Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Троепольский Гавриил / Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 10)
Автор:
|
Троепольский Гавриил |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(333 Кб)
- Скачать в формате fb2
(138 Кб)
- Скачать в формате doc
(142 Кб)
- Скачать в формате txt
(137 Кб)
- Скачать в формате html
(139 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12
|
|
I Бiм пайшоў. Доўга i цяжка ўзбiраўся ён на круты, вялiзны, на кiламетр, пад'ём. Дзесьцi на паўдарозе ён наткнуўся на след ваўчыцы, перайсцi яго не адважыўся (яна ж адсюль i iшла!), потым скiраваў у густы непралазны зараснiк i ўбачыў воўка. Убачыў проста перад сабою, мёртвага. Гэта быў той, што ўцёк у сярэдзiну аблавы смяротна паранены, каля якога ўсё яшчэ кружылася i кружылася ваўчыца, час ад часу апавяшчаючы наваколле сваёю страшнаю чалавеку тугою. Мёртвы воўк. Шэрсць на iм аблезла лапiнамi. Засталася толькi частка сатлелага звера. Толькi кiпцi сталi доўгiя, злавесна чыстыя i страшныя. Бiм убачыў: нават у мёртвага, сатлелага воўка кiпцюры застаюцца. I ад iх страшна. Бiм заспяшаў паўкругам, на колькi было ў яго сiлы, назад, на тую сцяжынку, абходзячы след, якi напалохаў яго. Нарэшце ён узышоў наверх, спынiўся на тым месцы, дзе ўчора была машына, агледзеўся i пайшоў зусiм дакладна туды, куды трэба было, - дадому. I зноў у яго неставала сiлы, зноў ён адлежваўся ў сцiрце, а то i ў сасновай iглiцы, зноў па дарозе шукаў зёлкi i еў iх. Па шашы бег худы, кульгавы сабака. Бег наперад, толькi наперад, паволi, цяжка, але наперад, да тых дзвярэй, ля якiх ёсць спагада, ля якiх Бiму хацелася легчы i чакаць, чакаць гаспадара, чакаць даверу i самае звычайнае, простае чалавечае ласкi. ...А як жа Толiк? А як жа ён пасля таго, як прачнуўся ранiцаю? Ён, яшчэ не адзеўшыся, у споднiм, пабег да Бiма i раптам закрычаў: - Мама! Дзе-е Бi-iм? Дзе!!! Мама супакоiла: - Бiм захацеў папысаць, тата выпусцiў яго, а ён не вярнуўся. Уцёк. Тата яго клiкаў, клiкаў, а ён уцёк. - Тата! - заплакаў Толiк. - Няпраўда, няпраўда, няпраўда! - Ён упаў на ложак, хлопчык у споднiм, i крычаў з дакорам, з мальбою, у спадзяваннi, што гэта няпраўда: - Няпраўда, няпраўда, няпраўда! Цяпер яго ўзяўся суцяшаць бацька: - Вернецца ён, вернецца... А не вернецца, то самi знойдзем i возьмем яго да сябе. Абавязкова возьмем. Знойдзем - сабака не iголка. Толiк перастаў плакаць i глядзеў толькi ў адно месца. Потым зiрнуў на бацькоў, выцiраючы слёзы, i сказаў цвёрда: - Усё роўна знайду! Ён так упэўнена сказаў гэта, што бацька i мацi апаслiва паглядзелi адно на аднаго: "У хлопчыка свая думка". Ад таго дня Толiк стаў маўклiвы ў школе i дома, нелюдзiмы, насцярожаны да родных. Ён шукаў Бiма. Часам можна было бачыць у горадзе, як чысценькi хлопчык са шчаслiвае культурнае сям'i, спыняў прахожых, выбраўшы каго толькi з выгляду, i пытаўся: - Дзядзечка, а вы не бачылi белага сабаку з чорным вухам? Раздзел 14 ДАРОГА ДА РОДНЫХ ДЗВЯРЭЙ. ТРЫ ХIТРАСЦI Калi Бiм падыходзiў да горада, ногi амаль не слухалiся. Бо ён жа зноў быў галодны. Ды i чым можна было пажывiцца каля шашы? Нiчым. Хiба што кiнутаю кiм-небудзь лупiнкаю ад кавуна, але гэта не харч, а толькi так. Такому сабаку трэба мяса, добрая куцця, капуста з хлебам (калi застаецца пасля абеду), адным словам, усё, што звычайна есць чалавек. Бiм кармiўся два тыднi ўпрогалад. З яго хворымi грудзьмi, пабiтымi ботам, такая галадоўка - павольная згуба. Калi ж да ўсяго дадаць, што, змагаючыся з ваўчыцаю, ён моцна стукнуў расцiснутую стрэлкаю заднюю лапу i штыльгаў на трох нагах, то можна ўявiць, якi быў у Бiма выгляд, калi ён уваходзiў у свой родны горад. Але свет не без добрых людзей. На самай ускраiне ён спынiўся ля малюсенькага домiка з аднымi дзвярыма i адзiным акенцам. Вакол домiка ляжалi горы цэглы, каменняў, бетонных плiт, дошак, бярвення, жалеза i ўсяго iншага, а побач, з другога боку, стаяла палавiна новага вялiзнага дома, але без акон, без дзвярэй i без даху. Вецер круцiўся ў пустых дзiрках акон, шыпеў над кучамi камення i цэглы, спяваў у штабелях дошак i завываў у верхатуры будаўнiчага крана - i ўсюды на розныя галасы. Нiчога дзiўнага ва ўсiм гэтым не было Бiму (усюды будавалi i будавалi бясконца), а па праўдзе кажучы, ён не раз прасiў у будаўнiкоў: "Дайце, хлопцы, пад'есцi". Тыя разумелi яго - падкормлiвалi. Аднойчы нават жартаўнiк з iхняе кампанii на полуднiм перапынку налiў у кансервавую бляшанку ложку гарэлкi i прапанаваў Бiму: - А ну, сабачка, дзюбнi за здароўе тых, хто тут не крадзе. Бiм пакрыўдзiўся i адвярнуўся. - Правiльна! - усклiкнуў жартаўнiк. - Няма табе за каго выпiць, разумнiца. Гэта я ведаю дакладненька. Усе навокал засмяялiся i называлi штукара Шурыкам. Затое той жа самы Шурык адвалiў нажом кавалак каўбасы - сапраўдная, з магазiна, а не тое, што са сметнiцы! - i паклаў перад Бiмам: - За справядлiвасць табе, Чорнае вуха. Вазьмi, мудрэц. I зноў смяялiся людзi ў выквацаных камбiнезонах. А Шурык дадаў, вiдаць, самае смешнае: - А то, брат, за гэтую ноч дошкi зноў усохлi на трэць. I яшчэ смяялiся, хаця хлопец той i не ўсмiхнуўся. Бiм зразумеў Шурыкаву гаворку па-свойму: па-першае, гарэлкi сабаку нельга, а калi ты яе не п'еш, то табе дадуць яшчэ каўбасы; па-другое, што ўсе гэтыя хлопцы, ад якiх пахне цэглаю, дошкамi, цэментам, - добрыя. Бiму так i здалося, што Шурык гаварыў увесь час толькi пра гэта. Успомнiўшы такое, кiруючыся раней знаёмымi пахамi, па праву памяцi, Бiм, знясiлены ўшчэнт, прылёг ля дзвярэй маленькага домiка, ля старажоўкi. Быў досвiтак. Акрамя ветру, вакол нiкога не было. Праз колькi часу ў старажоўцы нехта кашлянуў i загаварыў сам да сябе. Бiм прыпадняўся i зноў жа па праву памяцi падрапаў за дзверы. Яны адчынiлiся, вядома, як i заўсёды. На парозе паказаўся чалавек з барадою: адно вуха ў шапцы апушчана ўнiз, другое тырчыць угору; плашч моцна нацягнуты на кажух: асоба, якой поўнасцю можа давяраць Бiм. - О, ды тут, нiяк, госцi? Бач як табе падцяла, бяздомнiк няшчасны, больш нiчога не скажаш. Ну, заходзь, цi што? Бiм зайшоў у вартаўнiцкую, амаль упаў ля парога. Вартаўнiк адрэзаў кавалак хлеба, размачыў у вадзе i паставiў Бiму. Той з удзячнасцю з'еў, пасля паклаў галаву на лапы i глядзеў на дзядулю. I пачалася ў iх гаворка пра жыццё. Сумна вартаўнiку, дзе б ты нi вартаваў, а тут - жывое стварэнне глядзiць на яго здзiўленым, чалавечым, няшчасным i, адразу вiдаць, мучанiцкiм позiркам, якi, магчыма, таму так i ўражвае. - Дрэннае ў цябе жыццё, Чорнае вуха, вiдаць адразу... Чаму ж яно? спытаўся ён перш-наперш. - Хiба табе яшчэ чарга на ордэр не падышла? Цi так што?.. Я, брат, таксама, вось: чарга падыходзiць i адыходзiць, Мiхей застаецца. Колькi iх, гэтых дамоў, панастаўлялi, а я ўсё вось з гэтаю будкаю пераязджаю з месца на месца. Ты вось збяжыш, напрыклад, i паспрабуй напiсаць мне лiст: няма куды. Без адраса пяты год: "БМУ-12, Мiхею". I ўсё табе пiсанне. Не пакет, а ганьба адна. Пiць-есцi - хоць задушыся, хоць гальштук начапi i капялюш - на лоб; а вось жыць няма дзе, разумееш. Дзе падзецца? Дачасна так цяжка... А зваць мяне Мiхей, Мiхей я, - тыкаў ён сам сабе пальцам у грудзi i адпiваў пакрысе з бутэлькi (рабiў ён гэта кожны раз, як толькi выпальваў зарад свае гаворкi). Бiм добра зразумеў Мiхееў маналог, па-сабачы, гэта значыцца, па знешнiм выглядзе, па iнтанацыi, па дабраце i прастаце: добры чалавек - Мiхей. Памiж iншым, не так i важна разумець усе словы (яно сабаку нават i не патрэбна), а галоўнае - зразумець чалавека. Бiм зразумеў яго i адразу ж задрамаў, прапускаючы мiма вушэй далейшую гаворку. Але ўсё ж з-за павагi да субяседнiка ён то заплюшчваў, то расплюшчваў вочы, адганяючы сон. А Мiхей вёў далей тым жа тонам: - Ты вось заснуў, i ўся марока. А мне нельга. Нарвецца кантроль: "Дзе Мiхей? Няма. Звольнiць Мiхея. Абавязкова". Вось яно што. Не акажыся на пасту або заснi - адразу табе пад нос: "Дзе Мiхей? Няма. Звольнiць Мiхея!" I ўся марока. З-за дрымоты Бiм толькi i адрознiваў словы: "Мiхей... Мiхей... Мiхей... I ўся марока". А Мiхей адпiў яшчэ разы са два, выцер вусы, пасалiў хлеб, панюхаў i пачаў есцi, гаворачы да Бiма: - А я так i скажу, Чарнавушка, перад сабакам i то нават лепш паспавядацца: нiкому не скажа i спрачацца нечага, а самому палягчае... Вось я, Мiхей, ахова. Са стрэльбаю. Цяпер пытаюся: калi крадзе не адзiн? Што Мiхей зробiць? Нiчога ён не зробiць. I ўся марока... Кажуць, закон. Добра - закон: злавiў пяць год яму, с-сучаму сыну! А-а! Ды вось толькi яго злавiць трэба, вось дзе загваздка. Як улавiць? Вось яно i ёсць. Ты вось - сабака. Насаджаю я табе кораб зайцаў, выпушчу ўсiх разам, а табе лавiць загадаю. Яны разляцяцца ва ўсе бакi - i ўся марока. Ну, зловiш ты аднаго. А астатнiя? Уця-яку-уць, - Мiхей так весела засмяяўся, што Бiм прыпадняў галаву - хоць ты i яму ўсмiхайся. Але Бiму было не да таго. Дзверы адчынiлiся. Увайшоў чалавек, таксама вартаўнiк, i сказаў: - Перазменка. Кладзiся, Мiхей, спаць. Той дабраўся да лежака i адразу ж заснуў. А Змена сеў за стол на Мiхеева месца, крышку пасядзеў i прыкмецiў Бiма. - А гэта тут яшчэ што за пугач? - спытаўся ён у Бiма, бо, мабыць, кiнулiся вялiкiя вочы. Бiм сеў, як i патрэбна ветлiваму, стомлена вiльнуў хвастом ("Хворы я, маўляў. Гаспадара шукаю"). Змена нiчога не зразумеў, як i многiя людзi не разумеюць сабак, а замест адказу адчынiў дзверы i падапхнуў Бiма нагою: - Правальвай, пачвара. Бiм пайшоў перакананы: Змена - гадкi чалавек. Але iсцi далей ён не мог: калi пад'еў цюры, ён чамусьцi яшчэ больш знясiлеў, а сон валiў яго з ног. Перамагаючы сон, Бiм зайшоў у дом, якi будуецца, зашыўся ў жмак габлюжак, якiя пахлi хвояй, i заснуў моцна-моцна. За дзень яго нiхто не патрывожыў. Так ён i праляжаў да вечара. Прыцемкамi абышоў нiжнi паверх, знайшоў на акне амаль паўбулкi хлеба, большую частку з'еў (наеўся), меншую вынес з дома i загроб у мяккую зямлю ля траншэi; усё гэта ён зрабiў сумленна, як i павiнна рабiцца, хоць i неставала сiлы, але сабачае правiла "хавай кавалак на чорны дзень" трэба не забываць. Цяпер ён адчуў, што можа iсцi далей. I пайшоў да сваiх родных дзвярэй. Да родных дзвярэй, да тых самых, знаёмых з першых дзён жыцця, да дзвярэй, за якiмi давер, наiўная святая праўда, спачуванне, сяброўства i спагада былi такiя натуральныя, такiя простыя, што самi гэтыя паняццi называць не мела нiякага сэнсу. Ды i нашто ўсё гэта Бiму асэнсоўваць? Ён, па-першае, не змог бы гэта зрабiць, бо ўсё-такi ён сабака, а па-другое, калi б ён i паспрабаваў падняцца на недасяжную яму вышыню розуму чалавека, ён загiнуў бы ўжо ад таго, што яго наiўнасць людзi палiчылi б дзёрзасцю незвычайнаю i нават злачыннаю. На самай справе, Бiм тады кусаў бы падлюгу абавязкова, палахлiўца - таксама, хлуса - не задумваючыся, бюракрата ён еў бы па кавалках i г.д., i кусаў бы свядома, выконваючы свой абавязак, а не так, як ён укусiў Шэрага, пасля ўжо таго, як той жорстка бiў яго па галаве. Не, тыя дзверы, да якiх iшоў Бiм, былi часткаю яго самога, яны былi яго жыццё. I ўсё. Так, нiводзiн сабака на свеце не лiчыць звычайную адданасць чымсьцi незвычайным. Але людзi прыдумалi гаварыць пра гэтае пачуццё сабакi як пра подзвiг толькi таму, што яны ўсе не часта могуць быць адданы сябру i верныя свайму абавязку так, каб гэта было сутнасцю iх жыцця, арганiчнаю натуральнаю асноваю самога iснавання, калi высакароднасць душы - тое, што само сабою разумеецца. Дзверы, да якiх iшоў Бiм, - гэта дзверы яго сябра, а адпаведна, i яго, Бiмавы, дзверы. Ён iшоў да дзвярэй даверу i жыцця. Бiм хацеў дайсцi да iх, або дачакацца сябра, або памерцi: шукаць яго па горадзе ўжо неставала сiлы. Мог ён толькi чакаць. Толькi чакаць. Але што мы можам зрабiць, калi i гэтаю ноччу Бiм так-такi i не дайшоў да свайго дома? Трэба было перш за ўсё абмiнуць раён Шэрага, а таму абавязкова прайсцi паўз дом Толiка. Так яно i было. Бiм апынуўся ля веснiчак маленькага сябра i не мог прамiнуць iх, быццам чужыя. Ён прылёг ля высокае цаглянае агароджы, скруцiўшыся ўпаўабаранка i адкiнуўшы голаў убок: цi то ранены сабака, цi то памiрае, цi то зусiм нежывы - мог так падумаць кожны прахожы. Няма i няма. Бiм не пойдзе ўжо да дзвярэй гэтага дома. Ён толькi адпачывае ад болю i суму ля плота, а потым пойдзе дадому. А магчыма... магчыма, акажацца сюды сам Толiк... Цi нам вiнавацiць Бiма за тое, што няма ў яго логiкi, што яна яму недаступна? I ён ляжаў у такой сумнай сабачай позе без усякае логiкi. Быў цёмны вечар. Пад'ехала машына. Яна выхапiла з цеменi частку агароджы, абмацала ўсю яе i вылупiла проста на Бiма асляпляльныя вочы. Бiм падняў галаву i глядзеў, амаль стулiўшы павекi. Машына пабурчала, пабурчала цiхенька i адчынiла дзверцы... З-за дымнага паху нельга было вызначыць чалавека, якi iшоў да Бiма, але калi ён апынуўся ў святле фар, Бiм сеў: да яго iшоў Сямён Пятровiч. Ён падышоў i пазнаў, што гэта сапраўды Бiм, i сказаў: - Выбраўся! Ну i ну... Выйшаў i другi чалавек (той, што вёз Бiма перад навальнiцаю да ваўчыцы), паглядзеў на сабаку i спагадна сказаў: - Разумны сабачына. Такi не прападзе. Сямён Пятровiч пайшоў да Бiма, расшпiльваючы папругу. - Бiмка, Бiмка... Ты харошы, Бiмка... Да мяне, да мяне... Э, не-е! Бiм не верыў, Бiм не меў больш даверу, i ён не падыдзе да гэтага чалавека, каб ён хацеў яго ўзяць i дабро думаючы. Магчыма, Сямён Пятровiч i думаў аддаць Бiма Толiку, зразумеўшы сына, але не тут-то было: Бiм уцёк. Ён не пайшоў, а пабег ад Сямёна Пятровiча ўздоўж агароджы па асветленай дарозе. I адкуль сiла ўзялася?! Сямён Пятровiч - за iм, другi чалавек - напярэсцiкi. Бiм выслiзгнуў са святла ў цемень, спусцiўся паўзком у траншэю i тут пайшоў ужо спакойна, ледзьве перастаўляючы лапы. Але пакiраваў Бiм не ў той бок, куды бег у святле фар да траншэi, а назад. I зноў у хвiлiну небяспекi найшло на Бiма прасвятленне ад прародзiчаў: блытай сляды! Так робяць зайцы, лiсiцы, ваўкi i астатнiя звяры - звычайная хiтрасць No 1, калi за табою гоняцца. Лiсiца i воўк могуць iсцi след у след так, што толькi вопытны паляўнiчы, ды i то пасля, здагадаецца па кiпцюрах, што яго абвялi; хiтрасць No 2 - гэта пятля (пайшоў налева, выйшаў - направа) або скiдка (са свайго следу назад - саскочыць убок); хiтрасць No 3 - адлежацца, заблытаўшы след, адлежацца ў глухой мясцiне i слухаць (калi прамiнулi ляжаць, калi iдуць напрасткi, то ўсё пачаць спачатку, - заблытваць). Усе гэтыя звярыныя хiтрыкi добра знаюць сапраўдныя паляўнiчыя, але Сямён Пятровiч нiколi не быў паляўнiчы, хоць стрэльбу браў i нават штогод выязджаў на адкрыццё сезона. А наогул было так: Сямён Пятровiч пабег у адзiн бок, свецячы сабе лiхтарыкам, а Бiм - у другi, ды яшчэ ў схове выратавальнай траншэi. Але вось траншэя скончылася - Бiм упёрся ў тарцавую сценку, з боку ад якое вiсеў экскаватарны коўш. Аказалася, што ён не мог i вылезцi з пасткi: улезцi змог, а вылезцi назад неставала сiлы: з бакоў сценкi, спераду - сценка. Каб быў ён здаровы, на чатырох нагах, тады iншая справа, а цяпер ён можа толькi выйсцi - не выскачыць, а толькi выйсцi. Пасядзеў, пасядзеў наш Бiм, паглядзеў угару на коўш, сяк-так прыпадняўся на заднюю лапу, абапiраючыся на сценку пярэднiмi, агледзеў адхон i сеў. Здавалася, што ён думае, але ён проста слухаў: цi няма пагонi. Потым ён прыўстаў на супрацьлеглую сценку, без насыпу, i заўважыў, што лiхтарык шморгаецца на адным месцы, павiхляўся з боку на бок i зусiм патух. Убачыў ён i тое, што машына паехала назад i стала наблiжацца да яго, толькi збоч. Бiм прыцiснуўся ў канаве ў кутку i слухаў, дрыжучы. Машына праехала мiма, дзесьцi зусiм побач. Паблiзу ўсё супакоiлася. А потым чуваць: не вельмi моцна пакракваюць машыны, скрабе трамвай - усе гукi знаёмыя, няшкодныя. У цёмную халодную асеннюю ноч сядзеў у канаве сабака. I нiкому на свеце не дапамагчы яму цяпер. А яму трэба, так трэба iсцi да сваiх дзвярэй. Бiм паспрабаваў падскочыць, але ўпаў. Куды там! I пайшоў назад па сваiм следзе, цiха, асцярожна, прыслухоўваючыся i ў той жа час не-не ды i абмацваючы сцены. У адным месцы ён знайшоў невялiчкi абвал, стаў на яго, прыпадняўся на заднюю лапу - цяпер пярэднiя даставалi да насыпу. I Бiм пачаў грэбцi зямлю зверху ўнiз, пад сябе, чым больш ён працаваў, тым вышэйшы рабiўся абвал. Бiм адпачываў i браўся зноў. Нарэшце ён змог абаперцiся грудзьмi на край канавы, але затое дастаць зямлi з насыпу ўжо не мог. Тады ён сышоў унiз па сваёй горцы, паляжаў. Так хацелася завыць, паклiкаць гаспадара або Толiка, завыць дзiка, на ўвесь горад! Але Бiм павiнен маўчаць: ён жа заблытаў сляды i прытаiўся. I раптам ён рашуча падняўся, адышоўся ад нагрэбенага гурбанка, забыўся пра боль, махнуўся ўсiм целам, быццам анучаю, падскочыў на гурбанку на абедзве заднiя лапы i ўпаў на самы край канавы, у тую ямачку, што выграб сам, спускаючы зямлю ўнiз. Як ён змог пераадолець неймаверны боль i немагату? Хто яго ведае... Як, напрыклад, воўк адгрызае сам сабе лапу, захопленую ў пастку? Нiхто не скажа, як гэта можна сваiмi зубамi перагрызцi сваю ж нагу. Можна ж толькi здагадвацца, што воўк робiць гэта з-за свайго iнстынктыўнага iмкнення на волю, а Бiм забыўся пра ўсё з-за неадольнага iмкнення да дзвярэй дабраты i даверу. Як бы там нi было, а Бiм вырваўся з пасткi i ляжаў у той ямачцы наверсе. Ноч была халодная. Горад спаў, каменна-жалезны, цiхенька скрыгочучы жалезам нават i ноччу, спрасонку. Бiм слухаў яго доўга-доўга. Калi змёрз, усё ж пайшоў. Па дарозе ён зайшоў у адчынены пад'езд аднаго з дамоў, i толькi таму, што трэба было абавязкова прылегчы, хоць бы крыху: так ён саслабеў. Класцiся проста на вулiцы нельга, загiнеш (ён бачыў не раз раздушаных машынамi сабак). Ды i холадна на асфальце. А там, у пад'ездзе, ён прытулiўся да цёплае батарэi i заснуў. У чужым пад'ездзе глыбокаю ноччу спаў чужы сабака. Здараецца. Не крыўдзiце такога сабаку. Раздзел 15 ЛЯ АПОШНIХ ДЗВЯРЭЙ. ТАЯМНIЦА ЖАЛЕЗНАГА ФУРГОНА Прачнуўся Бiм яшчэ досвiткам. Не хацелася пакiдаць такое цёплае, гасцiннае месца, дзе нiхто не патрывожыў яго сон. Яму здалося, што ў яго ўжо стала болей сiлы, - паспрабаваў устаць на ногi, але адразу не выйшла. Тады ён сеў. Гэта ўдалося, але закружылася ў галаве (гэтак, як i пасля ўдару ў грудзi): сцены пахiснулiся ў адзiн бок, лесвiчныя балясы загойдалiся, задрыжалi, а прыступкi злiлiся ў суцэльны ўзгорак i загойдалiся гармонiкам, лямпачка захiсталася разам са столлю. Бiм сядзеў i чакаў, што ж з iм будзе далей, сядзеў цяпер, апусцiўшы галаву. Галавакружэнне кончылася гэтак жа нечакана, як i пачалося. I Бiм папоўз на жываце па прыступках унiз. Дзверы пад'езда былi адчыненыя, паляжаў крышку на асвяжальным холадзе i ўсё-такi ўстаў на ногi. Амаль падаючы ў вобмарак i таму не адчуваючы болю, ён слухаючы невядомую людзям сабачую волю, пайшоў з двара, хiстаючыся, быццам ачумелы. Наўрад цi ён дайшоў бы да свайго дома, калi б не наткнуўся на памыйку, дзе гробся маленькi сабачка. Бiм падышоў i сеў. Сабачка, шарсцiсты i гразны, абнюхаў яго i павiляў хвосцiкам. "Ты куды?" - спытаў такiм чынам Кудлатка. Бiм адразу пазнаў Кудлатку - з iм ён некалi пазнаёмiўся на лузе таго самага дня, калi той грыз карэньчык чароту. Таму адказаў даверлiва i сумна, аднымi вачыма: "Дрэнна мне, дружок". Сабачка вярнуўся да памыйкi, быццам бы запрашаў госця, там павярнуў да Бiма галаву i завiляў хвастом, што абазначала: "Тут тое-сёе ёсць. Iдзi ж". I што вы думаеце? Таго-сяго па кавалачку, па скарыначцы, па галоўцы ад селядца - Бiм наеўся-такi. Сiла памаленьку вярнулася, а скора, аблiзаўшыся i падзякаваўшы Кудлатку, пайшоў далей, пайшоў крыху мацней. Не, памыйка ў лiхую часiну ў жыццi - вялiкая рэч! З гэтага часу Бiм стаў бы адносiцца з павагаю да такiх мясцiн, калi б... Цяжка расказваць пра такое. Шэрым досвiткам, калi астаткi ўчарашняга смогу аселi да зямлi лёгкаю празрыстаю сiнечаю, Бiм нарэшце дабраўся да свайго дома... Вось ён! Вунь i акно, з якога разам з Iванам Iванавiчам, бывала, яны глядзелi на ранiшняе сонца. Цi не выйдзе ён да акна i зараз? Бiм сеў з другога боку на вулiцы i глядзеў, глядзеў, глядзеў з радасцю i спадзяваннем. Яму стала добра. Пайшоў цераз вулiцу, хоць i не спяшаючыся, але падняўшы ўжо галаву, быццам усмiхаючыся, быццам вось-вось спаткае незабыўнага сябра. Гэта была хвiлiна ў чаканнi шчасця. Ды i хто з жывых не быў шчаслiвейшы ў тыя хвiлiны, калi чакае шчасця, чым у хвiлiны самога шчасця. Так, пасярод вулiцы, перад родным домам, ужо недалёка ад тых самых дзвярэй, Бiм быў шчаслiвы ад надзеi, якая зноў узнiкла. Але раптам ён убачыў страшнае: з аркi дома выйшла Цётка! Бiм сеў, вылупiўшы ад жаху вочы i дрыжучы ўсiм целам. Цётка папусцiла ў яго цаглiнаю. Бiм паспешна адышоў на супрацьлеглы тратуар. Людзей на вулiцы ў такую рань не было, нават дворнiкi яшчэ не выходзiлi з мяцёлкамi. Адна толькi Цётка ды Бiм глядзелi адно на аднаго. Яна яўна рашыла стаяць i не пускаць, яна нават паставiла ногi шырэй, абмацавалася, як помнiк, упёршыся рукамi ў бакi; на Бiма яна глядзела звысоку, пагардлiва i знiшчальна, з гонарам, з усведамленнем свае вартасцi, перавагi i праваты. Бiм жа быў бездапаможны, але ў яго заставалiся цалкам надзейныя толькi адны зубы, таксама страшныя ў перадсмяротнай хватцы. Ён гэта ведаў, ён пра гэта не забыўся, таму нават чуць прыгнуўся i прыпадняў верхнюю губу, паказаўшы пярэднiя зубы. Чалавек i сабака глядзелi адно на аднаго не адводзячы вачэй. Хвiлiны здавалiся Бiму доўгiя. ...Пакуль чалавек i жывёлiна, не адводзячы вачэй, цiкавалi за кожным рухам адно аднаго, вернемся да Цёткi, хоць крыху мы яе i ведаем з папярэднiх гiсторый пра Бiма. Цётка была зусiм вольная жанчына: вольная ад эксплуатацыi капiталiста, ад якiх-небудзь самых аддаленых паняццяў пра свой абавязак перад сацыялiзмам, вольная ад працы. Але яна ўсё-такi заставалася рабою страўнiка, не адчуваючы гэтага ярма. Яна ўставала, напрыклад, раней за ўсiх жыхароў мнагалюднага дома, яшчэ досвiткам. Сваiм першым абавязкам яна лiчыла наступнае: прасачыць, хто чужы выйшаў свiтаннем з таго цi iншага пад'езда; у каго гарыць у вокнах святло, калi ўсе спяць моцным здаровым сном; хто паехаў на рыбалку цi на паляванне i з кiм; хто першы, яшчэ прыцемкам, панёс нешта на памыйку. Потым яна паглядзiць i вызначыць, што здарылася, мяркуючы па памыйцы: бутэлькi калi - значыць, ад жонкi хаваў; старое непатрэбнае палiто - значыць, скнара, хаваў непатрэбную анучу, прытухлае мяса выкiнута - значыць, гаспадыня размазня, i гэтак далей. Калi ж дзяўчына прыйдзе дадому досвiткам, то Цётцы гэта было - цераз верх радасцi. Сабак i iх гаспадароў яна ненавiдзела, таму назiранне за iмi было адно з самых важных Цётчыных мерапрыемстваў, пры гэтым яна кiдала iм услед непатрэбныя словы, запас якiх у яе быў бясконцы, а гэта гаварыла i пра вялiкую памяць i эрудыцыю. Усё гэта было iстотна неабходнае для штодзённае iнфармацыi, калi яна разам з некалькiмi, таксама вольнымi жанчынамi, будзе доўга сядзець на клапатлiва пафарбаваных лавачках i даносiць, хто ёсць хто; i тут ужо нiхто не будзе забыты i нiшто не будзе забыта. Талент! Падобны недрукаваны бюлетэнь яна выпускала штодня рэгулярна. I гэта, яна лiчыла, яе другi абавязак перад грамадствам. Такая дасведчанасць датычылася i мiжнародных падзей (сама чула: вайна вось-вось, крупамi трэба запасцiся, соллю); чутка iшла далей пры судзеяннi суседзяў, падобных на яе, але ўжо са спасылкаю на "такога-то", а ён дацэнт i хлусiць не будзе, сам "слухаў". Пры ўсiм гэтым Цётка, як ужо вядома, называла сябе не iнакш як "савецкая жанчына", ганарылася гэтым, цалкам перакананая, што гэта так, што яе цёмная сумленнасць не што iншае, а прыклад для пераймання. Каб было ў яе дзiця, якi б выйшаў чалавечышча! Але два днi ў тыдзень былi ў яе выхадныя: у нядзелю яна нешта купляла на базары ў калгаснiкаў, а ў панядзелак прадавала тое ж самае. Таму, не маючы агарода, курэй, рыбалоўных сетак, яна прадавала яйкi, самiх курэй, памiдоры, свежую рыбу i ўсё, што патрэбна чалавеку, каб жыць. Дзякуючы такому, трэцяму абавязку (у выхадныя днi!) Цётка мела ашчадную кнiжку i жыла нябедна, таму нiколi i нiдзе не працавала. Iснавала ж яна ў кватэры з выгодамi, якiя адпавядалi яе высокай культуры (дзве шафы на адзенне, тры люстры, карцiна з базара "Дзяўчына i лебедзь", вялiкi глiняны арол i кветкi з габлюжак, халадзiльнiк, тэлевiзар). Усё ў яе было, што трэба, i нiчога непатрэбнага... Такiм чынам, Цётка стаяла пасярод аркi, i абысцi яе Бiм не мог. Трэба было яму пайсцi прэч, але ён не мог адысцi ад роднага дома. Ён вырашыў чакаць з выскаленымi зуамi, чакаць, пакуль не пойдзе вораг, чакаць, колькi б на гэта нi трэба было часу. Хто - каго? Але тут у шэраватай халоднай iмгле паказаўся аўтафургон i неспадзявана спынiўся памiж Цёткаю i Бiмам. Фургон быў цёмна-шэры, абабiты бляхаю, без вокан. З яго выйшлi двое i пакiравалiся да Цёткi. Бiм уважлiва назiраў за iмi, не кранаючыся з месца. - Чый сабака? - спытаўся вусаты, паказваючы на Бiма. - Мой, - надменна адказала Цётка, не задумваючыся. - А чаго не забiраеш? - спытаўся другi, малады хлопец. - Паспрабуй забяры. Бачыш, канец вяроўкi на шыi - перагрыз i кусае кожнага. Ускруцiўся, сволач. Сапраўды ўскруцiўся. - Прывяжы, - сказаў вусаты, - а то ж забяром. - Я сама пiсала заяву. I хадзiла, i прасiла - забярыце. Дзе там! Бюракрат на бюракраце! - Яна ўжо закрычала: - Душу дасталi, бюракраты. - Давай, - сказаў вусаты да бязвусага. Той узяў з аўтамабiля малакалiберку, а вусаты дастаў замацаваную збоку на фургоне доўгую жэрдку з абручом на канцы i сеткаю, быццам сачок лавiць матылькоў, ростам з авечку. Першы падышоў той, з вiнтоўкаю, за iм другi, падрыхтаваўшы сачок. Бiм убачыў стрэльбу, завiляў хвастом: "Стрэльба! Стрэльба! Ведаю стрэльбу!" - Лашчыцца, - сказаў хлопец. - Нiякi ён не кручаны. Заходзь. Вусаты выйшаў наперад. Бiм пачуў, што ад яго пахне сабакамi. "Ну, вядома ж, вы добрыя людзi!" - гаварыў ён усiм выглядам. Але тут раптам у фургоне праскуголiў сабака, безнадзейна, i горка. Бiм усё зразумеў: падман! Нават стрэльба - падман. Усё - падман! Ён шарахнуўся было ўбок, але... позна: сачок накрыў яго. Бiм скочыў угору i апынуўся ў сетцы, цяпер перкiнутай iм самiм цераз край абруча... Бiм грыз вяроўкi, скрыгатаў зубамi, неўтаймавана хрыпеў i кiдаўся, кiдаўся сутаргава, быццам прыпадачны. Ён скора патрацiў на гэта апошнюю сiлу i зацiх. Сабакаловы ўсунулi сачок у дзверы аўтафургона i вытраслi Бiма на падлогу. Дзверы зачынiлiся. Вусаты сказаў нечакана павесялеўшай Цётцы: - Чаго выскалiлася? Не ўмееш сабаку трымаць, дык i не мучыла б. Сама нажрала жабiну пысу, а сабаку давяла, што жудасна глядзець: на сабаку не падобны. (Ён быў назiральны: апушчаныя куткi вялiкiх губ, пляскаты нос i вылупленыя вочы Цёткi нагадвалi i сапраўды "жабiна рыла".) - Мяне, савецкую жанчыну, ты, смярдзючы сабачнiк, гад! - i пайшла, пайшла, не саромеючыся выбiраць, як i заўсёды. Словы, якiя нельга пiсаць на паперы, выскаквалi з яе лёгка i проста, неяк нават плаўна i вольна, бо яны, вiдаць, былi запраграмiраваны: нацiснуў на кнопку, i вось яны, тут як тут. - Ты не хулiгань! - крыкнуў ёй хлопец. - А то накрыю падсакам i ў жалезную скрыню. Такiх, як ты, трэба было б хоць на тыдзень у год садзiць у такi вось фургон. - Ён i сапраўды схапiў жэрдку з абручом i ступiў да яе. Цётка пабегла пiсаць скаргу за тое, што зняважылi. I напiсала яе да старшынi гарсавета, пры гэтым вiнавацiла яго не меней, чым сабакаловаў. Яна нi за што не несла адказнасцi, нi за што не адказвала перад грамадствам, але затое ад усiх патрабавала адказнасцi. Апошняе таксама было часткаю яе абавязкаў, як i ў кожнага паразiта грамадства. ...Сонца ўзыходзiла тае ранiцы вялiкае i жоўтае, па-перадзiмняму халоднае i невясёлае. Яно адмахнулася ад ранiшняе смугi так нехаця i так вяла, што мясцiнамi шызаваты туманок так i застаўся над горадам: на адной вулiцы светла, на другой - шэра i каламутна. Цёмна-шэры, абабiты бляхаю аўтафургон выехаў за горад i закiраваў на двор адзiнокага дома, абгароджанага высокiм плотам. Над варотамi вiсела шыльда: "Пабочным уваход забаронены - небяспечна здароўю". То быў каранцiн, куды прывозiлi шалёных сабак i спальвалi датла, сюды ж траплялi i злоўленыя бадзяжныя сабакi, як магчымыя разносчыкi эпiдэмii, - такiх не спальвалi, а адпраўлялi навуцы або здзiралi шкуры, астатнiх жывёлiн тут жа лячылi, калi яны варты былi таго, конi, напрыклад; давалi лякарства, давалi да апошнiх часiн ягонага жыцця, а знiшчалi толькi пры адной-адзiнай умове - калi хварэў на сап. Вельмi рэдкая цяпер хвароба, таму што коней засталося мала i хварэць няма каму. Тыя два чалавекi, што злавiлi Бiма, былi проста два рознарабочыя з гэтага двара. I зусiм яны нядрэнныя людзi. Нават больш, яны заўсёды маглi быць укушаныя шалёным сабакам або захварэць цяжкаю хваробаю. Яны ж час ад часу ачышчалi горад ад бадзяжных сабак або забiралi iх па заяве гаспадара. Гэты свой абавязак быў iм непрыемны i цяжкi, хоць за кожнага злоўленага сабаку яны атрымоўвалi акрамя асноўнага заробку яшчэ дадатковую плату. Бiм не чуў, як прыехаў жалезны фургон на двор, як тыя ўдвух выйшлi з кабiны i кудысьцi пайшлi: ён быў без памяцi. Ачнуўся Бiм праз дзве-тры гадзiны. Каля яго сядзеў той самы даўно знаёмы Кудлатка, з якiм ён спаткаўся на свiтаннi ля памыйкi. Зараз ён лiзаў Бiму нос i вушы... Дзiўная iстота - сабака! Вось памiрае ў мацi адзiн шчанюк, а яна лiжа яму носiк, лiжа вушкi, лiжа, лiжа бясконца, - доўга масiруе жывоцiк. Бывае, шчанюк вяртаецца да жыцця. А масаж i наогул у сабак лiчыцца абавязковым пры доглядзе навароджанага. Незвычайна ўсё гэта i дзiўна. Кудлатка аблiзваў Бiма таксама па невядомаму нам iнстынкту ад прыроды. Вiдаць, ён меў вопыт за час свайго блукання, а магчыма, не першы раз трапляў i сюды. Невядома. Тоненькi-тоненькi праменьчык прарваўся ў шчылiну ад дзвярэй i ўпаў на Бiма. Ён прыўзняў галаву. У жалезнай турме iх было толькi двое: ён i Кудлатка. Перамагаючы боль у грудзях, Бiм паспрабаваў лепш легчы, але з першага разу гэта не ўдалося. Аднак у другi раз ён падвярнуў пад сябе чатыры лапы, вызвалiў бок ад халоднага жалеза, на якiм ляжаў. Кудлатка, таксама акалелы, прыстроiўся ўшчыльную да яго i скруцiўся абараначкам. Удвух стала чуць цяплей. Два сабакi ляжалi ў жалезной турме, чакалi свайго канца. Бiм увесь час глядзеў i глядзеў на дзверы, на тоненькi праменьчык сонца, адзiны вястун светлага. Але вось недзе непадалёку пачуўся рэзкi стрэл. Бiм устрапянуўся. О, як знаёмы яму гэты гук! Ён напомнiў пра Iвана Iванавiча, гэта паляванне, гэта лес, гэта воля, гэта заклiк, калi сабака заблудзiўся цi залiшне захапiўся слядамi птушкi або зайца. Адкуль узялася ў Бiма сiла пасля стрэлу? Ён устаў, i, хiстаючыся, падышоў да дзвярэй, i ўдыхнуў паветра з волi. Здавалася, ён уваскрэс. I пачаў паволi хадзiць, як маятнiк, па фургоне з кутка ў куток. Потым спынiўся ля дзвярэй, зноў панюхаў праз шчылiнку i нарэшце, па паху, вызначыў, што на дварэ нешта трывожнае. I зноў хадзiў, хадзiў, чыркаючы кiпцюрамi па блясе, саграваючыся i быццам рыхтуючыся да нечага, размiнаючыся.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12
|