Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Троепольский Гавриил / Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 8)
Автор:
|
Троепольский Гавриил |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(333 Кб)
- Скачать в формате fb2
(138 Кб)
- Скачать в формате doc
(142 Кб)
- Скачать в формате txt
(137 Кб)
- Скачать в формате html
(139 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12
|
|
Пачалося вольнае працоўнае жыццё i ў Бiма. Хаця яны ўсе ўтрох вярталiся стомленыя i таму прыцiхлыя, але то была воля i давер адзiн да аднаго. Ад такога жыцця сабака не ўцякае. Але аднойчы, неяк нечакана, пасыпаўся снег, закруцiўся вецер, захадзiў, замяцелiў. Хрысан Андрэевiч, Алёша i Бiм збiлi авечак у чараду, пастаялi крыху ды i павялi ў вёску. На авечках быў белы снег, на плячах у людзей снег, на зямлi таксама снег. Усюды белы снег, толькi снег у полi - больш нiчога. Завiтала зiма, упала з неба. Цi то Хрысан Андрэевiч вырашыў, што такому сабаку, як Бiм, нельга спаць з падсвiнкамi або сядзець на прывязi, цi з-за чаго iншага, але Бiм перайшоў цяпер начаваць у цёплую будку, збiтую ў кутку ў тых самых сенцах i напханую мяккiм сенам. А вечарам ён хадзiў у хату як раўнапраўны сем'янiн i быў там, пакуль не павячэраюць. - Не можа таго быць, каб зiма. Рана, - сказаў неяк Хрысан Андрэевiч Пятроўне. Слова "зiма" паўтаралi яны пры размове часта, пра нешта турбавалiся; памiж iншым, Бiм ведаў: зiма - гэта белы халодны снег. У той вечар Пятроўна прыйшла ўся запарушаная снегам, мокрая, з абветраным i падпухлым тварам. Бiм бачыў, як яна, распрануўшыся, трэсла рукамi i стагнала. Рукi яе былi ў чырванаватых трэшчынах i зямлiстых плямах, быццам бы з падушачкамi, такiмi, як на падэшвах у Бiма. Потым яна апускала рукi ў цёплую ваду, адмывала iх, доўга-доўга расцiрала маззю i вохкала. А Хрысан Андрэевiч глядзеў на Пятроўну i быццам гараваў (гэтага Бiм не мог не заўважыць па яго твары). А наступным ранкам ён натачыў нажы i ўсе ўчатырох пайшлi з дому: Пятроўна, Хрысан Андрэевiч, Алёша i Бiм. Спачатку iшлi па роўным белым полi, накрытым неглыбокiм сняжком - на палавiну лапы, не глыбей, так што iсцi было лёгка. Вакол цiха, не холадна. Потым яны аказалiся на полi, дзе побач раскiданы кучы - копчыкi буракоў, складзеных лiстамi вонкi i прыкрытыя зверху нацiннем. Ля кожнае кучы сядзелi жанчыны, апранутыя гэтак жа, як i Пятроўна, i нешта рабiлi моўчкi i засяроджана. Усе ўчатырох падышлi да аднае такое кучкi, селi вакол яе, i Бiм пачаў уважлiва глядзець, што ж тут робiцца. Пятроўна ўзялася за нацiнне, выцягнула бурак з кучы, спрытна перакруцiла яго коранем да сябе i - чык! - нажом: лiсты адпалi. Яшчэ чык-чык - па галоўцы бураку: галоўка чыстая. I адкiнула ўбок. Алёша - таксама, нават спрытней за Тату. I пайшло! Чык-чык! - i прэч нацiнне. Чык-чык! - чыстая галава. Трах! - бурак ляжыць збоку. Непадалёку, ля такое ж самае кучкi сядзела жанчына, адна, i рабiла тое ж самае. Ля наступнае - таксама, але ўжо два-тры чалавекi разам. I так па ўсiм полi: буракi, як шалашыкi, захутаныя жанчыны з патрэсканымi далонямi i прыпухлымi ад холаду тварамi. Усе працавалi або ў рукавiцах або голымi рукамi. Чык-чык! - няма нацiння. Чык-чык! - няма нацiння. Чык-чык! - чалавек кiдае нож i хукае на рукi, трэ iх i зноў: чык-чык! - чыстая галоўка. Як часы! I холадна. Сочачы за нажамi, Бiм пачаў мерзнуць, а таму страсянуўся i стаў даследаваць мясцовасць паблiзу, не адбiваючыся далёка. Сагрэўся i вярнуўся назад да сваiх, хоць яго запрашалi i астатнiя жанчыны (усе на вёсцы ўжо ведалi, што такое Чарнавух!) Потым да iх падышла тая жанчына, што сядзела i працавала адна-адзiнокая, маладая, але худая. Яна на нешта крыўдзiлася, смаркалася на зямлю, потым села побач з Пятроўнаю i паказала ёй рукi. Пятроўна таксама працягнула ёй свае далонi. Жанчына прыгнулася, закашлялася, прыцiскаючы брызентаваю рукавiцаю грудзi i змоўкла. А звалi яе Наталля. Пятроўна - чык-чык! Хрысан Андрэевiч - чык-чык! Алёша - чык-чык! I хукаюць на рукi, труць шчокi. Пятроўна - чык-чык!.. I раптам - блюмк!.. У тае жанчыны-гаротнiцы ўпала на лiст кропля. Яна захiлiлася рукавом i пайшла назад, да сваiх буракоў. - Упасi госпадзi, яшчэ i ты прастудзiшся, - сказала Пятроўна Алёшу, падышла, паправiла яму цёплую хустку пад шапкаю, зняла з сябе палатняны ручнiк i падперазала Алёшаў кажушок. Бiм таксама тыкаўся носам у Алёшаў кажушок, дапамагаў Пятроўне. Але Алёша, як вызначыў Бiм, не зусiм i змёрз, як здавалася; наадварот, яму было намнога цяплей, чым Тату i Пятроўне (Бiм жа адчуваў гэта лепей за людзей). - Чуеш, Алёша, - сказаў Хрысан Андрэевiч, увiхаючыся нажом за дваiх. (Бiм навастрыў вушы.) - Схадзi пабегай з Чарнавухам, пагрэйся крышку. I Бiм пабег побач з хлопчыкам па бурачным полi, закамянелым ад марозу. Перасеклi яны поле ўпоперак, Алёшу стала горача, i ён зняў шапку, развязаў хустку, сунуў яе за пазуху, шапку надзеў, прыпадняўшы вушы. Побач з лясною паласою, у густой жоўтай траве Бiм прыпынiўся, нюхнуўшы паветра, заснаваў чаўнаком i нечакана для Алёшы стаў як статуя. Алёша падбег да яго. - Што тут, Чарнавух? - Бiм стаяў нерухома i чакаў загаду. Алёша здагадаўся, у чым справа: - Пужай! Пужай! Бiм чакаў магiчнага слова "Наперад!" Але Алёша крыкнуў яшчэ мацней: - Пужай! Бiм пайшоў паводкаю i падняў на крыло чародку курапатак. Нядоўга думаючы, Алёша пабег назад разам з Бiмам. Бiм адчуў, што зноў яны не разумеюць адзiн аднаго (Алёша не ведае слоў Iвана Iванавiча), але ўсё ж бег побач з Алёшам. А той, засопшыся, зачырванелы, расказаў бацькам, як Чарнавух знайшоў курапатак i "пужнуў" iх. - Паляўнiцкi сабака Чарнавух, вучаны, - адобрыў Хрысан Андрэевiч. - Каб стрэльбу нам, Алёша! I на паляванне. Га? Стрэльба? Паляванне? Якiя знаёмыя i дарагiя Бiму словы! Ён ведае, што гэта абазначае. Бiм завiляў хвастом, залашчыўся да Алёшы, да Хрысана Андрэевiча, да Пятроўны, ён гаварыў на сваёй мове разборлiва i дакладна. Але тут яго нiхто не зразумеў, не пайшоў па стрэльбу, нiхто не пайшоў на паляванне i без стрэльбы. Бiм сеў за плячыма ў Алёшы, прытулiўся да кажуха i задумаўся, прынамсi, такi быў у яго выгляд. Ужо прыцемкамi яны вярталiся дадому, стомленыя i схаладнелыя. А праз некалькi дзён i зусiм перасталi хадзiць на буракi - скончылi сваю норму. Цяпер Пятроўна нiкуды не хадзiла i была рада гэтаму. Цэлыя днi яна што-небудзь гаспадарыла: чысцiла карову, мыла бялiзну, падлогу, шынкавала капусту, бiла масла, палiла ў печы, варыла, шыла на машыне, латала адзенне, выносiла карове цэбар - усяго i не пералiчыць. Бiм назiраў за яе работай. Па Алёшу прыходзiла чыста адзетая жанчына з кнiжкамi, ушчувала Пятроўну (але не сярдзiта, як прыкмецiў Бiм), абедзве яны паўтаралi словы: "Алёша", "авечкi", "буракi". На наступны дзень Алёша пайшоў ранiцаю з кнiжкамi, так i знiкаў на кожны дзень. Хрысан Андрэевiч таксама хадзiў кудысьцi ў свой час з сахаром, а калi вяртаўся, то ад яго пахла гноем. Аднаго звычайнага вечара, калi сабралiся ўсе i снедалi, увайшоў чалавек высокi, шырокi, касцiсты, велiкатвары, але з маленькiмi лiсiнымi вочкамi i ў лiсiнай шапцы. Бiм прыкмецiў, што Хрысан Андрэевiч зiрнуў на чалавека хмура i з-за стала не ўстаў, як звычайна, не падаў рукi. - Здаровы былi, - абыякава сказаў госць i не зняў шапку. - Добры вечар, Клiм. Сядай, - адказаў Хрысан Андрэевiч. Той сеў на лаву, закруцiў вялiкую цыгарку, прыгледзеўся да Бiма i спытаў: - Гэта i ёсць той самы Чарнавух? - (Бiм навастрыў вушы.) - Прападзе сабака без палявання. Або ўцячэ. Прадай: дам дваццацьпятку. - Не прадаецца, - адказаў Хрысан Андрэевiч i цяпер устаў з-за стала скончыў вячэру. Бiм нават i за тры крокi скора адчуў, што госць пахне зайцам. Ён падышоў, абнюхаў, вiльнуў хвастом i зiрнуў у твар лiсiнай шапцы, што абазначала на мове Бiма: "Разумею - паляўнiчы". - Бачыш? - сказаў Клiм. - Чуе Чарнавух, хто прыйшоў. Прадай, кажу. - Не прадам, Клiм, не прадам. Ужо збылося - нават Алёша не ведаў спачатку, - паслаў я тры рублi ў рэдакцыю рэспублiканскае газеты i аб'яву: "Прыбiўся паляўнiчы сабака, белы, з чорным вухам". Прыслалi ў адказ: "Не аб'яўляйце, калi ласка. Хай пакуль што пажыве". Што тут такое - не ведаю, але адчуваю сабака гэты важнецкi, трэба шанаваць. - А ты i зглумiш. Прадай, - наставаў Клiм, пачынаючы злаваць. - Торгу не будзе, - адрэзаў Хрысан Андрэевiч. - Так - на паляванне - бяры, а ў той жа дзень прыводзь назад. Хай Чарнавух пароду беражэ, так як i паложана. - Таму што не прадаецца, - умяшаўся Алёшка. - Ну, так дык так, - незадаволена скончыў Клiм, паляпаў Бiма па загрыўку i пайшоў. Пасля вячэры, пры лiхтары, Хрысан Андрэевiч зарэзаў баранчыка i, падчапiўшы за заднiя ногi, зняў з яго футра, выпатрашыў, абмыў тушку i пакiнуў яе ў хляве да ранiцы. Пятроўна ўвесь вечар то пакавала яйкi ў карзiну, то накладала ў слоiкi масла або перапушчанага сала. Потым яна акуратна састаўляла iх у базарныя, з белых дубцоў карзiны. Цяпер-то Бiм адчуў, што ад усяго гэтага (баранчык без аўчынкi, яйкi, масла, карзiны) пахне горадам, гарадскiм базарам. Цi ж яму не ведаць! Увесь горад з канца ў канец ён вывучыў, шукаючы Iвана Iванавiча. I Бiм захваляваўся: базар, горад, карзiны, свая ўласная кватэра - усё сплялося ў адно: Iван Iванавiч там. За ноч ён не звёў вачэй. Ранiцаю, раненька-раненька, Хрысан Андрэевiч завярнуў ужо цвёрдую тушку ў чыстую мешкавiну, звязаў шпагатам i ўскiнуў на плячо. Пятроўна пачапiла на каромысла дзве карзiны, падняла i паклала яго на абодва плечукi. Як Бiм прасiўся разам з iмi! Ён ясна гаварыў, уталкоўваў iм настойлiва: "Мне трэба разам з вамi. Я - туды. Вазьмiце". Нiхто не здагадаўся пра яго хваляваннi. Нават больш таго, Хрысан Андрэевiч сказаў, папраўляючы, каб ямчэй ляжала тушка. - Патрымай яго, Алёша, Чарнавуха, - каб хоць не пабег за намi. Алёша ўзяў яго за аброжак i патрымаў на ганку. А Тата i Мама, абое з ношамi, паволi пайшлi да шашы, да аўтобуснага прыпынку. Бiм праводзiў iх вачыма i не звяртаў увагi на Алёшавы пачастункi i на ягоную ласку, праводзiў, пакуль яны не схавалiся з вачэй. Скора прыйшоў Клiм з рукзаком i стрэльбаю. Паляўнiчае сумкi i патранташа на iм не было (тое, што не ўся экiпiроўка была, Бiм прыкмецiў адразу ж). Але ўсё-такi стрэльба! - вось дзе соль! Бiм даверлiва падаўся да паляўнiчага i адразу ж уведаў, што набоi пакладзены ў кiшэнi. Таксама вялiкi непарадак. Але ж галоўнае - стрэльба. За чалавекам са стрэльбаю ён пойдзе куды хочаш, хоць у свет. Надоўга цi ненадоўга, а пойдзе. Такая ўжо натура ў лягавага сабакi, i Бiм быў не выключэнне: у яго на нейкi час ацiхла нудота, якая ўзнiкла ў апошнi дзень, - нават так. Калi датычылася адносiн да стрэльбы, то Бiм быў як звычайны паляўнiчы сабака. Не скажаш, што няма ў яго логiкi, бо iсцiну ён спасцiгае практыкай, хоць i быў надзвычай разумны сабака. Яму яшчэ многа трэба будзе перажыць толькi таму, што ён сабака. Не будзем асуджаць. - Пайшлi ж, Чарнавух, на паляванне, - сказаў Клiм. Бiм заскакаў перад iм: "На паляванне, на паляванне!" Клiм узяў яго за скураны павадок. Алёша папярэдзiў: - Дзядзька Клiм, калi Чарнавух спынiцца, выцягнецца, замрэ, то тут i курапаткi. Яму так трэба крыкнуць: "Пужай!" Бо не рушыць з месца. - Няўжо праўда? - Ну дык! Ведаю ж, - спаважна адказаў Алёша. - Мне вось урокi вучыць, а то б сам паказаў. - Мы таксама што-нiшто кемiм. Не першына, - запэўнiў Клiм. Такiм чынам, пасля вялiкага перапынку i многiх хваляванняў Бiм пайшоў на паляванне. Спачатку iм нiчога не траплялася, акрамя смярдзючага тхара. - Грабi, - загадаў Клiм. Бiм гэтага не разумеў, адышоўся, сеў збоку недаўменна. Пад паўдня моцна пацяплела. Сонечна, тоненькi снег раскiс, пад лапамi ўжо хлюпала гразь, ачосы на Бiмавых нагах выквацалiся, ён стаў падсмалены i непрыгожы, як i кожны мокры лягаш. Але Бiм шукаў па ўсiх правiлах - чаўнаком перад Клiмам, упоперак i з праверачным заходам. На ўзлеску кусцiстага калка Бiм стаў на курапатак. Клiм крыкнуў: - Пужай! Бiм нават сцепануўся ад басавiтага рыку i падняў курапатак рыўком, без падводкi (ай, якая памылка!), але стрэлу не пачулася. Бiм азiрнуўся. Паляўнiчы ўпiхаў патрон у аднастволку, - а той - нiяк. Потым пачаў яго выцягваць, таксама - нiяк. Бiм сеў, не сыходзячы з месца, адкуль узляцелi курапаткi, i, не падыходзячы, аднак, да паляўнiчага, сачыў за iм. А Клiм пачаў лаяцца так, як лаюцца вечарам на тратуары п'яныя: хiстаюцца i лаюцца адзiн на аднаго або проста на цёмную ноч. Гэты не хiстаўся, але таксама лаяўся. Хоць Клiм у рэшце рэшт дастаў патрон, уставiў другi i зачынiў стрэльбу, але быў злосны i нечым нагадваў Шэрага. - Ну, шукай! - загадаў ён Бiму. - Чарнавух, шукай! Адвярнуўшыся i выходзячы насупраць ветру на чаўнок, Бiм зрабiў выгляд: "Ну што ж, буду шукаць". Але нешта апатычнае з'явiлася ў яго кульгавай прабежцы, не той спрыт, як да таго, пакуль узляцелi курапаткi. Клiм зразумеў гэта так, што сабака саслабеў, бо не мог зразумець таго, што гэта абазначала, што Бiм засумняваўся ў чалавеку: вось так, скоса азiраецца на яго, не спыняецца, але i не падыходзiць, трымаецца далекавата. Ён быццам i не шукаў, а цiкаваў за паляўнiчым, але гэта толькi здавалася. Азарт неадольны, азарт вечны, пакуль iснуюць паляўнiчыя сабакi, узяў верх. Па сутнасцi, Бiм iшоў за стрэльбаю, а зусiм не за Клiмам. Нечакана ён улавiў пах заячае лапы. На гэтых звяркоў Iван Iванавiч не паляваў з Бiмам, хоць разы два-тры Бiм i рабiў на iх стойку. Яны ж, гэтыя зайцы, не вытрымлiваюць стойкi нiяк: толькi прыпынiся, а ён драла. Ганяцца за iмi - нельга - гаспадар не дазваляў. Летам, праўда, яны яшчэ крыху ляжаць i пад стойкаю, але Iван Iванавiч заўсёды клiкаў Бiма; а адно зайчанё, з кулачок, нават адабраў з-пад лапы i выпусцiў на волю. Так што заяц не птушка. Аднак Бiм павярнуў нос на струмень паветра, якi плыў ад зайца, пайшоў дакладна i стаў на стойку - мокры, чуць скасабочаны - на скалечаную лапу. Не, ужо не тая стойка ў калекi. Не тая мастацкая артыстычная пастава. - Пужа-а-ай! - зароў Клiм. Скажам, у мяккае надвор'е ды яшчэ па раскiслай гразi, заяц ляжыць моцна, а Бiм пакуль што яшчэ не скрануўся з месца, быццам хацеў сказаць: няправiльна крычыш жа. - Пужай, чорт кульгавы! - раўнуў Клiм. Падняў зайца Бiм i прылёг, як i трэба перад стрэлам. Клiм бабахнуў, як з пушкi. Заяц бег усё павальней i павальней. Потым сеў, а потым схаваўся ў разору i знiк з вачэй. Клiм крычаў дзiкiм голасам: - Кусi, кусi яго! Ала-ала-ла-ла! Кусi! - i бег туды, дзе схаваўся заяц. Бiм хоць i заскакаў побач з Клiмам, ведаў дакладна, што ўсё гэта робiцца не па правiлах: паляўнiчы не павiнен бегчы, як сабака, Бiм i сам знойдзе, калi трэба, - нават i зайца, калi загадаў бы Iван Iванавiч. Клiм спынiўся, засопшыся, i не сваiм голасам крычаў: - Шукай, балда! Калека чортаў! Рушыў Бiм неяк пакрыўджана. I так заячы пах быў мала цiкавы яму i дагэтуль, а тут - тупацiць ззаду нагамi Балда. Але ўсё ж па следзе, па следзе - Бiм давёў i спынiўся, зрабiў стойку, чакаў пакуль пачуе апрацiвелае "Пужай!" i нарыхтаваўся падымаць зайца. Але той ледзьве выпаўз з разоры i закульгаў, быццам хворы. Клiм стрэлiў, а заяц бег. Яшчэ раз стрэлiў, а заяц пакрысе кумiльгаўся, прыпыняючыся. Бiм ляжаў, як i павiнна быць, хоць i на гразi, чакаў загаду. А Клiм рыкаў: - Кусi, гад! Кусi яго, балда! - I паказваў на зайца. Бiм зноў знайшоў падранка, якi прытаiўся, i зноў зрабiў стойку. Трэцюю! I зноў Балда прамазаў. I зноў заяц пабег. Клiм ад злосцi так i не змог зразумець, што Чарнавух не навучаны душыць падранкаў, што гэта не адпавядае вартасцi iнтэлiгентнага сетэра, што сетэр не можа трываць такiх паляўнiчых, як Клiм. Калi апошнi раз заяц прапаў з вачэй (ён пайшоў крыху жывей - вiдаць, рана была адкрытая), Клiм зноў азвярэў: ён падышоў да Бiма i, часта паўтараючы слова "маць", злосна, з нянавiсцю кляў яго. Бiм адвярнуўся седзячы, сабраўся iсцi прэч ад стрэльбы. I тут Клiм з размаху ўдарыў колькi ставала сiлы наском вялiзнага бота ў грудзi знiзу... Бiм ахнуў. Як чалавек ахнуў. "А-а-х! - ускрыкнуў працягла Бiм i ўпаў. - Ой, ой... - гаварыў Бiм па-чалавечы. - Ой... За што?!" - I глядзеў вачыма пакутнiка на чалавека, нiчога не разумеючы i жахаючыся. Потым ён ледзьве падняўся на чатыры лапы, пахiстаўся крышку i ўпаў зноў, варушачы лапамi. - Што ж я нарабiў! - схапiўся за галаву Клiм. - Цяпер давядзецца дваццацьпятку аддаваць. Прапалi грошы! - I затрухаўся скоранька-скоранька, быццам уцякаў ад Бiмавага позiрку. Таго дня Клiм не паказаўся ў вёсцы, недзе працягаўся да ночы. Апоўначы, крадучыся, запоўз у сваю хату, што на краi вёскi. А як жа Бiм? Дзе ён? Ён застаўся адзiн на сырой i халоднай зямлi, адзiн-адзiнокi на ўсiм белым свеце. Усярэдзiне нешта абарвалася пасля ўдару, i гэтае "нешта" стала цёплае, яно забiла дыханне, сцiснула грудзi, таму ён i страцiў прытомнасць. Але вось ён кашлянуў, яго вырвала, уздыхнуў - дыхаць балюча. Яшчэ раз схапiў паветра адкрытым ротам i адкашляўся. I ледзьве падняў галаву: поле гойдалася, быццам Бiм плыў на хвалях у паводку. Ён паднатужыўся i сеў: поле гойдалася, сонца гойдалася, быццам падвешанае на вяроўцы. Сёння ад Бiма хацелi больш, чым ён можа; ад яго патрабавалi: ты павiнны, абавязаны зрабiць тое, чаго не можаш зрабiць, калi хочаш, каб было чыстае тваё сабачае сумленне i iмя. За тое, што не выканаў, жорстка збiлi. Ён, Бiм, не можа душыць падранка, не можа. "За што-о-о... За што-о-о... - скуголiў цiхенька Бiм. - Дзе ты, мой добры сябар... Дзе-е? Дзе?.." - усё цiшэй i цiшэй жалiўся Бiм i зацiх нарэшце. Збоку здалося б, што ляжыць у чыстым гразкiм полi мёртвы сабака, але гэта было не так. Вось ён падняў азадак, абмацаваўся на нагах - не ўпаў. Ступiў раз - не ўпаў. Пастаяў. Ступiў другi раз. I пагробся па вораным полi, цягнучы лапы, закрэслiваючы свой след. ...О вялiкая сабачая мужнасць i цярпенне! Якая сiла зрабiла вас такiмi магутнымi i незнiшчальнымi, што нават у перадсмяротную часiну вы несяце цела ўперад? Хоць памаленьку, але наперад. Наперад, туды, дзе, магчыма, будзе давер i спагада да няшчаснага, адзiнокага, забытага ўсiмi сабакi з чыстаю душою. I Бiм iшоў. Ледзьве iшоў, але iшоў усё-такi. На губах запенiлася кроў, а ён усё-такi iшоў. Кашляў крывёю, але iшоў. Лажыўся знясiлена на халодную зямлю, уставаў i зноў iшоў наперад. Ля ручая прагна напiўся вады - стала крышку лягчэй. Нешта падказвала яму нельга адыходзiць ад вады. Ён i сапраўды дабраўся да блiжняе сцiрты, цераз сiлу працiснуўся пад навiслую аж да зямлi салому i зацiх. Так сабакi адлежваюцца ў час хваробы, хаваючыся ад людскога вока i звяроў; гэтаму навучыла iх сама прырода. Хвала яе законнаму парадку i разумнай мэтазгоднасцi! Колькi Бiм пралежаў без памяцi, ён не ведаў, але, ачнуўшыся, адчуў, як востра балiць у грудзях; галава пайшла кругам, i ён адчуў усiм нутром, што зараз нешта здарыцца з iм, выпаўз з саломы. Паляжаў на паветры, адчуў, што шэрсць стала сухая. Сеў. Асенняя трава цяпер не гойдалася, сцiрта - таксама, сонца - таксама, i яно цёплае, нават чуць грэе. Бiм даплёўся да ручая i зноў пiў, пiў, пiў. Адпачыў крыху i зноў пiў патрошку. Ён заўважыў непадалёку ад ручая стэпавую асаку, дробненькую i яшчэ зялёную, падобную да пырнiку (мароз не скора яе бярэ). Бiм пачаў есцi асаку. Што яму падказала на гэту непрыкметную траву, людзi так нiколi i не даведаюцца, але ён-то ведаў: трэба абавязкова есцi яе. I еў. Потым трапiўся i рамонак, прысохлы, познi, а на iм прыцiснутыя восенню напаўсухiя кветкi. Ён еў i рамонак. Яшчэ раз вярнуўся да ручая, напiўся i пайшоў да вёскi. Iшоў уперад i ўперад. I такi дабраўся, калi змерклася ўжо. Не, Бiм не пайшоў у вёску. Як жа! Туды пабег Клiм... Не, за iм ён не пойдзе. Клiм можа зноў узяць за аброжак i тады... Не, не быць таму. Бiм умасцiўся на астатках ад капы, вылежаўся крыху. Пачуў побач сцябло дзядоўнiка, паспрабаваў яго - сухое, адгрыз паўз зямлю i пачаў шчыпаць корань, угрызаючыся глыбей. Гэта ён таксама ведаў, што дзядоўнiк трэба есцi абавязкова. Вялiкiя i шматбаковыя веды сабакi пра лекi. Пусцiце сабаку, калi ён толькi пачынае шалець, у лес: праз два-тры тыднi ён вернецца схудалы i знясiлены ўшчэнт, але здаровы. Стаў балець у сабакi страўнiк - вядзiце яго ў лес або ў стэп i пажывiце з iм два-тры днi: ён вылечыцца сам травою. Менавiта ў сабакi i трэба вучыцца, як яго лячыць. Прырода замацавала так багатыя "веды" ў сабакi, што дзiву гэтаму чалавек нiколi не перастане дзiвiцца. ...Ноч прайшла. Вялiкая, асенняя нудная ноч, ад якое ныла ўсярэдзiне. Пракукарэкаў першы певень. Бiм не захацеў чакаць другiх i трэцiх, апошнiх, свiтальных. Ён сiлiўся, але нiяк не мог падняцца з месца ад болю ў грудзях. Але ўсё ж, хоць цераз сiлу, разварушыўся, два разы ўстаючы i кладучыся, ды i патупаў памаленьку. Ён прыцягнуўся да Хрысана Андрэевiча, узабраўся цераз дзве прыступкi на ганак i прылёг. У доме было цiха. Хто ведае, можа, i не пайшоў бы ён адсюль сёння, але побач, зусiм побач, прайшоў Клiм, цiха крадучыся, як злодзей. Бiм задрыжаў. Бiм гатовы быў баранiцца да апошняга ўздыху. У iм прачнуўся гонар асуджанага, калi таму больш няма чаго страчваць. Але Клiм перагнуўся цераз балясiну i сказаў паўшэптам: - Прыйшоў, Чарнавух. - I спехам, торапка патупаў назад, быццам павесялеў. У Бiма не было сiлы, каб даганяць i адпомсцiць за здраднiцкi ўдар ботам, брахаць ён не мог, таму што, акрамя хрыпу, нiчога не выходзiла са скалечаных грудзей. Але Бiм не хацеў i таго, каб Клiм зноў прыйшоў i ўзяў яго. I вось ён устаў, цiха абышоў па двары, прынюхаўся да падсвiнкаў, да каровы, да авечак, крыху пасядзеў i пайшоў прэч ад вёскi. А як хацелася прылегчы ля сяброў-парасят! ...Праспявалi трэцiя пеўнi. Днела. Да шашы iшоў сабака. Галава апушчана, хвост вiсеў, як нежывы, быццам у шалёнага. Збоку ён i здаўся б шалёным на самай апошняй стадыi: вось-вось упадзе, наткнуўшыся на тое, што перш трапiцца на дарозе, i памрэ тут жа. Гэта быў наш Бiм, добры i адданы Бiм. Ён iшоў шукаць свайго гаспадара, Iвана Iванавiча. Iшоў дакладна тою самаю дарогаю, па якой яго вялi сюды. Ад вёскi да аўтобуснага прыпынку было кiламетраў пяць-шэсць, але недзе на паўдарозе ў Бiма зноў не стала сiлы, ён ледзьве давалокся да стога сена. Нехта, крадучы начамi, выскуб у стозе дзiрку - туды Бiм i забраўся. Ляжаў там доўга, амаль цэлы дзень, а на захадзе сонца выбраўся са сваёй схованкi. Хацеў пiць, але вады не было. Боль пёк грудзi, хоць дыхаць стала лягчэй, а галава не закружылася, калi ён рушыў у дарогу. Зараз яму трапiлася вяршалiнка цмену, ён з'еў i гэтыя кветачкi - жоўценькiя, сухiя, якiя не мяняюць свой колер ад пачатку цвiцення да таго, пакуль саспеюць, i на ўсю зiму, да вясны. Абшчыпаў i куст рамонку, але галоўкi яго, аказалася, саспелi, рассыпалiся ў роце i казыталi ў горле. Таму яшчэ мацней захацелася пiць. Калi ён пераходзiў адну дарогу ў полi, трапiлася лужынка расталага снегу ў калюжыне. Так дарога падарыла Бiму вадзiцы. Ён напiўся i пайшоў цiхенька далей. Зацемна ён дайшоў нарэшце да шашы. Пасядзеў крышку, правёў вачыма некалькi машын з асляпляльна белым святлом i ўжо ведаў: трэба iсцi туды. Але ж не ноччу! А раптам - Клiм? Або - Шэры? Або - воўк? Бiм вырашыў не адыходзiць ад аўтамабiльнае дарогi i схавацца на ноч дзе-небудзь непадалёку. Ён прыцягся да аўтобуснага прыпынку, дзе быў маленькi домiк без аднае сцяны, але з шырокiмi лаўкамi ў сярэдзiне; там залез пад лаўку, у куток, i пачаў чакаць. За ноч ён не звёў вачэй, нягледзячы на страшэнную слабасць. То адна, то другая праляталi збоч машыны - дарога жыла i ноччу. Аўтобус ехаў цiшэй ля прыпынку, але таму што не было пасажыраў, не спыняўся. Ноч была хаця i насцярожаная i хворая, але цёплая, слава богу, - восень яшчэ раз прагнала зiму. ...Што ж было ў вёсцы за гэтыя суткi, пакуль адсутнiчаў Бiм? Хрысан Андрэевiч з Пятроўнаю вярнулiся з рынка прыцемкамi. Алёшы не было дом на замку. Яны ўвайшлi, палiчылi выручку, схавалi грошы пакуль што ў куфэрак, каб заўтра занесцi ў ашчадную касу. Тут i з'явiўся Алёша. - Ты куды гэта прапаў? - спытаўся бацька. - Хадзiў да Клiма. - Цi ж ён не прывёў Чарнавуха? - Яшчэ не вярнуўся з палявання. - Вернецца. Прывядзе - нiкуды не дзенецца, - супакоiла Пятроўна, мераючы Алёшу новы свiтарок. - Так-то яно так, - няўпэўнена адказаў Хрысан Андрэевiч, - ды толькi Клiм жа зладзюга... Каб хоць браў адно калгаснае, яно там нiчыё, а то i ў калгаснiкаў валачэ. О, з гэтым звяжыся - не будзеш рады. Усякi яго баiцца. Хай лепш бярэ на паляванне Чарнавуха, чорт яго бяры. - Як гэта - "нiчыё"? - спытаў Алёша. - Наша ж? - Яно, вядома, так... Агаварыўся... Гэта ты правiльна - нашае... Але як бы табе панятлiвей сказаць? Там - наша, а тут - сваё. Ну, скажам, напрыклад, так: школа, напрыклад, наша i дзецi ўсе нашы, а ты - мой. Цi так: палi - нашыя, а сядзiба - мая... Выходзiць, i жывёла ёсць нашая, а ёсць i свая. Зразумеў? - Ну дык! Чаму ж не зразумець... А ты - "нiчыё"! - Тут ты праўду: зусiм нiчыё - не можа такога быць. Бацька заўсёды гаварыў з Алёшам, як з дарослым. Алёша адказваў тым жа: - Выходзiць, i Клiм бы браў з нашага, але не з майго. - Факцiчаскi так, - падвёў вынiк бацька. - Мы ж з табою бяром... сена там цi бурачкоў карове? Бяром. Тайком ад старшынi i ад брыгадзiра, а бяром чуць. Ды i ён, старшыня, ведае, i брыгадзiр ведае, усе ведаюць. I ад гэтага нiкуды не дзенешся: з нашага бяром. I бяром сумленна, з леташнiх стагоў або дабiраем астаткi буракоў. А як жа? Скацiну кармiць трэба. - Факцiчаскi так, - пацвердзiў трынаццацiгадовы мужычок, якi ўжо можа i чараду пасвiць, i даглядаць "сваю" скацiну, i бiць масла, дапамагаючы мацi, калi не заняты, вядома, i скрэбцi на марозе "нашы" буракi, i капаць "сваю" бульбу. А Хрысан Андрэевiч тлумачыў далей: - Як павiнна быць па статуту, так i робiм: там - наша, а тут - маё. Я вось занёс баранчыка ў горад. А як жа? Кармiць-паiць людзей трэба - мы на тое i жывём. I мацi занесла яек. I масла. Усё па статуту, усё планава. Жызня, Алёшка, добра наладзiлася, абуты, апранутыя не горш, чым старшыня цi настаўнiк, тэлевiзары ёсць i ўсё такое, грошы на патрэбу. А хто многа працуе, дык таму толькi работа моцы дадае. Толькi вось гарэлку пiць не трэба, павучаў Хрысан Андрэевiч. - А сам п'еш, - справядлiва заўважыў Алёша. - Калi не трэба - не трэба. Што толку! - Гэта ты праўда, - згадзiўся бацька. - Калi ты на брыгадзiра павагу маеш, дык гэта ж не мы завялi... А Клiм - што? Клiм - зладзюга. Як гэта пайсцi да суседа i ўкрасцi куру? Гэта ж трэба на людзей вочы засляпiць. Куды-ы там! Прапаў чалавек. Чакаючы Чарнавуха, Алёша i Хрысан Андрэевiч прагаварылi так да адзiнаццацi гадзiн вечара. Потым хадзiлi вакол дома, зазiралi да парасят, пад ганак (магчыма, уцёк ад Клiма i схаваўся). Нарэшце Хрысан Андрэевiч пайшоў сам. Наталля, жонка Клiмава, жанчына затурканая i цiхая, тая самая, што заплакала на бурачным полi, сказала горка: - Не прыйшоў яшчэ, валацуга. Заначаваў дзе-небудзь, iдал. Або запiўся, пракляты. Ох, гора маё! Лiчы, толькi заўтра прывалачэцца, шатун. А сабаку ён нiдзе не дзене, ведаю яго. Прывядзе... Хрысан Андрэевiч вярнуўся дадому, расказаў, што чуў, i яны з Алёшкам леглi адпачываць, перагаворваючыся шэптам, каб не пабудзiць мацi. Яны не чулi, як прыходзiў Чарнавух на ганак, як падкраўся i ўцёк Клiм, як пайшоў iх новы добры сябар ад лiхога чалавека. Ранiцою бацька пабудзiў Алёшку: - Уставай. На ганку свежыя сляды: прыйшоў Чарнавух. Удвух яны пачалi шукаць, зваць, свiстаць, але Чарнавух ужо не мог iх чуць. Хрысан Андрэевiч бягом затрухаўся да Клiма, пабудзiў таго. - Прывёў жа, прывёў, - басiў той хрыпла i незадаволена. - Апоўначы прывёў i не захацеў цябе будзiць... Хочаш, сляды свае пакажу. А ты вось мяне пабудзiў, растрывожыў. Як думаеш: па-чалавечы гэта цi не? Ды i сабака твой нягодны на паляванне. На чорта ён мне - не буду браць нiколi. Хрысан Андрэевiч не спрачаўся: з гэтым толькi звяжыся. Абышлi яны з Алёшам усю вёску, усе агароды, былi на калгасным двары (цi не ў сабак гасцюе Чарнавух?). Не, нiхто нiдзе не бачыў Чарнавуха. Прапаў Чарнавух. - Выходзiць, Клiм збiў яго, - здагадаўся Хрысан Андрэевiч. - Збег Чарнавух. У Алёшы пякло ад жалю сэрца. Ён пачаў прыглядацца да падлогi на ганку: сляды ўжо высахлi, але месца, дзе ляжаў Чарнавух, было адметна. Алёша прыгнуўся i нечакана крыкнуў на ўвесь двор: - Тата! Кроў! Той выбег з хаты, прыгледзеўся: там, дзе ляжала галава Чарнавуха, засталiся высахшыя плямкi слiны, перамешанай з крывёю. - Звер! - сказаў Хрысан Андрэевiч. Падумаў i папярэдзiў Алёшу: - Глядзi, не звязвайся з гэтым чалавекам - бяды нажывеш. Вось што: пайшлi па Чарнавухавай дарозе - больш няма яму куды iсцi. Яны дабралiся да аўтобуснага прыпынку, па дарозе клiчучы i шукаючы Чарнавуха, доўга там чакалi i пайшлi дадому. Думалася, што калi iшоў сюды, то цяпер недзе далёка-далёка. Таго дня яны iшлi непадалёку ад стога, дзе адлежваўся Бiм, iхнi Чарнавух. Вечарам Алёша некалькi разоў выходзiў на ганак, чакаў, клiкаў. А потым вярнуўся ў сенцы, сеў ля сабачае будкi, напханае сенам, i заплакаў, адкрыта, па-дзiцячы, усхлiпваючы i размазваючы рукавом непаслухмяныя слёзы. Хрысан Андрэевiч пачуў, выйшаў у сенцы, запалiў святло. - Э, ды ты таго? - здзiвiўся ён. - Таго, - адказаў Алёша, уздрыгваючы. Бацька правёў шурпатаю, драўлянаю далонню па сынавых валасах i прамовiў: - Гэта добра, Алёша... Душа ў цябе ёсць, хлопчык... Выйшла Пятроўна. - Шкадуеш Чарнавуха? - спытала яна. - Шкада, мама!.. Шкада... - Гора ж якое, бацька! - усхлiпнула яна. - Але што ж цяпер зробiш, Алёшка... Так таму i быць... Шкада... ...А ў гэты самы час Бiм ужо ляжаў пад лаўкаю ў павiльёнчыку аўтобуснага прыпынку. Ляжаў i чакаў. Чакаў ён толькi аднаго - свiтання. Раздзел 13 ЛЯСНАЯ БАЛЬНIЦА. ТАТА I МАМА. НАВАЛЬНIЦА Ў ЛЕСЕ Як толькi засвятлелася на досвiтку, Бiм паспрабаваў устаць, але гэта было нялёгка, амаль немагчыма. Галоўнае, цяжка выпрастацца з абаранка: нешта застыла ўсярэдзiне i быццам склеiла там. Сяк-так, не па-сабачаму, ён спачатку выпрастаў адну заднюю нагу, быццам курыца з-пад крыла, потым другую, упёрся iмi ў сценку i выпаўз з-пад лаўкi. Чуць паляжаў i папоўз з павiльёна. Сеў. Здранцвелыя ногi пачалi ажываць. Перамагаючы боль i суцяшаючы сябе цiхiм паскугольваннем, ён пайшоў - спачатку ледзьве-ледзьве, чыркаючы лапамi па зямлi, потым усё цвярдзей i цвярдзей.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12
|