Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Отечественная проза / Акула К. / Дзярлiвая птушка (Гараватка - 1) (на белорусском языке) - Чтение (стр. 11)
Автор: Акула К.
Жанр: Отечественная проза

 

 


      - Я нi хачу, каб ты ў маей пунi начаваў цi дняваў, от што... Яшчэ, нi дай Божа, палiцыя пранюхаiць. I так ад гадаўя адчапiцца нi магу...
      - Аб гэтым-жа й хачу табе сказаць, - падхапiў Сабакевiч, цярэбячы калматыя валасы. - Яны-ж мне нi даюць спакойствiя. Дык мы - ну як гэта сказаць? - цяпер у ваднэй лодцы, прама друзья будзiм. Панiмаiш?
      Забурлiла Пракопава нутро. Нахабны панiбрацкi тон, тое непашанотнае "ты", ды гэта "адна лодка", а насамбольш зухвала-зухаватая поза добра-ткi дасалiлi Пракопу.
      - Сабаку ты друг, а ня мне! - падняў Пракоп голас. - Выбiрайся з майго гумна, каб тут твайго й смуроду нi было, а то...
      - А то што, дзядзька, зробiш? Ну скажы што, га? Пойдзiш у палiцыю? Данясеш тым самым катам, што тваю Алену са сьвета зьвялi?
      Пракопа як быццам хто варам аблiў. Ён дрыжэў. Гэты нахабны дзяцюк пекануў у самае кволае. Дый працягваў:
      - Iж i дурны ты чалавек, Пракоп. Табе-б з намi цяпер дзiржацца, а ты мне дэфэнзывай грозiш! Цьфу!
      Зьедлiвая ўсьмешка на заспаным твары зьдзеквалася з Бахмача, выклiкала на бой. А той плявок дык ужо й мерку перабраў. Бахмач зрабiў крок наперад.
      - Ухадзi вон адсюль, сабака ты! Чаго цябе нячыстая на маю галаву прыгнала? Вон кажу! - сыкнуў злосна Пракоп, мерачыся на Косьцiка, каб схапiць яго рукамi загрудкi.
      У гэты момант Косьцiк сунуў правую руку ў кiшэню портак i вомiг выцягнуў адтуль вялiкi складанчык. Пстрыкнула ў спрактыкаванай руцэ й выпрасталася зiхатлiвае лязо. Косьцiкавы вочы зрабiлiся цяпер злоснымi. Дзяцюк, як пантэра, гатоў быў скочыць на Пракопа. Бахмач, зьбянтэжаны такiм манэўрам Сабакевiча, застыў на мейсцы, сочачы нож.
      - Нi скачы, Бахмач! - грозна сьцiшыўшы голас, цадзiў праз зубы Сабакевiч. - Нi прынуждай мяне нож упатрабiць, бо яй-богу нi шучу.
      А тады яшчэ больш пагрозьлiва й шматзначна:
      - Ты яшчо паскачаш у мяне як мiленькi, як нашыя прыдуць!
      Кроў хлынула ў Пракопаву галаву. Вялiкая злосьць пры фiзычнай немачы зьбянтэжыла яго канчаткова.
      - Я пайду, а ты... выбiрайся з пунi, - сказаў больш лагодна, падымаючы лёккi кош iзь сенам на правае плячо.
      Не прыгадваў, як вытрас у ясьлi кабыле тое сена. Добра ўжо зьмяркалася, калi наважыўся зазiрнуць да швагры. Той выслухаў яго зь вялiкай увагай i зьдзiўленьнем, ды перапытаў:
      - Дык як ён сказаў: нашыя прыдуць?
      - Так i сказаў: ты, кажа, паскачыш у мяне, як мiленькi, як нашыя прыдуць!
      Мужчыны сядзелi на прызьбе. Збоку стаяла Кацярына. Доўга маўчалi.
      - А чорт-жа яго бацьку знаiць. Будзь-жа тут разумным i ўгадвай, што будзiць...
      У Бахмачовым голасе наскрозь пульсавала вялiкая трывога.
      - Ат, Пракоп, махнi рукой. А чаго-ж яму спадзявацца? Вунь доктарава радзiва ўжо гадамi трубiць. што руку помачы пададуць, што прыдуць... Ды мала што брэшуць...
      Ды й у Алесевым голасе чулася няпэўнасьць. Нiколi-ж так раней не разважалi аб вялiкай праўдападобнасьцi таго, аб чым сяньня з пагрозай сказаў Пракопу Сабакевiч.
      - Алесь, а што будзiць, калi й праўда возьмуць i прыйдуць, а гэткi бандзiт i злодзей станiць над табой начальнiчаць? Га?
      I на гэта пытаньне нiхто не адважыўся адказаць.
      Доўга тэй ночы ня мог заснуць Пракоп. На яго жыцьцё лёг новы цень.
      V
      На двары пачалi ўжо голасна гарлапанiць пеўнi, калi прачнулася Дуня Макатунiшка. Правы бок ныў ад цьвёрдых палаткаў, на якiх шчыльна, покатам адно побач другога, спала цэлая сям'я Макатуноў. Сяньнiк, з пацёртай на дробную мякiну саломай, не памагаў, яго як-бы й не было.
      Ды не ад самой цьвёрдасьцi азбудзiлася Дуня. Нешта моцна ўпiлося ў мякаць шыi. Памацала пальцам, расьцёрла нешта лiпкае зь едкiм смуродам. Здагадалася: гэта клоп.
      Збоку раз-пораз варушылiся, кiдаючыся з аднаго на другi бок, дзецi й жанчыны. Паразiты не давалi спаць. Дунi сон адразу сагналi з павек. Пэўны час ляжэла спакойна, углядалася ў цемру й думала. Тады нешта покнула зьверху проста на голыя грудзi. Дуня зноў абмацала клапа, з агiдаю адкiнула ў цемру. Ужо ведала - клапы вандравалi па столi, ды покалi ўнiз на сваю пажыву.
      Цi-ж першы гэта раз? Ведала, што будзе далей. Зараз ускарабкаюцца кабеты, засьвецяць газьнiчку, пазапальваюць лучыны ды з бурчэньнем пачнуць паляваньне на агiдных смактуноў крывi. Пасьля ўскапышацца, тручы спрасонку ручкамi заспаныя вочы, ды ўзьнiмуць лямант дзеткi.
      У гэткiя часы прыгадвала Дуня свайго бацьку, таксама быццам як праз сон. Было гэта, мусiць, даўно-даўненька, перад тым, мусiць, пакуль на сабачы сенакос наважыўся йсьцi. Зьяўляўся ён у ейным уяўленьнi амаль заўсёды iз лучынай у руцэ. Насуплены, злосны. Капцiць лучынавы агонь, трашчыць ды прагна жарэ сухую драўнiну чырвоны язык i ўсё падарожнiчае па шчэлках ложка, палаткаў, па печы, па сьценах. Бацька - заядлы паляўнiчы на клапоў. У паляўнiчага густымi чорнымi валасамi абрасьлi напаўзакрытыя шэрай зрэбнай кашуляй грудзi. Калi пападзе на вялiкую здабычу, тады чуваць нейдзе з глыбiнi гэных касматых грудзей голас:
      - Iж ты, падла, як крывi нажлопаўся, што ажно паўзьцi ня можыць. Цьфу!
      Бацька брыдка мацюкаецца. Мацi цi каторая сястра памагаюць з лучынамi. Калi дзе ў якой шчылiнцы большую клапiную сям'ю апоруць, тады труць, поруць так заўзята, ды палююць, што аж лучына ад смуроду сквiрчыць. Забаўным, хоць i дакучлiвым, было для Дунi тое паляваньне. Сон пераб'е яно, што пасьля цэлы дзень рот ад зяваньня балiць.
      Было вось так некалi ў старой хаце. Мяркавалi, што калi ў новую перабяруцца, то не дадуць-жа паразiтам распладзiцца. Ажно й не прадбачылi трываласьцi клапiнага племя. Мусiць, у латаных кажухох i iншых рызманох на развод iх прынесьлi. Ня здолялi як сьлед абжыцца, як паразiты ў перабудаванай iз старых бярвеньняў хаце загнезьдзiлiся, а пасьля неўзабаве на худую Макатунiшыну сям'ю начамi iнвазii пачалi рабiць.
      - Божачкi сьвятыя мае! - цi раз змораным i крыўдным аж ад адчаю голасам наракала начамi старая Макатунiха. - Гэта-ж во як на беднага дык i людзi i ўсякiя пранцы нападаюць. А каб-жа вы ўзялi ды дзе да каторага сытога й багатага ў хату заблудзiлi, ягоную таўстую шыю цi плечы папакусалi!
      I чаго ўжо толькi нi прабавалi, каб якое збаўленьне ад клапоў знайсьцi, Макатунiшкi! Павыносяць, было, зiмою ў траскучы мароз на двор усю-ўсенькую вопратку, рызманы й пасьцелю. У хаце сьцены варам пааблiваюць, нiводнай шчылiны ня мiнуць стараюцца. Разам iз тым варам кiпiць у нявыгляднай Макатунiшынай хаце колькiгадзiнная праца. Дашчэнту, здаецца, выпякуць клапiнае племя.
      - Ну, паглядзiм-жа ўжо цяперака, - кажуць змораныя жанкi. - Калi сягоньнiка iх нi зьвялi, дык якiя пранцы тады памогуць?
      Адна, другая, трэцяя ноч пройдзе спакойна. На чацьвертую цi пятую пачынаецца-аднаўляецца папярэдняе. А клапом на дапамогу вошы й блохi. Хоць ты няведама што, зьнiкуль ратунку няма.
      Бедавала Макатунiха, цi раз бедаваньне лаянкай перасольваючы:
      - Гэта-ж каб на вас парашкi цi якую халеру, каб раз i наўсягды выдушыць можна было. А то ратуначку нiма!
      Гэту ноч, калi ўсе азбудзiлiся, пачалi плакаць дзеткi, перабралася Дуня на шырокую лаву на покуцi. Зграбла, вытрасла што магла з пасьцелi, скамячыла нейкую вопратку пад галаву, сяк-так накрылася. Пастанавiла, што ўвечары пойдзе спаць на сена. Праўда, сена тое, - за недахопам мейсца ў пунi хлявушкi, складзенае было збоку пад страхой. Лiчы што на двары было. Страшнавата аднэй дзяўчыне там спаць.
      - Дунечка, як-жа ты, дзетка, там засьнеш? - турбавалася мацi, шкадуючы яе. - Гэта-ж лава голая. Каб табе што пад бок.
      - Ну й тамака, мамачка, нiма як. Глядзiце вы ўжо сябе.
      На халоднай i мулкай лаве было яшчэ больш нявыгадна, але-ж хаця ад паразiтаў далей. Яны там ля палаткаў панадзiлi. Ужо сама сьведамасьць таго, што тут на покуцi, мабыць, клапоў няма, супакоiла дзяўчыну, i яна намагалася заснуць.
      Сон ня браў. Ляжала й думала. Марыла аб выгаднай мяккай пасьцелi, чыстай коўдры й сяньнiку. А каб яшчэ асобнае ложка! Гэткiя сьмелыя думкi выдавалiся ёй недасяжным шчытам мараў. Ведала, што некаторыя якраз так i жывуць: сьпяць асобна ды ў чыстым, ядуць уволю, працуюць, сiлаў не надрываючы. Ня так, як яны, Макатуны - вечна зубы ашчэрыўшы, каб зусiм у бяздоньнi галечы не загразнуць, каб як-небудзь з дня на дзень дух перавесьцi.
      Была, мусiць, нейдзе ў жыцьцi й лагодная рука лёсу, i поўная мерка шчасьця, i волi, i радасьцi. Дзе яна? Цi судзiў Бог маладой i адно што падрастаючай Дунi калi зь ёю сустрэцца? Iншыя ўмелi й шчыра сьмяяцца, i поўнай мерай чэрпаць жыцьцёцую асалоду, як тая пчолка вясной i ўлетку нэктар з прывабнае краскi. Дуня-ж калi й сьмяялася, дык стрымана, вонкава, адно быццам для вока людзкога. Праўда, былi хвiлiны, што падзiцячаму забывалася пра сваю худую долю, аддавалася й сьмеху й радасьцi. Але трывала гэта коратка. Сьмех i радасьць былi нетрывалкiмi, зманлiвымi.
      Была-ж нейдзе на сьвеце й прыгажосьць. Вядома, ня тая, якой поўнiцца лес i поле, i вада, i неба, i сонца, i месяц. Гэта прыродная прыгажосьць была сталая. Бог даў яе для ўсiх, што ўмелi яе бачыць i цанiць. Дуня мела ў думках прыгажосьць самаго жыцьця, быту; прыгажосьць наедзенага чэрава й добра апранутага цела, мэтанакiраванай i плённай працы дый спажываньня тых плёнаў. Была, мусiць, i гэткая, ды не для яе.
      Ведала дзяўчына, што й думаць аб такiх рэчах дарэмна. Куды ўжо ёй з такой апошняй у вёсцы й затуканай-загуканай сям'i ды аб нечым лепшым марыць. Сьмешна проста, дый годзе. Думкi адно й застануцца нiколi нязбытымi марамi ды мо шчэ больш напоўняць коўш горычы. Жыцьцё ейнае як палын, нiчога яго, мусiць, не асалодзiць. Такiмi думкамi сабе адно шкоду робiць. Цi ня лепш ужо нiчога ня думаць ды каратаць бяду - вечна ў будзённай беспрасьвецiцы iзь сёстрамi й маткай калупацца?
      Калi-нiкалi было й спадзяваньне на Бога. Гэта-ж пра Яго казалi, што ўсемагутны й справядлiвы, бачыць усю бяду й галiту й ведае ўсё чысьценька. Цi праўда гэта? Якi-ж Ён запраўды? Цi гэткi суровы, iз насупленымi брывамi, што вунь на покуцi ў iхнай хаце царствуе ды шкляным, iльдзяным зрокам абыякава на ўсю злыбяду iхную прыглядаецца? Цi, можа, ён зычлiвы, ласкавы, добры, мiласэрны, такi як яго адзiн раз у школе намаляваў на лекцыi рэлiгii той дубовiцкi сьвятар? Хто-ж яго ведае...
      На каго-ж тады спадзявацца, калi не на Яго?
      А за сьцяной яшчэ сьмялей дзёрлi свае глоткi пеўнi. Раз-пораз кукарэкаў Макатунiшын галаган, у вадказ адгукаўся нейдзе на ўзгорку певень старой Пятушыхi, там далей рэфрэн трымалi зладжана - Дуня гэта ведала, - трывожачы сваiх курэй, блiжэйшыя й далёкiя. Мабыць, нейдзе на ўсходзе за балотам, калi неба не замурзана, паказалiся ўжо зарнiцы сонца, што паволi ды няўхiльна наблiжаецца, каб азбудзiць да жыцьця Лiтоўцы й цэлую сьпячую салодкiм сном кароткай летняй ночы ваколiцу.
      I тады ў Дунiным уяўленьнi вырас перапоўнены багатымi чарамi скарбовы лес. Гэта-ж зараз, мусiць, трэба ўстаць - усяроўна сну ўжо ня будзе, - ды па грыбы сьпяшацца. Там пад дубамi й гладкакамлёвымi бярозамi пасьмялелi й павылазiлi з травы наверх баравiкi. Некаторыя, можа, й ня сьняць, што прывiтаецца зь iмi й нiзка паклонiцца iм сяньня пасьля сьвiтаньня падлетак-Макатунiшка. Так ёй карцiла ўжо туды. Гэта, можа, адзiнае й найлепшае мейсца, дзе яна жыла, поўнiлася чарамi iншага сьвету.
      Праўда, там хадзiў iз злым сабакам забойца Бахмачыхi. Дуня яго зручна абмiнала й дагэтуль клопату ня мела. Як тая спрактыкаваная лiска, выхадзiла-выбегала яна гэны лес, угадвала, дзе й калi пайсьцi, каб зь бядой лоб-у-лоб не сутыкнуцца. Лясьнiк, праўда, заўсёды трымаў сабаку пры сабе, а часта й без сабакi валачыўся па лесе.
      А лес, - Божа мой! - гэта цi не другi ейны дом. Там яна чулася вольнай i лёккай, прыглядалася кожнай букашцы й матыльку, лавiла чар салаўiнай песьнi й кожнае рэха. I здавалася ёй цi раз, што добра было-б у лёкка-пырхаючую птушку замянiцца, ейным крылатым бесклапотным жыцьцём дыхнуць. Але-ж ня можа быць, каб птушкi сваiх клопатаў ня мелi. На iх i каршукi й iншыя дзяруны палявалi, яны-ж мусiлi й гнёзды на хiсткiх галiнах майстраваць, i дзеткаў гадаваць, i ўсякую непагоду пераносiць. Ды ня можа быць, каб не жылося iм лацьвей, чымся лiтоўскiм Макатуном.
      Ужо добра парадзела цемра, калi ацiхла ў хаце. Дуня ўстала, на дыбачках каб, баранi Божа, нiкога не азбудзiць, - падыйшла да сьцяны, брала зь вешалкi сваю вопратку й апраналася.
      - Дачушка, ты куды? - азвалася мацi.
      Дзяўчынка ў думках упiкнула сябе за тое, што не магла цiшэй, што матчына чуткае вуха ейнае вандраваньне па хаце распазнала.
      - Па грыбы, мама.
      - Паспала-б яшчэ - рана, мусiць.
      - Ат, дзе там рана. Пайду.
      Матка змоўкла. Дуня бачыла, як перавярнулася з другога боку ля сьцяны Параска. Мусiць, i яна чула.
      Белая Дунiна хусьцiнка, якой перавязала валасы, мiльгала ў шарэчы раньняга сьвiтаньня. На правай руцэ тарабанiла кошык, а ў iм - iз кароткiмi чыранкамi ножык. Борздымi крокамi мерыла дзяўчына мяжу мiж нiвамi, абмiнула з паўднёва-ўсходняга боку Гараватку ды накiравалася на калёнiю Лазоўскага. Босыя ногi абмывалiся сакавiтай расой, што даймала сьвежым i прыемным халадком. Ведала Дуня, што покуль дойдзе да лесу, а ў тым лесе да аблюбаваных баравiкамi мейсцаў, сонца высадзiць свой чырвоны лоб з-за балота, каб пачаць сьвяцiць людзям у яшчэ адзiн працавiты летнi дзень. Шапку Архiпа абселi вароны. Дзесь на ўзьлесьсi, а мо ў вербах над канавай, аж заходзiўся ў сьпеве салавей. Яму дапамагаў другi й трэцi.
      Вялiкi луг Лазоўскага драмаў пад шыза-зялёным дываном роснай атавы. Дуня прастала нацянькi да ўзьмежжа жытняга поля, пакiдаючы за сабою сьцежку, як добрую баразну. Драмалi, здавалася, важкiя адраныя каласы жыта. У раньняй задуме, мусiць, чакалi яны жняцоў. Дуня кiнула зрокам на вялiзную жытнюю нiву. Асаднiк яшчэ не зажынаў. Хутка, можа ўжо й сяньня, стануць нейдзе ў хвасьце вясковыя наймiткi-жнейкi i з традыцыйным "Божа памагай" зьвяжуць першы снапок, каб стануў ён ганарова на покуцi гаспадаровае хаты. Сярпы пачнуць уядацца ў моцную мязгу вырослых на сакавiтым угнаеньнi жытнёвых сьцёблаў. Дзяўчаты й жанкi, як адважныя жаўнеры ў гарачай бойцы, зацята цяць будуць высокую сьцяну каласоў, у хвасьце за сабой пакiдаючы суцэльны памост снапоў. Пад вечар мускулiстыя рукi парабка Яўхiма паставяць тыя снапы ў тоўстыя бабкi, а журботная жнiўная песьня зь перасохлых i патрэсканых ад сьпёкi вуснаў паплыве над шырынёй урадлiвае нiвы.
      I, сьпяваючы песьню гэную журботную, у сваёй красе непаўторную, думаць будуць жанкi аб нiшчымнiцы й нядолi пад струпелымi саламянымi стрэхамi. Прыгадаюць багацьце роднае зямлi, што поўнiць чужыя кiшэнi, лёс свой гаротны, сям'i й дзетак, што чакаюць пакуль наймiткi-маткi вернуцца ў родныя гнёзды. Разагнецца-выпрастаецца на захад сонца балючая сьпiна сялянкi, апусьцяцца спрацаваныя млосныя рукi, а змораны мiгценьнем сьцёблаў i каласоў зрок пабяжыць па заваяваным полi. Ужо каторы раз паўтараючы сьпяванае раней iхнымi бабкамi й прабабкамi, ня зьведаюць мо жнеi й гэтым разам поўнага таемнае глыбiнi сэнсу пясенных словаў. Думацьмуць, па колькi заразьбiлi, на як доўгi час таго хопiць, каб у гаршку закрасiць, цi залатаць iншыя дзiркi ў нiшчымнай гаспадарцы; цi праца iхная iзь сярпом прынясе малую й кароткатрывалую радасьць у выглядзе новага абутку, якой таннай сукенкi, цi - на гора i ўтрапеньне ў хаце - пойдзе зноў на лекi, каб выратаваць каго ў сям'i ад хваробы. Неразборлiвая ў хiтрыках даверлiвага сьвету, спрацаваная жнейка ўдзячная будзе ўвечары за прыгоршчы крышкаў iз стала чужога пана. I гэты iхны гаспадар-прыблуда, дый iншыя паны ў iншых мейсцах - з воклiкам "на здрове" i iз самазадаволенай усьмешкай - у недасяжных гэтым працавiтым жанком куткох спажывацьмуць сакавiтае дабро, у той час, калi яны ў сваiх сялянскiх абрабаваных хатах гушкаць i гадаваць будуць для тых чужых гаспадароў новых будучых наймiтаў.
      Раз цi два кiнула Дуня позiрк у Лазоўскага двор. Церабiла дзяўчына скусанае паразiтамi ўночы цела, тулiла перавешаны на руцэ кошык i паглядала на задорна падняўшыя свае гонтавыя чубы гаспадарскiя збудаваньнi Лазоўскага. Дуня ведала, што, пэўна, у гэты час пад гэнымi стрэхамi завiхаецца ў раньняй гарачцы, каб выгнаць на поле статак, ейны найлепшы сябра й спадарожнiк Янучок. Дуня прыгадала, што ўжо пару тыдняў ня бачыла хлопца. Што зь iм? Як ён чуецца й што думае? Ад таго часу, калi Алену забiлi, нiколi не давялося зь iм сустрэцца. Ныла ў сваёй хаце бяда. Трэба было на зiму забясьпечыць ня толькi сябе, але й матцы памагчы. Чым далей, тым яна больш горбiлася, станавiлася бурклiвай, сварлiвай. Сёстры пакiдалi ёй на догляд сваiх дзетак, хадзiлi ў наймы, ды, мусiць, думалi, што матка неяк там дому й дзетак дагледзiць. А матка, вядома, сэрца для ўсiх мае вялiкае. Прыбiтая горам, яна трывала, цягнула як магла.
      А Дуню клiкалi баравiкi ў дубровах, ягады на ўзбалотках i балотах, зёлкi на чыгуначных адхонах, палёх i палянах. Лета-ж не надгаблюеш. Яно кароткатрывалае й багатае плёнамi. Завiхайся, як тая пчолка, пакуль час, пакуль не перацьвiло, ня згнiло. Дуня-ж ня ўчора спавiваная была - ведала яна гэта аж занадта добра. Iншыя жалi чужое поле, натужвалiся на чужых нiвах, а для яе было сваё жнiво й свой незаменны час.
      Што-ж з тым Янучком? Якi ён бедненькi й пануры быў у гэны вечар! Што ён цяпер думае? Чаму-ж усе самыя найгоршыя беды валяцца на Бахмачову сям'ю? Ужо й пра палiцыю дый пра той войстры Сабакевiчаў нож, каторым старога Бахмача Косьцiк страшыў, ведала цэлая вёска, у тым лiку й Дуня. I спачуваньне й жальба шырака расьпiрала маладыя дзявочыя грудзi. Так палюбiла яна гэтага задзiрлiвага хлопца. I хоць нiколi шчэ нiчога важнага не было выказана славамi, шматлiкае было перададзена позiркамi. Калi-б нават, здаецца, i мову адняло, дык, зiрнуўшы адно аднаму ў вочы, мiгам выказалi-б усё.
      Трэба яго на днях, а й сяньня шчэ ўбачыць, распытацца, разьведаць, як жыве, у якi бок накiраваныя ягоныя думкi... Сваё гора ўпярэмяшку з чужым палыном пякло нутро. I не ўсьведамляла, i ня ведала Дуня Макатунiшка, што не на ёй быў пачатак i не на ёй скончыцца; што й пад гэтым старым сiвастагоднiм дубам Архiпам i ў гэтым, цяпер скарбовым, лесе - гэтак раней зь бясьсiльнай немачай у грудзёх тое самае цярпелi й думалi ейныя продкi, дый, можа, тое самае пераносiць будуць i ў немачы падносiць да Бога заплаканыя вочы нашчадкi.
      Лес бурлiў тысячагалосьсем гаманлiвай птушынай сымфонii, сьвяцiўся-зiхацеў тысячакалёр'ям хварбаў расьцiннасьцi. Лес славiў новы й у сваёй асаблiвасьцi, можа, яму аднаму характэрны новы дзень. Тут быў свой чар, адмысловы ягоны подых. Тут была воля, прастор, бязьмежжа. Поўнымi грудзьмi i ўсёй сваёй iстотай упiвалася Дуня гэтым раньнiм лясным чарам. Здавалася, што яна была таксама часткай гэтае бязьмежнае й шматколернае стыхii, што мiж бязьлiчных i зьменных колераў i адценяў матэрыi й гуку нейдзе займала сваё асаблiвае й аднэй ёй апрычонае мейсца. Дыхала яна й упiвалася багацьцем шчодрых прыродных сокаў i гукаў, разам з усiм жывым i квiтнеючым у думках славiла Стварыцеля, пышнасьць i плённасьць ды незаменнасьць Ягонага тварэньня.
      Нявыспаная дзяўчына як-бы набрыняла, налiлася сокамi жыцьцядайнай ды жыцьцётрывалай пажывы. Таго кашмару з клапамi й iншымi нявыгадамi як-бы й не было. Палякчэлi цяпер ажыўленыя раньняй расою ногi, параскашнелi насычаныя сьвежасьцю раньняга паветра грудзi.
      Мiж старых i дрэмлючых дубоў, мiж касалапых кустоў, мiж зграбных, як вясельныя дружкi, бярозаў пырхала й скакала Дуня, як борзьдзенькi матылёк. Калi насустрач выходзiлi сем'i баравiкоў, нiзка прыгiнаўся-прысядаў гэты матылёк да зямлi. У кошыку апыналiся тоўстакарэнныя ядраныя каралi грыбнога племя, а дзявочы маладзенькi твар поўнiўся й расквiтаў задаволенай сьцiплай усьмешкай.
      Нейдзе здалёк прыляцелi ўжо цi раз раней чутыя гукi дудкi лiпавiцкага пастуха Хвядоса. Тутака-ж збоку, быццам у вадказ, спачатку кволыя, а потым ужо куды сьмялейшыя, адгукнулiся гукi з поля Лазоўскага. Выпрасталася струной у бары маладая дзяўчына, вуха ейнае пiльна надслухоўвала раньнi канцэрт пастухоў. На прыкрытым вяснушкамi дзявочым твары зьявiлася спачатку загадкавая няўцямнасьць, а пасьля распрамянiўся ён шырокай усьмешкай. Вочы поўнiлiся цiхай радасьцю. Быццам застыла ў нерухомасьцi на валосах сьветлая хусьцiнка. Ня ведаў, пэўна-ж, малады басаногi пастушок, што граньне ягонае ловiць вуха любае дзяўчыны, тэй сяброўкi-матылька, што яшчэ раней за яго, як руплiвая пчолка, выляцела да дзённага занятку; што гукi тыя казычуць цяплом добрае дзявочае сэрца, у каторым ён ужо мае прытулак.
      Макатунiшка паставiла на траву грыбны кошык, стаяла й слухала. Як прагны вады падарожнiк у пустынi п'е з асьвяжаючае аазы, гэтак Дуня забылася цяпер аб сваiм iснаваньнi, аб усiм сьвеце. Навосьцеж расчынiлiся дзьверы ейнага чульлiвага сэрца, стаяла бяз руху й насалоджвалася пастушковым граньнем ды любай i неабсяжнай прыродай.
      Цяплом раньнiх праменьняў казытала сонейка цёмназялёнае шво лясных чубоў, ручайкамi прабiвалiся тыя праменьнi ў нетры густога лесу. Зiхатлiвыя кавалкi золата асядалi на галiнках i лiсточках, на трапяткiм птушыным пер'i, падкрадалiся яны й нiжэй аж да лясное падэшвы. Азалацiлася й сьветлая касынка на Дунiнай галаве, загарэлiся раньнiя дзявочыя вяснушкi.
      Каб зьявiўся побач мастак iз пэндзалям, дык Богу падзякаваў-бы за такi цудоўны вобраз. На палатне вырасла-б маестатычная ў раньнiм харастве постаць беднае вясковае дзяўчыны, зачараваная сымфонiяй нованароджанага дня. Калi пэндзаль мастака паклаў-бы апошнiя рысы, на малюнку мог-бы зьявiцца адзiн з такiх напiсаў: "Зачараваная", або "Нованароджаная сымфонiя", або "Нiмфа ў грыбох".
      Адылi нi той вобраз, нi напiс пад iм, - як поўнымi й гэнiяльнымi ў сваёй задуме нi былi-б, - ня выказалi-б дзясятай частачкi тэй мастацкай суцэльнасьцi, гарманiйнасьцi й дасканаласьцi хварбаў, якiмi так багатыя былi ў гэнае раньне Дуня Макатунiшка й беларускi лес. Тут цалкам адсутнiчала поза й штучнасьць, лякiроўка й надзьмутасьць. Як рэдка калi падчас свайго жыцьця бываюць людзi, Дуня ў гэныя хвiлiны поўнiлася сваймi шчодрымi хварбамi. У ейным позiрку, у спантанiчнай позе, у журботным задуменьнi, у непрыкрашанай мадэрнай моднасьцю прастаце, увасобiлася выключнае й незабытае хараство. Колькi даў-бы цi адзiн вялiкi мастак, каб злавiць i замацаваць на палатне такi вобраз!
      Iз поўным кошыкам пуцатых тоўстагаловых баравiкоў вярталася дахаты Дуня Макатунiшка, калi ладна паднялося й пачало прыпякаць ужо сонца. Як мурашкi, цярэбячы жытнiя загоны, распаўзьлiся па палёх сяляне. Дзяўчына пайшла краем лесу й павярнула на шырокi луг, дзе пасьвiлiся каровы Лазоўскага. Не было надта часу, бо мацi казала нешта ўчора, што ў Гацi цi ня прыйдзецца сяньня iзь зёлкамi схадзiць. Але карцiла пабачыць Янука.
      Пастух спасьцярог дзяўчыну здалёк i, калi прыблiзiлася да яго, ня выказаў нiякага зьдзiўленьня, быццам вось пяць хвiлiн назад зь ёю бачыўся. Глядзеў на яе спакойна. Ля ног яго ляжаў Тапсiк i, выпяцiўшы язык, паглядаў то на гаспадара, то на дзяўчыну, быццам угадваючы што ён мае рабiць з прычыны паяўленьня гэтае наведвальнiцы ў полi.
      У Януковых вачох Дуня дагледзiла нешта новае, чаго там не было раней. Хлапец спаважнеў, здавалася, падрос. Яна была пэўная, што ад часу, калi бачылiся, ён шмат перажыў. Гэта не магло мя мець уплыву на ягоную натуру.
      - Але-ж ты рана справiлася, - сказаў зусiм спакойна Янук i паправiў правай рукой шэрую кепку на галаве.
      - Гэта баравiкi вiнаватыя, а ня я, - хвалiлася, зiрнуўшы на кошык, Дуня.
      - Многа ёсьцiка?
      - Мястамi хоць ты касой касi. Шкода, што нi было куды браць.
      - Дык можаш яшчэ раз схадзiць, не?
      - Можа й схаджу яшчэ сягоньнiка. Алi перш можа ў Гацi пайду, трэба зёлкi Жыду занесьцi. А тады ўжо калi, дык па паўднi.
      - Усё зьбiраiш ды зьбiраiш, - казаў хлапец, прыглядаючыся пузе.
      - Трэба-ж. Жаць нi пайду.
      - Ну што ў цябе там?
      - Ды нiчога. Можа ты мне што новага скажаш?
      - Сама, пэўня, знаiш. Усе людзi гаворуць.
      - Ты пра гэтага баньдзiта, што на бацьку з ножам кiнуўся?
      - Пра каго-ж яшчэ. Бадзяiцца, як той сабака, па чужых заўгольлях. Бацька прыпiльнаваў, дык i кiнуўся. Толька-ж я думаю сабе, чаго гэта ён якраз у нашую пуню прыйшоў? Ну добра, што пiраспацца, але чаму гэта нашу выбраў? Цi гэта ад бацькi хацеў чаго?
      Дуня нiчога не адказала.
      - I знаiш яшчэ што? Мушу табе расказаць. Прышоў я раз на Гараватку пад Архiпа. А там, угадай хто сядзiць: стары дзед Якуб. I каб ты чула, што ён мне расказаў. Доўгая гэта гаворка. Надта цiкавую лягэнду пра Гараватку расказаў, от што. Ды яна такая нiзвычайная, што от ужо столька дней думаю i нi магу да толку дайсьцi, цi так магло быць, цi не. Дзед мне добрую загадку даў. Алi мушу табе расказаць...
      - Тапсiк, чорную кусi! - загадаў Янук сабаку.
      - Дык раскажы, - сказала Дуня.
      - Дык гэта так адным цi двумя словамi ня йдзець.От калi зьбярэсься ды будзеш час мець, то можа. Вiджу, што ты сьпяшысься, мусiць...
      - Ну нiхай патвоему будзiць. А скажы мне, дзе гэта тут хто на дудцы йграў?
      Янук крышку пачырванеў, спусьцiў вочы долу й нiчога не адказаў.
      - Пакажы, дзе яна, - настойвала Дуня.
      - А нашто табе? Ды якi там зь мяне iгрэц?
      - Ну алi чаго-ж стыдаесься? Пакажы, можа i я заграю.
      Янук падыйшоў да крушнi каменьня, што ляжала на ўзьмежжы, выцягнуў адтуль закручаную ў нейкi рызман бяроставую дудку. Падаў Дунi.
      - Гляньце вы на яго! - дзiвiлася дзяўчына, уважна абглядаючы дудку. - I калi гэта ты яе зрабiў? Што табе ў галавы прыйшло?
      - Нi я зрабiў, а ў лiпавiцкага Хвядоса выпрасiў. У яго iх нi адна.
      - Дык што, музыкантам будзiш?
      - Каб я знаў. Мне цяперака нi да граньня. Але от пагуджу дык душу адвяду...
      - Ну а мне можна папробаваць?
      - Чаму-ж не. Дуй.
      Дзяўчына, нязручна трымаючы, прыклала дудку да вуснаў i няпялiлася. Аж пачырванелi шчокi, а дудка ледзь адгукнулася нiзкiм тонам.
      - У-ух! - злавiла паветра Макарунiшка. - Гэта-ж, мусiць, ня так лёкка, як я думала.
      Яна пачырванела ня толькi ад напружанага дзьмуханьня, але й ад сораму.
      - Ну гэта-ж нi бабская работа, - задзiрыста сказаў Янук. - Дый на пусты жывот цяжка. Ты-ж цi ела яшчо?
      - Не.
      - Дык от другiм разам папробуеш на поўны жывот.
      - Дык пайду, - сказала дзяўчына, аддаючы пастуху дудку.
      - Прыдзi другiм разам калi, дык пiрадам табе, што мне дзед Якуб расказваў.
      - Добра, забягуся калi.
      Яна ўзяла на руку напоўнены бурагаловымi баравiкамi кош i пайшла, а Янук доўга глядзеў усьлед. Шкадаваў, што не магла пабыць зь iм якую гадзiну цi болей, каб падзялiцца думкамi, якiя вось ужо колькi часу не давалi яму супакою.
      У Макатунiшыным падворку дзеткi корпалiся ў пяску, самы найменшы ганяўся за курыцай. Старая Макатунiха сварылася на яго, каб перастаў. Дуня на хаду хапiла астыўшую ўжо бульбiну з муньдзiрам, сербанула кiслага малака ды ўзялася за грыбы. Ладна прайшло часу, пакуль пачысьцiла, параскладала на бляхi й паставiла ў печ i на двор на падаконьнi сушыць баравiкi.
      Ужо ля полудня пабегла яна з васiлькамi ў Гацi. У мястэчку быў адзiн крамнiк, што купляў зёлкi. Зваўся ён Габа. Было вельмi не на руку зьбiральнiкам зёлак, што Габа трымаў у Гацях зёлачны манаполь i плацiў менш, чымся рынкавыя цэны ў iншых далёкiх мястэчках, дзе зёлкамi гандлявалi Жыды. Хоць, праўда, усе тыя Жыды прапанавалi адну цану, як змовiўшыся, адылi на хуньце можна было якi лiшнi пятак вымантажыць. Але дзе-ж ты паедзеш такi сьвет дарогi. Цэлы дзень трэба трацiць. Не аплацiца аўчынка вырабкi. Дык i Дуня, адна з многiх, была на Габавай ласцы, калi прыносiла ў Гацi зёлкi.
      Гэтым разам Жыда не было ў краме, а зёлкi прыняла старая Габiха. Грузная й таўстая над меру, брыдкая з твару, скупая на словы, яна папыталася Дуню, цi ўжо васiлькi скончылiся, ды якiя зёлкi яна цяпер зьбiрае. Раiла прыносiць усё назьбiранае да яе, бо яна дае найлепшую цану, нават большую, чымся ў Докшыцах цi Глыбокiм можна дастаць.
      Дуня ведала цану жыдоўчыных словаў i таму дзiвiлася, як гладка гэтая таўстабрухая кабета магла чмуцiць. Не было-ж-бы для яе нiякага ўрону, каб не выхвалялася няпраўдай, каб памаўчала. Не, дык мусiць, ня ўцерпiць. Усе Жыды такiя, - думала дзяўчына.
      Праз поўадчыненыя заднiя дзьверы, адкуль далятаў дзiцячы вэрхал, увайшоў у краму малы жыдзянёнак, гадоў так, можа, тры. У руках трымаў ён абкусаную вялiкую булку, якая - Дуня гэта ведала - каштавала ў пякарнi дзесяць грошаў. Хлопчык стаяў у дзьвярох замурзаны, дзьве сьвечкi з-пад носа аж у рот, ды мяў тую булку ў бруднай руцэ. Ажно Дунiны вочы разыйшлiся. Забылася, што мусiць сачыць, цi Габiха на вазе не ашукае, - зрок ейны ўпiўся ў тую булку. Малы паглядзеў на Дуню моўчкi, пасьля кiнуў булку вобземлю й пайшоў за дзьверы. Дзяўчына глядзела на булку, што ляжала на закарэлай i прагнiлай мейсцамi падлозе, ды нешта цiснула яе за горла.
      Тымчасам Габiха адклала зельле й лiчыла грошы.
      - Два злоты й фуфцiг, - сказала, перадаючы Дунi манэты.
      - Як гэта? Тры кiлi было! - усхадзiлася дзяўчына.
      - Нi было. Ты мяне асукаць хоца, - сказала Габiха. Чырвоны, як з на драждох падыйшоўшымi шчокамi твар задрыгаў пры гэтых словах.
      - Матка iз бязьмен вазыла? - пыталася Дуню.
      - На бязьмен, але-ж...
      - Васа бязьмен нядобгы, - цьвердзiла сваё Жыдоўка. - Мая вес добгы, мая вес нi зманiць. От паглядзi!
      Пры гэтых словах яна паклала на вагу кашолку, каб зважыць яе. Крыху нацiснула на кашолку рукой, каб збольшыць вагi. Рычаг паказаў блiзка паўкiляграма. Тады Жыдоўка высыпала ў яе высушаныя пялёсткi васiлькоў, гэтым разам iзноў не адымаючы i, як здалося Дунi, прытрымлiваючы вагу рукой. Дзюбкi рычагоў зыйшлiся гарызантальна. На талерцы ляжалi важыкi ў два з паловай кiляграмы.
      - Ну вiдзiс, мае вес добгы, гэта васа бязьмен нядобгы.
      Дуня была злосная. Нават стары Габа быў сумленьнейшым. Яна бяз слова загарнула грошы ў хусьцiнку, завязала iх старанна ды, цiснучы ў потнай руцэ, выйшла з крамы.
      - Гэта лахудра, каб яе гаручка, абманываiць на вачох, - гаварыла дома Дунi матка. - Трэба было глядзець яе, ато жыць нябудзiць, калi не абманець.
      VI
      Сонца добра пахiлiлася ўжо з паўдня, калi Макатунiшка зноў пайшла па грыбы ў скарбовы лес. Ведала, што ўжо пачыналi нарастаць панчошкi, ягады на балоце чакалi яе. Неўзабаве трэба будзе на iх перакiнуцца. Апошнiмi часамi прайшло добрых пару дажджоў, вiльгаць трымала ў лесе, дык i шкада было-б кiдаць недагледжанымi цэлыя сем'i баравiкоў.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14