Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Акула К. / Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - Чтение (стр. 7)
Автор: Акула К.
Жанр: Отечественная проза

 

 


      Лазоўскi маўчаў. Зь недаверам паглядзеў на тонкае пасма вусiкаў сiвавалосага гладкога пана, што стаяў побач, як-быццам ад яго спадзяючыся нейкага высьвятленьня.
      - Лiха цябе ведае - можа, праўду кажаш. Паглядзiм... Ты гэтага, - падумаў хвiлiнку Лазоўскi, - бяжы ганi ў двор кароў, а я йду за возам.
      Пакуль Янук прыгнаў кароў, на дварэ ў Лазоўскага ўжо стаяў запрэжаны аднаконны даўгi гнаявы воз. Асаднiк перш хацеў запрэгчы брычку, але пастанавiў, што для такое мэты яна не прыдатная: ня будзе як нябожчыцу пакласьцi. Лазоўскага парабак Яўхiм прынёс пэўныя рэзьгiнi сьвежага пахучага сена й разаслаў яго на калясцы, наперадзе паклаў туга напханы мурагом кашэль.
      - Бабу нявiнную забiў, нялюдак, каб зь цябе трыбухi! - кляў Яўхiм, наладжваючы воз i крытычным вокам аглядаючы, цi ўсё так, як мае быць.
      - Добра, што во конь зараз за садам пад рукой быў, дык скора справiўся. Гэта-ж нi жартачкi, такоя нiшчасьця...
      Жанкi абступiлi Арсеня й Янука.
      - Дык як гэта было? Скажы, хлопча! Матка Боская Чэнстоховская, гэты-ж пан Бжончэк - такi мiлы чалавек, здаецца, а кабету забiў, - бубнела таўстая, аплылая тлушчам, Лазоўскага жонка Дамiцэля. - Раскажы, хлопча, як то сталася.
      - Ня вiдзiў я, - казаў Арсень. - Толькi пачулi мы стрэл i тады крык, i як падбеглi, дык Бахмачыха ўжо была нiжывая. У правы бок стрэлiў.
      - А што-ж пан Бжончэк? Што ён казаў?
      - Уцёк, нi сьледу ягонага там...
      - Ну едзь, - загадаў Лазоўскi Яўхiму.
      Парабак сеў на кашэль i ўзяў у рукi лейцы. Янук мiгам ускочыў на воз i сеў за парабкам ззаду. Арсень не садзiўся.
      - А ты куды, Арсень? Чаму нi садзiсься? - спытаў Янук.
      - Я, мусiць, у вёску пабягу, раскажу.
      Ён борзда накiраваўся да брамы. Тапсiк мецiў, каб скочыць на воз.
      - Ты бяжы! - загадаў яму Янук.
      Добра адпасены гняды конь, паслухмяны лейцам гаспадара, трушком пабег з двара. Заляскаталi-зарыпелi патрабуючыя дзёгцю колы возу. Хурманка накiравалася ў бок скарбовага лесу. З боку Лiпавiчаў вецярок прынёс сумна-працяглыя гукi Хвядосавай дуды. У Януковым сэрцы нарастаў жаль. Празь сьлёзы ён нiчога ня бачыў.
      XI
      З гэтага боку Лiтоўцаў пад бальшак вулiца йшла дугой. На самым чубку дугi, бочнай сьцяной да вулiцы, стаяла Пятухова клець. Ля клецi была доўгая лава. Гэтае мейсца было як-бы ўмоўленым зборным пунктам вяскоўцаў. Калi была непагадзь у якое сьвята цi ў будзённы вечар, дык сядзелi па хатах, калi-ж пагода - тут абавязкова можна было таго цi iншага спаткаць.
      Гэты пункт, калi так яго можна назваць, быў найбольш стратэгiчным у вёсцы. Адсюль добра можна было бачыць вёску напралёт у два бакi, назiраць што рабiлася й на бальшаку. Тут больш мо чым дзе пераказвалiся вясковыя навiны, спатыкалiся маладыя й старыя. Насупраць клецi - з другога боку вулiцы - была высокая, роўная зь верхам страхi клецi, гушкалка. Пабудавалi яе пазалетась. Гушкалiся найбольш дзяцюкi й дзеўкi, бо для малечы была яна не па сiлах. Каторы сьмелы дзяцюк, устоячкi разгушкаўшыся, сягаў часам вышэй вярха перакладзiны. З асаблiвай цiкавасьцю сачылi яго тады ўсе прысутныя.
      У гэну нядзелю, калi здарылася трагедыя ў скарбовым лесе, ля Пятуховай клецi было асаблiва людна. Моладзь манiлася рабiць вечарыну. Нехта пайшоў ужо да Кмiтавага Тодара прасiць хаты. Тым часам прыходзiлi яшчэ дзяцюкi зь дзеўкамi, гаманiлi, жартавалi. Гулкiм сьмехам зьвiнелi дзявочыя галаскi. Усе былi апранутыя ў найлепшае.
      Сваiм франтаўством i адвагай перад вялiкiм гуртам моладзi захацеў пафарсiць Шпунтоў Лявон. Аж здаравенныя слупы гушкалкi заўважна хiсталiся пад ягоным калыханьнем. Расшыбнуўся колькi ставала сiлы, ды ўсё яшчэ падпiхаў, каб тарчма стануць над перакладзiнай. Ягоная даўгая, ветрам раскiданая, блёнд чупрына апаўзала на вочы. Тады ён нэрвова торгаў у бакi галавой, каб адкiнуць валасы набок, ды з задавальненьнем кiдаў вокам на тых, што прыглядалiся, быццам хацеў сказаць iм: "гляньце, якi зь мяне гэрой, вам не раўня!"
      У гэты час - адкуль нi вазьмiся - зьявiўся Захарукоў сын Пятро. Яго лiчылi ў вёсцы вялiкiм палахлiўцам i прыдуркам. Для таго, каб Пятра залiчыць да разумова зьвiхнутых, не было падставы. Гэта праўда, што ў сваiм выглядзе й норавах, Пятро быў простым, неахайным i наiўным. Але-ж не адзiн ён быў гэткi. Як той Дастаеўскага князь Мышкiн, Пятро быў няхiтры, шчыры й надта добры ў вадносiнах да людзей. Ягоная даверлiвасьць да любога чалавека была поўная. Кожны мог яго абхiтрыць, абдурыць, абсьмяяць. Пятро не засвойтаў у сваiм характары галоўных рысаў спаўжыцьця зь людзьмi, дзе хiтрасьць, няшчырасьць, чмута й ашуканства, прынамся ў практыцы, заўсёды былi карыснымi бакамi, а шчырасьць, няхiтрасьць, прастадушная дабрыня й даверлiвасьць - недаравальнымi заганамi.
      Пятро быў цяпер у палатанай будзённай саматканай вопратцы, босы, з бруднымi нагамi, нястрыжаны. Яму было гадоў звыш за сямнаццаць. Высокi ростам i нябрыдкi выглядам - мог-бы даўно канкураваць зь iншымi дзяцюкамi за ласкi вясковых прыгажунь.
      Гэтым разам захацеў падражнiць яго вядомы вясковы дзяркач Антось. Падыйшоўшы, ён сыкнуў на дзяцюка, ды якраз так, каб усе чулi.
      - Табе чаго? - агрызнуўся Пятро.
      - А ты куды гэта? - наёжыўся Антось. - Уцiкай, бо дам!
      Антось зрабiў крок наперад, а Пятро падаўся назад.
      - Ну а толька-ж папробуй! Як чмыхну ў рыла, дык зараз пiракоцiсься! голасна пагражаў Пятро, ды аглядаўся, каб у выпадку непералiвак, шмыгнуць зручна назад.
      - Дай яму, дай, Пятро! - рагаталi сабраныя.
      Быццам два пеўнi ля якога сьметнiка, Антось i Пятро мецiлiся адзiн на другога, пагражалi сабе й другiм людзям на пацеху. Антось падмiргваў дзяцюком, каб гэта яны ведалi, што ён так сабе наўмысьля, адно зводзiць хлапца.
      Ды прыелiся ўжо ўсiм такiя Антосевы штучкi. Некаторыя мяркавалi, як-бы паддаць iм iмпэту, каб i папраўдзе пачалi "чмыхаць у рылы". Ведалi, што нiкому ня ўдасца зьвесьцi Пятра да бойкi, бо ён, калi запраўды на бойку заносiлася, як каторы зь дзяцюкоў насядаў на яго, тукаючы-гукаючы, адыходзiў дзе ў кут, каб ня быць на вачох у людзей. За гэта, мусiць, i палахлiўцам яго лiчылi.
      Непаседлiвай моладзi рупiла, каб барзьдзей пайсьцi й пусьцiцца ў скокi, некаторыя адыходзiлi ўжо ў кiрунку Кмiтавай хаты, каб даведацца, як будзе зь вечарынай. Казалi, што й музыка Тадэўка iз сваiм цымбалiстым неўзабаве мае зьявiцца.
      У гэты час з-за Тахвiлiнага саду, што быў воддаль вулiцы ў той бок пад Гараватку, паказаўся Пiлiпаў Арсень. Ён бег мяжой ля высокага тыну. Вiдаць было, што змарыўся, бо часамi звальняў, iшоў борздым крокам, тады зноў бег. Ад гэнага бегу неспакойна дрыгаў на ягонай галаве чорны чуб. Задыхаўшыся, стануў ён пасярод вулiцы, зачарпнуў поўныя грудзi паветра ды так, каб усе людзi чулi, голасна крыкнуў:
      - Бахмачыху лясьнiк у лесе застрэлiў!
      Гоман сьцiх, як хто адрэзаў. Усе павярнулiся й упiлiся вачамi ў хлапца.
      - Што ты гаворыш? Калi? Чаму? - пасыпалiся пытаньнi.
      Арсеня абступiлi шчыльнай сьцяной i намагалiся пацягнуць за язык. Пятае празь дзясятае распавёў, што бачыў на свае вочы й чуў на свае вушы ў лесе, ды, крутануўшыся, подбегам рушыў у кiрунку свайго дому, што быў у тым канцы вёскi пад Лiпавiчы, непадалёк Бахмачовага.
      Моладзь цяпер ажывiлася. Пачалi на ўсе лады абмяркоўваць i перажоўваць пачутае. Пасьля першага ўструсу наступiла маўчаньне. Усе, як умовiўшыся, рушылi да Бахмачовай хаты.
      Вестка аб забойстве ў лесе маланкай абляцела Лiтоўцы ды пашыбавала ў суседнiя вёскi. Ля Бахмачовай хаты рос натоўп. Чакалi, выглядаючы на дарогу, што за аселiцамi.
      З гасьцiнца, што паўз скарбовы лес i лiпавiцкiя землi бег на Гацi, павярнула на лiтоўскую прасёлкавую дарогу хурманка, а за ёю група людзей. Яўхiм, трымаючы ў ваднэй руцэ лейцы, iшоў побач возу й стрымлiваў руплiвага каня. Адно рыпеньне восяў, драбiнак i ляскатаньне колаў суправаджалi гэтую панурую маўклiвую працэсiю.
      Ззаду за возам, панурыўшы галаву, iшоў Пракоп, побач яго - заплаканы Янук i Тапсiк, за iмi - людзi з кошыкамi. Бахмач, звычайна абярэжлiвы й разважны, цяпер ня бачыў цi не зважаў, дзе крыва ступiў у каляiну, цi босай нагой у якi камень на няроўнай дарозе стукнуў. Ён усёй iстотай патануў нейдзе ў мутных глыбiнях, як праз сон адно бачыў, што дзеялася навокал, ды йшоў, мусiць, толькi таму, што яго вось скранулi зь мейсца ды йшлi ўсе навокал. Каб раптам хто яго затрымаў, дык не адразу здагадаўся-б чаму, а стаяў-бы да таго часу, пакуль iзноў нехта цi нешта спрычынiлася-б да руху наперад, дый тады без усьведамленьня, навошта гэта патрэбна, пачаў-бы перастаўляць свае ацяжэлыя ногi. У ягоным уяўленьнi ўсё яшчэ стаяў каржакаваты руды чалавек iзь зьвярыным поглядам i трыманай напагатоў стрэльбай. Зноў i зноў паўтаралася тая страшная сцэна, што так брутальна й нечакана адабрала ў яго найдаражэйшую й зусiм у жыцьцi незаменную падпору. I пры кожным такiм балючым паўтарэньнi ўмiрала маленькая частка Пракопа.
      "Што-ж рабiць цяпер? Як быць?" Думкi, як груганьнё, мiтусiлiся ў галаве, як неспакойныя васеньнiя хмары то сьпяшылi насустрач, то адплывалi ў нябыт.
      "А каб Алена ня выбегла наперад, нi заступiлася за мяне, можа гэты баньдзюга й ня стрэлiў-бы... А можа, гэта ў яго так нехаця сталася, бо яна-ж за стрэльбу тарганула... Можа, ён толька пастрашыць хацеў... Бiзгалоўя яго знаiць..."
      Пры гэтай думцы й сумлевах аб невядомым яшчэ больш ныла-балела ў грудзёх.
      "Усягды яна такая была, наперад iрвалася, зубы сашчамiўшы, хоць самой не па сiлах прыходзiлася, бо хацела, каб другiм лякчэй было... От i галавой налажыла. I нi дарма-ж мусiць-ткi той сон сасьнiўся. Божачкi мае, гэта як усiроўна якое лiха адчувала. Зьгiнулi-б няхай яны прапалi тыя малiны, каб гэта чалавек... Ды позна, хоць ты вый-крычы, грудзi расьпiрай, дык яе нi ўваскросiш..."
      "А як-жа пахаваць? Навет доскi на дамавiну нiма... Людзей папрасiць, каб памаглi..."
      Ля могiльнiка павярнулi на хутарную Якубаву дарожку, пераехалi малы мосьцiк, што на канаве ў аселiцах i празь Якубаў двор выехалi на вулiцу.
      Народ ля Бахмачовай хаты стаяў цiха, як анямеўшы. Ужо як зусiм наблiзiлiся, людзi расступiлiся, каб даць дарогу пад'ехаць пад ганак. Кмiтава Аўдоля шаптала на вуха Пiлiпавай Аксенi:
      - А ягадка-ж мая, а мiленькая, глянь ты на Пракопа.
      Завэдзганы крывёй Пракопаў твар быў аб'ектам агульнае ўвагi. Хто Бахмача яшчэ ўчора бачыў, дык сяньня ледзь пазнаць мог. Мутныя вочы глядзелi й, здаецца, ня бачылi. Запушчаная барада й валосы адно акцэнтавалi тое, што Пракоп нейдзе разьмiнуўся з нармалёвым жыцьцёвым нуртом.
      Калi Яўхiм стрымаў каня ля самага ганку й мяркаваў, што тут рабiць далей, каб у хату нябожчыцу ўнесьцi, да воза скочыла Аленiна сястра Кацярына. Ухапiўшыся за мёртвую бязладную руку й прыкладаючыся да грудзей замардаванае сястры, пачала галасiць i прыгаварваць:
      - А мая ты Аленачка,
      а роднiнькая сястрычачка,
      а цябе-ж бiз пары закатавалi,
      зараньня на той сьвет зьвялi,
      ых-гых-гых...
      А ты-ж усё жыцьцё гаравала,
      а ты-ж дабра ня вiдзiла,
      а каму-ж ты свайго Пракопа пакiдаiш,
      а каму-ж ты дзетак астаўляiш?
      А хто-ж iх будзiць даглядацi?
      А чаму-ж твая долiчка такая нiшчасная?
      А ты-ж дабра нiякага ў жыцьцi нi знала,
      ты-ж сьветлых дзянёчкаў ня вiдзiла...
      Натоўп стаяў бязрадны. Цi адна жанчына цiха пусьцiла сьлязу. Да галосячай Кацярыны падыйшоў яе муж Алесь, русы высокi мужчына. Паклаўшы руку на плячо, прабаваў адцягнуць ад возу.
      - Каця, нi плач, твой лямант нiчога не паможыць...
      Мiкола, пачуўшы пра забойства маткi, яшчэ раней прывёў дамоў Чарнулю, цяпер стаяў крокаў пяць ад возу. Iншым разам саромiўся-б плакаць на вачох у людзей, цяперака-ж нестрыманыя сьлёзы, як гарох, кацiлiся па твары.
      - Швагрок, будзь добры, памажы ўнесьцi... Яхiмка, ты таксама... - прасiў Пракоп.
      На покуцi пад абразамi ў хаце саставiлi дзьве лавы, паклалi сяньнiк i падушку i ўнясьлi нябожчыцу. Росламу, плячыстаму, дабразычлiваму да людзей парабку Лазоўскага Яўхiму ня рупiла ехаць назад. Ён прывязаў ля плоту каня, падкiнуў яму сена, узяўся палiць i гутарыць зь мяйсцовымi.
      Кацярына бралася арганiзаваць жанок, каб памыць i апрануць нябожчыцу-сястру. Пракоп раiўся з Алесем, дзе ўзяць дошкаў на дамавiну, каго папрасiць, каб зрабiў яе, хто-б мог выкапаць дол на могiльнiку й iншае. Перад хатай не суцiхаў гоман. Людзi не разыходзiлiся, а яшчэ больш iх прыбывала. Дзялiлiся ўсiмi дробязямi аб трагэдыi ў лесе, прыгадвалi ўсё добрае аб Алене й лiхое аб лясьнiку.
      - Калi-б ты, швагрок, - гаварыў Пракоп Алесю, - i твая Кацярына дагледзiлi-б тут усё, дык мне трэба было скочыць да папа, каб заўтра прыйшоў...
      - Добра, я тутака буду глядзець, бяжы, - згадзiўся Алесь.
      - Ды й Чарнулю трэба было-б падаiць, - прыгадаў Бахмач. Ён убачыў Мiколу, што стаяў ля парогу, мяркуючы, мусiць, дзе цяпер яго мейсца. - Ты падоiш, Мiкола?
      Пакуль той здолеў адказаць, выперадзiла яго Кацярынiна дачка Надзя:
      - Я, дзядзечка, падаю.
      - Добра, дачушка, ты зробiш, - сказала ёй мацi.
      Раўнамерны гоман на двары раптам сьцiх. Тыя, што стаялi перад знадворнымi дзьвярмi ў сенцах, выглядалi навонкi.
      - Палiцыя прыехала, - пачулася знадворку й перадавалася з адных вуснаў у другiя аж у хату. У галасох чулася трывожная цiкаўнасьць.
      - А гэта-ж якi чорт iх прынёс...
      Не пасьпеў Алесь даказаць сваё, як у хату, са стрэльбамi на плячох, увайшло двух: адзiн чарнавусы маладжавы Вадзiмскi й другi, пажылы, Мэндлiк.
      - Пахвалёны Езус Хрыстос, - сказаў грубым басам Мэндлiк.
      Нiхто яму не адказаў. Людзi насьцярожылiся, пiльна сочачы прадстаўнiкоў улады. Пракоп стаяў побач швагры пасярод хаты. Твар ягоны ўсё яшчэ быў ў крывi. Палiцыянты, убачыўшы гэта, зьбянтэжылiся. Глухое маўчаньне нiчога добрага ня весьцiла.
      - Пане Бахмач, мы маем да вас пару пытаньняў. Пан Бжончэк замэльдаваў нам у пастарунак палiцыi панствовай, што вы напалi на яго ў лесе й што ён, у вабароне... - пачаў гэтак Мэндлiк гаварыць да Пракопа.
      У Бахмача дрыжыкi прабеглi па целе, моцна да болю сьцiснулiся песьцi.
      - Вон! - выбухнуў ён голасна, коратка й адрывiста. - Каб вашага сабачага сьледу тут ня было! Жонку забiлi й яшчэ цяпер тутака мне на вочы асьмелiлiся паказацца! Вон!
      Здавалася, што прытаiўся ўвесь сьвет, чакаючы далейшага. У гэну хвiлiну Пракоп запраўды быў страшны. Выглядала, што гатовы быў з голымi рукамi кiнуцца на гэтых азброеных нозьбiтаў "владзы панства польскага", душыць iх кляшчамi рук, аж пакуль сьсiнеюць у перадсьмяротных уздрыгах мяккiя панскiя шыi.
      Алесь схапiў Пракопа за руку. Бахмач увесь калацiўся.
      - Паночкi, цi-ж вы ня вiдзiце, што тут у нас? Уважце хаця нябожчыцу, калi вы ў Бога верыце, - плаксiвым голасам прасiла Кацярына.
      - Вон з маёй хаты кажу! - ня сунiмаўся Пракоп.
      - Чакай, пане, чакай, - адкрыў рот Вадзiмскi.
      - Страляйце й мяне, вы душагубы!
      Iз такiмi словамi Пракоп вызвалiўся ад Алесявай рукi й зрабiў крокi два наперад. Вiдаць, што дзеяў, пабуджаны высокiм эмацыянальным напружаньнем, гатовы кiнуцца на Палякоў. Вочы яго, здавалася, набеглi чырваньню. Апроч гэтых двох у чорнай вопратцы, ён нiкога цяпер навокал ня бачыў. Янук сачыў бацьку iзь цiмалай трывогай i - сам аб гэтым ня ведаючы - захапленьнем. Гэта быў зусiм новы чалавек. Цэлы век перад iншымi гнуў сьпiну, цяперака яе выпрастаў, iшоў вялiкi й жахлiвы ў сваёй злосьцi, наважаны за глоткi схапiць нозьбiтаў зьненавiджанага чужога ладу.
      Казалi пасьля людзi, што, калi-б у той час з боку палiцыi была якая, хоць найменшая, правакацыя, нiхто Пракопа не ўтрымаў-бы Палiцыянты гэта спасьцераглi й вомiг зразумелi. Яны бяз слова перазiрнулiся, мусiць, узялi пад увагу варожасьць сабранага народу й цiшком пацiснулi за дзьверы. Адно Мэндлiк, азiрнуўшыся, кiнуў цераз плячо:
      - За пару дзён, пане Бахмач, прыйдзi на пастарунак. Трэба сьледзтва правесьцi...
      Бахмач тросься сярод хаты.
      - Каб ты па пекле ракам хадзiў, як я да цябе пайду! - кiпеў ён.
      XII
      У гэны нядзельны вечар настаяцель дубовiцкае парахвii, да якой належала вёска Лiтоўцы, сьвятар Абухаў прыймаў у сваiм доме гасьцей. Ягоны сусед сьвятар Пцiчкiн прыехаў iз сваёй сьвятаршай рана папаўднi, гадзiнаў пару пасьля набажэнства ў сьвятынi. Часта заглядаў да Абухава Пцiчкiн, а гэты да яго. I ў гэты дзень, як заўсёды, рады былi сустрэцца.
      Пасядзелi, пагаманiлi, дзелячыся сьвятарскiмi й сямейнымi навiнамi, пад вечар пайшлi ў царкву, дзе супольна адбарабанiлi вячэрню. Ужо пры выхадзе iзь сьвятынi пачуў сьвятар Абухаў найсьвяжэйшую навiну, прынесеную невядома кiм зь Лiтоўцаў у Дубовiчы, - аб тым, што сяньня ў скарбовым лесе лясьнiк Бжончэк забiў лiтоўскую жанчыну.
      Цi раз хвалiўся Абухаў, што ён "заботiлся о своей пастве". Таму й цяпер тую парахвiянку, што перадала яму вестку, умела пацягнуў за язык, каб усю драбязу выпытаць. Дзялiўся пасьля гэтай навiной iз сваёй сьвятаршай i з гасьцямi, а сам адно мяркаваў, што рабiць, калi на хаўтуры яго паклiчуць.
      Не ўсьмiхалася сьвятару Абухаву падарожжа для гэтай сваеасаблiвай "заботы о пастве" ў Лiтоўцы. Сваеасаблiвай яно, згодна сьвятаровай лёгiкi, мела быць таму, што тут у два бакi глядзець даводзiлася. Трымаўся той жыцьцёва апраўданае бiблiйнае праўды, што трэба аддаць "цэзарава цэзару, а божае Богу". Тутака-ж, здавалася Абухаву, божыя й цэзаравы iнтарэсы былi ў калiзii. I як тады знайсьцi бясьпечную сярэдзiнку, а калi нельга, то як быць?
      Папершае, гэты мужык з кабетай хадзiлi ў лес зьбiраць ягады ў нядзелю. Значыцца, ня толькi сьвятар Абухаў, але самы звычайны сьмяротнiк ведаў, што так рабiць мог адно сьвядомы грэшнiк. Каму як каму, а такiм людзям сьвятар Абухаў нiколi не даваў спуску.
      Падругое, тут быў замешаны "цэзар" - значыцца, польская ўлада. Як-нi-як, гэны лясьнiк быў дзяржаўным ураднiкам, сачыў за дзяржаўным майном, выконваў свае абавязкi. Жанчыны, напэўна, дарма не застрэлiў. Мусiць тутака - разважаў далей Абухаў - цi ня сам Бог рукой гэтага лясьнiка пакараў грэшнiка.
      Прыйшоўшы да такiх першапачатных, усiм як сонца ясных i незапярэчаных "iсьцiнаў", Абухаў працягваў разважаць далей. Можа, Палякi й нiчога не сказалi-б, калi-б ён, з духоўнага абавязку, паехаў хаваць застрэленую жанчыну. З другога боку - хто iх ведае? Напэўна, касурылiся-б на яго. А таго, каб каму з польскiх ураднiкаў, хаця найменшаму, наступiць на балючы мазоль, сьвятар Абухаў якраз найбольш высьцерагаўся. Ды гэта было прост-напраст жыцьцёва неабходным.
      Абухаў ведаў, што парахвiяне яго, як чужнiка, ня любяць. Калi мае сяньня гэтую вялiзарную парахвiю, да якой аж шэсьць вёсак належыць, - такi надта смачны кавалачак на зайздрасьць усiм вакольным сьвятаром - дык гэта, вядома-ж, ня дзякуючы мяйсцовым сялянам. Тутака трэба польскiм уладам у ня меншай меры, чымся царкоўным, дзякаваць за гэта. Дзiва, што гэтым уладам у руку прыяў. Адно апошнi дурак на яго мейсцы йнакш рабiў-бы.
      Вазьмiце хаця-б гэны загад мiнiстра асьветы й духовай апекi аб увядзеньнi польскае мовы ў праваслаўных цэрквах i пры навучаньнi рэлiгii ў школах. Iншымi сьвятарамi загад быў зь незадавальненьнем прыняты. Крывiлiся, ацялюгiвалiся, направа й налева аглядалiся, адвалакалi, варожачы, як рабiць, ажно прыйшоў другi, бязь нiякiх недаказаннасьцяў, напамiнак. Але не Абухаў. Ён наперад выскачыў, адразу з "усердзiем" узяўся. I розум меў, як неўзабаве выявiлася. Яго на вока ўзялi, добрым словам прыгадалi, у прыклад iншым паставiлi. Вось што далёказорнасьць i ўслужлiвасьць значыць. Выйдзi ты каму насустрач, дык выбягуць напярэймы й табе. Аб тым, што розныя славянiзмы ў польскiм перафразаваньнi гучэлi брыдка й шурпата для вуха, Абухаў найменш турбаваўся. Бог зразумее, у чым справа.
      Аж у пяцi вясковых школах вучыў Абухаў "закон божы". Лiшня гаварыць, што за гэтае навучаньне ў кiшэню ягоную падарожнiчалi не такiя ўжо дробныя манэты. А вазьмi зямлю ягоную: пяцьдзясят гактараў на мяйсцовыя ўмовы, дзе зямлi была вялiкая галадоўка, гэта табе нi хаханькi. Ды якой зямлi! У каго як каго, а на ягоных нiвах азiмiна цi ярына, як мяйсцовыя казалi, "трубой вярнула", бульба як павар'яцеўшы расла, лён - як на глум усiм зайздросьнiкам, сенажаць столькi сена давала, што хоць ты iм завалiся, не гаворачы ўжо аб садзе, за арэнду якога ад Жыда штогод найменш тысячу злотаў браў. Трымаў шмат кароў, сьвiнньяў, авечак, коней зь пяцёра адпасеных i як зьвяроў дужых. Трох парабкаў i тры служанкi меў; на жнiво, сенакос, выбiраньне бульбы й iншае наймiтаў браў. Жылося сьвятару Абухаву добра, што й гаварыць. I не мяйсцовым людзям гэта заўдзячваў. Каб iхная воля была, чаго добрага, падзялiлi-б-расьцягалi ягоную гаспадарку не агледзеўся-б калi.
      Не грашыў Абухаў любасьцяй да беларускае зямлi. Адылi гэта зусiм не перашкаджала яму любiць i спажываць плёны ейныя. Як кажа тая француская прыказка - апэтыт расьце падчас яды. Рос, ды шчэ й як рос, апэтыт Абухава. Чым больш сыцеў, багацеў, тым больш буйнела прагавiтасьць ягоная.
      Як благi сон прыгадваў Абухаў часы мiнулыя, калi пасьля вайны, як дэзэртыр з расейскага войска, хаваўся й лындаў па гэтай чужой краiне. Сам ня зь бедных паходзiў, да працы ня хiнуўся й ззамоладу, а тут жыцьцё паставiла яго проста ў бязвыхадны тупiк. I невядома, як доўга трывала-б тое, калi-б напярэймы Абухаву не прыйшла сама "матушка веры iсьцiннай рускай" - праваслаўная царква. Дакладней гаворачы - не царква Абухаву на выручку пасьпяшыла, а людзi, што ёю ў Польшчы й акупаванай Палякамi Заходняй Беларусi кiравалi. Старалiся яны як найбольш свайго брата ў сьвятарскiя расы апрануць. Дый сам Абухаў, што заўсёды гультая корчыць любiў i беларучкай праз усё жыцьцё хацеў прайсьцi, борзда спанатрыў, дзе лёккi хлеб расьце. Аб тым, што ягоная асабiстая й хрысьцiянская маральнасьць шмат дзе шванкавала й замiнала стацца "пастырам авец праваслаўных", нянадта Абухаў турбаваўся. Дый "уладыкi", што пасьля кароткай падрыхтовы яго на сьвятара пасьвяцiлi, нянадта пра тое дбалi. Iм галоўнае абы свой чалавек. А там упражэцца неяк, рады дасьць.
      Спачатку вольна й асьцярожна ступаў, а пасьля некаторае практыкi ўжо зусiм сьмела й адважна на сьвятарскiя ногi Абухаў стануў, у сьвятарскi пух пачаў абрастаць. Лiшнiм казаць, што не належаў да тых, якiя духоўны шлях ахвярным паклiканьнем лiчуць. Для яго гэта была проста прафэсыя, што спорыла багацьце, многа выгадаў i магчымасьцяў бяз значнага абмежаваньня асабiстых i сямейных вольнасьцяў.
      Царкоўныя рытуалы й iншыя мудрасьцi засвоiў добра й часам "наiзусьць". Гэта дазваляла яму зь вялiкай лёккасьцю й амаль аўтаматычна, зусiм без ангажаваньня свайго духовага "я", барабанiць дзе што патрэбна было. Вядома, вымагалася й нямала акторства, адылi й тут Абухаў ня зломак быў. Калi ты заўсёды на вачох у людзей, ды шчэ такiх назiральных i дапытлiвых, як мясцовыя сяляне, ня маеш права промаху даць. Сваiм выглядам i ўсёй вонкавай iстотай паказаць мусiш, што ўся твая душа ў малiтве Божай. Асаблiва-ж на хаўтурах цi панiхiдзе ты, як найбольш любы раб Божы, усяго сябе пасьвяцiць мусiш прозьбе ласкаў Ягоных. Спачатку нялатвая была гэта для Абухава справа. Ды наламаўся-налаўчыўся так, што й запраўды, гледзячы на яго, маўлялi часта людзi:
      - Ты вiдзiш, як гэты поп шчыра молiцца. Ужо гэткага дык пэўна Бог паслухаiць.
      Тым самым людзям, не разгадаўшым зручна асвойтанага Абухавым рамёства, даводзiлася нямiла разчароўвацца пры iншых нагодах. Было гэта найчасьцей на пасьлякалядных ссыпках, калi разам iз парабком на шырокiх разваднях па сваёй парахвii езьдзiў i "всякое даянiя благо" зьбiраў. Тады людзi бачылi перад сабой прагавiтага чалавека.
      Зайдзе, бывала, у каторую хату, як накручаная катрынка малiтву адляпеча, пару разоў крапiлам па кутох махне й выглядае ўжо, каб яго шчодра за гэткую "благадзецель" абдарылi. Беларусы, як усiм вядом, з натуры людзi добрыя й сумленныя дый шчодрыя - даюць ад душы, хто колькi можа. Адылi моршчыўся адпасены сыценькi твар Абухава, калi бачыў, што ў мех сыпалi гарнец, а ня цэлую сяўню жыта, калi нехта, з прычыны свае беднасьцi, дзесяць грошаў, а ня цэлую залатоўку дасьць.
      Узiмку сялянскiя меншыя дзеткi звычайна дома сядзелi. Як тут на двор босы цi голы ступiш? Па хатах сядзелi апранутыя ў вадных зрэбных кашулях, басанож. Наглядалi зiму адно праз размаляваныя штукаром-марозам малыя вокны, марачы аб ботах i цёплай вопратцы, каб на саначкi цi на лёд пабегчы. Для такiх дзетак кажны чалавек адтуль знадворку, што ў хату заглядаў, вялiкай навiной быў. Уявеце сабе, як прыглядалiся яны такому дзiўнаму чалавеку, што ў даўгой расе, зь вялiкай чорнай барадой, зьзяючым крыжам, махаў нейкай малой мяцёлкай i пырскаў вадой навокал, ды нейкай незразумелай мовай да "Божанькi", што на покуцi, гудзеў.
      Ледзь памятаў Янук, як першы раз убачыў Абухава. Сядзеў ён у хаце, рабiў на замарожаных шыбах кругленькiя "вочкi" й цiкава-прагавiта на двор выглядаў. Калi Абухаў увайшоў у хату, за сабой шмат холада ўпусьцiўшы, малы Янучок не на жарты зьдзiвiўся й насьцярожыўся ды назiраў, што далей будзе. Апрача таго, што сьвятар рабiў, найбольш цiкавым аб'ектам Януковай увагi была даўгая й шырокая чорная барада. Нiдзе й нiколi ня бачыў ён такой барады, такiх даўгiх пэйсаў.
      Калi ўжо ўсё скончылася - значыцца, калi гэты дзiўны барадаты дзядзька накруцiў нешта перад сабой залатым i прыгожым крыжам, усё паўтараючы "мiца й сына", падыйшоў ён тады да Янука, што воддаль ад столу трымаўся. Парнуўшы вялiкiм указальным пальцам у чэрава так, што аж да сьлёз забалела, iз брыдкай грымасай на сытым чырвоным твары сказаў:
      - Ну что, мужык, нажрался бульбы, а?
      Не разумеў Янучок, чаго гэты дзiўны дзядзька так брыдка зарагатаў, што аж ходырам задрыгала барада. Агiдным i нялюбым выдаўся хлапчуку гэны твар i тыя дрыжачыя пэйсы ў барадзе, што нагадвала густую мяцёлку. Так балюча ў чэрава парнуў, што аж у вочках пякучыя сьлёзы накацiлiся.
      Ды цi толькi Янука так вiтаў "слуга божы" Абухаў. Гэтак зьвяртаўся да дзетак амаль у кожнай хаце. I ўжо нашто цярплiвыя былi сяляне й непашанай да духоўнiка не грашылi, адылi некаторыя, пачуўшы такi "жарт" раз цi два, ня вытрымалi. Проста ў сьвятарскiя вочы гледзячы, сказалi, што ад каго як каго, але ад духоўнiка брыдка такое чуць. Абухаў - пык-мык! - усё пастараўся "замяць для яснасьцi", на жарт зьвесьцi. Неяк наагул ня мог ён старэйшым проста ў вочы глядзець, а ў гэны момант i пагатоў.
      Усё гэта пасьля Абухаў на свой лад перакруцiў. Мясцовыя "цёмныя мужыкi" не дарасьлi, каб ягоны субтэльны й дасьцiпны жарт зразумець. Сьвятар, вiдаць, забыўся, што малыя дзеткi наагул, а на такiх кручкаватых жартах i пагатоў не разумелiся. Ён i не падазраваў, што гэнае грубое "мужык нажрался бульбы", тарнаванае iм iз смакам на вачох старэйшых людзей, зусiм коратка, вымоўна й калярова характарызавала ня толькi яго, як беднага на разумовую вынаходлiвасьць чалавека, але й шмат чаго iншага.
      Абухаў меў добры нюх. Борзда разгадваў людзей, iхную вартасьць, удзельную вагу ў грамадзтве й пры ўладзе. Ужо калi яму што рупiла, то ведаў, да каго пасьпяшыць iз прозьбай, пранюхаўшы заднiя хады; да каго паставiцца з ласкай, каму льга, а каму не выпадае пад бок таўхануць, каго абыйсьцi й не чапаць. Адным словам, Абухаў рана пазнаў у гэтых мяйсцох i пры гэтай уладзе карысныя для яго простыя сьцежкi й крывулi, найважнейшыя слупы-апоры пры iх. Дзiва, што ў даволi кароткiм часе разжыўся й разбагацеў Абухаў так, як некалi й сьнiць пра гэта не даводзiлася.
      Ды яму ўсё было мала, усё расла яшчэ прагавiтасьць. Вакольныя бедныя людзi паглядалi на "папоўшчыну", кiвалi галовамi й пыталiся самi сябе: цi-ж запраўды аднаму чалавеку, хаця-б iзь вялiкай сям'ёй, так многа самай лепшай зямлi й усяго iншага трэба, калi пасуседзтву такая галеча й нiшчымнасьць сьвецiцца?
      Многiя так i называлi сьвятара скуралупам, несумленным абдзiральнiкам, ненажэрам ды iншымi зьмяншальнымi мянушкамi. Iншыя-ж, пабожнейшыя казалi, што iм судзiць "бацюшку" нельга, бо яму, мусiць, Бог усё тое багацьце дае; а калi гэтак, дык ужо каму як каму, а ня iм-жа божыя шляхi й учынкi разгадваць.
      Першыя, вядома, праўду казалi. Перад тым, пакуль каму цану за вянец, хрысьцiны, паховiны цi што iншае засьпяваць, Абухаў намагаўся разьведаць пра матар'яльны стан чалавека, а тады ўжо сваё вымагаў. Браў, такiм чынам, не за паслугу, а паводля прынцыпу - колькi ўдасца зьдзерцi. Безумоўна, у яго быў свой мiнiмум, што мусiў узяць незалежна ад таго, цi чалавек меў чым плацiць, цi ў яго дзеткi ў хаце ўпрогаладзь сядзелi.
      Калi йшло пра вянцы, дык поўбяды тут было. Людзi маладыя, жэняцца, весяляцца, новае жыцьцё пачынаюць будаваць. Калi й лiшняе ад iх возьмеш, дык яны-ж маладыя, заробяць, нiдзе ня дзенуцца. Найбольш балюча давалiся ўзнакi людзям сьвятаровыя ўзяткi за хрышчэньнi й паховiны. Нараджэньне й сьмерць два асноўныя й непазьбежныя працэсы йснаваньня. Людзi родзяцца i ўмiраюць, наперад не разьведаўшы, цi будзе чым за сьвятарову паслугу заплацiць.
      Гэткая жыцьцёвая сьвятарская этыка Абухава выцякала зь ягоных маральна-духовых нормаў. Чалавек лiчыў, што яму, як адданаму "слугу божаму", больш чым каму iншаму розных матар'яльных дабротаў належылася, што ён за свае паслугi й так бярэ надта сьцiпла, што калi ў "мужыка" будзе замнога, дык i так прап'е цi пусьцiць куды ня трэба. Наапошку-ж, ужо хто як хто, а ён - "духоўны пастыр", спажыве рознае дабро якраз шмат разумней за iншых i якраз так, як трэба Богу.
      Надта-ж вымоўным быў выпадак, калi Абухаў аддаў сваю старэйшую дачку замуж. Ужо на другую нядзелю пасьля вясельля, калi скончыў Сьвятую Лiтургiю ў царкве, iз крыжам у руках хвалiўся сваiм парахвiянам, што дачцэ ў пасаг дзесяць тысячаў злотых даў. Калi-б сьвятару давялося спажыць адно палову таго, што яму ў гэны час, чуючы пра пасаг, сулiлi ў сваiх думках парахвiяне, пэўна, на вякi вечныя зь пеклам не разьвiтаўся-б.
      XIII
      Вялiкая лямпа гарэла над шырозным столам, застаўленым рознай емiнай. На самым пачэсным мейсцы стаяла больш чым напалову выпiтая лiтровая пляшка гарэлкi, папулярна званая манаполькай. Праз адчыненыя дзьверы з кухнi чуваць было шыпеньне самавару.
      Сядзелi за сталом даўно. Было iх чацьвёра: Абухаў i Пцiчкiн iз сваймi сьвятаршамi. Абухава была таўсьцейшая за госьцю, азызлая ў твары, павольная ў рухах, голасная ў гамонцы. Пцiчкiна была старэйшая за яе, больш гаваркая, часьцей сьмяялася. Лысы, як калена, дробны ў твары, з малой сiвой бародкай, Пцiчкiн часта папраўляў i стрымлiваў у гаворцы жонку.
      Дзесьцi з-за сьцяны з другога боку калiдору далятала графонная мэлёдыя й гучныя вясёлыя галасы. Там сьвятаранка забаўляла сваiх наведвальнiкаў.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14