Гронкi гневу (на белорусском языке)
ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение
(стр. 33)
Автор:
|
Стейнбек Джон |
Жанр:
|
|
-
Читать книгу полностью
(1002 Кб)
- Скачать в формате fb2
(402 Кб)
- Скачать в формате doc
(417 Кб)
- Скачать в формате txt
(398 Кб)
- Скачать в формате html
(403 Кб)
- Страницы:
1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|
|
- Ну, Джон, што скажаш? Калi рэчка выйдзе з берагоў, каб хоць нас не затапiла. Дзядзька Джон раскрыў рот i пацёр далонямi шчацiнiсты падбародак. - Эге... - сказаў ён. - Усё можа быць. Ружа Сарона ляжала моцна прастуджаная, шчокi ў яе гарэлi, у вачах стаяў лiхаманкавы бляск. Мацi падсела да яе з кубкам гарачага малака ў руцэ. - Вось выпi, - сказала яна. - Я свiнога сала туды падлiла, сiлы падмацоўвае. Ну, пi ж! Ружа Сарона квола пакруцiла галавой: - Не хочацца. Бацька правёў пальцам крывую лiнiю ў паветры. - Выйсцi б нам усiм сюды з рыдлёўкамi i насыпаць плацiну. Ручаюся, усю ваду затрымалi б. Толькi трэба вунь адтуль i дагэтуль. - Ага, - пагадзiўся дзядзька Джон. - Можна было б. Але не ведаю, цi пойдзе хто. Хутчэй захочуць выбiрацца адсюль. - Але ж тут у вагонах суха, - стаяў на сваiм бацька. - Сушэйшае месца наўрад цi дзе знойдзем. Пачакай. - Ён выцягнуў з кучы ламачча пруток, збег па сходках унiз, заплюхаў па гразi да берага рэчкi i ўваткнуў пруток у зямлю каля самага краю бурлiвай вады. Паспешлiва вярнуўся ў вагон, сказаў: - Во каб яго, наскрозь прамок. Абодва сачылi за тонкай галiнкай, якая тырчала каля самай вады. Яны бачылi, як вада паволi акружала яе i папаўзла яшчэ вышэй па беразе. Бацька сеў на кукiшкi ў дзвярах. - Хутка прыбывае, - сказаў ён. - Па-мойму, трэба пагаварыць. Можа, згодзяцца вал насыпаць. А не, дык давядзецца ехаць. - Бацька кiнуў позiрк на другi канец вагона, дзе мясцiлiся Ўэйнрайты. Эл быў у iх - сядзеў побач з Эгi. Бацька пайшоў на тую палову. - Вада падымаецца, - сказаў ён. - А што, калi насыпаць плацiну? Толькi трэба, каб усе ўзялiся. Уэйнрайт сказаў: - А мы тут якраз раiмся. Бадай што, лепш выбiрацца адсюль. Бацька не здаваўся: - Вы тут шмат дзе пабылi. Самi ведаеце, якi ёсць шанц знайсцi сухое месца для жылля. - Яно так. А ўсё ж такi... Загаварыў Эл: - Калi яны паедуць, я з iмi, та. Бацька атарапеў. - Табе нельга, Эл. А грузавiк?.. Нiхто з нас не ўмее яго вадзiць. - А мне што? Мы з Эгi павiнны быць разам. - Не, пачакай. Вось хадзiце сюды, - сказаў бацька. Уэйнрайт з Элам паднялiся з матраца, i ўсе трое падышлi да дзвярэй. - Бачыце? - Бацька паказаў рукой: - Мы зробiм насып ад таго вунь месца i дасюль. - Ён глянуў на сваю вешку. Вада бурлiла вакол яе, падкрадаючыся да краю берага. - Тут працы шмат, а вада, можа, усё роўна перальецца, - не згаджаўся Ўэйнрайт. - Чаму ж не папрацаваць, усё роўна сядзiм склаўшы рукi. А такога добрага прыстанiшча больш нiдзе цяпер не знойдзем. Пайшлi. Пагаворым з суседзямi. Калi ўсе возьмемся, справiмся. Эл сказаў: - Калi Эгi паедзе, я з ёю. - Паслухай, Эл, - сказаў бацька. - Калi нiхто не згодзiцца, усiм давядзецца ехаць. Ну, пайшлi пагаворым. - Яны ўцягнулi галовы ў плечы i хуценька спусцiлiся па сходках, падышлi да суседняга вагона i паднялiся да адчыненых дзвярэй. Мацi сядзела каля печкi, падкладаючы сучча ў слабы агонь. Падышла Руцi, прыцiснулася да яе. - Хачу есцi, - заныла Руцi. - Ты не галодная, - сказала мацi. - Толькi што добра паела кашы. - Я хачу яшчэ такога печыва. Гуляць нi ў што нельга. Мне сумна. - Хутка будзе весела, - сказала мацi. - Пачакай крышку. Цяпер ужо зусiм хутка. У нас будзе домiк i ферма, ужо хутка. - Я хачу сабаку. - Будзе ў нас i сабака i кошка. - Рыжая? - Не прыставай, - узмалiлася мацi. - Перастань мяне мучыць, Руцi. Бачыш, Разашарна хворая. Пасядзi смiрна хоць хвiлiнку. Хутка зноў будзе весела. Руцi нездаволена адышла ад яе. З таго кута, дзе на матрацы ляжала ўхутаная ў коўдры Ружа Сарона, данёсся рэзкi крык, якi раптоўна абарваўся. Мацi ўскочыла i падышла да яе. Ружа Сарона стаiла дыханне, у вачах у яе стаяў жах. - Што з табой? - трывожна запыталася мацi. Ружа Сарона перадыхнула i зноў стрымала дыханне. Мацi раптоўна засунула руку пад коўдры i выпрасталася. Мiсiс Уэйнрайт! - крыкнула яна. - Даражэнькая мiсiс Уэйнрайт! Маленькая тоўстая жанчына пайшла па вагоне да iх. - Вы клiкалi? - Гляньце! - Мацi паказала на твар дачкi. Ружа Сарона прыкусiла нiжнюю губу, на лбе ў яе выступiлi кропелькi поту, вочы блiшчалi ад жаху. - Вiдаць, пачынаецца, - сказала мацi. - Раней часу. Ружа Сарона глыбока ўздыхнула i расслабiлася. Яна расцiснула зубы i заплюшчыла вочы. Мiсiс Уэйнрайт нахiлiлася над ёю. - Цябе ўсю схапiла - адразу? Глядзi на мяне, адказвай. - Ружа Сарона квола кiўнула галавой. Мiсiс Уэйнрайт павярнулася да мацi. - Так i ёсць, - сказала яна. - Пачалося. Раней часу, кажаце? - Можа, гэта ад гарачкi. - Ёй трэба ўстаць. Няхай трохi паходзiць. - Яна не зможа. У яе сiлы няма. - Але ж трэба, трэба. - Мiсiс Уэйнрайт паспакайнела, трымалася строга i дзелавiта. - Я не ў адной прыняла, - сказала яна. - Ну так, давайце прыкрыем дзверы. Каб не было скразняку. - Абедзве жанчыны налеглi на цяжкiя дзверы i засунулi iх, пакiнуўшы нешырокую шчылiну. - Зараз прынясу i нашу лямпу, сказала мiсiс Уэйнрайт. Твар у яе гарэў ад узбуджэння. - Эгi! - крыкнула яна. - Адвядзi адсюль малых, займiся iмi. Мацi згодна кiўнула галавой. - Правiльна. Руцi! Пайдзiце з Уiнфiлдам да Эгi. Ну, хуценька! - А чаму? - запыталiся дзецi. - Таму што так трэба. У Разашарны будзе дзiця. - Я хачу паглядзець, ма. Ну дазволь. - Руцi! Iдзi зараз жа. Хутчэй! - Калi гавораць такiм тонам, спрачацца не даводзiцца. Руцi i Ўiнфiлд нехаця паплялiся ў другi канец вагона. Мацi запалiла лiхтар. Мiсiс Уэйнрайт прынесла сваю лямпу-"маланку", паставiла яе на падлогу, i круглы язычок полымя ярка асвятлiў вагон. Руцi i Ўiнфiлд прытаiлiся за кучай сухога галля i асцярожна вызiралi адтуль. - У яе дзiця народзiцца, i мы ўсё ўбачым, - шапнула Руцi Ўiнфiлду. - Ты стой цiха, а то ма не дасць нам глядзець. Калi яна гляне ў наш бок, ты затаiся за суччам. Мы ўсё ўбачым. - Мала хто з дзяцей гэта бачыў, - сказаў Уiнфiлд. - З дзяцей нiхто не бачыў, - з гордасцю заявiла Руцi. - Толькi мы ўбачым. А каля ярка асветленага лямпай матраца мацi раiлася з мiсiс Уэйнрайт. Даводзiлася гаварыць голасна, бо па даху гулка барабанiў дождж. Мiсiс Уэйнрайт выняла з кiшэнi фартуха кухонны сякач i засунула яго пад матрац. - Можа, i дарэмна гэта, - прабачлiвым тонам сказала яна. - У нас заўсёды так рабiлi. Але шкоды таксама нiякай. Мацi кiўнула галавой у знак згоды. - А мы клалi лямеш. Але гэта ўсё роўна, абы востра было, каб схваткi абрэзала. Дай бог, не доўга будзе мучыцца. Ну як, крыху палягчэла? Ружа Сарона нервова кiўнула галавой. - Пачынаецца? - Канешне, - адказала мацi. - Народзiш добрае дзiця. Ты толькi нам памажы. Можаш падняцца i трохi пахадзiць? - Паспрабую. - Вось разумнiца, - пахвалiла мiсiс Уэйнрайт. - Ну што за разумнiца! Мы цябе падтрымаем, золатка. Мы з табой паходзiм. Яны памаглi ёй падняцца i закалолi шпiлькай коўдру, накiнутую на плечы. Потым мацi падхапiла яе пад руку з аднаго боку, а мiсiс Уэйнрайт з другога. Яны падвялi яе да кучы сучча, паволi павярнулi i пайшлi назад, i так некалькi разоў, а дождж моцна барабанiў па даху. Руцi i Ўiнфiлд нецярплiва сачылi за iмi. - А калi яна пачне раджаць? - запытаўся Ўiнфiлд. - Ш-ш!.. А то пачуюць i прагоняць нас. Да iх далучылася Эгi, стала за суччам. Святло лямпы падала на худы твар i бялявыя валасы Эгi, а на сцяне скакаў цень ад яе галавы з доўгiм вострым носам. Руцi прашаптала: - Ты калi-небудзь бачыла, як родзiцца дзiцяня? - А то, - адказала Эгi. - А хутка ўжо? - О не, не хутка. - Усё ж калi? - Можа, толькi заўтра ранiцай. - Гэ! - сказала Руцi. - Тады i падглядаць цяпер няма чаго. Ой! Гляньце! Яна ўбачыла, што жанчыны раптам спынiлiся, Ружа Сарона ўся напялася i застагнала ад болю. Яе паклалi на матрац i выцерлi ёй лоб, а яна толькi пакрэктвала, сцiскаючы рукi ў кулакi. Мацi цiха супакойвала яе: - Нiчога. Усё будзе добра, будзе добра. Сцiснi рукi. Цяпер губу прыкусi. Вось так, вось так. Схваткi спынiлiся. Ёй далi крыху паляжаць i зноў паднялi, i ўсе трое сталi хадзiць узад i ўперад, узад i ўперад, перапыняючыся на час схватак. Бацька прасунуў галаву ў шчылiну дзвярэй. З капелюша збягала вада. - Чаго гэта вы дзверы засунулi? - запытаўся ён i ўбачыў жанчын, якiя хадзiлi сюды-туды па вагоне. Мацi сказала: - Яе час прыйшоў. - Значыць... хочаш не хочаш застаёмся. - Ага. - Значыць, трэба рабiць плацiну. - Трэба. Бацька вярнуўся, плюхаючы па гразi, да рэчкi. Вада паднялася па беразе на чатыры цалi вышэй яго вешкi. Каля рэчкi пад дажджом стаялi дваццаць чалавек. Бацька крыкнуў iм: - Давядзецца рабiць плацiну. У дачкi маёй схваткi. - Яго акружылi з усiх бакоў. - Родзiць? - Ага. Цяпер мы не зможам ехаць. Высокага росту мужчына сказаў: - Родзяць не ў нас. Нам ехаць можна. - Канешне, - сказаў бацька. - Вам можна. Едзьце. Вас нiхто не трымае. Рыдлёвак усяго восем штук. Ён падбег да самай нiзкай часткi берага i ўсадзiў рыдлёўку ў раскiслую зямлю. Паддзетая штыхом, яна, падымаючыся, чвякнула. Ён капнуў яшчэ раз i кiнуў штых гразi на самае нiзкае месца на беразе. А побач з iм выстраiлiся i iншыя. Яны навальвалi доўгi насып, i тыя, каму рыдлёвак не хапiла, секлi вярбовае вецце, спляталi яго ў маты i ўтоптвалi нагамi ў насып. Ярасць працы, ярасць бiтвы апанавала ўсiх. Кiнутую рыдлёўку падхоплiвалi iншыя. Працавалi, скiнуўшы пiнжакi i капелюшы. Мокрыя кашулi i штаны шчыльна прылiплi да целаў, чаравiкi ператварылiся ў бясформенныя камякi гразi. Раптам з вагона Джоўдаў данёсся пранiзлiвы крык. Мужчыны спынiлiся, трывожна прыслухалiся i зноў узялiся за працу. Невысокi земляны вал даўжэў i нарэшце прымкнуў з двух бакоў да шашэйнага насыпу. Усе стамiлiся, рух рыдлёвак запаволiўся. I таксама павольна падымалася вада ў рэчцы. Яна пакрыла ўжо тое месца, куды былi кiнуты першыя штыхi зямлi. Бацька пераможна засмяяўся. - Каб не наш вал, рэчка ўжо выйшла б з берагоў! - закрычаў ён. Вада паволi падступала ўшчыльную да свежага насыпу, вымываючы з яго вярбовыя маты. - Вышэй! - крыкнуў бацька. - Трэба яшчэ вышэй! Змерклася, але праца не спынялася. Людзi ўжо зусiм выбiлiся з сiлы. Твары ў iх былi застылыя, змярцвелыя. Рухi сутаргавыя, як у аўтамата. Калi сцямнела, жанчыны паставiлi ў дзвярах лiхтары, выставiлi конаўкi з гарачай кавай, а самi адна за адной беглi да Джоўдавага вагона i працiскалiся ў яго праз вузкую шчылiну. Цяпер схваткi зачасцiлi, з прамежкамi ў дваццаць хвiлiн. Ружа Сарона ўжо страцiла над сабой уладу. Яна моцна ўскрыквала ад нясцерпнага болю. А суседкi прыходзiлi зiрнуць на яе, гладзiлi яе па валасах i вярталiся ў свае вагоны. Мацi добра распалiла печку i грэла ваду, налiўшы ва ўсе свае пасудзiны. Раз-пораз у дзверы зазiраў бацька. - Усё добра? - пытаўся ён. - Ага, здаецца, добра, - супакойвала яго мацi. Калi стала зусiм цёмна, нехта прынёс да рэчкi кiшэнны электрычны лiхтарык. Дзядзька Джон шалёна арудаваў рыдлёўкай, кiдаў i кiдаў зямлю на верх насыпу. - Ты лягчэй, лягчэй, - стрымлiваў яго бацька. - Пагубiш сябе. - Iначай не магу. Чуць не магу яе крыкаў. Гэта... гэта як тады... - Разумею, - сказаў бацька. - А ўсё ж такi ты лягчэй. Дзядзька Джон усхлiпнуў: - Я ўцяку куды-небудзь. Далiбог, уцяку, калi тут працы не будзе. Бацька павярнуўся да яго спiнай. - Як там мая адзнака? Чалавек з электрычным лiхтарыкам накiраваў прамень на вешку. Дождж белымi палоскамi заблiшчаў на святле. - Прыбывае. - Цяпер будзе не так хутка, - сказаў бацька. - На тым беразе разальецца. - А ўсё ж прыбывае. Жанчыны зноў налiлi кавы ў конаўкi i паставiлi iх у дзвярах. З кожнай начной гадзiнай рухi людзей рабiлiся ўсё больш маруднымi, людзi з цяжкасцю, як ламавыя конi, выцягвалi ногi з глыбокай гразi. Яшчэ i яшчэ адна рыдлёўка зямлi на насып, яшчэ i яшчэ адзiн мат з вярбовага вецця. А дождж упарта лiў. Калi прамень лiхтарыка падаў на чый-небудзь твар, ён выхоплiваў з цемры ўтаропленыя ў пустату вочы i выступы жаўлакоў на шчоках. З вагона Джоўдаў яшчэ доўга даносiлiся крыкi, i раптам яны сцiхлi. Бацька сказаў: - Каб нарадзiла, мяне паклiкалi б. - I хмурна зноў узяўся за рыдлёўку. Вада каля насыпу клекатала i вiравала. Раптам непадалёк, на рэчцы, крыху вышэй за лагер, пачуўся рыплiвы трэск. Лiхтарык асвятлiў магутную таполю, якая нiзка схiлiлася над рэчкай. Усе кiнулi працу i сталi пазiраць у той бок. Голле таполi апусцiлася ў ваду i выцягнулася па плынi, а вада ўсё падмывала i падмывала яе кароткае карэнне. Таполю паступова выцягнула з зямлi, i яна паволi паплыла ўнiз па цячэннi. Знясiленыя людзi сачылi за ёю, раскрыўшы раты. Дрэва плыло паволi. Раптам адна галiна зачапiлася за корч i не дала дрэву плысцi далей. Цячэнне развярнула яго, i карэнне ўперлася ў свежы насып. Вада ў запрудзе ўвесь час прыбывала, i дрэва зноў паплыло i прабiла зверху насып. У прабоiну рынуўся струмень вады. Бацька кiнуўся наперад i стаў закiдаць зямлёй прабоiну. Запруджаная дрэвам вада пачала падымацца. I неўзабаве насып змыла, i вада хлынула на людзей, залiла iх да шчыкалатак, да каленяў. Людзi не вытрымалi i пабеглi, а вада роўным патокам разлiлася па паляне, пайшла пад вагоны, пад аўтамашыны. Дзядзька Джон бачыў, як вада прарвала плацiну. У змроку ён разгледзеў гэта. Непасiльны цяжар цела пацягнуў яго ўнiз. Ён павалiўся на каленi i апынуўся па грудзi ў бурлiвай вадзе, якая напiрала на яго. Бацька ўбачыў, як ён упаў. - Гэй, Джон! Што з табой? - Ён памог яму падняцца на ногi. - Галава закружылася? Хадзем, вагон высокi. Да дзядзькi Джона вярнулiся сiлы. - Сам не ведаю, як гэта здарылася, - сказаў ён выбачлiвым тонам. - Ногi падкасiлiся. Падкасiлiся, i ўсё. - Бацька павёў яго да вагонаў. Калi плацiну змыла, Эл павярнуўся i пабег. Бегчы было цяжка. Калi ён дабраўся да грузавiка, вада даставала яму да лытак. Ён сарваў брызент з капота i ўскочыў у кабiну. Адразу нацiснуў на кнопку стартэра. Той закруцiўся, але матор не падаў голасу. Эл нацiснуў да канца на газ. Акумулятар усё павальней i павальней круцiў падмоклы стартэр, рухавiк маўчаў. Яшчэ некалькi ўжо зусiм павольных абаротаў стартэра. Эл паставiў запальванне на самае ранняе, намацаў рукой пад сядзеннем завадную ручку i выскачыў з кабiны. Вада ўжо залiвала падножку. Эл падбег да носа машыны. Картэр матора быў пад вадой. Як ашалелы, Эл прыладзiў завадную ручку i некалькi разоў пакруцiў ёю, i пры кожным павароце яго рука, апускаючыся, расплёсквала ваду, якая ўсё прыбывала. I нарэшце шаленства яго выдыхлася. Ён здаўся. Матор залiты вадой, акумулятарная батарэя выйшла са строю... Непадалёк, на крыху вышэйшай мясцiне, запрацавалi маторы дзвюх машын, успыхнулi фары. Машыны буксавалi ў гразi, колы грузлi ўсё глыбей, i нарэшце вадзiцелi выключылi маторы i знерухомелi за рулём, пазiраючы на святло фар. А дождж белымi палоскамi рассякаў iх промнi. Эл не спяшаючыся падышоў да кабiны, працягнуў руку i выключыў запальванне. Калi бацька дабраўся да свайго вагона, ён убачыў, што нiжнi канец сходак плавае ў вадзе. Ён наступiў на яго, утапiў пад ваду i ўтаптаў у гразь. - Ну, Джон, ты сам падымешся? - запытаўся бацька. - Падымуся. Iдзi першы. Бацька асцярожна падняўся па мастку i працiснуўся ў вузкую шчылiну дзвярэй. Кноты ў лiхтары i лямпе былi нiзка прыкручаныя. Мацi сядзела на матрацы побач з Ружай Сарона i абмахвала яе кавалкам кардону. Мiсiс Уэйнрайт пхала ў печку сучча, i сыры дым выбiваўся з-пад канфорак i разносiў па вагоне пах гарэлай анучы. Калi бацька ўвайшоў, мацi ўзняла на яго вочы i зараз жа апусцiла. - Ну... як яна? - запытаўся бацька. Мацi не падняла галавы. - Як быццам нiчога. Спiць. Паветра ў вагоне было цяжкае, нечым непрыемна пахла. Дзядзька Джон ледзьве пралез у вагон i прыхiнуўся да сцяны. Мiсiс Уэйнрайт кiнула свой занятак i падышла да бацькi. Яна кранула яго за локаць i павяла ў кут вагона. Там узяла з падлогi лiхтар i падняла яго над скрынкай з-пад яблыкаў. У скрынцы на газеце ляжала пасiнелае, зморшчанае цельца. - Так нi разу i не дыхнула, - цiха прамовiла мiсiс Уэйнрайт. - Нарадзiлася мёртвае. Дзядзька Джон павярнуўся i, цягнучы ад стомы ногi, пайшоў у цёмны кут вагона. Цяпер ужо дождж цiха лапатаў па даху, так цiха, што ўсе чулi стомленае сапенне дзядзькi Джона, якое даносiлася з цемры. Бацька паглядзеў на мiсiс Уэйнрайт, узяў лiхтар у яе з рук i паставiў на падлогу. Руцi i Ўiнфiлд спалi на сваiм матрацы, прыкрыўшы сагнутымi ў локцях рукамi вочы. Бацька паволi падышоў да Ружы Сарона. Хацеў прысесцi каля яе матраца на кукiшкi, але стомленыя ногi не паслухалiся, i ён стаў на каленi. А мацi ўсё памахвала над дачкой кардонкай. Яна глядзела на бацьку, вочы ў яе былi вялiкiя, позiрк нерухомы, як у лунацiка. Бацька сказаў: - Мы... усё зрабiлi... што маглi. - Я ведаю. - Мы працавалi ўсю ноч. А дрэва разнесла нашу плацiну. - Ведаю. - Чуеш? Вада пад вагонам. - Ведаю. Я ўсё чула. - Думаеш, з ёю ўсё абыдзецца? - Не ведаю. - Можа... мы маглi... што-небудзь зрабiць? Губы ў мацi былi сухiя, бяскроўныя. - Не. У нас заставалася толькi адно... i мы гэта рабiлi. - Мы там працавалi, ледзь з ног не валiлiся, i раптам дрэва... Цяпер дождж ужо аслабеў. - Мацi глянула на столь i зноў апусцiла галаву. Бацька працягваў гаварыць, быццам гэта быў яго абавязак. - Не ведаю, як высока падымецца. Можа i вагон залiць. - Я ведаю. - Ты ўсё ведаеш. Яна прамаўчала, а кардонка ў яе ў руцэ паволi хадзiла ўзад i ўперад. - Мы што-небудзь зрабiлi не так? - шукаў сабе апраўдання бацька. - Маглi што-небудзь зрабiць iнакш? Мацi неяк дзiўна паглядзела на яго. Яе пабялелыя губы расцягнулiся ў задумлiвую, спагадлiвую ўсмешку. - Ты нi ў чым не вiнаваты. Перастань. Усё будзе добра. Цяпер усё мяняецца... паўсюль. - Можа, вада... Можа, трэба зараз жа ехаць адсюль. - Прыйдзе час - паедзем. Што трэба будзе рабiць, тое i зробiм. А цяпер памаўчы. А то разбудзiш яе. Мiсiс Уэйнрайт ламала галiнкi i падсоўвала iх у агонь, ад якога iшоў густы сыры дым. Знадворку пачуўся злосны голас: - Я сам пагавару з гэтым сукiным сынам. I ўслед - голас Эла каля самых дзвярэй: - Куды лезеш? - Я дабяруся да гэтай сволачы Джоўда! - Не пушчу. Што табе трэба? - Каб не яго дурная плацiна, нас бы даўно ўжо тут не было. А цяпер машына стаiць, як мёртвая. - А ты думаеш, наша дужа жывая? - Прапусцi. Голас Эла прагучаў холадна: - Паспрабуй прабiцца. Бацька не спяшаючыся падняўся з каленяў i пайшоў да дзвярэй. - Спакойна, Эл. Я iду. Спакойна. - Бацька спусцiўся ўнiз. Мацi пачула, як ён сказаў: - У нас хворая. Пройдзем вунь туды. Дождж лёгенька стукаў па даху, а вецер, якi нядаўна ўзняўся, размятаў яго ў бакi. Мiсiс Уэйнрайт адступiла ад печкi i глянула на Ружу Сарона. - Хутка заднее, мэм. Вы паспалi б. Я пасяджу каля яе. - Не, - адказала мацi. - Я зусiм не стамiлася. - Так я вам i паверыла, - сказала мiсiс Уэйнрайт. - Кладзiцеся, адпачнiце хоць крыху. Мацi паволi разганяла кардонкай паветра. - Вы па-сяброўску паставiлiся да нас, мiсiс Уэйнрайт, - сказала яна. - Мы вам вельмi ўдзячныя. Поўная нiзенькая жанчына ўсмiхнулася: - Дзякаваць няма за што. У нас ва ўсiх адна доля. А калi б што з намi здарылася? Вы нам памаглi б. - Безумоўна. Мы памаглi б. - Цi каму другому. - Безумоўна. Раней кожны клапацiўся толькi пра сваю сям'ю. Цяпер не так. Цяпер нам да ўсiх ёсць справа. I чым горш людзям, тым больш у нас клопату. - Яго нельга было ўберагчы. - Я ведаю, - сказала мацi. Руцi глыбока ўздыхнула i зняла руку з твару. Святло лямпы асляпiла яе, яна павярнула галаву i паглядзела на мацi. - Нарадзiлася? - запыталася Руцi. - Дзiця ўжо ёсць? Мiсiс Уэйнрайт падняла з падлогi мяшок i прыкрыла iм скрынку з-пад яблыкаў. - Дзе дзiця? - дапытвалася Руцi. Мацi правяла языком па губах. - Дзiцяцi няма. Яго i не было. Мы памылялiся. - Гэ! - Руцi пазяхнула: - А я думала, будзе дзiця. Мiсiс Уэйнрайт села каля мацi, узяла ў яе кардонку i сама пачала ёю махаць. Мацi склала на каленях рукi, яе стомленыя вочы не адрывалiся ад твару Ружы Сарона, якая ад знямогi забылася моцным сном. - Ну дык прыляжце, - сказала мiсiс Уэйнрайт. - Вы ж каля яе будзеце. Варта ёй глыбей уздыхнуць, i вы прачняцеся. - Добра. - Мацi прылегла на матрац побач з дачкой. А мiсiс Уэйнрайт сядзела каля iх на варце. Бацька, Эл i дзядзька Джон сядзелi ў дзвярах, пазiраючы, як займаецца светла-шэры золак. Дождж сцiх, але хмары па-ранейшаму спрэс засцiлалi неба. Першыя проблiскi святла адбiвалiся ў вадзе. З дзвярэй была вiдаць iмклiвая плынь рэчкi, якая несла з сабой цёмныя галiны дрэў, скрынi, дошкi. Круцячыся вiрам, вада вылiвалася на паляну. Ад насыпу i следу не засталося. На самой паляне вада была спакойная, як у завадзi. Разлiў акаймоўвала жоўтая пена. Бацька нахiлiўся i паклаў сучок на сходкi, крыху вышэй узроўню вады. Яны бачылi, як вада пацiху падабралася да сучка, лёгенька падхапiла яго i паволi панесла з сабой. Бацька паклаў другую галiнку на цалю вышэй вады i сеў, не спускаючы з яе вачэй. - Думаеш, i ў вагон прабярэцца? - запытаўся Эл. - Хто ведае. Яшчэ да чорта вады з гор хлыне. Хто ведае. Можа, i дождж зноў палье. Эл сказаў: - Я ўсё думаю: калi вада прабярэцца ў вагон, усё падмочыць, але... - Канешне, падмочыць. - Але больш як на тры-чатыры футы над падлогай не падымецца, бо вада перальецца цераз шашу i разальецца ўшыркi. - Чаму ты так думаеш? - А я там, за вагонам, добра ўсё разгледзеў, - Эл выцягнуў руку. - Вось на колькi падымецца, не больш. - Ну i няхай, - сказаў бацька. - Што нам да гэтага? Нас тут не будзе. - Не, мы тут будзем. Тут грузавiк. Як сыдзе паводка, цэлы тыдзень яшчэ давядзецца сушыць яго i выцiраць. - А што ты прыдумаў? - Можна разабраць барты грузавiка i зрабiць насцiл у вагоне - пакладзём на яго ўсё, што ў нас ёсць, i самiм будзе дзе сядзець. - Во як? А гатаваць як будзем, што будзем есцi? - Затое нiчога не падмочыцца. Навокал шэрае святло мацнела, набыло металiчны водсвет. Плынь злiзнула са сходак i другую галiнку. Бацька паклаў яшчэ адну, крыху вышэй. - Прыкметна прыбывае, - сказаў ён. - Вiдаць, так i зробiм. Мацi неспакойна заварушылася ў сне. Раптам яна шырока расплюшчыла вочы i крыкнула, нiбы перасцерагаючы: - Том! Ой, Том, Том! Мiсiс Уэйнрайт сказала ёй нешта супакойлiвае. Павекi ў мацi адразу сплюшчылiся, i яна пакурчылася ў сваiм трывожным сне. Мiсiс Уэйнрайт паднялася i падышла да дзвярэй. - Паслўхайце, - цiха сказала яна. - Мы адсюль не хутка выберамся. - Яна паказала рукой на той кут, дзе стаяла скрынка з-пад яблыкаў: - Так нядобра. Лiшняе гора i лiшнiя слёзы. Можа, вы б... вынеслi яго i пахавалi дзе-небудзь? Мужчыны маўчалi. Нарэшце бацька сказаў: - Па-мойму, правiльна. Лiшнiя слёзы. Але па закону так проста нельга пахаваць. - Цi мала мы робiм супраць закону, калi нiчога больш не застаецца? - Гэта праўда. Эл сказаў: - Пакуль вада не паднялася яшчэ вышэй, трэба разабраць барты грузавiка. Бацька павярнуўся да дзядзькi Джона: - Можа, ты яго пахаваеш, а мы з Элам перацягаем сюды дошкi? Дзядзька Джон панура адказаў: - Чаму я павiнен гэта рабiць? Чаму не вы? Мне гэта не па душы. Памаўчаўшы, сказаў: - Добра. Зраблю. Добра, пахаваю. Ну, нясiце сюды, дайце мне яго. - I, павышаючы голас, паўтарыў: - Нясiце! Дайце мне яго! - Ш-ш... Пабудзiце ўсiх, - сказала мiсiс Уэйнрайт. Яна прынесла скрынку да дзвярэй i беражлiва расправiла зверху мяшок. - Рыдлёўка там, за табой, - сказаў бацька. Дзядзька Джон узяў рыдлёўку. Ён саслiзнуў па дошках унiз i апынуўся амаль па пояс у вадзе, у павольнай плынi. Свабоднай рукой ён прыняў скрынку i ўзяў яе пад паху. Бацька сказаў: - Пайшлi, Эл. Прынясём дошкi. У шэрым свiтальным сутоннi дзядзька Джон, iдучы ў вадзе, абагнуў вагон, мiнуў грузавiк Джоўдаў i па слiзкiм дарожным насыпе падняўся на шашу. Ён пакрочыў па ёй мiма вагоннага лагера i дайшоў да месца, дзе бурлiвая рэчка паварочвала амаль да самай дарогi, уздоўж якой тут рос лазняк. Ён кiнуў на дол рыдлёўку i, трымаючы скрынку перад сабой, прадраўся скрозь зараснiк, да iмклiвага рачнога патоку. Пастаяў там з хвiлiну, пазiраючы на вiрлiвую плынь, на камякi жоўтай пены, што аселi ў кустах. Ён падняў скрынку да грудзей. Потым нахiлiўся, апусцiў яе на ваду i прытрымаў рукой. Ён гнеўна сказаў: - Плывi, раскажы iм усё. Плывi па вулiцах, ператварыся ў тлен i раскажы iм хоць так. Толькi так i можаш гаварыць. Я нават не ведаю, хто ты - хлопчык цi дзяўчынка. I не хачу ведаць. Плывi, спынiся дзе-небудзь сярод вулiцы. Можа, тады яны зразумеюць. - Мяккiм рухам рукi дзядзька Джон падпiхнуў скрынку ў самае цячэнне i адпусцiў. Скрынка нiзка асела ў вадзе, пайшла бокам, закруцiлася ў вiрлiвай вадзе i паволi перавярнулася ўверх дном. Мяшок паплыў, i, падхопленая iмклiвым цячэннем, скрынка шпарка паплыла ўслед за iм i знiкла з вачэй за кустоўем. Дзядзька Джон вярнуўся да шашы, схапiў рыдлёўку i пакрочыў назад, да лагера. Ён з плёскатам увайшоў у ваду i дайшоў да грузавiка, з якога бацька з Элам знiмалi бартавыя дошкi - адна цаля на шэсць. Бацька азiрнуўся на дзядзьку Джона: - Ну што, зрабiў? - Ага. - Тады вось што - ты дапамажы Элу, а я схаджу ў краму, куплю што-небудзь з ежы. - Вазьмi свiной грудзiнкi, - папрасiў Эл. - Я мяса хачу. - Добра, - сказаў бацька i саскочыў з грузавiка, а дзядзька Джон палез на яго месца. Калi ўцягнулi дошкi ў вагон, мацi прачнулася i села на матрацы. - Што вы надумалi рабiць? - запыталася яна. - Хочам збiць памост, каб не залiло. - Навошта? Тут у нас суха. - А хутка не будзе. Вада прыбывае. Мацi цяжка паднялася з матраца i падышла да дзвярэй. - Трэба адсюль выбiрацца. - Нельга, - запярэчыў Эл. - Усё наша дабро тут. Грузавiк тут. Усё, што ў нас ёсць. - А бацька дзе? - Пайшоў купiць што-небудзь на снеданне. Мацi зiрнула ўнiз, на ваду. Да падлогi вагона засталося ўжо толькi шэсць цаляў. Мацi вярнулася да матраца i паглядзела на дачку. Iх позiркi сустрэлiся. - Ну, як ты сябе адчуваеш? - запыталася мацi. - Стамiлася. Зусiм без сiл. - Зараз накармлю цябе снеданнем. - Мне есцi не хочацца. Мiсiс Уэйнрайт падышла i стала каля мацi. - Выгляд у яе цяпер добры. Зусiм малайчына. Вочы Ружы Сарона пыталiся аб нечым у мацi, але тая старалася ўнiкнуць гэтага пытання. Мiсiс Уэйнрайт адышла ад печкi. - Ма... - Ну што табе? - Усё... добра? Мацi не стрывала. Яна апусцiлася каля дачкi на каленi. - У цябе яшчэ будуць дзецi, - сказала яна. - Мы зрабiлi ўсё, што маглi. Ружа Сарона пачала кiдацца па матрацы i прыўзнялася на локцi. - Ма! - Ты невiнаватая. Ружа Сарона зноў адкiнулася назад i закрыла вочы сагнутымi ў локцях рукамi. Руцi падабралася блiзка да сястры i з жахам пазiрала на яе. Потым хрыпла прашаптала: - Яна хворая, ма? Яна памрэ? - Ну што ты. Яна паправiцца. Паправiцца. У вагон увайшоў бацька з пакункамi ў руках. - Ну, як яна? - Усё добра, - адказала мацi. - Усё будзе добра. Руцi далажыла Ўiнфiлду: - Яна не памрэ. Так ма сказала. А Ўiнфiлд, калупаючы ў зубах трэсачкай, прамовiў, зусiм як дарослы: - Мне гэта i так вядома. - Адкуль? - Не скажу, - адказаў Уiнфiлд i выплюнуў з рота абломак трэсачкi. Мацi распалiла агонь у печцы апошнiм суччам, падсмажыла грудзiнкi i зрабiла да яе падлiўку. Сярод бацькавых пакупак быў i заводскi хлеб. Убачыўшы яго, мацi нахмурылася: - Грошы яшчэ засталiся? - Не, - адказаў бацька. - Але ж вельмi есцi хочацца. - I ты купляеш хлеб, - папракнула яго мацi. - Мы вельмi прагаладалiся. Усю ж ноч працавалi. Мацi ўздыхнула: - А як далей будзем жыць? Пакуль яны елi, вада падымалася ўсё вышэй i вышэй. Эл паспешлiва праглынуў сваю порцыю i разам з бацькам пачаў збiваць памост. Пяць футаў шырынёй, шэсць футаў даўжынёй, чатыры футы ад падлогi. А вада падабралася ўжо да дзвярэй, доўга стаяла там, нiбы ў нерашучасцi, i нарэшце патроху прасачылася ў вагон, пачала залiваць падлогу. I зноў палiў дождж - цяжкiя, буйныя кроплi запляскалi па вадзе, як i раней, гулка барабанiлi па даху. Эл сказаў: - Ну, давайце падымем матрацы. I коўдры туды ж, а то намокнуць. Яны навалiлi ўвесь свой скарб на высокi памост; вада ўсё больш залiвала падлогу. Бацька, мацi, Эл i дзядзька Джон з чатырох рагоў паднялi матрац, на якiм ляжала Ружа Сарона, i паклалi паверх рэчаў. Ружа Сарона запратэставала: - Я сама. Я здаровая. А вада празрыстай плёнкай распаўзалася па падлозе. Ружа Сарона шапнула нешта мацi, i тая ўсунула руку пад коўдру, памацала грудзi i кiўнула галавой. У другiм канцы вагона Ўэйнрайты стукалi малаткамi, майструючы i сабе памост. Дождж памацнеў, але неўзабаве сцiх зусiм. Мацi паглядзела сабе пад ногi. Вада ў вагоне паднялася ўжо на паўцалi. - Гэй, Руцi, Уiнфiлд, - спалохана закрычала мацi, - залязайце наверх. Прастудзiцеся. - Яна падсадзiла дзяцей наверх, i яны нязручна прымасцiлiся каля матраца Ружы Сарона. I раптам мацi сказала: - Трэба выбiрацца адсюль.
Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34
|