Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Отечественная проза / Троепольский Гавриил / Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 1)
Автор:
|
Троепольский Гавриил |
Жанр:
|
Отечественная проза |
-
Читать книгу полностью
(333 Кб)
- Скачать в формате fb2
(138 Кб)
- Скачать в формате doc
(142 Кб)
- Скачать в формате txt
(137 Кб)
- Скачать в формате html
(139 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12
|
|
Троепольский Гавриил
Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Гаўрыiл Траяпольскi Белы Бiм Чорнае вуха Пераклад з расейскай Алеся Жука Аляксандру Трыфанавiчу Твардоўскаму Раздзел 1 ДВОЕ Ў АДНЫМ ПАКОI Жаласна i, здавалася, безнадзейна ён пачынаў раптам скуголiць, нязграбна перакочвацца з боку на бок, - шукаў мацi. Тады гаспадар браў яго да сябе на каленi i ўсоўваў у роцiк соску з малаком. А што ж заставалася рабiць месячнаму шчанюку, калi ён нiзвання не ведаў яшчэ ў жыццi, а мацi ўсё няма i няма, як ты нi жалься. Таму ён i спрабаваў першыя днi наладжваць сумныя канцэрты. Хаця ўрэшце засынаў на руках у гаспадара ў абдымкi з бутэлечкаю малака. Але на чацвёрты дзень малы пачаў ужо прывыкаць да цеплынi чалавечых рук. Шчанюкi вельмi скора адзываюцца на ласкавасць. Iмя свайго ён яшчэ не ведаў, але праз тыдзень дакладна вызначыў, што ён Бiм. У два месяцы ён здзiўлена ўбачыў рэчы: высокi - для шчанюка - пiсьмовы стол, а на сцяне - стрэльба, паляўнiчая сумка i твар чалавека з доўгiмi валасамi. Да ўсяго гэтага ён хутка прывык. Не дзiва было i тое, што чалавек на сцяне не рухаецца: калi не варўшыцца - мала цiкавага. Праўда, крыху пазней, пасля, ён не-не ды i паглядзiць: што гэта абазначае - твар вызiрае з рамкi, быццам з акенца? Другая сцяна была цiкавейшая. Уся з розных брусочкаў, кожны з якiх гаспадар мог выняць i ўставiць назад. У чатыры месяцы Бiм, стаўшы на заднiя лапкi, сам дастаў да сцяны, выцягнуў зубамi брусочак i паспрабаваў яго даследаваць. Але той чамусьцi зашамацеў i пакiнуў у зубах у Бiма аркушык. Так цiкава было драць на невялiчкiя шматкi той аркушык. - Гэта яшчэ што?! - прыкрыкнуў гаспадар. - Нельга! - I тыцкаў Бiма носам у кнiгу. - Бiм, нельга. Нельга! Пасля такога павучання нават чалавек не захоча чытаць, але Бiм - не: ён доўга i ўважлiва глядзеў на кнiгi, нахiляючы галаву то ў адзiн бок, то ў другi. I, мабыць, усё ж вырашыў: калi нельга гэту, вазьму другую. Ён цiхенька ўцяў за пераплёт i пацягнуў здабычу пад канапу; там аджаваў спачатку адзiн вугал пераплёту, потым другi, загуляўшыся, вывалак няшчасную кнiгу на сярэдзiну пакоя i пачаў iрваць лапамi, весела падскакваючы. Тут ён i даведаўся ўпершыню, што такое "балюча" i што такое "нельга". Гаспадар устаў з-за стала i строга сказаў: - Нельга! - I тузануў за вуха. - Ты ж мне, дурная твая галава, "Бiблiю для веруючых i няверуючых" парваў. I зноў: - Нельга! Кнiгi - нельга! - ён яшчэ раз тузануў за вуха. Бiм вiскнуў i падняў угору ўсе чатыры лапы. Лежачы на спiне, ён глядзеў на гаспадара i не мог зразумець, што ж гэта робiцца. - Нельга! Нельга! - уталкоўваў знарок гаспадар, зноў i зноў тыцкаў кнiгаю пад нос, але больш не бiў. Пасля ўзяў шчанюка на рукi, гладзiў i гаварыў адно i тое ж самае: - Нельга, хлопчык, нельга, дурненькi. - I сеў. I пасадзiў сабе на каленi. Такiм чынам, у маленстве Бiм атрымаў ад гаспадара павучанне з-за "Бiблii для веруючых i няверуючых". Бiм лiзнуў яму руку i пiльна паглядзеў у твар. Ён ужо любiў, калi гаспадар гаварыў з iм, але разумеў пакуль што толькi два словы: "Бiм" i "нельга". I ўсё ж вельмi, вельмi цiкава было глядзець, як звiсаюць на лоб белыя валасы, варушацца добрыя вусны i як кранаюць шарсцiнкi цёплыя, ласкавыя пальцы. Затое Бiм ужо зусiм-зусiм дакладна ведаў: вясёлы цяпер гаспадар цi сумны, сварыцца цi хвалiць, клiча да сябе або праганяе. А гаспадар быў часам i сумны. Тады ён гаварыў сам з сабою i да Бiма. - Гэтак вось i жывём, дурненькi. Ты чаго глядзiш на яе? - паказваў ён на партрэт. - Яна, браце, памерла. Няма яе. Няма... - Ён гладзiў Бiма i зусiм упэўнена гаварыў: - Дурненькi ты, мой Бiмка. Нiчога ты яшчэ не ведаеш. Але не ўсё гэта было праўда, таму што Бiм разумеў, што гуляць цяпер з iм не будуць, ды i словы "дурненькi" i "хлопчык", ведаў, гаварылiся да яго. Таму, калi яго вялiкi сябар называў яго дурненькiм цi хлопчыкам, Бiм iшоў адразу ж, як на клiчку. А калi ён пачаў разумець iнтанацыю голасу, то меўся вырасцi ў разумнага сабаку. Але цi толькi розум вызначае становiшча сабакi сярод сваiх братоў? На жаль, не. Акрамя розуму ў Бiма не ўсё было так добра. Праўда, нарадзiўся ён у пародзiстых бацькоў, сетэраў, якiя мелi вялiкую радаслоўную. У кожнага яго прародзiча быў асабiсты лiсцiк, пасведчанне. Па гэтай анкеце гаспадар мог бы дабрацца не толькi да прадзеда i прабабкi Бiма, але i ведаць, захацеўшы, прадзедаў прадзеда i прабабчыну прабабку. Гэта ўсё, вядома, добра. Але справа такая, што Бiм пры ўсiх сваiх вартасцях меў i вялiкi недахоп, якi потым даў знаць i ў многiм вызначыў яго далейшы лёс: хоць ён быў з шатландскiх сетэраў (сетэр-гардон), але акрас аказаўся зусiм нетыповы - вось у чым загваздка. Па стандарту паляўнiчых сабак сетэр-гардон абавязкова павiнен быць "чорны, з блiскучым сiняватым адсветам - колеру воранавага крыла - i абавязкова з вялiкiмi яркiмi рыжавата-чырвонымi падпалiнамi"; нават белыя значкi на нявызначаных стандартам мясцiнах лiчацца за вялiкi недахоп у гардонаў. Бiм жа вырадзiўся такi: тулава белае, але з рыжаватымi падпалiнкамi i нават з ледзь прыкметным рыжым крапам, толькi адно вуха i адна нага чорныя, сапраўды, як воранава крыло; другое вуха мякенькага жаўтавата-рыжанькага колеру. Сама па сабе дзiўная з'ява: па ўсяму - сетэр-гардон, а акрас - нiякага падабенства. Нейкi далёкi продак напомнiў пра сябе Бiмам: бацькi - гардоны, а ён - альбiнос пароды. А наогул, з такою рознакаляровасцю вушэй i з падпалiнкамi пад вялiкiмi разумнымi цёмна-карымi вачыма пыса Бiма здавалася сiмпатычней, адметней, магчыма, нават разумней, чым у звычайных сабак. I, паверце, усё гэта нават нельга было назваць пысаю, а лепей - тварам сабакi. Але па законах кiналогii белы акрас у такiм выпадку прыкмета, што выраджаецца парода. Як нi глянь прыгажун, а па стандарту гарнiтура зусiм-зусiм чужы, нават шкодны. Вось такая бяда была ў Бiма. Вядома, Бiм не адчуваў нiякае вiны, таму што прырода нiкому не дазваляе выбiраць сабе бацькоў. Бiму нават i думаць пра гэта не дадзена. Ён сабе жыў i пакуль што радаваўся. Але гаспадар турбаваўся: выдадуць цi не на Бiма радаслоўнае пасведчанне, якое зацвердзiць яго паўнапраўнасць мiж паляўнiчых сабак, цi на ўсё жыццё ён застанецца чужаком. Вядома гэта будзе толькi ў шэсць месяцаў (зноў жа па законах кiналогii), калi шчанюк стане падобны да таго, што называецца пародзiстым сабакам. Гаспадар Бiмавай мацi вырашыў быў выбракаваць белага з памёту, утапiць, але трапiўся дзiвак, якi пашкадаваў такога прыгажуна. Дзiвак той i быў Бiмаў гаспадар: цi бачыце, упадабалiся яму вочы, разумныя. Трэба ж! А зараз i думай: дадуць цi не дадуць радаслоўную? Тым часам гаспадар спрабаваў разгадаць, адкуль такая анамалiя ў Бiма. Ён перабраў усе кнiгi пра паляванне i сабакагадоўлю, каб хоць крыху даведацца праўду i потым даказаць, што Бiм не вiнаваты. Менавiта таму ён пачаў выпiсваць у тоўсты сшытак з розных кнiг усё, што магло пасведчыць за Бiма як за раўнапраўнага прадстаўнiка пароды сетэраў. Бiм стаў ужо яго сябрам, а сяброў трэба ратаваць. А то не хадзiць Бiму пераможцам на выстаўках, не звiнець золатам медалёў на грудзях: якi ты нi будзь залаты сабака на паляваннi, з пародзiстых ён будзе выключаны. Якая ўсё ж несправядлiвасць на белым свеце! ЗАПIСКI ГАСПАДАРА За апошнiя месяцы Бiм непрыкметна ўвайшоў у маё жыццё i трывала заняў у iм сваё месца. Чым жа ўзяў ён? Дабратою, шчырым даверам i ласкавасцю - пачуццямi, якiя заўсёды прываблiваюць, калi за iмi не стаiць падхалiмства, якое пасля ўсё пакрысе ператварае ў несапраўднае - i дабрату, i давер, i ласку. Жудасна гэта - падхалiмства. Не давядзi госпадзi! Але Бiм пакуль што толькi малышаня i мiлы сабачка. I ўсё ў яго будзе залежаць ад мяне, ад гаспадара. Дзiўна, але я падчас заўважаю незвычайныя рэчы, калi бываюць са мною, чаго не было дагэтуль. Напрыклад, калi ўбачу карцiну, дзе намаляваны сабака, то перш-наперш гляджу на яго акрас i на пародзiстасць. Дае знаць пра сябе турбота: дадуць цi не дадуць пасведчанне? Дзён колькi таму быў у музеi на мастацкай выстаўцы, i адразу ж кiнулася ў вочы карцiна Д.Бассано (XVI век) "Майсей здабывае ваду са скалы". Там на першым плане сабака - дакладны прататып лягавай пароды, з незвычайным, аднак, акрасам: тулава белае, пыса ж, раздзеленая белаю праточынаю, чорная, вушы чорныя, а нос белы, на левым плячы чорная пляма, заднi кастрэц таксама чорны. Змучаны i худы, ён таксама п'е доўгачаканую ваду з чалавечай мiскi. Другi сабака, даўгашэрсты, таксама з чорнымi вушамi. Знясiлены ад смагi, ён паклаў гаспадару на каленi голаў i пакорлiва чакае вады. Побач - трус, певень, злева - два ягняцi. Што хацеў сказаць мастак, калi выставiў сабаку на пярэднi план? Бадай, ён хацеў сказаць, што людзi любiлi сабак яшчэ спрадвеку, нiколi iх не пакiдалi, нават у бядзе, нават на гранi пагiбелi народа, а сабакi заставалiся верныя i адданыя, гатовыя загiнуць разам з чалавекам. А за хвiлiну да гэтага ва ўсiх быў адчай, нi ў кога не было нi кроплi надзеi. I яны гаварылi ў вочы Майсею, якi выратаваў iх ад рабства: "О, каб памерлi мы ад рукi госпада ў зямлi эгiпецкай, калi мы сядзелi ля катлоў з мясам, калi нам хапала хлеба ўволю! Бо вывеў ты нас у гэту пустыню, каб усiх, хто сабраўся, замарыць голадам". Майсей з вялiкаю горыччу зразумеў, як моцна авалодаў людзьмi дух рабства: уволю хлеба i катлы з мясам даражэй за волю. I вось ён здабыў ваду са скалы. I было на той час добра ўсiм, хто iшоў за iм, i гэта адчуваецца ў карцiне Бассано. А магчыма, мастак i намаляваў сабак у цэнтры, як дакор людзям за iх маладушша на пару няшчасця, як сiмвал вернасцi, надзеi i адданасцi? Усё магчыма. Гэта было даўно. Карцiне Д. Бассано больш за трыста год. Няўжо чорнае з белым у Бiма iдзе з тае пары? Гэтага не можа быць. Але як сказаць, прырода яна прырода. Аднак наўрад цi гэта паможа чым-небудзь адвесцi ад Бiма абвiнавачванне ў анамалiях расфарбоўкi цела i вушэй. Таму што, чым старадаўней будуць прыклады, тым больш абвiнавацяць яго ў атавiзме i непаўнавартасцi. Не, трэба шукаць нешта iншае. Калi нехта з кiнолагаў напомнiць мне пра карцiну Д. Бассано, то можна, у крайнiм выпадку, сказаць проста: а якiя адносiны да яго маюць чорныя вушы ў Бассано? Пашукаем звестак, якiя блiжэй да Бiма ў часе. Выпiска са стандарту паляўнiчых сабак: "Сетэры-гардоны выведзены ў Шатландыi... Парода аформiлася да пачатку другое палавiны XIX стагоддзя... Цяперашнiя шатландскiя сетэры, захаваўшы сваю моц i масiўнасць касцяка, набылi хутчэйшы ход. Сабакi спакойнага, мяккага характару, паслухмяныя i незласлiвыя, яны рана i лёгка бяруцца за работу, вельмi спраўныя на балоце i ў лесе... Характэрна добра прыкметная, спакойная, высокая стойка з галавою, не апушчанай нiжэй за загрывак..." З двухтомнiка "Сабакi" Л.П.Сабанеева, аўтара цудоўных кнiг - "Паляўнiчы каляндар" i "Рыбы Расеi": "Калi мы прымем да ведама, што ў аснове сетэра ляжыць самая старажытная раса паляўнiчых сабак, якая на працягу многiх стагоддзяў атрымоўвала, калi можна сказаць, дамашняе выхаванне, то не будзем дзiвiцца таму, што сетэры цi не самая культурная i iнтэлiгентная парода". Так! Бiм, значыцца, сабака iнтэлiгентнай пароды. Гэта можа спатрэбiцца. З тае самае кнiгi Л.П.Сабанеева: "У 1847 годзе Пэрлендам з Ангельшчыны былi прывезены, у падарунак Вялiкаму Князю Мiхаiлу Паўлавiчу, два цудоўныя прыгожыя сетэры вельмi рэдкае пароды. Сабакi нават не прадавалiся i былi выменены за каня, якi каштаваў 2000 рублёў..." Вось табе i на! Вёз падарунак, а садраў кошт дваццацi прыгонных. Але ж цi вiнаваты сабакi? I пры чым тут Бiм? Гэта не гадзiцца. З лiста вядомага ў свой час прыродалюба i сабакавода С.В.Пенскага да Л.П.Сабанеева: "У часе Крымскае кампанii бачыў я вельмi прыгожага сетэра ў Сухава-Кабылiна, аўтара "Вяселля Крэчынскага", i жоўта-пярэстых у Разанi ў мастака Пятра Сокалава". Ага, гэта блiжэй да сутнасцi. Цiкава: нават сатырык у тыя часы меў сетэра. А ў мастака - жоўта-пярэсты. Цi не адтуль твая кроў, Бiм? Вось бы! Але пры чым тады... чорнае вуха? Незразумела. З таго ж лiста: "Пароду чырвоных сетэраў трымаў таксама маскоўскi прыдворны доктар Берс. Адну чырвоную сучку ён злучыў з чорным сетэрам нябожчыка Iмператара Аляксандра Мiкалаевiча. Якiя нарадзiлiся шчанюкi i куды яны падзелiся - не ведаю; ведаю толькi, што аднаго з iх выгадаваў сабе ў вёсцы граф Леў Мiкалаевiч Талстой". Стой! Цi не тут? Калi твая нага i вуха чорныя ад сабакi Льва Мiкалаевiча Талстога, ты шчаслiвы сабака, Бiм, нават без асабiстага лiсцiка пароды, самы шчаслiвы сабака на свеце. Вялiкi пiсьменнiк любiў сабак. Яшчэ з таго самага лiста: "Iмператарскага чорнага сабаку бачыў я ў Iльiнскiм пасля абеду, на якi Гасудар запрасiў членаў праўлення Маскоўскага таварыства паляўнiчых. Гэта быў вялiкi i вельмi прыгожы пакаёвы сабака, з цудоўнаю галавою, добра апрануты, але ад сетэрскага тыпу ў iм было мала; да таго ж ногi меў занадта доўгiя, а адна зiх зусiм белая. Гавораць, гэты сетэр быў падараваны Iмператару нейкiм польскiм панам, i хадзiлi чуткi, што сабака быў не зусiм чыстакроўны". Выходзiць, польскi пан абдурыў iмператара? Магчыма. Магчыма гэта i на сабачым фронце. От жа мне гэты чорны iмператарскi сабака! Мiж iншым, тут побач iдзе кроў жоўтае сучкi Берса, якая мела "чуццё незвычайнае i цудоўную кемлiвасць". Значыць, калi нават нага твая, Бiм, ад чорнага сабакi iмператара, то ўвесь ты можаш быць далёкiм сваяком сабакi найвялiкшага пiсьменнiка... Але не, Бiмка, дудкi! Пра iмператарскага нi слова. Не было - i ўсё на гэтым. Яшчэ гэтага не хапала. Што ж застаецца на выпадак магчымай спрэчкi ў абарону Бiма? Майсей адпадае зразумела чаму. Сухаў-Кабылiн адпадае i з-за часу i па акрасу. Застаецца Леў Мiкалаевiч Талстой: а) час не такi далёкi; б) бацька яго сабакi быў чорны, а мацi чырвоная. Усё падыходзiць. Але бацька, чорны той, iмператарскi, во дзе загваздка. З якога боку нi зiрнi, пра пошукi пародзiстасцi Бiма даводзiцца маўчаць. Адпаведна, кiнолагi будуць вызначаць толькi па радаслоўнай бацькi i мацi Бiма, як у iх заведзена: няма белага ў радаслоўнай - i амiн. А Талстой тут нi пры чым. I яны правы. Ды i сапраўды, так кожны можа паходжанне свайго сабакi давесцi да сабакi пiсьменнiка, а потым i самому не далёка да Л.М.Талстога! I праўда: колькi iх у нас, Талстых? Жах, так многа аб'явiлася, аж галава кругам iдзе. Як бы нi было крыўдна, але розум мой гатовы ўжо змiрыцца з тым, што Бiму быць чужаком сярод пародзiстых сабак. Дрэнна. Застаецца толькi адно: Бiм сабака iнтэлiгентнай пароды. Але i гэта - не доказ (на тое i стандарты). - Дрэнна, Бiм, дрэнна, - уздыхнуў гаспадар, адклаў асадку i ўсунуў у шуфляду агульны сшытак. Бiм, пачуўшы сваю клiчку, устаў з лежака, сеў, нахiлiў галаву ў бок чорнага вуха, быццам чуў толькi жоўта-чырвоным. I гэта было сiмпатычна. Увесь яго выгляд гаварыў: "Ты добры, мой сябар. Я слухаю. Што ж ты хочаш?" Гаспадар адразу стаў весялейшы ад такога Бiмавага пытання, сказаў: - Маладзец ты, Бiм! Будзем жыць разам, хоць ты i без радаслоўнае. Ты харошы сабака. Харошых сабак усе любяць. - Ён узяў Бiма на каленi i пагладзiў па шэрсцi, прыказваючы: - Добра. Усё роўна добра, хлопчык. Бiму было цёпла i ўтульна. I ён цяпер, тут, на ўсё жыццё зразумеў: "Добра" - гэта ласка, удзячнасць i сяброўства. I Бiм заснуў. Што яму было да таго, хто ён, яго гаспадар? Галоўнае, ён добры i блiзкi. - Ах ты, чорнае вуха, iмператарская нага, - цiха сказаў той i перанёс Бiма на ляжак. Ён доўга стаяў перад акном, углядаўся ў цёмна-бэзавую ноч. Потым зiрнуў на партрэт жанчыны i сказаў: - Бачыш, мне стала крышку лягчэй. Я ўжо не адзiн. - Ён не прыкмячаў, што ад адзiноты незаўважна прывык гаварыць услых да "яе" цi да самога сябе, а цяпер - да Бiма. - Вось я i не адзiн, - паўтарыў ён да партрэта. А Бiм спаў. Так яны i жылi ўдвух у адным пакоi. Бiм рос мацаком. Вельмi скора ён даведаўся, што гаспадара завуць Iван Iванавiч. Разумны шчанюк, хiтры. Пакрысе ён зразумеў, што нiчога нельга чапаць, можна толькi глядзець на рэчы i на людзей. I наогул, нiчога нельга, пакуль не дазволiць цi не загадае гаспадар. Так слова "нельга" стала галоўным законам у Бiмавым жыццi. А вочы Iвана Iванавiча, iнтанацыя, рухi, выразныя словы-загады i словы ласкi кiравалi яго сабачым жыццём. Больш таго, самастойныя рашэннi рабiць што-небудзь нiяк не павiнны былi супярэчыць жаданням гаспадара. Затое Бiм пакрысе пачаў здагадвацца пра некаторыя намеры сябра. Вось, напрыклад, стаiць ён ля акна i глядзiць, глядзiць удалячынь, думае. Тады Бiм сам сядае побач i таксама думае. Чалавек не ведае, пра што думае сабака, а ўвесь сабачы выгляд гаворыць: "Зараз мой добры сябар сядзе да стала, абавязкова сядзе. Паходзiць крыху з кута ў кут i сядзе, i будзе вадзiць па белым аркушы палачкаю, а тая ледзь-ледзь шаптаць. Гэта будзе доўга, таму пасяджу я з iм побач". Потым утулiцца носам у вялiкую i цёплую далоню. А гаспадар скажа: - Ну што, Бiмка, будзем рабiць? - I сапраўды сядае. А Бiм абараначкам скручваецца ля ног цi, калi будзе сказана "На месца", пойдзе на свой ляжак у куток i там будзе чакаць. Будзе чакаць позiрку, руху, слова. Дарэчы, праз колькi часу можна i самому сысцi з месца, узяцца за круглую костку, угрызцi якую немагчыма, а зубы вастрыць - калi ласка, толькi не перашкаджай. Але Iван Iванавiч закрые твар рукамi, абапрэцца на стол, тады Бiм iдзе да яго i кладзе разнавухую пысачку на каленi. I стаiць. Ведае, што пагладзiць. Ведае, што сябру цяжка. А Iван Iванавiч падзякуе: - Дзякуй, мiлы мой, дзякуй, Бiмка. - I зноў будзе шаптаць палачкаю па белай паперы. Так было дома. Але не так на лузе, дзе абодва забывалi пра ўсё. Тут можна бегаць, весялiцца, ганяцца за матылькамi, качацца ў траве - усё дазвалялася. Аднак i тут пасля васьмi месяцаў жыцця Бiма ўсё пайшло па камандзе гаспадара: "Пайшоў-пайшоў!" - можаш гуляць. "Назад!" - вельмi зразумела. "Ляжаць!" таксама зразумела. "Ап!" - пераскаквай. "Шукай!" - найдзi кавалачак сыра. "Побач!" - iдзi побач, але толькi злева. "Да мяне!" - бягом да гаспадара будзе кавалачак цукру. I многа iншых слоў уведаў Бiм да года. Сябры ўсё болей i болей разумелi адзiн аднаго, любiлi i жылi, як роўныя, - чалавек i сабака. Але здарылася аднойчы такое, ад чаго ў Бiма перайначылася жыццё, i ён пасталеў за некалькi дзён. Здарылася гэта таму, што Бiм раптоўна выявiў у гаспадара вялiкi, здзiўляючы недахоп. А было гэта так. Дбайна i старанна iшоў Бiм па лузе чаўнаком, шукаў кiнуты сыр, i раптоўна мiж пахаў травы, кветак, самое зямлi i рэчкi ўварваўся струмень паветра, незвычайны, хвалюючы, пахла нейкай птушкай, нiяк не падобнаю да тых, якiх ведаў Бiм, - усякiх там вераб'ёў, вясёлых сiнiц, плiсак i ўсякае драбязы, дагнаць якую нечага i брацца (спрабавалi). Пахла чымсьцi невядомым, што хвалявала кроў. Бiм прыпынiўся i паглядзеў на Iвана Iванавiча. А той збочыў, нiчога не заўважыў. Бiм быў здзiўлены: сябар жа не чуе. Дык ён жа калека! I тады Бiм вырашыў сам: паволi пераступаючы ў пацяжцы, пачаў падыходзiць да невядомага, ужо не гледзячы на Iвана Iванавiча. Крокi запаволiлiся, ён быццам выбiраў, куды паставiць кожную лапу, каб не зашамацець, не зачапiць за былiнку. Нарэшце пах стаў такi моцны, што iсцi далей было немагчыма. I Бiм так i не апусцiў на зямлю правую пярэднюю лапу, прыкiпеў на месцы, нiбыта ўкамянеў. Гэта была быццам скульптура сабакi, зробленая ўмелым скульптарам. Вось яна, першая стойка! Першае абуджэнне паляўнiчага азарту, якi забiрае да самазабыцця. Ды не, гаспадар цiха падыходзiць, ледзь-ледзь пагладжвае Бiма, якi лёгенька трымцiць усiм целам. - Добра, добра, хлопчык. Добра, - i бярэцца за аброжак. - Пайшоў... Пайшоў... А Бiм не можа - нестае сiлы. - Пайшоў... Пайшоў... - цягне яго Iван Iванавiч. I Бiм пайшоў. Цiхенька-цiхенька. Застаецца адно крыху. Але тут рэзка загад: - Наперад!!! Бiм скочыў. Шумна выпырхнула перапёлка. Бiм кiнуўся за ёю i-i-i... пагнаў, азартна, колькi ставала сiлы. - Наза-ад! - крыкнуў гаспадар. Але Бiм нiчога не чуў, быццам не меў вушэй. - Наза-ад! - I свiсток. - Наза-ад! - I свiсток. Бiм бег да таго часу, пакуль не згубiў з воч перапёлку, а потым, вясёлы i радасны, вярнуўся. Але што гэта такое? Гаспадар хмуры, глядзiць сурова, не лашчыць. Усё было зразумела: нiчога не чуе яго сябар! Няшчасны сябар... Бiм неяк асцярожненька лiзнуў яго ў руку, душэўна спачуваючы i шкадуючы за гэту непапраўную спадчынную непаўнацэннасць самае блiзкае iстоты. Гаспадар сказаў: - Ды зусiм ты пра iншае, дурненькi. - I весялей: - Ну, дык пачнём, Бiм, па-сапраўднаму. - Ён зняў аброжак, адзеў другi (нязручны) i прышпiлiў да яго доўгую папругу. - Шукай. Цяпер Бiм шукаў пах перапёлкi - болей нiчога. А Iван Iванавiч накiроўваў яго туды, куды пераляцела птушка. Бiму было няўцям, што яго сябар бачыў, куды прыкладна села птушка пасля ганебнае пагонi (чуць то не чуў, а бачыць бачыў). I вось той жа самы пах! Бiм не зважае на папругу, звужае чаўнок, вядзе, вядзе, падняў галаву i вядзе паверсе... Зноў стойка! На фоне вечаровага сонца ён дзiвосна цудоўны сваёю незвычайнаю прыгажосцю, ведаць пра якую суджана мала каму. З лёгкiм трымценнем ад хвалявання, Iван Iванавiч узяў за канец повада, накруцiў на руку i цiха загадаў: - Наперад... Наперад... Бiм пайшоў на падводку. I яшчэ раз прыпынiўся. - Наперад!!! Бiм кiнуўся гэтаксама, як i першы раз. Перапёлка цяпер выпырхнула з гучным стракатаннем крылля. Бiм зноў быў кiнуўся бязглузда даганяць птушку, але... рывок за павадок вымусiў яго адскочыць назад. - Назад!!! - крыкнуў гаспадар. - Нельга!!! Бiм адкiнуўся, упаў. Ён не разумеў - завошта гэтак. I напiнаў павадок, куды паляцела перапёлка. - Ляжаць! Бiм лёг. I яшчэ раз усё паўтарылася, толькi па новай перапёлцы. Але цяпер Бiм адчуў рывок за повад раней, чым у мiнулы раз, а пасля загаду лёг i толькi дрыжаў ад хвалявання, азарту i разам з тым панылы, сумны i маркотны: усё гэта было ў ягоным выглядзе ад носа да самага кончыка хваста. Так жа балюча! I не толькi ад жорсткае спрацiвелае папругi, а яшчэ i ад калючак з сярэдзiны аброжка. - Вось гэтак, Бiмка. Нiчога не зробiш - трэба так. - Iван Iванавiч лашчыў, пагладжваў Бiма. З гэтага дня i пачаўся сапраўдны паляўнiчы сабака. З гэтага ж дня Бiм зразумеў, што толькi ён, ён адзiн можа ўведаць, дзе птушка, i што гаспадар-то бездапаможны, а нос у яго прыроблены толькi для блiзiру. Пачалася сапраўдная служба, грунтавалася яна на словах: "Нельга", "Назад", "Добра". А потым - ой! - потым стрэльба! Стрэл. Перапёлка падала, быццам ашпараная. I даганяць яе, выходзiць, зусiм не патрэбна, толькi знайсцi, падняць на крыло i легчы, а ўсё астатняе зробiць сябар. Абое роўныя ў гэтай гульнi: гаспадар без нюху, сабака без стрэльбы. Такiм чынам цёплае сяброўства i адданасць пакрысе рабiлiся шчасцем, таму што кожны разумеў i не патрабаваў ад другога больш, чым той можа даць. Гэта аснова, соль сяброўства. Да двух год Бiм стаў сапраўдным паляўнiчым сабакам, даверлiвым i чэсным. Ён ведаў недзе каля сотнi слоў, што датычылiся дамоўкi i палявання: хай скажа Iван Iванавiч "Падай" - зробiць; скажа ён "Падай пантофлi" - падасць, "Нясi мiску" - прынясе, "На крэсла!" - сядзе на крэсла. Ды гэта што! У вачах чытаў: добра глядзiць гаспадар на чалавека, i Бiму ён - знаёмы з гэтага часу; непрыязна зiрне - i Бiм, бывае, загырчыць; нават лiслiвасць (ласкавую лiслiвасць) ён лавiў у голасе чужога. Але нiкога i нiколi Бiм не ўкусiў - хоць ты на хвост наступi. Забрахаць мог ноччу, папярэдзiць, што да вогнiшча iдзе чужы, - гэта, калi ласка, але кусацца - нiколi. Такая ўжо iнтэлiгентная парода. Што датычыцца iнтэлiгенцыi, то Бiм нават умеў такое: сам навучыўся, дайшоў сваiм розумам, падрапаць за дзверы, каб адчынiлi. Здараецца, захварэе Iван Iванавiч i не iдзе з iм гуляць, а выпускае аднаго. Бiм крыху пабегае, управiцца, як i належыць, i спяшае дадому. Падрапае за дзверы, стаўшы на заднiя лапы, крышку паскуголiць, просячыся, i дзверы адчыняцца, гаспадар, цяжка шлёпаючы па прыхожай, сустрэне, палашчыць i зноў кладзецца ў ложак. Гэта калi ён, пажылы чалавек, пахворвае (дарэчы, пахворвае ён усё часцей i часцей, такога Бiм не мог не заўважыць). Бiм моцна засвоiў: падрапай за дзверы, i табе адчыняць абавязкова; дзверы для таго i ёсць, каб кожны мог зайсцi: папрасiся i цябе ўпусцяць. На яго сабачы розум гэта было ўжо цвёрдае перакананне. Толькi не ведаў Бiм i не мог ведаць, колькi потым будзе расчаравання i бяды ад такое наiўнае даверлiвасцi, не ведаў i не мог ведаць, што ёсць дзверы, якiя не адчыняюцца, колькi за iх не драпайся. Што яно там будзе надалей, невядома, а пакуль што застаецца сказаць адно: Бiм, сабака з выдатным чуццём, так i застаўся сумнiцельным - пасведчанне на радаслоўную яму не выдалi. Двойчы Iван Iванавiч выводзiў яго на выстаўку: здымалi з рынга без адзнакi. Выходзiць, чужак. I ўсё ж Бiм не спадчынная бездар, а выдатны сапраўдны сабака: птушак ён пачаў шукаць з васьмi месяцаў. Ды як яшчэ! Хочацца верыць, што ў яго будзе добрая будучыня. Раздзел 2 ВЯСНОВЫ ЛЕС У другi сезон, гэта значыць на трэцi год ад нараджэння Бiма, Iван Iванавiч пазнаёмiў яго з лесам. Гэта было надта цiкава i сабаку, i гаспадару. У лузе i на полi - там усё бачна: прастора, трава, збажына, гаспадар заўсёды навiдавоку, снуй чаўнаком у шырокiм пошуку, шукай, знайдзi, рабi стойку i чакай загаду. Любата! А тут, у лесе, зусiм-зусiм не тое. Была ранняя вясна. Калi яны прыйшлi першы раз, змярканне толькi пачыналася, а мiж дрэў быў прыцемак, хаця лiсця яшчэ не было. Знiзу ўсё ў цёмных адценнях: ствалы дрэў, леташняя цёмна-карычневая лiстота, карычнева-шэрыя сцяблы травы, нават ягады шыпшыны, густа-рубiнавыя ўвосень, цяпер, выстаяўшы зiму, здавалiся зярняткамi кавы. Галiнкi лёгенька шумелi пад слабым ветрыкам, рэдзенькiя, голыя; яны быццам абмацвалi адна адну, то краналiся кончыкамi, то ледзь датыкалiся сярэдзiнаю: цi жывыя? Вяршалiны слабенька пагойдвалiся - дрэвы здавалiся жывымi нават i без лiсця. Усё было таямнiча-шапаткое i густа-пахучае: i дрэвы, i лiсце пад нагамi, мяккае, з вясновым пахам лясное зямлi, i крокi Iвана Iванавiча, асцярожныя i цiхiя. Яго чаравiкi таксама шоргалi, а сляды пахлi куды мацней, чым у полi. За кожным дрэвам штосьцi незнаёмае, таямнiчае. Таму Бiм i не адыходзiў ад Iвана Iванавiча болей, чым крокаў на дваццаць: прабяжыць уперад налева, направа - i коцiцца назад i глядзiць у твар, быццам пытаецца: "Чаго мы сюды трапiлi?" - Не разбярэшся што да чаго? - здагадаўся Iван Iванавiч. - Разбярэшся, Бiмка, зразумееш. Пачакай крышку. Так i iшлi, паглядваючы адзiн на аднаго. Але вось яны спынiлiся на шырокай паляне, на перакрыжаваннi двух прасек: дарогi ва ўсе чатыры бакi. Iван Iванавiч стаў за арэхавы куст, тварам да захаду, i глядзеў угору. Бiм пазiраў туды, з усяе сiлы стараўся здагадацца, што гэта там трэба выглядзець. Уверсе было светла, а тут, унiзе, рабiлася ўсё цямней i цямней. Нехта прашамаў у лесе i сцiх. Яшчэ пашамаў i сцiх. Бiм прытулiўся да нагi Iвана Iванавiча - гэта так ён пытаўся: "Што там? Хто там? Можа, пойдзем паглядзiм?" - Заяц, - ледзь чутна сказаў гаспадар. - Усё добра, Бiм. Добра. Заяц. Хай яго... Ну, калi "добра", значыць, усё ў парадку. "Заяц" - таксама зразумела: неаднойчы, калi Бiм натыкаўся на след звярка, яму паўтаралi гэтае слова. А раз бачыў i самога зайца, паспрабаваў быў дагнаць яго, але меў суровае папярэджанне i быў пакараны. Нельга! Такiм чынам, недалёка прашамацеў заяц. А што далей? Раптам уверсе нехта нябачны i незнаёмы захоркаў: "Хор-хор!.. Хор-хор... Хор-хор!.." Бiм пачуў гэта першы i здрыгануўся. Гаспадар таксама. Абодва глядзелi ўгору, толькi ўгору... Нечакана на фоне барвова-сiняватага неба ўздоўж прасекi паказалася птушка. Яна ляцела проста на iх, толькi зрэдку пакрыквала так, быццам гэта не птушка, а звярок ляцiць i хоркае. Але то ўсё ж была птушка. Яна здавалася вялiкай, крылле яе было бясшумнае (не тое, што ў перапёлкi, курапаткi цi ў качкi). Адным словам, незнаёмае ляцела ўгары. Iван Iванавiч падняў стрэльбу. Бiм, быццам па загаду, лёг i не адводзiў вачэй ад птушкi... У лесе стрэл быў такi моцны i рэзкi, якога Бiм раней нiколi не чуў. Рэха пракацiлася па лесе i зацiхла далёка-далёка. Птушка ўпала ў кусты, але сябры яе скоранька адшукалi. Iван Iванавiч паклаў яе перад Бiмам i сказаў: - Знаёмся, браток, - слонка. - I яшчэ раз паўтарыў: - Слонка. Бiм абнюхваў, чапаў лапаю за доўгую дзюбу, потым сеў, уздрыгваючы i перабiраючы пярэднiмi лапамi ад здзiўлення. Вядома ж, ён гэтым самым i гаварыў сам сабе: "Такiх насоў не бачыў. Вось гэта сапраўдны но-ос!" А лес слабенька шумеў, усё цiшэй i цiшэй. Потым зусiм раптам прыцiх, адразу неяк, быццам хтосьцi нябачны лёгенька махнуў шырокiм крылом над дрэвамi апошнi раз: хопiць шамацення. Галiны знерухомелi, дрэвы, здавалася, засыналi, хiба толькi зрэдку ўздрыгвалi ў прыцемках. Праляцелi яшчэ тры слонкi, але Iван Iванавiч не страляў. Хаця апошняй яны ўжо не бачылi ў цемнаце, а толькi чулi яе голас, але Бiм быў здзiўлены: чаму сябар не страляў нават у тых, якiя добра былi вiдаць. Ад гэтага Бiм хваляваўся. А Iван Iванавiч цi проста глядзеў угору, цi, панурыўшыся, слухаў цiшыню. Абодва маўчалi. Вось калi ўжо не патрэбны словы - нi чалавеку, нi тым болей сабаку! Толькi напаследак, перад адыходам, Iван Iванавiч прамовiў: - Добра, Бiм! Зноў пачынаецца жыццё. Вясна. Па iнтанацыi Бiм зразумеў, што гаспадару прыемна. I ён таркануў носам у яго калена, павiляў хвастом: добра, маўляў, што i сказаць. ...Другi раз яны прыходзiлi сюды позняю ранiцаю, але ўжо без стрэльбы. Духмяныя, тоненькiя струменьчыкi ад храсткоў травы - усё гэта было наўздзiў новае i захапляючае. Сонца прасвечвала ў лесе ўсё наскрозь, акрамя сасоннiку, ды i той мясцiнамi быў спаласованы золатам праменняў. I была цiшыня. Галоўнае - была цiшыня. Якая ж яна прыгожая - вясновая ранiшняя цiшыня ў лесе! Гэты раз Бiм быў смялейшы: далёка было вiдаць (не тое, што тады ў прыцемкi). I ён лятаў па лесе ўволю, не спускаў, аднак, з вачэй гаспадара. Усё было цудоўна. Нарэшце Бiм набег на нiтачку слончынага паху. I павёў. I зрабiў класiчную стойку. Iван Iванавiч паслаў наперад, хоць страляць i не было з чаго. Ды яшчэ загадаў ляжаць як i трэба, калi ўзлятае птушка. Абсалютна незразумела, бачыць цi не гаспадар? Бiм скоса паглядзеў на яго, пакуль не ўпэўнiўся: бачыць.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12
|
|