Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Дайнеко Л. / Чалавек з брыльянтавым сэрцам (на белорусском языке) - Чтение (стр. 10)
Автор: Дайнеко Л.
Жанр:

 

 


      Зямляне пра такое чулi ўпершыню. Ужо даўно на Зямлi дзякуючы пастаяннай актыўнасцi "зялёных", якiх падтрымлiвала большая частка грамадства, былi вельмi сурова абмежаваны правiлы палявання, на ўлiку былi кожнае зайчанё, кожная птушка. Чалавек, хоць i са спазненнем, пачаў рупна аберагаць некранутую дзiкую прыроду, ад якой засталiся маленькiя крошкi. Чалавек пры любой магчымасцi стараўся саступiць дарогу ваўку, вожыку, мурашцы. Праўда, не ўсе пагаджалiся з такiм становiшчам спраў, як i не ўсе былi вегетарыянцамi. Гром Стралковiч у тэлеiнтэрв'ю, якое нарабiла шмат шуму, рашуча заявiў: "Я - паляўнiчы, i я забiваю звера. Я, прабачце, ем мяса мной забiтага звера. Ну й што? Я аказваю зверу паслугу, бо ён робiцца часткай майго чалавечага цела, пачынае, так сказаць, працаваць на мой чалавечы мозг". Пасля гэтага iнтэрв'ю кiраўнiк "зялёных" Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi Хаiм Коган назваў Грома "садыстам нумар адзiн" i выклiкаў яго на дуэль, якая па нейкiх прычынах не адбылася.
      - Трэба i нам зiрнуць на караля жывёл, нанесцi яму вiзiт ветлiвасцi, сказаў, быццам жартам, Радаслаў Буслейка, але ў голасе чулася разгубленасць.
      - Калi тут, на планеце Вар, такiя разумныя жывёлы, то мне тым болыы трэба як мага хутчэй вяртацца на Зямлю, - пачухаў патылiцу Клён.
      Вера Хрысцiнюк засмяялася, i яны пайшлi да Аюса Першага.
      Незвычайны дзiк стаяў на металiчным беразе Ракi Адноўленых Твараў. Плазмоiды хмарамi кружылiся каля яго. У iхных паводзiнах, рухах не было агрэсiўнасцi або злосцi - адна цiкаўнасць.
      Аюс адразу ўбачыў людзей, здзiвiўся, бо сустракаў зямлян, вядома ж, упершыню. Шэрыя вострыя вочы глядзелi насцярожана, але без кроплi страху. "Я - Аюс Першы, кароль жывёл планеты Вар, - сказалi вочы. - Хто вы?"
      - Мы прыляцелi з планеты Зямля, - спынiўся насупраць дзiка Радаслаў Буслейка. - Твае продкi, кароль Аюс, таксама прыляцелi некалi на Вар з нашай планеты.
      "Я ведаю Iша гэта", - з годнасцю адказалi вочы.
      - Ён размаўляе не голасам, а вачамi, - здзiўлена шапнуў Веры Клён Дубровiч. - Ён усё-ўсё разумее, што яму гавораць, а размаўляе вачамi.
      "Хто ў вас галоўны? - казаў мiж тым Аюс. - Ты, светлавалосы i высакарослы? Слухай. Мы не хочам, каб наша балота, наш луг i наш зялёны пясок залiвалi бетонам агiдныя Жалезныя Людзi. Пасля бетону не застаецца нi гнёздаў, нi нораў, нi лежбiшчаў. Нават нашых слядоў не застаецца. Скажы, светлавалосы i высакарослы, як нам жыць? Хiба на тваёй далёкай планеце не водзяцца болей звяры, птушкi i рыбы?"
      - Водзяцца, - глухiм голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. Ён усё не мог прызвычаiцца да таго, што размаўляе, як з чалавекам, з дзiком.
      "Мы не плазмоiды, - працягваў кароль жывёл планеты Вар. - У нашых жылах цячэ чырвоная кроў, падобная на вашу. Гэтая лясная кроў нiколi не скорыцца бетону. Дапамажы нам, светлавалосы i высакарослы. Дапамажы i ты, прыгожая жанчына. I ты, хутканогi i вастравокi юнак".
      - Мы згодныя, але як? - разгублена ўсмiхнулася Вера Хрысцiнюк.
      - Мы дапаможам! - усклiкнуў Клён.
      "Трэба захапiць Нябесны Зуб i зрабiць усё, каб з яго нiколi не выходзiлi Жалезныя Людзi".
      - Нябесным Зубам ты называеш патухлы вулкан? - спытаў Радаслаў Буслейка.
      "Так".
      Зялёнае неба ззяла над Ракой Адноўленых Твараў. Плазмоiды святкавалi, шумна i весела, Дзень Забiтага Брата. Усё новыя i новыя шары, да якiх вярнулася жыццё, узвiвалiся ўгору, упляталiся ў карагод, што вадзiлi iхнiя суродзiчы. З тулуравага лесу даносiлiся гартанныя галасы крангаў. Планета Вар iмклiва i бясшумна плыла ў чорнай касмiчнай безданi. Далёка-далёка адсюль, як дробненькае макавае зярнятка, блiшчала Зямля. Трое зямлян, стоячы на зялёным пяску чужой планеты, шэптам, каб не падслухала чыё-небудзь вуха, клялiся дапамагчы каралю жывёл Аюсу Першаму.
      КАЛI ГРУКОЧУЦЬ ВУЛКАНЫ
      X
      На планеце Вар Радаславу, Веры i Клёну заставалася яшчэ прабыць трохi менш двух сутак. Калi памятаць, што суткi на Вары ўкладваюцца ў сорак восем гадзiн, дык у iхнiм распараджэннi быў ладны кавалак часу. У першую чаргу трэба было неяк пазбавiцца ад пастаяннай апекi плазмоiдаў. Плазмоiды (маюцца на ўвазе пяць мiрных кланаў) паказвалi сябе гасцiннымi, клапатлiвымi гаспадарамi. Толькi гасцiннасць гасцiннасцю, але калi проста ў цябе перад носам цэлы дзень, нi на хвiлiну не аддаляючыся, круцяцца рознакаляровыя шары, хочацца плюнуць i ўваткнуць галаву ў падушку або ў мяккую зялёную траву. Ды не было падушак, а замест зялёнай травы рыпеў пад нагамi зялёны буйназярнiсты пясок.
      - Мы хочам паспавядацца свайму Богу, - сказаў Радаслаў гiду, Талеркiю Сiняму 83. - На Вары няма нашых храмаў, i таму мы пойдзем, пойдзем толькi трое, бо пры споведзi нельга прысутнiчаць чужым вачам i вушам, на высокае чыстае месца, дзе i пагутарым са сваiм Богам. Там нас можа пачуць адзiн вецер, але ён вольны, нiкому не служыць, нiкому нiчога не расказвае.
      - Што такое Бог? - спытаў плазмоiд.
      - Гэта тое, чаму ты верыш, - адказала Вера Хрысцiнюк.
      Плазмоiд памаўчаў, потым сказаў:
      - Значыць, гэта - плазма, наша несмяротная плазма, наша прамацi ўсiх плазмоiдаў. Зямляне пераглянулiся.
      - Мы пойдзем, - сказаў Радаслаў, - i вернемся, калi Зялёная Зорка стане над тулуравым лесам.
      Плазмоiд быццам бы не пярэчыў - адпусцiў. Але крокаў праз трыста Вера, азiрнуўшыся, прамовiла шэптам:
      - Здаецца, за намi ўвязаўся, як раней казалi, "хвост". Паглядзiце ўважлiвей вунь на той узгорачак, што зарос сiняй травой. Бачыце? Там нiбы сонечны зайчык бегае.
      - Гэта плазмоiд, а дакладней, маленькi плазмоiдзiк, - упэўнена сказаў Радаслаў Буслейка. - Ён або малалетак, або карлiк. Што ж зрабiць, каб ён адчапiўся ад нас?
      - Давайце iсцi, як iшлi, - прапанаваў Клён. - I ўвесь час азiрацца. Плазмоiд зразумее, што мы яго заўважылi i...
      - I што? - iранiчна спытаў Радаслаў.
      - Яму зробiцца сорамна i...
      - I што?
      - Што вы "штокаеце"? Ён пакiнё нас у спакоi.
      - Значыць, ты лiчыш, што плазмоiдам, як i нам, людзям, уласцiвы такiя пачуццi, такiя эмоцыi, як сорам, страх, няўпэўненасць, адчуванне вiны?
      - А чаму б i не? Iнтэлект у iх вельмi высокi. А дзе iнтэлект, вялiкi розум, там i адпаведная псiхiка. Высокаiнтэлектуальны мозг не можа належаць падонку.
      - Ты генiй, Клёнiк! - захоплена ўсклiкнула Вера.
      Радаслаў Буслейка паглядзеў на падлетка са здзiўленнем i павагай, падумаў: "У чалавецтва яшчэ не ўсё страчана, калi нараджаюцца такiя акселераты".
      Маленькi плазмоiд, i праўда, памiгцеў-памiгцеў з травы, з-за ствалоў тулураў i знiк, як яго не было. Затое кiламетры праз два на камянiстым пустынным плато зямлян сустрэў Аюс Першы, а разам з iм былi конь, бык i смаляна-чорны певень, якi горда сядзеў у быка на спiне.
      "Мае сябры, - сказаў Аюс, - Конь Iг, бык Яр, певень Кук. Я навучыў iх разумець iсцiну".
      Кароль жывёл, як i ўсе каралi, не вызначаўся асаблiвай сцiпласцю.
      "Iга я знайшоў у цырку, - працягваў Аюс. - На паўночным схiле Нябеснага Зуба ёсць арэна, якую зрабiлi Жалезныя Людзi. Там Iг танцаваў на заднiх нагах, а на шыi ў яго быў павязаны ружовы вялiзны бант. Уявiце толькi: конь - i танцуе. Замест таго каб цягнуць плуг, вазiць фурманку, iмчаць у атаку з адважным рыцарам на спiне. Бык Яр удзельнiчаў у карыдзе. Яго калолi шпагамi, а ён кiдаўся, як шалёны дурань, на чырвоную анучу. Я навучыў Яра ўдарыць рогам не ў гэту анучу, а ў жывот тарэадору. Чулi б вы, як заенчыў тарэадор!"
      - Тарэадорам быў зямлянiн? - спытаў Клён.
      "Жалезны Чалавек. Але Яр, пасля таго як я яго навучыў, ударыў бы i чалавека. Усё жывое павiнна быць роўным мiж сабой. Цi не так, людзi?"
      Кароль жывёл планеты Вар Аюс Першы пiльна глядзеў на Радаслава, Веру i Клёна, чакаў адказу.
      - У прынцыпе я згодзен з табой, кароль Аюс, - прамовiў нарэшце Радаслаў Буслейка. - Але ўсё далёка не так проста, як ты мяркуеш. Калi б ты i твае падданыя цi сябры (не ведаю, як i назваць) умелi чытаць, я раiў бы вам пазнаёмiцца з кнiжкай Джорджа Оруэла, ангельца, "Жывёльны двор". Там кабан Напалеон падбухторыў свойскiх жывёл узняць паўстанне супроць свайго гаспадара-фермера.
      "Яны перамаглi?" - радасна заззялi вочы ў Аюса.
      - Перамаглi. Толькi перамога не прынесла iм радасцi.
      "Чаму?"
      - Зноў жа - не так проста адказаць.
      - Некалi я прачытаю табе, кароль Аюс, гэту кнiжку, - горача ўсклiкнуў Клён Дубровiч. - Прылячу на Вар з Зямлi i прачытаю.
      "Дзякуй, хутканогi i вастравокi, - сказаў Аюс Першы. - А зараз, зямляне, я i мае сябры просiм вас дапамагчы нам адолець Жалезных Людзей. Калi мы гэта не зробiм, яны зальюць бетонам усю планету".
      - З чаго ж мы пачнем? - у роздуме паглядзеў на конусападобную вяршыню Нябеснага Зуба Радаслаў.
      Клён i Вера таксама задумалiся. Яны, вядома, вельмi хацелi зрабiць нешта добрае для дзiка, пеўня, каня i быка. Але як? Хiба можна голымi рукамi перамагчы Жалезных Людзей? З надзеяй пазiралi яны, падлетак i жанчына, на Радаслава Буслейку. Ды той, нахмурыўшыся, зацята маўчаў.
      - Радаслаў Алесевiч, Радаслаўчык, у вас жа не мозг, а самы найноўшы камп'ютэр. Прашу вас - выдайце якую-небудзь iдэю, - какетлiва, з абаяльнай усмешачкай папрасiла Вера Хрысцiнюк, але ў голасе адчувалiся хваляванне i трывога. Спагадлiвая мяккая душа, яна ўжо аж да слёз перажывала з-за тых страшэнных несправядлiвасцей, якiя змушаны цярпець ад Жалезных Людзей бедныя жывёлы планеты Вар. Можна толькi здагадвацца, як яна б сябе паводзiла, калi б раней за Аюса з падобнай просьбаю звярнулiся да зямлян Жалезныя Людзi. Няма сумнення, што яна кiнулася б ратаваць няшчасных робатаў. Ва ўсiм гэтым - сакрэт (магчыма, яго нiколi не разгадаюць) Веры Хрысцiнюк, сакрэт i велiч таямнiча-пяшчотнай жаночай душы. Уславiм жа гэту душу, дзб б мы нi знаходзiлiся: на далёкiх планетах, на змрочным акiянскiм дне цi каля вечаровага цяпельца, што мiрна гарыць, патрэсквае на лужку каля Лондана або Менска.
      "Спачатку мы пойдзем у Вялiкае Балота. Акрайчык яго яшчэ захаваўся", сказаў Аюс Першы, i ўсе з iм пагадзiлiся. Рушылi адразу ж - паперадзе бык Яр з пеўнем Кукам на спiне, за iмi зямляне, у ар'ергардзе Iг i Аюс.
      Наўкол ляжалi маўклiвыя зялёныя пяскi. Вецер змятаў iх у невялiкiя дзюны. Дзе-нiдзе з гэтых дзюнаў тырчалi саржавелыя вострыя абломкi нейкiх металiчных канструкцый. Разы са тры памiж пяскоў траплялiся адчыненыя (у iх свiстаў вецер) люкi. Зямляне ўжо ведалi, што гэта ўваходы ў падземнае жытло плазмоiдаў. Значыць, па нейкiх прычынах жытло занядбана, пустуе i там начуюць толькi ценi i незразумелыя чалавечаму вуху шолахi.
      - Здаецца, тут была вайна, - сказаў Клён Дубровiч.
      - Падобна, - згадзiўся Радаслаў i пацiшэлым голасам дадаў: - Як пустэльна i як сумна...
      Пад нагамi танюсенька, не па-зямному, рыпеў пясок. У iм вецер нарабiў баразёнак, прыгожых хвалiстых грабеньчыкаў. Раптам крокаў за пяць ад сябе Клён заўважыў гняздо, у якiм ляжала (ён iмгненна злiчыў) дванаццаць буйных яек - адзiнаццаць асляпляльна белых з яркiмi чырвонымi плямамi i адно зялёнае. Дзiўнае гняздо было зроблена не з травы, не з пер'я, галiнак або моху, а з калючага жалезнага дроту.
      - Гняздо, - разгублена прамовiў Клён i памкнуўся да яго. Чамусьцi вельмi захацелася ўзяць, адчуць даланёю прыгожае i, пэўна ж, важкае i цёплае яйка.
      "Назад!" - гнеўна закрычаў Аюс Першы i адштурхнуў Клёна лычом.
      Вера з Радаславам здзiўлена глядзелi на тое, што адбываецца. Iшлi мiрна-спакойна, i раптам гэты дзiк, гэты кароль жывёл, як ён сам сябе называе, нечакана накiнуўся на Клёна. Ну ўзяў бы той, пакратаў яйка усё-ткi яшчэ малалетак.
      - Напэўна, нас падманулi, Вера, - адчуваючы, як пачынае пульсаваць у скронях кроў, сказаў Радаслаў Буслейка. - Мы - зямляне, мы прывучаны верыць усяму жывому, але ж гэты гаваркi дзiк i ягоныя маўклiвыя малойчыкi не ўручалi нам нiякiх вярыцельных грамат. Адкуль мы ўзялi, што ён кароль? Кароль жывёл з планеты Вар! На Зямлi нас засмяюць. Па-мойму, гэта хаўруснiкi чырвоных i фiялетавых плазмоiдаў i вядуць яны нас у нейкую пастку.
      У гэты час Аюс з лютым выразам вачэй загадаў усiм:
      "Хавайцеся вунь у той люк! Хутка!"
      Жывёл як ветрам змяло. Клён з Вераю таксама кульнулiся ў чорную прорву адчыненага люка, якi, на шчасце, быў непадалёку. Радаслаў жа замарудзiў, хацеў запярэчыць Аюсу, хоць слоўца поперак паставiць, але ўвагу ягоную прыцягнулi вялiзныя птушкi, што iмклiва i нiзка неслiся над зялёнымi ўзгорыстымi пяскамi, кiруючыся на яго i дзiка. У чарадзе iх было штук дзесяць - дванаццаць. "Крангi, - успомнiў iхнюю назву Радаслаў. - Прыгожа пiкiруюць, быццам ракетапланы-знiшчальнiкi".
      "У люк!" - закрычаў Аюс.
      I толькi тут Буслейка ўбачыў, як пярэдняя птушка, што была ўжо амаль над ягонай галавой, выпусцiла з кiпцюрыстых лапаў бела-чырвонае яйка. З вышынi, прыкладна, дваццацi метраў яйка з глухiм свiстам падала ў пясок. "Дык гэта ж бамбардзiроўка!" - як апякло Радаслава. Ён iрвануўся да люка, але спатыкнуўся i ўпаў. Гэта выратавала яго, бо прабяжы ён крок-другi, i смертаноснае яйка пляснулася б яму проста ў цемя. Грымнуў выбух, узвiўся пясок. Нiбы агнём, паласнула па правай шчацэ. Стрэсаператар кумiльгом увалiўся ў люк, паспеўшы ўбачыць краем вока, як лiхаманкава ўсвiдроўвае, закопвае сваю лычастую галаву ў пясок Аюс i як зялёнымi пухiрамi ўстаюць наўкол яго фантанчыкi выбухаў. Крангi, пакiдаючы на пяску чорныя вастракрылыя ценi, калючай шарэнгаю мiльганулi над iржавым люкам i знiклi, як расталi ў зялёным небе.
      - Цьфу на вас! - пагразiў iм кулаком Клён. - I водзiцца ж гэткая нечысць.
      "Няхай жывуць, - раптам сказаў Аюс Першы. - Хiба неба ад iх абвалiцца?"
      Кароль жывёл планеты Вар, адзiн з усiх не схаваўшыся ад крангаў, глядзеў зверху ўнiз праз шырокае жэрала люка на зямлян i на сваiх падданых, i кроў тонкiмi палоскамi бегла з тых месцаў, дзе асколкi ўсё ж прабiлi цвёрдую, як бубен, скуру.
      - Але ж яны цябе паранiлi, - здзiвiўся Клён.
      "У мяне шмат ран, як i ў кожнага сапраўднага караля, - горда прамовiў Аюс. - Я ўжо прывык. А крангi няхай жывуць, бо гэта часцiнка нашай планеты, нашага Вара. У нас няма, як на вашай Зямлi, пчол або чмялёў, але ёсць крангi. Хiба гэта дрэнна?"
      Клён нiчога не мог запярэчыць.
      "Кука, пеўня, я адвучыў удзельнiчаць у пеўневых баях, якiя так любяць Жалезныя Людзi, - казаў далей Аюс, калi ўсе ўжо вылезлi з люка. - Пеўню зламалi крыло i ледзь не выдзеўблi вочы. А я выратаваў яго. I ён больш нiколi не будзе бiцца на пацеху дурным Жалезным Людзям. Праўда, Кук?"
      Смаляна-чорны певень, седзячы на спiне ў чырвонага быка, звонка залопаў крыламi i закукарэкаў.
      "Крангаў жа не перавучыш. Пэўна, таму, што iхнiя продкi нарадзiлiся не на Зямлi, а тут, на Вары, дзе грымяць бясконцыя бiтвы плазмоiдаў. Кранг адзiная птушка планеты Вар. Бачылi, з чаго ён будуе гняздо? З калючага дроту. I кладзе ў тое гняздо дванаццаць яечак - адно зялёнае, адзiнаццаць ярка-белых з чырвонымi крапiнамi. Гэтыя адзiнаццаць - ягоныя бомбы. Вы самi пераканалiся, як яны сякуць асколкамi. (Дарэчы, высакарослы i светлавалосы, у цябе моцна паранена шчака, i зараз мы пойдзем лячыцца да Ракi Адноўленых Твараў.) З зялёнага ж яйка нараджаецца маленькi кранг. Адзiн на ўсё гняздо. Вось чаму так берагуць крангi свае гнёзды".
      Слухаючы Аюса, зямляне дайшлi да Ракi Адноўленых Твараў, i Радаслаў старанна прамыў рану. Потым у "ваду" зайшоў сам кароль жывёл планеты Вар i з вялiкай насалодай тры разы акунуўся ў яе. Конь, бык i певень з берага ўважлiва пазiралi на яго, i нiхто з iх нават не шавяльнуўся. "Прыдворны этыкет", - падумаў Радаслаў Буслейка.
      Начавалi ў Вялiкiм Балоце. Прычым дзiк i ўсе астатнiя жывёлы пайшлi спаць у чараты, а зямляне атабарылiся ў маленькiм сiнiм вагончыку, якi стаяў на круглым лапiку бетону. Пэўна, тут была нейкая паходная майстэрня Жалезных Людзей, бо на падлозе валялiся блiскучыя маткi дроту, выкарыстаныя электроды, балты i гайкi. Востра пахла машынным маслам. Уздоўж сцен вагончыка стаялi два старыя тапчаны.
      - Спартанскiя ўмовы, - уздыхнула Вера. - Трэба адзначыць, што Вар не самая камфортная планета.
      - Дзе беласнежныя прасцiны? Дзе душ? - у тон ёй, але яўна пацвельваючыся, ледзь не праспяваў Клён.
      Вера ўважлiва паглядзела на яго.
      - Мiлы Клёнiк, - сказала яна, - дадаць можна яшчэ адно пытанне: "Дзе асобная жаночая спальня цi хаця б шырма?" Але прабач, я забылася, што плазмоiды бясполыя i iх падобныя пытаннi нiколькi не хвалявалi.
      - Неяк пакiмарым, - вiнаватым голасам прамовiў Радаслаў Буслейка. - Мы з Клёнам паспрабуем умясцiцца на адным тапчане.
      Перад сном Клён выйшаў з вагончыка. Моцны вецер, якi дзьме толькi ўначы, ужо ваўсю пачынаў развiнаць свае халодныя крылы. На фоне зялёнага неба трывожна хiсталiся вершалiны тулураў. Фасфарычны, нежывы бляск струменiўся адтуль. Клёну здавалася, што нечае цяжкое вока пiльна пазiрае на яго. Адчуванне гэтага позiрку было такое вострае, такое рэальнае, аж дрыжыкi пабеглi па скуры. Вярнуцца б на Зямлю, на Чорны Хутар, хутчэй убачыць мацi з бацькам, а потым на захадзе сонца слухаць, як шумяць дробнай варухлiвай лiстотай маладыя бярозкi.
      Раптам з густой зялёнай цемры пачуўся гук, якi прымусiў уздрыгнуць сэрца. Гэта адначасова быў i ўрачыста-радасны крык, i прыдушаны стогн, i невыносны хваравiты хрып. Ён выплыў з начных прастораў Вара нечакана i ўладна. Але нечаканым ён быў для зямлянiна, для Клёна, бо нейкае падсвядомае пачуццё падказала, што гэты ашаламляльны крыкенк жыве тут заўсёды, вечна, што наваколле прывыкла да яго, як прывыкаюць да неба над галавой. Вядома ж, выдаваць такi гук, вывяргаць яго магла толькi жывая iстота, прычым каласальных памераў. Клён хуценька вярнуўся ў вагончык, накiнуў знутры металiчную завалу на дзверы, асцярожна лёг побач з Радаславам. Сэрца ўсё калацiлася, i ён прыцiснуў руку да грудзей, i кляў сябе самымi крыўднымi словамi за палахлiвасць, бо памiж равеснiкаў заўсёды хадзiў у адважных. Ужо супакоiўшыся, засынаючы, ён падумаў, што на Вары адвага, як i ўсё астатняе, можа быць не падобнай на зямную адвагу.
      Спалi ўсю ноч, гэта значыць, каля сарака васьмi гадзiн. Арганiзм зямлянiна ў нармальных умовах не разлiчаны на такi працяглы сон, але плазмоiды далi па глытку элiксiру, якi ўшчыльняе час.
      Прачнуўся Клён ад пякучага адчування трывогi. Радаслаў з Верай ужо стаялi каля дзвярэй вагончыка. Стрэсаператар, скiнуўшы металiчную завалу, спрабаваў адчынiць дзверы, ды яны чамусьцi не адчынялiся. Радаслаў аж пачырванеў ад напружання.
      - Радаслаў Алесевiч, нас нехта не хоча выпусцiць, - спалохана, пацiшэлым голасам сказала Вера Хрысцiнюк.
      - Што за д'ябальшчына? - гарачыўся Радаслаў, налягаючы плячом.
      Клён усхапiўся з тапчана, прыслухаўся. Нi шолаху, нi шэпту не даносiлася знадворку. Здавалася, увесь Вар яшчэ спiць, усё анямела. А зусiм жа нядаўна з лiпкай зялёнай цемры нёсся жахлiвы ўсемагутны крык, ад якога ледзянела душа. Клён падбег да прарэзанага ў сцяне вагончыка вузенькага акенца. Яно было амаль пад столлю, i давялося стаць на пальчыкi i выцягнуць шыю. Ён убачыў такое, ад чаго адхiснуўся, нiбы ў твар плюхнулi кiленем. Трыма шарэнгамi, плячо да пляча, маўклiва стаялi, абкружаючы вагончык, нейкiя металiчныя блiскучыя стварэннi з чорнымi прутамi ў рукахклешнях. Пэўна, гэтая нямая раць ужо даўно пiльнавала зямлян, з самай ночы, бо ўсе яны былi абсыпаны густой расой.
      - Жалезныя Людзi! - усклiкнуў Клён. Радаслаў падышоў да акенца, глянуў на вулiцу. Вочы зрабiлiся суровымi.
      - Здаецца, мы палонныя, - сказаў ён i адразу ж дадаў: - Толькi не хвалюйцеся, Вера. Думаю, што гэтыя робаты не асмеляцца крануць зямлян i нам давядзецца мець справу з iхнiмi гаспадарамi, фiялетавымi i чырвонымi плазмоiдамi. Толькi чаму не прыйшоў Аюс?
      - Гэты дзiк завёў нас у пастку, - злосна выдыхнуў Клён. - Як вы маглi яму паверыць, Радаслаў Алесевiч?
      - Але паверыў i ты, - паклаў Буслейка руку на плячо Клёну. - Нiколi не вучыся перакiдваць сваю вiну, якой бы малой яна нi была, на чужыя плечы. Запомнi - ты мужчына з планеты Зямля.
      Ад такiх слоў Клён нервова прыкусiў губу. Ён лiчыў сябе сумленным, прынцыповым, i заўвага стрэсаператара балюча ўдарыла па самалюбству. Атрымлiвалася, што ён яшчэ маленькае дзiцятка i толькi блытаецца пад нагамi ў дарослых. Ды Клён сцярпеў, як i належыць чалавеку ВЭП. Каб патушыць агонь крыўды, ён зноў глянуў у акенца i раптам здзiўлена закрычаў:
      - Да нас коцiцца зорка!
      XI
      Вiдовiшча было, трэба сказаць, фантастычна-прыгожае. Клён бачыў, як зладжана i бязгучна расступiлiся ў бакi Жалезныя Людзi, ствараючы шырокi праход. I вось у гэты праход-пралом у блiскучай металiчнай сцяне павольна i велiчна кацiлася пяцiкутная, надзвычай зiхоткая зорка. Яна скочвалася (а можа, iшла?!) з травянiстага спадзiстага ўзвышша ў лагчыну, дзе стаяў вагончык. Нечаканая госця была метры чатыры ў папярэчнiку, i Жалезныя Людзi выглядалi на яе фоне маленькiмi, кволымi. Залацiстае ззянне струменiлася ад зоркi. Там, дзе адзiн з яе пяцi канцоў датыкаўся да пяску або травы, усё ружавела, iскрылася, быццам адразу маладзеючы. Плямы яркага святла, якое, аднак, не рэзала вочы, клалiся на плечы i галовы Жалезным Людзям. Зорка падкочвалася ўсё блiжэй. "Усё-ткi яна iдзе, - здагадаўся Клён. - Пяць канцоў не што iншае, як пяць яе ног". У думках ён спачатку назваў яе Пяцiножкай, але ў назве была нейкая здробненасць, мiнiяцюрнасць, а зорка мела ўнушальныя памеры, i ён прыдумаў ёй iмя - Пяцiног.
      - Якая прыгожая, - прашаптала Вера, калi зiрнула на зорку.
      Пяцiног падкацiўся-падышоў да вагончыка, у якiм знаходзiлiся зямляне, спынiўся. У акенца палiлося мяккае святло. Было ў iм нешта ад бляску расы на ранiшнiм лузе.
      - Цiкава, гэта жывая iстота цi чарговая мадыфiкацыя якога-небудзь робата? - быццам у самога сябе запытаў Радаслаў Буслейка.
      - Агрэсiўная або мiралюбная гэта прыгажуня? - у сваю чаргу, спытала Вера.
      - Гэта - Пяцiног, - раздражнёна сказаў Клён.
      - Як? Пяцiног? - Радаслаў задумлiва паглядзеў на Клёна. - Ты ўжо, аказваецца, iмя знайшоў. Што ж, тваё права. Першаадкрывальнiк, а ты першы ўбачыў зорку, мае законнае права прысвойваць ёй iмя. Такiм чынам, перад намi Пяцiног...
      Радаслаў хацеў яшчэ раз глянуць на зорку, памкнуўся тварам наперад, але раптам насустрач яму ў акенца жвава торкнулася адна з ног Пяцiнога. Стрэсаператар адскочыў убок. Зямляне затаiлi дыханне.
      Несумненна гэта была частка цела (нага, рука або хобат - iншая справа) жывой iстоты. Вiдно было, як пульсуе ў ёй дыханне, як дробненька ўздрыгвае яна. Нагу шчыльна пакрывала ярка-залацiстае лускавiнне, што аж гарэла ў паўзмроку вагончыка. Але самым здзiўляючым, самым ашаламляльным было... вока, вялiкае, таксама залацiстае, з чорнай зрэнкай усярэдзiне.
      - Пяцiног глядзiць на нас, - аднымi вуснамi выдыхнуў Клён i пачаў адступаць, тулiцца да Радаслава.
      Жывое пранiзлiвае вока, вока невядомага стварэння пiльна i ў той жа час насцярожана сачыла за зямлянамi. Што рыхтаваў гэты позiрк людзям?
      Тым часам у акенца пралезла яшчэ адна нага з яшчэ адным вокам.
      - Думаю, што гэта i Пяцiног i Пяцiвок, - стараючыся быць бадзёрым, сказаў Радаслаў, але раптам, глыбока ўздыхнуўшы, падышоў да акенца, пакорлiва схiлiў галаву.
      - Што вы робiце?! - закрычала Вера Хрысцiнюк i адразу ж здагадалася, абвяла голасам. - Гiпноз...
      Буслейка стаяў, як смiрнае рахманае цялятка, i не адрываючыся глядзеў на Пяцiнога.
      - Радаслаў Алесевiч, - шкуматнуў яго за руку Клён. - Глядзiце на мяне. Глядзiце на мяне, а не на яго.
      - Адвяжыся, - цiхiм абыякавым голасам сказаў стрэсаператар. - Ты нiчога не разумееш. Вялiкае шчасце пазiраць у мудрыя вочы Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы.
      Клён зразумеў - зараз ён для Буслейкi, як надакучлiвая восеньская муха. Не болей.
      Тым часам у руках у некалькiх Жалезных Людзей з'явiлiся вострыя, адпалiраваныя да люстранога бляску сякеркi. Нiхто iм iх не даваў, i нiдзе яны iх не бралi. Проста сякеркi выскачылi знутры iхнiх рук-клешняў, рукi гэтыя зрабiлiся сякеркамi. Жалезныя Людзi з найвялiкшай стараннасцю i метадычнасцю пачалi секчы вагончык, пашыраючы акенца.
      - Што яны хочуць? - дрыготкiм голасам спытала Вера.
      Раптам Пяцiног схапiў Радаслава за шыю i за плячо i ў адно iмгненне выцягнуў з вагончыка.
      - Жахоцце! - закрычала Вера, але адразу ж зацiхла, бо вiрлавокiя ногi вярнулiся назад i Пяцiног накiраваў на яе неадрыўны позiрк, як стрэлiў. Вера спачатку збялела, потым паружавела, i неўзабаве лагодная супакоеная ўсмешка засвяцiлася на твары.
      - Не глядзiце на яго, - пачаў упрошваць Клён. - Ён жа зробiць з вамi тое самае, што з Радаславам Алесевiчам.
      - Ах, Клёнiк, ты яшчэ такi маладзенькi, - усмiхалася Вера, пазiраючы на Пяцiнога. - Каб ты ведаў, якая асалода быць разам з Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы, чытаць ягоныя думкi. Колькi золата, срэбра i мармуру ў беласнежных палацах гэтых думак.
      - Да вы ўсе звар'яцелi! - закрычаў Клён.
      Пяцiног гэткiм жа самым чынам, як Буслейку, спрытна схапiў Веру Хрысцiнюк, i ў вагончыку застаўся адзiн Клён. Праз нейкi мiг у акенца ўпэўнена палезла лускаватая нага.
      - Ну не, страшыдла, проста так ты мяне не возьмеш, - з адчаем i злосцю сказаў Клён.
      Стараючыся не глядзець на Пяцiнога, ён адскочыў у самы далёкi ад акенца кут вагончыка. Тут было цемнавата, i Клён спадзяваўся, што гiпноз не будзе мець такой сiлы. Але нага ўпарта цягнулася ў яго бок, свяцiлася ўсёй сваёй луской, а пранiзлiвае вока пачынала ўжо свiдраваць душу. Як жа ратавацца? Клён убачыў раптам паржавелую металiчную канiстру, якую, пэўна, пакiнулi ў вагончыку робаты. У канiстры плёхалася машыннае масла. Ён лiнуў гэтым маслам у вока Пяцiногу, а потым i канiстру шпурнуў. Мяркуючы па ўсяму, нечаканае супрацiўленне збянтэжыла Пяцiнога. Агрэсiўная зорка iмгненна прыняла сваю нагу, рэцiравалася з вагончыка. Там, за сцяной, наступiла мёртвая цiшыня. Можна было толькi здагадвацца, што Жалезныя Людзi стаяць як стаялi, непарушнай сцяной, i чакаюць, пакуль Пяцiног пачне новыя манiпуляцыi. Ды той чамусьцi не спяшаўся. "Пэўна, зараз робаты зноў возьмуцца за свае сякеркi, падумаў Клён. - Дастануць мяне адсюль, як барсука з нары". Яму было вельмi шкада Радаслава i Веру. Такiя разумныя, такiя адважныя i моцныя, а нейкае страшыдла з лёгкасцю перамагло iх. Значыць, чалавек не ўсясiльны, значыць, не толькi для чалавека некiм задумваўся i будаваўся Сусвет.
      У гэты час пачуўся мерны цяжкi тупат. Клён, забыўшы пра небяспеку, кiнуўся да акенца. Жалезныя Людзi шчыльнымi блiскучымi шарэнгамi адыходзiлi ад вагончыка. Ён бачыў толькi iхнiя патылiцы i плоскiя спiны. Паперадзе робатаў велiчна кацiўся-крочыў Пяцiног. Гэтае шэсце нагадвала нечым трумф рымскiх iмператараў, не хапала толькi каляснiцы з белымi коньмi. Радаслава i Веры, як нi ўглядаўся Клён, нiдзе не было. "Я выратаваўся, - успыхнула ў душы радасць. - Пяцiног не здолеў зламаць мяне сваiм гiпнозам. Цiкава, чаму Радаслаў з Верай называлi яго Ўльтрамозгам, Уладаром Таямнiцы? Што паспеў ён унушыць iм?"
      Трывога за людзей, якiя дзеля ягонага ажыўлення прыляцелi на Вар i самi трапiлi ў бяду, сцiснула сэрца. Дзе яны зараз? У кратэры вулкана? У патаемнай рэзiдэнцыi Пяцiнога? Цi жывыя яны?
      Клён Дубровiч адчуў, што вось-вось пакоцяцца з вачэй слёзы, але ён быў прывучаны нiколi не плакаць, i таму, узяўшы пачуццi ў кулак, пачаў рабiць фiзiчныя практыкаваннi. Гэта дапамагло, i праз колькi хвiлiн вярнулася ўпэўненасць i сiла. Клён падышоў да дзвярэй, прыслухаўся. Здаецца, знадворку нiкога не было. Ён таўхануў дзверы, баючыся, што яны не адчыняцца. Ды дзверы надзiва лёгка паплылi ад яго, выпускаючы з вагончыка.
      Ланцуг Жалезных Людзей iшоў, ззяў на схiле вулкана i знiкаў, быццам правальваўся ў кратэр. Стаяла надзвычайная цiшыня - хоць бы адзiн малюсенькi гук. Клёну здавалася, што ў яго вушы залiты воскам. Што ж рабiць? Зноў ляжала перад iм чужая планета, дзе жывуць плазмоiды i крангi, дзе ўначы палохаюць, раздзiраюць душу жахлiвыя незразумелыя крыкi, дзе маўклiвымi робатамi кiруе ўсясiльны Пяцiног, якi ўзяў у палон ягоных сяброў. Заставалася адно - шукаць караля жывёл планеты Вар Аюса Першага. Аюс сказаў, што будзе начаваць у Вялiкiм Балоце, значыць, трэба iсцi ў балота.
      Клён, уважлiва гледзячы пад ногi, азiраючыся, павольна пашыбаваў у трыснягi. Разгаралася ранiца. Калiсьцi на Зямлi бацька будзiў яго, пырскаў халоднай вадою ў твар, смяяўся i казаў: "Прачынайся, сынок. Ранiца. Самая часiна iсцi тушыць расу", Яны, дарослы i малы Дубровiчы, уздрыгваючы ад волкай свежасцi, басанож спяшылi на луг, крочылi, прытупваючы, па блiскучай расянай траве. Ногi аж заходзiлiся ад холаду, успыхвала, здавалася, гарэла пад першымi сонечнымi промнiкамi раса, а Клён быў вельмi-вельмi шчаслiвы ён тушыў расу.
      Дзе ж Аюс i ўсе астатнiя жывёлы? Няўжо i яны скарылiся Пяцiногу? Клён прайшоў ужо амаль з паўкiламетра, але толькi спудзiў аднаго кранга ды парадкам намачыў ногi. З левага боку праз густую шчэць трыснягу пачала адкрывацца велiзарная заасфальтаваная пустка. Розныя ўчасткi яе мелi розны колер: чорны, шэры, сiняваты. Клён здагадаўся, што пярэстасць афарбоўкi залежыць не ад якасцi раствору, а ад таго, даўно цi нядаўна залiвалi яго Жалезныя Людзi. Раптам крокаў за сто ад сябе на маслянiста-чорным асфальце ён убачыў Радаслава i Веру i ледзь не задыхнуўся ад радасцi.
      - Я тут! - што ёсць моцы выгукнуў Клён. - Радаслаў! Вера! Я тут!
      Ломячы трыснёг, ён iрвануўся да iх, бо не было ў гэтую хвiлiну раднейшых людзей ва ўсiм свеце.
      - Я тут! - ляцеў з горла крык.
      Але Радаслаў з Вераю (i гэта здзiвiла Клёна) не звярнулi на яго нiякай увагi. У iх на галовах былi прыгожыя вянкi, сплеценыя з дробных блакiтных кветак. Яны весела смяялiся, з любасцю пазiралi адно аднаму ў вочы i (што зноў здзiвiла Клёна) горача цалавалiся. Для iх, як ён здагадаўся, не iснавала ў гэтую хвiлiну нi планеты Вар, нi плазмоiдаў i робатаў, нi яго, Клёна. Ён усё яшчэ бег да iх, але ўжо не крычаў. "Яны, вядома ж, пачулi мой голас, не маглi не пачуць, але нават не павярнулi ў мой бок галовы, - думаў ён. - Чаму? Яны ж дапамаглi мне ажыць, яны ж, калi верыць iм, паважалi, нават любiлi мяне. Няўжо iх не хвалявала тое, што магло здарыцца са мной у вагончыку?"
      З вострай крыўдай у душы Клён бег ужо толькi па iнерцыi. I раптам яго нешта ўдарыла па нагах i ён упаў, тыцнуўшыся рукамi i тварам проста ў твань. Кароль жывёл стаяў над iм.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16