Гронкi гневу (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 5)
Автор:
|
Стейнбек Джон |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(1002 Кб)
- Скачать в формате fb2
(402 Кб)
- Скачать в формате doc
(417 Кб)
- Скачать в формате txt
(398 Кб)
- Скачать в формате html
(403 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|
|
- Цяпер зразумеў! Калi на чалавека можа сысцi хоць калiва боскае шчырасцi, дык я ўсё зразумеў! - Ён ускочыў на ногi i пачаў хадзiць узад i ўперад, кiваючы з боку ў бок галавой. - Адзiн час у мяне была пераносная кафедра. Народу вечарамi находзiла чалавек з паўтысячы. Даўно гэта было, вы мяне яшчэ тады не ведалi. - Ён спынiўся, паглядзеў на Джоўда i М'юлi. - Наогул, вы заўважалi, што я нiколi не збiраў грошай пасля пропаведзi - i ў адрынах, i пад адкрытым небам? - Бог сведка, нiколi, - сказаў М'юлi. - Тут нашы ўсе так да гэтага прывыклi, што iх злосць брала, калi iншыя прапаведнiкi хадзiлi па радах з капелюшом. Так, сэр, усё праўда. - Ад ежы я не адмаўляюся, - гаварыў Кейсi. - Штаны браў, калi свае зносяцца, цi пару там старых чаравiкаў, калi падэшвы ў маiх прадзiралiся так, што ходзiш амаль босы. Але з пераноснай кафедрай было iнакш. Здаралася, за дзень дзесяць, а то i дваццаць даляраў збяру. Толькi радасцi мне з таго не было нiякай, i я кiнуў усё гэта, i як быццам на душы палягчэла. Цяпер я, здаецца, усё зразумеў. Толькi словамi выказаць не ведаю як. Бадай што, i спрабаваць не буду... але здаецца мне, што цяпер прапаведнiку знойдзецца месца. Думаю, я зноў магу з пропаведзямi да людзей iсцi. Яны блукаюць самотныя па дарогах, без зямлi, без прыстанiшча. А калi няма даху над галавой, трэба даць iм нейкую iншую прыстань. Можа стацца... - Кейсi стаяў над вогнiшчам. Шматлiкiя мускулы ў яго на шыi яшчэ больш напялiся, водблiскi агню глыбока пранiкалi ў вочы i распальвалi там чырвоны жар. Ён стаяў i глядзеў на агонь, напружыўшы твар, нiбы прыслухоўваўся да нечага, а рукi, заўсёды такiя ўвiшныя, гатовыя сваiмi рухамi ўдакладнiць, падкрэслiць або адхiлiць свае цi чужыя думкi, цяпер вяла павiслi i паволi пасунулiся ў кiшэнi. Кажаны кружылi ў цьмяным святле вогнiшча, здалёку, з палёў, глуха даносiўся ледзь чутны клёкат начной драпежнай птушкi. Том Джоўд спакойна палез у кiшэню, выняў адтуль свой капшук i пачаў рабiць самакрутку, пазiраючы паўз яе на вуголле. Ён нiяк не рэагаваў на ўсё, што гаварыў прапаведнiк, быццам лiчыў, што гэта асабiстая справа Кейсi i абмеркаванню не падлягае. - Начамi ляжыш на турэмным ложку, - загаварыў ён, - i ўсё думаеш: як там усё будзе, калi дамоў вярнуся? Напэўна, думалася, дзед ужо з бабкай памруць i, можа, яшчэ малыя народзяцца. Можа, нораў у бацькi крыху памякчэе. Можа, мацi ўжо адпачынак сабе дасць i перакладзе хатнiя клопаты на Разашарну. Я ведаў: як было, так ужо не будзе... Ну што ж, давайце спаць, а як развiднее, пойдзем да дзядзькi Джона. Я дык абавязкова пайду. А ты, Кейсi, што вырашыў - пойдзеш? Прапаведнiк усё яшчэ стаяў, пазiраючы на вуголле. Ён паволi прамовiў: - Ага, пайду з табой. А калi твае рушаць у дарогу, паеду з iмi. А там, дзе будуць людзi, буду i я. - Калi ласка, - сказаў Джоўд. - Мацi заўсёды ставiлася да цябе з прыхiльнасцю. Казала, такому прапаведнiку можна давяраць. Разашарна тады яшчэ маленькая была. - Ён павярнуўся да М'юлi: - А ты, М'юлi, пойдзеш з намi? - Той глядзеў на дарогу, па якой прыйшлi Джоўд з Кейсi. - Дык як, пойдзеш, М'юлi? зноў запытаўся Джоўд. - Га? Не. Мне няма да каго iсцi i няма каго пакiдаць. Вунь, бачыш, святло скача ўверх i ўнiз? Напэўна, аканом тутэйшага ўчастка едзе. Вiдаць, нехта заўважыў наша вогнiшча. Том скiраваў позiрк на дарогу. Святло фар паўзло ў iх бок цераз грэбень узгорка. - Мы нiчога дрэннага не рабiлi, - сказаў ён. - Пасядзелi тут трохi, толькi i ўсяго. Нiякай шкоды нiкому. М'юлi рагатнуў: - Ха-ха! Адно тое, што мы прыйшлi сюды, ужо дрэнна. Парушэнне чужых правоў уласнасцi. Тут аставацца нiкому нельга. Мяне ўжо два месяцы ловяць. Вось што: калi гэтая машына едзе сюды, мы пойдзем у бавоўну i заляжам там. Далёка неабавязкова забiрацца. Няхай паспрабуюць знайсцi! Давядзецца iм кожны кусцiк абшнарыць. Галавы толькi не падымайце. Джоўд запытаўся: - Што з табой сталася, М'юлi? Ты ж раней у хованкi гуляць не любiў. Злосны быў. М'юлi пазiраў на святло фар, якое наблiжалася да iх. - Ха! - сказаў ён. - Я злосны быў, як воўк. А цяпер я злосны, як ласка. Калi ты палюеш на дзiчыну, ты паляўнiчы, а значыць, у цябе ёсць сiла. Такi нiкога не баiцца. Але калi на цябе самога палююць - гэта ўжо зусiм iншае. З табой нейкая перамена адбываецца. У цябе ўжо сiлы няма. Злосць застаецца, а сiлы няма. На мяне даўно ўжо палююць, я ўжо больш не паляўнiчы. Можа, яшчэ i падстрэлю каго-небудзь у цемры, але кала з агароджы ўжо не вырву i нiкога не пакалечу - гэта ўжо ў мiнулым. I няма чаго нам з табою ашукваць адзiн аднаго. Вось так. - Што ж, - сказаў Джоўд, - iдзi хавайся. А мы тут з Кейсi пра сёе-тое пагаворым з гэтай сволаччу. - Палоска святла была ўжо зусiм блiзка - скокнула ў неба, знiкла i зноў скокнула ўгору. Усе трое стаялi, сочачы за ёю. М'юлi сказаў: - Тут ёсць яшчэ адна асаблiвасць, калi на цябе палююць: ты востра адчуваеш небяспеку. Калi сам палюеш, пра яе зусiм не думаеш, нiчога не баiшся. Ты ж сам казаў: варта табе толькi ў чым-небудзь правiнiцца, цябе зноў запратораць у Макалестар, i прасядзiш ужо там ад званка да званка. - Правiльна. Так мне сказалi. Але хiба гэта парушэнне, калi сядзеш тут адпачыць цi ноч на голай зямлi захочаш пераначаваць? Нiкому нiякай шкоды. Гэта ж не тое, што напiцца цi дэбашырыць. М'юлi засмяяўся: - Вось убачыш. Пасядзi тут, дачакайся машыны. Можа, гэта Ўiлi Фiлi, ён тут цяпер за шэрыфскага наглядчыка. Ён запытаецца ў цябе: "Чаму парушаеш правы ўласнасцi?" Ты ж ведаеш, ён добры паганец, i ты яму скажаш: "А табе што?" Тады Ўiлi ўзлуецца i зараве: "Марш адсюль, а то арыштую". А ты ж не дазволiш кожнаму Ўiлi Фiлi камандаваць табой i раз'юшвацца з перапуду. Ён ужо ўлез, i яму трэба неяк выблытвацца, а ты таксама цуглi закусiў i напралом iдзеш... Не, чорт, залегчы ў мiжраддзi куды прасцей, няхай шукаюць. I да таго ж весялей, бо яны шалеюць ад злосцi, а зрабiць нiчога не могуць, а ты ляжыш сабе i толькi пасмейваешся. Паспрабуй пагавары з Уiлi цi з якiм iншым начальнiкам, яны цябе давядуць, ты кiнешся на iх, а яны цап! - i арыштуюць, i вернешся ты ў свой Макалестар яшчэ на тры гады. - Талкова разважаеш, - сказаў Джоўд. - Кожнае тваё слова разумнае. Але вельмi ўжо не хочацца скакаць пад iхнюю дудку. Рукi так i свярбяць на гэтага Ўiлi. - У яго стрэльба, - сказаў М'юлi. - Уiлi будзе страляць,бо ён шэрыфскi наглядчык. Значыць, альбо ён прыстрэлiць цябе, альбо ты яго, калi стрэльбу ў яго адбярэш. Ну пайшлi, Томi. Ты проста скажы сабе: я схаваюся i яны ў дурнях застануцца. Галоўнае настроiць сябе - i ўся справа. - Яркае святло фар цяпер скiравалася проста ў неба, ужо выразна чуўся роўны гул матора. - Пайшлi, Томi. Далёка забiрацца не будзем - радоў за чатырнаццаць-пятнаццаць. Адтуль пасочым за iмi. Том падняўся. - Правiльна кажаш, далiбог, - сказаў ён. - Будзе так цi гэтак, мне ўсё роўна нiчога не свецiць. - Дык гайда. Вось сюды. - М'юлi абагнуў дом i вывеў iх крокаў за пяцьдзесят у баваўнянае поле. - Гэтага досыць, - сказаў ён. - Галаву толькi нiжэй апускайце, калi фары на вас накiруюць - i ўсё. Во будзе пацеха! - Усе трое разлеглiся на ўвесь рост на зямлi i аблакацiлiся. Раптам М'юлi ўскочыў на ногi, кiнуўся да дома, праз момант-другi вярнуўся i кiнуў у кусты скрутак пiнжак i загорнутыя ў яго чаравiкi. - А то павязуць, каб у даўгу не заставацца, - паяснiў ён. Святло фар паднялося па схiле, потым нырнула ўнiз i скiравалася проста на дом. Джоўд запытаўся: - А не пойдуць яны з кiшэннымi лiхтарыкамi шукаць нас тут? Шкада, палкi няма. М'юлi хiхiкнуў: - Не, не пойдуць. Казаў жа я табе, што я злосны стаў, як ласка. Неяк раз ноччу Ўiлi паспрабаваў сунуцца, дык я яго ззаду калом з агароджы агрэў. Звалiўся, як калода. Пасля ўсiм расказваў, што на яго пяцёра напалi. Машына пад'ехала да дома, успыхнуў пражэктар. - Галовы нiжэй, - сказаў М'юлi. Паласа халоднага белага святла працягнулася над iмi i пачала гойсаць па полi. Уцекачы не бачылi, што робiцца каля дома, але пачулi, як бразнулi дзверцы машыны, i галасы. - На святло пабаяцца выходзiць, - прашаптаў М'юлi. - Я разы два страляў па фарах. Цяпер Уiлi асцярожны. Сёння не адзiн прыехаў. - Яны пачулi скрып маснiчын, потым убачылi святло лiхтарыка ў доме. - Можа, пальнуць? - шэптам спытаўся М'юлi. Яны не ўбачаць, адкуль стралялi. Няхай галаву пачэшуць. - Не трэба, - прашаптаў Кейсi. - Якая карысць? Пустая справа. Трэба так рабiць, каб ва ўсiм сэнс быў. Недзе каля дома пачулiся рыплiвыя гукi i шолах. - Жар топчуць падэшвамi, - шапнуў М'юлi. - Пяском засыпаюць. - Зноў бразнулi дзверцы машыны. Святло фар калыхнулася, зрабiла паўкруг i скiравалася на дарогу. - Нiжэй! - сказаў М'юлi, i ўсе трое ўткнулiся галовамi ў зямлю. Прамень пражэктара пралёг над iмi i прачарцiў поле ў розных напрамках, потым машына кранулася з месца, пачала аддаляцца, паднялася на грэбень узгорка i знiкла з вачэй. М'юлi сеў на градку. - Уiлi заўсёды робiць апошнюю спробу пражэктарам. Так не раз ужо было, i я прывык да гэтага. Ён думае, што неймаверна хiтры. Кейсi сказаў: - Можа, хто-небудзь прытаiўся ў доме? Мы пойдзем, а нас схопяць. - Усё можа быць, - адказаў М'юлi. - Вы тут пачакайце. Я ўсе iхнiя штучкi ведаю. - Ён асцярожна пайшоў да дома - толькi лёгка пахруствалi сухiя камякi зямлi пад нагамi. Кейсi i Джоўд напружана ўслухоўвалiся, але там, куды пайшоў М'юлi, было ўсё цiха. Праз колькi хвiлiн з боку дома да iх данёсся яго голас: - Няма нiкога! Iдзiце сюды! Яны адарвалiся ад зямлi, паднялiся i пакiравалi да чорнай плямiны дома. М'юлi чакаў iх каля кучкi пяску, з якой выбiвалiся струменьчыкi дыму, - усё, што засталося ад iхняга вогнiшча. - Я так i ведаў - нiкога ў засадзе не пакiнулi, - сказаў М'юлi з гордасцю. - Уiлi я тады з ног збiў, па фарах разок-другi стрэльнуў - цяпер яны асцерагаюцца. Адкуль iм ведаць, хто тут хаваецца. А я iм так проста ў рукi не дамся. Каля жытла не начую. Калi хочаце, хадзем са мной, я пакажу вам, дзе можна пераначаваць. Там аб вас нiхто не спатыкнецца. - Вядзi, - пагадзiўся Джоўд. - Мы пойдзем з табой. Нiколi i ў галаве не было, што на бацькаўскай ферме давядзецца хавацца ад каго-небудзь. М'юлi выйшаў у поле, Джоўд з Кейсi пайшлi следам. Ступалi проста па кустах бавоўнiку. - Табе яшчэ шмат ад чаго i ад каго давядзецца хавацца, - сказаў М'юлi. Яны iшлi адзiн за адным цераз грады. Неўзабаве апынулiся перад глыбокай прамыiнай i саслiзнулi на падэшвах на самае дно. - Э! Я ведаю, куды ты нас завёў, галаву кладу! - усклiкнуў Джоўд. - Пячора ў адхоне? - Правiльна. А як ты здагадаўся? - Сам яе капаў, - адказаў Джоўд. - Разам з братам Ноем. Усiм гаварылi, што золата шукаем, а на самай справе мы проста капалi пячоры, як усе малыя. Берагi былi цяпер вышэй iх галоў. - Недзе тут, ужо блiзка. Помнiцца, павiнна быць ужо зусiм блiзка. М'юлi сказаў: - Я прыкрыў яе ламаччам, каб не знайшлi. - Дно яра выраўнялася, ногi цяпер ступалi па пяску. Джоўд сеў на чысты пясок. - У пячору я спаць не пайду, - сказаў ён. - Лягу вось тут. - Ён згарнуў пiнжак i падклаў пад галаву. М'юлi рассунуў рукамi сухое галлё i запоўз у пячору. - А мне добра тут! - крыкнуў ён адтуль. - Прынамсi, адчуваеш сябе ў бяспецы. Джым Кейсi сеў на пясок каля Джоўда. - Паспi крыху, - сказаў яму Джоўд. - Як толькi развiднее, рушым да дзядзькi Джона. - Я спаць не буду, - адказаў прапаведнiк. - Ёсць над чым галаву паламаць. - Ён сагнуў ногi ў каленях, абняў iх рукамi, падняў вочы ў неба i ўтаропiўся на яркiя зоры. Джоўд пазяхнуў i закiнуў руку за галаву. Абодва маўчалi, i мала-памалу зноў ажыло мiтуслiвае жыццё зямлi - норак, падземных хадоў i хмызу: зашнарылi суслiкi, асцярожна падкрадалiся да зялёнага лiсця трусы, снавалi мышы памiж камякамi зямлi, а крылатыя драпежнiкi бязгучна ляталi ў небе. РАЗДЗЕЛ СЁМЫ У гарадах, на гарадскiх ускраiнах, пасярод палёў, на пустках - паўсюль паркi ўжываных аўтамабiляў, машын, адноўленых пасля аварыi, гаражы з зазыўнымi шыльдамi i плакатамi: Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Танны сродак перавозкi, тры прычэпы. "Форд" 27-га года, новы матор. Правераныя машыны, якасць гарантуецца, бясплатнае радыё. Машына i 100 галонаў бензiну ў прыдачу. Заходзьце, самi пераканаецеся. Ужываныя машыны, накладныя выдаткi ў кошт не ўваходзяць. Невялiкi ўчастак i будыначак, у якiм ледзь хапае месца сталу, крэслу i сiняй канторскай кнiзе. Пачак бланкаў, загнутых па ражках i змацаваных сашчэпкамi, побач - акуратны стос яшчэ чыстых, не запоўненых бланкаў. Вечная ручка - сачы толькi, каб у ёй заўсёды было чарнiла i каб пiсала. Здзелка не адбылася толькi таму, што ручка закапрызiла. Вунь тыя сукiны дзецi нiчога не купяць. Такiя швэндаюцца па ўсiх гаражах. Проста разявакi. Iм абы падзiвiцца. Машыны такiм не патрэбныя, толькi час забiраюць. Iм напляваць на твой час. А вунь, глянь, парачка - не, тая, што з малымi. Пасадзi iх у машыну. Пачнi з двухсот i паступова збаўляй. З выгляду на сто з чвэрцю пацягнуць. Пракацi iх. Вунь у тым драндулеце. Дай iм жару! Толькi час з iмi марнуем. Гаспадары машын з падкасанымi рукавамi. Прадаўцы - акуратненькiя, бесстароннiя, маленькiя ўважлiвыя вочкi нiчога не прапускаюць. Зiрнi на твар той вунь жанчыны. Калi жонцы спадабаецца, старога мы абломiм. Пачнi з "кадзiлака". Урэшце навяжы iм "б'юiк". Калi пачаць адразу з "б'юiка", яны яшчэ запатрабуюць "форд". Трэба спяшацца, доўга так не працягнецца. Пакажы iм вунь той "нэш", а я пакуль што падпампую дзiравую камеру "доджа-25". Як будзе гатова, клiкну. Машына вам для язды патрэбная, цi ж не так? Не ў цацкi гуляць. Што ж, абiўка працерлася. Ды хiба колы круцяць падушкi? Шэрагi машын стаяць насамi наперад - капоты ржавыя, шыны спушчаныя. Стаяць упрытык адна да адной. Жадаеце паглядзець вунь тую? Ну якая ж гэта турбота. Зараз я яе выведу. Няхай адчуваюць сябе абавязанымi. Няхай забiраюць твой час. Не давай iм забыцца пра гэта. Пакупнiкi - народ большасцю далiкатны. Iм непрыемна турбаваць людзей. А ты прымусь iх турбаваць цябе, потым прыцiснеш iх. Шэрагi машын мадэлi "Т" - высокiя, тупарылыя, руль, як павернеш, скрыпiць, тармазныя пракладкi сцерлiся. "Б'юiкi", "нэшы", "дэ-соты". Так, сэр, "додж" 22-га. Найлепшая мадэль, якую Додж калi выпускаў. Зносу не мае. Нiзкая кампрэсiя. З высокай кампрэсiяй першы час рэзвасцi многа, але метал нядоўга вытрымлiвае. "Плiмуты", "рокнесы", "стары"... Госпадзi! Адкуль узяўся гэты "аперсан" - з Ноевага каўчэга, цi што! А "чалмерс", а "чандлер"? Iх ужо ж колькi гадоў не выпускаюць. Мы не аўтамабiлi прадаём, а жалезны лом на колах. Але чорт! Каб больш такiх драндулетаў. Даражэй за дваццаць пяць цi трыццаць мне не трэба. Iдуць па пяцьдзесят, а то i па семдзесят пяць. Навар неблагi. Бог ты мой, цi шмат настрыжэш на новай машыне? Каб больш такiх драндулетаў. Не паспееш купiць, ужо iх хапаюць. Усё, што хочаш, абы не за дзвесце пяцьдзесят. Заганi ты, Джым, сюды таго старычыну, што на бакавой дарожцы. Ён не адрознiць асла ад калдобiны. Паспрабуй уцiснуць яму "аперсан". А куды ён дзеўся, гэты "аперсан"? Прадаўся? Калi мы не займеем яшчэ такiх драндулетаў, дык хоць кантору зачыняй. Сцяжкi - бела-чырвоныя, бела-сiнiя - па абочыне пляцоўкi. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. На памосце - машына, на якую сёння знiжана цана. Не падумай прадаваць яе. Яна - прыманка для публiкi. Калi прадаць гэтую дзяшоўку за такую цану, дык i цэнта лiшняга не пакладзеш у кiшэню. Гавары, што прададзена ўжо. А перш чым аддасi машыну, знiмi з яе наш акумулятар. Пастаў вось гэты хлам. Госпадзi, што iм яшчэ трэба за iхнiя медзякi? Закасай рукавы наляж. Так доўга працягвацца не будзе. Каб больш такiх драндулетаў, i праз паўгода можна было б i на спачын. Слухай сюды, Джым. У гэтага "шаўрале" шум у заднiм мосце. Быццам там бутэлькi трушчаць. Засып туды кварты са дзве пiлавiння. I ў каробку скорасцей не забудзь. Гэты гнiлы лiмончык трэба прадаць за трыццаць пяць даляраў. Той прахвост абвёў мяне вакол пальца. Я даваў яму дзесяць, а ён упёр мне яе за пятнаццаць, ды яшчэ, сукiн кот, iнструмент увесь ухiтрыўся забраць. Божа лiтасцiвы! Каб нам штук пяцьсот такiх развалiн! Гэтак доўга не працягнецца. Што, шына яму не даспадобы? Скажы, што ў гэтых шынах запасу яшчэ на дзесятак тысяч мiль, i скiнь паперкi паўтары. Груды ржавага лому навалам каля агароджы, у заднiм канцы двара валяюцца ламаныя карпусы, крылы, замаслены хлам, блокi матораў, скрозь цылiндры прарасла трава. Тармазныя цягi, зваленыя ў кучы выхлапныя трубы - як клубкi змеяў. Разлiтая змазка, бензiн. Схадзi пашукай, цi няма дзе цэлай запальнай свечкi, а то ўсе трэснутыя. Чорт, каб раздабыць штук пяцьдзесят прычэпаў, даляраў за сотню, вось быў бы прыварак! Чаго гэта ён там скандалiць? Наша справа прадаць машыну, а дадому няхай ён сам яе пiхае. Здорава сказана, ха, мы яе яму дадому не пiхаем! Галаву кладу, можна i ў гумарыстычным часопiсе "Манслi" надрукаваць. Думаеш, ён так нiчога i не купiць? Дык ганi яго ў шыю. У нас тут i так спраў шмат, няма часу важдацца з такiмi, што самi не ведаюць, чаго хочуць. Знiмi пярэднюю правую пакрышку з "грэхема", павярнi яе латай усярэдзiну. Астатняе - проста шык! Пратэктар нават яшчэ не сцёрся. Абавязкова! Гэтае старое жалеззе яшчэ пяцьдзесят тысяч мiль прабяжыць. Толькi больш масла залiвайце. Бывайце. Шчаслiва. Падбiраеце машыну? А што б вам хацелася? Знайшлi што-небудзь прыдатнае? Нешта ў горле суха. Як наконт таго, каб прапусцiць па маленькай? Давайце пойдзем, а жонка ваша няхай пакуль што паглядзiць на гэты "ласаль". Вы "ласаль" не хочаце? Так, падшыпнiкi знасiлiся. Праз меру масла бярэ. Магу прапанаваць "лiнкольн" 24-га года. Вось гэта машына! Вечная. Пераробiце ў грузавiк. Гарачае сонца на ржавым жалезе. Зямля ў масленых плямах. Людзi азадачана расхаджваюць, iм патрэбна машына. Вытры ногi. Не прыхiнайся да гэтай машыны. Яна брудная. Якую выбраць? Колькi наогул яны каштуюць? Пасачы за дзецьмi. Цiкава, колькi яны хочуць за гэтую. Зараз спытаем. За спрос грошай не плоцяць. Спытацца ж можна. Больш за семдзесят пяць нi на адзiн пяцiцэнтавiк даць не магу, а то да Калiфорнii не дабяромся. Госпадзi, ну каб хоць яшчэ з сотню гэтых дамавiн на колах! На хаду цi не на хаду - мне няважна. Пакрышкi, старыя сцёртыя пакрышкi, наваленыя высокiмi штабелямi; камеры чорныя, шэрыя - вiсяць, як кiлбасы. Латкi на камеры? Парашок для чысткi радыятараў? Iскравы кандэнсатар? Укiньце вось гэту пiлюльку ў бензабак i атрымаеце лiшнiх дзесяць мiль з кожнага галона. Вось палiтура - усяго пяцьдзесят цэнтаў, i кузаў будзе як новенькi. "Дворнiкi", рэмень вентылятара, пракладкi? Ну што для вас значыць адзiн пяцiцэнтавiк? Выдатна, Джо. Ты iх яшчэ крыху апрацуй i вядзi да мяне. А я ўжо iх абламаю - уламлю або зламлю. Толькi балбатуноў не прыводзь. Хачу бiзнес рабiць. Калi ласка, сэр, заходзьце, заходзьце. Вам гэта проста знаходка. Так, сэр. Усяго восемдзесят даляраў, проста знаходка. - Больш за пяцьдзесят я даць не магу. Мне ваш чалавек сказаў - пяцьдзесят. Пяцьдзесят... Пяцьдзесят? Ён ачмурэў! Я сам заплацiў за гэту красуню семдзесят даляраў. Ты што, Джо, з глузду з'ехаў? Хочаш пусцiць мяне з торбай? Давядзецца прагнаць гэтага ёлупа. Можа, сыдземся на шасцiдзесяцi? Вось што, мiстэр, дзень кароткi. Я чалавек дзелавы, а не махляр. Можа, у вас ёсць што-небудзь узамен грошай? Ёсць пара мулаў, я даплацiў бы iмi. Пара мулаў? Гэй, Джо, ты чуеш? Ён прапануе расплацiцца муламi. А вы хiба не ведаеце, што мы жывём у век машын? Мулы цяпер iдуць толькi на сталярскi клей. Добрыя, дарослыя мулы - аднаму пяць, другому сем гадоў. Што ж, пашукаю ў iншым месцы. У iншым месцы? Прыходзiце да занятых людзей, час забiраеце i iдзяце з пустымi рукамi. Джо, хiба ты адразу не зразумеў, што маеш справу са жмiндам? Я не жмiнда. Мне патрэбна машына. Мы ў Калiфорнiю едзем. Мне машына патрэбна. Ну добра, няхай я прасцячок. Джо лiчыць мяне прасцячком. Калi будзеце, кажа, здымаць з сябе апошнюю кашулю, з голаду здохнеце. Вось мы як зробiм: я вазьму вашых мулаў па пяць даляраў за галаву на корм сабакам. Не, навошта ж на корм. Ну, я мог бы раскашэлiцца i даць па сем цi дзесяць. Дык я скажу вам, як мы зробiм. Я бяру вашых мулаў за дваццаць i яшчэ павозку ў прыдачу, згодны? Пяцьдзесят вы заплоцiце наяўнымi, а на астатнiя дасце вэксаль i будзеце пагашаць па дзесяць даляраў у месяц. Вы ж сказалi - восемдзесят. А хiба вы нiколi не чулi пра накладныя выдаткi i пра страхоўку? Гэта крыху павышае цану. За якiх чатыры-пяць месяцаў вы ўсё выплацiце. Распiшыцеся вось тут. Мы пра ўсё паклапоцiмся. Проста не ведаю... Паслухайце. Я гатовы аддаць вам сваю апошнюю кашулю, а вы столькi часу ў мяне аднялi. Я ўжо трох пакупнiкоў адпусцiў бы за той час, што на вас патрацiў. Проста прыкра. Ага, так, распiсвайцеся вось тут. Цудоўна, сэр. Джо, схадзi залi бак гэтаму джэнтльмену. Дадзiм яму яшчэ i бензiну. Ну, Джо, дасталося ж нам з табой. Колькi я аддаў за гэту калымагу? Трыццаць зялёненькiх... а не трыццаць пяць? Не я буду, калi не заганю гэтую вупражку за семдзесят пяць, а то якi ж я дзялок? Ды яшчэ пяцьдзесят наяўнымi i вэксаль на сорак. Ну так, я ведаю, не ўсе людзi сумленныя, але часам дзiву даешся, як яны ўхiтраюцца заплацiць доўг. Адзiн выплацiў сотню праз два гады пасля таго, як я спiсаў гэтыя грошы ў расход. У заклад iду - гэты выплацiць усё да апошняга. Эх, мне каб толькi раздабыць соцень пяць такiх драндулетаў! Ну, закасвай рукавы, Джо, бярыся за справу. Пайдзi апрацуй яшчэ каго i да мяне прышлi. З гэтай апошняй здзелкi табе перападзе дваццаць зялёненькiх. Ты малайчына, Джо. Сцяжкi млява панiклi пад дзённым сонцам. Сёння ўцэненая машына - "форд" выпуску 29-га года - "пiкап", у поўнай спраўнасцi. А што вы хочаце за пяцьдзесят даляраў - "зефiр"? Конскi волас закручанымi космамi вытыркаецца з падушак, памятыя, аблупленыя крылы. Расхiстаныя бамперы вiсяць коса. Элегантны двухмесны "форд" з маленькiмi каляровымi лямпачкамi - уверсе на радыятары, на крылах i ззаду. Шчыткi ад пырскаў. На рычагу пераключэння скорасцей вялiкi штамп фiрмы. На кажуху для запасной шыны - яркай фарбай прыгожая дзяўчына i надпiс: "Кора". Папаўднёвае сонца iскрыцца на ветравым шкле. Госпадзi! Нават пад'есцi няма калi. Джо, пашлi хлопчыка па булачку з катлетай. Перарывiсты роў лядашчых машын. Вунь нейкi ёлупень вытрашчыў вочы на "крайслер". Схадзi дазнайся, цi ёсць манета ў яго ў штанах. Сярод гэтых фермераў трапляюцца i прайдохi такiя, што ого! Абгаблюй яго i цягнi да мяне. Ты малайчына, Джо. Так, яна куплена ў нас. Гарантыя? Мы гарантавалi, што гэта аўтамабiль. А мамку прыстаўляць да яго не бралiся. Слухайце сюды. Вы набылi машыну, а цяпер гарлапанiце. Будзеце пагашаць доўг цi не, мне напляваць. Вашага вэксаля ў нас тут няма. Перадалi яго ў фiнансавы банк. Спаганяць будзе ён, а не мы. У сябе мы вэксаляў не трымаем. Што? Паспрабуйце толькi скандалiць, я зараз жа паклiчу фараона. Нiчога падобнага, пакрышак мы не падмянялi. Ганi яго прэч, Джо. Купiў машыну i яшчэ незадаволены. А што, калi б я купiў кавалак мяса, ад'еў палову, а рэштку панёс бы назад? У нас тут дзелавая ўстанова, а не багадзельня. Як ён табе падабаецца, Джо? Гэй, Джон, зiрнi! У яго бiрулька - ласiны зуб. Знак секты Элка. Даганi яго. Няхай паглядзiць "панцiяк" 36-га года. Ну i ну! Квадратныя насы, круглыя насы, iржавыя насы, насы лапатай, прадаўгаватыя абцякальныя формы, плоскiя паверхнi яшчэ "даабцякальных" выпускаў. Сёння шмат уцэненага тавару. Дапатопныя пачвары з мяккай абiўкай - iх лёгка ператварыць у грузавiкi. Двухколыя трайлеры - на восях яркае сонца выразна высвечвае ржу. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. Матор перабраны, зусiм спраўны. Госпадзi! Ты толькi зiрнi. Да якога стану давялi машыну. "Кадзiлакi", "ласалi", "б'юiкi", "плiмуты", "пакарды", "шаўрале", "форды", "панцiякi". Рад за радам, фары паблiскваюць на сонцы. Добрыя ўжываныя машыны. Ты iх апрацоўвай, Джо. Эх, каб займець тысячы такiх драндулетаў! Ты iх толькi разахвоць, астатняе ўжо мая справа. У Калiфорнiю едзеце? Вось якраз тое, што вам патрэбна. З выгляду з'ездзiлася, але прабяжыць яшчэ тысячы мiль. Выстраiлiся адна да адной. Добрыя ўжываныя машыны. За бясцэнак. Матор перабраны, зусiм спраўны. РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ Неба мiж зорак зрабiлася шэрым, ушчэрбны месяц здаваўся бязважкiм i празрыстым. Том Джоўд i прапаведнiк шпарка крочылi па дарозе, праўдзiвей - па каляiнах, пракладзеных праз баваўнянае поле коламi i гусенiцамi трактароў. Толькi няўстойлiвы стан неба выдаваў наблiжэнне досвiтку - на захадзе яно злiвалася з зямлёй, на ўсходзе яго аддзяляла ад зямлi ледзь прыкметная лiнiя. Абодва iшлi моўчкi, уцягваючы праз ноздры пыл, якi ўзнiмалi ў паветры iх чаравiкi. - Спадзяюся, ты добра ведаеш дарогу? - сказаў Джым Кейсi. - А то развiднее, i акажацца, што мы забрылi к чорту на балота. Баваўнянае поле ажывала разам з жыццём, якое паступова абуджалася, раннiя птушкi перапырхвалi з месца на месца ў пошуках корму, патрывожаныя трусы паспешлiва ўцякалi па камякаватай зямлi. Прыглушаныя пылам гукi крокаў i пахрустванне сухiх камякоў пад нагамi падарожнiкаў злiвалiся з таемнымi шолахамi блiзкага ўжо свiтання. Том сказаў: - Я з заплюшчанымi вачамi дайду куды трэба. Уся штука ў тым, каб не думаць пра дарогу. Проста забыцца, што яна iснуе, i тады я дайду цюцельку ў цюцельку. Я ж тут як-нiяк нарадзiўся. Малым бегаў па гэтых мясцiнах. Тут павiнна быць дрэва - ага, вунь яно, бачыш? Ужо разглядзець можна. Бацька на iм мёртвага каёта некалi павесiў. Доўга вiсеў, поўсць як расплавiлася, а потым адпала. Зусiм высах. Эх, можа, мама там ужо снеданне гатуе! У жываце бурчыць. - У мяне таксама, - сказаў Кейсi. - Хочаш табакi пажаваць? Голад не так чуваць. Дарэмна мы пусцiлiся ў дарогу ў такую рань. Пры святле лепш iсцi. -Ён змоўк i адгрыз кавалак жавальнага тытуню. - Так добра спалася. - Гэты вар'ят М'юлi мяне падняў, - сказаў Том. - Я з перапуду як ускочу! Пабудзiў i кажа: "Бывай, Том, мне пара. Трэба сюды-туды наведацца. А вы, кажа, таксама збiрайцеся, каб, як разднее, вас ужо тут не было". Баязлiвы зрабiўся, як суслiк, ад такога жыцця. Нiбыта за iм iндзейцы гоняцца. Па-твойму, ён крануўся з розуму? - А хто яго ведае. Ты ж бачыў, як учора машына прыкацiла на наш агеньчык. Развернуты дом бачыў? Тут нядобрыя справы творацца. Не без таго - М'юлi трохi крануўся. Шнырыць, крадучыся, па наваколлi, як каёт, - мiмаволi чокнешся. Яшчэ заб'е каго i дачакаецца, што яго сабакамi зацкуюць. Можаш лiчыць гэта прароцтвам. Чым далей, тым ён усё горшы робiцца. Кажаш, адмовiўся з намi iсцi? - Наадрэз, - адказаў Джоўд. - Па-мойму, ён людзей стаў баяцца. Яшчэ дзiва, што ён да нас падышоў. Да свiтання будзем у дзядзькi Джона. - Колькi часу яны iшлi моўчкi, i запозненыя совы праляталi ў iх над галавой, спяшалiся да свiрнаў, да дуплаў, да сваiх гнёздаў на цыстэрнах для вады, каб паспець схавацца ад дзённага святла. Неба на ўсходзе пасвятлела, i ўжо можна было разглядзець кусты бавоўнiку абапал дарогi i яшчэ шэрую зямлю пад нагамi. Проста розуму не дабяру, як яны там у дзядзькi Джона ўсе размясцiлiся, дзе спяць. У яго ўсяго адзiн пакой з летняй кухняй i хляўчук. Цяпер там, пэўна, i не павернешся. Прапаведнiк сказаў: - Я не памятаю, цi была ў Джона сям'я. Па-мойму, ён жыў адзiн. Я мала што помню пра яго. - Самы адзiнокi чалавек на свеце, - сказаў Джоўд. - Вар'ят неймаверны накшталт М'юлi, толькi, бадай што, яшчэ ў сiм-тым горшы. Дзе толькi ты яго не ўбачыш - то ён у Шоўнi аб'явiцца п'яны, то да адной удавы завiтае за дваццаць мiль ад дому, а то раптам пачне капацца ў сябе на ўчастку ноччу з лiхтаром. Зусiм ачмурэў. Нiхто не думаў, што ён так доўга пражыве. У такiх адзiнокiх людзей век кароткi. Дзядзька Джон старэйшы за майго бацьку. Год ад году толькi больш жылiсты робiцца i наравiсты. Ён круцейшы норавам, чым нават дзед. - Глядзi, вiднее ўжо, - сказаў прапаведнiк. - Як срэбра. А што, у Джона нiколi жонкi не было? - Была. I вось слухай, да чаго давяла яго ўпартасць. Бацька расказваў. Узяў дзядзька сабе маладую жонку. Пражыў з ёю месяцы чатыры. Яна зацяжарала. Неяк ноччу ёй зрабiлася дрэнна, нешта ўсярэдзiне забалела, i просiць яна Джона: "Прывядзi доктара", а ён сядзiць сабе i не шманае. "У цябе, кажа, проста расстройства жывата. Аб'елася. Выпi чаго-небудзь болесуцiшальнага. Набiла жывот, вось i балiць". Ранiцай пачала трызнiць i сканала да чатырох дня. - Што з ёю было? - папытаўся Кейсi. - З'ела што-небудзь? - Не, у яе лопнула нешта ўнутры. Нейкi ап... апендзiк. Ну, дзядзька Джон наогул душой добры i цяжка перажываў. Не мог дараваць сабе. Доўга нi з кiм нi слова не прамовiў. Ходзiць, як сляпы, i ўсё малiтвы пад нос сабе мармыча. Толькi праз два гады ачомаўся, але з тае пары зусiм перамянiўся. Як ашалеў. Спакою ад яго не было. Ледзь толькi ў каго з малых глiсты завядуцца цi там рэзь у жываце, ён зараз жа доктара цягне. Нарэшце бацька сказаў яму канчаць. У дзяцей, маўляў, жываты заўсёды баляць. Джон лiчыў, што жонка па яго вiне памерла. Дзiвак. Увесь час выкупляў сваю вiну - то малым падарункi нясе, то каму-небудзь на ганак мукi мех падкiне. Амаль усё нажытае раздаў, а на душы лягчэй у яго не стала. Бывала, начамi ўсё ходзiць i ходзiць адзiн. А гаспадар ён добры. Зямлю спраўна даглядае. - Няшчасны чалавек, - сказаў прапаведнiк. - Няшчасны i адзiнокi. А ў царкву ён часта пасля смерцi жонкi хадзiў? - Не, не хадзiў. Ён людзей цураўся. Шукаў адзiноты. А малыя проста ў захапленнi ад яго былi. Бывала, цiхенька прыйдзе да нас ноччу, i мы ранiцай адразу здагадвалiся, што ён прыходзiў, бо кожнаму ўсуне ў ложак пачак жавальнай гумкi - прачнемся, а гумка збоку ляжыць на пасцелi. Мы яго за госпада бога лiчылi. Прапаведнiк iшоў, апусцiўшы галаву. Ён нiчога не адказаў. У першых ранiшнiх промнях лоб яго нiбы ззяў, а рукi, якiмi ён размахваў пры хадзе, то высвечвала святло, то паглынаў паўзмрок. Том таксама маўчаў, быццам засаромеўся сваёй залiшняй шчырасцi. Ён прыспешыў крок, i прапаведнiк падладзiўся пад яго хаду. Цяпер у шэрым сутоннi яны маглi бачыць крыху далей перад сабой. З радоў бавоўнiку, паволi выгiнаючыся, выпаўзла на дарогу змяя. Том адразу спынiўся i пачаў прыглядацца да яе.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|