Гронкi гневу (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 4)
Автор:
|
Стейнбек Джон |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(1002 Кб)
- Скачать в формате fb2
(402 Кб)
- Скачать в формате doc
(417 Кб)
- Скачать в формате txt
(398 Кб)
- Скачать в формате html
(403 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|
|
Думаю, i суседзяў нiкога не засталося. Цi ж уцалела б уся гэтая габлёўка, калi б хто з iх астаўся? Дзе там! Неяк раз на Каляды паехаў Альберт Рэнс у горад Аклахому - з усiм кодлам: з жонкай, дзецьмi, з сабакамi i ўсякай там усячынай. У госцi да стрыечнага брата выбраўся. А суседзi падумалi, што Альберт зусiм з'ехаў, нiкому нi слова не сказаўшы, можа, ад крэдытораў ратаваўся цi ад якой помслiвай жанчыны ўцёк. Праз тыдзень вяртаецца, а ў хаце пусценька - нi плiты, нi ложкаў, вокны без рам, у сцяне з паўднёвага боку прарэха ў восем футаў - пакой проста з двара ўвесь перад вачамi. Пад'язджае Альберт да дома, а М'юлi Грэйуз дзверы i калодзежную помпу вывозiць. Потым Альберт тыднi два хадзiў па суседзях - дабро сваё збiраў. Кейсi з асалодай пачухаў голыя пальцы ног. - А нiхто не заўпарцiўся? Так усё i аддалi? - Аддалi, а што? Яны ж не кралi. Думалi, што ён зусiм паехаў, ну i ўзялi хто што. Ён назад усё ў iх забраў, акрамя падушкi ад канапы з вышытым iндзейцам. Альберт усё казаў, што дзед наш яе ўзяў. Маўляў, у жылах у яго iндзейская кроў, вось i пацягнула яго на падушку тую. Што ж, дзед наш i праўда ўзяў яе, толькi напляваць яму было, што там iндзеец. Проста старому яна дужа спадабалася. Паўсюль цягаў яе з сабой - дзе сядзе, там пад сябе i падсоўвае. Так i не аддаў Альберту. Кажа: "Калi яму без падушкi гэтай жыццё не мiла, няхай прыходзiць. Толькi каб са стрэльбай, а не, дык я мазгаўню яму знясу, калi сунецца да мяне па сваю падушку". Пад канец Альберт здаўся i падарыў дзеду падушку. А неяк раз дзеду яшчэ ўбiлася ў галаву. Пачаў курынае пер'е збiраць. Надумаў пярыну сабе на ложак зрабiць. Ды толькi ў яго з гэтага нiчога не выйшла. Якраз завёўся ў нас пад домам скунс - бацька ашалеў ад злосцi. Гакнуў яго брусом два на чатыры, каб не смярдзеў, а мацi ўсё пер'е дзедава спалiла, каб дух паганы адбiць, а то проста хоць з дому ўцякай. - Джоўд засмяяўся. - Дзед у нас крутога нораву. Сядзiць, бывала, на падушцы i кажа: "Няхай Альберт толькi заявiцца. Я, кажа, блазнюка гэтага навыварат выверну, як споднiкi". Кошка зноў падкралася да людзей i села мiж iмi, выцягнуўшы на дошках ганка хвост i паторгваючы вусамi. Сонца зусiм нiзка апусцiлася да гарызонту, пыльнае паветра здавалася залацiста-чырвоным. Кошка асцярожна выцягнула лапку i кранула Джоўдаў пiнжак. Джоўд азiрнуўся. - Чорт! Зусiм забыўся пра чарапаху. Навошта яна мне цяпер? Ён раскруцiў чарапаху i засунуў яе пад дом. Але яна адразу вылезла адтуль i папаўзла, як i раней, на паўднёвы захад. Кошка скокнула i ўдарыла чарапаху лапай па выцягнутай галаве, драпанула кiпцюрамi па нагах. Старая насмешлiвая лускаватая галава схавалася, тоўсты хвост шуснуў убок пад панцыр, i, калi кошка, знудзiўшыся ад чакання, адышла ад яе, чарапаха зноў пакiравала на паўднёвы захад. Том Джоўд i прапаведнiк Кейсi глядзелi, як чарапаха iдзе, - няспешна перабiрае нагамi i штурхае свой цяжкi выпуклы панцыр дакладна ў адным кiрунку. Кошка нейкi час кралася за ёю, потым тугiм лукам выгнула спiну, пазяхнула i, тоячыся, вярнулася да людзей, што сядзелi на ганку. - I куды яе панесла? - запытаўся Джоўд. - Колькi я ўжо гэтых чарапах пабачыў на сваiм вяку! Заўсёды некуды паўзуць. Заўсёды iм кудысьцi трэба. Шэрая кошка зноў села мiж iмi, крыху ззаду. Павекi яе раз-пораз злiпалiся. Шкурка на спiне торгнулася да шыi ад блышынага ўкусу i паволi адышла назад. Кошка падняла лапку, абнюхала яе, выпусцiла кiпцюры, схавала iх i лiзнула падушачкi бледна-ружовым языком. Чырвонае сонца кранулася гарызонту i распаўзлося, як медуза, небасхiл над iм пасвятлеў i нiбы ажыў. Джоўд разгарнуў пiнжак i ўзяў свае новыя жоўтыя чаравiкi. Перш чым надзець iх на ногi, ён змахнуў далонню пыл з голых ступняў. Раптам прапаведнiк, якi ўглядаўся праз палi ўдалячынь, сказаў: - Сюды нехта iдзе. Глядзi! Вунь, проста праз бавоўнiк. Джоўд павярнуў галаву ў той бок, куды паказваў пальцам Кейсi. - Ага, праўда нехта iдзе, - сказаў ён. - Такi пыл падняў, што i не разгледзiш. Каго гэта чорт нясе? - Яны сачылi за постаццю, што наблiжалася да iх у вячэрнiм святле, i пыл, якi ўзнiмаўся з-пад яе ног, заходняе сонца афарбавала ў чырвань. - Мужчына, - сказаў Джоўд. Чалавек падыходзiў усё блiжэй, i, калi ён параўняўся са свiрнам, Джоўд сказаў: - Гэ, я яго ведаю. I ты яго ведаеш - гэта М'юлi Грэйуз. - I гукнуў: - Гэй, М'юлi! Здарова! Чалавек раптам спынiўся - спалохаўся воклiку, а потым пайшоў шпарчэй. Ён быў худы, нiзкаваты ростам. Рухi яго былi рэзкiя i хуткiя. У руцэ ён трымаў джутавы мех. Сiнiя джынсы на каленях i ззаду злiнялi, стары чорны пiнжак ад былога гарнiтура быў увесь у плямах, рукавы на плячах выдралiся з проймаў, на локцях працерлiся да дзiрак. Чорны капялюш быў такi ж брудны, як i пiнжак, i стужка трымалася толькi адным канцом - другi матляўся пры кожным кроку. Твар у М'юлi быў гладкi, без маршчын, але насуплены, як у капрызнага дзiцяцi, губы сцялiся ў вузкую шчылiнку, у маленькiх вочках цi то гнеў, цi то горыч. - Ты памятаеш М'юлi? - запытаўся Джоўд у прапаведнiка. - Вы хто такiя? - крыкнуў iм на хаду М'юлi Грэйуз. Джоўд не адказаў. М'юлi падышоў блiжэй, яшчэ блiжэй i нарэшце разгледзеў твар тых, хто сядзеў на ганку. - Тфу ты, чорт! - выгукнуў ён. - Гэта ж Томi Джоўд! Калi цябе выпусцiлi, Томi? - Два днi назад, - адказаў Джоўд. - Дабiраўся дамоў на спадарожных машынах. I глянь, што я ўбачыў. Дзе ўсе мае, М'юлi? Чаму дом развернуты, а двор бавоўнай засеяны? - Дзякуй богу, што я мiма iшоў, - сказаў М'юлi. - Стары Том вельмi непакоiўся за цябе. Калi твае сабралiся выязджаць, я тут у вас на кухнi сядзеў. Сказаў Тому, што адсюль нiкуды не пайду, так i сказаў, далiбог, праўда, а Том мне кажа: "Баюся я дужа за Томi. Раптам ён вернецца, а нас нiкога няма. Што ён падумае?" Я кажу: "Можа б, ты яму пiсьмо напiсаў?" А Том мне: "Можа, i напiшу. Падумаю. А калi не, дык ты ўжо на ўсялякi выпадак паглядай, калi застанешся: Томi, можа, вернецца". "Я застануся тут, кажу, аж пакуль усе чэрцi ў пекле не перамерзнуць. Яшчэ не нарадзiўся той чалавек, якi згонiць М'юлi Грэйуза з гэтай зямлi". I так i не сагналi пакуль што. Джоўд нецярплiва перабiў яго: - Дзе ж мае ўсе? Як ты тут ваяваў, потым раскажаш. Куды мае падзелiся? - Калi банк пачаў усё заворваць трактарамi, яны таксама вырашылi не здавацца. Дзед твой выйшаў са стрэльбай, пачаў страляць i пацэлiў у фару, а трактар усё роўна iдзе. Хлопца, што сядзеў за штурвалам, стары забiваць i не думаў, а гэта быў Уiлi Фiлi, i Ўiлi ведаў, што баяцца яму няма чаго - папёр проста на дом i як дзеўбане яго, як трасяне, ну як сабака пацука. Тут старога Тома ўсяго i перакруцiла. Нешта з iм сталася. З таго часу сам не свой зрабiўся. - Дзе ж яны цяпер? - Дык я ж расказваю. Тры разы ганялi фургон дзядзькi твайго Джона. Плiту вывезлi, помпу i ўсе ложкi. Ты толькi паглядзеў бы, як ложкi везлi, - разам з малымi, бабка з дзедам прымасцiлiся ў галавах, а брат твой Ной сядзiць сабе, пакурвае цыгарэтку i сплёўвае цераз борт, быццам гэта яго не тычыцца. - Джоўд адкрыў рот, каб нешта сказаць, але М'юлi апярэдзiў яго: - Яны ўсе ў дзядзькi Джона. - А-а!.. у Джона! А што яны там робяць? Пачакай жа хвiлiнку, М'юлi, не лапачы, спачатку адкажы мне, а потым гавары сабе што хочаш. Што ж яны там робяць? - Бавоўну акучваюць - усе, нават малыя i дзед твой. Грошы збiраюць, машыну хочуць купiць i на Захад ехаць - там лягчэй жывецца. Тут зусiм кепска. За акучванне пяцьдзесят цэнтаў з акра, ды яшчэ i такую работу трэба вымольваць. - Яны яшчэ не паехалi? - Не, - адказаў М'юлi. - Думаю, не. Апошнi раз чуў пра iх днi чатыры назад: Ноя сустрэў - ён паляваў на трусоў, сказаў, што яны збiраюцца ехаць тыднi праз два. Джона таксама папярэдзiлi, каб выязджаў. Ты да Джона iдзi усяго восем мiль. Усе яны там - набiлiся ў хату, як на зiму суслiкi ў нару. - Ну добра, - сказаў Джоўд. - Цяпер садзiся на свайго канька i давай. Ты нi кропелькi не перамянiўся, М'юлi. Пачнеш расказваць пра адно, а цябе цягне на другое - тыцкаешся то туды, то сюды. М'юлi агрызнуўся: - I ты ж не перамянiўся. Малым як быў развязны нахаба, такi i застаўся. Цi не вучыць мяне, як жыць, сабраўся? - Не, анi. Калi табе закарцiць усунуцца галавой у кучу бiтага шкла, нiхто ўжо цябе не адгаворыць - усё роўна палезеш. А прапаведнiка нашага ты пазнаеш, М'юлi? Гэта ж яго прападобнасць Кейсi. - А як жа, вядома, пазнаю. Я на яго адразу проста не паглядзеў. Добра яго памятаю. Кейсi падняўся з ганка, i яны пацiснулi адзiн аднаму рукi. - Рады бачыць цябе, - сказаў М'юлi. - Чорт ведае колькi часу ты ў нашых краях не паказваўся. - Я пайшоў адсюль, каб разабрацца ў некаторых сумненнях, - адказаў Кейсi. - А што тут такое нарабiлася? Чаму людзей з зямлi зганяюць? У М'юлi так моцна сцялiся губы, што верхняя, як дзюбка папугая, навiсла над нiжняй. Бровы насупiлiся. - Мярзотнiкi! Сукiны дзецi! - сказаў ён. - Будзьце пэўныя, я з месца не скрануся. Ад мяне яны так проста не збавяцца. Як прагоняць, я зноў вярнуся, а калi яны думаюць уцiхамiрыць мяне, загнаўшы на той свет, дык добра, я прыхаплю з сабой дваiх-траiх гэтай сволачы за кампанiю. - Ён паляпаў рукой па выпнутай кiшэнi пiнжака. - Нiкуды адсюль я не пайду. Бацька мой прыйшоў сюды пяцьдзесят гадоў таму назад. I я адсюль нiкуды не пайду. Джоўд запытаўся: - А навошта спатрэбiлася iм зганяць людзей з зямлi? - О, яны тут шмат чаго нагаварылi! Ты ж памятаеш, як было апошнiя гады. Пыл узнiмаўся такi, што ўсё скрозь засыпаў i паганiў, i ўраджаю не хапала нават на тое, каб заткнуць зад аслу. Усе ў даўгi залезлi да бакалейшчыка. А ты ведаеш, што гэта такое. Тады тыя, каму належыць зямля, пачалi гаварыць: "Арандатары нам больш не па кiшэнi. Тая доля, якая iдзе iм, - гэта той мiнiмальны прыбытак, якi мы не можам дазволiць сабе страцiць". I яшчэ: "Калi мы збяром усю нашу зямлю ў адно, дык i тады яна ледзь-ледзь акупiцца". I трактарамi ўсiх здольнiкаў з фермаў сагналi, усiх, акрамя мяне, i, далiбог, праўда, я адсюль не пайду. Ты мяне ведаеш, Томi. Колькi жывеш, мяне ведаеш. - Чыстая праўда, - сказаў Джоўд, - колькi жыву. - Дык вось, разумееш, я не дурань. Канешне, зямля тут не вельмi добрая. I нiколi добрай не была, на ёй толькi скацiну пасвiць. Цалiну тут дарма разворвалi. А пад бавоўнай яна амаль зусiм як мёртвая стала. Калi б мяне нiхто адсюль не гнаў, я, можа, даўно ўжо з'ехаў бы ў Калiфорнiю - вiнаград там еў бы i апельсiнчыкамi, як захочацца, ласаваўся. Але калi сукiны гэтыя сыны загадваюць мне выбiрацца... дык Хрыстом-богам клянуся, не падпарадкуюся я такому загаду! - Правiльна, - сказаў Джоўд. - Проста розуму не дабяру, чаму гэта бацька так лёгка скарыўся. I дзiўна, што дзед нiкога не падстрэлiў. Ён нiкому не дазваляў над сабой верхаводзiць. I мацi не цярпела нiякiх указчыкаў. Я раз бачыў, як яна вандроўнага гандляра рондалямi жывой курыцай бiла за тое, што ён ёй слова насуперак сказаў. У адной руцэ курыца, у другой сякера - збiралася галаву ёй адсекчы. Пайшла на чалавека з сякерай, але забылася, што ў якой руцэ, i давай яго курыцай лупiць. Курыца гэтая нам так у талерку i не трапiла. Нiчога ад яе не засталося - адны ногi ў руцэ. Дзед ледзьве са смеху не лопнуў. Дык чаму ж гэта мае так адразу з месца знялiся? - Ды вось прыехаў да нас сюды адзiн малойчык i пачаў угаворваць i мазгi нам круцiць. "Вам, кажа, трэба ехаць адсюль. Толькi я тут не вiнаваты". - "Дык хто ж, пытаюся, вiнаваты? Скажыце хто, i я ведаю, што з iм зраблю". - "Гэта ўсё Зямельна-жывёлагадоўчая кампанiя Шоўнi. А я ўсяго толькi загад выконваю". - "А хто ён такi, гэты Шоўнi?" - "Чалавека такога няма. Гэта кампанiя". Проста да шаленства давёў. Выходзiць, i скардзiцца няма на каго. Шмат хто страцiў надзею знайсцi каго-небудзь, на кiм можна было б гнеў свой спагнаць, а я стаю на сваiм. У мяне ўся кроў кiпiць. Я нiкуды адсюль не пайду. Вялiзная чырвоная кропля сонца памарудзiла над гарызонтам, потым упала ўнiз i знiкла, неба над тым месцам заззяла, i рванае воблачка акрываўленай анучкай павiсла на небакраi. Усходнюю частку неба зацягнула празрыстай iмглой, i на зямлю з усходу папоўз змрок. Скрозь сутонне трымцела, паблiскваючы, першая вячэрняя зорка. Шэрая кошка пракралася да свiрна i ценем шмыгнула ў адчыненыя дзверы. Джоўд сказаў: - Ну, восем мiль да дзядзькi Джона мы сёння ўжо не асiлiм. Капыты мае агнём гараць. Можа, пойдзем да цябе, М'юлi? Гэта ж усяго каля мiлi. - Нiякага толку. - Выгляд у Грэйуза зрабiўся збянтэжаны. - Мае ўсе ў Калiфорнiю паехалi - i жонка, i дзецi, i швагер. Не было чаго есцi. Яны не так азлобiлiся, як я, сабралiся i паехалi. Нiдзе тут няма нiякай ежы. Прапаведнiк нервова заёрзаў на месцы. - Табе таксама трэба было ехаць, М'юлi, - сказаў ён. - Сям'ю нельга разбiваць. - Не мог я. Ну вось быццам нешта ўчапiлася ў мяне i не пускае. - Божа, як я прагаладаўся, - сказаў Джоўд. - Цэлыя чатыры гады еў па гадзiнах - хвiлiна ў хвiлiну. А цяпер кiшкi марш iграюць. Ты што будзеш есцi, М'юлi? Як ты цяпер кормiшся? М'юлi сарамлiва адказаў: - Спачатку еў жаб, вавёрак, зрэдку сабачак лугавых. А што было рабiць? Але цяпер я стаўлю драцяныя сiлкi на праторынах у сухiм хмызе каля ручая. Зайцы трапляюць, а то i цяцерка пападзецца. Здараецца - скунсы, яноты. - Ён нахiлiўся, падняў свой мяшок i вывалiў з яго ўсё на ганак. Два трусы i заяц глуха шмякнулiся на дошкi мяккiмi пушыстымi камячкамi. - Божа мiлы! - усклiкнуў Джоўд. - Я ўжо больш за чатыры гады ў рот не браў свежай дзiчыны. Кейсi падняў аднаго труса i спытаўся, трымаючы яго ў руцэ: - Падзелiшся з намi, М'юлi Грэйуз? М'юлi неяк няёмка пакруцiўся. - Выбiраць не даводзiцца, - сказаў ён i змоўк, збянтэжаны недалiкатнасцю сваiх слоў. - Не тое хацеў я сказаць. Не тое. Я меў на ўвазе... - ён запнуўся, - я вось што меў на ўвазе: калi ў аднаго чалавека ёсць харч, а другi стаiць побач галодны... дык тут выбiраць не даводзiцца. Ну дапусцiм, я забяру сваiх трусоў, адыду ўбачок i сам iх праглыну, адзiн... Разумееш? - Разумею, - адказаў Кейсi. - Яшчэ як разумею. Бачыш, Том, М'юлi да нечага дадумаўся. За нешта такое ўхапiўся, толькi яно задужа цяжкое яго разуменню, i майму таксама. Том радасна пацёр рукi: - У каго ножык ёсць? Зараз мы возьмемся за гэтых небарак грызуноў. Ужо ж мы iх разбяром! М'юлi ўсунуў руку ў кiшэню штаноў i выняў вялiкi складаны нож з рагавымi тронкамi. Том Джоўд узяў яго, адсланiў адно лязо i панюхаў. Потым некалькi разоў ткнуў лязом у зямлю, зноў паднёс да носа, выцер аб калашыну i паспрабаваў вастрыё вялiкiм пальцам. З задняй кiшэнi штаноў М'юлi дастаў вялiкую пляшку з вадой i паставiў на ганак. - На ваду не вельмi налягайце, - сказаў ён. - Гэта ўсё, што ёсць, а калодзеж тут завалiлi. Том узяў труса. - Схадзiце хто ў свiран, пашукайце там дроту пакавальнага. Агонь распалiм з паламаных дошак абшыўкi. - Ён агледзеў труса. - Труса разабраць няма лягчэй. - Ён адцягнуў шкурку на спiнцы, крыху падрэзаў яе, усунуў у дзiрку пальцы i рвануў. Скура знялася, як панчоха, - саслiзнула з цельца да самай шыi, да лапак. Тады паклаў шкурку на зямлю, успароў трусу жывот; вывалiў на шкурку вантробы i кiнуў усё ў бавоўнiк. На ганку ляжала амаль гатовае да смажання маленькае цельца з аголенымi мышцамi. Джоўд адсек усе чатыры нагi i разрэзаў удоўж мясiстую спiнку. Калi ён ужо ўзяўся за другога труса, да ганка падышоў Кейсi са зблытаным скруткам дроту. - Цяпер раскладзiце агонь i ўваткнiце ў зямлю калю, - сказаў Джоўд. - Божа, якi ў мяне апетыт разыграўся на гэтых звяркоў! - Ён выпатрашыў другога труса i зайца, парэзаў iх i нанiзаў кавалкi мяса на дрот. М'юлi з Кейсi адарвалi ад развернутага вугла некалькi дошак, распалiлi вогнiшча i з двух яго бакоў усадзiлi ў зямлю па калку для дроту. М'юлi падышоў да Джоўда. - Глянь, цi няма на зайцы гнайнiкоў, - сказаў ён. - Не люблю есцi зайцоў са скуламi. - Ён выняў з кiшэнi маленькi мяшэчак i паклаў на ганак. Джоўд сказаў: - Заяц чысценькi, як яблычак. Ох, М'юлi, ты i соллю запасся! У цябе ў кiшэнi, можа, i талеркi выпадкам знойдуцца i палатка? - Ён адсыпаў сабе на далонь солi i пасалiў кавалкi мяса, насаджаныя на дрот. Затрапяталiся высокiя языкi полымя, адкiдваючы ценi на сцены дома, сухое дрэва патрэсквала i страляла. Неба ўжо амаль зусiм пачарнела, на iм выразна вылучалiся зоркi. Шэрая кошка выйшла са свiрна i, мяўкаючы, пабегла да агню, але каля самага вогнiшча скiравала ў кусты бавоўнiку, да кучкi вантробаў. Яна кусала i прагна глытала, i з яе рота звiсалi доўгiя кiшкi. Кейсi сеў каля вогнiшча, кiдаў у агонь трэскi i падсоўваў у яго доўгiя дошкi, калi яны абгаралi на канцах. Кажаны гойсалi ўзад i ўперад у слупе святла над вогнiшчам. Кошка, нiзка прыпаўшы да зямлi, выйшла з кустоў, села i пачала аблiзвацца, мыць пыску, чысцiць вусы. Джоўд узяў аберуч дрот з нанiзанымi на яго кавалкамi мяса i падышоў да вогнiшча. - Ану, М'юлi, бярыся за адзiн канец. Накруцi вунь на гэты калок. Ага, вось так, добра. Цяпер давай тужэй нацягнем. Лепш было б пачакаць, пакуль касцёр не выгарыць, але ў мяне нiякага ўжо цярпення. - Ён напяў дрот, падняў з зямлi палачку i перасунуў кавалкi мяса так, каб яны апынулiся над самым агнём. Агонь пачаў лiзаць мяса, яно зацвярдзела i пакрылася глянцавiтай скарынкай. Джоўд сеў на зямлю i стаў палачкай паварочваць мяса, каб яно не прыпяклося да дроту. - Зараз пабалюем! - сказаў ён. - У М'юлi ўсё ёсць - i соль, i вада, i трусяцiна. Вось каб яшчэ i гаршчэчак мамалыгi знайшоўся ў яго ў кiшэнi! Гэта верх майго жадання. М'юлi сказаў цераз вогнiшча: - Вы, хлопцы, пэўна, думаеце, што я ненармальны i што гэтак жыць нельга. - Яшчэ чаго - ненармальны! - сказаў Джоўд. - Калi ты ненармальны, дык хай бы ўсе былi такiя. М'юлi гаварыў далей: - Вось што дзiўна, панове. Калi мне загадалi з месца знiмацца, са мной сам не ведаю што такое зрабiлася. Спачатку вырашыў: пайду i пераб'ю ўсiх без разбору. Потым мае ўсе паехалi на Захад. Пачаў я бадзяцца па наваколлi. Усё недзе тут. Далёка не адыходзiў. Спаў дзе папала. Сёння надумаў у вас заначаваць. З гэтым i прыйшоў сюды. Бадзяюся з месца на месца, а сам сабе кажу: "Трэба i наглядаць за чужым дабром, каб усё было ў парадку, калi людзi вернуцца". Але я ведаў, што гэта няпраўда. Няма за чым тут наглядаць. I нiхто сюды ўжо не вернецца. А я блукаю тут, як здань на могiлках. - Чалавек прывыкае да месца, яму з iм цяжка расстацца, - сказаў Кейсi. - I да думак сваiх таксама прывыкаеш, нiяк ад iх не пазбавiшся. Я ўжо больш не прапаведнiк, але бясконца лаўлю сябе раптам на тым, што, сам таго не ведаючы, малiтвы кажу. Джоўд перавярнуў кавалкi мяса на дроце. З iх ужо капаў сок, i ў тым месцы, куды падалi кроплi, успыхваў язычок полымя. Гладкая паверхня мяса пачала маршчынiцца i рабiцца бледна-карычняватай. - Панюхайце, - сказаў Джоўд. - Вы толькi гляньце i панюхайце! М'юлi не замаўкаў: - Як здань на могiлках. Абышоў усе памятныя мне месцы. Вось ёсць за нашым надзелам кустоўе ў лагчынцы. Я там першы раз з дзяўчынай лёг. Было мне тады чатырнаццаць, i я тупаў, тузаўся i соп, як рагач, i быў настырны, як казёл. Прыйшоў я туды, лёг на зямлю, i быццам зноў са мной усё гэта адбылося. А яшчэ ёсць месца каля павецi, дзе бацьку бык насмерць забадаў. Там яго кроў на зямлi, i цяпер яна там засталася. Нiхто нiколi не змываў. I я паклаў руку на зямлю, што насыцiлася крывёю майго таты. - Ён памаўчаў. - Вы думаеце, я ненармальны? Джоўд паварочваў мяса, позiрк у яго быў задумлiвы. Кейсi падцягнуў каленi да падбародка i ўтаропiўся на агонь. Крокаў за пятнаццаць ад людзей сядзела сытая ўжо кошка, акуратна абвiўшы хвастом пярэднiя лапкi. Вялiкая сава з крыкам праляцела над вогнiшчам, i агонь асвятлiў знiзу яе белае пер'е i распасцёртыя крылы. - Не, - сказаў Кейсi. - Проста ты нудзiшся ад адзiноты, але ты нармальны. Маленькi, туга абцягнуты скурай твар М'юлi быццам скамянеў. - Я паклаў руку на тое самае месца на зямлi, дзе яшчэ i цяпер яго кроў. Убачыў бацьку з дзiркай у грудзях i адчуў, як ён дрыжыць, прыцiснуўшыся да мяне. Потым ён павалiўся на спiну i выцягнуў рукi i ногi. Вочы памутнелi ад болю, пасля ён зацiх, вочы зноў сталi ясныя... i ў неба глядзяць. Я быў яшчэ зусiм малы, сяджу, не плачу, не крычу, проста сяджу i маўчу. - М'юлi таргануў галавой. Джоўд усё важдаўся з мясам на дроце. - А яшчэ я зайшоў у пакой, дзе нарадзiўся наш Джо. Ложка няма, але пакой як быў, такi i застаўся. Усё, што было, не знiкла - засталося там, дзе адбылося. Там з'явiўся на свет Джо. Шырока раскрыў рот, уцягнуў паветра i як закрычыць - за мiлю чуваць было, а бабка стаiць побач i ўсё прыгаворвае: "Красачка ты мая, ах ты мая красачка!" Паўтарае i паўтарае. I так заганарылася ўнукам сваiм, што за адзiн вечар тры кубкi разбiла. Джоўд адкашляўся. - Думаю, можна ўжо есцi. - Няхай прасмажыцца як след, дай яму падрумянiцца амаль да чарнаты, сярдзiта сказаў М'юлi. - Мне пагаварыць ахвота. Даўно ўжо я нi з кiм не гаварыў. Ненармальны... ну i хай ненармальны - i канец. Як здань на могiлках, блукаю начамi ад аднаго суседскага дома да другога. Да Пiтэрсаў, да Джэйкабсаў, да Рэнсаў, да Джоўдаў... Дамы стаяць цёмныя, як пацуковыя норы, а быў час - госцi з'язджалiся, скакалi. Маленнi, воклiчы на славу гасподню. Былi вяселлi - i ўсё тут, у гэтых дамах. I ўзяло мяне жаданне пайсцi ў горад i забiць каго трэба. Прагналi людзей трактарамi, а што iм дасць гэтая зямля? Што яны возьмуць з яе, каб забяспечыць сабе "мiнiмальны прыбытак"? Яны возьмуць майго бацьку, што загiнуў на гэтай зямлi, нашага Джо, якi з крыкам зрабiў свой першы ўдых, мяне, якi торгаўся ноччу, як казёл, пад кустом. Што яшчэ яны возьмуць? Зямля спустошаная, бог сведка. У нас тут ужо колькi гадоў ва ўсiх быў недарод. А гэтыя сволачы за пiсьмовымi сталамi - яны рассеклi людзей на дзве паловы дзеля сваiх "мiнiмальных прыбыткаў". Проста рассеклi папалам. Людзi i зямля, на якой яны жывуць, - адно цэлае. А калi яны блукаюць бяздомныя па дарогах у набiтай хатнiм скарбам машыне, дык яны ўжо толькi напалову людзi. Яны мерцвякi. Iх забiлi гэтыя сукiны дзецi. - М'юлi змоўк, але яго тонкiя губы яшчэ варушылiся, грудзi цяжка ўздымалiся. Ён сядзеў, уставiўшыся на свае асветленыя вогнiшчам рукi. - Я... я даўно ўжо нi з кiм не гаварыў, - сказаў ён цiха выбачлiвым тонам. - Усё шастаю па наваколлi, як здань на могiлках. Кейсi падсунуў доўгiя дошкi ў вогнiшча, i агонь лiзнуў iх i зноў шугануў угору, да падвешанага на дроце мяса. Сцены дома звонка патрэсквалi, астываючы ў начным паветры. Кейсi спакойна сказаў: - Трэба пабачыць людзей, што пусцiлiся ў дарогу. Адчуваю, мне абавязкова трэба iх пабачыць. Iм патрэбна дапамога - не пропаведзi, а дапамога. Спадзявацца на царства нябеснае, калi яны яшчэ i на зямлi не пажылi? Якi ўжо тут святы дух, калi ўласны iх дух зрынуты ў смутак i скруху? Iм патрэбна дапамога. Яны павiнны жыць, бо памiраць iм яшчэ рана. Джоўд нервова крыкнуў: - Госпадзi, давайце ўжо есцi, а то мяса зробiцца меншае за вараную мыш! Вы толькi гляньце. Панюхайце, якi пах! - Ён ускочыў на ногi i перасунуў падсмажанае мяса далей ад агню. Тады ўзяў нож, якi даў яму М'юлi, падрэзаў адзiн кавалак i зняў з дроту. - Гэта прапаведнiку, - сказаў ён. - Казаў жа табе, што я ўжо больш не прапаведнiк. - Ну добра, не прапаведнiку, дык чалавеку. - Джоўд адрэзаў яшчэ адзiн кавалак. - А гэта табе, М'юлi, калi яшчэ не расхацеў ад засмучэння есцi. Зайчацiна. Цвярдзейшае за буйвалiнае мяса. - Ён сеў i ўсадзiў свае доўгiя зубы ў мяса, адхапiў iмi вялiкi кавалак i пачаў жаваць. - Ого, як храбусцiць! - Ён з прагнасцю адкусiў яшчэ. М'юлi сядзеў, пазiраючы на сваю долю ежы. - Можа, мне не трэба было так гаварыць, - сказаў ён. - Такое лепш трымаць у галаве. Набiўшы поўны рот мясам, Кейсi глянуў на яго цераз вогнiшча. Прапаведнiк жаваў i глытаў, i ў яго на шыi пад скурай энергiчна працавалi мускулы. - Не, гаварыць трэба, - сказаў ён. - Часам апанаваны горам чалавек вылiвае ўвесь свой боль у словах. Часам чалавек, якi рашыўся на забойства, вылiвае сваю злосць словамi, i тым усё i канчаецца. Ты правiльна зрабiў, М'юлi. Нiкога не забiвай, перасiль сябе, калi можаш. - Кейсi зноў адкусiў мяса. Джоўд кiнуў косткi ў агонь, ускочыў i зрэзаў з дроту яшчэ адзiн кавалак. М'юлi жаваў паволi, i яго маленькiя неспакойныя вочкi прабягалi з аднаго свайго сутрапезнiка на другога. Джоўд еў з прагнасцю звера, вакол яго рота паблiскваў тлушч. М'юлi доўга глядзеў на яго ледзь не з бояззю. Потым апусцiў руку, у якой трымаў мяса. - Томi, - сказаў ён. Джоўд падняў вочы, не перастаючы ўгрызацца ў мяса i жаваць. - Га? - сказаў ён з поўным ротам. - Томi, ты не злуеш на мяне за тое, што я загаварыў пра забойства? Ты не пакрыўдзiўся, Том? - Не, - адказаў Том, - не пакрыўдзiўся. Што было, тое было. - Мы ўсе ведалi, што ты невiнаваты, - сказаў М'юлi. - Стары Тэрнбул гразiўся адпомсцiць табе пасля турмы. Ён, кажа, забiў майго сына, i я яму не спушчу. Але суседзi адгаварылi яго, абразумiлi. - Мы п'яныя былi, - цiха сказаў Джоўд. - Падпiлi на танцульках. Сам не ведаю, з чаго ўсё пачалося. Раптам пачуў, што мяне нажом пырнулi, i працверазеў. Бачу, Херб зноў замахваецца на мяне нажом. А тут ля сцяны школы рыдлёўка стаяла, i я схапiў яе i ўдарыў Херба па галаве. Я нiколi не меў нiчога супраць яго. Хлопец быў добры. Яшчэ малым увiваўся вакол сястры маёй Разашарны. Не, мне Херб нават падабаўся. - Ну, ягонаму бацьку ўсе так i казалi i нарэшце ўцiхамiрылi. Ад некага чуў, быццам у яго роднасць з Хэтфардам па мацi, вось ён i фанабэрыцца. Не ведаю, праўда гэта цi не. Яны ўсёй сям'ёй паехалi ў Калiфорнiю яшчэ паўгода таму. Джоўд зняў з дроту апошнiя кавалкi мяса i раздаў iх сваiм субяседнiкам. Тады зноў сеў каля вогнiшча i еў ужо не так паспешлiва, як раней, разжоўваў мяса старанна i выцiраў рукавом тлушч з губ. А яго цёмныя прыплюшчаныя вочы задумлiва глядзелi на ачахлы агонь. - Усе падалiся на Захад, - сказаў ён. - А я падпiску даў нiкуды адсюль не адлучацца. Мне ў iншы штат нельга. - Падпiску? - запытаўся М'юлi. - Я нешта чуў пра iх, пра гэтыя падпiскi. А што гэта азначае? - Ну, я выйшаў датэрмiнова - на тры гады раней. I падпiсаў умовы, якiя я павiнен выконваць, а калi парушу iх, мяне зноў засадзяць. Час ад часу трэба наведвацца ў палiцыю. - Як там з вамi абыходзяцца, у Макалестары? У маёй жонкi стрыечны брат пабыў у гэтай турме, дык яму там не соладка давялося. - Не так ужо там i блага, - адказаў Джоўд. - Не горш, як у iншых турмах. Буянiць будзеш, спуску не дадуць, гэта праўда. Але там жыць можна, калi толькi наглядчык не прыдзiраецца, бо тады ўжо справа дрэнь. Я жыў сабе нiчога. Не соваў носа, куды не трэба. Навучыўся здорава арудаваць пяром. Ну птушкi там розныя i ўсякае такое - не толькi словы пiсаць. Старэча мой зазлуе, калi ўбачыць, як я птушку адным росчыркам пяра малюю, а то i зусiм ашалее. Не любiць ён такiх фокусаў. Калi проста пiшуць яму, i то не любiць. Баiцца, думаю. Бо кожны раз, як ён убачыць што-небудзь напiсанае, з яго хто-небудзь абавязкова нешта спаганяе. - I не бiлi цябе цi што-небудзь такое? - Не, я нiкуды не лез. Вядома, калi цягнеш такую лямку з дня ў дзень цэлыя чатыры гады, дык гэта каго хочаш да ачмурэння давядзе. Калi ты натварыў такога, што i ўспамiнаць сорамна, ёсць пра што падумаць. Але, чорт вазьмi, калi б Херб Тэрнбул палез на мяне з нажом вось хоць бы цяпер, я зноў бы гваздануў яго рыдлёўкай. - Кожны на тваiм месцы зрабiў бы так, - сказаў М'юлi. Прапаведнiк утаропiў вочы на вогнiшча, i ў змроку, якi рабiўся ўсё гусцейшы, яго лоб здаваўся зусiм белым. Блiкi ад маленькiх язычкоў полымя iгралi на яго жылiстай шыi. Ён сядзеў, абняўшы каленi, i патрэскваў суставамi пальцаў. Джоўд кiнуў у агонь апошнiя аб'едзеныя косткi, аблiзаў пальцы i выцер iх аб штаны. Тады падняўся, прынёс з ганка бутэльку з вадой, ашчадлiва адпiў i, перш чым сесцi зноў, перадаў бутэльку па крузе. - Мяне вось што больш за ўсё непакоiць, - зноў загаварыў ён, - тое, што ва ўсiм гэтым няма нiякага сэнсу. Калi карову маланка заб'е альбо палi залье разлiвам - тут асаблiвага сэнсу шукаць нiхто не будзе. Такое бывае, што зробiш? Але калi цябе бяруць i садзяць на замок на чатыры гады, тут ужо павiнна быць нейкая рацыя. Людзям належыць да ўсяго сваiм розумам даходзiць. Вось запраторылi мяне за краты, трымалi там, кармiлi цэлыя чатыры гады. А з якой мэтай? Нiбыта каб паставiць на правiльны шлях i адвучыць закон пераступаць цi застрашыць карай i адбiць ахвоту другi раз рабiць такое... Джоўд памаўчаў. - Але ўсё роўна я тое самае зраблю, калi Херб цi хто iншы палезе на мяне з нажом. Не паспею нават апамятацца. Асаблiва на падпiтку. Вось гэтая бязглуздзiца i трывожыць душу. М'юлi зазначыў: - Суддзя казаў: табе вынеслi такi мяккi прысуд таму, што не ты адзiн быў ва ўсiм вiнаваты. Джоўд гаварыў: - У Макалестары сядзеў адзiн пажыццёвiк. Усё чытаў i вучыўся. Сакратаром пры начальнiку хадзiў - перапiску за яго вёў i ўсё такое. Надта разумны, у законах разбiраўся i яшчэ ў сiм-тым. Аднаго разу я з iм загаварыў пра тое, аб чым думаў, ён шмат з кнiг навучыўся. I ён сказаў мне: кнiжкi тут не памогуць. Я, кажа, пра турмы ўсё перачытаў - i пра сённяшнiя, i пра даўнейшыя, i цяпер яшчэ менш разумею, чым калi толькi браўся чытаць. Тут, кажа, такая неразбярыха, сам чорт нагу зломiць, i нiхто рады даць не можа, а каб што-небудзь перамянiць, дык на гэта нi ў кога мазгоў не хапае. Толькi, крый божа, не ўздумай, кажа, за кнiжкi засесцi. Па-першае, заблытаешся яшчэ больш, а па-другое, страцiш павагу да тых, хто пры ўладзе сядзiць. - Я i так iх нi ў грош не стаўлю, - сказаў М'юлi. - Над намi тут адна толькi ўлада - "надзейны мiнiмальны прыбытак", ён i правiць намi. Але вось чаго i нiяк не магу ў розум узяць: як гэта Ўiлi Фiлi згадзiўся сесцi на трактар, ды яшчэ надумаў хадзiць за начальнiка тут, на той самай зямлi, з якой сагналi яго сям'ю. Вось што грызе мне нутро. Калi б каго чужога прыслалi, тады, што ж, тады справа iншая, а то Ўiлi ж тутэйшы. I так мяне разабрала, што я пайшоў i спытаўся ў яго ў самога. Ён проста ашалеў. У мяне, кажа, двое малых. У мяне, кажа, жонка i цешча. Iм есцi трэба. Загарэўся, як чорт. Я, кажа, перш-наперш пра iх думаю. А iншыя няхай самi пра сябе паклапоцяцца. Яго, вiдаць, сорам узяў, вось ён i кiпеў ад злосцi. Джым Кейсi ўсё сядзеў, утаропiўшыся на апошнiя язычкi полымя ў вогнiшчы, вочы яго былi шырока расплюшчаныя, мускулы на шыi выпнулiся. Раптам ён усклiкнуў:
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|