Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Гронкi гневу (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение (стр. 3)
Автор: Стейнбек Джон
Жанр:

 

 


      - Ну i што ж ён з парасём гэтым зрабiў?
      - Га? А-а... Ну, ён тут жа, на месцы, закалоў яго i загадаў мацi плiту распалiць. Тады выразаў адбiўных i паклаў на гарачую патэльню, а рэбры з кумпяком у духоўку засунуў. Адбiўныя з'еў, тым часам рэбры згатавалiся, а як рэбры абгрыз, кумпяк падрумянiўся. Узяўся за кумпяк - адхопiць нажом добры кавалак i пхае ў рот. Мы, дзецi, ад яго не адыходзiм, клянчым, i ён, нарэшце, пачаставаў нас, а бацьку нi дробачкi не даў. Нарэшце так аб'еўся, што яго званiтавала, i тады ён залёг спаць. Пакуль спаў, мы з бацькам з кумпяком тым расправiлiся. Ранiцай дзядзька Джон падымаецца i другi кумпяк бразь - у духоўку. Бацька пытаецца: "Няўжо, Джон, ты ўсяго падсвiнка з'есцi сабраўся?" А той кажа: "Сабраўся, Том. Баюся толькi, каб ён не пратух, перш чым я яго ў страўнiк адпраўлю, а я тухляцiны не ем, хоць i страшэнна люблю свiнiну. Пакладзi трохi сабе на талерку, а мне аддай назад дзве шпулi дроту". Ну, сэр, бацька мой не з дурных. Даў дзядзьку Джону абжырацца, а як надышоў час таму ехаць, яшчэ больш за палову засталося. Бацька i кажа: "Ты яе засалiў бы, Джон". Але ж дзядзька не такi: захоча свежанiны, дык ты яму цэлую свiнню падавай, а наб'е жывот, нават паху яе не церпiць. Паехаў, а што засталося, бацька засалiў.
      Кейсi сказаў:
      - Калi б я быў, як раней, прапаведнiкам, дык зараз жа вывеў бы з гэтага мараль i наставiў бы цябе на шлях iсцiнны. Але больш пропаведзяў нiхто ад мяне ўжо не пачуе. Як думаеш, чаму ён гэтак зрабiў?
      - Не ведаю, - адказаў Джоўд. - Проста прагны на свiнiну. Мне i самому, як успомнiў, страшэнна захацелася. За ўсе чатыры гады толькi чатыры кавалкi смажанай свiнiны з'еў - па адным на кожныя Каляды.
      Тонам прапаведнiка Кейсi прамовiў:
      - Можа, Том зарэжа адкормленае цяля свайму блуднаму сыну, як у Пiсаннi?
      Джоўд пагардлiва засмяяўся:
      - Ты, браце, бацькi не ведаеш. Калi ён курыцу рэжа, дык не столькi крыку ад яе, колькi ад яго самога. Не можа ён такое рабiць. Свiнню заўсёды беражэ на Каляды, а яна ў вераснi задзiрае капыты - ад перакорму цi ад хваробы якой, пасля чаго есцi яе нельга. Затое дзядзька Джон, як захочацца яму свiнiны, дык наесца ўжо да адвалу. Свайго не прапусцiць.
      Яны паднялiся на грэбень узгорка i ўнiзе ўбачылi ферму Джоўдаў. Том спынiўся.
      - Тут нешта не так, - сказаў ён. - Зiрнi на дом. Штосьцi нядобра. Нiдзе нi душы.
      Абодва стаялi, пазiраючы на невялiкую купку будынiн.
      РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
      Землеўласнiкi пачалi наведвацца на свае землi, але часцей замест сябе пасылалi пасрэднiкаў. Агенты гэтыя паяўлялiся на палях у лiмузiнах, шчупалi i расцiралi пальцамi сухую зямлю, а то заганялi ў глебу земляны бур i бралi пробу. З-за парканаў сваiх апаленых сонцам падворкаў арандатары з трывогай сачылi за лiмузiнамi, што снавалi ўздоўж палёў. Нарэшце пасрэднiк уязджаў у двор i, не выходзячы з кабiны, заводзiў гутарку з арандатарам праз акенца. Падышоўшы да машыны, арандатары першыя хвiлiны стаялi, потым апускалiся на кукiшкi i вадзiлi па пыле падабранымi з зямлi пруткамi.
      Праз адчыненыя дзверы дамкоў вызiралi кабеты, а з-за iх спiн цiкавалi дзецi - светлавалосыя, пад колер кукурузы, дзецi з шырока расплюшчанымi вачамi, - пачухваючы пальцамi адной босай нагi галёнку другой. Жонкi i дзецi не спускалi вачэй са сваiх мужчын, якiя размаўлялi з прадстаўнiкамi гаспадароў зямлi, i зацята маўчалi.
      Адны агенты гаварылi мякка, бо iм брыдка было рабiць тое, на што iх паслалi; другiя - раздражнёна, бо iм брыдка было праяўляць жорсткасць, а трэцiя - холадна-спакойна, бо даўно ўжо зразумелi, што гаспадар павiнен быць халодным i спакойным. I кожнага з iх учэпiста трымала нейкая неадольная сiла. Некаторыя з iх ненавiдзелi матэматыку, якая даймала iх, другiя баялiся сваёй матэматыкi, а iншыя абагаўлялi яе, бо ў ёй яны знаходзiлi збавенне ад думак i чалавечых пачуццяў. Калi зямлёй валодаў банк цi фiнансавая кампанiя, агент гаварыў: банк цi кампанiя хоча... адчувае патрэбу... настойлiва патрабуе... не можа абысцiся... быццам банк цi кампанiя - нейкая пачвара, надзеленая розумам i пачуццямi, страшыдла, якое завабiла iх у свае цянёты. Агенты не неслi адказнасцi за дзейнасць банкаў i кампанiй, яны былi ўсяго толькi людзi, нявольнiкi, а банкi - гэта ж машына! Яна i валадар. Сёй-той з агентаў нават нямала ганарыўся тым, што ён нявольнiк такiх халодных i магутных валадароў. Агенты сядзелi ў машынах i тлумачылi людзям: вы ж ведаеце, зямля спустошылася. Бог ведае колькi ўжо гадоў вы капаецеся ў ёй.
      Седзячы на кукiшках, арандатары кiвалi галовамi, гадалi i прыкiдвалi, выводзячы ўзоры ў пыле, - ага, так, ведаем, далiбог. Калi б зямлю не засыпала пылам, калi б не выветрываўся верхнi пласт глебы, тады б яшчэ можна было цярпець...
      Пасрэднiкi гнулi сваё: вы ж ведаеце, што зямля з кожным годам яшчэ больш спусташаецца. Не мне вам казаць, што з ёю робiць бавоўна, - губiць, высмоктвае з яе ўсе сокi.
      Арандатары згодна кiвалi галовамi: яны ўсё разумеюць, бог сведка. Калi б увесь севазварот... зямля зноў налiлася б сокамi.
      Гэта праўда, але цяпер ужо позна. I агенты тлумачылi механiку дзеянняў i ход думак пачвары, што схапiла iх самiх такой мёртвай хваткай.
      Чалавек можа сядзець на зямлi, нават калi яму хапае толькi на пракорм i на выплату падаткаў. Такое ж зусiм магчыма.
      Так, такое магчыма, пакуль не здарыцца неўраджай i не прыйдзецца браць пазыку ў банку. Але, разумееце, банку цi кампанii трэба зусiм не тое - яны ж не паветрам дыхаюць i ядуць не мяса. Яны дыхаюць прыбыткам, ядуць працэнты з капiталу. Калi iм гэтага не даць, яны памруць, як мы з вамi памерлi б без паветра i без ежы. Усё гэта сумна, але так яно ёсць. Нiчога не зробiш.
      Людзi, што сядзелi на кукiшках каля лiмузiнаў, узнiмалi вочы, намагалiся зразумець. А цi нельга яшчэ пабыць нам тут? Можа, наступны год выдасца ўраджайны? Адзiн бог ведае, якая ўродзiцца бавоўна праз год. А войны? Хiба ўгадаеш цяпер, якiя цэны будуць на бавоўну? З яе ж робяць узрыўчатку, цi не так? А абмундзiраванне? Будуць войны, i цэны на бавоўну падскочаць. Можа, ужо нават у наступным годзе. Арандатары пытальна ўзнiмалi ўгору вочы.
      На гэта разлiчваць нельга. Банк - пачвара, яна бесперапынку павiнна паглынаць падаткi. Чакаць ёй няможна. Бо памрэ. Не, падаткам не павiнна быць спыну. Калi пачвара застыне ў росце, ёй смерць. Ёй нельга спыняць свой рост.
      Выпеставаныя пальцы пачыналi пастукваць па нiзе аконнай аправы ў кабiне; заскарузлыя пальцы мацней сцiскалi пруткi, што нястомна чыркалi па пыле. Жанчыны ў дзвярах прапаленых сонцам хацiн уздыхалi, пераступалi з нагi на нагу, адна ступня церла другую ступню, пальцы не пераставалi варушыцца. Сабакi падыходзiлi да машын, абнюхвалi iх i адно за адным палiвалi ўсе чатыры колы. Куры ляжалi на гарачым пыле, распушыўшы пер'е, каб сухi пыл дабраўся да самай скуры i пачысцiў яе. А ў хлеўчуку над бруднымi рэшткамi пойла просьбiтна рохкалi свiннi.
      Людзi, што сядзелi на кукiшках, зноў апускалi вочы. Што ж вы ад нас хочаце? Хiба можна памяншаць нашу долю ўраджаю, мы i так галадаем. Дзецi нiколi дасыта не ядуць. Адзежы няма - адны лахманы. Калi б у суседзяў было лепш, мы ад сораму на малiтоўныя сходы хадзiць перасталi б.
      I нарэшце агенты гаспадароў раскрывалi ўсю паднаготную. Арэнда сябе не апраўдала. Адзiн чалавек на трактары можа замянiць дванаццаць - чатырнаццаць фермерскiх сем'яў. Плацi яму жалаванне i забiрай сабе ўвесь ураджай. Мы вымушаны так рабiць. Мы iдзём на гэта неахвотна. Бо пачвара занядужала. З ёю здарылася нешта нядобрае.
      Вы ж бавоўнай зямлю загубiце.
      Мы ведаем. Нам трэба паспець зняць некалькi ўраджаяў, перш чым загiне зямля. Потым мы пусцiм яе ў продаж. Шмат сем'яў ва ўсходнiх штатах захочуць купiць тут участак.
      Арандатары спалохана падымалi вочы да кабiн. А з намi што будзе? Як мы пракормiмся?
      Вам давядзецца пакiнуць свае ўчасткi. Плугi пройдуцца проста па вашых дварах.
      I тады арандатары ў гневе падымалiся з кукiшак i станавiлiся ва ўвесь рост. Мой дзед першы прыйшоў на гэтую зямлю, ён ваяваў з iндзейцамi i прагнаў iх адсюль. А бацька тут нарадзiўся i таксама ваяваў - з пустазеллем i змеямi. Потым абрынуўся няўрод, i бацька ўзяў у пазыку крыху грошай. I наша тут таксама радзiма. Вунь, бачыце, у дзвярах нашы дзецi? I яны нарадзiлiся тут, у гэтым доме. Бацька быў вымушаны ўзяць пазыку. I тады зямля перайшла да банка, але мы засталiся на ёй, i нам крыху перападала з таго, што мы вырошчвалi.
      Нам гэта добра вядома. Вельмi добра вядома. Мы тут нi пры чым, усё гэта банк. А банк не чалавек. I гаспадар, у якога пяцьдзесят тысяч акраў, таксама не чалавек. Ён - пачвара.
      Яно так, казалi арандатары, але ж зямля гэта наша. Мы абмерылi яе, мы ўзаралi цалiну. Мы нарадзiлiся на ёй, на ёй гiбелi, на ёй памiралi. Няхай зямля высiлiлася - усё роўна яна наша. Яна наша таму, што мы на ёй нарадзiлiся, яе ўраблялi, на ёй памiралi. Вось што дае права ўладаць ёю, а не паперка з нейкiмi там лiчбамi.
      Нам вельмi шкада, але мы што? Гэта ўсё яна - пачвара. У банку няма нiчога чалавечага.
      Яно так, але ж банк складаецца з людзей.
      Не, вы памыляецеся, вы груба памыляецеся. Банк i людзi - розныя рэчы. Бывае, што людзям, кожнаму з iх, ненавiсна тое, што робiць банк, i, аднак, банк робiць сваю справу. Паверце, банк - гэта нешта большае, чым людзi. Банк пачвара. Ствараюць яго людзi, але ўправiцца з iм не могуць.
      Арандатары абуралiся: дзед тут ваяваў з iндзейцамi, бацька знiшчаў змеяў, змагаючыся за гэту зямлю. Можа, трэба знiшчыць банкi - яны страшнейшыя за iндзейцаў i змеяў. Можа, давядзецца ваяваць за сваю зямлю, як ваявалi нашы дзед i бацька.
      I тут пачыналi ўжо абурацца агенты гаспадароў. Прыйдзецца вам ехаць адсюль.
      Дык жа зямля гэтая наша, усклiкалi арандатары. Мы...
      Не, не ваша. Яна належыць банку-пачвары. Вам прыйдзецца ехаць.
      Мы выйдзем са стрэльбамi, як дзед наш выходзiў насустрач iндзейцам. Што тады?
      Што ж - спачатку прыйдзе шэрыф, потым - войска. Калi ўчэпiцеся за свае ўчасткi - вы грабежнiкi, а за стрэльбы возьмецеся - вы забойцы, i так i гэтак вы - злачынцы. Банк - пачвара, не чалавек, але можа прымусiць чалавека рабiць, што захоча.
      А калi нам iсцi, дык куды? I як мы пойдзем адсюль? У нас грошай няма.
      Вельмi шкада, гаварылi агенты. Банка - уладальнiка пяцiдзесяцi тысяч акраў - гэта не датычыць. Вы седзiце на зямлi, якая вам не належыць. Дзе-небудзь у iншых штатах вы, можа, увосень ноймецеся на збор бавоўны. Магчыма, атрымаеце дапамогу. А чаму б вам не падацца ў Калiфорнiю? Там заўсёды ёсць праца i нiколi халадоў не бывае. Там варта толькi руку працягнуць - i рвi апельсiны. У Калiфорнii заўсёды што-небудзь збiраюць - толькi працуй. Чаму б вам не перасялiцца туды? I агенты запускалi маторы i ад'язджалi.
      Арандатары зноў апускалiся на кукiшкi i вадзiлi пруткамi па пыле, прыкiдвалi, разважалi. Асмаленыя спёкай цёмныя твары, вылiнялыя ад няшчаднага сонца вочы. Жанчыны асцярожна спускалiся з ганка i шлi да мужоў, за iмi баязлiва кралiся дзецi, гатовыя ў любы момант пусцiцца наўцёкi. Старэйшыя сыны садзiлiся на кукiшкi побач з бацькамi - гэта дае табе адчуванне, што ты ўжо мужчына. Крыху счакаўшы, жанчыны пыталiся: чаго ён прыязджаў?
      Мужчыны на iмгненне адрывалi позiрк ад зямлi, i ў вачах у iх таiўся боль. Давядзецца ехаць адсюль. Трактар, упраўляючы - тут будзе ўсё, як на фабрыцы.
      Куды ж мы паедзем? - пыталiся жанчыны.
      Хто ж ведае? Хто ведае?
      Жанчыны таропка i моўчкi вярталiся ў хацiны, гонячы перад сабой чародку дзяцей. Яны ведалi: калi мужчыну бярэ такая крыўда, такая роспач, ён можа сарваць злосць на дарагiх яму людзях. Яны пакiдалi мужчын адных - няхай думаюць, няхай мяркуюць, дапамагаючы сабе чырканнем па пыле.
      Неўзабаве арандатар азiраўся навокал - кiдаў позiрк на пастаўленую яшчэ дзесяць гадоў назад вадакачку з доўгай, як гусiная шыя, помпай; на калоду, на якой паклала галаву не адна сотня курэй; на плуг пад паветкай i на падвешаную да бэлькi кармушку ўласнага вынаходства.
      А ў хаце жанчын абкружалi дзецi. Што ж мы рабiць будзем, мама? Куды мы цяпер?
      Жанчыны адказвалi: нiхто яшчэ нiчога не ведае. Iдзiце, гуляйце. Толькi да таты блiзка не падыходзьце. А то ён можа i набiць вас, калi не ў пару падлезеце. I жанчыны зноў бралiся за працу, але нi на момант не спускалi вачэй з мужоў, што сядзелi на кукiшках у пыле, збянтэжаныя i апанаваныя трывожнымi думкамi.
      Трактары ехалi па дарогах i збочвалi на палi - вялiзныя машыны на гусенiчным хаду. Яны паўзлi, як насякомыя, i, як насякомыя, былi неверагодна энергiчныя. Яны паўзлi па зямлi - апускалi гусенiцы, кацiлiся па iх i падбiралi iх ззаду. Дызельныя маторы пафырквалi, калi працавалi ўхаластую, а калi трактары краналiся з месца, маторы ўзнiмалi аглушальны роў, якi паступова пераходзiў у аднастайны рокат. Жалезныя страшыдлы ўздымалi клубы пылу i, пратыкаючы iх сваiмi тупымi рыламi, iшлi напрасткi па мясцовасцi, удоўж i ўпоперак, скрозь агароджы, праз двары, ныралi ў яры i вынырвалi з iх, не адхiлялiся ў бакi. Iм было няважна - ёсць дарога цi няма, яны самi пракладвалi сабе дарогу. Iм было ўсё хоць бы што - узгоркi, лагчыны, канавы, агароды, будынкi.
      Чалавек на жалезным сядзеннi не падобны быў на чалавечую iстоту: рукавiцы, вялiкiя акуляры, гумавая маска ад пылу на носе i роце - ён здаваўся часткай гэтай махiны, робатам. Грукат цылiндраў разносiўся па ўсёй акрузе, пранiзваў паветра i зямлю, i зямля i паветра адгукалiся гулам i здрыгалiся ў лад яму. Трактарыст не меў улады над машынай - яна iшла напрасткi, кроячы дзесяткi фермаў, i таксама напрасткi вярталася назад. Лёгкi перавод рычага - i гусенiцы павярнулi б убок, але рука трактарыста не магла перавесцi рычаг, бо пачвара, што стварыла трактар i паслала яго сюды, завалодала рукамi трактарыста, яго мозгам, яго мускуламi, начапiла яму шоры, надзела наморднiк - шорамi зацямнiла яму розум, наморднiкам прыглушыла словы, зацямнiла свядомасць, прыглушыла пратэст. Ён не бачыў зямлi такой, якой яна была, не мог адчуць яе сапраўднага паху; ногi яго не размiналi камякоў гэтай зямлi, не адчувалi яе цеплынi, яе сiлы. Ён сядзеў на жалезным сядзеннi, ногi стаялi на жалезных педалях. Ён не мог нi падбадзёрваць, нi бiць, нi лаяць, нi падганяць гэту жалезную сiлу i таму не мог нi падбадзёрваць, нi бiць, нi падганяць самога сябе. Гэтай зямлi ён не ведаў, не валодаў ёю, у яе не верыў, нi аб чым яе не прасiў. Калi кiнутае ў зямлю зерне прарастала, яго гэта не тычылася. Калi маладыя атожылкi вялi ў засуху цi гiнулi ад пралiўных дажджоў, трактарыста гэта хвалявала так мала, як i сам трактар.
      Зямлю гэтую ён любiў не болей, чым любiў яе банк. Ён мог захапляцца трактарам - яго адшлiфаванымi паверхнямi, яго магутнай сiлай, выццём яго цылiндраў, але трактар не належаў яму. Трактар цягнуў за сабой блiскучыя дыскi, якiя рэзалi зямлю вострымi лёзамi - не ворыва, а хiрургiчная аперацыя; узняты пласт падаў направа, а другi рад дыскаў крышыў яго i валiў налева. Вострыя лёзы ззялi, адпалiраваныя зямлёй, у якую яны ўгрызалiся. А за дыскамi iшлi бароны, жалезнымi зубамi прачэсвалi зямлю - разбiвалi дробныя камякi i пакiдалi за сабой гладкую паверхню. Следам за бараной цягнулася сеялка дванаццаць жалезных дзетародных членаў, выкаваных на заводзе, па волi механiзмаў вывяргалi семя, метадычна i бясстрасна гвалтуючы зямлю. Трактарыст сядзеў на жалезным сядзеннi i ганарыўся прамымi барознамi, пракладзенымi мiма яго жадання, ганарыўся трактарам, да якога не адчуваў любовi i якi яму не належаў, ганарыўся сiлай, над якой не меў улады. А калi ўраджай выспяваў i яго збiралi, нiхто не размiнаў гарачых камякоў зямлi пальцамi, не прасейваў яе мiж iмi. Нiчые рукi не дакраналiся да насення, нiхто з замiраннем сэрца не чакаў новых усходаў. Людзi елi тое, што яны не вырошчвалi, памiж iмi i хлебам знiкла сувязное звяно. Зямля радзiла пад жалезам i пад жалезам паволi памiрала; яе нi любiлi, нi ненавiдзелi, да яе не звярталiся нi з малiтвай, нi з праклёнамi.
      Апоўднi трактарыст спыняўся каля фермерскага дамка i даставаў сняданак сандвiчы, загорнутыя ў васкаваную паперу: белы хлеб з марынаваным агурком, з сырам, з каўбасой i торцiк з кляймом, як на дэталi машыны. Ён еў без смаку. А яшчэ не выселеныя арандатары выходзiлi да яго з дамоў, з цiкавасцю пазiралi, як ён знiмае акуляры i гумавую маску, пад якiмi засталiся белыя кружкi вакол вачэй i вялiкi белы круг вакол носа i рота. Выхлапная труба цiха пафырквала, бо гаручае каштавала танна i не было нiякага сэнсу выключаць дызель, каб потым зноў праграваць яго. Цiкаўныя дзецi абступалi яго чародкай, абарваныя дзецi з аладкамi ў руках. Яны адкусвалi па кавалачку i прагнымi вачамi сачылi, як трактарыст раскручвае з паперы сандвiчы, завостранымi ад голаду насамi ўдыхалi пах агуркоў, сыру, каўбасы. Яны не загаворвалi з трактарыстам, толькi ўважлiва сачылi за рукой, што падносiла ежу да рота. Яны не глядзелi, як ён жуе, - iх вочы не адрывалiся ад рукi, у якой ён трымаў сандвiч. А неўзабаве падыходзiў арандатар, якi адмаўляўся пакiдаць свой участак, прысаджваўся на кукiшкi ў цянi трактара.
      - Цi не сын ты Джона Дэвiса?
      - Ён самы, - адказваў трактарыст.
      - Навошта ж ты пайшоў на такую работу - супраць сваiх?
      - Тры даляры ў дзень. Надакучыла поўзаць перад кожным з-за кавалка хлеба. У мяне жонка i дзецi. Трэба ж нешта есцi. Тры даляры ў дзень i пастаянная праца.
      - Усё так, - гаварыў арандатар. - Але праз твае тры даляры пятнаццаць цi дваццаць сем'яў сядзяць галодныя. Ледзь не сотнi людзей давялося зняцца з месца, i цяпер усе яны блукаюць па дарогах. Усё праз твае тры даляры ў дзень. Цi ж гэта справядлiва?
      Трактарыст адказваў:
      - Я пра ўсiх думаць не магу. Мая справа думаць пра сваiх дзяцей. Тры даляры ў дзень i пастаянна. Цяпер зусiм iншы час, мiстэр, хiба не ведаеце? Калi ў цябе няма двух, пяцi, дзесяцi тысяч акраў зямлi i трактара, на жыццё не заробiш. Такой драбязе, як мы з вамi, няма чаго i думаць пра свой участак. Вы ж не станеце скандалiць з тае прычыны, што не можаце выпускаць "форды" альбо кiраваць тэлефоннай кампанiяй? Тое самае i з зямлёй. Нiчога не зробiш. Пашукайце лепш дзе-небудзь работу за тры даляры ў дзень. Адзiнае выйсце.
      Арандатар пачынаў разважаць:
      - Дзiўная справа: калi ў чалавека ёсць маленькi ўчастак, ён з зямлёю гэтай як бы адно цэлае, яна - частка яго самога, усё роўна - што ён, што яна. Ён ходзiць па сваёй зямлi, прыкладае да яе свае рукi, бядуе, калi яна дрэнна родзiць, калi яе залiвае дажджом, бо ён i зямля - адно цэлае, толькi ён адчувае сябе мацнейшым за яе, таму што ён - гаспадар. Нават калi ўдача яго абмiнае, ён усё роўна, калi мае зямлю, адчувае над ёю сваю сiлу. Вось яно як.
      Арандатар працягваў думаць уголас:
      - А калi ў цябе вялiкi зямельны ўчастак, ты яго не можаш нават вокам акiнуць, не маеш часу памацаць зямлю сваiмi пальцамi, адчуць яе пад нагамi, i гаспадаром робiцца не чалавек, а зямля. Чалавек не вольны рабiць тое, што хоча, не вольны думаць, як хоча. Зямля мацнейшая за яго, яна - гаспадар. А чалавек робiцца маленькiм. Уладаннi яго вялiкiя, але ён толькi прыслугоўвае iм. I гэта таксама праўда.
      Трактарыст дажоўваў аштампаваны торт i кiдаў скарынку ўбок.
      - Час цяпер iншы, хiба не ведаеш? З такiмi думкамi ў галаве дзяцей не пракормiш. Зарабляй свае тры даляры ў дзень, кармi сям'ю. Трывожыцца за чужых дзяцей не твая справа. А то пойдзе пра цябе дрэнная пагалоска, i тады не бачыць табе i гэтых трох даляраў. Думай толькi пра свае тры даляры, нi пра што iншае, а не, дык заправiлы не дадуць табе i iх.
      - Праз твае тры даляры мо сотня людзей блукае па дарогах. Куды нам дзецца?
      - Добра, што нагадаў, - ажыўляўся трактарыст. - Выбiрайцеся хутчэй. Пасля абеду я заару ваш двор.
      - Калодзеж ты яшчэ ранiцай завалiў.
      - Ага. Баразну трэба весцi роўна. Вось пад'ем i заару двор. Барозны павiнны быць прамыя. I яшчэ... раз ты ўжо ведаеш майго старога, Джо Дэвiса, дык я, няхай сабе, скажу. На выпадак, калi арандатарская сям'я яшчэ не выехала, у мяне ёсць загад... Ну, усякае бывае... сам разумееш: пад'ехаў крыху заблiзка да дома, лёгенька крануў яго трактарам... i за гэта мне якiя два лiшнiя даляры. Малодшанькi мой яшчэ нiколi не насiў чаравiкаў.
      - Я сваiмi рукамi будаваў гэты дом. Выраўноўваў старыя цвiкi на абшыўку. Дротам прыкручваў кроквы да бэлек. Дом мой. Я сам яго будаваў. Пасмей толькi яго павалiць! Я стану ў акне са стрэльбай. Толькi паспрабуй пад'ехаць блiзка, i я падстрэлю цябе, як труса.
      - А я тут пры чым? Ад мяне нiчога не залежыць. Калi я не выканаю загаду, мяне з работы прагоняць. А цяпер падумай... Ну, дапусцiм, ты заб'еш мяне. Цябе павесяць, але яшчэ задоўга да таго, як на шыю табе накiнуць пятлю, сюды з'явiцца другi трактарыст i павалiць твой дом. Не таго ты збiраешся забiваць, каго трэба.
      - Усё так, - гаварыў арандатар. - А хто даў табе такi загад? Я да яго дабяруся. Вось з кiм трэба канчаць.
      - Зноў памыляешся. Ён сам атрымаў такi загад ад банка. Банк сказаў яму: "Усiх прагнаць, а не, дык вас з работы прагонiм".
      - Значыць, дырэктар банка... Цi праўленне. Наб'ю магазiн патронамi i пайду са стрэльбай у банк.
      Трактарыст гаварыў:
      - Ад аднаго чалавека я чуў, што банк атрымлiвае загады з усходу краiны. Апошнi загад быў такi: "Дамажыцеся, каб зямля давала прыбытак, iнакш мы вас закрыем".
      - Дзе ж канец? У каго страляць? Перш чым памерцi з голаду, я заб'ю таго, хто давёў мяне да галоднай смерцi.
      - Не ведаю. Можа, страляць i няма ў каго. Можа, людзi тут не вiнаватыя. Можа, ты праўду кажаш: зямля сама iмi распараджаецца. Ва ўсякiм разе, я папярэдзiў цябе.
      - Трэба падумаць, - гаварыў арандатар. - Усiм нам трэба добра падумаць. Не навальнiца ж гэта i не землетрасенне. Зло ўчынена людзьмi, i людзi павiнны яго выправiць.
      Арандатар адыходзiў ад трактара i садзiўся на ганак, а трактарыст запускаў грымлiвы матор i кранаўся з месца. Гусенiцы апускалiся i, выгiнаючыся, падымалiся, барана прачэсвала зямлю, сеялкi гвалцiлi зямлю. Трактар перасякаў двор, i цвёрдая, утаптаная зямля ператваралася ў засеянае поле; трактар паварочваў, i неўзараная паласа звужалася да дзесяцi футаў. Трактар рабiў новы заход, жалезны буфер угрызаўся ў вугал, крышыў сцяну, зрываў дамок з фундамента, i той валiўся набок, расцiснуты, як казюлька. Трактарыст быў у аўтамабiльных акулярах, гумавая маска закрывала яму нос i рот. Трактар iшоў напрасткi, зямля i паветра дрыжалi ад грукату матора. Арандатар пазiраў яму ўслед са стрэльбай у руцэ. Поплеч стаяла жонка, ззаду - прыцiхлыя дзецi. I ўсе пазiралi ўслед трактару.
      РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ
      З вяршынi ўзгорка прапаведнiк Кейсi i Том Джоўд пазiралi ўнiз, на сядзiбу Джоўдаў. Маленькi нефарбаваны дамок з праламаным вуглом ляжаў на баку, ссунуты з падмурка, i сляпымi пярэднiмi вокнамi глядзеў у неба значна вышэй рысы далягляду. Агароджы як не было, i бавоўна расла на самым двары, шчыльна падступала да паваленага дома, акружала свiран. Прыбiральня таксама валялася на баку сярод кустоў бавоўны. Двор, колiсь утаптаны босымi нагамi дзяцей, конскiмi капытамi i шырокiмi коламi фургона, быў цяпер узараным, уробленым полем, што зарасло цёмна-зялёным запыленым бавоўнiкам. Том Джоўд доўга глядзеў на касмыкаватую вярбу каля рассохлага вадапойнага карыта для коней, на бетонную аснову, на якой раней стаяла помпа вадакачкi.
      - О, Езус! - нарэшце вымавiў ён. - Чорт ведае што тут было! Нiдзе нi жывой душы.
      Ён паспешлiва спусцiўся па схiле, следам за iм - Кейсi. Зазiрнуў у свiран - пуста, на падлозе рассыпана сечка. Глянуў у кут на стойла мула; калi зазiрнуў туды, нешта зашаргацела па падлозе - гэта мышыны вывадак шмыгнуў, хаваючыся ад яго, пад салому. Джоўд спынiўся каля ўвахода ў паветку для гаспадарчых прылад - нiчога, акрамя зламанага лемяша, клубка зблытанага вязальнага дроту ў кутку, жалезнага кола ад сенавалакушы, згрызенага мышамi хамута для мула, пляскатай бляшанкi з-пад машыннага масла, пакрытай засохлай сумессю масла i гразi, i падранага камбiнезона на цвiку.
      - Нiчога не засталося, - сказаў Джоўд. - А ў нас было добрае гаспадарчае начынне. Не засталося нiчога.
      Кейсi сказаў:
      - Калi б я быў яшчэ прапаведнiкам, я вось бы як разважыў: гэта рука божая вас пакарала. А цяпер проста не ведаю, што i казаць. Даўно я тут не быў. I нiчога такога не чуў.
      Яны пайшлi да бетоннага века калодзежа - проста праз бавоўнiк, на якiм завязалiся ўжо каробачкi, усё дварышча было ўзарана i засеяна iм.
      - Мы тут нiколi нiчога не садзiлi i не сеялi, - сказаў Джоўд. - Двор быў як двор. А цяпер тут з канём i не павернешся, адразу ўсё патопча.
      Яны спынiлiся каля сухога вадапойнага карыта; травы, што звычайна расце ў такiх месцах, ужо не было, i тоўстая старая калода рассохлася i патрэскалася. На веку калодзежа тырчалi балты, да якiх раней мацавалася помпа, разьба заржавела, гаек не было. Джоўд зазiрнуў у калодзеж, плюнуў i прыслухаўся.
      - Добры быў калодзеж, - прамовiў ён. - А цяпер без вады. - Яму, вiдаць, не хацелася падыходзiць да дома. Стоячы ля калодзежа, ён кiдаў у яго камяк зямлi за камяком. - Можа, усе памерлi? Дык я пачуў бы пра гэта. Хто-небудзь сказаў бы мне.
      - А можа, яны пакiнулi ў доме пiсьмо цi што-небудзь такое. Цi маглi яны дазнацца, што цябе выпускаюць?
      - Не ведаю, - адказаў Джоўд. - Малаверагодна. Мне самому толькi тыдзень назад сказалi.
      - Давай глянем у дом. Вунь як ён скасабочыўся. Здорава яго дзеўбанулi!
      Яны паволi пайшлi да пахiленага дамка. Два слупы, што падпiралi стрэшку над ганкам, былi вывернуты, i стрэшка ўткнулася адным краем у зямлю. Вугал дома быў праламаны, праз расшчэпленыя дошкi вiднеўся кутнi пакой. Уваходныя дзверы адвiслi ўсярэдзiну, а нiзкая моцная загарадка перад iмi адкiнулася на скураных завесах у другi бок.
      Джоўд ступiў на нiжнюю прыступку ганка - тоўсты брус дванаццаць на дванаццаць цаляў.
      - Ганак на месцы, - сказаў Джоўд. - Але ў доме нiкога... цi, можа, мацi памерла. - Ён паказаў на загарадку. - Калi б мацi была недзе тут, загарадка была б на засаўцы, - позiрк яго пацяплеў. - Усё з таго дня, як у Джэйкабсаў свiння з'ела дзiцянё. Мiлi Джэйкабс пайшла па нешта ў свiран. Вяртаецца, а свiння дзiця ўжо даядае. Мiлi была цяжарная i так зайшлася ад крыку i енку, што з розуму кранулася. Так i засталася ненармальная. А мацi нашай гэта паслужыла перасцярогай. Нiколi загарадку зачынiць не забывалася. Значыць, так... з'ехалi або памерлi. - Ён падняўся на развернуты ганак i глянуў у кухню. Шыбы ўсе паразбiваныя, на падлозе каменне, маснiцы i сцены перакошаныя, на ўсiм тонкi пласт пылу. Джоўд паказаў рукой на асколкi шкла i каменне. Дзецi, - сказаў ён. - Яны дваццаць мiль прабягуць, абы акно дзе выбiць. Я сам такi быў. Яны нюхам чуюць, дзе пустуе дом. Ледзь толькi хто выедзе, яны - раз! - i там. - На кухнi было пуста - нi стала, нi табурэткi, ад плiты толькi след, праз круглую адтулiну комiна свiцiцца неба. На палiчцы над злiўной ракавiнай штопар i вiдэлец без тронкаў. Асцярожна ступаючы, Джоўд прабраўся ў пакой, i пад iм застагналi дошкi. Каля самай сцяны на падлозе валяўся стары нумар штотыднёвiка "Леджэр" з пажаўцелымi, загнутымi ў ражках старонкамi. Джоўд зазiрнуў у спальню - нi ложка, нi крэслаў. На сцяне каляровая iлюстрацыя дзяўчына-iндыянка, подпiс: "Чырвонае Крыло". Каля сцяны жалезная перакладзiна ад ложка, у куце - высокi жаночы чаравiк на гузiках з задраным угору наском i дзiркай у пад'ёме. Джоўд падняў яго, з усiх бакоў агледзеў.
      - Яго я памятаю, - сказаў ён. - Ён мамiн. Зусiм развалiўся. Яна яго шмат гадоў насiла. Яе любiмыя чаравiкi. Цяпер ясна - яны паехалi... i ўсё з сабой пазабiралi.
      Сонца апусцiлася нiзка, i цяпер яго промнi пранiкалi ў пакой праз верх нахiленых вокнаў i паблiсквалi на вострых тарцах пабiтых шыб. Нарэшце Джоўд павярнуўся i выйшаў. Спусцiўся з ганка, сеў на яго, паставiўшы ногi на шырокую нiжнюю прыступку. Па палях разлiвалася вячэрняе святло, ад кустоў бавоўны падалi на зямлю доўгiя ценi, палыселая вярба таксама адкiдала выцягнуты цень.
      Кейсi прысеў каля Джоўда.
      - Няўжо яны зусiм нiчога табе не пiсалi? - запытаўся ён.
      - Не. Я ж казаў табе. Яны не з тых, што пiшуць пiсьмы. Бацька мог бы, але не хацеў. Ён не аматар пiсаць. Ад адной толькi думкi пра гэта яго ў дрыжыкi кiдала. Бланк якога-небудзь заказу ён запоўнiць табе не горш, чым хто iншы, а каб лiст напiсаць - нiзашто.
      Яны сядзелi побач, пазiраючы ўдалячынь. Джоўд паклаў свой згорнуты пiнжак каля сябе. Рукi яго машынальна скруцiлi цыгарку, разгладзiлi яе i запалiлi; ён глыбока зацягнуўся i пусцiў дым праз нос.
      - Нешта тут нядобрае, - сказаў ён. - А што такое, даўмецца не магу. Розная дрэнь у галаву лезе. Дом павалены, нiкога няма...
      Кейсi сказаў:
      - Вунь там канава была, у якой я вас хрысцiў. Ты хлопчык някепскi быў, толькi дужа натурысты. Учапiўся дзяўчынцы той у коскi, як бульдог. Я вас хрысцiць у iмя духа святога, а ты яе не адпускаеш. Стары Том кажа: "Ты яго з галавой". Я i пiхнуў цябе пад ваду, i ты, толькi калi ўжо бурбалкi пачаў пускаць, пальцы расчапiў. Нядрэнны ты быў, толькi вельмi ўпарты. З такiх вось малых часцяком адчайныя мужчыны вырастаюць.
      Худая кошка, крадучыся, выйшла са свiрна, прабралася праз кусты бавоўнiку i падышла да ганка, бясшумна скокнула на яго i, нiзка прынiкшы да насцiлу, падпаўзла да людзей. Спынiлася мiж iмi крыху ззаду i распластала на дошках хвост, паторгваючы кончыкам. Яна сядзела, пазiраючы ўдалячынь, - туды ж, куды глядзелi людзi. Джоўд азiрнуўся.
      - А божухна! - усклiкнуў ён. - Глянь, хто тут! Выходзiць, усё ж такi нехта застаўся. - Джоўд працягнуў руку да кошкi, але тая адскочыла, села крыху далей, падняла лапку i пачала лiзаць падушачкi. Джоўд здзiўлена пазiраў на яе. - Цяпер я ведаю, што тут было, - раптам сказаў ён. - Кошка падказала мне, якая ў нас тут бяда ўчынiлася.
      - Калi б толькi тут... - прамовiў Кейсi.
      - Ага. Не толькi ў нас, на нашай ферме. Чаму кошка не пайшла да суседзяў да Рэнсаў? I чаму нiхто не садраў абшыўкi з дома? Ён ужо тры цi чатыры месяцы пустуе, а нiхто нi дошчачкi не ўзяў. Свiран з добрых тоўстых дошак, на доме не горшыя, аконныя рамы на месцы - нiхто не паквапiўся. Так не бывае. Гэта мне i было дзiўна, i я ўсё галаву ламаў - што такое здарылася?
      - I да чаго дадумаўся? - Кейсi нахiлiўся, зняў з ног туфлi, паставiў босыя ступнi на прыступку i паварушыў доўгiмi пальцамi.
      - Толкам нi да чога.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34