Уместовский Франтишек
Не мужыцкi розум (на белорусском языке)
Дзядзька Пранук
(сапр. Францiшак Умястоўскi)
Не мужыцкi розум
I
Служыў я тады за лоўчага ў маёнтках графа Ц-а. Маёнткi былi пекныя, лесу шмат; у лесе дзiкага звера не раз спаткаць было можна, а цецерукоў i глушцоў гэтулькi было, што хоць вазамi вязi. Цяпер лясы пацерабiлi крыху; мядзведзi i ваўкi, спужаўшыся стуку сякер i гоману людзей, паўцякалi ў глыб пушчы i толькi зiмою, як голад прыцiсне, выходзяць iзноў на лясныя дарогi. Глушцы толькi не вывелiся.
Тады толькi што прыехаў з Пецярбурга служыць у наш кут нейкi пан Шмiд, чалавек яшчэ малады. Усё жыцце прагуляўшы ў горадзе, ён саўсiм не знаў вёскi i бадай першы раз на сваiм вяку ўбачыў мужыка толькi тады, як прыйшлося з iм мець дзела па службе.
Вось гэты самы Шмiд дазнаўся, што ў нас вельмi шмат глушцоў, дый захацелася яму хоць раз у жыццi папаляваць на iх. Заехаў з гэтым да мяне. Не хацеў я везцi яго ў лес, бо шкадаваў рэдкай цяпер птушкi, але нiчога не зробiш: адмовiцца не было як. "Згiнь, прападзi", - падумаў я i прыказаў запрэгчы лiнейку, сказаўшы леснiкам, каб чакалi нас у Мядзведзь-лесе, дзе быў найлепшы ток глушцоў. Да Мядзведзь-лесу трэба было ехаць вярстоў восем з гакам, - насамперш грэбляю да Нёмана, а там ляснымi дарожкамi ў глыб лесу, дзе былi пабудаваны будкi для стральцоў.
Ужо пачынала вечарэць, пакуль мы даехалi да Мядзведзь-лесу. Пры стралецкай будцы гарэў агонь, i двух леснiкоў, чакаючы нас, сушылi мокрыя анучы. Адпачываць не было часу. Пакуль ноч не абняла зямлi, трэба было iсцi засачваць глушцоў.
Вярнуўшыся з лесу, прымасцiлiся мы пры агнi i, абагрэўшыся, узялiся за вячэру.
Весела сядзець i глядзець, як высока, высока падымаюцца чырвоныя языкi пламянёў, а залатыя iскры, быццам грамада зорак, завiснуць над галавою, хвiлiну хiстаюцца, быццам не зналi, куды ляцець, - то ўнiз падуць, то iзноў узляцяць угару, ажно пагаснуць у цямнiцы ночы. А кругом цiха. Толькi вецер часам прабяжыць па лесе, зашумiць веткамi дзярэў, - i адазвецца лес яму; то пугач пякельным плачам разальецца па пушчы, - i зноў усё цiха; толькi трашчаць галавешкi, i закiпеўшая вада булькае ў саганчыку...
Выпiўшы гарэлкi i закусiўшы, мой няпрошаны госць крэхнуў, пагладзiў бруха i ўздыхнуў.
- Вось, дзякаваць богу, i пад'еў. Трэба спаць iсцi. Юзiк! - клiкнуў ён леснiка. - Дык, кажаш, глушэц - хiтрая птушка?
- О, панок, хай бог баронiць, якая хiтрая! - адказаў Юзiк. - Iншы раз скачаш, скачаш да яе, - вось, здаецца, яшчэ крыху i страляць можна, - дык якраз пачуе згубу сваю. Замоўкне i нi-нi!
- Iш, якая?!
- Але! I паляцiць - уздымецца i паляцiць!
- То, як бачу, не мужыцкi розум яна мае?! - сказаў Шмiд i зарагатаў з свайго жарту.
- Хто яе знае, хто яе знае, дужа хiтрая птушка! - залапатаў Юзiк, з-пад iлба паглядаючы на яго.
Я ўбачыў гэты погляд Юзiка. Ну, думаю, задасць госцю! Знаў я добра Юзiка i ведаў, што не даруе ён гэтага жарту. На тое ж i выйшла.
II
Назаўтра, яшчэ ноч вiсела над лесам i зоркi памiж дзярэў мiргалi залатымi вачамi, мы былi ўжо на нагах. Пакуль сабралiся, ужо пачынаў бразджаць дзень. Шмiд з Юзiкам пайшлi ў адну старану, я з Петруком - у другую.
Пан сапеў, як кацёл, бурчаў нешта над носам i лаяўся, патыкаючыся ў цемнаце аб пнi i вываратнi. Але вось ужо i бор, а далей балотца, парослае беразняком: там спяць глушцы, пакуль свет дня не разбудзiў iх. Выбраўшы сухое месца, нашы паляўнiкi затрымалiся, чакаючы рассвету.
- Ну, глядзi, Юзiк, каб без глушца не варочацца, а то сорамна будзе.
- Ды не, паночку, куды ж ён дзенецца? Павiнен быць. А пан знае, як скакаць пад яго?
- Не, пад глушца не скакаў нiколi.
- Не?! То, паночку, ужо слухайце мяне. Як пачну скакаць, дык скачыце i вы; а як стану, дык стойце i анi-нi, бо пачуе i ўцячэ.
- Ну, добра! Каб толькi быў глушэц, глядзi!
- Павiнен быць... Але, цыц! - шапнуў Юзiк, наслухваючы. - Пяе!
У лесе тым часам развiднелася. Зоркi пагаслi, неба пабялела; густы туман павiснуў над балотам i атулiў яго з усiх старон. Здалёку здалося б, што шырокае мора без канца, без меры выйшла з берагоў i залiло беразняк. I цiха было ў iм, толькi здалёка-здалёка ляцела песня глушца.
- Чуйце, паночку, якi пявун: так i дае, так i дае песню за песняй! Iш, лiха яго! Ну, цяпер будзем скакаць, - шаптаў Юзiк i, узяўшы Шмiда за руку, пацягнуў яго за сабою. - Ну! - камандуе Юзiк у такт песнi i, праскочыўшы два-тры шагi, замiрае на месцы, быццам каменная фiгура.
Шмiд скача i затрымоўваецца па камандзе Юзiка, прэ праз купiнкi i вываратнi, па каленi лезе ў гразь; вылупiў вочы, бруха трасецца. Але слухае каманду: пават сапець перастаў. Доўга так скакалi яны. Ужо глушэц недалечка. Шагоў сорак праскачыўшы i страляць можна. А ўсё дае песню за песняй.
- Ну! - скамандаваў Юзiк i скокнуў далей.
Шмiд за iм. Але тут Юзiк неяк зачапiў яго, ён ступiў на сук, спатыкнуўся i бух у балота, аж вада брызнула ва ўсе бакi ды гул пайшоў па лесе.
- Iш, чорт! - вылаяўся Шмiд. - Дай руку, Юзiк, памагi ўстаць.
- Цыц! паночку, бо ўцячэ!
Шмiд замоўк, але караскаецца ў балоце, сiлячыся падняцца.
- Ляжыце, паночку, цiха, бо ўцячэ, - шапнуў iзноў Юзiк ды рукой прыцiснуў Шмiда к зямлi, каб не варушыўся. - Як запяе, тады падыму.
Прыцiх Шмiд, ляжыць цiхусенька, чакаючы, пакуль глушэц запяе iзноў. Але песня прыстала. Глушэц, не iначай, пачуў людзей i замоўк. Прайшла хвiлiна, другая, - пяць, дзесяць хвiлiн... песнi няма. Шмiду цi надаела бадзяцца ў балоце, цi можа прыстаў ляжаць на гэткай пярыне, толькi iзноў пачаў варушыцца. Юзiк угледзеў гэта, маўчыць, ды што той парухаецца, ён глыбей яго сваёй лапай у балота ўцiсне. Мацаваўся, мацаваўся Шмiд, - куды ж там, няма ратунку. Рука Юзiка, быццам стопудовы камень, лягла на iм. Але не кажа нiчога: баiцца спужаць глушца. У канцы не вытрымаў.
- Юзiчак, залаценькi, пусцi! - пачаў ён прасiць. А той сваё:
- Не важцеся, паночку, далiбог, уцячэ! - ды цiсне Шмiда ў балота. Тут ужо той зазлаваў:
- Юзiк, пусцi, кепска будзе! Што, не пусцiш?! - гаркануў ён на ўвесь беразняк. - Не пусцiш, гад?!.
- Ай, панок! - залямантаваў Юзiк, падымаючы Шмiда. - Вось i ўцёк, i ўцёк... глядзiце!
Шмiд дурнымi вачыма глянуў туды, куды паказваў Юзiк. Глушэц, зняўшыся з ялiны, распусцiў скрыдлы, махнуў i прапаў у туманах балота.
Увесь у гразi i мокрым вярнуўся Шмiд да будкi з пустымi рукамi.
- Ну, што, не пашэнцiла? - запытаўся я ў яго.
- Нет, чорт! Хiтрая пцiца не падпусцiла! - адказаў ён сярдзiта.
- Не жарт, якая хiтрая: яна не мужыцкi розум мае, - пацвердзiў Юзiк.
Мой госць сярдзiта глянуў на яго i адвярнуўся. А Юзiк так i залiваўся цiхiм смехам, затыкаючы шапкаю губы.
1908 г.