Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Уэллс Герберт Джордж / Чалавек-невiдзiмка (на белорусском языке) - Чтение (стр. 6)
Автор: Уэллс Герберт Джордж
Жанр:

 

 


      - Вы, як бачна, схiльны да такiх успышак?
      - Так.
      Кемп прайшоў цераз пакой i падабраў асколкi разбiтага шкла.
      - Усе факты пра вас сталi вядомымi, - сказаў ён, выпростваючыся. - Усё, што здарылася ў Айпiнгу i ўнiзе, у шынку. Свет даведаўся пра свайго нябачнага грамадзянiна. Але нiхто не ведае, што вы тут.
      Невiдзiмка вылаяўся.
      - Тайна раскрыта, - працягваў Кемп. - Гэта ж была тайна, я мяркую? Не ведаю, што вы думаеце рабiць, але, зразумела, я гатовы дапамагчы вам.
      Невiдзiмка сеў на ложак.
      - Наверсе пададзена снеданне, - паведамiў Кемп, стараючыся гаварыць натуральным тонам, i з задавальненнем убачыў, што яго дзiўны госць ахвотна падняўся пры гэтых словах. Кемп павёў яго па вузкай лесвiцы наверх.
      - Перш чым мы з вамi што-небудзь распачнём, - сказаў Кемп, - я хацеў бы даведацца больш падрабязна, як жа гэта вы сталi нябачны. - I, кiнуўшы iмгненны насцярожаны позiрк у акно, Кемп усеўся з выглядам чалавека, якога чакае доўгая i грунтоўная размова. У яго зноў прамiльгнула думка, што ўся гэтая гiсторыя - бязглуздзiца, трызненне вар'ята, але думка гэта адразу ж знiкла, калi ён зiрнуў цераз стол на Грыфiна: безгаловы, бязрукi халат сядзеў за снеданнем i выцiраў нябачныя губы сурвэткай, якая цудам трымалася ў паветры.
      - Гэта вельмi проста i зусiм праўдападобна, - сказаў Грыфiн, адклаўшы ў бок сурвэтку.
      - Для вас, вядома, але... - Кемп засмяяўся.
      - Ну так, i мне гэта, вядома, спачатку здавалася чарадзействам, але цяпер... Божа лiтасцiвы! Нас чакаюць вялiкiя справы! Упершыню гэта iдэя ўзнiкла ў мяне ў Чэзiлстоў.
      - У Чэзiлстоў?
      - Я пераехаў туды з Лондана. Вы ведаеце, я ж кiнуў медыцыну i заняўся фiзiкай. Не ведалi? Ну, дык вось: я заняўся фiзiкай. Мяне захапiла праблема святла.
      - А-а!..
      - Аптычная непранiкальнасць! Усё гэтае пытанне - суцэльная сетка загадак, скрозь яе вельмi цьмяна прасвечвае няўлоўнае рашэнне. А мне тады было ўсяго дваццаць два гады, i я быў энтузiяст, вось я i сказаў сабе: "Гэтаму пытанню я прысвячаю ўсё сваё жыццё. Тут ёсць над чым папрацаваць". Вы ж ведаеце, якiм бываеш дурнем у дваццаць два гады.
      - Яшчэ невядома, цi не дурней мы цяпер, - сказаў Кемп.
      - Як быццам веды могуць задаволiць чалавека! Але я ўзяўся за работу i працаваў як катаржны. Мiнула паўгода ўзмоцненай працы i роздуму - i вось скрозь туманную заслону блiснула асляпляльнае святло! Я знайшоў агульны закон пiгментаў i праламленняў святла - формулу, геаметрычны выраз, якi ўключае чатыры вымярэннi. Дурнi, звычайныя людзi, нават звычайныя матэматыкi i не здагадваюцца, якое значэнне мае для тых, хто вывучае малекулярную фiзiку, якi-небудзь агульны выраз. У кнiгах - кнiгах, якiя ўкраў гэты валацуга, - ёсць цуды, магiчныя лiчбы! Але гэта не быў яшчэ метад, гэта была iдэя, якая магла навесцi на метад. А пры дапамозе гэтага метада выявiлася б магчымасць, не змяняючы ўласцiвасцi матэрыi, - за выключэннем колеру ў некаторых выпадках, - практычна звесцi каэфiцыент праламлення некаторых рэчаў, цвёрдых цi вадкiх, да каэфiцыента праламлення паветра.
      Кемп прысвiснуў.
      - Гэта цiкава. Але ўсё ж для мяне не зусiм ясна... Я разумею, што такiм шляхам вы маглi б сапсаваць каштоўны камень, але каб зрабiць чалавека нябачным - да гэтага яшчэ далёка.
      - Безумоўна, - сказаў Грыфiн. - Аднак падумайце: бачнасць залежыць ад таго, як бачнае цела рэагуе на святло. Давайце ўжо я пачну з азоў, тады вы лепш зразумееце далейшае. Вы цудоўна ведаеце, што цела альбо паглынае святло, альбо адбiвае, альбо праламляе яго, а можа, i ўсё разам. Калi цела не адбiвае, не праламляе i не паглынае святло, то яно не можа быць бачным само па сабе. Так, напрыклад, вы бачыце непразрыстую чырвоную скрынку таму, што колер паглынае некаторую долю святла i адбiвае астатняе, а менавiта усе чырвоныя промнi. Калi б скрынка не паглынала некаторай часткi святла, а адбiвала б яго ўсяго, то яна была бы блiскучай белай скрынкай. Успомнiце срэбра! Алмазная скрынка не паглынала б шмат святла, i яе паверхнасць таксама адбiвала б мала святла, але ў асобных месцах, у залежнасцi ад размяшчэння плоскасцяў, святло адбiвалася б i праламлялася, i мы б бачылi блiскучую павуцiну адлюстраванняў i празрыстых плоскасцяў. Нешта накшталт светлавога шкiлета. Шкляная скрынка не такая блiскучая i не настолькi выразна бачная, як алмазная, таму што ў яе менш адлюстраванняў i праламленняў. Зразумела? З вядомых кропак такая скрынка будзе празрыстай. Некаторыя гатункi шкла больш бачныя, чым астатнiя. Хрустальная скрынка блiшчэла б мацней, чым скрынка са звычайнага аконнага шкла. Скрынку з вельмi тонкага звычайнага шкла было б цяжка разгледзець пры дрэнным асвятленнi, таму што яна не паглынае амаль нiякiх промняў i адбiвае i праламляе зусiм мала святла. Калi вы пакладзеце кавалак звычайнага шкла ў ваду цi, яшчэ лепш, у якую-небудзь вадкасць, больш шчыльную, чым вада, то вы шкла амаль зусiм не ўбачыце, таму што святло, пераходзячы з вадою ў шкло, праламляецца i адбiваецца вельмi слаба i ўвогуле не трапляе амаль нi пад якое ўздзеянне. Шкло ў такiм выпадку амаль гэтак жа нябачнае, як струменi вуглекiслаты цi вадарода ў паветры. I па гэтай жа прычыне.
      - Так, - сказаў Кемп, - усё гэта нескладана. У такiх рэчах цяпер разбiраецца кожны школьнiк.
      - А вось яшчэ адзiн факт, у якiм разбярэцца любы школьнiк. Калi разбiць кавалак шкла i дробна стаўчы яго, ён стане значна больш прыкметным у паветры i ператворыцца ў рэшце рэшт у белы непразрысты парашок. Гэта адбываецца таму, што ператварэнне шкла ў парашок павялiчвае лiк плоскасцяў праламлення i адлюстравання. У шкляной пласцiнцы ёсць усяго дзве паверхнi, у парашку ж кожная крупiнка ўяўляе сабою плоскасць праламлення цi адлюстравання святла, i скрозь увесь парашок святла праходзiць вельмi мала. Але калi белы шкляны парашок апусцiць у ваду, то ён амаль зусiм знiкае. Шкляны парашок i вада маюць амаль аднолькавы каэфiцыент праламлення, i святло, праходзячы з аднаго асяроддзя ў другое, праламляецца i адбiваецца вельмi мала. Вы робiце шкло нябачным, змяшчаючы яго ў вадкасць з прыблiзна з такiм жа каэфiцыентам праламлення; усялякая празрыстая рэч робiцца нябачнай, калi яе змясцiць у асяроддзе, якое валодае аднолькавым з ёй каэфiцыентам праламлення. I калi вы крышачку падумаеце, то вы зразумееце, што шкляны парашок можна зрабiць нябачным i ў паветры, калi толькi пашчасцiць давесцi каэфiцыент праламлення святла ў iм да каэфiцыента праламлення святла ў паветры. Бо ў такiм выпадку, пры пераходзе святла з парашка ў паветра, яно не будзе нi адбiвацца, нi праламляцца.
      - Усё гэта так, - сказаў Кемп. - Але ж чалавек - не шкляны парашок.
      - Не, - сказаў Грыфiн. - Ён больш празрысты.
      - Глупства.
      - I гэта гаворыць урач. Як лёгка ўсё забываецца! Няўжо за дзесяць гадоў вы паспелi пазабываць усё, што ведалi па фiзiцы? А вы падумайце, колькi iснуе празрыстых рэчываў, якiя празрыстымi не здаюцца! Папера, напрыклад, складаецца з празрыстых валокнаў, i калi яна ўяўляецца белай i непразрыстай, то гэта адбываецца па той жа самай прычыне, па якой нам здаецца белым i непразрыстым тоўчанае шкло. Прамаслiце белую паперу, запоўнiце ўсе поры памiж часцiцамi паперы маслам так, каб праламленне i адлюстраванне адбывалiся толькi на паверхнях, i папера зробiцца такой жа празрыстай, як шкло. I не толькi папера, але i валокны бавоўны, iльну, шэрсцi, драўнiны, а таксама - заўважце гэта, Кемп! - i косцi, i мышцы, i валасы, i ногцi i нервы. Адным словам, увесь чалавечы арганiзм складаецца з празрыстай тканкi, за выключэннем чырвоных крывяных шарыкаў i цёмнага пiгменту валасоў; вось як мала патрэбна, каб мы маглi бачыць адзiн аднаго. Па большай частцы тканкi жывой iстоты не менш празрыстыя, чым вада.
      - Правiльна, правiльна! - усклiкнуў Кемп. - Толькi сёння ноччу я думаў аб марскiх лiчынках i мядузах!
      - Вось-вось, цяпер вы мяне зразумелi. I ўсё гэта я ведаў i прадумаў ужо праз год пасля ад'езду з Лондана, шэсць гадоў назад. Але я нi з кiм не падзялiўся сваiмi думкамi. Мне давялося працаваць у вельмi цяжкiх умовах. Габема, мой прафесар, быў мужлан у навуцы, чалавек, ахвочы да чужых iдэй ён вечна за мной падглядваў! Вы ж ведаеце, якое махлярства пануе ў навуковым свеце. Я не хацеў публiкаваць сваё адкрыццё i дзялiцца славай з гэтым Габемам. Я працягваў працаваць, я ўсё блiжэй падыходзiў да ператварэння сваёй тэарэтычнай формулы ў эксперымент, у рэальны дослед. Я нiкому не паведамляў аб сваiх работах, я хацеў асляпiць сваiм адкрыццём i адразу заваяваць вядомасць. Я заняўся пытаннем аб пiгментах, каб запоўнiць некаторыя прабелы, i раптам, па чыстай выпадковасцi, зрабiў адкрыццё ў галiне фiзiялогii.
      - Так?
      - Вам вядома чырвонае рэчыва, якое афарбоўвае кроў. Дык вось: яно можа стаць белым, бясколерным, захоўваючы ў той жа час усе свае якасцi.
      У Кемпа вырваўся воклiч здзiўлення.
      Невiдзiмка ўстаў i закрочыў па цесным кабiнеце.
      - Вы здзiўлены - я разумею. Помню тую ноч. Было вельмi позна - днём перашкаджалi працаваць непiсьменныя студэнты, якiя глядзелi на мяне, разiнуўшы рот, i я iншы раз заседжваўся да ранiцы. Адкрыццё гэтае асянiла мяне раптоўна, яно з'явiлася ва ўсiм сваiм бляску i закончанасцi. Я быў адзiн, у лабараторыi панавала цiшыня, уверсе ярка гарэлi лямпы... "Можна зрабiць жывёлiну - яе тканку - празрыстай! Можна зрабiць яе нябачнай! Усё, акрамя пiгментаў. Я магу стаць невiдзiмкам", - сказаў я, раптам усвядомiўшы, што значыць быць альбiносам, валодаючы такiмi ведамi. Я быў ашаломлены. Я кiнуў фiльтраванне, якiм быў заняты, i падышоў да вялiкага акна. "Я магу стаць невiдзiмкам", - паўтараў я, гледзячы на зорнае неба.
      Зрабiць гэта - значыць перасягнуць магiю i чарадзейства. I я, свабодны ад усялякiх сумненняў, стаў маляваць сабе цудоўную карцiну таго, што можа даць чалавеку нябачнасць. Таямнiчасць, магутнасць, свабоду. Адваротнага боку медаля я не бачыў. Падумайце толькi! Я - варты жалю бедны асiстэнт, якi вучыць дурняў у правiнцыяльным каледжы, - магу зрабiцца ўсемагутным. Скажыце самi, Кемп, вось калi б вы... Кожны, паверце, схапiўся б за такое адкрыццё. I я працаваў яшчэ тры гады, i за кожнай перашкодай, якую я з такiм намаганнем пераадольваў, узнiкала новая! Колькi дэталяў! I да таго ж нi хвiлiны спакою! Гэты правiнцыяльны прафесар вечна падглядвае за табой! Назаляе i назаляе: "Калi ж вы нарэшце апублiкуеце сваю работу?" А студэнты! Беднасць! Тры гады такога жыцця. Тры гады я працаваў, хаваючыся, у бесперапыннай трывозе - i пасля ўсяго гэтага пераканаўся што закончыць мой дослед немагчыма... немагчыма...
      - Чаму? - спытаўся Кемп.
      - Грошы... - адказаў Невiдзiмка i стаў глядзець у акно. Раптам ён рэзка павярнуўся.
      - Тады я абакраў свайго старога, абрабаваў роднага бацьку... Грошы былi чужыя, i ён застрэлiўся.
      Раздзел XX
      У ДОМЕ НА ГРЭЙТ-ПОРТЛЕНД-СТРЫТ
      З хвiлiну Кемп сядзеў маўклiва, гледзячы на спiну безгаловай фiгуры, якая стаяла каля акна. Потым уздрыгнуў, уражаны нейкай думкай, падняўся, узяў Невiдзiмку за руку i адвёў яго ад акна.
      - Вы стамiлiся, - сказаў ён. - Я сяджу, а вы ўвесь час ходзiце. Сядзьце ў маё крэсла.
      Сам ён сеў памiж Грыфiнам i блiжэйшым акном. Грыфiн сеў у крэсла, памаўчаў крыху, потым зноў хутка загаварыў:
      - Калi гэта здарылася, я ўжо развiтаўся з каледжам у Чэзiлстоў. Гэта было ў снежнi мiнулага года. Я наняў пакой у Лондане, вялiкi пакой без мэблi ў вялiзным занядбаным доме, у глухiм квартале, каля Грэйт-Портленд-стрыт. Пакой хутка запоўнiўся самымi рознымi апаратамi, купленымi на бацькоўскiя грошы, i я працаваў упарта, паспяхова, я няспынна наблiжаўся да мэты. Я быў падобны на чалавека, якi выбраўся з густога зараснiку i нечакана быў уцягнуты ў нейкую бязглуздую незразумелую трагедыю. Я паехаў на пахаванне бацькi. Я ўвесь быў захоплены сваiмi доследамi, i я палец аб палец не стукнуў, каб выратаваць яго рэпутацыю. Помню пахаванне, танную труну, убогую працэсiю, што паднiмалася па схiле ўзгорка, халодны, пранiзлiвы вецер... Стары ўнiверсiтэцкi таварыш бацькi здзейснiў над iм апошнi абрад, няшчасны, чорны, скручаны стары, якi пакутаваў насмаркам.
      Помню, я вяртаўся з могiлак у апусцелы дом па мястэчку, якое некалi было вёскай, а цяпер, на скорую руку перабудаванае i залатанае, стала агiдным падабенствам горада. Усе дарогi, па якой нi пойдзеш, вялi ў запусцелыя навакольныя палi i абрывалiся ў кучах шчэбню i густых зараснiках пустазелля. Помню, як я крочыў па слiзкiм блiскучым тратуары - змрочная чорная фiгура - i нейкае дзiўнае пачуццё адчужанасцi адчуваў я ў гэтым гарадку, ханжаскiм i гандлярскiм.
      Смерць бацькi нiколькi мяне не засмуцiла. Ён здаваўся мне ахвярай сваёй асабiстай неразумнай чуллiвасцi. Усеагульная крывадушнасць патрабавала маёй прысутнасцi на пахаваннi, на самой жа справе гэта мяне мала закранала.
      Але, iдучы па Хай-стрыт, я прыпомнiў на iмгненне сваё мiнулае. Я ўбачыў дзяўчыну, якую ведаў дзесяць гадоў назад. Нашы вочы сустрэлiся...
      Сам не ведаю чаму, я вярнуўся i загаварыў з ёй. Яна аказалася самым звычайным стварэннем.
      Усё маё знаходжанне на старым папялiшчы было падобна на сон. Я не адчуваў тады, што я адзiнокi, што я перайшоў з жывога свету ў пустыню. Я ўсведамляў, што згубiў цiкавасць да навакольнага. Але прыпiсваў гэта агульнай пустаце жыцця. Вярнуцца ў свой пакой азначала для мяне зноў забыць сапраўдную рэчаiснасць. Тут было ўсё тое, што я ведаў i любiў: апараты, падрыхтаваныя доследы. Амаль усе перашкоды былi ўжо лiквiдаваны, заставалася толькi абдумаць некаторыя дробязi.
      Калi-небудзь, Кемп, я апiшу вам усе гэтыя вельмi складаныя працэсы. Не станем зараз уваходзiць у падрабязнасцi. У большасцi, за выключэннем некаторых пунктаў, якiя я лiчу за лепшае захоўваць у памяцi, усё гэта запiсана шыфрам у тых кнiгах, якiя сцягнуў валацуга. Мы павiнны злавiць яго. Мы павiнны вярнуць гэтыя кнiгi. Галоўная задача заключалася ў тым, каб змясцiць празрысты прадмет, каэфiцыент праламлення якога патрэбна было знiзiць, памiж двума святловыпраменьваючымi цэнтрамi эфiрнай вiбрацыi, - пра яе я раскажу вам потым. Не, не рэнтгенаўскiя промнi. Не ведаю, цi апiсваў хто-небудзь тыя промнi, пра якiя я кажу, але яны iснуюць, гэта несумненна. Я карыстаўся двзюмя невялiкiмi дынама-машынамi, якiя пускаў у ход пры дапамозе таннага газавага рухавiка. Першы мой дослед я прарабiў над кавалкам белай шарсцяной тканiны. Да чаго ж дзiўна было бачыць, як гэтая белая мяккая тканiна паступова таяла, быццам струмень пары, i потым знiкала зусiм.
      Мне не верылася, што я гэта зрабiў. Я сунуў руку ў пустату i намацаў тканiну. такую ж шчыльную, як i раней. Я незнарок тузануў, i яна ўпала на падлогу. Я не адразу знайшоў яе.
      А потым здарылася вось што: я пачуў за спiной мяўканне, павярнуўся i ўбачыў на вадасцёкавай трубе за акном белую кошку - худую i страшэнна брудную. Мяне нiбы асянiла. "Усё гатова для цябе", - сказаў я, падышоў да акна, адчынiў яго i ласкава паклiкаў кошку. Яна зайшла ў пакой мурлыкаючы, небарака, яна ледзьве не здыхала ад голаду, i я даў ёй малака. Уся мая правiзiя захоўвалася ў буфеце, у кутку пакоя. Выхлебтаўшы малако, кошка стала разгульваць па пакоi, абнюхваючы ўсе куткi - мусiць, яна вырашыла, што тут будзе яе новы дом. Нябачная ануча некалькi ўсхвалявала яе - вы паглядзелi б, як яна зафыркала! Я пасадзiў яе вельмi зручна на маiм складным ложку i пачаставаў маслам, каб яна дала памыць сябе.
      - I вы паспрабавалi правесцi над ёй дослед?
      - Так. Але напаiць кошку зеллем - гэта не жарт, Кемп! I дослед мой не ўдаўся.
      - Не ўдаўся?
      - Па двух пунктах. Па-першае, кiпцюры, а па-другое, пiгмент... забыўся яго назву - на задняй сценцы вока ў кошак, помнiце?
      - Tapetum.
      - Ага, tapetum. Гэты пiгмент не знiкаў. Пасля таго, я даў ёй сродак для выбельвання крывi i зрабiў над ёй розныя другiя працэдуры, я даў ёй опiума i разам з падушкай, на якой яна спала, змясцiў яе каля апарата. I потым, калi ўсё страцiла колер i знiкла, засталiся дзве невялiкiя плямы - яе вочы.
      - Цiкава!
      - Не магу гэта растлумачыць. Кошка, зразумела, была забiнтавана i звязана, i я не баяўся, што яна збяжыць. Але яна прачнулася, калi ператварэнне яшчэ не зусiм закончылася, i стала жаласлiва мяўкаць, i тут пачуўся стук у дзверы. Стукала старая, якая жыла ўнiзе i падазравала мяне ў тым, што я займаюся вiвiсекцыяй, - п'янiца, у якой на свеце нiчога i нiкога не было, акрамя гэтай кошкi. Я паспяшаўся ўжыць хлараформ, кошка замоўкла, i я прачынiў дзверы. "Гэта ў вас кошка мяўкала? - спыталася яна. - Ужо цi яе мая?" - "Не, вы памылiлiся, тут няма нiякай кошкi", - адказаў я даволi ветлiва. Яна не вельмi паверыла i паспрабавала зазiрнуць у пакой. Мусiць, дзiўным здаўся ёй мой пакой: голыя сцены, вокны без фiранак, складны ложак, газавы рухавiк у дзеяннi, свячэнне апарата i слабы дурманлiвы пах хлараформа. Нарэшце, ёй давялося задаволiцца гэтым i адправiцца нi з чым.
      - Колькi часу патрэбна на гэта? - спытаўся Кемп.
      - На дослед з кошкай пайшло гадзiны тры-чатыры. Апошнiя знiклi косцi, сухажыллi i тлушч. А таксама кончыкi афарбаваных валаскоў шэрсцi. I, як я ўжо казаў, радужнае рэчыва на задняй сценцы вока не знiкла.
      Наступiла ноч, перш чым я закончыў дослед: нiчога ўжо не было бачна, акрамя туманных плямаў замест вачэй i кiпцюроў. Я спынiў рухавiк, намацаў i пагладзiў кошку, якая яшчэ не апрытомнела, i, развязаўшы яе, пакiнуў спаць на нябачнай падушцы, а сам, адчуваючы сябе страшэнна стомленым, лёг у пасцель. Але заснуць я не мог. У галаве праносiлiся няясныя бязладныя думкi. Зноў i зноў перабiраў я ўсе падрабязнасцi толькi што праведзенага доследа цi забываўся лiхаманкавым сном, i мне здавалася, што ўсё навакольнае становiцца няясным i знiкае, i нарэшце, сама зямля знiкае ў мяне з-пад ног, i я правальваюся, падаю некуды, як бывае толькi ў кашмары... Каля дзвюх гадзiн ночы кошка прачнулася i стала бегаць па пакоi, жаласлiва мяўкаючы. Я паспрабаваў заспакоiць яе ласкавымi словамi, а потым вырашыў выгнаць. Помню, як я быў уражаны, калi запалiў запалку: я ўбачыў два круглыя зялёныя вокi, якiя свяцiлiся, а вакол iх - нiчога. Я хацеў даць ёй малака, але яго не аказалася. Яна нiяк не супакойвалася, села каля дзвярэй i працягвала мяўкаць. Я пастараўся злавiць яе, каб выпусцiць з акна, але яна не давалася ў рукi, яна знiкала. То тут, то там, у розных кутках пакоя чулася яе мяўканне. Нарэшце я адчынiў акно i стаў бегаць па пакоi. Магчыма, яна напалохалася i выскачыла ў акно. Больш я яе не бачыў i не чуў.
      Потым, бог ведае чаму, я стаў успамiнаць пахаванне бацькi, халодны вецер, якi дзьмуў на схiле ўзгорка... Так працягвалася да самай ранiцы. Адчуваючы, што мне не заснуць, я падняўся i, замкнуўшы за сабой дзверы, накiраваўся бадзяцца па цiхiх ранiшнiх вулiцах.
      - Няўжо вы думаеце, што i цяпер па свеце гуляе нябачная кошка? спытаўся Кемп.
      - Калi толькi яе не забiлi, - адказаў Невiдзiмка. - А чаму б i не?
      - Чаму б i не? - паўтарыў Кемп i папрасiў прабачэння: - Прабачце, што я перапынiў вас.
      - Напэўна, яе забiлi, - сказаў Невiдзiмка. - Чатыры днi яна была яшчэ жывая - гэта я ведаю: яна, вiдавочна, сядзела пад плотам на Грэйт-Тычфiлд-стрыт, там сабраўся натоўп разявак, якiя старалiся зразумець, адкуль чуецца мяўканне.
      З хвiлiну ён маўчаў, потым зноў хутка загаварыў:
      - Я вельмi ясна помню гэтую ранiцу: я, напэўна, прайшоў усю Грэйт-Портленд-стрыт, таму што помню казармы на Олбэнi-стрыт i кавалерыстаў, якiя выязджалi адтуль. У рэшце рэшт я апынуўся на вяршынi Прымроз-хiла. Я адчуваў сябе зусiм хворым. Быў сонечны, студзеньскi дзень. У гэты год, перш чым выпаў снег, надвор'е стаяла яснае, марознае. Мой стомлены розум стараўся ахапiць абставiны, скласцi план дзеянняў.
      Я са здзiўленнем пераканаўся, што цяпер, калi я амаль ужо дасягнуў запаветнай мары, гэта зусiм не радуе мяне. Я быў занадта стомлены; ад страшнага напружання амаль чатырохгадовай бесперапыннай працы ўсе мае пачуццi прытупiлiся. Мною авалодалi абыякавасць, вяласць, i я дарэмна спрабаваў вярнуць гарэнне першых дзён работы, тое моцнае iмкненне да адкрыццяў, якое дало мне сiлу спакойна загубiць старога бацьку. Я страцiў цiкавасць да ўсяго. Але я разумеў, што гэта часовы стан, выклiканы стомленасцю i бяссоннiцай, i што калi не лекi, дык адпачынак вернуць мне ранейшую энергiю.
      Ясна я ўсведамляў толькi адно: справу неабходна давесцi да канца. Неадчэпная iдэя ўсё яшчэ валодала мной. I зрабiць гэта трэба як мага хутчэй, я ж патрацiў ужо амаль усе грошы. Я азiрнуўся навокал, паглядзеў на дзяцей, якiя гулялi i за якiмi назiралi нянькi, i пачаў думаць аб тых фантастычных перавагах, якiмi можа карыстацца ў гэтым свеце нябачны чалавек. Я вярнуўся дадому, крыху паеў, прыняў вялiкую дозу стрыхнiну i лёг спаць, не распранаючыся, на непрыбранай пасцелi... Стрыхнiн, Кемп, выдатны ўзбуджальны сродак i не дае чалавеку падаць духам.
      - Страшэнная штука, - сказаў Кемп.
      - Я прачнуўся, адчуваючы вялiкi прылiў сiл, але i нейкую раздражняльнасць. Вам знаёмы гэты стан?
      - Знаёмы.
      - Тут хтосьцi пастукаўся ў дзверы. Гэта быў гаспадар дома, якi прыйшоў з пагрозамi i роспытамi, стары польскi жыд, у доўгiм шэрым сюрдуце i стаптаных туфлях. "Вы ноччу мучылi кошку", - запэўнiваў ён; старая, напэўна, паспела ўжо разбалбатаць. Ён патрабаваў, каб я яму сказаў, у чым справа. Вiвiсекцыя строга забаронена законам, адказнасць можа трапiць i на яго. Я сцвярджаў, што нiякай кошкi ў мяне не было. Тады ён заявiў, што гудзенне газавага рухавiка чуецца ва ўсiм доме. З гэтым я, вядома не пагаджаўся. Ён усё круцiўся вакол мяне, стараючыся прашмыгнуць у пакой i заглядваючы туды скрозь свае акуляры ў мельхiёравай аправе, i раптам мяне ахапiў страх, каб ён не адкрыў маю тайну. Я стараўся стаць памiж iм i маiм апаратам, але гэта толькi падагравала яго цiкаўнасць. Чым я займаюся? Чаму я заўсёды адзiн i хаваюся ад людзей? Цi не займаюся я чым-небудзь злачынным? Цi не небяспечна гэта? А я нiчога не плачу зверх звычайнай кватэрнай платы. Яго дом заўсёды карыстаўся добрай рэпутацыяй, у той час калi суседнiя дамы гэтым пахвалiцца не могуць. Нарэшце я страцiў цярпенне. Папрасiў яго выбiрацца. Ён запратэставаў, штосьцi мармытаў пра сваё права ўваходзiць да мяне, калi яму пажадаецца. Яшчэ секунда - i я схапiў яго за каўнер... Штосьцi з трэскам парвалася, i ён кулём вылецеў у калiдор. Я зачынiў за iм дзверы, замкнуў iх на ключ i, увесь дрыжучы, апусцiўся на крэсла.
      Гаспадар яшчэ нейкi час шумеў за дзвярамi, але я не звяртаў на яго ўвагi, i ён хутка пайшоў.
      Гэтае здарэнне змусiла мяне да рашучых дзеянняў. Я не ведаў, нi што ён мяркуе рабiць, нi якое мае на гэта права. Пераезд на новую кватэру затрымаў бы маю работу, а грошай у мяне ў банку засталося ўсяго дваццаць фунтаў. Не, нiякага прамаруджання я не мог дапусцiць. Знiкнуць! Спакуса была неадольная. Але тады пачнецца следства, пакой мой разрабуюць...
      Адна думка пра тое, што работу маю могуць раскрыць цi спынiць у той момант, калi яна амаль закончана, прывяла мяне ў лютасць i вярнула мне энергiю. Я спешна выйшаў са сваiмi трыма тамамi заметак i чэкавай кнiжкай цяпер усё гэта знаходзiцца ў таго валацугi - i накiраваў iх з блiжэйшага паштовага аддзялення ў кантору захоўвання пiсем i пасылак на Грэйт-Портленд-стрыт. Я пастараўся выйсцi з дому як мага цiшэй. Вярнуўшыся, я ўбачыў, што гаспадар дома спакойна падымаецца па лесвiцы, - ён, вiдавочна, чуў, як я замыкаў дзверы. Вы рассмяялiся б, калi б убачылi, як ён адскочыў убок, калi я дагнаў яго на пляцоўцы. Ён кiнуў на мяне спапяляльны позiрк, але я прабег мiма яго i ўляцеў да сябе ў пакой, стукнуўшы дзвярамi так, што ўвесь дом задрыжаў. Я чуў, як ён шоргаючы нагамi, даплёўся да маiх дзвярэй, трохi пастаяў каля iх, потым спусцiўся ўнiз. Я адразу ж стаў рыхтавацца да доследу.
      Усё было зроблена на працягу гэтага вечара i ночы. У той час, калi я яшчэ знаходзiўся пад адурманьваючым дзеяннем лекаў, якiя я прыняў для абясколервання крывi, хтосьцi стаў стукацца ў дзверы. Потым стук спынiўся, крокi аддалiлiся было, але зноў прыблiзiлiся, i стук у дзверы паўтарыўся. Хтосьцi паспрабаваў штосьцi прасунуць пад дзверы - нейкую сiнюю паперку. Тут мне не хапiла цярплiвасцi, я ўскочыў, падышоў да дзвярэй i расчынiў iх насцеж. "Ну, што яшчэ?" - спытаўся я.
      Гэта быў гаспадар, ён прынёс мне павестку аб высяленнi цi нешта падобнае. Ён працягнуў мне паперу, але, бачна, яго чымсьцi здзiвiлi мае рукi, i ён зiрнуў мне ў твар.
      З хвiлiну ён стаяў разiнуўшы рот, затым крыкнуў штосьцi невыразнае, выпусцiў i свечку i паперу i, спатыкаючыся, кiнуўся ўцякаць па цёмным калiдоры да лесвiцы. Я зачынiў дзверы, замкнуў iх на ключ i падышоў да люстэрка. Тады я зразумеў яго жах. Твар у мяне быў белы, - быццам з белага каменя.
      Але я не чакаў, што мне давядзецца так многа пакутаваць. Гэта было жахлiва. Уся ноч прайшла ў страшных мучэннях, млоснасцi i непрытомнасцi. Я сцiснуў зубы, усё цела гарэла, як у агнi, але я ляжаў нерухома, быццам мёртвы. Тады я зразумеў, чаму кошка так выла, пакуль я не захларафармаваў яе. На шчасце, я жыў адзiн, без служанкi. Былi хвiлiны, калi я плакаў, стагнаў, размаўляў сам з сабою. Але я не вытрымаў... Я страцiў прытомнасць i апрытомнеў толькi сярод ночы, вельмi аслабелы. Боль я ўжо зусiм не адчуваў. Я вырашыў, што забiваю сябе, але паставiўся да гэтага цалкам абыякава. Нiколi не забуду гэтага свiтанку, не забуду жудасцi, якая ахапiла мяне пры выглядзе маiх рук, якiя былi нiбы зроблены з дымчатага шкла i паступова, з наступленнем дня, станавiлiся ўсё больш празрыстыя i тонкiя, так што я мог бачыць скрозь iх усе прадметы, якiя былi бязладна параскiданы па пакоi, хоць i заплюшчваў свае празрыстыя павекi. Цела маё зрабiлася нiбы шкляное, косцi i артэрыi паступова бляднелi, знiкалi; апошнiмi знiклi тонкiя нiткi нерваў. Я рыпеў зубамi ад болю, але вытрымаў да канца... Нарэшце засталiся толькi амярцвелыя белыя кончыкi пазногцяў i бурая пляма нейкай кiслаты на пальцы.
      З вялiкай цяжкасцю я падняўся з пасцелi. Спачатку я адчуваў сябе бездапаможным, як дзiцянё, ступаючы нагамi, якiх я не бачыў. Я быў вельмi слабы i галодны. Падышоўшы да люстэрка, перад якiм я звычайна галiўся, я ўбачыў пустату, у якой ледзь-ледзь можна было яшчэ разгледзець туманныя сляды пiгмента ззаду сеткаватай абалонкi вачэй. Я схапiўся за край стала i прыцiснуўся лбом да люстэрка.
      Толькi аднойчы напружаннем волi я прымусiў сябе вярнуцца да апарата i закончыць працэс.
      Я праспаў да ранiцы, закрыўшы твар прасцiнай, каб засцерагчы вочы ад святла, а каля паўдня мяне зноў разбудзiў стук у дзверы. Сiлы вярнулiся да мяне. Я сеў, прыслухаўся i пачуў шэпт за дзвярамi. Я ўскочыў i ўзяўся без шуму разбiраць апарат, рассоўваючы асобныя часткi па розных кутках, каб немагчыма было здагадацца пра яго канструкцыю. Зноў прагучаў стук i пачулiся галасы - спачатку гаспадара, а потым яшчэ два, незнаёмыя. Каб выйграць час, я адклiкнуўся. Мне трапiлiся пад руку нябачная ануча i падушка, i я выкiнуў iх цераз акно на суседнi дах. Калi я адчынiў акно, дзверы аглушальна затрашчалi. Мусiць, хтосьцi налёг на iх плячом, спадзеючыся высадзiць замок. Але моцныя засаўкi, якiя я прывiнцiў некалькi дзён таму, не паддавалiся. Аднак гэта ўстрывожыла i абурыла мяне. Увесь дрыжучы, я стаў паспешна заканчваць сваю падрыхтоўку.
      Я сабраў у кучу чарнавiкi запiсаў, што валялiся на падлозе, крыху саломы, абгортачную паперу i ўсялякi хлам i адкрыў газ. У дзверы пасыпалiся цяжкiя i хуткiя ўдары. Я нiяк не мог знайсцi запалкi. У шаленстве я стаў бiць па сцяне кулакамi. Я зноў закруцiў газавы ражок, вылез з акна на суседскi дах, вельмi цiха апусцiў раму i сеў - у поўнай бяспецы i нябачны, але дрыжучы ад гневу i нецярпення. Я бачыў, як адарвалi ад дзвярэй дошку, потым адбiлi скобы засавак i ў пакой уварвалiся гаспадар i яго два пасынкi двое дужых хлопцаў дваццацi трох i дваццацi чатырох гадоў. Ззаду iх дробненька тупала старая ведзьма, якая жыла ўнiзе.
      Можна сабе ўявiць iх здзiўленне, калi яны знайшлi пакой пустым. Адзiн з маладых хлопцаў кiнуўся да акна, расчынiў яго i стаў азiрацца навокал. Яго таўстагубая барадатая фiзiяномiя з вылупленымi вачамi была ад мяне на адлегласцi фута. Мне так i карцела стукнуць кулаком па гэтай дурной мордзе, але мне ўдалося стрымацца. Ён глядзеў прама скрозь мяне, як i астатнiя, якiя падышлi да яго. Стары вярнуўся ў пакой i зазiрнуў пад ложак, а потым яны ўсе кiнулiся да буфета. Затым яны сталi горача абмяркоўваць здарэнне, блытаючы жыдоўскi жаргон з лонданскiм вулiчным. Яны пагадзiлiся, што я зусiм не адказваў на стук i што iм гэта толькi падалося. Мой гнеў уступiў месца незвычайнай радасцi: я сядзеў за акном i спакойна сачыў за гэтымi чатырма людзьмi, - старая таксама ўвайшла ў пакой, па-кашэчаму падазрона азiраючыся, - якiя спрабавалi разгадаць загадку маiх паводзiн.
      Стары, наколькi я мог зразумець яго двухмоўны жаргон, пагаджаўся са старой, што я займаюся вiвiсекцыяй. Сыны пярэчылi на ламанай англiйскай мове, сцвярджаючы, што я электратэхнiк, i ў довад спасылалiся на дынама-машыны i апараты для выпраменьвання. Яны ўсе пабойвалiся майго вяртання, хаця, як я даведаўся потым, яны замкнулi знадворныя дзверы. Старая шукала ў буфеце i пад ложкам. Адзiн з маiх суседзяў па кватэры, разносчык фруктаў, якi жыў разам з мяснiком у пакоi насупраць, з'явiўся на пляцоўцы лесвiцы. Яго таксама запрасiлi ў мой пакой i нагаварылi яму немаведама што.
      Мне прыйшло ў галаву, што калi мае апараты трапяць у рукi назiральнага i талковага спецыялiста, то яны занадта многае адкрыюць яму; таму, выбраўшы зручны момант, я ўлез у пакой i, абмiнуўшы старую, раз'яднаў дынама-машыны i разбiў абодва апараты. Як жа яны ўсе перапалохалiся! Затым, пакуль яны старалiся растлумачыць сабе гэтую з'яву, я выслiзнуў з пакоя i цiха спусцiўся ўнiз.
      Я ўвайшоў у гасцiную i стаў чакаць iх вяртання; неўзабаве яны прыйшлi, усё яшчэ абмяркоўваючы здарэнне i стараючыся знайсцi яму тлумачэнне. Яны былi некалькi расчараваны, не знайшоўшы нiякiх "жахаў", i ў той жа час вельмi збянтэжаныя, не ведаючы, наколькi законна яны дзейнiчалi ў адносiнах да мяне. Як толькi яны спусцiлiся на нiжнi паверх, я зноў прабраўся ў свой пакой, захапiў карабок запалак, запалiў паперу i смецце, прысунуў да агню крэслы i ложак i падвёў да полымя газ з дапамогай гутаперчавай трубкi.
      - Вы падпалiлi дом?! - усклiкнуў Кемп.
      - Так, падпалiў. Гэта была адзiная магчымасць замесцi сляды, а дом, безумоўна, быў застрахаваны... Я асцярожна адсунуў засаўку знадворных дзвярэй i выйшаў на вулiцу. Я быў нябачны i яшчэ толькi пачынаў асэнсоўваць, якую надзвычайную перавагу гэта давала мне. Сотнi самых смелых i фантастычных планаў узнiкалi ў маiх мазгах, i ад усведамлення поўнай беспакаранасцi кружылася галава.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9