Современная электронная библиотека ModernLib.Net

Гронкi гневу (на белорусском языке)

ModernLib.Net / Стейнбек Джон / Гронкi гневу (на белорусском языке) - Чтение (стр. 29)
Автор: Стейнбек Джон
Жанр:

 

 


      - Не. Я ж сказаў - тут пахаджу.
      - Як хочаш. - Том павярнуўся i не спяшаючыся пакрочыў па вулачцы. Дым ад комiнаў над дамкамi слаўся нiзка, лiхтары вымалёўвалi на зямлi светлыя плямы вокнаў i дзвярных праёмаў. На прыступках ганкаў сядзелi людзi i пазiралi ў цемру. Том бачыў, як яны паварочвалi галовы, праводзячы яго позiркам. Ад апошняга домiка дарога пайшла па скошанай сенажацi, на якой у зорным святле чарнелi копы сена. Тонкi сярпок месяца нiзка вiсеў на заходнiм небасхiле, а над галавой доўгiм светлым воблакам цягнуўся Млечны Шлях. Ногi Тома мякка ступалi па пыльнай дарозе - цёмнай стужцы на жоўтай пакошы. Том засунуў рукi ў кiшэнi i пайшоў да ўязных варот. Уздоўж дарогi цягнуўся насып. Чутно было, як шапоча вада сярод травы ў арашальнай канаве. Том падняўся на насып, глянуў на цёмную ваду i ўбачыў у ёй расцягнутыя адлюстраваннi зорак. А там, наперадзе, пралягала галоўная шаша штата. Яе выдавала мiльгаценне аўтамабiльных агнёў. Том пайшоў далей. Пры святле зорак вiдны былi высокiя драцяныя вароты.
      Збоку ад дарогi варухнулася нечая цёмная постаць. Пачуўся воклiк:
      - Стой! Хто iдзе?
      Том замёр на месцы.
      - А ты хто?
      З зямлi падняўся чалавек i падышоў да Тома. У яго ў руцэ Том убачыў рэвальвер. Святло кiшэннага, лiхтарыка ўдарыла яму ў твар.
      - Куды гэта ты выправiўся?
      - А так, пагуляць выйшаў. А што, забаронена?
      - Гуляй дзе-небудзь далей адсюль.
      Том запытаўся:
      - Што, з лагера выходзiць нельга?
      - Гэтай ноччу нельга. Ну, пойдзеш назад сам цi мне свiстком падмогу паклiкаць? Цябе сiлай назад адвядуць.
      - Чорт з iм, мне ўсё роўна. Нельга дык нельга, мне што. Ну, назад пайду.
      Цёмная постаць адступiла. Лiхтарык пагас.
      - Пра вас жа клапоцiмся, разумееш? А то схопяць гэтыя вар'яты пiкетчыкi.
      - Якiя пiкетчыкi?
      - Ну, гэтыя, халера на iх... чырвоныя.
      - А-а... Я нiчога пра iх не чуў.
      - Ты ж бачыў iх, як сюды ехаў.
      - Ну, бачыў нейкiх людзей, але там столькi было палiсменаў, што не разабраў, хто дзе. Я падумаў - аварыя.
      - Ну, давай, тупай назад.
      -Што ж, назад дык назад. -Том павярнуўся i пайшоў. Ён няспешна прайшоў па дарозе ярдаў сто, потым спынiўся i прыслухаўся. Каля арашальнай канавы дзяўкаў янот, недзе далёка зласлiва гыркаў на прывязi сабака. Том сеў на абочыне. Ён чуў цiхi клёкат начной птушкi-драпежнiка i шолах сцяблiнак ад падкрадлiвых рухаў звяркоў у атаве. Ён абвёў позiркам няроўную лiнiю бачнага гарызонту перад сабой i ззаду - i там i тут цёмныя гарбы стажкоў, на iх фоне яго не ўбачаць. Ён падняўся з зямлi i асцярожна збочыў з дарогi направа, на скошаны луг, нахiлiўшыся амаль упоравень са стажкамi. Том iшоў паволi, час ад часу спыняўся i прыслухоўваўся. Нарэшце дайшоў да агароджы - пяць радоў туга нацягнутага калючага дроту. Лёгшы на спiну, ён прасунуў галаву пад нiжнi рад, крыху падняў дрот рукой i, адпiхваючыся нагамi, пралез на другi бок.
      Том хацеў ужо ўстаць, але на краi шашы паказалiся людзi. Ён пачакаў, пакуль яны пройдуць далёка наперад, падняўся i пайшоў у тым самым кiрунку. Ён уважлiва прыглядаўся, цi няма дзе палатак. Па шашы зрэдку прабягалi машыны. Дайшоўшы да бетоннага мастка над рачулкай, што праразала луг, Том зазiрнуў цераз парапет унiз. На дне глыбокага яра вiднелася палатка, у якой гарэў лiхтар. З хвiлiну ён узiраўся ў яе, убачыў чалавечыя ценi на брызенце. Тады пералез цераз нейкую агароджу i пачаў спускацца ў яр, прадзiраючыся праз хмызняк i нiзкае вербалоззе. Унiзе, каля рэчкi, выйшаў на сцяжынку. Перад палаткай на скрынi сядзеў чалавек.
      - Добры вечар, - павiтаўся Том.
      - А ты хто такi?
      - Я... ну... так проста... мiма iшоў.
      - Каго-небудзь тут ведаеш?
      - Не. Кажу ж, мiма iшоў.
      З палаткi высунулася нечая галава.
      - Што там у цябе? - пачуўся голас.
      - Кейсi! - усклiкнуў Том. - Кейсi! Як ты тут апынуўся?
      - А госпадзi! Ды гэта ж Том Джоўд! Iдзi сюды, Томi. Уваходзь.
      - Ты яго ведаеш? - здзiвiўся чалавек, што сядзеў на скрынi.
      - Цi ведаю я яго? Пытанне! Колькi гадоў ужо знаемся. Мы з iм сюды, на Захад, разам прыехалi. Заходзь жа, Том. - Кейсi схапiў Тома за локаць i ўцягнуў у палатку.
      У ёй вакол лiхтара сядзелi на зямлi чатыры чалавекi. Яны недаверлiва паглядзелi на Тома. Адзiн з iх, смуглы, суровы з выгляду мужчына, падаў яму руку.
      - Вельмi рады, - сказаў ён. - Я чуў, як цёпла цябе Кейсi сустрэў. Дык гэта той хлопец, пра якога ты нам, Кейсi, гаварыў?
      - Ён самы. Ах ты, госпадзi! Дзе ж усе твае? Што ты тут робiш?
      - Ды вось, пачулi мы, што тут ёсць праца, - адказаў Том. - Пад'язджаем, а на шашы цэлая плойма палiсменаў, ну i загналi нас на гэту ферму. Дацямна персiкi збiралi. Перад варотамi нейкiя людзi нам нешта крычалi ўслед. А ў чым справа, так мне нiхто i не сказаў. Вось я i пайшоў сюды, каб даведацца, што тут такое робiцца. Якiм ветрам цябе занесла сюды, Кейсi?
      Кейсi нахiлiўся наперад, i жоўтае святло лiхтара асвятлiла яго высокi бледны лоб.
      - Дзiўнае месца - турма, - сказаў прапаведнiк. - Вось адыходзiў я ў пустыню, як Хрыстос, каб там усё добра абдумаць i зразумець. I бывала, сёе-тое праяснялася. А па-сапраўднаму стала ўсё ясна толькi ў турме. - Вочы ў яго былi жывыя i вясёлыя. - Вялiкая камера, увесь час поўная. Адны пакiдаюць яе, другiя прыходзяць. Я, канешне, з усiмi гаварыў.
      - Дзiва што! - сказаў Том. - Табе абы пагаварыць. Калi б цябе на шыбенiцы вешалi, i то ты паспеў бы з катам слоўцам перакiнуцца. Такiх гаваркiх я ў жыццi не бачыў.
      Усе пырхнулi ад смеху. Адзiн - сухенькi стары з маршчынiстым тварам ляпнуў сябе па калене.
      - Усё гаворыць i гаворыць, - сказаў ён. - А людзям гэта даспадобы слухаюць.
      - Ён жа ж прапаведнiкам быў, - сказаў Том. - Цi гаварыў ён вам?
      - А як жа - гаварыў.
      Кейсi шырока ўсмiхнуўся.
      - Дык вось, - зноў загаварыў ён, - пачаў я ў сiм-тым разбiрацца. Розныя людзi ў турму трапляюць - хто за п'янства, хто за крадзеж, апошнiх пераважная большасць. I крадуць галоўным чынам тое, без чаго нельга абысцiся, а дастаць iншым спосабам яны не могуць. Разумееш?
      - Не, - адказаў Том.
      - Усе яны, па сутнасцi, добрыя людзi. А што iх падбiла на злачынства? Нястача. I я пачаў разумець - усё зло ў нястачы. Але да канца яснасцi ў мяне не было. I вось аднаго дня даюць нам перакiслыя бабы. Адзiн падняў крык, а што толку? Крычыць-надрываецца. Дзяжурны зазiрнуў у камеру i пайшоў. Тады другi пачынае крычаць. I тут мы ўжо ўсе падхапiлi хорам, цягнем адну ноту, i, паверыш, сцены камеры, здавалася, раздалiся i вось-вось абваляцца ад нашага крыку. Бог ты мой, што тут усчалося! Наглядчыкi забегалi, замiтусiлiся i, як мiленькiя, прынеслi другую яду. Цяпер разумееш?
      - Не, - адказаў Том.
      Кейсi падпёр падбародак далонямi.
      - Можа, я не магу табе ўтлумачыць, - сказаў ён. - Можа, табе самому трэба да гэтага дайсцi. А дзе кепка твая?
      - Пайшоў без яе.
      - Сястра твая як?
      - А! Растаўсцела, як карова. Ручаюся, двайнят народзiць. Жывот сама раз на колы ставiць. Усё яго рукамi падтрымлiвае. А ты мне так i не растлумачыў, што тут такое адбываецца.
      Сухенькi стары сказаў:
      - Мы бастуем. У нас тут забастоўка.
      - Канешне, пяць цэнтаў за скрыню малавата, але пракармiцца ўсё ж неяк можна.
      - Пяць цэнтаў? - здзiвiўся стары. - Пяць цэнтаў! Вам пяць цэнтаў плацяць?
      - Пяць. Сёння мы паўтара даляра зарабiлi.
      У палатцы запанавала напружаная цiшыня. Кейсi доўга моўчкi глядзеў праз уваходны праём палаткi.
      - Слухай, Том, - нарэшце сказаў ён. - Мы прыехалi сюды працаваць. Нам паабяцалi пяць цэнтаў. Народу сабралася процьма. Прыходзiм у сад, а нам кажуць: два з паловай цэнты. На гэта i адзiн не пракормiшся, а калi ў цябе дзецi... Мы адмовiлiся. Нас выгналi. I тут наляцела цэлая зграя палiсменаў. А цяпер вам плацяць па пяць. Калi разгоняць забастоўшчыкаў, думаеш, вам так i будуць па пяць цэнтаў плацiць?
      - Адкуль я ведаю, - адказаў Том. - Пакуль што плацяць.
      - Слухай. Мы хацелi спынiцца ўсе ў адным месцы, а нас разагналi, як свiней, у розныя бакi. Шмат каго добра пабiлi. Як свiней, нас гналi. А вас, як свiней, загналi ў вароты. Мы доўга не пратрымаемся. Некаторыя два ўжо днi нiчога ў роце не мелi. Ты сёння назад пойдзеш?
      - Хачу сёння.
      - Дык вось што... раскажы там людзям пра ўсё, Том. Растлумач iм, што яны мораць нас голадам, а сабе нож у спiну ўсаджваюць. Ясней яснага - як толькi з намi расправяцца, вам тут жа да двух з паловай збавяць.
      - Паспрабую, раскажу, - сказаў Том. - Толькi як гэта зрабiць, не ведаю. Нiколi такой аховы не бачыў, усе ўзброеныя. Пэўна, i гаварыць мiж сабою не дазваляюць. Усе моўчкi мiма праходзяць. Вочы долу i хоць бы "дзень добры" сказалi.
      - А ты, Том, паспрабуй. Ледзь толькi мы пойдзем адсюль, плату адразу зрэжуць напалову. Ты ж сам ведаеш, што гэта такое - абабраць i перацягаць цэлую тону персiкаў усяго за адзiн даляр. - Кейсi панурыўся. - Не... так нельга. Так сыты не будзеш. Не пракормiшся.
      - Ну, паспрабую як-небудзь iм усё растлумачыць.
      - А мацi як твая?
      - А так, нiчога. Вельмi ўжо ёй спадабаўся ўрадавы лагер. Душавыя, вада гарачая...
      - Ага, я чуў пра гэта.
      - Добра было там. Толькi вось працы мы не знайшлi. Мусiлi паехаць.
      - Хацеў бы я пабыць у такiм лагеры, - сказаў Кейсi. - Глянуць, як там i што. Палiсмены туды, я чуў, носа не паказваюць.
      - Людзi там самi сабе палiсмены.
      Кейсi здзiўлена падняў на Тома вочы.
      - А непарадкi былi? Ну там бойкi, крадзеж, п'янства?
      - Не, не было.
      - Ну, а калi хто паводзiць сябе блага? Што ў такiх выпадках робяць?
      - З лагера выганяюць.
      - А часта такое здаралася?
      - Не. Мы там месяц пражылi, а ўсяго адзiн выпадак быў.
      Вочы ў Кейсi заблiшчалi. Ён павярнуўся да астатнiх мужчын, што сядзелi ў палатцы.
      - Во, бачыце? - усклiкнуў ён. - Што я вам казаў? Палiсмены не столькi непарадкi спыняюць, колькi самi iх разводзяць. Дык слухай, Том, паспрабуй з людзьмi пагаварыць, няхай яны таксама забастуюць. Гэта можна было б зрабiць днi праз два. Персiкi ўсе паспелi. Растлумач iм.
      - Не забастуюць, - сказаў Том. - Пяць манет атрымлiваюць, а ўсё астатняе iх не хвалюе.
      - Але ж як толькi гаспадару не патрэбны будуць штрэйкбрэхеры, плацiць iм па пяць цэнтаў не будуць.
      - Я не ўпэўнены, што да iх гэта дойдзе. Пяць цэнтаў iм даюць, i больш яны ведаць нiчога не хочуць.
      - А ты ўсё ж паспрабуй.
      - Бацька на гэта не пойдзе, - сказаў Том. - Я яго ведаю. Скажа, не яго справа.
      - Яно так, - паныла пагадзiўся Кейсi. - Гэтак, бадай што, i зробiць. Спярша яму трэба, вiдаць, на сваёй шкуры ўсё зведаць.
      - Мы галадалi. А сёння елi мяса на вячэру - трохi, але паелi. Бацька, думаеш, дзеля другiх ад мяса адмовiцца? Мацi, думаеш, заморыць даччыно дзiця толькi таму, што за варотамi нехта там горла дзярэ?
      Кейсi тужлiва сказаў:
      - Так хочацца, каб людзi зразумелi. Каб яны зразумелi, што забяспечыць сябе мясам можна толькi так... А, чорт! Падчас такая бярэ мяне стома... Страшэнная стома. Быў з намi ў камеры чалавек адзiн. Пры мне яго пасадзiлi. Усё хацеў саюз стварыць. У адным месцы ўдалося. Ды неўзабаве наляцелi малойчыкi з "Камiтэта пiльнасцi". I ведаеш, што было? Тыя самыя людзi, якiм ён хацеў памагчы, адштурхнулi яго. Не пажадалi знацца з iм. Баялiся паказацца разам з iм. "Iдзi ад нас, - сказалi. - З табой бяды не абярэшся". У турме ён моцна перажываў. А неяк раз кажа: "Не так ужо i кепска, калi гiсторыю ведаць. Вазьмi французскую рэвалюцыю - усiм, хто яе задумаў, галовы паадсякалi. I так заўсёды было, - кажа. - Зусiм натуральна - як дождж з хмарнага неба. Але ж не дзеля забавы ўсё гэта робiш - iначай не можаш. Такая ўжо ў цябе натура. Вось Джордж Вашынгтон. Арганiзаваў рэвалюцыю, а пасля ўся сволач на яго апалчылася. I з Лiнкальнам тое самае - смерцю яму пагражалi. Натуральна, як дождж".
      - Нiякавай забавы тут i блiзка няма, - пагадзiўся Том.
      - Ясна, няма. А яшчэ ён нам у турме гаварыў: "Ва ўсякiм разе, ты стараешся як можаш. Галоўнае, кажа, каб кожны раз рабiць хоць адзiн маленькi крок наперад; можа, калi крыху i адступiш, але нiколi не будзе поўнага вяртання назад. Гэта лёгка даказаць, кажа, i гэтым усё апраўдваецца. А значыць, дарэмна нiчога не робiцца, хоць часам так можа здацца".
      - Усё гаворыш, - сказаў Том. - Гаворыш, гаворыш... Вось вазьмi брата майго - Эла. Ён толькi i ведае, што за дзеўкамi ганяцца. Да астатняга яму справы няма. Днi праз два i тут падчэпiць якую. Цэлымi днямi ў яго толькi адно наўме, начамi можа гэтым займацца. Пляваць ён хацеў на нейкiя там крокi - што наперад, што назад, што ўбок.
      - Натуральна, - сказаў Кейсi. - Правiльна. Ён робiць тое, што яму належыць. I ўсе мы так.
      Чалавек, што сядзеў перад палаткай, адкiнуў брызентавую полку.
      - Нешта не падабаецца мне, каб на яго лiха, - сказаў ён.
      Кейсi вызiрнуў з палаткi.
      - Што там у цябе?
      - Ды сам не ведаю. Не па сабе мне. Раз-пораз насцярожваюся, як кошка.
      - Дык што ж там такое?
      - Сказаць не магу. Раптам здасца, быццам пачую нешта, а прыслухаюся нiчога.
      - Проста пужлiвы стаў, - сказаў сухенькi стары, падняўся на ногi i выйшаў. Праз момант ён усунуў галаву ў палатку: - Вялiкая чорная хмара праплывае. Навальнiчная. Вось ад чаго яму не па сабе - ад электрычнасцi. - Ён знiк у цемры. Астатнiя двое ўсталi i выйшлi з палаткi.
      Кейсi сказаў Тому:
      - Усiм iм не па сабе. Палiсмены не перастаюць гразiцца дух з нас выбiць i выгнаць з iхняй акругi. А мяне важаком лiчаць, бо я шмат гавару.
      У палатку зноў зазiрнуў маршчынiсты твар:
      - Патушы лiхтар, Кейсi. I выйдзi. Тут нешта нядобра.
      Кейсi прыкруцiў кнот. Агеньчык нырнуў у шчылiну, успыхнуў i патух. Прапаведнiк навобмацак выйшаў з палаткi. Том - за iм.
      - Што такое? - цiха запытаўся Кейсi.
      - Не магу сказаць. Вось паслухай.
      Безупыннае кваканне жаб злiвалася з цiшынёй. Сухi, рэзкi строкат цвыркуноў. Але на гэтым фоне чулiся i iншыя гукi - быццам крокi па дарозе, шэлест кустоў уздоўж рачулкi i пахрустванне пясчаных камякоў на яе беразе.
      - Нешта нiчога не разбяру. Падманлiва. Гэта проста ад нерваў, - супакойваў людзей Кейсi. - У нас ва ўсiх нервы напружаныя. Не, нiчога такога не чую. А ты, Том?
      - А я чую, - адказаў Том. - Ага, чую... Па-мойму, нас акружаюць. Давайце лепш пойдзем адсюль.
      Маршчынiсты стары шапнуў:
      - Пад мост... вунь туды. Шкада толькi палатку пакiдаць.
      - Пайшлi, - сказаў Кейсi.
      Яны цiха пасунулiся па беразе рачулкi да моста. Перад iмi паўстаў чорны пралёт - як пячора. Кейсi прыгнуўся i пайшоў пад арку, Том - следам. Ногi iх бязгучна ступiлi ў ваду. Яны прайшлi футаў трыццаць, дыханне iх цiхiм рэхам аддавалася пад скляпеннем. Яны выйшлi на другi бок i выпрасталiся.
      Раптам крык:
      - Вунь яны! - Два пучкi святла ад электрычных лiхтароў упалi на iх, уткнулiся iм у твары, асляпiлi iх. - Стой, нi з месца! - Галасы iшлi з цемры. - Гэта ён! Лабасты вырадак. Ён самы.
      Кейсi, як сляпы, глядзеў на святло. Ён цяжка дыхаў.
      - Паслухайце, - сказаў ён. - Вы не ведаеце, што творыце. Вы дзяцей хочаце замарыць голадам.
      - Маўчаць, чырвоная сволач!
      На святло выйшаў грузны, прысадзiсты чалавек. У руцэ ён трымаў новенькае белае дзяржальна ад кiркi.
      Кейсi паўтарыў:
      - Вы не ведаеце, што творыце.
      Чалавек замахнуўся дзяржальнам. Кейсi нырнуў унiз. Цяжкая палка з глухiм трэскам ударыла яго па скронi. Кейсi адвалiўся ўбок, у цемру.
      - Госпадзi, Джордж! Ты, няйначай, забiў яго!
      - Пасвяцi, - сказаў Джордж. - Таму як i трэба, сволачы. - Пучок святла ўпаў унiз, пашнарыў па зямлi i асвятлiў размажджэраную галаву прапаведнiка.
      Том паглядзеў на Кейсi. Вузкi пучок святла выхапiў з цемры масiўныя ногi Джорджа i новую белую ручку ад кiркi. Том скокнуў моўчкi. Ён выхапiў палку ў Джорджа з рук. Першы ўдар - ён зразумеў адразу - не трапiў у цэль, прыйшоўся па плячы, але другi раз цяжкая палка з усяе сiлы апусцiлася на галаву, i, калi чалавек павалiўся, на яе абрынулiся яшчэ тры ўдары. Пучкi святла загойсалi з боку ў бок. Пачулiся крыкi, тупат ног, трэск кустоўя. Том стаяў над распластаным на зямлi целам. I раптам - слiзгатлiвы ўдар па галаве. Тома нiбы працяло токам. Ён пабег уздоўж ручая, нiзка прыгнуўшыся. Ззаду заплёхалi па вадзе ногi. Том крута збочыў i, прадзiраючыся мiж кустоў, забраўся ў самы гушчар яданоснага сумаху. Там, прыпаўшы да зямлi, замёр. Крокi наблiжалiся, святло электрычных лiхтароў прасвечвала ручай да самага дна. Том паўзком падняўся па адхоне i апынуўся ў фруктовым садзе. Крыкi даносiлiся i сюды. Яго шукалi ўнiзе, каля ручая. Том нiзка прыгнуўся i пабег напрасткi па садовых градах, i камякi зямлi расцiскалiся пад яго нагамi, ляцелi ў бакi. Наперадзе ён разгледзеў кустоўе, якое акаймоўвала арашальную канаву. Ён пралез праз жываплот, прадраўся праз вiнаграднiк i кусты ажыны. Там, хрыпла дыхаючы, лёг на зямлю. Твар i нос у яго анямелi. Нос быў разбiты, па падбародку тонкiм струменьчыкам сцякала кроў. Ён ляжаў нiцма, пакуль не праяснiлася ў галаве. I тады паволi папоўз да краю канавы. Абмыў твар халоднай вадой, адарваў шматок ад падола сваёй сiняй кашулi i прыклаў да параненай шчакi i да носа. Востры боль апёк яго твар.
      Навальнiчная хмара адплыла ўжо на край небасхiлу - чорная пляма на зорным небе. Зноў запанавала начная цiшыня.
      Том ступiў у ваду i адразу страцiў апору пад нагамi. Разы два ўзмахнуўшы рукамi, ён пераплыў канаву i з цяжкасцю вылез на другi бераг. Мокрая адзежа прылiпла да цела. Ён з плёскатам зрабiў некалькi крокаў, у чаравiках хлюпала вада. Том сеў, зняў чаравiкi, вылiў з iх ваду. Потым выцiснуў ваду ўнiзе з калашын, зняў пiнжак i выкруцiў яго.
      Наперадзе, каля шашы, па зямлi скакалi агнi электрычных лiхтарыкаў - яго шукалi ў прыдарожных канавах. Асцярожна ступаючы, Том пайшоў па скошаным лузе. У чаравiках ужо не хлюпала. Ён наўздагад пакiраваў на другi край пакошы i нарэшце выбраўся на грунтавую дарогу. Крадучыся, ён падышоў да прамавугольнiка лагера.
      Вартавы, пачуўшы шоргат, крыкнуў:
      - Хто iдзе?
      Том упаў на жывот i замёр, промень святла слiзгануў над iм. Том бясшумна падпоўз да свайго домiка. Рыпнулi завесы дзвярэй. Пачуўся голас мацi спакойны, цвёрды, не заспаны:
      - Хто тут?
      - Я, Том.
      - Ты б ужо спаць клаўся. Эла яшчэ няма.
      - Пэўна, дзеўку знайшоў.
      - Iдзi кладзiся, - цiха сказала мацi. - Вунь там, каля акна.
      Том знайшоў свой матрац i раздзеўся дагала. Ён ляжаў пад коўдрай i калацiўся ўсiм целам. Анямеласць у разбiтым твары праходзiла, i боль цяпер разлiваўся па ўсёй галаве.
      Толькi праз гадзiну вярнуўся Эл. Ён асцярожна падышоў да Тома i наступiў на яго мокрую адзежу.
      - Тсс... - прашаптаў Том.
      Эл шэптам запытаўся:
      - Не спiш? Дзе ты так прамок?
      - Тсс... Ранiцай скажу.
      Бацька перавярнуўся на спiну, гучна запыхкаў i захроп.
      - Якi ты халодны, - сказаў Эл.
      - Тсс... Спi. - Маленькае акенца шэрым квадратам выступала з цемры.
      Тома сон не браў. Нервы на твары ажылi i занылi, балела скула, разбiты нос распух, у iм затахкаў такi моцны боль, ад якога, здавалася, усё цела скаланаецца i падскоквае. Том глядзеў на маленькi квадрат акна, бачыў, як паволi праслiзгваюць i знiкаюць за аконнай рамай зоркi. Час ад часу да яго слыху даносiлiся крокi вартавых.
      Нарэшце недзе далёка заспявалi пеўнi, акно крыху пасвятлела. Том дакрануўся кончыкамi пальцаў да апухлага твару, i Эл, патрывожаны гэтым рухам, застагнаў i замармытаў у сне.
      I вось стала вiднець. У прыцiснутых адзiн да аднаго домiках абудзiлася жыццё - пачуўся трэск сушняку, бразганне патэльняў. Мацi раптам прыўзнялася i села на матрацы, i ў пашарэлым змроку пакоя Том разгледзеў яе твар, ацёклы ад сну. Яна скiравала позiрк на акно i доўга глядзела. Потым адкiнула коўдру i знайшла рукой сукенку. Седзячы, яна накiнула яе на галаву, падняла рукi, i сукенка ўпала да пояса. Мацi паднялася, апусцiла сукенку да шчыкалатак i, асцярожна ступаючы босымi нагамi, падышла да акна. Так, гледзячы, як паступова святлее за акном, яна спрытнымi пальцамi распляла валасы, разраўняла пасмы i зноў запляла iх. Склаўшы рукi на грудзях, яна яшчэ крыху пастаяла нерухома. Святло з акна падала на яе твар. Яна павярнулася, бязгучна прайшла мiж матрацаў i ўзяла лiхтар. Скрыгатнуўшы, падняўся шчыток, i яна паднесла запалку да кнота.
      Бацька павярнуўся на бок i, жмурачыся, глянуў на мацi.
      - Ты яшчэ што-небудзь атрымаў, та? - запыталася яна.
      - Квiток на шэсцьдзесят цэнтаў.
      - Тады падымайся, схадзi купi мукi i топленага сала. Не марудзь.
      Бацька пазяхнуў.
      - Крама, можа, яшчэ не адчынена.
      - Дык няхай адчыняць. Трэба вас снеданнем накармiць. Ужо хутка на працу iсцi.
      Бацька нацягнуў камбiнезон, надзеў парыжэлы пiнжак i, пазяхаючы i пацягваючыся, лянiва выйшаў з домiка.
      Малыя дзецi прачнулiся i, як мышаняты, вызiралi з-пад коўдры. Ад шэрага перадсвiтальнага святла ў пакоi крыху парадзеў змрок. Мацi паглядзела на матрацы. Дзядзька Джон ужо прачнуўся, а Эл яшчэ моцна спаў. Яе позiрк спынiўся на Томе. З хвiлiну яна прыглядалася да яго, потым паспешлiва падышла. Твар у Тома быў апухлы, сiнi, на губах i на падбародку чарнела запечаная кроў. Рваная рана на шчацэ туга сцягнулася па краях.
      - Том, - прашаптала мацi, - што з табой такое?
      - Тсс... -сказаў Том. - Гавары цiшэй. Я ўвязаўся ў бойку.
      - Том!
      - Так атрымалася, ма.
      Яна апусцiлася каля яго на каленi.
      - Ты трапiў у бяду?
      Том доўга не адказваў ёй.
      - Ага, - нарэшце вымавiў ён, - у бяду. На працу сёння мне нельга iсцi. Трэба хавацца.
      Дзецi падпаўзлi да iх на карачках, з прагнай цiкаўнасцю пазiраючы на Тома.
      - Што з iм, ма?
      - Цiха! - загадала мацi. - Iдзiце памыйцеся.
      - У нас мыла няма.
      - Ну проста вадой.
      - А што з Томам?
      - Зараз жа замаўчыце. I нiкому нi слова.
      Дзецi задам адпаўзлi да процiлеглай сцяны i там прыселi на кукiшках, упэўненыя, што на iх нiхто больш увагi не зверне.
      Мацi запыталася ў Тома:
      - Што-небудзь сур'ёзнае?
      - Нос разбiты.
      - Я пра iншае пытаюся.
      - Ага, вельмi.
      Эл расплюшчыў вочы i глянуў на Тома.
      - Госпадзi! Дзе гэта цябе так?
      - А што такое? - пачуўся голас дзядзькi Джона.
      Прытупаў бацька з крамы.
      - Было адчынена. - Ён паклаў на падлогу каля печкi маленькi мяшэчак мукi i пакецiк з топленым салам. - Што здарылася? - запытаўся ён у Тома.
      Том прыўзняўся на локцi i амаль адразу лёг.
      - Эх i аслабеў я. Зараз раскажу. Так, каб усiм адразу. А дзецi?
      Мацi глянула на малых, якiя прыцiснулiся да сцяны.
      - Iдзiце хоць твары памыйце, - сказала яна iм.
      - Не, - сказаў Том. - Няхай паслухаюць. Няхай таксама ведаюць. А то прагаварыцца могуць.
      - Што ж усё-такi здарылася? - дапытваўся бацька.
      - Зараз раскажу. Учора вечарам я пайшоў разведаць, чаго яны там за варотамi так крычалi. I сустрэўся з Кейсi.
      - З прапаведнiкам?
      - З iм, та. З прапаведнiкам. Ён забастоўкай кiраваў, i па яго прыйшлi.
      - Хто прыйшоў?
      - Не ведаю. Нейкiя людзi - накшталт тых, што завярнулi нас назад, калi мы ехалi па шашы той ноччу. З ручкамi ад кiрак. - Том памаўчаў. - Яго забiлi. Размазджэрылi галаву. Я там блiзка стаяў. Я быццам розум страцiў. Я вырваў палку. - Перад вачамi ў Тома зноў паўстала ноч - цемра, агнi лiхтароў. - Я... я бiў яго палкай.
      У мацi перахапiла дыханне. Бацька быццам скамянеў.
      - Ты забiў чалавека? - нарэшце прашаптаў ён.
      - Я... не ведаю. У мяне ў галаве ўсё перакруцiлася. Хацеў забiць.
      Мацi запыталася:
      - Цябе бачылi?
      - Не ведаю. Не ведаю. Напэўна, бачылi. Яны нас лiхтарамi асвятлялi.
      Мацi з хвiлiну пiльна глядзела яму ў вочы.
      - Разламай скрынкi, та, - сказала яна. - Трэба снеданне прыгатаваць. Вам на працу хутка iсцi. Руцi, Уiнфiлд! Калi хто спытаецца - Том захварэў, чуеце? А балбатаць будзеце... яго... у турму пасадзяць. Зразумелi?
      - Так, мэм.
      - Ты, Джон, вачэй з iх не спускай. Пасачы, каб яны нi з кiм не гаварылi. Калi бацька пачаў ламаць пустыя скрынкi, у якiх раней ляжаў iхнi скарб, мацi распалiла агонь у печцы, развяла рэдкае цеста, паставiла на плiту кафейнiк. Тонкiя дошкi добра гарэлi, агонь з гулам рваўся ў трубу.
      Бацька разламаў апошнюю скрынку i падышоў да Тома.
      Том хмурна сказаў:
      - Яны ехалi сюды працаваць за пяць цэнтаў са скрынi.
      - Нам столькi i плацяць.
      - Плацяць... Ведаеш, мы хто? Мы штрэйкбрэхеры. Iм плацiлi два з паловай.
      - На ежу не хопiць.
      - Пэўна ж, - стомлена прамовiў Том. - Таму яны i забаставалi. Але з забастоўкай, здаецца, учора скончылi. I сёння нам, вiдаць, таксама заплацяць два з паловай цэнты за скрыню.
      - Дык як жа яны, сволачы...
      - Вось, вось, та. Цяпер дайшло? Кейсi як быў, так i застаўся добрым чалавекам. А чорт! Усё стаiць перад вачамi гэтая карцiна. Ляжыць на зямлi... галава амаль расплюшчаная, i кроў з яе сочыцца... Госпадзi божа мой! - Том закрыў вочы далонню.
      - Што ж нам цяпер рабiць? - запытаўся дзядзька Джон.
      Эл пачаў падымацца з матраца.
      - Ну, я, дзякуй богу, ведаю, што мне рабiць. Пайду адсюль, ад усяго гэтага.
      - Не, Эл, не пойдзеш, - запярэчыў Том. - Без цябе нам цяпер нiяк нельга. Iсцi давядзецца мне. Са мной вам небяспечна. Як толькi падымуся, пайду.
      Мацi завiхалася каля печкi, павярнуўшы крыху да iх галаву, каб лепш чуць. Яна паклала на патэльню сала i, калi яно зашыпела, стала апускаць у яго цеста з лыжкi.
      Том гаварыў далей:
      - Табе iсцi нельга, Эл. На тваёй адказнасцi грузавiк.
      - Але мне ўжо ўсё надакучыла.
      - Што зробiш, Эл. Гэта ж твая сям'я. Ты адзiн цяпер можаш ёй памагчы. Са мной вам цяпер небяспечна.
      Эл сярдзiта забурчаў:
      - Не разумею, чаму мне не даюць устроiцца ў гаражы?
      - Можа, калi пазней. - Том глянуў мiма Эла i ўбачыў Ружу Сарона. Яна ляжала на матрацы i пазiрала на яго вялiкiмi, шырока расплюшчанымi вачамi. Ты не хвалюйся, - сказаў ён. - Не хвалюйся. Сёння табе малака купяць. - Яна заморгала вачамi i нiчога не адказала.
      Бацька сказаў:
      - Том, нам трэба ведаць праўду. Думаеш, ты забiў яго?
      - Не магу сказаць. Цёмна было. I тут мяне нехта ўдарыў. Не ведаю. Хоць бы забiў. Хоць бы забiў я гэту сволач.
      - Том! - павысiла голас мацi. - Не гавары так.
      З вулiцы пачуўся шум матораў - па ёй праязджалi машыны, iх было шмат. Бацька ступiў да акна, глянуў на вулiцу.
      - Цэлая процьма новых прыбыла, - паведамiў ён.
      - Забастоўку, вiдаць, задушылi, - сказаў Том. - Цяпер плацiць вам будуць па два цэнты з паловай.
      - Гэта ж хоць бягом бегай, на ежу не заробiш.
      - Зразумела, - сказаў Том. - Ападкi ешце. Усё ж трохi падтрымае.
      Мацi перавярнула блiн на патэльнi i памяшала каву.
      - Слухайце, што я скажу, - прамовiла яна. - Сёння я куплю ў краме кукурузнай мукi, будзем мамалыгу есцi. А як толькi заробiм на бензiн, адразу паедзем адсюль. Тут месца нядобрае. А Тома я аднаго не адпушчу. Вось так, панове.
      - Не, ма, так нельга. Я ж кажу табе - са мной вам цяпер небяспечна.
      Мацi рашуча ўзняла падбародак:
      - Вось так i зробiм. А цяпер iдзiце ешце i - на працу. Я толькi посуд памыю i таксама прыйду. Трэба ж нешта зарабiць.
      Блiны былi такiя гарачыя, што апякалi рот. Яны хуценька праглынулi каву i налiлi яшчэ па кубку.
      Дзядзька Джон пакруцiў галавою над самай талеркай.
      - Вiдаць, нам так проста не выбрацца адгэтуль. Няйначай, праз мае грахi.
      - Сцiхнi! - крыкнуў бацька. - Няма часу важдацца з тваiмi грахамi. Пайшлi. Пара ўжо за працу брацца. Вы, малыя, нам падможаце. Мацi правiльна кажа. Трэба хутчэй выбiрацца адсюль.
      Калi яны пайшлi, мацi паднесла Тому талерку i кубак.
      - Ты пад'еў бы.
      - Не магу, ма. Так усё балiць, што не змагу жаваць.
      - А ты паспрабуй.
      - Не, не магу, ма.
      Яна прысела да яго на край матраца.
      - Ты павiнен мне ўсё расказаць. Я хачу зразумець, як усё было. Хачу ва ўсiм разабрацца. Што Кейсi такога зрабiў? За што яго забiлi?
      - Ён проста стаяў у святле лiхтароў.
      - Што ён гаварыў? Ты можаш прыпомнiць?
      - Вядома, магу. Кейсi сказаў: "Вы не маеце права марыць людзей голадам". Тады той таўстун абазваў яго чырвонай сволаччу. А Кейсi сказаў: "Вы не ведаеце, што творыце". I тут гэты малойчык з усяе сiлы ўдарыў яго.
      Мацi апусцiла вочы. Яна сцiснула рукi.
      - Так i сказаў: "Вы не ведаеце, што творыце"?
      - Ну так!
      Мацi сказала:
      - Вось каб наша бабка гэта пачула.
      - Ма... усё зрабiлася неяк само сабой, ну нiбыта як дыхаеш. Я i падумаць не паспеў.
      - Ну што цяпер зробiш. Шкада, што гэта здарылася. Шкада, што ты там апынуўся. Але ж iначай ты не мог. Я не бачу за табой вiны. - Яна падышла да печкi i памачыла анучку ў вадзе, што грэлася ў кацялку. - На, вазьмi. Прыкладзi да твару.
      Том прыклаў гарачую анучку да шчакi i носа i паморшчыўся ад болю.
      - Я ноччу пайду, ма. Я не хачу, каб вы праз мяне пацярпелi.
      Мацi зазлавала:
      - Том! Шмат чаго я, можа, i не разумею, але ад таго, што ты нас пакiнеш, лягчэй нам не стане. Гэта нас зусiм даканае. - I крыху спакайней працягвала: Быў час - жылi мы на сваёй зямлi, i ўсё iшло сваiм парадкам. Старыя памiралi, нараджалiся дзецi, i ўсе мы жылi разам, адной сям'ёй. Усё было зразумела i проста. А цяпер нiчога не зразумела, нiчога не проста. Цяпер усё перакруцiлася. Эл затужыў, кудысьцi iмкнецца - хоча адбiцца ад нас. Дзядзька Джон нехаця цягнецца з намi. Бацька страцiў сваё месца. Цяпер ён ужо не галоўны ў сям'i. Сям'я наша бурыцца, Том. Яе больш няма. А Разашарна... - Мацi абвяла позiркам пакой i ўбачыла шырока расплюшчаныя вочы дачкi. - У яе народзiцца дзiця, а сям'i не будзе. Ну, не ведаю... Я стараюся хоць як-небудзь дух яе падняць. Уiнфiлд... што з яго выйдзе? Хутка зусiм здзiчэе, i Руцi таксама... растуць, як звераняты. У каго мне апiрышча шукаць? Не пакiдай нас, Том. Застанься, памажы.

  • Страницы:
    1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13, 14, 15, 16, 17, 18, 19, 20, 21, 22, 23, 24, 25, 26, 27, 28, 29, 30, 31, 32, 33, 34