоў у балота. Доктар Метэор памахаў яму рукой, пастаяў i паехаў у бок Менска.
      Аюс усвiдроўваўся ў хмызнякi, у рудую вострую асаку, у прахалоду чорнай тванi. Пчала настойлiва ляцела за iм, дзумкала амаль каля самага вуха, Некалькi разоў ён трасянуў галавою, але яна не адставала. Тады ён лёг у ваду, схаваўся ад пчалы...
      Клён паляцеў у глыб дрыгвянiстага кустоўя, ды раптам пачуў стрэл, другi. Чалавек высачэннага росту (гэта быў Гром Стралковiч), сцiскаючы ў руках карабiн, стаяў па каленi ў вадзе, нешта крычаў i пляваўся з найвялiкшай злосцю. Аюс, агаломшаны, разгублены, уцякаў у балота. Кроў чырванела на спiне.
      Зялёную Постаць Клён адшукаў на схiле дня, калi сонца, як залацiстая рыба-плотка, клалася ў лясное чорнае возера. Мяккiя прамянi асвятлялi зацiшны куток, дзе яна стаяла. Паўсюдна валялiся кавалкi i кавалачкi патрушчанай чырвонай цэглы. Налятаў вецер, i пацямнелы ад часу медны звон, якi быў прымацаваны да такога ж пацямнелага дубовага крыжа, ажываў.
      - Бу-ум... Бу-у-ум... - расцякалася ў глухiя балотныя абшары.
      Здавалася, крычыць, галосiць, плача невядомая людзям птушка з далёкiх даледавiковых эпох.
      Гэта быў помнiк. Ён шчыльна, нiбы кажухом, аброс мохам, лiшайнiкам, нейкай бурай травой, нават шумналiстая бярозка прыляпiлася да яго. Колькi гадоў стаяў гэты помнiк? Сто? Трыста? Чыю памяць павiнен быў ён зберагаць?
      Клён, адчуваючы, як горача тахкае ў грудзях сэрца, пачаў павольна-павольна лётаць вакол забытага помнiка, вывучаць тое, што хавалася ад вачэй. Гэта, мяркуючы па ўсiм, была жанчына, беларуская сялянка, у даўгаватай спаднiцы, з вянком на галаве. На руках яна трымала дзiця, пяшчотна гарнула яго да сябе моцнымi, аголенымi па локаць рукамi.
      Клён апусцiўся нiжэй, i на вышчарбленым ядавiта-зялёным пастаменце, абмацваючы амаль кожную лiтару, прачытаў пад тоўстым покрывам моху: "Тут пахаваны жыхары вёскi Дубовы Лог Iван i Антон Рындзiчы, Мар'я Крот, Ганна Цецяронак, Васiль Клепча, Р.Храпка i Лявон Мацюшонак, якому было пяць гадоў. Iх спалiлi ў школе. 1941-1945 гг.".
      Зашумеў вецер. Зацерусiў дождж. На лес i балота насоўвалася цемра. Глуха ўдарыў звон. Гук быў марозлiвы, трывожны, Клён бачыў, як хвошча дождж па каменнай жаночай галаве. Вось вадзяныя крошii прабiлi дзiрачку праз зляжалы мох i, падалося, што адтуль, з глыбiнi, блiснула жывое цёплае вока.
      Схаваўшыся ад дажджу, Клён глядзеў на Зялёную Постаць i думаў. Калiсьцi, шмат стагоддзяў назад, на гэтай зямлi грымела вайна, Тут спалiлi нявiнных людзей, спалiлi пяцiгадовага Лявона Мацюшонка. Пэўна, тут былi вясковыя могiлкi, а вёска стаяла зусiм побач. Звон, што вiсеў на крыжы, чулi ў хатах. Нараджалiся дзецi. Забылася вайна. А потым узняў свой ядзерны меч Чарнобыль. I людзi пакiнулi лясную вёсачку. Назаўсёды. Струхлелi хаты, прыйшоў на вясковую мурожную вулiцу лес, у адзiным калодзежы пасялiлiся балотныя жабы. Жыццё спынiлася. Жыццё пералiлося ў iншыя формы...
      "Чаму мне так сумна i так добра?" - думаў Клён, летучы ранiцой над лесам, над балотам, над зялёным лугам, Сонца распырсквала ва ўсе бакi гарачае золата сваiх прамянёў. Падсыхала, цямнела зямля.
      Ён дакрануўся да памяцi, зазiрнуў у крынiцу, знайшоў выток... Ён перайначыўся, адчуў сiлу сваёй зямлi i аб гэтай вечнай сiле раскажа ўсiм.
      Недзе чакалi яго шумныя гарады, людныя плошчы, матчыны слёзы. Ён паляцiць, панясе вестку аб тым, што ўбачыў i што зразумеў. Яго будуць слухаць i будуць верыць яму. А пакуль - шумiць зялёны лясны вецер, блiшчыць, люструецца рака, пахне сунiцамi i цёплым сенам.
      Ляцi, пчала.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16