- Эх, каб закурыць! - iзноў парушыў маўчанку Мечык.
- Ты курыш? - зьдзiвiўся Юрка, зрэшты, прыгадаўшы, што й сам пачаў курыць мала большым.
- Яшчэ й як смалiць, - адказаў за Мечыка той, што "як гарохам сыпаў": бацька ўжо дзяжыў-дзяжыў, дый рукой махнуў: няхай курыць, усёдна вайна...
Юрка дастаў зь кiшанi папяросы й працягнуў Мечыку.
- Закуры, Мечык!
Той узяў важна, як вырослы, i тут-жа, пры сьвятле вогнiшча, прачытаў: "Дукат".
- А вы, хлопцы, таксама курыце?
Узялi яшчэ двух, толькi той, што ўсё поркаўся ў вогнiшчы, адмовiўся: "Яшчэ нявучаны"...
- Эх, салодкая папяросiна! - пахвалiў Мечык, сплёўваючы аднак.
- Чаго-ж плюеш, калi соладка? - зацемiў на гэта "нявучаны", - ку-урэц!
"Перакурка" памалу зблiзiла Юрку з хлапчукамi. Мо яшчэ й таму, што недалёка й сам ён пачуваў сябе ад такiх ды "ўмеў гаварыць" зь iмi. Дык неўзабаве даведаўся ўсё: i што малыя жывуць тут, у лесе, як i бацькi iхныя там, далей, у зямлянкiх, i што на сяле не даюць жыць цяпер "Юзiкавы хлопцы" партызаны, i што такая цяпер вайна - цi выжыве чалавек... Пахвалiлiся хлопцы, што чулi, як сяньня "савет даваў на горад - усё гух ды гух", цьвердзiлi, што было навет чуваць, як Юрка спушчаўся з парашутам: "Высака iшоў самалёт, а пасьля так - ш-ш-ш...". Але нек далi Юрку веры, цi прынамся ўдалi, што вераць, быццам ён нiчога супольнага нi зь "Юзiкавымi", нi з "саветам" ня мае, i навет Мечык больш не даходзiў нiчога. Высьвятлiлася з гаворкi й дарога на горад была яна знаёмая, i зусiм недалёка - якраз, як меркаваў сам, пакiдаючы самалёт.
Паступова гаворка вычарпалася. Скурылi яшчэ па папяросiне. Малых браў сон, i навет Мечык скруцiўся ў клубок плячыма да вогнiшча, а галавою - ледзь ня ў самы жар, ды сьцiшыўся. Юрка глядзеў на малых, апанаваны раптам успамiнамi свайго собскага бяспрытульнага маленства... "Пуга, торбачка, гразь па калены, адпачынак на балоце, ля вагня..." - успомнiлiся нейкiя, цi то чытаныя, цi то навет вучаныя напамяць некалi радкi. Разьбiраў i яго сон, але погляд, кiнуты на вяршалiны дрэваў, казаў, што ўжо пачынае залачэць. Юрка цiхенька, каб не пабудзiць малых, устаў. Тыя спалi моцна-салодка й не паварушылiся, хоць, здаецца, адно Мечыкава вока адплюшчылася, прапушчаючы яго. Юрка агледзеў яшчэ раз гэты маленькi камячок, у зiмовай аблавухай шапцы, даўгiм, да пятаў, пад пахамi разлупленым кажушку, у страшэнна вялiкiх, бацькавых, мусiць, валёнках iмi й тупаў тады, як мядзьведзь, па лесе...
Крыху адыйшоўшыся, Юрка ськiнуў свой камбiнэзон i схаваў яго тут-жа пад кустом, стаўшыся зусiм "цывiльным кавалерчыкам", як прызнаў ён, агледзеўшы сябе. Азiрнуўся апошнi раз на вогнiшча. Яно ўжо бадай даходзiла. "Пуга, торбачка, гразь па калены"... - выплыла зноў... Пуга - а пасьвiць няма чаго, усё спасьвiлi i Юзiкавы, i Адолевы-нядолевы... Хiба, што на пасту выганяй тую сваю нядолю... А з торбачкай, з торбай - пойдуць мо заўтра... Ды што там заўтра. Сяньня, цяпер... Дый Юрку - таксама цяпер - годзе, пара i ў дарогу, ня час на разважаньнi... Бывай, Мечык, бывайце, лясныя хлапчаняты...
Адыйшоўшыся ад цяпла й без камбiнэзону, праймала золь досьвiткаў. Юрка засягаў шпарчэй у iхнай сiвой iмгле.
IX
Пачыналiся ўжо добра знаёмыя мясьцiны. Вось Папоў лес, хадзiў сюды цi раз у грыбы, у ягады, проста так, пасьлей - на маёўкi. Блiзка ўжо, блiзка зусiм ён, каханы горад, зараз во "сябру усьмiхнецца знаёмы дом"... Што нi ступнi, то вiднела ўсё больш, i здавалася - ня толькi ў лесе, а i ў душы, i ўжо шчабяталi й пералiвалiся й там ранiшнiя галасы абуджэньня, што даўно ўзьняў навакол шумлiвы птўшыны народ. Слаўна, лёгка было й бяз думак, не хацелася думаць навет аб тым, куды йшоў, што й як будзе. Так-жа й лепш - неспадзеўкi i самому, i там...
Перад самым канцом лесу Юрка мусiў прыстояць. Зьлева, паўз дарогу зусiм, за невялiчкай палянкай, на ладным кавалку - як-бы прайшлася вялiкая навальнiца. Выкарчаваныя, пашчапаныя дрэвы, некаторыя абсмаленыя, вывернутыя кучы чорнае балотнае зямлi над ямiнамi-"лейкамi", адна пры аднэй, з гэтага ўскраю - курыць яшчэ нешта на зямлi. Вось яно - цi не ўчарайшае пачынаецца ўжо гэтта? Чакай, гэта-ж якраз пры Валiкавым раёне. Хiба, не пазнаўшы, куды, гацiў i гацiў у лес i ў балота? А мо ад страху, каб ня ўрэзаць у "знаёмы дом"? Але-ж, вiдаць, меў рацыю Вiктар у сваiх меркаваньнях, i Веру ўчора нiчога не патурбавала.
Юрка рушыў далей, але раптам агарнуў яго нейкi непакой, незьясьнёны, незразумелы - i адкуль, i чаго. Не, гэта не перад блiзкой сустрэчай - нешта як-бы зноў абарвалася ў сярэдзiне, як учора, калi Гадэнку... Бр-р, аж здрыганула. Не, ня трэба нiчога таго, наперад, думкi, i хада - наперад!
Але непакой ня зьнiкаў, а ўзростаў усё больш, чым больш наблiжаўся горад. У ранейшым сваiм жыцьцi, бяспрытульным, але й бястурботным тады i пасьля, што й выпрацавала такi характар, Юрка нiколi ня знаў нiякiх, як гэта завуць, прадчуваньняў. I цяпер яму i ўдум ня прыйшло расцанiць так гэты свой раптоўны, незьясьнёны такi непакой. Ды, як пачаўся самы горад, аблягала як быццам i гэта памалу.
Каханы горад! Вось ён, ён яшчэ "сьпiць спакойна", не прачынаўся яшчэ. Хiба з учарайшага, перанэрваваўшыся, змогшыся ад перажываньняў, адпачывае даўжэй, як звычайна. Праўда, сьлядоў iхнае ўчарайшае "дэманстрацыi" яшчэ ня вiдаць. Мусiць-ткi Валiк i праўда пашкадаваў ды вытрас усё на бедны той Папоў лес. I добра зрабiў!
Зараз за павароткай - Слабодка, i Верына вулiца. I зноў ажыў той, нядаўна аблеглы, непакой, ужо - напэўна, ад таго, што вось-вось...
Але за павароткай Юрка мусiў спынiцца. Толькi пара дамоў стаяла яшчэ спачатку, а далей - скрозь гола з абодвух бакоў, камiны й печы - рэшткi былых тутэйшых будынкаў. Але, на тым рагу быў i ён, "знаёмы дом" - i там нiчога цяпер ня вiдаць. Скрозь - адна выгара...
Юрка стаяў, i здалося яму, што толькi ўжо й застаецца адно - стаяць тут, стаяць так, бо йсьцi ўжо - куды... Вось яно й абарвалася... Няўжо гэта Валiк так неспадзявана зрабiў зусiм наадварот? Не, ды гэта-ж - не з учарайшага каля камiноў нарасла ладная ўжо трава, вунь - каноплi хiстаюцца навет. Гэта тады яшчэ, як бушавала навала вайны тут, iмкнучы шалёна на ўсход, i зыходзiлiся, хапалiся ўзагрудкi дзьве сьценкi поламя - з захаду й з усходу. Ён ня бачыў гэтага йшчэ - вось як яно выглядае...
Памалу, маласлухмянымi нек раптам нагамi, сунуўся мёртваю вулiцай Юрка. Тут. Ад "знаёмага дому" - толькi пабяляныя калiсьцi, цяпер закураныя над дзiрамi вокнаў, сьценкi сутарэньня - драўляны верх, дзе жыла яна, пайшоў, значыцца, з дымам... "Пайшоў у расход" i "зялёны сад" - вунь толькi нiзка, ля самае зямлi, адпiлаваныя пянчукi - вiдаць, недагарэлыя, абвугленыя яблыны й iгрушы людзi папiлавалi сабе на дровы...
Юрка падыйшоў блiжэй да рэштак сутарэньня. Ага! Моцна затыхала сэрца. Яна ёсьць, ёсьць! "Эўрыка"! На пабеле - вугальлем, вялiкiмi, друкаванымi лiтарамi, крыху ўжо змытымi дажджом, з абцёкамi - напiс: "Галiчы й Рынейскiя - Падгайная 21-1". I Рынейскiя! Так, значыць ёсьць, i жывуць там, на Падгайнай - Юрка добра памятае гэную вулiцу - там-жа жыў хлопец зь iхнае клясы, Юшка Кiпець, на мянушку "Качка", дурнаваты крыху. Значыцца, дзесьцi там - а тут пакiнулi адрыс, як будзе шукаць хто, i вось яму, Юрку, прыдалося якраз. Гура, вiват, баржджэй туды!
Ён iмчаў пад нясьцiханае ад таго мамэнту тыханьне сэрца, якое цяпер, ад бягнi, як ня выскоквала з грудзей. Навет бачыў зусiм блага ад поту, што залiваў вочы. Дарогу знаходзiў больш наманы, самi ногi несьлi. Дый бачачы добра, пазнаць усё адразу было-б цяжкавата - гэтак зыначыла тут вайна родны горад. Траплялiся ўжо й сьляды сьвежыя, учарайшыя: вунь, на пагарэлiшчы, што яшчэ курыць, поркаюцца ўдваiх стары й старая - шукаюць, мусiць, нешта, чаго не ўхапiлi ўчора, пры раптоўнай такой навале, уратаваць. Вось i любая, родная школа - але-ж, Вiктар датрымаў абяцанку: руiны... Iх усё-ж вартуе нямецкi жаўнер - Юрка нек iнстынктыўна перайшоў на другi бок... Усе гэтыя абразкi, навет руiны любае школы, нек яшчэ не праймалi яго - у ваччу, у сьведамасьцi яны проста адзначалiся, толькi канстатавалiся, можа рэгiстравалiся. Бо баржджэй трэ было туды, туды!
I раптам, ужо зусiм недалёка, ён стаў iзноў, як уражаны пяруном: Падгайная - гэта-ж якраз ля могiлак. Ну, але, учарайшы ягоны раён. Што, калi? Не, не, не!
Юрка паймчаў iзноў подбегам. Перабягаючы праз вулiцу, ледзь ня ўскочыў у сьвежую "лейку" ад бомбы. Мусiць, свая. Ну, гэта добра - сярод дарогi, бязь нiякае шкоды, ён-жа й сыпаў больш так - i там не павiнна быць нiчога.
Падгайная з гэтага канца аказалася даўгою вулiцай з рэдкiмi дамамi. Нумары? Але, 21 - будзе пад той канец, далёка. Мамачка, якраз пад могiлкi... Юрка зноў спынiўся. Раптам як-бы ня стала зноў сiлаў рухацца далей. "Глупства, дурнiна", - падбадзёрваў нехта - розум? - Наперад, наперад, нiчога няма...
Але, нiчога й ня было. 21 - аказаўся якраз каля могiлак. Захавалiся толькi вароты - зялезная брама з гэтым, i то пакарэжаным, нумарам. Ад самога дому гэта была двупаверхавая камянiчка на панадворку - толькi кучы друзу, рэшткi сьценаў... Але-ж, ягоная собская работа - гэта сюды, сюды садзiў учора, як шалёны, хацеўшы вунь у тую, у царкву... Сам сабе зрабiў...
Каля руiнаў былi людзi, некаторыя нешта вазёкалiся ў iх i ля iх, падыходзiлi яшчэ. Юрка ня важыўся зблiзiцца. Пазнаюць яшчэ, што ён... Забойца... Той - раськiрэчаны Гадэнка - гэта што, няхай-бы, але тут, тут...
Зьняможаны, прыбiты ўшчэнт, ён мэханiчна падаўся пад могiлкi. Царква стаяла цалюсенькая. Тая царква, у якую гэтак учора цаляў, а пацэлiў... Крыж, здавалася, зiхацеў, мяняўся зноў - у праменьнi ранiшняга сонца яшчэ ўрачысьцей, як учора ў водблiску чорна-крывавых ягоных, Юркавых справаў... Юрка патрос на яго кулаком. Ступiў яшчэ колькi разоў i асеў на нейкую чорную надмагiльную плiту, адчуўшы аж праз вопратку ейны каменны холад.
X
Iзноў час мiнуў бязь меры й бяз думак, але й без забыцьця, адно ў ватупелым адранцьвеньнi. Юрка ўзьняў галаву толькi мэханiчна, як нехта, праходзячы паўз самога яго, аж зачапiў валасы сваёй шастучай вопраткай. Ён зiрнуў наўздагон гэнаму шастаньню - нейкая жанчына, уся ў чорным. Ну, i няхай сабе... Што - няхай сабе? Няхай сабе ў чорным. Увесь сьвет-жа яму, Юрку, цяпер у чорным. Завязаны сьвет...
Ён цяжка ўзьняўся з магiльнае плiты, на якой сядзеў - вельмi скурчыла, седзячы так нямаведама колькi часу, само сабой прасiлася выпрастацца. Зiрк ягоны ўпаў на напiс на плiце. "Хведар Паляжай". Ха, "Паляжай" - палёг ужо, палёг касьцьмi. Усе паляжам, кажуць людзi. Мо й лепш было-б ужо навет ляжаць гэткiм во Паляжаем, чым цяпер вось так... Лепш-бы душою быць на нейкiм "тым сьвеце", дзе ўжо яна - спаткацца хоць там, бо гэты сьвет - завязаны сьвет... Ха, iзноў "той сьвет", учарайшае "нешта ёсьць" - сьмех! Паляжай, Паляжаюхна, бедненькi, а мо так толькi, паляжаць прылёг, крышачку?
Улюблёная Юркам гульня словаў, нанiзваньне iх, выкручваньне з аднаго другога, здавалася, вяртала яго пакрысе да ягонага нармальнага, кплiва-гiранiчнага, але й бястурботнага настрою, шточасiны гатовага да востраслоўя, хоць сабе й пустота часам. Ён навет усьмiхнуўся сам сабе - як гэта з такога Паляжая розную дурнiну можна выкруцiць. I тут спасьцераглося, што сонца высака, травенскае сонца, i хораша так на дварэ, асаблiва гэтта, на магiльным гайку. Ды разам iз тым - iзноў i тут кiнулася ў вочы: вывернутая зямля, "лейка"... Iзноў ягоная ўчарайшая работа. Выкапаў ямiнку на могiлках магiлу? Каму? Мо сабе? Не, гэта-ж ёй, Веры...
Але, цi нейкi, часовы мо, паварот у настроi, цi гэтае сонца й травень, кiнулi раптам iзноў зыркую яснасьць. Чакай, чаму так канечна мусiла яна загiнуць? Магла-ж выскачыць, уратавацца, магла проста ня быць удому... Падумаў-жа ўжо быў там, на Слабодцы, што ўсяму канцы, ажно - гэты адрыс на сьцяне... не, i цяпер яшчэ ня ўсё страчана, ня ўся надзея - i як гэта ён так адразу: згледзеў руiны й рапусьцiў нюнi, што "сам сабе нарабiў"... Трэба-ж было ўпэўнiцца, пераканацца канчальна, i хiба ўжо тады...
Надзея, ажыўшы, адразу зьвярнула бадзёрасьць. Юрна засягаў назад, адкуль прыйшоў сюды, да таго No 21. Ён установiць, пераверыцца - пэўна-ж, ёсьць там людзi, поркаюцца яшчэ, трэба толькi распытацца...
Але людзей, як на гэта, якраз ужо й ня было. Як падмяло iх. Дый пэўна-ж нямаведама колькi праседзеў крукам на тэй магiле, на тым Паляжаю - ня век-жа стаяць людзям тым ды чакаць на Юрку. Заставалася яшчэ агледзець руiны блiжэй, як там, на Слабодцы, хоць тут, пэўна, i ня можа быць такое знахадкi... Дом не згарэў, але быў зруйнаваны дашчэнту - сюды ўгрукаў ён, вiдаць, цi адну выбуховую. Усё ў кучы - друзы, пакручаныя зелязякi ложкаў... Сям-там ужо крыху параскопвана, мо й вылавiлi што людзi, сваё цi чужое. Ды не, яшчэ зусiм нельга сказаць, што яна загiнула, пахаваная тут, у друзах. Толькi як цяпер даведацца? Суседзi? Побач курэла пагарэлiшча, i - нiкога... Насупраць - таксама сьвежае вялiзарнае папялiшча i наагул дамоў няма. Хiба там, далей вунь, здаецца, як-бы стаiць яшчэ цэлы дом...
Юрка падаўся ўжо ўнiз па Падгайнай у тым кiрунку. Але тут, з-за наступнае павароткi, за квартал, выйшаў, iдучы на яго, нейкi чалавечак iз хлопчыкам за руку. У хлопчыка ў другой руцэ - сьцяжок. Чалавечак у сiнiм гарнiтуры, у сiнiм-жа капялюшы, дзiвацкiм нейкiм, абведзеным шэрым пакручастым шнурком, зь нейкiм выгнутым пяром адзадзя. I хада сьмяхотная, урозваль, як качка. Але, качка - гэта-ж i есьць ён, "Качка" на мянушку - той Юркаў школьны сябрук Юшка Кiпець, ён-жа й раней жыў на гэтай Падгайнай, па той бок могiлак. Юрка ўспомнiў-жа быў на яго ўжо сяньня, а тады нек забыўся. Ну але, ён, i тая-ж знаёмая хада, i звычай да дзiвацкага выгляду - усе заўсёды мелi яго за дурнаватага. Але цяпер Юрка ўзрадаваўся гэтай "Качцы", як нейкаму свайму роднаму, даўно нябачанаму, можа навет ужо самому таму, каго й шукаў якраз. А пэўна-ж, ён-жа павiнен ведаць i гэта - на аднэй-жа вулiцы, цi хоць паможа баржджэй даведацца. I Юрка шпарка пайшоў напярэймы.
- Чалавек iзь цябе, - угаворваў нешта "Качка" малому, якi быў зусiм, што называецца, "скуксiўшыся".
- I зь цябе-ж чалавечына! - гукнуў яму, падыходзячы, Юрка. Той прыстояў, глянуў сваймi бескаляровымi нейкiмi вачыма, разьзявiўся, i Юрка мусiў усьмiхнуцца мiжволi, успомнiўшы яшчэ й гэтую ягоную сьмяхотную звычку.
- Галушка-а? Юрка? Ты гэта цi ня ты? - усьцешыўся быццам-бы й Качка.
- Таксама, як гэта - ты...
- А братачка, дай-жа пацалуемся, цi што... Гэтак даўно цябе ня бачыў, - i яны шчыра тройчы перацалавалiся.
- Дзе-ж ты цяпер, адкуль? - iзноў загаманiў "Качка", зрэшты, тут-жа ня даўшы сябру адказаць, iз чаго той быў вельмi здаволены, не гатовы адразу адказваць на гэткiя пытаньнi. - Ну, i добра, тут страх як патрэбныя людзi, наскiя людзi, разгортваем такое - такое, што й ня сьнiлася раней. - I ён змоўк, аглядаючы Юрку, як i той яго, далучыўшы ўжо да дзiвацкiх падрабязнасьцяў "Качкавага" ўбраньня сiнi "мятлiк" пад каўнерыкам, як насiў калiсьцi адзiн зь iхных настаўнiкаў, чалавек старамодны, i маленькi пярэсты нейкi "мятлiчак" на штрыфлi марынаркi. Той малы, што трымаўся ўсё за "качкаву" руку, таксама разглядаў Юрку, уторкнуўшы тымчасам у губу палачку свайго сьцяжка, чырвонага, зь белым кругам пасярэдзiне, у якiм - чорная свастыка. Юрку аж крыху здрыганула ад гэтых фашыстаўскiх эмблемаў, як сяньня ранiцой, калi пабачыў быў упяршыню нямецкага жаўнера на варце ля руiнаў iхнае школы усё няпрывычка яшчэ...
- Куды ўвабраў у рот, усякае... - засварыўся "Качка" на малога, зацяўшыся, аднак, перад дакладнейшым азначэньнем да "ўсякага" i дадаўшы толькi: Смактун! Бягай сам дадому, скажы маме - зараз iду. - Малы пабег. - Вадзiў глядзець на дэманстрацыю, - растлумачыў "Качка", i Юрка ўспомнiў, што й на гэтым-жа баку таксама ўрачыста абходзiцца травенскае сьвята. - Га, ты-ж ня ведаеш яшчэ - узяў сабе жонку, праўда, з гэтым во "пасагам". Ды дармо, хоць не свае, а ўсё-ж даваеннае вытворчасьцi. Дурнаваты яшчэ малы.
"Цiкава, цi паразумнеў-жа большы?" - мiжволi падумалася Юрку, але ўголас ён, як i трэ было, як умеў i мог, ветла й вясёла сказаў:
- Дык-жа вiншую шчыра з такой падзеяй.
- Можна, - згадзiўся "Качка", - баба ёмкая, добрая, слаўная баба... А ты як - "ледзiх"? - спытаўся ён нейкiм незразумелым Юрку, пэўна, нямецкiм словам, ды адразу зарагатаў: - А памятаеш, як усе, цэлая кляса, былi ўкляпаўшыся ў гэтую Верку? Ну, i я, пэўна-ж... Але вы ўтрох - дык найбольш, - i тут-жа спахмурнеў: - Бедная! Ты-ж учора ня быў? Вунь што нарабiлi, свалачуны! - казаў ён, паказваючы на руiны й папялiшчы вакол. - Вера-ж жыла цяпер iз маткаю тут, вунь гэнам. Толькi выскачылi з дому, а ён якраз туды пачаў клеiць, i цi адну ўзапар... Дык усiх - на кавалкi... Сягоньня рана зьбiралi, складалi... Заўтра хавацьмем усе ахвяры разам...
Як ён гаварыў, усё зноў, толькi цяпер ужо нек пакрысе, паступова абрывалася ў Юрку. I ня верылася яшчэ, бо не хацелася верыць пасьля кагадзешнiх такiх надзеяў, i балюча-ясна было: усе яны канчальна цяпер страчаныя. Можна, пэўна, паглядзець на складзеную з кавалкаў? Не, лепш ня трэба, нi сяньня, нi заўтра, на пахаваньнi...
- Так, браце, - сумна цягнуў "Качка", спасьцярогшы, пэўна, Юркаў стан, хоць i без таго, ведама, каб праняцца ўсёй глыбiнёй ягонага болю, а расцэньваючы пасвойму, - разумею. Ну, я вылячыўся ад таго, дый мне шкада вучылiся-ж разам. Ды цi адную яе - колькi людзей накрышылi, гады! Жартачкi самалётаў iз трыццаць, як машкара, на гэткi то горад...
"Значыцца, кажны з нас у iхным сполаху ў дзесяць вырас", - невясёла думалася Юрку. Зрэшты, ён, Юрка, - ня толькi за дзесяць - за сто, за тысячу нарабiў адзiн, бо - такое-ж, зусiм непапраўнае... За тысячу "гадаў", "свалачуноў"...
"Качка" маўчаў, а за часiну станоўка заявiў:
- Ну, пайду, бывай здароў. Як адыйдзеш ад гэтага, заходзься як падвечар, пагаворым. Ведаеш-жа, дзе - там, дзе й жыў, - i "Качка" паказаў яшчэ рукой у тым кiрунку. Але Юрку здалося цяпер найстрашнейшым застацца зноў самому аднаму. Ён узяў Юшкаву руку, пададзеную на разьвiтаньне, i затрымаў яе. У яго зьявiлася раптам думка пашукаць хоць якога, на часiнку, адхланьня.
- Цi няма тут, каб дзе выпiць?
- Уга, чаму не, гэтага цяпер у нас усюды, - ажывiўся тут i "Качка". Вось, якраз недалёка, за рогам кнайпа.
Iзноў было незразумелае слова, але лёгка можна было здагадацца - пэўна-ж, карчма.
- Дык можа пайшлi-б разам? Адзначым нашае спатканьне i твой "законны" цi незаконны, ня ведаю, як там у вас, - запрапанаваў Юрка, спрабуючы жартаваць сваiм звычаем, ды цяпер навет у голасе была адна нацягнутасьць i штучнасьць..
- I за Верачкiнае душачкi вечны супакой... Дый сьвята якраз - шмат прычынаў складаецца, дык хiба - можна! - згадзiўся Юшка. Ён зусiм не спасьцярог дурное нетактоўнасьцi таго свайго ўспамiнаньня пра Веру, а Юрку гэта адразу абурыла так, што ён ледзь не размахнуўся ўжо, каб згарачага "качануць" гэтую, плюгавую яму раптам, "Качку". Якое ён мае права кпiць iз гэтага так, якое меў i мае права наагул да Яе - да Веры - кранацца сваiм дурным, "каччыным" тупаслоўем? Але-ж сам ён, Юрка, цi ня меншае яшчэ права мае цяпер? Забойца... I, ня ўзьняўшыся, мусiла апусьцiцца рука, хоць жаданьне даць усё-ж "у мызу" гэтаму iдыёту, проста так, залегла нейдзе ў глыбi.
Як праходзiлi паўз могiлкi, Юшка зноў загаманiў.
- А на могiлкi колькi ўсадзiлi - i чаго? Нябожчыкам ужо быту не даюць, ня тое, каб жывым. I ведаеш, якая здарылася праява? Памятаеш-жа, атруцiўся калiсьцi наш хэмiк, а мы злажылiся й паставiлi яму на магiлцы помнiк iз чырвонаю зоркаю? Дык бомба якраз акуратненька адбiла да лiха гэную зорку. Значыцца, вось якi знак! Праява, цуд, Божы цуд!
"Цаляў у крыжык, а лучыў у савецкую зорку - таксама знак?" - I Юрку прыкра прыгадалася ягонае ўчарайшае дарэмнае паляваньне на "крыжык", i як нядобра зрабiлася раптам тады...
- А ты што, верыш у цуды? - спытаўся ён, успомнiўшы, што ў школе-ж гэты "Качка" быў "упаўнаважаным" "Бязбожнiка". Праўда, што ўся ягоная "работа" палягала вылучна бадай на зьбiраньнi сяброўскiх складак...
- А як-жа, што ты, увяраю. Мае бацькi заўсёды былi "рэгiлiёзныя"...
"Скончыў дзесяцiгодку, а й такога слова правiльна ня вымавiць", мiльганула ў Юркi.
- ...i мяне, хоць крыючыся, а так гадавалi. Дый, падумаўшы-ткi, нешта ёсьць...
"Нешта ёсьць", - прыгадалася зноў учарайшае Юрку.
- Нешта й тут знойдзем, ня можа быць, - ня даў далей думаць "Качка", адчыняючы дзьверы ў нейкi цёмны калiдорчык. - Форзыхт, прыступкi! Налева!
Яны ўвайшлi ў поўную людзей, дыму, чаду й п'яное гаманы "кнайпу".
XI
Юрка адразу выпiў адным духам поўную шклянку нейкае, мусiць, самагонкi, даволi-ткi гадкае на смак. "Качка", хоць i дужа хвалiў яе перад гэтым i, вiдаць, вельмi хацеў дараўнавацца ў выпiвацкiм гэройсьцьве Юрку, адужаў усяго ледзь палавiну. Закусiлi кiслай капустай, ужо, праўда, вельмi смачной, як умеюць яе квасiць хiба што толькi ў нас у Беларусi.
Гарэлка анi не ўзяла Юрку, i ён моўчкi, панура разглядаўся па "кнайпе" i ейных гасьцёх, хоць за густым, ядучым дымам разнастайнага тытуну ваеннае прадукцыi й цяжка было каго цi што разгледзець. Паўтарылi яшчэ. "Качка", падплятаючы ўжо крыху языком, пачаў "раскрываць сваю душу" перад Юркам. Цяпер ён канчальна стаецца вынаходнiкам - ягонае, яшчэ школьнае лятуценьне, хоць якраз фiзыка давалася яму ў школе туга, i як сьлед "вынаходнiк", пэўна, i цяпер яе ня ведаў ды ня мог-бы даць рады з прасьценькiм разьлiкам. Ды дармо у яго ўжо разьлiчаны й зусiм распрацаваны такi вынахад, такi вынахад... Поўны пераварот у сьвеце, а найперш - у гэтай вайне. Борздая перамога новай Эўропы над бальшавiзмам, над плютакратамi, а адкуль? Зь Беларусi, якая тым самым заваюе сабе першае месца ў гэтай новай Эўропе. А патэнт у каго? У Беларусi, у Юшкi Кiпця ў руках. "У кiпцях", - панура мiльганула ў Юркi, баржджэй ад прывычкi да гульнi словаў, i ён таксама паглядзеў на "Качкавы" кiпцi з густой чорна-сiняй "жалобай" пад iмi... Але-ж, жалоба - гэта ў яго, у Юркi, запраўдная жалоба, чорна-чорная...
А "вынаходнiк" хвалiўся далей, што пачаў ужо будаваць мадэль свайго нязвычайнага вынахаду. Праўда, тугавата з гэтым - вайна, правiнцыя, няма патрэбных частак, матар'ялаў, майстроў... Юрка слухаў яго зусiм бязуважна, горка думаючы пра тую сваю жалобу, i "Качка" мусiў нагнуцца да яго блiзенька, узяць за штрыфлi марынаркi й адкрыць яму ўжо сакрэт, калi таму так ужо цiкава, хоць цiкавасьць гэтая анiчым яшчэ ня выявiлася, а баржджэй наадварот, пачынала паказвацца абрыджонасьць. I Юрка моўчкi, але станоўка, адчапiў Юшкавы пальцы-кiпцi ад сваiх штрыфляў. Ну, калi Юрка ўжо так хоча, дык яму скажацца: гэта мае быць - груба кажучы, толькi груба, як ляiку - вялiзарны магнэс, якi мамэнтальна прыцягвае да сябе, ськiдае далоў на зямлю самалёты. Га, што за штучка? Адразу перамога на тым баку, якi будзе мець гэткую машыну: ворагавая авiяцыя спаралiжаваная, свая дзеiць бесьперашкодна, i ўсё ў шапцы. А тады Юшка возьмецца за другi, яшчэ большы вынахад, якi ў iдэi ў яго зусiм гатовы й прынясе шчасьце ўжо цэламу, чалавецтву, ды зноў-жа - з рук Беларусi, зь ягоных, Юшкавых рук... Гэта няпраўда, што вечны рухавiк - "пэрпэтуй мабiль", сказаў "Качка" - немагчымы. Ён давёў адваротнае, усё выходзiць... А тады ого, тады! Тады Юшку даецца ўся ўлада ў рукi - ну, значыцца, пiшацца паперка, што ўся ўлада - Юшку, i ён уладжвае ўсё пасвойму. Трэба мець толькi ўладу, ну, паперку, i ўся маса пойдзе за табою. Калi адразу й ня надта захоча йсьцi можна крышку й падашукаць, як бальшавiкi ў сямнаццатым годзе...
Юрка ўсёроўна ня слухаў, i "Качка" крыху перасьцiх. Але неўзабаве, выснаваўшы, мабыць, iз свайго разумаваньня над прычынаю Юркавае бязуважнасьцi да такiх цiкавых пытаньняў, ён выпалiў:
- Начхнi ты на гэтую Верку, браце. I яна зусiм спэцкалася была апошнiм часам, iз палiцыянтамi круцiць пачала, i гэта не з адным, а з двума адразу...
- Вера? - пракруцiў ацяжэлым, яму здавалася - толькi цяпер, языком Юрка. У яго зноў уздымалася аднекуль iз глыбi залеглае там яшчэ раней жаданьне таксама цяжка аплявушыць гэтага болбатня.
- Ну але. Вунь, адзiн зь iх цi не сядзiць у тэй кумпанii, - "Качка" паказаў галавой у кут. Юрка зiрнуў туды. Там сядзелi й гаманiлi ўсе адразу, мусiць, добра ўжо пацягнуўшы, нейкiя маладыя хлапцы ў чорнай, вайсковага тыпу ўнiформе. "Дык гэта такiя ў iх палiцыянты, - падумалася Юрку, - добра ведаць!" - хоць ён i ня мог-бы вытлумачыць, чаму гэта яму "добра ведаць". I раптам Юрка прыцягнуў ужо "Качку" за штрыфлi, як той Юрку перад тым, толькi мацней, i пачаў, i сам ня ведаючы наперад, што скажа й што так - i перад кiм? прагаворыцца:
- А ты... ведаеш, адкуль я й чаго?
- Ну-у? - аж спалохаўся i, так i застаўшыся разьзяўленым, працягнуў "Качка". Ён успомнiў, што праўда, пытаўся аб гэтым Юрку, але цi не дачакаўся адказу, цi забыўся...
I Юрка, ня зусiм гладка ўжо i зь перапынкамi, зь пераскокамi, проста ў Юшкаву разьзяўленую губу - як-бы той мусiў слухаць i чуць ёй, а ня вушыма, вылажыў усю праўду аб сваiх учарайшых i сяньняшнiх прыгодах.
- Iдзi ты! - толькi працягнуў, усё яшчэ ня верачы, "Качка".
- То-ж бо й то, што няма цяпер, зусiм няма куды йсьцi, - працадзiў Юрка й змоўк. Абодва нейкi час маўчалi. "Качка", вiдаць, стараўся ператравiць такую неспадзяваную й адразу неверагодную, а разам iз тым - чаму не праўдападобную? - Юркаву гiсторыю.
- Дык кажаш, iз парашутам - дальбог? - працягнуў ён нарэшце. Юрка толькi моўчкi i ўжо зусiм пап'яному целяпнуў галавой. Iзноў маўчалi. Тады "Качка" раптам пачаў ёрзаць на сваiм месцы, а далей устаў i ўзяўся за капяляюш.
- Дык я... тут зараз... нешта капуста пушыць. Ты пачакай гэтта, - ён панёс капялюш да галавы, але, не данёсшы - вiдаць, раздумаўшыся, апусьцiў i паклаў на свой услон. - Хай гэта тут... будзе занята, як хто - скажаш: "Бэзэц!" Я вомiрг! - Юрка зноў целяпнуў галавой, i "Качка", з павялiчанай яшчэ больш цяпер амплiтудай свае валюхатае хады, паплыў да выйсьця, манэўруючы мiж п'янымi й яшчэ цьвярозымi.
Юрка выпiў яшчэ шклянку, i цi ад яе, цi ад рэзкае кiсьлiнi закускi капустаю - пачаў нёк iзноў цьвярозець. Чорт пацягнуў яго за язык перад гэтым боўдзiлам! "Пайшоў даносiць, няйначай, - мiльганула ў яго. - Зараз прывядзе гэтых палiцаяў цi так як... Мо заробiць што для свайго магнэсавага "пэрпэтуя". - Ну, i няхай, - iзноў апанавала бязуважнасьць, - няхай бяруць, калi так. Пачакаем!" - I ён выпрастаўся на сваiм месцы, ськiраваўшы пагляд туды, куды адплыў "Качка". Але рука ўсё-ж сьцiснула, i моцна, дармо, што п'яны рэвальвэр у кiшэнi.
"...А Вера, кажа, з палiцыянтамi... "Па руках пайшла"... Значыцца, запраўды дрэнь, i цi варта"... - цяжка варочалiся думкi. Але тут-жа абураўся сам на сябе за такое думаньне: "Як важышся так, забойца?!" I няхай-бы сабе была, хоць-бы сабе й з палiцыянтамi гуляла, няхай... А цяпер якраз-бы ён, Юрка, шась - i, пэўна, яна тых палiцыянтаў - вон, па баку, адстаўка! Пэўна-ж, ён - лепшы... "Лепшы" - забойца...
Дзе-ж той "пэрпэтуй", чаму ня йдзе, не вядзе?
Нiхто ня йшоў. А мо надарма ўся гэтая трывога? Можа той - проста... Казаў-жа - "капуста пушыць"... Ну, i няхай...
Юрка зноў нахiнуўся над сталом, узлокцiўшы цяжкую такую цяпер галаву. Здаецца, пачынала "развозiць", цягнуць на сон...
XII
- Выбачайце!..
Што, ужо прыйшлi, прывёў? Няслухмяная рука не трапляла адразу ў кiшаню па рэвальвэр. Дый навошта? Няхай... Юрка пакiнуў гэтыя дарэмныя намаганьнi. Дый сьмех - аказалася толькi жанчына, маладая, прыгожая жанчына, уся ў чорным. Уся ў чорным?
- Гэтае месца занятае?
- Занятае... - Юрка намагаўся ўспомнiць тое нейкае, нямецкае пэўна, слова, якое сказаў быў тады "Качка", думаючы, што мусiць яго канечна трэба цяпер дадаць.
- Ну але, я бачу - капялюш. Але - гэта? - яна паказала на трэйцi, вольны ўслон пры тым самым столiку, справа ад Юркi.
- Гэта? Здаецца, не.
Жанчына села, шаснуўшы спаднiцаю. Юрка агледзеў яе. Чорныя вочы, чорныя валасы, бездакорна правiльныя рысы маладога жаноцкага, напэўна, не дзявоцкага ўжо твару. Вусны падмаляваныя зьлёгку, мала знаць, таксама й бровы. У вопратцы - чорнай (дзе гэта бачыў такую, i сяньня?) - поўная строгасьць. Толькi чаго ёй тут, у гэтай кнайпе? Хiба-ж ня з гэтых... з прастытутак. Тыя-ж павiнны быць размаляваныя, разьвязныя, паўголыя... А тут-жа яны могуць, павiнны навет быць. Што-ж, можа "незнаёмка" - з таго вершу, што так любiць чытаць Валiк, як троху чарку возьме (i Юрка любiць вершы, ды толькi непамкi заўсёды, чые яны забываецца). Якраз там нешта пра чорны шоўк, якi шастае. I дзе ён чуў гэтае шастаньне?
- Дазвольце аганьку? - зьвярнулася "незнаёмка".
Ну, калi курыць - дык напэўна ўжо з "гэтых", яны-ж, кажуць, усе кураць. А вонкавасьць, строгасьць - часам знарок на сябе напушчаюць, каб прынадзiць лягчэй, Юрка чытаў нейдзе гэтак. Але ён, усё-ж, як мог, пакавалерску дастаў з кiшанi сярнiчкi, не даючы прыкурыць ад ягонае папяросы, што, праўда, да таго-ж i згасла ўжо няма ведама, калi. Жанчына закурыла й кiўнула галавой, дзякуючы.
Мабыць, ад суседзтва "незнаёмкi" за адным сталом хмель iзноў пачаў бiць у галаву Юрку. Суседка выдавалася што раз больш павабнай i прыгожай. Навет тое, што яна курыць, было ёй нек асаблiва да твару, прыгожа й асаблiва ўзбуджала. I Юрка зусiм бясцырымонна ўзорыўся ў гэтую "незнаёмку", як-бы хацеў яе выпiць вачыма, яшчэ больш ахмялiцца ёю. Але тая на яго, як быццам-бы, анi зважала, прымружанымi крыху вачыма пiльна выглядаючы некага сярод кнайпавае публiкi. Каго яна шукае?
Ды раптам чорная "незнаёмка" павярнулася да Юркi i з павабнай цi завабнай усьмешкай, гледзячы проста ў вочы, сказала:
- Дык гэта вы - той парашутысты? Ня бойцеся, я - так званая (яна прыцiснула на гэтым слове) жонка гаспадара гэнага дзiвацкага капялюша, - яна кiўнула на "Качкаву" аздобу на ўслоне.
Юрка адразу нек нiчога не зразумеў. Жанчына моцна зацягнулася папяросай i, нахiнуўшыся да Юркi блiжэй, не зьмяняючы тае-ж усьмешкi, але цяпер паўшэптам, нейкiм пасьпешным i, здавалася, гарачым, пачала яму тлумачыць. Ён мала разумеў i цяпер, больш любуючыся, як разам iз словамi выскокваў у яе дым, то гусьцейшы, то зусiм далiкатна-сiвенькi, i так доўга, як-бы гэта не ад папяросы, а загарэлася ў яе што ўнутры, i адтуль - i гэты дым, i гарачы такi шэпт. Юрка ня бачыў яшчэ нiколi, каб гэтак курылi жанчыны, ды яшчэ - маладыя, такiя прыгожыя. I ён куды больш глядзеў на гэткую дымную вопратку словаў, як услухваўся i ўдумваўся ў iхны сэнс.